A R C H E П а ч а т а к № 1 (24) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


12003
» да Зьместу «

 


Расейскае пытаньне
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


водгукі

 
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Вінцэнт Масіяш-Крывавячэрскі
 
 
Шоў я плошчаю аднойчы,
ды крывымі вечарамі…
 (казка-шоў з архетыпамі)



Вельмішаноўныя тыпы з ARCHE, хай будзе пахвалёная Вашая абложная праца на карысьць Бацькаўшчыны, жыве Крыўя, вітаю Вас.

Але ж адначасна маю крыўду вялікую на Вашаць. Рэч вось у чым.

Тыдні два пасьля таго, як я прачытаў у 3-м нумары ARCHE за 2003 г. верш Уладзімера Арлова “Мне прысьніўся Хадановіч”, гэтыя два маладзёны, бы Люцыпар з шайтанам, пачалі да мяне прыходзіць штоначы і шаптаць свае вар’яцкія рымы. Кажуць, пакуль не запішаш, не дамо спаць. Не раўнуючы Вашыя сябры ў “Нашай Ніве”: дык падпісвайся, а то прападзеш! Разладзіўся сон, тонус прапаў, усё нейкія паўявы трызьняцца.

А сёньня дык вось каляднае ігрышча прысьнілася. Стаю я бытта на нейкім шырокім пляцы, як бы ў Менску. А тут трыптых-шоў — Шоў я плошчаю аднойчы. Праваруч — Дубавец і Сокалаў-Воюш, леваруч — Хадановіч. Дубавец, рыхтык як у канцы 80-х, калі ўжо ладна бралася на адраджэньне, раве, як бы на лёгкім падпітку, свой чумацкі хіт “Валэ мае палавуя”, Сокалаў-Воюш ірве струны пад “Цок-цок, цок-цок — вершнікі на конях”. А Хадановіч, у рымскай позе ды пурпуровай тозе, паўляжыць, як у грэцкім сымпозыюме, на бел-чырвона-белым раялі з блакітна-жоўтай дэкай і рэцытуе нешта наўсуцэль шчырае ў атачэньні ўкраінскіх маладзіц, спрэс у блакітна-жоўтым. Вохці мне, гляджу: хто ў міні, хто ў бікіні — усё пры іх, хоць вады напіся. Тут жа і валы пры іх: у ёрмах, з дышлам — усё як мае быць. Адным словам, цоб-цабэ! А яны, значыцца, маладзіцы ды кабеты, да Хадановіча па аўтограф стаяць, як ён тое ў “Arche” расказваў. Яно добра, сабе думаю, тут ня толькі для выдавецтва прыбытак будзе... І ўсё так неяк ідзе гуртам, весела. Мне, старому, трохі і як бы штося, трохі ніякавата, але цікава...

А тут раптам скуль ні вазьміся — Уладзя Арлоў з бутлем чырвонага віна пад пахай. Па колеры не то рыоха, не то маладое бажале. А пры Валодзю нейкая не то мулатка, не то цыганка. Схапіла яго за бараду, раскярэчылася, не раўнуючы Лайма Вакуле, ды будзе гаварыць: “Ты дзе маю тальму са сьцеклярусам дзеў, падла? Але Барысаўне падараваў, няйначай, калі ў Каталёніі зь ёй у басэйне боўтаўся?” І гэта гавора чыста па-расейску, як у Максіма Горкага, а пішчыць не раўнуючы армянка. І тут неяк Уладзя зьніякавеў, бо віно ў бутлі неяк так афарбавалася, як вада ў каталёнскім басэйне пасьля Алы Барысаўны, і Вівальдзі зайграў... І Ўладзя зусім зьнік-прапаў, і валы ўжо як бы не валы, а гнілыя кабылы, як у Бадлера. І на гэтым грудзе мяса нейкі дзядзька сядзіць, зьнешне як бы Ханок ці Лучанок. А можа, Бадлер? Лысаваты, але чамусьці з вусамі. А леваруч ад яго — амаль зусім лысы і таксама з вусамі, як бы цыган. І вось гэты як бы цыган гэтаму як бы Лучанку нейкую праваслаўную кляйноту і букет кветак удэчыць хоча. У кветках цэтлік, а на ім напіс вялікімі літарамі па-француску, як у Брэхта для эфэкту ачужэньня: Les fleurs du mal. Гэты як бы Лучанок не ўпіраецца ды так чыста па-француску кажа: “Мэрсі, мсьё лё Прэзідан!” І кажа так акурат зь вялікай літары, рыхтык акадэмік Падлужны!

 
   

А тут і Дубавец схамянуўся, падлабуньваецца да прэзыдэнта (зь вялікай літары, канечне) ды й будзе гаварыць: “Я, спадар Прэзыдэнт, не за супрацоўніцтва, а за разумнае спаборніцтва з уладай. Можа, і мне б якую кляйнотку, а то ўсё Дударову ды Фінбэргу...” А тут Хадановіч з Воюшам неяк так, як бы анёлы з воблака, перад Дубаўцом апускаюцца ды шчэраць зубы: “Cяржук, ты ашукаўся: гэта ж Вэрлен. Ён жа таксама лысаваты і з вусамі!”

А тут раптам адкуль ні вазьміся — певень, ды як крыкне, а Дубавец як скікне ды дзікім мэтам зарагоча, як тая Багушэвічава каза паміж Кянам і Смургонямі (гэта, пэўна, з Дубаўца чорт выскачыў), і ўжо хоча на іх воблак-самаплаў ускочыць.

А Хадановіч так неяк абыякава Дубаўца з воблака-самаплава — таўхель! А сам далей так па-сяброўску сьлібізуе: “Ты імкні да Вострае Брамы, ды праз Прагу ляці-ляці...” — ды левым клубом Воюша — штурхель! І гэты разам з Дубаўцом пластуном долу паляцеў.

А Хадановіч сам на воблаку стаіць ды рэцытуе. А потым не раўнуючы вясёлка бел-чырвона-белая да адной з плоймы жоўта-блакітных нахіляецца ды прыцюцькваецца. А яна такая валавокая-валавокая, ані ня горш за Геру. А ён прыцюцькваецца да яе гэдак як бы няўласна па-аўтарску (гэта, маўляў, я і адначна ня я! Відаць, пра алімэнты думае...), а сам правым вокам так хітра на месьцічаў касавурыцца, што край пляцу стаяць. І, значыць, выводзіць так рэзыгнавана-рэзыгнавана: “Эх, пакласьці цябе на раяль бы...”. А тут іншыя, якім ён яшчэ свой напіс не паставіў, так жаласна-жаласна падводзяць: “І мяне, і мяне, і мяне...” Але Хадановіч, не раўнуючы Генадзь Пашкоў у апошнім цыкле вершаў, зьвяртаецца ўжо да прыцюцьканай абранкі ды адмаўленча-вызвольна туруе: “Традыцыйна ар’ента-ва-ны/ вазьму толькі з сабою цябе/ і згублюся з табой у тумане/ цоб-цабэ, цоб-цабэ, цоб-цабэ...” А жоўта-блакітная абранка ўжо клянецца бел-чырвона-беламу Хадановічу ў вернасьці ды цытуе ягоную перадапошнюю страфу з “Альбарутэнікі”: “падбіраць беларускія словы/ і крычаць іх адно табе/ зразумелыя да паловы/ і ня ўсім жыхарам эрбэ...”

І вось на Хадановіча, як ён ужо так зусім аглабельна за дышла трымаўся, накаціліся сьвежыя радочкі. І ён гэтыя радочкі-рымачкі разьвітальна, адным дыхам, у навакольле хрыплавата выгукнуў, як бы крумкач у Вольгі Бабковай: “Я паехаў у Кыів па словы!”. Маўляў, мяне тут ня тое што грамадзяне — палова паэтаў эрбэ не разумее. Я тут не раўнуючы Чайльд Гарольд пачуваюся...

 
   

А маёю рукою ў сьне як бы нехта водзіць. Дзе мая сьветлай праўды сіла дзелася? І радкі неяк так як бы ў мяне не з-пад сьціла, а з-пад коўдры — на каляндар, што над ложкам вісіць, — толькі шпок, шпок! Запісалася аж пяць слупкоў. Так зрабілася мне вусьцішна-вусьцішна. А потым тыя аматаркі аўтографаў загаласілі, як па ўміручаму, і ўсё чысьценька змоўкла, як у труне. А самі такою як бы хаўтурнай вяткаю, як бы ў вырай, пацягнуліся за арбою і падняліся клінам у паветра... А Хадановіч з гэнай аднэй у арбе паехаў...

Тут зноў як бы певень другі раз (ці, можа, ужо трэці?) пракукарэкаў, і я прачнуўся. Гляджу: на вялікім календары, што ў мяне над ложкам, чорным маркерам пяць слупкоў напісаныя. Неяк вусьцішна стала. У мяне дома маркера ніколі не было. Ды і рука не мая. Я ў вершах кожны радок зь вялікай літары пачынаю. А тут яшчэ глядзь я на стол — а там... маркер з аб’едзеным каўпачком, а пад сталом — тазік з вадой і пустая пляшка з-пад кагору, а на ёй цэтлік з чыста францускім напісам: Absinthe. От, думаю, мне яшчэ абсэнту не хапала — замятуць! Плюнуў цераз плячо ды кажу: “Згінь, прападзі, дух шатанскі!” І, дзякаваць Богу, усё прапала. А вершы засталіся.

Пытаюся ў жонкі, што б гэты сон мог значыць. Каб чаго дрэннага не было: гэтыя ж рымы на маім каляндары як той жыдоўскі мэнэтэкэль зьявіліся. Можа, будзе вайна ў Іраку ды нашых хлопцаў ваяваць за Хусэйна пашлюць? Яна кажа, супакойся, сёньня нядзеля, а ў нядзелю сны добрыя сьняцца і наўсуцэль спраўджваюцца. Думаю, сон неблагі. Утворыцца Балта-Чарнаморскі Зьвяз, з элемэнтамі веча (зважай: пляц, месьцічы, валы...), Зьвяз будзе прэзыдэнцкім прэдуратам — прэзыдэнт і прэзыдэнтка, адтуль і ад нас. Прэзыдэнцкае кіраваньне будзе моцна абрэзаным, абмежавана вечам: ты ж маракуй, усяго два дні да Абразаньня Гасподняга засталося. Першы супрэзыдэнт з нашага боку будзе мужчына, такой паставы, як Арлоў ці сам Хадановіч. Невыпадкова ж Хадановіч на бел-чырвона-белым раялі з блакітна-жоўтай дэкай, як на стальцы, транаваў-тураваў, не раўнуючы Кірыла Тураўскі. Але супрэзыдэнт будзе абавязкова творчай прафэсіі, як во ў чэхаў стаў Гавэл. І яшчэ ведаеш, кажа мне жонка, на Ўкраіне нечакана вялікай моцы набярэ жаночы рух (во ўзгадай гэтых дзявок каля раяля ды на арбе), і зь іхнага боку першай партнэркай нашага супрэзыдэнта будзе кабета. Во, можа, тая іхная Дзьвінка Маціяш. Хадановіч кажа, яна добры рухавік... Да таго ж, і прозьвішча ейнае — ого! Этымалягічна на Мацея ці аж на самога Майсея пацягне. Узгадай Майсея: хто сваіх жыдоўскіх людцоў з палону вывеў?

Вось так жонка крыху супакоіла. Авохці мне, самае галоўнае забыўся — вершы. Вось яны: слова ў слова і ў правапісе аўтара. І, ведаеце, людцы вы мае архіўныя, усё ж баюся, каб чаго дрэннага не было, каб больш гэтыя рымы ноччу не прыходзілі...


 
   

Я паехаў у Кыів па словы

зразумелы я да паловы
нат ня ўсім паэтам эрбэ
зноў паеду ў кыів па словы
на скрыпучай валовай арбе

там душою і целам жыву я
там зьбіраю mes fleurs du mal
бо тамтэйшы майдан хвалюе
не раўнуючы place pigalle

там на пляцах плазам дзяўчаты
на раялях зьнямоглыя сьпяць
сярод альбаў маіх ды сырвэнтаў
як пшаніцу прадаўшы храпяць

гэй ты нэнько мая украіна
я андрэ казанова з эрбэ
прытулі крывічоўскага сына
да сябе да сябе да сябе

доўнт край фо мі краю мой родны
гуд бай браначка маці-эрбэ
наўсуцэль я паэта свабодны
цоб-цабэ цоб-цабэ цоб-цабэ


Заўвага аўтара:

Цоб! (укр. разм.) — вокліч, якім накіроўваюць валоў налева (гл. Лемцюгова В. П. Українсько-білоруський словник. Мінськ: “Вышэйшая школа”, 1980. С. 654.).

Вінцэнт Масіяш-Крывавячэрскі
У ноч 12. 01. 2003 г. юл. кал.,
два содні перад Абразаньнем Гасподнім

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 1 (24) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/02/22