A R C H E П а ч а т а к № 2 (25) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22003
» да Зьместу «

 


Туманнасьці беларускай гісторыі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Gloriosae Memoriae

 
Вокладка ARCHE 2-2003. Туманнасьці беларускай гісторыі.
 

 
Памяці Аляксандра Мыльнікава

6 лютага 2003 году беларуская інтэлігенцыя Санкт-Пецярбургу разам з навуковай грамадой места разьвіталася з старшынём Санкт-Пецярбурскай асацыяцыі беларусістаў, прафэсарам Аляксандрам Мыльнікавым.

Аляксандар Мыльнікаў нарадзіўся 24 жніўня 1929 году ў Ленінградзе, у сям’і патомных інтэлігентаў. З 1937 да 1947 году ён вучыўся ў сярэдняй школе, у тым ліку ў часе вайны ў горадзе Яшкар-Ола (Рэспубліка Мары-Эл).

Хочучы стаць гісторыкам, у 1947 годзе Мыльнікаў паступае на юрыдычны факультэт Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Чаму выбар прыйшоўся менавіта на юрыдычны факультэт? Адказ на гэтае пытаньне просты. За змрочныя сталінскія часы гістарычны факультэт ЛДУ ператварыўся ў кузьніцу “партыйных кадраў”, таму найлепшая прафэсура, каб далей займацца навукай, вырашыла перайсьці ў галіну гісторыі дзяржавы й права. Навуковым кіраўніком Мыльнікава стаўся прафэсар Інакенці Якаўкін, адзін з найвыдатнейшых знаўцаў Вялікага Княства Літоўскага, складальнік хрэстаматыі “Законодательные акты ВКЛ” (Ленінград, 1936). З парады свайго кіраўніка Аляксандар Мыльнікаў вывучаў славянскія мовы й помнікі права, такія як “Статут ВКЛ 1529 году”, “Законьнік” сэрбскага цара Стэфана Душана, “Выклад чэскага земскага права” пана Андржэя з Дубы. Якраз з унівэрсытэцкіх гадоў пачалося зацікаўленьне Мыльнікава Вялікім Княствам Літоўскім.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту на выдатна Мыльнікаў быў накіраваны на працу ў Расейскую нацыянальную бібліятэку, дзе за 20 гадоў прайшоў пасады ад бібліятэкара да загадчыка аддзелу рукапісаў. За гэты час зь яго ініцыятывы было зьдзейсьнена колькі археаграфічных экспэдыцыяў, арганізаваныя штогадовыя навуковыя канфэрэнцыі “Дэпо манускрыптаў”. Паралельна ён падрыхтаваў і пасьпяхова абараніў кандыдацкую (1958) і доктарскую (1972) дысэртацыі па багемістыцы. Тэма доктарскай дысэртацыі — “Узьнікненьне нацыянальна-асьветніцкай ідэалёгіі ў Чэскіх землях XVIII стагодзьдзя”. Працуючы ў РНБ, Мыльнікаў атрымаў унікальную магчымасьць грунтоўнага вывучэньня славянскіх, у тым ліку старабеларускіх, кніжак і рукапісаў раньняга Новагу часу.

З 1973 году да спачыну Аляксандар Мыльнікаў працаваў у Інстытуце этнаграфіі й антрапалёгіі (Кунсткамэра) Савецкай, пазьней Расейскай акадэміі навук, у тым ліку ў 1992—1997 гадох — дырэктарам славутай Кунсткамэры.

Асноўныя кірункі навуковых інтарэсаў А. Мыльнікава — славістыка, гісторыя і тэорыя культуры, этналёгія, кнігазнаўства, беларусістыка. Ён паступова пашыраў сфэру сваіх зацікаўленьняў, абапіраючыся на параўнальна-гістарычны, параўнальны й інтэрдысцыплінарны мэтады. Зыходным для яго ад самага пачатку было шматаспэктнае разуменьне аб’екту дасьледаваньня, не абмежаванае фармальнымі рамкамі асобных дысцыплінаў. Зыходзячы з названых пасылак, апошнія гады Аляксандар Сяргеевіч вывучаў пытаньне аб значэньні міжэтнічных кантактаў у працэсе разьвіцьця нацыяў і нацыянальных культураў. Ён прапанаваў тэзу пра “мову культуры” як сукупнасьць знакавых сродкаў выражэньня этнічнай спэцыфікі.

У 1990-я гады Аляксандар Мыльнікаў заняўся распрацоўкай новага міждысцыплінарнага кірунку — этнічнай імагалёгіі — і прысьвяціў гэтаму фундамэнтальны праект, вынікам якога стаў двухтомнік “Карціна славянскага сьвету”. Упершыню дзеля рэканструкцыі заходніх навуковых ведаў пра тагачасны славянскі сьвет, яго народы, мовы і культуры аўтарам выкарыстаны ўнікальны комплекс малавядомых эўрапейскіх працаў, напісаных у XVII—XVIII стагодзьдзях на лацінскай, нямецкай, францускай, ангельскай і швэдзкай мовах. У абедзьвюх частках кнігі аўтар актыўна скарыстаўся беларускай праблематыкай, выказаў шмат цікавых думак, у тым ліку наконт лякалізацыі назвы Беларусь у Эўропе, сэнсу паняцьця “ліцьвінаў” ВКЛ, Літвы як гістарычнай назвы сучаснай Беларусі. Багата спасылак на гэтую працу робяць беларускія навукоўцы. Першы том гэтай працы стаўся гістарычным бэстсэлерам у Расеі ў 1996 годзе. Трэці том, на жаль, ужо ня будзе скончаны… Усяго Аляксандрам Мыльнікавым напісана 12 манаграфіяў, больш за 500 навуковых працаў, пад яго рэдакцыяй выйшла 75 кніг, ён апаніраваў пры абароне больш за паўсотні кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў.
 

 
   

Як беларусіст Аляксандар Мыльнікаў большасьць уласных працаў прысьвяціў Францішку Скарыну. На асобе беларускага першадрукара сышліся яго навуковыя інтарэсы як багеміста, кнігазнаўцы і культуроляга. Аб гэтым сьведчаць назвы ягоных артыкулаў: “Зямля — дзяржава — этнас: Францішак Скарына ў кантэксьце этнакультурных уяўленьняў раньняга Новага часу”; “Францішак Скарына і чэскае кнігадрукаваньне” — усяго звыш за дваццаць артыкулаў. Першым з скарыністаў ён давёў, што чэскую Прагу наш першадрукар выбраў месцам сваёй працы дзеля разьвітай традыцыі друку і падабенства моваў. Мыльнікаў абгрунтаваў, што адным з найважнейшых стымулаў было таксама караляваньне дынастыі Ягайлавічаў у Празе, Вільні і Кракаве.

У рабоце “Эфэкт Скарыны, альбо Спэцыфіка міжэтнічных кантактаў у шматэтнічным асяродзьдзі” вучоны растлумачыў, чаму Скарына карыстаўся рознай этнічнай самаідэнтыфікацыяй (“русін”, “ліцьвін”, “паляк”). Як выявілася, зьява гэта тыповая для інтэлектуалаў раньняга новага часу, што паходзяць з шматкультурных абшараў Эўропы (напрыклад, харвацкіх гуманістаў). Менавіта таму ў Полацку Скарына дэкляраваў сябе “русінам”, адрозьніваючы ад балтамоўных “ліцьвінаў” зь недалёкіх Сьвянцянаў ці Гервятаў, якія Скарыну давялося наведаць (у Гервятах ён сьведчыў фундацыю новага касьцёлу). У Кракаве Скарына быў “ліцьвінам”, бо прадстаўляў ВКЛ, дзе беларускамоўная шляхта і бюргеры складалі пераважную этнічную групу. Нарэшце, у Прусах Скарына рабіўся “палякам”, бо быў у падпанстве Жыгімонта Старога, асноўны тытул якого пачынаўся словамі “кароль польскі”, валодаў польскай мовай і рэпрэзэнтаваў Польска-Літоўскую фэдэрацыю.

Мыльнікаў чытаў беларускую навуковую літаратуру і добра ведаў беларускія крыніцы. За сваё жыцьцё ён сабраў унікальную гістарычную бібліятэку, сярод якой добры збор беларускіх кніжак. Частка гэтай бібліятэкі была падораная Мыльнікавым унівэрсытэту Рэспублікі Мары-Эл. Ён любіў бываць у Беларусі, браў удзел у тутэйшых навуковых канфэрэнцыях.

Ад пачатку Пецярбурскай асацыяцыі беларусістаў (1991 год) Мыльнікаў стаўся яе старшынём і нязьменна знаходзіўся на гэтай адказнай пасадзе. Большасьць штогадовых канфэрэнцыяў “Санкт-Пецярбург і беларуская культура” прайшлі пад яго аўтарытэтным кіраўніцтвам, іх навуковы ўзровень шмат у чым вызначала атмасфэра праніклівых спрэчак і абмеркаваньняў, арганізаваных Мыльнікавым. Разам з дырэктарам Расейскай нацыянальнай бібліятэкі Ўладзімерам Зайцавым ён увайшоў у склад рэдкалегіі першага з 1917 году пецярбурскага выданьня па беларусістыцы на беларускай і расейскай мовах “Беларускі зборнік”. На старонках гэтага ж пэрыёдыку ён прапанаваў чытачам вынікі сваіх дасьледаваньняў.

Трэба падкрэсьліць ролю Аляксандра Мыльнікава як кіраўніка й дабрадзея маладых беларускіх дасьледнікаў і студэнтаў Санкт-Пецярбургу 1990-х гадоў. Калісьці, на пачатку мінулага стагодзьдзя, гэтую ролю ў горадзе на Няве выконвалі прафэсары-беларусы Браніслаў Эпімах-Шыпіла й Яўхім Карскі (былы дырэктар Кунсткамэры) і расеец акадэмік Аляксей Шахматаў (кіраўнік Марыі Косіч і Браніслава Тарашкевіча ды апякун беларускіх студэнтаў). На пачатку ХХІ стагодзьдзя замены такому дабрадзею ў Пецярбургу няма.

У асабістых кантактах Аляксандар Мыльнікаў перш за ўсё ўвасабляў пецярбурскага інтэлігента — зычлівага, мяккага і заўсёды творчага, адкрытага да новых думак і людзей, а ўжо потым — кіраўніка вялікіх навуковых установаў, сябра Навуковай рады па гісторыі сусьветнай культуры РАН, акадэміка Акадэміі гуманітарных навук Расеі, сябра Саюзу расейскіх пісьменьнікаў.

Вучонага ня стала. Імя і працы яго застаюцца. На карысьць сусьветнай культуры і яе часткі — культуры беларускай.
 

Андрэй Катлярчук — вучань, сябра Пецярбурскай асацыяцыі беларусістаў, Стакгольм
Мікола Нікалаеў — калега, віцэ-старшыня Пецярбурскай асацыяцыі беларусістаў, Санкт-Пецярбург

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (25) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/05/02