A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (26) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
НЕРЫЮС ПРЭКЯВІЧУС | |||||
|
Нерыюс Прэкявічус |
(нар. 1975 у Каўнасе) — палітоляг. Скончыў Каўнаскі ўнівэрсытэт імя Вітаўта Вялікага. Выкладае паліталёгію ўва ўнівэрсытэце Паўднёвага Стакгольму. * З іроніі лёсу, палітыка Беларусі — непасрэднай суседкі Літвы — знаходзіцца даволі далёка ад сферы маіх даследчыцкіх інтарэсаў. Да напісання гэтага артыкулу мяне падахвоціў калега, паказаўшы прамову прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі на семінары па ўдасканаленні ідэалагічнай працы 27 сакавіка 2003 году. |
Прамова поўніцца намёкамі на пагрозу звонку. Гэтая пагроза бачыцца ў культурным уплыве Захаду і ў прывабнасці заходняга ладу жыцця, які звязваецца з жорсткасцю і вычварэннямі. Прысутнічае таксама адчуванне прамой пагрозы з боку Захаду (“впору говорить о “либеральном терроре”) і “лібералізаванай” Расіі (галоўным чынам, яе бізнес-інтарэсаў). Урывак пра Ірак, як падаецца, найлепш перадае гэтую трывогу. Прэзідэнт падкрэслівае магчымую небяспеку (“и мы будем втянуты в эту войну”) і абараняе (хоць, здавалася б, без дай прычыны) беларуска-іракскія адносіны (“мы не нарушили международное право, ни один закон, ни одну резолюцию”). Ідэалогія разглядаецца як сродак выпрацоўкі імунітэту супраць уплываў звонку, да таго ж, мэтаскіраваная інфармацыйная дзейнасць можа таксама палепшыць імідж Беларусі на міжнароднай арэне. Унутраная пагроза разглядаецца як не менш небяспечная. Небяспеку для цяперашняга ўраду ўяўляе пранікненне апазіцыянераў у дзяржаўныя ўстановы, страта падтрымкі ўладаў сярод моладзі або яе пасіўнасць, як у савецкія часы. Інтэлектуалы і творчыя асобы разглядаюцца як ідэалагічна ненадзейныя. Паводле А.Лукашэнкі, прафсаюзы замест таго, каб займацца сваімі непасрэднымі справамі, уцягнуліся ў палітыканства. Усе гэтыя ўнутраныя праблемы аб’яднаныя ў прамове супольным матывам ідэалагічных недапрацовак. Таму падзенне папулярнасці нізкаякасных дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі (“жанровая и тематическая бедность”) у спалучэнні з пранікненнем у Беларусь расійскіх медыяў успрымаецца як сур’ёзная пагроза. Асаблівая ўвага надаецца таксама афіцыйнаму замацаванню ролі прэзідэнта ў якасці “бацькі-заснавальніка” і закладанню ягонай доўгатэрміновай спадчыны. Пра гэта гаворыцца надзвычай разгорнута. А.Лукашэнка разумее, што адных выбарчых кампаній для падтрымкі аўтарытэту дзяржаўных установаў недастаткова. Прэзідэнт адмовіўся ад ідэі выдаць сваю кнігу або збор артыкулаў, але ягоная прапанова — падручнік па ідэалогіі — досыць падобная да гэтай ідэі, бо большасць тэкстаў, якія маюць быць уключаныя ў падручнік (перадвыбарныя праграмы, прэзідэнцкія прамовы, законы), былі створаныя самім А.Лукашэнкам. У цэлым складаецца ўражанне, што новы праект пабудовы дзяржаўнай ідэалогіі прадыктаваны досыць кароткатэрміновымі інтарэсамі. Задача стварэння доўгатэрміновае спадчыны першага прэзідэнта Беларусі не падаецца важнай з наступных прычынаў. Агульная структура дзяржаўных інстытутаў, распісаная ў наступных раздзелах прамовы, не забяспечвае палітычнай пераемнасці. Становішча існых інстытутаў улады выглядае няпэўным нават на цяперашні час, таму іх выжыванне ў будучыні яшчэ больш сумнеўнае. Сістэма моцна залежыць ад цяперашняга прэзідэнта, і прамова не ўтрымлівае ніякай інфармацыі пра магчымых пераемнікаў. Больш таго, прамова не ўказвае на факт існавання інстытутаў улады, здольных да незалежных дзеянняў у выпадку адстаўкі цяперашняга прэзідэнта. Падсумоўваючы сказанае, задача стварэння спадчыны падаецца хутчэй рытарычнай, чым разлічанай на рэалізацыю. |
Гэта дае мне магчымасць зрабіць выснову, што прэзідэнт заклапочаны пераважна бягучымі ўнутранымі праблемамі. Замежная пагроза, нягледзячы на важнасць, якая ёй надаецца ў прамове, не можа быць рэалізавана без пэўнай падтрымкі знутры краіны. У адваротным выпадку ўмяшальніцтва каштавала б занадта дорага (улічваючы адсутнасць у Беларусі значных рэсурсаў). Такім чынам, усе меры, заяўленыя ў прамове, павінны, як мяркуецца, аднавіць саслабелы за апошні час уплыў дзяржавы на разнастайныя каналы інфармавання насельніцтва. Бо ў выпадку дэзінтэграцыі ўсёй цяперашняй унутранай апазіцыі не будзе як ажыццяўляць непасрэдную пагрозу з-за мяжы. Што для А.Лукашэнкі з’яўляецца асноўнай функцыяй ідэалогіі? Даволі ясна, што прэзідэнта не хвалюе палітычная мабілізацыя насельніцтва, што ён імкнецца да змяншэння палітычнай актыўнасці ў грамадстве (“некоторые профсоюзные лидеры по-прежнему занимаются политикой”). Больш таго, дзяржаўная ідэалогія разглядаецца як абарончая абалонка палітычнай сістэмы, у той час як унутранай мэтай ураду з’яўляецца эфектыўнае кіраванне (“Десять лет прожили, власть эффективно работает, стараемся и так далее”). Такім чынам, накшталт як першая сусветная вайна мела пакласці канец усім войнам, гэтаксама новая дзяржаўная ідэалогія ствараецца з асноўнай мэтай скончыць усе ідэалагічныя дыскусіі ў беларускім грамадстве. |
Пошук новых установак Прамова поўніцца спасылкамі на савецкае мінулае. Адметна, што некаторыя з гэтых заўваг маюць асабісты характар (напрыклад, урывак, прысвечаны савецкім сімвалам у школах). Савецкая мінуўшчына разглядаецца як неадлучная частка беларускай гісторыі, “наша” (беларуская?) ідэалогія атаясамліваецца з савецкай ідэалогіяй. Не дзіва, што марксізм-ленінізм прадстаўлены як галоўны кампанент новай беларускай дзяржаўнай ідэалогіі. Адначасова кансерватызм выяўлены ў асноўным як ідэалогія супрацьстаяння сацыяльным зменам, а лібералізм асацыюецца з эксплуатацыяй. Тры асноўныя ідэалагічныя дыскурсы ацэньваюцца ў прамове па-рознаму. Сацыялізм тлумачыцца ў асноўным праз ягоную савецкую форму, што прывязвае новую беларускую ідэалогію да савецкай сістэмы. Кансерватызм, як яго прадстаўляе прамова прэзідэнта, звязваецца з традыцыйнымі каштоўнасцямі аграрнага грамадства і характарызуецца недахопам інтэлектуальнай глыбіні. Лібералізм выкарыстоўваецца толькі як сродак заахвочвання да большай самастойнасці і спадзявання на ўласныя сілы. Што яшчэ цікавей, усе гэтыя ідэалагічныя пункты гледжання вырваныя з кантэксту і не стасуюцца паміж сабой. Пытанне нацыянальнай тоеснасці таксама складанае. Прысутнічае некалькі спасылак на арганічную канцэпцыю дзяржавы — ідэалагічны імунітэт, родная ідэалагічная глеба, каштоўнасці, што паўсталі ў працэсе натуральнага адбору. Узаемадачыненні паміж дзяржавай і народам апісваюцца ў патэрналістычных тэрмінах (“социальная опека и уважительные отношения”). З іншага боку, нацыяналізм асуджаецца як адзін з фактараў разбурэння Савецкага Саюзу, і А.Лукашэнка мяркуе, што гісторыі Беларусі надаецца зашмат увагі. Наступная загадка — гэта цывілізацыйная прызма, праз якую прэзідэнт глядзіць на беларускую дзяржаву і грамадства. А.Лукашэнка акрэслівае заходнюю цывілізацыю як чужую і агрэсіўную ды супрацьпастаўляе ёй “усходнееўразійскую”, “усходнеславянскую”, або “ўсходнееўрапейскую” цывілізацыю. Прэзідэнт бачыць у Беларусі бастыён “усходнееўразійскай цывілізацыі”, якая можа таксама атаясамлівацца з краінамі былога Савецкага Саюзу (“нашего постсоветского пространства”). Ён падкрэслівае супольнасць славянскіх каранёў з Расіяй і Ўкраінай ды ганарыцца сваёй ідэяй увесці расійскую ў якасці другой дзяржаўнай мовы, дарма што цяперашні расійскі культурны ўплыў характарызуе ў адмоўных тэрмінах. Эканамічныя праблемы таксама далёка не вырашаныя. Паводле беларускага прэзідэнта, дзяржава павінна выступаць у першую чаргу ў якасці гаранта стабільнасці, а не крыніцы матэрыяльнага дабрабыту. Іншымі словамі, за матэрыяльны дабрабыт людзей адказвае не дзяржава, а ў першую чаргу самі людзі. Прысутнічаюць таксама намёкі на будучую прыватызацыю (“случится так, что государственной доли не будет”). Аднак ідэя спадзявання людзей толькі на свае сілы не прымаецца безагаворачна. Беларуская эканамічная мадэль акрэслена таксама як сацыяльна арыентаваная рыначная эканоміка з прэваліраваннем канкурэнцыі (“идеи конкуренции”) і роўнымі магчымасцямі для дзяржаўнага і прыватнага сектараў, што ў агульных рысах нагадвае “шведскую мадэль”. Можна таксама знайсці выказванні пра сацыяльную справядлівасць і дзяржаўную апеку. Акрамя таго, права прыватнай уласнасці на зямлю разглядаецца як неўласцівае Беларусі, а прыватныя СМІ рызыкуюць сутыкнуцца з непрыхільнасцю дзяржавы. І што вельмі паказальна, заяўлены кампраміс паміж незалежнасцю і дабрабытам, як і ўвядзенне ідэолагаў ва ўсе арганізацыі (як дзяржаўныя, так і прыватныя), ускосна сведчыць пра тое, што ўсё гэта робіцца з палітычных меркаванняў. |
Як можна зразумець гэты шэраг супярэчнасцяў? Прапаную вярнуцца да магчымых выгадаў стварэння новай дзяржаўнай ідэалогіі. Паколькі галоўнай мэтай, у маім разуменні, з’яўляецца не мабілізацыя беларускага грамадства, а заахвочванне ў ім вернападданасці і паніжэння ўзроўню запытаў, няма неабходнасці ў паслядоўнай ідэалагічнай сістэме. Прэзідэнт адбірае ідэалагічныя сцверджанні, якія адпавядаюць падставовым мэтам. Савецкі ідэалагічны кампанент, добра знаёмы тутэйшаму насельніцтву, забяспечвае шмат каму з беларусаў пачуццё стабільнасці. Кансерватыўны і ліберальны кампаненты, пры ўмове поспеху ўладаў, мусяць дыстанцыяваць грамадзян ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці. Падобныя сцверджанні можна выказаць і пра нацыянальную тоеснасць. Хоць ідэя беларускай выключнасці павінна засцерагчы ад замежнага ўплыву, А.Лукашэнка не звяртаецца да агрэсіўнага нацыяналізму. Адной з прычынаў тут можа быць тое, што гэткі нацыяналізм безумоўна прывёў бы да замежнага ўплыву. Не ведаю, наколькі сведамым было рашэнне выкарыстоўваць паняцце ўсходнееўразійскай цывілізацыі, але яго можна назваць удалым для прэзідэнта. З аднаго боку, паняцце цывілізацыі не акрэслена дакладна і не звязваецца з праблемамі этнічнай прыналежнасці, так што яно не можа быць перанятае і эфектыўна выкарыстанае патэнцыйнымі супернікамі з шэрагаў палітычнай эліты. З іншага боку, гэтая ідэя можа паслужыць апраўданнем эканамічным праблемам краіны і яе нестандартнай замежнай палітыцы. Такім чынам, праблема беларускай нацыянальнай тоеснасці пакідаецца ў замарожаным стане. Калі казаць пра эканамічную палітыку, я б адзначыў прысутнасць дзвюх супярэчных мэтаў. З аднаго боку, прэзідэнт яўна заклапочаны зніжэннем эканамічных паказчыкаў і разглядае канкурэнцыю як магчымы сродак іх паляпшэння. Інакш зніжэнне ўзроўню жыцця можа прывесці да зніжэння падтрымкі ўраду як сярод насельніцтва, так і сярод чынавенства. З іншага боку, развіццё рыначнай эканомікі яшчэ больш павялічыць няроўнасць у грамадстве, выклікаючы незадаволенасць ніжэйшых класаў. Больш таго, замежныя інвестары і новы клас прадпрымальнікаў будуць імкнуцца да большага палітычнага ўплыву і ў ходзе гэтага могуць поўнасцю “скупіць” урадоўцаў. Таму А.Лукашэнка спрабуе знайсці нейкае прамежкавае рашэнне; будучыня пакажа, ці дасць яно плён. |
Імідж дзяржаўных установаў Прамова дае чытачу магчымасць у значнай ступені зразумець наяўную і патэнцыйную структуру дзяржаўнай улады ў Беларусі. А.Лукашэнка разгортвае свае погляды на грамадзянскую супольнасць і размяркоўвае задачы між дзяржаўнымі органамі (пераважна ў другой палове прамовы). Такім чынам, мы атрымліваем інфармацыю пра тыповыя ўзоры ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі інстытутамі, якую можна прыблізна паказаць у выглядзе трох’яруснай схемы. Верхні ярус складаецца з адной асобы — самога прэзідэнта. У прамове ён прадстаўлены як галоўны спецыяліст, што прымае рашэнні і асабіста займаецца гэткімі разнастайнымі справамі, як, напрыклад, павышэнне якасці школьных падручнікаў, выбар тэм для кінафільмаў, удасканальванне зместу раённых газет. Ён таксама размяркоўвае абавязкі паміж дзяржаўнымі органамі, што ў канчатковым выніку прадугледжвае таксама неабходнасць вырашаць спрэчкі паміж імі. Другі ярус складаецца з дзяржаўнага чынавенства, якое знаходзіцца пад непасрэдным кантролем прэзідэнта і займаецца ажыццяўленнем ягонай палітыкі на практыцы. Гарызантальныя адносіны паміж асобнымі інстытутамі, як падаецца, вызначаюцца ў кожным канкрэтным выпадку самім А.Лукашэнкам. Адміністрацыя прэзідэнта адыгрывае большую ролю, чым іншыя часткі бюракратыі, аднак яна не перашкаджае прамому ўмяшальніцтву прэзідэнта ў іншыя ведамствы. Армія і служба бяспекі згадваюцца (як правіла, з вялікай пашанай) асобна ад прэзідэнцкай адміністрацыі; апошняя можа толькі “прасіць” (“задействуйте их, попросите”) іх дапамогі, а не дзейнічаць разам з імі. У ідэале беларускае чынавенства павінна было б складаць элітны корпус, адданы дзяржаўнай ідэалогіі, а дзяржаўная сістэма адукацыі — быць часткай гэтага корпусу (“вмонтированными в эту систему власти”). Паводле А.Лукашэнкі, нелаяльнасць да ўлады раўназначная нізкаму прафесіяналізму. Трэці ярус змяшчае грамадзянскую супольнасць, як яна прадстаўлена ў прамове, і палітычна рэлевантныя групы інтарэсаў. Прамова ўказвае на жаданне кантраляваць іх з дапамогай адпаведных міністэрстваў. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі даручаецца Міністэрству адукацыі, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — Міністэрству прамысловасці. Неабходна заўважыць, што абедзве арганізацыі маюць парасонавую структуру з тэндэнцыяй да цэнтралізацыі. СМІ (кантраляваныя Міністэрствам інфармацыі) разглядаюцца, з аднаго боку, як завада для ідэалогіі, а з другога, як магутны сродак уздзеяння (“журналистика — профессия государственная”). Расійская праваслаўная царква застаецца па-за зонай прамога дзяржаўнага ўплыву, што можа растлумачыць неадназначнае стаўленне да яе прэзідэнта. Іншая цікавая рыса — публічнае адмаўленне ўсялякай палітычнай ролі недзяржаўных арганізацый. |
Механізм палітычнае пераемнасці адсутнічае Гэтая схема ажыццяўляецца пакуль толькі часткова, яе дэталі можна аспрэчваць, але галоўныя ідэалы падаюцца дастаткова яснымі. Калектыўнаму лідэрству ў савецкім стылі, з ягонымі складанымі працэдурамі кааптацыі і рэпрэзентацыі, прыходзіць на змену сістэма, якая характарызуецца індывідуальным лідэрствам і дзяржаўна-карпаратыўнымі элементамі. Стасункі паміж прэзідэнтам і высокімі чыноўнікамі будуюцца на асабістых адносінах (да апошніх Лукашэнка звяртаецца па імёнах). Ствараецца таксама ўражанне частых перамяшчэнняў у асяроддзі дзяржаўных чыноўнікаў — у прамове згадваецца шмат новых прызначэнняў. Цалкам лагічна, што не існуе палітычнай арганізацыі (партыі або руху), якая б яднала гэтую сістэму ў адно цэлае — ідэалагічная праца даручаецца ў асноўным чыноўнікам. У такой сістэме ёсць як выгадныя, так і нявыгадныя для цяперашняй улады аспекты. З аднаго боку, шанцы на ўзнікненне больш ці менш сур’ёзнае плыні незадаволеных унутры палітычных вярхоў мізэрныя. Палітыка спрыяння пасіўнасці насельніцтва аслабляе арганізаваную апазіцыю ўнутры грамадства. З іншага боку, сістэма не гарантуе належнай палітычнай пераемнасці і перадачы ўлады. Змена рэжыму ў гэтым выпадку можа прывесці краіну да палітычнага і сацыяльнага хаосу. Прамова А.Лукашэнкі выразна выявіла погляды, уласцівыя цяперашнім беларускім уладам. Тым не менш, яна не азначае нейкае фундаментальнае навіны ў прэзідэнцкай палітыцы. Ашаламляльных інавацый няма, прамова з’яўляецца проста спробай сістэматызаваць стратэгіі, якія ўжо выкарыстоўваліся раней. Пераклала з ангельскай
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (26) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |