A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (25) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
З чаго, на Вашую думку, пачалася (пачынаецца)
|
Лявон Вольскі, На маю некампэтэнтную думку, беларуская нацыянальная гісторыя пачалася зь беларускае нацыянальнае ідэі. Ідэя ж гэтая перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне нібыта вірус: дастаткова падыхаць адным паветрам з носьбітам ідэі, і захварэеш на яе. Вірус гэты вельмі небясьпечны. Ён падпарадкоўвае сабе ўвесь арганізм хворага, і ў пэўны момант чалавек глядзіць на гэтую краіну і ўвесь сьвет зусім іншымі вачыма. Вірус гэты вельмі магутны, бо цягам стагодзьдзяў “найлепшыя розумы” вялікіх дзяржаваў займаліся ягоным вынішчэньнем, наладжвалі нават масавае зьнішчэньне ягоных носьбітаў, а выніку няма. З году ў год, зь дзесяцігодзьдзя ў дзесяцігодзьдзе зьяўляюцца новыя й новыя носьбіты беларускае нацыянальнае ідэі. Яны незгуртаваныя, разарганізаваныя, лаюцца, абвінавачваюць адно аднаго ў розных грахах і хібах, але гэта таму, што вірус мае больш творчы, чымся прагматычны характар. Захварэўшы, чалавек пачуваецца творцам, а некалькім творцам, як вядома, цяжка прыйсьці да аднае высновы. Бо кожную сваю думку хворы лічыць эксклюзіўнаю і адстойвае яе, нягледзячы на тысячы іншых падобных, але крыху іначай сфармуляваных думак іншых адстойваньнікаў. Ды гэта нішто. Нас шмат, мы актыўныя й ведаем, што ў нас пад нагамі, на што мы абапіраемся, што маем у падмурку. Нацыянальная гісторыя скончыцца, калі скончацца носьбіты нацыянальнае ідэі. Гэта будзе зусім не неўзабаве. Зважаючы на тое, што носьбіты гэтыя расьселеныя па ўсёй зямной кулі, варта меркаваць, што скон нацыянальнае гісторыі Беларусі будзе наўпрост зьвязаны з сконам гэтае самае кулі. |
Юры Дракахруст, Бэнэдыкт Андэрсан у свой час адзначаў парадаксальную прыроду нацыяў: рэальная гістарычная маладосьць спалучаецца ў іх зь мітам аб спрадвечнасьці. Час нараджэньня ўсіх без выключэньня нацыяў — ХVII—XX стагодзьдзі. “Дык гэта ў сучасным сэнсе”, — запярэчаць людзі, якія вядуць свой нацыянальны радавод з Полацкага княства, Каралеўства франкаў ці Маскоўскага княства. Але гэта супярэчнасьць у вызначэньні; нацыя і ёсьць адно зь яскравых спараджэньняў сучаснасьці, мадэрну. Этнасы стагодзьдзямі ўтульна існавалі ў межах унівэрсальных імпэрыяў кшталту Сьвятой Рымскай, змагаючыся адзін з адным толькі з прычыны рознай веры ці легітымнасьці манарха. Калі стала няўтульна, тады і пачаліся нацыянальныя гісторыі. З улікам зробленых заўвагаў пачатак беларускай нацыі — 25 сакавіка 1918 году. Пазьней за адных, раней за іншых. І выйшла ў прынцыпе ня з горшых. Дзіўнае з гледзішча стандартных мадэляў нацыятварэньня становішча нацыянальнай мовы на тле ўсясьветнага досьведу ня ёсьць нечым унікальным: уся Амэрыка гаворыць на мовах былых калянізатараў, у Ірляндыі й Бэльгіі мова былых акупантаў суіснуе з аўтахтоннымі мовамі. Скаргі на недаробленасьць беларускай нацыі на самай справе хутчэй за ўсё ёсьць скаргамі на слабасьць, неўкаранёнасьць нацыянальнага міту. Нацыі калісьці нарадзіліся, калісьці, магчыма, і сыдуць. Але і тут, здаецца, беларусы ня будуць ані першымі, ані апошнімі. Да таго ж, шлях гэтага ператварэньня можа быць неабавязкова такім, які цяпер падаецца адным асабліва небясьпечным, а іншым — асабліва жаданым. Пляны стварэньня франка-нямецкай дзяржавы, праекты эўрапейскай Канстытуцыі, сёлетні крызыс Эўразьвязу паказваюць, што і ЭЗ, і беларуска-расейскі саюз, пры ўсіх адрозьненьнях, сутыкаюцца на пэўным этапе з жорсткаю дылемай — ці ператварэньне ў адзіную дзяржаву, ці распад. Нездарма летась падчас хвалі запрашэньня ў ЭЗ новых сяброў загаварылі пра новую Сьвятую Рымскую імпэрыю. Можа, гэта і ёсьць пэрспэктыва Эўропы, і Беларусі ў тым ліку? Пагроза (ці шанец) заўтрашняга дня заўсёды важнейшая за пагрозу (ці шанец) дня ўчорашняга. І пры ўсёй вонкавай небясьпецы пагроза (шанец) распушчэньня Беларусі ў Расеі выглядае зьявай учорашняю. “Чысты” экспэрымэнт, пастаўлены ў апошнія 9 гадоў, паказаў, што Беларусь немагчыма далучыць да Расеі нават у самых спрыяльных умовах. А калі глядзець зусім ужо цынічна, то падаецца, што хітрыя беларусы здолелі скарыстаць сваіх усходніх братоў у якасьці камбінацыі парасона, цыцкі і мыліцы для пабудовы сваёй дзяржавы. Выглядае гэта, магчыма, ня надта прыгожа, але, як казаў Карл Юнг, “нацыя ня мае гонару, гэта чарвяк, які паўзе немавед куды, кіраваны лёсам”. Сказана не дзеля таго, каб абразіць беларусаў, гэта пра ўсіх. З чаго, скажам, амэрыканцаў панесла ў Ірак? Калі паглядзець па-філязофску, то зразумела, што “рухавік” — ня Буш, а лёс. Вяртаючыся да беларусаў, варта прыгадаць, што выбары 1994 году і ўвесь час праўленьня Лукашэнкі адкрылі беларускай інтэлігэнцыі такую праўду пра беларускую нацыю, якой, можа, ня варта было б і ведаць. Высьветлілася, што нацыя й інтэлігенцкая тусоўка — гэта істоты рознай пароды і прыроды. Хацелі нацыю — атрымалі ўва ўсёй прыгажосьці й жудасьці (не хацелі — таксама атрымалі). |
Аляксандар Лукашук, Гiсторыя Беларусi для мяне пачалася ў сакавiку, кажучы словамi аўтара, “лета па народжаньнi нашага Збаўцы Ісуса Хрыста, Сына Божыя, тысешчнага пяцьсотага i двадзесят пятага”, калi ў слаўным месьце Вiленскiм пiльны доктар Францiшак Скарына выцiснуў сваю апошнюю кнiгу “Апостал”. Тут дарагая завершанасьць справы, гэтак рэдкая для беларусаў. Магчыма, маюць рацыю гiсторыкi, калi гавораць пра тысячу гадоў Беларусi, але мне здаецца, што там пераважалi не нацыяльныя, а iншыя чыньнiкi — рэлiгiйныя, уладныя, ваенныя, тэрытарыяльныя i да т.п. Жыцьцё ўсiх дзяржаваў, нацыяў калi-небудзь у гэтым сьвеце сканчалася. Аднак гiсторыя Беларусi ўжо ня скончыцца: мы дажылi да iнфармацыйнага веку i культура ў такой цывiлiзацыi ёсьць катэгорыяй вечнасьцi. Аляксандар Надсан, Гэтае пытаньне вельмі шырокае. Мне здаецца, тут можна казаць толькі пра сучасную, новую гісторыю. Гісторыя беларускай, як і кожнай, нацыі пачынаецца тады, калі вялікая колькасьць людзей усьведамляе, што яны ёсьць нацыяй — нечым асобным ад суседзяў; што іх яднае нешта супольнае — мова, традыцыі, імкненьні, усё разам. Нацыі ў сучасным значэньні — гэта новае зьявішча. Нават іншыя эўрапейскія нацыі — напрыклад, нямецкая, італьянская ці француская — пачалі паўставаць у канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзя. Таму беларусы толькі крыху спазьніліся. У нас нацыянальная гісторыя пачалася з канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя. Мне здаецца, што самым вызначальным пунктам была «Наша Ніва» і людзі, якія вакол яе згуртаваліся. Усё іншае было меншым, а гэта было самае галоўнае. Там ужо было ўсьведамленьне, што беларусы ёсьць асобнай нацыяй, што яны мелі сваю гістарычную традыцыю, што яны хацелі мець сваю будучыню як беларусы. Магчыма, яшчэ ня выкрышталізавалася ідэя поўнай незалежнасьці, але гэта быў пачатак. Для мяне тут пачалася Беларусь як нацыя ў сучасным сэнсе слова. Калі гаворка пра будучыню, дык ідэя нацыі мела вялікія цяжкасьці ў пашырэньні, але мне здаецца, што ў сьвядомасьць людзей ужо ўвайшло разуменьне Беларусі як асобнай нацыі — нават сярод тых, хто не размаўляе па-беларуску, нават пры сучаснай гэтак званай “незалежнай” Беларусі. Таму, хоць цяжкасьці вялікія, я застаюся аптымістам, лічу, што Беларусь выжыве і атрымае ўсе належныя прэрагатывы — незалежнасьць, поўнае прызнаньне беларускай мовы ды ўсё іншае. Ня ведаю, ці дажывуць да гэтага людзі майго пакаленьня, але думаю, што малодшае пакаленьне гэта ўбачыць. |
Івонка Сурвiлла, Працэс, якiм зьяўляецца нацыянальная гiсторыя, трывае так доўга, колькi жыве сама нацыя. Ёсьць у гэтым працэсе, праўда, сьветлыя моманты, i ёсьць менш сьветлыя… Наш народ змагаўся за свае вартасьці ды нацыянальныя атрыбуты ўжо ў Полацкiм княстве, у Грунвальдзе, у Воршы, у “невядомай вайне” XVII стагодзьдзя, у шматлiкiх паўстаньнях XIX i праз усё XX стагодзьдзе. Гэта ўсё я ўважаю часткаю нашае нацыянальнае гiсторыi. Дай Божа, каб перажылi мы й цяперашнiя выпрабаваньнi. Аляксандар Фядута, Гісторыя Беларусі пачалася ў той момант, калі Вітаўт усьвядоміў, што інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага адрозьніваюцца ад інтарэсаў кароннай Польшчы, на чале якой стаяў яго сваяк Ягайла. Гэта прынцыповы момант: у аснове любога нацыянальнага разьвіцьця стаіць усьведамленьне не адзінства вашага народу зь нейкім іншым, а менавіта ўсьведамленьне адрозьненьняў. З гэтага пункту гледжаньня, напрыклад, стары гімн на вершы Міхася Клімковіча быў гімнам антынацыянальным: у ім дэкляравалася не адрознасьць, а падабенства і нават другасортнасьць: “Мы — беларусы, з братняю Русьсю…” Ну, калі ня самі па сабе, а абавязкова з старэйшым братам, значыць, уласным домам жыць проста бессэнсоўна. Бо ўласны дом, уласная дзяржава, уласныя інтарэсы прадугледжваюць і адказнасьць за прынятыя рашэньні. Датуль, пакуль лёс ВКЛ вырашаўся ў Вільні, дзяржава існавала. Цэнтар прыняцьця рашэньняў перамясьціўся ў Варшаву або Кракаў, у Пецярбург або ў Маскву — і дзяржава зьнікла, распусьцілася, зьлілася зь іншай, больш моцнай і больш адказнай. Гэта не азначае, што любое супрацьстаяньне зьяўляецца праявай пачатку дзяржаўнай гісторыі. Спаленьне Полацку і забойства Рагвалода Ўладзімерам Сьвятым (наагул, парадаксальная сьвятасьць забойцы й спусташальніка гарадоў і вёсак) ёсьць вынікам барацьбы прыватных інтарэсаў асобна ўзятага князя за перадзел спадчыны. Вітаўт, пазбаўлены дзяцей, несумненна, дбаў не пра ўласную дынастыю, а пра дзяржаву. Магчыма, думаў і пра гісторыю, калі ў той час існаваў панятак, абазначаны гэтым тэрмінам. Значыцца, ягоныя інтарэсы не былі прыватнымі інтарэсамі асобы, надзеленай уладай. Як ні дзіўна, камусьці можа здавацца, што гісторыя Беларусі ўжо завершаная. Акурат таму, што палітыка цяперашняе ўлады ёсьць адмаўленьнем старой палітыкі Вітаўта, палітыкі Радзівіла Чорнага і Лява Сапегі, палітыкі Тызэнгаўза. Асабліва апошняга — калі гаворка ідзе пра эканамічныя пачаткі. Пры Тызэнгаўзу на нашых землях разьвівалася прамысловасьць і прадпрымальніцтва (не на шкоду польскіх, але на карысьць нашых, “ліцьвінскіх”, беларускіх купцоў). Пры Тызэнгаўзу красавала культура, адчыняліся тэатры й друкарні. Мы адсталі ад мінулага нават у параўнаньні з канцом XVIII стагодзьдзя. І калі кіраўнік дзяржавы адмаўляе беларускі характар Вялікага Княства Літоўскага, узьнікае пытаньне: а зь якога часу ён адлічвае гісторыю Беларусі? З моманту фактычнай ліквідацыі яе дзяржаўнасьці — ад падзелаў Рэчы Паспалітай? Але ж Тызэнгаўз насьмеліўся ўступіць у палеміку з Кацярынай Вялікай, паколькі ўсьведамляў сваю гістарычную й юрыдычную праўду. І Кацярына — стрывала. Я — такі ж савецкі беларус, як і Лукашэнка. Гісторыю Беларусі адкрыў для мяне Караткевіч, чые “Каласы” я прачытаў упершыню яшчэ ў школе, у 1981 годзе. І калі ў 1984 годзе, студэнтам, я прыехаў у Новасібірск, мой новы сібірскі сябар Лёша Мусорын папрасіў мяне сказаць колькі словаў па-беларуску. Я прачытаў яму адзіны верш, вывучаны мною ў школе, — “Паміж пяскоў эгіпецкай зямлі...”, знакаміты “Санэт” Багдановіча (ну не чытаць жа філёлягу “Быў сьмешны дзядзька той часінай...”?). Мы ліставаліся зь Лёшам з 1984 году, прычым ён дасылаў мне лісты на беларускай мове, я перасылаў яму пасылкі з падручнікамі й кнігамі (зборы твораў Караткевіча, Гарэцкага, Багдановіча). Сёньня мой сібірскі сябар ведае беларускую мову лепей за мяне (як ні сорамна ў гэтым прызнацца), піша вершы па-беларуску (выдатныя хоку, што прызнае нават Міхась Скобла) і чытае спэцкурс з гісторыі беларускай літаратуры. Мусорын змусіў мяне зразумець, што я — не такі, як ён. Ня тое каб лепшы або горшы: чым, скажам, француз лепшы або горшы за немца? Проста — не такі. У мяне ёсьць свая мова, свая гісторыя, свая зямля. Сібіракі гэта тонка адчуваюць, у іх рэгіянальны, але патрыятызм, яны ведаюць, чым адрозьніваюцца ад масквічоў або піцерцаў. Але пры гэтым яны памятаюць, што гісторыя Сібіры не пачынаецца зь Ермака. Для іх вытокі “сібірыяды” — у дакучумоўскай яшчэ гісторыі. Таму Сібір — бясконцая, як і беспачатная. У Менску вывучэньне гісторыі Беларусі для мяне працягнулася пасьля знаёмства з Валянцінай Трыгубовіч і Валянцінам Голубевым. Гэта было важна — праз павагу да іх як да людзей прыйсьці да павагі іх ідэалёгіі, зразумець, што менавіта яны бароняць. Я ўбачыў, што нацыяналізм бывае не агрэсіўны, а цалкам талерантны, прымальны. І хаця я быў і застаюся надзвычай русіфікаваным беларусам, чалавекам расійскае культуры і дасьледчыкам расійскае літаратуры, я лётаю, бы ўчадзелы, па менскіх “букіністах”, купляючы старыя кнігі Мальдзіса й Кісялёва, Каханоўскага й Майхровіча, каб зразумець, хто такія беларусы і ў чым сутнасьць нашай супольнай Гісторыі. Наша Гісторыя бясконцая паводле азначэньня датуль, дакуль ёсьць чалавек, што адчувае настальгію пры чытаньні кнігаў Мальдзіса. Я яе адчуваю. І ня толькі я. Мой навуковы кіраўнік, ураджэнец Самары, дацэнт Гарадзенскага ўнівэрсытэту Ігар Вячаслававіч Ягораў сказаў неяк, што Лукашэнка стварыў чытача беларускіх кнігаў: у людзей зьявілася перасьцярога, што кнігі на іх роднай мове больш ня будуць выдавацца. Каюся, што такі страх сядзіць і ў маёй душы. І кожная новая кніга на беларускай мове, як кожная новая сьцежка скрозь гістарычныя нетразі, аслабляе гэты страх. І пазіраючы на сыноў Валянціны Трыгубовіч і Валянціна Голубева (не супольных, рэч ясная, у іх свае радзіны), я дакладна ведаю, што гісторыя Беларусі ня скончыцца. Таму што ёсьць моладзь, якая ўсё яшчэ жыве пад гербам “Пагоня”, а не пад цяперашнім нашым надгробным вянком з сылюэтам высахлай калюгі. Ёсьць «Малады Фронт». Хай я не гавару ў побыце па-беларуску — яны гавораць. І гэта найлепшая зарука адраджэньня Беларусі. Калі ж нехта думае, што інтэграцыя будзе смутным фіналам нашай дзяржаўнасьці, хай не адчайваецца. Трыста гадоў вытрымалі, захаваўшы гістарычную памяць, вытрываем яшчэ адну пяцігодку. |
Станіслаў Шушкевіч, З майго гледзішча, нацыянальная гісторыя Беларусі пачалася 25 сьнежня 1991 году. У гэты дзень найбольш уплывовыя й наймагутнейшыя краіны сьвету афіцыйна аб’явілі аб прызнаньні незалежнай краіны — Рэспублікі Беларусі. У суб’екта былога СССР Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі такога прызнаньня не было, хаця яна мела прадстаўніцтва ў ААН за важкі ўклад у перамогу над фашызмам у другой сусьветнай вайне (як і Ўкраінская ССР). Такому рашэньню спрычынілася перш за ўсё зноў жа афіцыйнае прызнаньне незалежнасьці Беларусі Вярхоўным Саветам Расійскай Фэдэрацыі 11 сьнежня таго ж 1991 году ў выніку ратыфікацыі падпісаных 8 сьнежня Белавескіх пагадненьняў. Ні адна з гэтых падзеяў ня мела б шанцаў зьдзейсьніцца, каб не шматпакутныя намаганьні многіх пакаленьняў беларусаў — тых, хто шчыра любіў Радзіму й перадаваў гэтае пачуцьцё дзецям, хто ўдасканаліў мову да ўзроўню літаратурнай, самаахвярна бараніў Бацькаўшчыну ад іншаземцаў, выжываў пад прыгнётам акупантаў з захаду і з усходу, тых, хто меў мужнасьць стварыць Беларускую Народную Рэспубліку ў 1918 годзе й не адрокся ад беларускасьці ў гулагах, турмах, спрыяў станаўленьню беларускай дзяржаўнасьці з замежжа. Найвышэйшая форма самасьцьверджаньня нацыі — нацыянальная дзяржава. Зь яе, паўтараю, пачынаецца нацыянальная гісторыя. Тыя, хто сьцьвярджае, што незалежнасьць нам проста звалілася зь неба і што мы да яе не падрыхтаваныя, — найбольш небясьпечныя ворагі Беларусі. Яны хочуць, каб працягвалася каляніяльная гісторыя Беларусі ў стане падпарадкаваньня маскоўскай мэтраполіі, якая па-ранейшаму хоча тут уладарыць, хоча палажыць канец тутэйшай нацыянальнай гісторыі. Каб нашая гісторыя мела будучыню, неабходна дзяржаўнасьць дэ-юрэ, якую мы маем, ператварыць у дэ-факта. І мы гэта зробім, бо мы ня зломкі, а эўрапейская нацыя. Мы адны з самых усходніх, з гэтай нагоды мы крыху спазьняемся з уласнай дзяржаўнасьцю, бо нам больш, чым іншым, перашкаджаюць, сёньня — з Усходу. Але з нас не зрабіць качэўнікаў, якім усюды можа быць добра. Лепш за ўсё нам у Беларусі, і мы зробім яе цывілізаванаю эўрапейскаю краінай. І зробім мы гэта разам з расійцамі і іншай нацыянальнасьці грамадзянамі Беларусі, бо яны добра разумеюць, што тут, у Беларусі, у грамадзянаў больш шанцаў наладзіць заможнае жыцьцё для ўсіх. Вось так гэта і скончыцца. Запісаў Аляксей Знаткевіч
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (25) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |