A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (26) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
НОРМАН МЭЙЛЕР | |||||
|
Норман Мэйлер
|
— адзін з самых вядомых амэрыканскіх пісьменьнікаў, рэфарматар дакумэнтальнага раману, двойчы ляўрэат Пулітцэраўскай прэміі (1969, 1980). |
І раней, у тым ліку і ў Белым Доме, вяліся размовы пра адпраўку войскаў у Ірак у адказ на такі сабатаж рашэньняў ААН. На жаль, прыгода Клінтана з Монікай Левінскі паралізавала папярэдняга прэзыдэнта. У атмасфэры грамадзкага скандалу ён ня мог дазволіць сабе праліцьця нават кроплі амэрыканскай крыві. Доказам таму было Косава, куды амэрыканская пяхота не ўвайшла разам зь сіламі NАТO і дзе нашыя бамбавікі не заляталі ў зоны ахопу сэрбскай зэнітнай артылерыі. Бамбілі з вышыні 15000 футаў і болей. Такім чынам, пра Ірак гаворкі ісьці не магло. Ал Гор у той час, без сумневу, іграў ролю ястраба, імкнучыся палепшыць свой імідж перад будучай прэзыдэнцкай кампаніяй і, учапіўшыся за нагоду, ператварыцца з чэзьліка ў асілка — неабходная перадумова для прэзыдэнцтва, — але слабасьць пазыцый Клінтана зьвяла ўсе пляны на нішто. Такім чынам, у 1998-м Садам Хусэйн выйшаў з вады сухі. З тых часоў ніякіх інспэкцыяў не праводзілася. Прамова Коліна Паўэла поўнілася справядлівым абурэньнем на несумленныя і дзёрзкія паводзіны Садама-злыдня, але Паўэл, вядома ж, занадта разумны чалавек, каб дзівіцца пададзенаму пераліку злачынстваў. Прамова мела на мэце падрыхтаваць амэрыканцаў да ўступленьня ў вайну. Калі меркаваць з сацыялягічных апытаньняў, палова насельніцтва была не гатовая да такога павароту падзеяў. І гэтая частка ягонай прамовы, вядома, мела вялікі посьпех. Доказам была зьмена ў пазыцыі многіх сэнатараў-дэмакратаў, якія раней вычэквалі, а цяпер заявілі пра сваю падтрымку гэтага рызыкоўнага пляну. Так-так, яны таксама былі гатовыя да вайны. Самым слабым месцам у паўэлаўскай прэзэнтацыі відавочных фактаў было, аднак, абвінавачаньне ў сувязях паміж Іракам і “Аль-Каідай”. Гэта адразу кідалася ў вочы. За выключэньнем Вялікай Брытаніі, сталыя сябры Рады Бясьпекі — Францыя, Кітай і Расея — відавочна не імкнуліся задаволіць жаданьне Буша распачаць вайну як мага хутчэй. Яны хацелі атрымаць пэўны час на наладжваньне ўзмоцненых інспэкцыяў, схіляючыся да правядзеньня палітыкі стрымліваньня ў дачыненьні да Іраку. Не прайшло й тыдня, як канал “Аль-Джазіра” прэзэнтаваў запісанае інтэрвію бэн Ладэна, у якім той зрабіў некалькі намёкаў, што ён і Садам гатовыя, у прынцыпе, увайсьці ў адкрыты кантакт, хоць пры гэтым ён і назваў “сацыялістаў” у Багдадзе “нявернымі”. Але гэтае апошняе сьцьверджаньне ўваходзіла ў супярэчнасьць з папярэднім цьверджаньнем: “Ня шкодзіць, што пры гэтых умовах [нападу Захаду] інтарэсы мусульман [будуць у канчатковым рахунку] пярэчыць інтарэсам сацыялістаў у барацьбе супраць новых крыжакоў”. Бэн Ладэн, магчыма, пажадаў застацца неадназначным і двухсэнсоўным у сваіх ацэнках, але, тым ня менш, меркаваньне пра адзінства інтарэсаў “Аль-Каіды” і Садама таксама прысутнічала ў прамове. Што здарылася, нарэшце? Вораг ворага Садама стаўся Садамавым сябрам? Калі гэта так, гэта катастрофа. Бо пасьля перамогі над Іракам нам усё яшчэ будуць пагражаць беды, выкліканыя гэтым вайсковым умяшаньнем. Бо ірацкая зброя масавага зьнішчэньня можа трапіць у рукі бэн Ладэна. Бяз той зброі рэсурсы “Аль-Каіды” абмежаваныя. Але калі б Садам перадаў нават малую долю сваіх запасаў бактэрыялягічнае і хімічнае зброі бэн Ладэну, небясьпечнасьць “Аль-Каіды” ўзрасла б шматкроць. Джордж Буш, які ціснуў на амэрыканцаў з мэтай дабіцца як мага хутчэйшага ўступленьня ў вайну з Іракам, раптам сутыкнуўся з выключным варыянтам контрастратэгіі Садама. Той быццам казаў: “Дазвольце мне падманваць інспэктараў, і вы будзеце заставацца ў адноснай бясьпецы. Можаце быць пэўныя, я не пабягу аддаваць сваё найлепшае абсталяваньне Асаму, пакуль мы зможам бясконца цацкацца з інспэкцыямі. Калі ж пачняце вайну з мной, Асама будзе рады. Магчыма, вы й пераможаце мяне, але ён і ягоныя людзі будуць радыя. Будзьце пэўныя, ён хоча, каб вы пачалі вайну з мной”. Улічваючы, што такое разгортваньне падзеяў было прадказальным ад пачатку, можна было б запытацца, як пытаюцца цяпер шмат хто з амэрыканцаў: “Як мы далі ўзьнікнуць такой дылеме — гэтаму чортаваму выбару бяз выбару?” |
Тым часам сьвет з жахам рэагаваў на Бушаву ўстаноўку на пачатак вайны. Эўрапейскае выданьне часопісу “Time” правяло апытаньне на сваім вэб-сайце: “Якая краіна нясе найбольшую небясьпеку для міру на ўсім сьвеце ў 2003 годзе?” Былі атрыманыя 318 000 адказаў, якія разьмеркаваліся такім чынам: Паўночная Карэя — 7%; Ірак — 8%; Злучаныя Штаты — 84%... Як заўважыў Джон лё Карэ ў “The Times”, “Амэрыка ўступіла ў адзін з сваіх пэрыядаў гістарычнага вар’яцтва, але гэты найгоршы з усіх, якія я памятаю”. Гаральд Пінтэр быў яшчэ менш дыпляматычны: “...Амэрыканскі ўрад цяпер — гэта крыважэрная дзікая жывёла. Бомбы — вось адзіная яе мова. Шмат амэрыканцаў, мы ведаем, шакаваныя пазыцыяй свайго ўраду, але яны нічога ня могуць зрабіць. Калі Эўропе ня хопіць салідарнасьці, інтэлекту, мужнасьці і жаданьня, каб кінуць выклік і супраціўляцца амэрыканскай моцы, сама Эўропа будзе заслугоўваць на словы Аляксандра Герцэна: “Мы ня лекары. Мы хвароба”. Згодна з паведамленьнем агенцтва “Reuters”, 15 лютага больш за чатыры мільёны чалавек “ад Бангкоку да Брусэлю, ад Канбэры да Калькуты... выйшлі на вуліцы, каб асудзіць Буша як крыважэрнага падпальніка вайны”.
2 Кароткі агляд двух гадоў прэзыдэнцтва Джорджа Буша можа кінуць некаторае сьвятло на тое, чаму мы знаходзімся там, дзе мы ёсьць. Буш пачаў выконваць свае службовыя абавязкі ў пэрыяд, калі існавала магчымасьць эканамічнага спаду, дадайце сюды ўвесь нядобры арэол вакол ягонага ўступленьня на пасаду ў выніку ці то правільнага, ці то няправільнага падліку галасоў выбарцаў. Амэрыка зноўку пераканалася, што рэспубліканцы ўспадкавалі выдатную здольнасьць для вядзеньня бруднай юрыдычнай барацьбы. Рэспубліканская кампанія захопу Флорыды ў 2000 годзе нагадала апэрацыі вядомых адвакатаў і банкіраў Легітымнасьць Буша была ад самага пачатку пад пытаньнем, а выкананьне ім прэзыдэнцкіх абавязкаў выклікала кпіны. Калі ён гаварыў сваімі словамі, гэта глядзелася праставата. Калі ж ён зачытваў прамовы, напісаныя падначаленымі, больш здольнымі ў перадачы думак у форме словаў, яму не даваліся складаныя словы. 11 верасьня зьмяніла ўсё. Уражаньне было такое, што нашыя тэлевізары ажылі. Доўгія гады мы назіралі разнастайныя драматычныя пэрыпэтыі па тэлевізары — і толькі. Мы былі адасобленыя ад гэтага. Толькі сотая частка нашых душаў зазірала па той бок экрану і зьведвала страх. Цяпер, абсалютна нечакана, жах перайшоў у рэальнасьць. Багі й дэманы заваёўвалі ЗША проста з тэлеэкранаў. Гэтым можа часткова тлумачыцца тое дзіўнае пачуцьцё віны, якое шмат каго агарнула пасьля 11 верасьня. Здавалася, быццам сіла нябесная грымнула гневам. І, вядома, мы не маглі не адчуваць віны за 11 верасьня. Маніякальная “грашовая ліхаманка” дзевяностых заўжды суправаджалася нашай усёпранікальнай “амэрыканскай віной”. Мы цешыліся сваёй заможнасьцю, але ўсё яшчэ адчувалі сябе вінаватымі. Мы хрысьціянская нацыя. Часьцінка “юдэя-” ў слове “юдэяхрысьціянская” — гэта мэлізм. Шмат слаўных хрысьціянаў у Амэрыцы прыпускае, што быць настолькі багатымі нядобра. Бог наўрад ці хацеў гэтага. Ісус дакладна не хацеў. Нельга назьбірваць столькі багацьця. Трэба праводзіць сваё жыцьцё ў альтруістычных учынках. Тым ня менш, гэта толькі адна палова добрай хрысьціянскай душы. Другая палова, чыста амэрыканская, цягне сваё: мачыце ўсіх. Тут можна зрабіць жорсткую, але без сумневу дакладную заўвагу: быць звычайным амэрыканцам — значыць жыць як у аксюмаране. Быць добрым хрысьціянінам, але ўвесь час прыкладаць намаганьні, каб заставацца канкурэнтаздольным. Вядома, Ісус і Івэл Кнівэл* ня вельмі добра ўжываюцца ў адной душы. Чалавечы гнеў і пачуцьцё віны набываюць унікальныя амэрыканскія формы. Нават да 11 верасьня ў многім адчуваўся разлад. Духоўная архітэктоніка Амэрыкі пачынаючы з часоў другой сусьветнай вайны падтрымлівалася нашымі амаль легендарнымі ўстановамі бясьпекі, сярод якіх найбольш выбітнымі былі ФБР і Каталіцкі касьцёл, тоесныя ў асаблівай няўлоўнай высакароднасьці з Канстытуцыяй і Вярхоўным Судом. |
Па ўсёй гэтай сыстэме былі нанесеныя моцныя ўдары. Старыя і новыя скандалы ў ФБР лучылі ў цэнтар увагі грамадзтва пасьля выпадку Гансэна, які выйшаў на паверхню ў лютым 2001 году. Звышпабожны каталік Робэрт Гансэн быў агентам савецкай выведкі, які легальна пражыў у Амэрыцы 15 гадоў. Ніхто ў ФБР ня мог даць веры гэтаму. Ён жа здаваўся найбольшым антыкамуністам з антыкамуністаў! Далей пасьля 11 верасьня пачаліся судовыя працэсы служкаў каталіцкай царквы, абвінавачаных у пэдафіліі, і гэта растравіла маральныя раны ў многіх добрых каталіцкіх парафіях. Зразумела, гэта балюча зачапіла ксяндзоў. Як мог малады чалавек ці салідны мужчына ў сутане ісьці па вуліцы і не пакутаваць ад таго, што парафіяне ў яго на дарозе адводзяць ад яго вочы ці нацягнута вітаюцца зь ім? Фондавы рынак працягваў падаць. Павольна, але стабільна расло беспрацоўе. Cкандалы ў кіраўніцтве карпарацыяў сталі больш значнымі. Амэрыка мірылася з працяглай экспансіяй карпарацыяў у амэрыканскае жыцьцё пачынаючы з канца другой сусьветнай. Для Злучаных Штатаў яны былі залатым цялём. Але гэта было бруднае цяля, якое выпускала сьмярдзючыя газы хлусьні і маніпуляваньня, робячы надзвычайную стаўку на рэкляму. Выдаткоўвайце менш сродкаў на выраб прадукту, але надавайце вялікую ўвагу ягонаму прасоўваньню на рынку. Маркетынг быў той пачварай і сілай, якая дасягнула вялікіх посьпехаў у забіраньні Амэрыкі ў большасьці з нас. Пачынаючы з 1945 году ён дасягнуў вялікіх посьпехаў у пераўтварэньні сьвету ў менш прыемнае месца для жыцьця. Варта ўзгадаць толькі пяцідзесяціпавярховыя хмарачосы, у форме якіх ня больш фантазіі, чым у кардоннай каробцы з бальконамі, або ўнівэрсамы, аточаныя нізкаякаснымі каапэратыўнымі шматпавярховікамі, супэраўтастрады з тымі месячнымі краявідамі, што адкрываюцца зь іх, і, урэшце, покрыва плястмасы, усюдыіснай плястмасы, ад якой занікае дотык у дзяцей, плястмасы, лідэркі ў чэмпіянаце рэчываў, што змагаюцца за першынство ў ператварэньні сьвету ў менш прыемны. У распаўсюджваньні гэтае гідоты мы ўжо дасягнулі ў сваім родзе сусьветнай гегемоніі. Мы экспартавалі ўсёабсяжную эстэтычную пустэчу найбольш магутных амэрыканскіх карпарацыяў. Ніводнага новага сабору не збудавалі для беднякоў, — толькі шаснаццаціпавярховікі, ад якіх душа сохла. Пасьля наступіла пара выкрыцьця фінансавых махінацый і забруджваньня навакольнага асяродзьдзя, якія несьлі з сабой карпарацыі. Ненажэры ад эканомікі не маглі наталіць сваіх апэтытаў. Няма такой сфэры бізнэсу, у якой бы не былі выкрытыя крымінальныя злачынствы на самых высокіх узроўнях. Калі б не 11 верасьня, Джордж Буш быў бы змушаны існаваць у неспрыяльнай інфармацыйнай атмасфэры. Можна нават сказаць, што Амэрыка перанесла шэраг удараў, якія ў сваім значэньні ня так ужо й розьніліся ад таго, што адбылося зь немцамі пасьля першай сусьветнай вайны, калі інфляцыя зьнішчыла фундамэнтальную нямецкую ідэю асобы, якая палягала ў тым, што калі чалавек цяжка працуе і ашчаджае грошы, дык яму гарантаваная забясьпечаная старасьць. Верагодна, Гітлер так і не прыйшоў бы да ўлады празь дзесяць гадоў, калі б ня тая карказломная інфляцыя. Калі мераць той жа самай меркай, 11 верасьня зрабіла штосьці падобнае для амэрыканскага пачуцьця бясьпекі. У адказе на гэтыя выклікі кансэрватары падзяліліся на дзьве плыні. Кансэрватары-традыцыяналісты, такія, як Пэт Б’юкенэн, меркавалі, што Амэрыка павінна засяродзіцца на сабе і шукаць вырашэньня тых з сваіх праблемаў, якія яна ў стане рашыць. Б’юкенэн быў лідэрам кансэрватараў старога гарту, што вераць у сям’ю, краіну, веру, традыцыю, дом, цяжкую і сумленную працу, абавязак, адданасьць і збалянсаваны бюджэт. Ідэі, паняцьці і прыхільнасьці Джорджа Буша збольшага несумяшчальныя з кансэрватызмам Б’юкенэна. Буш быў не такоўскі. Аднак розьніца між ягонай і традыцыйна-кансэрватыўнай школамі мысьленьня магла стварыць дыхатамію настолькі ж выразную, як адрозьненьне паміж камуністамі і сацыялістамі пасьля першай сусьветнай вайны. “Брэндавыя кансэрватары”, падобныя да Буша, на словах вызнавалі некаторыя кансэрватыўныя каштоўнасьці, але, у прынцыпе, на гэтыя вартасьці ім было глыбока напляваць. Калі яны ўсё яшчэ карысталіся кансэрватыўнай тэрміналёгіяй, дык толькі з мэтай не дапусьціць звужэньня сваёй палітычнай базы. Яны выкарыстоўвалі брэнд. Яны любілі словы кшталту “зло”. Адной з найгоршых памылак Бушавай рыторыкі — калі ўгледзецца ў глыбіню таго рогу, зь якога ўсяго многа, — было празьмернае выкарыстаньне гэтага слова, нібы кнопкі, пры націсканьні на якую ён узмацняў сваю палітычную моц. Калі людзям ставяць кропельніцу з болеспаталяльным наркотыкам, які ўводзіцца ім на запатрабаваньне, некаторыя пацыенты ціснуць і ціснуць на пімпачку, каб атрымліваць новыя і новыя дозы. Буш выкарыстоўвае зло як наркотык для найбольш падаўкой часткі амэрыканскай публікі. Безумоўна, у ягоным разуменьні ён робіць гэта, бо верыць, што Амэрыка — добрая краіна. Ён сапраўды лічыць гэтую краіну адзінай надзеяй сьвету. Ён таксама баіцца, што краіна хутка робіцца больш распуснай і адзіным выйсьцем можа быць — о, рашучыя, магутныя і амаль сьвятыя словы — змаганьне за стварэньне Ўсясьветнай Імпэрыі. За жаданьнем пачаць вайну з Іракам хаваецца прага займець моцную вайсковую прысутнасьць на Блізкім Усходзе як першы крок да захопу кантролю над усім сьветам. Я не пабаюся сказаць наступнае: у аснове брэндавага кансэрватызму ляжыць не вар’яцтва, а нераскрытая лёгіка. Хоць мае словы на першы погляд гучаць нелягічна, яны набываюць лёгіку, калі вы прымаеце іх перадумовы. З ваяўніча-хрысьціянскага пункту гледжаньня Амэрыка амаль прагніла. Забаўляльныя СМІ паказваюць абы-што. Голыя пупкі поп-зорак на экранах гавораць самі за сябе настолькі ж красамоўна, як вочы дзікіх жывёлаў. Даходзіць да таго, што дзеці яшчэ ня ўмеюць чытаць, але ўжо ўмеюць трахацца. Такім чынам, Беламу дому можна нагадаць, што калі з Амэрыкі хочацца зрабіць аграмадную міжнародную баявую машыну, якая б крышыла ўсіх сваіх праціўнікаў, дык усю амэрыканскую сэксуальную свабоду, увесь гэты гармідар геяў, фэміністак, лесьбіянак, трансвэстытаў, прыйдзецца зноў загнаць у падпольле — зашмат раскошы. Адданасьць, патрыятызм і самаахвярнасьць ізноў стануць галоўнымі нацыянальнымі каштоўнасьцямі (і крывадушша будзе іх суправаджаць). Калі ўжо мы робімся ўвасабленьнем старажытнай Рымскай імпэрыі ў дваццаць першым стагодзьдзі, маральная рэформа магла б аказацца вельмі дарэчы. Узброеныя сілы, несумненна, вылучаюцца большым пурытанствам, чым забаўляльныя СМІ. Жаўнеры, вядома, у баі і ў мірны час большыя вар’яты, чым звычайныя людзі, але падпарадкаваньне загадам зьверху — інструмэнт штодзённага ціску на жаўнераў — магло б стаць таксама магутным цэнзарам у мірным жыцьці. |
Для брэндавых кансэрватараў вайна падаецца найлепшым магчымым выйсьцем. Ісус і Івэл Кнівэл урэшце могуць зьяднацца. Змагайцеся з злом, змагайцеся зь ім, пакуль яно не загіне! Выкарыстоўвайце гэтыя словы пятнаццаць разоў у кожнай прамове. У амэрыканцаў ёсьць бзік. Гэты бзік — упэўненасьць, што мы, амэрыканцы, можам усё. Оў, е! — усклікаюць брэндавыя кансэрватары, мы дамо рады таму, што чакае нас паперадзе. Мы маем навыкі і ўменьні. Мы будзем лёгка пераадольваць перашкоды. Брэндавыя кансэрватары шчыра вераць, што Амэрыка ня проста здатная кіраваць сьветам, але і мусіць рабіць гэта. Без адданасьці ідэі Імпэрыі краіна канчаткова сапсуецца. Гэта, як я мяркую, галоўны падтэкст ірацкага праекту, і брэндавыя кансэрватары могуць нават не здаваць сабе з гэтага справы; прынамсі, ня ўсе яны ўсьведамляюць гэтага падтэксту. Пакуль ня ўсе. Акрамя таго, Буш мог разьлічваць на некалькі іншых важных пачуцьцяў, якія вельмі ўплываюць на наша штодзённае жыцьцё. Пачнем з таго, што амэрыканскі гонар грунтуецца сёньня на трох кітох: вялікіх грошах, спартовых дасягненьнях і зорна-паласатым сьцягу. Дзесьці траціна нашых галоўных спартовых арэнаў носяць назвы карпарацыяў (напрыклад, “Gillette”, “FedEx”). Сёлета Супэркубак НФЛ распачаўся з цырымоніі ссоўваньня амэрыканскага штандара (памерам з футбольнае поле) зь дзірвану стадыёну. Вайскова-паветраныя сілы ЗША прадчуваюць наперадзе вялікую “мёртвую пятлю”. Ці не палова Амэрыкі мае невымоўнае жаданьне пачаць вайну. Гэта задавальняе нашую міталёгію. Амэрыка, як аказваецца паводле нашае лёгікі, зьяўляецца адзінай сілай дабра, якая можа адолець зло. Джордж Буш дастаткова добры матэматык, каб вырашыць гэтае раўнаньне без чужых падказак. Ён мо лепш, чым хто іншы, адчувае, як вайна з Іракам задаволіць нашую прагу тэлевізійных відовішчаў. Ад відовішча вайны людзі “балдзеюць” — а яны сапраўды “балдзеюць”, — бо з кожным годам Амэрыка хамее. Але, але! Вайна — гэта ж таксама супэрская тэлегульня.
3 Самым непасрэдным чынам (хоць і не па адрасе) вайна з Іракам задаволіць нашую патрэбу адпомсьціць за 11 верасьня. Няважна, што Ірак ні пры чым. Бушу папросту ня варта зьвяртаць увагі на такую дробязь. Што ён і робіць з усёй сілай чалавека, які ніколі не чырванеў за свае ўчынкі. Садам, нягледзячы на ўсе ягоныя злачынствы, ня меў дачыненьня да падзеяў 11 верасьня, але прэзыдэнт Буш — філёзаф. 11 верасьня было злом і Садам — зло, а ўсё зло зьвязанае між сабою. Адпаведна, Ірак — гэта зло. Прэзыдэнт таксама “пападае ў струмень” з многімі нэакансэрватарамі ў сваёй адміністрацыі, якія лічаць, што іслам — гэта Гітлер сёньня ў дачыненьні да Ізраілю. Абарона Ізраілю — гэта плюс для Буша, улічваючы прыхільнасьці электарату; але гэта таксама канечная патрэба, асабліва з увагі на тое, што Шаронам не пакамандуеш. Шарон моцна трымае Буша ў руках. У Шарона ў руках “Масад” — найлепшая выведка Блізкага Ўсходу, а мо і ўсяго сьвету. ЦРУ, у якога, як вядома, цяпер няшмат шпіёнаў-арабаў у мусульманскім сьвеце, ня можа абысьціся без паслуг Шарона. Вось сур’ёзныя прычыны, каб Буш пачаў вайну. Што тычыцца нафты, дык дазвольце я працытую Ральфа Надэра, які падае статыстычныя зьвесткі: “Злучаныя Штаты на сёньня спажываюць 19,5 мільёна барэляў у дзень, або 26% штодзённага спажываньня нафты ўва ўсім сьвеце... ЗША [павінны імпартаваць] 9,8 мільёна барэляў у дзень, або больш за палову ад спажыванага аб’ёму... Для таго каб настолькі істотная залежнасьць ад нафты не ператварылася для ЗША ў пагрозу, ЗША трэба кантраляваць 67% сусьветных запасаў нафты, якія залягаюць пад пяскамі краінаў Пэрсыдзкае затокі. У адным Іраку разьведаныя запасы нафты ацэньваюцца ў 112,5 мільярда барэляў, ці 11% ад усясьветных... Большыя радовішчы мае толькі Саудаўская Арабія”. Я дадаў бы, што як толькі Амэрыка зойме Ірак, яна таксама зацягне пельку на шыі Саудаўскай Арабіі і рэшты Блізкага Ўсходу. Гучалі таксама прапановы ісьці на Ірак дзеля вады. Працытуем артыкул Стывэна К.Пэлтыера ў “The New York Times” ад 31 студзеня: “Было шмат праектаў будаўніцтва так званага Трубаправоду Міру, які прынёс бы воды з паўднёвай цечы Тыгру і Эўфрату ў выпаленыя сонцам краіны Пэрсыдзкае затокі і, іншым рукавом, у Ізраіль. Рэалізацыя праекту ня зрушылася зь месца, у значнай ступені празь непрымірымасьць ірацкага кіраўніцтва. Калі Ірак акажацца ў руках амэрыканцаў, вядома, усё гэта можа зьмяніцца”. Такім чынам, нафта — частка матывацыі для разьвязваньня вайны, хоць ЗША ніколі гэтага афіцыйна не прызнаюць. А вада магла б аказацца магутнай прыладай, здольнай замірыць апаленыя сонцам нянавісьці пустэльні. Асноўнай падставай, аднак, застаецца галоўная мара Джорджа Буша: імпэрыя! “Якое слова, акрамя як “імпэрыя”, здольнае апісаць той кашмар, у які ператвараецца Амэрыка? — напісаў Майкл Ігнацьеў 5 студзеня ў “The New York Times Magazine”. — Гэта адзіная дзяржава, якая займаецца аховай парадку ўва ўсім сьвеце пры дапамозе пяці глябальных вайсковых груповак, утрымлівае больш за мільён вайскоўцаў на чатырох кантынэнтах, разгортвае групоўкі баявых авіяносцаў, што нясуць варту ўва ўсіх акіянах, гарантуе існаваньне краінаў ад Ізраілю да Паўднёвае Карэі, запраўляе ў сусьветным гандлі і камэрцыі, насяляе сэрцы і думы жыхароў усіх куткоў плянэты сваімі марамі ды прагненьнямі”. |
Як піша Цімаці Гартан Эш у “The New York Review of Books” ад 13 лютага: “ЗША ёсьць цяпер ня толькі адзінай звышдзяржавай — яны сталіся гіпэрдзяржавай, чые вайсковыя выдаткі неўзабаве зраўнуюцца з абаронным бюджэтам наступных 15 найбагацейшых краінаў сьвету разам узятых. ЭЗ не выкарыстоўвае сваёй гаспадарчай моцы (супольны валавы нацыянальны прадукт дзяржаваў — сяброў Зьвязу хутка наблізіцца да ўзроўню амэрыканскага — 10 трыльёнаў даляраў), каб дасягнуць параўнальнай вайсковай альбо дыпляматычнай моцы”. Напэўна, найбольш падрабязнае тлумачэньне яшчэ афіцыйна не прызнанае кампаніі стварэньня імпэрыі дае калюмніст “The Atlanta Journal-Constitution” Джэй Букман у сваёй калёнцы ад 29 верасьня: “Калі распачнецца гэта вайна, яна будзе афіцыйным сьведчаньнем пераходу Злучаных Штатаў у якасьць разьвітай сусьветнай імпэрыі, якая пераймае ўсю адказнасьць і ўладу, выконваючы ролю сусьветнага паліцыянта. Гэта было б кульмінацыяй У 1992-м, праз год пасьля падзеньня Савецкага Саюзу, у Амэрыцы было шмат прыхільнікаў правых ідэяў, брэндавых кансэрватараў, якія адчулі “момант”. Амэрыка магла авалодаць сьветам. Міністэрства абароны склала праект дакумэнту, які, паводле словаў Джэя Букмана, маляваў ЗША ў вобразе “калёса, які пануе над сьветам, навязваючы сваю волю і падтрымліваючы мір у сьвеце пры дапамозе сваёй вайсковай і эканамічнай магутнасьці”. Калі ж зьявіўся канчатковы чарнавік праекту, ён выклікаў столькі крытыкі, што прэзыдэнт Буш-старэйшы пасьпяшаўся адклікаць яго і адрачыся згаданае ідэі. Міністрам абароны ў 1992 годзе быў Рычард Чэйні. Праект дакумэнту быў падрыхтаваны Полам Вулфавіцам, на той час намесьнікам міністра па палітычных пытаньнях. Цяпер Вулфавіц — намесьнік міністра абароны ў падначаленьні Рамсфэльда. За Клінтанам, ад 1992 да 2000-га, аб мары пра сусьветнае панаваньне ня згадвалі. Відаць, менавіта гэта было прычынай сьмяротнае нянавісьці да кіраўніцтва краіны з боку правых усе тыя восем гадоў. Калі б ня Клінтан, Амэрыка магла б кіраваць сьветам. Відавочна, што гэты дакумэнт пад назвай “Праект Новае Амэрыканскае Эры”, чарнавік якога быў распрацаваны ў 1992 годзе, цяпер, пасьля 11 верасьня, стаўся кіраўніцтвам да дзеяньня для ўраду Буша. Брэндавыя кансэрватары трыюмфавалі. Яны маглі шукаць шляхоў да панаваньня над сьветам. Ірак — першы крок, а за ім у агляднай пэрспэктыве маглі б пайсьці ня толькі Іран, Сырыя, Пакістан і Паўночная Карэя, але й Кітай. Вядома, не было б неабходнасьці падпарадкоўваць сабе ўсе гэтыя краіны. Адных досыць было б проста далучыць да сваёй сфэры ўплыву, другіх трэ было б уцягнуць у партнэрства. Можна папросту дасягнуць поўнага ўзаемаразуменьня. Нельга сказаць пра ўваходжаньне Кітаю ў сымбіёзныя адносіны з намі і пры гэтым не правесьці праекцыі на магчымыя прычыны і падставы гэтага. Нельга выключаць, што некаторыя сьветлыя галовы сярод нэакансэрватараў бачаць пэўную небясьпеку ў пэўных тэндэнцыях нашага тэхналягічнага разьвіцьця. |
Наўрад ці справа скончыцца Іракам і Блізкім Усходам. Буйнейшыя невайсковыя небясьпекі ўжо вымалёўваюцца ў будучыні. Вось артыкул Скота А.Баса, зьмешчаны ў “The Boston Globe” напрыканцы студзеня: “Навуковыя дасьледаваньні і навуковы прагрэс амэрыканскіх унівэрсытэтаў у важных галінах навукі, тэхналёгіяў, канструктарскай думкі і матэматыкі значна залежаць ад замежных студэнтаў... Калі такая тэндэнцыя будзе захоўвацца, студэнтаў-амэрыканцаў з навуковымі ступенямі ў згаданых дысцыплінах будзе замала, каб задавальняць нашы эканамічныя, стратэгічныя і тэхналягічныя патрэбы. Прыток маладых амэрыканскіх навукоўцаў і інжынэраў рэзка зьменшыўся. У іншых прамыслова разьвітых краінах нашмат большы адсотак студэнтаў ідзе вучыцца на гэтыя спэцыяльнасьці. Нэакансэрватары, магчыма, яшчэ спадзяюцца закінуць Кітаю прыкладна такі мэсыдж: “Гэй, вы! Вы, кітаёзы, безумоўна, разумныя. Мы гэта ведаем! Вашыя азіяцкія студэнты народжаныя для тэхналёгіяў. Людзі, якія вядуць несвабоднае існаваньне, улюбляюцца ў тэхналёгіі. Яны не атрымліваюць асалодаў ад жыцьця, таму ім такі блізкі кібэрнэтычны сьвет. Тэхналёгіі для іх — свайго роду ідэал. Нам начхаць. Цешцеся сваёй тэхналёгіяй, хай яна будзе вялікай! Але, Кітаю, табе лепей зразумець: за намі вайсковая моц. Найлепшы выбар для цябе — стаць грэцкім рабом для нас, рымлянаў. Мы будзем добра абыходзіцца з табою. Ты будзеш найбольш важнай краінай для нас, выключна важнай. Але не спрабуй скокнуць вышэй галавы. Найлепшае, на што ты можаш увогуле спадзявацца, Кітаю, — гэта зрабіцца нашым грэкам”. У 30-я гады ХХ стагодзьдзя чалавека паважалі, калі ён забясьпечваў свае жыцьцёвыя патрэбы. Вядома, тэрарызм і нестабільнасьць — адваротны бок імпэрыі. Валадары Саудаўскай Арабіі і тыя баяцца сваіх мулаў, здольных падняць тэрарыстаў на барацьбу. А як жа будзе выглядаць мусульманскі сьвет, калі сам Вялікі Шатан запануе над ім, наводзячы на Блізкім Усходзе свае парадкі? Наўрад ці ўрад ня ведае пра магчымыя небясьпекі, таму на вусны просіцца сумны адказ, што Буш і кампанія гатовыя да буйнейшай тэрарыстычнай атакі. Як і да кананады дробных тэрактаў. І ў першым, і ў другім выпадках гэта ўзмоцніць пазыцыі ўраду. Амэрыка зноў згуртуецца вакол яго. Ужо цяпер вядома, што скажа Буш: “Гэтыя слаўныя амэрыканцы загінулі сёньня. Нявінныя ахвяры зла былі вымушаныя праліць сваю кроў. Але мы пераможам, бо мы з Богам”. Пад такім соўсам любая параза стае перамогаю. Аднак дакуль будзе існаваць тэрарызм, датуль будзе існаваць бязьмежны страх, які ён усяляе ў людзкія душы. У часе халоднае вайны палітыку стрымліваньня апраўдвала ня толькі пэрспэктыва згубіць усё, якая пагражала абодвум бакам, але і няўпэўненасьць кожнага з бакоў у тым, ці можна знайсьці чалавека, які б упэўнена націснуў на апакаліптычны чырвоны гузік. У гэтым сэнсе не існавала дзейсных канчатковых плянаў. Як кожная з супэрдзяржаваў магла быць упэўненай у тым, што цалкам надзейны чалавек, якога абралі дзеля націсканьня гузіка, акажацца да канца надзейным, каб зруйнаваць другую палову сьвету? У самы апошні момант яго можа ахапіць цень сумневу. Рукі могуць здрадзіць яму. Але гэта не стасуецца тэрарыста. Калі ён гатовы забіць сябе, ён таксама можа быць гатовы зруйнаваць увесь сьвет. Войны, якія мы вялі да надыходу гэтае новае эры, бывалі жахлівымі, але, прынамсі, заўжды можна было разьлічваць, што яны некалі скончацца. Тэрарызм жа не зацікаўлены ў перамовах. Яму больш даспадобы вайна да пераможнага канца. Але трыюмфаваць тэрарыст ня можа, таму ён ніколі не перастае быць тэрарыстам. Вось сапраўдны вораг, нашмат большы, чым краіны Трэцяга сьвету, якія валодаюць ядравым патэнцыялам. Гэтыя дзяржавы ўсе да адной гатовыя жыць у стане ўзаемнага стрымліваньня з сваімі праціўнікамі і ўрэшце прайсьці да непазьбежнага яго выніку — мірных дамоваў пасьля гадоў ці дзесяцігодзьдзяў пасіўнае канфрантацыі і цяжкіх саступак. Большасьць з таго, што я дагэтуль сказаў, — гэта мастацкая праекцыя майго разуменьня нэакансэрватыўнае мэнтальнасьці, але я згодны з вамі, што рашэньне брэндавых кансэрватараў захапіць Ірак атрымала падтрымку і з боку лібэралаў. Частка лібэральных СМІ — “The New Yorker”, “The Washington Post” і некаторыя сілы ў “The New York Times” — згаджаюцца з сэнатаркамі Хілары Клінтан і Даянай Файнштайн ды сэнатарамі Джо Лібэрманам і Джонам Керы, што мы ўсё ж можам прынесьці дэмакратыю ў Ірак шляхам уварваньня. На старонках “The New York Times” ад 8 лютага Біл Келер памяркоўна ўхваляе магчымыя наступствы вайны, якая, верагодна, пройдзе хутка й пасьпяхова: “Давайце сабе ўявім, што рэжым Садама Хусэйна захістаецца пры першай жа ракетнай атацы. Танкавыя калёны, якія вырушаць з Кувэйту, не пападуць пад абстрэл хімічнымі боегалоўкамі. Амэрыканскія сілы не сутыкнуцца з акцыямі грамадзянскага непадпарадкаваньня. Нават тады перамога ў Іраку ня вырашыць велізарнага пытаньня, якою мы бачым сваю ролю ў сьвеце. Пытаньне застанецца адкрытым. Нашая мэта — падтрымліваць сьвецкую дэмакратыю ці стабільнасьць? Некаторыя, магчыма, уключна з пэўнымі асобамі з кабінэту Буша, могуць запярэчыць, што справа толькі ў раззбраеньні. “Як толькі мы раззброім Ірак, — скажуць яны, — як толькі будзе зьнішчаная садамава Рэспубліканская гвардыя, мы зможам перадаць краіну пад уладу суніцкага генэралітэту і вярнуць войскі дадому |
А мо, спрачаецца Келер, мы ўсё-такі ўсталюем у Іраку сапраўдную дэмакратыю, з чаго будзе мець карысьць увесь Блізкі Ўсход. Узьнікае такое ўражаньне, што гэтыя лібэралы вырашылі, нібыта калі Буша нельга спыніць, да яго варта далучыцца. Антываенная пазыцыя прывяла б да адсутнасьці дэмакратаў ува ўрадавых кабінэтах, што адбілася б на будучыні Іраку. Гэты аргумэнт можа быць падтрыманы зь некаторымі “але”, аднак гэтыя “але” залежаць ад шматлікіх выпадковасьцяў, першая зь якіх — ці будзе вайна хуткай і нежахлівай. Выкарыстоўваецца старая заўвага Біла Клінтана наконт боязі вайсковых умяшаньняў за мяжой: нам, маўляў, удалося пабудаваць дэмакратыю ў Японіі й Нямеччыне, таму мы здатныя пабудаваць яе ў любым іншым месцы. Але ж Японія і Нямеччына былі краінамі з аднародным насельніцтвам і даўно складзенымі нацыямі. Войскі гэтых краінаў несьлі адказнасьць за вайсковыя злачынствы. Як Нямеччына, так і Японія былі амаль цалкам зруйнаваныя, але мелі людзкія рэсурсы і здольнасьці, каб адбудаваць свае гарады. Амэрыканцы, якія працавалі на стварэньне дэмакратыі, былі вэтэранамі рузвэльтаўскага “Новага курсу” і сапраўднымі ідэалістамі, што было ўвогуле характэрна для таго пэрыяду. Ірак жа, наадварот, ніколі ня быў сапраўднай нацыяй. Сканструяваны брытанцамі пасьля першай сусьветнай вайны, ён уяўляў “салянку” з сунітаў, шыітаў, курдаў і туркмэнаў, якія ніколі не давяралі адзін аднаму. У выніку можа ўзьнікнуць сытуацыя, падобная да аўганскай, калі краіну падзеляць між сабой палявыя камандзіры. Ніхто ня можа гарантаваць пабудовы дэмакратыі ў Іраку, але ўсё ж саманадзейнасьць не зьнікае. Здаецца, няма разуменьня таго, што, акрамя рэдкіх выпадкаў, дэмакратыя ніколі не жыве ўнутры нас, каб ёю можна было заразіць іншую краіну адно сілай уласнага жаданьня. Рэальная дэмакратыя ўзрастае з многіх крохкіх індывідуальных чалавечых змаганьняў, якія доўжацца дзесяцігодзьдзямі і нават стагодзьдзямі, каб урэшце стварыць традыцыі. Адзінай абаронай дэмакратыі, у рэшце рэшт, зьяўляюцца традыцыі дэмакратыі. Калі вы ігнаруеце гэтыя каштоўнасьці, вы пачынаеце гуляцца з высакароднай і далікатнай структурай. Няма нічога прыгажэйшага за дэмакратыю. Але нельга гуляцца зь ёю. Нельга ўзяць і завезьці камусьці напаказ вялікую сыстэму дэмакратыі. Гэта жахлівая саманадзейнасьць. Дэмакратыя — рэч шляхетная, таму яна заўжды ў небясьпецы. Сапраўды, шляхетнасьць заўжды ў небясьпецы. Дэмакратыя ня вечная. Натуральнай формай кіраваньня для большасьці людзей, улічваючы агідныя глыбіні чалавечае натуры, зьяўляецца фашызм. Фашызм — больш натуральны стан, чымся дэмакратыя. Рашэньне пачаць экспарт дэмакратыі ў любую, на свой одум, краіну, можа парадаксальна паспрыяць распаўсюджваньню фашызму ў краіне і за яе межамі. Дэмакратыя — шчасьлівы стан, якога дасягаюць толькі тыя краіны, дзе набіраецца дастатковая колькасьць індывідаў, гатовых ня толькі цешыцца свабодай, але й выконваць цяжкую працу тварэньня гэтае свабоды. Патрэба ўва ўсёасяжнай тэорыі можа прывесьці да безьлічы памылак. Магчыма, напрыклад, я цалкам памыляюся наконт глыбінных матываў ураду. Магчыма, ён зацікаўлены не ў Імпэрыі, а ў шчырым выратаваньні сьвету. Мо нейкі Буш і нейкія бушысты сапраўды вераць у гэта. Штонядзелі ў царкве яны вераць у гэта настолькі палымяна, што ў іх на вачах выступаюць сьлёзы. Вядома, гісторыю твораць дзеяньні людзей, а ня іх пачуцьці. Нашыя пачуцьці могуць поўніцца любоўю, а дзеяньні пры гэтым будуць супрацьлеглымі. У людзкой натуры заўжды знойдзецца месца вычварэньню. Дэвід Фрам, які працаваў сьпічрайтэрам Буша (ён прыдумаў фразу “вось зла”), падрабязна распавядае ў кнізе “Правільны чалавек: дзівоснае прэзыдэнцтва Джорджа У.Буша” пра адну сустрэчу ў Авальнай залі ў мінулым верасьні. Прэзыдэнт размаўляў з групай сьвятароў галоўных рэлігійных канфэсіяў і распавёў ім: “Вы ведаеце, у мяне былі праблемы з алькаголем. Я павінен бы цяпер сядзець у бары ў Тэхасе, а не ў Авальнай залі. Толькі з адной прычыны я ў Авальнай залі, а ня ў бары ў Тэхасе, — я знайшоў веру. Я знайшоў Госпада. Я тут дзякуючы сіле малітвы”. Гэта небясьпечная заўвага. К’еркегор першым заўважыў, што мы ня можам з упэўненасьцю ведаць ні тое, куды нашыя малітвы хутчэй за ўсё ідуць, ні тое, ад каго прыходзяць адказы на іх. Якраз тады, калі мы думаем, што набліжаемся да Бога, мы можам аказваць дапамогу д’яблу. “Наша вайна з тэрорам, — кажа Буш, — пачынаецца з Аль-Каіды, але яна ня скончыцца... пакуль на ўсім сьвеце ня будуць знойдзеныя, абясшкоджаныя і зьнішчаныя ўсе тэрарыстычныя групоўкі”. “А што калі Амэрыка ў часе гэтага пасварыцца з усім сьветам?” — пытаецца Эрык Алтэрман у “The Nation”. Боб Вудвард, спасылаючыся на словы аднаго з чыноўнікаў Белага дому, пераказвае словы Буша, зьвернутыя ім да сваіх найбліжэйшых дарадцаў: “У пэўны момант мы можам застацца ў адзіноце. Для мяне гэта нармальна. Мы ж амэрыканцы”. Цяпер стала відавочна, што, калі ў выніку вэта Рады Бясьпекі, плюс усё шырэйшых пратэстаў у сьвеце, плюс частковага супрацоўніцтва Садама з інспэктарамі, пачнецца пэрыяд доўгатэрміновага стрымліваньня, а не вайны, калі Буш будзе вымушаны адмовіцца ад пляну ўварваньня ў Ірак, ён будзе вельмі расчараваны. Бо тады яму зноўку давядзецца застацца сам-насам з усімі невырашальнымі праблемамі! Глыбока ў душы ён можа адчуваць страх, што ў гэтым выпадку ён ня зможа ніякім чынам узьняць маральны дух амэрыканцаў. Дэмакратыя, я хацеў бы паўтарыць, гэта самая шляхетная форма кіраваньня зь вядомых нам, і прыйшла пара запытацца ў саміх сябе, ці гатовыя мы пакутаваць або нават загінуць за яе, замест таго каб рыхтаваць сябе да нікчэмнага жыцьця ў грандыёзнай бананавай рэспубліцы з урадам — папіхачом мэгакарпарацыяў, якія сваёй слановай фанабэрыяй старанна разбураюць нашы мары.
Пераклаў з ангельскай зь невялікімі скаротамі
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (26) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Элы Мацьвіенкі |