A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (26) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
АЛІНА БЕЛЬСКАЯ | |||||
|
Аліна Бельская
|
(нар. 1979 у Менску) — магістрантка факультэту сацыяльных навук Хельсынскага ўнівэрсытэту. У Фінляндыі з 1997 году, куды эмігравала, ратуючыся ад крымінальнага перасьледу па справе Шыдлоўскага—Лабковіча. |
Падобна на тое, што галоўнай дактрынай Злучаных Штатаў робіцца унілатэралізм, бо “што яшчэ можа быць вынікам дзеяння адміністрацыі, настольная кніга якой — макіявеліеўскі “Князь”? Гэтак скончыў сваю лекцыю перад хельсінкскімі студэнтамі Чарльз Кіглі. Злучаныя Штаты цяпер часта называюць імперыяй, але імперыяй не ў новым сэнсе, які быў нададзены гэтаму слову падчас халоднай вайны, калі Злучаныя Штаты і Савецкі Саюз любілі ахрысціць адзін аднаго “імперыяй зла”, а ў сэнсе зусім не негатыўным, які гэтае слова мела ў афіцыйным палітычным лексіконе ХІХ стагоддзя. Тады імперскую міжнародную палітыку ўспрымалі як нешта пазітыўнае. Метраполія адказвала за спакой не толькі на сваёй тэрыторыі, але і ў свеце праз дамовы з іншымі вялікімі дзяржавамі. У культурным плане метраполія несла свае каштоўнасці, якія цаніліся сярод карэннага насельніцтва. Каб падтрымліваць мір на далёкіх тэрыторыях, мясцовая эліта сацыялізавалася ва ўніверсітэтах метраполіі, а пасля ехала кіраваць сваім насельніцтвам. Паводле многіх стандартаў другая палова ХІХ стагоддзя была “залатым” часам, асабліва ў параўнанні з тым, што пачалося ў 1914-м годзе. Тым не менш, імперская палітыка набыла выключна негатыўную ацэнку з развіццём нацыяналізму і, як вынік, антыкаланіялізму на гэтых тэрыторыях. Пры канцы ХІХ — на пачатку ХХ стагоддзя амерыканская дыпламатыя таксама імкнулася ўплываць на глабальныя падзеі. Амерыканскі прэзідэнт Тэадор Рузвельт нават вывеў уласную дыпламатычную дактрыну: “Гавары мякка, але кій з сабою май”. Многія дзяржаўныя лідэры пагадзіліся б з такой дактрынай і сёння, шмат хто аддаў бы ролю сусветнага паліцэйскага Злучаным Штатам. Адзінае, на што забыўся прэзідэнт Джордж Буш, калі рыхтаваў дыпламатычны фронт для вайны ў Іраку, гэта спачатку паспрабаваць “мякка паразмаўляць” не толькі з ворагам, але і з усімі зацікаўленымі бакамі, і тым самым пахіснуў добрае стаўленне да Злучаных Штатаў у эўрапейскіх краінах. Хаця ў прынцыпе гэта не так ужо і важна, бо ў аснове амерыканскай палітыкі бяспекі на першым плане стаіць праекцыя сілы і застрашванне. У адказ на амерыканскую палітыку Еўрапейскі Звяз з свайго боку апошнім часам пачаў спавядаць мультылатэралізм, заснаваны на неабходнасці ўдзелу як мага большай колькасці зацікаўленых бакоў. Мультылатэралізм часта лічыцца палітычнай дактрынай слабейшага, якому патрэбныя саюзнікі, але ці заўсёды прапановы слабейшага горшыя за прапановы мацнейшага? Звычайна наадварот, бо слабейшы, каб перамагчы, мусіць прапанаваць нешта, заснаванае на кансэнсусе, палітыку, якую могуць прыняць і якой могуць прытрымлівацца некалькі бакоў, што можа зрабіць свет больш стабільным. Да таго ж гэтая дактрына мае ў аснове галоўны прынцып, які прапанавалі свету самі Злучаныя Штаты, — прынцып узаемастрымлівання і збалансаванасці. Гэтая дактрына спрыяе больш за ўсё малым дзяржавам, якіх прынамсі запрашаюць да стала выказаць свой пункт гледжання. Малыя краіны заўсёды будуць уважліва слухаць, што маюць сказаць краіны вялікія, але пры такім раскладзе ім будзе дадзеная магчымасць хоць неяк паўплываць на падзеі. |
Так, Еўропа слабейшая за Злучаныя Штаты, і розніца ў вайсковай сіле будзе расці, але ў той жа час Еўрапейскі Звяз з’яўляецца самым шчодрым донарам свету. Так бы мовіць, зброя супраць хлеба. Еўропа перажыла ў мінулым стагоддзі дзве вайны, якія пакінулі яе ў руінах, яшчэ жывуць тыя, хто памятае жахі другой сусветнай, а сістэма адукацыі мае на мэце выхаваць непрыманне гвалту. Пасля дзвюх войнаў Еўропа паднялася спачатку эканамічна, а пасля і маральна, а Еўрапейскі Звяз прапанаваў усяму свету магчымую мадэль будучага развіцця. З ідэйнай, маральнай і матэрыяльнай падтрымкай Злучаных Штатаў Еўропа дасягнула міру і дабрабыту, але большасць, падаецца, забылася на гэты паспяховы прыклад. Пасля вайны пачалася адбудова Іраку. Прыкладаў паспяховага адбудавання дзяржаваў не так ужо і шмат. У галаву, акрамя Еўропы, прыходзіць толькі Японія пасля другой сусветнай вайны. Але ў той час узровень жыцця скрозь быў ніжэйшы за сучасны, асноўныя гульцы цяперашняй сусветнай палітыкі ляжалі ў руінах, а натуральныя рэсурсы не лічыліся адным з галоўных прыярытэтаў нацыянальнай бяспекі. Усе нядаўнія прыклады — былая Югаславія, Афганістан, былы СССР пасля халоднай вайны — пакуль цяжкавата залічыць да паспяховых спробаў. Большасць дыпламатаў пагаджаецца, што сілавое вырашэнне канфліктаў не з’яўляецца паспяховым, але іншага шляху пакуль што няма — будучым дыпламатам прыйдзецца паламаць галаву над новымі магчымымі спосабамі вырашэння новых праблемаў, якія паўстануць перад імі. Магчыма, добры варыянт прапаноўвае Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў з яе шматбаковым падыходам да праблемаў бяспекі і падкрэсленай сувяззю паміж мірам, дабрабытам і бяспекай. Нават такія чыста фінансавыя інстытуты, як Сусветны банк і Міжнародны валютны фонд, спрабуюць уключыць сацыяльны аспект у праграмы эканамічнага развіцця, а таксама прапаноўваць экспертам і грамадзянам краінаў, якія патрабуюць дапамогі, паўдзельнічаць у распрацоўцы праграмаў пад крэдыты. Узмацненне Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, якое падтрымлівае Еўропа, запатрабавала б прымянення дактрыны мультылатэралізму. Пасля распаду Савецкага Саюзу на міжнародную сцэну выйшлі новыя моцныя гульцы — недзяржаўныя грамадскія арганізацыі, мас-медыі, фабрыкі думак. Пакрысе яны адбіраюць у кіраўніцтваў нацыянальных дзяржаваў манаполію на вядзенне міжнароднай палітыкі. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў, а таксама, у меншай ступені, Еўрапейскі Звяз здолелі інкарпараваць гэтыя арганізацыі ў сваю дзейнасць. Зразумела, што дзейнасць недзяржаўнага сектару на глабальным узроўні не панацэя, але супрацоўніцтва і ўплыў на розных узроўнях ад глабальнага да мясцовага — крок наперад. |
Добрым прыкладам супрацоўніцтва дзяржаваў, трэцяга сектару і міжнародных арганізацыяў з’яўляецца “Дэкларацыя тысячагоддзя”, прынятая на саміце тысячагоддзя ў верасні 2000 году. Яна акрэсліла восем галоўных напрамкаў пажаданага развіцця свету: ліквідацыя крайняй галечы і голаду, забеспячэнне пачатковай адукацыі ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам, падтрымка роўнасці між мужчынамі і жанчынамі і пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын, асабліва ў галіне доступу да адукацыі, скарачэнне дзіцячай смяротнасці, паляпшэнне аховы мацярынства, барацьба з СНІДам, малярыяй і іншымі захворваннямі, забеспячэнне экалагічнай устойлівасці і фармаванне глабальнага партнёрства ў мэтах развіцця. Апошняя мэта ўключае ў сябе вялікі комплекс задачаў — ад спрыяння развіццю вольнага гандлю і руху капіталаў без мытаў і іншых перашкодаў аж да супрацоўніцтва з фармацэўтычнымі кампаніямі ды палягчэння доступу да новых тэхналогіяў у супрацоўніцтве з прыватным сектарам. Гэтыя мэты шмат у каго могуць выклікаць усмешку і недавер, бо з’яўляюцца занадта ідэалістычнымі, але менавіта павышэнне жыццёвага ўзроўню ў бяднейшых краінах забяспечыць бяспеку краінам багацейшым. Свет пасля вайны ў Іраку радыкальна не зменіцца ні ў лепшы, ні ў горшы бок. Вайна ў Іраку толькі паскорыла ці абвастрыла лініі развіцця, якія назіраліся да яе. Што тычыцца Злучаных Штатаў, дык яны застануцца яшчэ на нейкі час адзінай краінай-выратавальніцай свету, бо, па-першае, ніводная іншая краіна і ніводзін іншы рэгіянальны блок не хочуць і не здольныя заняць гэтую пасаду, па-другое, Злучаныя Штаты не хочуць здаваць гэтую пазіцыю, па-трэцяе, іншага раскладу пакуль што не існуе. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў пры падтрымцы ўсіх мацнейшых дзяржаваў мела б магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі глабальнага паліцэйскага, але эксперымент, які пачаў Еўрапейскі Звяз, калі краіны добраахвотна адракаюцца ад часткі свайго суверэнітэту, наўрад ці ў найбліжэйшыя часы будзе прыкладам для іншых. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў будзе працягваць шукаць сваю ролю ў свеце. Сваю нішу ў міжнародных адносінах будзе шукаць і NАТO. Больш за ўсіх будзе непрыемнасцяў у Еўрапейскага Звязу. Злучаныя Штаты больш не падтрымліваюць аб’яднання Еўропы, як раней, хутчэй наадварот, шмат у якіх галінах бачаць у ЕЗ канкурэнта. Таму пры пашырэнні і ўзмацненні ЕЗ еўрапейскім палітыкам прыйдзецца лічыцца з магчымым супрацьдзеяннем ці, прынамсі, уплывам Злучаных Штатаў. Асабліва з уступленнем новых сяброў, схільных падзяляць палітычныя міфы хутчэй Злучаных Штатаў, чым Еўропы, і спадзявацца, асабліва ў пытаннях бяспекі, больш на самаўпэўненыя Злучаныя Штаты, чым на асцярожную Еўропу. Магчыма, паскорыцца працэс распрацоўкі супольнай замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі ЕЗ, а таксама стварэння войскаў хуткага рэагавання. |
Вайна ў Іраку паўтарыла прэцэдэнт парушэння суверэнітэту дзяржаваў і не абсалютна адпаведнай міжнароднаму праву інтэрвенцыі, якая абгрунтоўвалася толькі маральнымі меркаваннямі. Калі ў выпадку Югаславіі яшчэ вяліся прававыя дыскусіі на тэму, ці мае юрыдычныя падставы гуманітарнае ўмяшанне ў справы іншай дзяржавы, то ў выпадку Іраку такая дыскусія была ўжо непатрэбная. З аднаго боку, існаванне дыктатуры не можа быць дастатковай падставай для ўмяшальніцтва ў справы краіны без цвёрдых доказаў, што ад гэтай краіны сыходзіць небяспека для свету. З другога, наўрад ці гэткія ўмяшанні прымусяць дыктатарскія рэжымы задрыжаць ад жаху ці нейкім чынам паспрыяюць развіццю дэмакратыі. У падтрымку гэтай тэзы маем і беларускі прыклад. Для звычайных жа людзей усё застанецца так, як і было. Для бальшыні свет застанецца такім жа жорсткім і непрадказальным, з прысутнасцю тэрору, грамадзянскіх войнаў, хваробаў, экалагічных катастрофаў. Пасля тэрарыстычнага акту на вежах нават спакойны заходні свет зведаў, што значыць жах і няўпэўненасць, з якімі жыве бальшыня насельніцтва Зямлі, уключаючы амаль што ўсе былыя рэспублікі Савецкага Саюзу. Але гэтае пачуццё хутка пройдзе, бо мы прызвычаіліся бачыць падобныя рэчы па тэлевізіі. Большасць з таго, што нам паказваюць, — гэта ілюзіі, у якія хочаш вер, хочаш ня вер. Нават сапраўдная вайна на тэлеэкране выглядае як кампутарная гульня. Тут прыгадалася карыкатура ў фінскай газеце “Хельсінгін Санамат”: вайсковец сядзіць за кампутарам і паказвае хлапчуку, як будзе весціся вайна ў Іраку: “Некалькі вайсковых аб’ектаў пазначаем курсорам, а зараз націскаем “Delete”.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (26) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |