A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (25) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ | |||||
|
Віталь Сіліцкі
|
(нар. у 1972 у Менску) — палітоляг. Дацэнт катэдры эканомікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Друкуецца ў «ARCHE» ўпершыню. |
Аўтары надавалі шмат увагі парадаксальнаму стану, у якім выразна недэмакратычны рэжым абапіраецца на шэраг мэханізмаў, што звычайна забясьпечваюць стабільнасьць дэмакратычнага ладу, — такія як апора ўлады на сьвядомую падтрымку значнай часткі грамадзтва, яе здольнасьць да маніпуляцыі дэмакратычнымі інстытутамі дзеля падмацаваньня аўтарытарнай сыстэмы ды пільная ўвага да грамадзкай думкі пры вызначэньні стратэгічных рашэньняў у вонкавай і ўнутранай палітыцы. Таму шэраг аўтараў дзеля характарыстыкі палітычнага рэжыму ў сучаснай Беларусі выкарыстоўваюць тэрміны “выбарная дыктатура” (Карасьцялёва [1]), “элегантная дыктатура” (Хоўкс [2]) ці “дыктатура з элемэнтамі дэмакратычнай легітымнасьці” (Сіліцкі [2]). Іншыя аўтары (Харпфэр [1]; Ротман і інш. [2]) выяўляюць яшчэ адзін парадокс сучаснага беларускага палітычнага жыцьця — супярэчнасьці паміж аўтарытарнымі палітычнымі інстытутамі й палітычнай культурай беларускага грамадзтва, якая значна дэмакратызавалася на працягу апошніх дзесяці год. У адпаведнасьці з “індэксам новых дэмакратый” (кумулятыўным рэйтынгам прыхільнасьці да дэмакратычных і грамадзянскіх вартасьцяў), беларускае грамадзтва за гэты час дасягнула самага значнага прагрэсу ў параўнаньні зь іншымі краінамі ўсходнеэўрапейскага рэгіёну, бо колькасьць “цьвёрдых дэмакратаў” узрасла больш чым удвая і яго палітычныя арыентацыі ўжо амаль не адрозьніваюцца ад тых, што пануюць у краінах Балтыі. Цікава, адзначае Харпфэр, што падобны парадокс (аўтарытарная ўлада — дэмакратызаваная грамадзкая сьвядомасьць) назіраўся і ў былой Югаславіі за часамі Мілошавіча. Гэтыя парадоксы прывялі многіх аўтараў да аналізу дынамікі палітычнага жыцьця ў краіне і высьвятленьню таго, як палітычныя стратэгіі асноўных гульцоў (Сіліцкі [1] і [2]), слабая інстытуцыяналізацыя партыйнай сыстэмы (Карасьцялёва [1]) ды цяжкасьці ў фармаваньні нацыянальнай палітычнай эліты (Жыль-Бялова [1]) спрыялі фармаваньню ўмоваў, у якіх грамадзтва, што ўжо збольшага адышло ад старых савецкіх стэрэатыпаў у сваіх палітычных арыентацыях, існуе ў старамоднай аўтарытарнай палітычнай рэчаіснасьці. Ці здолее Беларусь умацавацца як самастойная дзяржава і асобная нацыя? У дыскусіі на гэтую тэму можна назіраць рэзкае разыходжаньне пунктаў гледжаньня аўтараў, пачынаючы ад безапэляцыйных цьверджаньняў дэ Ватэра і Вірсмы накшталт “Беларусь ніколі не была часткай эўрапейскай гісторыі” ці “Беларусь нельга нават характарызаваць як нацыю” [2], праз ужо вядомае апісаньне Беларусі Марплзам як “дэнацыяналізаванай нацыі” [1], да больш грунтоўнага аналізу Запрудніка, у якім разьмяжоўваецца лінгвістычная і палітычная русіфікацыя і робіцца выснова пра тое, што базавыя атрыбуты нацыі (ляяльнасьць да дзяржавы, пачуцьцё адметнасьці й адзінства лёсу) замацаваліся ў беларускім грамадзтве, нягледзячы на дзесяцігодзьдзі палітыкі задушэньня нацыянальнай самасьвядомасьці [1]. |
У аналізе эканамічнай сытуацыі ў Беларусі большасьць аўтараў (Злотнікаў [2]; Раманчук [2], а таксама з заходняга боку — Лаўсан [1] і Ослунд [2]) паўтараюць вядомыя высновы пра лукашэнкаўскую эканамічную палітыку, гэтаксама як і прадказаньні немінучага эканамічнага каляпсу, зь якімі беларускі чытач знаёмы паводле матэрыялаў беларускай прэсы. На мой погляд, у эканамічных блёках абедзьвюх кнігаў за рэдкім выключэньнем пераважаюць ідэалягічныя штампы й амаль адсутнічае аналіз як такі. Паміж аўтарамі разгарнулася жывая дыскусія па пытаньні, якая стратэгія ўзаемадзеяньня Эўрапейскага Зьвязу зь Беларусяй была б аптымальнай. Палярныя пункты гледжаньня былі прадстаўленыя Мартынавым [2] і Гішэр [2]. Першы паўтарае афіцыйную пазыцыю беларускага ўраду: “Беларусь ня гнецца пад вонкавым націскам. <...> Будаваньне адносінаў на падставе выкананьня папярэдніх перадумоваў — гэта тупіковы шлях”. Другая выносіць жорсткі вэрдыкт: “Беларусь павінна зьмяніцца ўнутры, каб мець магчымасьць збудаваць шчыльнейшыя стасункі з аб’яднанай Эўропай”. Ватэр і Вірсма [2], а таксама Сіліцкі [2] шукаюць шляхі выхаду з тупіка, у які зайшлі эўрапейска-беларускія стасункі, на падставе больш гнуткіх стратэгіяў, што ўключалі б у сябе элемэнты ангажаваньня і абумоўленага ўзаемадзеяньня. У той жа час усе бакі адзачаюць выключную важнасьць гарманізацыі адносінаў як для Эўрапейскага Зьвязу, так і для пэрспэктываў стабільнага і дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі. Дарма што ў сёньняшні момант Беларусь не зьяўляецца прыярытэтам эўрапейскай палітыкі, паглыбленьне адносінаў бачыцца большасьцю аўтараў непазьбежным дзеля шэрагу эканамічных і геапалітычных чыньнікаў. Аднак сярод аўтараў адсутнічае адзінства ў разуменьні, якім чынам мусіць надысьці такая нармалізацыя. Сярод магчымых прапанаваных варыянтаў — аднабаковае ангажаваньне, выкарыстаньне Расіі з той мэтай, каб яна падштурхнула працэсы дэмакратызацыі ў Беларусі, ці выпрацоўка Эўрапейскім Зьвязам шырэйшай стратэгіі ўзаемадзеяньня з усходнеэўрапейскімі краінамі, у тым ліку Ўкраінай, Беларусяй, Малдовай і Расіяй. Наагул, дыскусіі на тэму, ці паспрыяе Расія працэсу дэмакратызацыі й эўрапейскай інтэграцыі Беларусі, адведзена даволі вялікае месца ў кнізе “The EU and Belarus”. Што цікава, аргумэнты аўтараў у цэлым паўтараюць довады, якія гучаць у дэбатах, што разгарнуліся на гэтую тэму ўнутры беларускай палітычнай эліты. Нягледзячы на ўсе недахопы абодвух выданьняў, сам факт іх зьяўленьня ёсьць вельмі станоўчым сыгналам, які дае падставы спадзявацца, што Беларусь перастае быць terra incognita ў заходняй інтэлектуальнай думцы, а багаты канцэптуальны аналіз асноўных палітычных, эканамічных ды сацыяльных праблемаў і жывая дыскусія наконт пэрспэктываў далейшага разьвіцьця краіны дапамогуць запоўніць недахопы ў інфармацыі сярод палісымэйкераў, чыя дзейнасьць так ці іначай уплывае на сытуацыю ў Беларусі й вакол яе.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (25) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |