A R C H E П а ч а т а к № 3 (26) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32003
» да Зьместу «

 


Pax Americana
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Pax Americana

РУСЛАН ХЕСТАНАЎ
(112Kb) Вокладка ARCHE 3-2003. Pax Americana. Малюнак Адама Глобуса.

   Мінулыя нумары:

   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Руслан Хестанаў
 
 
Новы Сьвет, абяцаны Амэрыкай


Менавіта маўленьне ўводзіць у рэальнасьць ману.

Жан Лякан   


Выбар, перад якім стаіць прэзыдэнт Буш, здаецца надзвычай абмежаваным. Наўрад ці выклікае сумневы тое, што заняпад Злучаных Штатаў, бясспрэчнага лідэра на міжнароднай палітычнай сцэне, будзе працягвацца і ў наступным дзесяцігодзьдзі. Пытаньне пытаньняў ня ў тым, ці будзе амэрыканская гегемонія слабець, а ў тым, ці змогуць Злучаныя Штаты знайсьці спосаб элегантнага падзеньня зь мінімальнай шкодай для сьвету і для сябе.

Імануэль Валерстайн   

20 верасьня 2002 году ўрад Злучаных Штатаў апублікаваў новую “Стратэгію нацыянальнай бясьпекі” (СНБ). Гэты ўнікальны дакумэнт дае найлепшае ўяўленьне пра сьвет, які будуе сваёй палітыкай сёньняшняя амэрыканская адміністрацыя. СНБ ня толькі фармулюе стратэгічныя прыярытэты й заданьні краіны, ня толькі апісвае сродкі для дасягненьня вызначаных мэтаў, але й гарантуе цалкам акрэсьленую будучыню. І той новы сьвет абяцаны ня толькі амэрыканскаму народу, але й усяму насельніцтву плянэты. Мэтай гэтага артыкулу зьяўляецца ня столькі ацэнка тае шчырасьці, зь якой зямлянам абяцаныя росквіт, шчасьце і свабода, ня столькі прагноз ці прароцтва, колькі спроба ўявіць пэўны магчымы сьвет, той сьвет, які можа стварыцца, калі СНБ пасьлядоўна й няўхільна будзе ўвасабляцца ў жыцьцё.


Новы маральны кодэкс

З пункту гледжаньня фабульнай схемы галівудзкіх прапагандысцкіх фільмаў, СНБ пачынаецца нібы з канца — зь мізансцэны, дзе абавязкова прысутнічае амэрыканскі сьцяг, на фоне якога трыюмфуе герой, што прайшоў агонь, ваду і медзяныя трубы. На самым пачатку СНБ дэкляруецца паўсюдная і канчатковая перамога каштоўнасьцяў свабоды, дэмакратыі й прадпрымальніцтва. Сьцьвярджаецца, што свабода слова, выбараў, веры, асьветы, роўнасьці полаў, а таксама валоданьня ўласнасьцю й атрыманьня карысьці ад сваёй працы прызнаныя важнымі й унівэрсальнымі каштоўнасьцямі для кожнае асобы і любой супольнасьці. Як кожная палітычная дэклярацыя, СНБ мае яскрава выяўлены аптымістычны запал. У дадзеным выпадку аптымізм грунтуецца на перакананасьці ў рашучай перамозе сілаў Дабра над сіламі Зла. І Дабро нібыта ўжо атрымала сваё інстытуцыйнае афармленьне й увасобілася ў амэрыканскім нацыянальным праекце. Амэрыканскаму ж народу прыпісваецца ўнівэрсальная ўласьцівасьць, ці здольнасьць, названая “амэрыканскім інтэрнацыяналізмам” — ён, як сьцьвярджаецца ў СНБ, “адлюстроўвае адзінства нашых каштоўнасьцяў і нашых нацыянальных інтарэсаў”.

Менавіта з пазыцыяў манаполіі на маральны аўтарытэт звышдзяржава фармулюе сваю новую геапалітычную місію. Перамога ЗША ў халоднай вайне выклікала мэтамарфозу прыроды й тактыкі Зла, якое зьдзейсьніла беспрэцэдэнтную паводле сваёй падступнасьці й цынізму тэрарыстычную атаку 11 верасьня 2001 году: “Раней нашыя ворагі мусілі мець магутнае войска і прамысловыя магчымасьці. Але цяпер эфэмэрныя групоўкі індывідаў могуць выклікаць у нашай Бацькаўшчыне вялікі хаос і спрычыніць вялікія пакуты, і гэта будзе каштаваць ім менш за адзін танк. Тэрарысты арганізуюцца, каб праточвацца ў адкрытае грамадзтва і скіроўваць супраць нас сучасныя тэхналёгіі”. Неўміручы і вечны характар свабоды варта пацьвярджаць у штодзённай барацьбе за яе ідэалы. Вайна з тэрарызмам, як прадказвае СНБ, мусіць мець практычна пастаянны характар: “Вайна супраць тэрарызму — глябальная апэрацыя нявызначанай працягласьці”. А каб абараніць свабоду і адвесьці небясьпеку, “мы павінны выкарыстаць усе сродкі”.

— доктар філязофіі, прафэсар Фрыбурскага ўнівэрсытэту (Швайцарыя). Аўтар кнігі “Аляксандар Герцэн: імправізацыя супраць дактрыны” (Масква, 2001). Пераклад зроблены з ласкавай згоды маскоўскага часопісу “Отечественные записки”, у якім упершыню быў надрукаваны артыкул (у арыгінале пад назваю “Новый мир, который обещает Стратегия национальной безопасности США” (№8/2002)).
   

Абавязковы акцэнт на фундамэнтальнасьці, усеагульным характары такой каштоўнасьці, як свабода, аб’яднаны ў СНБ з надзвычай абстрактным ды інтуіцыйным яе разуменьнем. Панятак свабоды ўнівэрсалізуецца дзякуючы настойлівай прысутнасьці яго ў тэксьце, ужываньню на кожным кроку як унівэрсальнае зьвязкі, што лёгка яднаецца з рынкам, веравызнаньнем, сумленьнем, жанчынай, прадпрымальніцтвам, амэрыканскай нацыяй і г. д. Такое пераабцяжаранае казаньне пра свабоду мяжуе зь беспрадметнасьцю і нараджае адчуваньне маральнага аўтызму гэтага дакумэнту.

У СНБ мы бачым эклектычную й дзіўную сумесь нацыяналістычнага аўтызму і ўпартага дамаганьня сяброўства іншага — навязваньня яму пякучай неабходнасьці фармаваць надзейны двухбаковы альянс, запэўніваньня ў неабходнасьці і нават неадваротнасьці сяброўства. Моцныя путы сяброўства прапануюцца, найперш, эўрапейскім партнэрам па NATO. Стаўленьне да Расеі, спадкаемцы пераможанага ў халоднай вайне суперніка, мае дакладна акрэсьленую пэрвэрсійную прыроду, што выяўляецца ў такой тыповай радыкальнасьці зьмены знаку — нянавісьці на любоў і ласку.

Такім самым навязьлівым клопатам пра іншага прадыктаванае жаданьне сёньняшняй адміністрацыі рэфармаваць міжнародныя фінансавыя інстытуты кшталту Міжнароднага валютнага фонду ці Сусьветнага банку. СНБ прапануе, напрыклад, перайсьці ад сыстэмы крэдытаваньня да сыстэмы грантаў. Прапанаванае рэфармаваньне сусьветных фінансавых інстытутаў з дапамогай сыстэмы грантаў разам з акцэнтам на маральную рэвалюцыйнасьць выклікае асацыяцыі з найанархічнейшымі дарынкавымі формамі эканамічных адносінаў, якія можна параўнаць хіба што з апісанай у Жоржа Батая такой старажытнай формай абмену, як патлач: “Патлач выключае хоць якое складаньне дамовы і ўвогуле ўяўляе сабой істотны падарунак з боку багатых, адкрыта прапанаваны з мэтай прынізіць, перамагчы, зьвязаць забавязаньнямі праціўніка”. На практыцы пераход ад крэдытаваньня мае пазначаць усталяваньне больш дэталёвага і жорсткага патранатнага кантролю за выкарыстаньнем сродкаў. Краіны, што маюць запазычанасьць, будуць змушаныя разьвітацца з сваім фінансавым і гаспадарчым сувэрэнітэтам, а ЗША, маючы найбольшую колькасьць актываў МВФ, ператворацца з крэдытора ў спонсара. Цікава, што такую самую мадэль спонсарскай філянтропіі й патлача СНБ прапануе зьдзейсьніць і ў саміх Злучаных Штатах, пашырыўшы на ўнівэрсытэты, няўрадавыя арганізацыі ды прыватны сэктар. “З дапамогай грантаў мы таксама будзем патрабаваць ад унівэрсытэтаў, некамэрцыйнага і прыватнага сэктараў адпаведнасьці ўрадавым праграмам”, — абвяшчае СНБ.

Манаполія на маральны аўтарытэт у міжнародных справах ня толькі пазбаўляе іншыя нацыянальныя інстанцыі правоў на маральнае асуджэньне, але й можа стацца адзінай падставай, здольнай легітымізаваць прэвэнтыўны ўдар па праціўніку, выключнае права на які адстойваюць Злучаныя Штаты. Маральны аўтарытэт можа быць таксама ўнівэрсальным тлумачальным прынцыпам усіх дзеяньняў звышдзяржавы на міжнароднай арэне. Напрыклад, Буш, раз у раз ігнаруючы пытаньне пра нафтавыя інтарэсы ЗША ў рэгіёне Пэрсыдзкае затокі, рабіў акцэнт на маральнай імпэратыўнасьці зьнішчэньня багдадзкага тырана.

Менавіта маральнае пасланьне, што месьціцца ў СНБ, зьяўляецца, на мой погляд, наймацнейшым бокам дакумэнту. СНБ малюе яскравы вобраз надзеі, абрысы маральнага космасу новага сьвету, што йдзе зь песьняй пад сьцягам амэрыканскага касмапалітычнага геданізму. Уяўленьне сёньняшніх левых нашмат бяднейшае падчас выпрацоўкі такіх манумэнтальных і аптымістычных утопіяў. Левая альтэрнатыва актыўнай жыцьцёвай пазыцыі амэрыканскага правага рэспубліканца — гэта скептычны фаталізм і перакананасьць у неадваротнасьці будучай катастрофы. Ясна, чаму аптымістычная пэрспэктыва, прапанаваная адміністрацыяй Буша, згуртавала амэрыканцаў на прамежкавых выбарах якраз пад сьцягамі правых рэспубліканцаў.


 
   

Эканамічны аўтызм

“Адкрыцьці” сапраўдных матываў і інтарэсаў, прыхаваных за маралізатарскай і мілітарысцкай рыторыкай Буша і ягонай каманды, — невычарпальныя. Тыя, хто не давярае адміністрацыі Буша, лічаць, што за ягонымі бясконцымі нагадваньнямі пра непасрэдную пагрозу амэрыканскай бясьпецы з боку Іраку, за ягонай абаронай прыгнечаных жанчынаў Усходу й іншадумцаў прыхаваныя карысьлівыя пляны амэрыканскіх нафтавікоў. Адзначаецца, што найбліжэйшыя і найагрэсіўнейшыя кампаньёны Буша належаць да энэргетычнага лобі. Такім жа няпоўным падаецца мне выкрыцьцё сапраўдных матываў францускай і расейскай фронды ў Радзе бясьпекі ААН — нібыта за супрацівам Францыі й Расеі аднабаковай амэрыканскай агрэсіі ў Іраку стаяць толькі (!) інтарэсы іх нафтавых картэляў, якія пабойваюцца адлучэньня ад ірацкай трубы. То бок выкрывальнікі інкрымінуюць ня толькі амэрыканскім каршуном, але й эўразійскім галубом прагматыку эканамічнага разьліку. Нафтавы матыў, вядома, тут прысутны, але, здаецца, стаўкі нашмат большыя.

Што ж да СНБ, дык глыбокі сумнеў выклікае якраз той факт, што абяцаную вайну “нявызначанай працягласьці” можна апраўдаць або абгрунтаваць эканамічна. На мой погляд, эканамічная палітыка цяперашняй адміністрацыі заслугоўвае толькі на адну трапную характарыстыку, колісь кінутую кіраўніком Фэдэральнага рэзэрву ды суаўтарам нечуванага эканамічнага буму сэрам Аланам Грынспэнам на адрас фінансавых рынкаў 90-х: “irrational exuberance” — “надмернасьць ірацыянальнага”. Прынцыпу, здольнага патлумачыць гэтую надмернасьць як адносна рынкаў, так і адносна імпэрскай палітыкі, не існуе. Тут больш дарэчна будзе перачытаць Оруэла ў кантэксьце ўжо не савецкага досьведу, а амэрыканскага гегеманізму. І згадаць ягоную непадуладную часу тэзу: “мэта ўлады — сама ўлада”, прага ўлады — гэта прыродны інстынкт, які не патрабуе тлумачэньня. Іншымі словамі, я спрабую паказаць, якімі далёкімі ад эканамічнай прагматыкі здаюцца высілкі ўвасобіць у жыцьцё СНБ.

Наўрад ці можна казаць пра тое, што існуюць дакладна вызначаныя эканамістамі нормы паводзінаў эканомікі ў ваенны пэрыяд. Кожная вайна разгортваецца ва ўнікальных умовах і патрабуе спэцыфічных гаспадарчых падыходаў. Але ўсё ж існуюць пэўныя заканамернасьці й нормы, уяўленьне пра якія можа даць клясыка эканамічнае думкі й некаторыя гістарычныя прэцэдэнты.

Невялікая кніжка Джона Мэйнарда Кейнза “How to Pay for the War” (1940) была для брытанскіх, а асабліва для амэрыканскіх палітычных і эканамічных элітаў дапаможнікам па арганізацыі нацыянальнай гаспадаркі падчас другой сусьветнай вайны. Кейнз найперш зьвяртаў увагу на патрэбу падтрымліваць стабільныя цэны на асноўныя групы тавараў — харчаваньне, жытло, вопратку. Ён даводзіў неабходнасьць чатырох элемэнтарных захадаў: 1) дзяржава мусіць неадкладна рэагаваць дадатковым субсыдаваньнем на кожнае істотнае падвышэньне цэнаў; 2) дзяржава мусіць сувора кантраляваць і падтрымліваць стабільны ўзровень заробкаў. Прадметам асаблівага клопату дзяржавы тут мае быць падтрымка раўнавагі між попытам (або пакупніцкімі магчымасьцямі) і прапановай. Адсюль выцякала неабходнасьць 3) рэгуляваньня падаткаў (фактычна іх падвышэньня) і такой Кейнзавай інавацыі, як 4) гвалтоўнае ашчаджэньне (то бок пэўную частку заробкаў, прэміяў ды іншых формаў прыбыткаў варта было абавязкова адлічыць у дзяржаўную скарбонку за абяцаньне вярнуць зь невялікім працэнтам пасьля вайны). Такім чынам, дзяржава мелася ўзяць на сябе функцыю рынку і кіраваць зьмяненьнем пакупніцкае здольнасьці, каб прадухіліць інфляцыю цэнаў на асноўныя тавары. Просты кантроль за цэнамі й рацыянаваньне Кейнз разглядаў як дапаможныя сродкі.

 
   

Хоць ЗША не вялі баявых дзеяньняў на сваёй тэрыторыі, менавіта яны найбольш пасьлядоўна ажыцьцяўлялі прапанаваную Кейнзам мадэль. У 1944 годзе падаткі фэдэральнага ўраду павялічыліся ў шэсьць разоў проці 1939 году, але выдаткі вырасьлі больш істотна. Цягам кожнага году вайны выдаткі былі дзесьці ў два-тры разы большымі за падатковыя падвышкі. Але ўсё-такі калі вынікам першай сусьветнай вайны была інфляцыя, дык вынікам другой было хутчэй яе сканчэньне, паколькі ёй папярэднічала дэпрэсія.

Адміністрацыя Буша лічыць патрэбным увогуле не закранаць пытаньня пра эканамічныя наступствы й рызыкі працяглае вайны з тэрарызмам, пачаткам якой можа стацца другая вайна ў Пэрсыдзкай затоцы. Гэтак сама паводзілася адміністрацыя Ліндана Джонсана, які распачаў вайну ў Віетнаме. Ужо ўблытаўшыся ў вайну, Джонсан прызнаў, што праводзіць фіскальную палітыку ў ваенны час — гэта тое самае, што езьдзіць на аўто з праваленай пэдальлю газу. Каб пераадолець бюджэтную крызу, Джонсан захацеў павялічыць падатковы цяжар і для прыватных асобаў, і для карпарацыяў. Пажаданьне спачатку не было задаволенае. Таму амэрыканцы фінансавалі вайну за кошт высокай інфляцыі, пра што яны з пэўным спазьненьнем здагадаліся і чым былі вельмі расчараваныя.

Толькі ў 1968 годзе быў ухвалены закон пра ваенны падатак. А ўвогуле першыя гады вайны, аж да 1968 году, не былі такімі цяжкімі для амэрыканскай эканомікі, бо ім папярэднічаў пэрыяд значных эканамічных посьпехаў. Да таго ж, афіцыйныя асобы ўвесь час запэўнівалі, што вайна хутка скончыцца перамогай. Аднак урадавыя эканамісты, хоць і былі перакананыя, што вайна будзе працяглай і чым далей, тым больш дарагой, не маглі выкарыстаць гэтае ўпэўненасьці ў сваіх разьліках, прызначаных для грамадзтва.

Тым часам падвышэньне попыту на асноўныя тавары выклікала павелічэньне ціску на цэны, ад чаго жыцьцё зрабілася значна даражэйшым. Падвышэньне ж кошту жыцьця ўзмацніла патрабаваньні павелічэньня заробкаў. Паралельна слабела маральная падтрымка вайны. Вайна ў Віетнаме выклікала надзвычай складаную інфляцыйную сытуацыю, калі адміністрацыі прэзыдэнтаў Ніксана, Форда і Картэра змушаны былі ўводзіць кантроль за заробкамі і цэнамі. Адыход ЗША ад залатога стандарту быў вынікам тых самых эканамічных і ваенных нешанцаваньняў. У 1979 годзе інфляцыя дасягнула піку — 13,3%. Падчас узрастаньня інфляцыі фондавыя рынкі знаходзіліся ў стане стагнацыі: на пачатку вайны, у 1965 годзе, індэкс Доў-Джонс складаў 910 пунктаў, празь сямнаццаць гадоў — 884. Потым адміністрацыі Рэйгана ўдалося здужаць інфляцыю, падняўшы да гістарычна беспрэцэдэнтнага ўзроўню працэнтныя стаўкі.

 
   

Не такімі цяжкімі інфляцыйнымі наступствамі скончылася вайна ў Пэрсыдзкай затоцы за Бушам-старэйшым. Яна падкінула інфляцыю да 6,1%. Пачаўся памяркоўны спад эканомікі. Пасьля гэтага Клінтану ўдалося зьменшыць інфляцыю да аднаго-двух працэнтаў. Істотнае скарачэньне вайсковых выдаткаў пасьля халоднай вайны выклікала доўгатэрміновы бум. Зьмяшчэньне прыярытэтаў ад вайсковых да цывільных паспрыяла працягласьці й трываласьці эканамічнага ўзьлёту ў 90-я гады.

Калі вайна з тэрарызмам, абвешчаная СНБ, будзе такой доўгай, як адкрыта абяцае дакумэнт, тады найгоршыя сцэнары здаюцца цалкам верагоднымі. А паколькі СНБ абяцае ўсталяваць вольны “рынкавы” доступ да сыравінных рэсурсаў, дык агульную карціну варта дапоўніць яшчэ адным аўтарытэтным назіраньнем. Грынспэн зьвярнуў увагу на характэрныя зьбегі гісторыі нядаўніх эканамічных рэцэсіяў і сутыкненьне інтарэсаў на рынку нафты. Разьвіцьцё ўсіх рэцэсіяў, пачынаючы з 1970 году, ішло сьледам за падвышэньнем цэнаў на нафту. Першы раз цэны скокнулі пасьля 1973-га, калі АПЭК увяла эмбарга на пастаўку нафты. Другое падвышэньне цэнаў было адказам на рэвалюцыю ў Іране ў 1979 годзе й суправаджалася дадатковым скарачэньнем вырабу нафты краінамі АПЭК. Трэцяя рэцэсія — пасьля ўварваньня Іраку ў Кувэйт. Чацьвертая рэцэсія надышла ў 1999—2000 гадах, калі краіны АПЭК зноў скарацілі выраб нафты; мацнеў нэгатыўны ўплыў і перад апошняй вайной у Іраку.

Цяперашняя адміністрацыя Буша пастаўленая ня толькі ў сытуацыю абмежаванага палітычнага выбару між дрэнным і яшчэ горшым — яна абмежаваная і ў сфэры эканамічнай невыгоднымі для манэўру абставінамі. У эканамічнай сфэры можна вылучыць дзьве галоўныя альтэрнатывы. Першая — працягваць курс, асновы якога заклала “мірная” экспансія ЗША пасьля сканчэньня халоднай вайны, то бок аднаўляць дынаміку арыентаванай на спажыўца эканомікі: зьмяншаць падаткі, разьвіваць сацыяльныя праграмы, падвышаць прыбытковасьць з капіталу ды актыўна прыцягваць замежныя інвэстыцыі. Аднак гэты курс, дзякуючы якому эканамічны рост ЗША за дзесяцігодзьдзе склаў 40% ад росту сусьветнае эканомікі, практычна вычарпаны, бо ён выклікаў контрапрадуктыўныя дыспрапорцыі і зьяўленьне так званае “амэрыкацэнтрычнае глябальнае эканомікі”. Найменш тут можна казаць пра завершанасьць пэўнага цыклу. Разрыў у тэмпах росту між эканомікай ЗША і эканомікамі рэшты сьвету зрабіўся настолькі вялікім, што цяжка ўявіць, каб рэшта сьвету здолела задаволіць нястрымны апэтыт вядучае эканомікі да сапраўды гратэскавых замежных інвэстыцыяў. Сёньня, каб аплачваць свой гандлёвы дэфіцыт і фэдэральную запазычанасьць, ЗША мусілі б штодня атрымліваць у інвэстыцыях каля мільярда даляраў. Уявіць такое гэтаксама цяжка, як, напрыклад, Аўганістан, Нэпал ці Расею, што фінансуюць Сыліконавую даліну. Гэтая альтэрнатыва фактычна ўжо выклікала дэфляцыйны ціск ня толькі на пэрыфэрыю сусьветнае эканомікі, ня толькі на Эўропу, Японію, але і на самі Злучаныя Штаты. Калі гэты ціск узмоцніцца, немінуча надыдзе дэвальвацыя даляра на 20—40%. Яго абясцэньваньне адаб’ецца на эканоміках іншых краінаў, што змушаныя будуць пераарыентавацца з павелічэньня экспарту і ўнутранага попыту ў ЗША на ўласныя ўнутраныя рынкі й унутраны попыт. То бок глябальная амэрыкацэнтрычная эканоміка будзе згортвацца і шукаць новыя пункты раўнавагі, але найперш пройдзе фазу распаду на рэгіянальныя і нацыянальныя цэнтры эканамічнае актыўнасьці.

 
   

Другая альтэрнатыва — эканамічная мабілізацыя праз мабілізацыю вайсковую. Калі сёньняшняя адміністрацыя ЗША будзе настойваць на ажыцьцяўленьні абвешчанай СНБ, шанцы на карысьць гэтае альтэрнатывы рэзка падвышаюцца. Але такі выбар прадугледжвае захады, што супярэчаць сёньняшнім чаканьням амэрыканцаў: ня столькі паслабленьне падатковага цяжару, колькі яго ўзмацненьне, ня столькі вольны рынак, колькі яго цэнтралізацыя ды рэгуляваньне, ня столькі разьвіцьцё сацыяльных праграмаў, колькі зьяўленьне дадатковых выдаткаў на ўнутраную бясьпеку, ня столькі павелічэньне спажываньня, колькі яго абмежаваньне. Рызыка і няпэўнасьць, зьвязаныя з сусьветнымі цэнамі на нафту, далучаць дадатковы падатак на спажываньне энэргарэсурсаў. Другі сцэнар палягчае выплату запазычанасьці, але зусім мяняе характар эканомікі: спажывец не заахвочваецца, а абмяжоўваецца.

Можна было б меркаваць, што істотнае павелічэньне вайсковых выдаткаў значна зьменшыць дэфляцыйны ціск ды падштурхне рост цэнаў і попыт, але справа ў тым, што гэтыя працэсы хаваюць у сабе ўтварэньне гаспадарчае асымэтрыі, зьвязанай зь мілітарызацыяй эканомікі, якая абавязкова ўдарыць па спажыўцу. Ваенныя часы зьмяняюць і характар падзелу рызыкаў, якія, так бы мовіць, сацыялізуюцца, то бок не прыватны капітал, а менавіта дзяржава, нібыта пакліканая прэзэнтаваць публічныя інтарэсы, зробіцца самым актыўным агентам у рынкавых апэрацыях. У палітычным сэнсе такі стан можна будзе ахарактарызаваць як свайго роду “кампраміс між адміністрацыйным дэспатызмам і сувэрэнітэтам народу” — словы Алексіса дэ Токвіля, хоць і зь іншае нагоды.

Па дзеяньнях сёньняшняй адміністрацыі пакуль цяжка меркаваць, якой з альтэрнатываў яна аддае перавагу. З пункту гледжаньня эканамічнай палітыкі відавочна, што яна арыентуецца на зьмяншэньне падаткаў дзеля стымуляваньня спажыўца і ўнутранага попыту, на моцны даляр. Іншымі словамі, выбар зроблены на карысьць першай альтэрнатывы. У замежнай палітыцы, як відаць з СНБ, атачэньне Буша робіць стаўку на актыўныя вайскова-палітычныя інтэрвэнцыі, што запатрабуюць павелічэньня фэдэральных выдаткаў і, праз гэта, павелічэньня падатковага цяжару ды больш актыўнага ўмяшальніцтва дзяржавы ў эканамічнае жыцьцё краіны. Супярэчлівасьць такой пазыцыі адлюстроўвае ўнутраную фрустрацыю і ваганьні палітычнага істэблішмэнту й няздольнасьць зрабіць выбар у гульні, дзе, які б ні быў фінал, на посьпех разьлічваць складана.

Можна было б уявіць, што ЗША аддадуць перавагу нейкаму кампраміснаму падыходу, то бок балянсаваньню між дзьвюма альтэрнатывамі. Аднак цяперашні стан сусьветнае эканомікі патрабуе сапраўды жорсткага й адназначнага выбару. Дэфіцыт гандлёвага балянсу наблізіўся да 5% ВУП, што асацыюецца звычайна з крызысам нацыянальнае валюты. Акрамя таго, чыстая запазычанасьць ЗША да канца году дасягне 23% ВУП. Інвэстары пакуль што й далей укладаюць сродкі ў амэрыканскую эканоміку, ацэньваючы гэты рынак як адносна бясьпечны. Але ЗША вельмі блізкія да таго парогавага ўзроўню, калі тэндэнцыя можа рэзка разьвярнуцца і набыць процілеглую дынаміку, калі замежная запазычанасьць ЗША пойдзе ўгору значна шпарчэй, чым тэмпы росту эканомікі. Як выказаўся Джон Ліпскі, вядучы эканаміст “JP Morgan”, тут мы маем справу ня з рызыкамі, якія можна прадбачыць, а зь нявызначанасьцю.

Толькі ваенная апэрацыя ў Іраку абыдзецца ў 100—200 млрд даляраў. У прынцыпе, гэта ня вельмі істотная сума для такой вялікай эканомікі, як амэрыканская, ВУП якой складае 10 трыльёнаў даляраў у год. Аднак суму падтрыманьня міру ў рэгіёне, каб забясьпечыць бесьперапынную пастаўку нафты, цяжка ацаніць.

 
   

Але галоўнае, што канфлікт у Іраку, з пункту гледжаньня СНБ, гэта толькі эпізод. СНБ прадугледжвае пэрманэнтную, як рэвалюцыя Троцкага, вайну з тэрарызмам, а значыць, павелічэньне вайсковых выдаткаў. Інвэставаньне ў вайсковы сэктар, у адрозьненьне ад цывільнага, не выклікае зьяўленьня новага эканамічнага цыклу, яно больш падобнае да субсыдыяваньня барацьбы з стыхійнымі бедзтвамі.

Насуперак пэсымістычным пэрспэктывам амэрыканскае эканомікі, наўрад ці варта чакаць хуткай ды рэзкай дэвальвацыі даляра. Амартызацыйны эфэкт выклікае той факт, што даляр зьяўляецца асноўнай сусьветнай рэзэрвовай валютай і складае асноўную частку дзяржаўных рэзэрваў многіх краінаў. Акрамя таго, краіны, арыентаваныя не на ўнутраны рынак, а на экспарт, не жадаюць пераглядаць свае бягучыя гандлёвыя балянсы. Асабліва гэта тычыцца краінаў Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, дзе сабралася каля 70% даляравае масы па-за межамі ЗША. Але стаўленьне да даляра ўсё адно можа рэзка пагоршыцца, калі ўявіць, што ў сёньняшніх ахопленых дэградацыяй эканамічных умовах будзе рэалізоўвацца курс СНБ на вайсковую інтэрвэнцыю. На якой стадыі цярпеньне замежнікаў скончыцца — цяжка сказаць. Сытуацыя ня мела прэцэдэнтаў, і ніводзін эканаміст ня возьмецца прадказваць, які ж гандлёвы дэфіцыт і якая запазычанасьць стануцца парогавымі для амэрыканскай эканомікі. Калі падзеі будуць складацца паводле гэтага сцэнару, ланцуговая рэакцыя пойдзе ў адпаведнасьці не зь вядомымі эканамічнымі мадэлямі, а з законамі калектыўнага псыхозу. Замежныя дзяржавы, прыватныя асобы і прадпрыемствы пачнуць панічна пазбывацца даляра ды шукаць новае манэтарнае вымярэньне свайго багацьця. За даляр перастануць змагацца — даляраў раптам зробіцца як гразі.

Вядома, шанцы на тое, што менавіта гэты катастрафічны сцэнар разыграецца ў будучыні, пакуль што невялікія. Ён прапанаваны толькі для таго, каб падкрэсьліць меру пэрвэрсіі ды аўтызму, якія дэманструе СНБ адносна эканамічных рэаліяў. Верасьнёўскія жахі Нью-Ёрку 2001 году пацьвярджаюць, што існуюць сілы, гатовыя ісьці на тэрор і на любыя ахвяры, аж да самазьнішчэньня, дзеля рэалізацыі такой пэрспэктывы. Але мне цяжка ўявіць, каб у ЗША і нават у сьвеце, які неяк “мімаволі” зрабіўся антыамэрыканскім, былі палітыкі, зацікаўленыя ў такой рэвалюцыйнай перабудове. Хутчэй, пра СНБ забудзецца нават цяперашняя амэрыканская адміністрацыя, але, на жаль, толькі пасьля таго, як зробіць нейкую фатальную дурноту.


 
   

Інэрцыя палітыкі

СНБ стварае ўражаньне дакумэнту, напісанага для надзвычайных абставінаў. У гэтым сэнсе паказальныя два аспэкты: першы — настойлівае абгрунтаваньне неабходнасьці надаць прэзыдэнту асаблівыя ваенныя паўнамоцтвы: “Прэзыдэнта варта забясьпечыць шырэйшым колам вайсковых магчымасьцяў”; другі — закамуфляванае імкненьне да мілітарызацыі цывільнага жыцьця й цывільных інстытутаў. Надзвычайная сытуацыя нібыта патрабуе большай канцэнтрацыі ўлады ў руках прэзыдэнта, хуткага й эфэктыўнага рэагаваньня, дзеля якіх варта ахвяраваць грувасткімі й малаэфэктыўнымі дэмакратычнымі працэдурамі. Разнастайныя магчымасьці выхаду з крызыснай сытуацыі нібыта аддаюцца цэнтру й зводзяцца да адной-адзінай магчымасьці — вайсковай. Такі спосаб мысьленьня і дзеяньня адбіваецца і ў афіцыйным стаўленьні да ААН. Зьмяняецца нават характар працы амэрыканскіх дыпляматаў, якія, згодна з СНБ, зрабіліся жаўнерамі на “лініі фронту складаных перамоваў, грамадзянскіх войнаў ды іншых гуманітарных катастрофаў”. Апроч таго, яны мусяць быць здатнымі — з гуманітарнай, вядома, мэтай — дапамагаць адбудоўваць у “складаных” краінах паліцэйскія збройныя сілы, судовыя сыстэмы, заканадаўствы, мясцовыя і правінцыйныя ўрадавыя інстытуты ды выбарчыя сыстэмы.

Галоўная пагроза інтарэсам ЗША паўстае з вонкавага сьвету, а прычынай зьяўляецца ня толькі існаваньне краінаў-ізгояў, але й адсутнасьць належнага дзяржаўнага кантролю, які варта дапамагчы арганізаваць бедным і слабым краінам. Як цьвердзіць дакумэнт, “аснова амэрыканскай магутнасьці — усярэдзіне краіны. Менавіта адсюль пачынаецца нашая нацыянальная бясьпека”. Таму якраз усярэдзіне краіны трэба, найперш, рэарганізаваць структуры нацыянальнай бясьпекі. Верасень 2001 году, адзначаецца ў СНБ, засьведчыў, якой шкоды ЗША можа нарабіць невялікая недзяржаўная арганізацыя фанатыкаў-тэрарыстаў з параўнальна сьціплымі фінансавымі магчымасьцямі. Зразумела, што сама прырода новых пагрозаў патрабуе, каб пад пільным наглядам знаходзіліся ня толькі “краіны-здрадніцы”, кшталту Іраку або Ірану, але й маргінальныя палітычныя ды рэлігійныя групоўкі — усе, хто хоць крыху неляяльны да даміноўнага спосабу жыцьця, каштоўнасьцяў або палітычнага рэжыму краіны. На практыцы такая настанова можа азначаць толькі ўзмацненьне палітыкі адрознасьцяў, паколькі ня толькі нетрадыцыйная для краіны рэлігія, экзатычны колер скуры ці валасоў, але любы, нават мастацкі, нанканфармізм можа падацца чужым і падазроным. Гіерархічным, складана арганізаваным структурам бясьпекі, як сьведчыць зусім нядаўні досьвед, будзе надзвычай складана ня толькі арганізаваць агентурную працу ўсярэдзіне вялікай колькасьці падазроных і “патэнцыйна небясьпечных” мікрасуполак і групаў аднадумцаў, але й клясыфікаваць сабраную інфармацыю. Неадэкватнасьць дзяржаўных, гіерархічна арганізаваных структураў у барацьбе з поўнымі рашучасьці, арганізаванымі не гіерархічна, а паводле сеткавага прынцыпу суполкамі аднадумцаў нагадвае неадэкватнасьць рэгулярных часьцей, што змагаюцца з магутным партызанскім рухам. Адсюль патрэба зьвяртацца да такога сумнеўнага з усіх бакоў паліятыву, як грамадзянская пільнасьць, ініцыятыва і кантроль пад лёзунгам “Або з намі, або супраць нас”.

 
   

Такая трансфармацыя культурных і сацыяльных настановаў усярэдзіне Злучаных Штатаў ня можа не ўзмацняць адчужанасьці эўрапейскіх хаўрусьнікаў, на адрас якіх СНБ дэманструе прыязнасьць, ахвярнасьць і альтруізм, што даходзяць часам да фальцэту. У аснове недаверу эўрапейцаў ляжыць ня толькі прыродная насьцярожанасьць да экзальтаванага сяброўства Вялікага Брата, але й уласныя эгаістычныя інтарэсы ды ўяўленьні пра годнасьць.

Першая вайна ў Пэрсыдзкай затоцы каштавала 61 млрд даляраў, зь іх 54, то бок дзьве траціны, далі краіны міжнароднае кааліцыі (краіны Пэрсыдзкай затокі заплацілі за вайну 36 млрд даляраў, Нямеччына і Японія — 16 млрд, Злучаныя Штаты выдаткавалі ўсяго 7 млрд). Цалкам відавочна, што гэтым разам эўрапейцы наўрад ці пагодзяцца плаціць за прэвэнтыўную, тым больш зьдзейсьненую ў абыход ААН ваенную апэрацыю ў Іраку. Тым больш ня хочуць яны плаціць за чужыя інтарэсы ды інтэрвэнцыянісцкія амбіцыі, вельмі дакладна сфармуляваныя ў СНБ. Эўропа, удзячная Амэрыцы за вызваленьне ад фашызму, за стрымліваньне камунізму, вырасла з кароткіх штонікаў і ў апошнія дзесяцігодзьдзі дасягнула вялікай эканамічнай аўтаноміі. Пасьпяховы досьвед інтэграцыі ў Эўразьвяз такіх краінаў, як Гішпанія ці Партугалія, заахвочвае эўрапейцаў да далейшае экспансіі на Ўсход. Калі эўрапейцы не задаволеныя легкаважным стаўленьнем амэрыканцаў да глябальнага пацяпленьня і Кіёцкага пратаколу, дык аплачваць войны, выкліканыя амэрыканскай залежнасьцю ад нафтавых рэсурсаў, не жадаюць і пагатоў. Тым больш, амэрыканскі грамадзянін спажывае ў сярэднім у 2—2,5 разу больш нафтапрадуктаў, чым, напрыклад, брытанец. Розьніца ў культурных ды экалягічных настановах асабліва выразна праяўляецца ў тым, што ў некаторых эўрапейскіх краінах да ўлады прыйшлі партыі зялёных, тады як адміністрацыю Буша ўзгадавала нафтавая індустрыя.

Дарма што між Эўразьвязам і ЗША зьяўляюцца рысы будучых палітычных і культурных канфліктаў, эўрапейскія лідэры, зь невялікім выключэньнем і вельмі непасьлядоўна, дэманструюць хутчэй слабасьць і разгубленасьць, чым самастойнасьць. Яны праглынулі тое, што Злучаныя Штаты парушылі Жэнэўскую канвэнцыю ў дачыненьні да ваеннапалонных “Аль-Каіды” й “Талібану”. Яны пайшлі на прынізьлівыя саступкі, калі амэрыканскі бок запатрабаваў (гэта сфармулявана і ў СНБ) “забясьпечыць абарону сваіх грамадзянаў ад ІСС (Міжнароднага крымінальнага суду) і поўнае выкананьне Закону пра абарону амэрыканскіх вайскоўцаў”, які бароніць адных толькі грамадзянаў ЗША ад адказнасьці за вайсковыя злачынствы. Нарэшце, яны моўчкі трываюць абяцаньне СНБ пакараць кожнага, хто толькі паспрабуе дасягнуць вайсковай перавагі над Злучанымі Штатамі.

 
   

Прадметам асобнага дасьледаваньня можа стацца факт адсутнасьці хоць трохі прыкметнага шырокай публіцы абмеркаваньня новай СНБ ня толькі ў расейскай, але і ў эўрапейскай прэсе. Такія дакумэнты вартыя, аднак, пільнейшае ўвагі. Чаму? Адзначу, цалкам адвольна выбраўшы, два пункты, што як такія яшчэ не даюць поўнага адказу на пытаньне. Першы пункт зьвязаны з Вудра Вільсанам, візіянэрам і прэзыдэнтам Злучаных Штатаў, які прапанаваў прынцып “адна нацыя — адна дзяржава”. Матывацыя прынцыпу была эгалітарысцкая ды маралізатарская: спыніць дыскрымінацыю ды сэгрэгацыю, а таксама надаць усім грамадзянам роўныя правы ў межах сваіх нацыянальных дзяржаваў. З часу, як той прынцып атрымаў міжнароднае прызнаньне (ён не ўвайшоў у Статут Лігі нацыяў, але ўжо тады набыў у міжнародным праве сілу закону), высокамаральнае жаданьне абараніць нацыянальныя меншасьці ператварылася ў практыку бесьперапыннага генацыду, фізычнага зьнішчэньня ці гвалтоўнага высяленьня. Пра гэты эпізод нагадаў мне артыкул Джэймза Керала, які ў “The Boston Globe” ад 17 кастрычніка 2002 году назваў СНБ “новай праграмай маралістычнага імпэрыялізму”, а вайну ў Іраку — толькі прэлюдыяй Новай Эры. Стылістыка прамоваў прэзыдэнта і ягонага спараджэньня СНБ і сапраўды вызначаюцца маралізатарскім візіянэрствам. Пытаньне, якое цікавіць Керала, тычыцца не прыроды візіянэрства палітычных лідэраў, а грамадзтваў, якія дазваляюць сябе радыкальна трансфармаваць безь ніякіх істотных публічных дэбатаў.

Другі пункт зьвязаны з назіраньнем Дж.К.Гелбрэйта за паводзінамі амэрыканскай бюракратыі падчас вайны ў Віетнаме. Нават пасьля таго, як вядучым палітыкам і функцыянэрам зрабілася ясна, што перамога ў вайне, якую абяцаў Пэнтагон, — папросту нерэальная, што вайна выклікала інфляцыю і стагнацыю эканомікі, вайсковая і дзяржаўная бюракратыя і далей дзейнічала па інэрцыі: “Бюракратыя не магла зьмяніць напрамак у бок спыненьня ваенных апэрацыяў… Наіўныя людзі лічылі: варта ім толькі паказаць, што мэта зьнікла, як адразу самі сабою спыняцца й дзеяньні бюракратаў. Гэта ня так. Мэта — адна з самых апошніх патрэбаў бюракратыі” (“Economics, Peace, and Laughter”, 1972).

Ясная рэч, у нейкім сэнсе сьвет, абяцаны СНБ, застанецца ідэфікс ці рытарычным практыкаваньнем, але фармуляваньне яго ідэі будзе мець доўгатэрміновыя наступствы і, магчыма, цягам дзесяцігодзьдзяў уплываць на глябальна-палітычна-эканамічныя тэндэнцыі. Менавіта заведзены СНБ інэрцыйны мэханізм робіць вельмі верагодным Валерстайнаў прагноз, вынесены ў эпіграф гэтага артыкулу.

Пераклаў з расейскай А.С.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (26) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/06/28