A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (25) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Аляксандар Фядута
|
1 Тут і далей тэкст Кнігі цытуецца паводле выданьня: Туркменбашы Сапармурат. Рухнама. — Менск.: УП “Светач”, 2003. У тэксьце пасьля цытаты падаецца старонка гэтага сонечнага выданьня. |
Стваральнік Галоўнай Кнігі Туркмэнскага Народу ня ставіць пад сумнеў найстаражытнейшых вытокаў Дзяржаўнасьці Туркмэністану. Для яго няма пытаньняў, з кім у супольнасьці або ў хаўрусе будавалі туркмэны сваю Дзяржаву. Канцэпцыя дзяржаўнага будаўніцтва простая і велічная ў гэтай простасьці: акурат туркмэны несьлі цывілізацыю астатняй частцы чалавецтва. Першая друкаваная кніга цюрскіх народаў, першы цюрскі ўнівэрсытэт, вялікія паэты, першая цюрская Канстытуцыя (хай нават яна называлася б Статутам) — усё гэта гарантуе Яго Народу годнае месца ў Запісной Кніжцы Алага. Туркмэнбашы спасылаецца ў Кнізе на сьлед, які пакінулі ў духоўнай памяці народу Огуз хан, Горгут ата, заснавальнік Парфянскага царства Аршак, і асабліва — апошні кіраўнік імпэрыі сэльджукаў вялікі Салтан Санджар (с. 43). Трагедыю Туркмэнскага Народу вялікі Дэміюрг Рухнамы бачыць у далучэньні рэштак Туркмэнскай Дзяржавы да братняй Расійскай імпэрыі: “Гектаэпiнская вайна 1879 — 1881 гадоў наносiць страшэнны, непапраўны ўдар па палiтычным, эканамiчным, сацыяльным укладзе жыцьця туркмэнаў. Рушацца апошнiя асновы туркмэнскай дзяржаўнасьцi. Расiя ўвяла на туркмэнскiя землi залежнае кiраваньне, разгарнула рэлiгiйную прапаганду, пачала праводзiць сваю культурную палiтыку” (с. 38) Працяг палітыкі Расійскай імпэрыі вялікі Туркмэнбашы бачыць у гісторыі Савецкага Саюзу: “Сотнi тысяч нашых суграмадзян… былi рэпрэсаваныя, расстраляныя, а мiльёны, пакiнуўшы наседжаныя мясьцiны, занесены вятрамi далёка ад роднага дому. Тыя ж, што засталiся на сваёй Бацькаўшчыне (каля трох мiльёнаў), забыўшы пра сваё паходжаньне, улiлiся ў супольнасьць пад назваю савецкi народ i пачалi забываць i сваю родную мову, i рэлiгiю, страчваць нацыянальныя пачуцьцi. У такiм стане мы знаходзiлiся 74 гады. 74 гады смутку, тугi, нявер’я ў свой заўтрашнi дзень”. Горкая гісторыя падштурхнула Туркмэнскую Дзяржаву да ўсьведамленьня дзьвюх вялікіх вартасьцяў — Сувэрэнітэту й Нэўтралітэту. Варта зазначыць, што акурат на прапанову Стваральніка Рухнамы 12 сьнежня 1995 году пры аднадушнай падтрымцы 185 дзяржаваў Генэральная Асамблея ААН надала Туркмэністану статус сталага нэўтралітэту (с. 250). Дзяржава Туркмэнскага Народу, кіраваная пажыцьцёвым Прэзыдэнтам, не ўступае ў вайскова-палітычныя саюзы, не гандлюе зброяй і — працьвітае! Аднак памяць аб вялікіх бітвах мінулага жыве ў сэрцы Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Туркмэнскімі Ўзброенымі Сіламі. “Сказаўшы “бiсмiлла”, мы пабудавалi першы мячэт у Кiпчаку. Потым узьвялi ў цэнтры Ашхабаду велiчны храм, якi не саступае iншым духоўным цэнтрам iсламу. У памяць аб ахвярах Гектаэпiнскай бiтвы на яе месцы ўзьвялi найпрыгажэйшы зь мячэтаў” (с. 254). |
Але Дзяржаўнасьць ня ёсьць толькі вынікам гістарычнага разьвіцьця. Сапармурат Туркмэнбашы разглядае яе філязофска: “Дзяржава — гэта сродак i спосаб аб’яднаньня нацыi. Нацыянальная дзяржава — гiстарычны спосаб унутранага ўладкаваньня нацыяй свайго жыцьця. Толькi ў нацыянальнай дзяржаве праяўляецца жыцьцяздольнасьць нацыi, паколькi ўпарадкаваньне нацыянальнага жыцьця, яго гарманiзацыя магчымы ў адным канкрэтным месцы. У сваю чаргу, здольнасьць нацыi да стварэньня нацыянальнай дзяржавы паказвае яе здольнасьць да гiстарычнага жыцьця, да ўзнаўленьня сваёй будучынi” (с. 257). Аўтар знаходзіць энэргічныя і разам з тым ляканічныя словы для выражэньня сваіх велічных Думак, вартых быць увекавечанымі ў Кнігах Кніг кожнага з народаў, што насяляюць Сусьвет: “Дзяржава — вялiкi дом для народу” (с. 258). “Як для стварэньня нармальнай сям’і неабходна, каб былi яе чальцы, пэўныя ўнутраныя i зьнешнiя ўмовы, так i для станаўленьня нацыi неабходна дзяржава” (с. 258). Разглядаючы Дзяржаву як агромністы дом для Туркмэнскага Народу, Туркмэнбашы ацэньвае й Народ як Сям’ю, абвяшчаючы сямейныя вартасьці дзяржаўнымі. Агмень — во з чаго пачынае выбудову Туркмэнскага Дому яго Вялікі Архітэктар: “Туркмэнiстан — адзiная дзяржава ў сьвеце, якая не бярэ з сваiх грамадзян плату за газ i электрычнасьць, соль i ваду, а зусiм бедныя атрымлiваюць бясплатна i муку” (с. 261). Апошняе асабліва ўражвае, калі ўлічыць, што ў іншых дзяржавах, не ашчасьліўленых кіраваньнем Стваральніка Рухнамы, увесь гэты час павышаюцца цэны на камунальныя паслугі, а колькасьць зусім бедных дасягла такой лічбы, што ніякай мукі ня хопіць. Гаворачы пра Народ, Бацька Ўсіх Туркмэнаў, аднак, дбае ня толькі пра матэрыяльны яго дабрабыт, але і аб духоўнасьці: “Стрыжань нацыi ў яе самасьвядомасьцi. Усе яе асновы, як матэрыяльныя, так i духоўныя — мова, рэлiгiя, культура, дзяржаўнасьць, — нанiзваюцца на гэты стрыжань. Безь яго ўсё трацiць сэнс, ня можа набыць неабходнага парадку i цэльнага выгляду. I тады ўсё, што складае нацыю i грамадзтва, пачынае жыць асобным жыцьцём, стыхiйна, што ў рэшце рэшт вядзе да разбурэньня i заняпаду” (с. 406). Нарожным каменем велічнага Храму Нацыянальнай Самасьвядомасьці Туркмэнбашы лічыць родную мову: “Няма мовы — няма народу”. Або: “Iдучы ў дарогу, беражы сваю мову”. Або, нарэшце: “Ёсьць у мяне мова — ёсьць мiр у мяне” (с. 212). |
Варта дадаць некалькі словаў пра Чалавека, як яго разумее Аўтар “Рухнамы”. Як і належыць Бацьку Народу, у якасьці прыкладу ён прапануе сваім Дзецям ўласны лёс. Цяжкое жыцьцё туркмэнскага юнака, які вырас бяз бацькі, што загінуў на вайне, які быў змушаны вучыцца на стыпэндыю ў той час, як некаторыя езьдзілі ў школу і ў інстытут на чорных “Волгах” і елі ікру, — як гэта збліжае Яго зь Яго Народам, што быў пасынкам у савецкіх уладаў! Строгасьць ён спалучае зь міласэрнасьцю, і нават каральны меч Закону ён уручыў Жанчыне — Генэральнай Пракурорцы Туркмэністану, папярэдне запісаўшы ў “Рухнаме”: “Нiколi ня бiце дзяцей i жонак па твары, — гаварыў Нух. Затое ён загадаў закрыць жанчынам раты” (с. 13). Ужо прыведзеных намі цытат досыць, каб пераканацца ў галоўным: “Рухнама” — во тая кніга, для якой кожны народ павінен збудаваць асобны кнігасхоў, што формай нагадвае дыямэнт — гексаактоэктаэдар, дзеля чаго кожны з грамадзян з радасьцю ахвяруе неабходным. “Рухнама” — ідэалёгія сувэрэннай, нэўтральнай, сацыяльна арыентаванай дзяржавы, кіраванай адукаваным і міласэрным кіраўніком, чые паўнамоцтвы падаўжаюцца да бясконцасьці ўдзячным народам. Разам з тым, відавочна, што “Рухнама” прыходзіць у супярэчнасьць зь дзяржаўнай дактрынай Рэспублікі Бульбастан: досыць супаставіць пэўныя канцэптуальныя пастуляты вызнаваных імі (калі меркаваць ня толькі па словах, але і па справах) філязофій. Няма ніякіх сумневаў у тым, што пераклад “Рухнамы” на дзяржаўную мову Рэспублікі Бульбастан стаў адной з найбольш значных падзеяў у культурным жыцьці народу. Вялікі Сапармурат Туркмэнбашы нацеміў бульбастанцам дарогу, якой павінен ісьці народ, каб заняць годнае і пачэснае месца сярод цывілізаваных дзяржаваў. Аляксандар Фядута-Гіль-Віч
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (25) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |