A R C H E П а ч а т а к № 2 (25) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22003
» да Зьместу «

 


Туманнасьці беларускай гісторыі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


п’еса

 
Вокладка ARCHE 2-2003. Туманнасьці беларускай гісторыі.
 

Аляксей Бацюкоў
 
Начныя праспэкты
  п’еса ў трох дзеях


Дзейныя асобы:

С т а с ь  В а д а д о х і н,  малады чалавек, патрульны.
Э л ь з а,  журналістка.
Т р о ш а  П о н і,  нявеста Стася Вададохiна.
П ё т р а,  сябар Эльзы.
К о н а н,  сябар Эльзы.
С а н і т а р ы.
Ц е н i.

Дзея першая

Звычайны пакой. С т а с ь  сядзiць за сталом. Перад ім — аркуш паперы і аловак, побач — два кубачкі з гарбатай. Нейкi час гучыць музыка.

C т а с ь (слухаючы сьціханьне музыкі, узьнімае галаву). Тут нехта ёсьць? (Пасьля паўзы.) Хто тут? А можа, няма нікога? Гэта добра, што няма. Я спадзяюся, сёньня ўжо ніхто ня прыйдзе. Сваю нявесту я чакаў з раніцы, а цяпер вечар, і я не хацеў бы кагось бачыць. І таксама я не хацеў бы, каб хтось бачыў мяне (запальвае цыгарэту). Калі ўсё ж нехта зойдзе, гэты дым выесьць яму вочы, і ён ня ўбачыць сонечнага сьвятла. Як і я, бо я ніколі ня бачу сонечнага сьвятла. Уночы я працую, а ўдзень сплю. Я думаю, што гэта нармальна. (Ходзіць, затым сядае. Сьмяецца, змаўкае й далей паліць.) Я нікога не люблю. (Сьмяецца.)

Зноў нейкі час гучыць музыка, мяняецца асьвятленьне, белая пляма выхоплівае толькі  С т а с я, ён нешта нясьпешна піша, потым асьвятленьне робіцца звычайным. За сталом, апроч  С т а с я, сядзіць  Э л ь з а, яна глядзіць на яго.
 

 
   

С т а с ь. Добры дзень, я Стась Вададохін.

Э л ь з а. Добры дзень.

С т а с ь (мэлянхалічна). І вось, вы ўсё ж прыйшлі. Вы –– Эльза.

Э л ь з а. Так, гэта праўда.

С т а с ь. Добра (запытальна глядзіць на Эльзу).

Э л ь з а. Я, знаеце, напішу пра вас.

С т а с ь. Што?

Э л ь з а. Усё, што я пра вас даведаюся.

С т а с ь. Напішэце, як я сплю.

Э л ь з а. А як я даведаюся?

Яны крыва ўсьміхаюцца,  С т а с ь  няўпэўнена рухае рукой, нібыта зьбіраецца накрыць далонь  Э л ь з ы.

С т а с ь. Напішэце, што я ем.

Э л ь з а. І што вы выпаражняеце (сьмяецца).

С т а с ь. Ой, што вы!

Э л ь з а. Разумееце, я хацела б зладзіць нашую з вамі размову ня так, як вы чакаеце. Я не зьбіраюся браць у вас інтэрвію, бо так я пабачу вас не жывым, а такім, якім вы захочаце сябе паказаць. Уявіце, што я вашая сяброўка, — мусіць, так вам будзе зручней.

С т а с ь. У мяне ёсьць сяброўка.

Э л ь з а. Я вас у яе адбіла.

С т а с ь (ківае). Ну, ну.

Э л ь з а. Ты мой харошы (дакранаецца да ягоных рук). Гэта як бы гульня. Ніхто ня ведае, што я да вас прыйшла. Раскажы мне што-небудзь такое…

С т а с ь. Знаеце, учора я забіў чалавека.

Э л ь з а (сьмяецца). Чалавека? Ах, ну як жа!

С т а с ь. Ён быў бандытам.

Э л ь з а. Ніякіх гарантыяў, што іншым днём ты не заб’еш мяне.

С т а с ь. Днём я сплю.

Э л ь з а. У вас чамусьці халодна.

С т а с ь. Я прынясу выпіць?

Э л ь з а. А што ў вас ёсьць?

С т а с ь. Гарбата. Я вельмі люблю гарбату.

Э л ь з а. Добра.
 

 
   

С т а с ь  пасоўвае кубачкі з гарбатай.

Так. Калі мы дамаўляліся з вамі пра сустрэчу, я прасіла вас запісаць некалькі ўласных думак.

С т а с ь. Так, так, вось яны (падае аркуш паперы). Тут пра маю працу і нават пра каханьне.

Э л ь з а. Навошта пра каханьне? Я не прасіла. (Грэбліва.) Гэта вершы?

С т а с ь. Не, проста думкі кароткія. І ў слупок.

Э л ь з а (чытае). Уночы праспэкты зрынаюцца ў бруд. Я ненавіджу бандытызм. Люблю хадзіць адзін. У мяне добры зрок. (Перачытвае моўчкі.) Гэта ўсё?

С т а с ь  ківае.

А дзе ж тут пра каханьне?

С т а с ь. Хіба вы прапусьцілі першую фразу?

Э л ь з а (пасьля паўзы). I як атрымалася, што вы забілі таго чалавека?

С т а с ь. Я пабачыў яго зводдаль і стрэліў. Пісталет мне выдалі нядаўна. Я яшчэ ня вельмі прызвычаіўся страляць у жывых людзей, таму я тады не патрапіў, а толькі спалохаў ворага. Але потым адразу ж узяў сытуацыю пад кантроль, выхапіў нож і закалоў бандыта.

Э л ь з а. Гэта што, праўда?

С т а с ь. Ну, а што?

Э л ь з а. Я ня думала, што патрульныя забiваюць людзей.

С т а с ь. Ды яны больш нiчога ня робяць.

Э л ь з а (пасьля паўзы). Вы заўважылі? Пад вокнамі нехта ходзіць.

С т а с ь. Магчыма, за мной назіраюць. Няма ніякіх падставаў лічыць іначай.

Э л ь з а. Гэта жанчына.

С т а с ь. Жанчыны мяне любяць. Праўда, нядоўга.

Э л ь з а. А вы іх?

С т а с ь. А я не люблю.

Э л ь з а. А сваю сяброўку вы любіце?

С т а с ь. Цяпер вы мая сяброўка?

Бярэ ейную руку ў свае.

Э л ь з а (працівіцца). Ну добра, досыць, патрымалі. Хочацца адзначыць вашую ўпартасьць.

С т а с ь (не выпускае рук, усьміхаецца). Значыць, пачнём інтэрвію?

Э л ь з а (яшчэ працівіцца, але ўсё слабей). Я ўжо не хачу. Ну ня трэба, падумайце пра мяне.

С т а с ь. Я ж чакаў, што хоць нехта прыйдзе. Цяпер усё.

Э л ь з а. Што — усё? За намі назіраюць!

С т а с ь. Ты мая сяброўка.

Э л ь з а. Мы ўжо на ты?

С т а с ь. Я ўключу музыку.

Э л ь з а. Ну ўключы!

С т а с ь (цяпер увесь хіліцца да  Э л ь з ы). Шнітке?

Зацямненьне. Музыка, на сцэне — зыркія сполахі, па якіх рухаюцца цені дваіх людзей: бегаюць адзін ад другога, сутыкаюцца, падаюць на стол, і потым бачны толькі цень нагі. Затым ізноў зацямненьне і паўза.
 

 
   

Д з е я  д р у г а я

Тыя ж, за сталом.

С т а с ь (устае, выходзіць з-за стала, робіць некалькі крокаў па пакоі, вяртаецца за стол). Эльза.

Э л ь з а (жартаўлiва). Стасік.

С т а с ь. Зараз сюды прыйдзе адзін чалавек.

Э л ь з а. Хто ён?

С т а с ь. Гэта дзяўчына.

Э л ь з а. Твая?

С т а с ь. Так. Мы зь ёй — жаніх і нявеста. Мне хацелася б, каб яна ня ведала пра тое, што здарылася між намі.

Э л ь з а (папраўляе адзеньне). Я разумею. (Патасна.) Можаш быць пэўны: нават у выпадку, калі ўсё будзе йсьці супраць мяне, я не скажу пра нас.

С т а с ь (ківае). Мы пазнаёміліся зь ёю ў іншым горадзе. Вельмі даўно. Яна мусiла ўжо прыехаць.

Э л ь з а (зьдзекліва). Iнтэрвiю магло не атрымацца.
 

 
   

С т а с ь  устае, больш бадзёра робіць некалькі крокаў па пакоi, вяртаецца, сядае, глядзіць на гадзіньнік.

Э л ь з а (рэзка ўстае). Мне было... (пачынае гучна гаварыць, але на сцэну выходзіць  Т р о ш а, і  Э л ь з а  змаўкае).

Э л ь з а  сядае. С т а с ь  ускоквае, сустракае  Т р о ш у, нешта кажа ёй, паказваючы на  Э л ь з у, яны абдымаюцца, садзяцца за стол.

С т а с ь (пасьля некаторай паўзы, да  Э л ь з ы, бадзёра). Дык я працягваю. Праца патрульным па начох патрабуе ад чалавека сур’ёзных высілкаў ува ўдасканаленьні фізычнай і духоўнай формы. Я думаю, што толькі людзі з жалезнымі рукамі і душой здольныя адзіночкі патруляваць начныя праспэкты. Ты таксама так лічыш, Троша Поні?

Т р о ш а (да  Э л ь з ы). Я Троша Поні.

Э л ь з а. Я Эльза. Журналістка.

Т р о ш а. Я прыйшла да свайго жаніха, Стася Вададохіна.

Э л ь з а. Я таксама. Да вашага жаніха.

Т р о ш а. Калі хтосьці кудысьці прыходзіць, гэта азначае, што там, адкуль ён прыйшоў, засталіся людзі, якія яго чакаюць.

Э л ь з а. Вы мне?

Т р о ш а. Якія цяпер журналісты, нічога не запісваюць.

Э л ь з а. А я ўсё запомніла.

Т р о ш а. Хіба вы тут пра нешта размаўлялі? (Бярэ Стасеў кубачак.) Стась, што табе перашкодзіла выпіць гарбату?

Э л ь з а. Я бачу, вам лепей застацца сам-насам (устае).

С т а с ь. Зараз сыходзiце? (Адбірае ў  Т р о ш ы  кубачак, расплёсквае гарбату, злуецца, грукае кубачкам аб стол.)

Т р о ш а (глядзіць на  С т а с я). Вельмі прыемна было пазнаёміцца.

Э л ь з а. Гэта яшчэ што.

С т а с ь. Эльза, вы сыходзіце?

Т р о ш а. І вы ня выпілі сваёй гарбаты. Яна ўжо халодная.

Э л ь з а. Можаце дапіць.

Э л ь з а  пакідае іх, гучыць музыка. Далей  С т а с ь  ходзіць па сцэне, часам ненадоўга сядаючы за стол.

Т р о ш а (растапыранымі пальцамі ляпае па стале). Пам, пам, пам.

С т а с ь. Каторая гадзіна?

Т р о ш а. Ужо вечар. Як твая праца?

С т а с ь. Нармальна. Як ты сябе адчуваеш?

Т р о ш а. Нармальна.

С т а с ь. У мяне таксама ўсё нармальна. (Пасьля паўзы.) Якія ў цябе маленькія рукі.

Т р о ш а. Я купіла табе прадукты, пакінула ў калідоры.

С т а с ь. У мяне скончыліся грошы.

Т р о ш а. Я дам.

С т а с ь. Я не вазьму.

Т р о ш а. Як хочаш.

Паўза.

С т а с ь. У нашым горадзе зьявілася новае радыё.

Т р о ш а. Табе падабаецца?

С т а с ь. Так, вельмі. Хочаш, уключу?

Т р о ш а. Не, дзякуй.

С т а с ь (пасьля паўзы). Чаму?

Т р о ш а. Давай лепей памаўчым.

С т а с ь (з прытоенай палёгкай). Давай.

Паўза. С т а с ь  сядае, але часам то выцягвае ногі пад стол, то забірае іх пад сябе, то разводзіць, то трасе.

С т а с ь. Я ўяўляю сабе, што ты цяпер думаеш. Ты лічыш, што я нехарошы чалавек. Магчыма, табе нават непрыемна са мной размаўляць.

Т р о ш а. Давай ня будзем пра гэта. Я ні ў чым цябе не падазраю. Мне гэта нецікава.

С т а с ь. І мне нецікава.

Паўза. С т а с ь  сядае бліжэй.

А мы так ані разу й не паглядзелі ў вочы адно адному, як жаніх нявесьце і як нявеста жаніху. Ты разумееш, пра што я?

Т р о ш а. Перастань.

С т а с ь. Што перастань?

Т р о ш а. Раптам хто зойдзе.

С т а с ь. І яна туды. Мы амаль ужо маем права на ўсё.

Т р о ш а. Ты што, пацярпець ужо ня можаш?

С т а с ь. А чаму я павiнен цярпець?

Т р о ш а. I ён туды!

С т а с ь (падазрона). Што?

Т р о ш а. Вось ты кажаш, давай патрахаемся, а я што, думаеш, жалезная?

С т а с ь. А ты думаеш, я жалезны? Я думаю пра цябе кожны вечар!

Т р о ш а (іранічна). Я бачу.

С т а с ь. Я думаю пра твае рукi, уяўляю сабе тваю сьпiну, нiбыта гэта мая сьпiна, разумееш, нiбыта яна належыць i заўсёды належала толькi мне.

Т р о ш а. Ого! Ты рэдка гаворыш такімі доўгімі фразамі.

С т а с ь. Ты што, ня верыш мне?

Т р о ш а. Ведаеш, перад гэтым я мушу аб нечым табе сказаць.

С т а с ь. Ты, пэўна, хочаш, каб я нешта табе ўсё ж патлумачыў?

Т р о ш а. Не. (Пасьля паўзы.) Я расла ў невялікім мястэчку, усіх людзей успрымала іначай, чым цяпер, ставілася да таго, чаго яны дабіваліся ад мяне, наіўна, не разумеючы таго жаху і той брыдкасьці... Я прымала гэта як нейкую цікавую і часам, ня буду хаваць, прыемную гульню. Толькі значна пазьней, ужо пасьля заканчэньня школы, я пачала сур’ёзна ўсьведамляць тое, што адбывалася. Але спыніцца ўжо не магла. Мне падабалася і цяпер падабаецца ўсё незвычайнае, ліхаманкава хуткае і да сьлёз пяшчотнае, мне нават неабавязкова добра ведаць чалавека. Тое, што мы рабілі, называецца... ой, ледзь не прагаварылася. Я магла б заняцца цяпер гэтым з табой, я ведаю, што ты вельмі доўгі час гэтага чакаў, на гэта спадзяваўся і гэтым мроіў (бярэ ягоную руку, прыкладае да сваіх грудзей), мне цікава было назіраць…

Паўза, С т а с ь  падаецца ўсім целам наперад, прыкладае да яе грудзей другую руку.

Але ведаеш, мне яшчэ трэба разабрацца ў сабе (адводзіць  С т а с е в ы  рукі).
 

 
   

Адну хвіліну яны сядзяць моўчкі, ня робячы выразных рухаў, затым  С т а с е в ы  плечы пачынаюць скаланацца.

С т а с ь (зло). Я чакаў, што ты прыедзеш першым цягніком, а ты не прыехала.

Т р о ш а. Я прыехала. Я прыйшла не адразу.

С т а с ь. Ты разьбіралася ў сабе? Я дапамагу табе ў гэтым! Так, што ты сама ня радая будзеш!

Т р о ш а. Як я магу быць ня радая таму, што дасі мне ты. Гэта абавязкова будзе нешта вялікае, добрае, вечнае.

С т а с ь (з агідай б’е кулаком па стале). Вялікае! Добрае! Вечнае!

Т р о ш а. Ну, ня трэба хвалявацца.

С т а с ь. Столькі доўгіх дзён хацець палаць — і наталяцца дымам; ледзь пацямнее, ледзь зойдзе сонца, зрываць зь нянавісьцю зь сябе мундзір і хадзіць за кожнай сустрэтай дзяўчынай, нават не хадзіць, а паляваць, перасьледаваць яе ў падваротні, дыхаць рот у рот, шалець ад рухаў і крычаць. Зрэшты, мяне не здавальняюць жанчыны. Апранутыя, яны падобныя да ружы, распранутыя –– да пальца. Я сумую зь iмi. Я верыў толькi табе.

Т р о ш а. А чаму гэта ты мне верыў? (Цішэй.) І што, я не жанчына?

С т а с ь. Я не магу ня верыць нiкому. Я лепей памру.

Т р о ш а. Ой, можна падумаць.

С т а с ь. Альбо заб’ю цябе.

Т р о ш а (ня надта слухае С т а с я). Аднойчы нас сабралася вельмі шмат у адным пакоі, усё працягвалася даволі доўга, сярод нас была Эльза.

С т а с ь. Гэта праўда?

Т р о ш а. Я магла й пажартаваць. Няма ніякіх гарантыяў, што я не пажартавала.

С т а с ь. Мне ня сьмешна.

Т р о ш а. А мне сьмешна.

С т а с ь  робіць імклівы рывок да  Т р о ш ы, тая ўскоквае, але  С т а с ь  даганяе і хапае яе за шыю й плячо, цягне да сябе, спрабуе сарваць з  Т р о ш ы  адзеньне. Раптам б’е гадзіньнік і чуецца крык “Поўнач!”. С т а с ь  адпускае дзяўчыну. Т р о ш а  папраўляецца, бярэ руку  С т а с я, цалуе ў далонь. Асьвятленьне на сцэне паступова гасьне, пакідаючы адзін белы прамень, накіраваны на  Т р о ш у. Яна паціху адпускае руку  С т а с я, затым сядае за стол. Гучыць радыё.

Т р о ш а. Вайскоўцы, пажарныя, куды ім да начных патрульных. Куды ім да тых, чый лёс зьвязаны з гарадзкімі праспэктамі, да тых, чые твары такія блізкія і мужчыну, і жанчыне, і нават пэнсіянэру (бярэ паперу й аловак). А я зараз напішу ліст да Эльзы. Яна ўжо цяпер далёка, тая Эльза. Што ж ёй напісаць? Ай, ня буду! (Штосілы кідае аловак.) У мяне характар — ух! Я — двухжыльная!

Уваходзіць  Э л ь з а, пляма сьвятла выхоплівае яе зь цемры. С т а с я  на сцэне ўжо няма. Э л ь з а  сядае побач з  Т р о ш а й. Асьвятленьне — звычайнае.

Т р о ш а. Гэта ты, Эльза? Я ледзьве пазнала цябе. Ты мне прабач, калi ты сыходзiла, я не разьвiталася з табой, таму што была вельмi злая. Ты павінна мяне… нас са Стасікам разумець. Нас двое, і таму мы больш уразьлівыя.

Паўза, Э л ь з а  ківае галавой.

Яму цяпер цяжка.

Э л ь з а (паціскае плячыма). Нават ня ведаю, навошта я сюды вярнулася. Хацела сказаць, што забыла торбачку, але ў мяне не было торбачкі. Вось такі заплечнік ёсьць (паварочваецца сьпінай), а торбачкі няма.

Т р о ш а. Ён ужо пайшоў на працу.

Э л ь з а. Так, так, зразумела. Я была каля фантанаў, каля жылых кварталаў, каля станцыі, а потым вярнулася сюды. Дзе толькі я ні была.

Т р о ш а. Ты такая мяккая (кладзе далонь на руку  Э л ь з ы).

Э л ь з а (азіраецца й пасоўваецца да  Т р о ш ы). Што ты маеш на ўвазе?

Т р о ш а. Эльза, у цябе такое прыгожае імя, яго хочацца пакаштаваць на язык.

Э л ь з а. Праўда? (Саромеецца, ізноў азіраецца і яшчэ бліжэй пасоўваецца да  Т р о ш ы). Ты мяне палохаеш, Троша Поні (кладзе руку ёй на плячо і глядзіць у самы твар).

Т р о ш а. Палохаю?
 

 
   

Гучыць музыка,  Т р о ш а  спрабуе лiзнуць  Э л ь з у, тая трымціць і ўскрыквае. Яны сьмяюцца.

Т р о ш а. Я б хацела зараз гарачай гарбаты.

Э л ь з а. Чаго раптам?

Т р о ш а. Ночы тут — зусім як на маёй радзіме.

Э л ь з а. А дзе ты нарадзілася, дарэчы, хто ты?

Т р о ш а (адкідвае галаву назад, распраўляючы валасы, нейкі час летуценна пазірае некуды ўверх). Ах, не пытайся ў мяне пра гэта. Мне добра i тут, толькі хочацца гарачай гарбаты.

Э л ь з а. А хочаш, я сама скажу, адкуль ты? Твая радзiма — Быхаў!

Т р о ш а. Табе Стасік сказаў?

Э л ь з а. Хiба нам болей не было пра што гаварыць?

Т р о ш а. Адкуль я ведаю, я за вамi не падслухоўвала.

Э л ь з а. А што ты ведаеш?

Т р о ш а. А ты што?

Э л ь з а. Я ведаю, што ты з Быхава!

Т р о ш а. Сама ты з Быхава! Што я, дурная?

Э л ь з а. А што, я дурная?

Т р о ш а (зьдзеклiва). Не, ты не дурная, калi ты тут.

Э л ь з а. Пагавары мне.

Т р о ш а. Я пагаварыла Стасіку, ён мне і паверыў. Ён цяпер думае, што я неразборлівая, а ўсё гэта няпраўда. Я думаю, ён таксама мне лгаў, проста нам было сумна й хацелася нейкай вастрыні. Ён ілгаў, гэта дакладна. І я хлусіла, і пра цябе хлусіла. Я вельмі чыстая, ужо я сябе ведаю.

Э л ь з а. Не надакучыла табе?

Т р о ш а. Ой, можна падумаць!

Э л ь з а. Ну, я хоць не такая зануда!

Т р о ш а. Такая!

Э л ь з а. Мы з табою яшчэ разьбяромся.

Т р о ш а (іранічна). Усё вырашыцца хутка.

Э л ь з а. Не люблю, калі ўсё робіцца хутка.

Т р о ш а. Дарэмна, у гэтым нешта ёсьць. Навошта думаць толькі пра сябе?

Э л ь з а. Калі я думаю пра цябе, мне робіцца млосна.

Т р о ш а. А ты выклікаеш ува мне пераважна шаленства!

Э л ь з а. Вельмі рэдка жанчына робіць камплімэнт другой жанчыне.

Т р о ш а. Ну й ня трэба.

Э л ь з а. Ты пакрыўдавала?

Т р о ш а. Так, але я трымаю сябе ў руках.

Э л ь з а. Калі я застануся тут яшчэ, я каго-небудзь задушу.

Т р о ш а. Пойдзем на праспэкты.

Э л ь з а. А там задушаць мяне.

Т р о ш а. Альбо мяне.

Э л ь з а. Альбо цябе.
 

 
   

Зацямненьне. Паўза. На сцэне мільгаюць агні — так, нібыта побач праяжджаюць рэдкія аўтамабілі, да гэтага дадаюцца гукі матораў, часам віскат тармазоў і далёкая музыка. Сцэна неўзабаве асьвятляецца — на ёй запальваюцца тры ліхтары, пасярэдзіне на лаўцы сядзяць  Т р о ш а  і  Э л ь з а. Дэкарацыі вуліцы.

Э л ь з а. Табе не здалося, што нехта прасьлізнуў? Там, за дрэвамі?

Т р о ш а. Апошнім часам я нікога не заўважаю, акрамя аднаго чалавека. Мне даўно не было так хораша. Ведаеш, ён верыць мне. Я заўсёды буду зь iм.

Э л ь з а. Ну й дурная.

Т р о ш а. Хопіць спрачацца са мной!

Э л ь з а (махае рукамі). Раскамандавалася!

Т р о ш а. Ты проста невыносная.

Э л ь з а. Затое ты выносная.

Т р о ш а. Што ты хочаш гэтым сказаць, ты нешта маеш на ўвазе?

Э л ь з а. Вось я зараз дастану аловак i запiшу ўсе твае словы.

Т р о ш а. Калi ты такая разумная, схадзі лепш па гарбату.

Э л ь з а. Думаеш, не схаджу?

Т р о ш а. Я б не схадзіла.

Э л ь з а. І я не пайду.

Паўза.

Э л ь з а. Паслухай, а ты да Стася з кім-небудзь была?

Т р о ш а. Я й са Стасем не была.

Э л ь з а. А я дык была.

Т р о ш а. Я бачыла.

Э л ь з а. І ты ўсё бачыла?

Т р о ш а. Я ледзьве стрымалася, каб не засьмяяцца.

Э л ь з а. Я таксама. Была нейкая мэлянхолія ў ягоных рухах.

Т р о ш а. Вось і я заўсёды думала: гэта ж колькі цярпеньня трэба мець.

Э л ь з а. Галоўнае — думаць пра нешта сур’ёзнае, пра такое, ад чаго хочацца крычаць.

Т р о ш а. А ты пра што думала?

Э л ь з а. Я ўявіла, што Стась — прусак.

Т р о ш а. Ого! Я б ніколі не здагадалася.

Э л ь з а. Ціха, глядзі, нехта наблiжаецца.

Абедзьве глядзяць у адзін бок — зьлева ад сцэны. Сочачы за некім, паволі павяртаюцца тварам да залі.

Т р о ш а. Хто гэта?

Э л ь з а. На ім плямісты мундзір, а цераз усе грудзі — партупэя.

Т р о ш а. Можа, ён сходзіць па гарбату?

Э л ь з а. Я бачыла такіх людзей на фатаздымках ува ўрадавых газэтах. Гэта начны патрульны.

Т р о ш а. Бачыш, ён ускідвае пісталет.

Э л ь з а. Сапраўды, патрульны.

Т р о ш а. Якая трывожная постаць. Ён вельмі добра трымае зброю.

Чуваць стрэл, адзін зь ліхтароў гасьне. Дзяўчыны ўціскаюць галовы ў плечы. Э л ь з а  імкнецца адсунуцца ад  Т р о ш ы.

Э л ь з а. Ён баіцца, што мы ўцячом альбо схаваемся.

Т р о ш а. Ягонай працы не пазайздросьціш.

Ізноў стрэл, адначасова гасьне другі ліхтар. Дзяўчыны закрываюць галовы рукамі.

Э л ь з а. Цябе не параніла?

Т р о ш а. Не, не параніла. Я двухжыльная.

Э л ь з а. А мяне, здаецца, ледзь не параніла.

Т р о ш а. Няхай бы ён пайшоў, праўда?

Э л ь з а. Ну.

Т р о ш а. Зь пісталета цяжка пацэліць.

Э л ь з а. Яшчэ з такой адлегласьці.

Ізноў стрэл. Астатні ліхтар успыхвае і гарыць мацней.

Т р о ш а (уздрыгвае). Вой!

Э л ь з а. У цябе патрапіла?

Т р о ш а. Ага.

Э л ь з а (бярэ  Т р о ш у  за плечы). Ух ты. Ну ты нічога, трымаешся. Глядзі, ён сыходзіць.

Т р о ш а (крыху спаўзае). Нарэшце.
 

 
   

Э л ь з а  адна адсочвае сыход патрульнага — паволі вядзе позірк з залі ўправа. Т р о ш а  тым часам паціху спаўзае.

Э л ь з а. Ягоная хада чымсьці нагадвае мне Стася.

Т р о ш а. Як ты так можаш!

Э л ь з а. Прабач.

Т р о ш а. Мне нешта халодна, я нiбыта раблюся квадратам.

Э л ь з а. Лепей бы падумала, што цяпер рабіць.

Т р о ш а. Трэба пакінуць пра сябе памяць у людзях, так?

Э л ь з а. О, гэта вельмі важна.

Т р о ш а. Але я не хачу, каб людзі думалі пра мяне, я гэтага нават баюся.

Э л ь з а. Няхай думае хоць хто.

Т р о ш а. Ты будзеш пра мяне думаць?

Э л ь з а. Я не магу паабяцаць…

Т р о ш а. А Стась? (Уздрыгвае.) Ну вось, я ўжо паміраю. Трэба нешта прыдумаць. Гэтую насовачку (дзьвюма рукамі дастае хустку) перадай яму.

Э л ь з а. Усё? Ты паміраеш?

Т р о ш а. Здаецца, так.

Э л ь з а. О-го. Ты, пэўна, чакаеш, што я табе штосьці скажу?

Т р о ш а. Мне б хацелася.

Э л ь з а (шчэрыцца, ірве хустку). На! (Махае камусьці за кулісамі.) На! Табе, можа, цікава будзе ведаць, што мы са Стасем сустрэліся на вуліцы апоўначы і так пагаварылі, як ты ня сьніла ніколі!

Т р о ш а. Гэта няпраўда.

Э л ь з а. Паспрабуй здагадацца, пра што мы гаварылі.

На сцэну выбягаюць тры  с а н і т а р ы  з насілкамі, накіроўваюцца да  Т р о ш ы, кладуць яе на насілкі, накрываюць прасьціной і выносяць. Т р о ш а  спрабуе ўстаць, але  с а н і т а р ы  прытрымліваюць яе рукамі. Э л ь з а  пэўны час яшчэ сядзіць, неўзабаве павольна ўстае, расьціскае пальцы так, што рэшткі насоўкі падаюць на падлогу, і нясьпешна пакідае сцэну. Зацямненьне.
 

 
   

Д з е я  т р э ц я я

Э л ь з а  й  С т а с ь  сядзяць за сталом, перад кожным — кубак з гарбатай. Гучыць радыё «Сталіца». С т а с ь  накрывае рукой далонь  Э л ь з ы.

Э л ь з а. Ад моманту нашага знаёмства прайшло чатыры тыдні. Гэта быў цяжкі час. Я пахавала некалькі сяброў, выпадкова забітых на вуліцах гораду. Сьмерць ходзіць па краіне, і мне здаецца (сустракаецца вачыма з вачыма  С т а с я), я ведаю яе позірк.

С т а с ь (пасьля паўзы). Раскажы мне пра гэта.

Э л ь з а. Лепей раскажа Троша Поні, яна мусіць хутка прыйсьці, ізноў сама не свая.

С т а с ь. Ты што, клікала яе?

Э л ь з а. Не. Ёй проста больш няма куды ісьці.

С т а с ь. Ну й што? Ёй лепей нікуды не хадзіць.

Э л ь з а. Што, калі яна ўсё чуе?

Т р о ш ы н  голас  з-за кулісаў. Гэта няпраўда, я нічога ня чую.

С т а с ь. Нават калі яна чуе, што ёй тут рабіць?

Э л ь з а. Ты так заўсёды кажаш, пакуль яна ня прыйдзе.

С т а с ь. Магу і пры ёй сказаць!

Э л ь з а. А мне можаш такое сказаць?

С т а с ь (гучна адсоўвае ад сябе кубак з гарбатай). Якое такое?! Хто цябе тут трымае? (Піхае  Э л ь з у.) Давай, пайшла адсюль.

Нейкі час яны змагаюцца. С т а с ь  спрабуе валачы  Э л ь з у  да дзьвярэй, але потым стомлена адпускае. Сядаюць за стол, Э л ь з а  неўзабаве кладзе сваю руку на  С т а с е в у  руку.

Э л ь з а. Ну, не крыўдуй.

С т а с ь (скідае далонь  Э л ь з ы  са сваёй рукі). Ня гладзь мяне! Што я, фіфа?

Э л ь з а. Ты ня фіфа. Мне добра тут, я не хачу сыходзіць.

С т а с ь. Я ведаю, чаму ты ня хочаш сыходзіць.

Э л ь з а. Чаму? А ну, скажы!

С т а с ь. Я проста ведаю, навошта казаць?

Э л ь з а (перадражнівае  С т а с я). Удалы пэрсанаж! Вялікія артыкулы! Вялікія ганарары! Стась Вададохін! Гэтае імя гучыць! Ты сур’ёзна думаеш, што я чапляюся за цябе?

С т а с ь (шчэрыцца). А калі ты непакоішся пра мяне, чаму ня скажаш Трошы Поні, каб яна болей не прыходзіла?
 

 
   

Чуецца гучны кашаль за кулісамі. Э л ь з а  кідае туды позірк.

Э л ь з а (прыклаўшы палец да вуснаў). Стасю, асьцярожней. (Пасьля паўзы, шэптам.) Я думаю, што…

Уваходзіць  Т р о ш а. На ёй белая сукенка, чырвоная ружа на грудзёх і такая самая на сьпіне. Т р о ш а  ня рухаецца нейкі час, затым павольна ўсіх аглядае. Праз хвіліну сядае за стол, кладзе рукі перад сабой і глядзіць на  С т а с я.

Т р о ш а. Ну, Стасік, ці не забыўся ты сваёй нявесты?

С т а с ь (сьпехам паказвае, нібыта цалуе ёй руку). Не-не!

Э л ь з а (да  Т р о ш ы). Бачыш, ён не забыўся.

Т р о ш а. Праўда не забыўся? А то глядзі!

С т а с ь. Не-не! Я не забыўся!

Э л ь з а. Ён праўда не забыўся, бачыш.

Т р о ш а. Не забывайся пра мяне, Стасік.

Паўза.

Т р о ш а (да абаіх). Я вас віншую. Бачыла апошнія газэты, чытала. Вельмі добры стыль, шмат псыхалягізму, ёсьць элемэнты іроніі. Я б назвала гэта наватарскай сагай пра сучаснага героя.

Э л ь з а. Ну што ты.

Т р о ш а. Праўда-праўда. Ты вядзеш расповед ад першае асобы і сама робіш фотакаляжы, гэта рэдка цяпер сустракаецца.

С т а с ь. За тонкі творчы падыход Эльза атрымлівае значна болей, чым раней, да таго ж ёй выдзяляюць часам па цэлай старонцы.

Т р о ш а (роблена ўзмахвае рукамі і ўздыхае). Як цікава!

Паўза.

Э л ь з а (усьміхаецца). Троша, Стась хацеў аб нечым цябе запытаць.

С т а с ь (разгублена). Што?

Т р о ш а  (чырванее і апускае галаву). Праўда?

С т а с ь (хутка). Я хацеў даведацца, як ты лічыш, ці варта нам выпусьціць невялікую кніжку пра маю працу?

Э л ь з а. Ён хацеў сказаць: як доўга ты яшчэ будзеш прыходзіць?

С т а с ь. Ты што?!

Паўза.

Т р о ш а (абводзіць абаіх позіркам). Та-ак. (Глядзіць на  С т а с я.) Та-ак. Я ня ведаю, пра што вы тут безь мяне размаўляеце, аднак апошнім часам твае думкi, Стасю, мне не падабаюцца.

С т а с ь. Гэта сказаў ня я.

Т р о ш а. Ня ты? А хто?

С т а с ь. Гэта сказала Эльза.

Т р о ш а. Эльза? Яна не магла такога сказаць. Яна тут нi пры чым. Я нявеста табе, а ня ёй.

С т а с ь. Усё роўна гэта сказала Эльза.

Т р о ш а. Чаму ты хлусiш мне, Стасю? (Кранае яго рукой.)

С т а с ь (ускоквае). Ай! Я не хлушу, ня трэба. Я нiколi б не запытаўся, як доўга ты будзеш яшчэ прыходзiць, мне гэта нават нецiкава.

Т р о ш а. Нецiкава?

С т а с ь (адыходзiць далей ад  Т р о ш ы). Нецiкава!

Т р о ш а. Нецiкава. А дзе Эльза? Я хачу пабачыць Эльзу!

Э л ь з а. Я тут.

Т р о ш а. Эльза! Стасік забываецца мяне (хавае рукi пад стол i ўцiскае плечы), бачыш, у мяне ўжо зьнiклi рукi i плечы, мне так сумна! Стасік!

С т а с ь. Што?!

Т р о ш а. Стасік!
 

 
   

Асьвятленьне робiцца цямнейшым, белыя плямы выхоплiваюць толькi  С т а с я  й  Э л ь з у  за сталом, яшчэ пару разоў чуецца голас  Т р о ш ы  “Стасік!”, на якi  С т а с ь  адгукаецца “Што?!”, затым асьвятленьне робiцца звычайным, Т р о ш ы  ўжо няма.

С т а с ь (падыходзiць да  Э л ь з ы). Яна зноў схапiла мяне за руку.

Э л ь з а. Пакажы. (Прыкладае далонь да шчакi.) Якая халодная.

С т а с ь. Дапамажы мне зь ёй, калi ласка.

Э л ь з а. Хiба ты ня бачыш, як я дапамагаю!

С т а с ь. Я бачу, як ты магла падумаць, што я ня бачу. Аднак зрабi яшчэ вось што. Калi раптам яна зноў прыйдзе ўночы, скажы ёй, што ў знак нашай дружбы мы дорым ёй вось гэты пярсьцёнак (дастае).

Э л ь з а (беручы). Ой, Стась, які прыгожы пярсьцёнак, ён так дзіўна блішчыць.

С т а с ь. Ён спэцыяльны. Яна паспрабуе надзець яго на палец, у яе не атрымаецца, яна раззлуецца, сыдзе й болей ня вернецца.

Э л ь з а. Такі жоўты, падобны да сьлязы. Калі пайсьці па ім направа, то вернешся туды, адкуль пайшоў, а калі моцна прыкласьці яго да скуры, то застанецца круглы бледны сьлед. Такі самы пярсьцёнак я бачыла ў майго сябра Пётры.

С т а с ь. Зусім не такі.

Э л ь з а. Сапраўды, не такі. Там быў яшчэ прыгажэйшы камень. Мы ўжо некалькі дзён ня бачыліся з маім Пётрам. Цікава, як ён цяпер?

С т а с ь. Нават ня ведаю.

Э л ь з а. Ён вельмі любіў свой пярсьцёнак і ніколі зь ім не расставаўся.

С т а с ь. Вельмі прыгожы пярсьцёнак.

Э л ь з а. Ведаеш, які гэта чалавек? Што ты! Пётра — гэта такі чалавек, ого-го!

С т а с ь. Вельмі цікава.

Э л ь з а. Ён вось так возьме каго хочаш за каўнер (хапае  С т а с я) і як крыкне!

С т а с ь. І што ён крычыць?

Э л ь з а. Ён сьпявае.

С т а с ь. Сьпявае?

Э л ь з а. Ён сьпявае песьні і зарабляе гэтак на жыцьцё.

С т а с ь. Мусіць, ты вельмі сумуеш безь яго?

Э л ь з а. Што ты, я так сумую, ого-го!

С т а с ь. Вельмі цікава. Ты ніяк ня можаш яго забыць?

Э л ь з а. А навошта яго забываць? Я яго, можна сказаць, кахаю. Ніколі ад яго не адыходзіла б, але што зробіш — праца.

С т а с ь. Вось яно як... А ён кахае цябе?

Э л ь з а. Ну канечне, кахае. Як добра, што гэтым пярсьцёнкам ты нагадаў мне пра майго сябра, я зараз жа пайду да яго, бо зусім больш не магу тут.

С т а с ь. Не хадзі.

На сцэне зьяўляецца  П ё т р а  ў белай кашулі, на ягоных грудзёх і сьпіне — па чырвонай ружы.

Э л ь з а (спачатку палохаецца, затым нерашуча крочыць да Пётры). А вось і ён.

П ё т р а (уздымае рукі і пачынае танцаваць да стала). А вось і я! (Паказвае, нібы цалуе руку  Э л ь з ы.) Вітаю. (Паказвае, нібы цалуе руку  С т а с я.) Я Пётра, а вы Стась, вельмі прыемна. (Сядае.) І вы сядайце побач. Якая ў вас прыгожая музыка.

С т а с ь. Тут няма музыкі.

П ё т р а. Як няма? (Гучыць музыка.) Вось музыка… (ускоквае, кружыцца вакол  С т а с я) і танцы!

С т а с ь (да  Э л ь з ы). Я спадзяюся, твой Пётра ня думае, што я буду зь ім танцаваць?

Э л ь з а. А чаго ты ня будзеш танцаваць з маім Пётрам?

С т а с ь. Ня буду!

П ё т р а. Ну не сварыцеся, калі ласка!
 

 
   

Усе сядаюць.

Я прыйшоў, каб расказаць вам сваю гісторыю. Некалькі дзён таму я стаяў каля расчыненага акна. Ужо было вельмі цёмна, я чытаў сьвежую газэту, дзе якраз было напісана аб новым раскладзе працы начных патрульных. Спалохаўшыся, што хтосьці зь іх мяне заўважыць, я кінуўся зачыняць акно, але раптам у самыя грудзі мне ўперлася кароткая чорная руля. Чалавек, які трымаў пісталет, быў патрульны. Ён нечакана выйшаў зь цемры і сказаў: “Вы Пётра?” І пасьля таго, як я кіўнуў, ён сказаў: “Зараз вы памрацё, мая куля разаб’е вам сэрца, і вы павольна асядзеце на падлогу, уздрыгваючы рукамі, і здранцьвелыя вашыя вочы мякка паглядзяць у неба, але ніколі ўжо яны не пабачаць сонечнага сьвятла”. — “Што такое!” — закрычаў я, і тады патрульны сказаў: “Вы памрацё, Пётра, за каханьне сваёй сяброўкі Эльзы і за ейнае няўменьне яго хаваць. Нават калі мы кахаемся, — працягваў патрульны, — яна ўскрыквае вашае імя”. Тады я сказаў: “Падумаць толькі, зараз я памру за каханьне сваёй сяброўкі Эльзы! Эльза, такая мілая дзяўчына, — працягваў я, — і раптам я памру празь яе”. Зразумеўшы ўсё, я ўзяў у рукі свой любімы пярсьцёнак і сказаў: “Выратуй мяне, мой любы пярсьцёнак, я ніколі не расставаўся з табой, ты такі прыгожы, калі пайсьці па табе направа, то вернешся туды, адкуль пайшоў, а калі моцна прыкласьці цябе да скуры, то застанецца круглы бледны сьлед”. Сказаўшы такія словы, я прыціснуў пярсьцёнак да сябе, паміж руляй і грудзьмі. Пасьля гэтага патрульны мяне забіў. Потым ён крыху пакруціўся пад акном і, мабыць, наважыўшыся, залез да мяне ды прамармытаў: “А пярсьцёнак я вазьму. Шкада, што вываліўся камень”. Вось якую гісторыю я вам расказаў.

С т а с ь. Вельмі цікава.

Э л ь з а (праз плач). Ох, Пётра, як гэта было цікава! Дай я пацалую цябе!

П ё т р а. Не-не! Лепей проста аддай мне пярсьцёнак.

Э л ь з а. Дык ты дзеля гэтага прыйшоў?

П ё т р а. Так.

Э л ь з а. Я не аддам.

П ё т р а. Як не аддасі? Я прыйшоў па яго.

Э л ь з а. Аніяк не аддам. Ідзі, адкуль прыйшоў. Ты мёртвы, а пярсьцёнак патрэбны жывым.

П ё т р а (ускоквае, ходзіць). Ах, так? Ведай жа, Эльза, што я ніколі не кахаў цябе і заўсёды зь цябе сьмяяўся. Ведай жа, што я нярэдка цябе падпойваў і аддаваў сябрам. Мы ўсе сьмяяліся зь цябе, а я гучней за ўсіх!

Э л ь з а (мяняецца тварам). Дык гэта праўда? Я ведала пра гэта! Мне распавялі!

П ё т р а. Хто табе распавёў?!

Э л ь з а. Хто распавёў, той ужо мёртвы!

П ё т р а (да  С т а с я). Праўда, мёртвы?

С т а с і к (сьціпла ківае). Яна надта часта пра яго казала.

П ё т р а (да  Э л ь з ы). Дык не аддасі?! (Падскоквае да яе і хапае за руку, Э л ь з а  крычыць, П ё т р а  сьмяецца.) А-га-га-га-га! А-га-га-га-га-га!

Э л ь з а  з крыкам падае на падлогу й плача. Неўзабаве асьветленай застаецца толькі яна. Чуваць крык “Поўнач!”. Доўгі час нічога не зьмяняецца, затым асьвятленьне робіцца звычайным. За сталом сядзіць  Т р о ш а. П ё т р ы  й  С т а с я  няма. Э л ь з а  глядзіць на  Т р о ш у. Тая п’е гарбату і прагна заядае курыцай. На ёй тая ж вопратка.

Э л ь з а. Ты зноў прыйшла? А Стася няма.

Т р о ш а. Знаю, ён працуе.

Э л ь з а. Ты прыйшла да мяне?

Т р о ш а. Так, да цябе. Ну, і паесьці таксама. Што, дасталося табе?

Э л ь з а. А я Пётру так раней кахала. Не хацелася верыць, што ён сапраўды такі.

Т р о ш а. Гэта няважна.

Э л ь з а. Чаму гэта няважна?

Т р о ш а. Яго шмат хто кахаў, я таксама яго кахала.

Э л ь з а. Ты яго ня ведала!

Т р о ш а. Можа, ня ведала, а мо й ведала.

Э л ь з а. Можа, кахала, а мо й не.

Т р о ш а (падумаўшы, сьмяецца). Ага. Болей за ўсё я кахала Стася.

Э л ь з а. А за што ты яго кахала?

Т р о ш а. А ні за што. За біцэпсы.

Э л ь з а. Я таксама люблю яго за біцэпсы.

Т р о ш а. Гэта ты за мной паўтарыла.

Э л ь з а. А чаму ты прыходзіш так часта? Табе сумна?

Т р о ш а. Мне заябіся.

Э л ь з а. Ой, ты мацюкаешся?

Т р о ш а. А то! Канечне, мацюкаюся!

Э л ь з а. Можна, я таксама мацюкнуся?

Т р о ш а. Давай.

Э л ь з а. Дупа.

Т р о ш а. Хуй!

Э л ь з а (паказвае). Фак! Фак! Фак!

Т р о ш а. Фак! Фак! Фак!
 

 
   

Сьмяюцца.

Э л ь з а. Файна, мацюкалася б усё жыцьцё!

Т р о ш а. Ага, і я б мацюкалася! (Спакайнее.) Усё жыцьцё.

Э л ь з а. Так, і ты б мацюкалася. Усё жыцьцё.

Паўза. Дзесьці далёка чуецца стрэл.

Т р о ш а. Ты цяпер такая модная.

Э л ь з а. Каб ня Стась…

Т р о ш а. Стася стварыла ты. Ты зрабіла зь яго героя.

Э л ь з а. Ён ня мог ня стаць героем.

Т р о ш а. Ён ня стаў героем са мной. (Паўза.) А як твае сябры?

Э л ь з а. Нешта ўсіх забілі.

Паўза. Т р о ш а  гучна ўздыхае, але  Э л ь з а  махае на яе рукой.

Э л ь з а. Ціха, тут нехта ёсьць!

Т р о ш а. Гэта няпраўда, тут нікога няма.

Э л ь з а. Няўжо ты ня чуеш?

Т р о ш а. Я паўтару, што са мной Стась героем ня стаў.

Э л ь з а. Значыць, такі ён герой.

Т р о ш а. Твой герой.

Э л ь з а. Што мы ўсё не пра тое. Троша, мы са Стасем хацелі б падараваць табе вось такі пярсьцёнак.

Т р о ш а (ускоквае). Што гэта за пярсьцёнак?

Э л ь з а. Гэта табе, Троша. Ён спэцыяльны.

Т р о ш а. Я бачу. Я не вазьму.

Э л ь з а. Абавязкова бяры, Троша, мы даруем яго табе ў знак дружбы.

Т р о ш а. Мне трэба пачакаць Стася.

Э л ь з а. Табе трэба, мне трэба, ты толькі пярсьцёнак вазьмі.

Т р о ш а. Ты казала, тут нехта ёсьць.

Э л ь з а. Ну і што?

Т р о ш а. Хто тут?! Выходзьце да нас! Нікога няма? (Глядзіць уверх і зьдзіўляецца.) Што гэта такое?

Зьверху спускаецца  К о н а н, ён падвешаны за шыю на чырвонай вяроўцы. Яго галава ляжыць на плячы, вочы вырачаныя, вусны пафарбаваныя чорным. За мэтар ад падлогі ён спыняецца.

Э л ь з а. Ой, Конан. Я ледзьве пазнала цябе.

Т р о ш а. Гэта твой знаёмы?

Э л ь з а. Што ты, гэта такі знаёмы, ого-го!

К о н а н. Добрай ночы.

Т р о ш а. Як ён прыгожа вісіць.

К о н а н. Вам бы так вісець.

Э л ь з а. Конан, а пра тваю сьмерць я нічога ня ведала.

К о н а н. Ня дзіва. Яна здарылася толькі што.

Э л ь з а. Ты вельмі пакутаваў?

К о н а н. Як звычайна. Гэта ўжо мая чацьвертая спроба самагубства.

Э л ь з а. Я б столькі не змагла.

Паўза. Ніхто ня ведае, што казаць.

Э л ь з а (раптам крычыць, каб нечым заняць гасьцей). Ой, прусак!

К о н а н. Не глядзеце на мяне, гэта ня мой прусак.

Э л ь з а. Тады адкуль ён тут?

К о н а н. Яны паўсюль.

Э л ь з а. Конан, па-мойму, яны сыплюцца з твайго рота.

Т р о ш а. Не, гэта ня так, паглядзі, адкуль у яго прусакі?

Э л ь з а (крычыць на  Т р о ш у). Табе што?

Т р о ш а. Не крычы на мяне!

К о н а н (раптам хлопае сябе па сьцёгнах). А-а-а! А-га-га-га-а-а!

Т р о ш а. Не крычы на мяне! Не крычы на мяне!

К о н а н. А-а-а! А-га-га-га-а-а!

Э л ь з а. Замаўчыце! Замаўчыце!
 

 
   

Усе крычаць. Узьнікаюць цені, яны паўзуць па падлозе з усіх бакоў, цягнучы рукі да  Э л ь з ы, і таксама пачынаюць крычаць, звычайна называючы свае імёны і дадаючы: “Я твой сябар! Ты помніш мяне?! А-га-га-га-га-га-га!” Гучаць бубны і вельмі рэзкая музыка. Э л ь з а  кідаецца па сцэне, яе хапаюць і валяць на стол, К о н а н  разам зь вяроўкай саскоквае на падлогу і перацягвае вяроўкай горла  Э л ь з ы. Нечакана ўсе адначасова заціхаюць і чуецца  С т а с е ў  голас: “Эльза!” Цені адбягаюць ад стала. С т а с ь  зь пісталетам стаіць на ўваходзе й азірае ўсіх. Э л ь з а, задыхаючыся, прыўзьнімаецца.

С т а с ь. Эльза! Што тут робіцца?

Э л ь з а. Ідзі, Стась, ідзі. Табе належыць мой дзень, а ім належыць мая ноч.

С т а с ь. Я прыйшоў да цябе (ідзе да стала).

Э л ь з а. Чаму ты не пакінуў пісталет на працы?

С т а с ь. Ён спатрэбіцца мне. Я сёньня вельмі шмат думаў, Эльза. Я нібыта пражыў сёньня цэлае жыцьцё.

Э л ь з а. І чаму навучыла цябе тваё жыцьцё?

С т а с ь. Яно навучыла мяне забіваць.

Э л ь з а. Забываць?

С т а с ь. Нечакана нарадзіліся словы. Я вельмі палюбіў цябе, а ты ніколі ня бачыла ўва мне глыбіні й прыгажосьці. Але ўва мне ёсьць таямніца, у мяне ёсьць сьмерць. Гэта апошняе, чаго ты яшчэ ня зьведала. Мае ночы перастануць быць пустымі (прыкладае пісталет да грудзёў  Э л ь з ы).

Э л ь з а. Што, цяпер?

Ц е н і, Т р о ш а, К о н а н (разам). Цяпер! Ба-бах! (Падыходзяць на крок.)

Э л ь з а, здрыгануўшыся, скочваецца на падлогу, цяжка ўзьнімаецца, абняўшы грудзі рукамі. С т а с ь  ізноў набліжаецца й прыкладае рулю да ейнае галавы.

Ц е н і, Т р о ш а, К о н а н (разам). Ба-бах! (Падыходзяць на крок.)

Э л ь з а  падае, некаторы час паўзе.

Ц е н і, Т р о ш а, К о н а н (разам). Ба-бах! Ба-бах! (Пачынаюць рухацца па сцэне, з гэтага руху нараджаецца танец.) Ба-бах!

Э л ь з а  й  С т а с ь  зьнікаюць за целамі  Ц е н я ў, толькі часам бачна, што  Э л ь з а ляжыць на падлозе і яе абнімае  С т а с ь. Потым бачна, як  С т а с ь  прыкладае пісталет да сябе і страляе.

Музыка, танец, фаервэрк.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (25) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/05/02