A R C H E П а ч а т а к № 3 (26) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32003
» да Зьместу «

 


Pax Americana
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


архіў

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ
(112Kb) Вокладка ARCHE 3-2003. Pax Americana. Малюнак Адама Глобуса.

   Мінулыя нумары:

   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Анатоль Сідарэвіч
 
 
Дзе другі рукапісны
зборнік вершаў
Лясное Кветкі?


У 1992 годзе ў Лёндане выйшла кніжачка Ларысы Геніюш “Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг.”. У ёй зьмешчаны 41 твор паэткі. Сам рукапісны зборнік захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны.

Асобныя вершы з гэтага зборніка былі перадрукаваныя ў пазьнейшых выданьнях твораў паэткі: “Выбраныя вершы” (укладаньне Міколы Раманоўскага, Менск, 1997); “Выбраныя творы” (укладаньне Міхася Скоблы, Менск, 2000). У камэнтарах да вершаў са зборніка “Выбраныя творы” М.Скобла піша, што шаснаццаць вершаў, пачынаючы з “Кусочка неба”, друкуюцца паводле лёнданскага выданьня, “дзе былі апублікаваны ўпершыню”. Пазьней сам камэнтатар меў магчымасьць пераканацца ў тым, што ягоная інфармацыя няслушная: некаторыя вершы, надрукаваныя ў лёнданскім зборніку, упершыню ўбачылі сьвет на 43—39 гадоў раней.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пагартаць часопіс “Баявая Ўскалось” (№1, ліпень 1949 г.; №2, сьнежань 1949 г.; №3, люты 1950 г.) і кнігу д-ра Янкі Запрудніка “Дванаццатка”1, у якой пададзены зьмест усіх нумароў часопісу “Наперад!” і перадрукаваныя творы, зьмешчаныя ў ім. І ў “Баявой Ускалосі”, і ў часопісе “Наперад!” (у 1953-м) мы сустракаем вершы Лясное Кветкі (псэўданім Л.Геніюш).

Для зручнасьці я паказваю ў табліцы, якія творы былі зьмешчаныя ў “Баявой Ускалосі” (БУ), часопісе “Наперад!” (Н), лёнданскім зборніку (Лнд) і кнізе, укладзенай М.Скоблам (ВТ).
 

Загаловак верша
 
    БУ    
 
    Н    
 
    Лнд    
 
    ВТ    
 
“Зямля”№1++
“Пяць сыноў”№1
“На прадзедаў зямлі”№1
“Кліч Пагоні”№2
“Ідзі супраць долі”2№2+
“Кір”№3№26++
“Заўчора”3№3+
“Яшчэ ня час”№25+
“Удар”№25++
“Чужыя хвоі”№25++
“У асеньні дзень”№26++
“Вецер гойдае”№26+

 

— філёзаф, літаратуразнаўца. Сталы аўтар «ARCHE». Апошняя публікацыя ў часопісе — артыкул “Правобраз Акту 25 Сакавіка” (ARCHE, №2-2003).










































1 Запруднік Я. Дванаццатка: Дакумэнтальная аповесьць пра дванаццацёх беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі й Бэльгіі (1946—1954). Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2002.












2 “Ідзі супраць долі” — гэты верш надрукаваны ў ВТ пад загалоўкам “***Іду супраць волі свае нецьвяроза...”

3 “Заўчора” — гэты верш надрукаваны ў Лнд пад загалоўкам “Заўтра”.
   

Як бачым, у двух эмігранцкіх часопісах былі зьмешчаны 12 вершаў паэткі, якая знаходзілася ў гэты час за калючым дротам. У “Баявой Ускалосі” (№2) паведамлялася: “Гэтыя вершы “Б.У.” атрымала апошнім часам немаркаванай поштай з-за “зялезнай заслоны”, дзе нашыя браты вядуць несупынна барацьбу з акупантам”. Часопіс “Наперад!” паведамляў чытачам, што ён друкуе “вершы з Бацькаўшчыны”.

Творы, зьмешчаныя ў №1 “Баявое Ўскалосі”, датаваныя 1947 годам, пад творамі ў №2 даты няма, а пад вершам “Кір” (№3) пазначана: “Конц. Маскоўшчыны, 1949” (скарот “конц.” расшыфроўваецца як канцлягер). Пад яшчэ адным вершам у тым самым нумары — “Заўчора” (у лёнданскім зборніку — “Заўтра”) — стаіць: “Конц. на Ўрале, зіма 1949 г.”. Ведама, гэтыя дзьве даты адразу ж спараджалі недавер: як тыя вершы маглі трапіць з канцлягеру за межы СССР? Пытаньне пра час напісаньня “ўскалосеўскіх” і “наперадаўскіх” вершаў разьвязалася з выхадам лёнданскага выданьня — гаворка ідзе пра рукапісны зборнік Л.Геніюш 1945—1947 гадоў.

У лёнданскім выданьні таго самага зборніка рукапісаў чамусьці не пазначана, калі той ці іншы твор апублікаваны ўпершыню. Цяпер мы можам сказаць, што прынамсі восем вершаў убачылі сьвет у 1949—1953 гадох. Але па-за лёнданскім выданьнем апынуліся яшчэ чатыры вершы, апублікаваныя ў “Баявой Ускалосі”. Гэты факт прымушае нас прызнаць слушнасьць рэдактарскае нататкі пра Лясную Кветку ў канцы першага нумару “Баявое Ўскалосі”. У той нататцы — на старонцы “Нашы аўтары” — чытаем: “Лясная Кветка — здольная паэтэса. Мае зборнік друкам і два зборнікі, падрыхтаваныя да друку”. “Зборнік друкам” — гэта кніжка “Ад родных ніў” (1942). Адзін із зборнікаў, падрыхтаваных да друку, выйшаў у 1992 годзе. Паўстае пытаньне: а дзе другі рукапісны зборнік?

Ёсьць таксама і іншае пытаньне: адкуль рэдактару “Баявое Ўскалосі” было ведама, што паэтка падрыхтавала да друку два зборнікі? Хочацца даведацца яшчэ наступнае: як і ад каго творы Лясное Кветкі трапілі ў рэдакцыі часопісаў “Баявая Ўскалось” і “Наперад!”? І апошняя пара пытаньняў: як і ад каго адзін з двух рукапісных зборнікаў трапіў у Бібліятэку імя Ф.Скарыны? (У прадмове да лёнданскага зборніка праф. Арнольд Макмілін піша, што рукапіс апынуўся ў распараджэньні бібліятэкі ў 1988 годзе, аднак не называе яго ранейшага ўладальніка.)

Ёсьць чатыры магчымыя шляхі пошуку адказаў на пастаўленыя пытаньні.

Першы: зборнікі Л.Геніюш перад яе арыштам трапілі на Захад дзякуючы камусьці зь беларусаў, якія ўцякалі з Чэхаславаччыны перад ці адразу пасьля камуністычнага перавароту. Гэты “хтосьці” мог перадаць вершы ў рэдакцыі часопісаў “Баявая Ўскалось” і “Наперад!”.
 

 
   

Другі магчымы варыянт: зборнікі трапілі на Захад праз брытанскага падданага Сыднэя Аларда — прыяцеля брата паэткі Аляксея Міклашэвіча, які па вайне жыў у Вялікай Брытаніі. Ва ўсякім разе вядома, што Л.Геніюш пасылала брату “пачатак свае кніжкі” зь вершамі пра Беларусь4.

Трэці варыянт: імаверна, што пра два рукапісныя зборнікі Лясное Кветкі ведаў Часлаў Найдзюк. Наконт гэтага маецца падказка ў камэнтары да вершу “Іду супраць долі свае нецьвяроза...” (у “Баявой Ускалосі” — “Ідзі супраць долі”). У камэнтарох да кнігі выбраных твораў М.Скобла піша, што верш друкуецца “паводле аўтографа, перададзенага ўкладальніку Янкам Запруднікам”. Далей адзначаецца, што пасьля тэксту вершу, датаванага 17 ліпеня 1947 году і падпісанага крыптонімам Л.Г., “ідзе напісаны паэткай ліст да Часлава Найдзюка”. З гэтых інфармацыяў можна зрабіць выснову, што перад самым камуністычным пераваротам у Чэхаславаччыне або адразу пасьля яго Л.Геніюш магла пераслаць свае рукапісныя зборнікі на Захад, дзе тады жыў Ч.Найдзюк. Найдзюк, які ня мог ня ведаць С.Хмару, мог пераслаць рэдактару “Баявое Ўскалосі” копіі сямі вершаў. Ня выключана, што яшчэ адзін верш з другога зборніка (“Непасланаму”5, надрукаваны ў 1948 годзе ў часопісе “Сакавік”), у рэдакцыю таксама перадаў Ч.Найдзюк.

Чацьвёрты варыянт: зборнікі Л.Геніюш пасьля яе арышту перахоўваліся ў Чэхіі. Пра гэта ўскосна паведамляецца ў лісьце паэткі да Міколы Прашковіча6. У тым лісьце паведамляецца што ў 1963 годзе людзі зь Менску выйшлі на знаёмцаў Геніюшаў у Празе і, пакінуўшы расьпіскі (“паквітаваньні”), забралі ў іх каштоўныя дакумэнты, рэчы й вершы паэткі. У ліку рэквізаваных твораў Л.Геніюш называла сваю паэму пра Рагнеду. Ня выключана, што тады быў рэквізаваны другі рукапісны зборнік вершаў і што гэта ён значыўся ў каталёгу асабістае бібліятэкі палкоўніка КДБ А.Даніліка пад загалоўкам “Зь неапублікаванага” і ацэньваўся ім у адзін савецкі рубель. Картку з таго каталёгу бачыў М.Скобла, але пабачыць сам зборнік яму не ўдалося: недзе зьнік. З усяго гэтага можна таксама зрабіць выснову, што адзін зборнік (мы назвалі яго першым) у Чэхіі ацалеў і ў 1988 годзе трапіў у Бібліятэку імя Ф.Скарыны.

Калі рукапісныя зборнікі Л.Геніюш перахоўваліся ў Чэхіі, апраўданаю ўяўляецца прыпіска ад рэдакцыі “Баявое Ўскалосі” пра тое, што яна атрымала вершы Л.Геніюш з-за “зялезнай заслоны”. Але й тут паўстае пытаньне: ці мог той праскі захавальнік рукапісных зборнікаў высылаць копіі вершаў Л.Геніюш на Захад, у беларускія часопісы? Якім чынам гэтыя творы апынуліся ў рэдакцыі часопісу “Наперад!” і былі апублікаваныя як “вершы з Бацькаўшчыны”, верагодна, здолеюць паведаміць нам ягоныя аўтары й рэдактары Янка Запруднік, Паўла Урбан ды Васіль Шчэцька. А як першы рукапісны зборнік Л.Геніюш апынуўся ў Лёндане, мабыць, падкажа нам а. Аляксандар Надсан.

Сяньня ж відавочна, што перад тымі, хто дасьледуе жыцьцёвы і творчы шлях Л.Геніюш, стаіць даволі складаная праблема. Гэта — без уліку таго, што па ўсім сьвеце (у Эўропе, Амэрыцы, Аўстраліі) раскіданыя лісты паэткі зь ейнымі вершамі.
 

 





4 Л. Геніюш. Выбраныя творы. Менск: “Беларускі кнігазбор”, 2000. С.341.
























5 Гэты верш надрукаваны ў ВТ.







6 Л.Геніюш. Выбраныя творы. С.511—513.
   

А пакуль дасьледнікі будуць шукаць адказы на пастаўленыя пытаньні, прапаную чытачам вершы Лясное Кветкі, апублікаваныя ў “Баявой Ускалосі” і з таго часу нідзе не друкаваныя. Вершы, магчыма, з таго, зьніклага, другога рукапіснага зборніка.

 

Ларыса Геніюш

Пяць сыноў

Абліччам сьляза за сьлязою цячэ,
На вузкіх кроснах маці кужаль тчэ.
За акном гудуць вятры шумныя,
Тканьне цяжкае, думы думныя...
Было сакалоў-сыноў калісь пяць.
Было на каго старой маці ткаць,
А цяпер, ткучы, агартае жаль —
Чатырох ужо ў зямлі ляжаць.
— Той старэйшы быў надта вучаны,
Бараніць хацеў край замучаны.
Але сьмеламу быў падцяты лёт,
Без пары сынок пад сасонку лёг...
Тым шляхом яго, крывёй вышытым,
Долю здабываць пайшлі іншыя.
Усё ж народнага гора не змаглі,
На грудзёх зямлі, як дубы, ляглі,
Не заручаны, не жанатыя,
У барацьбе сьвятой рана сьцятыя.
І чацьвёртага павялі на ўсход,
Жаль крышыці дзесь аб сібірскі лёд.
— Можа, матчына пража зрэбная
Ўжо няшчаснаму й непатрэбная...
Калісь сыноў-сакалоў было пяць,
Было на каго старой маці ткаць...
А цяпер з усіх жыў усяго адзін,
Сьвежы, як раса, наймалодшы сын.
Дзіўны кліч з гары да яго прыйшоў —
Адляцеў шляхом сакалоў-братоў
Бараніці край, варагоў спыняць,
За народ за свой галаву аддаць...
— Матуля, ня плач. Трэба хутка ткаць,
Няма сыну чым раны завязаць.
Голаў пахіліў на руках сяброў,
Расьсяваючы на палоскі кроў.
Енку не чутно, хоць і боль у грудзёх,
Толькі дзесь шуміць горда родны сьцяг,
Уздымаецца ўсьцяж вышэй угару,
А пад ім устае Маці Беларусь.

 

На прадзедаў зямлі

Мы ў родную ральлю
ўрасьлі душы карэньнем,
стаім, як мур,
на прадзедаў зямлі.
Нам хмары сонца
не закрыюць ценем,
так будзем жыць,
як калісьць жылі.

Расстаўся ўжо адчай
з страхою саламянай,
супольна сочым усе
за хмараў чарадой.
Мір’ядамі лучын
гарыць ужо змаганьне.
На варце — з мук
народжаны герой.

 

Кліч Пагоні

Вы песьняў цікавейшых хочаце, ірдзівых,
у якіх ня ўняць красы і ня ўглыбіць дна;
вы новых хочаце мастацкіх пераліваў,
якіх людзкому сэрцу не абняць.

Ня дам вам іх. Ня ўмею болей слухаць
і водгульле лавіць з туманаў небыцьця
ды зьліцца зь ім у паднеб’і творчым духам
ня ўмею больш, бо прада мною сьцяг.

Здаецца мне: на аксамітных гонях
ля беламурых мест у тумане
празь пену хмар ляціць стралой Пагоня,
а мужны рыцар кліча і мяне.

Лепш голаў буйную за волю нам пакласьці,
душу чым гордую ў няволі загубіць.
Каб сонцам заўтра нам сьмяялась шчасьце,
Радзіму сяньня   в ы й ш л і  бараніць.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (26) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн mk   Майстраваньне Элы Мацьвіенкі
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/07/05