A R C H E П а ч а т а к № 1 (24) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12003
» да Зьместу «

 


Расейскае пытаньне
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


ад рэдакцыі

 
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Валерка Булгакаў
 
 
Пpaдмoвa


Аднаго разу я наіўна запытаўся ў сваіх знаёмых немцаў аб беларусах, што апыналіся ў Нямеччыне: скажэце, а ці можна іх вылучыць з агульнага натоўпу? Скажэце, ці неяк адрозьніваюцца яны ад астатніх? Мо паводзяцца інакш? Мо выдаюць сябе гаворкай? У адказ мае эўрапейскія сябры звычайна паціскалі плячамі і мармыталі нешта няўцямнае: ну, беларусы сябе выдаюць ружовымі нумарамі на сваіх аўтамашынах. Яны давалі зразумець, што для эўрапейцаў беларусы застаюцца нацыяй без хоць якіх нацыянальных рысаў, нацыяй без уласьцівасьцяў.

Аднак бадай супольная для ўсіх беларусаў нацыянальная рыса такі ёсьць — пакланеньне перад Расіяй. Расія прысутнічае ў рыторыцы нашых палітыкаў, маячыць у плянах нашага эканамічнага разьвіцьця, не зьнікае са старонак нашых газэт. У нядаўнім навагоднім віншаваньні народу прэзыдэнт Лукашэнка, які па-майстэрску ўмее разыгрываць “расійскую карту”, зноў пацьвердзіў курс на будаўніцтва раўнапраўнага саюзу з “братняй Расіяй”. У прапагандзе лукашэнкаўскага рэжыму курс на аб’яднаньне з Расіяй займае пачэснае месца недзе нароўні з “забесьпячэньнем станаўленьня здаровай і адукаванай нацыі” і “павышэньнем узроўню мэдыцыны ў краіне”.

Расію абагаўляюць, Расію ненавідзяць, з Расіяй змагаюцца, Расіяй захапляюцца — адным словам, Расіі пакланяюцца. Для адных Расія — краіна найвялікшай у сьвеце культуры, цэнтар сусьветнай цывілізацыі, аплот сапраўднай, не заплямленай Захадам духоўнасьці, вечная пуцяводная зорка, сьвятло якой сагравае нашы душы. Для другіх Расія — увасабленьне пекла на зямлі, дэманічная тэрыторыя, краіна, дзе пануе нечуваны на плянэце гвалт і бяспраўе, а хрысьціянства вырадзілася ў напаўпаганскую сэкту з складанай абраднасьцю.

Расія займае асаблівае месца ў нашай карціне сьвету. Беларускае тэлебачаньне ў зводках навін падае інфармацыю асобна пра Расію і пра астатні сьвет, тым самым умацоўваючы асаблівы статус гэтай краіны ў нашай сьвядомасьці. Калі мая суседка ў тралейбусе кажа, што езьдзіла ў Маскву купляць пыласос, я гэтаму не зьдзіўляюся: насамрэч яна езьдзіла пакланіцца сталіцы свайго культурнага сьвету, чароўнага і прывабнага, як менскі дзяржцырк для дзетак зь Петрыкаўскага раёну.

 
   

Тая Расія, якая прысутнічае ў нашым мысьленьні, часам вельмі далёкая ад рэальнай расійскай дзяржавы. Гэтую першую Расію, Расію глянцавую, нам прэзэнтуюць літаратурныя творы, тэлевізійныя перадачы і вокладкі дарагіх часопісаў. Матэрыялізацыя гэтага ідэалу ў Расіі рэальнай ня можа не засмучаць, таму пра яе стараюцца ня згадваць. Сапраўды, каму хочацца згадваць пра зьнявечаную сацыяльнымі экспэрымэнтамі, эканамічна адсталую тэрыторыю, на якой не сьціхаюць крывавыя міжнацыянальныя канфлікты?

Расія ў нашай сьвядомасьці прысутнічае як раскручаны рэклямай брэнд, у падтрыманьне спажывецкай прывабнасьці якога робяцца ўсё новыя і новыя інвэстыцыі. Лібэральная прэса стракаціць загалоўкамі ў дусе “Расія вучыць нас рэформам”. Хоць, здаецца, нават ідыёту павінна быць ясна, што менскі рэжым, праводзячы рэформы, зацікаўлены адно ў тым, як яшчэ зьменшыць залежнасьць ад Расіі.

Нашых усходніх суседзяў моцна хвалююць пытаньні нашталт “Ці мае Расія будучыню?” або “Ці ўтрымае расійскі фэдэральны цэнтар кантроль над рэгіёнамі?”. У іх адказах Расія мае будучыню, безумоўна, лепшую, чымся Аўстрыя ўлетку 1914 году. На іх думку, расійскі фэдэральны цэнтар здольны разграміць рэгіянальныя сэпаратызмы. Для нас жа “расійскае пытаньне” палягае ў нечым іншым: наколькі доўга Беларусі наканавана заставацца ў расійскім цені і ці не засланяе гэты цень шляху да яе аўтэнтычнага разьвіцьця? Ці наагул магчымае гэтае разьвіцьцё ў адрыве ад Расіі?

Вось такім “расійскім пытаньням” прысьвечаная падборка матэрыялаў у гэтым нумары “ARCHE”.

Валерка Булгакаў

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (24) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/02/18