A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (26) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
УЛАДЗІМЕР ЛЯХОЎСКІ | |||||
|
Уладзімер Ляхоўскі, Валеры Пазьнякоў
|
(нар. 1964 г. у Менску) — гісторык. У 1993 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі і па сумяшчальніцтве вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусі. ВАЛЕРЫ ПАЗЬНЯКОЎ (нар. 1963 г. у Вялейцы) — гісторык. У 1985 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Вядучы навуковы рэдактар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”. |
Шмат месца ў кнізе адведзена хрысьціянству і ўвогуле справам рэлігіі. Аўтары станоўча ацэньваюць каталіцтва, езуітаў, унію цэркваў. Слушна адзначаецца вялікі ўклад уніяцкай царквы ў беларускую культуру. Зробленая спроба па-новаму асьвятліць прыход хрысьціянства на Беларусь. Напрыклад, сьцьвярджаецца, што на пачатку ХІ стагодзьдзя была заснаваная Тураўская дыяцэзія, і была яна заходняга абраду (г.зн. каталіцкая). Гэтае палажэньне канкрэтызуецца так: “Першым біскупам у Тураве блізу 1010 году стаў немец Райнбэрн. <…> Пазьней Тураўскае біскупства згадваецца пад 1105 годам у Кіева-Пячэрскім патэрыку”. Тут трэба правільна расставіць акцэнты. У адной з рэдакцый Кіева-Пячэрскага патэрыка, складзенай у сярэдзіне XVII стагодзьдзя, захаваліся некаторыя дакумэнты Тураўскай япархіі. Сярод іх ёсьць грамата Ўладзімера Сьвятога пра заснаваньне япіскапства, якая мае дату “6513 год ад стварэньня сьвету”, г.зн. “1005/6 год ад Н.Х.”. Сапраўднасьць граматы, вядома, сумнеўная, але сам год заснаваньня катэдры ў Тураве дасьледнікі схільныя лічыць правільным. Ужо пасьля ў Тураве зьявіўся Райнбэрн, дый тое — толькі як духоўнік жонкі князя Сьвятаполка Акаянага — дачкі польскага князя Баляслава Сьмелага. У Польшчы Райнбэрн быў першым біскупам калабжэскім; далейшы яго лёс застаўся невядомым. Грунтоўных падставаў казаць пра Тураўскую каталіцкую дыяцэзію няма. Больш цікавыя зьвесткі пра хрысьціянства заходняга абраду далі вандроўнікі-варагі. Але ў гэтым выпадку трэба весьці размову не пра заходні і ўсходні шляхі хрысьціянства ў Беларусі, а паўночны (варагі) і паўднёвы (Бізантыя). Каштоўныя дадаткі ў новым выданьні — матэрыялы пра смаленскія землі. Аўтары кнігі належным чынам адзначылі Кліма Смаляціча, Аўрамія Смаленскага, Меркурыя Смаленскага, князя Расьціслава Мсьціславіча. Толькі вось дапушчэньне, што каля 1130 году князь Расьціслаў заснаваў у Смаленску грэка-лацінска-славянскую акадэмію, носіць, хутчэй, легендарны характар. Яшчэ з галіны культуры: сучасная навука цьвёрда ўстанавіла, што сьвятыя Кірыла і Мяфод стварылі не кірыліцу, а глаголіцу. |
Пераходзячы да часоў утварэньня Вялікага Княства Літоўскага, стваральнікі кнігі зноў прынялі канцэпцыю Міколы Ермаловіча пра старажытнае племя літву ў Беларускім Панямоньні і пра заваёву Наваградкам гэтай літвы. Відавочна, пабудовы Ермаловіча цалкам задавальняюць прыхільнікаў рамантычнага ўзнаўленьня мінуўшчыны Беларусі. Адсюль і сумневы ў сапраўднасьці акту Крэўскай уніі 1385 году, які, быццам бы, проста ліквідаваў Вялікае Княства, чаго “дапусьціць ня можна”. Адсюль і сьцьверджаньні, што Люблінская унія 1569 году — гэта толькі часовы вайскова-палітычны хаўрус. У рэчышчы рамантычных пабудоваў знайшлі сваё месца і развагі Івана Саверчанкі пра Вялікае Княства Літоўскае як пра імпэрыю. На жаль, гэтае палажэньне не атрымала абмеркаваньня сярод нашых навукоўцаў. Уяўляецца, што гэта думка шмат у чым справядлівая, дарма што пазьнейшая Рэч Паспалітая лічылася рэспублікаю. Сапраўды, нашая старажытная дзяржава мела многія рысы імпэрыі. Але мы ведаем, што кожная імпэрыя мусіць сканаць, і, прызнаючы за Беларуска-Літоўскім гаспадарствам статус імпэрыі, неабходна прызнаць, што ў ім стварыліся сілы міжнацыянальнай напружанасьці, якія ўрэшце і разарвалі яго. Між іншым, называючы прычыны скону Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, аўтары кнігі вырашылі не акцэнтаваць увагі на міжнацыянальных супярэчнасьцях. Вельмі важным было ўключэньне ў кнігу пытаньня пра “западноруссизм”. Аўтар адказу слушна вызначае ягоную рэакцыйную антыдэмакратычную сутнасьць, варожую беларускаму вызвольнаму руху, справядліва ставіць знак роўнасьці паміж тагачаснымі “западнорусами” і сёньняшнімі прыхільнікамі імпэрскае ідэалёгіі “единого русского народа” і “единой неделимой России”. Дзеля аб’ектыўнасьці, на нашу думку, трэ было адзначыць, што лягер прыхільнікаў “западноруссизма” ня быў маналітным, апошні складаўся з кансэрватыўнай і лібэральнай плыняў. На пачатку ХХ стагодзьдзя сярод “западнорусов” адбываецца ідэйнае разьмежаваньне. Зьміцер Даўгяла, Аляксей Сапуноў, Андрэй Сьнітка, Еўдакім Раманаў паступова станавіліся на беларускі нацыянальны грунт. Для ілюстрацыі можна прывесьці памятныя словы Андрэя Сьніткі, выказаныя ім на рэпліку аднаго расейскага “патрыёта” адносна “правінцыйнасьці” тутэйшых музэйных збораў: “Магчыма, гістарычныя знаходкі мінулага мясцовага паходжаньня ў чымсьці саступаюць музэйным рарытэтам Пецярбургу і Масквы, але яны прымушаюць біцца маё беларускае сэрца”. З другога боку, “западнорусы”-кансэрватары канчаткова перайшлі на пазыцыі расейскага імпэрскага шавінізму. Гэта добра характарызуюць словы сумнавядомага аўтара “Народнае манархіі” Івана Саланевіча, выказаныя ім пазьней у эміграцыі: “Я беларус на сто адсоткаў і магу ганарыцца тым, што мяне ўзгадавалі на Пушкіну, а не на якімсьці Янку Купалу; я маю пагарду да патрыятызмаў у павятовым маштабе і да нацыянальнага будаўніцтва з соймам у Менску ці ў Вільні”. У кантэксьце “западноруссизма” варта было б уключыць у кнігу і пытаньне пра погляды краёўцаў-палянафілаў, прыхільнікаў аднаўленьня фэдэрацыйнай Рэчы Паспалітай. |
Пабудова кнігі, форма падачы інфармацыі бездакорныя. Толькі ў адным выпадку некарэктна гучыць пытаньне: “Ці была БНР марыянэткавай дзяржавай?” Напрошваецца другое пытаньне: ці можна лічыць Беларускую Народную Рэспубліку дзяржавай у клясычным разуменьні гэтага слова? Нягледзячы на ўсю ідэалягічную аднастайнасьць, і ў савецкі час БНР вызначалі па-рознаму. Напрыклад, у шматтамовай “Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі” БНР характарызуецца як “буржуазная рэспубліка ва ўмовах акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі”. У энцыкляпэдычным 5-томніку “Беларуская ССР” чытаем: БНР — “спроба (падкрэсьленьні нашы. — У.Л. і В.П.) нацыяналістычнай контрарэвалюцыі стварыць беларускую буржуазную дзяржаву”. У пачатку 1990-х гадоў атрымала права на жыцьцё іншая трактоўка: БНР — “беларуская дзяржава, абвешчаная ў 1918 годзе” (“Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”. Менск, 1993). Дык як жа ў такім разе характарызаваць Беларускую Народную Рэспубліку, спытае чытач. Адкажам так: Беларуская Народная Рэспубліка як рэальная дзяржава з усімі клясычнымі атрыбутамі дзяржаўнасьці ў 1918 годзе, ва ўмовах пэрманэнтнай акупацыі, ня зьдзейсьнілася. Найбольшыя ейныя посьпехі бачныя на ніве разьвіцьця нацыянальнае культуры й асьветы, выдавецкае дзейнасьці. Вельмі сьціпла выглядаюць здабыткі БНР у справе арганізацыі нацыянальнага войска, арганізацыі фінансава-эканамічных інстытутаў. Пэўных вынікаў дасягнулі беларускія дзеячы ў дыпляматычнай чыннасьці. Але ж рэальна (дэ-юрэ) Беларусь нідзе не была прызнаная як суб’ект міжнароднага права. Астатняя Эўропа і ЗША тады, на жаль, засталіся глухімі да голасу беларускага народу. БНР можна ахарактарызаваць як палітычную інстытуцыю, утвораную ў 1918 годзе з арганізацыйных структураў першага агульнанацыянальнага форуму — Усебеларускага зьезду 1917 году, якая ставіла мэтаю дасягненьне рэальнай незалежнасьці Беларусі. З аб’ектыўных ды суб’ектыўных прычын беларуская нацыянальная эліта ня здолела тады зьдзейсьніць гэтую галоўную мэту вызвольнага руху, але яе лідэрамі была канчаткова сфармаваная ідэалёгія дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі. “Права на незалежнасьць разумеецца само сабой, — справядліва зазначаў Аляксандар Цьвікевіч. — Акт 25 Сакавіка не шукае для сябе апраўданьня... Ён сваім зьместам зацьвярджае правечнае права народаў Беларусі на волю... Праўда, дзякуючы Акту 25 сакавіка Беларусь ня стала незалежнаю дзяржавай... Ён стаў не законам, праведзеным у жыцьцё, але стаў законам беларускага жыцьця”. |
На нашую думку, не абгрунтаванае да канца ўключэньне ў кнігу ў якасьці станоўчага героя генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Постаць гэтая супярэчлівая. Паводле адных, напрыклад Ядвігіна Ш., генэрал увосень 1920 году рэальна тварыў беларускую дзяржаву пад бел-чырвона-белым штандарам. Паводле іншых, Балаховіч — “узурпатар і авантурнік” (Рэзалюцыя 1-й Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе ў верасьні 1921 году). Езавітава і Душэўскага ён запэўніваў, што ён адданы беларускі патрыёт, а Савінкава і Меражкоўскага — што ён “расейскі праваслаўны чалавек, які ўсім сэрцам жадае змагацца за свабодную Расею”. Няма падставаў абвінавачваць генэрала ў інсьпіраваньні пагромаў (былі выпадкі, калі Балаховіч судзіў пагромшчыкаў вайсковым судом; ён спрабаваў стварыць асобны “жыдоўскі швадрон”). Але што пагромамі ў Беларусі займалася “белае” афіцар’ё, якое ўваходзіла ў склад булакоўскіх фармаваньняў, — неаспрэчны факт. За гэта генэрал мусіць несьці адказнасьць. З Булак-Балаховіча нельга рабіць нацыянальнага героя, але і ня варта мазаць яго адной толькі чорнай фарбай. Асоба гэтага дзеяча заслугоўвае сур’ёзнага аб’ектыўнага дасьледаваньня. Уключэньне ў выданьне інфармацыі пра мітрапаліта Мельхісэдэка слушнае і справядлівае. Чаму ў такім выпадку забыліся згадаць выбітных беларускіх ксяндзоў, што змагаліся за беларускую незалежнасьць? Тым больш што патрыятычна настроеныя беларускія каталіцкія сьвятары складалі шырокі грамадзка-палітычны рух, усіх іх нават не пералічыш, але, прынамсі, лідэраў Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі Адама Станкевіча, закатаванага ў ГУЛАГу, і Вінцэнта Гадлеўскага, забітага СД, абмінаць было ня варта. Як і мае быць у рамантычным творы, у кнізе шмат дзе адзначаецца вялікая роля беларускае мовы, якая, сапраўды, да пэўнага часу панавала ў дзяржаўным жыцьці ВКЛ. Аўтары здолелі знайсьці цікавыя прыклады яе высокага становішча. Спрачацца можна хіба што з тым, што на беларускай мове пабачылі сьвет усе зборы законаў нашай дзяржавы, пачынаючы зь Вісьліцкага статуту 1432—1438 гадоў. Гэты статут сапраўды можна прачытаць на старабеларускай мове. Толькі гэта не арыгінал, а тагачасны пераклад з лаціны польскіх законаў. Увогуле, рэдактары і аўтары кнігі шмат увагі аддалі гісторыі беларускай мовы і літаратуры. І гэта зразумела, бо гісторыя нашай мовы — адна з асноўных частак нашай гісторыі ў цэлым. Грунтоўна і зь любоўю апрацаваная й мова кнігі, асабліва гістарычная тэрміналёгія. Напрыклад, замест звыклай ужо “кафлі” ўжываецца больш слушны тэрмін “кахля”, што больш адпавядае і нормам беларускай фанэтыкі, і тагачаснаму напісаньню. Тое, што цяпер паўсюдна пануе “кафля”, — недагляд нашых гісторыкаў і археолягаў, якія ў свой час пасьпяшаліся ўвесьці менавіта гэтую форму ў шырокі ўжытак. Выданьне багата аздоблена рэдкімі ілюстрацыямі і фатаздымкамі. Іканаграфічны шэраг выданьня — прадуманы і патрабавальны. Бадай упершыню тут грунтоўна распрацаваны ілюстрацыйны матэрыял да найноўшай гісторыі Беларусі. Асобнае пахвалы заслугоўвае паліграфія кнігі. Яе можна было б назваць бездакорнай, калі б кніга выйшла дзесяць гадоў назад таму. На сёньняшні дзень падобныя выданьні мусяць быць паўнакалёрнымі. Ня ўсё тут, праўда, залежыць ад выдаўцоў, ад іхных фінансавых магчымасьцяў. Можа, такім будзе наступнае выданьне, прыкладам, “200 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі”? Не хацелася б сутыкаць ілбамі аўтараў “150 пытаньняў” і “Краіны Беларусі”, тым больш што рэдактарам абодвух выданьняў быў Зьміцер Санько. Безумоўна, апошняя кніга — гэта ўзор сапраўднай паліграфіі, да якога павінны цягнуцца ўсе астатнія. Але ж калі параўнаць кошты на друк гэтых выданьняў, дык задумаешся над тым, якая з кнігаў больш “народная”.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (26) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне mk |