A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (27) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
МІХАЛ ВІВЭГ | |||||
|
Міхал Вівэг
|
(Michal Viewegh, 1962) — найпасьпяховейшы чэскі пісьменьнік апошняга дзесяцігодзьдзя. Аўтар аповесьцяў, літаратурных пародыяў, раманаў-бэстсэлераў і інш. Беларуская мова сталася дзевятнаццатай мовай, на якую перакладзены творы празаіка.
Раман “Выхаваньне дзяўчат у Чэхіі” друкуецца з ласкавай згоды аўтара. |
2. Кажу наўпрост, што далейшае апісаньне Кралавай вілы (падобна як і само Кралава прозьвішча) зусім не адпавядае рэчаіснасьці, бо ягоная згода на публікацыю гэтай гісторыі была адназначна абумоўлена патрабаваньнем, каб я прыняў такія захады, якія б зьнемагчымілі верагодную ідэнтыфікацыю. Зь іншага боку, мне, вядома ж, хацелася б захаваць genius loci таго раёну, і таму я згадаю прынамсі той факт, што рух з галоўнай збраслаўскай вуліцы сюды ўжо не сягае і што кожны трэці чалавек, які прахаджаецца паўз усе гэтыя пескавіковыя цокалі ды аздобныя каваныя платы, за якімі праз густыя туі можна часам пабачыць раскошны траўнік ці блакітны борт хатняга басэйну, вядзе на рулеткавым павадку заводнага сабаку. Менавіта ў той момант, калі я сабе адзначыў, што нумар, напісаны ў лісьце, адпавядае нумару на слупе ўваходнае брамы, азваўся непрыемны пранізьлівы гук, які звычайна суправаджае аўтаматычнае рассоўваньне варотаў. Гэта, відавочна, быў заезд для аўтамабіляў (весьнічкі для пешых месьціліся правей), але, калі я азірнуўся і не заўважыў нідзе ніякай машыны, я дапяў, што мяне, пэўна, нехта ўжо выглядае празь цёмныя вокны вілы, а гэтая брама, гэтая віла і ўвогуле ўвесь гэты сьвет адчыняюцца менавіта і толькі для мяне. Таму я зь сяброўскай усьмешкай у бок вокнаў вілы ўступіў на двор і мая левая рука з шырока разьведзенымі пальцамі ўзьляцела ўгару ў завучаным удзячным жэсьце. (Я ўжо чую лёгкае шушуканьне ў чытацкіх шэрагах, аднак я ўрачыста прысягаю, што не зьбіраюся на гэтым міжвольным жэсьце збудаваць увесь раман, нават калі б гэта забясьпечыла мне несьмяротнасьць1.) Але ў наступную сэкунду — да сёньня не магу сабе растлумачыць, як гэта магло здарыцца — мяне ледзь не пераехаў чорны кабрыялет “Volkswagen Golf”; я інстынктыўна адскочыў убок, толькі калі пачуў характэрны гук драблёнага шынамі жвіру. Машына аб’ехала мяне кароткай хуткай дугой — заехаўшы пры гэтым правымі коламі на траўнік — і на ймгненьне воддаль спынілася. Дарма што было вельмі цёпла, дах ня быў спушчаны, а праз танаванае шкло ў сярэдзіну было кепска відаць; і ўсё ж на момант я ўбачыў у люстэрку задняга бачаньня Бэацін бледны, засяроджаны, нават суровы твар: цьвёрда сьцятыя вусны, вочы, схаваныя за сонечнымі акулярамі. Пераканаўшыся, што я жывы, яна націснула на газ і зьнікла за рогам асабняку. За коламі напраўду трохі курэла. І тут — я нават не пасьпеў як мае быць асэнсаваць свае адчуваньні — нехта незнаёмы ззаду паваліў мяне на зямлю і скруціў рукі за сьпіну. Я войкнуў ад спалоху і болю. — Вось гэтага з намі больш не рабі! Калена ўладальніка голасу балюча ўядалася мне ў ныркі. — Мы не прыдуркі! — Аў! — Ці ты так ня думаеш? — Аў, баліць!! Голас засьмяяўся, да яго далучыўся й другі. Гэта былі маладыя мужчынскія галасы. — Дык што, братан, каго шукаем? Ціск калена не памяншаўся. Яшчэ ніколі ў жыцьці я ня бачыў травы з такой блізіні. Я паспрабаваў прыўзьняць галаву, каб адказаць, але мне яе імгненна прыціснулі назад. З намаганьнем я колькі разоў набраў паветра й прамармытаў у зямлю сваё імя. — Ня чуў пра такога, — сказаў голас з насьмешкай. Мой першапачатковы спалох зьмяніўся разьюшанасьцю. — А палове на шостую, — выкрыкваў я ў шаленстве, — у мяне сустрэча з спадаром Кралам. Дамоўленая сустрэча! Я ніколі ня думаў, што некалькі словаў могуць каштаваць такіх высілкаў. — Праўда? — зь недаверам адказаў голас. Ціск на ныркі зьнік, і мне вызвалілі рукі. — Чаму ж вы тады нармальна не пазванілі? Тым ня менш яны дапамаглі мне ўзьняцца. У абодвух былі гальштукі і абодва былі большыя за мяне. Я расьцьвелена абтрасаўся. — Ну, тады пардон, — сказаў другі з усьмешкай. У ягоным голасе не было ані найменшай намінкі на пакаяньне. Ён разглядаў мяне зь цікавасьцю: — Дык вы той самы наступны? Я не зразумеў: — Як гэта — наступны? Яны абмяняліся кароткімі позіркамі. |
1 Намінка на раман Мілана Кундэры “Несьмяротнасьць”. — Тут і далей зацемы перакладніка. |
Правёўшы мяне да мармуровых сходаў, што вялі на прасторную летнюю тэрасу, крыху недарэчна абстаўленую (два белыя плястыкавыя столікі, чатыры фіялетавыя плястыкавыя крэселкі і адзін аранжава-зялёны сонечны парасон), яны кіўнулі, каб я там пакуль пачакаў. — Ну, удачы, — сказаў бляндын. — І наступным разам — званіце, — дадаў другі. Я сярдзіта маўчаў. Яны пайшлі пазабаўленыя. Узышоўшы па сходах на тэрасу — пры гэтым мая хада была пазначаная нейкай сутаргавай годнасьцю, — я завагаўся, да якога з столікаў мне прысесьці, бо адзін увесь быў заліты нейкім пладовым кактэйлем, а на другім грувасьцілася дзіўная мяшанка з брудных кубкаў, ілюстраваных часопісаў, крэмаў для скуры, шпілек і ружовых гантэляў для аэробікі. А па-над усім гэтым натурмортам сувэрэнна панаваў магутны, а галоўнае, уключаны фэн маркі “Braun” — ён ціха й самотна гуў, бесьперапынна разьдзьмухваючы старонкі моднага часопісу “Tina”. Падаўжальнік праз адчыненыя дзьверы цягнуўся кудысь у цяністыя нетры вітальні. — Здароўкі! — выгукнуў адтуль Крал, але ў той цемры я яго ня бачыў. — Добры дзень, — тым ня менш адказаў я. — Сядайце. Я зараз! Было чуваць, як ён падымаецца кудысьці на другі паверх. Адразу ж бразнулі дзьверы й азваліся прыглушаныя галасы — ягоны й дзявочы. Я ўзяў фэн і зьдзьмуў з стала крошкі ад чыпсаў. Ангельскі сад унізе пада мной выглядаў крыху занядбана: кусты былі перарослыя, траўнік доўга ня кошаны, клюмбы з ружамі няполатыя, белы жвір на пад’ездавай дарозе парос дзьмухаўцамі і іншым пустазельлем. Некаторыя садовыя работы — прыкладам, паднаўленьне каменнага парапэту ці падстрыганьне жывой агароджы ўздоўж дарогі — былі выкананыя на дзіва па-дылетанцку. — Здароўкі, — сказаў Крал задыхана. — Я рады, што вы прыйшлі. Гэта быў мажны мужчына, але выглядаў ён стомлена (гэтага ўражаньня я ніколі ўжо не пазбудуся). Агата сарамяжліва пасьміхалася ў яго за сьпінай: — Добры дзень! Яна зрабіла нейкі сьмешны, парадыйны рэвэранс і пацягнулася па горстку чыпсаў, абярнуўшы пры гэтым шклянку з кока-колай. — Здароўкі, — адказаў я паводле мясцовае завядзёнкі. Зь нейкай невядомай мне прычыны яна пырснула ад сьмеху. Некалькі драбкоў з чыпсаў прыляпіліся мне на рукаў сьветлага пінжака. — Агата, — зьлёгку папікнуў яе Крал. — Пардон, — сказала яна. Адфутболіўшы драўляныя чаравікі, яна жвава адно за адным правяла на тэрасе сэрыю гімнастычных практыкаваньняў, званых кола і шпагат. Тады зноў абулася. — Ня хочаце колы? — сказала яна зычліва. — Або чыпсы? — Хадземце ў мой кабінэт, — прапанаваў Крал. Я ведаў, што вілу ён купіў у 1990 годзе, але тое, што ён тут жыве зусім нядоўга, можна было адгадаць ужо паводле таго, як ён вымаўляў мой кабінэт. |
Ад мяне ня ўнікла, што кабінэт быў замкнёны — і, пэўна, толькі дзякуючы гэтаму ў ім быў парадак: рэчы на пісьмовым стале з моранага дубу ўпарадкаваныя, тэчкі-рэгістратары зраўнаныя на паліцах, бурштынавы дыван адпыласошаны, і нават на дырэктарскім фатэлі з дрэва й натуральнае скуры не было ніякае лужыны ад разьлітага кактэйлю. Над сталом дамінаваў узьнёслы выгін імпазантнай залатой настольнай лямпы. Мушу прызнаць, што кабінэт (нягледзячы на пэўную невынаходлівасьць) уразіў мяне сваёй раскошнай элегантнасьцю. — У вас тут нішто сабе, — сказаў я шчыра. Яго гэта заўважна ўсьцешыла. Ён наліў у дзьве шклянкі шатляндзкага віскі і ўжо крыху паказушна адчыніў дзьверцы ўмантаванай лядоўні, зь якой выцягнуў поўную шклянку лядовых кубікаў. Прысеў насупраць мяне. — Я чытаў вашую кніжку… “Погляды на забойства”? — Так. — Мне спадабалася. Ты мне кабінэт, я табе кнігу. — Дзякуй. — Мая дачка таксама крыху піша. — Праўда? — Ёй гэта магло б дапамагчы лепш разабрацца ў сабе, — прамовіў ён задуменна, гледзячы ў стол. Калі ён узьняў вочы на мяне, з выразу ягонага твару я зразумеў, што гэта было пытаньне. — Вядома, — сказаў я. — Безумоўна. Ён кіўнуў у знак згоды. Мне падалося, што ён аджыў. — Шчыра кажучы, ёй гэта трэба, — сказаў ён. — Маю на ўвазе, разабрацца ў сабе. У яе цяпер крытычны пэрыяд. — Я б сказаў, што яна ў поўным парадку, — я засьмяяўся. — Куляецца вельмі спрытна… Ён уражана паглядзеў на мяне. Нешта тут было ня тое. Ён, вядома ж, меў на ўвазе Бэату.
Натуральна, гэта мяне трохі зьбянтэжыла, і Крал, як прафэсійны гандляр, адразу ж скарыстаўся маёй нерашучасьцю. — Ну дык, — сказаў ён энэргічна, — што вы скажаце пра гэткі сабе курс творчага пісьма? — Вы… — Давайце гаварыць канкрэтна: вы прыходзілі б сюды чатыры разы на тыдзень, з панядзелка да чацьвярга, скажам, шторазу гадзінкі на дзьве. На выходныя мы зьяжджаем, так што пятніцы, суботы й нядзелі ў вас, вядома, будуць вольныя. Як прафэсійны настаўнік чэскай мовы я ня мог не заўважыць умоўнага ладу побач з простым будучым часам. — Але гэта страшэнна шмат часу — восем гадзінаў на тыдзень, — сказаў я няўпэўнена. — Якраз цяпер у мяне на стале карэктура раману, і я ня ведаю, ці… — Дзьве гадзіны на дзень? А ці ведаеце вы, колькі гадзінаў на дзень працую я? Дванаццаць. Нават пятнаццаць. Ён устаў і сеў за пісьмовы стол. — Няма гаворкі пра нейкае занудлівае рэпэтытарства… Праграма залежыць толькі ад вас. Збольшага вы можаце рабіць што захочаце. Ніхто нават ня кажа, што гэтым пісьмом вы павінны заўсёды займацца абавязкова ў нас дома… Ён глядзеў на мяне так доўга, што я ўрэшце кіўнуў. У паветры вісела зьмена. Адчуваньне зьмены, якой бы яна потым ні выявілася, спрадвеку выклікала ўва мне ірацыянальнае пачуцьцё радаснага чаканьня. |
— На гэтым пераходзім да вашага ганарару, — сказаў Крал. У сваім перасоўным фатэлі ён адштурхнуўся ад стала, пацягнуўся па досыць далёка адлеглы ноўтбук і, пакуль паварочваўся назад да стала, разгарнуў яго, уключыў і краем паклаў на стальніцу; пальцы ягонай правай рукі зьнерухомелі на мініятурнай клявіятуры. Мне прыйшло да галавы, што ягоныя рухі не пазбаўленыя пэўнай харэаграфічнасьці. — Колькі вы хочаце? Міжволі я зьлёгку пачырванеў. Паводле “Пастановы ўраду Чэскай Рэспублікі пра заработную плату працаўнікоў бюджэтных і некаторых іншых арганізацыяў” ад 22.04.1992 мне ў той час належаў месячны заробак у памеры 3860 крон без уліку падаткаў, а ў сьпісе пяцідзесяці выбраных прафэсіяў, апублікаваных у друку, заробкі настаўнікаў прыпадалі на 49-е месца. — Ці ёсьць у вас нейкае ўяўленьне на гэты конт? — прыязна паўтарыў Крал. — Не. — Маё ўяўленьне наступнае: восем тысяч за месяц на рукі плюс нешта накшталт выніковых прэміяў. Ня варта было гэтак з мной абыходзіцца, жаласьліва казаў я сабе. Гэта несумленна. — Ці мы дамовіліся? — спытаў Крал. Я зацеміў, што пасьля ўсіх гэтых апавядальных сказаў нарэшце прагучала агульнае пытаньне. Спахапіўшыся, я папрасіў тры дні на роздум. На гэта ён не разьлічваў. — Добра, — засмучана пагадзіўся ён.
3. Але і я пачуваўся зусім ня добра. У думках я вяртаўся як да нашай размовы, так і да згаданага ліста, і чым далей, тым выразьней усьведамляў, наколькі трывалым і сувэрэнным было і, відавочна, застаецца дагэтуль Кралава перакананьне ў тым, што малады чэскі настаўнік і пісьменьнік за восем тысяч кронаў на месяц адразу ж кіне ўсё, каб чатыры вечары штотыдня выседжваць над няўмелымі літаратурнымі спробамі ягонай большай дачушкі. У пэўным сэнсе было вельмі крыўдна. Я вырашыў, што наступны дзень прысьвячу мабілізацыі свайго прафэсійнага гонару. Аднак гэта было зусім ня лёгкім заданьнем: калі ў вашай школе дырэктарам чалавек, чыё найвышэйшае інтэлектуальнае дасягненьне — дваццаціпяцігадовае даўніны дыплёмная праца “Трэніровачны касьцюм вучняў і вучаніц”, ваш прафэсійны гонар засунуты ў вас досыць глыбока. — Добрай раніцы, — прамовіў я, уваходзячы ў кабінэт. — Добрай раніцы й вам, — прамовіў калега і сябра Ярамір Наданы, мужчына сталага веку. Мне здалося, што ён у гуморы, што зусім не было безумоўным. (Я імкнуўся зразумець ягоныя зьменлівыя настроі, і звычайна мне гэта ўдавалася тым лепш, чым плястычней я мог уявіць, як прыкладна могуць выглядаць дні і тыдні ў тым маленькім дамку, дзе адзінай жывой істотай, апрача яго, быў ягоны чорны кот. “Мой апошні кот”, — часам казаў Ярамір.) — А-а, добрай раніцы, — прамовіла каляжанка Ірэнка. — Добрае раніцы, — прамовіла каляжанка Ліба. — Добрай ранічкі! — прамовіла каляжанка Ленка. Каляжанка Хваталава-Сукава не прамовіла нічога. Замест прывітаньня яна кінула на мяне погляд, якім кіроўца на аўтамагістралі зіркае на пераеханага вожыка. Пасьля гэтага ейны твар зноў набыў ранейшую заклапочанасьць, і яна працягнула ператрус шафаў у кабінэце. Нарэшце яна выпрасталася. — Леначка! Лібушка! Ірэнка! — выгукнула яна ў своеасаблівай махаўскай варыяцыі2. — Ці няма ў вас выпадкам пустога слоічка з-пад кавы? — Не. — Мы ўжо табе, Мілушка, усе слоічкі з-пад кавы пааддавалі, — патлумачыла Ірэнка. Выраз абсалютнай роспачы ў Мілушчыных вачох дазваляў меркаваць, што дырэктар сабраўся на рыбалку яшчэ да абеду, а мо й проста цяпер. Яраміру стала яе шкада; ён перасыпаў сваю распушчальную каву ў поліэтыленавы мяшэчак з-пад перакускі, а пусты слоік моўчкі падаў ёй. — Што з маленькім, — зазначыла Хваталава-Сукава, прытлумляючы задаволенасьць, і з слоікам ды сапёрнай рыдлёўкай з рыштунку амэрыканскай арміі засьпяшала на школьную дзялянку. Ейны крок і целарухі, як заўжды, адбівалі тэмп кампазыцыі, нячутна гранай недзе пад скляпеньнем ейнага чэрапу. Мы выйшлі з кабінэту на калідор і абступілі акно. Мілушка лунала сярод роснай травы. — “Ода да радасьці”, — выказала здогад Ленка, тым часам як спадарыня настаўніца пад намі ўжо шчыравала на градзе. Ейны твар беспамылкова сьведчыў пра знаходку кожнага новага дажджавога чарвяка. Беспэрспэктыўныя грады Мілушка з выразам нямога дакору імгненна пакідала. Трэба сказаць, што рухалася яна вельмі шпарка. — “Палёт чмяля”, — сказала Ліба. Зьнізу, ад гардэробу, ужо нёсься знаёмы ранішні гоман. На бяду, сярод першых прыходзячых вучняў была і Агата. Заўважыўшы мяне, яна ўся зазьзяла. — Добры дзень! — выклікнула яна падкрэсьлена акцэнтавана. — Прывітаньне, — стрымана адказаў я, імкнучыся не адстаць ад калегаў, але ў дзьвярох кабінэту Агата літаральна заступіла мне дарогу. З-пад чорнай футболкі ў яе тырчэла нейкая накрухмаленая карункавая камбінашка. Яна міла ўсьміхалася, а ейны погляд ні на хвіліну не пакідаў майго твару. — Ну што? — прамовіла яна дабрадушна. Амаль па-мацярынску. — Нічога. У цябе вылез падол. У яе быў выгляд, нібы яна ніколі ня чула нічога забаўнейшага. — Гэта так носіцца, — нарэшце сказала яна аўтарытэтна. Затым разгайдала заплечнік з падручнікамі ды сшыткамі і кінула яго па калідоры ў бок сваёй клясы. — Брава, — сказаў я ўжо крыху знуджана. — Табе нешта трэба? — Мне? — здумленьне ў нявінных вачах. — Не… — Ну, тады ня тоўпіся ў дзьвярох вагону, — сказаў я, хаця й імкнуўся заўжды пазьбягаць падобных жартоўных выслоўяў. Калі мы зь імі ня можам даць сабе рады — заганяем іх у клясу. — Тата вам перадае прывітаньне, — сказала Агата пакрыўджана. Сьпінай я адчуваў погляды каляжанак. — Дзякую. І хутка зачыніў дзьверы. — Ты заняўся прадпрымальніцтвам? — пацікавілася Ірэнка. |
2 Маецца на ўвазе паэма Карла Гінка Махі “Май” (1836), у якой колькі разоў сустракаюцца радкі з зваротам аўтара да сябе і галоўных герояў, напрыклад: “Гінку, Вілеме, Ярміла”. |
Зацемка, натхнёная дажджавымі чарвякамі: Калі каляжанцы Хваталавай-Сукавай трапляліся асабліва вялікія экзэмпляры, часам здаралася, што яна, высукваючы іх зь зямлі, у запале іх разрывала. Гэты факт мне падаецца вельмі павучальным, бо рэальная гісторыя, непасрэдным удзельнікам якой я праз шчасьлівы выпадак зрабіўся (зноў жа, відаць, толькі пісьменьнік здольны зразумець шчасьце аўтара, якому ў часе абсалютнай няверы ў выдуманыя сьветы лёс падкідае аўтэнтычную падзею), у пэўным сэнсе і ёсць тоўсты чарвяк, ня йнакш. Калі я хачу выцягнуць яе ўсю, трэба дзейнічаць максымальна асьцярожна.
Дарэчы, сапёрная рыдлёўка, якой Хваталава-Сукава заўжды здабывае прынаду, ня проста звычайная сапёрная рыдлёўка. Гэтаксама як джып маркі “Jeep”, які зь вясны ў працоўныя дні стаіць перад школай, ня проста звычайны джып. Калі ж я зараз скажу, што джып і рыдлёўка паходзяць з узбраеньня амэрыканскай марской пяхоты, я рызыкую, што гэтае маё сьцьверджаньне будзе ўспрынята толькі як дзікая ідэя апавядальніка, які ўжо не кантралюе сябе, — таму лепш я без скарачэньняў прывяду тут артыкул, які пад загалоўкам “ДОБРАЯ ІДЭЯ” быў апублікаваны ў “Збраслаўскіх навінах” (4/1992, стар.3): Мінулы месяц увянчаў прадпрымальніцкі дух дырэктара сярэдняй школы імя Ўладзіслава Ванчуры ў Збраславе новым посьпехам. Ён першым з дырэктараў сярэдніх школ у Празе-5 адрэагаваў на прапанову амэрыканскага пасольства пра магчымасьць выгаднага выкупу рыштунку і абсталяваньня, якое па сваім сыходзе зь Нямеччыны пакінуў там кантынгент амэрыканскай арміі. Наша школа надзвычай танна (тавар быў вызвалены ад увознага мыта і ўсіх плацяжоў, у тым ліку ад падатку на даданую вартасьць і падатку з дарункаў) атрымала сярод усяго астатняга восем рассоўных лесьвіцаў, якія можна выкарыстоўваць як швэдзкую сьценку, трыножныя ляфэты, што добра прыдадуцца ў якасьці стоек для пераносных дошак, камплект працоўнага абутку і адзеньня і, нарэшце, былы ў карыстаньні джып. Гэта яшчэ адзін важкі довад за тое, што чым чакаць з працягнутай рукой, то лепш дзейнічаць… Віншуем!
Роўна а восьмай пачуўся другі званок. Мілушка дагэтуль адсутнічала. — Ану цыц! — прыкрыкнула на званок Ленка. — Ужо? — уздыхнула Ліба. — Няма цікавейшага падарожжа, чым падарожжа ў краіну ведаў, — прамовіў калега Ярамір. Аднак грукатаньне заведзенага джыпа пад акном кабінэту адразу ж усім паказала, што падарожжа на Орлік3 можа быць усё ж цікавейшым. Мы асьцярожна вызірнулі ў акно: дырэктар Наскачыл у сваёй улюбёнай абыдзеннай форме сяржанта Л. Райта (нашыўку зь імем дырэктар зь невядомых прычынаў адпароць адмаўляўся) якраз даваў апошнія распараджэньні двум хлопцам у кодабе — вучню Гаўлічку, чыім заданьнем, што ўжо, праўда, крыху зацягнулася, было пасьвяціць спадара дырэктара (відавочна, у часе кароткіх перапынкаў паміж асобнымі закідамі вуды) у праблематыку абслугоўваньня пэрсанальнага кампутара, і вучню Лáзьняўскаму, які цяпер трымаў вуды і сіні дарожны мяшок (недзе ў ягоных нетрах у Яраміравым шкляным слоіку беспахібна выгіналіся Мілушчыны дажджавыя чарвякі). — Чаму Лазьняўскі? — спытаў я. — Бо ніхто, — паінфармавала мяне Ліба, — ня здатны лепш ачысьціць сачок, запэцканы вуграмі… — Ах вось як. — Натуральна, за выключэньнем Мілушкі. |
3 Вадасховішча на Вэлтаве. |
Калі верыць копіі раскладу, што ў мяне захавалася, у тым навучальным годзе ў пятніцы ў мяне была першым заняткам стылістыка ў 8“В”, дзе я адначасова быў клясным. (Хаця б караценька што да маёй клясы: некаторыя вучні былі, мякка кажучы, трохі праблемныя, і падыходу да іх я шукаў надта доўга, — аднак нават у тыя гады, калі мы ўжо досыць няблага ладзілі, усю клясу час ад часу ахоплівала нейкая калектыўная непрытомнасьць, падчас якой яны раскідвалі й раструшчвалі па падлозе каляровыя крэйды або пасярэдніцтвам перасьпелага памаранча стваралі на сьвежапафарбаваных сьценах новы самабытны ўзор, а затым на мае абураныя запытаньні — яшчэ ўсе спатнелыя і задыханыя — толькі схілялі вочы, а калі я, шалеючы, падымаў ім галовы за падбародкі, у іхных вачох была адно дзіцячая нявіннасьць.) Але вернемся да стылістыкі — вядома, што зь мяне гейзэрам біў запал, я перапаўняўся ідэямі, а незвычайнае багацьце і стракатасьць рыхтаваных мною практыкаваньняў безупынна яўляла ўражаным вучням матчыну мову як дзівосны і дзейсны інструмэнт самапазнаньня… Інакш кажучы: немінучай данінай за выбар аповеду ад першай асобы ёсьць немагчымасьць праўдзіва апісаць часам досыць удалыя заняткі. — У наступных сказах дзеясловы замяніце прыдатнымі выклічнікамі, — чытала Марцэла заданьне наступнага практыкаваньня. — Узор: Жаба скочыла ў ваду. — Жаба шабулдых у ваду. — Гэта проста да непрыстойнасьці лёгка, — сказаў я. — Думаю, справа мусіць пайсьці як з маслам. Радку, пачынай. — Алень скочыў цераз плот, — прачытаў Радак Зэлэны і задумаўся. — Алень шабулдых цераз плот. Вучнёўскі пэрл. Пачуўшы яго, нават зусім непыхлівы інтэлектуал адно спачувальна ўсьміхнецца (праскі інтэлектуал найхутчэй ветліва прыкінецца, што нічога ня чуў, — як калі б, прыкладам, нейкі неадукаваны гарапашнік у ягонай прысутнасьці нехаця перакруціў імя Хорхе Люіса Борхеса). Я ў гэтым ані крыху не сумняюся. Яшчэ адзін вучнёўскі пэрл — і ад мяне ўжо рэпутацыі павярхоўнага гумарыста сапраўды будзе не адчапіць.
Мая будучая вучаніца за гэтую раніцу ўскосна нагадала мне пра сябе яшчэ двойчы. Спачатку, калі я на перапынку, у рамках т. зв. пэдагагічнага дзяжурства, бязмэтна туляўся па калідоры, я знайшоў на адной з насьценгазэтаў Бэацін стары малюнак — з часоў, калі яна хадзіла ў восьмую клясу. Гэта быў удалы малюнак вугалем, адзіным матывам якога была левая рука, без сумневу ейная ўласная. Мне падумалася, што партрэт гэтай дзяўчыны адкрываецца перада мной неяк па частках, як у вядомай тэлегульні. Пакуль што я пабачыў толькі адбітак ейнага твару ў люстэрку задняга віду і шасьцігадовае даўнасьці выяву ейнай левай рукі — і я злавіў сябе на думцы, што ўва мне нарастае нейкая ідыёцкая цікаўнасьць.
А ў палове на другую перад школай мяне чакаў Крал.
4. Ён сядзеў у сваёй бірузовай “аўдзі”. Кіроўцу я ведаў: гэта быў адзін зь ягоных ахоўнікаў. Агата сядзела ззаду і заўзята адбівала кепікі аднаклясьнікаў, якія ў вялікім мностве скупіліся вакол. Ён з усьмешкай выйшаў мне насустрач: — Здароўкі. Едзеце дадому? Мы вас падкінем… Я кіўнуў у бок школьнай сталоўкі: — Яшчэ толькі на абед. — Мы таксама едзем на абед. Я маўчаў. — Што ў вас на абед? — спытаў Крал. — Кнэдлікі з таматным соўсам, — паінфармаваў яго нейкі школьнік з тусоўкі. — Блюааа, — сказала Агата з машыны. — Блююааа. Ейная імітацыя была да агіды дакладнай. — Агата, — з замілаванай усьмешкай папікнуў яе Крал, а потым зноў зьвярнуўся да мяне. — Ведаеце што? Я вас запрашаю. — Але я люблю кнэдлікі з таматным соўсам, — сказаў я весела. Упершыню ў жыцьці я зразумеў, як пачуваецца сакратарка, якую запрашае на абед шэф. — Ды плюньце вы на гэтыя кнэдлікі. Ён па-сяброўску ўсьміхаўся. — Упершыню ў жыцьці я зразумеў, як пачуваецца сакратарка, якую запрашае на абед шэф… Кіроўца крыху прыўзьняўся на сваім сядзеньні: — Як? Куткі ягоных вуснаў паторгваліся ў прадчуваньні фрывольнага жарту. Ягонае ператварэньне ў майго сябра адбылося неяк занадта хутка. — Пагана, — сказаў я. — А-а. Зразумела, — сказаў ён расчаравана. — Але ж гэта зусім іншая рэч! — не пагадзіўся Крал, аднак магу пайсьці ў заклад, што насамрэч яму гэтае параўнаньне пахлебіла. — Праўда? Ён уважліва паглядзеў мне ў вочы: — Вядома. Я разьвёў рукамі: — Ну добра. Я сеў ззаду да Агаты. — Кнэдлікі! Блююааа! — зноў выгукнула яна. — Блююааа! — выгукнуў Крал. — Блююаа! — выгукнуў кіроўца. І мы паехалі. Мы паехалі досыць павольна, нібы мне хацелі даць даволі часу, каб я ацаніў ціхі магутны рухавік, дасканалыя рысоры, мяккую аксамітную абіўку салёну й прыемны халадок кандыцыянэра. Аднак Кралу, відавочна, мая зачараванасьць падалася недастаткова пераканаўчай, бо ён палічыў неабходным прадэманстраваць мне яшчэ й мабільны тэлефон: з удаванай уцьвеленасьцю ён некуды настойліва званіў, але, паколькі на другім канцы ніхто не адказваў, ён вымушаны быў задаволіцца званком жонцы, якой паведаміў, што вязе госьця. — Накрый на адну асобу больш, — зычліва загадаў ён, але добра чутная — няўцямная, а затым і крыху раздражнёная — рэакцыя спадарыні Кралавай досыць красамоўна выявіла сумнеўны сэнс ягонага тэлефанаваньня тады, калі нас ад гасьцёўні ў іхным доме аддзяляла пара сотняў мэтраў. |
Мы абедалі з Кралам адны. Агата з кіроўцам некуды зьніклі. Бэаты не было ані сьледу, але Крал, відавочна, не адчуваў ніякае неабходнасьці ейную адсутнасьць неяк камэнтаваць, таму я й не пытаўся. Два апэрытывы мяне нямала разьняволілі, але, нягледзячы на гэта, я заставаўся, так бы мовіць, напагатове. Пасьля супу Крал на хвілінку адышоўся, а я тым часам з акна гасьцёўні агледзеў рэшту саду. Мой погляд і цяпер натыкаўся на дзіўныя рэчы: тут былі па-дылетанцку абкарнаныя хмызы, глыбока аселыя, зарослыя грады і цалкам адкрытыя карані кустоў агрэсту й парэчак. А вяршыняй усяго была разьбітая скрыня з кампостам, на якой грувасьцілася невытлумачальная мяшанка з галінаў, грунту, кардонных каробак, камянёў і дроту. — Ваш садоўнік проста забойца, — сказаў я Кралу, калі той вярнуўся. — Такія жарты, — сказаў ён зь нечаканаю непрыязнасьцю, — мне недаспадобы. Я не зразумеў: — Не разумею… — Ня ведаю, хто вам што сказаў, — прамовіў ён холадна. — У кожным разе кіньце гэта. — Я толькі хацеў сказаць, што гэты сад… Ён спыніў мяне поглядам. Нядобрым поглядам. Божа, што ж я сказаў? — пытаўся я ў сябе. Напружаньне было невыносным. — Добра, — сказаў я. Я асьцярожна выбіраў словы: — Калі я вас нечым пакрыўдзіў, перапрашаю. Ён велікадушна кіўнуў. Кім ён сябе, к д’яблу, уявіў? Я не ўтрымаўся ад пэўнай сварлівасьці: — Што ж, пакіну сад як ёсьць і абмяжуюся выключна назіраньнямі пэдагагічнымі, — сказаў я, нападаючы. — Па-першае, я таксама штодня чакаю сваю дачку перад школай, дарма што большасьць ейных аднаклясьніц даўно ўжо ходзіць дамоў самастойна, такім чынам я ці не найлепш разумею такую праяву бацькоўскага клопату, але чакаць яе ў шыкоўным лімузыне — гэта адназначная дурасьць. Ёй і без таго — дзякуючы вам — нялёгка, а гэтым сваім палацам на колах вы ёй толькі ўсё ўскладняеце. А па-другое, высакародны бацька — наскрозь сымпатычны пэрсанаж, але сваёй абсалютна бяскрайняй талерантнасьцю і сваім некрытычным абагаўленьнем вы сееце ў Агаце насеньне тых самых праблемаў, якія сёньня — скажам так — маеце, падобна, з Бэатай. Я ўжо крыху задыхаўся. Ён задумліва пазіраў на мяне. Ці прагоніць? — пытаўся я сам у сябе. — Магчыма, я сапраўды залішне мяккі, — прамовіў ён надзіва спакойна. Затым паглядзеў у акно. Ён без сумневу быў нечым заклапочаны. — Але яна ня можа хадзіць сама. Зразумейце адно: калі ў вас ёсьць трохі грошай, то й зайздросьцяць вам толькі крыху. Але калі вы сапраўды багаты, у вас ёсьць, на жаль, і сапраўдныя ворагі. — У гэта можна паверыць, — сказаў я мірна. — Паслухайце, — сказаў ён нечакана ціха. — Вазьмеце гэтую працу.
А я на гэта: — Ну, добра.
ІІ 1. Сам факт, што Бэата крыху піша, мяне зусім не зьдзівіў: урэшце, кожны з нас пакутуе ад таго, што зьнікне непачутым і незаўважаным у абыякавым сусьвеце, што даводзіць нястрымны рост масавай графаманіі сярод палітыкаў, таксістаў, парадзіх, палюбоўніц, забойцаў, злодзеяў, прастытутак, прэфэктаў, лекараў і пацыентаў (Мілан Кундэра). Да таго ж я ведаў, што яна год адвучылася на філязофскім факультэце (аднак пасьля пасьпяховай здачы іспытаў за веснавы сэмэстар на ўласнае жаданьне сышла ў акадэмічны адпачынак) — у асяродку, дзе — што я меў магчымасьць зьведаць і сам — чалавек пісаньнем легітымізуецца; не пісаць зусім — значыць выклікаць падазрэньне, што ўва ўнівэрсытэт вы трапілі з чыёйсьці пратэкцыі. Такім чынам, дасюль было ўсё ў парадку. Але я не разумеў, чаму Крал гэтак дбае, каб Бэата пісала, і я ня мог добра сабе растлумачыць ягонай упартай зацікаўленасьці ў курсе creative writing. Няўжо ён бы гэтаксама ўлягаў і перад настаўнікам ігры на скрыпцы? — пытаў я ў сябе. — Дык чаго ён ад цябе, уласна, хоча? — дапытвалася жонка, калі ў нядзелю ўвечары я ў першы раз зьбіраўся на працу. Дачка, нягледзячы на мае пратэсты, пакавала мне з сабой тры тварожнікі. — Я б і сам хацеў гэта ведаць, — адказаў я няўважліва, бо якраз разважаў, што б мне з сабой узяць: чырвоны маркер? фатаздымак Гемінгуэя? — Каб навучыў яе пісаць… Адным словам, цуду. — Цуду. Дык ты зьбіраешся яе зачараваць? Насуперак насьмешліваму выразу твару яна выглядала трохі скептычна. — Я не зьбіраюся яе зачараваць, — адказаў я на вока напышліва. — Я, як ты ведаеш, маладых дзяўчат зачароўваю неяк міжволі. — Ха-ха-ха, — сказала дачка нязгодна, бо нават зусім нявінныя заўвагі на гэтую тэму ёй былі вельмі недаспадобы. На пачатку таго лета ёй не было й дзевяці. Жонка маўчала. Звабная Кралава прапанова на пятнічны вечар і ўсю суботу зрабіла зь мяне надзвычай здольнага й вартага павагі мужчыну, але сёньня ўжо была нядзеля. Няцяжка было здагадацца, якой страты ад хуткага зыску яна баялася прычакаць. — Колькі разоў табе туды трэба схадзіць? — спытала дачка. — Шмат разоў. Я зьвярнуўся да жонкі: — Шмат разоў, бо беднасьць — як паршывая псіна, што валяецца ў нас на парозе… — Мы праўда бедныя? — дапытвалася дачка з шчырай цікаўнасьцю. — А ты бачыла калі-небудзь багатага настаўніка? — сказала жонка. Я пацалаваў яе: — Але пабачыш. |
Як толькі я апынуўся перад брамай Кралавай вілы, рассоўныя вароты зноў з грукатам адчыніліся перада мной. Я ня зрушыў зь месца. Абодва здаравілы махалі мне з саду, трымаючы пульт дыстанцыйнага кіраваньня: — Здароўкі, настаўнік! — Прывітаньне, хлопцы. — Ну заходзь! — Ні ў якім разе! — абвесьціў я рашуча. — Ня бойся, заходзь! — сьмяяліся яны. Я не зварухнуўся ані на сантымэтар. Яны вясёла мацюгаліся. Той, што ў чацьвер вёў Кралаву “аўдзі”, прыйшоў урэшце мне адчыніць. Я заўважыў, што ў яго пачырванелыя і прыпухлыя вочы. — Зноў мы з гэтай брамай маху далі, — патлумачыў ён, працягваючы мне руку. — Я Пэтар. А называюць Пэтрык. Я кіўнуў галавой у той бок, дзе мінулым разам яны мяне павалілі: — Думаю, што я ўжо прадставіўся. У яго вырваўся кароткі сьмяшок. — Сёньня мяне не адлупцуеце? — пацікавіўся я. Падышоў і другі. — Пытаецца, ці мы яго сёньня не адлупцуем… — ажыўлена пераказаў яму Пэтрык. — Сёньня не, — засьмяяўся другі. Зваць яго, маўляў, Ірка, але ўсе завуць Іржыкам. З вачыма ў яго было яшчэ горш, чым у Пэтрыка. — Каго гэта вы аплаквалі? — спытаў я. — Няўжо Шварцэнэгер памёр? Высьветлілася, што абодва хлопцы спаборнічалі, хто даўжэй вытрымае, зачыніўшыся ў машыне, запырсканай папярэдне сьлезацечным газам. Іржык перамог. На тэрасе зьявіўся Крал: — Праходзьце далей! — крыкнуў ён і зноў зьнік. — Ну давай, — пусьцілі яны мяне. — А як жа асабісты дагляд? — Давай-давай, — падштурхоўвалі яны мяне. — Ён сьпяшаецца на тэніс. — Вашая легкадумнасьць уражвае: а што калі ў мяне ўва ўказцы тратыл? Яны зайшліся ад рогату. Іржык крыху абсмаркаў сабе пінжак. Ну, хоць ад гэтых ідыётаў я збавіўся, падумаў я сам сабе.
Я крыху наіўна чакаў, што першы мой дзень на новай працы будзе мець калі не зусім пратакольны, дык прынамсі пэўны афіцыйны характар, — але ўрэшце гэтае меркаванае ўступленьне на пасаду (калі пра яго ў гэтым выпадку ўвогуле можна казаць) адбылося досыць пасьпешліва і малаўрачыста; Крал хапатліва пераапранаўся на тэніс і ўсе інструкцыі даваў мне па дарозе між спальняй і ваннай. — Бэата ў сябе. Я ёй сказаў, што вы пачняце а шостай. Цяпер ужо за палову, жонка ў кухні зробіць вам кавы. Ён сьцягнуў зь сябе і кінуў на падлогу майткі і голы забег у ванную, пакінуўшы дзьверы насьцеж. Сам сабе я адзначыў, што традыцыйная антыпатыя да самаўпэўненых голых мужчын з часоў тэрміновай вайсковай службы ўва мне яшчэ больш узрасла. — Перадайце ёй, што я настойваю, каб напачатку вы займаліся дома. Гэта калі б ёй захацелася куды-небудзь паехаць… — Добра. — Празь дзьве гадзіны я ўжо даўно буду дома. Калі ж не пасьпею, пачакайце. Ягоныя словы гучалі непрыемна. Усю сваю прыхільнасьць ён нібы вычарпаў пры нашых папярэдніх дзьвюх сустрэчах. — Добра. Ён апрануў бела-зялёную тэніску з каўнерыкам. Нарэшце зірнуў на мяне: — Як я вам казаў, у яе творчы крызыс. Вам будзе нялёгка. Але вы не павінны адступацца. Ён нацягнуў белыя шкарпэткі “Adidas” — на кожнай былі тры зялёныя палоскі. — Я ўжо даўно мусіў быць на корце. Мяне не пакідала адчуваньне, што яму гэтая нястача часу прыдалася. Усе ягоныя кароткія ўрыўкавыя загады толькі прыхоўвалі нейкую невядомую мне няўпэўненасьць. Зрэшты, і гэта я бачыў у войску. — ODS4 Open Cup, — сказаў я жартаўліва. — Ён будзе ажно ў сьнежні. На крытых кортах, — патлумачыў ён мне й самазадаволена ўсьміхнуўся. — Сёньня я гуляю з Пэтрам Чэрмакам5. |
4 ODS (Občanská demokratická strana) — Грамадзянская дэмакратычная партыя (ГДП) 5 Палітык, колішні сябра чэскага парлямэнту ад ГДП. |
Актыўнасьць вершаванага радка, безумоўна, нельга тлумачыць тым, што паэзія нібыта стварае словам рэчаіснасьць новую, самабытную і штучную, як часам зь неразуменьнем сьцьвярджаюць. Сапраўдная рэчаіснасьць — толькі адна. Ян Мукаржоўскі, Нарысы пра паэтыку
Некалькі доўгіх хвілін я праседзеў у кухні сам-насам. Потым зьявілася спадарыня Кралава: — З малаком або без? — строга спытала яна; відавочна, таксама атрымала інструкцыі. Я пачуваўся як майстар па рамонце тэлевізараў. — Без малака, дзякуй. — Не разумею, як можна піць чорную, — сказала яна з дакорам. Сабе зварыла белую. Я вінавата паціснуў плячыма й прапанаваў ёй тварожнік; факт, што я прынёс з сабой тры тварожнікі, яе нечакана разьвесяліў. Яна пачала распытваць пра дачку: ці яна іх мне спакавала сама? Безь нічыёй дапамогі? І што пры гэтым казала? А чыя гэта, уласна, была ідэя? Сапраўды яе? Да такіх пытаньняў я звыклы ад абедзьвюх сваіх бабуляў, таму мне ўдаецца на іх адказваць без усіх гэтых звычайных генэрацыйных грымасаў (спадзяюся, гэта гучыць не занадта самаўпэўнена). Майму збліжэньню з спадарыняй Кралавай гэта, вядома, паспрыяла. — Анёлак, — урэшце сказала яна з шчырым замілаваньнем. Уздыхнула. Не магло быць сумневаў, што яна ўжо думае пра нешта іншае. Паказала пальцам у столь: — Я вам нешта скажу: ёй хутка дваццаць. Лепш бы яна знайшла сабе працу, — сказала яна сур’ёзна. — А па-другое, ёй пайшло б на карысьць замужжа. Далейшыя яе развагі пра тое, што трэба рабіць дваццацігадовым, перапыніў прыход трынаццацігадовай Агаты. З рота ў яе тырчаў ледзянец. — О-о, — усьцешана прыцмокнула яна. — Вы тут ужо? — Так. Я тут ужо. — Павітайся як сьлед, — сказала спадарыня Кралава. — І разуйся. Агата адфутболіла красоўкі ў кут, а ледзянец прыляпіла на часопіс “Бляск”, што ляжаў перада мной на стале. Затым басанож прайшла да лядоўні, паўтараючы ступакамі ўзор на кафлянай падлозе. Зь лядоўні выцягнула плястыкавую бутэльку кока-колы і велізарны памідор, які ўвесь запхала ў рот, — як я і чакаў, з куткоў роту ў яе пырснуў сок з жоўтымі зернейкамі. — Агата, — сказала спадарыня Кралава. Агата захіхікала, папярхнулася і пачала душыцца — пачырванела, жахліва вырачыла вочы і з красамоўнымі жэстамі зьехала да маіх ног; я паслухаўся і даланёй колькі разоў ударыў ёй па кастлявай грудзіне. Яна набрала паветра. — Дзякуй. Ейныя вочы былі поўныя сьлёз. — У мяне на гэта нэрваў не хапае, — сказала спадарыня Кралава. Сыходзячы з кухні, яна кінула на мяне сумны позірк. — Ну што ёй зноў ня так? — з дакорам прамовіла Агата. Я нават не імкнуўся схаваць усьмешку, хоць і ведаў, што маю настаўніцкую ўсьмешку яна ўспрыме як згоду, калі не як заахвочаньне. Пацьвердзілася гэта адразу ж. — Як ты ладзіш з Бэатай? — спытаў я. Яна якраз рабіла нейкае практыкаваньне на расьцяжку. — Якая вата? — сказала яна без зацікаўленьня, прыкінуўшыся, нібы недачула. Я пакорліва паўтарыў сваё запытаньне. Яна паглядзела на мяне з пагардлівым зьдзіўленьнем: — Як я зь ёй магу ладзіць, калі яна з мной ужо тыдзень не размаўляе? — Яна з табой не размаўляе? — Не размаўляе ні з кім… — баранілася яна. Памажы божа, падумаў я. — Чаму не размаўляе? Яна, пэўна, хацела нешта сказаць, але ўрэшце толькі ўхмыльнулася: — Таму што ідыётка. |
2. Калі я ў пару хвілінаў на сёмую падымаўся па мармуровых сходах у Бэаціну мансарду, я злавіў сябе на тым, што зьлёгку хвалююся. (Гэта было трохі дзіўна: на пачатку настаўніцкай кар’еры мяне — відаць, як і ўсіх — дрыготка колькі разоў прабірала, але цяпер я ўваходзіў у самыя розныя клясы дваццаць шэсьць разоў на тыдзень і пра ўсякую нэрвовасьць даўно забыў.) Сходы пераходзілі ў заліты сонцам бэльэтаж з маленькім зімовым садам, дзе нехта з дапамогай трох плеценых фатэляў, століка і раскошнай настольнай лямпы з махрыстай ядвабнай абцяжкай ружовага колеру стварыў вельмі ўтульны закуток. Яшчэ б толькі каўнік і дзьве філіжанкі — і ціхая размова пра літаратуру можа пачацца, казаў я сабе. На дзьвярох у Бэацін будуар была вялікая прастакутная налепка з надпісам “PRIVATE” і з тузін старых пераздымкаў з выявамі розных музычных гуртоў, прычым шматлікія драпіны на многіх зь іх сьведчылі пра марныя спробы іх зьдзерці. Калі я, пагрукаўшы нават тройчы, так і не дачакаўся ніякага чутнага запрашэньня, з словамі “Ці можна?” я ўвайшоў. У пакоі панаваў задушны й змрочны прыцемак, бо парчовыя завесы на вокнах прапускалі толькі мінімум сьвятла. Таму мінуў пэўны час, пакуль я зарыентаваўся: усё памяшканьне падзяляў доўгі кніжны стэляж, вышынёй мэтра паўтара, што пачынаўся ад супрацьлеглай сьцяны і заканчваўся якраз насупраць уваходных дзьвярэй. На ягоным тарцы, як на носе карабля, вісела расфарбаваная драўляная фігура сырэны з крыху экспрэсіўна выпрастанымі рукамі, якія служылі вешаком для адзеньня. У меншай частцы пакою быў просьценькі працоўны закуток зь пісьмовым сталом, заваленым кнігамі і паперамі. У астатніх дзьвюх трацінах прасторы дамінаваў кутні сядзельны гарнітур, што ўключаў у сябе дзьве вялізныя аморфныя кучы нейкіх сасіскападобных падушак, два нізкія, нават з выгляду хісткія скураныя табурэты і адзін аўтэнтычны стаматалягічны фатэль. Традыцыйны часопісны столік нязвыкла замяняла палавіна нафтабаку фірмы “Texaco”, што стаяла пасярод квадратнага дыванка з усходнімі ўзорамі. У кутах на сьценах віселі вялікія чорныя рэпрадуктары, а паміж зацямнёнымі вокнамі была прымацаваная полістыролавая дошка з мноствам рукой напісаных зацемак і выразак з часопісу “Акно”. Аднак пасьцель на разасланым ложку, у якім тварам да сьцяны ляжала Бэата, была сумна пасрэдная. — Здароўкі. Вось і я. Інакш кажучы, у твой студэнцкі пакойчык — між іншым, вельмі своеасаблівы — увайшло чыстае, нялжывае мастацтва. Ніякай рэакцыі. Я зноў прабег вачыма па ўсім інтэр’еры: — Ну добра: хай будзе мяшчанскае мастацтва. Нічога. — Нічога ня зробіш, — сказаў я, — калі табе не ўдалося мяне пераехаць… Сьветлыя валасы на падушцы не зварухнуліся ані на мілімэтар. Ці не глухая? — падумаў я. Дзеля бога, пра гэта мне б мо сказалі. Хвілю я разважаў, дзе б мне лепей прысесьці, і ўрэшце асьцярожна апусьціўся на кучу згаданых сасіскападобных падушак, каб у наступнае імгненьне з жахам адцеміць, што яны напоўненыя вадой: падатлівая матэрыя імгненна прысвоіла сабе мой цэнтар цяжару і, колькі разоў плаўна пераліўшыся, навязала мне паставу Гоеўскай “Аголенай Маі”. — Гэта не фатэль. Гэта балота… Першая спроба вызваліцца скончылася ў позе “Забіты Марат”. Цішыню перарывала толькі маё ўласнае сапеньне. З другога разу мне ўдалося вызваліцца. Я сеў на цьвёрды край стаматалягічнага фатэля: — Ну добра: жарты ў бок. Момант я разважаў. — Што ж, давай шчыра. Бацька казаў мне, што ты крыху пішаш, і пытаўся, ці ня быў бы я супраць пару разоў на тыдзень гэта з табой абмяркоўваць. Я тлумачыў яму, што ў мяне сапраўды няма лішняга часу і што я, да таго ж, да падобных курсаў стаўлюся досыць скептычна. І калі я ягоную прапанову ўрэшце прыняў, дык толькі таму, што ён прапанаваў мне — прынамсі, як на мой розум — вялікія грошы. Мне падалося, што яна нібыта кіўнула. — Аднак у той самы час я ня мог пазбыцца ўражаньня, што яму зь нейкай прычыны вельмі важна, што ты пішаш. Хоць ён і сьцьвярджаў, што нешта накшталт літаратурна-стылістычнага курсу — гэта тваё патаемнае жаданьне, але я, шчыра кажучы, хвіліны тры ўжо пытаю ў сябе, ці напраўду ён разьбіраецца ў прыхаваных жаданьнях сваёй большай дачкі… Яна маўчала. Ейная галава бяз руху спачывала на падушцы. У маёй мазаіцы (апрача гэтага вадаспаду сьветлых валасоў) не дадалося ніводнай новай дэталі. — Мне сысьці? — спытаў я. Ніякага адказу. — Я супраць таго, каб кагосьці да нечага прымушаць… Нічога. — Сыходжу. Сыходжу бяз гэтых грошай. Буду сабе й надалей у нядзелю на абед есьці тушаніну. Зрэшты, я абагаўляю тушаніну. І кнэдлікі, прыгадаў я. — Сыходзячы сыходзь, — сказаў я ўжо хутчэй для сябе. Тым ня менш, адсутнасьць усякай рэакцыі зь ейнага боку нямала мяне нэрвавала. Прыгадаўся Крал і ягонае “не павінны адступацца”. Я схіліўся да ейных валасоў (маецца на ўвазе так званы наступальны пэдагагічны ўхіл): — Паслухай, Бэата, — сказаў я ўжо настойлівей, — я дзевяць гадоў жанаты, і калі я нечага сапраўды не выношу, дык менавіта такіх вось тэатральных паказных сцэнаў. А што калі б мы проста адгарнулі ўсе гэтыя завесы, пусьцілі сюды дзеля зьмены трохі сьвятла і паветра ды паспрабавалі спакойна, нязмушана пагаварыць? Або, — натхніўся я імгненнай ідэяй, — мо нам зусім пакінуць гэтую ўражальную камбінацыю стаматалягічнага кабінэту й нафтаскладу і перасунуцца на момант у тыя аптымістычныя плеценыя крэслы там на пляцоўцы? Нехта ўвайшоў. Я раздражнёна прымружыў вочы, паглядзеўшы ў прастакутнік сьвятла. — Не замінаю? — ветліва запытала Агата. — Чаму вы тут седзіце ў поцемках? — Замінаеш! — упершыню ў гэтым доме я падвысіў голас. — Даруй, але табе давядзецца пакінуць нас адных! Яна абражана трасянула чубчыкам і бразнула за сабою дзьвярыма. — Я прапусьціў твой адказ, — сказаў я Бэаце як мага прыязьней. Як пугаю па вадзе. — Бэата, прашу цябе, — цярплівасьць, зь якой я гаварыў, каштавала мне ўжо немалых высілкаў. — Няўжо мы ня можам хаця б паспрабаваць? Няўжо мы ня можам дагадзіць твайму бацьку? Паглядзім — можа, з гэтага нешта выйдзе… І яшчэ я казаў: — Дзеля бога, няма ж гаворкі ні пра якае рэпэтытарства — дык навошта адно аднаму ўсё ўскладняць? А таксама: — Адзінае, што нам трэба, — гэта крыху тваёй добрай волі. І яшчэ: — Я табе абяцаю, што нам зусім не спатрэбіцца сшытак… Я яе нават — пад уплывам фільмаў, дзея якіх адбываецца ў асяродзьдзі псыхіятрычных клінік, — паспрабаваў справакаваць: — У цябе валасы трохі льсьняцца — ты заўважыла? Яна ляжала як мёртвая. Я пакорна вярнуўся назад у стаматалягічны фатэль. — Дзеля бога, — я гучна ўздыхнуў. — Бачу, гэтыя грошы дадуцца нялёгка. Яна ўзьнялася на локцях і павярнула да мяне каменны твар: — Можаш не сумнявацца! — прасіпела зь непрыхаванай апатыяй. Ну дык не сумняюся. |
Бяз дай прычыны пачала хварэць і нядужаць; яна марнела, мадзела, худнела й бляднела, маркоцілася і ўздыхала. Карэл Чапэк, Пра сулейманскую прынцэсу
Мушу прызнацца, што Бэацін раптоўны выбух на доўгія хвіліны мяне ашаламіў: ня будучы здольным да нейкай зьвязнай асэнсаванай прамовы, я моўчкі блукаў вачыма па змроку пакою. Толькі пачуцьцё абражанасьці, у якое я з пэўнай доляй непазьбежнай крывадушнасьці сам сябе ўвёў (Што гэтае дзяўчо ўвогуле пра сябе думае?), мне паступова ўмагчыміла больш-менш скансалідавацца — у рэшце рэшт я ніякі ня дзэн-будыст, каб паўтары гадзіны вытрымаць у цемры сам-насам з уласнымі, да таго ж зусім не аптымістычнымі, думкамі. З гэтага складзецца файны сюжэт, стомлена суцяшаў сябе я. — Паслухай, — сказаў я, — можа, хоць радыё ўключым? Збольшага я ўжо зьмірыўся з тым, што кожная мая рэпліка безадказна губляецца ў сутоньні. — Або магнітафон? Цішыня хоць і лек, але зь іншага боку неабавязкова ж адразу перадазоўвацца… Мо я пайду зраблю клубнічны кактэйль, у якім я ў чацьвер сядзеў у вас на тэрасе? Быў выдатны — я дома лізнуў у сябе ў пасе. Гэтым разам у яе міжволі вырваўся чутны сьмяшок. Тым упарцейшым было потым ейнае маўчаньне. Сьцерва, я цябе ўсё адно дастану, казаў я сабе, аднак у мяне зьнікала натхненьне. — Ці мо мне прапыласосіць? — прапанаваў я безь пятнаццаці сем. А сёмай я сказаў: — Я толькі так спытаўся — каб гаворка ня грузла. Недзе а палове на восьмую яна адкінула капу. Я чакаў, што будзе далей, але яна засталася ляжаць — відаць, не стрывала гэтае сьпёкі. Поўная абыякавасьць, зь якой яна вытыркала да мяне зад у карункавых майтках, была абразьлівай. Мне здавалася, што я літаральна фізычна адчуваю зрухі, што адбываліся ў гэты момант у маім сацыяльным адчуваньні. — Файна, — сказаў я. — Я толькі ў душ і адразу ж да цябе. Гэта прагучала зусім ня так, як я хацеў. Лепш бы я зусім нічога не казаў.
А сёмай пяцьдзясят чатыры я не разьвітаўшыся ўзьняўся і спусьціўся наніз. Адразу ж прыехаў і Крал — ён быў увесь чырвоны, а зь ягонага дыханьня было слаба чуваць піва. Жонка забірала ў яго прапацелыя адзёжкі. — Ну, што чуваць? — выклікнуў ён бадзёра, але мяне ўжо немагчыма было ўвесьці ў зман. — Зусім ніяк. Раптам ён набыў спалоханы выгляд: — Як гэта зусім? — Проста зусім. — Былі дома? — спытаў Крал падазрона. Пытаньне адрасавалася жонцы. Тая кіўнула. — Я скончыў, — сказаў я. — Скончыў? — перапытаў Крал насьмешліва. — Вы яшчэ нават не пачалі… У мяне не было змогі распачынаць дыскусію. — На гэта ў мяне няма цярплівасьці. — Навошта адразу адступацца? — Навошта? Бо за дзьве гадзіны я зь яе выцягнуў адзін сказ. Мае словы на мужа і жонку Кралаў мелі нечаканае ўзьдзеяньне. — Што? — сказаў Крал. — Яна загаварыла? — Што яна сказала? — спытала спадарыня Кралава, гэтаксама, як перад тым выпытвала пра маю дачку. Аднак цяпер ейная цікавасьць яшчэ пабольшала. — Што мне зь ёй давядзецца цяжка — вольна перафразаваўшы. Муж з жонкай пераглянуліся. — Уголас? — пацікавіўся Крал. — Што? — Ці яна гэта сказала ўголас? — Так. Уголас. І цалкам самастойна. Ён не зразумеў. — Хадземце з мной, — радасна выгукнуў ён і пацягнуў мяне ў свой цудоўны кабінэт, дзе мне гатоўкаю заплаціў дзесяць тысячаў крон у якасьці задатку за ліпень. — Вось пабачыце: справа пойдзе! — запэўніў ён. |
Ня так даўна ў “Лідавых навінах” я натрапіў на інтэрвію з акторам Нацыянальнага тэатру Барысом Рэзнэрам — на пытаньне, што ён лічыць сваім дагэтулешнім найвялікшым дасягненьнем, ён адказаў: “Найвялікшым дасягненьнем свайго жыцьця я лічу тое, што ў мяне здаровая, разумная, прыгожая васямнаццацігадовая дачка”. А хіба не?
ІІІ 1. Яшчэ ў той самы вечар я спрабаваў над сытуацыяй неяк рэфлексаваць, але нешта не магу прыгадаць, каб я дадумаўся да чагосьці істотнага. Зранку ў кабінэце дзьверы не зачыняліся. Першым прыбег калега Стршыбрны, васямнаццацігадовы гімназіст. Ён заікліва паведаміў нам, што ўцякае ад сваіх вучняў-дзевяціклясьнікаў, і з выразам загнанай лані папрасіў у нас да званка прытулку. За дзьвярыма кабінэту было чуваць, як галёканьне разьюшанага натоўпу паступова пачало аддаляцца. — Стршыбрны, ты нас дастаў! — пачулася сярод тупату ног. Вось бачыце, казалі ягоныя вочы. Нягледзячы на свой малады век, ён рабіў уражаньне вычарпанага чалавека. — Іх няможна так блізка падпускаць да сябе, — па-сяброўску заклікалі яго астатнія. Ён сумна паківаў галавой: — Мне гэта ўсе кажуць — але як гэта зрабіць? Адказу, аднак, ён не дачакаўся, бо прыйшла разгняваная спадарыня Тракаржава, каб удакладніць у спадарыні Хваталавай-Сукавай некаторыя моманты заўтрашняга пазакляснага канцэрту. Хваталавай-Сукавай у кабінэце не было. — Дзе ж нашая артыстка? — У дырэктара. — Чым яны там увесь час займаюцца — сэксам, ці што? — засьмяялася яна. Сьвятлана Тракаржава была зь ліку тых нямногіх настаўніц, якія сапраўды ўсьвядомілі, наколькі вялізны і ўвадначас небясьпечны доўг застаўся нам ад камуністычнай сыстэмы адукацыі (зь яе крывадушным пурытанствам, называным сацыялістычнай маральлю) у галіне сэксуальнага выхаваньня, і ягоную ліквідацыю ці прынамсі істотнае зьмяншэньне ўспрыняла як сваё жыцьцёвае пакліканьне. Трэба сказаць, што для гэтай няпростай задачы яна была добра падрыхтаваная, бо ў адрозьненьне ад зацятых кансэрватараў кшталту Яраміра Наданага (чыю непрагрэсіўную пазыцыю найлепш характарызуе слаўны вырак, што нават першынство Чэскай Рэспублікі ў колькасьці непаўналетніх, хворых на вэнэрычныя хваробы, не прымусіць яго разьбіраць зь дзецьмі эратычны дапаможнік “Прагныя вусны”) не адчувала ніякай фальшывай боязі, а абсалютная адкрытасьць, зь якой падчас навучаньня прадмету “сямейнае выхаваньне” яна падступалася да тэмаў, нядаўна яшчэ табуяваных, наадварот, прыносіла ёй немалую ўцеху. Той панядзелкавай раніцай яна трымала пад рукой штук дзьвесьце сьвежанакапіяваных выяваў разрэзу вагіны (дакладна ня памятаю — гэта мог быць і разрэз маціцы), паводле якіх ейныя вучні апісвалі асобныя часткі. Такі мэтад кантролю ведаў зыходзіць з даўно апрабаванага прынцыпу контурных мапаў, і адзінае адрозьненьне палягае, відаць, толькі ў тым, што, прыкладам, заміж “Шцяўніцкія горы” трэба напісаць “палавыя вусны”. — Толькі ўявеце сабе, што ў сёмай клясе дзевяць хлопцаў зь дзесяці не маглі знайсьці клітару! — распавядала яна агаломшана. — Ды няўжо? — адчайна паўтараў калега Стршыбрны. На шчасьце, галоўным прадметам Сьвятланінай ранішняй цікавасьці быў толькі згаданы ўжо пазаклясны канцэрт. — Чаму мы мусім хадзіць на пазаклясныя канцэрты чатыры разы на месяц? — абуралася яна. — Раз на год было б больш чым даволі. — Таму што музыка, — прамовіў ласкава Ярамір, — гэта сродак зносінаў.
Аднак мне, на жаль, ня выпала шчасьця даслухаць сваіх калег да канца, бо неўзабаве пасьля Сьвятланінага прыходу загадчыца школьнай гаспадаркі паклікала мяне да дырэктара. Магу ўявіць вашыя магчымыя пярэчаньні, але ж я ніколі не сьцьвярджаў, што кожны дыялёг, які вы чытаеце, — гэта натарыяльна завераны магнітафонны запіс. Аўтар стылізуе свае аповеды так, каб чытач адчуў, што іхны герой — сам пісьменьнік, што гэта дакладна апісаныя ягоныя канфлікты, і ў той самы час ён нас зьняпэўнівае “выдумляньнем”, фікцыяй, яўным перабольшаньнем, каб гэтае атаесамленьне немагчыма было засьведчыць бяз рызыкі памыліцца (Мілан Юнгман пра Рудальфа Слобаду6).
|
6 Мілан Юнгман (1922) — вядомы чэскі крытык і літаратуразнаўца; Рудальф Слобада (1938—1995) — адзін з найвядомейшых славацкіх пісьменьнікаў. |
(Я падумаў, што пасьля вышэйсказанага, магчыма, варта было б падкрэсьліць, што імя насамрэч нявыдуманае.) — Несяце мне заяву аб звальненьні? — спытаў ён адразу ж, як толькі я ўвайшоў у гэтую краму бытавой тэхнікі, якую некаторыя мае калегі па старой завядзёнцы яшчэ называюць дырэктарскім кабінэтам (прычынаў гэтага я лепш дашуквацца ня буду). І зусім ня мела значэньня, што ён сам паклікаў мяне і што, такім чынам, сам лепш мусіў ведаць, чаму я прыйшоў, — кожнаму настаўніку, што да яго заходзіў, ён задаваў гэтае пытаньне абсалютна аўтаматычна, каб даць зразумець, што ягонай школе імя Ўладзіслава Ванчуры магчымы сыход пэўнага настаўніка ні сьвярбіць ні баліць, бо перад ейнымі дзьвярыма стаяць дзясяткі іншых і — само сабой зразумела — лепшых. — Сядайце. Я застаўся стаяць, бо хацеў адбыць гэты візыт як найхутчэй. Нашая варожасьць ужо даўно набыла адкрыты характар, таму й малодшаму сяржанту Дж.К.Адамсу гэта не падалося дзіўным. — Гэты ваш артыкул пра Ванчуру… — сказаў ён задуменна, спрабуючы знайсьці яго на стале, але значная колькасьць конкурсных купонаў, рэклямных часопісаў і запрашэньняў узяць удзел у гульні “Заплаці 100 — выйграй 1 000 000!” ягоныя пошукі вельмі ўскладнялі. — Мне здаецца, ён пад гэтай каробкай з блешнямі, — дапамог я яму. Сапраўды ён быў там. — Ён мне не падабаецца, — сказаў ён наўпрост. — Рады чуць, — сказаў я. — Гэта можа азначаць, што ён сапраўды добры. — Ён ня добры! — Чаму? — Залішне пра Ванчуру. Было ўсеагульна вядома, што імя гэтага левага інтэлектуала ў тытуле школы было бяльмом на дырэктарскім воку. — Разумею. — Вы перапішаце яго. — Мяркую, што гэта было пытаньне. Адказ — не. Ён зірнуў на каробкі з тэлевізарамі, відэамагнітафонамі й мікрахвалёвымі печкамі, што былі нагрувашчаныя ўздоўж сьцяны, быццам гэтыя аб’екты камэрцыі былі доказам ягонай літаратурна-гістарычнай кваліфікацыі: — Я яго сам напішу! — Але ведайце: музэй нацыянальнага пісьменства падасьць на вас у суд, — папярэдзіў я яго. Ён паціснуў плячыма. — Ані прэміі, ані даплаты вы не дачакаецеся. — А калі прынясу чарвякоў? Як я і чакаў, ён мяне выгнаў. З “дырэктарскага кабінэту”.
Грошай мне — дзякуючы Кралу — ставала, але, як звычайна, гэта было пытаньнем прынцыпу. Таму пасьля абеду я склаў крыху эмацыйна афарбаваную скаргу (…разьмеркаваньне асабістых прэміяў і даплатаў у руках дырэктара Наскачыла ўсё часьцей робіцца прыладай, з дапамогай якой ён вырашае спрэчкі з апанэнтамі…), якую я заказным лістом адаслаў доктару пэдагогікі Іржы Найману, дырэктару Адукацыйнай управы Прагі-5, вул. На Валянцінцы, 5. Зь ягонага адказу даслоўна цытую ўрывак: “Пры абмеркаваньні з спадаром дырэктарам Наскачылам Вашай скаргі мне было паведамлена наступнае. Пры разьмеркаваньні прэміяў і дадатковых асабістых даплатаў спадар дырэктар усталяваў крытэры, якімі ён кіраваўся. Зь імі быў азнаёмлены пэдкалектыў. У поўнай кампэтэнцыі спадара дырэктара вырашаць і ацэньваць пэдагагічных работнікаў. Адукацыйная ўправа наўрад ці сваім рашэньнем можа разьмяркоўваць дадатковыя фінансавыя сродкі, ня ведаючы працы асобных настаўнікаў. А згодна з словамі спадара дырэктара, вы відавочна не выконвалі згаданых усталяваных крытэраў”. З прывітаньнем.
Удалая ўрачыстасьць (“Збраслаўскія навіны”, 7/1992, стар.2) Пяцідзясятую гадавіну трагічнай сьмерці вялікага чэскага пісьменьніка Ўладзіслава Ванчуры, замучанага сьмерцю пяцьдзясят год таму нямецкім гестапа, адзначылі на памятнай урачыстасьці і вучні Сярэдняй школы імя Ўладзіслава Ванчуры. Дырэктар школы спадар Наскачыл у сваёй прамове падкрэсьліў вырашальнае значэньне амэрыканцаў пры вызваленьні нашай радзімы савецкай арміяй, а пра культурную праграму, як заўсёды, паклапаціўся школьны хор пад кіраўніцтвам настаўніцы сьпеваў спадарыні Хваталавай-Сукавай. Найбольшы водгалас мела ўжо традыцыйна ўлюбёная полька збраслаўскага кампазытара Яраміра Вэйвады “Шкада каханьня”, якую члены хору прасьпявалі ў сусьветна вядомай ангельскай вэрсіі “Roll on the Barrels”. Аднак сапраўдным пікам удалай урачыстасьці было заключнае выступленьне членаў мясцовай філіі “Military Car Club”, у якім з амэрыканскім вайсковым аўтамабілем маркі “Jeep” узяў удзел і дырэктар спадар Наскачыл. Я лічу, што нашая асьвета актыўна абуджаецца. Пэтар Піцька |
2. Дадому я ішоў разам зь Ярамірам. — Ці не вучыў ты калі Бэату Кралаву? — спытаў я ў яго проста. — Гадоў гэтак шэсьць-восем таму? — Вучыў, — сказаў ён, доўга ня думаючы. — І якія ў яе былі посьпехі? Як у Агаты? — Зусім не, — сказаў Ярамір. — Гэта была дзясятачніца.
Каля Бэльвэдэру мы разышліся. Я працягваў свой шлях да верхняй школы, каб забраць дачку. Яна, дарэчы, магла хадзіць і ў дольнюю школу, дзе выкладаў я, але мы з жонкай хацелі прынамсі на гэтыя першыя чатыры гады абараніць яе ад нялёгкай долі настаўніцкага дзіцяці. (Сёньня — пісана ў студзені 1994 году — яна ходзіць ужо ў чацьвертую клясу, і зь верасьня мела б працягваць у дольнай, але, дарма што я там ужо не настаўнічаю, ёй, гаротніцы, праз татаву пісаніну давядзецца езьдзіць ажно ў Хухлі.) Яна ўбачыла мяне яшчэ здалёк і пабегла насустрач. (Так, і мне ясна, што дзевяцігадовае дзяўчо, якое бяжыць — матляючы коскамі, з ранцам за сьпінай — насустрач любаму татку — з гледзішча літаратурнага рамяства вобраз у значнай ступені праблематычны, але, на жаль, я мушу на ім настойваць, бо часам мне падаецца, што ён нейкім дзіўным чынам ускосна зьвязаны з нашым сюжэтам.) — Прывітаньне, — сказала яна, пацалаваўшы мяне. Яна дагэтуль мяне не саромеецца. Я зьняў зь ейных кволых плечыкаў цяжар падручнікаў: — Прывітаньне. Ейныя карыя вочы іранічна бліснулі: — Ну, ці займае цябе, як у мяне прайшоў дзень? Было зразумела, на што яна намякае: як спэцыяліст, я, безумоўна, ведаў, што абавязковае бацькоўскае пытаньне “Што было ў школе?” — адназначная пэдагагічная і псыхалягічная памылка, бо яно недапушчальна звужае багатую стракатасьць жыцьця да кола праблемаў школьнага навучаньня, але зь іншага боку, я дагэтуль ніколі не абцяжарваў сябе тым, каб пэдагагічна й псыхалягічна слушнае, але манатоннае ад нястомных паўтораў пытаньне “Як у цябе прайшоў дзень?” пашырыць да некалькіх, адрозных прынамсі з выгляду, варыянтаў. — Мне сапраўды гэта цікава, — сказаў я зь вінаватай усьмешкай. — Што Ржыга — усё яшчэ кахае цябе? Ці мо здраджвае табе з чарапашкай Ніндзяй? Яна закаціла свае карыя вочы, але ўзяла мяне за руку. Я падладзіў свой крок пад ейны. — Як абед? — спытаў я. — Калі я зноў буду пісаць нейкую пэтыцыю? — Адбіўная, — сказала яна каротка. — Нармальна. Я раздумваў, ці ня варта было б надаць нашай размове трохі больш паэтычны характар. Праз хвілю я сказаў: — Ты ніколі ня думала, што вакацыі маюць свой пах? Яна падазрона павярнула да мяне твар. Пэўна, нешта ў маім абліччы мне здрадзіла, бо яна сказала: — Можаш не старацца, усё адно я ведаю, што насамрэч цябе цікавяць толькі адзнакі. Яна адразу ж скарысталася сваёй імгненнай перавагай (у гэтым яна падобная да сваёй маці): — Я купіла сабе “Бравічка” — нічога? Я завагаўся. — Нічога, — сказаў я ня надта шчыра. — Гэта твае кішэнныя грошы. — Там ёсьць і песьні па-ангельску, — у ейных словах выразна праглядала імкненьне падкрэсьліць пазнавальныя вартасьці вышэйпамянёнага часопісу. Мне прыгадаўся цэнтральны разварот “Каханьне, сэкс і пяшчота”, які мінулым разам дадушы мяне абурыў. — Апроч усяго іншага, — сказаў я нападна. Яна пачырванела як півоня. Шаты, што застануцца назаўжды, — з надзеяй падумаў я, вырашыўшы яе больш ня мучыць. — Джэксан упаў з другога месца ажно на дзявятае, — хутка паведаміла яна. Я жахнуўся: — І ты мне гэта проста вось так гаворыш?! На гэтым маё жыцьцё губляе ўвесь сэнс! А тваё? — А вось гэтым ты мяне страшэнна выводзіш, — сказала яна. Наважанасьць, зь якой яна перайшла ад абароны да нападу, мне зноў нагадала ейную маці. — Што ты ўвесь час зь мяне толькі сьмяешся…
Я фанацею ад Майкла Джэксана і хацела б перапісвацца з нэграм, які да яго падобны (але не абавязкова). Мне 12 гадоў. Міхаэла Ліпаева, вул.Сарторы, 29, 169 00 Прага-6. “БРАВА”
Перш чым я пайшоў да Бэаты, я перагартаў свае старыя выпіскі ды занатоўкі і пару зь іх узяў з сабой. Ані Крала, ані Кралавай не было дома. Каву мне вельмі неахвотна зрабіла Агата. — Што новага? — спытаў я. — Разьдзелі голага! — дзёрзка адсекла яна. — А акрамя гэтага, — сказаў я, — Майкл Джэксан упаў з другога месца на дзявятае! — А чаго было чакаць? — адказала Агата і бразнула за сабой дзьвярыма. Ну, з адной разабраўся, падумаў я. Цяпер на чарзе другая.
3. І гэтым разам яна на мой грукат не адрэагавала. Ані пакой, ані Бэаціна поза супраць учорашняга дня не зазналі ніякіх зьменаў, толькі змрок у пакоі, беручы пад увагу хмарнасьць неба, трохі згусьціўся. Я прайшоў да пісьмовага стала і бяз словаў запаліў маленькую лямпу з галягенавай лямпачкай. Шрубавае пасоўнае крэсла, засунутае пад стол, я падкаціў да нафтабака, кінуўшы на яго тэчку з занатоўкамі. Яны ладна грымнулі, і Бэаціна галава на падушцы прыкметна тарганулася. Яшчэ жывая, падумаў я. У мяне не было ніводнай прычыны, каб гэтую разбэшчаную прымадонну неяк шкадаваць. Лекцыю я пачаў з “Правілаў для аўтараў-пачаткоўцаў” А.П.Чэхава: “Зрабіцца пісьменьнікам вельмі проста. Няма калекі, які б не знайшоў роўнага сабе, і няма бязглузьдзіцы, якая б не знайшла прыдатнага чытача, — цытаваў я. — А таму не ўпадай у роспач… Пакладзі перад сабою паперу, вазьмі ў руку асадку і, раздражніўшы ўхопленую думку, хутка пішы. Пішы пра што хочаш: пра сушаныя сьлівы, пра надвор’е, пра стрэлку гадзіньніка, пра леташні сьнег… Калі ты напісаў, вазьмі рукапіс у рукі і, адчуваючы ў жылах сьвятарнае трымценьне, ідзі ў рэдакцыю. Потым ляжы дома на канапе, плюй у столь і цешся з сноў…” Я памаўчаў. — То ж бо, я мяркую, што ты ўжо нешта напісала? — сказаў я зьедліва. Яна па-ранейшаму ляжала бяз руху. — Дасі мне пачытаць? Нічога. — Шкада, — сказаў я. — Пруст кажа, што чалавек мусіў бы ведаць пісьменьніка толькі паводле ягоных кніг, але ні ў якім разе не асабіста. Ніхто не знайшоў бы стварэньня менш падобнага да ягоных кніг, ганарлівейшага, манернейшага, пыхлівейшага й праблематычнейшага суразмоўцу, піша ён літаральна. Баюся, што гэта датычыць нас абаіх… Раптам над бакам зьявіўся ейны бледны, скамечаны твар. — Пацалуй сабе сраку, — прамовіла яна павольна з узорнай дыкцыяй. За астатнія сто пятнаццаць хвілінаў яна ня вымавіла ані слова.
Што да мяне, я як нічога ніякага (калі гэта можна так назваць) за ейнай сьпінай працягваў лекцыю згодна з сваім плянам. Азнаёміўшы яе з сваім блізу шасьцігадовай даўнасьці, аднак усё яшчэ надзвычай наватарскім аналізам “Дамы з сабачкам”, я скарыстаў яго як ідэальны трамплін для эфэктнага і ўвадначас эрудыяванага раскрыцьця абсалютна ўсіх ключавых таямніцаў апавядальнага жанру. Дарма што мой голас да самага канца не пакінула знакамітая сутаргавая годнасьць аратараў, якія мусяць скончыць сваю прамову, нават ведаючы, што іх ніхто ня слухае, я ня страціў перакананьня, што на мяне, як ні дзіўна, зважаюць — я, вядома, маю на ўвазе разнавіднасьць ірацыянальнага перакананьня, падобнага да таго, як калі жанчына на трэцім месяцы цяжарнасьці прамаўляе да відавочна глухога эмбрыёна, намаўляючы пры гэтым сабе і мужу, што іхны Давідка або Ітушка безумоўна ўсё чуе. Калі сёньня, перапісваючы вышэйпрыведзеныя радкі, я зноў прыгадаў свой тадышні самотны маналёг, мне да галавы прыйшоў яшчэ адзін прыклад: гэта ж, зрэшты, тое самае, што і пісаньне — бо, пішучы, я таксама пасылаю сказы некуды ў цемру… (Не палічэце гэта за скаргу; у рэшце рэшт, гэта значна лепш, чым пры пісьме мець перад вачыма, барані божа, твар гэткага Яраміра Сломка7.)
|
7 Ярамір Сломэк — чэскі крытык, галоўны рэдактар “Літаратурных навінаў”. |
— Усё было выдатна, — апярэдзіў я ягонае запытаньне. — Яна мне сказала, каб я пацалаваў сабе сраку. Ён усьцешана засьмяяўся. — Уголас, — дадаў я. — Колькі атрымаю? Гэтым разам да яго дайшло. — Я б хацеў з вамі перамовіцца, — папрасіў я яго. Ён кіўнуў у бок кабінэту. Спадарыня Кралава праводзіла нас заклапочаным позіркам.
Змрочную непрагляднасьць паўмэтровага стосу папераў на дубовым пісьмовым стале не магла ўтаймаваць нават цудоўная залатая лямпа. Крал падышоў да бару, і знаёмы пах скураных фатэляў зьмяшаўся з пахам шатляндзкага “Glen Deveron” дванаццацігадовай вытрымкі. Але я й ня думаў даць сябе зьняпэўніць. — Давайце ўсё падсумуем, — сказаў я рашуча. — Учора і сёньня я прабавіў тут цалкам чатыры гадзіны. Ён вычэкваў. — На працягу гэтых чатырох гадзінаў вашая дачка адкрыла рот роўна двойчы. Цалкам яна сказала шэсьць словаў. Для эфэкту я памаўчаў. — Гэта нармальна, — сказаў Крал нібы нецярпліва. — На ўсё свой час. Я нахіліўся да яго: — Нармальна? За чатыры гадзіны сказаць шэсьць словаў — нармальна? Яна татальна мяне ігнаруе, ні пра які курс ня можа быць і гаворкі — і гэта нармальна? Як гэта? — На ўсё свой час, — паўтарыў ён супакойліва. На ягоным загарэлым твары было мноства маленькіх зморшчынак. — Зразумейце, — налягаў я. — Яна скажа “Можаш не сумнявацца” — а вы мне ўмэнт даяце дзесяць штук. Божа мой, што мне думаць пра гэта? Ён адвёў вочы. — Тады дайце мне хоць нейкае прымальнае тлумачэньне, на якое б я мог абаперці сваю схільнасьць да самападманаў, — папрасіў я яго. — Бо… Чорт, няўжо гэта праўда? Ён засьмяяўся. Я — не. — Вы ўсё залішне драматызуеце, — сказаў ён. — У гэтай дзеўкі звычайны сплін. Разышлася з хлопцам — нібыта вы такога ня ведаеце… Яе толькі трэба крыху падладзіць. Для мяне гэта была навінка. — Падладзіць? Значыць, не пісаць? — Можа, і пісаць, — сказаў Крал. — Там будзе відаць, што ёй дапаможа найлепш. Урэшце, вы ж спэцыяліст. — Я? Я што, псыхоляг? Спачатку мне хацелася сказаць псыхіятар. — Вы вывучалі пэдагогіку, вы пісьменьнік, у вас таксама дачка… — пералічваў ён упэўнена. Усьміхнуўся. — Вы пра гэта ня ведаеце, але вы — пераможца майго таемнага конкурсу! — Я? — Мне што, трэ было запрасіць нейкую настаўніцу? Каб тая зжэрла яе жыўцом? Слова настаўніца ён вымавіў зь непрыхаваным жахам. Хто каго? — казаў я сабе. — Настаўнік — гэта прафэсія, — ужыў ён вядомы жарт. — Настаўніца — гэта дыягназ. Я ветліва засьмяяўся. Цяпер да мяне нахіліўся ён: — Я толькі хачу, каб яна сябе так ня нішчыла. Каб рабіла нешта разумнае — мне ўсё адно што. Каб хадзіла купацца ці там запрашала сябровак на дні нараджэньня… Каб ня зналася з усякімі сучынымі сынамі. — Сучынымі сынамі? Ён толькі махнуў рукой: — З адным некалі сустракалася. Ён пра нешта думаў. — Цяпер разумееце, чаго я ад вас хачу? — Падобна, нейкай пэдагагічна-псыхалягічнай абслугі, — сказаў я. — У выкананьні інжынэра людзкіх душаў8. На шчасьце, ён мяне амаль ня слухаў. — Проста каб яна не была няшчаснай. (Пры ўсім сваім жаданьні я ня здолею переканаўча й несэнтымэнтальна апісаць тую брылу бацькоўскай любові, якая заваліла гэтую ягоную фразу.) Мы моўчкі пілі. — Жыцьцёвае шчасьце… — урэшце сказаў я бязрадна. — Хіба гэтаму можна навучыць? — А ці вы самі, — спытаўся ён хітра, — няшчасны? Я задумаўся. — Больш-менш не, — дапусьціў я. — Вось бачыце, — сказаў ён трыюмфальна. — Карацей, пакажэце ёй, як у вас гэта выходзіць…
IV 1. — А калі гэтую царэўну-несьмяяну разьвесяліш, — спытала за сьняданкам жонка, — ці хоць аддадуць яе табе за жонку? Яна нязмушана намазвала масла на грэнку. Я зірнуў на дачку: тая ўважліва слухала. — Жонка ў мяне ўжо ёсьць, — сказаў я. — Буду патрабаваць усё каралеўства9. |
8 Намёк на раман Ёзафа Шкворацкага “Гісторыя інжынэра людзкіх душаў”. 9 Гульня словаў: Крал па-чэску значыць “кароль”. |
Вэстыбюль станцыі мэтро “Сьміхаўскі вакзал”, што быў традыцыйным месцам збору на пазаклясныя канцэрты, радасна гуў. Тым часам як дзяўчаты на нязвычных абцасах няпэўна й бязмэтна курсавалі па плятформе (матляючы пры гэтым сваімі сумкамі, якія ім яўна заміналі), практычна ўсе дагэтуль прышлыя хлопцы бы пчаліны рой таўкліся вакол спадарычні настаўніцы Тракаржавай, што стаяла тварам да насьценнага аўтамата з прэзэрватывамі і з выразам піянера сэксуальнай асьветы без фальшывае боязі гучна выбірала найбольш надзейныя віды або прынагодна дапамагала выбіць назад захраслую пяцікронку. За выняткам каляжанкі Хваталавай-Сукавай, якая з жэстыкуляцыяй дырыжора вагнэраўскай “Пагібелі багоў” у нечым пераконвала пераляканага наглядчыка станцыі, усе чальцы пэдагагічнага суправаджэньня стаялі малой разгубленай грамадкай і, ухіляючыся ад поглядаў мінакоў, стараліся не зважаць на бразгат настойліва спустошванага аўтамата. Імкнучыся як мага хутчэй апынуцца адтуль як надалей, я ім толькі лёгка кіўнуў і ціха скамандаваў сваім вучням: — Хадзем, — сказаў я прыглушана. На грамадзкасьці я шторазу з пэўнымі цяжкасьцямі адшукваў свой настаўніцкі голас, бо — нават маючы колькігадовую практыку — я так і ня здолеў пазбыцца сораму перад фразамі кшталту “Восьмая “В” — заходзім”. Дзьве ці тры дзяўчыны з маёй клясы каманду хоць і пачулі, але, калі ўпэўніліся, што ніякага шыхтаваньня пакуль не патрабуецца, каўзануліся па мне невідушчым позіркам і працягнулі шпацыр. Я мусіў сказаць гучней: — Ганка, Каміла! Сюды! Сталая сямейная пара, што якраз праходзіла міма, імгненна спынілася, каб на ўласныя вочы пабачыць адзінкавы экзэмпляр чэскага настаўніка, прычым нават у дзеяньні. Іхная непадробная радасьць была вельмі падобнай да радасьці наведнікаў заапарку, якім пашчасьціла засьпець павіяна чубатага падчас кармленьня. Ганка з Камілай прыдыбалі, як качкі, каб утварыць першую, безнадзейна самотную пару. — Ладзя! — паклікаў я. Ладзя неахвотна стаў за абедзьвюма дзяўчатамі. Забарона насіць на пазаклясныя канцэрты джынсы і ўвогуле ўсякія джынсавыя аксэсуары, штогод абвяшчаная настаўніцай Хваталавай-Сукавай, прынцыпова паўплывала на ягоны цяперашні строй: патрабаваныя цёмныя нагавіцы, дужа падобна, бацькавы, відавочна былі яму завялікія, і ён спрабаваў замаскаваць гэта тым, што максымальна зацягнуў скураную паляўнічую папругу. Праз нагрудную кішэню ягонай белай дэдэронавай кашулі прасьвечваў пачак прэзэрватываў маркі “Wild Tiger”. — Восьмая “В” — заходзім!!! — зароў я ашалела.
У фае канцэртнай залі Гарадзкой бібліятэкі, запоўненым юнымі сябрамі клясычнай музыкі зь пяці праскіх школаў, перад пачаткам праграмы, складзенай з твораў Моцарта, стылёва луналі гукі “Малой начной сэрэнады”. Я адвёў сваю клясу ў адносна ціхі закуток каля мужчынскай прыбіральні, дзе правёў з вучнямі кароткую прафіляктычную гутарку, адважна дакараючы іх нягоднымі паводзінамі на Сьміхаўскім вакзале. — Хто мае якія пытаньні? — сказаў я нарэшце, сьвядома імітуючы фразэалёгію й дыкцыю грознага падпалкоўніка Брабца. — А ці можна слухаць плэер? — прагундосіла Яна, дэманстратыўна заціснуўшы нос вялікім і ўказальным пальцамі. — Не. Яшчэ пытаньні? — А калі мне Моцарт не падабаецца? — запратэставала яна. — Мне таксама! — І мне! І хоць я добра ведаў, што бунт можна задушыць хіба ў самым зародку, я дазволіў сабе хвілінную нерашучасьць. Я павярнуўся тварам да залі, якая тымчасам пачынала запаўняцца: Хваталава-Сукава стаяла з прыплюшчанымі вачыма, зьлёгку абапёршыся на парапэт адной зь лёжаў. Было відавочна, што чарговага ўваскрашэньня музычнага генія яна чакае з надзвычайнай узрушанасьцю. На імгненьне я забыўся на сваіх вучняў і аддаўся вельмі прыватным уявам, што здарылася б, калі б у гэты момант нейкі элегантны мужчына ў белым парыку эпохі ракако падышоў да маёй каляжанкі і прашаптаў ёй, да прыкладу, слова Бэртрамка10. Беспахібна пад уплывам менавіта такіх уяўленьняў мной пачала авалодваць хвароба, для настаўніка найпадступнейшая, — пэдагагічны нігілізм. — Так, — сказаў я, — якія яшчэ пражане не разумеюць Маэстра? Гэта было залішне цяжка. — Каму яшчэ гэта не цікава? — сказаў я іх мовай. Лес рук. — Добра, тады слухайце тое, што вам цікава. Яны ня верылі ўласным вушам. — Дык можна? — спытаў няўпэўнена Ўласьцік Лізанак. — Плэер? Адзіны папулісцкі ківок зрабіў зь мяне героя дня. Зь пераможным крыкам яны пабеглі ў залю. З рукамі ў кішэнях я павольна ішоў сьледам за імі, аднак пры поглядзе на двух білецёраў у салідных гарнітурах часоў першай рэспублікі я жахнуўся ўласнай адвагі: — Але толькі калі пагасяць сьвятло! — гукнуў я баязьліва, перайшоўшы на трушок. Сьвятло пагасілі толькі часткова. — Ня маючы нават васямнаццаці год… — прамовіла вядучая праграмы і ўражана паглядзела на Ўласьціміла Лізанка, які — з чорнымі навушнікамі на галаве — якраз прыцягнуў руку свайго суседа справа, каб зь ейнаю дапамогай лепш зымітаваць ігру на электрагітары, — ня маючы нават васямнаццаці год, юны Моцарт стварыў больш за дзьве сотні музычных твораў. Аднак большы розгалас, чым Моцартава надзвычайная працавітасьць, меў пранізьлівы піск ейнага мікрафона. — Тццц! — засіпела ўвадначас колькі настаўніц. Яны стаялі ў абодвух праходах, і аб’ектам іхнай цікавасьці была найперш глядзельная заля. — Дзьвесьце музычных твораў. У васямнаццаць гадоў. Толькі ўявеце сабе, — паўтарала вядучая. Вось і яно: слушныя прыклады, бліскучыя ўзоры. Ізноў мы прымушаем іх кленчыць ля падножжаў гнятучых помнікаў (Зыгфрыд Ленц). — Ціха! Гэтым разам заўвага адрасавалася не маім гадаванцам, аднак яна вывела зь нірваны Хваталаву-Сукаву, якая расплюшчыла вочы і ўпершыню зафіксавала ня толькі той скандальны факт, што прыблізна траціна вучняў 8-й “В” клясы сядзіць у слухаўках, але перадусім тую невытлумачальную рэч, што іхны клясны кіраўнік, найхутчэй, як падаецца, пад уплывам нейкага наркотыку, скарыўся. — Зараз жа зьняць! — прасіпела яна, зьвярнуўшы да подыюму поўны пакаяньня погляд. Вядучая ледзь заўважна кіўнула. — Моцарт ствараў музыку ясную, гульлівую, часта нават усьмешлівую, — сказала яна ясным, амаль гульлівым голасам. |
10 Віла ў Празе, дзе ў ейных гаспадароў Францішка Ксавэра і Ёзафіны Душкаў нейкі час гасьцяваў Моцарт. |
Загучаў прыклад. — Зэлэны! — выгукнула Хваталава-Сукава, стараючыся не заглушыць музыкі. — Апошняе папярэджаньне. Зэлэны зьняў з галавы навушнікі і, тэатральна выняўшы з плэеру абедзьве пальчыкавыя батарэйкі, засунуў іх сабе ў ноздры. Так ён мне крыху нагадаў пэрсанажаў “Зоркавых войнаў”, але ў сваім манумэнтальным настроі я быў ахвотны ўважаць ягоны ўчынак за цалкам законны знак пратэсту супраць вясельля Фігара. Тым ня менш пантаміма маёй каляжанкі дазваляла меркаваць, што мы, відаць, разыходзімся ў ацэнцы ягонага ўчынку. — Гэта музыка мэлядычна выразная, сьпеўная, музыка, поўная неапісальнае радасьці, спакою і душэўнае раўнавагі, — працягвала тым часам вядучая. — Звара! Гэтым разам уцьвелены голас належаў Ірэнцы. Звара на момант супакоіўся, але наступная ж музычная ілюстрацыя займела на яго надзіва натхняльнае ўзьдзеяньне: ён незаўважна абняў за плечы абедзьвюх сваіх суседак, якімі перад пачаткам канцэрту Ірэнка паспрабавала яго ізаляваць ад іншых праблемных вучняў, а затым зь нечаканым напорам апусьціў свае рукі на патрэбныя пару сантымэтраў ніжэй. Дзяўчынкі з жахам ускрыкнулі. — О блядзí, о бляда! — выгукнуў Звара з сапраўды неапісальнаю радасьцю. — Звара! — завішчала Ірэнка і, характэрна схіліўшыся, кінулася да парушальніка. І хоць я Звару разумеў досыць добра, бо й сам да дзявочых грудзей упершыню дакрануўся ў праскім плянэтары ў вельмі падобных варунках, я, тым ня менш, калі Ірэнка прабіралася міма, дараваў ёй погляд, поўны шчырай таварыскай спагады. — Зэлэны ў мяне ўкраў касэту! — уголас паскардзілася Каміла. — Ня ўкраў! — бараніўся Зэлэны. — Схаваў! — Ціха! — запатрабавалі колькі настаўніц хорам. Я згадаў Бэату, і гэтае патрабаваньне падалося мне парадаксальным. Вядучая прадэманстравала чарговы дыяпазытыў, але паглядзець на выяву мужа і жонкі Душкаў мне перашкодзіў надзьмуты прэзэрватыў. І гэтак далей. Мяне апанавалі сумневы. Складнікам праграмнай сыстэмы “Windows”, у якой я пішу гэтую кнігу, апроч іншага ёсьць і функцыя аўтаматычнага ўпарадкаваньня (Аўтаматычнае ўпарадкаваньне ацэняць усе пэданты і ўвогуле тыя, хто ня любіць хаосу. Міхаэл Грушка, Windows 3.1) — ці не раблю я тое самае, калі ўвесь гэты хаос у ейнай галаве парадкую ў наглядныя разьдзелы? Часам сумневы зьяўляюцца і ў астатніх: калі я пэўны час таму распавядаў Бэаціну гісторыю брненскаму выдаўцу і свайму сябру Марціну Плугачку, той не выглядаў цалкам перакананым: — Нічога ня скажаш, гэтая story як гром, — разважаў ён. — Аднак, ці гэта ўвогуле можна — пісаць пра самагубства? Я разумеў, што ён мае на ўвазе. — Павінна быць можна! Я захоплена выклаў яму пра мэтад замоўчваньня.
2. Кожны пэдагог, які па сканчэньні пазакляснага канцэрту вяртаўся ў наш кабінэт, звычайна нагадваў зьбітага вязьня, якога пасьля допыту прыводзілі назад у камэру; ягоныя рухі былі гэтаксама млявыя і пра яго адразу ж рупліва клапаціліся. Не інакш было гэтым разам і з намі: Ірэнка адразу ж абрынулася на крэсла, якое ёй своечасова падсунуў Ярамір, а Ліба ахвотна ўсхапілася паставіць ваду на каву. — Янáчак? — спачувальна прамовіла Ленка, наліваючы нам па чарцы бэхераўкі. — Моцарт, — сказаў я. — А таксама Сукава і Тракаржава. — Трасца, — дасьведчана выклікнуў Ярамір. — Скампанаваная праграма. Семдзесят пяць хвілінаў безь перапынку. І сьвятло ў залі. — Выпі тады яшчэ, — паспачувала Ленка. — І праблемы зь мікрафонам, — сказаў я. — Апроч усяго іншага. — І з прэзэрватывамі, — прамовіла Ірэнка. Дадала тлумачэньне. — Вы сваё перажылі, — прызнала Лібушка. — Але зь іншага боку, — паволі сказаў Ярамір, і ў яго зайскрыліся вочы, — вы дакладна не віселі сорак хвілінаў уніз галавой на гімнастычных колцах, як калега Стршыбрны. Пасьля гэтай навіны аджыла нават Ірэнка. — Што?! — Дзевяціклясьнікі, — дапусьціў я. — Прывязалі яго за шнуркі і падцягнулі пад столь, — удакладніла інфармацыю Лібушка. — І разгайдалі, — дадала Ленка. Я зь недаверам паглядзеў на Яраміра, але той кіўнуў: — Зранку задаў ім кантрольную, — сказаў ён. — Па кажанох. |
Камічна. Вучні й настаўнікі11. “Табе гэта трэба?” — казала часам Бэата, калі я, так бы мовіць, шуткаваў. Аднойчы яна зачытала мне з Анаіс Нан: “Мне было сорамна за ягоны аптымізм, за ягонае імкненьне ўсё ўладзіць”. Ці мне гэта трэба? Урэшце, чаму ў мяне кожны сур’ёзны творчы намер шторазу абяртаецца ў гратэск? Відаць, ад залішняй аглядкі на чытача — гэта я называю сындромам гаспадара. Вы ж ведаеце: гэты вечны абавязак клапаціцца пра гасьцей і пра забаву. Напраўду на вас з таго акна ня дзьме, спадарыня Цуржынава? Ці ўсе маюць што піць? Ці ўсім ёсьць з чаго сьмяяцца? Рабіць настрой. Не гаварыць пра хваробы. У мяне гэта адклалася зь дзяцінства: Будзьце зь дзядулем ласкавыя — у яго ж гэтая пухліна. Старайцеся яго трохі разьвесяліць — можаце яму, прыкладам, распавесьці, як у вас упаў самакат у памыйнік… Чакаеце гасьцей, а жонка пырнула вас нажніцамі ў шыю? Скажэце, што парэзаліся пры галеньні… Мне відавочна не стае адвагі, каб сказаць праўду, і таму я салодка маню. Я ганебна баязьлівы, бо ў мяне няма сьмеласьці пазбавіць некалькі тысячаў стомленых рабачаёў апошняй кроплі гумору. Вось я й блазную і дадаю надзеі, як сьмятанкі ў занадта горкую каву: Кажаце, самагубства? Але ў астатнім гэта быў суцэльны прыкол. Аднак я забягаю наперад.
Я скарыстаўся бесклапотнай весялосьцю, якая запанавала ў кабінэце пасьля весткі пра пакуты Стршыбрнага, і як бы між іншым паведаміў сваім калегам пра сваю падпрацоўку; больш адкладаць было нельга. Жадаючы, каб маю навіну як найлягчэй праглынулі, я прэзэнтаваў сваю новую працу як больш-менш стандартнае рэпэтытарства, але нават так жаданага выніку ня выйшла. — Крала? — прамовіла Ірэнка, шчыра жахнуўшыся. — Гэтага мафіёзі? Гэтага курвяля? — Ах, кволасьць, — лагодна сказаў Ярамір, — тваё імя — жанчына. — А хіба не? — баранілася Ірэнка. — Мафіёзі, — сказаў я. — А як пазнаць мафіёзі? — Лёгка. Калі нехта мае — толькі тут, у Збраславе — дзьве вінарні, два гатэлі й бардэль у Забягліцах, тады лёгка. Ясна, адкуль тут могуць быць грошы. Ейная абазнанасьць у збраслаўскіх справах традыцыйна зьдзіўляла. (У гэтым месцы хачу нагадаць пра сваю дамоўленасьць з Кралам і падкрэсьліваю, што прыведзены сьпіс нерухомасьці наўмысна перакручаны.) — Тут ёсьць бардэль? — шчыра падзівілася Лібушка. — Дзе? — У Забягліцах, — прамовіла Ленка. Ірэнка не ўсьміхнулася. — Ірэнка, — сказаў Ярамір. — Ты можаш адрозьніць брудныя грошы. Гэтага ня можа нават спадар прэм’ер… — Я — магу, — прамовіла Ірэнка пераканана. — У мяне на іх нюх. Пасьля гэтых словаў яна выправілася на абед. — Я толькі хацела… — ужо ў дзьвярох клапатліва павярнулася яна да мяне. — Толькі каб ты з гэтым гэбістам не пагарэў…
Я ня меў часу глыбей абдумаць ейнае паведамленьне, бо Ленка зь Ярамірам адразу ж зацягнулі мяне ўва ўспаміны пра ўзорную вучаніцу Бэату Кралаву: зь ейнай меншай сястрой яе, маўляў, параўнаць нельга. Ярамір нават адкапаў фатаздымак з навучальнага году 1983/84 — ёй тады было гадоў адзінаццаць: яна сядзела ў першым шэрагу, у белай блюзцы з карункамі, склаўшы — відаць, на наказ фатографа — рукі на каленях сіняй джынсавай спадніцы (гэта была тая вядомая агрэсіўная джынсавая сінеча, што ўтвараецца на каляровых фатаздымках празь невысокую якасьць стужкі). На загарэлых нагах у яе былі белыя шкарпэткі й заношаныя дзіцячыя сандалікі. Я адчуў нейкае мімалётна няпэўнае, усьцешлівае замілаваньне. — Лялечка, — сказаў Ярамір. — Сапраўды ў гэтых Забягліцах ёсьць бардэль? — спытаў я, бо жыў блізка адтуль. — А ліха яго ведае, — сказаў ён. — Але ж пэўна гэта не гастраном. Я пашыбаваў за Ірэнкай у школьную сталоўку. На асфальтавай дарожцы перад школай дзевяціклясьнікі бегалі шасьцідзесяцімэтроўку, і я адразу адзначыў сабе прысутнасьць Доўбка. Настаўніца Андзелава стаяла ля фінішу з сэкундамерам у выцягнутай руцэ. — Прывітаньне, Гелена. — Прывітаньне, — змучана адказала яна. На абодвух перадплеччах у яе красавала зь дзясятак наручных гадзіньнікаў, і калі яна ўзьняла руку, зрабілася падобнай да сумнага вулічнага рэгулявальніка. Доўбэк нарэшце прыспрынтаваў і зь сіпеньнем паваліўся на ўгрэтыя прыступкі да астатніх хлапцоў. Я падышоў да іх: яны былі спатнелыя й запыленыя, і ў многіх зь іх — насуперак дыплёмным працам пра вучнёўскія трэніровачныя ўборы — з чырвоных спартовых трусоў вызіралі зморшчаныя пэнісы. Яны зірнулі на мяне зь недаверам. — Я прыйшоў зь мірам, — сказаў я, — да свайго чырванаскурага брата Доўбка. Я зірнуў на ягоны пах: — І да ягонай чырванаскурай машонкі. У іхным сьмеху я прачытаў для сябе надзейнае абяцаньне, што, магчыма, мне не давядзецца бавіць заняткі падвешаным пад стольлю спартовае залі. — Пра што базар? — спытаў Доўбэк, заправіўшыся. — Пра разьвітальную прамову, — нагадаў я яму. — У нас няшмат часу. — А-а, ну так, — прыгадаў ён. — Я напішу… — Напішаш? Ты казаў, што ўжо напісаў. — Ну, практычна так, — супакоіў ён мяне. — Парадак — я яе дапішу. — Дык калі ласка, — сказаў я, — калі ласка, дапішы яе. |
11 “Вучні й настаўнікі” — назва гумарыстычнай кнігі Яраслава Жака (1906—1960). |
Ірэна ўжо сыходзіла, таму я хоцькі-няхоцькі мусіў падсесьці да Стыва. Падобна, дзень у мяне сапраўды не заладзіўся. Стыў у нас выкладаў ангельскую мову, бо ў 1991/1992 навучальным годзе амэрыканскіх лектараў за выкладаньне ангельскай мовы ў турму яшчэ не саджалі12. Мне ён быў цалкам сымпатычны (Люблю амэрыканцаў, бо яны здаровыя і аптымістычныя. Франц Кафка), але зь іншага боку, у мяне ў ягонай прысутнасьці заўжды толькі паглыблялася пачуцьцё маёй моўнай непаўнавартасьці, ня кажучы ўжо пра тое, што ягоныя бліскучыя белыя зубы выклікалі ўва мне бог вед чаму неадчэпную неабходнасьць праяжджаць языком па амальгамавых плёмбах. Вось жа, з памянёных прычынаў я яго хутчэй пазьбягаў, але гэтым разам уцякаць не было куды. — Прывітаньне, Стыў, — сказаў я яму сваёй збраслаўскай ангельскай мовай. — Як маешся? Ён адказаў, што маецца файна. Потым нешта казаў пра нейкі канцэрт, пра спозьнены самалёт і крэмы для загару. Я сказаў, што моцныя крэмы для загару сёньня unfortunately неабходныя, бо ў небе дзірка. Ён дапытліва зірнуў на мяне і сказаў нешта ў тым сэнсе, што ад дзевак можна чакаць чаго заўгодна — маўляў, ці разумею, што ён мае на ўвазе. Я адказаў, што ведаю гэта добра, і дадаў, што, аднак, у кожнае хмары край срэбны (што было адной з трох ангельскіх прыказак, якія я памятаў). Ён крыху няўпэўнена пагадзіўся. Я за раз праглынуў два кнэдлікі і зазначыў, што сёньня unfortunately вельмі горача. Ён зьдзівіўся, што я так сьпяшаюся. А я адказаў, што я unfortunately very busy. Ніколі ў жыцьці я не зьядаў абеду так хутка.
Можаце не сумнявацца, што гэты амэрыканец тут не як аздоба. Інакш кажучы: “Ня ў солі соль мастацтва” (Ян Забрана).
Яшчэ зацем. Летась у Гамбургу я выпытваў у Карла Трынкевіца13 між іншым пра тое, як ён глядзіць на ўжываньне цытатаў у сучаснай прозе. Пазьней ён мне даслаў сваё эсэ “Пра постмадэрнісцкі раман”, дзе адзначыў вось гэтую цытату з Раляна Барта: “Ніколі не бывае ніякай арыгінальнасьці. Мы жывём у пэўнай разнавіднасьці вялікага абмену, у вялікім міжтэкстоўі. Ідэі цыркулююць, мова таксама. Адзінае, што мы пры гэтым можам учыняць і да чаго звыкнуць, — гэта іх камбінаваць. І ўсё ж адна ідэя не вытворная: яна тут як пэўная разнавіднасьць вялікага рынку ў вялікай эканоміцы. Думкі цыркулююць і толькі ў пэўным імгненьні спыняюцца, параўноўваюцца — і адбываецца, прыкладна як у фільме, мантаж, выходзіць твор”. Ну, вось бачыце.
3. Дома я паклаў на месца свае занатоўкі пра літаратурную творчасьць і паспрабаваў дзеля разнастайнасьці знайсьці нейкія мудраслоўі пра жыцьцёвае шчасьце. Шчасьце — гэта мастацтва быць задаволеным (Бэргман). І іншыя. Да Кралаў я літаральна поўз, бо пякло сапраўды страшэнна. Агата з мной па-ранейшаму не размаўляла. Ейных бацькоў дома не было.
У мансардным пакоі адбылася адзіная заўважная зьмена: тут запахла віном. Я сфакусаваў погляд у змрок: бутэлька стаяла на начным століку. Бэата была прыкрытая толькі скамечанай прасьціной; я пакуль ня быў стопрацэнтна ўпэўнены, але мне здавалася, што яна голая. Пярына ляжала на падлозе ля ложку. Гэтыя акалічнасьці мяне крыху нэрвавалі, і я разважыў лепш не запальваць сьвятла, адно падкаціўшы ў крэсьле да кніжнае шафы, нібыта карэньчыкі пераважна добра вядомых мне кніг, да якіх я цяпер датыкаўся кончыкамі сваіх пальцаў, гэтае маё напружаньне бясьпечна маглі зазямліць. Я доўга раздумваў, як увогуле пачаць, пакуль праз брак лепшых ідэяў ня вымушаны быў скарыстацца ўчорашнім Кралавым запытаньнем: ці я няшчасны? Больш-менш не. Тады проста пакажу ёй, як гэта ў мяне выходзіць. Я імкнуся ўва ўсім бачыць добрыя знакі (Доктараў). Імкнуся любіць жыцьцё больш, чым ягоны сэнс (Дастаеўскі). Імкнуся аддзяляць ад ужо пражытых гадоў усталяваныя згусткі звычак і жарсьцяў, якія магу ўважаць для сябе за сталыя і паказальныя, і дбаю пра іх перадусім дзеля таго, каб жыцьцё, якое я выбраў, прыносіла мне радасьць (Пруст). Імкнуся не губляць пачуцьця гумару, таму што толькі жарт можа нас замірыць з гратэскам жыцьця (С.Е.Лец) і таму што датуль, пакуль чалавек можа рагатаць, ён у бясьпецы (К.Кізі). Імкнуся выконваць пэўныя правілы, бо правілы — гэта адзінае, што мы маем (Голдынг). Імкнуся прымаць кожнае вытлумачэньне сьвету, якое вядзе да дабрыні (Шымэчка), і не імкнуся чытаць і разумець усё, бо недастатковая адукаванасьць можа быць і крыніцаю моцы й спакою (Італа Звэва), пагатоў усяму, што чалавеку трэба ведаць, ён навучыўся ў дзіцячым садку (Фулгам). Імкнуся любіць сябе і імкнуся як найхутчэй забыцца, за якую партыю галасавалі б некаторыя мае сябры. Імкнуся не купляць лятарэйных білетаў і не гуляць у “Кола фартуны”. Імкнуся піць так, каб разьняволіцца, але ня зьнішчыць сябе. Імкнуся пазьбягаць баляў і гандлёвых цэнтраў. Імкнуся ня надта азірацца ў мужчынскай саўне. У пачакальні да стаматоляга аддаю перавагу расповедам тупых анэкдотаў перад показкамі пра рэзэкцыю. У жыцьці я раблю гэтаксама. Нарэшце я ёй — як увайшоў у стос — раскрыў і той найрафінаванейшы хітрык, як урваць крыху таго шчасьцейка: Самаахвяраваньне, самаабмежаваньне. Калі ня можаш уратаваць сябе, імкніся ўратаваць іншых. Паказушны манэўр найпранырлівейшых эгаістаў. |
12 У 1993 годзе ў Чэхіі за краты трапіў амэрыканскі лектар Дэвід Стотлер, несправядліва абвінавачаны ў згвалтаваньні вучаніцы. 13 Карал Трынкевіц (1931) — чэскі крытык, тэарэтык літаратуры, пісьменьнік-авангардыст, мастак. З 1979 году ў эміграцыі. |
Мне хапіла няпоўных сарака хвілінаў, каб з дапамогай двух дзясяткаў цытатаў разьвязаць чыста ўсё: распад традыцыйных каштоўнасьцяў, нарастаньне адчужанасьці, культ спажываньня, крызыс сям’і, страту Бога і страту самасьвядомасьці, — і яшчэ мне засталося дзесяць хвілінаў на падсумаваньне і паўтарэньне. Гэта была ўзорная лекцыя. Я быў сабой задаволены. — Амэн, — прамовіла Бэата. Яна была ўжо ладна ўпітая, і я яе адно нудзіў тым, што паўтараў ёй разумныя рэчы (Сол Бэлаў).
Працягваць ня мела сэнсу. Шторазу, калі яна цягнулася па бутэльку, прасьціна зь яе падала. Урэшце яна нават не абцяжарвала сябе тым, каб зноў прыкрывацца, што, аднак, зусім не было какецтвам, а (падобна як у выпадку зь яе льсьністымі ўскудлачанымі валасамі) асэнсаванай, дэманстратыўнай абыякавасьцю. Усе позы, якія яна ў ложку займала, былі толькі а толькі мэтавыя — каб вызваліць пераляжалыя рукі, каб абаперціся сьпінаю на сьцяну, каб дастаць віно, — і тым, што пры гэтым яна адкрывала перада мной усё, яна толькі паказвала, як ёй глыбока пляваць на маю непажаданую прысутнасьць. Раз яна нават гучна пусьціла газы, ані не ўзнагародзіўшы мяне вінаватай усьмешкай. Мой нос поўніўся зьнявагай. Я не стрываў: — Пах жанчыны, — сказаў я зь непрыхаванай пагардай. Гэта яе літаральна разьюшыла: — Дык валі адсюль! Чуеш? Валі! Ніхто не прасіў, каб ты тут тырчэў! Нягледзячы на яе дзікі напор, адной часткай сваіх думак я заставаўся надзіва спакойны. Колькі словаў адразу, божа мой! — казаў я сабе амаль радасна. У Крала ніякіх грошай ня хопіць. — Думаеш, мне цікава слухаць тваю настаўніцкую балбатню? — крычала Бэата. — Яна мне яго ня верне! Каго гэта? Сучынага сына? У прыпадку плачу яна абрынулася на ложак. Божачкі мае, мы плачам! Яшчэ імгненьне яна ўсхліпвала, а потым заснула. На ейных засьмяглых вуснах засохлі чырвоныя кропелькі віна. Сытуацыя была, мякка кажучы, нязвыклая. Хоць з мной, як і з кожным, цягам майго досыць небагатага эратычнага жыцьця пару разоў здаралася, што дзяўчына, прыўзьняўшыся на ложку на локцях, цэліла ў мяне смочкамі сваіх грудзей, але ніводная зь іх пры гэтым не пазірала зь нянавісьцю. Пазіралі замілавана, какетліва, звычайна або (у двух жалюгодных выпадках) пазабаўлена, але зь нянавісьцю — аніколі. Гэтае дагэтуль непазнанае перапляценьне аголенасьці й нянавісьці заняло мае думкі на доўгія хвіліны. Яна слаба застагнала. Я падняў вочы і зь зьдзіўленьнем заўважыў, што яна лашчыць сябе ў паўсьне. На адшморгнутай посьцілцы заблішчэла маціцовая вадкасьць. Мая цікавасьць да філязофскіх аспэктаў перапляценьня прыгажосьці зь нянавісьцю ў значнай ступені падупала. У яе было суха ў роце. Яна сутаргава хапянула паветра і прахапілася. Гэтым разам маю прысутнасьць яна сабе адзначыла зь зьмяшанымі адчуваньнямі, на ейным абліччы адбівалася як расчараваньне, так і радасьць — падобна, мусіць, выглядае чалавек, якога дома ахопіць неадольны апэтыт на марозіва з долькамі садавіны ды з узьбітай сьмятанкай і які ў маразільні зь зьдзіўленьнем натрапіць на паўрасталае эскімо. — Хадзі сюды, — сказала яна. Прыдушаны голас. Вы ж уяўляеце. Яна мне ўжо вызваляла месца каля сябе. — Не-не, — адказаў я. Мне страшэнна бракавала якой-небудзь прыдатнай цытаты. — Ідзі! — зноў прамовіла яна. — Не-не, прынцэса, — сказаў я. — Я вам пантофліка не завяжу14.
|
14 Цытата з чэскай народнай казкі пра пыхлівую прынцэсу. |
— Мне трэба з вамі пагаварыць. — Зноў? Гэта гучала незадаволена. Не магу сам даць сабе рады? Чаму я ўвесь час мушу яго турбаваць? — Я страшэнна сьпяшаюся, — адмахнуўся ён ад мяне. — Гэта зойме тры хвіліны. — Не магу. — Дзьве хвіліны! — Заўтра, — сказаў ён у дзьвярах, — заўтра можаце з мной гаварыць хоць гадзіну.
Я разьвітаўся з спадарыняй Кралавай і пашыбаваў дадому. У двары я натыкнуўся на Пэтрыка з Іржыкам. Рабром мезенца правай рукі яны без асаблівых цяжкасьцяў разьбівалі цагліны. — Ён быў гэбістам? — спытаў я ў іх, каб нешта сказаць. Гэтае пытаньне іх надзвычай пацешыла. — Не, — сьмяяўся Іржык. — Дысыдэнтам. Шчыра кажучы, у той момант мяне гэта ня надта займала. Хутчэй мне трэ было зь некім падзяліцца. Я ім завуалявана абмаляваў свае папярэднія цяжкасьці з Бэатай. — Дык у чым праблема? — спытаў Пэтрык. — Хоча маўчаць — хай маўчыць, хоча патрахацца — ну й трахні яе. — І гэта мне кажаш ты… — запярэчыў я, — той, хто мусіць яе ахоўваць? Ён па-сяброўску пляснуў мне па клінох. У мяне з вачэй пырснулі сьлёзы, але яны чакалі на жарт. — Я ведаю, — сказаў я. — Не ад гэтае зброі. Гэта не ўваходзіць у вашыя абавязкі… Цяжар гумарыста.
4. Я вярнуўся дадому. Здаецца, я прывітаў сабаку й пацалаваў на ноч дачку (яна клалася спаць якраз у той час, калі я вяртаўся ад Кралаў, так што гэта досыць верагодна). Затым мы з жонкай найхутчэй заварылі сабе гарбаты і селі праглядаць каталёгі розных турыстычных фірмаў — дзякуючы Кралавым грашам гэтымі днямі мы вырашалі, куды паедзем у адпачынак. Гэтым заканчваюцца мае здагадкі — далей я цалкам дакладна памятаю, што хацеў правесьці як мага спакайнейшы вечар у коле сям’і, што мне мо і ўдалося б, калі б мая разьвярэджаная памяць безупынна не бамбардавала мяне вельмі плястычнымі малюнкамі самалашчаньня дзявочага цела. Як прабіла поўнач, нехта хутка пазваніў у дзьверы. Жонка ўжо спала. З-за фіранкі я агледзеў вуліцу: Кралава налякаваная “аўдзі” стаяла пад самымі нашымі вокнамі. Ля дамафона чакаў Пэтрык, рукой я яму паказаў, каб ён падняўся наверх. Як толькі ён увайшоў, я прыпёр яго тварам да сьцяны і бяз словаў сымбалічна абшукаў (імгненьне я вагаўся, ці сапраўды забраць у яго пісталет, але я баяўся з гэтай штукай як-колечы маніпуляваць). — Апранайся, — сьмяяўся ён прыдушана. — Паедзеш з намі. — Куды? Ён адно па-змоўніцку пазіраў. — Калі толькі ў цябе няма ордэру на мой арышт, нікуды не паеду, — сказаў я. Аднак я ўжо апранаўся. Я зусім не ўяўляў, навошта мне некуды ехаць, але я ведаў абсалютна дакладна, што ехаць хачу. Маё нядаўна яшчэ аселае настаўніцкае жыцьцё ператваралася ў незвычайныя прыгоды. — Буду ёй чытаць казку на ноч? Пэтрык адно пасьміхаўся: — Джынсы не падыдуць, — сказаў ён. — Апранай што прыстойнейшае. Дзьверы я замыкаў як мага цішэй. Ноч была цёплая. Крал прагульваўся ля машыны. — Я абяцаў вам размову, — сказаў ён. Я зірнуў на гадзіньнік. — Ну, гэта не было так тэрмінова… Ён іранічна ўзьняў бровы: — Дык вы ўжо ня хочаце даведацца пра гэтую страшэнную таямніцу?
Лімузын амаль бязгучна сьлізгаў па цёмных вуліцах. Фары выхоплівалі дрэвы ў навакольных садох. За паваротам зьявіўся чорны масіў вэлтаўскай лагчыны. Я прасунуў руку ў акно і паклаў яе на дах: ён быў прыемна халодны. — Купальская ноч, — сказаў я. — У вас усё добра зрэжысіравана. — Сёньня? — шчыра зьдзівіўся Крал, падобна, ён гэтага сапраўды ня ведаў. Пэтрык прыбраў хуткасьць: мы зьяжджалі на пляц. Я паклаў галаву на мяккі падгалоўнік. Крал выцягнуў з нагруднай кішэні пінжака пазалочаную біклажку: глынуў і падаў мне. Я адпіў — гэта было ягонае ўлюбёнае шатляндзкае віскі — і вярнуў пляшку яму. — Дзяўчаты скачуць цераз вогнішчы, — прамовіў я. — Расчыняюцца поўныя скарбаў пячоры, а глыбока ў цёмных лясох расьцьвітае залатая папараць-кветка. — Лухта, — сказаў Пэтрык з сумневам. Я чакаў, што ён паверне налева ў Прагу, але ён павярнуў назад да Збраслава. Мы ехалі ў Забягліцы. — Я б яшчэ глынуў, — сказаў я. Яны засьмяяліся. |
Гатэль “Вэлтава” з шашы выглядаў крыху закінута, але, на маё зьдзіўленьне, стаянка перад уваходам была амаль поўная — пераважалі машыны зь нямецкімі нумарамі. Над дзьвярыма на дзьве палавіны, дакладна ў тым месцы, дзе на доме маіх добрых, працавітых бацькоў вісіць іржавая конская падкова, тут быў падвешаны бачны здалёк чырвоны ліхтар. Крал пазваніў і назваўся ў дамафон. Знутры нехта адразу ж адчыніў. Я быў у пастцы. Прысутны пэрсанал па-сяброўску вітаў Крала. Пэтрык ад нас адышоўся, каб паздароўкацца зь нейкім бамбізам у ліўрэі. — Не дурыце, — сказаў я Кралу спалохана, — я гуманістычна арыентаваны пісьменьнік. Мой абавязак — кляйміць дамы распусты, а не наведваць. Ён мяне зусім ня слухаў, бо на хаду за нешта ўшчуваў сталага мужчыну, які абслугоўваў гардэроб, таму я рад-нярад мусіў ісьці сьледам за ім. Пры гэтым я марна спрабаваў прыгадаць, ці не належаць майткі, якія былі на мне, да той жахлівай ружовай сэрыі, якую мая жонка стварыла пасьля апошняга мыцьця. У салёне, у адрозьненьне ад асьветленага холу, панаваў інтымны паўзмрок: я прыкмеціў маленькі, але жывы аркестар, сталы з ружовымі лямпамі, занятыя ледзь напалову, і адзіную пару на асьветленай шкляной танцавальнай пляцоўцы. Дзяўчаты былі надзіва юныя й выглядалі па-над усімі чаканьнямі добра. Крал зноў узяў мяне пад сваю апеку. Мы селі ля бару — з высокіх услонаў было добра відаць усё, што дзеялася вакол. — Чаго спадарства жадае? — ветліва спытаўся бармэн. Крал моўчкі прапанаваў мне першым зрабіць замову. — Гарачы бутэрброд з сырам, — сказаў я, — і двайная картопля-фры. Бармэн зірнуў на Крала. — А вы гумарыст, — сказаў Крал. Ён замовіў шампанскае. — У мяне зранку першы занятак, — папярэдзіў я яго. — У сёмай “Б”. Я тут не магу застацца надоўга. — Бяз панікі. Ён зірнуў на адну зь дзяўчат. — Тут шась-шась — і гатова… — пажартаваў ён. Я зухавата засьмяяўся, але маё зухаватае сэрцайка ад такой адкрытасьці панеслася, як спалоханы птах. — А дзе пакоі? — пацікавіўся я. У мяне чамусь было адчуваньне, што ў дадзеным кантэксьце маё пытаньне прагучыць калі не франтавата, дык прынамсі рашуча, але, зірнуўшы на Крала, я зразумеў, што пытаньне папросту дурное. — Дзе ж ім быць? — ён махнуў рукой у бок шырокай лесьвіцы, па якой якраз спускалася адна з параў. — Наверсе. Толькі цяпер да мяне дайшла жахлівасьць усёй сытуацыі. І яшчэ я заўважыў, што жанчына на танцавальнай пляцоўцы гадоў на трыццаць старэйшая за свайго пагляднага юнага партнэра. Крал з усьмешкай узьняў келіх, і мне давялося зь ім выпіць за посьпех курсу. Ён пільна глядзеў на мяне. — Нешта ня так? — спытаў ён праз імгненьне. — Што тут можа быць ня так? Зусім не, — сказаў я. — Проста адзін збраслаўскі настаўнік сядзіць апоўначы ў бары ў адным збраслаўскім публічным доме. Усё нармальна. Тракаржава б за мяне парадавалася, падумаў я. — Вы залішне азіраецеся на сваю прафэсію. Я нязгодна паціснуў плячыма. — Хіба настаўнікі не займаюцца сэксам? — сказаў Крал. Мяне правакавала тое, што ён ані крыху не адчувае ніякай адказнасьці за тое, што зацягнуў мяне сюды. — Гэта няправільнае пытаньне, — сказаў я. — Яно не закранае ядра праблемы. — Як жа тады гучыць правільнае? — спытаў ён зь лёгкай крыўдай. Спрачацца зь ім не было сэнсу. — Правільнае? Ну, напрыклад, якую палітычную пазыцыю займае міністар адукацыі? — сказаў я. — Можа, не зусім правільнае, але безумоўна дакладнейшае. Напружаньне спала. Аднак тая натуральная, цярплівая непасрэднасьць, зь якой русавалоска за столікам насупраць дастала для нямецкага суразмоўцы свае грудзі з дэкальтэ, мяне зноў жахнула. Нейкі час мы моўчкі пілі. З твару маладога танцора на пляцоўцы не сыходзіла ўсьмешка. — Гаворка ня толькі пра настаўніцтва, — сказаў я праз імгненьне. — Я тут проста зусім чужы. Я ветлівы, добра выхаваны хлопчык. Я нічога не падымаю зь зямлі, таму што гэта кака. Не засоўваю нажа ў рот. Калі жонка, памыўшы посуд, ня выпусьціць з мыйні ваду, мы паўгадзіны спрачаемся, хто ў гэтую халодную тлустую гразь засуне руку. Дзеўчыніны грудзі вярнуліся назад пад сукенку. Немец спаў, паклаўшы галаву на стол. Кельнэр зноў высыпаў у русавалоскі папяльнічку. — Публічны дом таксама кака, — сказаў я. Мая артыкуляцыя ўжо не была бездакорнай (калі я напіваюся, у мяне бываюць праблемы зь міжвольным устаўляньнем пратэтычнага г). — Я, відаць, той нясьмелы марак, які заўжды адстаіць у чарзе, а потым ня йдзе, — разважаў я ўголас. — Усё ў парадку |