A R C H E П а ч а т а к № 1 (24) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12003
» да Зьместу «

 


Расейскае пытаньне
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


расейскае пытаньне

 
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Апытаньне «Arche»:
 
 
1. Ці застаецца Расея імпэрыяй?
2. Ці чакае Расею распад?



Іван Антановіч, былы міністар замежных справаў Беларусі, выкладчык МДУ, доктар філязофскіх навук; Масква, Расейская Фэдэрацыя

1. На такое кароткае пытаньне — кароткі адказ: не. Не застаецца. А зараз крыху аргумэнтаў. Я павінен сказаць, што сёньня ў грамадзкай думцы ў самой Расеі і ў многіх эўрапейскіх краінах ёсьць такі архаічны, застарэлы стэрэатып, быццам бы цяперашняя Расея — гэта або містычнае ўвасабленьне СССР, або яна сама пакутуе ад комплексу імпэрскасьці. Гэта памылковае ўяўленьне, тут трэба дакладна зразумець, што дэмакратычная і фэдэратыўная краіна, якой сёньня зьяўляецца Расея, па вызначэньні ня можа быць імпэрыяй. І тут трэба згадзіцца з тым, што Расея сёньня — і гістарычна, і геапалітычна, і тэрытарыяльна, і эканамічна, і ў ваенных адносінах — зусім новая краіна. І ў гэтым сэнсе як у Рэспублікі Беларусі, так і ў Расейскай Фэдэрацыі адзін узрост пасьля распаду СССР. І гэтыя новыя краіны, самыя маладыя на Эўразійскай прасторы, ня маюць імпэрскіх амбіцыяў. Ёсьць, канечне, некаторыя плыні грамадзкай думкі, якія ўсё яшчэ думаюць пра аднаўленьне былой імпэрскай моцы, але моцы гэтай ніхто не вызначае дакладна, а пра імпэрскасьць гавораць толькі людзі майго ці больш сталага ўзросту, якія любілі той час, калі яны былі маладыя, калі СССР быў другой краінай сьвету. Ня можа Расея быць імпэрыяй паводле сёньняшняга стэрэатыпу замежнапалітычных паводзінаў, унутранага дэмакратычнага жыцьця, фэдэратыўнай канстытуцыйнай будовы.

2. Мы гаворым толькі аб сучаснай гісторыі, мы ведаем, што паўсюль, дзе існуюць фэдэратыўныя дзяржавы, існуе міжэтнічная, міжкультурная напружанасьць, але ў больш лятэнтным ці больш адкрытым выглядзе. Такая небясьпека распаду для Расеі была рэальнай у сярэдзіне 90-х гадоў, калі зь лёгкай парады, вясёла-хмельнай парады Барыса Мікалаевіча [Ельцына] многія з аўтаномных рэспублік праглынулі сувэрэнітэту столькі, колькі яны думалі ператравіць. Аднак яны яго не ператравілі, і з прыходам да ўлады Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна была зробленая ціхая, вельмі дакладная і далікатная рэвалюцыя. Усе гэтыя канстытуцыйныя перагіны аўтаноміяў былі прыведзеныя ў адпаведнасьць з фэдэратыўнай расейскай канстытуцыяй. Я не магу, аднак, сказаць, што няма пагрозы распаду. Перад фэдэратыўнай дзяржавай заўсёды стаіць пагроза распаду пасьля доўгіх выпрабаваньняў — альбо ваеннага характару, альбо эканамічнага крызысу. Або нечаканых ці нават тых, якія можна было прадугледзець, абвастрэньняў міжнацыянальных дачыненьняў. Але на гэтым сваім этапе Расея выйшла з працяглага эканамічнага крызысу. Пры ўсіх недарэчнасьцях маладой дэмакратыі, пэрсанальных усхліпаў і нават боек, жыцьцё разьвіваецца дэмакратычна. Я б сказаў, што непасрэднай пагрозы я ня бачу, але думаю, што кіраўнікі дзяржавы павінны пра такую небясьпеку думаць і заўсёды памятаць.


 
   

Пётар Вайль, пісьменьнік, рэдактар інфармацыйных праграмаў Расейскай службы радыё “Свабода”; Прага, Чэхія

1. Вядома, застаецца. Але зусім ня ў тым, што ляжыць на палітычна-ідэалягічнай паверхні: крывавай вайне ў Чачэніі, барацьбе за Чарнаморскі флёт, нежаданьні абмяркоўваць пытаньне Курыльскіх астравоў. Галоўная імпэрская спадчына — цяжкі комплекс непаўнавартасьці ў дачыненьні да Захаду: сумесь прыніжанасьці, заснаванай на разуменьні сваёй адсталасьці, з ганарлівасьцю зусім беспадстаўнае вышэйшасьці. Старая гісторыя: усё талковае прыходзіць з Захаду, але сьвятло калі-небудзь узыдзе і на Ўсходзе. Можа быць, яшчэ больш важны фактар імпэрскай сьвядомасьці — імкненьне схавацца за займеньнікам “мы”, падпісацца адразу і за краіну, і за народ, гэтым самым схаваўшы пад гэтымі непразрыстымі паняткамі нежаданьне і няўменьне адказваць за сябе і сваю сям’ю, за сваю канкрэтную справу. Як мне адказаў на пачатку 90-х афіцыянт хабараўскага рэстарану на просьбу прынесьці масла: “У краіне масла няма!”

2. Гэта нікому ня выгадна. Расейскіх “наместников” заўсёды саджалі “на харчы” — гэта значыць, па сутнасьці, на ўзаконены ці паўузаконены крадзеж. Так цэнтральная ўлада разумела іх інтарэсы раней, так разумее і цяпер. Цяперашні намесьнік, называй ён сябе губэрнатарам ці прэзыдэнтам, з аднаго боку, прыкрыты Масквой ад усялякіх сур’ёзных непрыемнасьцяў, з другога боку — дакладна ведае, што пры выкананьні ўсім вядомых правілаў ніхто ня будзе прэтэндаваць на яго самавольства. Навошта ў такім становішчы прэтэнзіі на сапраўдную незалежнасьць і сэпаратызм?


 
   

Ганс-Георг Вік, нямецкі дыплямат, былы пасол Нямеччыны ў СССР, экс-кіраўнік нямецкае выведкі, экс-кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі; Бэрлін, Нямеччына

1. На міжнароднай арэне — па-за тэрыторыяй былога СССР — Расейская Фэдэрацыя паводзіць сябе ў бальшыні выпадкаў як вялікая, але не імпэрская сіла. Мы можам дыскутаваць адносна прычынаў зьменаў у параўнаньні з палітыкай СССР ці нават Расейскай імпэрыі да 1918 году. Гэтых прычынаў мноства. Натуральна, цяперашняя расейская палітыка і эканоміка імкнуцца каапэравацца зь міжнароднай палітыкай. Але гэта толькі адна, магчыма, ня самая галоўная прычына. У адрозьненьне ад міжнароднай ролі Савецкага Саюзу, новая Расея хоча зьявіцца на міжнароднай сцэне запатрабаваным, незаменным партнэрам, якому давяраюць. Аналіз рашэньняў Рады Бясьпекі ААН можа пацьвердзіць такую выснову. Дачыненьні зь некаторымі краінамі былога СССР зьяўляюцца раўнапраўнымі, а вось да Грузіі і Беларусі, як і да некаторых краінаў Цэнтральнай Азіі, стаўленьне нэаімпэрскае. Зь іншага боку, Масква прымае прысутнасьць і актыўнасьць заходніх краінаў у многіх краінах былога СССР. СНД магла б у будучыні стаць як імпэрскім інструмэнтам, так і альтэрнатывай яму для разьвіцьця партнэрства і ўзаемапавагі. У любым выпадку, Чачэнія працягвае быць крывавай ранай для Расейскай Фэдэрацыі. І таму неабходна дасягнуць стабільнага і справядлівага міру ў гэтым рэгіёне.

2. Не! Галоўная мэта прэзыдэнцтваў Ельцына і Пуціна была, ёсьць і працягваецца — стабільнасьць Расейскай Фэдэрацыі і разьвіцьцё сапраўднай дэмакратыі. Цяпер, праўда, ёсьць небясьпека захопу Крамлём незалежнай прэсы і электронных СМІ. Левыя і правыя фундамэнталісты няздольныя мабілізаваць грамадзкую падтрымку для супрацьдзеяньня цэнтрысцкім сілам і палітыцы адчыненых дзьвярэй, якую Крэмль праводзіць у дачыненьні да Эўропы і ЗША. Крэмль выйграе час і дабіваецца ўсё большай падтрымкі грамадзтва ня толькі таму, што заваяваў міжнародную павагу для новай Расеі. Цягам некаторых пэрыядаў ХІХ стагодзьдзя Расея была паважанай сілай у эўрапейскім ансамблі звышдзяржаваў. Цяпер Расея стараецца аднавіць гэтыя пазыцыі. Праз дэманстрацыю сілы гэтага дабіцца немагчыма, а магчыма толькі праз разьвіцьцё канструктыўнага супрацоўніцтва.


 
   

Гелена Дэмакава, дэпутат Латвійскага парлямэнту ў 1998—2002 гг., старшыня латвійскай дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, член групы АБСЭ па Беларусі; Рыга, Латвія

1. Мой адказ пра імпэрыялізм Расеі ня можа быць ня зьвязаны з геапалітыкай. У балтыйскіх краінах для карэннага мясцовага насельніцтва гэта не пытаньне — гэта відавочнасьць, якую пракамэнтаваў дэпутат Эўрапарлямэнту Ота фон Габсбург у сваёй прамове яшчэ ў 1983 годзе (іронія лёсу: чалец манаршай сям’і былой імпэрыі, стаўшы дэмакратам, гаварыў пра сёньняшнюю Расейскую (Савецкую) імпэрыю), што Балтыйскія краіны ня толькі акупаваныя, але і калянізаваныя. На жаль, афіцыйная Расея як спадкаемца Савецкага Саюзу яшчэ не прызнала факту акупацыі незалежных балтыйскіх краінаў у 1940 годзе. Расея — безумоўна імпэрыя, гэта склалася даўно і гістарычна, але гэта не галоўнае пытаньне Расеі сёньня, гледзячы з-за мяжы. Сёньня галоўнае пытаньне пра шлях Расеі. Калі адбудзецца “вэстэрнізацыя”, якую ўсё ж рэпрэзэнтуе Пуцін, то з дэмакратызацыяй Расеі і большай прадказальнасьцю пытаньне пра імпэрыю ня будзе так непакоіць ні суседзяў, ні Эўропу з Амэрыкай.

2. Як гаварыў у інтэрвію латыскай газэце “Diena” вядомы нямецкі паэт Ганс-Магнус Энцэнсбэргер у 2002 годзе, імпэрыялізм Расеі цяпер стаіць на гліняных нагах. Але ў хуткім распадзе гэтага глінянага калоса ніхто не зацікаўлены, нават чачэнцы, якіх цікавіць толькі іх пытаньне. Калі Расея будзе трансфармавацца да сваіх этнічных межаў, то гэта мае быць асьцярожны працэс. Цяпер дэмакратычнай міжнароднай супольнасьці патрэбна цьвярозая Расея, зь якой можна разам змагацца супраць нябачнага міжнароднага тэрарызму. Гэта таксама ў інтарэсах Расеі.


 
   

Валерыя Навадворская, лідэр Дэмакратычнага саюзу Расеі, дысыдэнтка; Масква, Расейская Фэдэрацыя

1. Псыхалягічна — так, застаецца каляніяльнай імпэрыяй, бо імпэрская псыхалёгія не адышла разам з калёніямі. Яна застаецца і імпэрыяй зла. Яна ніколі нічога не давала калёніям, але забірала ўсё, што магла. Апошні каляніяльны бастыён, які просіцца на волю, але трымаецца ў палітычнай вязьніцы — невядома чаму, — гэта Чачэнія. Рэальная частка Расеі, якая — падрыхтаваная ці не — але гатовая зрабіць намаганьне для самастойнага існаваньня. Калі гаварыць пра сусьветныя стандарты, дык і Расея ня можа існаваць самастойна, таму й пра Чачэнію няма чаго гаварыць — можа яна ці ня можа існаваць самастойна. Шматлікія анклявы на тэрыторыі Расеі — гэта не зусім каляніяльныя знаходкі, але сьляды вельмі даўняга пашырэньня, экспансіі: ханты-мансі, башкіры, татары — гэта нашыя індзейцы. Але ў ЗША індзейцы атрымалі самыя высокія эканамічныя і палітычныя ўмовы. У Расеі народы пратэстуюць, што яны нічога не атрымалі, але ж іх тэрыторыі так разьмешчаныя, што нічога большага ніхто іншы ім ня дасьць. Калі б яны атрымалі самастойнасьць, невядома, ці хацелі б яны свабоды. Узгадайце забойства ў Калмыкіі журналісткі Ларысы Юдзінай! Тое ж з суседнім Туркмэнбашы. Спэцыфіка Расеі — Расея застаецца імпэрыяй, а яе ўнутраныя калёніі, апрача Чачэніі, — гэта галовы дракона, аднаго цела, яны не валодаюць чалавечым, маральным, эканамічным патэнцыялам, іх немагчыма параўнаць з краінамі Балтыі, якія былі сапраўднымі калёніямі, што, вырваўшыся, змаглі выкарыстаць свабоду. У каляніяльным пляне няма каму тут спачуваць, апроч Чачэніі. Калі Шайміеў заявіць, што хоча незалежнасьці, гэта не азначае, што ён хоча свабоды. Расея страціла права нешта рабіць з Чачэніяй, але Чачэнія патрабуе дапамогі Захаду.

2. Ці чакае Расею распад? Ды не! Гэта адзін зь мітаў, якія распаўсюджваюць расейскія нацыяналісты: дайце свабоду Чачэніі, дык іншыя разьбягуцца. Анклявы тыпу Дагестану, Татарстану, Калмыкіі нікуды ня пойдуць. Нават калі іх гнаць венікам. Яны паразытуюць на расейскім бюджэце. Ілюмжынаў? Куды ён дзенецца? Што ён і дзе будзе красьці? Анклявы з маленькімі туркмэнбашы сыходзіць не зьбіраюцца. Яны спадзяюцца, што ніхто ня будзе мяшацца ў іхныя справы, а яны будуць рабіць што хочуць. Гэта трэба ламаць, такое ня можа адбывацца пры расейскай Канстытуцыі! Распад — гэта ўсьвядомленая воля тэрыторыяў, куды йсьці, і адказнасьць за свой выбар. Свабода — гэта цана, тэст. Незалежнасьць — неабходнасьць здабываць харчы, будаваць эканоміку, але людзі дзесяцігодзьдзямі адвучваліся працаваць. Людзі гатовыя памерці ад голаду, але не працаваць на сябе. Чачэнскі народ добра захаваўся ў гэтым пляне, чачэнцы — могуць. Я пыталася розных кіраўнікоў — Аўшава, Абдулаціпава, — чаму яны не дамагаюцца свабоды. Дэмакратычны саюз гатовы (Дэмсаюз прызнаў незалежнасьць Чачэніі ў 1991 годзе) — дык тыя шарахаліся. Ня могуць яны жыць без Расеі, у іх, маўляў, 120 народаў, якія накінуцца адзін на аднаго. Я не сутыкалася з тым, каб яны былі гатовыя змагацца за незалежнасьць. Ілюмжынаў шантажуе Маскву, тое ж робяць Шайміеў, Рахімаў. Якуція ня зможа з сваімі дыямэнтамі — там 80 % расейцаў. Пры разводзе паводле правілаў ёсьць такая штука, як рэфэрэндум. У Татарстане 50 % расейцаў. Будзе як у Квэбэку, але тут не Канада. Замест рэфэрэндуму цэнтар бярэцца за кулямёты, танкі, а тэрыторыі йдуць у горы. Гэта не краіны Балтыі. Расеі, на жаль, не пагражае распад, распад нічога ня дасьць. Калі ракавую клетку разьбіць на кавалкі, гэта не азначае выздараўленьня арганізму. Чаму на жаль? Распад мог бы быць выйсьцем, як, напрыклад, было з Аўстра-Вугорскай імпэрыяй. Ідэі несьлі здаровыя сілы. Як цудоўна жыве Славенія, Харватыя; Сэрбія будзе жыць цудоўна. Але ў Расеі няма Славеніі.


 
   

Уладзімер Някляеў, паэт, у 1998—2001 г. старшыня праўленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў; Хельсынкі, Фінляндыя

1. Імпэрыя — гэта сіла, багацьце, дзяржаўная моц, трэск зямлі пад цяжарам каляніяльных сланоў. Альбо гэта сёньняшняя Амэрыка, эканоміка якой — траціна сусьветнай. З інвэстыцыямі ў яе — мільярд даляраў штодзённа. Сёньняшняя Расея такіх прыкметаў і блізка ня мае. Бюджэт Расеі, шостай часткі Зямлі, суадносны зь бюджэтам Швэцыі, а доля Расеі ў сусьветным гандлі, за выняткам сыравіны, — 1 %. Калі заўтра Расеі раптам ня стане, дык эканамічна сьвет гэтага й не заўважыць.

Тады — якая ж імпэрыя?.. Расея — імпэрыя памяці пра імпэрыю. Час гэтай памяці самы небясьпечны, бо моцы ўжо не стае, а пыха ўсё тая ж і памяць імпэрская падбівае да спробаў рэанімацыі. Даводзячы да максымуму, што імпэрыя можа быць або толькі імпэрыяй, або нічым. Магчымасьцяў — апроч, хіба, сымбалічных: гербу, гімну — для рэанімацыі няма. Сымбалямі рэальных праблемаў ня вырашыць. Эканамічны і палітычны крызыс спараджае сацыяльны, маральны, і ўсё, урэшце, зьліваецца ў плынь крыміналу.

Так сталася ў Рымскай імпэрыі, у такім стане і імпэрыя Расейская...

За мінулы год па Расейскай Фэдэрацыі — 25 тысяч апазнаных трупаў, 35 тысяч неапазнаных — значыць, 60 тысяч забойцаў; 33 тысячы людзей прапалі бязь зьвестак, і яшчэ 78 тысячаў заяваў пададзеныя для пошуку зьніклых — ніхто ня ведае, колькі зь іх жывыя; 15 мільёнаў чалавек (кожны дзясяты з усяго, разам зь дзецьмі, насельніцтва!) асуджаныя ў апошнія 10 год за злачынствы — і гэта ж толькі тыя, каго ўжо не выпадала за руку не злавіць...

Дык на чым жа і на кім трымалася б імпэрыя, калі б яна была?.. Адно на ўладзе? На сілавых структурах?.. Але ўлада зь сілавамі структурамі, лепш за ўсіх ведаючы, што адбываецца, хутчэй за ўсіх і расьцягвае срэбра ды золата, рэшткі імпэрыі, па куфэрках.

Імпэрыя абрынулася, ды засталася ў руінах імпэрскасьць. Тая самая памяць пра імпэрыю, толькі ўжо як складнік нацыянальнай самасьвядомасьці, расейскай ідэі, якая пераважна геаграфічная. Па вэртыкалі — дзе Бог і неба — яна можа быць і вышэйшай, і ніжэйшай, але па гарызанталі — дзе зямля і людзі — не дапускае ніякіх звужэньняў. Тут ёй прасторна, ёй абумоўленыя ўсе паходы Расеі на ўсе бакі сьвету, у ёй ці ня ўся былая слава, таму й рабаўніцкая вайна ў Чачэніі — не злачынства. Яна — акцыя дзеля захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці, дзеяньне ў імя ідэі... Самае подлае выпірала з імпэрый якраз па распадзе, калі асыпаліся з імпэрскіх елак імпэрскія цацкі. Расея тут не выключэньне.

2. Распад Расейскай імпэрыі — не распад Расеі. Але чым больш будзе Расея, як цяпер, цэнтралізавацца, намагацца вярнуцца да імпэрскай мадэлі, тым большае напружаньне будзе ўзьнікаць у згонах, па якіх яна можа распасьціся. І пакуль што сапраўды падобна на тое, што Расея здольная быць або толькі імпэрыяй, або нічым. Што ж, не Эўропа... Захад ёсьць Захад, Усход ёсьць Усход, і разам ім не бываць.

Крэўна любячы Расею, бо крэўную любоў не выбіраюць, я менш за ўсё хацеў бы, каб яна распалася. Тым больш што ў часе, калі ў сьвеце скончыліся войны за тэрыторыі, узьнікаюць прынцыпова новыя міждзяржаўныя ды наддзяржаўныя ўтварэньні і сама дзяржаўнасьць вымыкае за межы дзяржаваў. Сьвет трансфармуецца, перацякае церазь межы, запаўняецца — пры ўсіх канфліктах — адзінай прасторай выжываньня, а Расея ўсё йдзе ды йдзе нейкім сваім асаблівым, для яе самой няўцямным шляхам. На якім нібы й не зьбіраецца выжываць, які відавочна пазначаны перасьцерагальнымі знакамі распаду.


 
   

Зянон Пазьняк, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ; Варшава, Польшча

1. Паняцьце “імпэрыя” ўключае ў сябе, перш за ўсё, спосаб існаваньня і тэхналёгію ажыцьцяўленьня ўлады поліэтнічнай (каляніяльнай) дзяржавы, заснаванай на агрэсіі і несвабодзе. Імпэрыя — гэта вайна. Імпэрыя імкнеццца да абсалютызму ўлады, да захопу і ўтрыманьня чужых тэрыторыяў, да стварэньня і абсалютызацыі імпэрскай дзяржаўнай ідэалёгіі. Насельнікі імпэрыі характарызуюцца імпэрскай мэнтальнасьцю. Імпэрская ўлада — гэта ўціск (здушэньне свабоднай дзейнасьці людзей, эксплюатацыя народаў рознымі мэтадамі: палітычнымі, эканамічнымі, прапагандысцкімі, вайсковымі, паліцэйскімі, крымінальнымі, інфармацыйна-прапагандысцкімі). Імпэрская ўлада ажыцьцяўляецца пастаяннай групай. Расея царская, камуністычная (СССР) і цяперашняя, пасьлясавецкая, адпавядае ўсім вышэй пералічаным прыкметам імпэрыі. Цяперашняя Расейская імпэрыя вядзе збройныя, палітычныя, эканамічныя, інфармацыйныя войны, тэрор, войны спэцслужбаў, тэхналягічныя і іншыя войны за ўтрыманьне і прыўлашчваньне тэрыторыяў. У пасьлясавецкай Расеі адбываецца працэс пераходу (пераемнасьці) абсалютнай дзяржаўнай улады ад кампартыі да КГБ, з адначаснай зьменай ідэалёгіі і адносінаў уласнасьці. Вялікадзяржаўна-камуністычная ідэалёгія зьмяняецца на вялікадзяржаўна-шавіністычную. Дзяржаўна-партыйная ўласнасьць зьмяняецца на мафіёзна-прыватную. Гэбоўска-мафіёзная Расея, гэтак жа як і камуністычна-савецкі СССР, выкарыстоўвае па-імпэрску асэнсаваныя дэмакратычныя мэханізмы фармаваньня ўлады (выбары, Канстытуцыю, падзел функцыяў улады і г.д.). Расейская імпэрыя зьяўляецца на сёньняшні дзень найбольшай пагрозай для міру і стабільнасьці ў Эўропе і для ўсяго Заходняга Сьвету.

2. У працэсе распаду Расеі вырашальнчае значэньне маюць вонкавыя чыньнікі. Бяз вонкавых узьдзеяньняў распад Расеі можа доўжыцца бясконца доўга, лягічна — аж да поўнага выміраньня насельніцтва. Расея небясьпечная тым, што яна здольная самазадушваць унутраныя сілы распаду і — самазахоўвацца. Гэтаму найбольш спрыяюць два фактары: паталягічная масавая мэнтальнасьць і пэрманэнтна нізкі ўзровень жыцьця, які ўспрымаецца як норма. Аналіз цяперашняй Расеі (гэтак жа, як і аналіз СССР) паказвае, што існая імпэрская сыстэма доўга існаваць ня можа. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы рухаюцца ў бок каляпсу і наступнага распаду. Вузкагрупавы кагэбоўскі кантроль над эканомікай, фінансамі, бізнэсам, прыбыткамі, кланавы допуск да прыбыткаў прывялі да канцэнтрацыі імпэрскіх фінансаў і бюджэту ў Маскве. Сродкі выцягваюцца з правінцыі ў сталіцу. Аднак грошы ад прыбыткаў вывозяцца на Захад (на 2002 год там знаходзілася больш за 300 мільярдаў даляраў з Расеі). Такім чынам, клан КГБ, які кіруе ў Расеі і выкарыстоўвае постсавецкую імпэрыю, сам ня верыць у яе будучыню. Паглыбленьне бездані паміж правінцыяй і Масквой, паміж беднасьцю і багацьцем павінна прывесьці да павелічэньня міжтэрытарыяльнага напружаньня, да ўзрастаньня фінансава-гаспадарчага і палітычнага ўплыву іншых краінаў на ўскраінах Расейскай імпэрыі. Пагроза чарговага распаду, магчыма, выкліча новыя перамены (“перабудову”) імпэрыі. Але нічога ўжо ня можа яе выратаваць у пэрспэктыве. На працягу стагодзьдзяў жорсткай улады і вынішчэньня ў Расеі адбываўся адмоўны натуральны адбор. Усё высокае, разумнае, добрае, сьветлае, лепшае вынішчалася, затоптавалася, выганялася. Заставалася “скопішча” зла. На сёньняшні дзень гэта слабасільная краіна, валавы нацыянальны прадукт якой меншы, чым у маленькага Тайваню. Гэта краіна, якая ня можа ўтрымліваць сваю (непасільную для яе) армію і велізарныя тэрыторыі, але вырошчвае непамерныя амбіцыі і паталягічныя прэтэнзіі на вырашэньне лёсаў цэлых народаў.


 
   

Зэлімхан Яндарбіеў, экс-прэзыдэнт Чачэнскай рэспублікі, паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта А. Масхадава ў краінах Блізкага Ўсходу, паэт; Доха, Катар

1. Як мне падаецца, гэтае пытаньне можна падзяліць на дзьве часткі. Калі пад імпэрыяй разумець дзяржаўнае ўтварэньне, якое праводзіць міжнародную буйную палітыку гвалту над іншымі народамі, генацыд у пэўных формах, як гэта цяпер робіць Расея, калі разумець яе як машыну зла, як утварэньне, якое нясе зло, зыходзячы з сваіх самадастатковых дзяржаўных матывацыяў, — натуральна, Расея застаецца імпэрыяй. Калі ж яе разглядаць з пункту гледжаньня вагі на міжнароднай арэне — Расея ўжо ня тая дзяржава, якая можа дыктаваць свае ўмовы ў міжнароднай палітыцы, напрыклад у кантынэнтальных маштабах. Хаця Расея застаецца монстрам міжнароднага, арганізаванага дзяржаўнага тэрарызму. Яшчэ адзін бок гэтага пытаньня — сьвет і чалавецтва павінны дакладна ўсьвядоміць, што імпэрыя можа быць і дэмакратычнай. Дэмакратычны тып імпэрыі зьяўляецца самай жахлівай формай імпэрыі зла. Расея — вельмі дакладны прыклад выраджанага тыпу дэмакратычнай імпэрыі зла. Расея застаецца імпэрыяй зла.

2. Распад Расеі йдзе даўно. Але, як сьведчыць гісторыя, такі распад не бывае хуткім і бачным для грамадзкасьці, для тых, хто не займаецца палітыкай. Гэты распад цягнецца вельмі доўга, гэта шматэтапны, шматузроўневы працэс. І яго заўважаюць толькі тыя спэцыялісты, якія займаюцца міжнароднай палітыкай. Пра тое, што распад ідзе, сьведчыць апошняе дзесяцігодзьдзе Расеі, а таксама сёньняшні ваенна-палітычны ФСБэшны рэжым, які Расеяй кіруе. Гэты рэжым, на маю думку, павінен давесьці Расею да апагею, пасьля чаго распад павінен набраць хуткасьць.


 
   

Спадару Яндарбіеву мы задалі трэцяе пытаньне:

Ці зьменіцца стаўленьне расейскай грамадзкасьці да Чачэніі зь зьменай пуцінскай адміністрацыі?

Пра тое, што гэта немагчыма за кароткі час, вы й самі, беларусы, добра ведаеце, гэтаксама як і ўкраінцы, народы Балтыі, азэрбайджанцы, грузіны. Уся былая прастора СССР вельмі адчувае, што цяжка дасягнуць іншага стаўленьня расейскай улады да суседніх народаў. Для таго каб Расея паважала, трэба быць моцным, як Амэрыка. Іншы стандарт не падыходзіць. Калі ў іншых краінах, напрыклад у краінах заходняй дэмакратыі, ёсьць цывілізаваны падыход да праблемаў правоў грамадзянаў, то ў Расеі ўсе гэтыя паняцьці базуюцца, фармуюцца і рэалізоўваюцца зьверху, з Крамля. Якой будзе ідэалёгія Крамля, як яны будуць падаваць, якое стаўленьне будзе дэманстраванае расейскаму народанасельніцтву ў дачыненьні да любога народу ў Расеі ці на плянэце — такое стаўленьне ў расейскіх грамадзянаў і будзе. Грамадзянскага мэнталітэту няма й блізка. Грамадзянскай сьвядомасьці там няма. Гэта вельмі глыбокая праблема. Калі спадзявацца, што ў Расеі можна так хутка і кардынальна памяняць стаўленьне, — гэта наіўна. Гэта будзе для нашага народу доўгі, цяжкі, вельмі складаны шлях…

Апытвала Вольга Караткевіч

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (24) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/02/18