A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (24) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Андрэй Хамярліньскі-Дзеражыньскі |
Сенатар над уваходам сваёй сядзібы загадаў выразаць словы мудрыя й па-рымску суровыя: Разумнай парадзе, А кожнага, хто наведваў плябанію ў Фірлееве ў часы, калі жыў славуты айцец Бенедыкт Хмялёўскі, стваральнік “Новых Афінаў”, вітаў ля ганка прыгожы вершык: Ведаць, госцю, жадаеш, хто дом свой тут мае? Трапляліся, аднак, і менш прывабныя надпісы: Калі без грошай завітаеш — |
— чыталі гулякі над дзвярыма карчмы. “Бойся Бога ды графа Астрарога”, — засцерагала брама графавай люблінскай сядзібы. А адзін ліхвяр на аканіцы сваёй хаты змясціў дэвіз “Аддай, што вінен”. А побач была вельмі выразная выява рукі, што бязлітасна сціскала мачульку, з якой у начоўкі сцякала вада. Апроч сентэнцыяў вельмі цаніліся разнастайныя сімвалічныя выявы, алегорыі навук, рамёстваў дый “годнасцей і нягоднасцей” — такіх, як вернасць айчыне, сур’ёзнасць, розум, міласэрнасць, гонар ці, наадварот, жарлівасць, гультайства, неахайнасць, хцівасць, дурная злосць. У канцы эпохі Сасаў адзін пробашч на сценах сваёй плябаніі загадаў намаляваць выявы звяроў, якія адлюстроўваюць розныя бакі чалавечай натуры. Сімвалам дурноты там быў грубы парсюк, сімвалам вераломнай хітрасці — ліса, былі там заяц-палахлівец, надзьмуты індык, ядавітая гадзюка і — “малпа перад люстэркам і з навамоднай парыжскай прычоскай крывіць морду”. А пан Езяркоўскі, нурскі падваявода, загадаў зрабіць шырму, на трох створах якой можна было бачыць надпісы й малюнкі, што адлюстроўвалі жыццёвыя прынцыпы яе ўласніка. Перш за ўсё — складзеныя для малітвы рукі і побач гэткія словы: “Богу — так”. Потым — правая рука, складзеная як для поціску, і тлумачэнне: “Прыяцелю — так”. Пасля ж — далонь, складзеная ў дулю, а побач надпіс: “Ворагу — так!”. Надпісамі ўпрыгожвалі не толькі фасады будынкаў, брамы, дзверы, уваходы ды сцены. Пісалі і ў самім доме, і на мэблі, і на ўсялякіх гаспадарчых прыладах. Амаль у кожным падворку на жылым будынку — на карнізе, пад столлю — апроч даты пабудовы быў які-небудзь дэвіз, ці пажаданне, ці проста аўтограф майстра-будаўніка, просьба аб Божай ласцы да жыхароў ці імя гаспадара навакольных земляў. Сталовы пакой вітаў вясёлым надпісам “Найлепшыя весці, калі клічуць пад’есці”. Агменьчык таксама запрашаў да сябе словамі, вельмі зразумелымі ў зімовыя дый восеньскія хмарныя, халодныя дні: “Сядзеш з куфлем пры агмені — ад тугі табе збаўленне”. Асаблівай прыхільнасцю да падобных надпісаў вызначаўся знакаміты ў XVIII стагоддзі ксёндз канцлер Краеўскі, пробашч з Замброва. І касцёл, і званіца там былі размаляваныя рознакаляровымі сентэнцыямі, афарызмамі дый максімамі. На плябаніі польскія і лацінскія прыслоўі ды прымаўкі запаўнялі сцены, ланцужкамі віліся па бэльках, па вушаках і аканіцах, скляпеннях, пячах — з першага паверху да мезаніну. Напэўна, калі ўжо здавалася, што вольнага месца нідзе не засталося, святар раптам узгадаў пра ўсялякія патаемныя пакойчыкі. І пачаў туды наведвацца ў хвіліны творчага натхнення. Вядомы цынік і фігляр, ксёндз Антоні Жэра пакепліваў потым, што тыя патаемныя надпісы гэткія былі асабліва мудрыя, гэтак краналі сэрцы і чалавечую натуру, што, седзячы ў замброўскай прыбіральні і чытаючы надпісы, чалавек пра ўсё на свеце забываўся і гадзінамі з меcца не рухаўся. Зразумела, не толькі сцены былі месцам для змяшчэння залатых думак. Напрыклад, старыя шафы хавалі ў сваіх нетрах сапраўдныя скарбніцы адбітых на шкле, парцаляне, срэбры мудрагелістых сентэнцый. Той не варты, хто з мяне — распавядаў надпіс на вялізным келіху. А на кулаўцы, падманным келіху без нагі, з якога заўсёды трэба было піць да дна, красаваліся такія радкі: Сабе людзі дагаджалі — і нагу маю адцялі, |
А лыжкі, гэтыя даўнія польскія лыжкі — пацямнелыя, памерам амаль з апалонік, з шасціграннай доўгай роўнай ручкай, якую па абодвух канцах аздаблялі арнаменты (яшчэ Крашэўскі ў дзяцінстве еў гэткаю!) — ізноў цудоўная скарбнічка непараўнальных афарызмаў! Вядома, сярод іх былі і няўдалыя — хоць з нядрэннымі рыфмамі, але ж з досыць трывіяльным сэнсам. Але хапала й тых, якія парадавалі б і самы тонкі слых. Сталовага срэбра аж да канца XVII стагоддзя нават і магнацкія маёнткі не мелі ў дастатковай колькасці, таму госці звычайна елі ўласнай лыжкай, якую насілі, запіхнуўшы за халяву. А калі хто пра лыжку забываўся, магло здарыцца, што гаспадар падносіў яму сваю, з адметным гравіраваным павучэннем “Хто з сабою носіць, пра мяне не просіць”. Але ж гэта яшчэ палова ліха. Уявіце сабе раскошную барочную бяседу, дзе ракой цякуць вытанчаныя віны, дзе дубовыя сталы ломяцца ад найсмачнейшых страваў, дзе гаспадар кожнаму рады нібы роднаму брату — а госць знаходзіць побач з сваім сталовым наборам лыжачку з дзіўным надпісам “Не для таго мяне клалі, каб твае рукі бралі”… Гэтак вось! “Хто мяне схавае — таго мой пан збівае”, — прыгожанькімі літаркамі папярэджвала іншая лыжка. Другія дадавалі: “Не капай другому ямы, сам увалішся ў яе” ці “Сціпласць упрыгожвае”, — з першага погляду, агульнавядомыя ісціны, але ж тут не без пэўнага намёку. А яшчэ адна сцвярджала проста і безапеляцыйна: “За паху не суй, бо выляту!”. “Мною карыстайся, а сціплым заставайся”, — яшчэ адзін перл у гэтай жа чарадзе, якую замыкала інквізітарскай жорсткасці пагроза: “Схопіш — стакроць сплоціш!”. Разнастайныя надпісы ўпрыгожвалі не толькі сцены, шафы, посуд ды лыжкі. У парках, якія з канца XVIII стагоддзя звычайна разбівалі ў англійскай манеры, кампануючы іх так, каб прадэманстраваць краявіды ды прыгажосці ў самым натуральным стане, госця таксама чакалі перлы розуму. Блукаў госць сабе, блукаў, і раптам сустракаў на ўпрыгожанай арнаментам лаўцы каля крыніцы надпіс: “Тут адпачынак”. А дзе ў іншым месцы ён знаходзіў прыгожую альтанку з тлумачэннем для неўважлівых: “Прыгожы краявід”. Ці бачыў камень з высечаным на ім вынікам элегічнага натхнення, ці эпітафіяй любімаму сабачку, або сантыментамі пра растанне закаханых, пра першыя пацалункі або сяброўскія развітальныя абдымкі. Прафесар Быстрон распавядаў пра стары звычай выразаць на скурцы гарбуза надпісы, якія разрасталіся разам з ім да велізарных памераў. Вышкрэбвалі, напрыклад, гэткія вось добрыя парады, маючы на ўвазе ўплыў розных пладоў на працу страўніка: Калі той гарбуз твой страўнік папсуе, Ксёндз Бенедыкт Хмялёўскі над брамкаю свайго садочку змясціў словы, годныя вялікага й знакамітага паэта: Ведай, госцю: кут гэты ёсць Тодар Патоцкі, бельскі ваявода з 1791 году, які лічыў сябе неверагодна таленавітым паэтам, пры ўваходзе ў сад сваёй каханай жонкі загадаў выразаць такія словы: Тут, пры гэтай браме, |
Трэба сказаць, што гэткія выбухі натхнення для ваяводы былі звычайнай справай. А часамі палёт фантазіі ўзносіў яго значна, значна вышэй. Вось што распавёў пра ваяводу генерал Францішак Дзержыкрай-Мараўскі: “Ён надзвычай кахаў сваю жонку Кардулю і, даўшы раскошную бяседу на яе імяніны, пасля сытнай трапезы запрасіў гасцей на вячэрні баль у суседні фальварак, які знаходзіўся за чвэрць мілі. Госці выехалі ўжо шарай гадзінай, і па доўгай ліпавай алеі шэрагам пацягнуліся тарантасы, шарабаны, каламажкі, карэты, ландо і таратайкі. На вялікае здзіўленне, на кожным дрэве яны бачылі транспарант з надпісам “Яна гэта, яна!”. Надпісы віселі ўсю чвэрць мілі, і ўсе аднолькавыя. “Яна гэта, яна!” — абвяшчалася з ліп. Нарэшце, на фальварку госці ўбачылі яшчэ больш раскошны, шыкоўны велізарны надпіс, які рыфмаваўся з першым: “Мая каханая жана”. Ну, тут былі і крыкі, і віваты, і салют з гарматаў, агромністы прывітальны келіх, расчуленая да слёз Кардуля — карацей кажучы, незвычайны трыумф сенатара-паэта. На жаль, трыумфальнай брамы для жонкі ён не збудаваў. А мог бы. Бо ў старадаўняй Польшчы можно было ўбачыць не толькі ўрачыстыя транспаранты, але і брамы, узведзеныя з нагоды праездаў ці візітаў манархаў з манархінямі, іерархаў царквы, знакамітых сваімі перамогамі военачальнікаў. Будавалі гэтыя брамы часцей за ўсё з палатна, якое расцягвалі на драўляных рыштаваннях і аздаблялі з найбольшай стараннасцю. Сімвалічныя карціны, статуі, ілюмінацыі, кветкі, вянкі, фігуры, якія выглядалі нібы скульптуры, а на самай справе былі жывымі людзьмі і з прыбыццём госця на агульнае здзіўленне ажывалі пад музыку, рыпенне трубаў, панегірычныя вершы, — усё суправаджала гэтую эфемерную архітэктуру, якая, зразумела, без адпаведных падзеі надпісаў абысціся ніяк не магла. З іх жа найбольшую папулярнасць знайшло данесенае да нас адразу некалькімі сведкамі прывітанне Фрэдэрыку Аўгусту, князю варшаўскаму, якога ў траўні 1810 сустрэла наступнае: Калі ў такім крытычным часе Лаканічнасцю гэты надпіс мог бы паспрачацца з кранаючай сэрца сваёй лапідарнасцю эпітафіяй, якой нейкі няўцешны львоўскі муж аздобіў помнік сваёй каханай палавіны: Тут ляжыць Зялёнка, О, калі гаворка пайшла пра эпітафіі, трэба сказаць, што сярод іх шмат было прыгожых, дый цікавых хапала. Амброзі Грабоўскі, напрыклад, прыводзіць эпітафію, якой няўцешныя сваякі аздобілі надмагільны помнік прынцыпала Брацтва Святой Тройцы з Кракава: Тут ляжыць Міхал Пагвіздак, |
Іншая эпітафія, працытаваная тым жа аўтарам, больш падобная да анекдоту. Нібыта на магіле рамесніка, які вырабляў гузікі і быў пахаваны разам з жонкай і дачкой, былі такія словы: Тут ляжыць гузік між дзвюма пяцелькамі, Затое ўжо цалкам праўдзівая — ці верце, ці не — звестка пра надмагільны надпіс сямейства Боскіх са Слупцоў: Тут ляжаць Матка Боска й Сын Боскі. А вось салдацкая эпітафія часоў караля Яна ІІІ: Ляжыць тут Якуб, што меў на гербе Стрэмя. А вось і найкаштоўнейшая рэч у скарбніцы эпітафій, якую адкапаў у рукапісах Ягелонскай бібліятэкі й пра якую распавёў нам Раман Калета ў сваіх “Сенсацыях колішніх гадоў”: Тут ляжыць панна Ганна, у сваім паненстве ўдала, У касцёлах таксама ставала надпісаў — і нават цікавейшых за эпітафіі. Напрыклад, адзін вяльможны пан загадаў намаляваць выяву Хрыста, а побач, крышачку ніжэй, — уласны партрэт: у ботах са шпорамі, у парадным кунтушы, дарагім пасе, пры шаблі; а пад партрэтам вісела шыльдачка са словамі: Згінаюся перад Нябёсным Панам, |
Ізноў пра тое ж: ваявода Фелікс Антоні Лось, жадаючы зрабіць прыемнае пробашчу са сваіх красенінскіх уладанняў, загадаў стварыць ягоную выяву і павесіць побач з алтаром, а пад ёй змясціць свой панегірычны вершык у гонар пробашча. Ксёндз усхваляваўся, і хутка з другога боку алтара з’явілася выява ваяводы, таксама аздобленая рыфмаваным панегірыкам. Ваявода не адступіў — і адказаў яшчэ адным вершыкам. Пробашч таксама не застаўся вінен. І пасыпаліся новыя й новыя кампліменты, усхваленні, выразы ўзаемнага захаплення й сардэчнай узрушанасці — і цягнуліся гэтая надпісы па ўсёй сцяне абапал алтара аж да падлогі. Той пан ваявода — пасля раздзелу Рэчы Паспалітай арцыкухмістр Галіччыны й Валыні — быў, як кажуць, чалавекам сціплым, добра адукаваным, апантаным нумізматыкам і, да таго ж, аматарам тэатру, калекцыянерам старажытнага жывапісу. Хоць, па праўдзе кажучы, і дзівацтваў у яго хапала. А з іх найбольш адметным было пачуццё ўласнай сенатарскай годнасці. Сучаснікі кпілі з яго, небаракі. Распавядалі, што калі ён загадаў пасадзіць лясок у Красеніне, то шлях да таго ляска назваў “Сенатарскім”. Ваявода заўсёды вельмі пышна святкаваў атрыманне тытулаў, узнагародаў ці пасадаў. З такіх нагодаў у ягоным дваровым тэатры нават адпаведныя п’есы ставілі. Не задаволіўшыся п’есай, сенатар дадаваў да яе “панегірычныя, прысвечаныя ўрачыстасці куплеты і выдумваў асаблівыя транспаранты”. Калі тыя транспаранты дэманстравалі гледачам (сваякам і двару), то тыя па сігнале сенатара павінны былі пляскаць у ладкі. Сваю годнасць найвяльможнейшы пан нястомна дэманстраваў не толькі свету, але і сабе. Слова “я” ўвогуле не ўжываў, “заўсёды пра сябе нібы пра каго трэцяга казаў: “Сенатар паедзе, Сенатар гэта любіць, Сенатар пойдзе спаць, у Сенатара галава баліць”. Здарылася аднойчы з ім непрыемная прыгода: коні ягоныя чагосьці спалохаліся, панеслі, і карэта разам з панам сенатарам ледзьве не звалілася ў страшна глыбокі дол. І тады пан загадаў пабудаваць пры дарозе каплічку, а на яе цокалі змясціць такія словы: Таму, што Пан Пану жыццё ўратаваў, Напэўна, ёсць у гэтым анекдоце, які распавёў на старонках “Успамінаў” Дмахоўскі, нейкая доля праўды. Бо той выпадак палічыў вартым увагі і стары зласлівец генерал Дзержыкрай-Мараўскі. Аднак ён распавядае трошачку інакш. Нібыта месцам катастрофы была Танва, цераз якую ваявода перапраўляўся й ледзь не ўтапіўся. “Ледзь стаяў ён на чоўне, змоклы, дрыжэў ад холаду і адразу ж загадаў перавозчыкам і рыбакам падзякаваць Богу за тое, што даў ім шчасце выратаваць Сенатара”. А крыху ачуняўшы, даслаў да пробашчаў сваіх уладанняў кур’ераў з загадам прачытаць за ўратаванне Яго Вяльможнасці “Te Deum”. І касцёл загадаў пабудаваць з гэткім вось надпісам на франтоне: Таму, што Пан Пану жыццё ўратаваў, “Калі ваявода памёр (а памёр ён падчас пабудовы касцёлу), — дадае Мараўскі, — пра той надпіс, на шчасце, забыліся”. Пераклалі з польскай Валянціна Лаўрэцкая і Зміцер Магілеўцаў
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (24) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |