A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (26) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ВІТАЛЬ СІЛІЦКІ | |||||
|
Віталь Сіліцкі
|
(нар. у 1972 у Менску) — палітоляг. Дацэнт катэдры эканомікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. 1 Juan J. Linz and Alfred Stepan. Problems of Democratic Transition and Consolidation: Southern Europe, Latin America, and Post-Communist Europe. Baltimore: Johns Hopkins University Press, 1996. P.38. 2 Barbara Geddes. What do We Know About Democratization after Twenty Years? // Annual Review of Political Science. Vol.2 1998. P.121. 3 David Marples. Belarus: A Denationalized Nation. Harwood Academic Publishers, 1999. 4 Гл.: Kathleen Mikhalisko. Belarus: A Return to Authoritarianism // Democratic Changes and Authoritarian Reactions in Russia, Ukraine, Belarus, and Moldova / Ed.Karen Dawisha and Bruce Parrot. Cambridge: Cambridge University Press, 1998; Stephen Eke, Taras Kuzio. Sultanism in Eastern Europe: Explaining the Roots of Authoritarian Populism in Belarus // Europe-Asia Studies. Vol.52, no.34. 2000. P.523—537. |
Гэтая праца мае тры мэты. Першая мэта — растлумачыць прычыны, з якіх посткамуністычныя аўтарытарныя рэжымы ўзнікаюць як больш жыццяздольная альтэрнатыва дэмакратыі, выжываюць на працягу даволі доўгага часу, нягледзячы на эканамічны заняпад і моцны ціск звонку, і ўрэшце знікаюць ці трансфармуюцца. Другая мэта — больш тэарэтычная. Я паспрабую прааналізаваць, як наяўныя тэорыі трансфармацыі палітычных рэжымаў пасуюць да вывучэння ўзнятай праблематыкі і якія існуюць магчымасці для канцэптуальнай і тэарэтычнай інавацыі ў гэтай галіне. Трэцяя мэта — на падставе вопыту Сербіі я паспрабую прааналізаваць магчымыя сцэнары палітычнай трансфармацыі Беларусі ў будучым. Даследаванні посткамуністычнай трансфармацыі ў сваёй бальшыні канцэнтруюцца на праблематыцы дэмакратыі і робяць акцэнт на аналізе чыннікаў, якія спрыяюць яе выжывальнасці і кансалідацыі. Нават калі стала зразумелым, што толькі меншасць з былых камуністычных краінаў пасля доўгага перыяду трансфармацыі адпавядаюць крытэрам заходняй ліберальнай дэмакратыі5, “дэмакратызацыйны стэрэатып” усё роўна пераважаў — даследнікі пачалі надаваць прыметнікі для азначэння “нестандартных” дэмакратыяў, вызначаючы іх як “хісткія”, “недасканалыя” альбо “неліберальныя”. Аднак за гэтым адчуваўся дэфіцыт увагі да відавочна недэмакратычных вынікаў посткамуністычнага палітычнага развіцця, канцэнтрацыі на праблематыцы аўтарытарызму. Краіны, якія было немагчыма “падагнаць” пад “парадыгму дэмакратызацыі”, аналізаваліся як выключэнні. Як правіла, даследнікі канцэнтраваліся на недахопе фактараў, якія б спрыялі дэмакратычнаму развіццю, скажам, у Беларусі ці Сербіі, у параўнанні, напрыклад, з Украінай ці Польшчай. Аднак такая стратэгія аналізу не апраўдала сябе тады, калі стала відавочным, што аўтарытарныя тэндэнцыі распаўсюдзіліся на значна большую колькасць краінаў, чым прызнавалася раней. Сёння, калі і старыя, і новыя выключэнні (да іх можна аднесці Расію ці Ўкраіну) ужо разам канцэптуалізуюцца як “гібрыдныя рэжымы”, ці “канкурэнтныя аўтакратыі”6, яны разглядаюцца як больш падобныя адзін на аднаго, чым здавалася раней. А значыць, разгляд аўтарытарных рэжымаў як нейкіх недарэчнасцяў ці выключэнняў з агульнага кантэксту трансфармацыі ўжо сам па сабе выглядае недарэчным. |
5 Паводле ацэнак “Freedom House”, да такіх у 2001 годзе належалі Манголія, Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Славенія, Харватыя, Балгарыя, Румынія, Літва, Латвія і Эстонія, якія вызначаны як “вольныя”. У той жа час Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Узбекістан, Туркменістан, Таджыкістан, а таксама рэгіёны Косава, Прыднястроўе, Абхазія і Паўднёвая Асеція вызначаны як “нявольныя”, а астатнія — Расія, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія, Азербайджан, Боснія, Македонія і Албанія — як часткова вольныя. 6 Larry Jay Diamond. Thinking about Hybrid Regimes // Journal of Democracy. Vol.13, no.2. 2002. P.21—35; Steven Levitsky and Lucan Way. The Rise of Competitive Authoritarianism // Journal of Democracy. Vol.13, no.2. 2002. P.51—65 |
Канцэнтруючыся на праблематыцы аўтарытарызму, я задаюся пытаннем “чаму паўстаў аўтарытарны рэжым?”, а не “чаму пацярпела паразу дэмакратыя?” ці “чаму дэмакратычная трансфармацыя скончылася няўдачай?”. Паколькі дыктатуры могуць быць апісаныя такой жа колькасцю прыметнікаў, як і дэмакратыі, для таго каб апісаць і растлумачыць канкрэтны тып палітычнага рэжыму, недастаткова проста прааналізаваць фактары, якія прадухілілі дэмакратычную трансфармацыю. Болей за тое, сённяшнія дыктатарскія сістэмы ў посткамуністычным рэгіёне не могуць быць аналізаваныя як простыя рэінкарнацыі таталітарнага мінулага, бо тады мы вымушаны былі б згадзіцца, што ў жыцці гэтых краінаў нічога не змянілася. Такая стратэгія мыслення надзвычай небяспечная. Яна не дазваляе заўважыць, што ў пераважнай большасці новых аўтарытарных рэжымаў адсутнічаюць найбольш выпрацаваныя і сістэматычныя механізмы таталітарнага кантролю, такія, як манаполія камуністычнай партыі на ўладу і наяўнасць гарманічнай афіцыйнай ідэалогіі, якая б легітымізавала ўмяшальніцтва дзяржавы ў кожную праяву палітычнага, эканамічнага, грамадскага і нават прыватнага жыцця. Нават калі ўлічыць, што руіны таталітарнай сістэмы інтэграваныя ў новую палітычную канструкцыю, а некаторыя яе механізмы (такія, як панаванне дзяржаўнай уласнасці, цэнзура ці карныя органы) старанна рэканструяваныя, усё гэта не дае падставы вызначыць новыя палітычныя рэаліі як таталітарныя: сапраўды, абмежаваны палітычны плюралізм, некаторая свабода дзеяння для няўрадавага сектару ды незалежнай прэсы і даволі ліберальная сацыяльная атмасфера не пасуюць да ідэальнага тыпу, апісанага, напрыклад, Оруэлам. А значыць, і фундаментальная логіка існавання падобных рэжымаў адрозніваецца ад уласцівай савецкай сістэме. Іншымі словамі, калі краіна не дэмакратызавалася, гэта яшчэ не значыць, што яна не трансфармавалася (проста трансфармацыя, якая адбылася ў ёй, была іншай прыроды). Разважанні, што Сербія ці Беларусь вярнуліся да дыктатуры, бо ў іх не існавала ўмоваў для крызісу старой сістэмы, не дазваляюць заўважыць, што многія фактары, якія спрыялі дэмакратызацыі ў краінах Усходняй Еўропы (такія, як крызіс легітымнасці старой сістэмы, узнікненне палітычнага плюралізму, эканамічны крызіс ці рост сацыяльнай актыўнасці і аслабленне механізмаў таталітарнага кантролю), не толькі былі ў наяўнасці, але якраз і сталіся штуршком да ўзнікнення новых недэмакратычных рэжымаў Мілошавіча і Лукашэнкі. Інакш кажучы, два лідэры не перадухілілі, а выкралі трансфармацыю і скарысталі яе ў сваіх мэтах, атрымаўшы перамогу ў канкурэнтнай палітычнай барацьбе і здолеўшы прадставіць сябе на пэўны час як болей прывабную альтэрнатыву ў параўнанні з дэмакратычнымі апанентамі. Я будую свой аналіз двух рэжымаў менавіта ў кантэксце “выкрадзенай” і перанакіраванай трансфармацыі. |
Чаму варта звярнуць увагу на такія, здавалася б, акадэмічныя і тэарэтычныя аспекты аналізу? На мой погляд, толькі на падставе адэкватнага аналізу генезісу палітычнага рэжыму можна зразумець механізмы яго функцыянавання і выжывання, ці, выкарыстоўваючы лацінскую тэрміналогію, акрэсліць яго modus operandi i modus vivendi. І толькі калі вызначаныя структура і механізмы палітычнага рэжыму, можна вызначыць магчымыя сцэнары яго трансфармацыі. Што да параўнальнага аналізу, ягонай галоўнай перавагай з’яўляецца тое, што на падставе фактаў, якія мы ведаем, мы можам рабіць высновы аб падзеях, якія для нас пакуль з’яўляюцца невядомымі. Пры ўсіх адрозненнях паміж досведам Беларусі і Сербіі (якія самі з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для аналізу і будуць разгледжаныя ніжэй), шматлікія падабенствы дазваляюць пры дапамозе адпаведнай метадалогіі аналізу зазірнуць у будучыню беларускага палітычнага развіцця. Звернемся да дыскусіі наконт пытання, ці магчыма “ўставіць” посткамуністычную трансфармацыю ў рамкі распаўсюджаных тэорый трансфармацыі, што былі выпрацаваныя на досведзе Паўднёвай Еўропы, Лацінскай Амерыкі і астатняга трэцяга свету. Большасць літаратуры па посткамуністычнай трансфармацыі грунтуецца на двух тэарэтычных падыходах, што былі пакінутыя ў спадчыну “транзіталогіяй”. Першы падыход лічыць галоўнымі структурныя перадумовы для дэмакратыі, якія амаль што праграмуюць дзеянні палітычных гульцоў. Другі падыход бярэ пад увагу саміх гульцоў і аналізуе іх здольнасць дамагчыся пэўных палітычных вынікаў ва ўмовах, што вызначаюцца непрадказальнасцю. Спробы вызначыць адэкватнасць старых тлумачэнняў скончыліся тым, што да старога багажу пераменных дадаліся новыя (найбольшым дадаткам стаў нацыяналізм і нацыянальная ідэнтычнасць, што адлюстроўвалі спецыфіку посткамуністычных трансфармацый, а адначасова і працэс нацыянальнага будаўніцтва). Нарэшце, пацвердзілася старая выснова Сэмюэла Хантынгтона, які больш за дзесяць год таму заявіў, што “(1) ніводны фактар не з’яўляецца дастатковым, каб растлумачыць развіццё дэмакратыі ва ўсіх краінах ці ў асобнай краіне; (2) ніводны фактар не з’яўляецца неабходным для развіцця дэмакратыі ў кожнай краіне; (3) дэмакратызацыя ў кожнай краіне з’яўляецца вынікам камбінацыі фактараў”7. Тлумачэнні, што ўключаюць некалькі фактараў, ці пераменных, аднак, павінны, па-першае, імкнуцца да абмежавання іх колькасці — для таго каб праца мела нейкую тэарэтычную вагу і не зводзілася да высновы, што “ўсё мае ўплыў”; па-другое, абмежаваць тое поле фактаў і выпадкаў, на якія тлумачэнне пашыраецца, — каб пазбегнуць “расцягвання канцэпцыі” да межаў, калі яна губляе хоць нейкую тлумачальную здольнасць; і па-трэцяе, паказаць, як вызначаныя даследнікам фактары звязаныя паміж сабой — што прыводзіць да спецыфічнага палітычнага выніку, які б адрозніваўся ад таго, што было б, калі б хоць адзін з іх “выпадаў”. Менавіта існаванне такой комплекснай прычыннай узаемасувязі паміж некалькімі фактарамі і дазваляе выкарыстоўваць стары аналітычны багаж для будавання тэарэтычнай канцэпцыі замест увядзення новых тэорый альбо высвятлення, якая са старых больш адэкватная. |
7 Samuel Huntington. The Third Wave: Democratization in Late Twentieth Century. University of Oklahoma Press, 1991. |
Структурныя тлумачэнні палітычных трансфармацый вызначаюць грамадскія, эканамічныя і культурныя перадумовы, што робяць “пераходныя краіны” больш ці менш падобнымі да ідэальнага тыпу заходняй ліберальнай дэмакратыі нават да таго, як палітычны пераход пачаўся. Да такіх перадумоваў адносяцца больш высокі ўзровень эканамічнага развіцця і нізкі — сацыяльнай няроўнасці, узровень урбанізацыі і індустрыялізацыі, адукацыйны ўзровень грамадства, досвед рынкавай эканомікі за папярэднімі часамі, што пакінуў у спадчыну сярэдні клас і прадпрымальніцкую этыку. Наадварот, адсутнасць гэтых перадумоваў не спрыяе ўмацаванню дэмакратыі ці нават яе з’яўленню. Культурныя тлумачэнні ў сваёй логіцы паўтараюць структурныя, калі лічыць, што культура — гэта пэўная “ментальная структура”, што адлюстроўваецца ў чалавечых думках, каштоўнасцях і, як вынік, у дзеяннях. Культура адрозніваецца сваёй трываласцю і здольнасцю да рэпрадукцыі праз інстытуты і ўладныя адносіны, якія яна легітымізуе і дыктуе. Таму якасці пэўных “ментальных структур”, што вызначаюць грамадскую свядомасць, і робяць грамадства больш ці менш схільным да таго ці іншага тыпу палітычнага рэжыму. Звычайна такія тлумачэнні абмяжоўваюць “арэал дэмакратыі” да пратэстанцкіх і каталіцкіх грамадстваў, дзе масавая культура вызнае такія вартасці, як “роўнасць у правах”, індывідуалізм і давер паміж асобамі8. Паколькі структуры ўяўляюць сабой спадчыну мінулага, відавочнай перавагай структурнага падыходу з’яўляецца тое, што ён дазваляе звязаць цяперашняе з мінулым і праз гэта — выпрацаваць бачанне будучага. Пры такім падыходзе палітычны працэс губляе містычную нявызначанасць і бескантэкстнасць. Болей за тое, менавіта структурны падыход, выразна акрэсліваючы фактары, на якія звяртае ўвагу, дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць параўнальны метад у даследаванні і рабіць пэўныя генералізацыі. |
8 Гл.: Samuel Huntington. The Clash of Civilizations and the Remaking of the World Order. Touchstone Books, 1998; Culture Matters: How Values Shape Human Progress / Eds. Samuel Huntington and Lawrence Harrison. Basic Books, 2001. |
Аднак, нягледзячы на відавочныя перавагі, структурны метад мае і свае недахопы. Па-першае, большасць тлумачэнняў носіць імавернасны характар, бо структурная спадчына ў найлепшым выпадку акрэслівае дыяпазон магчымасцяў для пэўнага грамадства, але не здольная растлумачыць канкрэтны вынік у акрэсленым дыяпазоне. Да таго ж, структурны аналіз палітычных трансфармацый спрацоўвае лепш за ўсё, калі трэба растлумачыць розніцу ў “палярных” выпадках — скажам, у посткамуністычным палітычным развіцці Польшчы і Туркменістану. Але ж ці здольны ён эфектыўна спрацаваць пры аналізе “памежных” выпадкаў ці, скажам, адрозніць аўтарытарызм ад “гібрыдных рэжымаў” або “гібрыдныя рэжымы” ад “канкурэнтных аўтакратый”, калі ўсе вышэйзгаданыя палітычныя канструкцыі спалучаюць у сабе элементы як аўтарытарызму, так і дэмакратыі? Дарэчы, тут структурны аналіз губляе з поля зроку важную акалічнасць: адно і тое грамадства, як правіла, дзейнічае ва ўмовах “структурнай разнастайнасці”, калі розныя і супярэчлівыя аспекты сацыяльнай, культурнай і эканамічнай спадчыны павінны, згодна з логікай рэчаў, праграмаваць супярэчлівыя вынікі палітычнага развіцця9. Такая супярэчлівасць ужо была паказаная напачатку, калі былі пералічаныя, здавалася б, моцныя “структурныя перадумовы” для дэмакратыі ў Сербіі, згодна з якімі яна яшчэ на пачатку 1990-х мусіла крочыць разам з Польшчай і Эстоніяй, а не з Беларусяй. З іншага боку, уявіце сабе традыцыйнае мангольскае грамадства, якое на працягу дзесяцігоддзя заставалася адным з самых вольных у свеце! І зусім цікава будзе адзначыць, што па некаторых структурных фактарах, якія выкарыстоўваліся беларускімі і заходнімі назіральнікамі для тлумачэння беларускага аўтарытарызму (скажам, дэмаграфічная структура, узровень эканамічнага развіцця ці адукацыйны ўзровень насельніцтва), Беларусь знаходзілася наперадзе, а не ў хвасце супольнасці трансфармацыйных краінаў! (І гэта не значыць, што структуры нічога не вызначаюць; аднак менавіта на падставе параўнальнага метаду мы прадэманструем, якія з іх паўплывалі на падобны ход падзеяў у, здавалася б, супрацьлеглых кантэкстах.) Па-трэцяе, структурны аналіз разглядае вынікі палітычнага развіцця як запраграмаваныя, пры гэтым выводзячы мноства сваіх высноваў post factum. Пры гэтым з поля зроку губляецца дынаміка палітычнага працэсу. Для палітычнага даследніка і практыка ў роўнай ступені важна не толькі што адбылося, але і калі адбылося, як і ў якой форме. Сёння, напрыклад, можна перарабіць старыя аргументы і сказаць, што “структурныя” і культурныя перадумовы для дэмакратыі ў Беларусі і, скажам, Расіі ды Ўкраіне кардынальна не адрозніваліся, таму ва ўсіх гэтых краінах урэшце ўсталяваўся той ці іншы тып недэмакратычнага рэжыму — і гэта будзе абсалютна слушна. Аднак менавіта ад таго, кім, калі і як такая палітычная канструкцыя была ўсталяваная, залежыць і тое, як яна функцыянуе, і тое, як яна далей будзе трансфармавацца (ці здолее захавацца на працягу значнага перыяду часу). Напрыклад, цалкам лагічна будзе зрабіць выснову, што трансфармацыя персаналісцкіх аўтакратый (што маглі ўзнікнуць толькі на пачатку трансфармацыйнага перыяду, калі працэсы эканамічных рэформ не зайшлі далёка) і алігархічных “гібрыдаў” (што ўсталяваліся пад уплывам працяглай эканамічнай і палітычнай трансфармацыі) будзе ісці паводле розных сцэнараў. |
9 “Грамадства грунтуецца на практыках, якія абумоўленыя мноствам розных структур, існуюць на розных узроўнях, дзейнічаюць у розных варыянтах і самі грунтуюцца на розных тыпах і колькасцях рэсурсаў (William H.Sewell. A Theory of Structure: Duality, Agency, and Transformation // American Journal of Sociology. Vol.98, issue 1, 1992, July. P.16). |
Альтэрнатыўны тэарэтычны падыход, які дазваляе зразумець працэс і вынікі палітычнай трансфармацыі, можна вызначыць як “стратэгічны”. Ён базуецца на выснове, што “сітуацыі, у якіх нечаканыя падзеі, недастатковая інфармацыя, паспешлівыя і рызыкоўныя рашэнні, неакрэсленасць матываў і інтарэсаў, гнуткасць і нават нявызначанасць палітычнай ідэнтыфікацыі ды талент асобных індывідуумаў часта абумоўліваюць палітычныя наступствы, вылучаюцца высокай ступенню няпэўнасці”10. Як вынік, стратэгічны падыход адводзіць чалавечаму фактару цэнтральную ролю ў вызначэнні вынікаў палітычных трансфармацый, прызнае, што палітычныя рэжымы могуць быць змайстраваныя гульцамі, якія прадэманструюць большыя здольнасці “ў абмежаваных у часе палітычных гульнях”. “Майстраванне” дэмакратыі пры гэтым можа адбывацца і ва ўмовах, калі структурныя фактары не абяцаюць жаданага ходу падзеяў. Праблемы, што ўзнікаюць пры выкарыстанні “стратэгічнага” падыходу для аналізу палітычных трансфармацый, адваротныя тым, з якімі можна сутыкнуцца пры “структурным” аналізе. На гэты раз перабольшваецца заблытанасць і непрадказальнасць іх вынікаў, а таксама робіцца не зусім апраўданая выснова аб бескантэкстнасці працэсаў трансфармацыі і аб амаль неабмежаваных магчымасцях будавання дэмакратыі “на голым месцы”. Больш за тое, звычайна стратэгічны падыход нават адмаўляе ў самой магчымасці выкарыстання навуковых метадаў пры аналізе, аддаючы перавагу эсэістычнаму апісанню працэсаў без адпаведнай сістэматызацыі вынікаў даследавання. У найлепшым выпадку стратэгічны падыход пакідае павярхоўнае бачанне працэсу, тое, што ў апошні час атрымала назву “парадыгма трансфармацыі”, якая базуецца на схематычным акрэсленні трох асноўных яе стадыяў (лібералізацыя, дэмакратызацыя і кансалідацыя дэмакратыі), праз якія нібыта павінна прайсці кожная краіна, што пераходзіць ад дыктатуры да дэмакратыі, да таго ж на кожнай стадыі ключавым фактарам поспеху з’яўляецца менавіта майстэрства ўнутраных ці вонкавых палітычных актораў11. Такі падыход уздымае шэраг праблемаў не толькі для даследнікаў (вымушаных адмовіцца ад спробы зразумець не толькі тое, што адбываецца, але і чаму), але і для практыкаў: парадыгма трансфармацыі робіць важкі акцэнт на магчымасць будавання “дэмакратыі без перадумоў” і на тое, што працэсы дэмакратызацыі паўсюль больш-менш аднолькавыя. Гэта вядзе да механічнай рэплікацыі вопыту “будавання дэмакратыі” ў кожнай новай краіне, што ўрэшце прыводзіць да частковай ці поўнай няўдачы такіх высілкаў. Структура і спадчына ўсё ж аказваюцца фактарамі, якія проста нельга ігнараваць. |
10 Adam Przeworski, in: Guillermo O’Donnell, Philippe Schmitter, and Lawrence Whitehead. Transitions from Authoritarian Rule. Baltimore: Johns Hopkins University Press, 1986. P.5. 11 Гл.: Thomas Carothers. The End of Transition Paradigm // Journal of Democracy. Vol.13, no.1. 2002. P.5—21. |
Роля нацыяналізму і ўзаемасувязь паміж нацыяй і дэмакратыяй, працэсам нацыянальнага будаўніцтва і дэмакратызацыяй вельмі неадназначныя. Нацыяналізм — ідэалогія “вельмі гнуткая ў адносінах да рэжыму, дзяржавы і эканомікі. Так, нельга, як некаторыя робяць, атаясамліваць нацыяналізм з пэўнымі палітычнымі праектамі”12. Нацыяналізм можа адыграць вельмі станоўчую ролю ў працэсе дэмакратызацыі ў той ступені, у якой ен умацоўвае пачуццё супольнасці ў грамадстве, якое, у сваю чаргу, неабходнае для гарантавання лаяльнасці да дзяржавы — што з’яўляецца галоўнай перадумовай дэмакратычнага ладу13. У той жа час гэта стварае “кансэнсус наконт базавых каштоўнасцяў” і пачуццё супольнасці лёсу, змяншае значэнне палітычных ці іншых адрозненняў паміж яго прыхільнікамі і, такім чынам, ліквідуе глебу для канфліктаў, што могуць перарастаць у падпарадкаванне адной групы іншай. У той жа час, нацыяналізм можа пагражаць дэмакратыі ва ўмовах, калі нацыя вызначаецца ў межах, што не супадаюць з межамі дзяржавы і супольнасці, якая яе ўтварае, бо такое вызначэнне стварае глебу для выключэння некаторых групаў з палітычнага працэсу ці для палітыкі тэрытарыяльнай агрэсіі. Менавіта “нацыяналістычныя дыктатуры” вызнаваліся некаторымі назіральнікамі як галоўная пагроза працэсу дэмакратызацыі14. Я інтэрпрэтую праблематыку нацыяналізму ў межах двух вышэйазначаных тэарэтычных падыходаў. З аднаго боку, “нацыі” — гэта сацыяльныя і культурныя канструкты, ці “структуры”, што фармуюць працэс трансфармацыі шляхам рэгулявання ўзаемадзеяння паміж людзьмі і групамі ды аказваюць уплыў на стратэгіі палітычных гульцоў. З іншага боку, нацыянальнае будаўніцтва — гэта стратэгія, праз якую рэалізуецца палітычная трансфармацыя (актуальнасць гэтага тэзісу для посткамуністычнага рэгіену відавочная). Нацыя “не з’яўляецца дадзенай ці стабільнай канструкцыяй, гэта праца, якая ніколі не сканчаецца і якая фармуецца, між іншага, працяглай барацьбой паміж людзьмі за ўладу, грошы і культурныя сімвалы”15. Такім чынам, простай узаемасувязі паміж дэмакратыяй і нацыяналізмам не існуе. Як правіла, монаэтнічныя дзяржавы без істотных нацыянальных меншасцяў маюць большыя шанцы на паспяховае дэмакратычнае будаўніцтва, бо ў іх не існуе ці амаль не існуе глебы для этнічнага канфлікту і супярэчнасці паміж працэсамі разбудовы дэмакратыі і нацыі. Такія супярэчнасці часцей існуюць у поліэтнічных дзяржавах. У астатніх выпадках, калі палітычныя перамены адбываюцца да таго, як працэс нацыянальнай кансалідацыі завяршыўся, менавіта палітыка нацыянальнага самавызначэння (ці перавызначэння) выконвае ключавую ролю ў завяршэнні палітычнай трансфармацыі. Тое, ці будуць палітычныя сістэмы “грунтавацца на шырокіх і ўсеагульных грамадзянскіх прынцыпах такім чынам, каб усе грамадзяне мелі роўныя правы”16, залежыць ад палітычных актораў і іх здольнасці будаваць ці руйнаваць пачуццё супольнасці паміж грамадзянамі, вызначаць “дэмас нацыі” і “дэмас дзяржавы” паасобку ці разам ды разводзіць або сумяшчаць культурныя вартасці і сімвалы, што з’яўляюцца крыніцамі самавызначэння грамадства, з прынцыпамі і вартасцямі дэмакратыі. |
12 Valerie Bunce. Subversive Institutions: The Design and Destruction of Socialism and the State. Cambridge University Press, 1999. P.150. 13 “Як і прынцып большасці, дэмакратыя патрабуе адзінкі (маецца на ўвазе дзяржавы. — Аўт.). Крытэры дэмакратычнага працэсу прадугледжваюць легітымнасць гэтай адзінкі. Калі сама гэтая адзінка не прызнаецца легітымнай... тады не існуе падставы для дэмакратычных працэдур” (Robert A.Dahl. Democracy and its Critics. New Haven: Yale University Press, 1989. P.207). 14 Гл. напрыклад: Джордж Сорас. Нацыяналістычныя дыктатуры супраць адкрытага грамадства. Менск: Фонд Сораса, 1992. 15 Bunce V. Op. cit. P.12. 16 Linz J.J. and Stepan A., Op. cit. P.25. |
Мой падыход спрабуе аб’яднаць моцныя бакі абодвух падыходаў і інтэграваць іх у адзіны. Па-першае, я разглядаю “структурную спадчыну” як акалічнасць, якая абмяжоўвае рамкі магчымага для палітычных актораў, пакідаючы за межамі дасягальнага некаторыя праекты, аднак сама па сабе не гарантуе нейкага канкрэтнага палітычнага выніку ў межах магчымага. Скажам, пэўныя абмежаванні маглі прадухіліць развіццё падзеяў у Беларусі паводле польскага ці прыбалтыйскага сцэнару, але гэта не азначае, што яны не маглі ісці паводле ўкраінскага ці, скажам, балгарскага варыянту. Па-другое, структурная спадчына не толькі абмяжоўвае дзеянні палітычных актораў, але і з’яўляецца пэўнай крыніцай інфармацыі і рэсурсаў, якую яны могуць выкарыстоўваць у сваіх дзеяннях. Што з магчымага адбываецца насамрэч, вызначаюць дзеянні і стратэгіі палітычных актораў, іх “абазнанасць” і здольнасць улічыць абмежаванні ды скарыстацца магчымасцямі, якія пакідаюць “структуры”. Такім чынам, стратэгіі выяўляюцца паспяховымі, калі палітычныя акторы здольныя максімальна скарыстацца “структурамі”. Калі яны няздольныя да гэтага, стратэгіі аказваюцца самаразбуральнымі. Фармаванне і трансфармацыя палітычных рэжымаў у такой інтэрпрэтацыі ўяўляе сабой гісторыю поспеху і няўдачы адпаведных палітычных праектаў, што рэалізоўваліся, умоўна кажучы, “аўтакратамі” і “дэмакратамі”. Першая частка даследавання аналізуе фармаванне персаналісцкіх рэжымаў у Сербіі і Беларусі. Ідэнтыфікуючы ключавыя структурныя фактары, якія дазволілі аўтарытарным лідэрам прыйсці да ўлады, я паказваю, як сацыяльна-эканамічныя і культурныя супярэчнасці, што існавалі ў абодвух грамадствах задоўга да пачатку палітычных пераменаў, трансфармаваліся ў палітычныя падзелы і прывялі да сітуацыі, у якой грамадствы былі расколатыя па самых фундаментальных пытаннях, уключна з пытаннем дэмакратыі. Гэтыя расколы былі ўдала выкарыстаныя Мілошавічам і Лукашэнкам, якія здолелі мабілізаваць грамадскую падтрымку, апелюючы да найбольш кансерватыўных і аўтарытарна настроеных частак грамадства, выкарыстоўваючы тактыку “культурнага” і “сацыяльнага” папулізму. Здольнасць абодвух лідэраў да фармавання “аўтарытарнай большасці” ў грамадстве была ўзмоцненая расколам у кіраўнічых на той час элітах і самагубнымі палітычнымі стратэгіямі, што былі абраныя прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў, якія ці не здолелі эфектыўна супрацьстаяць папулісцкім памкненням пераможцаў у палітычнай барацьбе, ці хоцькі-няхоцькі дапамагалі іх перамозе. |
Другая частка прысвечаная аналізу арганізацыі і функцыянавання персаналісцкіх аўтакратый. Паспяховая канцэнтрацыя амаль неабмежаванай асабістай улады адкрыла для абодвух лідэраў магчымасці “перараблення” дзяржаўных інстытутаў на сваё жаданне, фармавання механізмаў захавання ўлады і будавання адносінаў паміж дзяржавай і грамадствам, што мелі падобныя асноўныя рысы ў дзвюх краінах. Аднак калі механізмы выжывання рэжымаў былі амаль аднолькавыя, дык механізмы функцыянавання мелі пэўныя адрозненні, што тлумачылася розніцай у часе і дынаміцы пераходу ад камуністычнай да посткамуністычнай дыктатуры ў кожнай з краінаў. Неперарыўны пераход ад адной формы недэмакратычнага рэжыму да іншай у Сербіі і паходжанне Мілошавіча з былой партнаменклатуры дазволілі яму зрабіць сваю Сацыялістычную партыю Сербіі (пераемніцу кампартыі) адным з інструментаў улады. Гэта стварыла неабходнасць легітымізацыі партыйнага ўплыву ў новых умовах, а таксама магчымасць выкарыстання больш “цывільных” метадаў кантролю і нават стварэння дэмакратычнага фасаду. Паводле фармальных крытэраў Сербія ў 1990-х гадах была напаўпрэзідэнцкай рэспублікай, і выжыванне Мілошавіча ў значнай меры залежала ад яго здольнасці да кааліцыйнай тактыкі ў парламенце. Наадварот, Лукашэнка прыйшоў да ўлады як палітычны аўтсайдэр без трывалых каранёў у кіраўнічай наменклатуры. Яго ўзлёт стаў магчымы дзякуючы “дэмакратычнаму эпізоду” ў беларускай палітыцы ў 1991—1994 гадах. У гэтых умовах Лукашэнка мусіў ажыццяўляць кансалідацыю ўлады, уводзячы больш фармалізаваныя механізмы персанальнай прэзідэнцкай улады. Розніца ў арганізацыі палітычных рэжымаў таксама была прадыктавана ўздзеяннем вонкавых фактараў. Выжываючы ва ўмовах “жорсткай” міжнароднай ізаляцыі, Мілошавіч быў вымушаны адаптавацца да эканамічнага заняпаду шляхам стварэння комплекснага механізму парушэння санкцыяў, што патрабавала ўзнікнення і ўзмацнення “ўнутранага кола” крыміналізаванай алігархіі (партыйная бізнес-алігархія ў Сербіі пачала паўставаць яшчэ за часамі рынкавага сацыялізму ў “старой” Югаславіі; але ж яе росквіт, безумоўна, прыпаў на часы Мілошавіча). Лукашэнка тым часам меў магчымасць мінімізаваць наступствы мяккай ізаляцыі з боку Захаду шляхам стварэння палітычнага і эканамічнага саюзу з Расіяй, што дазволіла яму працягваць папулісцкую палітыку, ажывіць камандную эканоміку і дасягнуць на пэўны час высокай ступені сацыяльнай стабільнасці. У трэцяй частцы я аналізую, наколькі стратэгіі дэмакратычнай апазіцыі ў абедзвюх краінах адпавядалі прыродзе палітычных рэжымаў, сацыяльным умовам, у якіх яны функцыянавалі, і ці былі яны сапраўды накіраваныя супраць падмуркаў аўтарытарнай улады. Я зыходжу з таго, што некаторыя фактары — такія, як высокая ступень падтрымкі аўтарытарнай улады грамадствам, сацыяльная і культурная моц аўтарытарных рэжымаў ды іх інстытуцыянальная канструкцыя, — стваралі перад апазіцыяй неабходнасць барацьбы з рэжымамі за грамадскую падтрымку. У той жа час, неабходнасць атрымання “квазідэмакратычнай легітымнасці” Мілошавічам і Лукашэнкам у некаторай ступені адкрывала магчымасці для канкурэнтнай стратэгіі (але не абавязкова праграмавала яе поспех). Палярна супрацьлеглыя адказы двух апазіцыйных рухаў на выклікі, створаныя рэжымамі Мілошавіча і Лукашэнкі, запраграмавалі іх розныя здольнасці да палітычнага поспеху. Гэтая розніца праявілася падчас прэзідэнцкіх кампаній 2000 году ў Сербіі і 2001 году ў Беларусі. Аналізу дзвюх кампаній прысвечаная чацвёртая частка. Перамога дэмакратычнай апазіцыі Сербіі не толькі адлюстравала грамадскі попыт на палітычныя перамены, але і з’явілася вынікам “работы над памылкамі”, якую зрабіла сербская апазіцыя пасля дзесяцігоддзя беспаспяховай палітычнай барацьбы. У Беларусі параза апазіцыі была запраграмаваная яе папярэдняй тактыкай палітычнага самазабойства (асноўнымі элементамі якой з’яўляліся ўнутраныя супярэчнасці, сістэматычнае існаванне ў паралельным грамадстве, адмова ад удзелу ў сістэмнай палітыцы і няздольнасць улічыць у палітычнай дзейнасці інтарэсы шырокіх грамадскіх колаў, за выключэннем свайго ўласнага). У гэтых умовах беларуская апазіцыя выявілася бездапаможнай перад падвойнай заслонай адміністрацыйнага рэсурсу і грамадскага непрымання, прычым пераадоленне менавіта другога, як паказвае сербскі досвед, з’яўляецца найбольшым выклікам для яе будучых дзеянняў. Нарэшце, пятая частка аналізуе магчымасці і імаверныя сцэнары палітычнай трансфармацыі ў Беларусі на аснове папярэдняга аналізу. |
1 Палітычныя працэсы, што прывялі да фармавання аўтарытарных рэжымаў у Сербіі і Беларусі, разгарнуліся ў розныя прамежкі часу і ў рознай паслядоўнасці. “Антыбюракратычная рэвалюцыя” (такую назву атрымала кампанія Мілошавіча, скіраваная супраць найвышэйшага рэспубліканскага і федэральнага кіраўніцтва), што прывяла сербскага прэзідэнта да ўлады, адбылася ва ўмовах аднапартыйнай сістэмы, была распачатая прадстаўніком вышэйшага эшалону наменклатуры (адзначым, аднак, што структура ўлады ў Югаславіі была такой, што кіраўнік рэспубліканскай кампартыі не з’яўляўся фігурай нумар адзін у рэспубліцы: пры наагул дэцэнтралізаваным размеркаванні ўлады ў вышэйшым эшалоне паміж партыйнымі, дзяржаўнымі, гаспадарчымі і вайсковымі органамі гэтай ролі хутчэй адпавядаў прэзідэнт рэспублікі) і прывяла да аднаўлення палітычнай дамінацыі Саюзу камуністаў Сербіі, пазней Сербскай сацыялістычнай партыі, якая перамагла ў першых шматпартыйных выбарах у 1990 годзе. Лукашэнка пачаў адкрытае змаганне за пасаду прэзідэнта Беларусі ў 1993 годзе, ужо пасля распаду СССР і знікнення КПСС. Адрозненнем беларускага досведу ад сербскага быў кароткі, але істотны дэмакратычны эпізод, падчас якога краіна жыла ва ўмовах адноснай палітычнай свабоды17. Дарма што падзеі жніўня 1991 году не прывялі да заняпаду старой наменклатуры, асноўным сродкам захавання яе ўлады на працягу трох год было выкарыстанне большасці ў Вярхоўным Савеце. Таксама, хоць беларускі парламент быў абраны ў 1990 годзе пры аднапартыйнай сістэме, прадстаўнікі апазіцыі мелі магчымасць удзельнічаць у выбарах у якасці незалежных кандыдатаў і здолелі заваяваць 37 з 345 месцаў (разам з дэпутатамі, што на пачатку працы парламенту ўваходзілі ў дэмакратычны клуб, супольны “апазіцыйны рэсурс” таго парламенту дасягаў, а часам і перавышаў 100 галасоў, што, калі быць аб’ектыўным, прыкладна адлюстроўвала расклад сіл у грамадстве на той час). Менавіта існаванне “дэмакратычнага эпізоду” і, як вынік, аслабленне былой наменклатуры прывялі да таго, што на першых прэзідэнцкіх выбарах перамог аўтсайдэр, які кінуў выклік усёй палітычнай эліце, як дзяржаўнай, так і апазіцыйнай. Нягледзячы на важныя адрозненні, што існавалі паміж гістарычнымі, сацыяльнымі і культурнымі спадчынамі, з якімі Сербія і Беларусь наблізіліся да посткамуністычнага перыяду свайго існавання, можна выдзеліць і фундаментальныя падабенствы. Яны, на мой погляд, і стварылі ўмовы для фармавання вельмі падобных адзін да аднаго палітычных рэжымаў у 1990-я гады. Некаторыя з іх стануць зразумелымі, калі прааналізаваць структуру грамадскай падтрымкі абодвух рэжымаў і пабачыць яе поўную ідэнтычнасць у двух выпадках з дыяметральна супрацьлеглай палітычнай спадчынай ад часоў камунізму! |
17 Паводле ацэнак Freedom House, Беларусь мела ў 1992—93 гадах адзін з самых высокіх узроўняў палітычных і грамадзянскіх свабод у былым СССР. |
Найбольш абодвух лідэраў падтрымлівалі асобы старэйшага веку, з адукацыяй, ніжэйшай за сярэднюю, жыхары сельскай мясцовасці і нізкакваліфікаваныя работнікі. Сярод маладых, адукаваных гараджан падтрымка была значна меншаю. Болей за тое, звесткі сведчаць, што падтрымка палітычных рэжымаў была шчыльна звязаная з пэўнымі культурнымі каштоўнасцямі, якія самі па сабе былі атрыбутам таго ці іншага сацыяльнага статусу. Прыхільнікі і апаненты двух прэзідэнтаў з’яўляліся ў той жа час носьбітамі супрацьлеглых тыпаў палітычнай культуры: аўтарытарнай і традыцыйнай з аднаго боку, дэмакратычнай і мадэрнізаванай з другога. “Гледзячы на лічбы, можна прыйсці да высновы, што ў Беларусі жывуць два народы. Іх аб’ядноўвае толькі адно — жабрацтва”, — каментаваў сітуацыю ў Беларусі дырэктар незалежнага аналітычнага інстытуту Алег Манаеў18. Тое самае можна было сказаць і аб сербскай рэчаіснасці часоў Мілошавіча. Табліцы 1—4 выразна сведчаць пра гэта. Табліца 1. Сацыяльная падтрымка Сацыялістычнай партыі Сербіі, па дэмаграфічных, прафесійных, тэрытарыяльных і іншых групах, %
Крыніца: Srbobran Brankovic, “Social Class and Political Choice,” in Challenges of Parliamentarism: The Case of Serbia in the Early Nineties, ed. Vladimir Goati (Belgrade: Institute of Social Science, 1995), p.69—92. |
18 Манаев О. Электорат Лукашенко: за и против президента // Белорусская деловая газета. 1998. 25 марта. |
Табліца 2. Сацыяльна-эканамічная структура электарату Лукашэнкі, %
Крыніца: * Манаев Олег. Электорат Александра Лукашенко // Белоруссия и Россия: Общества и Государства. Москва: Права человека, 1998. С.278—295. ** Новости НИСЭПИ, №2(20). 2001. С.24—25. *** Хатнія гаспадыні і беспрацоўныя былі аднесеныя ў гэтым апытанні ў адну катэгорыю. |
Табліца 3. Каштоўнасныя арыентацыі партыйных электаратаў у Сербіі, 1992: Сацыялістычная партыя Сербіі (СПС) С. Мілошавіча, Сербскі рух аднаўлення (СРА) В. Драшкавіча, Дэмакратычная партыя (ДП) З. Джынджыча, Дэмакратычная партыя Сербіі (ДПС) В. Каштуніцы, Сербская радыкальная партыя (СРП) В. Шэшаля, %
Крыніца: Dragomir Pantic, “Voters’ Value Orientations,” in Challenges of Parliamentarism: The Case of Serbia in the Early Nineties, ed. Vladimir Goati (Belgrade: Institute of Social Science, 1995), P.93—140. Табліца 4. Сацыяльны статус
Крыніца: Манаев Олег. Электорат Александра Лукашенко // Белоруссия и Россия: Общества и государства. Москва: Права человека, 1998. С.278—295. Такое падабенства можна растлумачыць толькі наступствамі позняй і імклівай эканамічнай ды сацыяльнай мадэрнізацыі, што адбылася ў другой палове ХХ стагоддзя. У адрозненне ад больш працяглай, паступовай і роўнай (якая закранала ўсе бакі грамадства) мадэрнізацыі, што адбылася ў заходніх краінах, падобны тып эканамічнага развіцця не прывёў да аўтаматычнага ўзнікнення сацыяльных варункаў, якія спрыялі фармаванню перадумоваў дэмакратыі. Грамадствы трансфармаваліся такім чынам, што традыцыйныя сацыяльныя адносіны руйнаваліся ў тых галінах, дзе мадэрнізацыя ішла наперад, і захоўваліся нязменнымі там, дзе яна не паспявала закрануць жыццё. Такім чынам, наступствам няроўнай мадэрнізацыі было ўзнікненне каласальнага разрыву ў ладзе жыцця, арыентацыях і каштоўнасцях паміж горадам і вёскай, а таксама паміж меншасцю карэнных гараджан і большасцю новапрыбылых з вёскі “гарадскіх сялян” (гараджан у першым пакаленні з сельскай ментальнасцю), паміж маладым і старэйшым пакаленнямі ды паміж рэгіёнамі, што больш ці менш знаходзіліся пад уплывам мадэрнізацыйных/вестэрнізацыйных плыняў (у Сербіі гэта прывяло да палітычнага падзелу на “прагрэсіўную” поўнач і “рэакцыйны” поўдзень, у Беларусі — да адпаведнага падзелу на захад і ўсход). Заўважым, аднак, што самы істотны палітычны разлом у абодвух грамадствах праходзіў па мяжы пакаленняў. |
Гістарычнае ўзнікненне сацыяльных разломаў Вядома, варта ўзгадаць, што наступствы “позняй” мадэрнізацыі адчуваліся і адчуваюцца паўсюль у посткамуністычным рэгіёне. Таму гэтае тлумачэнне трэба разглядаць у кантэксце і цеснай узаемасувязі з другім. Абедзве краіны наблізіліся да перыяду палітычнай трансфармацыі з глыбокім (і які ўсё паглыбляўся) крызісам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Дарма што гэты крызіс меў, зноў жа, дыяметральна супрацьлеглыя прычыны і формы, ён выклікаў вельмі падобныя ўнутрыпалітычныя наступствы для двух грамадстваў (у адрозненне ад замежнапалітычных). Калапс федэральнай дзяржавы ў былой Югаславіі прывёў да ўзнікнення фундаментальных супярэчнасцяў паміж “дэмасам сербскай нацыі” (што ўключаў у сябе сербаў па ўсёй тэрыторыі СФРЮ) і “дэмасам сербскай дзяржавы” ў форме Рэспублікі Сербіі (які быў выключна поліэтнічны з вялікімі нацыянальнымі меншасцямі, што, дарэчы, мелі шырокую аўтаномію за камуністычнымі часамі). Гэты крызіс прывёў да неабходнасці перавызначэння “Сербіі” і “сербскасці”, якое ў крайняй форме вяло да канфлікту з настолькі ж радыкальнымі нацыянальнымі і тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі з боку іншых нацый былой Югаславіі і да этнічных канфліктаў унутры самой Сербіі. У Беларусі прычынай крызісу стаў нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці грамадства, што пасля распаду СССР прывяло да надзвычай нізкага ўзроўню лаяльнасці да новай дзяржавы і мінімальнага пачуцця адзінства, неабходных для таго, каб даць старт дэмакратычнай трансфармацыі грамадства. Аднак важнай акалічнасцю з’яўляецца тое, што з розных прычынаў і ў Сербіі, і ў Беларусі адсутнічала супольнае, прынятае пераважнай большасцю грамадства вызначэнне нацыянальнай ідэнтыфікацыі ды яе палітычная, гістарычная і культурная інтэрпрэтацыя (зазначым, што ані гіпернацыяналізм у Сербіі, ані поўнае непрыманне нацыяналізму ў Беларусі не падзяляліся ўсім грамадствам). Неабходнасць перавызначэння саміх сябе ва ўмовах расколу прыводзіла да “культурных войнаў” унутры самой тытульнай нацыі. Гэтыя войны маглі быць гарачыя ці халодныя, але іх сутнасцю было адно і тое ж: палітыкі атрымлівалі магчымасць маніпуляваць распаўсюджанымі ў часткі грамадства каштоўнасцямі і ідэнтычнасцю, каб прывязаць да іх сваю спецыфічную палітычную ідэалогію, легітымізаваць свае палітычныя амбіцыі, а пры патрэбе і палітыку, што накіроўвалася на маргіналізацыю ці дыскрымінацыю культурных ці палітычных меншасцяў. Ва ўмовах, калі палярныя ідэнтыфікацыі (ці інтэрпрэтацыі адной і той жа ідэнтыфікацыі, напрыклад, не толькі ці з’яўляюся я сербам або беларусам, але і што ў палітычным сэнсе значыць быць сербам або беларусам) належалі да групаў, падзеленых вышэйазначанымі сацыяльнымі чыннікамі, імавернасць разгортвання аўтарытарнымі апартуністамі “культурных войнаў” была надзвычай высокай. |
Афіцыйная ідэалогія цітаўскай Югаславіі спалучала камуністычную дактрыну ў яе “мяккай форме” з “мадэрнізатарскім” бачаннем федэральнай дзяржавы і новага поліэтнічнага грамадства (мадэрнізацыяй у галіне нацыянальнай палітыкі, камуністычнай лібералізацыяй, адкрытасцю Захаду, схільнасцю да рынкавых эксперыментаў у эканоміцы і інш.). Грунтуючыся на традыцыях антыфашысцкага партызанскага супраціву часоў другой сусветнай вайны, нацыянальная дактрына Ціта рабіла акцэнт на ідэях “братэрства і адзінства”, якія супрацьстаялі спадчыне этнічных войнаў і канфліктаў на Балканах. Палітычнай канструкцыяй, што адпавядала такой ідэалогіі, была камбінацыя неабмежаванай персанальнай улады самога Ціта і старанна падтрымліванага балансу сілаў і інтарэсаў паміж рознымі рэспублікамі ды этнічнымі групамі, у якім Сербія магла лічыцца метраполіяй толькі вельмі ўмоўна. Пасля смерці Ціта асноўным апанентам ягонай дактрыне стаў сербскі нацыяналізм, які жывіўся тэзісам аб дыскрымінацыі сербаў у камуністычнай Югаславіі. Кульмінацыяй выкліку стала публікацыя ў 1986 годзе мемарандуму Сербскай акадэміі навук і мастацтваў. Занепакоенасць пераследам этнічных сербаў у Косаве трансфармавалася ў ім у заклік да стварэння новай “сербскай нацыянальнай праграмы”, што мусіла прывесці да кансалідацыі адзінай сербскай этнічнай бацькаўшчыны. Сербская гісторыя інтэрпрэтавалася як чарада пакутаў, ахвяраў і чужаземнага гвалту, а федэральны праект — як частка стратэгіі іншародных сілаў па знішчэнні сербскай нацыі. Гэты выклік афіцыйнай ідэалогіі прывёў да вяртання ў сербскі палітычны дыскурс “нацыянальнага традыцыяналізму”, угрунтаванага на сукупнасці каштоўнасцяў і стэрэатыпаў, якія можна апісаць як “патрыярхальны патрыятызм”. Ён ідэалізаваў як базавыя рысы сербскасці патрыярхальную сацыяльную арганізацыю на вёсцы — традыцыйную сістэму грамадаў, а таксама каштоўнасці сацыяльнага канфармізму, эгалітарызму і неабмежаванай лаяльнасці да палітычных лідэраў19. У гэтай трактоўцы сапраўдная Сербія захоўвалася ў вёсках, тады як Бялград і іншыя мадэрнізаваныя гарады былі папросту “заходнімі шлюхамі”20. Асноўнай ідэалагічна-культурнай лініяй разлому, якая абумовіла палітычныя падзелы ў Беларусі, стала супрацьстаянне “нацыянальна-дэмакратычнага дыскурсу” з “расійскім” і “савецкім кансерватызмам” — гэтых дзвюх сістэм мыслення і самавызначэння. “Нацыянальна-дэмакратычны” дыскурс будуецца на бачанні цяперашняй Беларусі як гістарычнай спадкаемцы Вялікага Княства Літоўскага, якое разглядаецца як прататып беларускай дзяржавы, і Беларускай Народнай Рэспублікі, крыніцы сучаснай нацыянальнай дзяржаўнасці. Беларусь прызнаецца неад’емнаю часткай заходняй цывілізацыі, што было парушана напрыканцы ХVIII стагоддзя яе анексіяй Расійскай імперыяй. Гэтая трагічная падзея прывяла да сыходу з еўрапейскага шляху развіцця, да разбурэння асноваў дзяржаўнасці і нацыі, яе мовы, культуры і нацыянальнай эліты. Беларуская нацыянальная праграма ўключае ў сябе не толькі дасягненне незалежнасці, але і дэрусіфікацыю — як палітычную, так і культурную. |
19 Lenard Cohen. Serpent in the Bosom: The Rise and Fall of Slobodan Milosevic. Westview Press: 2000. P.82—85. 20 Eric Gordy. The Culture of Power in Serbia: Nationalism and the Destruction of Alternatives. Pennsylvania State University Press, 1999. |
Расійскі ж дыскурс разглядае Беларусь як неад’емную частку трыадзінства Вялікае, Малое і Белае Русі. Ён адмаўляе ў праве на існаванне Беларусі не толькі як самастойнай дзяржавы, але як і нацыі, “штучнае” ўзнікненне якой было выклікана шэрагам трагічных гістарычных абставінаў21. “Савецка-беларускі” дыскурс займае сярэднюю пазіцыю паміж двума антаганістычнымі. Ён, з аднаго боку, прыхільна ставіцца да ідэі “трыадзінага славянскага народу”, з іншага, ён прызнае абмежаванае права Ўкраіны і Беларусі на дзяржаўнасць і культурна-моўную адметнасць. Чаму беларусаў часта называюць “самымі савецкімі” з усіх народаў былога СССР? Акрамя палітыкі сістэматычнай русіфікацыі і знішчэння нацыянальнай эліты, забыцця традыцый нацыянальнай дзяржаўнасці і еўрапейскай спадчыны ў масавай свядомасці, адыграў ролю і той факт, што савецкая прапаганда паспяхова ператварыла сваю ідэалогію ў сурагат нацыянальнага светапогляду. Савецкі рэжым, па-першае, падаў сябе стваральнікам беларускай дзяржаўнасці ў форме БССР у 1919 годзе і аб’яднальнікам нацыі ў выніку падзеяў 1939 году. Па-другое, ён выпрацаваў свой уласны гістарычны міф аб партызанскай барацьбе за часамі другой сусветнай вайны як нацыянальна-вызваленчым руху22. Па-трэцяе, ён падкрэсліваў сваю ролю ў імклівым эканамічным развіцці і мадэрнізацыі беларускага грамадства ў часы пасляваеннай індустрыялізацыі. Такім чынам, савецкая міфалогія адлюстроўвала гістарычную памяць да- і паваенных генерацый, што к сярэдзіне 1990-х склалі асноўную частку беларускага электарату, і прывяла да ўзнікнення ў постсавецкі час “савецкага кансерватызму”. Варожае стаўленне значнай часткі беларускага грамадства да нацыянальна-дэмакратычнай ідэалогіі не азначае, што ў яе цалкам адсутнічае беларуская самасвядомасць. Як адзначае заходняя даследчыца, “не выклікае здзіўлення, што шматлікія заходнія назіральнікі трапілі пад уплыў памылковага меркавання, нібыта беларусы лічаць сябе расійцамі. Гэта не так, але справа ў тым, што шмат хто з іх не ведае, што значыць быць беларусам па-за савецкім кантэкстам”23. Супярэчлівыя і канкурэнтныя інтэрпрэтацыі нацыянальнай ідэнтычнасці і гісторыі палярызавалі грамадствы прыкладна па тых жа лініях, што і сацыяльна-эканамічныя фактары. Мадэрнізавальны югаславізм у Сербіі закрануў пераважна буйныя гарады і асяродкі, дзе пражывалі этнічныя меншасці. Наступствы сістэматычнай русіфікацыі ў ХІХ—ХХ стагоддзях і адсутнасць памяці пра ўласную дзяржаўнасць у масавай свядомасці не дазволілі нацдэмаўскай ідэалогіі ў Беларусі стварыць моцную канкурэнцыю “савецкаму” дыскурсу ў якасці асновы нацыянальнага светаўспрымання. За выключэннем асобных рэгіёнаў на паўночным захадзе Беларусі, дзе захавалася беларуская мова і ў значнай ступені нацыянальная самасвядомасць, нацдэмаўскі дыскурс знайшоў наступнікаў хіба што ў асяроддзі адукаванай моладзі ў той ступені, у якой беларускі нацыяналізм адпавядаў іх памкненням да рэформаў і еўрапеізацыі. |
21 Сергеев Н., Фадеев А. Анатомия Союза России и Белоруссии // Независимая газета. 1998. №8. 22 “Партызаны і вызваліцелі-чырвонаармейцы запоўнілі ролю адсутных у масавай свядомасці нацыянальных герояў з беларускай гісторыі, і гэта, у сваю чаргу, падштурхнула працэс фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці на масавым узроўні”. Miсhalisko K. Op. cit. P.223. 23 Miсhalisko K. Op. cit. P.236. |
Супадзенне сацыяльнага і культурнага падзелаў дазволілі Мілошавічу і Лукашэнку мабілізаваць грамадскую падтрымку на платформе, якая спалучала “культурны” і “сацыяльны” папулізм. Абодва лідэры здолелі такім шляхам заваяваць падтрымку пераважна сярод сялян старэйшага веку, што на доўгія гады ўтварылі іх “жорсткія” электараты, а таксама, асабліва на пачатку палітычных кар’ер, узмацніць сваю сацыяльную базу за кошт “гарадскіх сялян”, якія таксама вылучаліся схільнасцю да аўтарытарнай палітыкі і палітыкаў. “Сацыяльны” папулізм даў магчымасць простага і зразумелага тлумачэння прычын эканамічных і палітычных крызісаў, што апанавалі краіны ў выніку краху старой сістэмы (звычайна роля ахвярнага казла адводзіліся старым бюракратычным элітам), і каналізацыі грамадскай незадаволенасці (якая ў дзвюх краінах падчас прыходу да ўлады адпаведна Мілошавіча і Лукашэнкі была надзвычай высокай) супраць дэмакратычных пераменаў, а не на іх карысць. “Культурны” папулізм заключаўся ў маніпуляцыі калектыўнай памяццю і масавымі каштоўнасцямі дзеля стварэння надзвычай палітызаванага “маральнага коду” грамадства, вылучэння ўнутраных і вонкавых ворагаў, легітымізацыі палітычных мэтаў асобных дзеячоў як мэтаў калектыўных і прызначэння іх выразнікамі калектыўнай волі. Культурны папулізм быў асноўнай палітычнай зброяй Мілошавіча. Яго ператварэнне з лаяльнага цітаўца ў часы панавання старой сістэмы ў галоўнага сербскага нацыяналіста адбылося 24 красавіка 1987 года ў Косаве, куды ён прыехаў як лідэр сербскіх камуністаў. Мітынг пратэсту сербскай меншасці супраць уціску з боку албанцаў каля будынку, дзе Мілошавіч трымаў нараду, выліўся ў сутыкненні між дэманстрантамі і мясцовай, пераважна албанскай, паліцыяй. Умяшальніцтва Мілошавіча ў сутыкненне на баку сербаў, яго словы “нікто не мае права біць вас” сталі легендарнымі сярод сербаў усёй Югаславіі, якія пачалі бачыць у ім новага лідэра і надзею на бяспеку ва ўз’яднанай бацькаўшчыне. Пасля вяртання з Косава Мілошавіч склікаў пленум Саюзу камуністаў Сербіі, на якім заявіў, што “пытанне Косава — гэта ўжо не палітычнае пытанне, гэта пытанне жыцця ці смерці бацькаўшчыны”24. Узяўшы за ідэалагічную аснову мемарандум Сербскай акадэміі навук, Мілошавіч пачаў кампанію мабілізацыі масавай падтрымкі на платформе ўтварэння “адзінай дзяржавы, у якой будуць жыць усе сербы”. Яго антыалбанская і антыцітаўская кампанія ажыццяўлялася праз масавыя мітынгі, якія атрымалі назву “народных святаў”. Такія мітынгі, у якіх за 1987—89 гады ўзялі ўдзел не меней за паўтара мільёна чалавек, часцяком сканчаліся пагромам сялібаў неўпадабаных Мілошавічам мясцовых кіраўнікоў і партыйных камітэтаў (асабліва часта гэта здаралася ў аўтаномных правінцыях, дзе Мілошавіч не меў фармальнага права мяняць кіраўніцтва). Гэтая кампанія таксама адлюстроўвала “сацыяльны” папулізм мабілізацыі паводле Мілошавіча, які, нагадаем, называў сваю кампанію “антыбюракратычнай рэвалюцыяй”. Яго крытыка цітаўскага эканамічнага і палітычнага ладу старанна скіроўвалася супраць вышэйшага федэральнага і мясцовага (але не сербскага) кіраўніцтва, якое абвінавачвалася ў тых самых грахах, што і партнаменклатура ва ўсім посткамуністычным рэгіёне (зажраліся, абраслі прывілеямі, адарваліся ад народу), але з іншым падтэкстам: рэгіянальныя і федэральныя апаратчыкі абвяшчаліся ворагамі сербскай нацыі. |
24 Robert Thomas. The Politics of Serbia in the 1990s. Columbia University Press: 1999. P.44. |
У адрозненне ад Мілошавіча, асноўным палітычным метадам Лукашэнкі ў барацьбе за ўладу быў сацыяльны папулізм. Прызначаны ў 1993 годзе кіраўніком парламенцкай камісіі па барацьбе з карупцыяй, ён скарыстаўся з росту незадаволенасці эканамічным крызісам, што напаткаў Беларусь пасля распаду СССР. Лукашэнка сканцэнтраваў сваю дзейнасць на новай пасадзе на барацьбе супраць усёй палітычнай эліты, што сфармавалася пасля перабудовы. Паваротным момантам у яго кар’еры быў выступ перад парламентам 14 снежня 1993 году, у якім ён абвінаваціў усіх дзеячоў ураду і парламенцкай апазіцыі ў карумпаванасці. Лукашэнка здабыў сабе імідж “народнага Робін Гуда”, які ў адзіночку змагаецца супраць прадажнай дзяржаўнай бюракратыі і мафіі. Праз некалькі дзён невядомы правінцыйны палітык ператварыўся ў нацыянальнага героя. Праз некалькі месяцаў ён трыумфальна выйграў прэзідэнцкія выбары, праўда, у другім туры. Культурны папулізм, аднак, таксама быў важнай часткай лукашэнкаўскай палітычнай стратэгіі. Ён матэрыялізаваўся ў палітыцы рэсаветызацыі Беларусі (у сімвалічным, а не палітычным сэнсе) і вяртанні той самай канцэпцыі і бачання нацыі, народу, гісторыі, ворагаў ды сяброў, што дамінавалі ў масавай свядомасці. Цікава, што па вяртанні БССРаўскага сцяга і герба ў якасці дзяржаўнай сімволікі Лукашэнка звярнуўся да сваіх самых верных паплечнікаў — да ветэранаў, аб’явіўшы, што ён вярнуў на самай справе іх годнасць і ідэнтычнасць: “Мы вярнулі вам сцяг дзяржавы, за якую вы змагаліся. Мы вярнулі вам памяць і сэнс чалавечай годнасці”25. Лукашэнка працягваў усталяванне сімвалічнай сувязі паміж сваёй уладай і савецкай спадчынай, абвясціўшы (праз рэферэндум) 3 ліпеня, дзень вызвалення Менску ад нямецкай акупацыі, Днём незалежнасці Беларусі. Нягледзячы на ўсю розніцу ў кантэксце, Мілошавічаў нацыяналізм і Лукашэнкава саветызацыя мелі падобныя палітычныя вынікі. Па-першае, абедзве стратэгіі легітымізавалі лідэраў, прывязваючы іх да каштоўнасцяў, стэрэатыпаў і памяці сваіх прыхільнікаў у грамадстве, праводзячы выразную лінію паміж “сваімі” і “чужымі”. Па-другое, нацыянальны традыцыяналізм у Сербіі і савецкі кансерватызм у Беларусі звязвалі ідэнтыфікацыю з канкрэтнай палітычнай платформай, фармулюючы асноўныя прыметы “серба” і “савецкага беларуса” ў тэрмінах, несумяшчальных з прынцыпамі дэмакратыі, якая аб’яўлялася канцэпцыяй разбуральнай, чужароднай і навязанай звонку, пераважна сіламі, што неслі адказнасць за гістарычныя пакуты абодвух народаў. Быць супраць Мілошавіча ў Сербіі азначала быць паплечнікам албанцаў, харватаў, ЗША, Ватыкану, Германіі, Турцыі, сусветнага габрэйства і г.д. (камбінацыя па патрэбе)26. Лукашэнка, з свайго боку, увесь час называў сваіх апанентаў фашыстамі, такім чынам выкарыстоўваючы глыбокую гістарычную траўму свайго народу, пакінутую ў спадчыну другой сусветнай вайной. Этнічныя войны на Балканах Мілошавіч атаясамліваў з гістарычнай бітвай на Косавым полі ў 1389 годзе (у якой, дарэчы, албанцы ваявалі на баку сербаў), тады як Лукашэнка выкарыстоўваў істэрыю вакол пашырэння NАТО на ўсход, параўноўваючы яго з гітлераўскім Drang nach Osten (зноў-такі забыўшыся, што большасць сучасных сяброў NАТО былі партнёрамі СССР па антыгітлераўскай кааліцыі). Косава і Брэсцкая крэпасць, магутныя сімвалы ў палітычных дыскурсах дзвюх краінаў, выкарыстоўваліся як гістарычныя прыклады супраціву заходняй цывілізацыі (недарэчнасці такіх інтэрпрэтацый можна пакінуць на сумленні тых, хто імі карыстаўся). Па-трэцяе, абодва лідэры выкарыстоўвалі традыцыі патэрналізму ў адносінах паміж дзяржавай і грамадствам, што падмацоўваліся ўведзенымі імі палітычнымі дыскурсамі, і часцяком ідэнтыфікавалі сябе з культавымі гістарычнымі фігурамі. Калі для Мілошавіча гэта быў цар Лазар, правадыр сербаў пад Косавам, то для Лукашэнкі — Пятро Машэраў. Эксплуатацыя патэрналізму, па-чацвёртае, спрыяла апраўданню палітыкі, накіраванай на гамагенізацыю грамадства, г.зн. на ўніфікацыю каштоўнасцяў і інтарэсаў ды адмаўленне ў праве на індывідуальную свабоду і думку, а таксама ў праве на самаарганізацыю грамадства, паколькі любы палітычны пасрэднік паміж лідэрам і масамі трактаваўся як чужародны элемент. |
25 Лукашэнка А. Выступ перад ветэранамі // Советская Белоруссия. 1996. 8 мая. 26 Тыповае выказванне праўрадавай газеты аб апазіцыйным лідэру за часамі Мілошавіча: “Слухаеш выступ сп. Драшкавіча, а здаецца, што чуеш сп-ню Олбрайт (дзяржсакратара ЗША) ці сп. Сораса, сп. Мока (міністра замежных справаў Аўстрыі), Ізэтбегавіча (прэзідэнта Босніі) ці Туджмана (прэзідэнта Харватыі)... Мы мяркуем, што дзяржава мае ўладу і сродкі, каб абараніць сваю годнасць і годнасць грамадзян ад НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ПАРАЗІТАЎ” (вялікімі літарамі як у арыгінале. — Аўт.) Цытавана па: Gordy E. Op. cit. P.76. |
Папярэдні аналіз прыводзіць да высновы, што ў абедзвюх краінах існавалі сацыяльныя перадумовы для аўтарытарнага посткамуністычнага развіцця. Яно, аднак, ні ў якім разе не было запраграмавана ў той форме, у якой адбылося. Так, напрыклад, раскол і палярызацыя грамадства азначае існаванне сацыяльнай базы для альтэрнатыўных варыянтаў палітычнага развіцця. Безумоўна, што і ў Сербіі, і ў Беларусі сфармаваліся значныя сегменты грамадства, якія адрозніваліся непрыманнем аўтарытарнай палітыкі. Гэтыя сегменты, аднак, былі не толькі недастаткова вялікімі на пачатку 1990-х, каб прадухіліць пазнейшы ход падзеяў, але і больш неаднароднымі, чым гамагенізаваны электарат аўтарытарных палітыкаў, што зніжала магчымасці іх кансалідацыі вакол адзінай палітычнай альтэрнатывы. У той жа час дэмакратычныя палітычныя эліты не адрозніваліся воляй да кансалідацыі і пабудовы шырокіх кааліцый альбо не мелі адпаведнага досведу, як выкарыстоўваць грамадскі патэнцыял дзеля здабыцця палітычнай перавагі. Аднак прыклад некаторых пераходных краінаў з падобнымі “структурнымі” і “культурнымі” падзеламі сведчыць, што аўтарытарнага папулізму можна было пазбегнуць пры ўмове кампрамісаў паміж палітычнымі элітамі ці праз палітычную стратэгію, што мінімізавала б культурныя падзелы ў грамадстве. Напрыклад, параўноўваючы палітычныя працэсы ў былой Югаславіі і былым СССР, можна прыйсці да высновы, што распад Савецкага Саюзу (я не кранаю чачэнскай вайны і інш.: важна тое, што аналагам сербска-харвацкага канфлікту на Балканах магла быць вайна Расіі і Ўкраіны, а баснійскай вайны — татальны ўзброены канфлікт у Сярэдняй Азіі, уключаючы Казахстан і Ўзбекістан) адбыўся адносна мірна пераважна праз тое, што падчас падзеяў 1990—1991-га палітычныя эліты ў Расіі здолелі нейтралізаваць этнічны расійскі нацыяналізм, які ўжо пачалі выкарыстоўваць камуністычныя сілы ў спробе прадухіліць развал Саюзу. Успомнім, што менавіта ў той час намаганнямі праельцынскіх элітаў паўстала вызначэнне “расіяне”, якое, у адрозненне ад “расійцаў” (русских), уключала ў сябе ўсіх жыхароў Расійскай Федэрацыі, але не расійцаў Украіны ці Прыбалтыкі. Палітыка тэрытарыяльнай экспансіі была на нейкі час дэлегітымізавана, і гэта паспела адбыцца яшчэ да таго, як імперскія настроі пачалі зноў узмацняцца; СССР паспеў знікнуць адносна мірна. У гэтай сувязі цікава прасачыць, як па-рознаму фармуляваўся палітычны дыкурс у Расіі і Сербіі. Так, сербскі нацыяналізм актыўна культываваў падзел на дэнацыяналізаваных “сербіянцаў” (srbjanci, аналаг “расіянаў”), што жылі ў Рэспубліцы Сербіі, і сапраўдных “сербаў” з Босніі, Харватыі і Косава, што неслі ў сабе аўтэнтычныя нацыянальныя рысы і дух27. Цікава таксама параўнаць посткамуністычныя палітычныя траекторыі Беларусі і Ўкраіны. Фармаванне нацыянальнай дзяржавы і больш трывалых дэмакратычных інстытутаў у паўднёвай суседкі Беларусі таксама ішло ў падобных палітычных і культурных умовах28. Там, аднак, недахоп нацыяналізму быў кампенсаваны кампрамісам сярод палітычных элітаў, што дазволіла заблакаваць магчымасці палітычнымі і інстытуцыянальнымі сродкамі змяніць статус-кво, які склаўся пасля 1991 году (маецца на ўвазе больш дэцэнтралізаваная канцэнтрацыя ўлады праз увядзенне напаўпрэзідэнцкай рэспублікі і адмова ад палітычнай практыкі паводле прынцыпу “пераможца забірае ўсё”). У Беларусі падобнага міжэлітнага кампрамісу не адбылося, наступствам чаго стала сама магчымасць прыходу Лукашэнкі да ўлады. Падсумоўваючы, можна прыйсці да высновы, што галоўнымі фактарамі, якія абумовілі фармаванне канкрэтнай формы аўтарытарнага праўлення ў межах тых магчымасцяў, якія адкрывалі сацыяльныя фактары, былі, па-першае, канфрантацыя паміж асноўнымі палітычнымі элітамі, што на нейкі перыяд стварыла “вакуум улады” ў абодвух выпадках, і, па-другое, самагубчыя палітычныя стратэгіі асноўных апанентаў Мілошавіча і Лукашэнкі. Працяг будзе
|
27 Гл. Thomas R. Op. cit. 28 Як гэта ні дзіўна, але, нягледзячы на відавочна больш высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці ўкраінскага грамадства, грамадскі энтузіязм наконт палітычнай незалежнасці ніколі значна не перавышаў таго узроўню, што існаваў у Беларусі. Нагадаем, што на рэферэндуме 1991 году каля 70% украінцаў (і 82% беларусаў) галасавалі за саюз. У 1994 годзе геапалітычныя арыентацыі ўкраінскага і беларускага насельніцтва выглядалі прыкладна аднолькава. І нават у 2001 годзе больш за палову ўкраінцаў станоўча ставіліся да ідэі далучэння да саюзу Расіі і Беларусі. Як мы бачым, нацыянальны праект ва Ўкраіне рэалізаваўся больш элітным, чым грамадскім шляхам. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 3 (26) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Дызайн mk
Майстраваньне Маkса Плакса |