A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (26) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Сяргей Балахонаў |
Вызначэньне таго, шматслойны тэкст ці нешматслойны, ёсьць справаю няўдзячнаю. Вось, напрыклад, тэксты Прафэсара Каркарана, у прыватнасьці “Кіно і немцы”. З аднаго боку, звычайная калекцыя словаў. Зь іншага, тамака знаходзім спасылкі на “Энэіду навыварат”, “Шляхціца Завальню”, “Гамлета”, “Мяне няма” Валянціна Акудовіча, “3 нататніка, адшуканага ў кішэні” Хуліё Картасара, “Птушкі на цернях” К. Макалаў ды інш. Гэта толькі адзін маленечкі прыклад, а іх жа мноства! Добра, калі ад цябе нічога не хаваюць. Напрыклад, Юры Пацюпа ў “Юрлівых санэтах” робіць шмат рэальных, а не віртуальных зносак, папярэджваючы чытача пра тое, адкуль узяты кавалачкі, адкуль вынікаюць правобразы яго вершаў. Андрэй Хадановіч — дарма Максім Шчур так на яго ўзьюшыўся — такога сабе не дазваляе, але ж стварае каляжныя тэксты, дзе нават малападрыхтаваны чытач адчуе нештачка знаёмае: Міцкевіч, Купала, Колас, Пушкін еtс. Верагодна, гэткі дэмакратычны, калі не сказаць папулісцкі, постмадэрнізм Хадановіча і вабіць чытача й слухача. Кожны з нашых постмадэрністаў па-рознаму тарнуе ў тэкстах цытатнасьць і каляжнасьць. I гэта станоўчае зьявішча. Толькі сацыялістычны рэалізм мог быць шэрым і аднастайным, калі цяжка было разабраць з ходу, што за аўтар перад табою, бо ўсе як адзін пісалі пра калгас ці фабрыку, а таксама пра мудрых партыйных функцыянэраў, што зьнянацку, прыпадобнена трансцэндэнтнай сіле, вырашалі галоўную ў творы праблему. Беларускія постмадэрністы, дарэчы, з ахвотаю бяруцца за дэканструкцыю спадчыны сацарту ды агулам савецка-імпэрскіх мітаў у літаратуры пэрыяду БССР. Аповесьць Валеркі Булгакава “Правільны выбар” ня тое каб была проста накрыпаная, але цалкам выбудаваная на савецкіх мітах і штампах пра партызанку ў Беларусі часоў другое сьветнае вайны. Аўтар правільна выбраў усё самае зашмальцаванае і абсурднае, што тыражавалася афіцыёзнымі чытанкамі і слоўнікамі савецкага варыянту беларускай мовы: “на лобе ўпаўнаважанага з цэнтра праступілі чуць заўважныя кропелькі поту”, “гэта жалкае падабенства чалавека гатова было пайсці на ўсё, абы захаваць сваё нікчэмнае жыццё”, “лясныя салдаты займаліся сваімі бягучымі справамі”, “гэтая падзея ніяк не паўплывала на выкананне задання разведчыкам”, “чырвоны водбліск ад недакурка заблішчэў у руках воіна”, “камандзір асобага батальёна СС “Відэргебаў” Роберт Кліма быў паталагічным забойцам”. Нешта падобнае мы назіраем у расейскамоўных вершаванках А. Хадановіча з цыклу “Песни белорусских партизан”, дзе савецкі ідэалягічны хлуд ня проста паказаны ў поўнай сваёй немарасьці, але ўплецены ў вяночак красачак заходняе мас-культуры: Ой, Тарзаны, лесные Тарзаны! Ігар Бабкоў, у адрозьненьне ад згаданых творцаў, удала эксплюатуе беларускія нацыяналістычныя міты, творачы заразом і зусім сьвежанькія. У сутонных лябірынтах раману “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” мы не сустрэнем хіба што протамасона Францішка Скарыны, а так тутака і “сыны крывіцкага народнага генія” Адам Міцкевіч з Тодарам Дастаеўскім, і беларускія філяматы зь філярэтамі ды паўстанцы з эмігрантамі, што сьняць сны пра адроджаную Польшчу, а думаюць пра Беларусь, горад-прывід Менск-Мінск-Міńsk. Той жа зварот да нашай нацыяналістычнай міталёгіі адчуваем у “Лістох да беларускага сябра” Міхася Баярына. Ўсё ж я любіў айчыну, ды нейкай дзіўнай любоўю. |
Наратар, занураны ў Аід-Тартар, зьвяртаецца да сваёй каханкі, прамаўляючы добра знаёмыя сьвядомым беларусам клішэ, бязьлітасна пераплятаючы іх з вобразамі клясычных мітаў. Маладзейшыя постмадэрністы ня грэбуюць ткнуць чытача носам у свой тэкст, мовячы: “Гэта, мой любы чытэльніку, раман у дэталях!”. “Рэканструкцыя неба” Вольгі Гапеевай — добры прыклад таму — калекцыянуе псыхалягічныя, сацыяльныя, сэксуальныя ды іншыя комплексы сучаснага беларускага грамадзтва: “Нельга было не заўважыць, што большасьць зь іх звыкліся з маёй прысутнасьцю, а некаторыя нават спрабавалі заляцацца (ня столькі да мяне, колькі да маіх грудак), што тлумачылася дзіцячымі перажываньнямі, якія глыбока заселі ў памяці і рабілі зь мяне гэткую “Еву ў шкарпэтках”. Асаблівая іронія, як адзначалася, уласна, і робіць тэкст постмадэрнісцкім. Калі, да прыкладу, прыраўнаць структуру раманаў “Імя ружы” Ўмбэрта Экі і “Пляц Волі” Алеся Пашкевіча, то ў абодвух разох мы спаткаем цэлыя старонкі цытаваных гістарычных крыніцаў. Але італьянскі пісьменьнік напоўніў іх усьмешкаю, а беларускі — нават і намёку на яе магчымасьць не пакінуў. I беларускія постмадэрністы ўсьміхаюцца на ўсе 33 зубы. Калі, прыкладам, Адам Глёбус (літаратар, які знаходзіцца на перакрыжаваньні колькіх творчых напрамкаў) цалкам сур’ёзна, працягваючы традыцыі Басё, піша: На веях маіх то Валерка Булгакаў зьлёгку іранізуе як з традыцыі японскага вершаскладаньня, гэтак і з моды беларускіх літаратараў на яе перайманьне: цэнтар гораду нічый а Прафэсар Каркаран папросту кпіць з тых акалічнасьцяў, прэзэнтуючы пародыю на пародыю: Алесь Хацяновіч нарадзіўся |
На жаль, многія крытыкі бываюць няздатныя ўспрыняць і зразумець ПМ-іронію, а ўчастых нават заўважыць. Пагатоў што некаторыя аўтары прымудраюцца яе дэманстрацыйна прыхоўваць. У “Аповедзе №3” Андрэя Дынька іронія іскрыцца ўжо ў першых абзацах, слоўная гама якіх нібыта мкнецца перадаць музыку Расіні, што гучыць дзякуючы дзявочаму голасу. Італьянскі сьпеў скаланае вечаровую ідылію “найдальшага кутка славянскай Эўропы”, маляўнічыя краявіды якога перацятыя “палосамі дроту на дзяржаўнай граніцы”. Італьянскі сьпеў бянтэжыць аўтахтонаў і дачасьнікаў зь ліку памежнае варты. Вонкава сур’ёзная хада аповеду пачынае захлынацца, быццам сьпявак, што ўбачыў у слухача зь першага шэрагу добранькі лімон: “Опэрныя арыі тут, у ціхім краі, дзе, такое ўражаньне, ад часоў Траянавых — ніхто не сьпяваў! Гэта было ўсё адно што выйсьці на плошчу, стаць між царквой, касьцёлам і домам культуры ды... У пагранічнікаў мяняўся нарад на пасту, і ўсе пяцёра, нібы ваўкі, павярнулі галовы на голас. “Пяе, блядзь”, — сказаў узброены да зубоў сэржант, камандзір заступаючага нараду, пачухаўся, плюнуў, выцяг бінокль, а камандзір здаючага нараду — начнога бачаньня, паглядзелі на вёску, і другі пацьвердзіў: “Пяе, блядзь”. Закаханых жаўнераў пабольшала на пяць”. Аўтар густа іранізуе і далей: у інтымную атмасфэру знаёмства наратара зь пяюхаю, калі чытач чакае чагось маланкава эратычнага, зьнянацку ўтыкаюцца прафэсійныя філялягічныя развагі з практычнай фанэтыкі: “Гэты глыбокі акцэнт. З чаго ён утвараецца? Можа, глыбінныя галосныя задняга раду? закрытае “о”, спэцыфічнае “э”, блізкае ў адкрытых безнаціскных складах да “ы”?”. Між іншага, нешта падобнае назіраем у Прафэсара Каркарана: Які гэта цуд! А.Дынько, преподнося тутэйшую сагу пра Фарсайтаў — у сутнасьці сваёй надзвычай трагічную, — не адыходзіць ад постмадэрнісцкіх прыхваткаў, у т. л. і ад парадыяваньня. У сцэне спробы арышту супрацоўнікамі МГБ “жаны баявога партызана” Тэклі Фішбэйн яскравая пародыя на высокі стыль: “I атрымалі ад яе па ядрах, і сагнуліся, каўтаючы ратамі паветра, і начальнік, і ягоны яфрэйтар”. Ацаніць увесь цымус гэтага моманту могуць, здаецца, толькі чытачы-мужчыны, што на эмпірычным роўні знаёмыя з вытном ніжэй пасу. Сьлёзы скрозь сьмех — праўдзівы постмадэрнізм. У рамане I.Бабкова іронія распарадкавана ня роўнай мераю. Але ўжо той факт, што галоўным героем твору ёсьць сон (сон Беларусі і сон аб Беларусі), задае твору адпаведную танальнасьць. Жыцьцяпіс фармальнай цэнтральнай постаці твору Яна Адама Марыі Клакоцкага — ПМ-пародыя на размаітыя біяграфічныя зацемкі пра культурных герояў Беларусі XIX стагодзьдзя. Аўтар парадаксальна абыгрывае сытуацыю супярэчлівасьці гістарычных крыніц, зводзячы гэткую да абсурду: “...Ва ўспамінах паўстанцаў апісваецца гісторыя, як ён (Клакоцкі — С.Б.) загітаваў цэлы эскадрон казакаў (разам з коньмі), якія заснулі і прапусьцілі рэшткі інсургентаў у кірунку Аўстрыйскае мяжы (праўда, паводле расейскіх рапартаў, заснулі менавіта інсургенты і ўсе да аднаго былі адпраўлены ў кірунку іншай мяжы — расейска-японскай)”. |
Вольга Гапеева не прамінула спарадыяваць беларускую мужчынскую літаратуру апошняга пятнаццацігодзьдзя з сваім фаляцэнтрызмам. Што праўда, маладой пісьменьніцы ня стала адвагі ўзьняць на п’едэстал вагіну, таму найчасьцейшымі ў “Рэканструкцыі неба” ёсьць прыгадкі грудзей, а дакладней грудак наратаркі: “Сонца сядала не куды-небудзь, а за левы ўзгорак ейных грудак... Смочку так і расьпірала ад сваёй значнасьці і ганарлівасьці. Яна ведала: яе абавязкова нехта пацалуе, лізьне, папесьціць, а мо нават і пакусае”. Постмадэрнісцкі прыём сумяшчэньня-атаесамленьня аб’ектаў, зьлякалізаваных у рэальным і віртуальным сьветах, абыгрываньне межаў між рэчаісным сьветам і сьветам тэксту плённа выкарыстоўваецца беларускімі постмадэрністамі. Яскравым прыкладам таго стаўся раман I.Бабкова. На плашчыні тэксту ў адным карагодзе кружаць прэзыдэнт міжваеннай БНР Вацлаў Ластоўскі, беларуская паваенная парашутыстка-дывэрсантка Магдачка, нямецкі філёзаф Марцін Гайдэгер, беларускі мысьляр, што любіць Мінск за яго далікатную адсутнасьць, Валянцін А[кудовіч] еt cetera. Вобразы раману, як у сапраўдным сьне, перацякаюць з аднаго ў другі, перамяняюцца, ператвараюцца, “мэтамарфозяцца”. Часава-прасторавы кактэйль — часты госьць у вершах Андрэя Хадановіча. Адна толькі назва “Выбраныя месцы зь ліставаньня Івана Жахлівага і Н.К.Крупскай” чагось вартая. Перапіска разначасавых герояў расейскай гісторыі не прывязаная да расейскага кантэксту, таму зусім ня дзіўна, што Надзея Крупская выбачаецца ў свайго аўгусьцейшага Вrieffreund’а: Перапрашаю найперш за колькасьць памылак: У апошніх публікацыях (“Альбы і сырвэнты”) А.Хадановіч ня здраджвае гэтым прынцыпам. Яскравым прыкладам таго ж зьявішча — некаторыя вершы зь “Юрлівых санэтаў” Юр’я Пацюпы. У санэце “Дзікая ружа” француз XVIII стагодзьдзя маркіз дэ Сад займаецца ўкладаньнем рэестру “сухіх мэтафізычных экзэкуцый”, зьвяртаючы ўвагу на згадкі сучасьніка зь Беларусі япіскапа Георгія Каніскага, а таксама на мэмуары наступніка (беларуса XIX стагодзьдзя) Альгерда Абуховіча, дзе ёсьцека цікавыя яму іскрынкі. Захапленьню сусьветназнанага вычварэнца няма межаў, і ён выслаўляе яго радком з хрэстаматыйнага верша беларуса XX стагодзьдзя: “О, Беларусь, мая шыпшына!..” Тое самае перапляценьне адзначаем на старонках “Нашай Нівы” апошніх гадоў у шэрагу публікацыяў пад рубрыкай “Сто мяхоў беларускай гісторыі” (аўтары — А.Скурко, А.Гардзіенка, Р.Равяка, У.Сьцебурака ды інш.). У тэкстах М.Баярына яно яшчэ больш ускладняецца за кошт лексычнай інвазіі старабеларушчыны і наватвораў. |
Аляксей Бацюкоў пакеплівае з спробаў агледзець постмадэрнісцкія прыёмы ў даўнейшым нашым пісьменстве. Такое стаўленьне вынікае зь літаральнага разуменьня паняцьця постмадэрнізм (пасьля + сучаснасьць). Між тым постмадэрнізм, сутнасна будучы катэгорыяй духовай, ёсьць зьявішчам, не зафіксаваным у часе, кожная эпоха мае свой постмадэрнізм. Міхась Тычына, якога папікае А.Бацюкоў, безумоўна троху пагарачыўся, убачыўшы постмадэрнізм у Скарыны й Гусоўскага. Аднае цытатнасьці, як было адзначана, для гэтага малавата. Дзе ў прадмовах Скарыны льга абачыць усьмешку? А ў Гусоўскага? Іншая рэч Сімяон Полацкі. Ня ўся яго творчасьць, але паасобныя творы. Традыцыйна яго “віршы” лічацца маралізатарска-дыдактычнымі, дзе няма месца зубаскальству. Між тым тэксты “Блуднік”, “Асязаніе”, “Паслушлівыя жабы”, “Піянства” ды інш. цьвердзяць пра адваротнае. А ананімныя “Прамова Мялешкі” і “Ліст да Абуховіча”? Ці ўздатнімся мы хоць калі дарэшты зразумець іхны сьмех? Дасьледзіны апошніх гадоў схіляюць да мажлівасьці ўлучаць у шэрагі постмадэрнісцкіх тэксты Яна Баршчэўскага, часткова Ф.Багушэвіча (“Кепска будзе!” як кароткая гісторыя Беларусі), В.Ластоўскага (найперш “Лябірынты”), У.Караткевіча (“Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Ладзьдзя роспачы”). Калі мы працягвацьмем адмаўляць гэта, то спрэчкі пра наш постмадэрнізм ніколі ня скончацца, а новае выданьне менскай энцыкляпэдыі “Постмодернизм” выйдзе з кіпаю інфармацыі аб расейцах, зь беларусаў жа ўзгадаюць зноў адно В.Акудовіча. Дзеля гэтага нам трэба ня толькі дыскутаваць міжсобку, але і брацца распрацоўваць — дзялянку за дзялянкай — усё тое, што яшчэ зеўрае сваёй недалікатнай адсутнасьцю. Сам А.Бацюкоў наракае, што ў нас крытыкі звычайна пішуць “выключна навукова, безэмацыйна, рацыянальна”, што такім чынам выходзіць “нейкае абезжыцьцёўленьне твору, у той час як літаратура мае жыцьцёвую, экзыстэнцыйную аснову”. Дык напачатку ж А.Бацюкоў ганіў кагосьцейкі за адваротнае, то бок за творчы, эмацыйны падыход да сучаснай беларускай літаратуры. Як гэта патлумачыць, мо правакацыйнасьцю аўтаравых замераў? Тады гэта здорава, бо ідзе пашырэньне дыскурсу беларускага постмадэрнізму, якога ўжо, здаецца, пры жыцьці нашага пакаленьня немагчыма будзе ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць. Халодным ці гарачым будзе (ці падасца) кожны чарговы літаратурны аналіз, ня так істотна. Галоўнае — каб Беларусь, не зважаючы на ўвесь наш постмадэрнізм, заўсягды была для нас і ідэалам, і цэнтрам, і аўтарытэтам.
Гомель
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (26) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |