— А чаго ж вы, хлопцы, агрэсіўныя?
А чаго ж вы, хлопцы, рукі чэшаце?
А чаго ж вы, хлопцы, зубы скаліце?
Напіліся, мусі, вы гарэлачкі,
Пахлябталі моцнай самагоначкі —
Сапраўды сваіх вы лык не вяжаце.
— А чаго ж нам быць неагрэсіўнымі?
А чаго ж нам быць інтэлігентнымі?
Чалавекамі добразычлівымі?
З кожным днём гібее наша вёсачка,
Наша вёсачка неперспектыўная —
Не відно праменьчыка нат кволага.
І з таго народ зусім співаецца,
І ўсё больш і больш народ нервуецца,
І шукаюць людзі вінаватага.
А як знойдзем тога вінаватага,
То яму адразу кішкі выпусцім,
Наматаем на гнілы штыкетнічак.
І свярбеці перастануць ручачкі,
Перастануць зубкі злосна скаліцца,
Заірдзіць над вёскай ясна сонейка.
Перастанем мы хлябтаць гарэлачку,
Перастанем тады ў бойках бавіцца,
Зажывём зусім тады па-новаму.
Ды не знойдзем тога вінаватага —
Бо не бачыма вачмі залітымі,
Затуманенымі век гарэлачкай.
І таму век свярбець нашым ручачкам,
Нашым зубкам заусёды скаліцца,
І заўсёды нам быць агрэсіўнымі.