A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (24) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
МАКСІМ ШЧУР | |||||
|
Максім Шчур |
– пісьменьнік і перакладчык. Жыве й працуе ў Празе чэскай. У “ARCHE-Нашы дзеткі” быў апублікаваны яго пераклад “Алесі ў дзівоснай краіне” Люіса Керала. Яшчэ раней у “ARCHE” публікаваліся Шчуровы пераклады з Багуміла Грабала і верш “Альшанскія могліцы”. У № 10 “Фрагмэнтаў”, даступным толькі ў Інтэрнэце пад адрасам http://frahmenty.knihi.com, было апублікаванае яго эсэ “Сучаснае заходняе буржуазнае мастацтва й ягоны заняпад (спроба тэарэтызацыі)”, у № 11 — нарыс “Росквіт і заняпад беларускага літаратурнага авангарду”. |
2 У пачатку “Ста дваццаці дзён Садому” маркіза дэ Сада чатыры заможныя вычварэнцы ўсталёўваюць у непрыступным замку своеасаблівую “дзяржаву ў дзяржаве”, якая нагадвае вайсковае паселішча. Далёка ад сьвету, пры зачыненых дзьвярах, згодна з усталяваным раскладам, парушэньне якога бязьлітасна караецца, цягам чатырох месяцаў зьдзяйсьняюцца розныя злачынствы, выканаўцы якіх упэўненыя ў сваёй беспакаранасьці. Невыпадкова, што менавіта гэты сюжэт выкарыстаў для ілюстрацыі сутнасьці фашызму Пазаліні. Апісаньне зьдзейсьненых вычварэньняў і катаваньняў гучыць жудасна — гэтаксама, як і апісаньне злачынстваў фашызму. Аднак, калі высьвятляць, што за ўсім гэтым стаіць, дык аказваецца, што ў ненатуральных схільнасьцях чатырох вылюдкаў няма, так бы мовіць, нічога ненатуральнага. Па-першае, усе чатыры паходзяць з шляхты, але атрымалі багацьце “нешляхетным” шляхам, што дэ Сад прыпісвае разбэшчанасьці кожнага з чатырох. Па крыві гэта шляхцічы, аднак паводле маралі — тыповыя буржуа, галоўнай жыцьцёвай мэтай якіх ёсьць багацьце. Менавіта грошы разбэшчваюць іх і даюць ім магчымасьць бэсьціць іншых. Хаця сам дэ Сад тлумачыць іхную схільнасьць да злачынстваў прыроднай схільнасьцю да кровазьмяшэньня, чым імкнецца падкрэсьліць заняпад іхнага шляхецтва. Па-другое, ува ўсіх чатырох атрыманьне сэксуальнае асалоды зьвязанае зь яе адтэрміноўкай, а сама гэтая адтэрміноўка — маўляў, адмысловы пост — мае строгую часавую структуру, расклад, няўхільнае датрыманьне якога ёсьць для ўсіх чатырох датэрміновым спосабам замяшчэньня сэксуальнае асалоды. Па-трэцяе, усе чатыры настойваюць на як мага больш адкрытым выяўленьні распусты ў як мага больш закрытай прасторы. Таксама яны патрабуюць ад удзельніц сваіх оргіяў дэталёвых споведзяў пра найбольш ганебныя моманты іхнага асабістага жыцьця, атрымліваючы асалоду з вэрбалізацыі таемнага, прычым фармулююць гэты дыскурс і кіруюць ім яны самі. Яшчэ адна цікавая рыса, якая ў фільме Пазаліні затушаваная, праз што драматычнасьць сытуацыі шмат у чым страцілася: у дэ Сада “ахвяры” распусьнікаў ахвотна супрацоўнічаюць з сваймі гаспадарамі, іхны статус — спалучэньне статусу раба й госьця. Усе вышэйзгаданыя рысы характэрныя для фашыстоўскага руху ад самага пачатку: фінансавая падтрымка вялікага капіталу, асалода падпарадкаваньня й падпарадкоўваньня, сублімацыя жывёльных інстынктаў — перадусім статкавага, барацьба з асабістымі комплексамі шляхам іхнага падпарадкаваньня аднаму вялікаму агульнанацыянальнаму Комплексу, стварэньне новага, “карнавальнага” дыскурсу, што разбурае старыя табу, для якога няма забаронаў і які ўсім зразумелы менавіта праз сваю вульгарнасьць, а таксама зацікаўленасьць “ахвяраў” у сваім падпарадкаваным становішчы. Нездарма, відаць, кніга дэ Сада была спаленая нямецкімі фашыстамі ў ліку першых, дарма што мела ўсе шанцы стацца падручнікам для фашыстоўскіх катаў. |
Акрамя вышэй згаданых рысаў, у Садавых вычварэнцаў з фашыстамі супольнае яшчэ й тое, што і першыя, і другія жывуць паводле сваёй “маралі” (насамрэч “антымаралі”). Гэта азначае, што практыка іхнага жыцьця абсалютна адпавядае “тэорыі”, у чым, як ні парадаксальна, можна бачыць пэўную “надвышэйшую маральнасьць” як у адных, так і ў другіх. “У герцага не было патрэбы хаваць свае густы, бо ён быў бязбожнік і чыніў супраціў усяму, што несла дабро... Хаця супраць яго стаялі законы грамадзтва, ён даваў ім рады сваім золатам, сваім багацьцем і маёмасьцю, бо тыя законы датычылі адно беднякоў. Калі б яму нехта запярэчыў, што сярод людзей існуе ідэя справядлівасьці, якая ёсьць плёнам прыроды, ён бы з гэтым хоць і пагадзіўся, але сказаў бы, што справядлівасьць — панятак вельмі адносны, бо мацнейшая асоба заўжды пераможа слабейшую, нават калі справядлівасьць будзе на баку слабейшай”. У адрозьненьне ад Ніцшэ, дэ Сад тлумачыць “права сілы” не прыродай, а людзкой “бязбожнасьцю” з аднога боку, а зь іншага — тым, што справядлівасьць ёсьць у грамадзтве паняткам адносным, а законы грамадзтва не датычаць моцных гэтага сьвету, бо яны могуць дзейнічаць паводле ўласнага ўяўленьня аб справядлівасьці і ўсталёўваць для сябе свае законы. З гэтага гледзішча паводле “маралі моцных” будуць маральнымі тыя дзеяньні, якія ёй адпавядаюць. А што можа быць больш маральным, чым жыць паводле той маралі, якую спавядаеш? Выходзіць, што мараль — рэч “для ўбогіх”, бо моцны чалавек, у адрозьненьне ад бедняка, можа сам быць генэратарам уласнай маралі, якую бядняк (раб, ахвяра) вымушаны прымаць як “грамадзкую”, агульнапрынятую. Дэ Сад, такім чынам, паказвае не “немаральнасьць грамадзтва”, а наадварот, “неграмадзкасьць маралі”, ейную фальшывасьць і рэпрэсіўную ў дачыненьні да большасьці грамадзтва сутнасьць. |
3 Амаралізм фашызму ёсьць амаралізмам моцы і ўлады наагул, які ўзьнікае зь ейнага шчырага памкненьня быць як мага больш маральнай. Менавіта таму, пакуль фашызм моцы ня меў, ніякай “маралі”, ці то тэорыі, у яго не было. Была толькі “бязбожнасьць”, альбо прага дасягнуць улады любым коштам, падобная да жаданьняў пэрсанажаў дэ Сада. “Бязбожнасьць” гэтая, як паказвае дэ Сад, узьнікла з пэўнай практыкі і ўсталявалася разам зь ёй: “Ягоны (герцага — М.Ш.) бацька памёр вельмі малады, а ў сваім запавеце пакінуў пункт, паводле якога сын павінен быў значную частку маёмасьці даць у карыстаньне матцы, пакуль тая будзе жыць. Гэтая ўмова хутка прыйшлася герцагу недаспадобы. Ягоная разбэшчаная натура знайшла спосаб усьмерціць маці з дапамогай атруты, і ён адразу ж вырашыў яго скарыстаць... Нікога нішто так не ўзбуджае, як першае непакаранае злачынства”. Схільнасьці астатніх нягоднікаў дэ Сад тлумачыць тым самым чынам — апісвае іхныя злачынствы ў мінулым. Іншага тлумачэньня знайсьці немагчыма: толькі злачынная практыка, а ня нейкая тэорыя здольная зрабіць злачынцу злачынцам. Практыка гэтая абумоўленая сыстэматычнай беспакаранасьцю злачынцаў: “...А што да злачынстваў, якія былі з усім гэтым зьвязаныя, дык тады людзі жылі ў стагодзьдзі, калі злачынствы збольшага заставаліся нераскрытымі й беспакаранымі. Таму нашым вычварэнцам усё сыходзіла з рук і яны ня мелі найменшага страху перад наступствамі сваіх учынкаў, бо ім ня трэба было баяцца нічога, акрамя толькі павярхоўнага сьледзтва”. Карэньне ўсялякай злачыннай практыкі палягае ў недастатковай сацыялізацыі. Прасьцей кажучы, выхаваньне асобы плюс экзыстэнцыйная неабходнасьць зьдзяйсьненьня злачынства — матэрыяльная незабясьпечанасьць. Калі мы зірнём на асобы заснавальнікаў фашыстоўскага руху, дык заўважым, што іх яднае неадукаванасьць і непрывілеяванае сацыяльнае становішча іхных сем’яў. Што да матэрыяльнай незаможнасьці, дык у пасьляваеннай Эўропе, натуральна, існавала экзыстэнцыйная неабходнасьць зь ёю змагацца. Аднак змаганьне зь ёю вачыма вэтэранаў першай сусьветнай бачыцца як змаганьне супраць тых, хто стаўся яе прычынай, — супраць ворагаў народу. Каб ня гэтыя ворагі, фашызм ніколі б не адыграў у гісторыі якой-небудзь значнай ролі — Кастрычніцкая рэвалюцыя й магутны сацыялістычны рух у Эўропе, што напужалі да сьмерці прамысловую буржуазію й мяшчанства, ускосна спрычыніліся да ўзьнікненьня фашыстоўскіх рэжымаў. Калі б не было левага руху, “барацьбітам” не было б супраць каго весьці сваю барацьбу. Паводле свайго бачаньня ворагаў, пасьляваеннае грамадзтва падзялілася напалам: частка грамадзтва пад уплывам сацыялістычных ідэяў верыла ў тое, што ворагі насамрэч — ня вонкавыя, а ўнутраныя; што сапраўдныя ворагі — ня хто іншы, як прамысловыя магнаты, якія зарабілі на вайне мільёны. Гісторыя распарадкавала так, што значная частка гэтых людзей па паходжаньні габрэі. Што парадаксальна, габрэйскага ў гэтых габрэях было надзвычай мала, хіба толькі выгляд. Бадай, менавіта таму фашыстоўская “расавая тэорыя” павінна была абапірацца на зьвесткі так званай “фрэналёгіі”, якая тэндэнцыйна інтэрпрэтавала некаторыя антрапамэтрычныя паказьнікі. То ж бо габрэі, якія дасягнулі ў грамадзтве больш-менш высокага становішча, імкнуліся як мага хутчэй інтэгравацца ў гэтае грамадзтва й успрыняць ягоную культуру й мараль. Прыкладам гэтаму можа быць той самы Франц Кафка, стасункі якога зь юдаізмам і традыцыйнай габрэйскай культурай былі даволі павярхоўнымі, хаця ягоная сям’я належала да багацейшай часткі габрэйскай грамады. “Сьвядомымі” ж габрэямі былі якраз бяднейшыя прадстаўнікі габрэйскага народу, пераважна — дробныя гандляры, рамесьнікі й работнікі, якія адначасова былі найбольш адукаванай часткай пралетарыяту, бо ў габрэйскім асяродзьдзі традыцыйна ўсе дзеці ад малых гадоў умелі чытаць і пісаць. Гэтым, мажліва, тлумачыцца сымпатыя габрэйскага пралетарыяту да марксізму, якая таксама была выкарыстаная фашыстамі для распальваньня варожасьці да габрэяў наагул. Супольнае паміж габрэем-банкірам і габрэем-марксістам адно: абодва абавязаныя сваім становішчам адукаванасьці. Як марксісцкія перакананьні адной часткі габрэяў, так і заможнасьць другой адыгралі злавесную ролю ў далейшым лёсе ўсяго габрэйскага народу, якому хрысьціяне-немцы не даравалі ягонае здатнасьці. Заходняе грамадзтва перажывала сацыяльны раскол, выкліканы сацыялістычнымі ідэямі, таму галоўнай мэтай і жаданьнем буйных прамыслоўцаў і фінансістаў было запабегчы гэтаму расколу і ўтаймаваць сацыяльныя жарсьці. Гэтак у процівагу расколу сацыяльнаму (пры якім вінаватымі ўжо не ў ваеннай паразе, а ў самой вайне застаюцца моцныя гэтага сьвету) буйны капітал правакуе раскол нацыянальны. Тады як нямецкі пралетарыят (які паводле сваёй адукацыі заслугоўвае хутчэй найменьня люмпэн-пралетарыяту) бачыць у фашыстах змагароў супраць вялікага капіталу (перадусім габрэйскага) — мяшчане й дробная буржуазія бачаць у фашыстах змагароў з габрэямі-камуністамі. Дзіўна, як вокамгненна абедзьве вышэйзгаданыя часткі грамадзтва аб’ядноўваюцца пад крылом фашысцкага руху ў палітычна адзіную структуру, да таго ж змацаваную нацыянальным фактарам. Адпачатна адны змагаюцца за сацыяльныя пераўтварэньні, другія — супраць хаосу. Тое, што адным бачыцца як прагрэс, другія ўспрымаюць як руйнаваньне традыцыйных асноваў грамадзтва. Але, нягледзячы на гэта, іх аб’ядноўвае сама “ідэалёгія змаганьня” й нацыянальнае самаўсьведамленьне. Як бачым, фашыстоўская ідэалёгія — адпачатна дзівацкі гібрыд люмпэн-сацыялізму, антыкамунізму і ўра-патрыятызму. Такое вырашэньне сацыяльнага падзелу з дапамогай падзелу нацыянальнага, калі роля “ахвярных казлоў” была ўскладзеная на габрэяў і камуністаў, магчыма, было вынайдзенае фашыстамі, аднак зьдзейсьненае было выключна ў інтарэсах буйнога капіталу. Менавіта буйны капітал выкарыстаў фашыстоўскі рух (складзены пераважна з прадстаўнікоў сярэдняй клясы, сялянаў і люмпэн-пралетарыяту) дзеля таго, каб захаваць уладу. Менавіта добрыя стасункі паміж дзяржавай і фашызмам паспрыялі прыходу фашыстаў да ўлады. Але, тым ня менш, фашысты не схацелі заставацца толькі інструмэнтам у руках капіталу, а, наадварот, самі ператварылі яго ўва ўласны інструмэнт. |
4 Чаму “амаралісты”, здавалася б, так лёгка здабылі дзяржаўную ўладу? Таму што “моцныя сьвету” выракліся “агульнаграмадзкай” маралі, маралі “для ўбогіх”, і ўсталявалі мараль уласную, мараль/права моцы. Фашыстам прапанавалі грошы за шэраг неафіцыйных захадаў з мэтай навесьці жах на сацыялістычны рух, каб запабегчы ягонаму шыраньню. Найбольш эфэктыўным сродкам стаўся тэрор — у гэтым сэнсе “чорнакашульнікі” былі дакладнай копіяй расійскіх “чарнасоценцаў”. Фашысты не спрачаліся, не крычалі пра сябе (да пары) — яны дзейнічалі. Забівалі на замову прадстаўнікоў сацыялістычнага руху, левых дэпутатаў парлямэнту, грамілі рэдакцыі сацыялістычных газэтаў, зьнішчалі тых, хто быў западозраны ў сымпатыях да камуністаў, — карацей, праводзілі ў жыцьцё клясычную “культурную рэвалюцыю”, рабілі чысткі. Рукамі фашыстаў (раз выкарыстаць войска ці іншыя сродкі ўладзе не дазваляла “мараль”) сацыялістычны рух быў паступова задушаны. Галоўнай зброяй “чорнакашульнікаў” быў фізычны гвалт, але галоўнай сілай — боязь большасьці насельніцтва. Пасьля перамогі фашыстаў над шырокім сацыялістычным рухам фінансавая буржуазія была амаль гатовая іх ліквідаваць з дапамогай войска, паколькі яны былі ёй больш не патрэбныя. Але як толькі ўлада вырашыла “немаральна” абысьціся з фашыстамі, з амаралістаў яны раптоўна сталі “маралістамі” й залямантавалі на ўвесь сьвет, што ўлада вырашыла “разьлічыцца” (прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці) з змагарамі за Італію. Як бачым, паняткі таго часу мяняюцца месцамі: фізычны гвалт стаецца сродкам зьдзяйсьненьня справядлівасьці, а рэалізацыя права — сродкам помсты. Ад каго заўгодна, але не ад фашыстаў улада чакала такога абвінавачаньня. Таму, не пачуваючы на сваім баку “маральнага права”, яна мусіла саступіць іхнаму шантажу. Заўважым, што менавіта беспакаранасьць фашыстоўскіх злачынстваў і поўная дэмаралізацыя буржуазна-дэмакратычнай улады сталіся двума галоўнымі стымуламі для фашыстаў у іхным змаганьні за ўладу. Уся папярэдняя практыка фашыстоўскага руху з гледзішча “грамадзкай маралі” — амаральная. Гэтак гартавалася фашыстоўская ідэя аб тым, што права й права сілы — гэта тое самае. Гэткае імклівае ўзыходжаньне фашызму на вяршыню дзяржаўнай улады бадай кожным успрымалася як нейкі цуд. Тыя, хто дагэтуль лічыў, што фашысты змагаюцца за справядлівасьць, раптам убачылі, што справядлівасьць перамагла! Тыя, хто так не лічыў, з часам альбо пачалі так лічыць, альбо былі фізычна зьнішчаны. Першымі ахвярамі фашыстоўскіх канцлягераў у Нямеччыне (упершыню прыдуманых, дарэчы, не бальшавікамі, а ангельцамі падчас англа-бурскай вайны; некаторыя немцы былі вялікімі прыхільнікамі ангельскага каляніялізму) сталі сябры й сымпатызанты сацыялістычнай і камуністычнай партыяў, сярод якіх было шмат габрэяў. Парадаксальным чынам фашыстоўскі тэрор супраць сацыялістычнага руху, а пазьней — усталяваньне фашыстоўскай дыктатуры ў Італіі й Нямеччыне паспрыялі ўзмацненьню сталінскага рэжыму ня меней, чымся Кастрычніцкая рэвалюцыя паспрыяла ўзьнікненьню самога фашызму: на зьнішчэньне левых актывістаў і мілітарызацыю фашыстоўскіх дзяржаваў Сталін адказаў зьнішчэньнем “клясавых ворагаў”, калектывізацыяй, выкрыцьцём “фашыстоўскіх шпіёнаў”. Як бачым, фашызм пачаў шкодзіць нам задоўга да акупацыі нашай тэрыторыі рукамі свайго “хаўрусьніка” — сталінізму. |
5 Яшчэ да ўзяцьця ўлады Мусаліні прадказваў: “Няма сумневу, што фашызму й дзяржаве наканавана — магчыма, у досыць блізкім часе — стацца адным і тым жа”. Пасьля свайго абраньня прэм’ерам ён абвяшчае: “Наша жорсткая татальная воля будзе суправаджацца яшчэ большай цьвёрдасьцю... Усе міністры й дзяржаўныя кіраўнікі — жаўнеры: як жаўнеры, яны павінны рушыць туды, куды ім загадвае камандзір, і спыніцца, калі я ім загадаю... Дысцыпліна зьнізу даверху павінна быць не фармальнай, а сапраўднай і тыпова рэлігійнай, што азначае — абсалютнай... Падпарадкаваньне павінна быць абсалютным і сьляпым”. Наступным крокам фашызацыі грамадзтва ёсьць патрабаваньне ад усіх грамадзянаў падпарадкаваньня “найвышэйшай маралі”, якое наперад закладае вырачэньне маралі асабістай, альбо традыцыйнай. Пасьля такога вырачэньня якім яшчэ можа быць падпарадкаваньне, калі не сьляпым? Калі жаўнер дае прысягу, ён клянецца падпарадкавацца менавіта гэтай найвышэйшай маралі, прапанаванай яму зьверху. Зразумела, пры гэтым ён не ўсьведамляе, што тым самым адмаўляецца ад маралі іншай — пакуль яна ў яго, безумоўна, ёсьць. Людзі-вернікі, прыкладам, не ідуць у войска менавіта з той прычыны, што ня могуць адмовіцца ад сваіх асабістых маральных ідэалаў. Менавіта акт прысягі робіць з чалавека жаўнера. Невыпадкова, што менавіта войска — традыцыйна найбольш фашызаваная частка грамадзтва. Варта сьцьвердзіць, што мілітарызацыя грамадзтва й ягоная фашызацыя — гэта аднародныя працэсы, якія ідуць крок у крок. Варта згадаць, што апошнім часам у Расіі вялікая ўвага аддаецца так званаму патрыятычнаму выхаваньню, у якое ўваходзіць і традыцыйная “страявая падрыхтоўка”. Як і ў войску, неабходным момантам усталяваньня фашыстоўскага грамадзтва ёсьць барацьба зь іншадумствам. Іншадумцы могуць быць двух кшталтаў: ворагі (тыя, хто цалкам адкідае “найвышэйшую мараль”) і несьвядомыя (тыя, хто ляяльна ставіцца да існага ладу, але парушае заведзеную ім дысцыпліну). Ворагаў фашыстоўскае грамадзтва імкнецца выштурхнуць за свае межы, ізаляваць альбо зьнішчыць; несьвядомых — наадварот, уцягнуць у сваю арбіту і ўпісаць ува ўсталяваныя рамкі. Часткай барацьбы зь іншадумствам ёсьць завядзеньне цэнзуры ў адных і закрыцьцё іншых сродкаў масавай інфармацыі. Прыгледзеўшыся да сучаснай Расіі, можна сказаць, што тая памалу ідзе сьцяжынай “татальнага й сьляпога падпарадкаваньня” дзяржаве, якая ў жыцьці расійскага чалавека, маўляў, заўжды адыгрывала значную ролю. Тут варта адзначыць, што чэскі філёзаф Эган Бонды называе фашызм “толькі прэлюдыяй татальнага маніпулятарскага этатызму” (ад франц. état, “дзяржава”). А таксама нагадаць, што зьяўленьне “найвышэйшай маралі” абавязанае перадусім крызысу маралі традыцыйнай (у выпадку постсавецкіх дзяржаваў — сацыялістычнай) і зьяўляецца адной з адзнакаў пераходнага пэрыяду. Гэтаксама калі беларускі прэзыдэнт прамаўляе аб сваіх сымпатыях да ўсталяванага Гілерам “парадку”, ён, вядома, не ўхваляе нацысцкай ідэалёгіі, але абедзьвюма рукамі галасуе “за” ейную мэтадалёгію, за сам спосаб усталяваньня гэтага парадку. Сьвядомае й рашучае адмежаваньне Лукашэнкі ад нацыянальнай культуры мае яшчэ й тую прычыну, што гэта дае яму магчымасьць разглядаць носьбітаў беларускай культуры як нацыянальна чужы элемэнт, каб магчы абвінаваціць іх ува ўнутранай нестабільнасьці дзяржавы. Такім чынам, беларускія нацыяналісты для Лукашэнкі — аналяг габрэяў і камуністаў у фашыстоўскай Нямеччыне. Параўнаць палітыку Лукашэнкі з палітыкай фашызму дазваляе менавіта мэтадалёгія яе рэалізацыі: насаджэньне ўсюдыіснага дзяржаўнага кантролю як вынік памкненьня правадыра ўзяць на сябе асабістую адказнасьць за ўсе палітычныя крокі ўлады й гарантаваць ім падтрымку сваёй папулярнасьцю, паступовая легалізацыя дыктатуры пры дапамозе “пад сябе” напісаных законаў і рэфэрэндумаў, маніпуляцыя масамі праз дэмагогію й папулісцкія захады, дзяржаўнае кіраваньне курсам валют, стварэньне масавых “добраахвотных арганізацыяў”, патаемнае зьнішчэньне нязгодных зь ягонай палітыкай дзяржаўных функцыянэраў — усё гэта ёсьць чыстай вады фашызмам! “Мы ўтаймавалі парлямэнтарызм”, — мог пахваліцца ўжо на другі год свайго ўладараньня “ўсенародна абраны” італьянскі прэм’ер Мусаліні. — “Выканаўчая ўлада прысутнічае ў жыцьці народу паўсюдна. Яна ёсьць сілай, што дзейнічае кожную хвіліну... Гэты рэжым ільга скінуць толькі гвалтам”. |
6 Узьнікае пытаньне: ці толькі боязь прымушала людзей падтрымліваць фашызм? Аднак падтрымлівалі не фашызм — падтрымлівалі ўсталяваны фашыстамі “парадак”, які, паводле трапнага азначэньня беларускага прэзыдэнта, “формировался веками” й цяпер дасягнуў свайго сапраўднага росквіту ў выглядзе таталітарнай дзяржавы. Гэта быў той самы рацыяналістычны парадак, які ад XVII стагодзьдзя пачаў стварацца ў абсалютысцкай Эўропе й падпарадкаваў сабе ўсё — ад казармаў і астрогаў да шпіталяў разумова хворых. “Якое заўгодна парушэньне занатоўвалася ў карную кнігу. Экзэкуцыі праводзіліся ў суботы — падчас сьвяточных оргіяў. Правіны дзяцей караліся нашмат стражэй, чым грахі дарослых. Караліся няўважлівасьць, непавага й недастатковае абагаўленьне гаспадароў, сьмех у неадпаведным месцы. Калі хтосьці з дарослых падданых быў засьпеты за суложжам, на якое ня меў дазволу гаспадароў, яму адсякалі палец” (дэ Сад, “Сто дваццаць дзён Садому”). Варта сказаць, што дэ Сад быў своеасаблівым папярэднікам Мішэля Фуко й ягонай крытыкі рацыяналістычнага грамадзтва, якое ў ХХ стагодзьдзі ператварылася ў грамадзтва тэхнакратычнае. Зьдзек з прыроды, зь цела дзеля іх “удасканаленьня”, паступовае ператварэньне чалавечага цела ў машыну й далейшае ягонае зьнішчэньне з дапамогай машыны, абыходжаньне зь ім як з рэччу, безуважнае стаўленьне да чалавечых пакутаў — усё тое, што яднае абсалютызм і тэхнакратызм з садызмам, і ёсьць сутнасьцю мэтадычных фашыстоўскіх “экспэрымэнтаў” над чалавечымі целамі, якімі фашызм заслужыў вечную нянавісьць чалавецтва. Дэ Сад паказвае, што ад ілжы, крывадушнасьці, блюзьнерства, ад зьдзеку з душы да зьдзеку з цела — адзін крок. Прычым гэты крок заўсёды робіцца дзеля “навядзеньня канчатковага парадку”, а ягоны зьдзяйсьняльнік стаецца ахвярай уласнай хваравітай прагі датрыманьня пасьлядоўнасьці ў сваіх дзеяньнях любым коштам. Само сабою жаданьне парадку ня ёсьць злом з гледзішча традыцыйнай маралі. Абагаўляльным прыкладам для Гітлера доўгі час была Брытанская імпэрыя: у фюрэра выклікала захапленьне, як гэтая краіна пры дапамозе толькі вайсковай сілы здольная трымаць у падпарадкаваньні большае ў некалькі разоў насельніцтва Індыі. Калі б ня гэты прыклад, Гітлер ніколі б не пачаў вайны на ўсходзе: ён лічыў, што для Нямеччыны сваёй Індыяй павінна быць Расія. Як бачым, Гітлер ня меў ніякіх іншых памкненьняў, акрамя ператварэньня Нямеччыны ў каляніяльную імпэрыялістычную дзяржаву на клясычны эўрапейскі ўзор. Таму можна сказаць, што нічога асабліва арыгінальнага для гісторыі чалавецтва фашызм не прынёс. Усе ягоныя адметныя рысы былі ўжо часткова ўласьцівыя заходняй цывілізацыі. Больш за тое, яны ўласьцівыя ёй і сёньня. У выніку сваёй прыроднай амаральнасьці фашызм выдатна спалучальны як зь нямецкім нацызмам, так і з расійскім шавінізмам, як з амэрыканскім імпэрыялізмам, так і з савецкім патрыятызмам. |
7 Нарадзіўшыся з “паўстаньня масаў”, фашызм ператварыўся ў найбольш дасканалую прыладу іхнай эксплюатацыі: мабыць, усялякай ідэалёгіі, закладзенай на “памылковай ідэі аб роўнасьці людзей”, як пісаў Артэга-й-Гасэт, — то бок на ідэі падабенства, аднолькавасьці людзей міжсобку, якая ёсьць перадумовай усялякай “масавасьці” і дысцыпліны, — з часам наканавана ператварыцца ў тыранію. Менавіта прыхільнікам тыраніі фашызм здаецца найлепшай мадэльлю кіраваньня дзяржавай — толькі што ажыцьцяўленьне такой мадэлі патрабуе поўнай беспадкантрольнасьці дзяржаўнага апарату — а значыць, патрабуе таго, каб насельніцтва поўнасьцю выраклася сваіх грамадзянскіх свабодаў і чалавечых правоў. Паводле дэ Сада, правы чалавека ёсьць “правамі бедняка”, між тым як правы багатыра далёка перасягаюць межы правоў чалавечых — і боскіх. “Хутка вы пераканаецеся, што ў існаваньне Бога, якое ёсьць спарудай хворых мазгоў, сёньня ў сьвеце мала хто верыць... Мяркуйце самі: калі б Бог існаваў і быў усёмагутны, ці дазволіў бы ён, каб цнота, якая, маўляў, ёсьць акрасай і якую вы спавядаеце, мусіла адступіць перад паскудзтвам? Калі ён такі ўсёмагутны, як тады магчыма, што такое дробнае стварэньне, як я, можа бясьпечна блюзьнерыць і абражаць яго, як я гэта штодзённа раблю?” (Дэ Сад, “Сто дваццаць дзён Садому”). Менавіта беспадкантрольнасьць і амаралізм дзяржавы, абгрунтаваныя фальшывымі вартасьцямі традыцыйнай маралі “для беднякоў” (на чым бы тая ні грунтавалася: хрысьціянстве, ісламе альбо юдаізьме), і варта сёньня называць фашызмам. Фашызм выдае сябе ўжо сваім дыскурсам, да якога належыць ня толькі зразумелая ўсім мова гвалту, якая хутка набывае статус дзяржаўнай, але й вульгарнасьць, якая ёсьць зарукай “зразумеласьці” фашыстоўскай дэмагогіі для шырокіх мас. Фашысту ўласьцівыя шырокія жэсты й гучныя словы, заклікі й праклямацыі. Аднак звычайна за імі няма ніякіх канкрэтных ідэяў, ніякай ідэалёгіі. Таму найлепшым сродкам барацьбы з фашызмам ёсьць вывучэньне фашызму, ягоных тэхнік і грамадзкіх вытокаў, што дапамагае выкрыць ягоную ідэалягічную пустэчу. Для пачатку трэба навучыцца не давяраць тым, хто абяцае заўтра ж навесьці “парадак”, зьнішчыць карупцыю, вырашыць усе праблемы, калі толькі сёньня вы яго аберацё, а ўзамен за гэта патрабуе поўнага даверу й падпарадкаваньня. Змагацца за свабоду — азначае змагацца за абмежаваньне ўсёмагутнасьці дзяржавы, змагацца за дэмакратыю — азначае змагацца з фашызмам, у тым ліку (і, мажліва, перадусім) — дзяржаўным. |
P. S.: Ідэалёгія вялікарасійскага фашызму У апошні час у Расіі распаўсюдзіўся вульгарны, так бы мовіць, “народны” фашызм, які зьяўляецца ня толькі звычайнай часткай штодзённага жыцьця, але й часткова падтрымліваецца дзяржавай у якасьці новай “нацыянальнай ідэі”. Галоўным складнікам гэтай ідэалёгіі зьяўляецца, натуральна, савецкі патрыятызм, ці, дакладней кажучы — рэваншызм, як і ў міжваеннай Нямеччыне, толькі постсавецкі. Носьбіты гэтай ідэалёгіі — перадусім вышэйшыя вайсковыя кадры, якімі нанава ствараецца міт аб непераможнай гіпэрдзяржаве, якая паўстала з попелу пасьля таго, як была “здраджаная” дэмакратамі й аддадзеная на паняволеньне Захаду. Тое, што сталася прычынай распаду СССР, а менавіта эканамічны заняпад краіны, выстаўляецца імі як вынік гэтага распаду. Другім складнікам, ці адваротным бокам мэдаля гэтай ідэалёгіі, зьяўляецца традыцыйны вялікарасійскі шавінізм — хаця ў сучасных варунках лепей было б сказаць расізм — у адносінах да нерасійскіх народаў. Пасьля добраахвотнага зьнікненьня са сцэны традыцыйнага “ворага” расійцаў — габрэйскай меншасьці ейнае месца занялі прадстаўнікі каўкаскіх і іншых нацыянальнасьцяў былога СССР. У чым прычына пашырэньня такога расізму? Безумоўна, каляніяльная савецкая сыстэма, якая ставіла расійцаў у прывілеяванае становішча й таму выклікала да іх нянавісьць з боку прадстаўнікоў іншых, перадусім неславянскіх нацыянальнасьцяў. Усьведамляючы, што найлепшай абаронай ёсьць напад, расійцы ўсюды імкнуліся дадаткова ўціскаць неславянаў, каб замацаваць сваё вышэйшае становішча — напрыклад, у войску. Пасьля распаду Савецкага Саюзу ўсё гэта паўплывала на стаўленьне да расійцаў у незалежных неславянскіх рэспубліках, асабліва ў рэспубліках, якія не атрымалі незалежнасьці й засталіся суб’ектамі Расійскай Фэдэрацыі (Ічкерыя). Акрамя таго, прычынай можа быць таксама высокая эканамічная актыўнасьць перадусім каўкасцаў, якая распачалася шчэ за часоў і ў межах СССР — варта сказаць, што каўкасцы былі першай самастойна ўзьніклай “зьнізу” эканамічна эмансыпаванай групай савецкага насельніцтва. Акрамя іх былі толькі дзьве эканамічна перадавыя групы, якім яны стваралі канкурэнцыю: арганізаваная злачыннасьць і савецкая бюракратыя. Абедзьве яны складаліся пераважна з расійцаў. Сёньня, калі яны, фактычна аб’яднаўшыся, прыйшлі да ўлады ў Расіі, у іх зьявілася магчымасьць выціснуць з зоны свайго эканамічнага панаваньня каўкасцаў. Спытайма: што ў новай вялікарасійскай нацыянальнай ідэі ўласна нацыянальна расійскага? Лічыць гэтую “новую расійскую” ідэалёгію менавіта расійскай папросту немагчыма, бо ейным падмуркам ёсьць, па сутнасьці, не расійскі, а савецкі патрыятызм. Якім чынам сталася, што Расія прэтэндуе цяпер на ролю спадкаемцы ня толькі Савецкага Саюзу, але й Расійскай Імпэрыі? На якой глебе, акрамя вялікарасійскага шавінізму, магчымае спалучэньне дзьвюх неспалучальных дзяржаўных ідэяў? Сапраўдныя гісторыя й культура колішняй дасавецкай Расіі застаюцца сёньня атрыбутамі, якія, хоць і не зусім пасуюць постсавецкай дзяржаве, тым ня менш, злоўжываюцца ёю менавіта з мэтай умацаваньня міту аб “Вялікай Расіі”. Новая расійская эліта трактуе дасавецкую гісторыю паводле ўласнай патрэбы — пры гэтым яна робіць выгляд, што быццам не заўважае розьніцы паміж сваёй і традыцыйнай савецкай трактоўкамі дакастрычніцкай гісторыі Расіі, з аднога боку, а зь іншага — як быццам не ўсьведамляе патрэбы прызнаньня памылак савецкага часу, ані прызнаньня ўнёску іншых народаў у дасягненьні савецкіх часоў. Таму эліта ўвесь час імкнецца затушаваць розьніцу паміж дасавецкім і савецкім пэрыядамі расійскай гісторыі, ствараючы ілюзію простай (наўмысна спрошчанай) пераемнасьці паміж царскай і бальшавіцкай Расіяй. Але ўсё адно трэба адзначыць, што “расійская ідэя” так ці іначай нарэшце ператвараецца з ідэі патрыятычнай, унівэрсальнай, вялікарасійскай, у ідэю нацыянальную, дзяржаўную, расійскую. Аднак пры гэтым ня толькі сьвядомасьць расійскага чалавека робіцца “дзяржаўнай” (чаго, відавочна, імкнецца дасягнуць Пуцін), але й ідэалёгія дзяржавы пераймае некаторыя элемэнты народнай сьвядомасьці — таго ж шавінізму. Ці будзе расійская нацыянальная (“дзяржаўная”) сьвядомасьць дэмакратычнай, залежыць ад ступені дэмакратычнасьці расійскай дзяржавы. Цікава, што і ў Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх рэспубліках, хоць і марудна, але ж адбываецца фармаваньне нацыянальнай сьвядомасьці новага ўзору. На жаль, у ёй пакуль што мала традыцыйных, самастойна беларускіх элемэнтаў, бо дзяржава імкнецца скарыстаць увесь свой уплыў, каб ачысьціць ад іх грамадзкую сьвядомасьць і зрабіць беларускую нацыянальную ідэю як мага больш стэрыльнай і прыстасавальнай да нацыянальнай ідэі расійскай. На сёньняшні дзень Лукашэнка застаецца адным з носьбітаў “вялікарасійскай” ідэі, якая па сваёй сутнасьці ёсьць фашыстоўскай. Ува ўсякім разе, спалучальнасьць такой беларускай нацыянальнай ідэі з расійскай нацыянальнай ідэяй новага ўзору наўпрост залежыць ад долі шавінізму, утрыманага ў апошняй, — якая, у сваю чаргу, залежыць ад уплыву сілавых структураў на расійскае грамадзтва і кіраўніцтва. Да якой бы сэрвільнасьці ў дачыненьні да Расіі ні імкнуліся прывучыць беларусаў, паступовае ператварэньне Расіі ў пазбытую імпэрскіх амбіцыяў дэмакратычную дзяржаву пазбаўляе прарасійскую нацыянальную палітыку сёньняшняй беларускай дзяржавы ўсялякага сэнсу. У такіх умовах падмуркам афіцыёзнай беларускай нацыянальнай ідэі пэрыяду дыктатуры стаецца асабістая вернасьць “бацьку”, ляяльнасьць да рэжыму Лукашэнкі ці, як мінімум, — маўклівае прызнаньне ягонай легітымнасьці.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (24) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |