A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (25) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
УСЕВАЛАД ГАРАЧКА | |||||
|
Усевалад Гарачка
|
(нар. 1968) — інжынэр-тэхноляг, працуе на заводзе «Інтэграл» у Менску. Жыве ў Фаніпалі. Паэт. Ягоныя вершы апошніх гадоў друкаваліся ў газэтах «Літаратура і мастацтва», «Наша Ніва», часопісе «Крыніца». Ягоная апошняя публікацыя ў «ARCHE» — у № 1-2002. |
Нi для кога — можа, акрамя Патаранскага — творчасьць Наталкi не была крынiцай перайманьня. Больш таго, не выпрацоўваўся, не “выкоўваўся” адзiны голас для ўсiх, а “ставiўся” ўласны. Да таго ж не пры дапамозе нейкiх практыкаваньняў, па нейкай “тэхналёгii”, а натуральна, як бы само сабой, непрыкметна: чыталiся вершы (уласныя, клясыка), рабiлiся пэўныя заўвагi. Але заўвагi не з пазыцыi нейкай “лiтаратурнай фiлязофii”, а як у музыцы: “Сфальшывiў, узяў ня тую ноту”. Не чыталіся нi Купала, анi Колас, анi хто iншы зь беларускiх клясыкаў. Можа, выключэньне складалi Караткевiч i Сыс. Чыталiся расейскiя паэты: Кузьмiн, Таркоўскi, Бунiн, Бродзкi, Забалоцкi. Надавалася больш увагi каве i сумеснаму паяданьню пiрожных, чым лiтвучобе, але лiтвучоба ішла. I я ўпэўнены, што ёй спрыялі гэтая кава й гэтыя пiрожныя. Той сьвет, што iснаваў вакол Наталкi, — вершы, паркi, кава. Для мяне ўсё гэта — мiнулае (можа, нават паэзiя). Буду шчырым, сустракалася ўсё: i сьветлае, i бруднае. Часам мы, вучнi, не маглi трываць адзiн аднаго, i тым ня менш сядзелi побач, бо ля кожнага з нас сядзела Наталка. Вучнёўства. Мы больш жылi — хадзiлi па горадзе (у нас былi свае любыя месцы), кагосьці сустракалi, расставалiся — чым непасрэдна пад Наталчыным кiраўнiцтвам удасканальвалiся ў вершаскладаньнi. Само тое жыцьцё вучыла пiсаць вершы, давала iх. Так, першай iх слухачкаю была Наталка. Яна часам i не гаварыла, дзе й што ня так. Падчас прачытаньня (або пасьля) мы нібыта адчувалi гэта самi. Нешта было ў ёй такое. Ня нашы паэтычныя (лiтаратурныя) дасягненьнi — я пабачыў перад сабой вобразы нямоглых людзей, якiм жыцьцё — намаганьне: Наталка, Вiця Сьлiнко... У меншай ступенi — Таня, Алесь Сьпiцын, — яны малодшыя (а можа, таму iншая прычына). Сюды трэба аднесьцi й мяне. Выпаленым дарэшты мне здаецца тое нашае жыцьцё. Але адначасова здаецца (толькi здаецца), што цяпер я, як некалi Наталка, змог бы зноў сабраць усiх нас разам i нават нейкi час жыць гэтым падманам. Не магу разглядаць нашую творчасьць безадносна да асоб творцаў, да нейкiх вынiкаў iх справаў, дасягненьняў у жыцьцi (не лiтаратуры). А што маем: у адных распалiся сем’i, iншыя страцiлi веру (ня ў Бога, у Бога па-сапраўднаму мы ня верылi). У прыватнасьцi, для мяне паэзiя перастала быць пуцяводнай зоркай. Часам здаецца, што, зьбiраючыся разам, мы, можа, нават таго й ня ведаючы, генэравалi сумесна нейкiя сутнасьцi: нябачныя, але адчувальныя (або, можна сказаць, бачныя, але ня звычнымі вачыма). Мы стваралi гэтыя сутнасьцi, i яны ўзьдзеялi на кожнага з нас ужо паасобку, зьяўляючыся крынiцай творчасьцi. Цi не таму, нягледзячы на ўсю адрознасьць, у нашых вершах адчуваецца нешта супольнае. |
3 Я: Некалi Калесьнiк казаў прыкладна так: “Што б хто ні гаварыў пра адносiны твору i творцы, урэшце вартасьць, каштоўнасьць твору вызначаецца каштоўнасьцю асобы аўтара”. А як, на тваю думку, суадносяцца творца i яго твор? Н: Гатовая пагадзiцца. Бо варта толькi згадаць прыклад Славамiра Адамовiча. Ягоная выдатная першая кнiга “Кальварыйскiя клёны”, твор пра рыжую векшу. Гэты твор я пачула першым зь ягоных твораў i прыслала яму тады цыдулку, што ад iмя ўсiх жанчын стану перад iм на каленi. I апошнiя творы... Як сказалi б на Палесьсi, ёсьць чаго пяяцi, ды няма чаго слухацi. Я: Зразумела. Я чытаў не далей як сёньня адно апавяданьне. Быў падлетак, якога не прымалi ў асяродку яму роўных. I ён стварыў сабе iншы асяродак — з маладзейшых за сябе. Але так сталася, менавiта ў гэтым асяродку ён зьдзейсьнiў учынак, якi па-сапраўднаму раскрыў яго чалавечыя якасьцi. Ён уратаваў аднаго з сваiх падапечных. Нейкiм чынам мне хочацца спраектаваць гэта ўсё на цябе. Чаму? Проста ты гаварыла мне пра пэўнае непрыняцьце цябе ў лiтаратурных колах. Цi не было такога, што ты стварыла вакол сябе кола малодшых, каб, навучаючы iх, нешта перадаючы iм, самасьцьвярджацца, рэалiзоўваць нешта незапатрабаванае? А можа, такая праекцыя недарэчная? Н: Я заўсёды вельмi любiла маладзейшых за сябе. Мой брат пра мяне з гэтай нагоды лiтаральна тваiмi словамi й казаў. Што, маўляў, цябе аднагодкi не прызнаюць — ты такая, ты сякая, ты ненармальная, таму ты з малодшымi гуляеш. Але проста тады, дзiцем, падлеткам, я зразумела, што малодшыя здольныя адказаць любоўю на любоў. А цяпер — проста таму, што мне зь iмi цiкава. Пра што я буду гаварыць з аднагодкамi? З задастымi цёткамi, з кар’ерна заклапочанымi лысымi мужыкамi, дастатымi жыцьцём? Учора аб гэтым думала: вось пра што зь iмi гаварыць? Хаця сярод iх ёсьць i iншыя. I акурат зь iншымi я гавару: зь iмi цiкава. Ад гадоў гэта не залежыць: я з тымi, з кiм мне цiкава. I да таго ж, я б сказала, што ўсе яны — лепшыя за мяне. Я: Вось паглядзi, такi момант: ты не стварыла сваёй школы, як мастакi стваралi раней свае школы... Н: Маўляў, “пiшы як я, i толькi гэтак будзе правiльна”? Я: Так. Н: Таму што мяне ў свой час накармiлi гэтым дастаткова. Я: Ты кожнаму дала магчымасьць разьвiвацца так, як ён хоча, куды ён можа. Ты была, магчыма, ня столькi настаўнiцай, што задае нейкiя дырэктывы: вось так i так, колькі выдатнай слухачкаю, суразмоўцаю, што здольная пачуць таго, хто да цябе прыходзiць, хто табе чытае нейкiя творы, хто да цябе зьвяртаецца. Ты ўступала з сваiмi падапечнымi ў лiтаратурны дыялёг, i менавiта праз гэты дыялёг яны разьвiвалiся. Гэта Разанаў некалi пiсаў у “Глiне”: |
Паволi або раптоўна Рэдка хто можа ўтрымацца нейкай задумы, ня маючы водгуку: слухача, рэцэнзэнта, кнiгi. I цi не была ты тым водгукам для маладых лiтаратараў, што прыходзiлi да цябе? Н: Ня знаю, можа, і была. Я аб гэтым асаблiва не задумвалася. Для мяне не праблема выслухаць чалавека, не праблема зразумець яго. Для мяне праблема — настаяць на сваiм, адстаяць сваё. Я: Але ты ж не настойвала на сваiм i не адстойвала свайго, чытаючы творы маладых... Н: Ну, ня знаю. Рыба плавае, кот ловiць мышы. Так i я — рабiла толькi тое, што для мяне было натуральна. Я: Зразумела. Такое пытаньне: ты была для людзей, што гуртавалiся вакол цябе, ня толькi настаўнiцай у лiтаратуры, але й настаўнiцай у жыцьцi. Ты гэта, вiдаць, таксама ўсьведамляла й бачыла? Н: Ня знаю. Апошнiм часам я ў меншай ступенi магу быць настаўнiцай у жыцьцi, таму што мае малыя пайшлi далей, яны жывуць далей. Я, у прынцыпе, стаю на месцы. Яно мяне задавальняе, але настаўнiцай у жыцьцi я болей не магу быць. Я: На нейкiм этапе? Н: На нейкiм этапе. Вось толькi не на тым этапе, дзе трэба выслухаць i ня зьвягаць. Я: Далей мяне цiкавiць наступнае. Перад табой разгортвалiся ня толькi лiтаратурныя сталеньнi аўтараў, перад табой разгортвалiся лёсы людзей. Ты была ў такiм дзiўным становiшчы... Н: Ну чаму ўсе ў гэтым бачаць нешта дзiўнае? Нiчога асаблiвага. Так натуральна, калi кагосьці любiш, быць у курсе ўсiх яго справаў: i лiтаратурных, i нелiтаратурных, i калялiтаратурных. Гэта абсалютна натуральна, я нават асабліва пра гэта не задумвалася. Я: Вось ты сказала слова “любiш”. Дык асноўны твой прынцып настаўнiцтва — гэта любоў да сваiх вучняў? Н: Так яно i ёсьць. Таму, мiж iншага, раней i мастакi, i фiлёзафы — усе выбiралi сабе ў вучнi строга тых, хто iм падабаўся, хто да iх цягнуўся. Астатнiя адсейвалiся самi. Я: Сапраўды, так яно й было. Н: Iначай, я ўжо пераканалася, не навучыш. Чаму зь мяне сталася нармальная карэктарка, нармальная стыль-рэдактарка? Гэта ня толькi мае дадзеныя. Гэта таму, што мяне вучылi зь любоўю. I зь любоўю хвалiлi, калi што было добра, i зь любоўю давалi па вушах, калi што было ня тое. Вось i ўсё. Не галоўнае, ці хвалiш ты, цi даеш па вушах. Галоўнае — зь любоўю. Тады любоў сама падкажа — найчасьцей, хоць не заўсёды так бывае, але найчасьцей! — правiльныя словы, правiльныя дзеяньнi. I ты нават не пасьпееш пра гэта задумацца. |
Я: А я вось задумваўся над такiм пытаньнем: калi зьвярнуцца да папярэднiх пакаленьняў беларускiх пiсьменьнiкаў, як бы я клясыфікаваў iх творчасьць? Не паводле жанраў i родаў, а паводле тых крынiцаў, што яе сiлкуюць. Або пiшуць пра вёску, якая загiнаецца й якой так шкада, цi нават пішуць ужо стылiзацыi на тэму, калі творца, можа, і ня бачыў той вёскi, а толькi чытаў творы папярэднiкаў у гэтым ключы. Або воляй аўтара расейскамоўны сьвет, якi ён бачыў у штодзённым жыцьцi, гаворыць па-беларуску. Або такі выпадак: беларус у небеларускiм сусьвеце. Вакол жа цябе, Наталка, стварыўся сапраўдны беларускамоўны сусьвет, сапраўднае беларускае жыцьцё. Калi ў папярэднiкаў (“Талака”, “Тутэйшыя”) беларускасьць была часам паказная, штучная (часам iх мова была занадта беларускай — абы ня так, як у расейцаў; да таго ж адно слова зь Вiцебшчыны, другое — з Палесься, трэцяе яшчэ аднекуль), дык сярод нас пра вонкавы бок беларускасьцi амаль i не задумвалiся, яна была натуральная. Н: Не забывайся, што, па-першае, я недзе і ў нечым узрасла на грунце “Талакi”. Па-другое, што талакоўцам Сяргей Вiтушка казаў аднойчы наступны тэкст: “Саўсiм мы не павiнны абмяжоўвацца лапцямi. Мы павiнны і апранацца, i выглядаць лепей, i ведаць болей за небеларускую тусоўку, каб яны цягнулiся за намi”. Мяне гэта ўразiла, бо я прывыкла да сьвядомага крэну ў нейкую лапцюжнасьць. Але рэч, у прынцыпе, ня ў тым. Я нiчога такога не стварала. Стваралi тыя малыя, што былi вакол мяне. Вось так. А “Тутэйшыя” былi барацьбой самалюбстваў. На іх паседжаньнях зьбiралiся, здаецца, разумныя людзi, здаецца, усе да аднаго разумныя. Дурнога там не было нiводнага чалавека. Але пра што была размова? Ад размоваў iхных мухi дохлi: “Ай, вось мяне не надрукавалi. Ай, вось мяне рэдактар пакрыўдзiў, ай, вось ён такi-сякi, а я тут генiй”. Я: Сваёй асобы й мы не забывалiся, але мы ўжо цiкавiлiся й iншым. Нехта нам падабаўся, i мы прысьвячалi яму вершы... Н: Бачыш, яшчэ адзiн доказ таго, што ўсё добрае бывае зь любовi. Усё роўна ў якiх варыянтах. А безь любовi не бывае нiчога добрага. Вось i ўсё.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (25) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |