A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (24) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АЛЕН БЭЗАНСОН | |||||
|
Ален Бэзансон |
– прафэсар расейскай гісторыі й літаратуры, загадчык катэдры ў l’École des hautes études. |
Эўрапеізацыя 3) З XVIII стагодзьдзя Расея пачала “даганяць”, што прывяло да эўрапеізацыі. Гэтая палітыка праходзіла па дзьвюх лініях. Лінія, зьвязаная зь імем Пятра Вялікага, палягала ў кансалідацыі й актывізацыі сродкаў, якія меліся ў распараджэньні манарха і найвышэйшага вайсковага кіраўніцтва. Падоўжала службовая павіннасьць (яна стала практычна пажыцьцёвай), павялічылася паншчына, узмацніліся прыгоньніцтва і прывязка вяскоўцаў да панскага маёнтку, вырасьлі падаткі. Гэты аўтарытарны, валюнтарысцкі шлях “разьвіцьця” (які ставіць сабе за мэту дасягненьне вайсковай і дзяржаўнай магутнасьці, але ніяк не дабрабыту падданых) рэалізоўваўся на працягу ўсяго існаваньня “старога”, то бок царскага, Ancien Régime. Аднак ён увесь час прайграваў у сваім змаганьні з другой лініяй, зьвязанай зь імем Кацярыны ІІ. Яна бачыцца нам адзінай манаршай асобай, здатнай дасягаць пастаўленых задачаў, а таксама ўвогуле адзінай, якая мела шанец зэўрапеіць краіну. Гэтая другая лінія палягала на ўпартым і, як паказаў час, пасьпяховым намаганьні ператварыць пэўную частку служылага дваранства ў ядро арыстакратыі ў эўрапейскім сэнсе слова. Апошняй даруюцца пэўныя правы. Дваранін ужо ня можа быць біты. Ён стаецца ўласьнікам свайго маёнтку і ўсіх прыгонных, што знаходзяцца на ягонай тэрыторыі. Так паступова ўсталёўваецца поўнае права на ўласнасьць. Дваранін, да таго ж, атрымлівае лібэральную адукацыю ў вайсковых вучэльнях, дзе вучаць “манерам”, а неўзабаве — і норавам эўрапейскага арыстакрата. На пачатку ХІХ стагодзьдзя засноўваецца эфэктыўная сыстэма асьветы. Ядро разрастаецца. Чыноўнікі праходзяць праз навучаньне ў прэстыжных унівэрсытэтах, арганізаваных на нямецкі ўзор. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя пачынае дзейнічаць сетка сярэдніх школаў, у якіх вучыцца больш за дваццаць тысячаў навучэнцаў. Пры канцы таго ж стагодзьдзя пачатковыя школы ліквідуюць масавую непісьменнасьць сярод вясковага насельніцтва. |
Тым часам вёска застаецца ў палоне расейскае “старыны”. Вясковец, вызвалены ад прыгону ў 1861 годзе, аднак, ня стаў вольны, бо застаўся ва ўладзе вясковае грамады; ён не зрабіўся ўласьнікам, і на яго не пашырылася юрысдыкцыя судовай сыстэмы, якая абараняе толькі вярхі грамадзтва. Гэта там, на сяле, пад маскаю хрысьціянства перахоўваецца дахрысьціянская абраднасьць са сваімі прымхамі, забабонамі, страхамі і, можна сказаць, са сваім “нацыяналізмам”, калі б размова не ішла пра абагаўленьне чагось значна больш даўняга й цьмянага, чым нацыя ў сучасным палітычным сэнсе. Нягледзячы на ўсё гэта, у ХІХ стагодзьдзі стваралася ўражаньне, быццам Расеі ўдаецца выбудаваць уласны цэльны Ancien Régime эўрапейскага тыпу, з такой самай клясавай гіерархіяй, праўнай культурай і гуманнасьцю. Яе найвялікшым посьпехам было стварэньне літаратуры і музыкі, цалкам эўрапейскіх паводле сваіх тэмаў, крыніцаў натхненьня і высокае вартасьці. Каля 1840 году Бялінскі справядліва бачыў у іх доказ эўрапеізацыі Расеі. Нават стагодзьдзем пазьней яны былі па-ранейшаму найлепшыя. Мы ня можам адмаўляць тое, што расейская культура, створаная намаганьнямі кацярынінскай арыстакратыі, пасьпяхова разьвівалася за часамі Мікалая І і Аляксандра ІІ і існавала ў прыстойных матэрыяльных умовах, што ў вузкага слою людзей (нейкіх паўмільёна асобаў) часта выклікала пэўныя згрызоты сумленьня. 4) Гэты “стары рэжым”, аднак, ня меў тае легітымнасьці, якою перад Францускай рэвалюцыяй цешыліся эўрапейскія “старыя рэжымы”. Рэвалюцыя са сваімі радыкальна новымі прынцыпамі сьмяротна параніла дагэтулешнюю легітымнасьць. Расейскі рэжым, кажучы словамі Русо, “перасьпеў, не дасьпеўшы”. З гэтага вынікала наступная дылема: або і далей праставаць да канчатковай эўрапеізацыі (што, аднак, азначае непазьбежнасьць надзвычай глыбокага палітычнага крызысу, які пагражае перакрэсьліць усе ранейшыя дасягненьні), або спыніцца на паўдарозе, што прывядзе да аслабленьня і выцісканьня Расеі з эўрапейскай палітыкі (што пазьней выявіла Крымская вайна). |
Урад шукае трэцяга шляху, каб вырашыць гэтую дылему. І знаходзіць для яго апору ў вяртаньні да старажытных сакральных вытокаў, на аснове якіх утвараецца панятак Сьвятой Русі і афіцыйны лёзунг рэжыму “Самаўладзьдзе, праваслаўе, народнасьць”. Пад гэтай ахоўнаю шыльдаю можа працягвацца і аўтарытарны “пятроўскі” шлях, што вядзе да мацаваньня ўлады, і “кацярынінскі” шлях, нацэлены на цывілізаваньне й гуманізацыю грамадзтва. Ім, аднак, паўстае канкурэнцыя ў выглядзе ўкарэненых у істотна міталягізаванай мінуўшчыне інтэлектуальных дактрынаў, якія імкліва набылі новае жыцьцё і папулярнасьць: рэлігійны “нацыяналізм”, мэсіянізм Расеі як новай абранай нацыі, пакліканьне якой — выратаваць чалавецтва, крайні імпэрыялізм. Моц гэтых ідэяў расьце ў меру павелічэньня нелегітымнасьці рэжыму і набліжэньня яго канца. 5) Паступовая страта легітымнасьці расейскім “старым рэжымам” зрабіла магчымым узмацненьне двух відаў апазыцыі. Першая мела выразна акрэсьленую мэту — новы парлямэнцкі і лібэральны лад на ўзор заходне- або, прынамсі, сярэднеэўрапейскага. Яна ўмацоўвалася ў меру станаўленьня грамадзянскай супольнасьці, абапіраючыся спачатку на слой асьвечанага дваранства, пасьля — на новыя клясы, узгадаваныя гімназіямі і ўнівэрсытэтамі, на ўрбанізаваныя пласты насельніцтва, прадпрымальнікаў і купцоў, а таксама на тыя колы заможнага сялянства, што здабылі свае прадстаўнічыя інстытуцыі. Праз разьвіцьцё такой апазыцыі прайшла ўся Эўропа, і гэта надае Расеі эўрапейскае аблічча. Гэтае разьвіцьцё — вынік мадэрнізацыйных намаганьняў і пятроўскай, і кацярынінскай расейскай дзяржавы. Гэта нацыяналістычная апазыцыя эўрапейскага кшталту, якая не адмаўляе Расейскую імпэрыю як такую і ейную экспансію ў Эўропу. Другая апазыцыя ставіць сабе неабсяжную мэту — стварэньне грамадзтва, мадэль якога яшчэ нідзе не ажыцьцёўленая, грамадзтва, больш дасканалага і за расейскае, і за грамадзтва эўрапейскага ці амэрыканскага тыпу. Гэтая рэвалюцыйная плынь запазычвае тэзу пра расейскую выключнасьць, асаблівае пакліканьне Расеі і адмаўляе заходнюю мадэрнасьць у імя архаічнага сялянскага калектывізму, падаванага як будучыня сьвету. Наступная, маладзейшая плынь трапляе пад узьдзеяньне нямецкага марксізму, набывае выгляд сэкты і пераходзіць у падпольле, ставячы сабе мэты скіданьня ўлады, разбурэньня ўсіх сацыяльных, рэлігійных, гуманітарных інстытутаў Расеі і Эўропы, што павінна расчысьціць шлях да ўзьнікненьня дасканалага грамадзтва. Свой валюнтарызм і пропаведзь гвалту гэтая другая апазыцыя пераняла ад пятроўскай дзяржавы. Сваімі хімэрнымі эсхаталягічнымі ўстаноўкамі яна па-свойму працягвае аблудныя мэсіянскія традыцыі, якія пецярбурская дзяржава спрабавала ажывіць, прадчуваючы свой блізкі канец. Галоўны праціўнік гэтае апазыцыі — канстытуцыйны лібэралізм, які вырас на глебе тагачаснай грамадзянскай супольнасьці і разьлічваў, зыходзячы з унівэрсальнасьці лібэральнага шляху, пераняць уладу ад “старога рэжыму” ў адпаведнасьці з эўрапейскім досьведам, не парушаючы права. |
Камуністычны эпізод 6) Першая сусьветная вайна вынесла на грэбень хвалі самую экстрэмальную сэкту, якая пратрымаецца пры ўладзе семдзесят гадоў, прыстасоўваючыся да абставінаў, але не мяняючы сваёй сутнасьці. Яна зьнішчыла грамадзянскую супольнасьць, права, уласнасьць і амаль усе цывілізацыйныя элемэнты, што назапашваліся ад часоў Кацярыны ІІ. У пагоні за сваёй утопіяй, недасяжнай, нібы гарызонт, яна ня грэбавала самымі дэспатычнымі вялікадзяржаўніцкімі мэтадамі, якія толькі адшукваліся ў маскоўска-пецярбурскай гісторыі, даводзячы іх да жахлівае дасканаласьці, так што яны станавіліся адначасова пазнавальнымі й непазнавальнымі, бо скарыстаныя сродкі выходзілі за межы ўсякага гістарычнага досьведу дый увогуле чалавечага ўяўленьня. Расея сама пакінула сям’ю эўрапейскіх народаў і абвясьціла сьвету вайну на зьнішчэньне. Доўга здавалася, што камуністычны ідэал здольны каналізаваць патэнцыял расейскай сакральнасьці, надаць ёй новую форму — непранікальнай заслоны, экзыстэнцыйнага адрозьненьня між сацыялістычным і капіталістычным “лягерамі” (параўнальнага з падзелам паміж мусульманскім dar el islam i dar el harb), мэсіянскага праекту, праекту стварэньня новага грамадзтва. Аднак па меры расчараваньня ў ідэале, калі сталі назапашвацца збоі ў ягонай рэалізацыі, гэтая сакральнасьць пачала зноў вылазіць вонкі. Захад памылкова зводзіў яе да нацыяналізму. Заходняя дыпляматыя, мяркуючы, што мае справу зь нечым даўно вядомым, цягам амаль усёй савецкай эпохі ад 1920 да 1988 году імкнулася зноў увесьці СССР у новы эўрапейскі й сусьветны палітычны кантэкст. Першай ініцыятыву праявіла Нямеччына ўжо ў 1922 годзе (Рапалё). Дэ Голь, вярнуўшыся да ўлады, прымаў жаданае за рэальнасьць, мяркуючы, што Расея ўяўляе сабой такую ж палітычную нацыю, як, скажам, Нямеччына ці Ангельшчына. У сваім антыамэрыканскім запале ён марна спрабаваў пагадзіць уласнае ўяўленьне пра іманэнтны вобраз Эўропы народаў “ад Атлянтыкі да Ўралу” з савецкай рэчаіснасьцю, якая распасьціралася ад Эльбы да Ціхага акіяну і масава пладзіла свае псэўдаподыі ў Афрыцы, Азіі, Амэрыцы, а за пасярэдніцтвам камуністычных партыяў — і ў Заходняй Эўропе. Яснае разуменьне ролі ленінскай ідэалёгіі меў Кісынджэр, які пагаджаўся лічыць Савецкі Саюз адным з наяўных полюсаў сілы ў акрэсьленых ім схемах балянсу сілаў на міжнароднай арэне і ўлічваць яго магчымыя “нацыянальныя” інтарэсы. Але ж савецкія ўлады ніколі не ішлі ні на якія саступкі. Да самага свайго скону яны рабілі стаўку на “міжнародную камуністычную сыстэму”, распраўляючыся зь любымі схізматыкамі, пакуль камуністычная ідэя не памерла, пакуль не рассыпалася канчаткова камуністычная структура. Абстрактная ідэя камунізму, гэтаксама як у самой Расеі, паўсюль у сьвеце шукала напаўненьня рэальным зьместам — прагай улады й панаваньня, нацыянальным гонарам, нянавісьцю да варожага “лягеру”. Камунізм паўсюль, дзе пускаў карані, вымушана задавальняў гэтыя мясцовыя патрабаваньні і дзякуючы гэтаму існаваў. Да самага свайго краху камуністычны праект заставаўся сусьветным, інтэрнацыянальным, і заходняй дыпляматыі, нягледзячы на ўсе яе высілкі, так і не ўдалося стрымаць яго ў вызначаных, агульнапрынятых рамках. Дзеля стрыманьня гэтага праекту прыйшлося стварыць небывалы вайсковы патэнцыял. |
Посткамуністычная інвэнтарызацыя 7) Урэшце ў 1990 годзе рэжым абрынуўся. Фактычна ён стаўся ахвяраю адданасьці ўласнаму неабсяжнаму сусьветнаму праекту, які прадугледжваў выкарыстоўваньне ўсяго эканамічнага і тэхнічнага патэнцыялу гэтае часткі сьвету для вайсковых патрэбаў. Варта было дзяржаўнаму апарату ўсьвядоміць, што і ў гэтай галіне ён не вытрымлівае заходняе канкурэнцыі, як ручнік быў кінуты на рынг. Імпэрыя развалілася ўмомант: Расея вярнулася ў свае межы часоў узыходжаньня Пятра Вялікага на пасад. Яна страціла нават частку Ўкраіны, здабытую за царом Аляксеем Міхайлавічам. Жудасная карціна адкрылася сьвету, калі адхлынуў чорны камуністычны прыліў. Ані Захад, падмануты фальшаванымі зьвесткамі, ані Саветы (нават уладныя функцыянэры кампартыі, інтаксыкаваныя ўласнай ілжывай палітыкай) не ўяўлялі, што вынік сямідзесяці гадоў панаваньня ўтапічна настроенай абсалютнай улады будзе гэткі катастрафічны. Давайце зірнём, што паказала “інвэнтарызацыя”. Колькасьць насельніцтва Расеі сёньня прыкладна роўная паказьніку 1917 году. Нават у Францыі зь яе нізкімі тэмпамі дэмаграфічнага росту насельніцтва за гэты самы пэрыяд часу павялічылася на 50%. Бразылія, жыхарства якой у 1917 годзе было ў сем разоў меншае за расейскае, сёньня абагнала Расею ў колькасьці насельнікаў. І гэта яшчэ ня ўсё: па колькасьці дзяцей Расея адстае ад Нямеччыны, і пэрспэктывы гэтых дзяцей змрочныя: прагназаваная працягласьць жыцьця нізкая, стан здароўя нездавальняльны. Папуляцыя зьмяншаецца з хуткасьцю адзін мільён чалавек у год, нягледзячы на імклівы прыток імігрантаў з мусульманскіх краінаў Цэнтральнай Азіі і Закаўказьзя. Прадукцыя прамысловасьці, дэфармаванай сямюдзесяцьцю гадамі эканамічна неабгрунтаванай інвэстыцыйнай палітыкі, неканкурэнтаздольная на сусьветных рынках. Сельская гаспадарка вырабляе прадукты нізкае якасьці, што робіць немагчымым узьнікненьне канкурэнтнае харчовае прамысловасьці, і гэта нягледзячы на неабсяжныя чарназёмы. Жыльлёвы фонд, як і сетка аўтадарог і чыгунак, надзвычай састарэлы. Па структуры замежнага гандлю Расея вельмі нагадвае разьвіваную краіну: яна экспартуе газ, нафту, сыравіну, а імпартуе тавары з высокай даданай вартасьцю. |
І ўсё ж рэжым пакінуў па сабе і пэўныя плюсы. З прычыны ягонай закасьнеласьці ў Расеі захаваліся некаторыя добрыя завядзёнкі, якіх у сябе мы ўжо ня знойдзем. Перадусім гэта традыцыйная, з па-старасьвецку строгім адборам, сыстэма адукацыі, прасоўваньне па ступенях якой залежыць ад асабістых здольнасьцяў. Гэтым тлумачыцца той факт, чаму Расея багатая на першаклясных музыкаў, матэматыкаў, інжынэраў — нават насуперак таму, што доўгі час таленты прыцягваў найперш вайсковы сэктар. Спасярод гэтых людзей, якія заслугоўваюць найбольшай павагі, сёньня вялікая доля беспрацоўных, гатовых прадаць свае таленты ў краіны са спрыяльнейшымі ўмовамі. Аднак наяўнасьць гэтага адоранага слою не павінна выклікаць у нас лішніх ілюзій. Галоўная шкода, зробленая камунізмам, — гэта атупеньне й дэмаралізацыя масаў. Расейскі народ кепска інфармаваны, не навучаны думаць самастойна. Хоць заходняя школа і ўнівэрсытэт даўно ўжо ня тое, чым былі, але яны па-ранейшаму стаяць вышэй за расейскую сыстэму сярэдняй і вышэйшай адукацыі. У савецкай Расеі было адносна мала студэнтаў, у тым сэнсе гэтага слова, у якім яно ўжываецца ў Амэрыцы або Эўропе, і, апрача вывучэньня спэцыялізаваных дысцыплінаў, яны не атрымлівалі добрае гуманітарнае адукацыі, неабходнай для разьвіцьця інтэлекту. Ад зубрэньня ленінскіх бязглузьдзіц карысьці мазгам было няшмат. Дэмаралізацыя была выкліканая ўсімі бакамі камуністычнага жыцьця: лянотай, безадказнасьцю, хлусьнёй, карупцыяй, зьнішчэньнем сямейных повязяў — сьпіс можна было б працягваць доўга. Расейцы не падрыхтаваныя да інтэнсіўнага актывізму заходніх грамадзтваў, і гэта іх прыгнятае. |
Перадача ўлады 8) Як у 1989 або 1990 годзе магло паўстаць пытаньне аб перадачы ўлады? На люты 1917 году ў Расеі існавала паўнавартасная грамадзянская супольнасьць, якая абапіралася на высокадынамічную эканоміку. Аднак вайна яе аслабіла, бальшавіцкая сэкта са сваімі хаўрусьнікамі не дапусьцілі яе да ўлады, а пасьля кастрычніка 1917-га распачалі яе пасьлядоўную ліквідацыю. Якія групы тэарэтычна можна было ўлучыць у 1989 годзе ў новую грамадзянскую супольнасьць? Старую грамадзянскую супольнасьць рэпрэзэнтавалі толькі аскепкі колішняй інтэлігенцыі, якая ня здолела выпладзіць болей за танюткую праслойку актыўных “дысыдэнтаў”, — пара соцень асобаў. Зь іншага боку, у ядры савецкай уладнай эліты выкрышталізавалася новая шматлікая кляса. Гэтыя людзі ўжо зусім ня верылі ў камунізм і імкнуліся адно здабыць пасады, грошы, “выгоды”, якія рабіліся тым больш жаданымі, чым больш паглыблялася агульная беднасьць. Яны трымалі ў сваіх руках вытворчасьць і разьмеркаваньне. Старшыні калгасаў, дырэктары крамаў, дырэктары заводаў у брэжнеўскія гады лічыліся “гаспадарнікамі”, яны заўзята “гаспадарылі” і тым самым знаёміліся з рэальнаю эканомікай, тавараабменам, рынкам. Тэарэтычна яны маглі ўтварыць аснову новай грамадзянскай супольнасьці. “Кляса гаспадарнікаў” існавала ў цесным перапляценьні з уладнымі структурамі — велізарным камуністычным апаратам. Пасьля краху рэжыму багацьці краіны дасталіся верхавіне “камуністаў-рыначнікаў”. Раней, згодна з афіцыйнай ідэалёгіяй, ім дазвалялася толькі “распараджацца” імі. Распад камунізму зрабіў іх поўнымі ўласьнікамі. Адны лідэры кампартыі дэкляравалі свой паварот да рынкавай эканомікі і абвесьцілі сябе “рыначнікамі”; ім удалося амаль задарма прыўласьніць большасьць рэнтабэльных актываў краіны. Іншыя камуністы, якім засталіся адно рэшткі пірага, засталіся вернымі камуністычнай ідэі і паспрабавалі аднавіць сваю партыю. Заходнія эканамісты паставілі на разьвіцьцё клясы “рыначнікаў”, спадзеючыся, што вакол апошняй утворыцца нарэшце сапраўдная грамадзянская супольнасьць. Гэтая надзея ня спраўдзілася. У выніку надзвычай імклівай канцэнтрацыі капіталу нацыянальнае багацьце апынулася ў руках усяго некалькіх груповак, зьвязаных з новым дзяржаўным апаратам. Ці да месца было б параўнаньне іх з амэрыканскімі “robber barons” дзевяностых гадоў ХІХ стагодзьдзя — Морганамі, Ракфэлерамі, Вандэрбільдамі? Ні ў якім разе, бо яны не будавалі заводаў, як амэрыканцы, а імкнуліся за кароткі час атрымаць максымальны прыбытак. Яны здолелі вывезьці са спустошанай краіны мільярды даляраў, завалодалі заходнімі крэдытамі і перавялі іх у “афшоры”, падманам раскралі ашчаджэньні расейскага люду. Усе гэтыя круцельствы яны правялі ў хаўрусе зь дзяржаўнай уладай. |
І гэта зноў вяртае нас да пытаньня ўлады. Вузкае кола дысыдэнтаў распалася ў першыя посткамуністычныя дні. Габрэі, якія ўтваралі ягонае ядро, зьехалі ў Ізраіль або Штаты. Найбольш слынныя дысыдэнты, якіх савецкая ўлада за часамі Брэжнева — Андропава выгнала з краіны, вяртацца не сьпяшаліся. А нешматлікія вяртанцы прыстасоўваліся да новай улады (асабліва зьдзівіў запал Зіноўева). Інтэлігенцыя часткова здрадзіла сваёй традыцыі й перастала быць апазыцыйнаю сілай. Зрэшты, яна ўжо была ня ў стане змагацца за ўладу. Яна ўсё больш аддалялася ад народу, бо паходзіла з прывілеяваных групаў старога рэжыму. Інтэлігенцыя імкліва губляла сваё значэньне. Магчыма, яна зноў набудзе аўтарытэт, калі рэжым пачне разьвівацца ў бок дыктатуры. Пачалося змаганьне між фракцыямі, што выйшлі з камуністычнай партыі. Сама ж камуністычная партыя гульню хутка прайграла. Яе прыхільнікі — гэта пераважна найменш прывілеяваныя колы паноўчае касты, якія, тым ня менш, займалі ў пэўнай ступені прывілеяванае становішча ў параўнаньні з астатняй часткай насельніцтва. Хочацца параўнаць іх з “звычайнымі белымі” ў каляніяльных грамадзтвах. Гэта зусім не абсурднае параўнаньне, бо камуністычная каста ў дачыненьні да астатняга люду займала становішча калянізатара. Пэнсіянэры, вэтэраны вайны, вайскоўцы, начальнікі і начальнічкі, армада прапагандыстаў, афіцыёзных журналістаў, саўгасна-калгасных бюракратаў у адзін момант сталі бязродныя, страцілі свой “дабрабыт” і статус, замацаваны безьліччу прывілеяў. Камуністычная ідэя захавалася ў іхным асяродзьдзі не таму, што яны былі леніністамі ў старым ідэалягічным значэньні гэтага слова, а таму, што ім было шкада Саюзу і ягонае славы. Гэтыя змагары, што засталіся “не у дел”, аплаквалі камунізм не ў апошнюю чаргу з-за абразы іхнага нацыяналістычнага пачуцьця. За апошнія трыццаць гадоў існаваньня рэжыму, тым ня менш, у балянсе сілаў усярэдзіне камуністычнае касты адбыліся зьмены. Прафэсійныя ідэолягі, перакананыя прыхільнікі й прапагандысты камуністычнай ідэі паступова гублялі свой аўтарытэт. Патрэбы, што вынікалі з імкненьня ўмацаваць вялікадзяржаўніцкі статус, рэаліі змаганьня “сьвету сацыялізму” з “імпэрыялістычным лягерам” — усё гэта павышала значэньне апарату ўлады. Вайсковы апарат ня мог жыць толькі “зь Леніным у сэрцы”, ён меў патрэбу ў якаснай тэхніцы, арганізатарах, вучоных. І вытворчы комплекс, цесна зьвязаны з вайсковым, таксама. Задачу кантролю за насельніцтвам ад камісараў перанялі органы міліцыі. КГБ стаўся арганізацыяй, якая славілася сваім усёведаньнем. Тым часам як у партыі шырыліся ўсе прыкметы раскладаньня й карупцыі, КГБ ганарыўся сваімі посьпехамі ў справе міжнароднага шпіянажу, сваёю дысцыплінаванасьцю, арганізацыйнаю згуртаванасьцю. Кваліфікаваны дыпляматычны апарат існаваў у сымбіёзе з КГБ, быў ягонаю спэцыялізаванаю галіной. Гэтая элітарная, тэхнакратычная, сучасная праслойка ў партыі неўзабаве пераняла лідэрства. За Андропавым і Гарбачовым яна паспрабавала рэфармаваць камунізм. І зь лёгкасьцю ад камунізму адраклася, калі рэформа вылілася ў абвал сыстэмы. КГБ перачакаў гэтае міжчасьсе, захаваўшы ўнутранае адзінства, і ўрэшце ўся паўната ўлады вярнулася акурат у ягоныя рукі. |
9) Параўнаньне з Польшчай магло б сёе-тое праясьніць. У Польшчу камунізм быў імпартаваны звонку ў 1945 годзе, прычым наткнуўся на супраціў, які быў хутка зламаны. Старая грамадзянская супольнасьць, часткова панішчаная нацызмам, хоць і папала гэтым разам пад удар камунізму, але выжыла. Нацыяналізаваць сельскую гаспадарку так і не ўдалося. Сялянства гарнулася да сваіх нівак. Выстаяў і папулярны касьцёл на чале з шанаванымі біскупамі, цесна зьвязаны з Ватыканам. Не спынілася настроенае на заходні час інтэлектуальнае жыцьцё. Сьвядомасьць права і прага волі ня сьцерліся з памяці. Патрыятызм бунтаваў супраць камунізму, насуперак распальваньню апошнім антысэміцкага й антынямецкага нацыяналізму, бо гэты нацыяналізм не знаходзіў пунктаў судакрананьня з польскім нацыянальным пачуцьцём. Грамадзянская супольнасьць у 1956 годзе прыўзьняла голаў і пазьней толькі ўзмацнялася і загартоўвалася. У 1988 годзе камуністычная партыя мусіла падзяліцца зь ёю ўладай. На самай справе камуністы тым самым улучыліся ў грамадзянскую супольнасьць, інтэграваліся ў яе. Адкінуўшы ідэалы, пра якія гаварылі сорак гадоў, польскія камуністы пачалі паводзіць сябе паводле новых заходніх нормаў, дбаючы толькі пра тое, каб утрымацца на сваіх месцах. Ім гэта выдатна ўдалося, дзякуючы салідарнасьці, абумоўленай супольным досьведам, дзякуючы адміністрацыйным здольнасьцям, кваліфікацыі, а таксама палітычнаму спрыту. Іхная замежная палітыка — гэта палітыка любога польскага ўраду: на Захад! У Польшчы абышлося бяз чыстак. Палякі, дзеячы вызваленчага руху, мусяць сужыхарыць з гэнымі людзьмі, якімі яны пагарджаюць, але якім, тым ня менш, паабяцалі, што ня будуць іх ані судзіць, ані караць. Гэтых камуністаў, што зноў ухапіліся за ўладу, нехта параўноўваў з тэрмідарыянскімі функцыянэрамі ў Францыі, якія па зьнікненьні ўсіх рэвалюцыйных ідэалаў у ХІХ стагодзьдзі аж да самае сьмерці заставаліся на высокіх пасадах. Параўнаньне з Тэрмідорам як характарыстыка новай расейскай улады гучала значна часьцей, чым у дачыненьні да новай польскай улады, але якраз у выпадку Расеі гэтае параўнаньне зусім не да месца. 10) Прычына, вядома, у слабасьці незалежнай грамадзянскай супольнасьці. Партыя ня можа інтэгравацца ў яе — ёй прыйшлося б інтэгравацца з самою сабой. У якабінскай Францыі прынцыпы ўласнасьці і часткова права не былі ліквідаваныя. Якабінцы былі ўласьнікамі, сяляне, іхная апора, сталіся ўласьнікамі законным шляхам. Расея 1990 году ня ведала ні прыватнай уласнасьці, ні права. Уласнасьць была сьпешна разьмеркаваная зьверху неправавым шляхам. Падзел нацыянальнага багацьця, такім чынам, адбыўся выключна на падставе суадносінаў сілаў, і багацьце прыхапіў кіроўчы пласт, які складаўся з партыйных тэхнакратаў, цесна зьвязаных з “кастай рыначнікаў”. Тое, што атрымала назву “мафія”, — ня што іншае, як сындыкат палітычных і эканамічных інтарэсаў. Ён правёў на сваю карысьць “прыватызацыю” прыбытковых актываў і стварыў алігархію звышмагутных груповак — алігархію настолькі нестабільную, што яе можна параўнаць хіба што з зграяй акулаў, што пажыраюць кіта. І дзейнічала ў гэтай зграі адзінае правіла — правіла суадносінаў сілы. |
Ельцынаў момант 11) Які лёс напаткаў грамадзянскую супольнасьць у ельцынскія гады? Страх зьнік. Людзі перасталі гаварыць на “навамоўі” і ўдаваць сваю адданасьць прынцыпам дыялектычнага матэрыялізму. Да іх вярнулася выбарчае права. У гэтым сэнсе ленінскі таталітарызм зьнік папросту ў адзін дух. Разьвеяўся неакрэсьлены, бязьмежны страх, у якім людзі жылі семдзесят гадоў, які пранікаў у сем’і ды разьдзяляў іх, ахінаў недаверам усіх і да ўсіх. Зьявілася неабмежаваная свабода думкі і свабода выказваць яе, свабода прыватнага жыцьця. Палёгка гэта была бязьмерная. У пэўнай ступені сталася магчымай эканамічная ініцыятыва. Як грыбы расьлі крамкі й напаўлегальныя кіёскі. Паціху пачалі ўзьнікаць і ўмацоўвацца прыватныя прадпрыемствы, дарма што даводзілася плаціць адкупное як “недзяржаўнаму” рэкету, так і абдзяржаўленай мафіі, што кантралявалі рынак. Прадажная бюракратыя таксама зьбірала свой хабар. Бяспраўе — вось галоўная перашкода, якая замінае росквіту “сярэдняе клясы”, чаго нецярпліва, але дагэтуль марна чакаюць ад Расеі заходнія назіральнікі. Расейскія законы — гэта звычайная фармалізацыя рашэньняў, прынятых дзяржаўным апаратам. Юстыцыя ўсё яшчэ ня сталася настолькі незалежнай, каб ёй можна было давяраць вырашэньне канфліктаў. Заканадаўчая база аб прыватнай уласнасьці да сёньня ня створаная. Празь дзесяць гадоў пасьля краху рэжыму ў краіне застаюцца калгасы. Улады абяцаюць зацьвердзіць права прыватнай уласнасьці на зямлю, аднак тут жа дадаюць, што яно не закране ворных зямель. Як бачым, права ў Расеі недастаткова распрацаванае, аднак значна важнейшае тое, што ў краіне адсутнічае ўсякая прававая культура. Ідэю права ў Расейскай дзяржаве за часамі Мікалая І прышчапіў Сьпяранскі, які першым уклаў і выдаў збор законаў маскоўска-пецярбурскай дзяржавы. Вядома, ня ўсіх, бо некаторыя “сакрэтныя” законы не прызначаліся для друку. Нягледзячы на гэта, ідэя права з тых часоў разьвівалася ў Расеі бесьперапынна ажно да канца старога рэжыму. Натуральна, гэтае разьвіцьцё не закранала сялянства, якое складала дзевяць дзясятых насельніцтва. Судовая сыстэма была разбураная ў першыя тыдні бальшавіцкай улады, а сама ідэя права зьнішчаная разам з правам на ўласнасьць. Эканамічная ініцыятыва, такім чынам, у Расеі асуджаная на безуладнае, анархічнае жыцьцё, падуладная ціску ўсялякіх забаронаў, абмежаваная цяжарам падаткаў, якія зьбіраюцца рознымі карысьлівымі органамі. Такое спантаннае й спарадычнае эканамічнае жыцьцё ўжо існавала ў досыць значным абсягу і ў апошнія гады бальшавіцкага рэжыму. За Ельцыным стыхійна засвоеныя навыкі эканамічнай дзейнасьці ўваходзілі ў супярэчнасьць з прававым рэжымам, пагатоў што намаганьні пераадолець невычэрпна вынаходлівую карупцыю, растраты, жульніцтва і раскраданьні так і не былі ажыцьцёўленыя. Крах сацыялістычных структураў меў як нешчасьлівыя, так і памысныя для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці наступствы. У савецкай эканоміцы існаваў дзяржаўны сэктар і сэктар “ценявы”, чытай — нелегальны. Дзяржаўны быў вышэйапісаным чынам “прыватызаваны”, а паступова й разрабаваны незьлічонымі актывістамі “ценявога” сэктару, якія за камунізмам былі функцыянэрамі дзяржаўнага сэктару, а ў выніку “прыватызацыі” сталі папросту аддадзеныя самі сабе. Гэта прывяло да зьбядненьня цэлых катэгорыяў насельніцтва, якія, з увагі на сваю пасаду, прафэсію і здольнасьці, не маглі ўзяць удзел у рабунку. Маю на ўвазе настаўнікаў і мэдыцынскі пэрсанал, пэнсіянэраў, сярэднія вайсковыя кадры. Дадатныя вынікі дало скасаваньне розных сацыялістычных бязглузьдзіц, асабліва плянаваньня, а таксама аслабленьне кантролю і дэцэнтралізацыя сфэры вытворчасьці і разьмеркаваньня. Аднак гэтыя станоўчыя вынікі былі ўраўнаважаныя згубнымі наступствамі ўсеагульнай анархіі і карупцыі. Эканамічная эфэктыўнасьць постсавецкай Расеі відавочна расчаравала ўсіх назіральнікаў, нават тых, што не былі схільныя ідэалізаваць яе і раней. Цяжка давяраць статыстыцы, якая пры камуністах фальсыфікавалася на загад зьверху, а цяпер вельмі слаба пацьвярджаецца дакумэнтальна. Факт, што ў выніку распаду старых сувязяў вытворчасьць рэзка ўпала, а агульны жыцьцёвы ўзровень зьнізіўся. Дэмаграфічныя зьвесткі, узровень сьмяротнасьці і захворваньняў гэта пацьвярджаюць. Сёньняшнюю Расею параўноўваюць ужо ня з Захадам, а з слабаразьвітымі афрыканскімі й азіяцкімі краінамі. У гэтай агульнай карціне неабходна бачыць розьніцу між Масквой і правінцыяй. У Маскве канцэнтруецца значная частка расейскага багацьця. Гэта сапраўдны мэгаполіс, у якім жыве каля дзесяці мільёнаў чалавек, па сваім памеры блізкі да Стамбулу або парыскай аглямэрацыі. Масква жывая, стракатая, неаднародная. Калі ў Расеі і можна недзе знайсьці дынамічную грамадзянскую супольнасьць з пэўнай ступеньню аўтаноміі і творчае сілы, дык хіба толькі ў Маскве. Правінцыя зьмянілася страшэнна мала. Чынавенства засталося на сваіх месцах разам з помнікамі Леніну й лёзунгамі пра славу камунізму. Народ захаваў вернасьць звычкам, набытым у брэжнеўскія часы: ён усё трывае моўчкі, цягне ўсё тое, што кепска ляжыць, на ўсё плюе, б’е лынды, п’е і яшчэ раз п’е — у Расеі, паводле статыстычных зьвестак, кожны дарослы мужчына выпівае амаль пляшку гарэлкі ў дзень. За Ельцыным рэгіянальныя кіраўнікі перанялі згубныя звычкі цэнтральнае ўлады. Сэпаратысцкія настроі існуюць толькі ў аўтаномных рэспубліках, дзе, праўда, жыве 20 % насельніцтва краіны (прыкладам, у Татарстане і Башкірыі). Увогуле ж расейская цывілізацыя й расейская нацыя надзіва гамагенная. Аднолькавай расейскай мовай карыстаюцца ад Смаленску да Ўладзівастоку. Гэтае адзінства стварыла земляробчая калянізацыя вялікіх абшараў, пільна кантраляваная сеткай цэнтральнай улады. Сельская мясцовасьць, у якой дамінуюць калгасныя гаспадаркі, у выніку савецкай індактрынацыі сталася яшчэ больш аднатыпнай. Няпроста зразумець палітычныя памкненьні расейскай грамадзянскай супольнасьці. Яна, безумоўна, задаволеная зьнікненьнем цяжару ленінскай ідэакратыі. З другога боку, яна не без шкадаваньня згадвае тую атупелую пэўнасьць, якою гарантаваў разьвіты брэжнявізм. Яна пакутуе ад посткамуністычнай анархіі і прагне аднаўленьня “парадку”. Палітычныя свабоды, актыўны ўдзел у палітычным жыцьці і дэмакратыя не ўваходзяць у лік ейных прыярытэтаў. |
Рэлігія і нацыяналізм 12) Заходнія хрысьціяне марылі пра “духоўнае адраджэньне” расейскае нацыі. Яны горка расчараваліся. Старая царкоўная гіерархія, рэкрутаваная з блаславеньня КГБ, не зьмянілася. Багата людзей з усіх узроўняў расейскага грамадзтва (і дзяржаўная эліта, вядома) адведвае царкву. Адчынілася шмат новых манастыроў. Па хвілінным запале, аднак, узровень рэлігійнасьці зноўку ўпаў прыкладна на францускі ўзровень, (г.зн. толькі блізу 4 % вернікаў рэгулярна ходзяць у царкву і выконваюць хрысьціянскія абрады). Рэлігія, уласна кажучы, — паказьнік прывязанасьці да старажытнай расейскай сакральнасьці, да абагаўленьня грамады. У ХІХ стагодзьдзі славянафільскі рух у Расеі канчаткова зьнітаваў рэлігію з нацыяналізмам, а нацыяналізм — з рэлігіяй. Усё рэлігійнае зрабілася нацыянальным і наадварот. Самавар набыў рэлігійную афарбоўку, Дух Сьвяты — нацыянальную. Калі адна частка расейскае літаратуры была лібэральная і эўрапейская (Пушкін, Чэхаў), то другая — Гогаль, Дастаеўскі, сымбалісты, большасьць філёзафаў і палітычных мысьляроў — жыла славянафільствам. У 1941 годзе, калі Сталін дазволіў царкве выйсьці з падпольля, яна пакорліва пайшла на службу дзяржаве, каб на ёй і застацца. Кандыдатура цяпершняга патрыярха Аляксія ІІ была ня толькі ўхваленая КГБ, як і кандыдатуры ягоных папярэднікаў, але нават, як сьцьвярджаюць, непасрэдна выйшла з шэрагаў гэтай арганізацыі. У Расеі заўжды існавала два праваслаўі. Першае — легітымная галіна хрысьціянства, якая дала сьвету пакутнікаў, сьвятых, сапраўдных вернікаў. Другое жыве сваёю агідаю да лацінства, да каталіцкага Захаду. Менавіта гэтую царкву дазволілі Сталін і ягоныя наступнікі, менавіта зь ёю новая расейская дзяржава лічыцца і на яе абапіраецца. У 1999 годзе екацярынбурскі япіскап загадаў спаліць на сваім падворку нават не каталіцкія ці пратэстанцкія кнігі, а выданьні Расейскай замежнай праваслаўнай царквы. У сынадальнай царкве пасьля Пятра І нешта падобнае было б немагчыма, гэта вяртаньне практык часоў Русі Маскоўскае. Прычым, каб індывід адчуў сваю прыналежнасьць да праваслаўнай Русі, яму зусім не абавязкова быць заўзятым вернікам. Шчыры хрысьціянін Салжаніцын не дапускае, каб расеец мог выбраць інакшую хрысьціянскую веру, чым расейскае праваслаўе. Паводле ягонага сьцьверджаньня, польскае ўварваньне ў XVII стагодзьдзі было горшым за мангольскае нашэсьце, бо магло зьмяніць веравызнаньне краіны. Калі чалавек расеец, ён праваслаўны, незалежна ад таго, верыць ён у Бога ці не. Так габрэй застанецца габрэем, нават калі зрачэцца Майсеевага Госпада і ягоных прыказаньняў. Русь-матухна, Сьвятая Русь… Гэтыя кандовыя паняткі дагэтуль “абуджаюць” глыбінныя, адвольныя рэфлексы расейскай душы. Паказальна, што расейскія ўлады спасылаюцца не на праваслаўе, а на “праваслаўнасьць”. Гэты наватвор — сынонім “расейскасьці”. Гарбачоў, Ельцын, Прымакоў, Пуцін засьведчылі, што яны “практыкуючыя праваслаўныя”. Праваслаўе Маскоўскага патрыярхату атрымала маральны, а часткова й юрыдычны статус дзяржаўнай рэлігіі. |
Часіна КГБ 13) 31 сьнежня 1999 году Ельцын падаў у адстаўку і вызваліў месца Пуціну, атрымаўшы гарантыі асабістай бясьпекі, захаваньня сваёй маёмасьці і недатыкальнасьці сваёй сям’і. Тым самым ён даў магчымасьць стварыць новы дзяржаўны апарат, самай выразнай рысай якога зьяўляецца блізкасьць да КГБ. Большасьць ключавых пасадаў у гэтым пераўвасабленьні намэнклятуры дасталася выхадцам з згаданай арганізацыі. Гэтаксама, як Леніну ў 1917 годзе ўдалося захаваць сваю хеўру ад раскладаньня, так у 1990—1999 гадох КГБ пашчасьціла ўтрымаць дысцыпліну, згуртаванасьць, элітарнасьць, тым часам як Камуністычная партыя збольшага разбадзялася. Так, як у 1917 годзе народ слушна разважыў, што анархія — самы невыносны з усіх рэжымаў, і зьмірыўся з рэжымам бальшавіцкім або яго падтрымаў, гэтак і Пуціну перамога на выбарах далася без усякіх праблемаў. Былая камуністычная партыя сваю легітымнасьць чэрпала з “праўдзівасьці” свайго вучэньня, якога ніхто ня мог аспрэчыць. Яна была “духоўнаю сілай”, што абапіралася на свае “органы”. Новай уладзе не патрэбна сваё вучэньне, бо сваю легітымнасьць яна чэрпае з “волі народу”, і каму якая справа, што свайго трыюмфу яна дасягнула шляхам падману і ціску. Верхавіна партыйцаў-рыначнікаў сваю сумнеўнага паходжаньня маёмасьць засьцерагла правам на прыватную ўласнасьць. Найвышэйшая тэхнакратычная й палітычная праслойка партыі ўмацавала сваю ўладу ўсеагульным выбарчым правам, з карысьцю для сябе засвоіўшы лекцыі Напалеона ІІІ і Бісмарка пра кансэрватыўную каштоўнасьць усеагульнага выбарчага права. Па атрыманьні мандату Пуцін абнавіў усталяваны “парадак”. Парлямэнт (Дума) ператварыўся ў рэгістратуру. Губэрнатары былі прадубляваныя “генэрал-губэрнатарамі” і ўцягнутыя ў новую каманду (ці, прынамсі, вымушаныя ўдаваць сваю ўцягненасьць). Застаўся друк і мэдыі. Пуціну не патрэбны татальны кантроль над імі, бо камуністычная прапаганда, выхаваньне “новага чалавека” й індактрынацыя ўжо не стаяць на парадку дня. Велізарная армія “прапагандыстаў” і працаўнікоў галоўліту засталася бяз працы. Заходнім вачам улада імкнецца прэзэнтаваць дэмакратычны фасад. У савецкім па сваім духу і фактычна “дзяржаўным” друку дзе-нідзе дапускаецца дыскусія ці нават апазыцыйны настрой. Мэдыйныя магнаты не вярнуліся ў кола сяброў пуцінскай улады. Пара занадта цікаўных або адважных журналістаў паплаціліся здароўем ці жыцьцём. На іх прыкладзе ўсе наглядна пабачылі, што ад палітыкі варта трымацца ўбаку. Аднак унутраная лёгіка дзяржаўнага аўтарытарызму ня можа прымусіць Пуціна парушыць пачатковы намер і зусім заткнуць мэдыям рот. Пакуль да гэтага не дайшло, бо гэта й не патрэбна. Пераважная большасьць палітычнае касты далучылася да пуцінскай сыстэмы. Падпарадкаваліся і тыя, каго лічылі “лібэраламі”, хто імкнуўся правесьці прыватызацыю на польскі манер ды ўтварыць сапраўдную рынкавую эканоміку (як, напрыклад, Гайдар), і група, створаная Прымаковым — былым кіраўніком разьведкі, а пасьля пэўны час ельцынскім прэм’ерам — ды маскоўскім мэрам Лужковым, якая нейкі час стаяла за паўкроку ад трону. Падпарадкаваліся і былыя дысыдэнты. Камуністычная партыя старанна супрацоўнічае з рэжымам. Такім чынам, сучасны рэжым можна апісаць як аўтарытарны, кантраляваны дысцыплінаванай партыяй, што вырасла з КГБ і вайсковага істэблішмэнту. Так званыя “алігархі”, то бок карысьлівыя авантурысты, якія зьявіліся як Піліп з канапель, — або далучыліся да ўлады, або, на вялікую ўцеху грамадзкасьці, выстаўленыя за дзьверы. |
Што рабіць? 14) Савецкая ўлада да канца заставалася ў палоне ленінскай ідэалёгіі і ніколі ня ставіла сабе за галоўную мэту павелічэньне дабрабыту грамадзян і дасягненьне ўсеагульнае заможнасьці. Гэтыя мэты толькі служылі іншай, больш важнай — павелічэньню вайсковай магутнасьці. Вядома, што вайсковыя выдаткі ў часе разьвітага брэжнявізму дасягалі 40 % ВУП. Астатнія 60 % уяўлялі сабою падмурак для нарошчваньня аб’ёмаў вытворчасьці ВПК і падтрыманьня матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў, неабходных для жыцьцядзейнасьці насельніцтва. Таму можна сьцьвярджаць, што на вайскова-прамысловы комплекс працавала ўся вытворчасьць краіны. Аднак і ў гэтых умовах назіраўся пэўны “прагрэс”: прыгадайма будаўніцтва гарадоў, масавую асьвету, асваеньне тэхнікі і этапныя дасягненьні ў асобна ўзятых галінах. Цяпер ранейшая ідэалёгія зьнікла і расейскаму ўраду даводзіцца вырашаць тыя самыя “нармальныя” праблемы, што і любому нетаталітарнаму ўраду. Расейскія кіраўнікі часта добрым словам згадваюць Піначэта, які ў варунках аўтарытарнай дыктатуры забясьпечыў рост чылійскай эканомікі, сур’ёзна разладжанай сацыялістычным экспэрымэнтам. Аналёгія зразумелая: эканамічныя мэханізмы, успадкаваныя Расеяй ад Савецкага Саюзу, былі надзвычай неэфэктыўныя. Эканоміка была ня ў стане вырабляць тавары, канкурэнтаздольныя на сусьветных рынках, ці нават задавальняць сьціплыя патрэбы насельніцтва, якое сёньня ўжо ведае, як жывецца на Захадзе. Невялікая Германская Дэмакратычная Рэспубліка была самай сучаснаю й разьвітаю зонай “сацыялістычнага лягеру”. Аднак пасьля аб’яднаньня ўлады ФРГ, на сваё вялікае зьдзіўленьне, знайшлі там занядбаныя ворныя землі, неймаверна адсталыя тэхналёгіі, састарэлае прамысловае абсталяваньне, працоўных, якія страцілі жаданьне і ўменьне працаваць. ФРГ адразу ж увяла ва ўсходніх землях сучаснае грамадзянскае права, цалкам абнавіла сыстэму дзяржаўнае адміністрацыі і штогод інвэставала ва ўсходнія землі сто мільярдаў марак. Мінула дзесяцігодзьдзе, а ўзровень разьвіцьця ўсходніх земляў Нямеччыны ўсё яшчэ ніжэйшы за ўзровень заходніх. Расея, насельніцтва якой у дзевяць разоў большае за ГДРаўскае, а плошча — у дзьвесьце разоў большая, знаходзіцца ў значна горшым стане. Няма сучасных аўтадарог, у больніцы не падаецца гарачая вада, у вёсках няма водаправодаў, а часта й электраэнэргіі, камунальная маёмасьць знаходзіцца ў жудасным стане, навакольнае асяродзьдзе страшэнна забруджанае. Працоўныя развучыліся працаваць. Расея здольная хіба што экспартаваць газ, у меншай ступені — нафту (за кошт зьніжэньня ўнутранага спажываньня), рэдкія мінэралы, прадукцыю зь нізкай даданай вартасьцю, урэшце, зброю. Заканадаўчы лад, грамадзянскае і прыватнае права, падатковая сыстэма ўсё яшчэ чакаюць свайго стварэньня. Наяўныя ўмовы робяць немагчымым прыток буйных замежных інвэстыцыяў. Зрэшты, на мадэрнізацыю Расеі не хапіла б усіх грошай сьвету. Гэта не пад сілу любому ўраду, нават самаму адважнаму. Да таго ж, трэба яшчэ падумаць, а ці ў той бок разьвіваецца сучасная Расея. Галоўныя эканамічныя акторы даюць хрэстаматыйныя прыклады карупцыі і ўцёкаў капіталу. Грошы, якія міжнародныя банкі й фінансавыя інстытуцыі давалі хутчэй з палітычных, чым з эканамічных прычынаў, былі змарнаваныя. Аўтарытарныя структуры новай дзяржавы абяцаюць змагацца з карупцыяй, а насамрэч рэпрэсіі абрынаюцца на тых, хто ня мае “даху” ў Крамлі. Падобныя ўмовы не спрыяюць разьвіцьцю ў краіне прадпрымальніцкай ініцыятывы. Дый наўрад ці лібэралізм мог бы ўжыцца з адміністраваньнем і цэнтралізацыяй, калі на чале выканаўчых органаў стаяць людзі без усякай эканамічнай культуры. Магчыма, пасьля дзесяці гадоў крызысу спад у расейскай эканоміцы і ўдасца пераадолець. Назіральнікі, аднак, не заўважаюць нічога падобнага да скачка наперад, які зьдзейсьнілі Польшча ці Вугоршчына. Абсалютна відавочна, што гэтага скачка не адбудзецца ні заўтра, ні пазаўтра. У XVII стагодзьдзі Расея была бедным і барбарскім краем, з усіх бакоў аточаным бліскучымі цывілізацыямі: Эўропай, Асманскай імпэрыяй, Пэрсіяй сэфэвідаў, магольскай Індыяй, маньчжурскім Кітаем, Японіяй. Да 1917 году Расея заставалася хоць і адсталым, але ўсё ж праўдзівым эканамічным працягам Эўропы. На пачатку ХХІ стагодзьдзя Расея як бы вярнулася на свае пазыцыі XVII ст. — ня толькі адносна Эўропы, але, відаць, і адносна Турэччыны, Індыі і Кітаю, бо тэмпы эканамічнага росту ў гэтых краінах вышэйшыя за расейскія. 15) У сучаснай сыстэмы мала шанцаў на абгрунтаваньне сваёй легітымнасьці павелічэньнем усеагульнай заможнасьці, якое, напрыклад, ужо дваццаць гадоў легітымізуе ўладу ў Кітаі. Трэба шукаць іншыя, палітычныя, падставы. І першае пытаньне, якое паўстае перад Расеяй: што рабіць з расейскай мінуўшчынай? З тысячагадоваю спадчынаю Расеі, якую рэжым ужывае для легітымізацыі сваёй цяпершчыны й будучыні? Прынцыповае значэньне мае тое, што ніводзін з расейскіх урадаў па 1989 годзе публічна не асудзіў камунізму як такога. Кантраст зь Нямеччынай 1945 году самы выразны. Нацысцкая Нямеччына была акупаваная. Міжнародны трыбунал асудзіў на сьмерць найвышэйшых кіраўнікоў нацысцкае партыі. Нямецкая юстыцыя гэтую эстафэту пераняла. Damnatio memoriae сьцерла ўсе знакі нацысцкага панаваньня. Нямецкі дух мусіў прайсьці праз зваротны чысьцец. Нямецкі народ быў закліканы да калектыўнай каяты. Гітлерава імя было выклятае навечна. |
У Расеі нічога падобнага ня здарылася. Яна не прайшла праз акупацыі, і гэта вельмі кепска, бо Нямеччына і Японія вылечыліся ад уласнай атруты найменшым коштам, без унутранай адказнасьці, без празьмернага цяжару для палітычнае будучыні. Ніводзін зь вядучых камуністычных функцыянэраў ня быў ані пакараны, ані асуджаны за ўчыненыя злачынствы — паняволеньне расейскага і іншых народаў. Палітычны актыў не падпаў пад люстрацыю і нават не зазнаў зьменаў. Асабліва гэта тычыцца дыпляматычнага корпусу, які застаўся ўбаку ад усякага “абнаўленьня”. Помнікі Леніну-правадыру стаяць, як стаялі, ягоны маўзалей застаецца месцам культавага паломніцтва. Не адбылося ніякага damnatio memoriae. Ані сам расейскі народ, ані ягоныя самыя аўтарытэтныя прадстаўнікі гэтага не зрабілі, нават не паспрабавалі гэтага зрабіць. Савецкі пэрыяд — паўнавартасны складнік афіцыйнай вэрсіі расейскай гісторыі, і я не сустрэў ніводнага расейца, які б за яго гэтак саромеўся, каб выкрэсьліваць яго з гэтай памяці. Савецкі час асацыюецца найперш з ідэяй абароны айчыны. Маскоўскі мэр Лужкоў заставіў свой горад напышлівымі помнікамі героям вялікай айчыннай вайны. Расея дзейнічае як Францыя, якая ў імя нацыянальнага адзінства пасьля паразы 1870 году і перамогі Рэспублікі вярнула ў францускую гісторыю Канвэнт і Тэрор. У Расеі ў дадатак часткова рэабілітавалі Сталіна, а сьледам за ім і ўсіх бальшавіцкіх правадыроў, пачынаючы ад Леніна зь Дзяржынскім. Чырвоны сьцяг і надалей застаецца сьцягам расейскай арміі. Сталінскі савецкі гімн на ўцеху амаль усім ізноў вярнуў сабе статус дзяржаўнага, толькі аўтар ранейшага варыянту крыху падкарэктаваў словы, і згадку пра “вялікага Сталіна” замяніў хваласьпеў праваслаўнаму расейскаму Богу. Нешматлікая ініцыятыва “Мэмарыял”, створаная былымі дысыдэнтамі, імкнецца нагадваць расейскай памяці, што бальшавізм, тэрор, Гулаг не былі мімалётнаю недарэчнасьцю, пра якую лепей не ўспамінаць, не былі звычайным зьбегам абставінаў, якія здараюцца ў гісторыі, — але што яны заслугоўваюць маральнага асуджэньня. Гэтая група вельмі самотная ў сваіх перакананьнях, праўда, наколькі я ведаю, у апошнія месяцы яе шэрагі пачалі расьці. Архітэктурныя памяткі рэлігійнага нацыяналізму колішняй Маскоўскай Русі рэстаўраваныя. Масква, у якой савецкая ўлада зруйнавала сотні цэркваў, адбудавала іх зь дзіўнай хуткасьцю. Правінцыя не адстае ад сталіцы. Дзяржаўным гербам Расеі зноўку зрабіўся дзьвюхгаловы арол Івана ІІІ. Расейскі сьцяг адпавядае праекту Пятра І. Здаецца, найбольшую павагу ў расейцаў выклікаюць самыя дэспатычныя постаці: найперш Пётар Вялікі й Аляксандар ІІІ. Кацярына ІІ і “цар-збаўца” Аляксандар ІІ карыстаюцца нашмат меншай папулярнасьцю. Пятроўская “лінія” на валюнтарызм і дзяржаўны аўтарытарызм яўна бярэ верх над цывілізацыйнай і вызвольнай “лініяй” Кацярыны і Аляксандра ІІ. Пуцін публічна выступае як верны прыхільнік цара Пятра (калясальны помнік у ягоны гонар ужо стаіць пэўны час на беразе Масквы-ракі), а непублічна — як прыхільнік Сталіна (праўда, гэты гарнітур яму пакуль яўна завялікі). Гэта, аднак, не замінае яму насіць на грудзях крыжык і прыслухоўвацца да фанатычнага прапаведніка “расеянізму” айца Ціхана. Андрэй Амальрык * у 1970 годзе апісаў спэктар расейскіх ідэалягічных плыняў. Ён з дакладнасьцю паўтараў стан на 1913 год, бо саветызм усё замарозіў у ранейшым выглядзе, прыпыніўшы ідэйнае разьвіцьцё. Гэты спэктар сягаў ад патрыятычнага лібэралізму праз эўразійства ажно да заўзятага шавіністычнага славянафільства. Сёньня, здаецца, шалі схіляюцца ў бок эўразійства, бо лібэралы і нешматлікая грамадзянская супольнасьць, што іх падтрымлівала, пацярпелі паразу. Пераважаюць антызаходняя істэрыя, адстойваньне “расейскасьці” ды заклікі ісьці расейскім шляхам. Зь лёгка зразумелых прычынаў іх сілкуюць таксама расчараваньне ў камунізьме й сёньняшняя галеча. Увадначас іх інсьпіруе сама дзяржава, хоць і асьцярожна — толькі ў той ступені, каб яны выпадкова не парушылі вобразу, які яна стварыла для замежжа. 16) Пуцін сваё ўзыходжаньне да ўлады грунтаваў на відовішчных крымінальных учынках. Сэрыя тэрактаў, у якіх без найменшых доказаў былі абвінавачаныя чачэнцы, забрала болей за васямсот жыцьцяў. Сёньня ніхто ня можа сказаць, ці не былі гэта падкопы ФСБ. Адразу ж была разьвязаная вынішчальная вайна супраць малога народу, які налічвае менш за мільён чалавек. Гэты блізкі да канчатковага завяршэньня генацыд атрымаў шырокую падтрымку грамадзкасьці і нават найвышэйшых маральных аўтарытэтаў краіны. Мы ня маем права зьмешваць гістарычны аналіз і маральнае асуджэньне, аднак гісторык мусіць канстатаваць, што палітычныя намеры, заснаваныя на злачынстве, рэдка калі вястуюць нешта добрае. Раней ці пазьней, як толькі намер сутыкнецца зь цяжкасьцямі, злачынства, як у антычнай трагедыі, “выплыве на паверхню”, і раптам выявіцца, што легітымнасьць аўтарытэту была ім самім паціху выедзеная зь сярэдзіны, што ён страціў напаўненьне і зьмест і бурыцца — або вымагае далейшых злачынстваў. |
* Андрэй Альмарык (нар. 1938 г.) - расейскі пісьменьнік і дысыдэнт, аўтар кнігі "Андрей Альмарик - Статьи и письма 1967-1970". Амстердам: Фонд имени Герцена, 1971. - Рэд. |
“Блізкае замежжа” 17) “Ня ведаю Расеі, ведаю толькі Расейскую імпэрыю”, — казаў славуты міністар Вітэ. Камуністычнае панаваньне ў сваім пачатку не насіла імпэрыялістычнага характару: у першыя яго гады расейцы ня мелі ніякіх прывілеяў у параўнаньні зь “мясцовым” насельніцтвам. Аднак мала-памалу сытуацыя зьмянілася. На схіле брэжнеўскіх часоў карціна выглядала інакш: мясцовыя нацыяналізмы жорстка душыліся на карысьць афіцыйнай, моцна афарбаванай у расейскі колер, “савецкай культуры” й “савецкага патрыятызму”. Мясцовых камуністаў на ўсіх значных партыйных пасадах дублявалі расейцы. У процівагу гэтаму ценявая эканоміка й мафія, зьвязаныя зь мясцовымі камуністычнымі партыямі, разьвіліся да такой ступені, што разам з нацыянальнымі меншасьцямі яны ўтварылі нейкі правобраз грамадзянскай супольнасьці, у якой было месца для нацыянальнае сьвядомасьці. У 1991 годзе СССР падзяліўся на “нацыі”, пра жыцьцяздольнасьць якіх ніхто нават не падазраваў. У Сярэдняй Азіі лініі, накрэсьленыя на мапе Сталіным, сталіся раптам “нацыянальнымі” межамі. Іслам, які выжыў пад камуністычнай абалонкай, вымусіў эміграваць вялікую частку савецкіх прыбышоў. Балтыйскія краіны імгненна аддзяліліся, а за імі настаў чарод Украіны, Беларусі, Грузіі, Арменіі й Азэрбайджану. Для расейскай сьвядомасьці гэта было страшэнным шокам. Некаторыя з гэтых тэрыторыяў былі здабытыя яшчэ ў XVIII стагодзьдзі. Імпэрыялістычная пыха, усьведамленьне ўлады над многімі народамі былі ўцехай для Расеі цягам ажно двух стагодзьдзяў. “Раб на каленях марыць пра ўладу над сьветам”, — кажа Кюстын, перафразуючы ня менш славутыя словы Лермантава. Яшчэ ісламскіх ускраінаў расейцам было ня так шкада, а вось, скажам, жаль па славянскай і пераважна праваслаўнай Украіне, якую сам Ленін у 1918 годзе выменяў у Людэндорфа на пшаніцу, набываў проста гістэрычныя формы. Па маіх назіраньнях, ніводзін расеец да сёньня не зьмірыўся з стратай Украіны, а Салжаніцын наракае пра гэта пры ўсякай нагодзе. Постсавецкая ўлада за мінулыя дзесяць гадоў скарыстоўвала розныя мэтады. Разгром Чачэніі засьцярог іншыя аўтаноміі ад праяўленьня самастойнасьці: гэта было папярэджаньне якутам, татарам, башкірам і памежным народам перадгор’яў Каўказу. Расея зноў узяла пад свой кантроль межы былога СССР паўсюль, акрамя Прыбалтыкі. Прыднястроўе — па сутнасьці, вайсковы анклаў — аблямоўвае Ўкраіну з захаду і дублюецца вайсковымі базамі ў Малдове і Беларусі. Турэцкая і іранская межы таксама пільна вартуюцца, а лякальныя канфлікты даюць зачэпку для знаходжаньня расейскіх войскаў на мяжы з Аўганістанам. Вайсковыя базы трывала асталяваліся ў Грузіі, ад якой адарваныя дзьве правінцыі. За межамі Расеі знаходзіцца больш як дзьвесьце тысяч расейскіх вайскоўцаў. Даўні канфлікт між армянамі й азэрбайджанцамі выкарыстоўваецца сёньня, як два стагодзьдзі таму. Аншлюс Беларусі запраграмаваны пагадненьнямі зь мясцовым дыктатарам. У балтыйскіх краінах жывуць вельмі моцныя расейскія меншасьці, ірэдэнтысцкія пачуцьці якіх аднойчы могуць прабудзіцца. Для Ўкраіны, у сваю чаргу, прыдаюцца любыя сродкі: заснаваньне партыі, якая выступае за ўзьяднаньне з Расеяй, кіраваньне праваслаўнай царквой з Маскоўскага патрыярхату, сабатаваньне рэформаў, якія ўкраінская дзяржава магла б распачаць, “нафтагазавы” ціск. Усе вышэйзгаданыя нацыі адчуваюць пагрозу і бароняцца хто як можа. І ўсё ж давайце паглядзім на гэта расейскімі вачыма: да чаго вядзе гэтая нягнуткая палітыка, гэтая сумесь лісьлівасьці, застрашэньня й грубай сілы? Да аднаўленьня СССР? Нашто? Мэта падаецца наўзьдзіў архаічнай, але яна адпавядае імкненьню максымальна павялічыць свае абшары, як гэта практыкавалі колішнія імпэрыі (зь якіх расейская засталася апошняй). Ці мо гэта імкненьне да каляніяльнага разьвіцьця, лязо якога скіраванае супраць больш эўрапейскіх тэрыторыяў, чым сама Расея, г.зн. супраць Украіны і балтыйскіх дзяржаваў? Але гэтае памкненьне настолькі ж бясплённае, неправамоцнае й анахранічнае, як Гітлерава апантанае жаданьне здабыць “жыцьцёвую прастору на ўсходзе”, якую той лічыў жыцьцёва неабходнай для нямецкай нацыі ў той час, калі немцы пакідалі вёскі, пераяжджаючы ў гарады працаваць на фабрыках і ў сфэры паслугаў, і калі, да таго ж, зьніжалася нараджальнасьць. Гэта — манія мапы, геапалітычнае шаленства. Гонар за неабсяжнасьць радзімы — адзін з галоўных складнікаў расейскага гонару і адна зь ейных галоўных матывацыяў. Яна таксама абапіраецца на значэньне уммы ў яе “расейскім” выглядзе. Расейскае грамадзтва ня можа і думкі дапусьціць, каб Японія, хай нават па цане золата, вярнула сабе дзьве нікчэмныя выспачкі, скрадзеныя Сталіным у 1945 годзе. Расейцы не зважаюць на тое, што сямнаццаць мільёнаў квадратных кілямэтраў уяўляюць для сучаснае эканомікі страшэнны цяжар. Цяпер за адлегласьці трэба плаціць. Але так не было ані тады, калі шляхам сельскагаспадарчай калянізацыі або гандлю футрам паступова заваёўваліся малазаселеныя тэрыторыі, ані пры рудымэнтарнай эканоміцы. Сёньня трэба карыстацца і кіраваць гаспадарліва, усё пралічваць, а гэта перавышае сілы расейскага народу. Сібір стаіць пусты й бязьлюдзее ўсё больш. Вядома, ідэалістычнае абагаўленьне абшараў і зачараванасьць прасторай для расейскага грамадзтва — спрадвечныя вартасьці, якія цяжка зжыць, тым больш што ніякіх іншых яно ня мае. Але давайце ўявім сабе, што Пуцін або ягоныя пасьлядоўнікі дасягнуць сваіх мэтаў і ім удасца аднавіць СССР. Вынікам было б ператварэньне ўсяго гэтага рэгіёну ў мілітарызаваную імпэрыю, якая ня будзе мець нават цывілізацыйнага або культурнага прэстыжу колішняй царскай Расеі. Гэта цалкам вычарпала б сілы няшчаснага й зьняможанага расейскага народу. |
Палітыка, заснаваная на страху 18) Расея гучна ўварвалася ў Эўропу пасьля перамогаў Пятра Вялікага над Швэцыяй. Яна імгненна была прынятая ў сям’ю эўрапейскіх народаў, дарма што Эўропа добра ведала, чаго вартая расейская эўрапейскасьць. Як бліскуча паказаў Марцін Маля, яе прынялі, бо для астатніх партнэраў гэта было выгадна. Тым часам як Расея разрасталася на поўдзень і на захад, Аўстрыя, Прусія і Ангельшчына таксама ніяк сябе не абмяжоўвалі, а Францыя была вымушана адно фрустравана сачыць, як Расея душыць Швэцыю, адкідвае Асманскую імпэрыю і паглынае Польшчу — традыцыйных хаўрусьнікаў Парыжу. Толькі папа доўга адмаўляў цару ў імпэратарскім тытуле, а вялікія эўрапейскія дзяржавы прызналі тытул безь нічога ніякага. Расея ніколі не шкадавала самых цывілізаваных ды інтэлігентных кадраў для свайго дыпляматычнага корпусу. Таксама яна ўмела сымуляваць прывабныя для эўрапейскай грамадзкасьці погляды, добра адчувала моду: за часамі Кацярыны гэта было асьветніцтва; піетысцкі масонскі інтэрнацыянал — за Аляксандрам І; абарона кансэрватызму і хрысьціянства — за Мікалаем І. Мішле ў 1842 годзе напісаў: “Расея — гэта мана. Гэта crescendo маны і крывадушнасьці. Сёньня яна нам кажа: я — хрысьціянства, а заўтра скажа: я — сацыялізм”. Напярэдадні 1914 году Расея на міжнароднай арэне была такой самай краінай, як і ўсе астатнія. Імпэрыялістычная, але ня болей за Францыю ці Ангельшчыну, экспансіянісцкая, але ня больш, чым Аўстрыя ці Нямеччына. У першай сусьветнай вайне яна заставалася вернай хаўрусьнікам ажно да пярэдадня свайго краху. Вытрывай яна яшчэ год і сядзь за стол пераможцаў, то магла б атрымаць Царград, частку Балканаў, усю Польшчу, вялікі кавалак Нямеччыны — то бок амаль усё, што заваюе Сталін. Прынамсі, гэта абяцала ёй Францыя. На ўсім працягу існаваньня камуністычнага рэжыму Расея заставалася вернай ленінскай праграме сусьветнае рэвалюцыі. Ленін і Сталін, аднак, заўжды ўмелі своечасова спыніцца, калі зьдзяйсьненьне праграмы ставіла пад пагрозу захаваньне ўлады. Ленін падпісаў Берасьцейскі мір, Сталін згарнуў рэвалюцыйныя акцыі ў Нямеччыне, Кітаі й Гішпаніі, падтрымаў нямецкую правіцу, падпісаў пакт з Гітлерам, потым з ангельцамі й амэрыканцамі і г.д. Знутры гэтая палітыка заўжды здавалася кіраванаю адзіным прынцыпам, вызначаным яшчэ ленінскай лёгікай. А звонку стваралася ўражаньне, што яна падпарадкоўваецца двум прынцыпам: Савецкі Саюз як пашыральнік камунізму ў сьвеце быў рэвалюцыйны і разбуральны, у сваёй жа абароне цэнтральных тэрыторыяў і Расеі як апошняй цьвярдыні рэвалюцыі ён як бы цалкам кіраваўся прынцыпам клясычнай палітыкі, што адстойвае імпэрыялістычныя або нацыянальныя інтарэсы. Я — Краіна Саветаў, гляньце на мае крылы, я — Расея, вось мае зубы. Заходняя дыпляматыя нястомна імкнулася разьдзяляць два гэтыя бакі, дыялектычны суплёт якіх яна адмаўлялася бачыць. Пачынаючы ад графа Брокдарфа-Ранцава і Лойд-Джорджа і канчаючы дэ Голем і Кісынджэрам, Маскве прапаноўвалі бартэр: вы спыняеце падрыўную дзейнасьць супраць нас, а мы ўзамен абавязуемся ўлічваць расейскія нацыянальныя інтарэсы. Гэтая падвойная гульня страціла ўжо ўсякі сэнс. Адзіная салідарнасьць, на якую ad extra Расея можа спасылацца, — салідарнасьць праваслаўная. Аднак кожная праваслаўная царква фармуецца ў сваіх нацыянальных рамках, а гэта рычаг, якім ня так проста авалодаць. Югаслаўскія падзеі выразна тое паказалі. Таксама дарэчы нагадаць, што саветызм надоўга зьнішчыў прэстыж Расеі, які перад першай сусьветнай вайной яна мела, напрыклад, сярод югаславаў і чэхаў. Тады нават у Польшчы існавала прарасейская партыя. Потым зьнікла. 19) У многіх заходніх экспэртаў і ў некаторых колах у самой Расеі ўзьнікла ўяўленьне, што замежная палітыка краіны магла б нагадваць польскую ці вугорскую мадэль: уваход у гульню, ляяльнае далучэньне да эўрапейскай і атлянтычнай сыстэмаў; выкарыстаньне пазыкаў, прапанаваных Эўропай і Амэрыкай, і адплата за іх бясьпекай й рэнтабэльнасьцю; закладаньне асноваў лібэралізму й капіталізму і ператварэньне ў паўнапраўную частку эўрапейскай і атлянтычнай супольнасьці. У гэта верылася тым ахвотней, што ўрад ужо ў 1991 годзе дэкляраваў сваё жаданьне пайсьці менавіта гэтым шляхам. Калі б Мішле быў жывы, ён так перафармуляваў бы сваю думку: “Расея — гэта crescendo маны і крывадушнасьці; учора яна нам казала: я — сацыялізм, сёньня кажа: я — капіталізм”. У абарону новых палітыкаў варта адзначыць, што яны паставілі перад сабой амаль невыканальнае заданьне. Ленін казаў, што шлях да сацыялізму — гэта не “тратуар Неўскага праспэкту”. Шлях да капіталізму — таксама. Празь дзесяць гадоў мала ўжо засталося на сьвеце людзей, якія ўсё яшчэ вераць, што Расея на гэтым шляху істотна прасунулася наперад. Тым ня менш, Расея запатрабавала крэсла або прынамсі зэдлік у большасьці міжнародных фінансавых і эканамічных інстытутаў і яго атрымала. Увадначас, аднак, яна адпалохвае сваёй неахвотай плаціць па пазыках, заўзятым імкненьнем “зьмяніць графік працэнтных выплатаў” і нават такімі чыстай вады маніпуляцыямі, якой быў эканамічны крах 1998 году. Да месца было б сур’ёзна запытацца, ці яна дагэтуль дамагаецца паўнавартаснага сяброўства ў клюбе дэмакратычных дзяржаваў. Чэмпіён сьвету па шахматах Каспараў сёлета заявіў, што расейская замежная палітыка заснаваная на страху. Яна скарыстоўвае страх расейцаў перад “чачэнцамі” (і ўвогуле перад каўказцамі, грузінамі, татарамі і іншымі “чарнажопымі”), перад дзікім капіталізмам (іншы ёй не вядомы), перад “глябалізацыяй” (для яе гэта пустое слова). Яна скарыстоўвае і фобіі Захаду, а менавіта два ягоныя ўзаемавыключальныя страхі: з аднаго боку, Захад баіцца расейскай ядравай зброі, часткова таму, што ейны стан небясьпечна пагаршаецца, а таксама таму, што яна, у той самы час, мадэрнізуецца і дасканаліцца. Зь іншага боку, ён страшыцца распаду гэтай вялікай краіны і ўсеагульнай дэстабілізацыі, якую б такі распад мог выклікаць. Урад Пуціна грае на гэтым двайным рэгістры, нагадваючы, што расейскія ракеты ўсё яшчэ стаяць на баявым дзяжурстве, і за адным разам кажучы, што слабасьць Расеі ўзмацняе зусім ня ўяўныя сусьветныя пагрозы — тэрарызм, іслам, Кітай… Аднак Пуцін чым далей, тым больш псуе жыцьцё заходняму сьвету. Ён адведвае сваіх былых хаўрусьнікаў, найперш, вядома, тых, каго Амэрыка ўважае за краіны-ізгоі: Паўночную Карэю, Кубу, Ірак, Іран… Ён аднаўляе кантакты з Індыяй. Мацуе добрыя стасункі з Кітаем, які на сучасным этапе свайго разьвіцьця цалкам задаволены такім суседзтвам. Сібірскі Далёкі Ўсход, адарваны ад Кітаю ў часе “няроўных дамоваў”, абжываюць кітайцы, а пачакаць крыху яны могуць… І ўсім гэтым краінам Пуцін прадае зброю. Пакінем тут апісаньне расейскае замежнае палітыкі, бо нам невядома, у якім кірунку яна будзе разьвівацца. Ці можам мы паспрабаваць адгадаць гэты кірунак? Тут мы трапляем у поле гіпотэзаў. Мы ведаем, што рэальныя падзеі амаль заўжды іх абвяргаюць, але рызыкнём. |
Расея мае выбар 20) Мне падаецца, што сёньня Расея можа выбіраць паміж адным з наступных варыянтаў сваёй палітыкі. А. І надалей паводзіць сябе як міжнародная шкодніца. Я ня веру, каб такая палітыка, скіраваная на псоту, магла чагось дасягнуць. Яна можа задаволіць пыху расейскага народу й ягонае імкненьне цешыць сябе ілюзорным уяўленьнем, нібы Расея ўсё яшчэ належыць да кагорты “вялікіх дзяржаваў”. Такога хуткаплыннага задавальненьня дасягнуць прасьцей, чым больш саліднага здавальненьня эканамічным росквітам і прававой дзяржавай. У экзыстэнцыйнай раўнавазе Расея заўсёды аддавала перавагу тэрытарыяльным набыткам. Аднак Расея ня ёсьць сапраўды вялікай дзяржавай — хоць бы зыходзячы з таго, што яе зьнясіленае насельніцтва, не нашмат большае за японскае ці нямецкае, працягвае зьмяншацца. А пагатоў Расея не адпавядае тытулу вялікай дзяржавы па сваёй эканамічнай вазе, бо аб’ём расейскага ВУП меншы за аб’ём гішпанскага. Не адпавядае яна статусу “вялікай” і па сваім маральным духу: Расея пасіўна цягнецца за Пуціным, але і той сапраўды кантралюе толькі свой апарат. У яго няма добрай апоры нават у выглядзе моцнай і масавай партыі, якая пасьлядоўна і самастойна адстойвае нацыяналістычныя вартасьці. Большасьць ягоных бліскучых ініцыятываў урэшце грузьне ў багне ўсеагульнай бязьдзейнасьці. Сярод дзяржаваў, што спрабуюць неяк мадэрнізавацца, на мапе сьвету вылучаецца хіба што Кітай. Нават залішне вылучаецца, бо, як больш дынамічны і моцны партнэр, у саюзе з Расеяй ён бы дамінаваў, і Крэмль гэта добра ўсьведамляе. Ня выключана, што сёньня Пуцін удае зь сябе волата, толькі каб падрыхтаваць глебу для сур’ёзных перамоваў з ЗША. Б. Апісаная палітыка, аднак, можа дасягнуць сваёй мэты — здольнасьці канкураваць з амэрыканскай магутнасьцю і пераўзыходзіць яе, як гэта было сорак гадоў, — аднак толькі пры той умове, што Расея далучыцца да Заходняй Эўропы. Нямецкая палітыка ў такім выпадку зноўку стаецца ключавым пытаньнем. Так ужо было ў часы Фрыдрыха ІІ ды Бісмарка. Нямецкая правіца і найперш Reichswehr узьвялі бальшавізм на расейскі пасад і абаранілі яго ад “белых” у 1918 годзе. Гэта яны навучылі бальшавікоў карыстацца новай вайсковай тэхнікай у 20-я гады. Пераможная савецкая Расея ў 1945 годзе адсекла чвэрць нямецкае тэрыторыі (падараваўшы яе Польшчы), а другую чвэрць ператварыла ў паднявольную ды ізаляваную народную дэмакратыю. Цягам ажно сарака гадоў Расея зноў і зноў прапаноўвала Нямеччыне бартэрную ўгоду: адзінства Нямеччыны ўзамен за адмову ад саюзу з Заходняй Эўропай і Злучанымі Штатамі. Галоўным клопатам савецкае дыпляматыі было адарваць Нямеччыну ад Эўропы, а сьледам выціснуць з Эўропы Злучаныя Штаты. Калі б Расеі гэта ўдалося, яна авалодала б Эўропай, эксплюатавала б яе, а рэальная магутнасьць Расеі аказалася б куды большай за простую здольнасьць падтрымліваць раўнавагу страху дзякуючы сваім ядзерным арсэналам. Выцісканьня ЗША з Эўропы не адбылося, але колькі разоў Расея стаяла за крок ад ажыцьцяўленьня гэтых сваіх плянаў. Адэнаўэраўская Нямеччына на прынаду не купілася, бо добра ведала моц Расеі і яе сусьветнай камуністычнай імпэрыі. Нават у найменш адназначныя моманты Остпалітыкі яна не імкнулася граць ролю стрэлкі на шалях паміж Усходам і Захадам, а заўжды сумленна выконвала свае хаўрусьніцкія абавязкі. Неадольную спакусу Бэрлін парадаксальна адчуў ажно ў 1988 годзе, калі ў СССР кіраваў Гарбачоў. Па словах Жоржа-Анры Суту, нязьменная палітыка СССР, падаваная пад прывабнай шыльдай “супольнаэўрапейскага дому”, ледзь не займела посьпеху. Гэта сталася, відаць, яшчэ і таму, што Нямеччына ўжо зважала на ўсё большую слабасьць магчымага партнэра. Для параўнаньня: французы ў 1981 годзе прынялі ўрад Аб’яднаных левых толькі пасьля таго, як стала ясна, што камуністычная партыя ў ім ня будзе дамінаваць. Нямеччына прыйшла да свайго аб’яднаньня пры ўмовах, якія Расея магла ўскладніць, калі б, вядома, яе саму ў той момант не напаткаў сур’ёзны крызыс. Сёньня Пуцін ня мае такой прыцягальнай прынады, якую мелі колісь камуністы. Затое ён малюе перад сваімі нямецкімі калегамі бліскучую пэрспэктыву ўсеагульнага партнэрства, у якім Нямеччыне выпадала б вядучая роля. Калі б Нямеччына ўхапілася за гэтую прапанову, Пуцін мог бы чакаць гэткай самай рэакцыі ад Францыі, якая пэўна мусіла б неяк рэагаваць. Для Нямеччыны гэта было б вяртаньнем да спрадвечнае мары, для Францыі — вяртаньнем да традыцыі Дэлькасэ. Пакіньма, аднак, убаку гэтыя цьмяныя гіпотэзы, якія пакуль нічым не пацьвярджаюцца. Пуцін займае ўсе крэслы, якія эўрапейскія ўстановы яму прапануюць. Але зусім не абавязкова, што ягонае паступовае пасоўваньне зойдзе далей за пэўную мяжу. В. Трэці магчымы варыянт расейскай палітыкі мог бы адпавядаць сапраўдным суадносінам сілаў і слушна зразуметым інтарэсам Расеі і сьвету. Расея, аднак, мусіла б выканаць адну перадумову — адмовіцца ад сваіх “вялікадзяржаўніцкіх” амбіцыяў, сваіх нэаімпэрыялістычных хімэраў у дачыненьні да былых рэспублік і шчыра прыняць статус “дзяржавы сярэдняй сілы”. Што й казаць, пайсьці на гэта цяжка, і вельмі цяжка. Гішпанія адважылася на такі крок толькі ў канцы ХІХ стагодзьдзя, Францыя — пасьля сыходу дэ Голя, ды яшчэ зь якімі пакутамі! Што ўжо гаварыць пра Ангельшчыну… Можа, менавіта Нямеччына, з улікам маштабнасьці трагедыі і ганьбы, што яе напаткалі, здолела найбольш шчыра зьмірыцца са сваёй сытуацыяй, калі, вядома, мары, якія абуджае ў ёй Пуцін, не парушаць ейнага душэўнага спакою. Неабходна, каб Расея, трагедыя якой была таксама не з найменшых, наважылася на такі самы крок. Дык чаго ж можна чакаць? Пэрспэктывы, на жаль, пахмурныя. Калі Расея “прыме” правілы гульні Захаду, яна, безумоўна, атрымае дапамогу. Тая, аднак, прынясе плён вельмі няхутка. З часам Расея, як і ў 1900 годзе, можа вярнуцца ў Эўропу ў якасьці беднай, але прыстойнай пэрыфэрыі. Па плошчы яна ўяўляла б нешта накшталт Канады, але з эканомікай лацінаамэрыканскага тыпу. Тым ня менш, яна зноў заняла б у эўрапейскай цывілізацыі сваё месца, з уласным духам, магчыма, з такім самым бляскам, якім праславілася ў часы росквіту расейскага балету. У расейскай дзяржаве і расейскім грамадзтве заўжды знаходзіліся элемэнты, што заклікалі да шчырай эўрапеізацыі, — яны б атрымалі па заслугах. Сыстэма ўлады наблізілася б да эўрапейскіх нормаў. Царква часткова пазбавілася б сваёй падазронасьці, адчуваньня, што яна ўвесь час у аблозе, зрабілася б больш прыязнай да астатніх хрысьціянскіх веравызнаньняў. |
Дзяржава сярэдняй сілы Захад ужо дзесяць гадоў шкадуе Маскву — відаць, з-за перакананьня, што, калі мінецца сёньняшняя “смута”, Расея зноў стане вялікай дзяржавай, якою была ўжо тры стагодзьдзі. Ён адчувае неабходнасьць зьмякчыць яе “прыніжэньне”, заплюшчыць вочы на ейныя дзівацтвы, мінімізаваць чачэнскі крызыс. Бо Расея ж ужо чатырыста гадоў кантралюе самае сэрца Эўразіі. Важна, каб гэтым выключна важным у геапалітычным сэнсе рэгіёнам валодала нацыя, бліжэйшая да Эўропы, чым да турэцка-мангольскага ці кітайскага сьвету. Пры бліжэйшым разглядзе, аднак, здаецца ня надта праўдападобным, што Расея зноў зможа стаць “звышдзяржавай” першае велічыні. Францыя страціла такую годнасьць у 1763—1815 гадох ды больш так і не ўзьнялася. Ангельшчына па 1918-м годзе — таксама. Нямеччына па 1945-м — тое самае. Сучасны стан Расеі зусім не гарантуе, што яна зможа па-ранейшаму кантраляваць эўразійскі heartland, якім яна толькі валодае, ня маючы змогі ўпарадкаваць. Калі ж у ёй — як я, зрэшты, спадзяюся — здолее ўсталявацца нармальны палітычны й эканамічны рэжым, яна будзе хутчэй праяўляць тэндэнцыю да сьцісканьня на сваіх цэнтральных гістарычных землях, адно якія яна і здольная прывесьці ў парадак. Або Расея магла б парадаксальна сыграць ролю аднаго з полюсаў двухполюснага сьвету, да якога імкнецца Захад, — але толькі пры той умове, што яна ня будзе “заходняй” і абмяжуецца сваёй вычарпанай і згубнай для ўласных жа інтарэсаў вялікадзяржаўніцкай пазыцыяй. Па-за межамі гэтага меркаваньня мы апынаемся ў полі чыстае фікцыі, і з нашага боку было б, мабыць, найлепшым на гэтым спыніцца. Пераклаў Сяргей Сматрычэнка
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (24) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |