A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (25) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ЦІМАЦІ ГАРТАН ЭШ | |||||
|
Цімаці Гартан Эш
|
(нар. у 1955) — брытанскі гісторык, пісьменьнік і публіцыст. Выкладае ў St. Antony’s College i ў Гувэраўскім інстытуце Стэнфардзкага ўнівэрсытэту. Аўтар шматлікіх кніжак, сярод якіх: “Польская рэвалюцыя. «Салідарнасьць»”, “Historikerstreit. Спрэчка аб месцы Трэцяга Райху ў гісторыі Нямеччыны”, “У цені Эўропы. Нямеччына і падзелены кантынэнт”. |
Злыя пёры не шкадуюць чорнай фарбы, пішучы пра эўрапейцаў, якіх называюць “эўрасамі”, “эўроідамі”, “эўрапэнсамі” [Europeens] і “эўрапутамі” [Euroweenies]. Такія настроі пануюць і на найвышэйшых узроўнях улады. Рычард Пірл, старшыня Рады абароннай палітыкі ЗША, неяк заявіў, што Эўропа згубіла “маральныя арыенціры”, а Францыя — “маральны хрыбет” («Guardian», 13.11.2002). Падчас размоваў з вышэйшымі функцыянэрамі адміністрацыі Буша я мог асабіста пераканацца, што словы “нашы эўрапейскія сябры” звычайна суправаджаюцца эпітэтам “гемарой”. Няцяжка ўявіць амэрыканскі стэрэатып эўрапейцаў. Гэта сьлімакі — слабыя, уражлівыя, аблудныя, перасвараныя, часта антысэміты, а яшчэ часьцей капітулянты. Адным словам — “эўрапуты” пад нагамі ў амэрыканскага Гулівэра (яшчэ раз паклон Ёну Гольдбэргу). Іх маральны касьцяк і вартасьці расталі ў цёпленькім шматскладовым, наднацыянальным, сьвецкім і постмадэрнісцкім кампоце. Марнуюць свае эўра на віно, вакацыі ды разьдзьмутае сацыяльнае забесьпячэньне, замест таго каб выдаткоўваць на абарону, а потым сыкаюць з трыбунаў, калі Злучаныя Штаты выконваюць за іх цяжкую і брудную працу, каб яны, эўрапейцы, маглі жыць у бясьпецы. Затое амэрыканцы — цьвёрдыя і рашучыя абаронцы свабоды. Яны высока трымаюць штандар патрыятычнага служэньня апошняй на сьвеце сапраўды сувэрэннай дзяржаве. Тут было б дарэчы вывучэньне сэксуальных падтэкстаў, схаваных за гэтымі стэрэатыпамі. Наколькі па-антыамэрыканску настроеныя эўрапейцы бачаць у янкі хуліганістых каўбояў, настолькі антыэўрапейскія амэрыканцы лічаць эўрапейцаў пэдыкамі. Амэрыканец — гэта мужны, гетэрасэксуальны самец, эўрапеец жа — гэта нешта жаноцкае, імпатэнт альбо кастрат. Часам замест “эўнух” у Штатах пішуць “EU-нух”. У вайсковым сэнсе эўрапейцы ні на што ня здатныя (напрыклад, у іх менш за 20 цяжкіх транспартных самалётаў, у той час як у амэрыканцаў больш за 200 такіх машынаў). Пасьля маёй лекцыі ў Бостане немалады амэрыканец прыклыпаў да мікрафона, каб запытацца, чаму Эўропе “не стае зьвярынага напору”. Сэксуальныя мроі пракрадаюцца нават у субтыльны паліталягічны аналіз амэрыканска-эўрапейскіх супярэчнасьцяў. Робэрт Каган з Фонду Карнэгі за мір (Carnegie Endowment for Peace) у слынным ужо артыкуле ў «Policy Review»1 паважна пісаў пра “амэрыканцаў, народжаных пад знакам Марсу”, у адрозьненьне ад “эўрапейцаў з-пад знаку Вэнэры” (парафраза назвы гучнай кніжкі Джона Грэя “Мужчыны ёсьць з Марсу, а жанчыны — з Вэнэры”, якая апісвае адносіны між поламі). Але ня ўсе эўрапейцы аднолькава кепскія. Брытанцаў звычайна лічаць трохі лепшымі. Амэрыканскія кансэрватары часта ўвогуле не залічваюць іх у склад эўрапейцаў — ня хочуць абражаць, — што ў большасьці брытанскіх кансэрватараў, духоўных вучняў Маргарэт Тэтчар, выклікае непадробны энтузіязм. А Тоні Блэр — як перад ім Маргарэт Тэтчар, а яшчэ раней Уінстан Чэрчыль — лічыцца ў Вашынгтоне вартым пахвалы выняткам з агульнаэўрапейскага правіла. Найгоршыя мянушкі прызначаюцца французам, якія, ясная справа, плацяць амэрыканцам той самай манэтай. Дагэтуль я нават не ўяўляў, наколькі папулярная ў амэрыканскай масавай культуры старая ангельская забава “пакпі з француза”. У казыно «Ameristar» у Канзас-Сыты якісьці вэтэран другой сусьветнай вайны жаліўся: “От мне тыя французы! Мы ім двойчы ратавалі зад, а яны хоць бы чым калі аддзячылі”. У размовах зь ліцэістамі й студэнтамі каледжаў у Місуры й Канзасе я сутыкнуўся зь дзіўным этнічным забабонам — быццам французы ня мыюцца. “Я адчувала сябе вельмі бруднай”, — кажа адна з студэнтак, калі ўзгадвае падарожжа ў Францыю. “Але ўсё ж ад французаў была чысьцейшай”, — дадае іншая. Двох знаных амэрыканскіх журналістаў — Томас Фрыдман з «New York Times» i Джо Кляйн «New Yorker», якія аб’ехалі краіну ў пошуках матэрыялаў для кніг, апавядалі мне (незалежна адзін ад другога), што паўсюль яны сутыкаліся з антыфранцускімі настроямі. Кожны жарт з французаў выклікае рогат. Ёна Гольдбэрг, кансэрватыўны “змагар з жабаедамі”, рэдактар «National Review Online», які таксама часта выступае па тэлебачаньні, зрабіў папулярным цытаваны ўжо эпітэт “сыраеды, малпы палахлівыя”. Гэты зварот упершыню зьявіўся ў сэрыяле “Сям’я Сымпсанаў”. Як сьцьвярджае сам Гольдбэрг, калі ў 1998 годзе ён пачаў пісаць антыфранцускія анэкдоцікі для «National Review», то адразу ж зарыентаваўся, што “на гэта ёсьць попыт”. Кожныя кпіны з французаў ставалі, як ён кажа, “забойным нумарам”. |
1 Policy Review, No. 113 (June/July 2002). Неўзабаве зьявіцца кніжны варыянт пад назвай “Of Paradise and Power” (Knopf). |
1 Натуральна, ня мае сэнсу складаць у адзін кошык нэакансэрватыўную рыторыку, своеасаблівыя ўяўленьні вучаніц з Канзас-Сыты пра гігіенічныя звычкі французаў і заўвагі высокага функцыянэра Дзярждэпартамэнту, а пасьля называць гэта ўсё гуртам антыэўрапеізмам. Не хацелася б трактаваць антыэўрапеізм амэрыканцаў такім самым чынам, якім амэрыканскія аўтары часта трактуюць антыамэрыканізм эўрапейцаў. Ня трэба блытаць законную і аргумэнтаваную крытыку Эўрапейскага Зьвязу альбо прынцыпаў, якімі цяпер кіруецца Эўропа, з глыбока ўкаранёнай сталай варожасьцю да Эўропы ды ейных жыхароў. Таксама й амэрыканскія публіцысты мусяць ня блытаць (але часта блытаюць) законную й аргумэнтаваную крытыку адміністрацыі Буша з боку эўрапейцаў з антыамэрыканізмам. Таксама як і законную й аргумэнтаваную крытыку ўраду Арыэля Шарона ня трэба разглядаць як праяву антысэмітызму. Да таго ж, мы ня мусім губляць пачуцьця гумару. Адна з прычынаў пакепліваньня эўрапейцаў з прэзыдэнта Джорджа У. Буша — ягоныя забаўныя выказваньні (альбо фразы, што выдаюцца за ягоныя выказваньні). Напрыклад: “Праблема з французамі ў тым, што ў іх мове няма слова entrepreneur2”. Англасаксонская традыцыя высьмейваньня французаў сягае прынамсі Шэксьпіравых часоў. Але менавіта тут схаваная пастка. Кансэрватыўныя публіцысты, кшталту Ёны Гольдбэрга ды Марка Стэйна, дазваляюць сабе скандальныя выказваньні, некаторыя зь якіх ёсьць відавочнымі жартамі, іншыя гучаць напаўжартам-напаўсур’ёзна, а раз-пораз трапляюцца і такія, што выглядаюць цалкам сур’ёзна. Калі ж мы пачынаем пратэставаць супраць якога-небудзь іхняга цьверджаньня, яны заўсёды могуць адказаць: “Але ж гэта быў толькі жарт!” Гумар абапіраецца на перабольшваньне і гульню стэрэатыпамі. Але паспрабуйма сабе ўявіць, што які-небудзь эўрапейскі публіцыст назваў габрэяў “мацаедамі й малпамі палахлівымі”. Ці лічылася б гэткае выказваньне ўдалым жартам? Натуральна, кантэкст тут выступае абсалютна іншы — у ЗША не было генацыду французаў. Аднак гэткі мысьленчы экспэрымэнт павінен прымусіць перасьмешнікаў на хвіліну задумацца. Антыэўрапеізм — не люстраны адбітак антыамэрыканізму. У аснове першага — раздражненьне, зьмяшанае з пагардай, у аснове другога — варожасьць у спалучэньні з зайздрасьцю. Антыамэрыканізм можа ператварацца ў сапраўдную нацыянальную манію — як у Францыі, пра што нядаўна пісаў Жан-Франсуа Рэвэль3. Амэрыканскі антыэўрапеізм не сягае так далёка. У амэрыканскім грамадзтве хутчэй дамінуе памяркоўная абыякавасьць у дачыненьні да Эўропы, якая спалучаецца зь неймаверным невуцтвам. Я два дні падарожнічаў па Канзасе і пытаўся ў людзей, якіх спатыкаў: “Што вам прыходзіць у галаву, калі я кажу “Эўропа”?” Найчасьцейшай рэакцыяй былі зьбянтэжанасьць і доўгае маўчаньне, час ад часу — пахіхікваньне. Пасьля гэтага чуліся рэфлексіі кшталту: — Ну, я думаю, там асабліва дзе не папалюеш (Вэрнан Маска, лесасек з Маклаўту). — Ну, гэта вельмі далёка ад нас (Рычард Соўза, сын эмігрантаў з Францыі й Партугаліі). — Кусок дарогі дзесь за акіянам, — адпарыраваў пасьля доўгай паўзы Джэк Вайсгар, стары фэрмэр нямецкага паходжаньня. Няма сумневу, што селянін ці лесасек з найдалейшай андалюскай альбо закарпацкай вёскі меў бы больш што сказаць на тэму Амэрыкі. |
2 “Прадпрымальнік” (ангельскае запазычаньне з францускай мовы, у абедзьвюх мовах слова значыць тое самае і пішацца аднолькава). (Газэта «Times», 9.07.2002, прыводзячы гэтую цытату, папярэджвае, што цытата паходзіць з “трэціх вуснаў”: што нехта пераказаў журналісту газэты, што Шырлі Ўільямз расказваў, што Тоні Блэр расказваў, што гэта яму сказаў прэзыдэнт Буш. Прэс-сакратар Блэра Алістэр Кемпбэл заявіў, што брытанскі прэм’ер нічога такога не казаў.) 3 Jean-François Revel, L’Obsession Anti-Américaine (Paris: Plon, 2002). |
У Бостане, Нью-Ёрку і Вашынгтоне мне ўвесь час паўтаралі, што пасьля таго, як халодная вайна скончылася, нават тыя людзі, якія добра ведаюць “кантынэнт”4, робяцца ўсё больш абыякавымі да ягоных справаў. Эўропа не разглядаецца ні як магутны хаўрусьнік, ні як сур’ёзны патэнцыйны супернік (як Кітай). “Гэта старэчы прытулак!” — лічыць мой амэрыканскі сябра, які скончыў школу і ўнівэрсытэт у Ангельшчыне. Кансэрватыўны экспэрт Такер Карлсан казаў падчас дыскусіі на CNN (12 чэрвеня 2001 г.): “Каго цікавіць, што думаюць эўрапейцы? Эўрапейскі Зьвяз марнуе час на вызначэньне таго, ці брытанская балёнская кілбаса будзе прадавацца кіляграмамі або фунтамі. Увесь гэты кантынэнт робіцца ўсё менш істотным з пункту гледжаньня амэрыканскіх інтарэсаў”. (Думаю, брытанцу цікава было б даведацца, што гэта такое — “брытанская балёнская кілбаса”.) Я спытаўся ў высокага функцыянэра з Вашынгтону, што будзе, калі вайскова слабыя эўрапейцы будуць працягваць крытыкаваць ЗША. Адказ зводзіўся да пытаньня: “Ну і што?” Аднак я адчуваў, што мае суразмоўцы прысьвячаюць зашмат часу й сілаў на пераконваньне мяне ў тым, як мала іх цікавіць Эўропа. Справа ў тым, што перакананыя супраціўнікі Эўропы — як правіла, гэта ня невукі, абыякавыя да ейных праблемаў. Яны ведаюць нашыя краіны — палова зь іх, здаецца, вучылася ў Парыжы ці Оксфардзе — і ахвотна пералічваюць сваіх эўрапейскіх сяброў. Амаль усе яны падкрэсьліваюць, што не зьяўляюцца антыэўрапейцамі — гэтаксама, як большасьць эўрапейскіх супраціўнікаў ЗША катэгарычна адмаўляюць абвінавачаньне, быццам яны ворагі Амэрыцы (“Не зразумейце мяне няслушна, я люблю Амэрыку ды амэрыканцаў”). Толькі Ёна Гольдбэрг не хаваў у размове з мною сваёй антыэўрапейскасьці. Але нават ён папярэджваў, што “эўрапеец” у ягоным разуменьні — гэта левы бюракрат-інтэрнацыяналіст з Парыжу ці Брусэлю, якому здаецца, што ён найразумнейшы ў сьвеце. Антыамэрыканізм і антыэўрапеізм ляжаць на супрацьлеглых канцах палітычнага спэктру. Першы зь іх чэрпае прыхільнікаў з шэрагаў левых, другі — з правых. Большасьць дэкляраваных амэрыканскіх эўрафобаў — гэта нэакансэрватары, што адносна нашага кантынэнту паслугоўваюцца той самай ваяўнічай рыторыкай, якую выкарыстоўваюць у дачыненьні да айчынных левых. Для Гольдбэрга “эўрапейцы” — гэта толькі шырма, каб наносіць удары па левых. — Дык, такім чынам, Біл Клінтан — гэта эўрапеец? — запытаўся я. — Так, — адказаў ён, — прынамсі, ён мысьліць як эўрапеец. Здаецца, стаўленьне да Эўропы знаходзіцца таксама ў залежнасьці ад таго, трымаецца чалавек левых ці правых поглядаў. На пачатку сьнежня 2002 году асяродак вывучэньня грамадзкай думкі IPSOS-REID уключыў у свой сталы апытальнік некалькі пунктаў, сфармуляваных адмыслова для гэтага артыкулу. Рэспандэнты мусілі выбраць адно з чатырох цьверджаньняў наконт амэрыканскага й эўрапейскага падыходаў да дыпляматыі й вайны. Погляд, што “эўрапейцы аддаюць перавагу дыпляматычным рашэньням перад ваеннымі і гэта іх добрая рыса, якую амэрыканцы маглі б пераняць”, падзяліла 30% электарату Дэмакратычнай партыі і толькі 6% электарату рэспубліканцаў. Затое з супрацьлеглай тэзай — “эўрапейцы занадта схільныя да кампрамісу і не гатовыя бараніць свабоду ў тым выпадку, калі для гэтага даводзіцца ўжываць ваенныя сродкі” — згадзілася толькі 13% дэмакратаў і аж 35% рэспубліканцаў. Падзел выявіўся яшчэ больш выразна, калі рэспандэнтаў папрасілі выбраць адно з двух цьверджаньняў наконт спосабу вядзеньня вайны ў Іраку. 59% рэспубліканцаў і толькі 33% дэмакратаў палічылі, што “ЗША павінны кантраляваць усю апэрацыю, каб пазьбегчы абмежаваньня іхняга поля манэўру эўрапейскімі хаўрусьнікамі”. Для параўнаньня: погляд, згодна зь якім “каардынацыя дзеяньняў ЗША зь іхнімі эўрапейскімі хаўрусьнікамі неабходная, нават калі гэта абмяжуе магчымасьць прыняцьця самастойных рашэньняў”, падзяляюць 55% дэмакратаў і 34% рэспубліканцаў. Такім чынам, здаецца, з-пад знаку Марсу ўсё ж паходзяць рэспубліканцы, а з-пад Вэнэры — дэмакраты. |
4 У англасаксонскай моўнай традыцыі гэта значыць Эўропа, але без Брытанскіх выспаў. |
На думку некаторых кансэрватараў, пляцоўкай Вэнэры зьяўляецца таксама… Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША. Адзін зь лідэраў амэрыканскіх нэакансэрватараў Уільям Крыстэл пісаў пра “вось саступак, якая цягнецца ад Эр-Рыяду да Брусэлю і Фогі Ботам [Foggy Bottom — рэзыдэнцыя Дзярждэпартамэнту]”5. Вандруючы ад Бостану да Вашынгтону, я наслухаўся пра дзьве групы, якія змагаюцца за доступ да вуха прэзыдэнта ў ірацкім пытаньні: з аднаго боку — “група Чэйні—Рамсфэлда”, з другога — “Паўэла—Блэра”. Падданыя ангельскай каралевы вельмі, думаю, зьдзівіліся б, калі б даведаліся, што прэм’ер Яе вялікасьці разглядаецца ў якасьці высокага функцыянэра Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША. Але праатлянтычна настроеным эўрапейцам няма чаго цешыцца, бо нават сярод запісных лібэральных эўрафілаў зь Дзярждэпартамэнту чуюцца галасы расчараваньня ў Эўропе. У найбольшай ступені гэтаму паспрыяла жахлівая параза Эўропы: Эўропа ня здолела прадухіліць вынішчэньне чвэрці мільёна басьнійскіх мусульманаў у сябе пад носам6. З таго часу ўжо шмат разоў пацьвярджалася, што эўрапейцы ня ўмеюць “дзейнічаць сумесна” ў пытаньнях замежнай палітыкі ці бясьпекі. Нават спрэчку за бязьлюдную выспачку паміж Гішпаніяй і Марока мусіў вырашаць Колін Паўэл. “Гэта ж несур’ёзныя людзі”, — коратка падсумоўвае Джордж Ф. Уіл, палітычны камэнтатар-ультракансэрватар, падчас шчодрага сьняданку ў вашынгтонскім гатэлі. Хаця Ўіл — чалавек далёкі ад “левых” зь Дзярждэпартамэнту, шмат хто з тамтэйшых лібэралаў пагадзіўся б зь ягонай думкай. З гістарычнага пункту гледжаньня сытуацыя павярнулася на 180 градусаў. Бо якім быў вэрдыкт Шарля дэ Голя наконт амэрыканцаў? “Ils ne sont pas sérieux”.
|
5 Weekly Standard, August 26, 2002. 6 Гл. мой артыкул “Bosnia in Our Future”, The New York Review, December 21, 1995. У тым выпадку брытанскі ўрад займаў нават вельмі эўрапейскія пазыцыі. |
2 Такім чынам, цяпер у ЗША назіраецца расчараваньне і раздражненьне, нарастае пагарда, а нават і варожасьць да эўрапейцаў. Чаму так сталася? Некаторыя тлумачэньні мы ўжо ведаем, падрабязны аналіз усіх вымагаў бы напісаньня цэлай кнігі. Тут магу толькі зьвярнуць увагу на пэўную праблему, якая заслугоўвае глыбейшага разгляду. Але перадусім заўважым, што антыэўрапейскія настроі ўзьніклі ў Злучаных Штатах ня сёньня і ня ўчора. Як акрэсьліў былы рэдактар «Atlantic Monthly» Майкл Келі, “Амэрыка паўстала як антыпод Эўропы”. У сваёй разьвітальнай прамове ў 1796 годзе Джордж Вашынгтон пытаўся: “Навошта зьвязваць наш лёс зь лёсам якой-кольвек часткі Эўропы, аддаючы наш мір і дабрабыт на волю эўрапейскіх амбіцыяў, спаборніцтваў, інтарэсаў, настрояў і капрызаў?” У ХІХ і ХХ стагодзьдзях для мільёнаў амэрыканцаў Эўропа была месцам, зь якога ўцякаюць. Але існавала таксама іншая зьява — сталае захапленьне Эўропай. Яно было зьвязанае з жаданьнем зраўнавацца, а потым пераўзысьці Эўропу, а перадусім дзьве краіны — Ангельшчыну й Францыю. Выразьнікам гэтае тэндэнцыі быў амэрыканскі празаік Генры Джэймз. Томас Джэфэрсан казаў: “Кожны амэрыканец мае дзьве айчыны — уласную й Францыю”. Гісторык і палітоляг Артур Шлезынгер-малодшы нагадваў мне старую прымаўку: “Пасьля сьмерці амэрыканцы трапляюць у Парыж”. Калі ж стаўленьне амэрыканцаў так рэзка памянялася? Ці ў 1940 годзе, калі Францыя прайграла “дзіўную вайну” і надышоў “час славы” ангельцаў? Ці трохі пазьней, калі генэрал дэ Голь аднаўляў пачуцьцё ўласнай годнасьці французаў у апазыцыі да Амэрыкі, тады як Чэрчыль ствараў “адмысловыя стасункі” паміж дзьвюма нацыямі, да якіх належалі яго бацькі7? (У кожным выпадку імёны дэ Голя й Чэрчыля і надалей застаюцца ключавымі для разуменьня сёньняшняга стаўленьня Шырака й Блэра да ЗША.) Палову стагодзьдзя, ад 1941 да 1991, Злучаныя Штаты і вялікая эўрапейская сям’я вялі вайну супраць супольнага ворагу — спачатку супраць нацызму, потым — савецкага камунізму. Гэта быў пэрыяд геапалітычнага росквіту Захаду. У гады халоднай вайны, натуральна, таксама часам узьнікала напружаньне паміж партнэрамі абапал Атлянтыкі. Некаторыя сёньняшнія стэрэатыпы выявіліся ва ўсёй сваёй красе ўжо на пачатку 80-х гадоў, падчас спрэчак наконт разьмяшчэньня ў Эўропе амэрыканскіх ракетаў «Cruise» i «Pershing». Фармаваліся яны тады ў сьвядомасьці часта тых самых людзей — Рычарда Пірла за ягоную жорсткую лінію праціўнікі тады нярэдка называлі “князем цемры”. Раздражняла эўрапейцаў таксама палітыка ЗША ў адносінах да Цэнтральнай Амэрыкі ды Ізраілю. У 1984 годзе на вокладцы часопісу «Economist» зьявіўся малюнак з подпісам “Па чым амэрыканец пазнае эўрапейца”. Эўрапеец злым вокам глядзіць на Рэйгана, а сьляпым — на Расею. З подпісу можам даведацца, што эўрапеец — гэта “сьлімак, баязьлівец, заечая душа, якому самаўпэўнена здаецца, што ён усё можа, але рукі па дапамогу ён выцягвае ўсё ж да ЗША”. Аднак тагачасныя спрэчкі ўрэшце сунімала наяўнасьць відавочнага супольнага ворагу — Савецкага Саюзу. Сёньня яго няма. Мы зьяўляемся сьведкамі таго, што гадоў 10 таму прадказваў на старонках «Foreign Affairs» аўстралійскі аналітык Оўэн Гарыс, — зьмярканьня Захаду як магутнай геапалітычнай структуры з прычыны зьнікненьня супольнага ворагу8. Эўропа была галоўным тэатрам другой сусьветнай і халоднай войнаў, але не вайны з тэрарызмам. Павялічылася таксама дыспрапорцыя сілаў. ЗША ёсьць цяпер ня толькі адзінай звышдзяржавай — яны сталіся гіпэрдзяржавай, чые ваенныя выдаткі неўзабаве зраўнуюцца з абаронным бюджэтам наступных 15 найбагацейшых краінаў сьвету разам узятых. ЭЗ не выкарыстоўвае сваёй гаспадарчай моцы (супольны валавы нацыянальны прадукт дзяржаваў — сяброў Зьвязу хутка наблізіцца да ўзроўню амэрыканскага — 10 трыльёнаў даляраў), каб дасягнуць параўнальнай вайсковай альбо дыпляматычнай моцы. Ёсьць таксама розьніца ў спосабах карыстаньня з уласных магчымасьцяў. |
7 Маці Чэрчыля Джэні Джэрам была амэрыканкай. 8 “The Collapse of «The West»”, Foreign Affairs, Vol.72, No.4 (September/October 1993). |
На думку Робэрта Кагана, Эўропа перайшла ў кантаўскі “сьвет правоў і правілаў, міжнародных перамоваў і міжнароднага супрацоўніцтва”, у той час як Злучаныя Штаты надалей існуюць у гобсаўскім сьвеце, дзе ключом да дасягненьня міжнародных мэтаў застаецца вайсковая сіла. Паўстае пытаньне: ці гэта праўда? Асабіста мне здаецца, што малюючы гэты — прызнаемся, карыкатурны — вобраз, Каган перахвальвае Эўропу ў тым сэнсе, што ён бачыць рацыянальную сумесную дзейнасьць там, дзе па сутнасьці мы маем дачыненьне з сэрыяй спробаў і памылак, а таксама з рознымі нацыянальнымі асаблівасьцямі. Іншае, менш відавочнае, пытаньне гучыць так: ці эўрапейцы й амэрыканцы хацелі б, каб тэза Кагана была праўдзівай? Хіба так. Шмат каму з амэрыканскіх палітыкаў падабаецца думка, што яны з Марсу, тады як шмат эўрапейскіх палітыкаў ахвотна ўважаюць сябе за вэнэрыянцаў. Эўрапейскі Зьвяз, пашыраючыся, шукае сабе ясьнейшай тоеснасьці. Ён адчувае моцную спакусу самаакрэсьліцца ў апазыцыі да ЗША ды ўдакладняе свой імідж шляхам пералічэньня рысаў, якія розьняць яго ад Амэрыкі. У пачварным жаргоне дасьледаваньняў самасьвядомасьці Амэрыка сталася Чужою. Аднак амэрыканцы ня хочуць быць Чужымі — а хто б, зрэшты, гэтага хацеў? Узрушэньне, выкліканае тэрарыстычнай атакай 11 верасьня, толькі ўзмацніла іхнюю гатоўнасьць прыняць вайскова-місіянэрскую ролю ЗША ў сьвеце. Як заўважыў палітоляг Стэнлі Гофман, і францускі, і амэрыканскі народы аднолькава вераць у сваю ўнівэрсальную цывілізацыйную місію. Сёньня, зрэшты, мы маем справу з агульнаэўрапейскім, а ня толькі францускім, бачаньнем mission civilisatrice — з “(Э)ўтопіяй”, якая гвалтоўна змагаецца з амэрыканскім бачаньнем гэтае місіі ў ягоным новым кансэрватыўным выданьні9. Кожны з бакоў уважае сваё бачаньне за справядлівае. Гэта тычыцца ня толькі канкурэнтных мадэляў міжнароднага ладу, але таксама й дэмакратычнага капіталізму — бо ж абодва бакі зусім па-рознаму разумеюць прапорцыі паміж вольным рынкам і сацыяльнай дзяржавай, свабодай асобы і грамадзкай салідарнасьцю і г.д. На думку палітоляга Чарльза А. Капчана, аўтара кнігі “Канец эры Амэрыкі”10, што нядаўна ўбачыла сьвет, усё гэта зьвястуе ні больш ні менш як хуткае “сутыкненьне цывілізацыяў”: эўрапейскай ды амэрыканскай. Наколькі, згодна з Каганам, Эўропа пакутуе ад хранічнай слабасьці, настолькі Капчан уважае менавіта яе (а не Кітай) за наступнага вялікага праціўніка ЗША. Шмат эўрапейцаў ахвотна ў гэта вераць, але ў ЗША Капчан бадай адзіны прыхільнік гэткага погляду. У ЗША мы назіраем яшчэ іншы, глыбейшы працэс. Як я ўжо ўзгадваў, на працягу апошніх стагодзьдзяў падазронасьць у адносінах да Эўропы спалучалася зь зьдзіўленьнем і захапленьнем. Калі сказаць адкрыта, амэрыканцы пакутавалі ад комплексу культурнай непаўнавартасьці. Дык вось, гэты комплекс паступова зьнікаў і канчаткова зьнік разам з сканчэньнем халоднай вайны і пераходам ЗША ў ранг адзінай звышдзяржавы. Новы Рым не адчувае больш пашаны да старых грэкаў. “Калі ў 40-я і 50-я гады я ўпершыню наведваў Эўропу, то адчуваў ейную вышэйшасьць, — напісаў мне нядаўна адстаўны амэрыканскі дыплямат з шматгадовым стажам працы ў Старым Сьвеце. — Гэта не была перавага ў сэнсе асабістым, бо я ніколі не пачуваўся прыніжаным, нават чыім-небудзь патэрналізмам, але гэта была цывілізацыйная вышэйшасьць. З гэтым скончана. Амэрыка больш не адчувае сябе горшай”11.
|
9 Гл. Kalypso Nicolaïdis and Robert Howse, “«This is my EUtopia...»: Narrative as Power”, Journal of Common Market Studies, Vol.40, No.4 (November 2002). 10 Гл. ягонае “The End of the West” in The Atlantic Monthly, November 2002, і ягонае “The End of the American Era: US Foreign Policy and the Geopolitics of the Twenty-first Century” (Knopf, 2002). 11 E-mail аўтару ад пасла Томаса У.Сайманса, 16 траўня 2002, на цытаваньне якога я атрымаў дазвол аўтара. Майкл Ледын выказвае гэта шчырэй: “Размовы ў Амэрыцы цікавейшыя”, — піша ён, а “ў эўрапейцаў застой у галовах”. Цытую паводле American Enterprise Institute, The American Enterprise , December 2002. Гэты нумар, тэма якога сфармулявана як “Continental Drift: Europe and the US Part Company”, — сапраўдная анталёгія амэрыканскіх правых поглядаў на Эўропу з фантастычным камэнтаром Марка Стайна: “Мне лягчэй з большым аптымізмам глядзець на будучыню Іраку і Пакістану, чым, напрыклад, Галяндыі і Даніі”. |
3 Па заканчэньні халоднай вайны ўсе гэтыя тэндэнцыі былі згладжаныя з прычыны васьмігадовай прысутнасьці ў Белым доме “пачэснага эўрапейца” Біла Клінтана. Аднак у 2001 годзе там пасяліўся Джордж У. Буш, хадзячы падарунак усім эўрапейскім па-антыамэрыканску настроеным карыкатурыстам, які пасьля 11 верасьня акрэсьліў сваю прэзыдэнтуру як “ваенную”. Перакананьне, што Злучаныя Штаты знаходзяцца ў стане вайны, сёньня наймацней адчуваецца ў Вашынгтоне, а дакладней, у колах прэзыдэнцкай адміністрацыі. Вайна з тэрарызмам узмацніла давер рэспубліканскіх элітаў да чагосьці, што Робэрт Каплан называе “ваяўнічай палітыкай” з моцным дамешкам хрысьціянскага фундамэнталізму. Падобную сумесь цяжка сабе ўявіць у глыбока сьвецкай Эўропе. Уолтэр Расэл Мід з Рады па міжнародных адносінах сьцьвярджае (у кніжцы “Special Providence”)12, што ў амэрыканскай замежнай палітыцы ажыла “джэксанаўская” тэндэнцыя13. Тэрарысты з «Аль-Каіды» сталіся новымі крывавымі іракезамі. Як акрэсьліў тое ў размове з мною кансэрватыўны публіцыст Чарльз Кротамэр, амэрыканцы пытаюцца ў эўрапейцаў: “Вы з намі ў гэтай вайне ці не?” Спачатку адказам было гучнае “так”. Хто ня памятае загалоўку з “Le Monde”: “Nous sommes tous des Américains”14? І вось праз паўтара году адзіным эўрапейскім кіраўніком, які, на думку амэрыканцаў, знаходзіцца на іхнім баку, застаўся Тоні Блэр. Гэта пацьвярджае апытаньне IPSOS ад 3—5 сьнежня 2002 г. На пытаньне “Якая краіна выяўляе найбольшую салідарнасьць з ЗША ў іхнім змаганьні зь Іракам?” 59% рэспандэнтаў адказалі — Вялікабрытанія. Наступныя месцы занялі Ізраіль (11%), Канада (7%), Францыя (4%), Нямеччына і Расея (па 3%). Шмат хто ў Вашынгтоне лічыць, што Францыя вярнулася на свае даўнія антыамэрыканскія пазыцыі, а нямецкаму канцлеру Гергарду Шродэру ўдалося перамагчы на леташніх выбарах дзякуючы цынічнаму выкарыстаньню антыамэрыканскіх настрояў. Шляхі эўрапейцаў і амэрыканцаў пачалі разыходзіцца на пачатку 2002 году адначасова з эскаляцыяй ізраільска-палестынскага канфлікту. Блізкі Ўсход зьяўляецца крыніцай і каталізатарам шмат якіх пачуцьцяў, уключна з разьвітым эўрапейскім антыамэрыканізмам і нованароджаным амэрыканскім антыэўрапеізмам. Крытыка ўраду Шарона з боку эўрапейскіх палітыкаў выклікала самыя зьедлівыя антыэўрапейскія камэнтары амэрыканскіх публіцыстаў, у якіх не-не дый прамільгне абвінавачаньне эўрапейцаў у антысэмітызьме. Як мне заявіў адзін левы габрэйскі публіцыст, аўтары гэткіх камэнтароў часта ня проста займаюць праізраільскія пазыцыі, яны “прыроджаныя лікудаўцы”. |
12 Special Providence: American Foreign Policy and How It Changed the World (Routledge, 2002). 13 Ад прозьвішча Эндру Джэксана, прэзыдэнта ЗША ў 1828—36 гг., які вёў войны супраць індзейскіх плямёнаў і Мэксыкі. 14 “Мы ўсе — амэрыканцы”, гэткім чынам рэдакцыя францускай газэты абвяшчала аб сваёй салідарнасьці з ахвярамі тэрактаў 11 верасьня. |
“Гэтыя людзі, — пісаў нядаўна палітоляг Стэнлі Гофман, — здаецца, перакананыя ў адзінстве інтарэсаў габрэйскай дзяржавы і Злучаных Штатаў”15. Прапалестынскія эўрапейцы, абураныя тым, што крытыку Шарона ў ЗША выдаюць за антысэмітызм, пачынаюць гаварыць пра моц “габрэйскага лобі” ў Амэрыцы. Гэта пацьвярджае найгоршыя падазрэньні амэрыканскіх камэнтатараў наконт эўрапейскага антысэмітызму. І гэтак кола замыкаецца. За безнадзейнай блытанінай узаемных забабонаў хаваецца, ясная рэч, сапраўдная розьніца ў поглядах на праблему Блізкага Ўсходу. Эўрапейскія палітыкі, напрыклад, схільныя меркаваць, што дасягненьне ізраільска-палестынскага паразуменьня больш дало б для канчатковай перамогі ў вайне з тэрарызмам, чым інтэрвэнцыя ў Іраку. З нашага пункту гледжаньня цікавым выглядае больш агульнае назіраньне: калі ўсходнеэўрапейская халодная вайна з камунізмам яднала Эўропу з Амэрыкай, то блізкаўсходняя “вайна з тэрарызмам” аддаляе іх адну ад другой. Савецкі Саюз яднаў Захад, Блізкі Ўсход яго разьядноўвае. Калі паглядзець на рэчы цьвяроза, такое разьядананьне — поўнае глупства. Для Эўропы, што суседзіць з буйной, усё буйнейшаю папуляцыяй мусульманаў, мір, дабрабыт і дэмакратыя на Блізкім Усходзе зьяўляюцца непасрэднай жыцьцёвай праблемай — значна большай, чым для ЗША. Я размаўляў з двума высокімі функцыянэрамі вашынгтонскай адміністрацыі, і ім спадабалася думка, выказаная некаторымі амэрыканскімі аналітыкамі, што новай вялікай задачай новага адзінага Захаду мусіць стаць дэмакратызацыя Блізкага Ўсходу і сумежных краінаў. Адно што пакуль такое разуменьне ня стала явай. Пакуль здаецца, што вайна з Іракам толькі паглыбіць разлом паміж Эўропай і Амэрыкай. Але нават калі ўрэшце да вайны ня дойдзе, Блізкі Ўсход застанецца катлом, у якім праўдзівы ці ўяўны антыамэрыканізм эўрапейцаў будзе правакаваць праўдзівы ці ўяўны антыэўрапеізм амэрыканцаў, а абодва гэтыя пачуцьці будуць жывіцца павярхоўнымі абагульненьнямі наконт эўрапейскага антысэмітызму. Зьмяніць сытуацыю можна было б толькі супольнымі высілкамі абодвух бакоў альбо з абраньнем у Белы Дом новае адміністрацыі ў 2005 ці 2009 годзе. Але пакуль такое станецца, яшчэ шмат шкоды можа зрабіцца зь цяперашняга стану. Можна лічыць, што само пісаньне пра амэрыканскі антыэўрапеізм накручвае сьпіраль узаемнага недаверу. Аднак публіцысты — не дыпляматы. Амэрыканскі антыэўрапеізм існуе, а ягоныя вестуны могуць стацца першымі ластаўкамі іншых, кепскіх часоў. Пераклаў з «New York Review of Books» Ігар Лялькоў
|
15 Stanley Hoffmann, “The High and the Mighty”, The American Prospect, January 13, 2003. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (25) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне Элы Мацьвіенкі |