Вячаслаў Адамчык
Дзённік 1998
Спадчына: “сярод сваіх і чужакоў яна нам ласкай матчынай”, — пісаў Купала. Мне ў спадчыну дасталася старая шафа з бацькавымі рукапісамі. Чарнавікі апавяданняў і раманаў, нататнікі і дзённікі. Шафа, поўная сшыткаў, спісаных татавай рукою. Што з імі рабіць? Як да іх падступіцца? З якога боку? Вырашыў — з адваротнага. Выбраў дзённікі за 1998—2001 гады, набраў і раздаў у часопісы; 2001 — у “Полымя”, 2000 у “Дзеяслоў”, 1999 у “Маладосць”, 1998 у “ARCHE”. Калі пройдуць часопісныя публікацыі, набяру і раздам 1978—1997, папярэднія дзённікі за 1962—1977 гады ён паспеў падрыхтаваць і апублікаваць сам. Вынікам гэтай працы будзе кніга: Вячаслаў Адамчык, “Дзённік 1962—2001”.
22 студзеня 1998 году.
Учора, убачыўшы кароткую тэлеперадачу, дзе на ўвесь экран прыгожа і фацэтна глядзеўся адзін з найсімпатычнейшых і найстарэйшых нашых літаратараў, нечакана і нават з дзівам для сябе зразумеў, чаму ён выжыў, прайшоўшы ўсе кругі пекла: фронт, палон (армія Ўласава), Рур, Данбас — нямецкія і савецкія вугальныя капальні. Аказваецца, ён няўзнак, спадцішка, не на ўвесь голас, але ўмее пахваліць начальства. Дабрата Машэрава... А чым жа ж скончылася? Здрадаю, самаю найгоршаю, вынішчэннем даастатку беларускага пакутнага слова.
Мне, прынамсі, прыгадваецца, як ён <М. Я.> ціхенька сядзеў, ссутулена і прыгнута ўцякаючы ад усіх спрэчак, сварбы, выступленняў, таемна толькі распытваючы пра судовыя працэсы, што ішлі над карнікамі з батальёну Дзерлівангера... Да іх, палонных, што перакінуліся на службу да немцаў, у яго, палоннага, меўся асаблівы інтэрас.
Пра пачатак вайны, уцёкі з Менску, акружэнне пад вёскаю Мясны Бор ён умеў яскрава, шматкалёрна расказваць, напісаў шэра і бескалёрна.
Не менш унікальная рэч наша памяць. Асабліва памяць дзяцінства.
Сваю расстраляную запальнымі снарадамі ўлетку 41-га Варакомшчыну я магу аднавіць па нейкіх нязначных на першы погляд, але зваблівых для сямігадова[га] падлетка рэчах. Напрыклад, па карычневым паліваным кату-скарбонцы, што стаяў на выштукаванай шафе, ці па настольнай керасінавай лямпе з малочным абажурам, па металічным будзільніку на трох ножках з нікеляваным, нібы веласіпедным, каўпачком званка наверсе, нават па жоўтым пачатку кукурузы, тады яшчэ не моднай, што сеялася колькімі калівамі пры мяжы ў вясковым гародзе. Дзядзькаў хутар, што прыгожа і паэтычна ўздымаўся шарымі будынкамі над высокаю рачною стромаю, з якое абвальваліся круглыя, як перакаці-поле, кусты ядлаўцу, — па высокіх шастах радыёантэны: на стале ў хаце чарнела каробка дэтэктара з пружыністымі дужкамі навушнікаў.
Адпаведна кожнай гэтай дэталі ў памяці аднаўляецца ўся хата, цесны двор — брукаваны ці не, вуліца, адгароджаная парканам ці выкладзенымі ў рад валунамі-камянямі, і паўстае ўся спаленая вёска.
Дзіўна, але я хачу ў яе вярнуцца.
Пасля полудня я зрабіў круг, праехаўшы тралейбусам № 5 за Чэрвеньскі рынак у свой ЖЭС, каб праясніць справу з кватэрнай аплатай і рамонтам залітага ваннага пакою.
“Вам будзе паведамленне, вам пазвоняць”, — сказаў высокі, падобны да выблядка Л. начальнік, мінаючы ўсю чаргу перад глухімі дзвярыма.
Пятніца, 22 студзеня 1998 году.
Да ўсходу сонца, раніцаю, у акне зверху — густа-сіняе неба, пасярэдзіне — ясна-сіняе, знізу — светла-зеленаватае.
На поўдні над шпілем вакзалу — сярпок старога месяца, а злева ад яго — ружовы, падсвечаны сонцам дым. І сонца ў іскрыстай кароне — яно прасвечвае белыя, празрыстыя, як марля, перыстыя аблокі.
Ужо марознымі вечарам і раніцаю над праспектам Скарыны, як над горадам Нукусам у спякотнай Каракалпакіі, стаіць залаты пыл. Учора надвячоркам у ім ажно хавалася нізкае сонца.
На тратуарах і на праезджай паласе пластом ляжыць падсушаны, перамешаны з калійнаю соллю пясок, якім пасыпалі снег і лёд. І аўтамабілі, як на пясчанай дарозе, падымаюць хмары пылу.
17.20. Пад сонца і марозік па бясснежнай дарозе (снег, лёд толькі ў лесе), акружанай зялёнай рунню, з’ездзілі на дачу. Каля жалезнай, прывязанай на вяровачку брамы нас — стары “мерседэс” — сустрэла з брэхам гання галодных сабак. З старажоўкі выйшаў малады вартаўнік з чорнай павязкай (“язычок”) на воку. З-за дзвярэй вызіраў мілавідны тварык ці не п’янай старажыхі.
Вартаўніку падарылі трохлітровы слоік марынаваных гуркоў і торбу з буракамі. Нехта ўжо спрабаваў у шыбе адкалупаць штапікі — улезці ў дачны дом.
Дадому ехалі праз ждановіцкія дачы. Я ўбачыў нялюдскі, без даху, двухпавярховы цагляны дом пад старымі бярэзінамі — дачу Быкава. Яна спланавана напэўна лепш, чым мая, але эстэтыкі, хараства ў ёй няма. Куды больш фацэтна глядзеўся дом нікому невядомага гэбіста Ягорава.
Нядзеля, 25 студзеня 1998 году.
9.10. Як учора — марозны (–7°С), бясснежны ранак. Сонца ў марлі расцягнутых, паласатых хмараў з кавалачкам ружова-жаўтлявай тэнчы (вясёлкі) (з правага ад сябе боку).
Учора — Чэрвеньскі рынак, дзе мы з Нінаю, абышоўшы ў белым аднапавярховым доміку мясныя сталы, назапасіліся харчамі на тыдзень. У канцы дня — Міраслаў з пляскатаю бутэлечкаю брэндзі. Лячыўся, перабіваў боль, бо яму і рвалі, і свідравалі зубы. Расказваў пра напытаныя кватэры, якія аглядаюць, каб купіць адну з іх пад офіс.
На вул. Янкі Купалы, ці, праўдзівей, на рагу пр. Скарыны і вул. Купалы — чатырохпакаёвая (першы паверх) — страх якая дарагая. Побач з кінастудыяй прадаецца трохпакаёвая, напалавіну таннейшая.
Аўторак, 27 студзеня 1998 году.
19.50. Не магу ўжо без агіды глядзець рас. тэлебачанне, слухаць абрыдлую балбатню таўстамордых куліковых, строевых, прымаковых...
Сёння, убачыўшы на другі бок вуліцы чорную лайку з белым хвосцікам, белым каўняром і белымі лапамі, сам-насам смяяўся: як назваць сабачку — белахвосцік ці чарнамордзік?
Некалькі гадзін праседзелі з Нінаю перад дзвярмі юрыстак у натарыяльнай канторы, але справу з тастаментам (мая) і дараваннем ці адарваннем кватэры (Нініна) так і не залатвілі — не хапіла ўсіх даведак і розных копіяў.
Панядзелак, 30 студзеня 1998 году.
8.30. З носу зноў ідзе кроў. Боль у галаве, звон у вушах. Не магу варухнуць рукамі. Дрыжыць сэрца. Гатаваў сабе манку і чакаў, што рухну там, каля газавай пліты на кухні.
Гаснуць усе спадзяванні. Усплываюць думкі пра адно і тое ж...
Не дапісаныя апавяданні, не створана кніжка дзённікаў, засталіся толькі ў планах аповесці і п’есы.
Бязвольны, чуць жывы. Не магу перамагчы сваю слабасць, каб уключыць электрамашынку. Як казала маці, вянуць рукі.
17.20. Белы мядзведзь, што ледзьве ўжо ходзіць, на прыгнутых нагах, сёння ўручыў граматы расійскім тэлежурналістам за іхняе, як сказала дыктар з Масквы, уважительное отношение к презид. Лукашенко. Аднак Расія цэніць прадажнікаў і здраднікаў. Вайна, прыхаваная, таемная, падпаленая рускімі фашыстоўцамі і нацыяналістамі (Бабурын), ідзе за Ўкраіну. Як усім абабураным (абасцаным) хочацца вярнуць страчаную імперыю. Але фігу — не выйдзе, позна схамянуліся. Прыбалты, каўказцы і азіяты адчулі ўжо смак незалежнасці: хто захоча адзець хамут ці ярмо руска-азіяцкай няволі? Казахі, узбекі, туркмены, літоўцы, украінцы?
Серада, 28 студзеня 1998 году.
8.30. Прачнуўся ледзьве жывым. Прыйшоў на кухню, і з носу на кашулю пачала капаць кроў. Галава як звон. Мусіць, трэба прылегчы.
Нездароўчаю пайшла ў паліклініку і Ніна.
Ад змены надвор’я мы абое занядужалі ці што?
Аўторак, 3 лютага 1998 году.
9.30. Больш як паўгадзіны за сталом, а фрашку пра нізенькага і клыпатага, што пэўна перахварэў на ангельку, музыканта Гальяша так напісаць і не мог.
Ды, зрэшты, хацелася напісаць не пра яго, Гальяша, што граў у Варакомшчыне вечарынкі і ў часе п’янай бойкі мог схавацца ў сенцах, накрыцца ночвамі і пераспаць перадрагу, а пра пераклад беларускіх летапісаў на сучасную наркомаўскую мову, дзе нашае імя Гальяш перадаецца праз рускае Ілля, а беларуская ідыёма “з ласкі божае” чамусьці перакладаецца на расійскі лад — “з міласці божае”.
І гэта ў неблагой і патрэбнай кніжцы з серыі “Беларускі кнігазбор” — “Летапісы і хронікі”.
Не зразумеў і здзівіўся, дзеля якой патрэбы перакладалі “Баркулабаўскую хроніку”, бо хараство, каларыт і арыгінальнасць беларускага слова страціла свой бляск, незвычайную першароднасць, пацямнела і сцерлася, як старая манета. Адбылося ўсё наадварот — дзеяпіс не аднавіўся, а змерк і пацямнеў.
Дзякуй Богу, я маю на руках тыя/тры акадэмічныя тамы беларуска-літоўскіх летапісаў, выданыя яшчэ праз Мікалая Ўлашчыка, і магу зазірнуць у арыгінал. Можа з ласкі божае будуць перавыданыя і яны.
Серада, 4 лютага 1998 году.
8.10. Чуемся нездароўчымі — і я, і Ніна. У яе задуха, алергія, у мяне — несціханы боль галавы, што аддаецца ў правае вока. Праўда, я вінаваты сам — прычасціўся і справакаваў гэты боль. Звечара ўспухла і налілося крывёю павека. Вока заслязілася. Яно і сёння нібы запарушана — не дае спакою. А над ім, у скроні, — боль. З носу зноў паказалася кроў.
Нарэшце аформлены завяшчанні. Праўда, нам з Нінаю давялося паўдня пратаўчыся ў чарзе перад дзвярыма натарыуса, каб аформіць дакументы — мне на кватэру, Ніне — на офіс.
Учора, зайшоўшы познім вечарам, Міраслаў кампенсаваў нашыя страты на дзяржпошліну і выдаткі за юрыдычную кансультацыю: цяпер, куды ні ступі, усюды мусіш плаціць.
Даўно мы не вярталіся ў лепшыя традыцыі графаманска-сталінскай прозы, сёння забытых і пахаваных навечна стаховічаў-гурскіх, аднак кніжкі дранчукоў-марчукоў-лукшаў, выданыя па лініі самвыдату, паказваюць на тое, што можна, зрэшты, вярнуцца і ў эпоху неандэртальства.
Не зборнікі прозы, а смярдзючыя смеццявозы, падфарбаваныя ў зялёны лукашэнкаўска-энкавэдзісцка-юдаўскі колер, пачалі ўжо дыхаць адпаведным пахам з паліцаў мінскіх кнігарняў.
Сівенькі — не дзіва, што ў дзеда сіва, — як законнік (манах) з келлі якога-небудзь падмаскоўнага манастыра, Іван Антановіч шчабятліва ненатуральнаю расійскаю моваю — нібы няма ў бел. дзяржаве законнай і гістарычнай беларускай? — расказваў пра інтэрас Беларусі да рэспублік Югаславіі.
Але ж і там, не ў прыклад прадажнікам антановічам-лукашэнкам, гавораць на серба-харвацкай. Ад свайго роднага не адхрышчваюцца.
Чацвер, 5 лютага 1998 году.
20.00. Гутарка з Валодзем у яго офісе (п. Скарыны, 14, кв. 24), куды я падняўся разам з крывалапым суседскім сабачкам. Валодзевыя планы — кіно, кніжкі, — ад якіх я жахаўся.
Спусціўся з шостага паверху ўвесь узмакрэлы ад гарачыні і гутаркі, а ў двары мяне астудзіў пухкі снегапад і лаянка прастытутак, што п’янаю зграяю вываліліся з нейкае блізкае канторы.
“Да я не хочу зарабатывать деньги п…, а иметь настоящую работу!” Я азірнуўся: сярод двух рослых мужчын пахістваліся апранутыя ў кажушкі дзве асалавелыя маладзіцы. Ім гадоў пад сорак. Мне міжволі падумалася: як жа ж яны гадуюць і даглядаюць сваіх дзяцей?
Пятніца, 6 лютага 1998 году.
8.30. То дыміць завейны дробны снег, то ў разрывах сіняватых хмараў залаціцца сонца і глыбокі блакіт зманвае вока, як светлая надзея на штосьці таемна-радаснае. Не дарам у падлеткавыя гады на глухой адзіноце верылася, што там, за напухлымі, мяккімі і зыркімі хмарамі, зваленымі адна на адну, існуе жыццё, і шархоткімі галубінымі крыллямі ўзмахваюць кучаравыя анёлы, і сядзіць сівенькі, басаногі бог.
Субота, 7 лютага 1998 году.
9.05. Стаяў каля пліты на кухні, варыў сабе манную кашу і нават не ўчуў, як на кашулю на грудзях закапала з носу кроў. Покуль не ўбачыў цёмна-чырвоныя рагі.
У галаве болю вялікага няма, ёсць адчуванне п’янаватай цяжкасці і звону ў вушах.
Прылёг у кабінеце на канапу, але й не ўлежаў, падняўся да стала.
Пасля ўчарашняй адлегі сёння –5 °С, марозік. З непрыветна-абложнага неба працярушваецца ледзьве відочны сняжок.
І вось чарговая бяда — са столі ў ванным пакоі капае вада. На пятым паверсе над намі ўсю ноч тупалі, весяліліся і не закруці[лі] краны, ці што? Трэба зноў званіць дыспетчару.
11.30. Нарэшце прагуляўся. Вядома, больш па магазінах — шукаў вяршкі. Іх цяпер у міг вока разбіраюць.
На праспекце сустрэў былых цэкоўскіх фюрэраў. Яны азіраліся на мяне, як ваўкі.
Нядзеля, 8 лютага 1998 году.
Гэтак маўчаў Мележ, да якога няпрошанымі ўварваліся спярша Шамякін, потым — Чыгрынаў. Апошні нават падбадзёрваў, адпраўляючы на той свет Мележа: “Няма чаго, Іван Паўлавіч, хвалявацца: літаратура застаецца ў надзейных руках”. Тады ён быў сакратаром Саюзу пісьменнікаў і ствараў эпапею, перапісваючы жыўцом цэлыя старонкі з шматтомніка “Вялікая айчынная”, нашпігаванага ілжывай і савецкай дакументалістыкай.
Каля кантэйнераў ужо ідзе бітва за смецце: малады нагамі таўчэ старэйша[га], што прысеў на кукішкі і на снезе перабірае нейкія знойдзеныя транты.
19.50. Па расейскім тэлебачанні няма ўжо ніводнай цікавай перадачы. Як абрыдлі ўсе гэтыя барсукі ці парсюкі Сванідзе, што паўтараюць бачанае і чутае.
Панядзелак, 9 лютага 1998 году.
Два разы — у суботу і пятніцу — заходзіў у ЦУМ (купляў дыван) і два разы пры дзвярах бачыў кабету з бурачковым спітым тварам. У яе на грудзях вісела скарбонка, а на галаве была завязаная белая хустка з чырвоным крыжыкам.
Калісьці расійскі гісторык Васіль Ключэўскі праваслаўных пастыраў і іхніх наложніц называў тунеядскай моллю. Сёння гэтая моль яшчэ больш сфальшывілася, спілася і разбэсцілася. І колькі яе з сатанінскай дзікай Расіі налятае на безабаронную Беларусь.
Спярша з’ездзіў у “Белгіпразем” — праектны інстытут землеўпарадкавання (пэўна не так ён называецца) на Казінца, 86, дзе ўзяў копіі актаў на прыватызацыю зям. (дачных) участкаў, заплаціўшы ажно 600 тыс. руб., потым — у райвыканкам (Кальварыя), дзе пастаяў перад замкнёнымі дзвярмі, бо пасля полудня не было прыёму.
У чацвер прыйдзецца прайсці ледзьве не той самы круг.
Серада, 11 лютага 1998 года.
8.00. Перажыта бяссонная пакутная ноч.
У першым сне, пасля якога і прачнуўся, снілася ўсхваляванае ветрам жыта. Я, напружваючы ўсе сілы, цяжка брыў па ім. Ад дарогі ў кірунку нашага лесу, які даўно спілаваны і выкарчаваны, але які не раз уваскрасае перада мною ў маіх снах.
У тунелі пераходу — Арсень Ліс з палкаю (наехаў “форд”), на праспекце — трохі захмялелы Сцяпан Міско, паказваючы на транспарант “13 лютага Машэраву — 80”: “Ён уваходзіў у групу Сікорскага і расстрэльваў заходне-бел. падпольшчыкаў і рэвалюцыянераў у 1943 годзе. У мяне ёсць дакумент-спраўка”.
Нядзеля, 15 лютага 1998 году.
15.20. Абышоў наўкруга ўсе харчовыя магазіны, а вяршкоў так і не купіў — нідзе няма. Выцягваючы худую шыю, каля гарэлачнае крамы стаяў <Татур>, колішні знакаміты бабнік і нястомны п’яніца. Яму ці не восемдзесят? Усе маралісты і цвярозанікі даўно паўміралі, а ён яшчэ пільнуецца кілішка. Як чы[й] лёс. Танк некалі выцікоўваў, хто колькі п’е і колькі мае каханак. Пэўна ад зайздрасці, што сам не дабраў. У яго была адна ахвота і прагнасць — ордэны і медалі. Іхні бляск яго спакушаў болей, як бляск жаночага сцягна.
Аўторак, 17 лютага 1998 году.
Зранку ўчора цяжкі дзень: банк, перад дзвярыма якога, каб заплаціць пошліну, я добра вымак, потым — аддзел райвыканкаму, дзе я задыхаўся ад гарачыні, чакаючы, покуль аформяць выпіску паўторных актаў на прыватызацыю дачнага ўчастка (арыгіналы ў часе пярэбараў згубіліся).
Нарэшце — магазіны.
Дадому вярнуўся ледзьве жывы.
13.00. Заходзіў Валодзя. Наша гутарка на кухні, ад сённяшніх праблемаў Іраку і Каўказу да яго звышцяжкай і акружанай падазронасцю і выведамі працы.
У Вільні Аленаю куплена кватэра. Дзесьці поруч з сінагогаю. Але хто ў ёй будзе жыць?
Серада, 18 лютага 1998 году.
13.30. На пераходзе вуліцы каля паштамту, калі я ўслед за жанчынаю пайшоў на зялёны святлафор, з праспекту на мяне на ўсёй хуткасці скіраваў іржавы (жыгуль) самаходзік. За баранкам сядзеў нейкі вусаты лукашэнкавец. Я ледзьве ўскораў вывернуцца. Мне ўспомніўся Арсень Ліс, на якога і наехаў гэтакі самы злыдзень.
Як напладзілася сёння нехрысцяў, што толькі і думаюць, каб што скрушыць, разбіць, зламаць і знішчыць.
Чацвер, 19 лютага 1998 году.
Жыву адчуваннем страху смерці, асабліва прачнуўшыся ўночы і задыхаючыся ад тытунёвага дыму, што пранікае аднекуль у спальню, ад гарачыні ў сэрцы, болю ў галаве і ламоты ва ўсім целе.
Штодзённая змена надвор’я — то мароз, то адлега — перабываецца вельмі ўжо цяжка. Гэтыя кіслыя дні шкодзяць і Ніне. Хоць у яе задуха пачынаецца разам з алергіяй — чырвона-агністымі плямамі, што ўкрываюць усё цела.
+7°С. Ні зіма, бо няма снегу, ні вясна, бо няма сонца. Хмурны, насуплены дзень з вільготным паўднёвым ветрам. На пляцы Незалежнасці і на праспекце дзьме, як з рэактыўнага сапла.
У людных, цесных і задушлівых тралейбусах нясцерпна смуродзіць нямытымі бамжамі і атрутнымі лілова-апухлымі алкаголікамі.
Ледзьве жывымі вярнуліся з Нінаю з Чэрвеньскага рынку, так і не купіўшы ні цялячай вантробкі, бо была цёмная (карычнева-сіняя), ні свінога мяса, бо аказалася мала грошай.
Субота, 28 лютага 1998 году.
11.30. Камароўскі рынак, як у часе акупацыі, акружаны паліцэйскімі патрулямі. Іх, у плямістай блакітнай форме, усюды па двое. Цэны — не дакупіцца, таксама як вайною. І ўсё ж такі мы з Нінаю адшкадавалі дзвесце тысяч на цялячую вантробку. Сабе — і, вядома, Чэсіку. Балазе ўчора “гуманітарную дапамогу” аказаў Міраслаў. Купілі і тварагу. Дарэчы, заўсёды падбіраем кабету з беларускай гутаркай. Калі чуем нетутэйшы расійскі акцэнт — абыходзім. Чужы чалавек заўсёды падазроны.
Серада, 4 сакавіка 1998 году.
Уздоўж жоўтага дому з карычневым мокрым дахам ідзе шыракаплечы і касалапы мужчына ў касматай, намоклай шапцы, падмахвае сабе чорнай папкай на раменьчыку і нясе па лужынах перавернуты глыбока ўніз свой адбітак.
Ён чымсьці нагадвае мне Максіма Танка. Грузнасцю, хадою, паставаю ці гэтаю, намоклаю, як бабёр, рудаватаю шапкаю.
Танк, салідны мужчына, мне здаваўся болей падобным да каваля ці мельніка, хоць і аўтар “Энеіды” Вергілій быў таксама рослы, пастаўны і меў воблік селяніна, калі верыць Светонію і яго “Тайнам рымскага двара”.
Адзін хіба Купала выглядаў без ніякіх скідак на паэта, як, вядома, і Багдановіч. Толькі на астатніх размножаных фотаздымках малады Багдановіч зарэтушаваны і падроблены пад вусатага фатографа Ждановіча (Чывіса), які рабіў гэтыя пераздымкі.
У старога дзеда, што намагаецца пераадолець косы завулак, каб падняцца ім на праспект Скарыны праз арку міма нашага дому і магазіну падпісных выданняў, з кожным днём крок робіцца ўсё карацейшым і карацейшым. Сёння ён, здаецца, ступае на месцы, памагаючы сабе ляскай (тросцю) і прасунуўшыся наперад не больш як на сантыметраў дзесяць.
Ён, вастраносы сівы мужчына, заўсёды ў адной уніформе — штучным зношана-парудзелым чорным футры, гэтакай жа штучнай шапцы і ў вайсковых злінялых штанах, здаецца, нібы хворы на голаў. Я помню яго яшчэ з трынаццатага тралейбуснага маршруту, тады адзінага, што і [неразб.]. Ён, гэты мужчына гадоў пяцідзесяці, апрануты ў вайсковы шынель і фуражку з чырвоным аколышам, сядзеў заўсёды на пярэднім сядзенні і, пераймаючы трубу, напэўна барытон, губамі выдзімаў вайсковыя маршы. Мне здавалася, што ён быў калісьці ў вайсковым аркестры.
20.30. У Расіі вэрхал і лямант у абарону гэтак называнага русскоязычного элемента ў Латвіі. Нават іржавымі брэжнеўскімі пашчэнкамі варушыў гугнявы Прымакоў. А хто, і дзе, і калі заступіўся за латышска- ці беларускамоўнае насельніцтва?
Чацвер, 5 сакавіка 1998 году.
14.25. Сустрэча з Валодзем на праспекце Скарыны, звыклая гутарка, што пераходзіла ў нервовасць і дробную сварбу (“Ды я нікога не баюся! Я магу плюнуць на Лукашэнку і Ельцына! Пра Алену здымаюць фільм!”). Потым, у прадуктовым магазіне ўжо, бліскаючы ўстаўнымі залатымі мосцікамі, — адстаўнік Марцынкевіч, у старамодным капелюшы, у старамоднай куртцы (“Я адступаў ад Зэльвы, біўся на Бярэзіне, пад Магілёвам”). А за акном — навалы сівых, з сіняватым сподам, вясновых хмараў. Яны сплываюць на ўсход, не чапляючыся за ветразі з вострымі гарматнымі штырамі стадыённых (чатырох) асвятляльнікаў.
<…>
Субота, 7 сакавіка 1998 году.
7.15. Не сплю з 5-ці. Збіраліся былі з Нінаю з’ездзіць у Ракаў на рынак. Дакляраваў узяць у свой “форд” ці “опель” сусед. Але ён, мусіць, паехаў, забыўшыся пра нас, — учора быў пад газам, калі запрашаў.
Аўторак, 10 сакавіка 1998 году.
Сухі, прадзьмуты скразнякамі праспект. Пад нагамі — лёд, у вочы — дробная жарства. Цяжка і трохі касалапа насустрач мне — адутлаваты, у рыжай, насунутай на вушы шапцы адзінокі Навуменка. Не размінуцца — павіталіся. Я, чуючы смяртэльна-лядовы холад ад яго рукі, кажу:
— Вось, хацеў купіць томік Карла Ясперса.
— Каго?
— Кніжку Ясперса, — крычу.
— Салаўёва? — ён дастае з кішэні хустачку і выцірае свой прастуджаны нос.
— Ясперса, чуеця?
— Ну, чую, але ён не пісьменнік.
— У тым жа ж справа, што філосаф.
— Трэба чытаць... — ён моршчыцца, варушыць пальцамі, нібы абмацвае грашовую купюру, — рускіх, як, напрыклад...
— Розанава, — падказваю я.
— Не, — ён зноў цярэбіць трыма пальцамі, як паказвае сілуэт зайчыка на сцяне.
— Бярдзяева?..
— Ага, — нарэшце з палёгкаю ўздыхае ён і ловіць хустачкаю распухлы пачырванелы нос.
— Мяне цікавіць Ясперс. Яго тэорыя вінаватасці, праўдзівей — пакаяння нямецкага народу.
— Вінаватымі яны сябе не лічаць. Вось і цяпер Расія стане прыдаткам Захаду, крыніцай сыравіны... Украіне Крым аддалі...
А потым быў праклён на непакорных чачэнцаў і няўдзячных прыбалтаў.
— А як жа нам, беларусам? — пытаю.
— Кніжкі не выходзяць. Я ўжо нічога добрага не чакаю. Засталося толькі перавярнуцца, але пад тралейбус не ляжаш...
Мы развіталіся. Я пайшоў, чуючы ізноў смяртэльны холад яго рукі.
Талстой у 70 яшчэ дзіка раўнівы, нязгодлівы, незгаворлівы. На кіёчак апіраецца, а ў сваты ідзе.
Чацвер, 12 сакавіка 1998 году.
Успомніўся Скрыган з яго задзірыстым носікам ды яго ўяўная храбрасць і даверлівая пахвальба ўхажорствам за ленінградскай перакладчыцай:
— І бутэлечку вінца распілі/раскаштавалі.
— Няўжо?
— Дзіва што.
Яму, Скрыгану, здаецца, было ўжо за восемдзесят.
І мне помніцца наша праходка над стромымі берагамі крынічнай Іслачы, сонечны пагодны верасень, кіёчкі ў нашых руках і спачын пад дубамі, што асыпалі спелыя жалуды, і зноў, як ён казаў, яго сцежкаю праз трысцё, каля завінаў, атуленых знямоглымі старымі вербамі, ізноў залаты пясчаны і абрывісты грудок з цёплымі хвоямі, ласкавы вецер у расхрыстаныя грудзі, рачны/лугавы скошаны прастор лясное даліны са звілістаю, нястрымнаю рэчачкаю ў шпалерах алешніку...
Субота, 14 сакавіка 1998 году.
14.30. Ніна ідзе ў тэатр на “Тутэйшых”. Я іх, дарэчы, калісьці бачыў — вельмі слабаваты, па-дзіцячы крыклівы і валтузлівы спектакль. Тэатр Янкі Купалы ператварыўся не ў народны правінцыйны, а ў вясковы драмгурток.
Рэжысёры — малапісьменныя людзі, магілёўскія правінцыялы, артысты без гонару, грацыёзнасці, дыкцыі і высокай адукацыі.
Аўторак, 17 сакавіка 1998 году.
8.20. Учора непатрэбная спрэчка з сынамі. Хоць яны, Валодзя і Міраслаў, вымагаюць ад мяне немагчымае: выпатрабаваць у камітэце паліграфіі ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць. <…>
Учора папрасіў у сыноў: выдайце хоць адну маю кніжку. Не выдадуць. Міраслаў тут жа ж абязвечыў мяне: “Мы выпускаем тое, што купляецца. А тваю ж кніжку не прадасі”.
Чацвер, 19 сакавіка 1998 году.
8.15. Учарашняе:
Камітэт па друку. Дзве гадзіны ў чарзе перад кабінетам начальства. <…>
Не прынёс уцехі і мой заход у выдавецтва “Мастацкая літаратура”: кніжку ў друк не здалі.
Дырэктар, падрыгваючы ножкамі, рвецца, кажуць, у прэзідэнцкую зграю і беларускамоўных рэдактараў мяняе на расійскамоўных. Вось адкуль пачынаецца вынішчэнне беларускага слова. Кніжку маю ўжо няма каму адрэдагаваць.
Каб хоць чым узрадаваць і абнадзеіць сябе, купілі з Нінаю новы дыван. Балазе “Нёман” выплаціў неблагі ганарар.
У кватэры бязлад: другі дзень тынкоўшчыкі рыхтуюцца атынкаваць у ванным пакоі столь, але руху ніякага — то пяску няма, то цэменту, то сіта, то лесвіцы.
Адшкадаваўшы ад ганарару некалькі сот рублёў, нарэшце набыў К.Ясперса (праўда, 1 том) і Вайнінгера. Бо з пенсіі ўжо кніжкі не купіш.
Я не зношу ні брэх сабакі, ні сіпаты голас прэзідэнта.
Кажуць, асіпласць чалавеку пакідае ў спадчыну заразлівая хвароба — пранцы.
Субота, 21 сакавіка 1998 году.
Ніна на белым пікапе з чорнымі аконцамі паехала ў Ракаў на рынак. Паклікаў сусед, наказаўшы яшчэ ўчора вечарам.
Паслухаўшы ўчарашні гістэрычны крык мінскага вусатага, як прусак, конюха, падумаў, што надыходзіць блізкі канец ці яго разбойнага панавання, ці яго вар’яцкага жыцця. Запомнілася яго фраза: “Запад при помощи национал-фашистов в угоду лжедемократам Москвы хочет свергнуть в Бел. президентскую власть” (ці праўленне?).
9.00. Вярнулася з Ракава Ніна ледзьве не з пустою карзінаю (кашом). Купцоў на рынку аказалася ў дзесяць раз больш, чым прадаўцоў. Вусаты прусак ужо забараніў прадаваць цялят. І на ўвесь торг быў адзін баран і некалькі свіных туш. Не зважаючы на высокія цэны, наезджы люд усё хватаў з рук.
Пятніца, 3 красавіка 1998 году.
3 гадзіны ночы. Не сплю. Перажываю, круцячы (пракручваючы) у памяці тасьму, на якой у кожным кадры буйным планам мільгаюць агідныя твары. Апомніўся і пытаюся ў сябе: чаму бачыцца толькі благое? Няўжо памяць не зрабіла засечкі на добрым?
І ўбачылася затравелая малаезджаная дарога сярод сіне-ружовага жыта. Падменены бацькам на пашы, я бягу дадому снедаць. Мне, басаногаму, усяго шэсць. І хутаранскі сыты кот валачэ па разоры, схапіўшы зубамі між вачэй, злоўленага зайца. Ужо нежывога.
Чэрвеньская светлая нядзелька. Мяне чакаюць на стале пухкія грэцкія аладкі і... кароценькая, на паўгадзіны, свабода.
Кажуць, старасць пачынаецца тады, калі пачынаюцца ўспаміны. Яна пачалася ў мяне заўчасна, нават у дваццаць гадоў. Я ўспамінаў светлы нядзельны ранак. Сябе на затравелай дарозе сярод жыта. Успамінаў у трыццаць, сорак. Потым — у пяцьдзесят... Цяпер.
Хрыпата ў грудзях перакочваецца, як пранік па качалцы, — грук-грук-грук.
Чорны памёр у новай, толькі што палучанай кватэры ў доме на Савецкай вуліцы. Вокны выходзілі на плошчу, на таполі, што шарэнгаю ішлі ад фабрыкі-кухні. Але ж па якой старане стаяў дом? На той, што засталася, дзе вісіць мемарыяльная дошка Шырме, ці на той, што гадоў трыццаць назад разбурылі? Але ўжо і ў Віткі, кніжку якога калісьці рэдагаваў і ў якой паўторна прачытаў пра гэта, ужо не спытаеш.
Нават забылася, што Чорны, адчуўшы, што не можа гаварыць, намагаўся яшчэ напісаць запіску: “Заві пісьм...” Але не дапісаў — страціў прытомнасць.
Гадаю сам і баюся патэлефанаваць яго дачцэ (Чорнага) — Рэні, каб не пачуць ад яе, што будынак разабралі. Адзін з тых (трох) невысокіх двухпавярховых дамоў трохі збоку ад касцёлу. А можа, у тым, дзе быў “залаты магазін”? Успомніўся і драўляны асадзісты дом на рагу Ленінградскай і Савецкай, дзе размяшчалася рэдакцыя газеты “Літаратура і мастацтва”, і трамвайная лінія, што ішла ад вакзалу ўздоўж універсітэцкага гарадка і зварочвала на Савецкую, а з яе — ужо на Валадарскага і — уніз... Мы ўскоквалі тут, недзе каля рэдакцыі “Літ. і мастацтва”, у грукатлівы трамвай, спаласаваны на падлозе драўлянымі рэйкамі, і ехалі на Нямігу — там быў універсітэцкі інтэрнат у двухпавярховым доме з надворнымі драўлянымі лесвіцамі, жалезнаю брамаю, забрукаваным дваром і культмагам на першым паверсе. Няміга, 21, пакой № 5...
Серада, 8 красавіка 1998 году.
Мая гутарка з хлопцамі — стварыць насуперак бальшавіцкім і пэн-клубаўскім згуртаванням свой гуманістычны літаратурны звяз ці хоць бы суполку — не знайшла ў іхняй душы водгаласу (водгуку). У іх даволі свайго клопату. А супрацьстаяць дзяржаўным структурам яны не могуць: небяспека страціць работу. Бо і так з усіх бакоў абложаныя канфідэнтамі і іхнімі даносамі.
Гілевіч, якога спаткаў на праспекце, — ён, як ксёндз, у чорным плашчы і чорным берэце, і ружовашчокі, як ксёндз, — прымаў маю ідэю, але бачыў і марнасць справы: у суполку, як заўсёды, прашыюцца розныя здраднікі і прадаўцы.
18.30. Тэлефонная перамова з рэдакцыяй часопісу “Беларусь”. Мая паездка на вул. Захарава. Чорнымі “іксамі” (Х ці +) адзначаныя тыя фразы ці старонкі, якія мусяць быць вынятыя. Мой ультыматум. Не ведаю, чым усё скончыцца, але свае 13 ці 15 старонак я мушу забраць.
Цэкоўскі слізняк Шабалін, тып адкрыта прадажны, спадзяецца вытаргаваць <…> яшчэ на пару гадоў рэдактарскае крэсла.
Але яны, як мне здаецца, ужо распараджаюцца не сваім часам.
Па дарозе завітаў у “Полымя”. Можа, прапанаваць туды сваё апавяданне? Праўда, яно мне штосьці не пасуе. Паўторы, паўторы...
Чацвер, 9 красавіка 1998 году.
Словы з нашае варакомскае гаворкі (гутаркі): страхалюд, азіят, злыдзень, таўлуй (гультай, абібок).
Дзеразавацца (жарты строіць з малым). Дзеці дзеразуюцца і шалеюць. Дзеразуешся як маленькі. Праманьваць — жартаваць.
Паліто як уліта сядзіць на ём. Акурат як шыта на яго.
Панядзелак, 13 красавіка 1998 году.
У славенскім слоўніку натрапіў на слова šlichta (шліхта) і ўспомніў варштат, што займаў паўхаты, маці ў такую велікодную пару за кроснамі. Паткаўшы, яна час ад часу шліхтуе — мажа/націрае, макнуўшы шчотку ў міску з клейкім крухмалам і семенем, шырокую пасму асновы, што ідзе з навою ў нічальніцы і берда.
Ці не паўвека мінула, а як яскрава і выразна ўспомнілася.
Серада, 15 красавіка 1998 году.
9.00. Я абяссіліў сябе ўчарашняй злосцю, што ператварылася ў невыносную бяссонніцу. І вось пад нудны дождж сяджу спаралізаваны ўсімі болямі.
Занадта крыўдлівы стаў. Прымаюся да ўсяго. А для здаровага жыцця патрэбна дробка абыякавасці. Як дробка солі ў кожнай страве.
У Расіі несціханы гвалт і лямант у абарону русскоязычных, што насяліліся і распладзіліся ў Латвіі. Ніхто толькі не бароніць бяспраўных і галодных у самой Расіі.
Уздымаючы на шчыт чужыя праблемы, уладу купіўшыя ў Маскве і Крамлі (нямцовы, лужковы і тулеевы) намагаюцца заглушыць справядлівы гнеў сваіх абяздоленых і ўтаіць, затуманіўшы вочы свету, уласнае казнакрадства і прадажнае гандлярства.
Для Расіі гэта не нова, калі разгарнуць Ключэўскага. Ды санкцыі не раз ужо прад’яўляліся, асабліва перад чарговым паходам на Рыгу. Яшчэ задоўга да Рыжкова ці цяперашняга Лужкова, нават з часу Пятра.
У Беларусі роўнасць правоў ператварылася ў роўнасць бяспраўя. Я палучаю пенсію, адэкватную [пенсіі] прыбіральшчыцы. Страціўшы матчыну мову, мушу гаварыць на слэнгу ці жаргоне калгаснага брыгадзіра. І, як калгасны брыгадзір, у слове з трох літараў рабіць чатыры памылкі — яшчо.
Іронія і парадокс лёсу: за беларуса, пакрыўджанага ў Латвіі, можна заступіцца, за беларуса, бяспраўнага і зганьбаванага на сваёй жа Бацькаўшчыне, — не.
Нашы карэнні спадцішка і па-зладзейску падсякаюць, каб дрэва ўсохла.
Пятніца, 17 красавіка 1998 году.
16.45. Мужчына, абмоклы на вясновым дажджы, без шапкі, лысаваты, аброслы барадою, вузкавокі, падобны да Салжаніцына, пакапаўшыся ў кантэйнерах з смеццем, нясе пад пахаю свой скарб — каляровую торбу — і, накульгваючы, пакідае заліты дажджавою вадою наш двор.
Вось табе і адзін дзень Івана Шухава ў акружанай спецназам сённяшняй непрытульнай Беларусі.
<…>
Нядзеля, 19 красавіка 1998 году.
Усё ж па-беларуску трэба пісаць растопленае волава, а не расплаўленае. Топкае сала, але і топкі метал.
Перайкі каля рыжаватых, нагнутых абадамі стрымбулёў голага малінніку: ястраб задраў сітаўку. Таму ўчора, перапуджаныя трагічным здарэннем, яны не садзіліся ў наш гарод. Між імі існуе, маецца нейкая свая, чалавекам не спасцігнутая, інфармацыя.
І трэба ж: перагараваўшы зіму, прыляцела пташачка з выраю і згінула тады, калі настала пара звіваць гняздо.
Аўторак, 21 красавіка 1998 году.
Дом літаратара, ці ўжо корпус управы аператыўнай управы. Настылы, адключаны ад ацяплення. Рада. Ссутулены, з дрыготкімі рукамі Зуёнак, кучаравы, нечым падобны да партрэтнага Валошына. Няголены па-гебрайску, з адутлаватым тупым тварам Дудараў. Хваравіта-злосны, з сінімі тонкімі губамі Бураўкін.
Навуменка з праваленым ротам. Падобны да нейкага снежнага чалавека, шыракаплечы і грузны Гніламёдаў. На зарослым, шчаціністым вялікім твары ані іскры розуму...
Выбіралі на пасаду старшыні прахадзімца і чужынца з цягучым-нудным голасам Някляева...
Куды ж ніжай можна апускацца?
Пятніца, 24 красавіка 1998 году.
Ад з’езду пісьменнікаў прыкры асадак на душы: залішне шмат было нервовага крыку, як, дарэчы, і п’янага (Сыс).
Гутарка пра літаратуру ніяк не магла прасачыцца праз наш адчай і боль — Гілевіч, хоць і паўтараўся, і быў, як заўсёды, аднастайны ў сваіх прамовах, але гаварыў слушную праўду.
Мой заклік стварыць саюз прафесійных літаратараў прагучаў ці не дысанансам.
Дарэчы, Гілевіч не пацвердзіў, што пакідае шэрагі Саюзу, у якім заўладалі здрайцы і звычайныя графаманы. А я спадзяваўся яго падтрымаць.
Шамякіны-савіцкія рассылалі па радах звароты да з’яднання са зграяю расійскіх ультранацыяналістых (Бандарэнка, Бялоў), якія самапростам, без запрашэння ўварваліся на беларускі з’езд з кіпамі сваіх газет і лістовак.
Сярод дня трывожная навіна — разгромленыя рэдакцыі беларускіх газет і часопісаў: “ЛіМ”, “Беларусь”, “Полымя”.
Выблядак пачаў карыстацца метадамі гестапа. Спачатку ноч выламаных дзвярэй, а за ёю — ноч павальных аблаў.
Субота, 25 красавіка 1998 году.
8.30. Надвячоркам — Міраслаў з не менш адчайным і роспачным запытаннем: як жыць і працаваць далей? Заставацца тут ці выехаць — хоць бы ў Польшчу? Я параіць нічога не мог. Аднак сказаў: калі ёсць прадчуванне немінучага арышту, то трэба ўцякаць.
Папраўдзе — пачынаецца ноч кінжальных нажоў.
У Беларусі вынішчаецца нават сама назва “беларус”. Тут, як нідзе, звілі сабе гняздо ўсе расійскія камуна-фашыстоўскія саюзы. Сюды збеглася гнанае з Прыбалтыкі маскоўскае гэбэ і энкавэдэ, усе шпегі і охранные доносители.
14.30. Гутарка з Валодзем: нам усім трэба думаць пра эміграцыю. Сітуацыя вымагае. Жыць у бяспраўнай краіне немагчыма. Міраслаў, збіўшыся з толку, прапанаваў Лондан. Валодзя — Вільню, я — Беласток. У Англіі — Чэсік. Што рабіць? А мой, зрэшты, архіў, асабліва — дзённікі? А тастамент: пахаваць, рассыпаць попел на варакомскім полі.
Чарнобыльскі шлях. Бел-чырвона-белыя сцягі над бясконцаю калонаю маніфестантаў, што цячэ ў асветленай цясніне гарадской вуліцы. Дзеці з лампадкамі. Расцяжныя жалобныя гукі звона. Ускрыкі: “Не-за-ле-жнасць! Не-за-ле-жнасць!” Інвалід у калясцы.
П’яны з сівымі вусамі з тратуару ім наперакор: “Да здравствует СССР!” Хлопчык гадоў сямі з пабітым тварам адпіхае п’янага дзеда.
Аўторак, 19 мая 1998 году.
9.10. Учора: выдавецтва, гутарка з дырэктарам, з новым рэдактарам (Шупенька). Але ці выйдзе нарэшце кніжка, яшчэ невядома.
14.30. Гутарка з Валодзем перад кнігарняю “Падпісныя выданні” на праспекце. У іх з Міраславам дрэнныя справы: ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць Камдрук не выдае.
Потым сустрэча з Міраславам каля ліфта — ён прыходзіў забіраць свае дакументы. Якою вясельнаю зграяй нас, Адамчыкаў, акружыла каляпрэзідэнцкая і калялітаратурная дружына.
Для сыноў паўстала пытанне: як выжыць?
16.20. Каб купіць што-небудзь з сабою на дачу (заўтра вязе на сваім джыпе нявестка Таня), мусіў размяняць — і нарэшце абмяняць дваццаць даляраў. Каля аконца абменнага пункту чарга на пакупку “зялёных”.
Дарэчы, як пачынаю заўважаць, знікаюць беларускія назвы харчовых прадуктаў і з’яўляюцца сыр сусанінскі, каўбаса маскоўская, сыр волжскі. Між іншым, каўбаса маскоўская вырабляецца на Ваўкавыскім мясакамбінаце, сыр сусанінскі — ці [не] на Дзятлаўскім маслазаводзе (малачарні).
Серада, 27 мая 1998 году.
Сёння ў Доме літаратара, які ўжо па загадзе прэзідэнта зрабіўся корпусам № 5 оперупраўлення, засядае кнесет, ці вялікі хурал новай рады Саюзу пісьменнікаў.
Выбары чарговых сакратароў. Тут ужо нібы на даўнейшай палескай бяседзе, калі ў хаце быў адзін стол, адна лава, адзін відэлец і адна чарка, што ішла па крузе, нехта сядзеў за бяседным сталом, а нехта цярпліва чакаў сва<ёй> раты, тулячыся на прызбе.
Сёння той-сёй, нарэшце выпакутаваўшы пэўны час, з прызбы пяройдзе ў хату за бяседны стол. На покуць, зарослы павучынаю сплетняў, святы ўгоднік ужо пасаджаны з’ездам літаратараў месяц назад.
Дзіўная, аднак, рэч: усе ганарыстыя кіраўнікі, што хадзілі задзёршы нос, страціўшы пасаднае крэсла, раптам уцінаюць голаў у плечы і нябожацца, як свіныя таткі.
Вось і сёння — адзін стары, згорблены, а калісьці з выпучанай грудзінай вядомы фраер, нястомны бабнік, выбірае на камяністых сотках палявы шпат, раз за разам наступае на лапату, другі, трохі маладзейшы, насунуўшы кепачку, ссутулена стаіць на зялёнай мяжы і таксама раз за разам нагінаецца, выцікоўваючы на букеце што толькі ўгледзелася бульбы каларадскіх жукоў.
18.45. Нарэшце выбрана кіраўніцтва суполкі бел. літаратараў: тры срулі і пры іх Іпатава.
Чацвер, 28 мая 1998 году.
7.30. Як бы гэта не хадзіць у Саюз пісьменнікаў, ні з кім там не знацца і нікога не бачыць.
Ад учарашняй рады я, кажучы ў рыфму, не рады. Адчуванне такое, нібы я нешта ўкраў, некага аблаяў ці валяўся да непрытомнасці п’яным.
У сакратары <і літфонду> выбралі авантурыстаў і круцялёў. Пры чым яны да нас, літаратараў, і мы да іх, злыдухоў.
Але ці палучу нарэшце ганарар, каб паехаць сёння на дачу. Другі месяц не выплачваюць грошай.
“О, як трудна грош даецца!” — ці не так запісаў у сваім дзённіку Язэп Драздовіч?
І яшчэ яго: “Усюдых фальш, манеўр, стратэгія на выйгрыш”. Гэта нібы пра новае кіраўніцтва суполкі літаратараў, якое будзе дзейнічаць пад эгідаю трох Б: будзінаса, бядулі, бураўкіна. А пры іх тая ж кароценькая Іпатава, што змяніла, кажуць, чацвёртага мужа. У свой гарэм чэмярыс Някляеў назбірае маладзенькіх паэтэсаў. Шлях дзяўчатак, што забаўляюцца вершамі, на старонкі “Крыніцы” ляжыць праз ложа.
Чалавецтва, вядома, перажыло і горшыя часы (часіны), але сёння, як ніколі, напладзілася даўганосікаў-цветаедаў, што амаль у кожнай кветачцы на беларускай безабароннай яблыні яны вывелі чарвячка. Толькі і бачыш, як плаўна пагойдваюцца на павучынах, раскалыханыя лёгкім ветрам, светла-зеленаватыя пярсцёначкі.
Брыджуся ісці ў Дом прэсы, каб не напаткаць там кароткага і тоўстага, як свінабой, Ліпскага альбо такога выблядка, як Ягуда-Ягоўдзік.
Але трэба — безграшоўе змушае. Сёння нарэшце плацяць ганарар.
Чацвер, 4 чэрвеня 1998 году.
Перачытваючы Кузьму Чорнага, бачыш, што беларуская проза на пачатку сваім экспрэсіўнае, зіхатлівае і эфектнае слова шчодра і, як кажуць, па поўніцы чэрпала з народнае гутаркі. Чым больш было прыгадана і ўжыта народных, а прынамсі і дыялектных выразаў, параўнанняў, прымавак і прыказак, тым і больш беларускім, уласна-праўдзівым рабілася апавяданне ці раман.
Цяпер проза вымагае іншых задач: не страціўшы слова з народных гаворак, знайсці не менш экспрэсіўнае сваё. Стылізацыя пад народнасць паніжае ўзровень прозы, як апрашчае яе да прымітыву літаратурна-газетны стыль, асабліва калі ісці ўслед за моваю бел. газет, калькаванаю з расійскай — не дай Божа парушыць інтэграцыю! — ненатуральнаю, немілагучнаю, іншы раз нават з адваротным сэнсам. Гэтак калісьці нашкодзілі нам пераклады Леніна, уладна, па загадзе з непісьменных вярхоў набліжаючы да арыгіналу, усякаючы і нявечачы бел. стылістыку, бел. пабудову слоў і сказаў, яе рытм.
І тым не менш з Чорнаўскіх апавяданняў хочацца выпісаць — усё ж такі цягне сваё, змалку чутае слова — некалькі забытых ужо выразаў:
Два браты — дзве натуры (характары)
Падтуліўшы плечы
Зыначыла ўсё жыццё
Зводдаляк
Цвёрдым крокам
Прыджгаў
Завіхаўся
Дзіўная рэч
Угрунтаваўся
Смутак, жальба
Зяленіва ядлаўцу
Заказваў на сход
Што мае да мяне?
Знаку няма
Ушчэнт разбіў
За чалавека не мелі (не лічылі)
Пляц
Паспрыяць
Як маецца?
Гадоў два таму
Цвеліцца
Абнямог
Вобмаль
Меркнуў дзень. Схмурнеў алешнік
Грэбля чарнела торпам
Звыклым парадкам
Наўпрасты (у Чорнага — напрамік)
Цярэспаля
Літасць
Замінацьме
Гаматны (вялікі) піджак
Як бачыш, насяку
Без жадных разваг
Леташняй зімою
Не зашкодзіць
Нястраўнасць
Дзень перагораць
Тры гады — вялікі час у чалавечым веку
Дубэльты ў вокны
Маладзік і сходныя дні
Панядзелак, 8 чэрвеня 1998 году.
16.45. Папраўдзе, панядзелак цяжкі дзень. У выдавецтве не прачытаны рэдактарам (Шупенька) рукапіс (машынапісны тэкст) майго зборніка. У магазіне мяне аблічылі на 40 тыс. руб. У тэлефонным апараце забыўся размоўную картку. Са столі ў ванным пакоі цячэ вада. “Куратнік, — смяяўся водаправодчык, зайшоўшы ў кватэру. — Хто зверху, той...” У домакіраўніцтве (ЖЭС) быў непрыёмны дзень.
Словам, на сонцы за дзень добра напёкся, наштурхаўся ў задушлівых тралейбусах, а карысці ніякай.
Балазе памаглі хлопцы, падкінуўшы на беднасць.
Працяг будзе.
Прадмова і публікацыя Ўладзімера Адамчыка.
|