A R C H E П а ч а т а к № 5 (34) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


5-2004
" да Зьместу "

 



палеміка • аналітыка • крытыка • эсэістыка • літаратура • рэцэнзіі

 


літаратура

  ЮРЫ ПАЦЮПА

Вокладка ARCHE 5-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Юры Пацюпа
Страла Зэнона*
Рытмалягічны трактат


          Въ чтеніи стихъ изъ конечной прямой или отрѣзка обращается въ стрѣлу: стрѣла за стрѣлой пролетаетъ стихотвореніе.

          Божидаръ

          І ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна зь сябе самое, каб, зрэшты, зрабіцца палётам.

          Алесь Разанаў

          Πας ρυθμος ωρισμένη μετρειται κινήσει

          Αριστοτελες **

Верш розьніцца ад прозы тым, што мае ў сабе нейкі дадатковы імпульс. Радок вершу нагадвае пушчаную стралу, часткі стралы адпавядаюць адзінкам радка. Нездарма Алесь Разанаў адзін з сваіх зборнікаў назваў «Вастрыё стралы». Бо нават сэнс вершу такі самы няўлоўны, як тое вастрыё, дзе зьмяшчаецца ня менш як паўтузіна думак. А Аляксандар Пушкін у мініятуры «Празаік і паэт» дасьціпна апісаў вершаваньне:

      Чаго празаік там бядуе?
      Давай мне думку хоць якую:
      Яе узброю я асном,
      Аздоблю рымаю-пяром
      І, лук узяўшы, наастачу,
      Яе ў сутужыну ўкладу,
      А там пашлю ужо наўдачу
      І незычліўцу на бяду.

Як выразіць гэты рух у ясных і вабных панятках? Некалі Зэнон Элейскі, каб паказаць складанасьці ўсякага руху, прыдумаў чатыры апорыі, ведамыя сёньня як Дзяльба, Ахілес, Страла, Бегі. У Арыстотэля, празь якога яны захаваліся, гэтых вобразных найменьняў апорыяў няма і Страла, як найпрасьцейшая з усіх, успамінаецца першаю. Таму я дазволю сабе памяняць іх парадак ды задзіночыць вобразнасьць. Уявім сабе стралу, што можа ляцець бясконца, і пакажам апорыі яе лёту:

1. Страла. Пушчаная страла стаіць, бо час яе лёту складаецца з процьмы нерухомых «тут», якія яна займае.

2. Страла і дрэва. Ніякая страла не даляціць да дрэва, бо перш мусіць праляцець паўдарогі, потым чвэрць дарогі і г. д.

3. Страла і птушка. Порсткая страла не дагоніць павольнае птушкі, бо перш мусіць даляцець туды, дзе ўжо была птушка, а тая тым часам яшчэ трохі праплыве, і г. д.

4. Страла, птушка і дрэва. Сустрэчныя страла і птушка, летучы паўз дрэва, таўшчынёю роўнае іх даўжыні, адна паўз адну праляцяць за час удвая меншы, чым час, за які яны праляцяць паўз дрэва.

Ня будзем тут успамінаць тых аспрэчаньняў ды зьясьненьняў апорыяў, якія паўсталі ад часоў Зэнона, а проста паспрабуем трымаць парадоксы ў памяці як архетыпы, да якіх нам давядзецца вяртацца ня раз. Першая апорыя паказвае рытмічнасьць усякага руху як праяву лінейнае сымэтрыі. Другая даводзіць, што лінейны рытм, узяты як завершаны адцінак, можа дзяліцца напалам да апошняга кванту. У трэцяй падзел ускладняецца рухомым пунктам адліку і набывае ўласьцівасьці асымэтрыі. І ў чацьвёртай, урэшце, узьнікаюць рухомы і нерухомы пункты адліку, якія гранічна ўскладняюць асымэтрыю.

Калі эліны глядзелі на пушчаную стралу, дык зусім не сумняваліся ў яе лёце. У тэорыі ж страла нават зь месца не магла зрушыцца. Радкі вершу гэтаксама «ляцяць» у гучаньні. І на старонках кнігі яны не спыняюць нутранога хвалевага руху, нібы ланцуг, які мы паднялі ўгору і рэзка пацягнулі на сябе. Але цяпер нашае заданьне ня ў тым, як спыніць «стралу», а ў тым, як перадаць яе хвалевы рух.

1. Прапэдэўтыка асноўных паняткаў. Рыторыка вучыць: перш чым сьцьвярджаць нешта новае, нязвыклае, г. зн. патас (ці, па-беларуску, рымасьць), трэба як сьлед успомніць даўно ведамае, звыклае, г. зн. этас (ці, па-беларуску, звыкласьць). Досыць разгарнуць першы, які трапіцца пад рукі, паэтычны «лемантар», каб даведацца, дзей у беларускай (а таксама ўкраінскай і расейскай) літаратуры ў розныя часы паўставалі тры сыстэмы вершаваньня: сылябічная, сыляба-танічная і танічная.

Сылябічная, ці складалічыльная сыстэма засноўваецца на аднолькавай колькасьці складоў у радку, незалежна ад колькасьці націскаў. Тарнавалася яна ў кніжнай старабеларускай паэзіі. Танічная, наадварот, улічвае толькі колькасьць радковых націскаў без увагі на астатнія склады. З даўных часоў тоніка панавала пераважна ў фальклёры. У XX ст. пачала шырока ўжывацца ў літаратуры. Сыляба-танічная сыстэма парадкуе і яднае патрабаваньні дзьвюх першых. Таму галоўнае ў ёй – раўнамернасьць чаргаваньня націсьненых ды ненацісьненых складоў. Захоўваецца, часьцей за ўсё, і даўжыня радка. Адзінкаю вымярэньня гэтага ідэальнага рытму служыць ступа.

Рызыкну, аднак, заявіць, што насамрэч усё значна складаней. Падзел г. зв. «канвэнцыйнага» вершу на тры сыстэмы праводзіцца вылучна на падставе «сыляба-танічнага» мысьленьня і слушны з гледзішча толькі гэтага мысьленьня. Можна нават сказаць, што мы нічога, апрача сыляба-тонікі, ня ведаем і рэшту тэкстаў ацэньваем ды аналізуем выходзячы з ідэалаў сыляба-танічнае дактрыны. Пацьверджаньнем таму служаць і працы тэарэтыкаў вершаваньня, і практыка нашых сучасных паэтаў. Сыляба-танічны верш – адзіны, які рэальна існуе, дамінуючы над астатнімі. Уласьцівыя для яго ступовыя структуры можна прасачыць нават у модных ды разбуялых, як пустазельле, вэрлібрах. А ў масавай «дылетанцкай» сьведамасьці адзінаю паэтычнаю моваю, якая на слых успрымаецца як «складныя», дасканалыя вершы, ёсьць толькі сыляба-тоніка. Таму, апрача яе, ні пра які іншы вершазнаўчы этас няма сэнсу гаварыць.

Такім парадкам, сучасная паэтыка практыкуе пяць асноўных ступ – дзьве двухскладовыя і тры трохскладовыя, якія маюць адумысную пасьлядоўнасьць чаргаваньня складоў, націсьненых (пазначаныя тоўстымі літарамі) і ненацісьненых (пазначаныя звычайнымі літарамі):

1) харэй: оо;

2) ямб: оо;

3) дактыль: ооо;

4) амфібрах: ооо;

5) анапэст: ооо.

У тэкстах гэта можна паказаць на прыкладзе найбольш пашыраных памераў: чатырохступовых двухскладовых і трохступовых трохскладовых.

Чатырохступовы харэй:

Дружа! | Кінь на | неба | вока –
Колькі | зорак,| колькі | зор!
Як пры|вольна,| як да|лёка
Зьзяе,| сьвеці|цца пра|стор!
Якуб Колас

Чатырохступовы ямб:

Блішчыць | у не|бе зор | пасеў;
У по|лі – рунь | і ў не|бе – рунь.
Да рэ|чкі ле|цячы,| ўзьляцеў
Між і|мі ма|рай бе|лы лунь.
Максім Багдановіч

Трохступовы дактыль:

Срэбная | зорка блі|снула
Ціха над | соннай зя|млёй,
Сэрца сва|бодна ўзды|хнула –
Чуе вя|чорны спа|кой...
Хведар Чарнышэвіч

Трохступовы амфібрах:

Так ціха...| так чыста...| так бела...
І ўсюды | вялікі | спакой...
Зямля бы | зусім а|бамлела,
Ня цешы|цца яснай | зарой...
Зоська Верас

Трохступовы анапэст:

Закаці|лася со|нца чырво|нае,
І далі|на сьпяшыць | пацямнець...
Узышлі | ў небе зор|кі чаро|ўныя,
Сталі ве|села, я|сна гарэць...
Алесь Гурло

Нават гэтыя, адумысна падабраныя прыклады не пазбытыя супярэчнасьцяў, якім жадная паэтыка пакуль што не дае рады. Першае: ступовы падзел не супадае з слоўным, значыць, ступа як «адзінка вымярэньня рытму» праціўляецца «асноўнай адзінцы маўленьня» слову. Другое: з тэкстаў відаць, што не заўсёды слоўны націск супадае зь месцам ікту (рытмавага націску). Паводле падлікаў В. Рагойшы, сярэдняя даўжыня беларускага слова – 3,27 складу. Таму асабліва цяжка запоўніць рытмарады двухскладовых памераў. У нашых прыкладах рытмавыя лякуны (пазначаныя курсівам) назіраюцца ў чацьвёртым радку харэю і трэцім радку ямбу. Пры ўжываньні аднаскладовых слоў могуць таксама ўзьнікаць «лішнія», пазасхемавыя націскі. Для абазначэньня падобных зьяў ад часоў В. Трэдзіякоўскага тарнуецца такі дарэшты застарэлы сёньня панятак, як дапаможныя ступы:

1) пірых: оо;

2) спандэй: оо.

Ідэя дапаможных ступ на пачатак XX ст. вылілася ў тэорыю гіпастаз (падстановак), дзе практычна кожная ступа магла быць замененая іншаю з багатага антычнага набору (гл. ніжэй), а памер вершу ў цэлым вызначаўся нібыта паводле асноўнае ступы. Заразом тэорыя не адказвала, на падставе чаго адбываецца замена і якую колькасьць іншародных ступ здольны зьмясьціць верш, чым у такім разе верш розьніцца ад прозы. Атрымаўшы ў В. Брусава свой закончаны выгляд, тэорыя адразу ж заняпала. Крыху пазьней і паралельна ёй стала разьвівацца тэорыя леймаў – паўзаў, прызначаная найперш для апісаньня неступовых, «танічных» вершаў. Калі ў першай тлумачэньне вершу нічым ня розьнілася ад тлумачэньня прозы, дык у другой за кошт нагрувашчваньня леймаў нават прозу можна было апісаць як верш.

Пазьней вершазнаўцы адмовіліся ад абедзьвюх тэорыяў, а для прапушчаных іктаў сталі ўжываць такі панятак, як моцныя месцы, і... весьці статыстычныя падлікі, ізноў жа, мала задумваючыся, што і навошта яны лічаць. Насамрэч ніякіх іншаякасных ступ у радку, калі ён слушны, няма і быць ня можа. Вельмі часта адхіленьні ад рытмавае схемы, нават некалькі ўзапар, згладжваюцца магутнаю рытмаваю інэрцыяй вершу. З гэтае нагоды інэрцыйнае ўжываньне націсьненага складу як ненацісьненага найлепей пазначаць тэрмінам сыстала, а ненацісьненага як націсьненага – дыястала. Бо «спандэй» і «пірых» ня ўлічваюць інэрцыі і пасуюць толькі для двухскладовых памераў. У трохскладовых дадатковая ступа «трыбрах» даўно ўжо не практыкуецца. Дарэчы, інэрцыя неадменна дзеіць менавіта ў трохскладовых памерах, дзе адхіленьні і без таго рэдкія.

Варта зацеміць, што многія вершазнаўцы спакваля пачалі адмаўляцца ад умоўнага панятку «ступа». Л. Цімафееў наагул прыйшоў да высновы, дзей за аснову вершу варта браць радок. Для спраўджаньня гэтае ўмоўнасьці ўчынім маленькі досьлед і ў якасьці «жывых» ступ возьмем словы з адпаведным парадкам націскаў: горад (харэй); гарод (ямб); холадна (дактыль); халодна (амфібрах); халадно (анапэст). Як вучыць тэорыя гіпастазаў, злучым гэтыя «ступы» ў «радкі»: 1) горад-гарод; 2) холадна-халодна-халадно. Як бачым, «двухскладовыя» ступы раптам сталі «трохскладовым» «дактылем», а «трохскладовыя» – наагул «чатырохскладовым» «пэонам» (гл. ніжэй), які можна праскандаваць як «харэй»: холадна-халодна-халадно. Ясна, што ў гэтай «лёгіцы» нешта ня так, але дзе тут «сафізм», думаю, варта разьбірацца спакваля.

У антычнасьці, адкуль паходзіць бальшыня вершазнаўчых тэрмінаў і ўяўленьняў, панавала мэтрычная сыстэма вершаваньня і ўжывалі яшчэ шэраг ступ, якія варта ведаць, – трыбрах: ооо; амфімакр (крэцік): ооо; бакх: ооо; антыбакх: ооо; трымакр (молас): ооо; дыпірых: оооо; антыспаст (ямбахарэй): оооо; харыямб: оооо; пэон першы: оооо; пэон другі: оооо; пэон трэці: оооо; пэон чацьвёрты: оооо; эпітрыт першы: оооо; эпітрыт другі: оооо; эпітрыт трэці: оооо; эпітрыт чацьвёрты: оооо; ёнік горны: оооо; ёнік дольны: оооо.

Чаргаваліся тут ня моцныя і слабыя склады, як у сучаснай беларускай мове, а доўгія і кароткія. Таму антычная мэтрыка ў традыцыйнай паэтыцы яшчэ называецца квантытацыйнай (колькасьцевай) супраць квалітацыйнае (якасьцевае), уласьцівае бальшыні сучасных эўрапейскіх моў. Адзінкаю вымярэньня ў ёй служыла мора: доўгія склады замыкалі ў сабе дзьве моры, а кароткія – адну. Адпаведна, ступы былі ад дзьвюх- да васьміморавых. Калі-нікалі адзін доўгі склад маглі заступаць два кароткія. Сёньня антычная тэрміналёгія захоўваецца – як даніна традыцыі. Многае, што было ў антычнасьці падставовым, у славянскіх мовах мусіць зысьці на маргінэз, і наадварот, дапаможныя антычныя ступы могуць спатрэбіцца як асноўныя.

Вельмі часта навукаю ступ абмяжоўваюцца тэарэтычныя веды цяперашніх паэтаў. У пару клясыцызму ад песьняра патрабавалі большага – уменьня зьвязваць радкі ў строфы. Уся левая частка радка ад «вастрыя», анакрузы, да канстанты, апошняга апорнага націску, становіць сабою «сьпічак стралы» – менавіта яна вызначае якасьць рытму. Але неабыякавая да гучаньня вершу і замыкальная, параўнальна малая група складоў пасьля апорнага націску, «апераньне стралы», якую называюць кляўзулай. Кляўзулы бываюць мужчынскія – націск на першым складзе ад канца; жаночыя – на другім; дактылёвыя – на трэцім і гіпэрдактылёвыя – на чацьвёртым. У А. Кантэміра, дарэчы, кляўзулы мелі адпаведныя найменьні: тупыя, простыя, сьлізкія і, дапоўнім ад сябе гэты куды ўдалейшы шэраг, – засьлізкія.

Хоць традыцыйныя найменьні кляўзулаў вынікаюць з мэтрыкі, аднак сучасныя вершазнаўцы даўно зразумелі, як, прыкладам, М. Трубяцкой, што «той ці іншы кшталт канчара ня зьвязаны з тым ці іншым кшталтам ступовае будовы вершу». Характар кляўзулы не вызначае, а толькі «інструмэнтуе» рытм. Менавіта ў гэтай «інструмэнтоўлі» і палягае ўведзенае клясыцыстамі правіла альтэрнансу – чаргаваньня кляўзул рознае якасьці, часьцей за ўсё простых і тупых. Надалей, каб унікнуць супярэчнасьцяў з айчыннаю сылябічнаю традыцыяй, дзе істотна дамінавала простая кляўзула, яе мы і будзем уважаць за «норму». Адсюль жа – чаргаваньне даўжэйшых кляўзул з карацейшымі (прыкладам, простых з тупымі) назавем лінейным альтэрнансам, карацейшых з даўжэйшымі – адваротным, а немень чаргаваньня – нулёвым. Як альтэрнанс уплывае на рытміку, пакажам на прыкладзе трохступовых анапэстаў.

Лінейны альтэрнанс:

Падымі угару сваё вока,
І ты будзеш ізноў, як дзіця,
І адыдуць-адлынуць далёка
Ўсе трывогі зямнога жыцьця.
Максім Багдановіч

Адваротны альтэрнанс:

Цішыня... Галасы... Разнабой...
Сьмех і сьлёзы у песьні зьвіліся.
Пралятаюць яны над табой,
Як цяпер, як даўно, як калісьці.
Уладзімер Дубоўка

Нулёвы альтэрнанс:

Я грамнічная сьвечка прад Богам.
Ціхай, ціхай згараю малітвай
За блакітную к небу дарогу,
За ўзрунелыя зелена рытвы.
Уладзімер Жылка

Важную ролю ў паэтыцы клясыцызму адыгрывала таксама цэзура – сталая ўнутрырадковая паўза, якая радкі, даўжэйшыя за 8 (ці 9) складоў, дзеліць як мінімум на два паўрадкі. Цэзураю яшчэ як калі называюць усякі падзел слоў, а рэгулярны падзел – мэдыянаю. Зрэшты, такое пашыранае разуменьне цэзуры ня надта прадукцыйнае, для гэтага ёсьць іншыя паняткі. Супадзеньне граніцы ступы з граніцаю слова ў паэтыцы абазначаюць тэрмінам дыярэза, для несупадзеньня ж, якое нітуе радок, будзем тарнаваць адваротны тэрмін – сынэрэза. Што такое цэзура, пакажам на прыкладзе шасьціступовага ямбу – дарэчы, ім у сыляба-тоніцы зазвычай перадаецца клясычны александрыйскі верш:

Вось псальма сьлічная. // «Як той алень шукае
Крыніцы чыстай, так // шукаю Бога я».
Як вее сьвежасьцю // яе краса жывая!
Як радасна далей // сьпяшыць душа мая!
Максім Багдановіч

Пачатныя паўрадкі першага і трэцяга радкоў тут не зусім тыповыя, яны маюць лякуны на месцы рытмавае канстанты, а апорныя націскі нібы «адсоўваюцца» ўлева. У другім радку цэзуравы распадзел не супадае з распадзелам сынтаксычным. І толькі чацьвёрты радок, у цэлым добры. Лічыцца, што калі б не падобныя «адхіленьні», дык цэзураваны сыляба-танічны верш выглядаў бы невыносна манатонным.

Аднак ёсьць нямала ладных вершаў, якім «манатоннасьць» чамусьці зусім ня шкодзіць:

Звоны авадзёна // у паветры носяцца
Над цьвітучай нівай // збожжа-ярыны,
І трава касіцца // ў касавіцы просіцца,
Дзесь над канюшынай // чутны кос званы.
Алесь Гурло

Калі альтэрнанс у сучаснай паэзіі з правіла ператварыўся ў прыём, дык цэзура ўсё больш занепадае. Яе ўспрымаюць як пустую забаўку клясыцыстаў. Нездарма А. Хадановіч, камэнтуючы пераклады з Э. Паўнда, упікнуў калегаў, дзей яны «імкнуцца да вэрлібру, амаль ня ведаючы дакладнай рымы і маючы досыць [цьмянае] ўяўленьне пра цэзуру (беларускія пераклады францускіх «александрын» – яскравае таму сьведчаньне!)». Праўда, прычына гэтага заняпаду не ў непісьменнасьці нашых паэтаў і не ў манатоннасьці цэзураванага вершу. Ляжыць яна значна глыбей.

Аналітычны апарат, што дастаўся нам у спадчыну ад антычнасьці і клясыцызму, можна параўнаць з базавымі катэгорыямі фармальнае лёгікі. Згодна з прынцыпам брытвы Окама пяць гэтак званых вершавых памераў, а таксама дадатковыя ступы, становяць сабою мінімум вычарпальных схемаў, якія можна накласьці амаль што на ўсе імаверныя адменьнікі ідэальнага рытму, каркас якога здаўна называюць мэтрам. Адступы ад ідэальнага рытму апісваюцца пры дапамозе шэрагу дадатковых тэрмінаў. Рэшта ступ, нават калі яны мажлівыя ў нашай мове, як, прыкладам, пэоны, лічацца лішнімі існасьцямі. Яны падлягалі адсячэньню брытваю Окама, бо апісваць вершы ў абсягах традыцыйнае тэорыі значна эканомней бяз гэтых тэрмінаў.

Аднак яшчэ ў XIX ст. А. Кубараў прапанаваў увесьці замест дзьвюхскладовых чатырохскладовыя ступы. Ён прыйшоў да высновы, што ямбы і харэі не пасуюць расейскай мове, іх абы час прыходзіцца дапаўняць пірыхамі ці, зрэдку, спандэямі. За савецкім часам А. Квяткоўскі распрацаваў адмысловую тактамэтравую сыстэму, паводле якое ў рытмавым працэсе вылучаецца малая мера – кроць (па-расейску крата) – і вялікая мера – тактамэтравы пэрыяд. У абсягах тактамэтравага пэрыяду існуюць чатыры клясы мнагадольнікаў.

Трохдольнікі:

1) Ооо;
2) оОо;
3) ооО.
Чатырохдольнікі:

1) Оооо;
2) оОоо;
3) ооОо;
4) оооО.
Пяцідольнікі:

1) ОооОо;
2) оОооО;
3) ОоОоо;
4) оОоОо;
5) ооОоО.
Шасьцідольнікі:

1) ОоооОо;
2) оОоооО;
3) ОоОооо;
4) оОоОоо;
5) ооОоОо;
6) оооОоО.
Новая сыстэма складанейшая за старую, але дакладней апісвае саму дынаміку рытмавага працэсу. Трохдольнікі адпавядаюць у ёй трохскладовым памерам, чатырохдольнікі і шасьцідольнікі – збольшага двухскладовым. Крыху складанейшую групу становяць пяцідольнікі. Праўда, пэўныя сьцьвярджэньні сыстэмы выклікаюць моцны сумнеў. Асабліва – падзел рытмаў на поўнаскладовыя і леймаваныя (паўзавыя), дзе ўсе леймы строга абмежаваныя паводле цягласьці вымаўленьня. А шэраг звычайных сыляба-танічных вершаў у ёй наагул нязручна апісваць.

Абедзьве сыстэмы – і старая, і новая – маюць чыста канвэнцыйную прыроду. Таму вінавачаньне альтэрнатыўных тэорыяў вершу з боку традыцыяналістаў у «ненавуковасьці» і «бездаводнасьці», як гэта робіць У. Халшэўнікаў у дачыненьні да А. Квяткоўскага, несправядлівае. «Музычная» тактамэтрыя – такая самая канвэнцыя, як і традыцыйная мэтрыка. Вартасьць іх мусіць вымярацца не даводнасьцю, а зручнасьцю ў практычным карыстаньні. Спасылкі на даньні экспэрымэнтальнае фанэтыкі ня могуць нічога ні давесьці, ні аспрэчыць. Л. Шчэрба адумысна падкрэсьліваў, што спакмянём фанэтыкі ёсьць не фізычныя і не фізіялягічныя аб’екты, а гукавыя ўяўленьні, г. зн. аб’екты псыхалягічныя, «суб’ектыўныя». Тым больш гэта мусіць датычыць такіх складаных гукавых «арганізмаў», як вершы.

Наіўна думаць, быццам усе памянёныя ступы іманэнтна ўласьцівыя вершаваным тэкстам. Іх, як і законы фармальнае лёгікі, мы прытарноўваем да жывога маўленьня звонку. Ведама, няма нічога дзіўнага, калі асобныя сказы ў маўленьні маюць форму лягічных выракаў. Гэтаксама няма нічога дзіўнага, калі асобныя вершы запраўды адпавядаюць схемам ідэальнага, ступовага рытму. На жаль, панавальная школа расейскага статыстычнага вершазнаўства, ад фармалістаў да структуралістаў, у цені якое прыжылася і беларуская навука, запраўды ігнаруе (ня так сьведама, як з прычыны свае мэтадалёгіі) каўзальна-генэтычныя падыходы да прыроды вершу. Асобныя адкрыцьці ў гэтым кірунку трэба шукаць у такіх буйных «маргіналаў», як Л. Цімафееў ды А. Квяткоўскі, што захавалі «арганічнасьць» паглядаў. Цікава зазначыць, што статысты, больш за ўсё прэтэндуючы на навуковасьць, – здавольваюцца архаічнаю тэрміналягічнаю базай часоў М. Ламаносава.

А горш за ўсё тое, што мэханістычная статыстыка ня можа выяўляць працэсаў каўзацыі, а менавіта – паходжаньня рытмавых структур ды іх арганічнага сынтэзу ў рамах вершу і паэзіі ў цэлым. А калі штучна паядноўваюцца рознапрыродныя зьявы, тады «найнавуковейшыя» апісаньні трацяць жадны практычны сэнс. Вывучэньне сучаснага вершу немажлівае без уліку яго станаўленьня і, у прыватнасьці, такога важнага пэрыяду ў гісторыі беларускае паэзіі, калі панавала г. зв. «сылябічная сыстэма». Мушу зацеміць, зьвяртаючыся да вытокаў вершу, я ня стаўлю сабе за мэту даць гісторыю беларускага вершаваньня, а толькі паспрабую, наколькі гэта можна, паказаць, што тэорыя вершу неадлучная ад яго эвалюцыі.

2. Рэфлексія дэклямацыйная. У сучасным разуменьні сылябікі вылучаюцца дзьве скрані. Пакажам іх на прыкладзе папулярных дэфініцыяў з навучальнае літаратуры.

І. Гутараў (1967): «Сылябічнае вершаваньне засноўваецца на чаргаваньні радкоў з аднолькавай колькасьцю складоў... Націскі ў такіх вершах разьмяркоўваюцца свабодна».

М. Гарэцкі (1924): «Сылябічнае вершаваньне... грунтуецца на роўным ліку складоў у радку, прычым у нашай мове і словы ў гэтым радку павінны быць такія, што націскі ў іх створаць пэўны рытм».

Дэфініцыя І. Гутарава вельмі просталінейна выражае расейскае разуменьне, выкліканае шматстагодзьдзевым маўчаньнем сылябічнае традыцыі, якое, аднак, прэтэндуе на пазнаньне даўніны. М. Гарэцкі, наадварот, перадае практычнае гледзішча беларускіх паэтаў, што яшчэ ня мелі патрэбы гадаць пра даўніну. Пры ўсіх сваіх плюсах яно небясьпечнае мадэрнізацыяй праблемы.

Спрэчным, як бачым, ёсьць толькі адзін момант: ці націскі ў вершы «разьмяркоўваюцца свабодна», ці «ствараюць пэўны рытм»? А дакладней, што ў сылябічным вершы пераважае – ізасылябізм (уразнастаены гетэрасылябізмам) ці канстантавы рытм? Аднак гэтага пытаньня нельга разьвязаць без уліку такіх важных рытмаўтваральных сродкаў, як цэзура і кляўзула. Слоўнік В. Рагойшы што да сылябікі ўспамінае іх неяк мімаходзь, зусім не паказваючы, як «працуюць» гэтыя адзінкі, як яны ўплываюць на зьяўленьне рытмавае канстанты. А цэзура ў сылябічным вершы ня менш, калі ня больш, важны сродак рытмаўтварэньня, чым роўнаскладовасьць. І загадка сылябікі палягае ў цэзуры, а загадка ўсяго вершаваньня, сваім парадкам, замыкаецца ў сылябіцы.

Паасобныя тэарэтыкі, такія, як Халшэўнікаў, спрабавалі зьвесьці ролю рытмавае канстанты, а зь ёю міжволі і цэзуры ледзь не да нуля, упор робячы толькі на роўнаскладовасьць. Іх тэарэтызаваньне стварала замкнёныя віртуальныя сусьветы, ня маючы нічога супольнага ні з колішняю, ні зь цяперашняю вершавальнаю практыкаю. Новы крок да зразуменьня прыроды сылябічнага вершу зрабіў беларускі літаратуразнаўца А. Яскевіч. Сылябічныя вершы, паводле А. Яскевіча, чытаюцца рэчытатывам ня ў складалічыльным, а ў такталічыльным рытме, дзе кожнае слова, апрача службовых, стаіць пад моцным націскам. На жаль, у сваіх высновах аўтар ня рушыў далей. Ці не таму, што адмовіўся прызнаць першаснасьць радковага рытму, беручы ў якасьці падставовых рытмы складалічыльны і такталічыльны (што, дарэчы, далёка ня тое самае). Іншымі словамі – узяў рацыю А. Квяткоўскага, але не прыняў Л. Цімафеева.

Падсумоўваючы шматгадовую спрэчку аб сылябіцы, можна вылучыць наступныя пазыцыі: Г. Шэнгелі, В. Жырмунскі, М. Гарэцкі, А. Квяткоўскі, Л. Цімафееў, П. Беркаў і А. Яскевіч прызнаюць у сылябічным вершы танічны прынцып; Б. Тамашэўскі, І. Яромін, У. Халшэўнікаў, А. Панчанка, І. Гутараў і В. Рагойша адмаўляюць яго. У прыватнасьці, паводле Б. Тамашэўскага ўсе склады ў сылябічным вершы прамаўляюцца як ненацісьненыя, паводле І. Яроміна – усе склады прамаўляюцца як націсьненыя, П. Беркаў за апорныя акцэнты бярэ рытмавую канстанту кляўзулы і цэзуры, А. Яскевіч пашырае націскі на ўсе значальныя словы. І ўсё ж ніводнае з гэтых правілаў ня можа разгадаць дэкляраваны М. Гарэцкім парадак націскаў ды завесьці «матор» сылябічнага вершу.

Калі б гэтак званы беларускі «сылябічны» верш грунтаваўся толькі на роўнаскладовасьці, ці, дакладней, складалічэньні, то ён наагул ня змог бы існаваць, бо супярэчыў бы жывому маўленьню, дзе націскі адыгрываюць далёка не апошнюю ролю. Прыкладна так вершазнаўцы і разважалі, мала задумваючыся, чаму ж гэты верш трываў ладны час. У разважаньнях утваралася зачараванае кола: верш быў складалічыльны і таму заняпаў; верш заняпаў, бо быў складалічыльны. Ні ў той, ні ў другой палове зьмеркаваньня няма праўды. Надта ўжо зацягнуўся гэты заняпад, заняўшы чатыры стагодзьдзі паміж Францішкамі – Скарынам і Багушэвічам. А ў творчасьці Янкі Купалы ён пераможна запачаткаваў пятае стагодзьдзе.

На жаль, сучаснае літаратуразнаўства (у тым ліку слаўнае сваёю «дакладнасьцю» вершазнаўства) разьвіваецца ў глыбокім вакуўме – з прычыны нейкае фатальнае няздатнасьці скарыстоўваць даньні лінгвістыкі дзеля ўласных мэтаў. Тым часам мовазнаўства даўно падтачыла падваліны традыцыйна-банальных уяўленьняў пра верш. Прыкладам, такі славуты паліглёт і тэарэтык мовы, як Я. Паліванаў, пісаў: «Чысты выпадак сылябічнага вершаваньня... – без дамешку акцэнтуацыйнага моманту – мы мала ў якіх мовах знойдзем: у прыватнасьці, у японскай і рукюскай, а таксама, зь іншага боку, і ў народнай паэзіі эрзя-мардоўскага дыялекту». Я. Паліванаў не праводзіў рэзкае граніцы паміж «сылябічным» вершаваньнем палякаў ды французаў з аднаго боку і «сыляба-танічным» расейцаў ды немцаў зь іншага, адпаведна тарнуючы да іх куды карэктнейшыя тэрміны: сылябічна-танічнае і танічна-сылябічнае.

Каштоўныя для паэтыкі і пакуль што малаўсьведамленыя вынікі даюць дасьледаваньні сучаснае беларускае лінгвісткі Т. Паплаўскай:

Практычная немень у беларускай мове рэдукцыі ў агульнапрынятым разуменьні слова сягае складалічыльнае базавае рытмавае структуры беларускае мовы, тым часам як дынаміка бязнаціскавага вакалізму ў расейскай мове лучыцца з выражаным такталічыльным рытмам. Адначасна беларуская рытміка адпавядае рытміцы літоўскае мовы, мы можам, зважаючы на даведзенасьць усходнебалтыйскага субстрату для асноўнага арэалу беларускае мовы, разглядаць тую як яе спадкі. Варта зважаць і на такі факт, што літоўская мова належыць да чыста тонавых, якою была і праславянская. Сярод сучасных славянскіх моў тонавыя характарыстыкі захавалі сэрбска-харвацкая і славенская. Рэшта ў той ці іншай меры іх страціла. Беларуская мова, аднак, страціўшы тонавыя характарыстыкі, захавала зьвязаную зь імі рытмавую структуру, да чаго мог у пэўнай ступені спрычыніцца другасны балцкі субстрат, замацаваўшы даўную рытмавую тэндэнцыю.

Гэта вельмі істотнае, а ў пэўнай ступені – нават збытнае сьведчаньне. Яно наводзіць на разважаньні і штурхае да далейшага вывучэньня пытаньня, чаму ў беларускай паэзіі «сылябічны» (сылябічна-танічны) верш прыжыўся лепш, чым у расейскай. Якія фактары – культурныя ці празадыйныя – адыгралі тут галоўную ролю? Цікава зазначыць, што расейскія знаўцы паэзіі і раней, нават ня маючы ўзораў з практыкі, зрэдку выказваліся на карысьць сылябікі. Адно што іх ніхто ня слухаўся. Прыкладам, В. Брусаў пісаў:

Сьцьвярджэньне некаторых даўнейшых падручнікаў, быццам сылябічная сыстэма тарнуецца ў мовах, дзе націск займае той самы склад ў усіх словах (напрыклад, апошні, перадапошні і да т. п.), – ані няслушнае і аспрэчваецца прыкладам хоць бы італійскае мовы, дзе ў жывым маўленьні націскі падаюць на ўсенькія склады (ад апошняга да чацьвёртага і пятага з канца і нават далей).

Каб разьвязаць пастаўленую праблему вершаваньня, спашлюся на ўласны досьвед. У час лекцыяў з гісторыі беларускае культуры мне ня раз даводзілася цытаваць творы нашых даўнейшых паэтаў. Бо як без жывых ілюстрацыяў расказаць, што такое панэгірычныя вершы Андрэя Рымшы, што такое зьвярыныя гратэскі Дамініка Рудніцкага? Як паказаць, што ўжо тады беларуская мова мала чым розьнілася ад сучаснае? Я і сам не заўважыў, калі і якім спосабам у мяне вырабілася рытмічная манера чытаньня старабеларускіх паэтаў. Іх вершы аказаліся зусім не грувасткімі, як мне здавалася раней і як да гэтае пары цьвердзяць нашыя літаратуразнаўцы. Проста трэба засвоіць існасьць падставовых паняткаў – двух старых, цэзуры ды канстанты, і аднаго новага, пульсанты, – на якіх палягае беларускі «сылябічны» верш. Месца цэзуры падлягае строгаму разьліку, але на практыцы мы знаходзім яе свабодна і лёгка. Чаму?

Без інтуіцыі цэзуры радок на дзесяць і болей складоў наагул ня змог бы паўнаварта функцыяваць. Сэнс цэзуры зводзіцца да таго, каб падкрэсьліць рытмавую канстанту, моцны акцэнт на месцы цэзуры і на кляўзуле. Канстанта часьцей за ўсё прыпадае на другі ад канца склад, радзей – на першы ці трэці. Другі склад тут замацаваўся пад уплывам польскае мовы, дзе месца націску, апрача аднаскладовых слоў, заўжды другое ад канца. Практычна законам цэзуры ды рытмавае канстанты прыхільнікі «націскавай» тэорыі і абмяжоўваюць правілы чытаньня сылябічных вершаў. Але калі мы пачнем улічваць і цэзуру, і канстанту – верш усё роўна прагучыць як проза. Крыху бліжэй да фактычнае праўды патрабаваньне А. Яскевіча вылучаць кожнае значальнае слова. Зрэшты, на практыцы гэта яшчэ больш заблытвае, бо нямала значальных слоў, якія акцэнтаваць зусім без патрэбы, а на некаторыя, наадварот, прыпадае па два рытмавыя націскі.

Дзеля рытмічнасьці ў кожным паўрадку мусіць зьявіцца пульсанта, яшчэ адзін моцны націск, фармальна ніяк не пазначаны. Шуканьне пульсанты яшчэ ў большай ступені грунтуецца на інтуіцыі. Ад рытмавае канстанты яна не павінна стаяць ні надта блізка, ні надта далёка. Гэтае месца ў істотна абмежаваным дыяпазоне ўвесь час мяняецца. Часьцей за ўсё рытмавы націск падае на значальнае слова і, у ідэале, імкнецца супасьці з націскам лягічным. Месца лягічнага націску, сваім парадкам, залежыць ад разуменьня вершу. А гэта яшчэ ў большай ступені прымушае віхтацца дадатковы акцэнт. Пэўнымі парамэтрамі пульсанта збліжаецца з тою адзінкаю, якую Г. Шэнгелі называў інтэнса, пры той розьніцы, што інтэнсаю лічылася і канстанта, і ўсякі іншы значальны акцэнт. Такім парадкам, калі канстанта і цэзура палягаюць на інтуіцыі формы, найперш даўжыні радка, дык пульсанта ўлічвае зьмест і паглыбляе форму. Да вонкавага радковага рытму дадаецца нутраны рытм – правобраз мэтрычнага.

Увага наконт лягічнага націску асабліва істотная, бо пацьвярджае ідэю, да якой пакутліва, але няўхільна мусіла прыйсьці сучаснае вершазнаўства: складоваю адзінкаю радка ёсьць не ступа і ня склад, а цэлае значальнае слова. Пульсанта адмаўляе ступы і паказвае, што рытмічнае чытаньне вершаў грунтуецца на іх разуменьні. Рытм – ня нешта вонкавае, паралельнае сэнсу, ён сам зьяўнік гэтага сэнсу. Узьнікненьне рытму як нутраное меры тэксту – зьява ня менш рэвалюцыйная, чым адкрыцьцё кола ці агню. Пры пераходзе ад «першабытнага вэрлібру» як формы высокаарганізаванае рыторыкі да канвэнцыйнага вершу «крытычнаю масаю» служылі і даўжыня радка, і рытмавая канстанта. З таго моманту, слушна зазначае А. Яскевіч, «колькасьць апорных, структурна значальных рытмавых ярусаў у сылябіцы нашмат узрастае».

Паспрабуем паказаць правілы чытаньня сылябічных вершаў на прыкладзе Сімяона Полацкага. Заразом трэба мець на ўвазе, што рытмічнае акцэнтаваньне апорных слоў мусіць быць мацнейшым за вылучэньне ступ пры мэтрычным чытаньні:

Красная весна // ныне нам сияет,
и день пресветлый // вселенней блистает.
Аще вся снегом // зрятся покровенна,
и лютым хладом, // аки умерщвленна:
обаче весна: // се бо цвет там полный,
прозябе Христос, // сый же крин юдолный.
Белший от снега // плоти чистотою,
краснейший солнца // души добротою.
Он же есть шипок, // чермно обагренный
кровию, с земли // чистыя рожденный.

Рытмавую канстанту мы захавалі нават там, дзе яна супярэчыла беларускай акцэнтуацыі. А калі паасобныя словы чытаць бяз «польскіх» націскаў – весна, Христос, шипок, земли, – тады рытмавая будова вершу істотна зьменіцца, але ў цэлым не разбурыцца. Жаданьне зьмяніць канстанту ўзмацняецца тым, што калі моцныя апорныя акцэнты «зрушыць» у бок беларускасьці, дык празь іх выразна «прасьвечвае» шасьціступовы цэзураваны харэй:

Красная весна // ныне нам сияет...

Адначасна пры рытмічным чытаньні здаецца натуральным перамясьціць апорныя націскі ў паасобных радкох на тыя склады, што пазначаныя курсівам. Калі б усе пульсанты там, дзе ёсьць гэткае разыходжаньне, занялі «курсіўныя» месцы, дык мы замест пульсанты фактычна атрымалі б другую канстанту, а ў канчальным выніку – канстантавы рытм. Але ня будзем прысьпешваць падзей, да гэтага нам яшчэ давядзецца вярнуцца.

А пакуль што зазначу, што мы зробім неабачлівую абмылу, пасьпяшаўшыся заявіць, наўсьлед за А. Яскевічам, быццам «рэчытатыўны» рытм уласьцівы толькі «сылябічным» вершам. Падобны рытм назіраецца і ў г. зв. сыляба-тоніцы. У якасьці прыкладу разгледзім колькі строфаў зь вершу А. Пашкевічанкі «Мора», які традыцыйна ўважаецца за чатырохступовы харэй:

Не такое цяпер мора,
Не такі у хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.

Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,
Мора хоча горы змыць.

Мора злуе, крэпнуць хвалі,
Зь дзікім шумам бераг рвуць;
Гром грыміць у сіняй далі,
З мора брызгі ў неба б’юць.

Месцам хваля стогнам рыкне,
Месцам плач сарвецца з губ,
Месцам бераг болем ікне,
Гром грыміць у тысяч труб.

Пачнем чытаць верш, пасьлядоўна скандуючы ўсе харэевыя ступы – і ўжо ў першай страфе мецімем ці то мэтрычны збой:

Не такое цяпер мора,

ці парушэньне націску:

Не такое цяпер мора...

Абодва выпадкі непажаданыя. Аднак пры звычайным чытаньні таго збою не адчуваецца. Прынамсі, гэта нельга назваць збоем, бо рэальна замест чатырох звыклых харэевых ступ у кожным радку гучаць толькі два моцныя акцэнты:

Не такое цяпер мора,
Не такі у хвалях шум:
Цяпер бурна, страшна мора!
Хваля поўна дзікіх дум.

З гледзішча антычнае мэтрыкі перад намі не харэй, а пэон трэці (оооо). Традыцыйная сыляба-танічная тэорыя, якая абмяжоўваецца пяцьцю асноўнымі ступамі, зь лёгкае рукі Б. Тамашэўскага такое чаргаваньне моцных і слабых націскаў (ОоОоОоОо) называе альтэрнаваным рытмам. А паводле тактамэтрыі А. Квяткоўскага мы маем звычайны прыклад чатырохдольніка трэцяга (оооо). Розныя тэарэтычныя матрыцы тут нібы накладваюцца адна на другую, больш ці менш удала апісваючы той самы радок. Такое накладваньне матрыцаў мы будзем тарнаваць і ў далейшых апісаньнях. Заразом існаваньне харэю ў беларускай мове адным гэтым прыкладам (а прыкладаў такіх нямала) ставіцца пад пытаньне.

Варта таксама зьвярнуць увагу, як Пашкевічанка ўдала тарнуе існы «рытмавы рэсурс». Невыпадкова малазначальнае слова цяпер, ці яно ўжываецца ў сярэдзіне радка, ці ў пачатку, кожны раз стаіць у слабой – ненацісьненай – пазыцыі. А ўсе значальныя словы, наадварот, супадаюць з рытмавымі націскамі. Зладжанае чаргаваньне моцных і слабых пазыцыяў паказвае высокае майстэрства паэткі. У першай страфе мора як новы вобраз выступае патасам, які адумысна дэманструецца чытачу. У другой – яно становіцца этасам і, ужытае як анафара, зводзіцца да ролі чыста фармальнае, а патасам выступаюць яго дзеяньні і праявы: вуглем стала, з дна гарыць, хоча горы змыць. У трэцяй страфе патасам становяцца іншыя вобразы – і гэтак праз увесь верш.

Далей у вершы збоі харэю назіраюцца ў словах сьвяты, расьце, растуць, такім, кожнае зь якіх стаіць у слабым месцы рытмавае амплітуды. Такім парадкам, харэй парушаецца даволі часта, затое пэон трэці захоўваецца праз увесь верш. У чатырохступовым харэі такая зьява наагул стала амаль што нормаю – і на тое ёсьць свае гістарычныя ды празадыйныя прычыны. Мерную амплітуду пэонаў ускладняе (але не парушае) на карысьць харэю толькі эпітэт страшна ў трэцім радку. Зрэшты, яго вылучанасьць зьвязаная зь пералічальнаю інтанацыяй і мае чыста сэмантычны характар, незалежны ад вершу. Аб ролі інтанацыйных націскаў, іх дачыненьнях з рытмам трэба гаварыць асобна.

Ілюзорнасьць існаваньня дзьвюхступовых памераў пацьвярджаецца нават тады, калі яны прызнаюцца ў тэорыі. Прыкладам, «Энцыкляпэдычны слоўнік маладога літаратуразнаўцы» піша: «Ступовы харэй наагул удае на два розныя памеры, бо радкі з цэзураю і без цэзуры надта не падобныя адзін да аднаго. Параўнайма: Ах, метель такая, просто чёрт возми (С. А. Ясенін) і И за это меня матушка бранила (А. А. Дэльвіг)». Можна падабраць аналягічныя беларускія прыклады: Хай старонку родну сьнегам занясе (Г. Леўчык); Хай ніколі не забуду цябе я (М. Багдановіч). Слоўнік памыляецца толькі ў адным: уплыў цэзуры тут чыста ўскосны. Рознасьць прыкладаў замыкаецца ў тым, што перад намі запраўды неаднолькавыя рытмавыя структуры: пэон першы з цэзураю (оооооо//ооооо) і пэон трэці без цэзуры (оооооооооооо). Як яны ўзьнікаюць у вершы – варта разгледзець падрабязьней.

Зрэшты, разглядаць мы мяркуем ня тыя ці іншыя ступы, а рэальныя вершы. Ступы, і «слушныя», і «няслушныя», наагул варта адпрэчыць, як гэта зрабіў А. Квяткоўскі. Але мы іх пакінем, хаця б дзеля таго, каб не ўтвараць новых тэрмінаў-дублетаў. Надалей тарнаваньне антычных паняткаў ня варта ўспрымаць «усур’ёз». Яны маюць згад толькі пры статычным апісаньні рытмавых фігур як элемэнты свайго роду арнамэнту вырваных з кантэксту адцінкаў. Запраўдным жа спакмянём вывучэньня рытмалёгіі ёсьць вершавы радок, дынаміка націскаў у якім ня мае нічога супольнага ні зь якім мэтрам. Менавіта таму паасобныя апісаньні тут даваліся і пры патрэбе будуць давацца нібыта адразу ў розных «сыстэмах» і тэорыях, даўнімаючы ў ідэале мэтатэорыю.

3. Дэскрыпцыя сымэтрыі і хаосу. Найпапулярнейшым памерам беларускае літаратуры яе «арганічнае пары» (XIX – пач. XX ст.) быў чатырохступовы харэй. Побач і ў спалучэньні зь ім шырока ўжываўся харэй трохступовы. Гэтым амаль што абмяжоўваўся мэтрычны рэпэртуар беларускіх паэтаў. Ямбы спатыкаліся вельмі рэдка – пераважна ў носьбітаў расейскае вершавальнае школы. Вышэй мы зьвярталіся да чатырохступовага харэю А. Пашкевічанкі. Чатырохступовы харэй адпавядае сылябічнаму васьміскладовіку. Ступень урэгуляванасьці націскаў у васьміскладовіку ледзь не ад пачатку яго ўзьнікненьня была гэтак высокаю, што мала чым розьнілася ад таго, што мы называем уласна сыляба-тонікаю. Дзеля прыкладу досыць успомніць хрэстаматыйны верш паэта XVII стагодзьдзя Я. Пашкевіча:

Польска квітнець лаціною,
Літва квітнець русчызною.
Бяз той ў Польсцы не прабудзеш,
Бязь сей ў Літве блазнам будзеш.

Каб паказаць, як паводзяць сябе рытмавыя структуры васьміскладовіка харэевае кадэнцыі, возьмем да разгляду ўрывак з драмы Г. Марцінкевіча «Адвячорак». Усе радкі тут маюць розную ступень урэгуляванасьці, што можна пазначыць графічна. Рэальныя моцныя націскі будзем вылучаць тоўстымі літарамі. Уяўныя націскі ці, дакладней, рытмавыя лякуны мажлівых пэонаў – курсівам. А інвэрсію ў харэі – р а д з ь в о ю. Такім спосабам, нават ня ўчытваючыся ў верш, можна бачыць: усюды, дзе ёсьць курсіў – парушаны пэон, дзе ёсьць радзьва – парушаны харэй, а дзе няма ані курсіву, ані радзьвы – маем перад сабою структуру ідэальнага рытму. Мушу зацеміць: тарнуючы паняткі пэону трэцяга, харэю і пад., я ўжываю іх перш-наперш у дачыненьні да радка як цэлага, і толькі зрэдку, іранічна, – у дачыненьні да фрагмэнтаў. Так, фрагмэнт можа ўтрымваць лякальнае парушэньне памеру, але датычыць яно амплітуды радка ў цэлым.

Эй, брат Грышка, п а к і н ь выці, (1)
Што ж, што церабнулі хвост? (2)
Па паўсотні можна жыці, (3)
Не п а в я з у ц ь на пагост. (4)
Вот я на п р о ш л а й нядзелі (5)
На т о р г з дроўцамі шлапу, (6)
Н я ч ы с ь ц і к і падглядзелі (7)
І усыпалі капу. (8)

Добрымі з гледзішча ідэальнага рытму пэонавае кадэнцыі могуць лічыцца 1-ы, 3-і, 6-ы і 8-ы радкі. Адначасна радкі 3-і і 8-ы слушна вытрымліваюць харэевую кадэнцыю, што дазваляе ў традыцыйнай мэтрыцы гаварыць пра альтэрнаваны рытм, а ў тактамэтрыі – пра чатырохдольнік трэці. Затое ў 1-м ды 6-м радкох словы пакінь, на торг парушаюць пасьлядоўнасьць харэю, утвараючы рытмавую інвэрсію, або «ямб», як сказаў бы Трэдзіякоўскі. 2-і радок, наадварот, слушны з гледзішча харэю, але інвэрсіяваны з гледзішча пэону трэцяга. І, нарэшце, 4, 5 і 7-ы радкі супярэчаць як харэям, так і пэонам. (Заўважу, зь іх 4-ы і 5-ы, чыста разумова, можна ператлумачыць як дактылі, але на слых у кантэксьце ўрыўку гэта не адчуваецца.)

Прачытаўшы ўрывак вольна, ненапружана, нельга не заўважыць, што сама сьпеўна гучаць радкі пэонавае кадэнцыі. Нават у 1-м і 6-м рытмавая інвэрсія (з гледзішча харэю) не ўспрымаецца як збой рытму, бо словы пакінь, на торг стаяць у слабой, ненацісьненай (з гледзішча пэону) пазыцыі. Затое 2-і, харэевы радок, дзе парушаны пэон, паводле сьпеўнасьці моцна саступае 1-му і 6-му. А поўнае разбурэньне сьпеўнасьці назіраецца ў 4, 5 і 7-м, дзе не вытрымваюцца ані харэі, ані пэоны. Асабліва дэструкцыйна ўспрымаюцца псэўдадактылі (4-ы і 5-ы). У выніку мы бачым: пэон – «голас», а харэй – толькі «падгалосак». Далей, разьвіваючы антычную мэтафару рытму як плыні, моцныя ікты назавем – валы, слабыя – усплёскі, рэшту складоў – роўні. З гледзішча радка ці ўрыўку яны суіснуюць як інтэгранты нейкага большага цэлага. Іншыя рытмавыя структуры не працуюць на цэлае. На гэтым этапе вывучэньня для нас найважней тое, што рытміка пэонаў дамінуе над рытмікаю харэяў.

Ведама, такая колькасьць адхіленьняў ад мернага рытму, якую мы толькі што разгледзелі, ня так ужо і часта сустракаецца. Васьміскладовікі нашых песьняроў ад самага пачатку імкнуліся да інварыянтнае структуры, дзе рэй вялі пэоны. Хоць тут катэгарычна нельга пагадзіцца з І. Ралько, быццам беларуская «сылябіка» «эвалюцыянавала» ў бок «сыляба-тонікі». Часамі верш XVII ст. быў куды ўрэгуляванейшы, чым верш XIX ст., але як нутраную тэндэнцыю зладжаньне рытму адмовіць нельга. Абмінаючы чыста схалястычнае пытаньне, да якое «сыстэмы» адносіць тыя ці іншыя вершы, зазначу, што ў беларускай паэзіі спакваля ўсталяваліся не дактрынальныя, а ўзуальныя абсягі сыстэмнае анамаліі, якая дапушчала неабмежаваную інвэрсію харэю, але практычна не дапушчала інвэрсіі пэону, прыкладам:

Б р у к а р молатам сталёвым
Звоніць, б’е па камянёх:
Хоча шлях пракласьці новы,
Каб ня раніць л ю д з я м ног.
Пятрусь Граніт

Інвэрсію ж пэону трэцяга мы сустракаем хіба толькі як рэдкае ўкрапленьне ў добра зладжаны мэханізм рытмавага стэрэатыпу. Яе можна было б наагул сьпісаць на рахунак «перажыткаў» ці паэтычных «недасканаласьцяў». Аднак у запраўдных майстроў інвэрсіі нават гэтая дэструкцыйная анамалія праяўляецца як кампэнсатарная, працуючы на агульнае эстэтычнае заданьне вершу, інтанацыйна вылучаючы патрэбнае слова ці радок:

Трэ’ зьлізаць усіх міністраў,
Бюракратаў, антыхрыстаў.
Чую я ш ч э голас зь неба,
Што цара павесіць трэба!
Алаіза Пашкевічанка

Апрычоную мадуляцыю рытму дае замена простых кляўзулаў на сьлізкія. На слых не адразу й пазнаецца тоеснасьць інварыянту:

Дзе ты, краска, зорка Божая?
Між народу ты сьвяцілася;
У глухім кутку, між хвоямі,
Па жыцьці ты ўсё нудзілася.
Якуб Колас

Другім беларускім клясычным памерам «арганічнае пары» быў трохступовы харэй. Праўда, ступень інвэрсіяванасьці таго была так высокая, што можна ўсур’ёз сумнявацца: з харэем мы маем справу ці з шасьціскладовікам? Як працуе гэты памер, пакажам на прыкладах, адумысна з аднаго аўтара. Найнатуральней у г. зв. «трохступовым харэі» гучаць радкі з будоваю пэону першага, прыкладам:

Віхрам закруціла,
Холадам даняла,
Сьнегам запыліла,
Гурбы панагнала.
Карусь Каганец

Іх мы і возьмем у якасьці нормы. Наступнае чатырохрадкоўе мае два радкі слушныя (2-і, 3-і) і два інвэрсіяваныя (1-ы, 4-ы):

А маці прадучы (1)
Песьню засьпявае, (2)
Нітачку вядучы, (3)
Ды ў печ паглядае. (4)

Здавалася б, іх яскравая інвэрсіяванасьць магла б «згладзіцца» за кошт пераносу пульсантаў на службовыя словы (пазначаныя курсівам) ды ўзьнікненьня «спандэю». Але гэта адбываецца толькі часткова. І зь дзьвюх прычынаў: раз – бо інвэрсія ня моцна шкодзіць рытму, а два – бо словы маці і печ стаяць пад лягічным націскам. Таксама можна заўважыць, што інвэрсіяваныя радкі, чыста схематычна, прачытваюцца як дзьвюхступовыя амфібрахі. І ўсё ж, хоць з гэтага «квазіамфібраху» пачынаецца страфа – у цэлым верш мае «настойлівую» тэндэнцыю да пэону першага. (Апошняя загадка наагул вымагае асобнага зьясьненьня.)

Возьмем іншы прыклад, дзе 1-ы і 2-і радкі інвэрсіяваныя, як з гледзішча харэю, так з гледзішча пэону першага, 3-і інвэрсіяваны з гледзішча пэону, але слушны з гледзішча харэю, а 4-ы – цалком слушны:

Баліць маё сэрца, (1)
Душа унывае, (2)
Хоч з другой жанаты, (3)
Той не забывае... (4)

3-і радок, дзе вытрымваецца харэй, але мацнейшы адступ ад пэону, гучыць як больш інвэрсіяваны, чым 1-ы і 2-і, дзе ёсьць падвоеная інвэрсія, але меншы адступ ад пэону. Гэта гаворыць пра тое, што ў шасьціскладовіку, гэтаксама як і ў васьміскладовіку, – пэон дамінуе. Але супраць васьміскладовіка тут харэй наагул мала што значыць, бо адступы ад яго зусім ня шкодзяць сьпеўнасьці.

Адначасна, пры пільным чытаньні, заўважаецца, што радкі шасьціскладовіка, дзе слушны харэй, але інвэрсіяваны пэон першы, імкнуцца да аднаўленьня пэону і «перацягваюць» рытмавы націск на першы склад, утвараючы нейкі «дадатковы акцэнт». Гэтакім спосабам доўгаму слову можа надавацца пабочны націск (1-ы радок):

Жайваронча малы, (1)
Птушачка ты гожа... (2)

Або службовыя словы могуць рабіцца «мацней націсьненымі» (1-ы, 2-і радкі):

Бо я так мяркую, (1)
Што для шчасьця мала... (2)

Пры скандаваньні імаверныя націскі «ўяўнага» пэону ў шасьціскладовіку харэевай кадэнцыі з пульсантаю на другім ікце надаюць вершу надзвычай энэргічнае, «выбуховае» гучаньне. А пры скандаваньні радкоў амфібрахавай кадэнцыі «перацягваньня» націску практычна не адчуваецца, бо «ўяўны» ікт пэону першага стаіць змычком з рэальным іктам амфібраху, што надае радку зьменлівае, «пералівістае» гучаньне. Фактычна мы маем дзьве праявы: дыясталу і інвэрсію. Надалей інвэрсію пэону першага ў шасьціскладовіку з націскам на другім складзе (г. зн. амфібрахавай кадэнцыі) вобразна называцьмем пераліў, а дыясталу на першым складзе (харэевай кадэнцыі) – выбух. З грунту ж, калі шукаць больш уніфікаваных тэрмінаў, дык пераліў і выбух – гэта рэгрэсійная інвэрсія пульсанты, адпаведна, першае і другое ступені, ці, яшчэ прасьцей, – першая і другая рэгрэсія пульсанты.

Цікава, што пры пераліве сэмантычны слоўны націск, які дае пульсанту, і рытмавы, які ўтварае другую канстанту, задаючы тым самым канстантавы рытм, могуць падаць нават на адну лексэму, як у цытаваным вышэй вершы – на словы баліць, душа. Яны існуюць нібы ў розных вымярэньнях, адначасна і незалежна адзін ад аднаго. Гэта, на першы пагляд, не паддаецца рацыянальнаму зьясьненьню. Менавіта ў такой разнамежневай біакцэнтнасьці і замыкаецца ўся цяжкасьць бытаваньня гэтак званага сылябічнага вершу. Пэўна што на месцы меркаваных моцных іктаў за кошт інтанацыі можа ўзьнікаць (або даўнімацца) рытмавы націск іншае прыроды, які зусім не ўступае ў супярэчнасьць з слоўным моцным, г. зн. дынамічным, эксьпіраторным. Ці можа такое быць?

Традыцыйная тэорыя вершу палягае на старых «школьных» уяўленьнях аб прыродзе беларускага (адпаведна, украінскага, расейскага) націску як дынамічнага, заснаванага толькі на моцы. Аднак лінгвісты даўно ўжо прыйшлі да высновы, што ўсе славянскія націскі ў той ці іншай меры камбінаваныя і маюць у сабе розныя адзнакі, якія могуць і супадаць, і разыходзіцца. Прыкладам, у сэрбскай і харвацкай мовах праяўляюцца і моц, і тон, але пераважае апошняе, у чэскай мове назіраюцца моцныя (на першым складзе) і доўгія націскі, якія заразом не супадаюць. Відаць, і ў вершы адбываюцца складаныя, пакуль што мала вывучаныя фанэтычныя працэсы, у тым ліку – зьява, ведамая як інтанацыйнае падаўжэньне ў пэўных фразавых пазыцыях.

Услухаемся ў словазлучэньні: усе чыста; але будзе добра. Калі разглядаць іх па словах, дык тут мусілі б назірацца зьбегі націскаў, называныя ў вершазнаўстве спандэямі. Аднак беларуская мова ўнікае падобных зьяў. У фразе слаба націсьненыя словы усе, але нібыта пераносяць акцэнты з другога складу на першы: усе, але. Думаю, што насамрэч націскі тут ня проста пераносяцца – склады акцэнтуюцца іншым спосабам. Менавіта гэты рэсурс скарыстоўвае беларуская «сылябіка», дзе цесната паэтычнага шэрагу прымушае моўныя патэнцыі працаваць інтэнсіўней. Скажам, пры пераліве адбываецца расслаеньне націску, і лёгкая даўжыня з адначасным павышэньнем тону менавіта «пераліваецца» ў суседні склад, што стварае храматычную канстанту змычком з эксьпіраторнаю пульсантаю. А пры выбуху пульсанта стаіць на аддаленьні ад моцнага месца інварыянту, таму ненацісьнены склад вымаўляецца мацней і, мажліва, крыху даўжэй. Пры супадзеньні ж пульсанты з інварыянтам рытмавы націск захоўвае ўсе звычайныя парамэтры.

Праблема вывучэньня рытму заўжды абцяжарваецца тым, што фанэтычныя акцэнты цесна пераплятаюцца з сэмантычнымі. Вышэй зазначалася, дзей месца пульсанты залежыць ад значаньня цэлага радка. У якасьці гэткае сэмантычнае інвэрсіі можна ўзяць наступны прыклад:

Вам добра здароўя, (1)
Статку памнажэньне... (2)

Тут пульсанта падае на слова добра, бо значальнае слова вам, хоць і стаіць у моцнай, пэонавай пазыцыі, аднак не нясе сэмантычнае нагрузкі, утвараючы рытмавую лякуну.

Калі-нікалі адрозьніць сэмантычную інвэрсію ад інвэрсіі рытмавае амаль што немажліва. Зрухі ў разуменьні вершу выклікаюць адпаведнае віхтаньне пульсанты, прыкладам:

Родны край вітае, (1)
На ўсярэдзьдзі сеўшы. (2)

Лягічны націск падае на слова родны, таму рытм 1-га радка неінвэрсіяваны. А калі націск пераносіцца на слова край – рытм становіцца інвэрсіяваным:

Родны край вітае, (1)
На ўсярэдзьдзі сеўшы. (2)

Абстрагаваўшыся ад вершавое мовы, варта зазначыць, што ў словазлучэньні родны край пад лягічным націскам стаіць апошняе слова. Таму ў першай адмене аказанага прыкладу сэнс аддаецца ў ахвяру рытму, а ў другой – рытм у ахвяру сэнсу.

Гэтыя радкі можна перарабіць:


Край р о д н ы вітае, (1)
Сеўшы на ўсярэдзьдзі. (2)

Цяпер зьяўляецца іншая праблема: гук [о], які ў беларускай мове ніколі не бывае не пад націскам, апынаецца ў слабым месцы рытмавае амплітуды.

Пераробім радок у некалькі спосабаў:

Край л ю б ы вітае, (1)
Сеўшы на ўсярэдзьдзі. (2)

Край сьвяты вітае, (1)
Сеўшы на ўсярэдзьдзі. (2)

Крайняга вітае, (1)
Сеўшы на ўсярэдзьдзі. (2)

Мы маем тры прыклады слушнага пэону. У першым зь іх харэй інвэрсіяваны (зь «ямбам»), у другім – добры, а ў трэцім – добры, але зь «пірыхам». Істотнае розьніцы ў гучаньні радкоў не заўважаецца. І нарэшце можна пераканацца, што ў шасьціскладовіку дамінуе пэон, харэй жа – рэч другарадная, але не пустая (пра што таксама трэба гаварыць асобна). Заразом зазначым: свабода віхтаньня пульсанты ў шасьціскладовіку большая супраць васьміскладовіка, бо абымае як слабыя, так і моцныя ікты, што скрайне непажадана ў апошнім, а перамяшчэньне пульсанты ў шасьціскладовіку часьцей залежыць ад сэмантыкі. Дарэчы, шасьціскладовік не зусім самастойны памер. Узьнік ён, пэўна што, праз распад цэзураванага дванаццаціскладовіка, які мае быць разгледжаны ніжэй.

А пад канец зьвернем увагу на «другі бок мэдаля», на тое, як кляўзулы адцяняюць гучаньне вершу. Спачатку разгледзім наступныя радкі:

Гне зь б е р а г о ў гнеў – (1)
і ў завірусе, – (2)
р а д з і ў новы сьпеў (3)
новай Беларусі. (4)
Андрэй Александровіч

Верш Александровіча супраць Каганцовага напісаны ў часы апатэозу тонікі, але ў аснове яго ляжыць тая самая, знаёмая нам схема, амаль што без адхіленьняў: 3-і радок нават утрымвае традыцыйную для сылябікі першую рэгрэсію пульсанты, а ў 2-м – ў нескладовае хаця-нехаця мусім чытаць як [у] складовае. Істотна варыюе рытм зьбег націскаў берагоў гнеў – зрэшты, і тут няма нічога новага. Але гэты верш куды энэргічнейшы за Каганцовыя. Бо тупыя кляўзулы няцотных радкоў, якія разам з простымі кляўзуламі ўтвараюць адваротны альтэрнанс, надаюць рытмаваму інварыянту адценьне рэзкасьці, хуткасьці.

Вельмі цяжка ў вершы разгляданага тыпу спаткаць сьлізкія кляўзулы, якія, наадварот, мусілі б рабіць яго «плаўным» ды запаволеным. Такім рэдкім узорам аказваецца стылізаваны пад фальклёр урывак з паэмы расейскага аўтара, дзе менш за ўсё можна было чакаць падабенства з сылябікаю:

На моей на родине (1)
Не | все дороги пройдены. (2)
Вся она осокою (3)
Заросла высокою, (4)
Вениками банными, (5)
Хребтами кабаньими, (6)
Медвежьими шкурами, (7)
Лохматыми, бурыми... (8)
Павал Васільеў

У расейскай паэзіі пануе дактрына харэю і першая рэгрэсія пульсанты нібыта не практыкуецца, аднак... хіба ж перад намі ня той самы інвэрсіяваны першы пэон, які мы назіралі ў Каганца і Александровіча? Праўда, тут ён моцна «завуаляваны» пад «танічны» верш. Сьлізкія кляўзулы ды парныя рымы надаюць тэксту адценьне манатоннае сказавасьці. Апрача таго, у анакрузе 2-га радка ёсьць анамалія – адзін (адзінюткі!) лішні склад, які крыху заблытвае ўспрыманьніка. Але з грунту ўсё гэта нічога не мяняе: нутраная будова вершу застаецца пэонавай, блізкай да канону славянскага сылябічнага шасьціскладовіка.

Калі ж мы той «лішні» склад уявім ужо на пачатку кожнага радка, дык замест анамаліі атрымаем новую інварыянтную норму: пэон другі, які традыцыйна зьясьняецца як трохступовы ямб. У беларускай паэзіі гэты памер зьявіўся запозна і доўгі час амаль што не практыкаваўся. Тым часам у расейскай літаратуры трохступовы ямб тарнуецца яшчэ ад пары клясыцызму і ведамы як памер «анакрэантычны», далей – проста анакрэонтык. Такі назоў варта зацьвердзіць як знак жанравага вытоку формы, хоць гэта не зусім адпавядае першаму беларускаму пэону другому, які найчасьцей перадаваў элегічныя настроі. Аднак менавіта расейская сыляба-тоніка выракавала кшталт анакрэонтыка, і адзінаю сыстэмнаю анамаліяй, якая ў ім разьвілася, быў выбух (гл. 4-ы радок):

Між ралаў абгалелых (1)
Дакучны, прыкры шум (2)
Збуджае рой збалелых (3)
І неадчэпных дум. (4)
Альбэрт Паўловіч

У беларускай паэзіі апошняе стагодзьдзе верх брала расейская традыцыя. І пакуль пад яе ўплывам шасьціскладовік эвалюцыянаваў, «згладжваючыся» да «харэю» ці, дакладней, чыстага пэону першага – анакрэонтык за доўгія гады бытаваньня мала зьмяніўся, бо ня меў на тое патрэбы. Хіба толькі рымы ўскладніліся, што паказвае прыклад з сучаснага, бадай, сама «анакрэантычнага» беларускага паэта:

І змоўкнуў голас птушчын. (1)
На доле ліст завяў. (2)
Віхор у шале трушчыў, (3)
Крушыў і завываў. (4)
Юрка Голуб

Найменьне харэю перакладаецца з элінскае мовы як «скокавы». Вясёлую, сьпеўную прыроду ён мае і ў тутэйшай традыцыі. Менавіта чатырохступовым харэем (часта ў спалучэньні з трохступовым) укладзеныя ці ня ўсе нашыя прыпеўкі – вось дзе тутэйшая анакрэонтыка! Сёньня цяжка меркаваць пра адметнасьці элінскае мовы, але сьпеўнасьць беларускага «харэю» ўяўная. Дасягаецца яна толькі там, дзе вытрымваюцца пэоны ці, інакш кажучы, альтэрнаваны рытм. Верш з вытрыманым «харэем» і нявытрыманым пэонам – суцэльная какафонія. Праўда, такіх узораў вельмі мала, бо канон чатырохступовага харэю сягае сылябічнага васьміскладовіка, дзе альтэрнаваны рытм стаў ужо нормаю. Нават расейская літаратура XVIII стагодзьдзя, выхаваная М. Ламаносавым, якая не падазравала пра «альтэрнаваны рытм», ня здолела працівіцца магутнай сылябічнай традыцыі, яе рытмавым стэрэатыпам.

Ямб здаўна ведамы як памер «гутарковы». Але на прыкладах анакрэонтыка мы мелі змогу ўпэўніцца і ў адваротным. Гутарковасьць датычыць перш-наперш «чатырохступовага ямбу». І, зноў жа, прычына гутарковасьці ня ў ім самым, а ў традыцыі, якая ўплывала на яго прыроду. Чатырохступовы ямб фармальна адпавядае сылябічнаму дзевяціскладовіку. Праўда, апошні памер у сылябіцы практычна не існаваў, не пашыраныя яго адпаведнікі і ў фальклёры. У выніку – да зьяўленьня кніжнага тэарэтычнага ямбу ня вырабілася яго жывая гутарковая інэрцыя: не было ў рытмавай памяці паэтаў такіх вершаў. А школа Ламаносава, якая шырыла ямб, не магла зразумець, выходзячы з сваіх пастулятаў, што дзеля мернасьці трэба ставіць «пірыхі» ў строга азначаныя «месцы», каб такім ходам задавалася альтэрнацыя і «чатырохступовы ямб» абяртаўся пэонам чацьвёртым.

Спакваля прырода брала сваё, і, як заўважыў яшчэ Андрэй Белы, на пачатак XIX ст. «альтэрнаваны» чатырохступовы ямб (пэон чацьвёрты) такі ўсталяваўся ў расейскай літаратуры. Аднак аж да гэтае пары ў расейскай паэзіі, а празь яе – і ў беларускай традыцыя альтэрнаванага ямбу ня надта трывалая. Адсюль – славутая ямбавая «гутарковасьць». Ведама, такая характэрная ўласьцівасьць гучаньня ня зводзіцца да браку альтэрнацыі. Адумысны акустычны эфэкт стварае і задоўгая трохскладовая анакруза пэону чацьвёртага, але гэта, як можна даўнімаць, фактар менш уплывовы, дый яго яшчэ рана кранаць.

Перш чым брацца за «тыповыя» і пакуль што неразгаданыя прыклады ямбу, возьмем «нетыповы» выпадак, сугучны разгледжаным вышэй узорам «харэю». Песьняры, мала зьвязаныя з кніжнаю расейскаю культурай, ужывалі «ямб» «сылябічнага гатунку», альтэрнаваны і месцамі – інвэрсіяваны, прыкладам:

Як ён нажне багата хлеба (1)
Ды п а ч н е бульбачку капаць, (2)
Усё ачысьціць, як патрэба – (3)
Н і в у, гарод і сенажаць. (4)
Стары Ўлас

Тут 2-і і 4-ы радкі маюць пераліў, яго мы ўжо спатыкалі ў «харэі». Як і «харэй», гэты «скандальны» інвэрсіяваны «ямб» гучыць лёгка ды нязмушана, быццам тых адхіленьняў няма ані, хоць Ламаносаў і наступнікі такія зьявы строга забаранялі. За доўгія гады практыкі забарона ня толькі ня зьнікла, але была ўзьведзеная ў ранг правіла, ведамага сёньня як «недапушчальнасьць пераакцэнтуацыі», г. зн. на «слабое месца» «ямбу» не павінен падаць націск неаднаскладовага слова. Аднаскладовыя ж словы могуць стаяць як на моцных, так і на слабых месцах, бо іх ужываньне не парушае парадку «ямбу». Р. Якабсон, які ўпершыню сфармуляваў правіла забароны пераакцэнтуацыі, нават паспрабаваў узьвесьці тое ў ранг фаналягічнага закону. І вось, малапісьменны беларускі паэт-селянін адным росчыркам пяра перакрэсьлівае высокаінтэлектуальную гарадзьбу сусьветнае славутасьці.

Інвэрсія ў прыточаных вершах настолькі натуральная, што яе нельга назваць ні дэструкцыйнаю, ні нават сыстэмнаю анамаліяй. Проста ў структуры «чатырохступовага ямбу», як і ў «харэі», дамінуюць акцэнты, што ствараюць пэонавую кадэнцыю, а дакладней – пэон чацьвёрты. Разумова выснаваныя рамы ямба-харэевае канвэнцыі выяўляюцца завузкімі для існае прыроды рытму. І каб толькі гэта – дык тае бяды! Але штучная дактрына двухскладовых памераў абы час выклікае запраўдную дэструкцыю рытмавых інварыянтаў. Дэструкцыйныя моманты дае якраз «тыповы» ямб. Вось радкі, што належаць сучаснай паэтцы, добра знаёмай з агульнапрынятымі, «школьнымі» правіламі вершаваньня:

Закалыхай мяне, убогую,
Хусьцінкай / ахіні мурожнаю, –
І ўзыдзе гай па-над дарогаю,
І жытам / зарунеюць пожні.
Анжаліна Дабравольская

Тут мы не сустрэнем інвэрсіі, як сказаў бы А. Квяткоўскі, ці «пераакцэнтуацыі», як вучыў Р. Якабсон. Аднак ёсьць іншая, зусім новая анамалія. У 2-м і 4-м радкох рытм запавольваецца і нібыта ламаецца, што паказана ў нас знакам слабое цэзуры (/) . Складваецца такое ўражаньне, нібыта словаформы хусьцінкай і жытам інтанацыйна падкрэсьліваюцца, вылучаюцца. У нейкай ступені гэта так і ёсьць. Але вылучэньне мае тут не інтанацыйную, а рытмавую прыроду. Інакш кажучы, чыста інтанацыйнае вылучэньне чытаньнік можа пацьвердзіць, а можа праігнараваць. Тут жа іначай як з вылучэньнем цытаваныя радкі прачытаць нельга, і невыпадкова. «Рытм, – прыйшла да высновы Н. Чарамісіна, – кіруе пры спараджэньні вуснага і пісьмовага маўленьня інтанацыйнаю структурай». Затое мы можам зьмяніць парадак слоў і аднавіць знаёмы нам альтэрнаваны рытм, дзе жаднага гвалтоўнага вылучэньня слоў ужо ня будзе:


І ўзыдзе гай па-над дарогаю,
І зарунеюць жытам пожні.

Чаму так адбываецца? Рэч у тым, што ў 2-м і 4-м радкох Анжаліны Дабравольскай назіраецца аднолькавая зьява: тут бракуе націскаў на моцных месцах пэону чацьвёртага, але затое ёсьць націск на месцы першае ступы «ямбу», якая заўжды слабая і досыць часта стаіць не пад націскам. У выніку радок разломваецца на два паўрадкі, узьнікае нешта накшталт «нерэгулярнае цэзуры». Далей гэтую зьяву, каб ня блытаць яе з цэзураю-мэдыянаю, будзем пазначаць як разлом. Менавіта разлом выклікае запаволеньне рытму, якое нельга не заўважыць на слых. Разлом заўжды прыпадае на словападзел. Дзьве няроўныя часткі радка ператвараюцца ў самастойныя адзінкі, кожная з якіх мае сваю канстанту. Традыцыйнае вершазнаўства разлом апісвае аблудна як «пропуск» акцэнту, а А. Квяткоўскі сьведама ігнаруе.

І вось тут пачынаецца найскладанейшы момант ямба-харэізму, на якім спатыкнуліся бадай што ўсе бытныя тэорыі. І тыя, якія пацьвярджалі гэтую дактрыну, і тыя, якія яе аспрэчвалі. Настала пара, калі мы мусім адмовіцца ад ямбу і весьці апісаньне толькі выходзячы з пэонавае кадэнцыі. Калі мы не адмовімся, хоць бы чыста эўрыстычна, дык volens nolens мусім прыйсьці да такіх недарэчнасьцяў, як «гіпастаза пірыху», або «пропуск акцэнту на моцным месцы». Насамрэч ніякіх ні «гіпастазаў», ні «пропускаў» быць ня можа. Як бы мы ні ўкладалі двухскладовыя памеры, амплітуда пэонаў бярэ верх і вызначае ўвесь рытмавы каркас. Узяўшы ж пэоны за дамінанту – у радкох з разломамі мы ўбачым складанае і неадназначнае парушэньне адзінства рытмавага працэсу. Андрэй Белы ў сваіх праслаўленых дасьледаваньнях рытму (гл.: Белы А. Символизм. М., 1910) трапна, але не зусім дакладна зазначае, што такія радкі «ёсьць камбінацыяй двух пэонаў (пэона другога і пэона чацьвёртага) (С. 256)».

Заўважаліся такія зьявы даўно. Але тыя самыя ўяўныя ямбы ды харэі вярталі вершазнаўцаў ува ўлоньне догмаў. Прыклад Андрэя Белага ў гэтым сэнсе надта павучальны. У адных выпадках ён слушна піша, дзей «ямб, з грунту, далёка ня ямб (С. 259)» і «мы мусім учыніць два чыста ўмоўныя, гвалтоўныя галасавыя націскі для таго, каб падкрэсьліць, што гэты радок – ямбавы (С. 256)». У іншых – нібыта тое самае, але больш супярэчліва: «Чыста вытрыманага ямбу не існуе... амаль заўжды мы маем камбінацыю ямбу з пэонам, пірыхам, спандэем і г. д. (С. 256)». У Белага было глыбокае разуменьне гэтае супярэчнасьці, якое дазваляла яму пайсьці слушнаю дарогаю. Ён піша: калі розныя ступы могуць спалучацца адвольна, «тады наагул сьціраецца граніца паміж паэзіяй і прозаю (С. 258)». Заставалася выбраць: пэон ці ямб.

Аднак расейскі паэт адразу ж, быццам спалохаўшыся ўласных адкрыцьцяў, заяўляе: «Дзеля чаго ў вывучэньне мэтрыкі ўводзіць умоўныя формы грэцкага вершаваньня, якія мелі сэнс толькі ў той мове, дзе сама паэзія музычна складалася ў ямб, харэй, амфібрах ды інш. (С. 257)». Менавіта – навошта? І ўсё ж, насуперак сабе самому паэт старанна апісвае «ўмоўную форму» – ямб. «Даводзіць рытмавыя мадуляцыі ямбаў пры дапамозе «пэонаў», – працягвае ён, – значыць толькі загрувашчваць праблемы мэтрыкі тою самаю мэтрыкаю (С. 257)». Гэты довад, ізноў жа, аспрэчваюць словы самога Белага: «Мы яшчэ ня ведаем, што становіць сабою расейскі мэтар і ў чым яго адрозьненьне ад іншых мэтраў (С. 281)». Дык чаму ямб, а не пэон? Пэон, дарэчы, у антычнай мэтрыцы быў менавіта дапаможнаю, «умоўнаю» ступою. Можа, у славянскіх мовах яму наканаваны іншы лёс?

Дэградацыя адкрыцьцяў Андрэя Белага надта добра відаць на ягоным зьясьненьні разлому. Бездакорны слых паэта падказвае, што радок з чыстым пэонам чацьвёртым гучыць «у тэмпе allegro» (С. 263), а радок з «камбінацыяй пэонаў» «гучыць павольней, у тэмпе andante» (С. 263). Першую зьяву ён абазначае як «паскарэньне» («паўнаціск»), а другую – як «затрыманьне перад паскарэньнем» (С. 265). Нават не «запаволеньне», а менавіта «затрыманьне перад...». Што гэта, як не ўсьведамленьне разлому? Далей паэт выказваецца таксама слушна, хоць і менш дакладна: «На адных ступах паўнаціск запавольвае агульны плыў вершу, на іншых паскарае (С. 272)». Але паступова ім авалодвае спакуса статыстыкі, аўтар забываецца і на «затрыманьне», і на «запаволеньне». Усе пропускі націскаў Белы называе «паскарэньнямі», маўляў: «Мажлівая статыстыка... паскарэньняў... іх паданьня на ступы» (С. 286). Урэшце ён даходзіць да поўнага абсурду, калі піша: «Радкі з паскарэньнем на другой ступе» (С. 291) даюць «уражаньне maximum’у запаволенасьці» (С. 294).

Белы так захапіўся, што страціў галоўнае. З тэрміну паскарэньне дарэшты выветрыўся той рэальны «імпрэсіяністычны» зьмест, які выклікаў яго да жыцьця. У эпігонаў тэрмін фігуруе ўжо ў «высушаным» выглядзе як канстатацыя пропуску акцэнту. Але навошта такое «паскарэньне», якое нічога не «паскарае»? Заставалася толькі, як выказаўся сам паэт, «сыстэматызаваць графічныя фігуркі» (С. 260). Як бачым, у Белага была геніяльная інтуіцыя рытму, пільны аналіз рытмавых структур, але гранічна ўбогі сынтэз тэорыі вершаваньня. Сымптаматычная такая яго заўвага: «Далейшая праца ў гэтым кірунку залежыць ня так ад абагульненьняў, як ад пільна зьбертага і сыстэматызаванага матэрыялу (С. 330)». «Крыху ўседлівасьці ды любасьць да паэзіі – вось і ўсё, што патрэбна для дасьледніка (С. 395)». А што зьбіраць і што лічыць – няведама! Гэтая легкадумнасьць дорага абышлася вершазнаўству.

Вось жа, выбар на карысьць пэону прымушае нас прызнаць як факт «камбінацыю пэонаў» у радкох з разломамі, а выбар на карысьць ямбу – прызнаць невытлумачальныя лякуны на месцы меркаваных іктаў, што, ізноў жа, можна пераказаць як ямб зь пірыхам. У чым большае зло? Насуперак устаялай традыцыі меншым злом трэба прызнаць пэоны. Так, ямбы і харэі зручныя для статыстыкі, бо іх вельмі лёгка лічыць. Але ўсплёскі слабых іктаў маюць сэнс толькі як адзінкі, падначаленыя моцным іктам. А выдуманыя «ямбы» і «харэі» ў абход пэонаў – гэта мёртвыя, чыста разумавальныя існасьці. (Трупам заўсёды проста маніпуляваць!) Усякі рытм з цотнаю амплітудаю чыста матэматычна можна зьвесьці да ямбаў і харэяў, але прырода рытму акустычная і ад пераразьлікаў не памяняецца.

Радкі з разломамі запраўды рэзка выбіваюцца з агульнае мернасьці вершу. Найчасьцей яны здараюцца ў «ямбах»:

Ты чуеш рэха бур удалі (1)
і ціхі / векавы праклён? (2)
Гані хутчэй трывогі хвалі, (3)
удар у самы большы звон! (4)
Міхась Машара

І вельмі рэдка бываюць у «харэях»:

Дзе таёмна, сьцішна, змрочна, (1)
Дзе вільготны, мяккі мох, (2)
Дзе ўзіраецца ставочна (3)
Збуджаны / Перапалох. (4)
Уладзімер Жылка

Чаму ж не дапусьціць у 2-м радку Машары ды 4-м Жылкі нейкага адхіленьня, мадыфікацыі рытму, раз тыя, пры аднолькавасьці ўсіх вонкавых фармальных паказьнікаў, гучаць інакш супраць астатніх, і адрозьненьне гэтае досыць рэзкае?

Тым часам інвэрсіяваныя радкі даюць нам не мадыфікацыю, а толькі варыяцыю пэону, якія б месцы ўсплёскаў, і нават валоў, ні кранала інвэрсія. (Дарэчы, статыстыка тут магла б зьявіць вельмі цікавыя вынікі, бо інвэрсіяваных радкоў у беларускай літаратуры нашаніўскае пары было значна больш, чым з разломамі. Але спакваля меншала першых і большала другіх.)

Вось жа, інвэрсія можа стаяць:

– перад канстантаю:

А во’ і зайчык д р ы ж ы ц ь скурай.
На кветках пчолак град пабіў.
Алаіза Пашкевічанка

Страляйце, біце, м а е вочы
Над краем бачаць ўжо зару.
Уладзімер Дубоўка

– на анакрузе:

Д у х і мінуўшчыны куцьцю
На старасьвецкі лад спраўляюць.
Янка Купала

І гэты моцны дух здаровы
Л ю б і ц ь, надзеецца, жыве.
Алесь Гурло

– адразу ў некалькіх сэгмэнтах:

Эх, кіньце крыўдамі карміцца, – (1)
К о ж н ы народ сам с а б е пан; (2)
І беларус м о ж а зьмясьціцца (3)
Ў сям’і нялічанай славян? (4)
Янка Купала

Асобнае гаворкі вымагае рэгрэсійная інвэрсія пульсанты першае ступені, якая прыпадае на моцнае месца пэону. Куды яе адносіць – да варыяцыяў ці мадыфікацыяў? Раз захоўваецца цэльнасьць радка – значыць, перад намі варыяцыя. З грунту, гэта істотнае і часьцей за ўсё непажаданае адхіленьне. У кантэксьце мастацкага цэлага інвэрсія пэонавага ікту можа разглядацца і як дэструкцыйная, і як кампэнсатарная анамалія – усё залежыць, наколькі ўдала яе паэт прытарнаваў. Аднак варта помніць: зачастае ўжываньне гэтае анамаліі вядзе да поўнае дэструкцыі рытмавага інварыянту.

Разломы клясыфікуюцца ў залежнасьці ад падзелу слоў. Яны могуць даваць спалучэньне:

– двух пэонаў другіх:

Той быў павінен толькі нам,
Майстром, / будаўніком ад роду...
Цішка Гартны

Прыйдзі, у хату упушчу,
І ноч / мы правядзем адны...
Язэп Пушча

– пэона другога і пэона першага:

Там сьцены мохам парасьлі,
Вясёлкай / адлівалі шыбы.
Максім Багдановіч

Бяспынна, глуха процьма часу
Глытае / хараство і моц.
Уладзімер Жылка

– пэона другога і пэона чацьвёртага (або пэона другога і дактылю):

Тады Давіда зваў Саул,
І з арфаю / Давід зьяўляўся...
М. Арол

Зьвіняць у небе песьні птушак.
На беразе / па-над Дзьвіной...
Янка Журба

Як бачым, сьцьвярджэньню Белага адпавядае толькі трэцяя камбінацыя. Цікава, што першы выпадак, дзе разлом супадае з дыярэзаю, падаецца найменш спрэчным, але менавіта ён найрадзей здараецца. Пасьля кожнага разлому, як можна заўважыць, курсівам пазначаныя дыясталы – зрэшты, яны такія слабыя (запраўды «паўнаціскі»), што ня здольныя захаваць цэльнасьці радка. Да таго ж, пераразьмеркаваньне даўжыні паўрадкоў намяркоўвае дыясталы ў месцах, якія часта супярэчаць ямбам. Зрэалізаваць гэтыя дыясталы можна толькі ператварыўшы разлом у запраўдную цэзуру і падкрэсьліўшы напружанаю рэцытацыяй асобнасьць узьніклых паўрадкоў.

І ўсё ж, ёсьць рытмавыя сытуацыі, калі разлом практычна згладжваецца рытмаваю інэрцыяй, і пад тое мацней выбухвае дыястала:

Малюся я тваёй красе,
Як, можа, аніхто яшчэ.
Язэп Пушча

Унікальныя рытмавыя сытуацыі стварае «разгойданы» «ямб» XIX стагодзьдзя:

На Тройцу, звычай як у сьвята, (1)
Пад’еў і ўздумаў сабе спаць, (2)
Аж чую, / з а г а м а н і ў тата: (3)
«Ідзі пчол панскіх пільнаваць!» (4)
Фелікс Тапчэўскі

Тут у 3-м радку словаформа загаманіў дае рытмавую інвэрсію, якая, аднак, рэалізуецца не як пераліў, а як адначасныя сыстала і дыястала. Шчыльная сыстала («спандэй») на апошнім складзе словаформы «правакуе», нібы «выштурхоўвае на паверхню» моцную дыясталу на першым складзе гэтага ж слова – і разлом, хоць ён і пазначаны ў нас, фактычна не ўзьнікае.

У кантэксьце сказанага паўстае чыста тэарэтычнае пытаньне: ці нельга разлом зьясьняць як варыяцыю, а дакладней – прагрэсійную інвэрсію пульсанты другой ступені? Думаю, што нельга. Рух пульсанты таксама мае свае абмежаваньні. Пры адказе перш-наперш трэба зважаць на акустыку, якая паказвае: разлом радка зазвычай дае нам не адну, а дзьве рытмавыя адзінкі з асобнымі канстантамі, што, пэўна ж, ёсьць мадыфікацыяй. А калі фанэтыка слоў і рытмавая інэрцыя здольныя захаваць цэласьць радка – тады перад намі варыяцыя. Але ў такім разе паўстае практычнае пытаньне: як разьвязваецца рытмавае заданьне вершу? Застаецца толькі адзін спосаб – праз сылябізм. І якраз сылябізм у найгоршым сэнсе гэтага слова, што дае нам псэўдаканстантавы рытм.

Разлом выклікае пераразьмеркаваньне моцных пэонавых пазыцыяў і мяняе, як сказаў бы Г. Шэнгелі, вядзеньне голасу. Нутраною праяваю разлому ёсьць зьява, якую можна абазначыць як перасмык. Калі б мы будавалі нармацыйную паэтыку, дык, пэўна ж, разлом забаранілі б. А так – верш вытрымае! Ён і не такія анамаліі можа вытрымваць. Чаго вартыя лягаэды, ці г. зв. «чыста танічныя» вершы! Прынамсі, ізасылябізм пры разломе захоўваецца. І здараюцца разломы параўнальна нячаста. Да таго ж яны маюць аднастайную праяву. Хіба толькі «напеўнасьць» страчваецца. Але затое зьяўляецца «гутарковасьць». Сама праблема, да якой катэгорыі анамаліяў адносіць разломы ці пералівы, у значнай меры схалястычная. Як бы мы ні тлумачылі рытм – гэта не падстава, каб спалохана вяртацца да ямбаў. Горш за ўсё тэарэтычны кампраміс, калі вершы з разломамі адносім да «ямбаў», з інвэрсіямі – сьпісваем на «сылябіку», а гладкую рэшту ласкава дазваляем называць пэонамі.

На жаль, нават рэдкія прыхільнікі пэонаў займаюць досыць непасьлядоўную пазыцыю. Яны вымагаюць ад пэонаў таго, чаго не патрабуецца ад іншых памераў: 1) абавязковых націскаў на ўсіх валох; 2) супаданьня валоў зь лягічнымі націскамі; 3) непажаданасьці ўсплёскаў і іншых акцэнтаў на роўнях. Насамрэч слушнае толькі першае патрабаваньне. Трэцяе не выконваецца ў жадным памеры, а другое наагул адносіцца да праблемаў інтанацыі і сэмантыкі вершу. Якім бы памерам паэт ні пісаў, ён абавязаны карэляваць сэнс як з нормаю, так і з анамаліямі рытму. Яшчэ М. Надзеждзін зазначаў: «Што да гэтак званае гармоніі вершу ... дык уся яе таямніца палягае ў спрыце ставіць пад асноўны націск тое слова, якое адыгрывае галоўную ролю ў лягічным згадзе мэтрычнага радка... Гэтую падставовую рэч зьлегкаважваюць няўдольныя рабачаі».

Мяркую, што ад кампрамісных абаронцаў пэонаў мы павінны адмяжоўвацца больш рэзка, чым ад іх праціўнікаў. Разважаючы ў рэчышчы першых, трэба было б прызнаць, што наступныя радкі даюць нам розныя памеры: 1-ы – «харэй», 2-і – «пэон трэці»:

Многа поля з добрай доляй, (1)
Нешчасьліва і шчасьліва... (2)
Янка Купала

У падобных разважаньнях пытаньне аб рытмавым інварыянце радка касуецца дарэшты. Фактычна, гэта вяртае нас да тэорыі гіпастазаў або, у лепшым разе, пэоны ператвараюцца ў нейкую факультатыўную мадыфікацыю «ямбу» ды «харэю».

Тым часам зробленыя апісаньні паказваюць настойлівае імкненьне ўсіх разгледжаных памераў да інварыянтнае пэонавае структуры. Амплітуда пэонаў арганічная для мовы. Менавіта гэты момант дае падставу ў кантэксьце вершу называць пэонамі, цэлымі ці абсечанымі, тыя адзінкі, дзе ёсьць толькі адзін ікт і амплітуда ніяк сябе не праяўляе. Усе фрагмэнты радкоў – пэонавыя. Аднак кожны памер мае сваю гісторыю. З чатырох разгледжаных тыпаў вершу шасьціскладовік, або «пэон першы», і васьміскладовік, або «пэон трэці», склаліся «стыхійна», яшчэ ў сылябіцы, абодва пры скандоўлі могуць быць зьведзеныя да «харэю». Сямі- ды дзевяціскладовыя радкі разьвіваліся «дактрынальна», адразу як «ямбы», а ў якасьці інварыянтаў маюць адпаведна будову «пэону другога» і «пэону чацьвёртага».

Адпаведна кожны з памераў выяўляе свой адметны характар, цесна зьнітаваны з гісторыяй. «Сяміскладовік» узьнік у форме, набліжанай да інварыянту, і мала мяняўся. «Васьміскладовік» вельмі хутка эвалюцыянаваў, маючы нахіл да інварыянтнасьці. «Шасьціскладовік», наадварот, эвалюцыянаваў у бок інварыянту запаволена і неахвотна, заўжды захоўваючы схільнасьць да анамаліяў. «Дзевяціскладовік» жа адразу паўстаў з прэтэнзіяй на інварыянтнасьць, але з усіх памераў ён найбольш адхіляўся ад нормы, маючы нейкую нутраную дэструкцыйную патэнцыю і рознаскіраваныя вэктары анамальнасьці. Нягледзячы на ўсю рознасьць формаў, можна заўважыць, што валы памераў вытрымваюць аптымальнае аддаленьне – тры слабыя склады. Ці, дакладней, два роўні з мажлівым усплёскам – радзей пералівам – пасярэдзіне.

Як варыяцыі і мадыфікацыі працуюць на адзінае рытмавае заданьне, пакажам яшчэ раз на вялікім урыўку зь вершу Старога Ўласа «Вясна»:

Ужо вады п о ў н ы разоркі, (1)
І зачарнеліся узгоркі, (2)
Як бы сухія лішайкі, (3)
Ды зашумелі ручайкі. (4)
А зьнізу лёгкі ветрык вее, (5)
Ды сонейка / так цёпла грэе, (6)
Бор неяк весела шуміць, (7)
Ў л у з е травіца зеляніць. (8)
І ўсё ўжо будзіцца ад сна, (9)
Бо набліжаецца вясна! (10)
А д ж ы л і дробныя мурашкі, (11)
Ч а р в я к і, м а т ы л ь к і, а пташкі (12)
Шчабечуць, звоняць і пяюць, (13)
Л ю д з я м ахвоты паддаюць. (14)
Жавараначка ў прасторы (15)
Шчабеча, як у сінім моры, (16)
Плыве і бусел, і жураў, (17)
І дрозд запеў і засьвістаў. (18)
А як тыкеля ён засьвішча, (19)
Ляціць глушэц на такавішча. (20)
Гудзіць лятучы тоўсты жук, (21)
Балбоча ёмка цецярук, (22)
Пішчаць дзесь чайкі на балоце, (23)
П л і с к а хвастом трасе на плоце, (24)
Гурчыць працяжна жабін хор, (25)
І дзеці пруцца з хат на двор. (26)

З грунту, гэта банальны «чатырохступовы ямб», які мы вышэй дамовіліся называць дзьвюхступовым пэонам чацьвёртым. Але рытмавым мадуляцыям урыўку можна толькі пазайздросьціць. «Чысты ямб» даюць радкі 5, 21, 25 і 26-ы. Радкі 7-ы і 9-ы «нагружаныя» сысталамі. А 23-і гучыць яшчэ цяжэй, бо сыстала дапаўняецца зьбегам зычных, якія ўтвараюць кансананс. Затое 2-і, 3-і, 4-ы, 10-ы і, у нейкай ступені, 19-ы, наадварот, могуць быць названыя «лёгкімі» за кошт «пірыху». Разлом ёсьць толькі ў 6-м. У 16-м разлому не дапускае дыястала на слове як. Інвэрсіяў куды больш: у 1, 8, 11, 14 і 24-м радкох. У 12-м – «падвоеная» інвэрсія, яна прыпадае і на ўсплёск, і на вал. У кантэксьце ўрыўку дэструкцыйны вынік такой інвэрсіі згладжваецца за кошт рытмавага паралелізму: словаформа чарвякі па вэртыкалі дакладна адлюстроўвае словаформу аджылі. Асабліва цікавы 15-ы радок, які можна назваць ірацыянальным. Тут націск на першым складзе нібыта намяркоўвае інвэрсію, але далей – аж да канстанты – прапушчаныя ўсе акцэнты ды бракуе аднаго складу.

На падставе праведзенага апісаньня можна зрабіць сякія-такія карэктывы да тэрміналёгіі Андрэя Белага. Пропускі рытмавых націскаў ня так паскараюць, як палягчаюць радкі. Адпаведна, наяўнасьць «ямбавых» усплёскаў абцяжарвае верш. Другую ступень абцяжарваньня даюць сысталы («спандэі»), а трэцюю – кансанансы. Паскораных радкоў наагул не бывае, бо час у квалітацыйным вершаваньні не выконвае рытмаўтваральнае функцыі, ён аднолькавы для ўсіх шэрагаў. Затое можна гаварыць пра «запаволены», ці, лепш, «затрыманы» рытм на месцы разлому. Запаволеньне дае «аказіянальная цэзура», якая радок падзяляе на два асымэтрычныя (і даўжынёю, і націскамі) радкі, што ўносіць у рытмавы працэс момант хаатычнасьці, гутарковую інтанацыю.

І ўсё ж рытмавая інэрцыя падпарадкоўвае сабе ўсе радкі бяз вынятку, пульсуючы ў абсягах пэонавае кадэнцыі. Такі вынік мы атрымваем на практыцы. Што да «сыляба-танічнай», «ямба-харэевай» дактрыны, дык яна таксама не зусім бязглуздая, бо, так ці гэтак, рэгулюе пісаньне вершаў, дапамагае вэрыфікаваць пасьлядоўнасьць націскаў, заразом уносячы свае абмежаваньні і свае анамаліі. Спраўдзім цяпер разгледжаныя законы на вершах з даўжэйшымі радкамі.

4. Дэскрыпцыя люстраной і лінейнай сымэтрыі. Шасьціскладовік, як ужо зазначалася, узьнік у выніку распаду цэзураванага дванаццаціскладовіка. Прыкладам апошняга могуць служыць такія радкі:

Н а д г о р а д а м зорка // ясна засьвяціла, (1)
Н а с т а ў д з я н ё к важны, // – і Масква ажыла! (2)
К р ы ч ы ц ь на ўсё горла // н а р о д весяленькі, (3)
Ш т о н а в я с ь ц і ц ь горад // ц а р о ч а к дабрэнькі. (4)
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Схема паказвае: усе паўрадкі дванаццаціскладовіка паводле будовы тоесныя радком шасьціскладовіка. Яны нібы гатовыя схемы, якія могуць і складвацца, і дзяліцца, але ўнутрана захоўваюць імкненьне да пэону першага. Верш В. Дуніна Марцінкевіча, апрача другога паўрадка 1 га радка, увесь інвэрсіяваны. Зрэшты, яго структураў няма сэнсу чапаць, бо падобныя разглядаліся вышэй. Асобную цікавасьць становіць толькі першы паўрадок 4 га радка. Перад намі гранічная ступень інвэрсіі: пульсанта ўсутыч набліжаецца да канстанты, утвараючы зьбег націскаў, нешта накшталт спандэю. А разьвязваецца гэтая цяжкасьць праз выбух: сэмантычная пульсанта, якая падае на слова навясьціць, і рытмавая канстанта, якая прыпадае на слова што, стаяць, як ужо зазначалася, «у розных вымярэньнях».

Розьніца ж варыянтаў сылябічнага дванаццаціскладовіка і гэтак званага цэзураванага «шасьціступовага харэю» праяўляецца толькі ў прыватнасьцях, што паказвае прыклад:

Маскаліска тугы // вяжаць нам язык, (1)
Ў беларускай хаце // д у х н у ц ь не даець. (2)
А хацеў бы я, // г у д а р маладзік, (3)
Для Багдана, Польшчы // сёгня пагудзець. (4)
Войслаў Савіч-Заблоцкі

Гэты верш заўсёды зьдзіўляў мяне нейкім загадкава энэргічным гучаньнем. Энэргічнасьць страфы, як відаць з папярэдніх разваг, дасягаецца праз рэгулярныя выбухі, якімі пачынаюцца ўсе першыя паўрадкі. Агулам, не зважаючы на пералівы, памер можа быць зьясьняны як «сыляба танічны», тым больш што тут тарнуюцца нехарактэрныя для сылябікі (зарыентаванай на польскую традыцыю) тупыя кляўзулы. А першы паўрадок 3 га радка нават цэзуру мае тупую – у выніку 1 ы радок адзінаццаці , а 3 і – дзесяціскладовы. Але гэта толькі вонкавыя адзнакі. Нутраная ж будова вершу функцыянуе паводле тых самых законаў дванаццаціскладовіка, якія мы назіралі вышэй, бо зьмянілася толькі фармальная даўжыня радка за кошт малаактуальных пасьляканстантавых складоў.

Варта заўважыць: В. Савіч Заблоцкі, сымпатызуючы польскай культуры, мусіў бы, як і В. Дунін Марцінкевіч, пісаць пад уплывам «сылябічнае» традыцыі, але тут мы бачым перавагу «сыляба тонікі». Чаму? Пэўна што выхаваньне пад наглядам расейскага генэрала, навучаньне ў Пецярбурзе не мінуліся для паэта марна і наклалі свой адбітак на яго рытмавыя стэрэатыпы, якія пазьней ускладніліся пад уплывам беларускага фальклёру і польскае літаратуры. Так ці гэтак, а структуры, «выгадаваныя» ў «сылябіцы», арганічна ўліваюцца ў «сыляба тоніку», яшчэ больш «прыгладжваюцца», выроўніваюцца і натуральна функцыянуюць пад новаю шыльдаю.

Спакваля для выраўненага дванаццаціскладовіка адзінаю прызнанаю мадуляцыяй становіцца выбух, што гаворыць пра сьведамую арыентацыю яго аўтараў на харэевую канвэнцыю. І толькі старанна вытрыманая мэдыяна ўсё яшчэ нагадвае пра «сылябічнае» паходжаньне памеру. У гэтым пляне паказальны наступны ўрывак:

Ні сатрапны бразгат // царскіх эскадронаў,
Ні крывавы тупат // панскага глумленьня
Не спынілі крокаў // слаўных пакаленьняў
Да свабоды мужнай, // сонцам азаронай.
Піліп Пястрак

Хіба толькі заходнебеларускі паэт мог узяць для санэту такі памер, як цэзураваны шасьціступовы харэй, які сягае канону «сылябічнага» дванаццаціскладовіка. Але зь іншага боку, толькі паэт, выхаваны на традыцыях расейскае «сыляба-тонікі», мог праз чатырнаццаць радкоў ня ўжыць жаднага пераліву. Такая дваістасьць – вельмі характэрная рыса беларускае паэзіі пачатку ХХ стагодзьдзя, калі і традыцыйныя польскія, і новыя расейскія культурныя ўплывы ўраўнаважваюцца ды на хвілю застываюць у нейкім няўстойлівым, але надзвычай плённым сынтэзе. Зрэшты, у розных аўтараў яны па-рознаму вар’ююцца. У заходнебеларускай паэзіі 1920–1930-х гадоў яшчэ досыць часта можна было натрапіць на інвэрсіяваны верш узору XIX стагодзьдзя:

Кінь жа ты дзіцятка // б я з м а т к і у полі,
Дай яму і цацак // і яды даволі –
Крыху пагуляе, // а пасьля пачне
Клікаць сваю родну // з плачам да сябе.
Тарэса

Калі пры чытаньні Тарэсы не пільнавацца цэзуры, дык яе верш, як даўней верш Дуніна-Марцінкевіча ў вачох Багдановіча, падасца занадта грувасткім. І ўсё ж, арыентацыя на польскую культуру тут узглядная: паэтка яўна ўсьведамляла рытмавыя мажлівасьці беларускае празодыі і таму праводзіла пасьлядоўную, хоць і няхітрую альтэрнацыю простых ды тупых кляўзулаў.

Славянскія мовы, у якіх няма фіксаванага націску, менавіта за кошт кляўзулаў дазваляюць багата вар’яваць рытмы, так што ў рамах творчасьці аднаго паэта ці паэзіі ў цэлым яны ствараюць уражаньне разнастайнасьці, адначасна, у абсягах вершу, захоўваючы інварыянтнасьць, якая робіць іх напеўнымі. Як бы па-рознаму ні выглядалі гэтыя вершы, перад намі адзін рытмавы тып, той самы інварыянт:

Я иду долиной, // на затылке кепи,
В лайковой перчатке // смуглая рука.
Далеко сияют // розовые степи,
Далеко синеет // быстрая река.
Сяргей Ясенін

І, адпаведна:

Есть одна хорошая // песня у соловушки –
Песня панихидная // по моей головушке.
Сяргей Ясенін

Ведама, падобным формам, пазбытым пераліваў, можна закінуць у віну іх «манатоннасьць». Але тут ужо нічога не паробіш, паэту трэба выбіраць: або напеўнасьць, або шырыня мадуляцыяў.

Дарэчы, апошні прыклад, як можна заўважыць, гэта той самы адменьнік «шасьціскладовіка» (толькі ўжо пасьлядоўна ўнармаваны і «здвоены»), які мы бачылі раней на прыкладзе з Паўла Васільева. Аналягічны верш, куды больш арганічны, г. зн. у меру вар’яваны выбухамі (першыя паўрадкі 1-га і 2-га радкоў) ды пералівамі (другі паўрадок 4-га радка), можна сустрэць і ў беларускай паэзіі – фактычна гэта адпаведнік ваганскага вершу:

Пазяхае раніца // ветрыкам нявыспаным. (1)
Дрэвы пацягаюцца, // гольлямі шумяць. (2)
Плечы распраўляюць // д у б ы ганарыстыя, (3)
на зямельцы прадзедаў // вартаю стаяць. (4)
Ларыса Геніюш

Лёс «шасьціступовага ямбу», гэтаксама як і «чатырохступовага», істотна розьніцца ад лёсу «шасьціступовага харэю». У беларускую культуру даны памер лучыў праз расейскую традыцыю. Таму варта хоць бы пункцірна прасачыць гісторыю яго станаўленьня. Пачатак памеру сягае францускага дванаццаціскладовіка (6+6), дзе першы паўрадок зьмяшчае шэсьць складоў, а другі – шэсьць з наростам. Тупая цэзура першага паўрадка, якая адпавядае францускаму акцэнту на апошнім складзе і супадае заразом зь ямбаваю дыярэзаю, ды простая кляўзула другога паўрадка даюць нам інварыянт – два дзьвюхступовыя пэоны другія. Менавіта ў такой «сфранцужанай» форме («італьянскімі» можна назваць разгляданыя вышэй дванаццаціскладовікі харэевай кадэнцыі) і прынёс «шасьціступовы ямб» у расейскую паэзію В. Трэдзіякоўскі:

Желает человек // блаженства непреложно. (1)
Сему – высокий чин, // и сила тем, и честь; (2)
Тот счастия себе // в богатстве чая ложно, (3)
Преумножая все // обилие, что есть. (4)
Васілі Трэдзіякоўскі

Пазбыты пераліваў, як і папярэднія расейскія вершы, гучыць ён роўна, нават напеўна, але зноў жа – досыць аднастайна, бо за мадуляцыю мае толькі выбух (гл. першы паўрадок 4-га радка). Праўда, неўзабаве ўсё мяняецца, наўсьлед за Трэдзіякоўскім Ламаносаў уводзіць ў ужытак шасьціступовік «нямецкага» кшталту:

Кузнечик дорогой, // коль много ты блажен, (1)
Коль больше пред людьми // ты счастьем одарен! (2)
Препровождаеш жизнь // меж мягкою травою (3)
И наслаждаешся // медвяною росою. (4)
Міхаіл Ламаносаў

Адрозьніваецца ламаносаўскі тып тым, што першыя паўрадкі пры аднолькавай колькасьці складоў могуць мець як тупую, так і сьлізкую цэзуры (гл.: 4-ы радок). Гэтая анамалія нагадвае ўжо знаёмы нам разлом, які дае перасмык. Але тут мы маем перасмык без разлому, бо ролю апошняга выконвае мэдыяна. У выніку на ўсіх адцінках, дзе ёсьць сьлізкая цэзура, замест другога пэону ўзьнікае пэон чацьвёрты, які, сваім парадкам, схіляецца да дзьвюхступовага дактылю. (Раней мы назіралі адваротнае: замену чацьвёртага пэону другім.) Дэструкцыя падобнага кшталту запраўды пазбывае верш манатоннасьці, пра што ўспаміналася ў прапэдэўтыцы, але заразом набліжае яго да прозы. Добра гэта ці не – залежыць ад густу і намэты песьняра. Аднак тут ніяк нельга пагадзіцца з М. Гаспаравым, быццам такі згерманізаваны «ямб» стаіць бліжэй да «патрабаваньняў натуральнага рытму вершу». Разважаючы падобным спосабам, можна дадумацца да таго, што сама «натуральным» вершам стане проза.

Тым часам нямецкія прататыпы гучаць зусім ня так, як «згерманізаваныя» расейскія вершы. «Пропускі націскаў, – зазначае В. Жырмунскі, – ня ёсьць у іх звычайнаю асноваю для вар’яваньня рытму». Нямецкая мова запраўды натуральна ўкладваецца ў двухскладовыя памеры, практычна не ўтвараючы «пірыхаў». Рэч у тым, што ў сваім гістарычным разьвіцьці праз фанэтычную рэдукцыю звычайныя нямецкія словы скараціліся да аднаго ці двух складоў. А «многія гэтак званыя "складаныя словы"», што, як ведама, вельмі пашыраныя ў нямецкай мове, на думку Л. Шчэрбы, «ёсьць словамі адно паводле формы, а з грунту» могуць уважацца за сынтагмы. Адсюль – кожная лексэма, якая мае тройку і болей складоў, апрача галоўнага націску (Hauptton) заўжды мае пабочны націск, ці г. зв. «паўнаціск» (Nebenton), такі моцны, што, як кажа М. Гаспараў, «ён можа рымавацца з асноўным».

Дарэчы, яшчэ задоўга да Ламаносава немцы на службе ў расейскага цара ўжо спрабавалі на славянскай дзяльніцы досьвед уласнае сыляба-тонікі. І, сярод усяго іншага, у канцы вершавога радка тарнавалі звыклыя для іх «паўнаціскі». Але з гэтага нічога ня выйшла, бо «паўнаціскі» на канстаньце не спрацоўвалі – не ўзьнікала дыястала, як не ўзьнікае яна і на сьлізкай цэзуры. Заўважым, такое прыймо груба парушае ня толькі расейскую, а ўсякую іншую славянскую акцэнтуацыю. Аднак пры пэўных намаганьнях у паэзіі заўжды можна знайсьці кампраміс паміж канвэнцыяй і празодыяй, абы толькі разумна іх спалучыць. Такі кампраміс знайшоў Ламаносаў, дазволіўшы перасмык на цэзуры і забараніўшы на канстаньце, што стварыла ілюзію цэласнасьці памеру. Хоць насамрэч ізноў у прынцып «сыляба-танізму» нішком быў усунуты прынцып «сылябізму», ды яшчэ ў сваёй найвульгарнейшай праяве.

Вось жа, з францускае мовы празь нямецкую, а зь нямецкае праз расейскую францускі александрыйскі верш лучыў і ў беларускую літаратуру:

Александрыйскі верш! // Ты ціхі, як Эрэбус,
Хаваючы агонь // пад сьнегам. Хто in rebus
Musarum знаецца, // ня можа не любіць
Тваёй паважнасьці. // Таму-то аднавіць
Хацелася табой // мне звычай пазабыты
Эпісталы пісаць. // Ну, а цяпер спачні ты.
Максім Багдановіч

Спрэчак аб паходжаньні Багдановічавай александрыны быць ня можа: гэта «шасьціступовы ямб» у характэрнай ламаносаўскай інтэрпрэтацыі. Ніхто не сумняецца ў плённым засвойваньні беларускім паэтам францускае літаратуры, але рытмавыя стэрэатыпы, выхаваныя тэарэтычна, а найперш – яшчэ з маленства – тэксталягічна, пераадолець вельмі цяжка. Калі б Багдановіч вучыўся ў польскай традыцыі – хутчэй за ўсё, ён пісаў бы па-беларуску трынаццаціскладовікам. Калі б ён зьвярнуўся да арсэналу нашаніўцаў, дык за адпаведнік александрыны мог бы ўзяць разгляданы вышэй дванаццаціскладовік. Калі б ён ведаў тэорыю вершаваньня павярхоўна, гэтаксама, як савецкія аўтары, наагул ня здолеў бы ўпільнаваць цэзуры. А калі б ён, як Трэдзіякоўскі, паспрабаваў беспасярэдне перастварыць францускі прататып у «ямбе», дык пісаў бы менавіта такім «ямбам», у якім няма перасмыкаў:

Начлежнікі пяюць. // Над вогнішчам туман.
А сьпеў – вясёлы сум. // А галасы – рачулкі.
Плывуць адтуль з кустоў, // з асрэбраных палян
Частушкі – як званкі, // частушкі – як бразгулкі.
Зьмітрок Бядуля

Ведама, Бядуля наўрад ці ставіў сабе за мэту перастварэньне францускага або якога іншага ўзору. Хутчэй за ўсё, ён пісаў «на слых», стараючыся ўкласьці ўражаньні ў напеўны твор. Глянуўшы на гэты тэкст, мы бачым: як раней паўрадкі дванаццаціскладовіка паўтаралі радкі шасьціскладовіка, таксама тут паўрадкі «шасьціступовага ямбу» паўтараюць гатовыя схемы анакрэонтыка.

Вось жа, калі беларускі «шасьціступовы харэй», супраць расейскага, выкшталтаваў на арганічным этапе свайго станаўленьня адумысную мадуляцыю пераліваў, дык у «ямбе» нічога падобнага не назіраецца. Напрацаваная расейскаю літаратураю традыцыя, а ў нейкай ступені і тэорыя (якая ў «харэі», аднак, праявілася «крыху» па-іншаму) надалей схіляюць беларускіх паэтаў культываваць у якасьці клясычнага, прыдатнага для санэтаў ламаносаўскі «шасьціступовы цэзураваны ямб» зь перасмыкамі (гл. 2-ы і 3-і радкі):

А ў вёсцы блізкай дзед // старэнькі бае, сівы, (1)
Пра страхі розныя, // што там таяцца й дзівы (2)
Начніц, што пацеркі // нанізваюць з расы (3)
І на шляху снуюць // і сеюць сьпеў жуды; (4)
Ды аб княжне дзіўной, // нябачанай красы, (5)
Ў замковай вежы век // згубіўшай малады. (6)
Уладзімер Жылка

Дагэтуль усе разгляданыя цэзураваныя «доўгія» памеры так ці інакш лучыліся зь нецэзураванымі «кароткімі». Істотна адрозную ад іх прыроду мае сымэтрычны (5+5) дзесяціскладовік польскага ўзору. Далей мы яго будзем называць дзесяцьцёвік, каб адрозьніваць ад сэрбскага асымэтрычнага (4+6) памеру, што здаўна ведамы як дзесяцерац. Дзесяць складоў – гэта тая граніца даўжыні радка, якая ня можа за раз успрымацца на слых і дзеля таго мусіць падавацца «порцыямі», аддзеленымі адна ад адной цэзураю:

Кажуць старыя, // калі даць веры, (1)
Што былі пушчы, // лясы бязь меры, (2)
Пчол надта многа, // мёду – як гліны, (3)
Птаства бязь ліку, // процьма зьвярыны, (4)
Дзікоў, мядзьведзяў, // гусяў і лосяў... (5)
Цяпер жа нешта // усё зьвялося... (6)
Стары Ўлас

Даўжыня кожнага паўрадка ў пяць складоў, пры простай кляўзуле, не дазваляе пульсанце аддаліцца больш чым на два роўні, і, як вынік, інварыянтам дзесяцьцёвіка ёсьць два дзьвюхступовыя дактылі (3-і радок). Часамі пульсанта рэгрэсійна адхіляецца, ці, інакш, ссоўваецца ў бок канстанты, фармальна ўтвараючы «дзьвюхступовы ямб», а фактычна – пераліў (6-ы радок). Першыя два склады – гэта адзіны абсяг віхтаньня пульсанты. Іншыя акцэнты, што ўсутыч набліжаюцца да канстанты, ператвараюцца ў сысталы, у супарат якім могуць разьвівацца дыясталы (першы паўрадок 2-га радка). Але нават інварыянтныя, чыста «дактылёвыя» адцінкі дзесяцьцёвіка становяць сабою дактыль нестандартны з абсечанаю цэзураю, нечым падобны да «харыямбу». А ўсё разам – і ўемны дактыль, і «ямбавыя» пералівы – стварае тое непаўторнае энэргічна-пералівістае гучаньне дзесяцьцёвіка, зь якім ня можа параўнацца ні дольнік, ні лягаэд.

Беларускі дзесяцьцёвік – ня міт і ня байстар, як лічаць нашыя вэрсолягі, ім напісана нямала прыгожых лірычных вершаў. Гэты памер вельмі падобны да свайго польскага прататыпу, але супраць апошняга мае куды большыя абсягі ў вар’яваньні кляўзулаў. Беларускія паэты добра адчувалі гэтыя мажлівасьці і таму побач з простымі кляўзуламі свабодна карысталіся тупымі:

Вось посьле бурнай // жніўнай пары
Верасень хмурны, // як дзед стары,
З торбаю поўнай // да нас ідзець.
Малыя пеўні // ўжо сталі пець.
Замільгацелі, // як не былі,
І адляцелі // ў вырай буслы.
Стары Ўлас

Чыста колькасна, за кошт тупых канчароў, кожны радок тут утрымвае толькі дзевяць складоў. Але было б дзіўна, калі б мы пачалі сьцьвярджаць, дзей гэтыя вершы якасна розьняцца ад цытаваных вышэй. А тым часам «сылябічная» догма «сыляба-таністаў» вымагае менавіта такога прачытаньня. Як бачым, абкарачэньне пасьляканстантавых складоў насамрэч не мяняе дактылёвага інварыянту, як раней не мяняла пэонавых.

Сярод доўгіх памераў дзесяцьцёвік – сама кароткі, таму ён мала калі дзеліцца на драбнейшыя, пяціскладовыя адзінкі. Аднак наяўнасьць у ім цэзуры падставу для падзелу дае. Калі ж нутраныя рымы ўзмацняюць цэзуру, як было ў апошнім прыкладзе з Старога Ўласа, дык дзяленьне хаця-нехаця напрошваецца само. Цікавы ўзор дзесяцьцёвіка спатыкаецца ў беларускай калядцы XVIII стагодзьдзя: тут парныя рымы злучаюць то паўрадкі, то радкі, то адначасна тое і другое, намяркоўваючы (///) ці паслабляючы (//) патэнцыйны падзел:

З радасьці оны /// чэрнцы паклоны
Ныне злажыці /// к Богу бяжыце.
І вы, чарнічкі, /// у чаравічкі
Абуйце ногі /// з радасьці многі.
Вы, небажаты, /// малы хлапчаты,
Сьпяшайце к Богу /// ў стайню убогу.
Кушняры, з футра /// надрэце кутра,
Краўцы, прастаньце // скраўкі хаваці:
Сам Бог работу // рачыць вам даці.
Кавалі гвозьдзі // зрабеце з копу,
Абы абіці // тую там шопу.
Гантары, гонтаў // і лат дадайце,
Сталяры, дзьверы // хутка гатуйце,
А вы, сьлясары, // іх прырыхтуйце.
Усе шныцары, /// купна з маляры,
Да тае шопы // робце аўтары.
Шкляры, балоны /// да шопы оны
Папрыпраўляйце, /// чэсьць Богу дайце.

Спраўджаньне такога падзелу і пераўтварэньне яго паўрадкоў у самастойныя радкі пяціскладовіка можна бачыць на наступным прыкладзе:

Сьнегу ў калена
І белы шлях.
Там дзяцька сена
Вязе ў санях.
Стары Ўлас

Няўважлівы вершазнаўца пяціскладовік можа лёгка зблытаць зь дзьвюхступовым дактылем, які становіць яго інварыянтнае з’ішчаньне, ці дзьвюхступовым «ямбам», які становіць з’ішчаньне варыянтнае. Пазьней на гэтай падставе ў «сыляба-танізьме» адбылося раздваеньне пяціскладовіка на «дактыль» і «ямб».

Цікава зазначыць, што сучасныя паэты, вызнаючы сыляба-танічную канвэнцыю, якая забараняе перамяшчэньне пульсанты, ахвотна зьвяртаюцца да «варыянту» і ўхіляюцца ад «інварыянту». Прынамсі, дзьвюхступовыя «ямбы» здараюцца ў беларускай паэзіі досыць часта, чаго ня скажаш пра адпаведныя дактылі. Прычына палягае, пэўна што, у большай напружанасьці «варыянтнае» рэалізацыі, якая пры пэўных варунках супраць волі паэта можа ператварацца ў інварыянт і задаваць неагаданую пульсацыю (гл. ніжэй 3-і радок), немажлівую ў манатонным інварыянце:

Вартуе горад (1)
Начная варта (2)
Там дзе ня трэба (3)
Хадзіць ня варта (4)
Міхал Анемпадыстаў

Калі ж вярнуцца да дзесяцьцёвіка, дык трэба зазначыць, што яго рэфлексы ў квазіямбавай рэалізацыі зрэдку тарнуюць і сучасныя аўтары, асабліва пры арыентацыі на фальклёр, відаць, нават мала задумваючыся, з чым яны насамрэч маюць справу:

Каціўся яблык // зь зялёнай горкі,
У хаце госьці // крычалі «горка».
Каціўся яблык, // як сонца, сьпелы,
Да маладой у / сукенцы белай.
Марыя Шаўчонак

Ёсьць больш заблытаныя, ускладненыя леймамі рэфлексы:

Загад пячаткай // замацаваны –
Пярсьцёнкам біску/па // самога,
Каб грахаводні/цу дзеўку Анну
Аддаць на споведзь // агню сьвятога…
Максім Танк

А некаторыя апасродкаваньні «сыляба-таніст» наагул мог бы сьпісаць на г. зв. «дольнік» ці «тактавік». Але ня ўбачыць у іх рэфлексу дзесяцьцёвіка можа толькі той, хто захоча сьведама ўхіліцца ад пазнаньня:

Гі/сторыю гэту/ю // кожны сабака
За / костку курыну/ю // распавядзе:
Такіх сяброў, як // сьмя/цяр Кукабака
І / Сымон-музыка, // ня / стрэнеш нідзе.
Возіць Кукабака // сьмецьце за горад
На старым грузавіку // ў зялезнай скрыні,
А / Сымон-музыка // раз/вучвае творы
Баха, Бэтховэ/на // й Паганіні.
Алег Мінкін

Між іншым, менавіта «сыляба-танічным» рэфлексам дзесяцьцёвіка ёсьць славуты дактыль Г. Дзяржавіна зь леймаванаю цэзураю, на які такую пільную ўвагу зьвярталі Ё. Бродзкі як паэт і М. Гаспараў як гісторык вершу:

Что ты заводишь // песню военну
Флейте подобно, // милый снегирь?
С кем мы пойдём вой/ной на Гиену?
Кто теперь вождь наш, // кто богатырь?

Відаць, празь нейкія польскія ўзоры расейскі клясык засвоіў рытмавы стэрэатып дзесяцьцёвіка, але ня здолеў даць яму добрае «сылябічнае» рэалізацыі. Мы бачым: тое, што ў расейскай паэзіі мажлівае, але да гэтае пары падаецца рарытэтам, беларускія паэты арганічнае пары ўжывалі ледзь не штодзённа. Гэта яшчэ раз паказвае, як уплывае на норму рытму прынятая ў літаратуры канвэнцыя. Дарэчы, дзяржавінская інтэрпрэтацыя дзесяцьцёвіка вельмі нагадвае разгляданую вышэй рэалізацыю дванаццаціскладовіка В. Савічам-Заблоцкім.

Апісаньні ўсіх доўгіх радкоў паказваюць нам адмысловую ролю цэзуры: ня маючы загадзя намеркаванага парадку чаргаваньня іктаў, нельга дабіцца рытмавага ладу ў адзінках на дзесяць і болей складоў. Доўгі ізасылябічны радок без цэзуры нічым ня будзе розьніцца ад прозы, што гаворыць пра недастатковасьць ідэі ізасылябізму. Не дае чаканага эфэкту і двухскладовая дактрына. Нездарма А. Квяткоўскі пісаў, што двухскладовая ступа «ня можа служыць колькаснаю мераю рытмавага працэсу дзеля скрайняе абмежаванасьці свайго абсягу». Вышэй мы пераканаліся, што без уліку чатырохскладовае амплітуды яна выклікае разломы нават у васьмі- і дзевяціскладовых радкох. А таму чым даўжэйшымі будуць радкі – тым больш разломаў дадуць нам «ямбы» ды «харэі». Аднак практыка паказвае, што слушнага рытму ў доўгім радку можна дабіцца, не здрабняючы яго цэзурамі, калі пільнавацца трох- або чатырохскладовае амплітуды чаргаваньня іктаў.

Неяк У. Хадасевіч ў успамінах пра В. Брусава заўважыў:

Як ён радаваўся, калі «адкрыў», што ў расейскай літаратуры няма вершу, напісанага чыстым пэонам першым! І як прастадушна зажурыўся, калі я сказаў, што ў мяне ёсьць такі верш і быў надрукаваны, толькі не ўвайшоў у мае зборнікі.

– Чаму не ўвайшоў? – запытаўся ён.

– Кепскі, – адказаў я.

– Але ж гэта быў бы адзіны прыклад у гісторыі расейскае літаратуры!

Гэты цікавы пасаж уводзіць нас у новую адметную праблематыку вершаваньня. Бадай што ня кожны з нашых сучасных паэтаў пры чытаньні гэтага ўрыўку зразумее, пра што тут, урэшце, ідзецца. Я таксама доўгі час ня меў жаднага ўяўленьня аб пэонах. Але нават нічога ня чуўшы пра іх, ня мог не захапляцца надзвычайнаю гучнасьцю, нейкаю сьвяточнаю напеўнасьцю вось гэтых радкоў:

Вёсны возвращаются! И снова, (1)
На кистях черёмухи горя, (2)
Губ твоих коснётся не сурово (3)
Красный, окаянный свет былого – (4)
Летняя высокая заря. (5)
Павал Васільеў

Традыцыйная тэорыя вершаваньня не давала рады растлумачыць мне, чаму «пяціступовы харэй» расейскага паэта – такі лёгкі, такі грацыёзны, які мала ў каго бывае. Пазьней выявілася: непаўторны рытм П. Васільева – гэта і ёсьць той самы «пэон першы», якога дамагаўся В. Брусаў. Калі раней шасьціскладовік даваў нам гэты памер толькі ў дзьвюхступовай рэалізацыі, дык тут мы маем цэлыя тры ступы пэону – рэч, якая сягае ўжо па-за мажлівасьці «сылябікі». Невыпадкова менавіта для ўсходнеславянскіх моў характэрны падобны верш.

Такі самы пэон мы спаткаем і ў украінскай паэзіі:

На Підгір’ю села невеселі (1)
Простяглися долом-долинами, (2)
Мов край шляху на твердій постелі (3)
Сплять старці, обвішані торбами. (4)
Іван Франко

І ў беларускай:
Скончылася лета... Не сумуй! (1)
Звыклаю хадою час прастуе. (2)
Ад спакою ён цябе ўратуе, (3)
Ад самоты – сам сябе ратуй. (4)
Не сумуй... Яшчэ ў тваіх гадах (5)
Верасень – ня першая прыкмета... (6)
Падаюць антонаўкі ў садах. (7)
Скончылася, скончылася лета! (8)
Уладзімер Някляеў

Або:

Пакланюся я табе, царыца, (1)
Чыстая, сьцюдзёная вадзіца. (2)
Ты цячэш балотамі, імхамі, (3)
Жоўтымі, сыпучымі пяскамі, (4)
Берагі крутыя падрываеш, (5)
Дрэвы ды каменьні падмываеш... (6)
Максім Багдановіч

Падобных вершаў, чыста вытрыманых, існуе параўнальна няшмат. І з прыточаных прыкладаў пурыстычная тэорыя пэону, якую я вышэй крытыкаваў, мусіла б забракаваць 2-і радок П. Васільева, 1-ы, 2-і і 3-і І. Франка, 3-і, 4-ы, 5-ы У. Някляева ды 1-ы, 5-ы М. Багдановіча. Балазе, з падобнымі адхіленьнямі мы ўжо знаёмыя: гэта тыя самыя дыясталы-выбухі, якія вар’ююць, але не мадыфікуюць рытм.

Не перабольшу, калі заяўлю, што пэон першы, асабліва трохступовы, – гэта найпрыгажэйшы з усіх мажлівых і немажлівых вершавых памераў. Мне заўжды, на гвалт, хацелася дабіцца такога самага напеўнага «пяціступовага харэю». Я старанна вытрымваў усе патрабаваньні тэорыі сыляба-танізму. Але мой «харэй» чамусьці ня «лётаў», а «поўзаў». Толькі пазьней выявілася, што я не вытрымваў правілаў альтэрнацыі (не пісаў пэонамі!) – і «харэй без пэонаў» разбуралі нявідныя для вока разломы, прыкладам:

Будуць слухаць / ледзяныя сьвечкі (1)
месяцовае / сьвятло аргана, (2)
а малітва строгая асьвеньціць (3)
нашае языцкае каханьне. (4)
Юрась Пацюпа

Цікава заўважыць, што разломы дае ня толькі брак акцэнтаў на моцных месцах пэонаў, а наагул уся будова радка, у тым ліку «лішнія» націскі канстанты. Калі мы ў гэтых радкох з разломамі адсячэм дзеля экспэрымэнту канцавыя словы, дык атрымаем новы перасмык і няспраўджаны пэон першы абернецца слушным, вельмі лёгкім пэонам трэцім без разломаў:

Будуць слу