A R C H E П а ч а т а к № 2 (25) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22003
» да Зьместу «

 


Туманнасьці беларускай гісторыі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


гуманістыка

ЯРАСЛАЎ ГРЫЦАК
Вокладка ARCHE 2-2003. Туманнасьці беларускай гісторыі.
 

Яраслаў Грыцак
 
Жарсьці па Львове*

* Артыкул напісаны ў лютым 2002 г., але аўтар ня лічыць патрэбным штосьці ў ім перарабляць: хоць у Львове ад таго часу шмат што зьмянілася — у прыватнасьці гарадзкія ўлады, — акрэсьленыя тут тэндэнцыі застаюцца тымі самымі.

Кнігі ды публікацыі, згаданыя ў артыкуле:

Andrzej Bonusiak. “Niedemokratyczna demokracja. Rzecz o Lwowie w latach 1918—1934”. Lwуw. Miasto. Społeczeństwo. // Kultura. Tom II. Studia z dziejów Lwowa pod redakcją Henryka W. Zalińskiego i Kazimierza Karolczaka. Kraków: Wydawnictwo Naukowe WSP, 1998, s. 215—234.

Grzegorz Hryciuk. Polacy we Lwowie. 1939—1944. Warszawa, 2000.

Ryszard Gansiniec. Notatki Lwowskie (1944—1946). — Wrocław, 1995.

Ната Ленко (Наталія Леонтович-Башук). На межовій землі (спогади з Закерзоння). Київ: Пам’ять століть, 1999.

Игорь Клех. Инцидент с классиком. Москва: Новое литературное обозрение, 1998.

Aleksandra Matjuchina. W Sowieckim Lwowie. Życie codzienne miasta w latach 1944—1990. Kraków, 2000.

Robert D. Putnam. Making Demokracy Work. Civic Traditions in Modern Italy. Princeton, NJ., 1993.

Концепція розвитку Львова. Перспективи стратегічної програми. Матеріяли до конференції 3 березня 2001 р. Львів: Інститут розвитку міста, 2001 (Андрій Садовий, Орест Друль, Юрій Зима, Олександр Фільц).
 

Іхныя нататкі пра нашыя парадкі

Кадры пра львоўскія хваляваньні я пабачыў на канале «Эўранавін» на пачатку траўня 2000 году ў сваім гатэльным пакоі ў Стакгольме. Спачатку масавая працэсія з труною. Потым — група разьюшаных кабет разьбівае нейкі шкляны павільён. І, нарэшце, спалоханы твар міліцыянта, які больш хваляваўся за сябе, чым за парадак на вуліцы. Добра, што навіны паўтараюцца, і за паўгадзіны я здолеў пабачыць больш і даведацца пра дэталі: у львоўскай кавярні два маладзёны зьбілі да сьмерці ўкраінскага кампазытара Ігара Білазора за тое, што той патрабаваў ад іх ня слухаць расейскіх песьняў. Жанчыны, якія вярталіся з пахаваньня, ад бясьсільнага адчаю пабілі шыбы ў злашчаснай кавярні.

На пытаньне “Што там робіцца ў вас у Львове?” я адказваў на працягу двух месяцаў у Гарвардзе, дзе выкладаў у летняй школе. 19 ліпеня «Financial Times» надрукавала артыкул пра перасьлед расейцаў у Львове — артыкул як артыкул, нічым ня лепшы й ня горшы за тыя, што піша пра Ўкраіну амэрыканская прэса, але з трывожнай фотаілюстрацыяй: украінскія нацыяналісты, з сымболікай, надта падобнай да свастыкі, у белы дзень крочаць цэнтрам гораду.

Яшчэ праз год у тым самым Гарвардзе мы з студэнтамі сачылі за візытам ва Ўкраіну папы Яна Паўла II. Амэрыканскія газэты назвалі той візыт “контравэрсійным”. Чаму контравэрсійным? Бо папа наведаў таксама Львоў, дзе мясцовыя ўкраінскія нацыяналісты ды грэка-каталікі перасьледуюць праваслаўных расейцаў.

Украіна чарговым разам прайграла інфармацыйную вайну. І вобраз нацыяналістычнага Львова, створаны расейскімі сродкамі масавай інфармацыі, зрабіўся ў гэтай вайне казырнаю картай. У паведамленьні маскоўскіх «Известий» (1.06.2000) пра сьмерць Білазора можна прачытаць, што 45-гадовы кампазытар загінуў... абараняючы “права ўкраінца сьпяваць па-расейску!”

А родны Львоў сустракае цябе пасьля чарговага вяртаньня з-за мяжы зусім ня тым, чаго можна было спадзявацца, начытаўшыся расейскіх і амэрыканскіх газэт. Таксіст, які вязе цябе з аэрапорту, гучна ўключае расейскую папсу. На просьбу прыцішыць гук выбачаецца па-ўкраінску: “Я ж хацеў як найлепш...” Кніжныя шапікі на цэнтральным праспэкце Свабоды запаланіла расейскамоўная літаратура. У кавярні насупраць Львоўскага ўнівэрсытэту гучыць “жывая” блатная расейская музыка. “Русіфікацыя Львова завершылася”, — паведамляюць мясцовыя газэты.

Нагледзеўшыся, наслухаўшыся і начытаўшыся ўсяго гэтага, дзівуешся: а дзе ж тыя легендарныя ўкраінскія нацыяналісты, УНА-УНСО, вэтэраны УПА ды іншыя “нацыкі-соцыкі”, што так палохаюць абаронцаў лібэралізму, рынку й дэмакратыі на Захадзе ды прыхільнікаў праваслаўя й векавечнай украінска-расейскай дружбы на Ўсходзе?

Львоў ніколі не перастае зьдзіўляць. Паводле словаў карэспандэнта «New York Times» (26.02.99), “ня знойдзеш больш эўрапейскага і больш дэмакратычнага ўкраінскага гораду, чым Львоў. І знойдзеш толькі некалькі бяднейшых за яго”. Чаму Львоў, самы эўрапейскі, рэлігійна й нацыянальна сьведамы, а таксама дэмакратычны, не зрабіўся прыкладам эканамічнага цуду для ўсёй Украіны? Бальшыня маладых і амбітных львавян за апошнія дзесяць гадоў пакінулі Львоў дзеля прафэсійнай кар’еры ў Нью-Ёрку, Таронта, Варшаве, Маскве, у найгоршым выпадку — у Кіеве. У Львоў яны прыяжджаюць хіба на Каляды, каб за філіжанкай кавы распавесьці знаёмым пра сваю тугу па родным горадзе... і пра сваё нежаданьне калі-небудзь сюды вярнуцца.

Дык што ж адбываецца ў Львове? І што адбываецца зь Львовам? Няўжо гэты горад прыдатны толькі на тое, каб страшыць Украіну і сьвет сваім нацыяналізмам? І няўжо гэты ўкраінскі нацыяналізм настолькі слабы, што ня можа зрабіць украінскае грамадзтва квітнеючым — хаця б у межах аднаго асобна ўзятага гораду?

 

— гісторык. У «ARCHE» друкаваўся ягоны артыкул “Усходняя Эўропа як інтэлектуальная канструкцыя” (“Украінскі нумар”). “Жарсьці па Львове” друкуюцца з ласкавае згоды аўтара і часопісу «Критика», у якім яны пабачылі сьвет.
   

Міт аўстрыйскага Львова

Гісторыкам няцяжка адшукаць у гісторыі Львова сытуацыю, падобную да сёньняшняй. Яны раскажуць, якое важнае месца займаў Львоў у нацыянальнай сьвядомасьці адукаваных палякаў падчас падзелаў Польшчы (1772—1918) і якую выключную ролю адыграла ў адбудове польскай дзяржавы бітва за Львоў падчас украінска-польскай вайны 1918—1919 гадоў. Аднак стасункі міжваеннага Львова і міжваеннай Польшчы былі, мякка кажучы, не найлепшымі. Пры новым урадзе, што кіраваў з “расейскай” Варшавы, колішні аўстрыйскі Львоў пачаў хутка ператварацца ў правінцыйнае мястэчка. Каб супрацьстаяць такой пагрозьлівай тэндэнцыі, у горадзе была створаная Камісія абароны будучыні Львова. Яна распрацавала цэлы сьпіс захадаў, дзе поруч з цалкам рэалістычнымі быў амаль вар’яцкі плян ператварыць Львоў у вялікі рачны порт. Што з тых плянаў выйшаў пшык, ня варта й казаць. Падводзячы вынікі разьвіцьця міжваеннага Львова, малады польскі гісторык Анджэй Банусяк піша, што “насамрэч горад нічога ня выйграў ад утварэньня незалежнай польскай дзяржавы, а здаецца, нават наадварот — стратаў было больш, чым набыткаў”.

Гістарычныя паралелі могуць быць падманлівымі. Сучасныя львоўскія ўлады, марачы адрадзіць былую веліч гораду, паклікаюцца не на яго савецкі (1944—1991) вобраз, бо хто ж хоча бачыць сучасны Львоў забудаваным хрушчобамі і шматпавярховымі будынкамі ў стылі савецкага “рэпрэсансу”?! Ідэал для ўладаў — часы, калі Львоў быў вялікім горадам з сэцэсійнымі будынкамі, кавярнямі, дзе можна было пачытаць сьвежую венскую прэсу, ды тэатрамі, у якіх гастралявалі эўрапейскія зоркі. Іншымі словамі, улады апэлююць да міту “аўстрыйскага Львова”, што быў пунктам адліку і для міжваеннага польскага гарадзкога ўраду.

Але калі кажуць пра міт аўстрыйскага Львова, дык забываюцца, што ён узьнік і функцыянаваў пры пэўных умовах, якіх — на шчасьце ці на жаль — ужо ніколі не атрымаецца паўтарыць. Чароўнасьць Львова палягала на адсталасьці і правінцыйнасьці Галіччыны. Для першых аўстрыйскіх чыноўнікаў, што прыяжджалі ў гэты край, ён быў напалову Азіяй, аўстрыйскім Сібірам. Ад’ехаўшы за сотні міль ад Вены ці Прагі, аўстрыйская бюракратыя хацела кампэнсаваць сваю “высылку” дробнымі радасьцямі жыцьця, кшталту закладаньня шырокіх бульвараў, дзе яны маглі гуляць у нядзелю з сваімі сем’ямі1. Тэатар, кавярні ды венская мода належаць да таго самага роду экспарту, які рабіў Львоў “Венаю Ўсходу”.

З усіх гарадоў колішняй Рэчы Паспалітай Львоў быў самым мадэрным, а магчыма, і адзіным сапраўды мадэрным горадам — калі за крытэр мадэрнасьці ўзяць тую суму цывілізацыйных выгодаў, якімі мог карыстацца сярэдні гараджанін. Гэта называецца “мадэрнізацыяй празь бюракратызацыю”, калі рухавіком цывілізацыйных зьменаў выступаў не капіталіст і банкір, а бюракрат. Львоў быў сталіцай Галіччыны, найбольшай правінцыі Габсбурскай манархіі — а значыць, найбольшым асяродкам чыноўніцтва.

Зразумела, што аўстрыйскі лад ня быў дасканалым. Але ён быў нашмат лепшым за тое, што мясцовыя жыхары зьведалі да і пасьля яго. І незалежная Польшча ў 1919-м, і незалежная Ўкраіна ў 1991-м скарысталіся з часткі тае аўстрыйскае спадчыны. Ясная рэч, у 1991-м яе ў Львове заставалася ўжо нашмат меней (скажам, ад савецкага часу застаўся ў спадчыну хранічны недахоп вады ў горадзе, хаця да 1939 году вады было дастаткова). Праўда, тэатры ды кавярні, як і звычка шпацыраваць у нядзелю па цэнтральным бульвары, засталіся. Аднак бракавала й бракуе найістотнейшае рэчы — сталічнага статусу Львова.

У аўстрыйскай спадчыне ўкраінцаў, палякаў і габрэяў гэты статус набыў рысы сталіцы “П’емонту” (у габрэйскім выпадку — “маці Ізраілю”) — іхнае малое Бацькаўшчыны, зь якой мелася пачацца адраджэньне Вялікай і Незалежнай нацыянальнай Бацькаўшчыны. У стварэньні міту Львова як калыскі польскага, украінскага ды габрэйскага нацыяналізмаў аўстрыйскія бюракраты, як гэта ні дзіўна, таксама адыгралі сваю ролю. Тыя зь іх, хто першы прыйшоў у Львоў, ня толькі расейскіх ды габрэйскіх мяшчанаў, але й польскую шляхту ўважалі за малакультурных барбараў. Яны ўсклалі на сябе вялікую цывілізацыйную місію “перавыхаваць гэтых сармацкіх бэстыяў (шляхцічаў — Я.Г.) у людзей”. Спосабам далучэньня да “цывілізацыі” мелася стаць нямецкая мова й нямецкая культура. Для нямецкага вандроўніка, які ў 1830-х гадох заблукаў у Львоў, горад выглядаў цалкам як нямецкі, накшталт Магдэбургу, Нюрнбэргу ці Франкфурту. На карысьць ягонае нямецкасьці сьведчылі ня толькі сярэднявечнае плянаваньне, але й пачуцьцё бясьпекі, бездакорны парадак і, не ў апошнюю чаргу, якасьць кавы ў кавярні.

Паступова германізацыя гораду пачала выклікаць супраціў польскага мяшчанства. Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя львоўскія адукаваныя колы падзяліліся на “партыю Шылера” й “партыю Міцкевіча”. У апошняй траціне стагодзьдзя пасьля ўтварэньня галіцкай аўтаноміі “партыя Міцкевіча” ўсё ж такі ўзяла верх, і ўжо апошні мэр Львова, яшчэ прызначаны зь Вены, запісаў у тэстамэнце, каб яго пахавалі ў польскім кантушы — то бок у тым самым сармацкім адзеньні, зь якога так сьмяяліся першыя аўстрыйскія чыноўнікі. Прычыны посьпеху польскага нацыяналізму, сярод іншага, крыліся ў ягоным рамантычна-прывабным духу й дэмакратычнай праграме. Нават мясцовыя ўкраінцы ды габрэі падпадалі пад ягоныя чары. Польскі нацыяналізм адыгрываў ува Ўсходняй Эўропе прыблізна такую самую ролю, як і францускі — у Заходняй: ён нацыяналізаваў іншыя народы, даючы ім гатовыя ідэалягічныя формулы ды палітычныя формы. Не выпадкова і ўкраінскі, і габрэйскі гімны пачынаюцца з падобных радкоў: “Шчэ нэ вмэрла Украіна”, “Яшчэ не памерла нашая надзея” — а гэта ня што іншае, як пераніцоўваньне польскага “Ешчэ Польска не згінэла”.

У першай палове XX стагодзьдзя Львоў меў усе шанцы зрабіцца ўсходнеэўрапейскім Сараевам. Праваднік па Львове пачатку XX стагодзьдзя ня толькі старанна пералічае ўсе кавярні, але й дадае, у якой зь іх п’е каву паасобку польская, украінская ды габрэйская публіка. Ежы Грыцюк у сваёй нядаўняй кніжцы “Палякі ў Львове, 1939—1944. Паўсядзённае жыцьцё” падае шмат прыкладаў узаемнай этнічнай варожасьці, карані якое сягаюць яшчэ перадваенных часоў. Падчас першай савецкай акупацыі (1939—1941) украінцы ды палякі падазравалі й абвінавачвалі адзін аднаго ў супрацоўніцтве з бальшавікамі дзеля вынішчэньня свайго “нацыянальнага ворага”. І адны і другія, аднак, пагаджаліся ў тым, што найбольш у савецкай калябарацыі вінаватыя габрэі. А настрой габрэяў перадае “Габрэйская малітва” першых месяцаў 1941 году: “1) Каб тыя [саветы] пайшлі; 2) каб ён [Гітлер] не  прыйшоў; 3) каб мы тут засталіся; 4) каб тыя [палякі] не вярнуліся!!!” Даходзіла да таго, што ў першыя дні нямецкай акупацыі (ліпень 1941 г.) каля крамаў утваралася не адна, а адразу некалькі чэргаў, адпаведна веравызнаньню й нацыянальнасьці. Гарадзкія ўлады мусілі адмысловым распараджэньнем забараніць такую практыку.

 












































1  Падобная тэндэнцыя ў горадабудаўніцтве заўважаецца ўва ўсёй Цэнтральнай Эўропе, але ў Львове яна прасочваецца ў 1772—1805 гадах — раней, чым у Вене (пасьля 1857-га) ці Празе (пасьля 1870 году). Больш падрабязна пра гэта гл. у артыкулах Міколы Беўзы, Кшыштафа Паўлоўскага ды Альгерда Чэрнера ў зборніку “Архітектура Галичини XIX—XX ст.” (Львоў, 1996).
   

Міт страчанага цэнтральнаэўрапейскага Львова

Адкрытую й непрыхарошаную карціну міжэтнічных стасункаў у галіцкім П’емонце падаюць апублікаваныя нядаўна дзёньнік Рышарда Гансінца, прафэсара клясычнай філялёгіі Львоўскага ўнівэрсытэту, і ўспаміны Наты Лянко (Натальлі Леантовіч-Башук), маладой сяброўкі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. І дзёньнік, і ўспаміны, знойдзеныя й апублікаваныя ўжо па сьмерці іхных аўтараў, складаюць нібыта сымэтрычную пару. Гансінец піша пра паўсядзённае жыцьцё ў паваенным Львове, Ната Лянко — пра жыцьцё на Закерзоньні, украінска-польскім памежжы. Абодва тэксты напісаныя ў 1944—1946 гадох — у той час, калі польскі Львоў меўся стаць часткаю камуністычнай Украіны, а ўкраінскае Закерзоньне — часткаю камуністычнае Польшчы. Яны вельмі падобныя паміж сабой пачуцьцём немінучае страты сваёй “малое радзімы”.

Рышард Гансінец быў, безумоўна, чалавекам інтэлігентным і — як піша ў прадмове ягоная дачка Радасьць — зычлівым да ўкраінскіх і габрэйскіх студэнтаў. Тым цікавей знаходзіць шматлікія месцы, якія ўвачавідкі дэманструюць “нацыяналістычныя акуляры”, скрозь якія ён глядзеў на сьвет. Вось Рышарда Гансінца арыштоўваюць і кідаюць у савецкую вязьніцу. Сярод сяброў па няшчасьці — паляк габрэйскага паходжаньня. Ён ходзіць па камэры і ціха прамаўляе: “О мой Ісусе каханы”. Гансінец прапануе, каб замест усяе фразы той гаварыў каротка і проста: “Ай-вай”. Камэра рагоча. А ў арыштаваных украінцах Гансінец заўважае толькі “ўкраінскае сяло, з  усім яго брудам, хамствам, вошамі ды зладзействам”. Злодзея, які ў камэры спрабаваў быў скрасьці тытунь, прафэсар “пазнаў па паху: быў гэта ўкраінец”. Пазьней высьветлілася, што насамрэч вінаваты паляк, але пра ягоныя пахі ў дзёньніку няма ні слова: мусіць, свае не сьмярдзяць.

Але больш за ўсіх дастаецца “маскалём”. Яны яшчэ менш цывілізаваныя, чымся мясцовыя ўкраінцы. Яны ня трацяць грошай ані на кватэру, ані на мэблю, ані на бялізну з адзеньнем, а толькі на ежу ды, перадусім, на гарэлку. Нядзеля бяз п’янкі для іх не нядзеля. Яны трымаюць у кватэрах сьвіньні, козы, каровы, качкі і не зважаюць на смурод і гной, згнілую падлогу ды збуцьвелую столь. Асабліва Гансінец ня любіць расеек. Для прафэсара яны — вяршыня безгустоўнасьці. Усе “маскалькі” носяць чырвоныя барэткі. Чаму чырвоныя? “А каб вошы таксама мелі свой чырвоны куток”. Ад полек іх лёгка адрозьніць на вуліцы: полькі вылучаюцца спакоем і зграбнаю хадою, нават калі яны апранутыя бедна, тады як “маскалькі”, піша прафэсар, ня ходзяць, а маршуюць і круцяць задам то ўправа, то ўлева.

У дзёньніку Гансінца можна знайсьці толькі паасобныя прыклады, калі пачуцьці сымпатыі ды салідарнасьці прарываюцца скрозь этнічныя межы. У 1946 годзе на каталіцкія Каляды (паводле савецкай звычкі, абвешчаныя працоўным днём) украінскія студэнты ў аўдыторыі прывіталі прафэсара на лаціне, а потым засьпявалі тры калядкі: лацінаю, па-польску й па-ўкраінску. Дзёньнік цытуе таксама “правіла ленінградзкіх прафэсараў”: “Ня думай, а калі думаеш, дык не кажы й не пішы, а калі напісаў, дык адмаўляйся”. Гэта дазваляе прыпусьціць, што паміж польскімі ды ленінградзкімі прафэсарамі, якіх падчас хвалі савецкай антысэміцкай кампаніі выслалі ў Львоў, таксама ўсталяваўся нейкі давер, — інакш адкуль бы ўзяўся такі запіс?

На падставе аднаго толькі дзёньніка немагчыма рабіць нейкія абагульненьні. З найноўшай навуковай літаратуры мы ведаем, што былі спробы завязаць кантакт паміж украінскім ды польскім антыкамуністычным падпольлем. Тады ў Львове пра гэта хадзілі толькі пагалоскі. Рышард Гансінец старанна іх натуе, але для яго яны гучаць настолькі ж фантастычна, як аповед пра чорта, які, зьявіўшыся ў лютым 1946 году на вуліцы Зялёнай, апавядаў, што праз два тыдні будзе новая вайна.

Успаміны Наты Лянко таксама малююць вобраз цалкам “знацыяналізаванага краю”, дзе можна выжыць толькі тады, калі ведаеш “нацыянальныя” правілы, накшталт: як хочаш выжыць, дык “у палякаў трэба прасіцца, з маскалём сварыцца, а зь немцам нічога не паможа”. Дзеці падчас візытаў няпрошаных гасьцей мусяць маўчаць: па-польску яны ня ўмеюць, а таму могуць выдаць украінскасьць сям’і.

Аднак ва ўспамінах Наты Лянко ёсьць і іншыя фрагмэнты, калі чалавечыя пачуцьці ўсё ж пераадольваюць этнічныя ды палітычныя межы. Польскі салдат хоча забраць ва ўкраінскай сям’і апошнюю курыцу. Але выпускае здабычу, даведаўшыся, што галава сям’і быў вязьнем Асьвенціму. Палякі з суседніх вёсак забясьпечваюць мясцовых украінцаў дакумэнтамі і мэтрыкамі, выдаюць іх за сваіх сямейнікаў, каб уратаваць ад высяленьня на Ўсход. На Каляды ў адной хаце выпадкова сутыкнуліся лоб у лоб украінскія ваяры з двух варожых войскаў — УПА і Чырвонай арміі. Савецкага афіцэра запрашаюць да сьвяточнага стала. Узрушаны нечаканай гасьціннасьцю — калядныя прысмакі замест пятлі ў лесе, ён хоча неяк аддзячыць і вырашае падарыць паўстанцам сваю зброю. Тыя не прымаюць падарунка: не пасуе вайскоўцу аддаваць зброю...

Львоў згадваецца ў гэтым сумятлівым сьвеце толькі раз: калі маці заспакойвае сваю маленькую дачку казкай пра цудоўны сьвет. Сьвет, дзе езьдзяць трамваі, дзе ёсьць шакалядкі і няма страшных палякаў. Дзе можна купацца ў ваньне, сустракацца з знаёмымі і не хавацца, не баяцца аблаваў і расстрэлаў. А ўвечары ісьці ў кіно. У гэтай казцы выразна праглядаецца аўстрыйскі Львоў, цывілізаваны горад на нецывілізаваных землях.

Воляю Божай ані Натцы Лянко, ані ейнай дачцэ не давялося вярнуцца ў гэты горад. Бо ён перастаў існаваць ужо ў 1944 годзе, абрынуўшыся ў змрок савецкай цывілізацыі. Гэтаксама й Рышард Гансінец з болем у сэрцы глядзіць на прыгажосьць таго шляхетнага гораду, “на той сымбаль Польшчы й польскасьці, які паволі патанае ў барбарстве стэпу”. Дзёньнік абрываецца на тым моманце, калі прафэсар сядае ў вагон, каб выехаць у Польшчу й назаўсёды пакінуць Львоў. Праз адзінаццаць гадоў Львоў адведала ягоная жонка, едучы ў Крым на археалягічныя раскопкі. Вялікім было яе расчараваньне: яна памятала Львоў цудоўным горадам, а пабачыла правінцыйнасьць, зьнішчэньне і занядбаньне.

 

 
   

Львоў усходнеэўрапейскі, неміталягізаваны

Гісторыю Львова можна каротка акрэсьліць так: гэта крах мультыкультуралізму. Яшчэ за часоў заснавальніка гораду Данілы (Раманавіча) Галіцкага ды яго сына Лява ў горадзе жылі русіны (украінцы), немцы, палякі, вугорцы, армяне, габрэі, а таксама таямнічыя “сарацыны”. Пасьля таго як згасла дынастыя Раманавіча і Львоў трапіў пад польскую карону, ніводзін горад у Рэчы Паспалітай, а магчыма, і ўва ўсёй Эўропе, не вылучаўся такой этнічнай ды рэлігійнай стракатасьцю. Тут адначасова жылі ажно пяць этнічных групаў, кожная зь якіх складала больш за пяць адсоткаў мясцовага насельніцтва: немцы, палякі, украінцы, габрэі ды армяне — і налічвалася некалькі канфэсіяў: каталікі, праваслаўныя, грэка-каталікі, монафізыты, юдэі. На пачатку аўстрыйскага пэрыяду з культурнага ляндшафту гораду амаль зьніклі армяне, асыміляваўшыся ў польскую культуру. Польская асыміляцыя была трывалай тэндэнцыяй аж да другой сусьветнай вайны. Тым ня менш дамінаваньне польскай культуры, падмацаванае дамінаваньнем палітычным, не магло зьнішчыць стойкага падзелу львоўскага насельніцтва на палякаў (50—55%), габрэяў (30—35%) і ўкраінцаў (15—20%). Пасьля таго як Гітлер зьнішчыў габрэяў, а Сталін дэпартаваў палякаў, Львоў зрабіўся горадам усходнеэўрапейскім, украінска-расейскім. У першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе розьніца ў колькасьці тых і тых складала толькі 10%, але ў 1960—70 гадох масавы наплыў жыхароў навакольных украінскіх вёсак, якія ўпарта не хацелі пераймаць расейска-савецкай культуры, рашуча пераламіў балянс на карысьць украінцаў (79,1% у 1989 годзе). Расейская меншыня й надалей была значнай — 16,1% у 1989 годзе, а вось палякі ды габрэі прысутнічалі досыць сымбалічна: усяго 1,2—1,6%. З колішняга цэнтральнаэўрапейскага гораду Львоў ператварыўся ў тыповы ўсходнеэўрапейскі — з той хіба розьніцай, што ні ў якім іншым вялікім горадзе ўкраінская прысутнасьць не вымалёўвалася так моцна, як тут2.

Колішні львоўскі, а цяпер маскоўскі пісьменьнік Ігар Клех зрабіў вобраз гэтага ўсходнеэўрапейскага Львова цэнтральным у сваёй кнізе “Інцыдэнт з клясыкам”: “У замшэлай яме пад гарою... закамянеласьцю ляжаў шэра-зялёны, як рачная мідыя, цэнтральнаэўрапейскі горад... — хаця ён ужо даўно, гадоў якіх з сорак, перастаў быць цэнтральнаэўрапейскім, бо геаграфія ў гэтай краіне анулюецца ў першую чаргу”.

Тут ня месца пераказваць сюжэты ягоных апавяданьняў. Як на мой вельмі суб’ектыўны густ, усе яны ёсьць варыяцыямі адной тэмы — “пакутаў маладога Вэртэра”, які нарадзіўся ня там і не тады. Таму, хутчэй за ўсё, ён ніколі не паедзе ў Стакгольм па Нобэлеўскую прэмію. А паколькі Вэртэр нарадзіўся ў ХХ стагодзьдзі, дык ён падобны да Кафкі. Вось ён і сьніць сама з жаночымі наманікюранымі пальчыкамі, раздушаны прусак крычыць “Будзьце вы ўсе выклятыя!”, а супрацоўнік моргу чытае Бадлера, есьць павукі і кідае ножыкі ў старчма пастаўленыя трупы.

Для майго аповеду важна тое, што гэты “львоўскі Кафка”, нягледзячы на свой унівэрсальны боль ды лібэральны message, гучыць нацыяналістычна — таксама як і Гансінец, польскі прафэсар клясычнай філялёгіі. Ён неабыякавы да ўкраінцаў, асабліва да ўкраінскіх інтэлігентаў. Яны — гэта яны, ягоныя антыподы, якія дабіваюцца славы ў правінцыйным Івана-Франкоўску, іхныя творы трапляюць у школьныя праграмы, бо так захацелі “іхныя жонкі” (празрысты намёк на вядомую львоўскую пару). Гэта ў іх Рыгор Чубай, непрызнаны й рана памерлы львоўскі паэта, адкінуў “Лесю Ўкраінку й Івана Франка ды ўзяў у рукі Эліёта з Эзрам Паўндам”. Што, вядома, — на думку Клеха — мала дапамагло.

Таксама красамоўнае апісаньне Клехам сцэны, якую ён пабачыў у Львове ў 1994 годзе: “У Львоў прыехалі ізраільцяне прысуджаць нейкія ўзнагароды (“герояў сусьвету” ці нешта накшталт) і даваць матэрыяльную дапамогу ўкраінцам, якія перахоўвалі габрэяў падчас вайны. Цырымонія адбывалася ў будынку колішняга абкаму. Сэк’юрыты абшуквала і празвоньвала ўсіх запрошаных, баючыся мажлівага тэракту. Дык вось, з амаль сотні ўзнагароджаных, якія прайшлі паўз мае вочы, я не запомніў ніводнага хаця б адносна інтэлігентнага аблічча. Усе гэтыя людзі, што падстаўлялі пад расстрэл уласныя сем’і, былі або ад зямлі, або жыхарамі бедных фабрычных ускраінаў, з рукамі і фігурамі, дэфармаванымі фізычнай працай” (“t° карта Галіччыны”3).

Клеху ня тое каб не шанцавала з інтэлігентнымі ўкраінцамі — ён іх папросту ня бачыў. Каго ён і заўважыў у сучасным Львове — дык гэта так званую “адукаваную клясу” (на думку Клеха, вельмі павярхоўна адукаваную), па-прафашыстоўску настроеныя палітычныя колы, малакваліфікаваную новаўкраінскую бюракратыю, а таксама масу цалкам неадукаваных украінцаў, выхадцаў зь вёскі, якія робяць постсавецкі Львоў “найвялікшай заходнеўкраінскай вёскай”.

Кніжка Клеха — яшчэ адзін артэфакт малое (міжэтнічнае) халоднае вайны, якая разгарнулася пасьля заканчэньня вялікай. Абедзьве вайны — паміж камуністамі ды некамуністамі, украінцамі ды неўкраінцамі — ніколі не згасалі ў паваенным Львове. На культурнай карце савецкага гораду заўсёды можна было знайсьці выспачкі з надпісамі: “Староньнім уваход забаронены”. Выглядае, што Ігар Клех так ніколі й не пабываў на адной зь іх — у сьвеце старой украінскай інтэлігенцыі. Яе дробнашляхецка-чыноўніцка-сьвятарскія радаводы цягнуцца яшчэ ад аўстрыйскіх часоў, а інтэлектуальныя — ад Гегеля, якога Клех вучыў на памяць цэлымі старонкамі, да Франка й Шульца, якіх ён так ня любіць. Гэта яны, колішнія выпускнікі польскіх гімназій, стваралі “Эўропу неправінцыйную”, па якой ён так сумуе і якой зблізу ня бачыць, шпацыруючы вуліцамі ўжо страчанага савецкага Львова.

Багацейшую на адценьні карціну савецкага Львова падае Аляксандра Мацюхіна ў кніжцы пра побыт гораду ў 1944—1990 гадох. Як і Клех, Мацюхіна не належыць да карэнных львавян. Яна нарадзілася ў Ленінградзе ў 1955 годзе, але ў Львове жыве з раньняга дзяцінства. Кніжку складаюць пераважна інтэрвію з прадстаўнікамі розных асяродкаў: карэннымі львавянамі, прыбышамі з Расеі ды Ўсходняе Ўкраіны, а таксама з выхадцамі з навакольных украінскіх вёсак ды мястэчкаў. Аднак нямала тут і асабістых рэмінісцэнцый ды назіраньняў за найбліжэйшым аўтарцы расейскамоўным сьветам (таму, скажу адразу, кніжка мае хібы — аўтарка прапускае міма вачэй старыя ўкраінскія, габрэйскія ды польскія асяродкі).

Мацюхіна падае багата прыкладаў “культурных войнаў”, якія асабліва зацята вяліся паміж прышлым расейскамоўным і ўкраінскамоўным асяродзьдзямі. У расейскамоўных сем’ях дзяцей выхоўвалі ў перакананьні, што савецкая — а беручы шырэй, расейская — культура перавышае дасягненьні іншых народаў. Таму бацькі стараліся вызваліць дзяцей ад вывучэньня мовы мясцовага насельніцтва. Расейская школа была элемэнтам ізаляцыі вучня ад карэнных украінскіх жыхароў і вартасьцяў іхнае культуры. Выхадцаў зь вёскі (“рогаў” альбо “рагуляў”) высьмейвалі за іхныя манеры, мову й няўменьне апранацца. “У асяродку [расейскай] інтэлігенцыі, — піша Мацюхіна, — словам “рогі” ці “рагулі” адпавядаў жэст, калі абедзьве далоні падымаліся над галавой і ўказальныя пальцы некалькі разоў згіналіся. Гэтым жэстам карысталіся, калі хтосьці гучна сёрбаў за сталом альбо бесцырымонна выстаўляў ногі на сярэдзіну пакою, разваліўшыся ў крэсьле. Жэст гэты нібы азначаў запытаньне: “А хто ж гэта столь рогамі падрапаў?”

Тым часам украінцы культывавалі народныя й рэлігійныя традыцыі, якіх амаль ня мелі прыбышы. Гэтыя традыцыі давалі ім пачуцьцё перавагі, якое часам даходзіла нават да агрэсіі. І па-над усім узносіўся культ украінскай мовы, якая зрабілася своеасаблівым sacrum ва ўкраінскім асяродзьдзі.

Наагул, гарадзкое насельніцтва падзялялася на кланы й сваяцкія групы, што функцыянавалі па прынцыпе “ты мне — я табе”. Пры гэтым, піша Мацюхіна, паміж рознымі групамі назіраліся ўзаемаўплывы. Расейцы перанялі некаторыя мясцовыя стравы і традыцыі сьвяткаваць забароненыя рэлігійныя сьвяты (як, прыкладам, рабіць падарункі дзецям на сьвятога Мікалая), украінцы — звычай адзначаць дзень нараджэньня замест мянінаў, ладзіць “сабантуі” з шашлыкамі ды гарэлкай і да т.п. Дзесьці ў гэты час, сьцьвярджае Мацюхіна, утвараецца супольная для ўсіх групаў спэцыфічна львоўская “мяшчанская культура”, з прагулянкамі па цэнтральных вуліцах ды наведваньнем кавярняў. (Аўтарка, здаецца, ня ведае, што тут вядзецца ня так пра нараджэньне новых, як пра адраджэньне старых традыцыяў.) Галоўнымі чыньнікамі ўтварэньня новай мяшчанскай культуры сталі ўзоры, накінутыя кінафільмамі і тэлебачаньнем, узаемныя культурныя ўплывы сярод суседзяў, сувязі мясцовых украінцаў з сваякамі ў ЗША ды Канадзе, нарэшце, “міт Польшчы” — найбліжэйшай суседкі па камуністычным бараку, якая дзякуючы сваёй адкрытасьці на Захад і дасягальнасьці ў Львове варшаўскіх радыё- і тэлехваляў зрабілася для львавян акном у Эўропу.

Мацюхіна прыходзіць да высновы, што Львоў, пасьля ўсіх палітычных катаклізмаў, ізноў вяртаецца да статусу цэнтру спэцыфічнай і арыгінальнай культуры. Калі перад 1939 годам культура Львова была непаўторным сынтэзам перадусім польскай традыцыі з дамешкамі ўкраінскай, габрэйскай ды армянскай, дык сучасная культура зрабілася больш аднароднай, украінскай, якая прэзэнтуе ўва Ўкраіне найбольш эўрапеізаваны варыянт.

 


































2  Дэталёвую статыстыку паваенных дэмаграфічных зьменаў можна знайсьці ў працы: Віктор Сусак. Етнічні та соціальні зміни в населенні Львова в 1939—1999 роках. Магістерська робота. Львів, 2000.































































3  Гл. укладзены Інай Булкінай зборнік “Апология Украины” (Масква, 2002).
   

Львоў постсавецкі, паміж Палерма й Парыжам, Уроцлавам і Данецкам

Такая выснова нібыта павінна даваць падставы для аптымізму. Вядомы брытанскі публіцыст Цімаці Гартан Эш пісаў у адным з сваіх артыкулаў, датаваным 90-мі гадамі: “...Усталявалася штосьці падобнае да правіла: чым больш этнічна мяшанай ёсьць посткамуністычная краіна, тым большая імавернасьць, што яна выбера нацыяналістычна-аўтарытарны, а не лібэральна-дэмакратычны шлях. Краіны, што дасягалі найлепшых вынікаў, былі краінамі найбольш этнічна аднароднымі: Польшча, Чэхія ды Славенія. ...Адраджэньне цэнтральнаэўрапейскай ідэі ў 1980 гадох улучала ўслаўленьне перадваеннай этнічна-культурнай мешаніны ў гэтым рэгіёне: зьмяшаных гарадоў, накшталт Прагі, Чарнаўцоў ці Братыславы, дзе людзі звычайна гаварылі на трох-чатырох мовах; шматлікіх нацыянальных мяншыняў, асабліва нямецкай ды габрэйскай; мультыкультуралізму avant la lettre. Але, здаецца, адзін з крытэраў палітычнай прыналежнасьці да Цэнтральнай Эўропы — гэта ня быць цэнтральнаэўрапейскім грамадзтвам у папярэднім [мультыкультурным] сэнсе”4.

Гэтае правіла, на першы погляд, спрацоўвае і ў выпадку зь Львовам: у палітычным сэнсе горад такі падобны да цэнтральнаэўрапейскага якраз таму, што перастаў быць цэнтральнаэўрапейскім у сэнсе этнічна-культурным. Другі, трэці і кожны наступны погляды ставяць пад сумнеў такі аптымізм. Львоў можа выглядаць цэнтральнаэўрапейскім з пэрспэктывы Кіева ці Данецку. З пэрспэктывы Вены, Будапэшту ці Кракава Львоў выглядае па-ўсходнеэўрапейску.

Што датычыць узроўню грамадзкай актыўнасьці (згодна з статыстыкай — колькасьці грамадзкіх арганізацыяў на 10 тысяч насельніцтва), Львову няма роўных ува ўсёй Украіне — ён нібы самалёт, які запусьцілі высока ў неба, тады як рэшта ўкраінскіх гарадоў і рэгіёнаў толькі-толькі вучыцца хадзіць па зямлі. Але лёгка быць зоркай, калі месяц ня сьвеціць. У параўнаньні з суседняй Польшчай Львоў ледзь-ледзь выбіваецца на сярэдні ўзровень. Найсправядлівей будзе параўнаць яго з Уроцлавам: той таксама пасьля вайны зьмяніў свайго “гаспадара”, і бальшыня мясцовага насельніцтва там — таксама перасяленцы, а не карэнныя гараджане. Далейшыя параўнаньні не на карысьць Львова. Нядаўна дасьледнікі запыталіся ў лідэраў грамадзкіх арганізацыяў у Львове ды Ўроцлаве: што вы робіце, калі ў вас узьнікаюць праблемы? Ува Ўроцлаве апытаныя адказалі, што яны ўсімі даступнымі мэтадамі мабілізуюць грамадзкасьць; львоўскія лідэры шукаюць вырашэньня праблемаў у “калідорах улады”.

Гэтае апытаньне ладзілася ў рамках швэдзка-ўкраінска-польскага праекту, што ставіў за мэту спраўдзіць тэорыю пра залежнасьць посьпеху ці няўдачы посткамуністычных рэформаў ад гістарычнай мінуўшчыны. Нядаўна амэрыканскі палітоляг Робэрт Патнэм апісаў яе ў кнізе “Пабудова дэмакратыі. Грамадзкія традыцыі ў сучаснай Італіі”. Дваццаць гадоў запар Патнэм вывучаў хаду і ўплыў італьянскіх рэформаў рэгіянальнага самакіраваньня. Яго найбольш цікавіла, чаму ў адной і той самай краіне, пры фармальна аднолькавых умовах пасьпяховыя ў адных мясцовасьцях рэформы зазнавалі крах у другіх? Чаму на поўначы Італіі мясцовыя рэгіянальныя ўрады і выглядам, і паводзінамі супрацоўнікаў нагадваюць сучасныя высокатэхналягічныя фірмы, тады як на поўдні праблематычна нават адшукаць патрэбную кантору, а калі й знойдзеш, дык хутчэй за ўсё пабачыш там пусты стол: мясцовыя чыноўнікі ня маюць звычкі сядзець на працы больш за адну-дзьве гадзіны.

Патнэм тлумачыць гэта розьніцай паміж сацыяльнымі капіталамі — спэцыфічнымі формамі кантактаваньня і стасункаў, якія для палітычнай стабільнасьці, эфэктыўнасьці кіраваньня, эканамічных рэформаў, магчыма, нават больш важныя, чым фізычны або чалавечы капітал. У аснове “дабраякаснага” сацыяльнага капіталу ляжыць ананімны давер і жаданьне добраахвотна супрацоўнічаць дзеля супольных інтарэсаў. “Недабраякасны” сацыяльны капітал базуецца на адносінах у вузкіх і замкнёных групах — сем’ях і кланах, дзе давер грунтуецца на асабістым знаёмстве ды выгадзе.

Патнэм заканчвае выклад простай высноваю: тып сацыяльнага капіталу, што пануе ў кожным грамадзтве, залежыць ад нормаў паводзінаў, якія склаліся ў мінулым. Мінуўшчына ды будучыня выразна ўзаемазьвязаныя: кажучы словамі Патнэма, “куды ты трапіш, залежыць ад таго, адкуль ты выйшаў”. Жыхарам учорашніх камуністычных краінаў Эўразіі, асабліва іхным па-заходняму настроеным элітам, такая выснова можа навеяць пэсымізм. Расейская імпэрыя ды Савецкі Саюз вызначаліся асаблівай жывучасьцю кланавай сыстэмы, хабараў і “блату”. Таму кожная з постсавецкіх дзяржаваў — за выняткам хіба што балтыйскіх — падобная да паменшанай копіі Савецкага Саюзу. Дык якой будзе іхная будучыня? Гэтаксама, як Азэрбайджан ня можа на ўзмах чароўнай палачкі перанесьціся ў Балтыю і зрабіцца “эўрапейскай дзяржавай”, так і Палерма — а не Парыж ці Вена — зьяўляецца правобразам будучыні для Масквы.

Львоў таксама мае свае абмежаваньні. Калі вымяраць сацыяльны капітал ня колькаснымі, а якаснымі парамэтрамі, дык ён бліжэйшы да Данецку, чым да Ўроцлава. І ў Львове, і ў Данецку больш за палову насельніцтва не цікавіцца палітыкай і амаль усе мала давяраюць сродкам масавай інфармацыі, палітыкам ды дзяржаўным чыноўнікам. Дэмакратызацыя ды фармаваньне ў Львове празаходняй грамадзянскай культуры набралі хуткі тэмп у часы Гарбачова і ў пярэдадзень украінскай незалежнасьці — у 1988—1991 гадох. Але ў незалежнай Украіне гэтыя працэсы замарудзіліся. Палітычныя мітынгі больш не зьбіраюць шмат людзей, львавяне ня маюць вялікай ахвоты браць удзел у грамадзкіх арганізацыях. Інакш кажучы, недабраякасны сацыяльны капітал — нежаданьне супрацоўнічаць і адсутнасьць даверу — пашыраецца ўва ўсім грамадзкім целе як злаякасная пухліна, пажыраючы здаровыя каморкі.

У постсавецкім Львове назіраецца фармаваньне новых кланаў, падобных да старых савецкіх. Яны зрастаюцца з кланамі, якія свайго савецкага паходжаньня й не хаваюць. Яскравым прыкладам можа быць гісторыя львоўскай мэрыі. Яе цяперашняга кіраўніка Васіля Куйбіду абралі за ягонае напалову дысыдэнцкае мінулае. У першыя гады кіраваньня ён цешыўся славай ды сымпатыяй — колішні львавянін, а цяпер маскоўскі рэжысэр Раман Вікцюк назваў яго найлепшым мэрам на ўсіх прасторах СНД. Гэта дзякуючы намаганьням Куйбіды ЮНЭСКА ў 1998 годзе надало гістарычнаму цэнтру Львова статус сусьветнай культурнай каштоўнасьці. Але ад пэўнага часу Куйбіда зачасьціў да Кіева, і львавяне ўжо маглі пабачыць яго на трыбуне разам з прэзыдэнтам падчас трансьляцыі футбольнага матчу. А мінулым летам ягонае прозьвішча трапіла ў сьпіс ста найбольш уплывовых і найбагацейшых асобаў Украіны — чаго сам ён, уласьнік сьціплае двухпакаёвае кватэры, выразна патлумачыць ня мог.

Львавяне маглі б яму гэта прабачыць, як і звычку красавацца на рэклямных плякатах зь нязьменным надпісам “Наш горад — найпрыгажэйшы”, калі б... — калі б Львоў і сапраўды быў самым дагледжаным горадам, а багацьці мэра, уяўныя ці сапраўдныя, адпавядалі б багацьцям гараджанаў. Энэргазабесьпячэньне ў горадзе й вобласьці знаходзіцца пад кантролем тых самых людзей, якія валодаюць кіеўскім “Дынама”, таму ўвечары горад асьвятляецца настолькі ж паскудна, наколькі блага гуляюць сталічныя футбалісты. Перабоі з вадой у кватэрах і безьліч жабракоў у цэнтры гораду нагадваюць паўднёваафрыканскія гарады, а ўсім вядомая карупцыя сягае паўднёваамэрыканскіх вышыняў. Мясцовыя ўлады пахваляюцца, што ў Львове знаходзіцца палова гістарычна-культурных помнікаў Украіны. І гэта страшна — бо азначае, што палова ўкраінскае культурнае спадчыны ўвесь час знаходзіцца пад пагрозай зруйнаваньня ці зьнікненьня. Наш прэзыдэнт любіць гаварыць, што Львоў — гэта эўрапейскае аблічча Ўкраіны. Калі так, дык можна толькі ўяўляць, у якім стане знаходзяцца іншыя, менш эўрапейскія часткі ўкраінскага цела.

Постсавецкі Львоў насамрэч ёсьць Львовам вельмі савецкім. Няхай ня ўводзяць вас у зман мясцовая эўрапейская архітэктура й венскія кавярні, эўрапейскія звычкі й адзеньне гараджанаў ды іхная праэўрапейская арыентацыя — гэта толькі ў нашым славянскім сьвеце слова прыраўноўваецца да справы, а выгляд — да сутнасьці. Істотна, што робіцца ў галовах львавянаў. Усіх абурыла, што Білазора забілі расейцы. Але мала хто абурыўся, што ягоных забойцаў пакрывалі паводле чыста савецкай схемы: міліцэйскі патруль адпусьціў аднаго з маладзёнаў, калі даведаўся, што гэта сын аднаго зь мясцовых міліцэйскіх начальнікаў. Бальшыні львавян не падабаецца, што ў кавярнях і крамах гучыць расейская музыка. Нікому ня прыйдзе да галавы кінуць лёзунг: “Байкатуйма гэтыя кавярні! Калі мы плацім ім грошы, дык маем права замаўляць у іх сваю музыку”. “Свой да свайго па сваё” — гэты стары чэскі лёзунг, што ўвайшоў у цела й кроў міжваенных галічанаў як частка аўстрыйскае спадчыны, немагчыма рэалізаваць у сучасным Львове. Бо ў ягоным паветры бракуе чагосьці такога, што б зрабіла магчымай доўгатрывалую й сплянаваную акцыю калектыўнай салідарнасьці. Выйсьці на пахаваньне, пабіць шыбы, прайсьціся зь сьцягам, прагаласаваць за кандыдата-дэмакрата, сустрэць Папу — гэта зАпраста! І запрОста. А вось дамагчыся нармальнага водазабесьпячэньня ці спыніць руйнаваньне гораду — заскладана. Бо гэта патрабуе ўжо пастаяннага арганізаванага дзеяньня — тых кропель вады, што крышаць камень ня сілай, а частатой падзеньня.

 




















4  Timothy Garton Ash. The Puzzle of Central Europe. New York Review of books, XLVI, 5 (March 18, 1999).
   

У чаканьні новага міту

Больш за ўсё ня могуць зьмірыцца з сучасным станам Львова маладыя мясцовыя інтэлектуалы. Іхныя незадаволеныя выказваньні найчасьцей можна пабачыць на старонках мясцовай газэты “Поступ” — газэты вельмі добрай, з напаўдысыдэнцкім радаводам і агульнаўкраінскай рэпутацыяй. Гэтае незадавальненьне набірае канструктыўную форму дзякуючы нядаўна створанаму Інстытуту разьвіцьця гораду. Летась ён прапанаваў альтэрнатыўную канцэпцыю разьвіцьця гораду, паклаўшы ў яе аснову ідэю адрадзіць мэтрапольны статус Львова. Канцэпцыі надае моцы тое, што яе стваральнікі добра разумеюць сутнасьць мадэрнасьці гораду (ён мусіць быць горадам найпаўнейшай рэалізацыі асобы і задавальненьня ейных патрэбаў) дый дакладна акрэсьліваюць ролю гэтак званых постіндустрыяльных вартасьцяў (узвышэньне асьветы як падмурку сучаснай эканомікі). Горш, аднак, з абгрунтаваньнем гэтых тэзаў. Тут рацыянальныя аргумэнты саступаюць на карысьць старых і новых мітаў. Гаворыцца пра мэтрапольнасьць Львова на працягу ўсяе ягонае гісторыі — хаця мэтраполіяй горад быў толькі час ад часу, у выніку перапляценьня спрыяльных абставін. Пішацца пра “талерантнае суіснаваньне” розных этнічных групаў — хаця насамрэч Львоў ёсьць красамоўным прыкладам краху ідэі мультыкультуралізму ў гэтай частцы Эўропы. А далей канцэпцыя падае некалькі старонак захадаў, выкананьне якіх мелася б ашчасьлівіць горад і гараджанаў. Гэтыя пляны не такія фантастычныя, як прапановы міжваенных уладаў збудаваць у Львове рачны порт. Але ад іх патыхае старымі савецкімі пяцігадовымі плянамі, наконт якіх існавала маўклівая згода ўладаў і грамадзтва: ня тое каб не выконваць, але нават і ня ставіцца да іх усур’ёз.

Яшчэ больш у гэтых прапановах угадваецца перадвыбарная праграма. І за Інстытутам разьвіцьця гораду, і за газэтай “Поступ” стаіць малады і амбітны мясцовы алігарх Андрэй Садовы. Ужо каля двух гадоў ён вядзе “халодную вайну” з Васілём Куйбідам, умела і трапна выкарыстоўваючы незадаволенасьць “сярдзітых” львоўскіх інтэлектуалаў дзеля назапашаньня свайго перадвыбарнага капіталу. І вось на пачатку гэтага году Андрэй Садовы абвесьціў пра намер балятавацца на пасаду львоўскага мэра. Аднак ці ня пойдзе ён, прымерыўшы тогу й шапку з кутасамі (китчасту шапку), шляхам свайго папярэдніка? Бо ў гэтай дзяржаве платай за посьпех ёсьць безумоўная ляяльнасьць да кіеўскіх уладаў. А хто ж ня ведае, што гэтая ляяльнасьць азначае насамрэч...

Пры гэтым ёсьць спосаб пазьбегчы кіеўскай залежнасьці: абвесьціць галіцкую аўтаномію. Пра такую ідэю ў прыватных размовах гаварылі ўжо даўно, але шэптам, як пра забаронены плод, адначасова і салодкі, і небясьпечны. Праўда, яшчэ да абвяшчэньня незалежнасьці яе намагаўся агучыць Вячаслаў Чарнавіл, калі ён зрабіўся галавой львоўскае абласное рады. Але ідэю хуценька зацыкалі, бо што станецца з Украінай, калі сьледам за Галіччынай захоча аўтаноміі Данбас? Цяпер жа галічане па горла сытыя і Данбасам, і Днепрапятроўскам, і Кіевам зь іхнай савецка-расейска-азіяцкай культурай. Дый з самога Кіева ім кажуць украінскамоўныя патрыёты: “Аддзяляйцеся, пакуль яшчэ ня ўсё страчана”.

Ідэя аўтаномнае Галіччыны або нават усяе Заходняе Ўкраіны як апошняга прытулку сапраўднай украінскамоўнай і па-эўрапейску зарыентаванай Украіны робіцца тым пільнейшаю, чым больш мацнее, з закрыцьцём заходніх межаў, пагроза апынуцца сам-насам з эўразійскім прасьцягам, дзе ўкраінцам можна будзе езьдзіць бяз візы хіба што да Варкуты ці Ўладзівастоку. А ў асобна ўзятай галіцкай Украіне Львоў стане сапраўднай мэтраполіяй, бо ніякі іншы заходнеўкраінскі горад не пасуе да гэтай ролі. Што, як кажуць матэматыкі, і трэ было давесьці.

Таму й цягнуцца ў сучасным Львове спрэчкі, ці ня варта вярнуць лацінку ўва ўкраінскую мову? Або як ушаноўваць заснавальніка гораду Данілу Галіцкага — як украінскага ці як галіцкага караля? У тым самым “Поступе” можна пабачыць карыкатуры, якія сьмяюцца з жаданьня старэйшых галіцкіх патрыётаў бачыць Украіну саборнаю: маўляў, што, дачакаліся? Або дасьціпныя малюнкі львоўскага мастака Ўладзімера Кастырка аб прымітыўных украінцах-“рагулях” з Усходу і рафінаваных украінцах-панох ды паненках з Захаду. На адной зь ягоных работ Галіччына ў вобразе дзяўчыны ў рыцарскім уборы кідае сваім нябачным ворагам выклік “На калені, хамы!”; на другой — закутыя ў латы ваякі “СС Галіччыны” сядзяць, як рыцары круглага стала, а на стале перад імі ляжаць гранаты — ня тыя, якія ядуць, а тыя, што выбухаюць.

Усё гэта — на ўзроўні новай мітатворчасьці. А на ўзроўні палітычных праграмаў Андрэй Садовы ўзімку прапанаваў правесьці рэфэрэндум аб праве наданьня Львову статусу мэтраполіі. Трохі раней Арэст Друль, супрацоўнік Інстытуту разьвіцьця гораду і аўтар найцікавейшых публікацыяў, што паходзяць зь ягонага асяродку, зьмясьціў у львоўскім часопісе “Ї” эканамічна, палітычна і культурна аргумэнтаваны артыкул пра магчымасьць і неабходнасьць галіцкай аўтаноміі5.

Гэтыя погляды можна прымаць або не прымаць. Але спрачацца зь імі марна. Бо прызначэньне мітаў ды ідэалёгій ня ў тым, каб даваць сапраўдную ці скрыўленую карціну сьвету. Іх трэба ацэньваць не паводле праўдзівасьці, а паводле эфэктыўнасьці — то бок наколькі ўдала яны легітымізуюць інтарэсы ды дзеяньні асобных грамадзкіх групаў. Варта нагадаць, як у 1895 годзе ў Львове з асяродку такіх самых маладых і сярдзітых украінскіх інтэлектуалаў выйшла кніжка “Ukraina irredenta” Юліяна Бачынскага — кніжка, якая ўпершыню ў гісторыі ўкраінскай палітычнай думкі аргумэнтавала магчымасьць і неабходнасьць украінскай палітычнай самастойнасьці. Не бяды, што аргумэнтацыя была памылковай і нацягнутай, бо абапіралася на марксісцкую тэорыю. Вельмі хутка яна ператварылася ў “кіраўніцтва да дзеяньня”, аж пакуль не зрабілася рэальнасьцю на палітычнай карце сьвету.

Ня ведаю, ці ўдасца галіцкім аўтанамістам пабачыць рэалізацыю сваёй ідэі і калі гэта будзе. Адно можна сказаць з пэўнасьцю: калі б яна рэалізавалася ў найбліжэйшай будучыні, дык наўрад ці яны былі б вельмі гэтаму радыя, бо тады, хутчэй за ўсё, яны апынуліся б не ў “эўрапейскай” Галіччыне, а ў паменшанай мадэлі постсавецкай Украіны, ці, прашу прабачэньня, Савецкага Саюзу. З тою розьніцай, што на вуліцах Львова больш гаварылі б украінскаю мовай. Але бегалі б на вуліцах камандзіраваныя з Каламыі ці Самбору чыноўнікі, каб праз знаёмых ці сваякоў трапіць у “калідоры ўлады” і там вырашыць свае праблемы. Таксама, як цяпер бегаюць львавяне ў Кіеве, а калісьці — у Маскве. І, напэўна, у якой-небудзь правінцыйнай моладзевай “паступовай” газэце у тым самым Самборы ці Каламыі зьявілася б карыкатура на галіцкіх аўтанамістаў: маўляў, што, дачакалі?

 

5  Орест Друль. Україна vs українськости. // Ї. 2001. Ч. 23: Федеративна республіка Україна (www.ji.lviv.ua/n23texts/N23-feder.htm).




























   

Эпілёг

Жарсьці па Львову — гэта жарсьці па мітах, якія ніколі ня спраўджваюцца. Адзін з найтрывалейшых — міт нацыяналізму. Абмеркаваньне нацыянальнага пытаньня тут адбывалася й адбываецца з інтэнсіўнасьцю, якую рэдка можна сустрэць ува Ўкраіне, а можа, нават ува ўсёй Усходняй Эўропе. Кожны, хто жыве ў Львове ці прыяжджае сюды, рана ці позна пачынае глядзець на горад і сьвет праз “нацыянальныя” акуляры. Таму гэты горад і адыгрывае такую вялікую ролю ў нацыянальных — а лепей сказаць, знацыяналізаваных — гісторыях украінцаў, палякаў, габрэяў, а ад нядаўняга часу яшчэ й расейцаў. Гэтыя гісторыі заўсёды фармаваліся пад уплывам страху, што “нам” увесь час нехта пагражае. Таму галоўная функцыя такога міту — забясьпечыць абарону “нашай” ідэнтычнасьці, якая апынулася ў небясьпецы, ды абражанага нацыянальнага гонару. І рэцэпт прапануецца вельмі просты: трэба выдаліць “чужых” і зрабіць горад “нашым”.

Гісторыю Львова можна пераказаць як нізку перамог розных нацыяналізмаў, кожны зь якіх пастанавіў зрабіць горад “сваім”. Апошнім у гэтай чарзе апынуўся ўкраінскі нацыяналізм. Але й ягоная перамога не да канца пераканаўчая. У Львове, як і раней, гавораць пра тое, што ўкраінская культура тут знаходзіцца ў небясьпецы, што яе трэба тэрмінова ратаваць і г.д. і да т.п. Каб не ператварыць гэтую перамогу ў яшчэ адну чарговую паразу, трэба нарэшце зьняць “нацыянальныя акуляры”. І пабачыць, што ў сьвеце, дзе мы жывём, падзел на “чужых” і “сваіх” надта спрошчаны, і нават згубны. Асабліва калі ў якасьці крытэраў такога падзелу выступаюць мова, колер барэтак ды інтэлігентны твар. Бо насамрэч у кожным з “нашых” сядзіць хаця б кропля “чужога” і “чужыя” пераймаюць звычкі “сваіх”.

Скажы мне, хто твой вораг, і я скажу, хто ты. Гэтыя словы добра тлумачаць, што робіцца ў Львове і зь Львовам. Міжваенны і ваенны ўкраінскі нацыяналізм быў добрым вучнем свайго галоўнага ворага — нацыяналізму польскага, адгэтуль у іх столькі супольных рысаў. Паваеннае ўкраінскае грамадзтва — гадаванец савецкай сыстэмы. Яно не дало асыміляваць сябе ў расейскамоўную савецкую культуру, але ягоны сацыяльны капітал немінуча склаўся пад уплывам савецкіх традыцый. Таму “Прывід Палерма” пагражае ня толькі Маскве. Ён вісіць і над нашым горадам. Львоў быў і застаецца найбольш украінізаваным і эўрапеізаваным горадам — але на карце вялікага “савецкага” кантынэнту, што цягнецца ад Брайтан-Біч да Ўладзівастоку.

Заўважыць гэта можна толькі тады, калі час ад часу пакідаеш гэты кантынэнт, а потым вяртаешся назад. Колькасьць жыхароў Украіны, якія ўвесь час курсуюць між тым і тым сьветам, налічвае ўжо мільёны. Ёсьць надзея, што ім ужо ня ўдасца “саветызаваць” Амэрыку ды Эўропу. Наадварот, яны прывязуць разам зь цяжка заробленымі грашыма яшчэ й іншы, сацыяльны капітал, такі патрэбны для пазытыўных зьменаў дома. І, можа, тады нарэшце зьдзейсьніцца міт пра цудоўны сьвет, дзе рэгулярна ходзяць трамваі, дзе заўсёды ёсьць вада ў ваньне, а ўвечары можна бяз страху ісьці ў кіно. Міт пра цывілізаваны горад на цывілізаваных землях.

Пераклала з украінскай Віялета Кавалёва
паводле часопісу «Критика», № 7—8/2002.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (25) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/04/28