A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (25) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Андрэй Хадановіч
|
Пазьней гэты падыход быў узгоднены з новаю, больш матэрыялістычнаю эпохай, і на зьмену “паведамленьням на пэйджэр” прыйшло разуменьне: паэт — носьбіт той ці іншай вялікай ідэалёгіі, што прамаўляе праз творцу, за якім па-ранейшаму замацоўвалася функцыя прарока й пасярэдніка (паводле Горкага, пісьменьнік — “чувствилище” сваёй эпохі). Залішняе дбаньне пра форму ў творах такога “чувствилища” выглядала б прынамсі падазроным. Пра якія там фармальныя аздобы можа весьціся гаворка, калі сапраўдныя героі пішуць “крывёй з сваіх грудзей”! Паэту ж, неабыякаваму да “чыстай красы”, адводзілася ў найлепшым выпадку месца малодшага з волатаў на “подыюме” нацыянальных культурных герояў (Леся Ўкраінка альбо Максім Багдановіч). У савецкіх умовах ад беларускага “прарока” патрабавалася выражаць сацыялістычны зьмест, увасоблены ў нацыянальнай форме. Прычым форма гэтая грала відочна несамастойную, падначаленую ролю. Ці не тады ўзьнікае патрабаваньне “хаваць форму”, калі валодаеш ёю падазрона добра? (Патрабаваньне, якое нечакана рэанімаваў і агучыў мой сёньняшні апанэнт.) Згадайма, з чаго нараджаецца вобраз Майстра ў Булгакава: ізь зьняважлівага сталінскага азначэньня Мандэльштама як “майстра”, то бок “рамесьніка”. Што заставалася рабіць такім творцам ува ўмовах таталітарнага рэжыму? Бегчы альбо ў дзіцячую літаратуру, альбо — найчасьцей — у паэтычны пераклад (напрыклад, У. Дубоўка як перакладчык Шэксьпіра). Там, маўляў, і толькі там іхнае “рамесьніцтва” даравальнае. Ці не такую, дарэчы, параду робіць мне сёньня крытык? Выкарыстоўвай, маўляў, сваё “вэрсыфікатарства” на пераклад “франкафонаў” — і клямка! Ці ж сам крытык не адчувае, наколькі анахранічна выглядае сёньня падзел твору на “зьмест” і “форму”, бо ўсякая форма аўтаматычна “значэнная”, а ўсякі зьмест — “фармалізаваны”? “Зацыкленасьць” на бінарных апазыцыях (белае/чорнае, зьмест/форма) аўтаматычна заганяе нашага крытыка ў глухі кут, бо, “шыючы” мне фармалізм а ля Бальмонт зь яго “ландыши, лютики, ласки любовные”, ён мусіць назваць фармалістам і Барадуліна зь яго “лілею млявы плёс люляе”, і Разанава зь яго “вершаказамі”, і нават абазваць пазбаўленымі “мэсыджу” трыялеты й рандо Багдановіча. |
Абодва падыходы — апалёгія “натхнёнага мэсыджу” й апалёгія рамяства — канечне ж, скрайнасьці, якія сёньня існуюць хутчэй як тэндэнцыі. Разам з тым, карысна нагадаць сп. Шчуру, што ўжо ў ХІХ стагодзьдзі літаратары пасьпяхова пераадольвалі гэтую штучную фармальна/зьместавую дыхатамію. Ужо для Эдгара По не было, па сутнасьці, ні формы, ні зьместу, а быў твор як складаная сыстэма ўзаемна падпарадкаваных элемэнтаў. І кожны фармальны прыём — у тым ліку вэрсыфікацыйны — быў носьбітам сэнсу, бо сугестыўна (на ўзроўні ўнушэньня) нёс чытачу такія сэнсы, якіх аўтар не пажадаў выказваць наўпрост, “у лоб”. І пра якіх бы “фармалістаў” ні казала пазьней вульгарная крытыка (пераважна савецкая), і ў Пруста, і ў Джойса, і ў Эліята з Паўндам фармальны, здавалася б, прыём быў насамперш сэнсаўтваральным. Іншая рэч, што выяўленьне такога сэнсу падчас вымагае пэўнай падрыхтоўкі, прафэсіяналізму, зь якім наш крытык, відаць, упарта змагаецца. Ёсьць у літаратуразнаўстве (вузей — у аналізе паэтычнага тэксту) “фішка”, пра якую казаў яшчэ Ю. Лотман. “Фішка” гэтая — “прэзумпцыя асэнсаванасьці” (паводле аналёгіі з “прэзумпцыяй невінаватасьці”). Калі тэкст незразумелы табе асабіста, не сьпяшайся абвяшчаць яго “кнігай бязглузду”, як выказаўся б сам М. Шчур. Паспрабуй найперш інтэрпрэтаваць тэкст: а што калі “праблема” ня ў ім, а ў тваёй няздольнасьці да разуменьня? (Сама сабою згадваецца тэза пра адсутнасьць у мяне пачуцьця гумару. На чым яна палягае? Калі я неаднаразова чытаў свае лімэрыкі дый іншыя тэксты на самую розную публіку, гэтая самая публіка заўсёды ўдзячна рэагавала калі ўсьмешкамі, а калі й выбухамі рогату, прычым — у заплянаваных аўтарам месцах. Мо шаноўнаму крытыку ўласнае пачуцьцё гумару “праверыць”? Напрыклад, чытаючы на аўдыторыю свае пераклады лімэрыкаў Э. Ліра.) |
Аднак вернемся да “прэзумпцыі”. Здаецца, што бяздоказнасьць, неабгрунтаванасьць, галаслоўнасьць — гэта асноўны “творчы мэтад” крытыка. Падчас мне хочацца самому даць веры той ці іншай думцы наконт маёй уласнай пэрсоны, ды вось цытаты ў якасьці довадаў аўтар прывесьці лянуецца — ці, можа, няздольны? Напрыклад, абвінавачаньне ў бессэнсоўнасьці, схаванай пад фармальным бляскам, у тым, што “Хадановічу няма чаго сказаць”, нічым у крытыка не аргумэнтуецца. А між іншага, робіцца такая аргумэнтацыя вельмі проста. На правох прыкладу: бяром апошні нумар “Правінцыі” з паэтычнай публікацыяй самога М. Шчура (дарэчы, найлепшая паэтычная публікацыя ў нумары!) і цытуем адну страфу, скажам, такую: там быў прахону сьмярдзючы калодзеж, Што вы скажаце пра выраз “не было дзе ж”, які нічым, здаецца, у тэксьце не матываваны, апроч жаданьня аўтара знайсьці як мага дакладнейшую рыму да “калодзежу”? Калі гэта не “фармалізм”, у якім паэт-крытык абвінавачвае мяне (прычым фармалізм “лабавы”, грувасткі, які напраўду выпінаецца з тэксту й замінае ўспрымаць яго як цэлае), то, выбачайце, што ж такое фармалізм? “А судзьдзі хто?” — хочацца мне згадаць адно з тых “агульных месцаў”, якія, відаць, так раздражняюць нашага крытыка. Дарэчы, пра “агульныя месцы”. Ня ведаю дакладна, з чаго вынікае гэтая заканамернасьць — ці то з адарванасьці “праскага” жыхара ад беларускага кантэксту, ці то з таго, што ён яшчэ ня мае / не адчувае сваёй чытацкай аўдыторыі, — але шаноўны аўтар на кожным кроку то ідэалізуе, то, наадварот, недаацэньвае беларускага чытача. Пачнём з ідэалізацыі. “Ня можа не выклікаць усьмешкі, — піша крытык, — калі “мэтар” (то бок я — А.Х.) час ад часу скарыстоўвае свой сцэнічны вобраз для таго, каб нагадаць сваёй аўдыторыі сёе-тое з шэрагу даўно яму і іншым вядомых банальнасьцяў, якія ён выдае за “сакрэты” паэтычнага рамяства”. Прымаю заўвагу, часам дазваляю сабе мэнтарства й дыдактыку. Відаць, выкладчыцкая праца вінаватая: надта ж часта даводзіцца тлумачыць адно й тое самае, прычым шматлікія паўторы зусім не гарантуюць добрага выніку. Колькі ні кажы, напрыклад, што “александрыйскі верш” вымагае цэзуры пасярэдзіне, — усё на глум. Дарэчы, з трох беларускіх перакладаў “П’янога карабля” Рэмбо (а сярод перакладчыкаў такія майстры, як Барадулін і Мінкін) рэгулярнай цэзуры не захоўвае ніводзін. Дык трэба ці ня трэба час ад часу паўтараць “банальнасьці”? Альбо вось мой крытык, якому, натуральна ж, і безь мяне “вядомыя ўсе сакрэты рамяства”, піша: “Гумар Хадановіча — гэта, як казаў Караткевіч, “гумар шыбеніка”” (sic!). Дзякуй за камплімэнт, але дазвольце не паверыць: нічога Караткевіч пра мой гумар не казаў! Вось жа, ці ня варта пазьбягаць такіх “пэрлаў”, дбаючы пра стыль? Няўжо пошук дакладнага выразу, адпаведнага тваёй думцы, ёсьць фармалізмам? |
1 Макс Шчур. Кастрычніцкай рэвалюцыі // Правінцыя. 2002. №3-4. С.65. |
Цяпер пра недаацэнку чытача. З чаго вынікае цьверджаньне, што я пішу так, нібы ўсе ў нас гавораць па-беларуску? Альбо што пішу для нашчадкаў, якія прыйдуць праз сто гадоў, калі ўсе будуць гаварыць па-беларуску? (Мне б, дарэчы, аптымізм аўтара!) Вядома ж, ня ўсе гавораць, але й камунікацыйных праблемаў з адукаваным расійскамоўным чытачом у мяне звычайна не ўзьнікае. Затое часам у чытача калі не ўзьнікаюць праблемы, то прынамсі ламаюцца антыбеларускія стэрэатыпы. Калі не ламаць гэтых стэрэатыпаў сёньня, то ня тое што праз сто гадоў, а ўжо заўтра ніхто ня будзе чытаць ні Максіма Шчура, ні Андрэя Хадановіча. Згадваецца “Тэатральны пралёг” да “Фаўста” Гётэ, дзе паэт, актор і дырэктар тэатру да хрыпу спрачаюцца, якім павінен быць твор і на якога гледача арыентавацца: на інтэлектуала альбо на шырокую публіку, на сучасьнікаў альбо нашчадкаў? І выяўляецца, што рацыю мае кожны зь іх і праўда — недзе пасярэдзіне. Барыс Захадэр (sorry за шчэ адну расійскую цытату) трапна сфармуляваў: А нужно так: пиши стихи и сказки Іначай ніякай сьветлай будучыні ні літаратуры нашай, ні літаратарам “ня сьвеціць”. Крытычны матэрыял пра мяне пачынаецца зь вершаванага эпіграфа, змайстраванага, відаць, самім сп. Шчуром. Напэўна, каб яшчэ раз зьняважыць прафэсіяналізм, аўтар ужывае “вышуканую” рыму “Хадановіч — Багдановіч”. Так, маё прозьвішча някепска рымуецца й ужо ня раз рымавалася. Серж Мінскевіч у адным з сваіх санэтаў знайшоў да “Хадановіча” дзьве рымы — “Туровіч” і “Акудовіч”. А Аляксандар Ірванец дадаў яшчэ дзьве — “Адамовіч” і “Галубовіч”. Але паэт Максім Шчур відочна пераўзышоў сваіх папярэднікаў! Мабыць, было б дарэчным і мне скончыць на паэтычнай ноце, а заадно скарыстацца нагодаю й падзякаваць за крытыку ў сытуацыі, “калі ўхваляць Хадановіча стаецца правілам “добрага” густу”. Сьвятая рацыя: трэба шукаць (і знаходзіць!) і “адваротныя бакі ягонага фэномэну”. Канструктыўная крытыка яшчэ нікому не пашкодзіла, а толькі прыносіла карысьць. Спадзяюся, што й мне ўдасца зрабіць зь яе канструктыўныя высновы. Так што прычыны сумаваць ды псаваць сабе настрою няма. Мой апанэнт раіў не перакладаць з блізкіх моваў, а даваць чытачу арыгінал. Што ж, як казаў польскі паэт Канстанты Ільдэфанс Галчынскі: Gaudeamus igitur,
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (25) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |