A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (26) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ЮРАСЬ ЛІХТАРОВІЧ | |||||
|
Юрась Ліхтаровіч
|
(нар. 1978 у Маладэчне) — палітоляг. Скончыў франка-беларускі факультэт палітычных навук і праблемаў эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Магістрант Варшаўскага ўнівэрсытэту. Апошняя публікацыя — артыкул “Структура расійскіх палітычных элітаў і іх стаўленьне да беларуска-расійскай інтэграцыі” ў кнізе “Беларуска-расійская інтэграцыя” (Менск: Энцыкляпэдыкс, 2002). 1 Ludowic Woets, “Schaping the World”… Les Etats-Unis, la guerre en Irak et le désordre mondial”, Diplomatie, № 2, mars-avril, 2003, p. 19—20. 2 Stanisław Stomma, “Pax Americana”, Więź, № 5, 2003. 3 Як гэта падаў у адным з сваіх артыкулаў Г. Кісынджэр. Гл.: Henry A. Kissinger, “Nuklearny szantaż”, Rzeczpospolita, 18—19 stycznia, 2003. |
У другім выпадку, наадварот, гаворка йдзе пра тое, што стабілізацыя сусьветнага парадку магчымая толькі пры актыўным удзеле ЗША, таму што толькі гэтая краіна мае адпаведныя рэсурсы, каб выконваць падобную ролю. “Як у позьняй старажытнасьці тагачасная сытуацыя патрабавала pax romana — наймацнейшая дзяржава падпарадкоўвала сабе цэлы сьвет, — так і цяпер павінна быць якаясьці сіла, што ахоўвала б і падтрымоўвала сусьветны парадак”4. Зразумелая прыцягальнасьць падобных разважаньняў, асабліва для экспэртаў, якія могуць бясконца працягваць падобныя дэбаты, доўжыць аргумэнты й гістарычныя паралелі, апісваць новыя пагрозы і прыдумваць рашэньні. Аднак на самай справе рэчаіснасьць нашмат прасьцейшая. Вакол пытаньня раззбраеньня Іраку ідзе шматузроўневая гульня, дзе сутыкаюцца чаканьні й інтарэсы розных гульцоў, краінаў, рэгіёнаў. Цікавым прыкладам тут зьяўляецца Польшча, наш непасрэдны, “другі” сусед. (Традыцыйна першым лічыцца Расея, але расейская пазыцыя ў стасунку да апэрацыі ў Іраку ў краіне добра вядомая, чаго ня скажаш пра пазыцыю Польшчы.) Найбольшую цікавасьць уяўляе параўнаньне камэнтароў няўрадавых экспэртаў і афіцыйнага бачаньня постірацкай сытуацыі. На першы погляд здаецца, што польская палітычная эліта, мэдыі і грамадзтва былі надзіва аднагалосныя ў сваім стаўленьні да вайсковай апэрацыі ў Іраку. Грамадзкая думка спачатку была даволі крытычнай адносна ўдзелу польскіх узброеных сілаў у ірацкай апэрацыі. Аднак, у адрозьненьне ад Заходняй Эўропы, тут не адбывалася вялікіх дэманстрацыяў супраць вайны і не было масавага грамадзкага супраціву. Большасьць грамадзтва была даволі абыякавая, нашмат больш цікавасьці выклікалі актуальныя пытаньні ўнутранага жыцьця краіны. |
4 Stanisław Stomma, тамсама. |
Затое вельмі актыўную пазыцыю заняла палітычная эліта, прычым аднолькавую пазыцыю занялі і дзеячы, якія прадстаўляюць былыя колы “Салідарнасьці”, і прадстаўнікі калішняй ПАРП. Падобную аднагалоснасьць выказвалі й колы, што ствараюць “грамадзкую думку” (тут трэба ўлічваць, што звычайна такія газэты, як “Gazeta Wyborcza” і “Rzeczepospolita”, часопісы кшталту “Polityka” ды “Wprost” займаюць антаганістычныя пазыцыі; у выпадку ж Іраку існавала поўнае аднадумства). Амэрыканскую інтэрвэнцыю ў Іраку крытыкавалі толькі “Яцак Курань, некалькі палітолягаў, пара арабістаў і ксёндз Станіслаў Мусял, які выказваўся надта экзальтавана, каб прыцягнуць адпаведную ўвагу ў грамадзтве”5. З найбольш распаўсюджаных тлумачэньняў падобнага стаўленьня называецца польская глыбінная сымпатыя да ЗША, якая ўзмацняецца перакананасьцю наконт адзінства амэрыканскіх ды польскіх інтарэсаў і гістарычным нявер’ем у моц і дапамогу з боку эўрапейцаў. Таксама часта даводзіцца чуць пра непрыманьне6 таталітарызму і дыктатарскіх рэжымаў. Падобныя разважаньні абапіраюцца на гістарычную памяць палякаў і культуру сучаснай палітычнай эліты. Яшчэ жывыя шматлікія змагары з камунізмам. Большасьць зь іх, гэтаксама як і палітыкі правага і правацэнтрысцкага кірунку, лічаць, што распад СССР і атрыманьне Польшчай “незалежнасьці” ў моцнай ступені залежалі ад магутнасьці Амэрыкі й ейнай палітыкі ў дачыненьні да камуністычнага блёку, асабліва пасьля прыходу да ўлады Рональда Рэйгана. Таму нічога дзіўнага, што лідэры польскіх правых партыяў маюць натуральную схільнасьць да атаесамленьня пытаньня свабоды ў сьвеце, польскага нацыянальнага інтэрасу з магутнасьцю і пазыцыяй Амэрыкі. Што тычыцца кіроўнай групы, партыі сацыял-дэмакратаў, то сытуацыя не выглядае так адназначна. Некаторыя палітолягі мяркуюць, што яны наўпрост прынялі замежнапалітычную лінію, прапанаваную ў 1989—92 гадох палітыкамі, якія выйшлі з руху “Салідарнасьці”7, і не змаглі выпрацаваць уласнай пазыцыі. Да таго ж гэтая новая замежнапалітычная лінія не выклікала супраціву з боку посткамуністычных палітычных дзеячоў, бо сатэлітызм у іх застаецца ў крыві, ад яго цяжка пазбыцца. Месца колішняга СССР занялі ЗША, а палітыка застаецца скіраванаю на прадказваньне жаданьняў супэрдзяржавы, каб цябе, як добрага вучня, заўважылі і ўзнагародзілі8. Іншыя камэнтатары мяркуюць, што польскі праамэрыканізм вынікае з унутраных праблемаў краіны (карупцыйны крызыс — г. зв. афэра Лява Рывіна, суперніцтва прэзыдэнта Квасьнеўскага і прэм’ера Мілера, старога пакаленьня палітыкаў, павязанага сецівам кліенталісцкіх стасункаў, і новага, маладзейшага, сфармаванага ўжо ўва ўмовах несавецкай Польшчы9), у выніку чаго замежная палітыка робіцца залежнаю ад прыватных кар’ерных інтарэсаў прэзыдэнта ці прэм’ера, калі абодва ставяць то на Амэрыку10, то на Эўропу11 як на сваю ўласную кар’ерную будучыню. Згодна зь іншымі тлумачэньнямі, замежная палітыка Польшчы фармуецца ў варшаўскіх палітычных “салёнах”. Гэтым тлумачыцца актыўная пазыцыя Польшчы на тле ірацкага канфлікту ў эўра-амэрыканскай спрэчцы, калі, не разумеючы да канца прыроды нязгоды паміж былымі хаўрусьнікамі, польскія палітыкі занялі крайне праамэрыканскую пазыцыю, мяркуючы, што менавіта яна забясьпечыць ім больш выгадаў. На дадзены момант гэтая лінія не аказалася да канца непасьпяховай. |
5 Aleksander Hall, “Wspólne interesy i własne zdanie”, Rzeczpospolita, 24—25 maja, 2003, s. A5. 6 Палякі ўжываюць слова awersja, якое нашмат больш экспрэсіўнае і азначае гідлівасьць, непрызнаньне і моцнае пачуцьцё адмаўленьня чагосьці. 7 Асноўным элемэнтам гэтай палітыкі была інтэграцыя Польшчы ў NАТО і ЭЗ. 8 Aleksander Hall, тамсама. 9 На гэтую тэму гл. артыкулы Bronisław Wildstein, “Elity polityczne III Rzeczypospolitej”, альбо Jadwiga Staniszkis, “Kryzys III Rzeczypospolitej”. 10 Тут можна ўзгадаць чуткі пра вылучэньне прэзыдэнта А.Квасьнеўскага на пасаду Генэральнага Сакратара NАТO. 11 Дарма што Польшча яшчэ ня стала сябрам ЭЗ, польскія кіраўнічыя колы пачалі дзяліць будучыя пасады ў эўрапейскіх інстытуцыях. |
У пятніцу 2 траўня прэзыдэнт ЗША Дж. Буш абвесьціў, што асноўная вайсковая апэрацыя ў Іраку скончылася пасьпяхова, ірацкі народ вызвалены з-пад дыктатуры Садама Хусэйна, зьнішчаная сур’ёзная пагроза бясьпецы ЗША. Разам з тым было абвешчана аб пачатку наступнай фазы апэрацыі, якая атрымала назву “Ірацкая свабода” і азначае адбудову гэтай краіны ды стварэньне ўмоваў для функцыянаваньня дэмакратыі. За два дні перад гэтым у Лёндане распачаліся перамовы з удзелам шэрагу краінаў аб разьмяшчэньні міжнародных стабілізацыйных сілаў у Іраку, які будзе падзелены на тры сэктары. Адказнасьць за бясьпеку і падтрыманьне парадку ў паўднёвым сэктары ўскладаецца на Польшчу. Больш за тое, Амэрыка назвала гэтую дзяржаву чацьвертай краінай кааліцыі, што дазваляе польскім фірмам паўдзельнічаць у адбудове Іраку12. Калі дадаць магчымы перанос амэрыканскіх вайсковых базаў з тэрыторыі Нямеччыны ў Польшчу, то складаецца ўражаньне, што Польшча — другі паводле значнасьці, пасьля Вялікай Брытаніі, хаўрусьнік амэрыканцаў у Эўропе. Апошнія заявы амэрыканскіх палітыкаў, напрыклад З. Бжазіньскага, пра тое, што Польшча можа адыграць паважную ролю (будучы раўнапраўным сябрам ЭЗ і незалежным саюзьнікам ЗША) у нармалізацыі эўра-амэрыканскага дыялёгу, паказваюць польскую сытуацыю ў вельмі пазытыўным сьвятле. Больш за тое, амэрыканскі бок спадзяецца, што Польшча адыграе істотную ролю ў стварэньні ўсходняй канцэпцыі ЭЗ, дзе галоўнае месца павінна адводзіцца перацягваньню Ўкраіны на Захад13. (Іншае магчымае тлумачэньне такога моцнага амэрыканскага прэфэраваньня Польшчы дае З. Найдэр, які бачыць у гэтай палітыцы жаданьне ЗША аслабіць ЭЗ, разьбіць яго знутры. У такой раскладцы Польшча іграе ролю нават не траянскага каня, а траянскага асла, яна губляе магчымасьць уплываць на эўрапейцаў пры вырашэньні іншых важных для Польшчы пытаньняў, якімі ЗША не цікавіцца, — напрыклад, пытаньняў усходняй палітыкі пашыранага ЭЗ. Да таго ж, Эўропа ня бачыць варшаўскага палітычнага салёну, затое бачыць праблемы краіны: стагнацыю ў эканоміцы, высокае беспрацоўе, бюджэтны дэфіцыт, адсутнасьць рэформы грамадзкіх фінансаў, што значна аслабляе прыцягальнасьць Польшчы ў вачох большасьці дзяржаваў — удзельніцаў ЭЗ.) |
12 Гаворка вядзецца, напрыклад, пра магчымы кантракт для Гданьскага нафтаперапрацоўчага заводу на ўдзел у мадэрнізацыі ірацкіх нафтавых радовішчаў на поўдні краіны. 13 “...Карысна для Амэрыкі, абавязкова патрэбна для Польшчы...” Так Зьбігнеў Бжазіньскі ахарактарызаваў ролю Польшчы ў будучым ЭЗ і патрэбу польска-амэрыканскага хаўрусьніцтва ў постірацкай сытуацыі падчас свайго выступу “Амэрыка і Эўропа: новыя выклікі, старыя рэаліі” ў Варшаўскім унівэрсытэце 15 траўня 2003 году. |
Ужо цяпер робіцца ўсё больш відавочным, што заходнеэўрапейскія сталіцы, Бэрлін і Парыж, лічаць за лепшае размаўляць наўпрост з амэрыканцамі, а польскую пазыцыю трактуюць як “здраду”. Маўляў, яшчэ ня стаўшы сябрам ЭЗ, гэтая краіна ўжо праводзіць сваю палітыку, не ўзгадняючы яе зь іншымі эўрапейскімі партнэрамі. У далейшым пагрозай для Польшчы можа быць непрыхільнае стаўленьне да яе з боку гэтых краінаў. Даволі яскрава гэта праявілася ўжо падчас апошняга красавіцкага саміту ў Атэнах, дзе адбылося падпісаньне трактату аб пашырэньні і дзе эўрапейцы вельмі скептычна паставіліся да польскай прапазыцыі выпрацаваць двухкірункавую ўсходнюю палітыку Эўразьвязу: адну — у стасунках з Расеяй, другую — зь Беларусяй, Украінай і Малдовай. На дадзены момант большасьць краінаў ЭЗ схіляецца да думкі, што дастаткова адной усходняй палітыкі, якая б ахоплівала ўсе гэтыя краіны запар, з галоўным акцэнтам на інтэграваньне Расеі ў эўрапейскую інстытуцыянальную прастору. У такім выпадку, на думку Рамана Кузьняра14, для польскіх дзяржаўных інтарэсаў цана такой палітыкі аказалася б задужа высокаю: маргіналізацыя Ўкраіны, паглыбленьне ізаляцыі Беларусі і аслабленьне дагэтулешніх эўрапейскіх інстытуцыяў супрацы і бясьпекі — як ЭЗ і NАТO. Пагатоў абедзьве гэтыя інстытуцыі перажываюць сур’ёзныя праблемы з выбарам далейшай стратэгіі разьвіцьця і выпрацоўкі адэкватных адказаў на новыя выклікі. Апошнія падзеі паказалі, што Эўропа не гатовая самастойна змагацца з новымі пагрозамі міжнароднага характару. Эўразьвяз ня мае неабходных інструмэнтаў і з стратэгічнага пункту бачаньня ўразьлівы перад новымі глябальнымі праблемамі. У такой сытуацыі, на думку палітоляга А. Каміньскага, сыход Амэрыкі з кантынэнту і аслабленьне NАТO робіць Расею адным з ключавых элемэнтаў новай эўрапейскай сыстэмы бясьпекі, што для Польшчы нясе пагрозу зноў апынуцца ў нямецка-расейскіх абцугах15. З пункту гледжаньня ўрадавых экспэртаў з МЗС, сытуацыя складаецца не настолькі нявыгадна для Польшчы. Ірацкі крызыс стаў усяго толькі чарговым каталізатарам, які пацьвердзіў, што на міжнароднай арэне палітыка ў дачыненьні да якогасьці канкрэтнага пытаньня (як, напрыклад, Іраку) зьяўляецца часткай яшчэ большай сукупнасьці адносінаў. Ірак стаў каталізатарам нашмат шырэйшых сусьветных працэсаў, не выключаючы пытаньня супрацоўніцтва ў ЭЗ16. На сёньняшні дзень міжнародная палітыка, дыпляматыя і бясьпека застаюцца ў кампэтэнцыі дзяржаваў, на эўрапейскім узроўні дамінуе падыход міждзяржаўнага супрацоўніцтва. Адным з наступстваў ірацкага крызысу ёсьць усьведамленьне таго, што ЭЗ мусіць перадаць правядзеньне міжнароднай палітыкі супольным інстытуцыям. Гэта азначае, што перадусім павінна быць вырашанае пытаньне інтэграцыйнага паралелізму, то бок паралельнага сяброўства тых самых дзяржаваў у NАТO і ЭЗ. |
14 Roman Kuźniar, September 11 — interpretations and implications, The Polish Quarterly of International Affairs, winter 2002, p. 30—32. 15 Antoni Z. Kamiński, “Suwerenność państwa polskiego w nowym układzie europejskim”, Instytut Nauk Politycznych, PAN. 16 Ryszard Stemplowski, “Katalizator iracki”, Polski przegląd dyplomatyczny, t. 3. n. 2 (12), marzec—kwiecień 2003, s. 5—14. |
Другім важным пытаньнем застаецца справа эўра-амэрыканскіх адносінаў. Ізноў жа вайна ў Іраку не адкрыла нічога новага: падзел унутры Эўразьвязу паміж Францыяй ды Нямеччынай з адного боку і Вялікай Брытаніяй з другога існаваў даўно. Пытаньне пра ролю ЗША ў эўрапейскай інтэграцыі і стаўленьне да гэтай краіны з боку розных эўрапейскіх краінаў застаецца без адказу з 1960-х гадоў. Распад СССР прымусіў перагледзець некаторыя пастуляты, а апошнія падзеі абвастрылі існыя супярэчнасьці. Прычым гаворка ня йдзе пра абсалютнае, культурнае непрызнаньне Амэрыкі Эўропай, а Эўропы Амэрыкай. Для ЗША Эўропа надалей застаецца партнэрам, хаўрусьнікам, толькі слабейшым партнэрам (junior partner). Эўропа ж у ірацкім канфлікце не выступала супраць ЗША, а толькі падавала ўласнае бачаньне і ацэнку характару пагрозы, зрабіўшы акцэнт на неабходнасьці выкарыстаньня ўсіх магчымых невайсковых сродкаў і канечнасьці міжнароднага супрацоўніцтва для стабілізацыі сусьветнага парадку. Што тычыцца польскай ацэнкі францускай і нямецкай пазыцыі, то польскія экспэрты гавораць пра няскончаную “дэімпэрыялізацыю Францыі”17. Гэта значыць, што апошняя дыстанцыюецца ад менш разьвітых краінаў ЭЗ і яго будучых сяброў, спрабуе падаваць сябе як альтэрнатыву ЗША ўнутры ЭЗ і ў адносінах з арабскім сьветам, бо яна яго лепш ведае і разумее. Што датычыць Нямеччыны, палякі лічаць, што падобная пазыцыя вынікае з уласьцівасьцяў пасьляваеннага разьвіцьця гэтай краіны, у аснове тоеснасьці грамадзянаў якой ляжыць эканамічная магутнасьць. Пры гэтым Шродэр у сваёй унутрыпалітычнай лініі апэлюе да перадваеннай традыцыі нямецкіх сацыял-дэмакратаў, пазыцыі антываеннай і “зялёнай”. У значнай ступені гэта накладае свой адбітак і на замежную палітыку. У будучыні чакаецца, што Нямеччына надалей застанецца хаўрусьнікам ЗША, тады як стасункі паміж Францыяй і Амэрыкай могуць быць сур’ёзна перагледжаныя. Для Польшчы, апрача ўжо згаданых нэгатыўных наступстваў, пазытыўным выглядае тое, што яна зможа як бы двойчы адыгрываць канструктыўную ролю. Па-першае, у якасьці сябра in spe ЭЗ яна зможа больш актыўна карыстацца з Ваймарскага трохкутніка, прапануючы супольнае вызначэньне праектаў узмоцненага супрацоўніцтва і часьцей праводзячы кансультацыі. Польшча мае дастаткова магчымасьцяў, каб паказваць ляяльнасьць да эўрапейскай інтэграцыі і адкідаць абвінавачаньні ў тым, што яна ці то траянскі конь, ці то траянскі асёл ЗША. Іншым кірункам польскай дзейнасьці ў ЭЗ можа быць сумеснае зь Вялікай Брытаніяй ініцыяваньне паляпшэньня стасункаў ЭЗ—ЗША праз заахвочваньне шырэйшага кола краінаў да трансатлянтычнага супрацоўніцтва. Па-другое, польскае МЗС спадзяецца, што добрыя стасункі з урадам ЗША дазволяць Польшчы выступіць прамотарам эўрапейскай пазыцыі ў Амэрыцы. Маўляў, ЗША мае дачыненьне не зь няўдзячнасьцю эўрапейцаў, а з усё мацнейшай адзінай пазыцыяй Эўропы, і трэба імкнуцца да ўзаемнага паразуменьня паміж ЭЗ і ЗША. Такім чынам, сярод асноўных наступстваў ірацкага канфлікту польскія афіцыйныя экспэрты бачаць паскарэньне выбудовы адзінай замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўрапейскага Зьвязу, прыцірку тандэму ЭЗ—ЗША ў сусьветнай сыстэме і праверку эфэктыўнасьці функцыянаваньня ААН у новых умовах.
|
17 Тамсама. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (26) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |