A R C H E П а ч а т а к № 3 (26) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32003
» да Зьместу «

 


Pax Americana
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


рэцэнзія

СЯРГЕЙ ШЫДЛОЎСКІ
(112Kb) Вокладка ARCHE 3-2003. Pax Americana. Малюнак Адама Глобуса.

   Мінулыя нумары:

   Туманнасьці
  беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Шыдлоўскі
 
 
Рэйд у ружовым маскхалаце

Кісліцына Ганна. Blonde attack. — Менск: Логвінаў, 2003.

Амэрыканцы ў Іраку. Ніхто ня верыць у рацыю бакоў канфлікту. Але ўсе ўскосна фундуюць вайну, карыстаючыся TV. Этычныя гледзішчы саступаюць эстэтычным запатрабаваньням, маральныя выдаткі апраўдваюцца маляўнічасьцю відэакарцінкі ды пафігічным разгонам маналёгаў Жырыноўскага. Такога шоў яшчэ не было.

Вартасьць ідэалёгіі выражаецца ў тым, наколькі маляўнічы сюжэт яна здольная забясьпечыць у выніку сваёй рэалізацыі. Размытыя межы паміж літаратурай і TV-рэальнасьцю, фабулу якой кшталтуюць сцэнарысты. Вуснамі грамадзкіх дзеячоў прамаўляюць літаратурныя падзёншчыкі. Пытаньне, “зловяць ці ня зловяць бэн Ладэна”, інтануецца імі з драматызмам непапраўных графаманаў. “Цывілізаваны сьвет”, праўдзячы прароцтвы Маклюэна, усё больш нагадвае глядзельную залю правінцыйнага тэатру, збудаванага ад шатні да буфэту паводле сыстэмы Станіслаўскага. Беларусам яшчэ хопіць месцаў на галёрцы, пачакайма трэцяга званка...

Але дарэмна: дапытлівыя беларускія жанчыны ўжо ўступілі ў сьвет татальнай літаратуры. Калі ласка — першыя ўражаньні: новая кніга Ганны Кісьліцынай “Blonde attack”.

Non fiction — стандарт гэтага літаратурнага сэзону. Прафэсіяналы пяра апранаюць запатрабаваны камэрцыйным попытам камуфляж і выходзяць у поле. Ружовыя вушкі трусіка на вокладцы зборніка крытычных эсэ Ганны Кісьліцынай “Blonde attack” могуць падмануць толькі беларускага літаратара, што пэрманэнтна выпадае з кантэксту эпохі. Для назіральнага ж сучасьніка зразумела адразу — гэта маскхалат. Такіх вачэй не схаваеш. Яны нібы з плякату “Родина-мать зовёт”. Пальчыкам. Адназначна моцная заяўка на вокладку “АRCHE” і другі фатаздымак Ганны Кісьліцынай, разьмешчаны ў гэтай кнізе.
 

нарадзіўся ў 1973 годзе ў Полацку. Закончыў гістфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Выкладаў гісторыю культуры ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце. Апошняя публікацыя — эсэ “Прастора гераічнага” (часопіс “Правінцыя”, №3—4).
   

У краіне Чорнага Войны, дзе кожны сам за сябе, а навакольле — спрэс партызанскія тылы, дывэрсійныя мэтады апраўданыя. Крытык выйшаў у ружовым маскхалаце на сьцяжыну вайны. Вайны? Хутчэй “ловаў ветру”, што больш адпавядае прыродзе крытычнага занятку. Зрэшты, ловы спэцыфічныя. Калі палюе амазонка, недарэчна наракаць на ўдары ніжэй пасу. Непужаную фаўну беларускага літ-дыснэйлэнду крытык з вачыма Маці-радзімы — гэтага славянскага тыпу фатальнай жанчыны — прыцьвічвае зь лёту. Апэляваць беларускім літаратарам у гэтых варунках застаецца хіба толькі да “Грынпісу”, але ніяк не да гісторыі.

Што было найперш — яйка ці курыца? У дачыненьні да сучаснай беларускай літаратуры гэтае пытаньне разьвязанае адназначна. Першым быў, ёсьць і будзе крытык. “Крытык-жанчына”, удакладняе Ганна Кісьліцына. “Ці не паходзіць слова “крытыка” ад назову востраву Крыт — першарадзімы фэмінізму?” — пытаецца яна на старонках эсэ “Крытыка — жаночая справа”, сеткавая вэрсія якога набыла папулярнасьць і спарадзіла розгалас задоўга да сваёй папяровай публікацыі.

Ладная частка імёнаў, што сустракаюцца на старонках кнігі “Blonde attack”, для чытача, неабазнанага ў актуаліях менскага самвыдату, гучыць як адкрыцьцё. Балазе Кісьліцына шчодра цытуе рэцэнзаваных аўтараў. Гэта нагадвае футурызм, той выпадак, калі біяграфія паўстае паперадзе бібліяграфіі. І справа нават ня столькі ў тым, што героі крытычных эсэ Кісьліцынай недастаткова эксплюатавалі друкарскі варштат, колькі ў самой прыродзе іх творчасьці. Вішнёў, Сін, іншыя сябры літаратурнай суполкі “Бум-бам-літ”, што патрапілі ў калекцыю літаратурных партрэтаў “Blonde attack”, пазыцыянавалі сябе як пэрформэры. Пэрформанс — што дзірка ад бубліка; каб зафіксавацца сэнсам, гэтая пустата вымагае асады “цела” крытыка — крытыка-інсьпіратара, крытыка-супольніка, крытыка-гаспадыні, што смажыць і ўзнагароджвае сваіх пэрформэраў дранікамі. Узнагародніца і ўзнагарода ў адной асобе.

Нават Генры Мілер па-беларуску — гэта Кісьліцына плюс Мілер. Зразумела, у такой пазыцыі шмат самаіроніі, якой вымагае сама тэхніка сучаснага эсэістычнага пісьма, у адваротным выпадку робіцца задужа відавочным першаўзор гэтага жанру на постсавецкай прасторы — расейскамоўныя пераклады ангельскіх эсэ Бродзкага з усёй іх некантраляванай двухсэнсавасьцю.
 

 
   

“Blonde attack” чытаецца як раман. Яго пэрсанажы — “големы” беларускага літаратурнага працэсу. І сама Ганна Кісьліцына выглядае гераіняй сваіх жа артыкулаў. Дакладней, яе роля блізкая да функцыі жыхароў Алімпу ў старагрэцкіх мітах. У гэтым спэцыфіка прафэсіі крытыка ў параўнаньні з рамяством гісторыка літаратуры. У працы першага значна большую дапамогу можа аказаць уласны дзёньнік, чым архіўныя росшукі. Крытык — прафэсійны сьведка, у ягоным пакліканьні нешта ад абавязку палявога арбітра, арбітра-тарэра. Крытыка і карыда ўжо ніколі ня будуць мужчынскай манаполіяй.

Ёсьць у гэтым і адваротны бок — калі ведаеш чалавека асабіста, пачынаеш шукаць ягонае творчае крэда ў суадносінах паміж колерам вачэй, улюбёным трункам ды норавам ката. Тады лепш пішацца пра рабочы стол, чым пра работы. Тэксты пісьменьніка драбнеюць да пэтыту камэнтару перад ягоным галоўным творам — буднямі. Але Ганну Кісьліцыну цяжка абвінаваціць у браку дыстанцыі датычна аб’ектаў яе прафэсійнай увагі.

Сучасны спажывец набывае, як вядома, разам з рэччу жыцьцёвы стыль, свой новы вобраз. Датычыць гэта і літаратурнага прадукту. Таму літаратар мусіць клапаціцца ня толькі пра пісьмовы тэкст, але і пра этас, жыцьцёвы стыль, што нясе яго кніга.

Калі ж аўтары безбародыя, як у выпадку “Бум-бам-літу”, іх можна скарэктаваць празь іншыя часткі вобразу. Так паўстае, калі скарыстаць выраз Ігара Бабкова, “новая крытычная парадыгма”.

Дарэмна шукаць тут нейкую беларускую спэцыфіку. Хутчэй, гэта агульнаэўрапейская тэндэнцыя, калі прафэсійныя літаратуразнаўцы робяцца галоўнымі заказчыкамі-праектантамі літаратурнага працэсу. Менавіта як праект, пажаданы сцэнар развою беларускай літаратуры і ўспрымаеш тэксты Ганны Кісьліцынай.

Беларускі крытык, узгадаваны на левых фэнзынах засьцянковай шляхты XIX стагодзьдзя, традыцыйна заідэалягізаваны. Але любая ідэалёгія выглядае сёньня як эксцэнтрыка. Цяжка сказаць, чаго чакае сучасны чытач ад крытычнага тэксту, але адназначна — не правідловага павучаньня. Кісьліцына, якая не злоўжывае займеньнікам “мы”, пакідае свайму чытачу выбар. Магчыма, гэта і ёсьць жаночае праяўленьне “элемэнту полу”, прыхільнасьць якому ў літаратуры дэкляруе крытык.

Лютасьць ідэоляга саступае ў творах Кісьліцынай жаночай лютасьці (“Крытыка — жаночая справа”, “Цяжарны супэрмэн”, “Фэміністычныя нататкі”). Поўху ад ружовага трусіка, умоўна кажучы, зазнаў не адзін мужчынскі фэйс бел-літ працэсу. А бязь лютасьці няма крытыка, натхненьне — гэта ж у паэтаў. Калі ідэалёгіі цалкам капітулююць, у сухой рэшце тэкстаў застаецца толькі досьвед — агульначалавечы, жаночы, досьвед свабоды і каханьня.

Бліск і галеча сучаснага бел-літу разьмеркаваныя паводле полавай прыкметы. Бліску акурат настолькі, наколькі ў літаратуры прысутнічае жаночага — экстравэртнай скіраванасьці за межы гета. Галеча як спадарожніца пурызму ды аскетызму — цалкам на сумленьні мужчын-літаратараў, што задоўга да нараджэньня знанай авечкі Долі навучыліся памнажаць уласныя шэрагі шляхам ідэалягічнага кланаваньня. Іранічнае азначэньне “цяжарны супэрмэн” (назва аднаго з эсэ Ганны Кісьліцынай) — гучыць у гэтым зьвязку праграмна, як абагульнены вобраз беларускага мужчыны-літаратара.
 

 
   

Можа скласьціся ўражаньне, што крытык “палюе” вылучна на мужчын-літаратараў, але гэта недарэчнае меркаваньне. Вось жа, у эсэ “Што такое каханьне ў параўнаньні зь біфштэксам?” Кісьліцына недвухсэнсоўна выступае на баку Багдановіча-мужчыны, Багдановіча-хлопчыка, калі заўгодна, і ягонага права на бясшлюбнасьць і бязьдзетнасьць супраць навагаў літаратуразнаўцаў уладкаваць асабістае жыцьцё клясыка пасьмяротна. Ёсьць заканамернасьць — чым больш увагі надаеш літаратарам, тым менш цікавішся літаратурай. Хто цытуе Палуяна? Палуянам трызьняць — здубелым трупам пэрформэра-самагубцы. Мыляць вяроўку. Што прыцягвае больш — “Мадонны” Багдановіча ці яго самотны ложак з угвэзданай крывёю навалачкай? Налятай, яны здохлі. Але жывы графаман, як ні круці, усё ж лепшы за несьмяротнага клясыка: чытач падабае сьвежую кроў, крытык — рабіць балюча.

Літаратуразнаўства забаўлена мінулым. А вакол сучасных твораў пануе напятая цішыня. У гэтым ёсьць заканамернасьць. Талент не належыць сучаснасьці, ён ня наш-ваш, ім цяжка маніпуляваць. У найлепшым выпадку права абмяркоўваць сучасьніка дэлегуецца хранікёрам-Экерманам, прыпісаным за некім да скону, як прыпісваюць дзеншчыкоў. А зазвычай, крытык — гэта прадавец, крэатыўнік, што абслугоўвае часопісныя анонсы. Мо таму С.Дубавец, С.Кавалёў, І.Бабкоў, што вызначалі некалі крытычную моду, урэшце перакваліфікаваліся.

Творчасьць тых жа Мудрова, Вашка, Сідарука нагадвае гуканьне ў пустату. Нечая пустата часам і зрэзануе — тады зьяўляюцца імпрэсіі-водгукі, якія гавораць збольшага пра сваё, скарыстоўваючы чужы твор як фармальную нагоду азвацца. Дыялёгу не атрымліваецца. Самай вялікай узнагародай аўтару будзе творчы партрэт у “Крыніцы” — як пажыцьцёвая маска натужнага стаўленьня сучасьнікаў, змушаных нешта пра цябе гаварыць. Жывая і неабыякавая, кніга Ганны Кісьліцынай — адна зь нямногіх, якая сапраўды своечасова рэагуе на беларускія літаратурныя актуаліі.

Нашая літаратура ніколі не праходзіла сур’ёзнага выпрабаваньня зорнасьцю. Калі расьцягнуць куміраў на сувэніры, ці застанецца што ад айчыннай літаратуры? Ці перанясе яна, напрыклад, страту Багрымавай жырандолі? Жырандоля Багрыма, вусы Багушэвіча, цнота Багдановіча — гэта, можа, і ёсьць самыя праўдзівыя артэфакты беларускай культуры, астатняе ж, кшталту тэкстаў, — нешта другаснае, як бел-літ — нудны школьны курс, такі ж неабавязковы, як “грамадазнаўства”? Ганна Кісьліцына, эмулюючы для нашых літаратараў атмасфэру прызнаньня, зьдзяйсьняе цікавы сацыяльны экспэрымэнт. Чакаем працягу.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (26) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Дызайн і майстраваньне mk
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/06/28