A R C H E П а ч а т а к № 2 (25) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22003
» да Зьместу «

 


Туманнасьці беларускай гісторыі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


запісы

АЛЯКСАНДАР БАТУРА
Вокладка ARCHE 2-2003. Туманнасьці беларускай гісторыі.
 

Аляксандар Батура
 
Кельцкі тыгр, Гінэс
і “Nothing Compares to You”


Нататкі з Дубліна

Сёньня, напэўна, у паб не пайду: трэба пісаць нататкі. Набіраю слова “Ірляндыя” ў браўзэры — адразу на экран майго кампутара выплюхваецца бясконцая чарга спасылак, дзе сустракаецца назва гэтай невялікай 4-мільённай краіны на ўскраіне Эўропы. Вось табе і на — мне зараз нават ня трэ будзе нічога растлумачваць: адны знаёмыя назвы. Піва «Гінэс», U2, сьвяты Патрык, Джэймз Джойз, Бэрнард Шоў, «Cranberries», пачваркі лепрыконы, С. Бэкет і О. Уайльд, гэльскі футбол, У. Б. Ейтс, ірляндзкія пабы — гэта пра Ірляндыю чулі ўсе. Маленькая краіна, трохі менш за 4 мільёны насельніцтва (калі не лічыць Паўночнай Ірляндыі, якая складае яшчэ каля 1,5 мільёна), а ірляндцаў ведае ўвесь сьвет.

Хто яны такія, ірляндцы? Гарластыя, рудыя, простыя й вясёлыя, апранутыя ў джынсу зімой і летам, Шоны й Патрыкі, Уны й Кетрын — калі ўявіць нейкі агульны вобраз нацыі, паўстае сапраўды нешта гарластае ў спартовай вопратцы, з добрым пачуцьцём гумару й адценьняў піва. Ну, гэта азначае, што ў ірляндцаў усё ў парадку, не згубіліся яны ні на 6-мільярднай Зямлі, ні ў пярэстым Эўразьвязе, нягледзячы ні на маленькую колькасьць насельніцтва, ні на пэўную блізкасьць да брытанцаў. Спытайся ірляндца: “Ты хто?” — і пачуеш у адказ: “Я ірляндзец”. Што можа быць прасьцейшым? Але спытай беларуса… Як сказаў некалі францускі пісьменьнік Рэнан, “нацыя — гэта штодзённы плебісцыт”. Але нацыя — гэта больш чым проста імя. Пасьля імя павінен паўставаць нейкі вобраз народу: дзе ён жыве, якія ў яго продкі, пэўныя культурныя сымбалі, якая рэлігія, ці мова, ці знакамітыя тэксты, таксама маленькія дробязі — напрыклад як тут звычайна апранаюцца ці што спажываюць.

Ірляндцы таксама любяць бульбу. Бульбу розную — вараную, у “лушпайках” і без, таўканіцу, фрыткі на францускі манер. Яны спажываюць бульбу ўдзень і ўвечары (зранку, трэба адзначыць, ня ўсе). Карацей, як і ў нас дома. Адзінае адрозьненьне — яны ня ведаюць дранікаў. Я нават думаю, калі будзе час і калі будзе не ляніва, запатэнтаваць дранік у Ірляндыі й зарабіць свой першы мільён. Ня ведаю, як яны дажыліся, што іхная бульбяная цывілізацыя на працягу свайго разьвіцьця ня вынайшла сакрэту драніка, але здаецца, паўплывалі нейкія няведамыя мне фактары. Ірляндзкая бульбяная цывілізацыя ў сваім разьвіцьці прыпынілася, а беларуская пайшла далей і здолела вынайсьці дранік. У літаратуры я не сустрэў гэтаму тлумачэньня, але мая рабочая вэрсія такая: беларуская цывілізацыя больш разьвітая ў гэтым кірунку, больш бульбяная. Ірляндцаў жа ніхто бульбашамі ня кліча.
 

(нар. у 1977 годзе ў Мядзеле) — палітоляг. Скончыў факультэт права Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсыстэту (Будапэшт). Вучыцца ў дактарантуры «Trinity College» (Дублін) і выкладае там жа на факультэце паліталёгіі. У часопісе «ARCHE» друкуецца ўпершыню.
   

Калі сур’ёзна, у 1848—51 гадох у Ірляндыі не ўрадзіла бульба. Бульбаю жылі мільёны бедных сялян; бульба была іх хлебам, мясам і маслам. Людзі паміралі з голаду, як на Ўкраіне 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя падчас галадамору. Пачалася масавая эміграцыя ў Амэрыку па шчасьце. Калі да 1848 году насельніцтва Ірляндыі было большым за 8 мільёнаў, дзеля сьмяротнасьці ад голаду і эміграцыі на пачатку ХХІ стагодзьдзя засталося каля 4 мільёнаў. Каб ня голад у Ірляндыі, невядома, якой была б Амэрыка цяпер, мо й не гаварыла б яна па-ангельску? Можа, гутарыла б па-нямецку ці па-польску, а мо, хе-хе, па-беларуску. Ну, гэта я так, спэкулюю. Дарэчы, цяперака ірляндцы гавораць па-ангельску гэтак добра, што многія замежнікі лічаць, што лепш за ўсё вучыць гэтую мову ў Ірляндыі, і пасылаюць сюды дзетак па веды. Але так было не заўжды, і наконт мовы я яшчэ паразважаю ніжэй.

У нацыі ўсё ў парадку, калі кожны яе прадстаўнік можа ўзгадаць нешта з вышэйзгаданага шэрагу — ад культурных сымбаляў да бульбы на стале; калі ён ведае, што адрозьнівае яго нацыю ад астатніх нацыяў. Ня менш істотна, каб замежнікі таксама ведалі й паважалі гэта.

Паглядзім, хто вакол мяне. Вось Ліям — “Здароў, Ліям, як кратаешся?” Ліям нешта прабубнеў у адказ, я зрабіў выгляд, што зразумеў. Ліям размаўляе па-ангельску з акцэнтам жыхара з-пад Лімэрыку. Вельмі файны акцэнт, я вам скажу. Напалову гучыць як дублінскі акцэнт, астатняе — вельмі “аўтахтоннае” гучаньне, так сказаць. “R” — самае сапраўднае “р”, як у Менску, а не як на CNN ці BBC. Там “u” гучыць як “у”, не як “a”. Вось Дублін так і  гучыць — як Дублін, а не як Даблін. Там яшчэ ёсьць неперадавальная інтанацыя. Мне вельмі падабаецца лімэрыцкі акцэнт. Дарэчы, ня ведаю, дзе вывучаў ангельскую мову гішпанскі амбасадар у Ірляндыі, які толькі сюды прыехаў, але на прыёме ён гаварыў зь лімэрыцкім акцэнтам — было вельмі сьмешна. Але вяртаюся да Ліяма.

Ліям заўсёды апрануты ў спартовую вопратку, ці ён ідзе ў паб падчас уікэнду, ці вучыць студэнтаў палітычнай тэорыі. Але спартовая вопратка нічога дрэннага мне не сыгналіць — Ліям неагрэсіўны, добры дзяцюк. Дарэчы, калі вы першы раз ідзяце ў кампус Трыніці (Трыніці — гэта самы буйны й стары ўнівэрсытэт Ірляндыі), уражаньне, што вы апынуліся не ў адным з самых прэстыжных унівэрсытэтаў Эўропы, а ў Акадэміі фізкультуры: кожны другі — у спартовай вопратцы. Гэта першае ўражаньне. Але трэба мець моцную волю, каб змагацца супраць масавай рэклямы, — горш за БТ, я вам кажу. Я не заўважыў, як сам на тым тыдні нацягнуў спартовыя парткі й накіраваўся ў паб. А калі гэтую вопратку рэклямуе мясцовы сэкс-ідал-вобраз-Манчэстэр-Юнайтэд-форвард-знакамітасьць Дэвід Бэкхем, а вам усяго толькі 17 год? Хоцькі-няхоцькі, а ўзьдзенеш тое самае, што й Бэкхем.

Ліям вельмі палюбляе пабы, але я яшчэ вярнуся да тэмы пабу трохi пазьней. Нават калі дэкан папрасіў яго паказаць новым студэнтам кампус (а кампус велічэзны, я дагэтуль яшчэ ня даў сабе рады яго абысьці), Ліям паказаў нам бібліятэку й сталоўку, а пасьля павёў нас у паб, дзе мы й засталіся да вечару, так і ня здолеўшы ўсяго пабачыць. Ліям любіць футбол. Першы раз, калі ён спытаў, адкуль я, я адказаў, што зь Беларусі, і падрыхтаваўся цярпліва растлумачыць, дзе гэта, а Ліям мне кажа — добра вы, хлопцы, далі галяндцам у 1998  годзе. Я аж здубікаўся — хлопец узгадаў адзіную знакавую перамогу беларускага футболу за апошняе дзесяцігодзьдзе. Ліям — шчыры хлопец, заўсёды дапаможа й растлумачыць, калі што трэба, але надта ж непунктуальны. Калі зь ім дамовіцца пра сустрэчу, наўрад ці Ліям прыйдзе ў пару. Як, на жаль, і большасьць ірляндцаў. Не разумею, чым змазаныя шрубікі “Кельцкага тыгра”, што ён так добра функцыянуе пры такіх працаўніках, як ірляндцы. Калі даць веры маім сябрам, бадай што ўсе топ-мэнэджэры ў галоўных высокатэхналягічных арганізацыях і фінансавых карпарацыях, якія разьмясьціліся ў Ірляндыі, — ці амэрыканцы, ці рафінаваныя гарвардзкай адукацыяй ірляндцы — яны й цягнуць ірляндзкую эканоміку наперад. Дарэчы, амаль усе кампутарныя праграмы й кампутары, якімі карыстаюцца ў Эўропе, з Ірляндыі — вось табе і вясковая краіна. Калі ў вас цяпер не пірацкая копія праграмнага забесьпячэньня ад «Microsoft», хутчэй за ўсё яно з Ірляндыі. Лічыцца, і нездарма лічыцца, што Ірляндыя — самая глябалізаваная краіна ў сьвеце: транснацыянальныя кампаніі амаль ня плацяць падаткаў у Ірляндыі, і капіталы валам валілі ў краіну на працягу 90-х гадоў дый цяпер лятуць, як мухі на мёд, і галівудзкія фільмы паказваюць тутака ў дзень амэрыканскай прэм’еры — добры цяпер проксі-паказьнік глябалізаванасьці, здаецца.
 

 
   

Ліям ня любіць Брытаніі. Ня любіць, можа, нават заслаба сказана — стаўленьне да Англіі ў Ліяма няйначай як у Пазьняка да Расеі. Хлопец лічыць Англію дрэннай краінай, ненадзейнай і каварнай. Прыкладна такое ж стаўленьне да Англіі было раней шмат у каго з ірляндцаў, якія прагнулі аб’яднаньня вострава ў адну краіну. Што зьмяніла стаўленьне, цяжка сказаць. Гэта й непасьпяховая тэрарыстычная дзейнасьць ІRА, асабліва ў 70-я гады, гэта й эканамічны скачок і зьвязаны зь ім рост спажывецкай філязофіі a la Амэрыка, гэта й уступ у ЭЗ і пэўная рэвізія нацыянальнай ідэнтычнасьці. Напэўна, апошняе было самым істотным фактарам. Хто такі ірляндзец? Ірляндзец — гэта не-брытанец. Так было раней. (Мой сябра Кен расказаў, як у Братыславе яны зайшлі ў тамтэйшы ірляндзкі паб: ніхто не гаварыў па-ангельску, але ў кутку вісеў Юніён Джэк — брытанскі сьцяг; Кен зь сябрукамі напіліся ды абхаркалі ад злосьці й расчараваньня гэты Юніён Джэк — славакі, незнаёмыя з гісторыяй брытанска-ірляндзкіх стасункаў, зьдзівіліся і дагналі Кена зь сябрукамі, але гэта для маёй гісторыі неістотна.) Аднак ірляндзец яшчэ больш, чым не-брытанец. Дык хто ён такі?

Усё пачалося з гэльскай народнасьці, якая насяляла Ірляндыю спрадвеку. У іх была свая мова, свая культура і звычаі. Гэльцы былі гэльцамі й зваліся гэльцамі. Але раптам, пачынаючы недзе з ХII стагодзьдзя, пачалі прыплываць брытанцы й нарманы, і гэльцы самі не заўважылі, як пачалі дзяліць свой зялёны востраў з чужынцамі. Гэльцам не пашанцавала — іх краіна была надта блізкая да моцнай Брытаніі. Чужынцы адчувалі сябе даволі камфортна й занялі лепшыя землі й паселішчы, занялі нават Дублін (“чорнае балота” па-гэльску). Пасяленцаў і тых, хто прыняў ангельскую культуру, пачалі зваць ірляндцамі. Але гэльцы заставаліся гэльцамі, і іх не чапалі да ХVI стагодзьдзя, аж раптам брытанцы зразумелі, што калі мова ірляндзкая, то, напэўна, і сэрца застаецца ірляндзкім. Пачалася жорсткая англізацыя, нават больш жорсткая, чым русіфікацыя Северо-Западного края. Каб выжыць, заможная кляса была вымушана пачаць размаўляць на ангельскай мове й насіць ангельскія камізэлькі. Што ні кажы, у ХVI—ХVII стагодзьдзях у Ірляндыі адбылася самая сапраўдная нацыянальная катастрофа.

Прыкладна ў той жа час Брытанія “апранулася” ў пратэстантызм. Гэльцы і, што цікава, большасьць даўнейшых каляністаў з Англіі, адмовіліся прыняць новае веравызнаньне й засталіся каталікамі. Пад канец ХVIII стагодзьдзя ўжо меншасьць насельніцтва гаварыла па-гэльску, і зваліся яны ўжо ня гэльцамі, а ірляндцамі. Хто такія ірляндцы, ня ведалі й самі ірляндцы, бо апынуліся ў глыбокім крызысе ідэнтычнасьці: сапраўды, забяры ў людзей мову, заблытай успрыманьне саміх сябе, і людзі пачнуць камплексаваць, лічыць сябе горшымі за суседзяў ці нічым не адрознымі ад іх — так і працуе калянізацыя. Але брытанцы зрабілі адну памылку, якая пасьля каштавала ім зялёнага вострава. Каталіцызм. Яны ня толькі не перахрысьцілі гвалтоўна ўсіх ірляндцаў у пратэстантаў, але яны нават не перацягнулі на свой бок каталіцкага сьвятарства, а хто можа быць больш ідэалягічна ўплывовым за сьвятара ў неадукаванай краіне? Хіба што старшыня калгасу, але, дзякаваць Госпаду, гэтае “дабро” Ірляндыю мінула. Нават сёньня шмат ірляндцаў пытаюцца ў ксяндза, за якую партыю ім галасаваць на выбарах. Вы ніколі не задаваліся пытаньнем, чаму такая маленькая краіна мае такі ўплыў на міжнароднай арэне? Не, памыляецеся, не праз ірляндзкія пабы (хаця гэта таксама моцны фактар мяккай дыпляматыі), хутчэй дзеля каталіцкіх місіянэраў, якія ім адным вядомымі шляхамі дазнаюцца, што адбываецца ўва ўсім сьвеце, і я не зьдзіўлюся, калі пасьля сваіх місіяў яны наведваюць адпаведныя нарады ў Міністэрстве замежных справаў. А ўявіце ХIХ стагодзьдзе?

Але ў ХIХ стагодзьдзі гэльцаў ужо не было, былі ірляндцы. Няшмат ужо засталося й ад гэльскай мовы. Трэ было вырабіць, так бы мовіць, новы дызайн ірляндзкай нацыі, рабіць усё зноў. Але як? Калі правадыры нацыі ўстануць і заявяць: “Мы ірляндцы і мы вартыя большага!”, трэба яшчэ адна маленькая дэталь — словы “мы ірляндцы” павінны несьці нейкае адценьне, і, акрамя таго, людзі, да якіх скіраваны зварот, мусяць кіўнуць: “Во, ета пра нас. Мы — ірляндцы”. Горш, калі людзі пахітаюць галавой і пойдуць замест гэтага бульбу капаць.
 

 
   

Першыя спробы ўзьняць ірляндзкую нацыю посьпехам ня скончыліся. Прасунутая местачковая інтэлігенцыя кучкавалася й адчыняла розныя клюбы, але большасьць ірляндцаў успрыняла гэта, напэўна, з такой жа цікаўнасьцю, зь якой індзейцы сачылі за каляністамі ці як беларусы пазіралі на БНФ у пачатку 90-х. Нецікава ім было, карацей. Наступная спроба, але ўжо на ангельскай мове і з добра праведзенай каталіцкімі сьвятарамі “Выбірайкай”, была пасьпяховай, і ірляндцы ўжо зацікавіліся. Апошняя спроба, на гэты раз удалая, прыпала на першую сусьветную вайну. Цяжка сказаць, ці выбраліся б ірляндцы з-пад Брытаніі, калі б не нямецкая зброя ды пэўныя нямецкія дарадцы й калі б Брытанія не была такая занятая зьнішчэньнем братоў-эўрапейцаў на франтох Францыі, але дакладна ня вызваліліся б, калі б брытанцы не пакаралі сьмерцю групу паэтаў, артыстаў, публіцыстаў і проста ідэалістаў, якім “пашчасьціла” ўзяць у рукі гэтую нямецкую зброю з мэтай папужаць брытанскі браняносец у Дубліне. Цяпер гэта выглядае амаль як анэкдот: паўстанцы занялі галоўныя аб’екты ў горадзе якраз на сьвята, усе дублінцы глядзелі на іх як на дзівакоў. Паміж дзьвюма групкамі, якія сядзелі цераз раку, не было сувязі. Паслалі “сувязнога” на ровары, але ён заехаў дамоў пад’есьці і прыпазьніўся. Адзіны ваяка сярод іх, былы сэржант брытанскай арміі, загінуў у першы ж дзень, і далей ірляндцы ня ведалі, што рабіць стратэгічна. Спачатку пабаяліся ўзяць Замак, бо ня ведалі, што там толькі два брытанскія салдаты… Так пратрымаліся тыдзень, бо брытанцы не адразу змабілізаваліся і частка войска адмовілася рушыць на Дублін. Урэшце па рэчцы (вузейшай за Сьвіслач) тыя правялі браняносец і з гармат ударылі па лягеры паўстанцаў. Было шмат ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Пасьля той расстрэл. Як бачыце, Дублінскае паўстаньне — гэта таксама ў пэўным сэнсе гістарычны міт, створаны пасьля, а на самай справе была неарганізаваная спроба маленькай групы рамантыкаў выступіць супраць імпэрыі. І што зрушыла гэтую сытуацыю — гэта акурат расстрэл тае жменькі ідэалістаў. Бязьлітасны, нічым не зразумелы жорсткі акт усхваляваў ірляндцаў, якія нарэшце паўсталі супраць брытанцаў і атрымалі незалежнасьць.

Такім чынам, ірляндзкая ідэнтычнасьць была пабудаваная вакол каталіцызму, вясковасьці, ідэі кельцкай нацыі сьвятароў-місіянэраў, якія некалі прынесьлі цывілізацыю ў барбарскую Эўропу. Новая Ірляндыя гаварыла па-ангельску, але мела моцны гэльскі сантымэнт. Нарэшце, яна мела моцную схільнасьць да дэмакратыі. Што да дэмакратыі, тут ірляндцам з брытанцамі пашанцавала хоць у адным, бо напэўна гэты фактар дакладна можна аднесьці на рахунак брытанцаў. Што дзіўна, ірляндцы ня толькі не саромеліся гаварыць на мове калянізатараў, але здолелі стварыць культурныя прадукты ня горшыя, а тое й лепшыя, чым у гэтых самых калянізатараў. Чаго вартыя імёны Б. Шоў, У. Б. Ейтса, О. Уайльда, Дж. Джойса — сусьветныя зоркі! Замест таго каб з самага пачатку прымусіць насельніцтва зноў гаварыць на гэльскай мове, ірляндзкія адраджэнцы заявілі, што паспрабуюць вярнуць мову пасьля, але спачатку трэба пабудаваць культуру на існых культурных сымбалях і атрымаць незалежнасьць, а тым часам на мове акупантаў гучаць так, каб чуў увесь сьвет і каб ні ў кога не ўзьнікала пытаньне, што гэта за краіна такая — Ірляндыя. На жаль, ірляндцы так і не вярнулі ірляндзкай мовы ў штодзённы ўжытак — хаця гэта й абавязковы прадмет у школе і кожны ірляндзец узумее скласьці некалькі сказаў па-гэльску. Чаму так? Я запытаўся ў свайго сябрука Шэйна:

— Шэйн, скажы што-небудзь па-ірляндзку?

— Khruimbhr.

— А яшчэ?

— А больш ня ведаю, забыўся.

— Чаму так?

А Шэйн кажа: я выкладаю ангельскую мову для замежнікаў, маю 30 эўра ў гадзіну, мне нават ня трэба нікуды ехаць, замежнікі самі прыяжджаюць да мяне. Калі я еду ў Эўропу, мне ня трэба гаварыць на іхняй мове — яны ўсе ведаюць маю…

Здаецца, што заняпад ірляндзкай мовы быў ужо незваротны недзе пры канцы ХІХ стагодзьдзя. Ангельская мова — усё ж мова міжнародная, і такой яна была нават у першай палове пазамінулага стагодзьдзя. І яшчэ, я й сам зьдзівіўся падабенству зь беларускім выпадкам: гаварыць і вучыць ірляндзкую мову было “непапулярна”.

Так, непапулярна.

Уся літаратура на ірляндзкай мове была пабудаваная вакол казак і гісторый пра сялян, падручнікі таксама бубнілі апавяданьні пра сялян ХІХ стагодзьдзя — у той час як ангельская мова гаварыла пра «Beatles», «Rolling Stones» ці таго ж Толкіна — я ўжо ня згадваю англамоўныя прадукты, створаныя самімі ірляндцамі. Здаецца, цяпер ужо ўлады зразумелі, у чым была памылка, і спрабуюць зьмяніць імідж ірляндзкай мовы. У падручніках замест сялян Шон і Уна разважаюць, у якое ім лепш пайсьці кіно; па тэлебачаньні ідуць прасунутыя праграмы пра прасунутую моладзь на прасунутай ірляндзкай мове. Вядома, назад сытуацыю не павернеш, як бы хто ні хацеў. Ірляндыя — гэта англамоўная краіна, але ірляндзкая мова надае пэўны калярыт і стварае істотнае вымярэньне ірляндзкай ідэнтычнасьцi. Урад спрыяе вывучэньню ірляндзкае, нават замежнікі могуць вучыць калярытны “прадмет” за проста так. Нядаўна на тэлебачаньні бачыў нейкага ўкраінца, які шпарка гаварыў на ірляндзкай мове (дарэчы, мова вельмі-вельмі складаная — не падобная ні да якай іншай індаэўрапейскай мовы), дык сказалі, што гэтага ўкраінца возяць па ўсёй краіне для прамоцыі й паказваюць ірляндцам, бы нейкі цуд, каб ім трохі стала цікава. Ня ведаю, якія матывы былі ў таго Мыхайлы, але цяпер на гэльскай мове як першай гавораць тысяч трыццаць ірляндцаў.
 

 
   

Краіна атрымала незалежнасьць, але ня ўсё атрымалася адразу. Да 1970-х Ірляндыя заставалася адной з найбяднейшых краінаў Заходняй Эўропы. Незалежная Ірляндыя так і ня здолела стварыць досыць моцнай праслойкі ўпэўненых і заможных прыватных прадпрымальнікаў, якія б рухалі эканамічны “воз” наперад. Ірляндыя па-ранейшаму заставалася аграрным прыдаткам Брытаніі, імпартавала двухпавярховыя аўтобусы й слухала «Beatles», экспартавала ірляндцаў у Амэрыку — эміграцыя не сьцішала тэмпаў.

У спадчыну ад Брытаніі ірляндцам засталася каляніяльная бюракратычная сыстэма з тымі ж тварамі, што і да незалежнасьці; калі нават твары і пачалі зьмяняцца пасьля другой сусьветнай вайны, сыстэма засталася гэткай жа нерухомай і нягнуткай, якой была і раней, — неадукаваныя бюракраты, якія ня бачылі далей за свой нос, не маглі прывабіць інвэстараў. Балота. Маладыя адукаваныя ірляндцы, стаміўшыся чакаць зьменаў у сыстэме, ехалі за мяжу шукаць шчасьце. Нічога не нагадвае? Нават цяпер яшчэ існуе прыказка “пашэнціла, як ірляндцу”. Цяпер гэтая прыказка, зрэшты, не адпавядае рэчаіснасьці. Ірляндцам пачало шанцаваць. Наўрад ці можна вылучыць адзін пэўны фактар, які прыпыніў заняпад, — прыйшло новае кіраўніцтва, якое адчула зьмены ў сусьветнай эканоміцы; збоку прачынаўся ЭЗ, яшчэ падлетак, але ўжо даволі выгадны жаніх; транснацыянальныя кампаніі зацікавіліся востравам з адукаваным насельніцтвам, якое да таго ж гаворыць па-ангельску (даволі важкі фактар), — Ірляндыя пачала прачынацца.

Ужо ў 1970-х жыць стала лепей, эміграцыя спынілася, ірляндцы пераселі на «мэрсэдэсы» і пачалі наведваць італьянскія рэстарацыі. Трэба нагадаць, што прыкладна ў той жа час паўстала й праблема Паўночнай Ірляндыі. Паўночныя браты ўбачылі, як іх паўднёвыя заможныя сваякі больш не зьвяртаюць на іх увагі, а ў найлепшым выпадку абмяркоўваюць іх лёс з брытанскім прэм’ерам, у той час як самі яны, паўночныя ірляндцы, не прадстаўленыя ні ў адным самакіраваньні, таму яны ўзьняліся й абудзілі ІRА (што ўжо была саснула). Але гэта асобная, дужа складаная тэма.

Ірляндцы размаўляюць, сьпяваюць (і добра сьпяваюць), сварацца і пішуць кніжкі па-ангельску, на мове сваіх адвечных прыгнятальнікаў — брытанцаў, але гэта не перашкаджае ім адчуваць сябе самастойнай, эўрапейскай, моцна адметнай нацыяй. Яны ня прагнуць далучыцца да брытанцаў, не камплексуюць, ня блытаюцца з уласнай ідэнтычнасьцю.

Ірляндзкасьць — гэта й Джойсаў “Уліс”, і кельцкі крыж, і казачнае піва «Guinness» (каб пакаштаваць сапраўдны «Гінэс», трэба ехаць у Ірляндыю: піва ў пляшках, я вам кажу, — гэта адстой), i “Nothing Compares to You” Шынэд О’Конар (кожны ірляндзец пакажа вам паб у Дубліне, дзе Шынэд калісьці працавала афіцыянткай, перш чым стаць зоркай), і, напэўна, самы дзейсны камісар па правах чалавека з усіх, што былі ў ААН, — Мэры Робінсан. Гэта, вядома, і Бона, якога ведаюць нават у Ждановічах. Бона з год таму пахаваў бацьку, неяк пасталеў і стаў яшчэ шчырэйшым. Ён сьпяваў на канцэрце ў Дубліне “Sunday, bloody Sunday” — песьню, зь якой U2 сталі сусьветна вядомым гуртом 20 год таму; пры канцы, пасьля песьні, ён пералічыў 28 ірляндцаў, што загінулі ў тую нядзелю, і плакаў, а зь ім плакала ўся заля. Так, ірляндзкасьць — гэта й трагедыя Паўночнай Ірляндыі: адна нацыя — дзьве краіны, тэрарызм ІRA і Аранжыстаў. Праблема Паўночнай Ірляндыі — асобная праблема — прыпынілася толькі на тым, пра што мне мой гаспадар Джон распавёў неяк: “Падтрымліваў я ІRА і іх справу, але да аднаго выпадку. Аднойчы я месяц працаваў у адной лёнданскай бібліятэцы, неяк уранку занядужаў і не пайшоў у бібліятэку, а ўдзень, калі прыйшоў, убачыў сотні паліцыянтаў, машыны “хуткай дапамогі”: ІRА ўзарвала прыпаркаваную машыну — сьцяну ў тым месцы, дзе звычайна сядзеў я, зьнесла, загінулі дзясяткі людзей. Нешта ўва мне тады зварухнулася: прабачце, падтрымліваць мо й падтрымліваў, але з такімі мэтадамі… сам мог загінуць, калі б не прыхварэў…”

Ірляндцы — эўрапейцы, але зь вельмі моцным ірляндзкім прысмакам. Нейкая частка вырвалася наперад, але большая яшчэ не патрапіла дагнаць. Бегаюць па вуліцах, натыкаюцца адзін на аднаго, кудысьці лятуць. Трэба імчацца, рабіць выгляд, што працуеш, але большасьць ня ведае дакладна, куды яны бягуць і чаму. Асабліва гэта відаць на Грэфтан-стрыт — дублінскім варыянце праспэкту Скарыны. Вось ідзе нейкі клерк купляць гамбургер у кавярню… Нейкая гопніца ў чырвоных трэніровачных штанах і джуце — а тутака ў кожнага, літаральна кожнага ёсьць джут у гардэробе — зерыцца ў вітрыну парфумнай крамы. Вось другая дзяўчына — у чорным — з “а-я-ў-офісе-працую” выглядам на твары наткнулася на чырванаштаньніцу і лаецца матам. І што, кажаш — у офісе працуеш?.. Гітарыст стаіць і сьпявае “The One” з рэпэртуару U2. Кінуў яму манэтку — добрая песьня. Вось ідзе гастарбайтэр у скураной куртцы й па-расейску ў мабільнік лаецца — неяк ня ўпісваецца ў рамку… Шатляндцы пайшлі ў паб у кілтах — ніхто не азіраецца, кілты як кілты, што такога. Гастарбайтэр азірнуўся. Зайду і я ў паб — даўно ня быў.
 

 
   

Паб — сэрца Ірляндыі (напэўна, таксама і рот). Пабаў шмат, розных — вялікіх і маленькіх, спакойных і маркотных, на розны густ. Калі хто хоча пабачыць Ірляндыю, сьпярша ён мусіць адведаць паб. Даходзіць да сьмешнага: нядаўна чуў па радыё, як скардзіліся, што Ірляндыя быццам праз пабы мае “няправільны” імідж. Але калі дэлегацыя Эўракамісіі прыехала ў Дублін, ірляндзкі прэм’ер спачатку звадзіў іх у паб. Ці другі прыклад — мы на маім факультэце маем кожную пятніцу сэмінар, на якім прафэсар ці асьпірант прэзэнтуе пэўнае дасьледаваньне. Нядаўна я атрымаў электронны ліст ад куратара, што сэмінар пераносіцца на 4-ю гадзіну замест 3-й, бо а палове на шостую ісьці ў паб зарана (звычайна мы заўсёды пасьля прэзэнтацыі ідзём у паб, але такі аргумэнт ад куратара?..). Ці яшчэ: як толькі я прыехаў, мясцовы “прафкам” арганізаваў для новых студэнтаў “event”. Здагадайцеся, куды мы накіраваліся? Так, у pub crawl (поўзаць па пабах). Дзе яшчэ які прафкам здольны на такое? Нідзе.

Весела ў пабе: наліваюць «Гінэс», сьпяваюць песьні, танцуюць традыцыйныя танцы — прычым не для турыстаў, а для сябе. Праўда, цяпер «Гінэс» страціў свае былыя пазыцыі: моладзь “павялася” на рэкляму «Гайнэкену» — сьветлага эўрапейскага піва. Але «Гінэс» — адзін з наймацнейшых сымбаляў ірляндзкага сувэрэнітэту, пасьля пералічэньня “ірляндзец, каталік” звычайна ідзе “п’ю «Гінэс»”. Сур’ёзна. Усе чакаюць на канец працоўнага дня, каб пайсьці ў паб.

У пятніцу вечарам дома няма нікога, усе ў пабах, гамоняць зь сябрукамі, сьпяваюць, глядзяць футбол, здымаюць каго-небудзь, а можна і ноч пераспаць. Ірляндыя — надзвычай каталіцкая краіна, аборты забароненыя, развод атрымаць амаль немагчыма, і, як я ўжо казаў, ксяндзы — надзвычай уплывовая кляса. Але каталіцызм каталіцызмам, а гармоны й эўраінтэграцыя бяруць сваё, і маладое пакаленьне не зважае на традыцыі. Аборты забароненыя — не праблема. Можна паехаць у Брытанію, хіба што трохі даражэй. Але ўсё роўна маладых мам з вазкамі тут можна ўбачыць больш, чым у якой іншай краіне. Ірляндыя — наймаладзейшая краіна Эўропы; здаецца, да гэтага часу большасьць насельніцтва — гэта моладзь да 25 год. Але мамы з вазкамі — звычайна нечыя сяброўкі, зусім ня жонкі. Дзіця — гэта не прыступка, пасьля якой трэба гуляць вясельле. Цікава паглядзець на дынаміку гэтай зьявы: спачатку ня можна было цалавацца да вясельля, пасьля — спаць, пасьля — мець дзетак (у Беларусі звычайна калі дзяўчына зацяжарыць, гуляюць вясельле), пасьля — мець больш за аднаго, пасьля — больш за траіх дзетак. Так, цяпер у Ірляндыі прыступка, пасьля якой абавязковае вясельле, — гэта трое дзетак, але гэта мой суб’ектыўны падрахунак. Тут нават праводзяць рэгулярныя рэфэрэндумы наконт абортаў і ня толькі.
 

 
   

Напрыклад, апошні рэфэрэндум летась, на якім ірляндцы прагаласавалі за пагадненьне, укладзенае ў Ніцы, што дае адмашку ўзбуйненьню Эўразьвязу й пэўнай рэструктурызацыі ўлады ў ЭЗ. Цікава, што на першым рэфэрэндуме два гады таму ірляндцы прагаласавалі “супраць” гэтага пагадненьня, а правіла такое, што, калі хоць адна краіна супраць, узбуйненьне немагчымае. Што рабіць — трэба зноў праводзіць рэфэрэндум. Прэм’ер кажа: “Не, першы раз вы не зразумелі пытаньня, вы ж мелі на ўвазе ня “не”?” — і паставілі тыя ж пытаньні на рэфэрэндум ізноў. Зялёныя, Шын Фэйн — палітычнае крыло ІRА, сацыялісты й другія дробныя партыі заснавалі стан “Не”. Трэба адзначыць, што яны мелі рацыю: калі выбарцы ўжо раз сказалі “не”, дык чаму не зьмяняеце пытаньня, ня ўносіце зьменаў у Ніцкую дамову? Што гэта за дэмакратыя — мы галасавалі за гэтую ўладную кааліцыю на апошніх выбарах, але яна карумпаваная — можа, і гэта нам яшчэ раз перагаласаваць?

Але стан “Так” на гэты раз быў разумнейшы. Па-першае, у “Выбірайку” ўклалі нашмат больш сродкаў, чым раней, — увесь Дублін быў залеплены іх постэрамі; па-другое, быў скарэктаваны “мэсыдж”. Замест тлумачэньня дэталяў зьвярталіся да пачуцьцяў. “У 1973 годзе нам далі шанец і прынялі ў ЭЗ, паглядзіце, як мы цяпер жывём. Як мы можам сказаць “не” мільёнам усходнеэўрапейцаў?” Было шмат арыгінальных постэраў, ад нейкай польскага выгляду дзяўчынкай з кветкамі й подпісам “Галасуй за яе будучыню!” да амаль аголенай пары — яна сядзіць у яго на каленях, не зусім ясна, што яны робяць, магчыма і “гэта”, — і надпіс “Іt is better inside” (“Усярэдзіне лепей”). Сапраўды, лепш быць усярэдзіне.

Ірляндцы прагаласавалі “так”, нашым суседзям разаслалі запрашэньні. Але нас там няма. Пакуль.

Можна было б ня ставіць гэтага “пакуль” напрыканцы гэтых нататкаў, і тады б заканчэньне мела трохі дэпрэсіўны прысмак. Але хопіць дэпрэсіі, трэба працаваць, над сабой і нацыяй. Ня ведаю, ці згодзіцца з мною чытач, але спадзяюся, што ён убачыць маю рацыю ў гэтых нататках. Калі ірляндцы — эўрапейцы і яны здолелі выбудаваць сваю ідэнтычнасьць пасьля нацыянальнай катастрофы, горшай за нашую, пабудаваць на якасных культурных сымбалях у моўнай й геапалітычнай сытуацыі (vis-a-vis Брытаніі), падобнай да нашай; калі ў 50-я гады на дзьвярах будынкаў у Лёндане, што здаваліся ў арэнду, можна было сустрэць “No Blacks, No Irish” (“Чорным і ірляндцам забаронена”), а цяпер у Лёндане ірляндзкасьць — гэта модна і “прасунута”, дык чаму не?

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (25) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/05/01