A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (24) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Андрэй Дынько |
Тэлебачаньне руйнуе прэсу Асабліва шмат страцілі газэты ад зьніжэньня падпіскі. Адпаведна, у найбольшым пройгрышы аказаліся тыя выданьні, сярод чытачоў якіх пераважаюць людзі старэйшага веку і жыхары рэгіёнаў. Гэта “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Белорусская нива”, “Звязда”, “Народная воля”. Але нават пры гэтых неспрыяльных тэндэнцыях утрымала свае пазыцыі “Советская Белоруссия”, што атрымала новую назву “Беларусь сегодня”. І павялічыла аб’ём. Утрымалася на плаву дзяржаўная спэцыялізаваная прэса — “Медицинский вестник”, “Настаўніцкая газета” etc. (Дарэчы, апошняя — адзінае пэрыядычнае выданьне, якое за мінулы год істотна павялічыла наклад.) Мэханізм выжываньня гэтых выданьняў просты. Дзяржаўныя ведамствы (міністэрствы адукацыі, унутраных справаў, аховы здароўя, чыгунка) выдзяляюць мэтавыя субсыдыі для работнікаў сваіх сфэраў на падпіску на ведамасныя выданьні, абавязваючы іх здаць падпісныя абанэмэнты. Або проста абавязваюць падпісвацца. Тым самым дабіваюцца ня толькі прафэсійнае субардынацыі, але і ідэалягічнага ўплыву. Незалежная прэса ня мае такіх рычагоў для заваёвы чытацкай аўдыторыі. Верагодна, тэлебачаньне застанецца галоўным клопатам ураду і сёлета. У Гомельскай вобласьці з 1 лютага рэгіянальны тэлеканал пераходзіць на цэладзённае вяшчаньне і перакрывае, у залежнасьці ад гораду, або РТР, або “Культуру”. Трэба меркаваць, гэта пілётны праект. Калі сацыялягічныя дасьледаваньні не пакажуць росту грамадзкае незадаволенасьці, гомельскі досьвед можа быць распаўсюджаны на ўсю краіну. У канчатковым выніку, відаць, улады мяркуюць да наступных прэзыдэнцкіх выбараў перакрыць максымум расейскага вяшчаньня, асабліва інфармацыйнага. |
На шляху да алігархіі Далекасяжнай стратэгіяй лукашэнкаўцаў на ўнутраным інфармацыйным рынку, як можна меркаваць, ёсьць стварэньне холдынгаў. Гэтыя холдынгі аб’яднаюць тэлеканалы, газэты, радыёстанцыі і часопісы. Яны маюць стварацца пад крылом рэжыму, але пры ўдзеле прыватнага капіталу. Цяперашняя сыстэма дзяржаўных СМІ не да канца задавальняе лукашэнкаўцаў ці, прынамсі, іх капіталістычнае крыло сваёй нізкай эфэктыўнасьцю. Задуманыя “холдынгі”, верагодна, маюць будавацца на ўзор украінскіх мэдыя-групаў, толькі пры большым удзеле дзяржавы (магчыма, не надоўга). Задача такой рэструктурызацыі — дабіцца таго, каб цяперашнія дзяржаўныя СМІ выконвалі свае ідэалягічныя функцыі пры адначасовым забесьпячэньні большае самаакупнасьці і лепшага рэагаваньня на зьмены каньюнктуры. Аднак мяркуючы па тым, што ніводзін холдынг, калі не лічыць апэрэткавага літаратурна-мастацкага, пакуль так і ня быў створаны, “ёсьць цяжкасьці”. Гэта адсутнасьць у лукашыстаў належнае колькасьці падрыхтаваных мэнэджэраў, вольных грошай ці інвэстараў, бюракратычная цяганіна, слабасьць тэлеканалаў, якія мусяць стаць стрыжнямі холдынгаў, урэшце, адсутнасьць матывацыі ва ўмовах фактычна татальнага панаваньня дзяржаўнае прэсы пры выключнай слабасьці прэсы апазыцыйнай. Холдынгі, у сваёй задуме, мусяць таксама мець дастатковую фінансавую і інфармацыйную вагу, каб канкураваць з расейскімі СМІ. Увогуле, выцясьненьне расейскіх СМІ стала ў 2002 годзе адной з цэнтральных задачаў дзяржапарату, нягледзячы на нэрвовую рэакцыю Масквы. Тыпалягічна сытуацыя ў сфэры СМІ можа зрабіцца падобнай да ўкраінскай. Напрыклад, у інтэрвію газэце “Звязда” намесьнік міністра інфармацыі С. Булацкі заявіў наступнае. Міністэрства мае ўвесьці норму, паводле якой расейская радыёстанцыя, каб магчы вяшчаць у Беларусі, павінна будзе мець 30—40 % беларускіх матэрыялаў. Гэта можна расцэньваць як рэакцыю лукашэнкаўцаў на ўзмацненьне канкурэнцыі на рынку FM-станцый. |
Барацьба з Масквой Вяртаючыся да тэмы выцісканьня расейскіх СМІ, хочацца адзначыць, што ўлады наўрад ці спыняцца на абмежаваньні вяшчаньня тэле- і радыёканалаў. Пэўны ціск можа чакаць і расейскую прэсу. Ёсьць зьвесткі, што пастаўлена задача абмежаваць ведамасную падпіску бібліятэк, прадпрыемстваў etc. на расейскія выданьні. Асаблівае раздражненьне ўладаў выклікае, можна меркаваць, “Комсомольская правда в Белоруссии” як адзіная газэта, якая сваім накладам канкуруе зь “Беларусью сегодня”. Тыражы абедзьвюх перавышаюць 300 тысячаў асобнікаў, што нашмат больш, чым сукупны тыраж усяе незалежнае прэсы. Расейская прэса ў краіне, магчыма, сутыкаецца і зь перанасычанасьцю рынку, і з кансэрватызмам беларускага спажыўца. Паказальным быў правал праекту “Московского комсомольца в Беларуси”. Фактычна на сёньня толькі тры расейскія газэты маюць сваю аўдыторыю ў нашай краіне. Гэта “Комсомолка”, “Аргументы и факты”, што маюць вялікія наклады, і “Труд”. Тыраж “Известий” у апошнія гады вагаўся між 4 і 6 тысячамі, нягледзячы на дэмпінгавую цану. Затое расейскія мэдыі праявілі зацікаўленасьць да беларускага рынку інтэрнэт-выданьняў, робяць у яго першыя інвэстыцыі. Трэба сказаць, што былі ў гэтай сфэры і пэўныя здабыткі для незалежнага грамадзтва — аднаўленьне дзейнасьці сайту “Хартыі’97”, стварэньне газэты naviny.by. |
Перамога бруднай бялізны Разам з стварэньнем АНТ, спыненьнем вяшчаньня расейскіх радыёстанцый і разьвіцьцём “Советской Белоруссии” двума іншымі вялікімі дасягненьнямі 2002 г. лукашэнкаўцы, напэўна, лічаць зьнішчэньне “Свободных новостей” і неаднаўленьне ліквідаванай летась “Пагоні”. Хацеў бы зьвярнуць увагу на спосаб, якім зачыняліся “Свободные новости”. У выпадку “Пагоні” мы мелі справу з грубай забаронай. Тое, што газэта не аднавілася, мела дзьве прычыны: адміністрацыйная блякада і, на жаль, адсутнасьць у рэгіёне іншага мэнэджэра-матора, які б зьмяніў Міколу Маркевіча. А вось “Свободные новости” напэўна сталі ахвярай тонкае інтрыгі спэцслужбаў. Слабым месцам быў юрыдычны статус, і гэта было выкарыстана. Для таго каб зьнішчыць “Свободные новости”, была ўтворана газэта-trompe-l’oeil. Гэтая газэта называецца “Обозреватель”. Заснавальнік “Свободных новостей” ды “Обозревателя” цяпер можа разьлічваць і на посьпех свайго асноўнага бізнэсу, якім, як вядома, зьяўляецца ня прэса, а сподняя бялізна. Трусы etc. Мне здаецца, падобную тактыку барацьбы зь недзяржаўнай прэсай лукашэнкаўцы будуць пашыраць. Падобныя ж хітрыя камбінацыі могуць распрацоўвацца і ў дачыненьні да некаторых рэгіянальных выданьняў, пачынаючы з “Новай газеты Смаргоні”. На карысьць лукашэнкаўцаў можа сьведчыць той факт, што рэдакцыі “Свободных новостей” пакуль не ўдалося рэанімаваць свайго выданьня. Вяртаньне газэты “Обозреватель” з раздробных продажаў дасягала вельмі высокіх паказчыкаў. Гэта ня вельмі засмучае спонсараў праекту, і няма гарантыі, што маўр-“Обозреватель” ня зьнікне, зрабіўшы сваю справу. За апошні год не закрылася ніводнае дзяржаўнае выданьне. Так што мэтадычнай падтрымкай самых безнадзейных брэндаў лукашэнкаўцы выгадна адрозьніваюцца ад незалежнага грамадзтва. |
Холдынг праваліўся У лукашэнкаўцаў нават літаратурныя часопісы захаваліся ўсе. Няглядзячы на тое што ў “Крыніцы” цяпер толькі 22 індывідуальныя падпісчыкі, “Маладосці” — 65, а ў “Нёману” і “Всемирной литературы” — аж 78. Гэтыя лічбы сьведчаць аб правале “холдынгавага” праекту. Літаратура і мастацтва застаюцца бастыёнам, дзе дэмакратычныя сілы могуць канкураваць з уладамі. Вось так у некалькіх словах можна характарызаваць спэцыфіку культурнага рынку, які, на жаль, у Беларусі працягвае існаваць ва ўмовах фінансаваньня па рэшткавым прынцыпе. Ані прыватны беларускі, ані замежны капітал не ішоў у незалежную прэсу. Або калі ішоў, дык толькі каб адарваць выданьні ад незалежнага грамадзтва. Таму пакуль нельга гаварыць пра перавагу рынкавых асноваў у дзейнасьці незалежных СМІ. Палітычнае значэньне беларускіх мэдыяў па-ранейшаму цэніцца даражэй за эканамічную абгрунтаванасьць і культурны даробак.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (24) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |