A R C H E П а ч а т а к № 2 (25) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22003
» да Зьместу «

 


Туманнасьці беларускай гісторыі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


водгукі-рэакцыі

 
Вокладка ARCHE 2-2003. Туманнасьці беларускай гісторыі.
 

Макс Шчур
 
Госьць з будучага,
альбо фэномэн Хадановіча


Безумоўна, Хадановіч —
Гэта вам не Багдановіч.

“Пасланьне ад беларускага пошт-мадэрніста”

Зьяўленьне Андрэя Хадановіча ў беларускай паэзіі было доўгачаканым: недарэмна некаторыя беларускія крытыкі лічаць яго адкрыцьцём канца мінулага тысячагодзьдзя. Хадановіч, без сумневу, уяўляе сабой новы тып беларускага паэта, а менавіта паэта-прадпрымальніка — у адрозьненьне ад папярэдняга тыпу, паэта-пралетара. Калі папярэдні й сёньня яшчэ паноўны тып беларускага творцы льга цалкам справядліва азначыць за сацыялістычны, дык Хадановіч — вытворца новага, чыста капіталістычнага, ці то індустрыяльнага, тыпу. Насамрэч, зьяўленьне новага тыпу творцы і абумоўленае творчым крызысам творцаў сацыялістычнага тыпу, які завёў беларускую літаратуру ў тупік і там кінуў, ня здолеўшы яе адтуль самастойна вывесьці.

Чым быў паэт-пралетар? Студэнтам-філфакаўцам вяскова-местачковага паходжаньня, носьбітам вясковай дыялектнай культуры, які ў цяжкіх умовах жыцьця прафэсійнага інтэлігента ў вялікім месьце спакваля ператвараўся ў алькаголіка. Для савецкага рэжыму, аднак, было надзвычай істотным менавіта ягонае паходжаньне, а не ягоныя прафэсійныя якасьці. Паходжаньне ў савецкія часы было ўсім. Народнасьць патрабавалася ня толькі ад твораў, але й ад саміх творцаў — правінцыйнасьць паходжаньня лічылася гарантыяй “аўтэнтычнай беларускасьці” мысьленьня аўтара. “Калі б мы пасьлядоўна кіраваліся меркаваньнем гэтых крытыкаў, нам прыйшлося б пісаць на мове індзейцаў керанды пра паляваньне на страўса. Усё астатняе было б прыўнесеным і антынацыянальным”, — іранічна пракамэнтаваў калісьці Эрнэста Сабата падобную тэндэнцыю ў аргентынскай літаратуры. Тым ня менш, на працягу існаваньня сацыялістычнай сыстэмы беларускія пісьменьнікі былі верныя гэтаму прынцыпу вонкавай “народнасьці”. “Сьвятая прастата” была папросту наканаваная беларускім літаратарам у якасьці творчага рэцэпту, таму беларускаму інтэлектуалу заўсёды прыходзілася граць ролю прасьцячка. Трапляючы ў “вялікае” места, паэт-вясковец ператвараўся ў пралетара “разумовае працы”. Адначасова ён адчуваў сябе разгубленым: дзьверы нагору былі для яго зачыненыя. Трэ было ведаць чароўнае слова, якое б адмыкала гэтыя дзьверы. Такім чароўным словам было імя таго ці іншага знаёмага ў “вышэйшых сфэрах”, на вышэйшых прыступках сацыяльнай лесьвіцы. Адсюль — вечнае панібрацтва, зямляцтва й кумоўства ў асяродзьдзі беларускіх літаратараў. Маўляў, мы, пралетары, хлопцы простыя: ня той паэт, хто піша вершы, а той паэт, хто вып’е першы. Такі прынцып стасункаў быў прышчэплены беларускай інтэлігенцыі партыйнымі бонзамі недарэмна, а менавіта з мэтай трымаць яе ў падпарадкаваньні й стане салодкага гіпнатычнага самаап’яненьня. І сапраўды, вяскоўца-местачкоўца купіць проста: варта толькі прапанаваць яму працу й кватэру ў сталіцы. А потым усё паводле прынцыпу “ты мне, я табе”. Якая розьніца, хто як піша, дый ці піша што наагул? Галоўнае, што ўсе мы “свае хлопцы”, глядзі байку Крылова пра зязюлю й пеўніка. Аб якой якасьці літаратуры, аб якіх ідэалягічных спрэчках ільга гаварыць у сытуацыі, калі ўсялякая крытыка ўспрымаецца як асабісты напад і выклікае рэакцыю кшталту “Ты мяне паважаеш?”. На жаль, так яно шмат у чым застаецца й да сёньняшняга дня.

 
   

Тым часам як беларускія савецкія паэты ўвасаблялі сабой гэткі прафэсійны дылетантызм, беларускі постсавецкі паэт Хадановіч увасабляе сабой штосьці зусім адваротнае — дылетанцкі прафэсіяналізм. У гэтым сэнсе ягонае зьяўленьне сапраўды рэвалюцыйнае. Чаму ж, выбачайце, “дылетанцкі”, запытаецца чытач? Хіба творы Хадановіча насамрэч не вылучаюцца надзвычайнай тэхнічнай дасканаласьцю? І ці ня ёсьць сам выраз “дылетанцкі прафэсіяналізм” папросту абсурдным? Абсурднай ёсьць, перадусім, вера ў існаваньне нейкага “прафэсіяналізму” ў мастацтве. Прафэсіяналізм — фэномэн не мастацкі, а эканамічны. Ягоная спэцыфіка ў дачыненьні да мастацтва палягае ў тым, што ён ператварае ўсялякую творчасьць у вы-творчасьць і такім чынам робіць зь яе сэрыйную прадукцыю. Таму сама ілюзія “прафэсіяналізму ў мастацтве” разьлічаная на дылетантаў: ствараюць яе тыя, хто верыць у абгрунтаванасьць апазыцыі “прафэсіянал—дылетант” і, баючыся быць залічаным да другіх, падкрэсьлівае сваю прыналежнасьць да першых. Што ж, у такім выпадку не пашкодзіць прааналізаваць, у чым насамрэч палягае гэтая іхная “прафэсійнасьць”.

Паэт, паводле створанага Хадановічам уласнага вобразу, павінен нагадваць навукоўца, які паэзіяй займаецца, для каго паэзія ёсьць уласнай справай (бізнэсам), якую ён вывучае хутчэй зь пільнасьцю патолягаанатама, чымся з апантанасьцю Джэка-Трыбушэньніка, як, прыкладам, бумбамлітаўцы. Ад самага пачатку ён імкнецца заявіць аб сваім прафэсіяналізьме й “прафэсійных” якасьцях, як быццам неабходных для таго, каб заняць адпаведнае ягоным здольнасьцям месца ў “фірме”. Як ён разумее гэты своеасаблівы паэтычны прафэсіяналізм? Як штосьці, што павінна было б быць бачнае кожнаму, а таму й вызначацца паводле нейкіх “аб’ектыўных” крытэраў. Аднак ці магчымая ў мастацтве нейкая аб’ектыўнасьць? Калі нейкія аб’ектыўныя крытэры й існуюць, дык чыста вонкавыя — прыкладам, авалоданьне тэхнікай вэрсыфікацыі й абазнанасьць у гісторыі рамяства (“прафэсійная кампэтэнтнасьць”, “валоданьне літаратурай”, “начытанасьць”) ёсьць своеасаблівым кваліфікацыйным мінімумам, які кожны (то бок, літаральна ўсялякі) паэт павінен перасягнуць дзесьці яшчэ на пачатку сваёй паэтычнай творчасьці. У Хадановіча гэты пачатак, здаецца, крыху зацягнуўся: з уласьцівым яму пэрфэкцыянізмам ён імкнецца давесьці разьвіцьцё гэтых чыста вонкавых, другасных адзнакаў паэта да максымуму, я б сказаў, ad absurdum. У гэтым яшчэ бяды няма, але мне здаецца, што нават гэтае разьвіцьцё ў Хадановіча ёсьць крыху самамэтным і стварае толькі павярхоўнае ўражаньне разьвіцьця.

 
   

Што адрозьнівае Хадановіча ад іншых беларускіх паэтаў? Перадусім тое, што ён дбайны й сумленны вэрсыфікатар. Магчыма, дзеля традыцыйнага комплексу перад “вялікай расійскай літаратурай” у беларускай літаратуры існуе своеасаблівы культ добрага вэрсыфікатара. Прыкладам, нават такі майстра вершаванага слова, як Сяржук Сокалаў-Воюш, уважае валоданьне клясычнай вэрсыфікацыяй за адну з асноўных рысаў “сапраўднага паэта” — пры гэтым ён чамусьці ня лічыць паэзіяй і не імкнецца асабліва афішаваць уласныя практыкаваньні ў гэтай галіне, якія, трэба сказаць, нічым ня горшыя за Хадановічавы што да мовы й да паэтычнага ўзроўню, а што да гумару — дык, на мой густ, і нашмат лепшыя. Аднак, у адрозьненьне ад Воюша — які ведае пра розьніцу паміж паэтам і вэрсыфікатарам і ўсё яшчэ імкнецца заставацца паэтам, Хадановіч, які таксама аб гэтай розьніцы ведае, зь нейкай прычыны імкнецца быць чымсьці зусім адваротным — вэрсыфікатарам par excellence.

Насамрэч, добры паэт можа быць добрым, сярэднім альбо благім вэрсыфікатарам. Напрыклад, Колас, з майго гледзішча, ёсьць лепшым і больш сумленным вэрсыфікатарам, чымся Купала; Пушкін як вэрсыфікатар быў, мякка кажучы, папросту жудасны, а такія паэты, як Уітмэн, Лёрка альбо Элюар, наагул залішне не абцяжарвалі сябе вэрсыфікацыяй. Добры паэт і адначасова добры вэрсыфікатар — зьява насамрэч выключная ня толькі ў беларускай літаратуры. На розных этапах гісторыі літаратуры гэтыя дзьве якасьці то дапамагаюць, то перашкаджаюць адна адной у разьвіцьці. Залежыць гэта ад таго, наколькі разьвіцьцё мовы адпавядае разьвіцьцю чуйнасьці, мысьленьня й астатніх рэчаў, што звычайна паведамляюцца ў гэтай мове. Звычайна ўсялякая жывая мова своечасова рэгіструе гэтае разьвіцьцё, то бок “не адстае” ад яго. Беларуская мова, з прычыны сваёй няпростай сучаснай сытуацыі, вымушаная гэтае разьвіцьцё мімэтызаваць, імітаваць, а часам і сымуляваць. Няхай так: калі йдзецца пра актуальнае, то бок сапраўднае разьвіцьцё, нават такі спосаб ягонай рэгістрацыі ёсьць цалкам легітымным. Але ў выпадку Хадановіча йдзецца не пра разьвіцьцё ідэй альбо чуйнасьці, але пра самамэтнае разьвіцьцё самой мовы: здаецца, што Хадановіч імкнецца ня толькі дагнаць, але й перагнаць “прывід постмадэрнізму”. Аднак, парадаксальным чынам, сама па сабе тэндэнцыя чыстага й самамэтнага разьвіцьця формы ёсьць тыпова мадэрнісцкай зьявай і мае нашмат больш супольнага зь мінуўшчынай, чымся з сучаснасьцю: падобная зьместам спрэчка паміж абаронцамі сацыяльнай паэзіі й прыхільнікамі “чыстай красы” адгула ў беларускай літаратуры яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя. Менавіта гэтую некалі недастаткова разьвітую ў беларускім кантэксьце ідэю “літаратуры дзеля літаратуры” імкнецца сёньня культываваць Хадановіч. Ці ёсьць такое разьвіцьцё насамрэч разьвіцьцём? Цяжка сказаць.

 
   

На сустрэчы з расійскім паэтам Яўгенам Рэйнам у 1994 годзе ў Менску нехта з публікі задаў пытаньне, ці не здаецца яму, што ягоны сябар і калега Бродзкі (тады яшчэ жывы) апошнім часам ператвараецца ў “машыну стварэньня вершаў”. Рэйн ухіліўся ад простага адказу, аднак далікатна заўважыў, што такое меркаваньне мае свае падставы і што чалавек, які задаў пытаньне, “насамрэч штосьці разумее ў паэзіі”. Я прыводжу гэты прыклад дзеля таго, каб паказаць, што Хадановічаў “творчы мэтад” зусім ня ёсьць ягонай вынаходкай. Ягоная творчасьць ёсьць працягам тэндэнцыі, праявы якой наймацней выяўляюцца ў шматлікіх расійскіх паэтаў мінулага стагодзьдзя — Бальмонта, Гумілёва, Пастарнака, Бродзкага й іншых. Ад часоў уваходжаньня ў моду францускага сымбалізму (аматарам якога невыпадкова зьяўляецца Хадановіч) у расійскай паэзіі зьявілася тэндэнцыя да абсалютызацыі формы, якая сёньня, як можна бачыць, ператварылася ў ейны праклён: цяпер у Расіі паэтам лічыць сябе кожны, хто здольны зарыфмаваць між сабой два радкі. Такім чынам, узьнікае сытуацыя, калі “поэт в России меньше, чем поэт”. Сёньняшняя беларуская вершаваная прадукцыя ў расійскай мове сутыкаецца з такой самай цяжкасьцю. На Захадзе, дзе мадэрнісцкая рэвалюцыя (у Расіі й у Беларусі задушаная ў 30-я гады) прынесла з сабой пераадоленьне сымбалізму разам зь ягонай патрэбай пошуку дасканалай формы, існуе хутчэй адваротная праблема: там паэтам лічыць сябе ледзь ня кожны, хто няздольны зарыфмаваць ані двух радкоў (што пасьля “паэтаў-ляўрэатаў” кшталту Брыджыса й Тэнісана — цалкам зразумелая зьява). Абедзьве крайнасьці, нягледзячы на сваю вонкавую супрацьпастаўленасьць, ёсьць прыкметамі сучаснага крызысу ў паэзіі, у атмасфэры якога звычайная графаманія дзіўным чынам ператвараецца з хваробы ў эпідэмію: колькасьць творцаў катастрафічна павялічваецца, якасьць твораў катастрафічна зьніжаецца (альбо папросту губляе сваю значнасьць), у выніку гэтага размываюцца самі крытэры якасьці. Ня думаю, аднак, што творчасьць Хадановіча ёсьць праявай эпідэміі графаманіі ў беларускай літаратуры: тая адгула дзесьці пры канцы 80-х — пачатку 90-х. Хутчэй, ён ёсьць ейным вынікам — своеасаблівым вірусам, які своечасова мутаваў і прыстасаваўся да новых умоваў эпохі “беларускага постмадэрнізму”, больш дакладна кажучы — Лукашэнкавай рэакцыі. Бессэнсоўна адмаўляць, што “вірус” гэты прыйшоў да нас праз расійскую паэтычную традыцыю: ягоным носьбітам уласьцівая залішняя заклапочанасьць дасканаласьцю формы й заўсёдная гатоўнасьць ахвяраваць дзеля яе зьместам.

 
   

Пачынаючы з савецкіх часоў, моўны фармалізм у беларускай літаратуры заўсёды асабліва квітнеў у вершах правінцыйных паэтаў, якія хацелі пісаць “ня горш за гарадзкіх”, гэтаксама як Хадановіч, мне здаецца, імкнецца пісаць “ня горш за расійцаў” ці там “за французаў” — што ў яго самога ня надта выходзіць. (Адзначу, што, з майго гледзішча, мэта беларускага паэта павінна палягаць у тым, каб пісаць не “ня горш”, а лепш за расійцаў і за французаў. У сытуацыі беларускай літаратуры, што пакуль не спарадзіла паэта насамрэч сусьветных маштабаў, пісаць лепш за астатніх — парадаксальным чынам, лягчэй, чымся для прадстаўнікоў іншых літаратураў.) Вяртаючыся да тэмы: нягледзячы на ўзьніклы ў савецкія часы культ добрага вэрсыфікатара, галоўная плынь беларускай паэтычнай традыцыі выразна адчувае розьніцу паміж паэзіяй і вэрсыфікацыяй і ў адрозьненьне ад Хадановіча здагадваецца аб тым, што пазбаўленая зьместу форма ня можа быць “бездакорнай”. Беларускі чытач заўжды аддаваў перавагу паэту над вэрсыфікатарам: доказам могуць быць вершыкі кшталту “Пятро Глебка піша крэпка”, “Пятрусь Броўка піша лоўка” й г.д. Нават у выпадку, калі добры вэрсыфікатар ёсьць яшчэ й добрым паэтам, ягонае майстэрства вэрсыфікацыі зусім ня кідаецца ў вочы, застаецца ў цені й саступае месца сутнасьці — клясычным прыкладам гэтага можа быць Ніл Гілевіч. Менавіта таму спрактыкаванаму літаратару дастаткова кінуць адзін позірк на Хадановічавы радкі, каб пераканацца, што зьмест у яго цалкам другасны й падпарадкаваны задачы вырабу як мага больш “дасканалай” (зь ягонага гледзішча) формы. Аднак якім бы “выкшталцоным” ні было Хадановічава паэтычнае майстэрства, яго яўна не стае, каб гэта схаваць.

І ўсё-такі варта аддаць Хадановічу належнае: сярод астатніх беларускіх паэтаў ён насамрэч ня мае канкурэнцыі ў працы з мовай. Праца гэтая, аднак, стварае ў мяне асабіста ўражаньне аднастайнай, бяздушнай, мэханічнай. Адсюль паходзіць і ўражаньне сэрыйнасьці вырабу ягонай вершаванай прадукцыі, якая па сваёй сутнасьці вельмі аднастайная: ад чытаньня Хадановіча ў мяне складаецца ўражаньне, што беларуская паэзія вычарпала свае выяўленчыя сродкі і што ёй бракуе ня столькі тэмаў, колькі аўтараў і — перадусім — чытачоў.

 
   

Нягледзячы на тое, што жаданьне “пісаць нязмушана” прамаўляе ў кожным Хадановічавым радку, у кожнай рыфме, нельга не заўважыць наўмыснасьці, штучнасьці, праграмовасьці й запраграмаванасьці гэтага ягонага памкненьня. Нельга не заўважыць, што Хадановіч імкнецца пісаць па-беларуску так, як быццам па-беларуску ўсе наўкол гавораць. Вядома, калі б так насамрэч было, тады й Хадановіч сапраўды быў бы тым, кім ён хоча быць: клясычным постмадэрністам, паэтам “для ўсіх”, “народным” паэтам і г.д. Але пакуль што гэта толькі “мара”, якая знаходзіць сваё найлепшае адлюстраваньне менавіта ў цалкам ухвальным памкненьні Хадановічавай паэзіі да нязмушанасьці. Памкненьне да нязмушанасьці, аднак, яшчэ ня ёсьць самой нязмушанасьцю. Як ні круці, а “падмануць свой час” ня гэтак проста. А ліха зь ім: нельга падмануць чытача сучаснага, дык падманем прынамсі будучага. Няхай адукаваны нашчадак зьдзіўляецца, як спрытна рыфмавалі ў беларускай мове яшчэ сто гадоў таму, калі па-беларуску яшчэ ніхто не гаварыў. Вось такі ўтапічны футурызм. А як жа наконт сучаснасьці? Ці, можа, у сучаснасьці паэты зусім непатрэбныя? Альбо гэта сучаснасьць непатрэбная дый нецікавая паэтам?

Было б, аднак, памылкай думаць, што Хадановіч “ахвяруе” зьместам дзеля формы: паводле ўсіх прыкметаў, ён належыць да катэгорыі тых “літаратараў”, якім асабліва няма чым ахвяраваць. Я думаю, што як паэту Хадановічу папросту няма чаго сказаць і ён, хутчэй за ўсё, сам аб гэтым цудоўна ведае. Пры ўсім гэтым у Хадановіча няма нічога, чаму іншы паэт (падкрэсьліваю, што кажу, перадусім, за сябе) мог бы навучыцца толькі ад яго й ні ад кога іншага. А як казаў Вальтэр Бэньямін, “аўтар, які нічому ня вучыць пісьменьніка, ня вучыць нікога”.

Аднак тут варта крыху паспрачацца. Магчыма, менавіта дзякуючы Хадановічу калі ня гэтая, дык наступная генэрацыя беларускіх паэтаў будзе: 1) мець большую культуру мовы; 2) ставіцца зь меншым піетэтам да чыста вонкавых праяваў гэткай культуры, калі тая ператворыцца ў абавязковае правіла “добрых паводзінаў” літаратара; 3) пачне чытаць больш беларускай паэзіі й спрыяць натуральнаму ўзьнікненьню ўнутрыбеларускага (а не расійска-беларускага, як у Хадановіча) інтэртэкстуалізму. У гэтым сэнсе Хадановіч — паэт надзвычай прагрэсіўны (што ёсьць для яго адначасова найлепшым камплімэнтам і найлепшым азначэньнем; менавіта да гэтага ён і імкнецца). Ён ёсьць хоць і ня першай (узгадайма Бабкова, Мінкіна), але ж усё-такі ластаўкай, якая сьведчыць аб надыходзе новага культурнага клімату ў асяродзьдзі беларускамоўных творцаў. Для тых, хто лічыць паэзію кшталтам моўнага практыкаваньня й вэрбальнай гульні, Хадановіч, напэўна, будзе аднойчы непераўзыдзеным ідалам, узорам для (не-)прыпадабненьня, архетыпам “стылягі” ад літаратуры — гэта, пэўна, пры ўмове, што ён перастане быць чыста кулюарнай зьявай у вузкім асяродзьдзі, блізкім часопісу «ARCHE», і што яго пачнуць чытаць і друкаваць іншыя.

 
   

Такім чынам, Хадановіч — ідэальны прататып будучага беларускага паэта сярэдняга ўзроўню, які ў любой дастаткова разьвітай сучаснай літаратуры ўдае сабой тло, кантэкст, мэйнстрым — тую глебу, якая неабходная для ўзыходжаньня заўсёды рэдкіх парасткаў геніяльнасьці. Таму выглядае крыху сьмешна, калі ўжо сёньня Хадановіча імкнуцца выдаваць за прыклад таго, што, мяркуючы зь ягоных вершаў, настане яшчэ ня хутка.

Мяне асабіста пры ўсім гэтым абурае толькі адно: поўная адсутнасьць у Хадановічавых вершах пачуцьця гумару. Гумар Хадановіча — гэта, як казаў Караткевіч, “гумар шыбеніка”. Пры гэтым Хадановіч імкнецца выдаць свой “гумар” за асноўны “зьмест” сваіх вершаў, тым часам як сам карыстаецца ім выключна дзеля таго, каб хоць неяк апраўдаць штучнасьць сваіх сынтаксычных канструкцыяў, прыхаваць напружанасьць сваіх моўных пошукаў ды стварыць павярхоўнае ўражаньне лёгкасьці й нязмушанасьці, якое пасуе сапраўднаму “мэтру”. Шмат хто лічыць, што гэта яму ўдаецца. Аднак мне здаецца, што гумар і несур’ёзнасьць — ня тое самае. Пачуцьцё гумару паходзіць, бадай, не ад здольнасьці да моўнай эквілібрыстыкі, а ад здольнасьці да аналізу й да крытычнага, адстароненага стаўленьня да сябе. На жаль, Хадановічу гэтае стаўленьне ня надта блізкае. Гэта відаць з таго, як ён сабе дазваляе (ці, дакладней, яму дазваляюць) займаць у дачыненьні да астатніх маладых беларускіх творцаў пазыцыю неаспрэчнага аўтарытэта (глядзі, напрыклад, ягоную рэцэнзію на кнігу Міхася Баярына “Шалёны вертаградар” у «АRCHE-Скарына»), якая яму, мякка кажучы, не зусім пасуе. Безумоўна, гэтую ролю ён імкнецца разыгрываць з пэўнай доляй абавязковай іроніі, але да самога свайго выкананьня гэтай ролі ставіцца, наколькі мне здаецца, з усёй магчымай сур’ёзнасьцю — што ня можа не выклікаць усьмешкі, асабліва тады, калі “мэтар” час ад часу скарыстоўвае свой сцэнічны вобраз для таго, каб нагадаць сваёй аўдыторыі сёе-тое з шэрагу даўно яму й іншым вядомых банальнасьцяў, якія ён выдае за “сакрэты” паэтычнага рамяства.

З майго гледзішча, найбольш трапны эпітэт для паэтычнага фэномэну з назвай “Хадановіч” — “штучны”. Як паэт ён нагадвае мне Андэрсэнавага салаўя, што здольны сьпяваць сотняй розных галасоў, але няздольны, на жаль, сьпяваць сваім голасам, бо ня мае яго — альбо той папросту гучаў ня надта мілагучна і ягоны ўладальнік зьмяняў яго на больш разнастайны, багаты фіярытурамі й іншымі артыкуляцыйнымі штукамі голас Хадановіча. Пытаньне, ці здольны гэты штучны салавей сьпяваць па-беларуску іначай, чымся чужым, запазычаным голасам. А нават калі так, ці можам мы сёньня патрабаваць гэтага ад Хадановіча, як у часы Лукаша Бэндэ? Ня можам, і гэта цудоўна. Мы можам толькі чытаць альбо не чытаць ягоныя вершы. Гэтаксама мы ня можам нікому забараніць хваліць альбо ганіць ягоныя творы. Аднак у сытуацыі, калі ўхваляць Хадановіча стаецца правілам “добрага” густу, карысна, бадай, зьвярнуць крытычную ўвагу на адваротныя бакі ягонага фэномэну.

Ня думаю, што сам крытыкаваны мной аўтар ня ведае, што бязмэтныя практыкаваньні ў вэрсыфікацыі прыводзяць да інфляцыі паэтычнага слова. У такой сытуацыі, я лічу, лепш за ўсё было б скарыстаць свае паэтычныя здольнасьці для перакладу чужых твораў. Сапраўды, вэрсыфікатар Хадановіч зрабіў бы беларускай літаратуры вялікую паслугу, калі б узяўся за пераклад, прыкладам, клясыкаў франкафоннай літаратуры: Віёна, Бадлера, Вэрлена, Рэмбо, Ляфорга, Вэрхарна, Віяна, Прэвэра ды іншых. Замест гэтага ён, здаецца, адпачывае на “ляўрах” і бавіць час перакладамі нейкіх сваіх украінскіх знаёмых. Не разумею, якая рацыя рабіць цяпер пераклады з расійскай, польскай, украінскай моваў? Няўжо ж сярэдні беларускі чытач паэзіі не навучыцца чытаць па-ўкраінску? Выдаць у дапамогу некалькі слоўнікаў — дый па ўсім...

“А беларусы ж нікога ня маюць” — няхай жа будзе хаця б Хадановіч...

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (25) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/04/30