A R C H E | П а ч а т а к | № 4 (38) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
ГАБРЫЕЛЬ ГАРСІЯ МАРКЕС | ||||
Каханьне падчас халеры
Прысьвячаецца Мэрсэдэс,
вядома ж.
Леандра Дыяс
Гэта было непазьбежна: пах горкіх мігдалаў заўсёды змушаў доктара Хувэналя Ўрбіна думаць пра лёс тых, чыё каханьне адрынулі. Ён улавіў злавесны пах, як толькі пераступіў парог яшчэ пагружанага ў змрок дому, куды накіраваўся зь пільнай патрэбы, якая шмат гадоў таму перастала быць для яго пільнай. Антыльскі ўцякач Ерэмія дэ Сэнт-Амур, інвалід вайны, дзіцячы фатограф і самы паблажлівы спаборнік доктара ў шахматных баталіях, пазбавіўся ад пакутаў успамінаў пры дапамозе параў цыяніду золата. Доктар Урбіна знайшоў труп пад коўдрай на паходным ложку, дзе ўцякач заўсёды спаў. Побач стаяў зэдлік, а на ім – фотаграфічная кювэта: менавіта гэная кювэта і спатрэбілася яму напасьледак, цяперака для атруты. На падлозе, прывязанае да ложка, ляжала нежывое цела вялікага дацкага дога – чорнага, са сьнежнай грудкай, а побач валяліся мыліцы. Той раньняй гадзінай у душны ды цесны пакой, які адначасова служыў спальняй і лябараторыяй, праз адчыненае акно толькі пачало прабівацца сьвятло, аднак і яго было досыць, каб тут жа распазнаць уладарку-сьмерць. Астатнія вокны, як і ўсялякія іншыя шчыліны ў пакоі, былі заткнутыя анучамі ды чорным кардонам, – таму гэтак адчувалася цяжкая духата. Вялікі стол быў завалены рознымі бутэлечкамі і цюбікамі без апазнавальных надпісаў. Дзьве аблупленыя мэталёвыя кювэты стаялі пад звычайнай лямпай у чырвоным папяровым абажуры. Трэцяя ванначка – для фіксажу – знаходзілася каля нябожчыка. Наўкола валяліся старыя часопісы і газэты, стосы шкляных фотанэгатываў, паламаная мэбля, але чыясьці старанная рука берагла ўсё гэта ад пылу. Хоць паветра, што трапіла ў пакой праз адчыненае акно, і ачысьціла памяшканьне ад пабочных пахаў, той, хто колісь зьведаў пах горкіх мігдалаў, яшчэ мог адчуць ледзь улоўны павеў нешчасьлівага каханьня. Не аднойчы доктар Хувэналь Урбіна думаў пра жытло прыяцеля, што гэта ня самае ўдалае месца для сьмерці з Божае ласкі. Аднак змрочных прадчуваньняў не было, і зь цягам часу ён неяк прызвычаіўся ды вырашыў, што гэты беспарадак усё-ткі падначалены загадкаваму наканаваньню нябёсаў. Камісар паліцыі апярэдзіў яго. Ён ужо быў тут разам зь юнаком, які праходзіў практыку па судова-мэдыцынскай экспэртызе ў дыспансэры муніцыпалітэту, і менавіта яны праветрылі пакой і ўкрылі нябожчыка, чакаючы доктара Ўрбіна. Абодва павіталіся зь ім урачыста, і гэтым разам выказвалі, хутчэй, спачуваньне, чымся пашану, бо не было чалавека, які б ня ведаў пра доктарава сяброўства зь нябожчыкам Сэнт-Амурам. Знакаміты мэтар падаў ім руку, як заўжды вітаўся з кожным са сваіх студэнтаў перад штодзённай лекцыяй па агульнай клініцы, пасьля ўзяў край коўдры двума пальцамі, нібыта кветку, і ўзьняў яе, агаляючы нябожчыка павольна, з рытуальнай маруднасьцю. Цела было зусім голым, сутаргава скрыўленым і сьсінелым, з расплюшчанымі вачыма. Нябожчык выглядаў на шмат гадоў старэйшым, чымся мінулай ноччу. Зрэнкі былі празрыстыя, барада і валасы – пажоўклыя, а стары шнар перасякаў жывот. Ен быў калісьці зашыты простай грубай вяроўкай. Торс і рукі, напрацаваныя мыліцамі, выглядалі моцнымі, рыхтык як у галерніка, затое якімі кволымі былі ногі! Доктар Хувэналь Урбіна паглядзеў на яго і адчуў – сэрца сьціснулася, як толькі зрэдчас бывала за доўгія гады бясплённай вайны са сьмерцю. – Баязьлівец, – шапнуў ён. – Самае страшнае ўжо мінулася. Ён ахінуў яго коўдрай і зноў адчуў сваю акадэмічную годнасьць. Летась доктар тры дні афіцыйна адзначаў сваё васьмідзесяцігодзьдзе і ў прамове ўдзячнасьці ўжо не ўпершыню пераадолеў спакусу адысьці ад справы. Ён сказаў: «У мяне будзе зашмат часу на адпачынак пасьля сьмерці, але гэтае сумнае мерапрыемства пакуль не ўваходзіць у мае пляны». Хоць правым вухам доктар чуў усё горш і карыстаўся кіем са срэбнай булдавешкай, каб хаваць няўпэўненасьць хады, ён, як і ў маладосьці, насіў ільняную тройку, камізэльку якой упрыгожваў залаты ланцужок гадзіньніка. Пастэраўская бародка, што паблісквала пэрлямутрам, і срэбныя валасы, акуратна зачасаныя на просты прабор, былі слушнымі паказьнікамі ягонага характару. Усё больш трывожную эрозію памяці ён па мажлівасьці кампэнсаваў цыдулкамі на шматках паперкі, якія зрэшты блыталіся па кішэнях, як інструмэнты і фляконы зь лекамі сярод рознай драбязы ў набітым партфэлі. Ён быў ня толькі найстарэйшым і найслыньнейшым лекарам, але і найэлегантнейшым чалавекам у горадзе. Аднак празь неадольнае жаданьне бліснуць эрудыцыяй і далёка не беззаганную манеру карыстацца сілай свайго імя яго паважалі менш, чымся ён заслугоўваў. Інструкцыі камісару і практыканту ён выдаў дакладна і шпарка. Ня трэба губляць час на ўскрыцьцё. Паху ў доме досыць, каб вызначыць: прычынай сьмерці сталіся пары цыяністай солі. Каб выклікаць рэакцыю ў скрыні, фатограф выкарыстаў кіслату, якую меў для працы, а нешчасьлівы выпадак выключаўся, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур выдатна ведаў хімію. Калі камісар завагаўся, доктар паразіў яго, нібыта ўдарам шпагі, тыповым для яго: «Не забудзьма, пасьведчаньне аб сьмерці падпісваю я». Практыкант быў расчараваны: яму ніколі не даводзілася бачыць на практыцы ўплыў цыяніду на арганізм чалавека. Доктар Хувэналь Урбіна зьдзівіўся, што раней ня бачыў юнака ў Школе мэдыцыны, але, заўважыўшы сарамлівасьць і андыйскае вымаўленьне, уцяміў: ён, відаць, зусім нядаўна прыехаў у горад. І сказаў яму: «Хопіць яшчэ вар’ятаў ад каханьня, празь дзён колькі і ў вас будзе мажлівасьць». І толькі вымавіўшы гэта, схамянуўся, бо сярод безьлічы самагубцаў, якія ўжывалі цыяністую соль, на ягонай памяці гэта быў першы, хто пакінуў сьвет не з прычыны нешчасьлівага каханьня. Штосьці зьмянілася ў ягоным голасе. – Вось тады і зьвярніце ўвагу, – дадаў ён, – у іх зазвычай пясок у сэрцы. Потым доктар Урбіна загаварыў з камісарам, нібыта з падначаленым. Ён загадаў абысьці ўсялякія фармальнасьці з тым, каб пахаваньне адбылося сёньня ж увечары і цалкам патаемна. І падкрэсьліў: «Я пагутару з алькальдам* пазьней». Доктар Урбіна ведаў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур жыў надзвычай аскетычна, у найвышэйшай ступені сьціпла, але сваім мастацтвам зарабляў шмат болей, чымся трэба для пражыцьця, таму ў якой-небудзь шуфлядзе мусяць быць грошы, на хаўтурныя выдаткі будзе досыць.
|
калюмбійскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1982). Раман «Каханьне падчас халеры» выйшаў друкам у 1985 годзе. Летась правы на яго экранізацыю былі выкупленыя адной галівудаўскай кампаніяй за суму ў 3 млн даляраў ЗША.
Пераклад раману на беларускую мову – апошні з большых твораў у сваім жыцьці – зьдзейсьніў славуты перакладчык і грамадзкі дзяяч Карлас Шэрман.
«Каханьне падчас халеры» – першы Маркесаў раман (пабачыў сьвет у 1985 годзе), які выйшаў пасьля ўручэньня яму ў 1982 годзе Нобэлеўскай прэміі |
– А калі і ня знойдзеце, не бяда, – удакладніў ён, – я бяру ўсё на сябе.
Ён загадаў сказаць журналістам, што фатограф памёр натуральнай сьмерцю, хоць і падумаў: навіна не зацікавіць іх ні зь якога боку. І падкрэсьліў: «Калі трэба, я пагутару з губэрнатарам». Камісар быў чыноўнікам сур’ёзным ды нешматслоўным, ён ведаў, што мэтар сваім грамадзянскім сумленьнем раздражняў нават самых блізкіх і цярплівых сяброў, таму яго зьдзіўляла лёгкасьць, зь якой доктар, каб паскорыць паховіны, абыходзіў законныя працэдуры. Камісар адно што не пагадзіўся на размову з арцыбіскупам, каб той дазволіў пахаваць Ерэмію дэ Сэнт-Амура ў сьвятой зямлі гарадзкіх могілак. Праўда, ён тут жа засмуціўся з-за сваёй дзёрзкасьці і паспрабаваў неяк згладзіць няёмкую сытуацыю. – Я так разумею, гэта быў сьвяты чалавек, – сказаў ён. – Ня тое слова, – адказаў доктар Урбіна, – гэта быў сьвяты атэіст. Але ў гэтых справах толькі Бог судзьдзя. Здалёк, зь іншага краю каляніяльнага гораду, пачуліся званы катэдральнага сабору, якія склікалі да ўрачыстага набажэнства на Сьвятую Сёмуху. Доктар Урбіна надзеў пэнснэ са шкельцамі-палавінкамі ў залатой асадзе і зірнуў на гадзіньнік, квадратны і тонкі, зь вечкам на спрунжыне: яшчэ трошкі, і ён прапусьціў бы сьвяточную імшу. У пакоі стаяла вялізная фатакамэра на маленькіх колах, такая, як у парках; насупраць вісеў заднік з намаляваным самаробнымі фарбамі захадам сонца над морам. Сьцены ж былі ўвешаныя дзіцячымі партрэтамі: першая камунія, першы карнавал, шчасьлівы дзень народзінаў. Доктар Урбіна год за годам назіраў, як паступова пад фотапаперай зьнікалі сьцены, меркаваў аб гэтым падчас засяроджаных вечаровых роздумаў і ня раз думаў з адчаем прадчуваньня, што ў гэтай галерэі выпадковых партрэтаў крыецца зародак будучага гораду, якім будуць кіраваць, давядуць яго да распусты гэтыя незнаёмыя дзеці, і ў якім не застанецца і попелу ад ягонай, доктара Ўрбіна, славы. На пісьмовым стале, каля шклянкі з курыльнымі люлькамі старога марскога воўка, засталася шахматная дошка зь незавершанай партыяй. Нягледзячы на сьпешку й змрочны настрой, доктар Урбіна не ўтрымаўся ад спакусы прааналізаваць партыю. Ён дакладна ведаў, што гэта была партыя мінулага вечара, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур гуляў штовечар і як мінімум з трыма рознымі партнэрамі, але заўжды, завяршаючы гульню, клаў фігуркі ў скрыню, а скрыню – у шуфлядку стала. Ведаў ён і тое, што нябожчык гуляў толькі белымі, і ў гэтай партыі, увачавідкі, яго чакала немінучая параза праз чатыры хады. «Калі б размова ішла пра забойства, вось дзе была б зачэпка, – сказаў ён сабе, – толькі адзін чалавек у горадзе здолеў бы падвесьці да такой геніяльнай пасткі». Для доктара Ўрбіна жыцьцё сталася б невыносным, калі б пазьней ён не дазнаўся, чаму непакорлівы салдат, які звычайна змагаўся да апошняй кроплі крыві, пакінуў поле апошняй у жыцьці бітвы дачасна. А шостай ранку, падчас канчатковага абходу, вулічны вартаўнік заўважыў паперу, прыколатую да ўваходных дзьвярэй: «Зайдзіце бяз стуку ды выклічце паліцыю». Неўзабаве зьявіўся камісар з практыкантам, і яны разам абыходзілі дом у пошуках абвяржэньня недвухсэнсоўнага паху горкіх мігдалаў, але дарэмна. Аднак цяпер, за лічаныя хвіліны, што спатрэбіліся доктару для разбору незавершанай партыі, камісар знайшоў сярод папераў на пісьмовым стале капэрту, адрасаваную доктару Хувэналю Ўрбіна ды так запячатаную плямінамі сургуча, што давялося літаральна разьдзерці яе, каб дастаць ліст. Доктар адвёў чорную фіранку з акна майстэрні, – інакш было цёмна, – потым шпарка прагледзеў усе адзінаццаць бачынаў, якія ўцякач напісаў з двух бакоў разборлівым почыркам, і як толькі прачытаў першы абзац, зразумеў, што давядзецца забыць пра прычасьце на стольным сьвяце Сёмухі. Ён чытаў у вялікім хваляваньні, вяртаючыся на некалькі бачынаў, каб знайсьці страчаную нітку сэнсу, і калі завершыў чытаньне, яму здавалася, што ён толькі што вярнуўся здалёк, празь перашкоды часу і прасторы. Прыгнечанасьць была відавочнай, хоць ён старанна яе хаваў: на ягоныя вусны легла сьмяротная сінеча, ён ня здолеў суняць дрыготку ў пальцах, калі складваў ліст і засоўваў яго ў кішэню камізэлькі. Тут ён узгадаў пра камісара з практыкантам і ўсьміхнуўся ім праз туман смутку. – Нічога асаблівага, – уздыхнуў ён, – тут апошнія даручэньні. Гэта было праўдай толькі напалову, але яны паверылі яму, бо ён загадаў узьняць адну з плітак падлогі, пад якой яны знайшлі старадаўні блякнот з запісамі прыбыткаў-выдаткаў і кодам сэйфа. Там было менш грошай, чым яны чакалі, але цалкам хапала на хаўтурныя і іншыя выдаткі. Доктар Урбіна нарэшце ўцяміў, што не пасьпее ў катэдральны сабор нават да канца заключнага псальма. – У трэці раз я прапускаю нядзельную імшу з тае пары, як помню сябе, – уздыхнуў ён. – Даруй мне Божа. Ён затрымаўся яшчэ на колькі хвілінаў, распарадзіўся пра ўсё да драбязы, хоць ледзь стрымліваў жаданьне як мага хутчэй падзяліцца з жонкай адкрыцьцямі ашаламляльнага ліста. Ён узяўся перадаць вестку пра сьмерць Ерэміі дэ Сэнт-Амура шматлікім карыбскім уцекачам, што жылі ў горадзе, бо яны, верагодна, захочуць разьвітацца з найбольш шаноўным, актыўным і непакорлівым зь іх, хоць было відавочна, што з гадамі яго апанавала расчараваньне. Акрамя таго, доктар Урбіна паведаміць сумную навіну прыяцелям па гульні ў шахматы, сярод якіх былі і вядомыя гораду людзі, і невядомыя рамесьнікі; ён распавядзе пра сумнае здарэньне нават тым, хто зрэдчас заходзіў на партыю-другую, яны, магчыма, захочуць прыйсьці на пахаваньне. Яшчэ не прачытаўшы ліст, ён думаў, што быў самым лепшым сябрам нябожчыка, але пасьля чытаньня страціў усялякую ўпэўненасьць. Так ці іначай, ён прышле найлепшы вянок з гардэніяў, – хто ведае, а мо Ерэмія дэ Сэнт-Амур адчуў перад сьмерцю хоць хвіліннае каяньне. Пахаваньне прызначылі на пятую ўвечары – найлепшы час у сьпякотны сэзон году. Калі будзе патрэба, доктара можна будзе знайсьці апоўдні або пазьней у загараднай сядзібе доктара Лясыдэса Алівэльлі, яго ўлюбёнага вучня, які ў той жа дзень адзначаў срэбнае вясельле з мэдыцынскай прафэсіяй урачыстым абедам. Распарадак дня доктара Хувэналя Ўрбіна, які ён вызначыў раз і назаўсёды з тае пары, як засталіся ззаду гады першых баявых хрышчэньняў, і ён дасягнуў найвышэйшай пашаны ў правінцыі, быў надзвычай простым. Уздымаўся ён зь першымі пеўнямі і адразу прымаў свае патаемныя лекі: бромісты калій для падняцьця гумору, саліцылавы натар ад ламаты перад дажджом, колькі кропель выціску прарослага жыта ад кружэньня галавы, бэлядонну для спакойнага сну. Лекі ён прымаў штогадзіны, заўжды ўпотайкі, бо цягам усёй сваёй лекарскай ды выкладчыцкай практыкі і ўслых выказваўся супроць прызначэньня паліятыўных сродкаў ад старасьці: чужы боль ён перажываў лягчэй, чымся свой. У кішэні ў яго заўсёды была падушачка з камфарай, і, калі ніхто ня бачыў, ён глыбока ўдыхаў ейныя пары, – гэта нібыта здымала страх, які ўнушала блытаніна зь лекамі, што ён прымаў. Гадзіну доктар бавіў у сваім кабінэце, рыхтуючы лекцыю па агульнай клініцы: ён выкладаў у Школе мэдыцыны ад восьмай ранку кожны дзень ад панядзелка да суботы – да самага пярэдадня сваёй сьмерці. Ён таксама з ахвотай знаёміўся з новымі літаратурнымі творамі, якія дасылаў яму па пошце ягоны парыскі бібліятэкар або замаўляў для яго ў Барсэлёне гаспадар мясцовай кнігарні, хоць за гішпанскамоўнай літаратурай не сачыў гэтак, як за францускай. Аднак ён ніколі не чытаў ураньні – толькі гадзінку пасьля сіесты* , і ўначы, перад сном. Падрыхтаваўшыся да заняткаў, ён рабіў у ванным пакоі пятнаццаціхвілінную дыхальную зарадку перад адчыненым акном, – ён дыхаў толькі ў той бок, адкуль чуваў сьпеў пеўняў; з таго боку ішло сьвежае паветра. Потым ён прымаў ванну, падпраўляў бародку, напамаджваў вусы, ахутаны сапраўдным адэкалёнам ад Фарыны Гегенюбэр, надзяваў белую льняную тройку, мяккі капялюш і саф’янавыя чаравікі. Ён разьмяняў восемдзесят другі год, захаваўшы зграбныя манеры і вясёлы нораў, зь якімі колісь вярнуўся з Парыжу пасьля страшэннай эпідэміі халеры, і валасы, якія ён старанна зачэсваў на просты прабор, заставаліся дакладна такімі, як у маладосьці, хіба што набылі лёгкае мэталёвае адценьне. Сьнедаў ён у сямейным атачэньні, але прытрымліваўся адметнай дыеты: адвар з кветак палыну, карысны для страўніка, і галоўка часныку, каб не было спазмаў сэрца, – ён чысьціў кожны зубчык і жаваў яго старанна з лустаю хлеба. Пасьля лекцыі доктар рэдка ня быў заняты ажыцьцяўленьнем якой-небудзь ініцыятывы агульнагарадзкога маштабу, касьцельным мерапрыемствам або якой іншай мастацкай ці сацыяльнай прыдумкай.
|
* Гарадзкі галава. – Тут і далей – заўвагі перакладчыка.
|
Абедаў ён амаль заўжды дома, пасьля праводзіў сіесту хвілінаў на дзесяць, седзячы на тэрасе, што выходзіла на ўнутраны дворык. Скрозь сон ён чуў сьпевы прыслужніц у цені мангавых дрэваў, воклічы вулічных гандляроў, шыпеньне алею і трэск матораў з бухты, смурод зь якой лунаў у доме ў гадзіны дзённай сьпякоты, бы анёл, асуджаны на гніеньне. Пасьля ён з гадзіну чытаў новыя кніжкі, перадусім раманы і гістарычныя досьледы, вучыў францускай мове і песьням хатняга папугая, які здаўна стаўся мясцовай славутасьцю. А чацьвёртай выпіваў вялікі збан ліманаду са льдом і выходзіў на візыты да хворых. Нягледзячы на паважны век, ён адмаўляўся прымаць пацыентаў у хатнім кабінэце і працягваў наведваць іх сам: горад усё ж заставаўся такім утульным, што можна было куды заўгодна зайсьці пехатою.
Вярнуўшыся першы раз з Эўропы, ён стаў езьдзіць у фамільным ляндо з парай сьветла-гнядых коней, але ляндо з гадамі стаў нягодным, і ён замяніў яго на аднаконную пралётку, карыстаўся ёю ўвесь час, не зважаючы на моду, нават калі экіпажы пачалі зьнікаць з ужытку, а на тых, што засталіся, каталі турыстаў або вазілі разьвітальныя вянкі на пахаваньнях. Хаця ён адмаўляўся сыходзіць на адпачынак, ён разумеў, што яго выклікаюць толькі да безнадзейных пацыентаў, і лічыў гэта пэўнай формай спэцыялізацыі. Ён мог вызначыць зь першага погляду, што з хворым, і ўсё меней давяраў патэнтаваным лекам, а распаўсюджаньне хірургіі непакоіла яго. «Скальпэль – слушны доказ паразы мэдыцыны», – казаў ён. Доктар уважаў, што, па вялікім рахунку, любыя лекі ёсьць атрутай, а семдзесят адсоткаў з паўсядзённых прадуктаў харчаваньня набліжаюць сьмерць. «Наагул, – казаў ён студэнтам, – тое нямногае, што вядома мэдыцыне, ведаюць толькі лічаныя лекары». Ад свайго маладога энтузіязму ён перайшоў да пазыцыі, якую сам вызначыў як фаталістычны гуманізм: «Кожны чалавек – гаспадар сваёй сьмерці, і калі надыходзіць час, мы здольныя толькі дапамагчы памерці бяз страху і болю». Але, не зважаючы на гэтыя скрайнасьці, якія сталіся часткай мясцовага мэдыцынскага фальклёру, ягоныя былыя студэнты, ужо дактары са стажам, працягвалі кансультавацца з Хувэналем Урбіна, бо прызнавалі за ім тое, што завецца «вокам клініцыста». Як бы тое ні было, ён заўсёды быў лекарам дарагім і элітарным, ягоная кліентура жыла ў радавых сядзібах кварталу Віцэ-каралёў. Дзень быў так скрупулёзна расьпісаны, што ў тэрміновым выпадку жонка магла накіраваць яму цыдулку менавіта ў той дом, дзе ён у гэты час знаходзіўся зь візытам. У маладосьці, бывала, затрымліваўся ў прыходзкай кавярні пасьля абыходу пацыентаў і там удасканальваў шахматнае майстэрства зь цесьцевымі знаёмцамі ды карыбскімі ўцекачамі. Але на пачатку новага стагодзьдзя ён кінуў хадзіць у кавярню і паспрабаваў арганізаваць нацыянальныя турніры пад эгідай мясцовага клюбу. Якраз тады зьявіўся Ерэмія дэ Сэнт-Амур, ужо са зьмярцьвелымі каленямі, але яшчэ без рамяства дзіцячага фатографа, і праз тры месяцы яго ведалі нават тыя, хто ледзь навучыўся рушыць слана па дошцы, бо ніхто ня здолеў выйграць у яго ніводнай партыі. Для доктара Хувэналя Ўрбіна сустрэча тая была нібыта цуд, шахматы сталіся ягонай неўтаймаванай жарсьцю, і амаль не было спаборнікаў, якія б спатолілі яе. Дзякуючы яму Ерэмія дэ Сэнт-Амур стаўся тым, кім быў сярод нас. Доктар Урбіна апекаваўся ім безь якойсьці ўмовы, зрабіўся ягоным асабістым і бясспрэчным крэдыторам, нават не паспрабаваўшы дазнацца, што гэта за чалавек, чым займаўся раней, якія зьняслаўленыя войны прывялі яго да інваліднасьці і выгнаньня. Нарэшце доктар пазычыў яму грошай на абсталяваньне майстэрні, і з тае пары, як Ерэмія дэ Сэнт-Амур зрабіў першы здымак спуджанага ад успышкі магнія немаўляці, ён вяртаў пазыку з дакладнасьцю пазумэнтшчыка, усё да апошняга шэлега. А ўсё шахматы. Спачатку гулялі а сёмай пасьля вячэры, са справядлівымі саступкамі для доктара, бо перавага ўцекача была відавочнай, але з кожным днём саступкі рабіліся ўсё меншымі, пакуль яны не пачалі гуляць нароўні. Пазьней, калі дон Галілеа Даконтэ заснаваў першы ў горадзе кінэматограф пад адкрытым небам, Ерэмія стаўся найвярнейшым зь ягоных кліентаў, і шахматныя партыі гуляліся толькі тады, калі не было кінапрэм’еры. Уцякач так пасябраваў з доктарам, што апошні хадзіў зь ім у кіно, але заўжды бяз жонкі, бо, з аднаго боку, ёй бракавала цярплівасьці адсочваць нітку складанага сюжэту, а з другога, Урбіна нібы падсьвядома адчуваў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур нікому б ня мог скласьці належнай кампаніі. У нядзелю распарадак доктара быў іншым. Ён хадзіў на абедню ў катэдральны сабор, пасьля вяртаўся дадому, адпачываў і чытаў на тэрасе. У дзень адпачынку ён вельмі рэдка выходзіў на візыт, хіба што ў тэрміновых выпадках, і шмат гадоў запар ён ня браўся ні за якія грамадзкія справы, калі яны не былі сапраўды абавязковымі. У той дзень Сёмухі па неверагодным супадзеньні сышліся два надзвычай рэдкія здарэньні: сьмерць сябра і срэбны юбілей славутага вучня. Тым ня менш, замест таго, каб тэрмінова вярнуцца дадому, як ён разьлічваў, пасьля засьведчаньня сьмерці Ерэміі дэ Сэнт-Амура, доктар раптам вырашыў спатоліць неадольную цікаўнасьць. Сеўшы ў пралётку, ён яшчэ раз прабег вачыма перадсьмяротны ліст і загадаў возьніку везьці яго да пэўнага дому ў былым квартале рабоў па даволі блытаным маршруце. Гэткае рашэньне настолькі не вязалася зь ягонымі звычкамі, што возьнік адважыўся перапытаць, ці так ён зразумеў. Памылкі не было, адрэса была паўтораная, а ў тым, што запісана дакладна, сумневы адпалі адразу. Па дарозе доктар Урбіна перачытаў ліст ад першай бачыны, нанава паглыбіўшыся ў крыніцу непрыемных адкрыцьцяў, якія маглі б перакуліць ягонае жыцьцё, нават нягледзячы на ўзрост, калі б ён здолеў пераканацца, што ліст – ня трызьненьне вар’ята. Нябёсы пачалі губляць гумор яшчэ ўраньні, было хмарна і халаднавата, але дажджу да абеду не чакалася. Спрабуючы знайсьці найкарацейшы шлях, возьнік паглыбіўся ў брукаваны лябірынт каляніяльнага гораду, і яму часам прыходзілася спыняць каня, каб яго ня спудзілі гарэзьлівыя школьнікі і паства, што вярталася з імшы. На вуліцах, упрыгожаных папяровымі гірляндамі ды кветкамі, гучала музыка, дзяўчаты з мусьлінавымі фальбонкамі на сукенках і рознакаляровымі парасонамі сачылі за сьвяточным шэсьцем з бальконаў. На Катэдральным пляцы, дзе сярод афрыканскіх пальмаў і шароў новых ліхтароў ледзь праглядваўся помнік Вызваліцелю*, надарыўся аўтамабільны затор, натоўп выходзіў з храму, і ў рэспэктабэльнай і шумнай прыходзкай кавярні не было ніводнага вольнага месца. Адзіным конным экіпажам у заторы быў той, што належаў доктару Ўрбіна, і ён адрозьніваўся ад тых нямногіх, што засталіся ў горадзе, бляскам лякаванага верху, бронзавай акоўкай, каб ня зжэр яе салёны вецер, чырвона-залатымі вэнзэлямі на колах і аглоблях, акурат як у венскіх карэтах для ўрачыстага наведваньня опэры. Апрача таго, самыя манерныя сямействы здавольваліся тым, што іхныя возьнікі апраналі чыстую кашулю, а доктар па-ранейшаму патрабаваў ад свайго, каб той зьяўляўся толькі ў старой аксамітнай ліўрэі і ў цыліндры цыркавога ўтаймавальніка, а гэта было ня толькі анахранізмам, але, зважаючы на карыбскую сьпякоту, і адсутнасьцю міласэрнасьці.
|
* Адпачынак пасьля абеду.
|
Доктар Хувэналь Урбіна любіў горад фанатычна і ведаў яго лепш за ўсіх, але раней ён амаль ня меў мажлівасьці заехаць у нетры былога кварталу рабоў. Возьніку давялося нямала пакруціцца-панарэзаць ды колькі разоў спытаць дарогі, бо ён ніяк ня мог знайсьці патрэбнай адрэсы. У глыбіні кварталу доктар Урбіна адчуў чмур, спрадвечную балотную цішу з тапельным смуродам, які раніцой уздымаўся над горадам і ўваходзіў зь бессаньню ў ягоную спальню, прымешваючыся ў палісадніку да водару язьміну, і тады ён пераносіў пахі абыякава, нібы вецер, што мінуўся і ня мае ніякіх адносінаў да ягонага жыцьця. Але смурод, трохі ідэалізаваны настальгіяй старога месьціча, стаўся невыноснай рэальнасьцю, калі пралётка пачала падскокваць па ямінах балоцістай вуліцы, дзе аўры* дзяўбліся за адкіды зь мясабойні, што выносіў марскі прыліў. У адрозьненьне ад камяніцаў кварталу Віцэ-каралёў, тут усе дамы былі драўлянымі і аблезлымі, а дахі цынкавымі. Большасьць будынкаў стаялі на драўляных палях, – толькі гэта ратавала ад сьцёкаў адкрытай каналізацыі, што была яшчэ гішпанскаю спадчынай. Усё гэта мела жахлівы і беспрытульны выгляд, але з тавэрнаў далятала грымаценьне бязбожнай сьвяточнай музыкі, бо тут касьцельных канонаў не прытрымліваліся – гэта была Сёмуха галечы. Калі, нарэшце, знайшлі патрэбную адрэсу, за пралёткай ужо гналася чарада аголеных дзяцей, якія кпілі з тэатральнага ўбраньня возьніка, і той мусіў адганяць малых пугай. Доктар Урбіна, падрыхтаваны да канфідэнцыйнай сустрэчы, зразумеў надта позна, што няма на сьвеце наіўнасьці больш небясьпечнай, чымся наіўнасьць ягонага веку.
|
* Маецца на ўвазе Сымон Балівар (1783–1830).
|
Звонку дом бяз нумару нічым не адрозьніваўся ад іншых, меней шчасьлівых, хіба што карункавымі фіранкамі на вокнах і цяжкімі дзьвярыма – калісьці іх зьнялі, відаць, зь нейкай старажытнай бажніцы. Возьнік пагрукаў малаточкам, дазнаўся, што адрэса супала, дапамог доктару выйсьці з пралёткі. Дзьверы адчыніліся бязгучна, у цемры вітальні стаяла жанчына сталага веку, апранутая ўся ў чорнае, з чырвонай ружай за вухам. Нягледзячы на свае гады, а ёй было ня менш за сорак, яна была статнай мулаткай з залацістымі калючымі вачыма і валасамі, прычасанымі да галавы так шчыльна, нібы каска з мэталічнай ваты. Доктар Урбіна не пазнаў яе, хоць бачыў неаднойчы, ахутаны туманом шахматнай гульні, у майстэрні фатографа, і колісь нават прапісаў ёй хінныя кроплі ад рэцыдываў малярыі. Ён працягнуў руку, і яна прыняла яе ня так дзеля вітаньня, як дзеля таго, каб дапамагчы ўвайсьці. У залі доктар адчуў сьвежыню і шапаценьне нябачнага саду, ён азірнуўся і ўбачыў мэблю і мноства гожых рэчаў, кожная зь якіх займала ўласнае, натуральнае месца. Доктар Урбіна бяз горычы прыгадаў антыкварную краму ў Парыжы, восеньскі панядзелак мінулага стагодзьдзя ў доме 26 на Манмартры. Між тым жанчына прысела насупраць і загаварыла з адчувальным акцэнтам:
– Будзьце як дома, доктар, – казала яна. – Я не чакала вас так хутка. Доктар Урбіна пачуўся здраджаным. Ён паглядзеў са спагадай на яе, на яе жалобны строй, і на годнасьць яе смутку, і тады ўцяміў – ягоны візыт ня меў сэнсу, яна лепш за яго ведае ўсё, што напісаў і вытлумачыў у перадсьмяротным лісьце Ерэмія дэ Сэнт-Амур. Так яно і было. Яна знаходзілася пры ім ледзьве не да самае сьмерці, таксама, як і на працягу дваццаці гадоў з тым абагаўленьнем і пакорлівай пяшчотай, якія надта ж нагадвалі чыстае каханьне і пра якія ніхто ня ведаў у санлівай сталіцы правінцыі, дзе ўсім былі вядомыя нават дзяржаўныя таямніцы. Яны пазнаёміліся ў прыдарожным шпіталі Порт-а-Прэнсу, гораду, дзе яна нарадзілася і дзе ён жыў першы час, калі стаўся ўцекачом, і яна прыехала да яго ўжо сюды, у гэты горад, праз год, як быццам ненадоўга, хоць абодва ведалі, што яна застанецца тут назаўжды. Яна прыбірала майстэрню штотыдзень, але нават самыя падазроныя суседзі ня бачылі ўсёй праўды: яны, як усе, меркавалі, што інваліднасьць Ерэміі тычылася ня толькі хворых ног. Сам доктар Урбіна таксама лічыў так зь вельмі грунтоўных прычынаў мэдыцынскага характару і ні за што не паверыў бы, што ў Ерэміі дэ Сэнт-Амура была жанчына, калі б той не прызнаў гэта ў лісьце. Аднак ён ня мог уцяміць, чаму двое дарослых і вольных людзей без грахоўнага мінулага, амаль падпадаючы пад прымхлівую падазронасьць эгаістычнага грамадзтва, абралі рызыку забароненага каханьня. Яна патлумачыла яму: «Так ён захацеў». Да таго ж, патаемнасьць, разьдзеленая з мужчынам, які ніколі не належаў ёй цалкам, патаемнасьць, якая не аднойчы даравала ім імгненныя выбухі шчасьця, не здавалася ёй чымсьці адмоўным. Наадварот: самое жыцьцё давяло, што іхная сувязь была прыгожай. Напярэдадні ўвечары яны схадзілі ў кіно паасобку, з квіткамі ў розных месцах, як хадзілі ня менш, чым двойчы на месяц з тае пары, як італьянскі імігрант дон Галілеа Даконтэ адчыніў свой салён пад адкрытым небам на руінах кляштару XVII стагодзьдзя. Глядзелі яны экранізацыю папулярнай летась кніжкі, якую доктар Урбіна чытаў з адчаем у сэрцы і ўсьведамленьнем барбарства вайны, – «На Заходнім фронце бязь зьменаў». Затым яны сустрэліся ў майстэрні, ён здаваўся сумным і разгубленым, але яна падумала, што на яго паўплывалі жудасныя сцэны, дзе параненыя салдаты паміралі ў дрыгве. Яна паспрабавала разьвеяць сум, запрасіла згуляць партыю ў шахматы, і ён пагадзіўся дзеля яе, але гуляў няўважліва, белымі, вядома ж, здагадаўся раней за яе, што праз чатыры хады ягоная параза немінучая, і бясслаўна здаўся. Доктар Урбіна ўцяміў, што спаборнікам апошняй партыі была яна, а не генэрал Хероніма Арготэ, як ён меркаваў раней. Ён зачаравана шапнуў: – Вы згулялі цудоўна! Яна настаяла на тым, што не яе тое была заслуга, проста Ерэмія дэ Сэнт-Амур ужо блукаў у тумане сьмерці і рушыў фігуркі без імпэту. Калі ён перарваў партыю, прыблізна ў чвэрць на дванаццатую, бо было чуваць, што скончыліся музыка і танцы, ён папрасіў, каб яна пакінула яго аднаго, бо хацеў напісаць ліст доктару Хувэналю Ўрбіна, якога лічыў найбольш паважаным чалавекам з усіх, каго ведаў, і, апрача таго, задушэўным сябрам, як ён любіў казаць, нягледзячы на тое, што збліжала іх адно адданасьць шахматнай гульні, якую яны ўспрымалі як дыялёг розуму, а не як навуку. Тады яна і даведалася, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур добраахвотна патанаў у агоніі, і яму заставалася часу ня больш, чымся на напісаньне ліста. Доктар Урбіна ня мог ёй паверыць: – Дык вы ўсё ведалі! – усклікнуў ён. Ня толькі ведала, пацьвердзіла яна, але і дапамагла перанесьці агонію з тым жа каханьнем, зь якім дапамагала адкрываць шчасьце. Бо такімі былі яго апошнія адзінаццаць месяцаў: жорсткай агоніяй. – Ваш абавязак быў паведаміць, – сказаў доктар. – Я б ня здолела, – адказала яна абурана, – я надта кахала яго. Доктар Урбіна, які лічыў, што ўжо чуў што заўгодна на сьвеце, не прыгадваў нічога падобнага, да таго ж, сказанага з такой шчырасьцю. Ён паглядзеў на яе, усмоктваючы вобраз усімі пачуцьцямі, каб прыгадаць яе менавіта такой, якой яна была ў той момант: яна здавалася яму ідалам на беразе ракі, бязь ценю страху, у чорнай вопратцы, са зьмяінымі вачыма і ружай за вухам. Даўно, калі яны абое ляжалі аголеныя пасьля каханьня на бязьлюдным гаіцянскім пляжы, Ерэмія дэ Сэнт-Амур раптам уздыхнуў: «Ніколі ня буду старым». У гэтых словах яна ўгледзела сьмелы намер бязьлітасна змагацца са шкодай, якую прыносіць час, але ён удакладніў: у ім высьпела непахісная рашучасьць скончыць жыцьцё самагубствам у шэсьцьдзесят гадоў. І сапраўды, сёлета 23 студзеня ён дажыў да шасьцідзесяці, вось тады ён прызначыў сабе апошні тэрмін – конадзень Сёмухі, бо на яе прыпадаў фэст гораду, чыім заступнікам уважаўся Сьвяты Дух. Тады ўначы ў паводзінах любага чалавека не было аніводнае драбязы, якой бы яна ня ведала загадзя, бо ж яны часьцяком размаўлялі пра гэта, пакутавалі разам у няўрымсьлівай плыні дзён, якой ні ён, ні яна ўжо не маглі спыніць. Ерэмія дэ Сэнт-Амур любіў жыцьцё аддана і прагна, ён любіў мора і каханьне, яе і свайго сабаку, і з набліжэньнем прызначанага дня ён згасаў ад адчаю, нібыта сьмерць ішла да яго не па ягонай волі, а як непазьбежнасьць лёсу. – Сыходзячы ўчора ўначы, я ведала, што ён ужо не на гэтым сьвеце, – уздыхнула яна. Жанчына хацела забраць сабаку, але ён паглядзеў на жывёліну, што драмала каля ягоных мыліцаў, пагладзіў яе, ледзь крануўшы пальцамі, і сказаў: «Шкада, але містэр Вудра Ўілсан* пойдзе са мною». Ерэмія папрасіў прывязаць сабаку да ложка, а сам узяўся за ліст, і жанчына зрабіла несапраўдны вузел, каб сабака мог вызваліцца. Гэта была яе адзіная праява нявернасьці, якую яна апраўдвала тым, што хацела прыгадваць Ерэмію, гледзячы ў халодныя вочы ягонага сабакі. Доктар Урбіна перапыніў ейны аповед і сказаў ёй, што сабака ня вызваліўся. Яна адказала: «Значыць, не захацеў». І ўзрадавалася, бо давядзецца прыгадваць каханага так, як ён прасіў мінулай ноччу, калі адарваўся ад пачатага ліста і паглядзеў на яе ў апошні раз.
|
* Грыфы-ўрубу, вядуцца ў Лацінскай Амэрыцы.
|
– Згадвай мяне з ружай, – сказаў ён ёй на разьвітаньне.
Яна вярнулася дадому за поўнач. Запаліла і легла ў вопратцы, падпальвала цыгарэту ад недакурка папярэдняй, нібыта даючы яму час на ліст, бо ведала, што пісаць ён мусіць доўга і цяжка; недзе а трэцяй, калі завылі сабакі, яна паставіла на пліту ваду для кавы, апранулася ў чорнае і на золку зрэзала ў палісадніку першую ранішнюю ружу. Доктар Урбіна адчуваў, што будзе ненавідзець вобраз гэтае разважлівае жанчыны, і, здавалася, ведаў на тое прычыну: толькі чалавек бяз прынцыпаў здольны прымаць боль так абыякава. Перад тым як сысьці доктар яшчэ болей упэўніўся ў гэтай думцы. Яна сказала, што ня пойдзе на пахаваньне, бо так абяцала каханаму, хоць доктар Урбіна быццам бы ўлавіў штосьці супрацьлеглае ў адным з абзацаў ліста. Яна не пралье ані сьлёзкі, не змарнуе рэшты гадоў жыцьця і не давядзе сябе на марудным агні ў булёне ўласнай памяці, а таксама не пахавае сябе сярод гэтых сьценаў, каб шыць да скону асабісты саван, як гэта заведзена сярод мясцовых удоваў. Яна думала прадаць дом Ерэміі дэ Сэнт-Амура, які з гэтага дня належаў ёй, і ўсё, што тамака было, згодна зь пісьмовым тастамэнтам, а далей зьбіралася жыць як і дасюль, без адзінай скаргі на лёс у гэтай марыльні для бедных, дзе яна некалі была шчасьлівай. Усю дарогу дахаты гэтая фраза не выходзіла з галавы доктара Хувэналя Ўрбіна: «марыльня для бедных». Гэта былі не пустыя словы. Ягоны горад працягваў жыць, як колісь, па-за часам, і быў такім жа – сьпякотна-бясплённым горадам яго начных жахаў і самотных радасьцяў падлетка, дзе нават іржавелі кветкі і псавалася соль, але нічога ня здарылася за апошнія чатыры стагодзьдзі, калі не лічыць павольнага старэньня сярод даўно павялага ляўравага кустоўя і гнілое дрыгвы. Узімку імгненныя і разбуральныя навальніцы размывалі прыбіральні, тады вуліцы выглядалі, як смуродныя багны. Улетку нябачны і, нібыта распаленая вапна, шурпаты пыл працінаў нават заканапачаныя шчыліны ўяўленьня, уздымаўся шалёнымі вятрамі, якія зрывалі дахі і зносілі паветрам дзяцей. У суботу бедныя мулаты гучна пакідалі свае кардонна-бляшаныя хаты на беразе багны, бралі з сабою быдла, нейкія старыя рэчы, ежу і пітво і радасна захоплівалі камяністыя пляжы каляніяльнага раёну. Да нядаўняе пары яшчэ сустракаліся старыя з каралеўскім кляймом раба – сьлед распаленага дабела жалеза на грудзях. Напрыканцы тыдня яны танчылі да зьнямогі, напіваліся ўшчэнт самагонкай, кахаліся ў кустах ікакі і апоўначы ў нядзелю псавалі ўласнае сьвята крывавымі бойкамі, у якіх біліся ўсе супроць усіх. Гэта быў той самы гаманлівы натоўп, які ў астатнія дні тыдня запаўняў завулкі і пляцы старых кварталаў, натоўп, які купляў і прадаваў што заўгодна, вяртаў жыцьцё мёртваму гораду, прыдаючы яму нястрымнасьць гучнага базару, над якім заўжды лунаў пах смажанай рыбы. Незалежнасьць ад гішпанскае кароны, а потым і адмена рабства спрыялі пашырэньню шляхетнага дэкадансу, у асяродзьдзі якога і нарадзіўся доктар Хувэналь Урбіна. Вялікія і магутныя роды таго часу гінулі ў цішы некалі багатых дамоў, што патроху развальваліся. На стромкіх брукаваных вулках, якія так дапамагалі хавацца ў часе войнаў ці высадак піратаў, пустазельле спадала з бальконаў, прадзірала шчыліны ў каменных сьценах нават найлепш дагледжаных палацаў, і адзіным знакам жыцьця а другой гадзіне дня былі млявыя практыкаваньні на піяніна ў прыценьні сіесты. У прахалодзе спальняў, прапітаных пахам ладану, жанчыны хаваліся ад сонца, нібыта ад дурное заразы, і нават да ранішняй імшы надзявалі мантыльлю, каб схаваць твар. Каханьне іхнае было лянотна выпакутаванае, часьцяком трывожнае ад баязьлівых прадчуваньняў, і жыцьцё ім здавалася бясконцым. На схіле дня, у гнятлівае імгненьне, калі зьнікае сьвятло, над балотамі ўздымаліся хмары маскітаў-жываедаў, і лёгкі смурод людзкіх экскрэмэнтаў, цёплы і сумны, варочаў у душы разуменьне непазьбежнай сьмерці. Само жыцьцё каляніяльнага гораду, якое часта ідэалізаваў малады Хувэналь Урбіна падчас парыскіх прыступаў мэлянхоліі, было ўсяго толькі ілюзіяй памяці. У гандлі горад дасягнуў вышыні і апярэдзіў іншыя гарады карыбскага ўзьбярэжжа ў XVIII стагодзьдзі, перадусім дзякуючы сумнеўнай перавазе быць найбуйнейшым у Амэрыцы рынкам афрыканскіх рабоў. Да таго ж, тут была сталая рэзыдэнцыя віцэ-каралёў Новай Гранады, якія лічылі за лепшае ўладарыць адсюль, зь берагоў сусьветнага акіяну, а не з далёкай і зьмерзлай сталіцы, дзе векавечныя залевы засьцілі адчуваньне рэальнасьці. Некалькі разоў на год у бухце зьбіраліся флятыліі галеонаў з багацьцямі Патасн, Кіта, Веракруса; менавіта тады горад перажываў часы сваёй славы. У пятніцу 8 чэрвеня 1708 году а чацьвёртай папоўдні галеон «Сан-Хасэ», які толькі што адплыў у порт Кадыс з каштоўнымі камянямі і мэталамі на паўмільярда тагачасных пэса, быў затоплены ангельскай эскадрай каля выхаду з гавані, і за доўгія дзьвесьце гадоў ніхто ня здолеў падняць скарб. Ён ляжаў на каралавым дне, як і скрыўленае цела капітана, што нібыта дасюль калыхалася ад зрухаў вады на мосьціку, і прыгадваўся толькі гісторыкамі ў якасьці сымбалю гораду, прыдушанага цяжарам успамінаў. На другім беразе бухты, у арыстакратычным квартале Ля-Манга, дом доктара Хувэналя Ўрбіна жыў нібы ў іншым часе. Ён быў вялікі і халодны, аздоблены порцікам і дарычнымі калёнамі на зьнешняй тэрасе, адкуль відны былі міязматычныя воды бухты з рэшткамі разьбітых караблёў. Падлогу склалі зь белых і чорных плітаў у шахматным парадку ад уваходных дзьвярэй да кухні, і гэта часта лічылі праявай асноўнай жарсьці доктара Ўрбіна, бо людзі ўжо ня помнілі пра такую самую слабасьць каталёнскіх архітэктараў, якія збудавалі гэты квартал нуварышаў напачатку стагодзьдзя. Гасьцёўня была прасторнай, з высокай, як і ва ўсім доме, стольлю, мела шэсьць вялікіх вокнаў, што выходзілі на вуліцу, і аддзялялася ад ядальні шклянымі дзьвярыма зь віньеткамі, якія адлюстроўвалі лазу з гронкамі вінаграду і дзяўчат, спакушаных жалейкамі фаўнаў у бронзавых гушчарах. Мэбля тут, як і гадзіньнік з боем, нібыта вартаўнік зь няўрымсьлівым сэрцам, уся была ангельская, канца XIX стагодзьдзя, а сьлёзкі на люстрах – з горнага крышталю; паўсюль упрыгожвалі залю падлогавыя і настольныя сэўраўскія вазы, алябастравыя статуэткі і карціны з паганскімі ідыліямі. Аднак у астатніх пакоях эўрапейскі дух зьнікаў, плеценыя крэслы суседнічалі зь венскімі качалкамі і скуранымі зэдлікамі работы мясцовых рамесьнікаў. У спальнях, акрамя ложкаў, былі выдатныя гамакі з Сан-Хасынта, з вышытым шаўковымі ніткамі і гатычным шрыфтам імем гаспадара. Меншая заля каля ядальні, якая першапачаткова задумвалася пад урачыстыя прыёмы, служыла музычным салёнам, дзе прыежджыя слынныя выканаўцы давалі канцэрты для вузкага кола асобаў. Таму там мазаічная падлога хавалася пад турэцкімі дыванамі: іх набылі на сусьветнай выставе ў Парыжы, каб дасягнуць большай цішыні; тут жа, каля паліцы з раскладзенымі кружэлкамі, знаходзіўся артафон апошняй мадэлі, а ў кутку, пад манільскім покрывам, стаяла піяніна, на якім доктар Урбіна ўжо шмат гадоў ня граў. У доме адчуваўся мудры дагляд жанчыны, якая цьвёрда стаяла на зямлі. Аднак не было ў доме ніводнага месца, такога да апошняй дробязі ўрачыстага, як бібліятэка, храм доктара Ўрбіна да глыбокай старасьці. Бацькоўскі арэхавы пісьмовы стол і мяккія, як пярына, скураныя крэслы пакоіліся сярод шкляных паліцаў: ён загадаў заставіць імі сьцены і нават вокны. На паліцах, у маніякальна ідэальным парадку месьціліся тры тысячы кніжак у аднолькавым пераплёце зь цялячай скуры, якія мелі залатую манаграму на карэньчыках. Астатнія пакоі пакутавалі ад шуму і дурных пахаў з порту, бібліятэка ж хавала цішу і застойны дух абацтва. Доктар Урбіна з жонкай напачатку пачуваліся няўтульна ў замкнёнай прасторы, бо нарадзіліся і вырасьлі пад уплывам карыбскага забабону, які патрабаваў трымаць адчыненымі дзьверы і вокны, каб пускаць у дом прахалоду, хоць яе насамрэч не было. Але з часам іх упэўнілі перавагі рымскага мэтаду абароны ад сьпякоты, згодна зь якім удзень дом заставаўся зачыненым і пры жнівеньскай сьпякоце, каб у пакоі ня лезла з вуліцы гарачае паветра, а ўначы вокны і дзьверы расчыняліся насьцеж. З тае пары іхны дом быў самым прахалодным пад палючым сонцам Ля-Мангі, і шчасьцем было бавіць сіесту ў паўзмроку спальні, а ўвечары – сядзець у порціку, назіраючы за нью-арлеанскімі грузавымі караблямі попельнага колеру і за калёснымі рачнымі параплавамі з ілюмінацыяй, якія сьвежымі ручайкамі музыкі ачышчалі бухту ад застойнага смуроду. Дом таксама лічыўся самым абароненым са сьнежня і да сакавіка ад паўночных пасатаў. Яны зрывалі дахі і ўсю ноч, быццам галодныя ваўкі, круціліся ўкола кожнага будынку, шукаючы хоць дробненькую шчыліну, каб улезьці ў пакоі. Нікому не прыходзіла да галавы, што для сямейнай пары, якая збудавала жыцьцё на такім грунтоўным фундамэнце, магло існаваць штосьці, здольнае азмрочыць шчасьце. Але, ва ўсялякім выпадку, тым ранкам доктар Урбіна шчасьлівым сябе не адчуваў. Да дзясятай ён вярнуўся дадому ў дрэнным настроі пасьля двух візытаў, з-за якіх ня толькі прапусьціў Сёмушную імшу, але над ім яшчэ навісла пагроза жыцьцёвых зьменаў у тым веку, калі ўсё здавалася ўжо перажытым. Ён хацеў правесьці сабачую, гэта значыць, няўчасную сіесту да ўрачыстага абеду ў доме доктара Лясыдэса Алівэльлі, але прыслуга страшэнна мітусілася: усе спрабавалі злавіць папугая, які зьляцеў, калі яго даставалі з клеткі, каб падрэзаць крылы, і цяпер сядзеў на самай высокай галіне мангавага дрэва. Папугай той быў абшчыпаным маньякам: ён не размаўляў, калі яго прасілі, затое даваў волю языку ў самых нечаканых сытуацыях, прычым з такім чыстым вымаўленьнем і здаровым сэнсам, на якія здольны ня кожны чалавек. Яго выдрэсіраваў сам доктар Урбіна, і гэта надало папугаю такія прывілеі, якіх ня меў ніхто ў сям’і, нават дзеці, калі былі малымі. Папугай жыў зь імі больш за дваццаць гадоў, і прадавец, калі яго набывалі, ня ведаў ягонага веку. Штодня пасьля сіесты доктар Урбіна сядаў зь ім на тэрасе – самым прахалодным месцы ў доме – і цярпліва праяўляў неверагодныя мажлівасьці свайго пэдагагічнага таленту, пакуль папугай не навучыўся размаўляць па-француску, як акадэмік. Потым, з чыстага энтузіязму, ён навучыў папугая паўтараць на памяць харальныя тэксты набажэнства на лаціне і выбраныя фрагмэнты з Эвангельля ад Мацьвея. Аднак спроба ўбіць птушцы ў голаў мэханічнае веданьне чатырох арытмэтычных дзеяў скончылася няўдала. З адной з апошніх вандровак у Эўропу доктар прывёз першы фанограф з трубой і мноства кружэлак з запісамі модных мэлёдыяў і твораў сваіх улюбёных клясычных кампазытараў. Дзень пры дні на працягу некалькіх месяцаў ён пракручваў папугаю песьні Івэты Гільбэр і Арыстыда Бруана, якія пакарылі францускую публіку мінулага стагодзьдзя, пакуль папугай ня вывучыў іх на памяць. Ён сьпяваў жаночым голасам альбо тэнарам у залежнасьці ад таго, хто сьпяваў на кружэлцы, і заканчваў сьпевы нахабным гогатам – люстэркавай копіяй сьмеху мясцовых прыслужніц, калі тыя слухалі ягоныя сьпевы па-француску. Слава пра папугаевы таленты зайшла так далёка, што часам прасілі дазволу пабачыць яго слынныя вандроўнікі, якія прыплывалі з цэнтральных раёнаў краіны на рачных караблях, а ангельскія турысты, якія шмат вандравалі на нью-арлеанскіх бананавых суднах, аднойчы паспрабавалі набыць папугая за любы кошт. Аднак самы слаўны для птушкі дзень настаў, калі дом адведаў прэзыдэнт рэспублікі дон Марка Фідэль Суарэс з кабінэтам міністраў у поўным складзе і таксама захацеў упэўніцца ў праўдзівасьці чутак. Яны прыйшлі прыкладна а трэцяй, задыхаючыся ад палючага жнівеньскага паветра, бо былі ў сурдутах і цыліндрах – нябогі не здымалі іх на працягу трох дзён афіцыйнага візыту. Але зьехалі яны такімі ж заінтрыгаванымі, як і прыехалі, бо папугай ня выдаў ані слова, нягледзячы на мальбу, пагрозы і публічны сорам доктара Ўрбіна, які настояў быў рызыкнуць запрасіць высокіх гасьцей, не зважаючы на мудрыя папярэджаньні жонкі. Папугай захаваў свае прывілеі і пасьля гістарычнага фіяска, што канчаткова пацьвердзіла ягоную сувэрэннасьць. Ніякія іншыя жывёлы ў дом не дапушчаліся, за выключэньнем хіба што земляной чарапахі, якая зноў зьявілася на кухні пасьля трох альбо чатырох гадоў адсутнасьці, калі ўсе лічылі, што яна зьнікла назаўжды. Але на чарапаху не глядзелі як на жывую істоту, а, хутчэй, як на скамянелы амулет на шчасьце, і ніхто ня мог сказаць дакладна, дзе яна поўзае. Доктар Урбіна не хацеў прызнацца ў гідлівасьці да жывёлаў, спасылаючыся на самыя розныя навуковыя байкі і філязофскія высновы, якія шмат каго ўпэўнілі, толькі не ягоную жонку. Ён тлумачыў, што аматары жывёлаў здольныя на самую неверагодную жорсткасьць у адносінах да людзей. Ён казаў, што сабакі ня так адданыя, як паслужлівыя, каты – апартуністы і здраднікі, пава – вяшчун сьмерці, чырвоны ара – залішняе ўпрыгожаньне, трусы даводзяць да хцівасьці, малпы перадаюць гарачку юрлівасьці, а на пеўнях – праклён, бо празь іх людзі тройчы выракліся Хрыста. Але Фэрміна Даса, яго сямідзесяцідвухгадовая жонка, у якой тады ўжо зьнікла мінулая і надта жаноцкая паходка аляніхі, да шаленства любіла трапічныя кветкі і хатніх жывёлаў, а ў першыя гады шлюбу, карыстаючыся з палкага каханьня мужа, заводзіла жывёлаў без усялякай меры і здаровага сэнсу. Спачатку набыла трох далматынцаў, названых імёнамі рымскіх імпэратараў, – яны разадралі адзін аднаго з-за сучкі, якая цалкам апраўдала сваю мянушку – клікалі яе Мэсалінай, – бо яна яшчэ не пасьпявала ашчаніцца дзевяцьцю шчанюкамі, а ўжо была цяжарная дзесяцьцю іншымі. Затым у доме зьявіліся абісынскія коткі з арліным профілем і норавамі эгіпецкіх фараонаў, касавурыя сіямцы, палацавыя пэрсы з аранжавымі вачыма, якія блукалі па доме, як прывіды, і распуджвалі ноч віскатаньнем падчас сваіх оргіяў. На ланцугу каля мангавага дрэва, што расло ў двары, некалькі гадоў трымалі амазонскую малпу-ўістыці, якую шкадавалі, бо з твару была падобная на сумнага арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя, з той жа цнатлівасьцю ў вачох і красамоўем рук. Але ня з гэтае прычыны Фэрміне Дасе давялося пазбыцца малпы: гэны самец меў дурную звычку спаталяць сваю прагу, пазіраючы на сэньёр. У калідорах віселі клеткі з рознымі гватэмальскімі птушкамі, бугаямі-вестунамі, балотнымі чаплямі з даўгімі жоўтымі лапамі, а таксама жыло аленяня, якое савала пысу ў вокны і жэрла антурыі ў вазонах. Напярэдадні апошняй грамадзянскай вайны, калі ўпершыню загаварылі пра мажлівы візыт папы рымскага, з Гватэмалы выпісалі райскую птушку, якую вельмі доўга везьлі. Потым дазналіся, што абвестка пра вандроўку папы была прыдумкай ураду, які меркаваў спудзіць змоўшчыкаў-лібэралаў, і тады райскую птушку вярнулі на радзіму хутчэй, чымся даставілі адтуль. Іншым разам у кантрабандыстаў з Курасао, якія дабіраліся да бухты пад ветразямі, набылі драцяную клетку з шасьцю спэцыяльна надухмяненымі крумкачамі – такія ж мела Фэрміна Даса ў маленстве, у бацькоўскім доме, і яна захацела мець іх побач зноў. Аднак ніхто ня здолеў цярпець іхнае бесьперапыннае пляскатаньне крылаў, што разносіла пах пахавальных вянкоў. Была ў іх і чатырохмэтровая анаконда, чый сьвіст па начах трывожыў цемру спальняў, хоць ад яе была і карысьць: ад сьмяротнага подыху анаконды паўцякалі з дому кажаны і салямандры, як і мноства шкодных насякомых, якія бралі дом штурмам у сэзон дажджоў. Доктару Хувэналю Ўрбіна, тады звышзанятаму працай, паглыбленаму ў ажыцьцяўленьне сваіх грамадзкіх і культурных праектаў, было дастаткова думаць, што сярод гэтых мярзотных істотаў ягоная жонка была ня толькі найпрыгажэйшай, але і найшчасьлівейшай жанчынай на карыбскім узьбярэжжы. Але адным дажджлівым вечарам, пасьля цяжкога працоўнага дня, доктар Урбіна прыехаў дамоў, і жахлівы разгром ашаламіў яго, змусіў павярнуцца тварам да рэчаіснасьці. Ад гасьцёўні і па ўсім доме, наколькі хапала вока, ляжалі і плавалі ў крыві забітыя жывёлы. Служанкі паўзлазілі на крэслы, ня ведаючы, што рабіць і ня ў сілах вызваліцца ад жаху гэтай бойні. Здарылася так, што адзін зь нямецкіх догаў у раптоўным прыступе шаленства разадраў на кавалкі ўсё жывое, што трапілася на ягоным шляху да таго, як суседзкі садоўнік праявіў мужнасьць і засек яго сваім мачэтэ. Было невядома, каго няшчасны дог пакусаў, а каго й заразіў зялёнай сьлінай, таму доктар Урбіна загадаў забіць пазасталых жывёлаў і спаліць целы ў полі як мага далей ад жытла, а затым ён папрасіў супрацоўнікаў шпіталю Міласэрнасьці правесьці ў доме грунтоўную дэзынфэкцыю. І толькі шчасьлівая чарапаха ўратавалася, бо ніхто пра яе ў тым вэрхале не прыгадаў. Фэрміна Даса ўпершыню пагадзілася з мужам у справе, якая мела дачыненьне да хатняе гаспадаркі, і доўгі час засьцерагалася гаварыць пра меншых братоў чалавека. Яна цешыла сябе каляровымі ілюстрацыямі да Лінэевай «Гісторыі прыроды», уставіла іх у рамы і разьвесіла на сьценах залі, – мажліва, зь цягам часу яна б страціла надзею пабачыць жывёлу ў доме, але аднойчы на золку нейкія злодзеі выбілі акно прыбіральні, улезьлі ў дом і вынесьлі срэбныя прыборы – спадчыну пяці пакаленьняў. Доктар Урбіна паставіў падвойныя замкі на вокнах, умацаваў дзьверы жалезнымі засаўкамі, паклаў каштоўныя рэчы ў сэйф і набыў запозьненую вайсковую звычку – спаць з рэвальвэрам пад падушкай. Аднак ад набыцьця сабакі-вартаўніка адмовіўся, няхай і з прышчэпкай ад шаленства, няхай і на ланцугу, сказаўшы, што ня пойдзе на гэта, нават калі злодзеі пакінуць яго ў чым маці нарадзіла. – Ніколі ў дом ня ўвойдуць пазбаўленыя мовы істоты, – сьцьвердзіў ён, каб скончыць з хітрыкамі жонкі, якая зноў упарта схіляла яго да набыцьця сабакі. Ён ня мог сабе ўявіць, што за непрадуманыя словы можна паплаціцца жыцьцём. Фэрміна Даса, чый неўтаймаваны характар прымаў з гадамі нечаканыя адценьні, імгненна злавіла мужа на словах: колькі месяцаў пасьля пакражы яна зноўку падышла да караблёў кантрабандыстаў з Курасао і набыла каралеўскага папугая з Парамарыба. Папугай ведаў толькі адборную матроскую лаянку, але вымаўляў яе так па-чалавечы, што, далібог, каштаваў заплочаных за яго грошай – дваццаці сэнтава. Папугай быў гожы, важыў менш, чымся здавалася на першы погляд, меў ярка-жоўтую галоўку і чорны язычок, менавіта колер язычка адрозьніваў яго вонкава ад мясцовых папугаяў з мангровых лясоў, якіх немагчыма было навучыць размаўляць нават з дапамогаю шкіпінарных сьвечак. Доктар Урбіна ўмеў прайграваць, ён схіліў голаў перад сьветлым розумам жонкі і зьдзівіўся таму, што яму прыемна адзначаць посьпехі падахвочванага прыслужніцамі папугая. Увечары, калі разгульвалася навальніца, папугай весяліўся, адчуваючы сьвежыню, і гэта разьвязвала яму язык, ён паўтараў фразы з даўніх часоў, з-за чаго можна было падумаць, што ён выглядаў маладзейшым, чымся быў насамрэч. Супраціў доктара Ўрбіна канчаткова праваліўся аднойчы ўначы, калі злодзеі зноў спрабавалі ўлезьці ў дом праз дахавае акно, а папугай імгненна разагнаў іх бульдогавым брэхам, такім, якім не брахаў бы ніводзін сапраўдны злы сабака, а ўсьлед пракрычаў: «Злодзеі, злодзеі, злодзеі!» – гэтым штукам ён ня мог навучыцца ў гэтым доме. Вось тады доктар Урбіна пачаў займацца птушкай, загадаў прыладзіць пад мангавым дрэвам жэрдку зь дзьвюма пасудзінамі, адной – для сьвежай вады, а другой – для сьпелых бананаў; апрача таго, папугаю зрабілі трапэцыю для заняткаў акрабатыкай. Са сьнежня і да сакавіка, калі ўночы халаднела і непагадзь рабіла жыцьцё невыносным, бо дзьмулі паўночныя вятры, папугая ўносілі ў дом, і ён спаў у клетцы з покрывам, хоць доктар Урбіна падазраваў, што ягоны хранічны сап мог стацца шкодным для нармальнага подыху людзей. На працягу гадоў папугаю падрэзвалі крылы, выпускалі на волю, і ён тупаў, колькі заўгодна, хадою старога кавалерыста. Аднойчы папугай паказваў акрабатычныя этуды на бэльках кухні, нечакана ўпаў у каструлю, у якой гатавалі поліўку з гародніны, і пачаў раўці розную матроскую бязглузьдзіцу кшталту: «Ратуйся, хто можа!» Аднак абышлося: кухарка пасьпела злавіць яго чэрпалкай, абваранага і амаль бязь пер’я, аднак жывога. З тае пары ён жыў у клетцы нават днём, насуперак паўсюднай прымсе пра тое, што папугай у клетцы забывае ўсё, чаму яго навучылі. Яго выпускалі толькі а чацьвёртай пасьля абеду, калі сьвяжэла, і доктар Урбіна пачынаў зь ім заняткі на тэрасе. Ніхто своечасова не заўважыў, што крылы надта вырасьлі, і тым ранкам, калі зьбіраліся падразаць іх, ён зьляцеў і апынуўся на вяршыні мангавага дрэва. Тры гадзіны яго не маглі дастаць. Прыслужніцы і іхныя сяброўкі з суседніх дамоў прыдумвалі ўсялякія хітрыкі, каб папугай спусьціўся, але ён упарта заставаўся на недасягальнай адлегласьці, сьмяяўся як шалёны і крычаў: «Хай жыве лібэральная партыя, хай жыве лібэральная партыя, каб вас!», а гэты адважны вокліч ужо каштаваў жыцьця не аднаму вясёламу п’янтосу. Ледзь бачачы папугая ў лістоце, доктар Урбіна спрабаваў угаварыць яго па-гішпанску і па-француску, нават на лаціне, а папугай адказваў яму на тых самых мовах, з такою ж пыхай і тым жа тэмбрам голасу, але так і не паварушыўся. Доктар Урбіна ўпэўніўся, што ніхто папугая пераканаць ня здолее, і загадаў паклікаць на дапамогу пажарную каманду, якая была апошнім ягоным захапленьнем. Фактычна, да нядаўняе пары пажары гасіліся добраахвотнікамі, у ход ішлі мулярскія лесьвіцы, а вёдры з вадою цягнулі, адкуль маглі, і спосабы гашэньня былі такія недарэчныя і прымітыўныя, што часам прыносілі больш шкоды, чым уласна пажар. Але зь мінулага году, дзякуючы збору сродкаў, праведзенага Таварыствам грамадзкага ўпарадкаваньня, ганаровым старшынём якога быў сам Хувэналь Урбіна, горад меў прафэсійную пажарную каманду, машыну з цыстэрнай, сырэнай і звонам, а таксама два брандспойты. Пажарнікі сталіся настолькі папулярнымі, што школы, калі ў цэрквах пачыналі біць трывогу, спынялі заняткі, каб дзеці пабачылі, як яны вядуць барацьбу з агнём. Напачатку яны толькі гэтым і займаліся. Але доктар Урбіна распавёў вышэйшым муніцыпальным чыноўнікам, што ў Гамбургу бачыў, як пажарнікі вярталі да жыцьця амаль зьмерзлае немаўля, якое знайшлі ў сутарэньні пасьля трохдзённага сьнегападу. Ён таксама бачыў у адным нэапалітанскім завулку, як яны спускалі труну з балькону дзясятага паверху, бо лесьвіцы старога дому былі надта пакручастыя і сям’я не магла вынесьці нябожчыка на вуліцу. Гэтак і тутэйшыя пажарнікі пачалі рабіць іншыя тэрміновыя паслугі насельніцтву: узломвалі замкі або забівалі атрутную зьмяю, а Школа мэдыцыны наладзіла для іх адмысловыя курсы першай дапамогі пры лёгкіх траўмах. Так што нічога заганнага не было ў просьбе спусьціць з дрэва знанага папугая зь ня меншымі заслугамі, чым у якога паважанага кабальера. Доктар Урбіна сказаў: «Скажэце ім, што папрасіў я». І пайшоў у спальню пераапрануцца да сьвяточнага абеду. Праўду кажучы, ён быў разьбіты лістом Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і лёс папугая ня вельмі турбаваў яго. Фэрміна Даса ўбралася ў шырокую шаўковую сукенку з падоўжанай таліяй, каралі з натуральных пярлінаў у шэсьць даўгіх, але няроўных нітак і атлясныя чаравікі на высокім абцасы, якія трымала для самых урачыстых выпадкаў – узрост не дазваляў ёй апранацца так бяз дай прычыны. Модны строй нібыта быў не да твару бабулі паважных гадоў, але ёй усё гэта пасавала: яна была высокай, яшчэ хударлявай і асаністай, на гнуткіх руках не было ніводнай старэчай радзімкі, валасы, падстрыжаныя пад вуглом на роўні шчакі, паблісквалі стальным блакітам. Адзінае, што заставалася ў ёй ад вясельнага партрэту, – гэта вочы колеру сьветлых мігдалаў і ўласьцівая ёй годнасьць, а тое, што адымаў узрост, кампэнсавалася характарам і яшчэ стараннасьцю. Яна пачувалася добра: далёка ззаду засталіся часы жалезных гарсэтаў, зацягнутай таліі і прыўзьнятага хітрыкамі мадыстак заду. Свабоднае цела цяпер дыхала, як хацела, і дэманстравалася такім, якім яно было. Няхай сабе і ў семдзесят два гады. Доктар Урбіна знайшоў яе за туалетным столікам, яна сядзела пад лянотнымі лопасьцямі электравэнтылятара, і якраз надзявала капялюш-звон, аздоблены пільсьцёвымі фіялкамі. Спальня была вялікай і сьветлай, над ангельскім ложкам ружавеў тонкі полаг ад маскітаў, два адчыненыя акны выходзілі ў зеляніну двара, адкуль далятала цвырканьне цыкадаў, ашалелых ад прадчуваньня дажджу. Вопратку для мужа з тае пары, як яны вярнуліся зь вясельнае вандроўкі, Фэрміна Даса абірала ў адпаведнасьці з надвор’ем і выпадкам, каб усё было напагатове, калі ён выйдзе з ваннага пакою. Яна не магла прыгадаць, калі пачала дапамагаць яму апранацца, і зь якой пары цалкам апранала яго, і разумела, што напачатку рабіла гэта з каханьня, а ў апошнія пяць гадоў так ці іначай змушаная была займацца ягоным гардэробам, бо сам ён ужо з гэтым не спраўляўся. Яны ўжо адзначылі залатое вясельле, і не маглі жыць адно без аднаго альбо ня думаць адно пра аднаго, а з наступленьнем жорсткае старасьці заставацца ў самоце рабілася проста немагчыма. Ні ён, ні яна не маглі сказаць, на каханьні ці на практычнай звычцы трымаецца іх узаемапрывязанасьць, але яны ўсяляк унікалі задавацца гэтым пытаньнем, бо абое лічылі за лепшае ня ведаць сапраўднага адказу. Яна паступова адкрывала для сябе няўпэўненасьць мужавага поступу, зьменлівасьць ягонага настрою, правалы памяці, а летась для яго сталася звычкай плакаць у сьне. Тым ня менш, яна ўспрыняла гэта не як беспамылковыя азнакі старэчае іржы, а як шчасьлівае вяртаньне ў маленства. Таму яна ня ставілася да яго як да старога зь мярзотным характарам, а, хутчэй, як да састарэлага дзіцяці, і гэты самападман быў для іх ласкай божай, бо ратаваў ад зьнявагі ўзаемнага шкадаваньня. Зусім іншым было б жыцьцё, калі б яны своечасова дазналіся, што нашмат лягчэй унікнуць вялікіх сямейных катастрофаў, чым штодзённай непрыемнай драбязы. Але, калі яны чаму і навучыліся разам, дык гэта таму, што мудрасьць прыходзіць да нас, калі яна ўжо ні на што не патрэбная. Фэрміна Даса шмат гадоў запар цярпела, як стрэмку ў сэрцы, шумнае абуджэньне мужа на золку. Яна чаплялася за апошнія ніткі сну, каб не сутыкацца з новым ранкам у прадчуваньні бяды, а ён расплюшчваў вочы зь нявіннасьцю немаўляці: кожны новы дзень быў яшчэ адным днём, выйграным у лёсу. Яна чула, як ён прачынаўся зь пеўнямі, і першай адзнакай жыцьця быў натужны кашаль, нібыта ён кашляў знарок, каб і яна прачнулася. Затым яна чула ягонае бурчаньне – ён рабіў гэта наўмысна, абы патурбаваць яе, калі шукаў навобмацак пантофлі, якія заўжды стаялі каля ложка. Яшчэ яна чула, як ён ішоў у прыбіральню, таксама навобмацак, у цемры. За гадзіну, што ён пасьля праводзіў у кабінэце, яна пасьпявала заснуць, але крыху пазьней зноўку чула яго: ён вяртаўся ў спальню апранацца, хоць і не ўключаў сьвятла. Аднойчы, падчас адной салённай гульні, на просьбу вызначыць сябе самога, ён адказаў: «Я чалавек, які апранаецца ў цемры». Яна чула яго і ведала, што ніводзін нібыта выпадковы шум ня можа быць апраўданы, ён шумеў знарок, удаючы адваротнае, як і яна ўдавала сон. Ягоныя матывы былі празрыстымі: ён ніколі так не адчуваў патрэбы ў ёй, у ейным жыватворным сьвятле, як у хвіліны патаемнае трывогі. Наўрад ці хто спаў прыгажэй за яе – яна ляжала ў позе грацыёзнага танцу, прыціснуўшы далонь да ілба, – але таксама наўрад ці хто-кольвек быў больш разьюшаным, калі ёй заміналі адчуваць сябе ў сьне, хоць яна ўжо ня спала. Доктар Урбіна ведаў, што яна нэрвуецца празь ледзь чутны шоргат і нават бывае радая, што можна на кагосьці ўзваліць віну за ейнае бяссоньне ад пятай раньня. Даходзіла да таго, што зрэдчас, калі яму насамрэч даводзілася шукаць пантофлі навобмацак, бо іх не было на месцы, яна раптам гаварыла нібы скрозь сон: «Учора ты пакінуў іх у ваннай». І тут жа злосна-бадзёрым голасам дадавала: – І самае горшае, што ў гэтым доме ніколі не даюць паспаць. У такіх выпадках яна раптоўна варочалася ў ложку і, ужо не шкадуючы сябе, запальвала сьвятло, задаволеная перамогай на пачатку дня. Па сутнасьці, гэта была іхная гульня, злая містыфікацыя, але менавіла праз гэта яна прыносіла задавальненьне: гэта была небясьпечная асалода ўтаймаванага каханьня. Але аднойчы гэтая трывіяльная гульня ледзь не паклала канец трыццацігадоваму шлюбу, бо ў ваннай не аказалася мыла. Пачалося, як заўжды, будзённа і проста. Доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў спальню, а гэта былі яшчэ тыя часы, калі ён прымаў ванну без дапамогі, і стаў апранацца ў цемры. Яна, як вялося ў той час, знаходзілася ў цеплыні эмбрыянальнага стану: вочы заплюшчаныя, подых лёгкі, а рука паднятая над галавой, як у рытуальных скоках. Але ўсё ж яна драмала, так было заўжды, і ён гэта ведаў. Ладна пашоргаўшы ў цемры накрухмаленай ільняной вопраткай, доктар Урбіна сказаў нібыта сабе самому: – Пэўна, ужо цэлы тыдзень мыюся бяз мыла, – так ён сказаў. Вось тады яна прачнулася канчаткова, успомніла і задрыжэла ад злосьці на ўвесь белы сьвет, бо сапраўды забылася пакласьці мыла ў ваннай. Што мыла няма, яна заўважыла тры дні назад, калі ўжо стаяла пад душам, і вырашыла прынесьці кавалак пазьней, але потым запамятавала да наступнага дня. Тое ж здарылася і назаўтра. Насамрэч мінуў ня тыдзень, як ён гэта сказаў, каб падкрэсьліць яе вінаватасьць, але тры недаравальныя дні – так, і злосьць узьнікла, бо яе выкрылі ў няўважлівасьці, і гэта вывела яе зь сябе. Як звычайна, яна пачала абараняцца нападаючы: – Але я мылася ўсе гэтыя дні, – закрычала яна, ужо ня стрымліваючы сябе, – і мыла заўсёды было на месцы. Хоць ён і ведаў ужо ейныя мэтады вядзеньня вайны, на гэты раз ня змог стрымацца. Прыдумаўшы падставу, штосьці накшталт таго, што трэба, маўляў, паназіраць за станам хворых, доктар перабраўся жыць у інтэрнат пры шпіталі Міласэрнасьці, дзе меліся пакоі для пэрсаналу, а дома зьяўляўся толькі пад вечар, каб пераапрануцца для візытаў. Толькі пачуўшы, што ён прыехаў, яна тут жа сыходзіла на кухню, прыкідвалася занятай, і заставалася там, пакуль з вуліцы не далятаў тупат капытоў, і мужава пралётка не аддалялася. Усе спробы пакончыць з разладам за тры месяцы толькі разьдзьмулі полымя злосьці. Ён не зьбіраўся вяртацца, пакуль жонка не прызнае, што мыла ў ваннай не было, а яна адмаўлялася прымаць яго, пакуль ён не пацьвердзіць, што сьвядома схлусіў, каб насаліць ёй. Інцыдэнт, безумоўна, даў ім мажлівасьць прыгадаць мноства іншых дробных сутычак, якія здараліся раней у цьмяны перадзолкавы час. Адныя крыўды варушылі іншыя, раскрыліся старыя шнары, якія зноў прыносілі боль, і абое спужаліся, бо адчай падвёў да разуменьня: гэтулькі гадоў сумеснага жыцьця яны адно што гадавалі прыкрыя крыўды. Ён нават прапанаваў разам пайсьці на адкрытую споведзь, запрасіўшы найсьвяцейшага арцыбіскупа, калі трэба, каб сам Бог у апошняй інстанцыі вырашыў, ці было мыла ў мыльніцы, ці яго не было. Тады яна, што выдатна ўмела стрымліваць сябе, страціла ўсялякі самакантроль, і з душы вырваўся покліч, які ўвайшоў у гісторыю сямейства: – У сраку твайго найсьвяцейшага арцыбіскупа! Гэткая зьнявага скаланула ўвесь горад, спарадзіла самыя неверагодныя чуткі, якія цяжка было абвергнуць, і навечна ўвайшла ў простанародную мову: яе паўтаралі як падпеўку з апэрэткі: «У сраку твайго найсьвяцейшага арцыбіскупа!» Яна ўцяміла, што гэным разам перайшла ўсялякія межы, а таму апярэдзіла рэакцыю мужа, прыгразіўшы яму, што пераедзе ў стары бацькоўскі дом, які яшчэ належаў ёй, хоць часова быў здадзены ў наём пад дзяржаўныя канторы. Гэта не было бравадаю: яна насамрэч хацела пераехаць, яе не турабавала магчымасьць публічнага скандалу, і муж спахапіўся своечасова. У яго не хапіла мужнасьці кінуць выклік сваім прымхам. Ня ў тым сэнсе, каб пагадзіцца, было, маўляў, мыла ў ваннай, бо гэта было б абразай для праўды, а ў тым, каб жыць пад адным дахам, але ў асобных пакоях, не зьвяртаючыся адно да аднаго. Вось так і елі, упраўляючыся з такім зайздросным спрытам, што навучыліся перадаваць даручэньні з аднаго канца стала да другога празь дзяцей так, што тыя і не здагадваліся, што бацькі не размаўляюць. Паколькі ў кабінэце ванны не было, новая формула іхных паводзінаў вырашыла ранішнія канфлікты: цяперака ён мыўся пасьля падрыхтоўкі да лекцыі і сапраўды імкнуўся не будзіць жонкі. Часта яны падыходзілі да ваннай адначасова і па чарзе чысьцілі зубы перад сном. Праз чатыры месяцы доктар лёг пачытаць у сужэнскі ложак, пакуль жонка яшчэ была ў ваннай, як бывала раней, і раптам заснуў. Яна легла побач даволі рэзка, каб ён прачнуўся і сышоў. Так і атрымалася, ён сапраўды прачнуўся, але замест таго, каб устаць, выключыў начнік і зручней прымасьціўся на падушцы. Яна ўзяла яго за плячо і патрэсла, прыгадваючы гэтым, што ён мусіць пайсьці ў кабінэт, але той так добра пачуўся на фамільнай пярыне, што вырашыў капітуляваць. – Дазволь мне застацца, – сказаў ён, – так, мыла было. Прыгадваючы эпізод ужо на паваротцы да старасьці, ні ён, ні яна не маглі паверыць, што ўсё гэта было, яны зьдзівіліся, але тая сварка была найстрашнейшай за паўстагодзьдзя сумеснага жыцьця і адзінай, якая выклікала ў іх жаданьне здацца і пачаць жыцьцё па-іншаму. Нават у глыбокай і паблажлівай старасьці яны засьцерагаліся прыгадваць той канфлікт, бо слаба загоеныя раны здольныя нанава краваточыць, нібыта іх нанесьлі ўчора. Хувэналь Урбіна быў першым мужчынам у жыцьці Фэрміны Дасы, якога яна чула, як ён мочыцца. Была іхная першая шлюбная ноч, і гэта здарылася ў каюце карабля, які вёз іх у Францыю. Яе змусіла легчы марская хвароба, і гук конскага струменю, што даносіўся праз тонкую перагародку з прыбіральні, падаўся ёй такім магутным і ўладным, што натуральная баязьлівасьць нявесты ператварылася ў жах. Менавіта ўспаміны пра гэта ажывалі ў памяці часьцяком па меры таго, як гады аслаблялі той струмень, бо жонка ніколі не магла зьмірыцца з тым, што кожны раз пасьля яго край унітазу заставаўся мокрым. Доктар Урбіна спрабаваў упэўніць яе даступнымі аргумэнтамі – было б жаданьне ўцяміць – што гэта паўтаралася зь ім штодня не зь неахайнасьці, як яна вымаўляла яму, а з прыродных прычынаў. У маладосьці ягоная крыніца біла так моцна і мэтанакіравана, што ў школе ён заўсёды выйграваў заклад на трапнасьць – хутчэй і лепей за ўсіх напаўняў бутэлькі на адлегласьці. Аднак з часам крыніца ня толькі аслабла, цяперака струмень скрывіўся, непрадказальна дзяліўся на дробныя цуркі. Нарэшце, прыпадабняўся фантанчыку, які працуе з такім уяўленьнем, што яго немажліва накіраваць нават коштам самых сумленных намаганьняў. Ён яшчэ прыгаворваў: «Унітаз, відаць, вынайшаў той, хто нічога ня ведаў пра мужчынаў». Ён зрабіў унёсак у хатні мір учынкам, у якім было болей самазьнявагі, чым пакоры: стаў шторазу выціраць край унітазу гігіенічнай паперай. Жонка ведала пра гэта, але маўчала, пакуль аміячныя выпарэньні ў прыбіральні ня сталіся занадта надакучлівымі, і тады яна выкрывальна абвяшчала: «Тут трусятнікам патыхае». Напярэдадні канчатковага састарэньня цялесная непрыемнасьць падказала доктару Ўрбіна найлепшае рашэньне: наперад ён бруіў седзячы, як і яна. Унітаз заставаўся чыстым, а заадно скончыліся кпіны. Ён ужо зь цяжкасьцю ўпраўляўся сам, аднойчы пасьлізнуўся ў ваннай, што магло для яго дрэнна скончыцца, і гэта выклікала засьцярогу доктара ў адносінах да душу. Дом быў сучасным, але без мэталічнай ванны на львіных лапах, звычайнай ужо ў заможных дамох старога гораду. Ён яшчэ раней загадаў вынесьці яе і аргумэнтаваў гэта прычынамі гігіены: ванна – дрэнь, якіх досыць у эўрапейцаў, яны мыюцца цалкам толькі ў апошнюю пятніцу месяца ў вадзе, бруднай тым брудам, якога яны намагаюцца пазбыцца. Ён жа загадаў замовіць ёмістыя, па ягоных мерках, масіўныя ночвы з гуаяканы*, і ў іх Фэрміна Даса купала мужа, як зазвычай купаюць нованароджаных. Купаньне доўжылася больш за гадзіну, у трох водах, куды падлівалі адвар зь лісьця мальвы і памаранчавай цэдры, і водар гэтак супакойваў яго, што часам ён засынаў у духмяным настоі. Пасьля купаньня Фэрміна Даса тальчыла яму прамежнасьць і змазвала какававым алеем спрэласьці, насоўвала зь вялікай любоўю шкарпэткі, бы якія пялюшкі, і далей – усю вопратку ад нагавіцаў да гальштука з тапазам на заціску. Шлюбныя золкі сталіся ціхамірнымі, бо ён вярнуўся ў маленства, адабранае ў свой час дзецьмі. Жонка, са свайго боку, прыстасавалася да сямейнага распарадку, бо і ейныя гады міналіся: яна спала ўсё меней, ёй яшчэ не было сямідзесяці, як яна ўжо ўставала раней за мужа.
|
* Ўілсан, Вудра (1856–1924). Абіраўся прэзыдэнтам ЗША двойчы, у 1913 і 1916 гг.
|
У нядзелю на Сёмуху, калі доктар Урбіна прыўзьняў коўдру і ўбачыў цела Ерэміі дэ Сэнт-Амура, яму адкрылася штосьці, чаго ён ня мог знайсьці ў часе сваіх вандраваньняў па самых ясных сфэрах мэдыцыны і веры. Нібыта пасьля доўгіх гадоў блізкіх стасункаў са сьмерцю – не дарэмна ж ён змагаўся і ўступаў у сутычкі зь ёю – тое быў першы выпадак, калі ён наважыўся глянуць сьмерці ў твар, і яна, сьмерць, таксама на яго пазірала. Гэта ня быў жах перад сьмерцю. Не, жах жыў у ім ужо шмат гадоў, суіснаваў зь ім, быў ценем ягонага ценю. І гэта пачалося аднойчы ўначы, калі ён прачнуўся, спужаны дурным сном, і ўсьвядоміў, што сьмерць – ня толькі сталая верагоднасьць, як ён уважаў раней, але яшчэ й неад’емная рэальнасьць. Але ж у той дзень ён адчуў фізычную ўвасобленасьць таго, што да тае пары адчувалася як уяўная сапраўднасьць. Ён сумна ўсьміхнуўся, – пасярэднікам нябёсаў для страшнага адкрыцьця быў Ерэмія дэ Сэнт-Амур, якога ён заўсёды ўважаў за сьвятога, што ня ведае пра сваю сьвятасьць. Але ліст выявіў праўду пра ягоную асобу, жудаснае мінулае, неверагодную здольнасьць Ерэміі да прытворства, і доктар адчуў: штосьці незваротнае і канчатковае здарылася ў ягоным жыцьці.
Тым ня менш, Фэрміна Даса не заразілася ягоным змрочным настроем. Ён спрабаваў, безумоўна, завесьці яе, пакуль яна дапамагала трапіць нагамі ў калашыну штаноў і зашпільвала чараду гузікаў на кашулі. Аднак доктару гэта не ўдалося, бо Фэрміна Даса не была ўразьлівай, да таго ж, размова ішла не пра сьмерць любага ёй чалавека. Яна толькі ведала, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур – інвалід на мыліцах, якога яна ніколі ня бачыла. Ён уратаваўся ўцёкамі ад карнага аддзелу, пазьбег расстрэлу падчас аднаго з мноства паўстаньняў на адной са шматлікіх Антыльскіх выспаў. Пасьля ён стаўся дзіцячым фатографам, бо трэба было неяк жыць, карыстаўся найвялікшым попытам ва ўсёй правінцыі і яшчэ выйграў шахматную партыю ў кагосьці, каго яна згадвала як Торэмалінаса, хоць насамрэч гэта быў Капаблянка*.
|
* Дзікарослае дрэва трапічнай Амэрыкі, вядомае надзвычайнай цьвёрдасьцю.
|
– Ён быў толькі ўцекачом з Каены, яму вынесьлі пажыцьцёвы прысуд за страшэннае злачынства! – усклікнуў доктар Урбіна. – Уяві сабе, ён нават еў чалавечыну.
Доктар Урбіна ўручыў ёй ліст з таямніцамі Ерэміі дэ Сэнт-Амура, якія ўцякач думаў зьнесьці ў іншы сьвет, але жонка, не прачытаўшы, паклала складзеныя бачыны ў шуфлядку туалетнага століка і зачыніла на ключ. Яна прызвычаілася да яго бяздоннай здольнасьці зьдзіўляцца, да перабольшваньняў у думках, якія зь цягам часу рабіліся ўсё больш заблытанымі, да вузкасьці крытэраў, якія не адпавядалі ягонай рэпутацыі ў грамадзе. Але тым разам ён перасягнуў сам сябе. Яна думала, што ейны муж паважаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура не за яго мінулае, а за тое, кім ён стаў, прыехаўшы без маёмасьці, калі не лічыць незаменнага для ўцекачоў заплечніка, і цяперака не магла зразумець, чаму муж так разгубіўся ад запозьненага адкрыцьця наконт сапраўднай асобы Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Яна таксама не магла ўразумець, чаму мужу непрыемна, што ў таго была патаемная сувязь з жанчынай, хоць гэта было традыцыйным атавізмам у ягоным асяродку, нават у яго ў свой час была каханка, апрача таго, ёй здавалася кранальным доказам каханьня тое, што жанчына дапамагла ажыцьцявіць рашэньне пайсьці з жыцьця. І Фэрміна Даса сказала мужу: «Калі б ты таксама рашыўся на такі крок, ды з такіх сур’ёзных прычынаў, як ён, маім абавязкам было б учыніць так сама, як яна». Доктар Урбіна нанава адчуў сябе на ростанях звычайнага непаразуменьня, якое ўжо паўстагодзьдзя раздражняла яго. – Нічога ты не разумееш, – адказаў ён. – Мяне абурыла ня тое, кім ён быў і што ён зрабіў, а падман, няведаньне, у якім ён трымаў нас усіх столькі гадоў запар. Ягоныя вочы засьцілі раптам набеглыя сьлёзы, але яна прыкінулася, быццам нічога не заўважае. – Ён учыніў слушна, – дадала яна. – Скажы вам праўду, і ні ты, ні тая бедная жанчына, словам, ніхто ў гэтым горадзе не палюбіў бы яго, як яго любілі. Яна зашпіліла яму кішэнны гадзіньнік, прасунула ягоны ланцужок празь пельку камізэлькі, падцягнула вузел гальштука і паправіла заціск з тапазам. Пасьля ўцерла сьлёзы, прамакнула засьлёзьненую бараду наадэкалёненай насоўкай і сунула яе ў верхнюю кішэню, расправіўшы кончыкі, нібыта гэта не насоўка, а магнолія. Гадзіньнік прабіў адзінаццатую, і рэха разарвала зацішша памяшканьня. – Пайшлі, – сказала яна і ўзяла яго пад руку. – Інакш мы спозьнімся. Амінта Дэшам, жонка доктара Лясыдэса Алівэльлі, і яе сем старанных дачок прадугледзелі ўсё, каб абед у гонар срэбнага юбілею мужа і бацькі стаўся сапраўднай падзеяй году. Іхны фамільны дом у гістарычнай частцы гораду быў у старажытнасьці памяшканьнем Манэтнага двара, і пазбавіў яго самабытнасьці флярэнтыйскі дойлід, які прайшоўся па тутэйшых кварталах, як злы вецер абнаўленьня, ды перайначыў ня менш за чатыры рэліквіі XVII стагодзьдзя ў вэнэцыянскія базылікі. Дом меў шэсьць спальняў і дзьве залі, адна служыла ядальняй, а другая – гасьцёўняй, абедзьве былі вялікімі і добра праветрываліся, але не настолькі, каб зьбіраць гасьцей з усяго гораду і абраных з навакольля. Двор быў роўны ў памерах кляштарнай галерэі, з каменным фантанам, у якім цурчала вада, і кветнікамі, дзе буялі геліятропы – увечары яны напаўнялі дом сваім водарам, – але разьдзеленая калянадай прастора не дазваляла зьмясьціць столькіх славутасьцяў. Так што яны вырашылі зладзіць абед у сваёй загараднай сядзібе, за дзесяць хвілінаў язды на аўто па каралеўскай дарозе, бо тамака двор займаў цэлую фанэгаду*, і на ім расьлі вялізныя індыйскія ляўры, а ў ціхай рачулцы – крэольскія вадзяныя лілеі. Людзі з шынка дона Санча пад кіраўніцтвам спадарыні Алівэльлі нацягнулі каляровыя тэнты ў сонечных месцах, саставілі са столікаў прастакутнік на сто дваццаць дзьве пэрсоны, накрылі льнянымі абрусамі, а ганаровы стол упрыгожылі букетамі сьвежых, толькі што зрэзаных ружаў. Акрамя таго, збудавалі эстраду для духавога аркестру з даволі абмежаваным рэпэртуарам – яны выконвалі адно што кантрадансы і айчынныя вальсы, – а таксама для струннага квартэту Школы мастацтваў, гэта быў сюрпрыз спадарыні Алівэльлі для вельмішаноўнага настаўніка мужа, які мусіў старшыняваць на абедзе. Хоць дата не зусім супадала з угодкамі атрыманьня лекарскага дыплёму, Сёмуха была абраная, каб такім чынам падкрэсьліць значнасьць юбілею.
|
* Капаблянка, Хасэ Рауль (1888–1942) – кубінскі шахматыст, чэмпіён сьвету ў 1921–1927 гг.
|
Падрыхтоўка пачалася за тры месяцы, бо баяліся, што праз брак часу ўпусьцяць штосьці неабходнае. Загадалі прывезьці жывых кур са Сьенага-дэ-Ора, вядомых на ўсё ўзьбярэжжа ня толькі памерамі і смакам, але яшчэ й тым, што ў каляніяльны пэрыяд яны жылі-падзёўбвалі сабе ў наносных землях, таму ў іхных вальляках часам знаходзілі драбкі чыстага золата. Спадарыня Алівэльля, разам са старэйшай дачкой і прыслужніцамі, асабіста падымалася на борт раскошных трансатлянтычных караблёў і набывала ўсё самае якаснае з кожнай краіны, каб адпаведна ўганараваць заслугі свайго мужа. Яна ўсё прадугледзела, за выключэньнем таго, што сьвята супала з адной зь нядзеляў чэрвеня, а сэзон дажджоў сёлета зацягнуўся. Яна здагадалася пра гэта раніцой, калі выйшла на абедню і яе спужала надзвычайная вільготнасьць паветра, яна бачыла – неба было густым і нізкім, а з боку мора гарызонт не відзён быў увогуле. Нягледзячы на відавочныя прыкметы, дырэктар мясцовай астранамічнай абсэрваторыі, зь якім яна сустрэлася ў касьцёле, нагадаў ёй, што за ўсю бурлівую гісторыю гораду нават у самыя лютыя зімы ніколі не ішоў дождж у Сёмухаў дзень. І ўсё ж а дванаццатай, калі адгулі званы і госьці ўжо пілі апэрытывы на вольным паветры, рокат самотнага грому скалануў зямлю, і моцны парыў ветру з мора перакуліў частку сталоў і зьнёс тэнты, а неба абрынулася на людзей жудаснай навальніцай.
Доктар Хувэналь Урбіна зь цяжкасьцю дабраўся ў навальнічнай віхуры разам з запозьненымі гасьцямі, зь якімі сустрэўся па дарозе. Доктар хацеў, як яны, прайсьці ад стаянкі для аўто да дому, скачучы з каменя на камень праз заліты плынямі вады двор, але ўсё-ткі прыняў зьняважлівую прапанову людзей дона Санча – яны панесьлі яго на руках, трымаючы над ім кавалак жоўтага брызэнту. Сталы наноў накрылі як маглі па ўсім доме, нават у спальнях, і госьці зусім не імкнуліся схаваць таго, што з надвор’ем ім пашэнціла, як пасажырам патанулага карабля. Сьпякота стаяла, нібыта побач з карабельным катлом, таму што давялося зачыніць вокны, іначай касыя струмені дажджу залілі б увесь дом. У двары кожнае месца за сталом было абазначана карткай зь імем госьця. Акрамя таго, гаспадары думалі пасадзіць мужчынаў з аднаго боку стала, а жанчын – з другога, адпаведна традыцыі. Але візытныя карткі з імёнамі гасьцей пераблыталіся, і праз вымушаную цеснату госьці паселі, дзе змаглі, часта насуперак прымхам вышэйшага грамадзтва. У гэтым бязладзьдзі Амінта дэ Алівэльля была нібыта паўсюль адначасова, з мокрымі ўшчэнт валасамі, у заляпаным гразьзю пышным строі, аднак яна пераносіла няшчасьце зь нязьменнай усьмешкай, якой навучылася ад мужа, каб не скарацца перад горам. Ёй дапамагалі дочкі, загартаваныя ў горне матчыных традыцыяў, і Амінта дэ Алівэльля здолела, наколькі гэта было мажліва, прытрымаць месцы за ганаровым сталом – у цэнтры пасадзіла доктара Хувэналя Ўрбіна, а праваруч – арцыбіскупа Абдуліё-і-Рэя. Фэрміна Даса села каля мужа, яна звыкла баялася, што ён задрэмле падчас абеду альбо пралье сабе поліўку на штрыфэль. Насупраць сеў сам доктар Лясыдэс Алівэльля, – пяцідзесяцігадовы, па-жаноцку манерны мужчына, які добра захаваўся, але яго вясёлы нораў ніяк не ўплываў на дакладнасьць дыягназаў. За гэтым сталом селі прадстаўнікі правінцыйных і муніцыпальных уладаў ды яшчэ леташняя каралева прыгажосьці, якую губэрнатар прывёў пад руку і пасадзіў ля сябе. Хоць традыцыі не патрабавалі, каб госьці нейк адмыслова апраналіся, тым больш для загараднага абеду, жанчыны прыехалі ў вечаровых строях і з каштоўнымі ўпрыгожваньнямі, а бальшыня мужчынаў – у цёмных строях з чорнымі гальштукамі, некаторыя ж нават у суконных сурдутах. Толькі самыя выбітныя, сярод іх і доктар Урбіна, дазволілі сабе прыехаць у звычайнай вопратцы. Кожны госьць перад сабою знайшоў мэню на францускай мове, упрыгожанае залатымі віньеткамі. Спадарыня Алівэльля турбавалася з-за жахлівае сьпякоты і абышла ўвесь дом, просячы напрамілы Бог, каб мужчыны зьнялі пінжакі за сталом, але ніхто не асьмельваўся падаць прыклад. Арцыбіскуп зьвярнуўся да доктара Ўрбіна і заўважыў, што ў пэўным сэнсе гэта быў абед гістарычны: упершыню за адным сталом сядзелі супрацьлеглыя бакі, якія ў бясконцай грамадзянскай вайне пралівалі кроў у краіне з часоў абвяшчэньня незалежнасьці, і абед нібыта даказваў, што раны зацягнуліся і крыўды разьвеяліся. Гэтая думка супала з энтузіязмам лібэралаў, перадусім маладых, якія дамагліся абраньня свайго прэзыдэнта пасьля сарака пяці гадоў гегемоніі кансэрватараў. Але доктар Урбіна ня быў згодны: прэзыдэнт-лібэрал здаваўся яму нічым не адрозным ад прэзыдэнта-кансэрватара, хіба што лібэрал горш апранаўся. Аднак ён ня стаў пярэчыць арцыбіскупу, хоць яго й падмывала заўважыць, што ніхто ня быў запрошаны на абед з-за перакананьняў, а выключна з прычыны прыналежнасьці да слынных родаў, што заўсёды было вышэй за нязгоды палітыкі і жахі вайны. З гэтага пункту гледжаньня, сапраўды, ні на каго не забыліся. Навальніца прайшла, як і пачалася, раптоўна, і тут жа ў чыстым небе зазьзяла сонца, але бура была такой суворай, што павырывала з карэньнем дрэвы, а рачулка разьлілася па двары і ператварыла яго ў сапраўднае балота. Найбольшая бяда напаткала кухню. Дзеля сьвята адмыслова абклалі цаглінамі некалькі вогнішчаў за домам, пад адкрытым небам, і кухары ледзь пасьпелі ўратаваць катлы ад дажджу. Яны згубілі каштоўны час, вычарэпваючы ваду на кухні і хуценька ладзячы новыя вогнішчы ў галерэі ззаду. Але а першай выйшлі зь бядотнага становішча, не ставала толькі дэсэрту – яго замовілі ў мнішак кляштару Сьвятой Кляры, і яны абяцалі прыслаць усё не пазьней за адзінаццатую. Гаспадыня баялася, што рачулка, якая перасякала галоўную дарогу, выйшла зь берагоў, як гэта заўжды здаралася ўзімку, а тады яна ня зможа атрымаць дэсэрт раней, чым празь дзьве гадзіны. Як толькі мінулася навальніца, адчынілі вокны, і дом асьвяжыўся навальнічным азонам. Затым загадалі духавому аркестру пачынаць праграму вальсамі на тэрасе порціку, але гэта толькі замінала гасьцям, бо рэзананс ад медных інструмэнтаў у доме прымушаў размаўляць крыкам. Стомленая ад чаканьня, з усьмешкаю, празь якую праступалі сьлёзы, Амінта дэ Алівэльля загадала падаць абед. Квартэт са Школы мастацтваў пачаў канцэрт сярод урачыстае цішыні, якая была перарваная першымі тактамі Моцартавага «Паляваньня». Нягледзячы на пошум галасоў, што нарастаў і заблытваў гукі, на беганіну мурынаў, што служылі ў дона Санча, а яны, разносячы гарачыя стравы, ледзь прадзіраліся паміж сталамі, доктар Урбіна здолеў сканцэнтраваць сваю ўвагу на музыцы да канца праграмы. Ягоная здольнасьць да засяроджаньня меншала з году ў год, дайшло да таго, што ён мусіў запісваць на паперцы кожны шахматны ход, каб ведаць, на чым спыніўся. Аднак ён яшчэ мог падтрымліваць сур’ёзную размову, не губляючы нітавіну канцэрту, хоць і ніколі не дасягаў віртуознасьці аднаго дырыжора нямецкага аркестру, яго вялікага сябра па Аўстрыі, які чытаў партытуру «Дона Джавані», слухаючы Вагнэравага «Тангейзэра». Другі твор праграмы, «Дзяўчына і сьмерць» Шубэрта, быў выкананы, на думку доктара Ўрбіна, з залішнім драматызмам. Зь цяжкасьцю разьбіраючы музычныя гукі скрозь звон прыбораў і талерак, ён заўважыў ружовашчокага юнака, які павітаў яго, схіліўшы голаў. Безумоўна, ён недзе бачыў яго, але ня мог прыгадаць, дзе менавіта. Гэта здаралася зь ім часьцяком і перадусім з імёнамі нават самых блізкіх знаёмцаў ды мэлёдыямі даўніх часоў, і выклікала ў ім такі страшны адчай, што аднойчы ўначы ён злавіў сябе на тым, што хацеў бы памерці, толькі б не дачакацца золку. Ён ледзь не дайшоў да падобнага стану, калі міласэрны сполах прасьвятліў памяць: гэты юнак летась вучыўся ў яго. Ён зьдзівіўся, што хлопец прысутнічае сярод вярхоў грамадзтва, але доктар Алівэльля нагадаў яму, што юнак быў сынам міністра гігіены і прыехаў, каб напісаць дысэртацыю па судовай мэдыцыне. Доктар Хувэналь Урбіна вясёла махнуў маладому лекару рукой, а той прыўстаў і адказаў паклонам. Але ні тады, ні калі-небудзь пазьней доктар Урбіна не прыгадаў, што гэта быў той самы практыкант, які чакаў яго раніцой у доме Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Супакоены яшчэ адной перамогай над старасьцю, ён аддаўся празрыстай плыні лірызму апошняга твору, які так і ня змог пазнаць. Пазьней малады віялянчаліст, які толькі-толькі вярнуўся з Францыі, сказаў яму, што гэта быў твор для струннага квартэту Габрыеля Фарэ, імя якога доктар Урбіна ніколі ня чуў, хоць уважліва сачыў за эўрапейскімі навінкамі. Фэрміна Даса, якая назірала за ім заўсёды, а цяпер бачыла яго такім засяроджаным на людзях, перастала есьці і ўзяла яго за руку. Затым шапнула: «Ня думай болей пра гэта». Доктар Урбіна ўсьміхнуўся ёй з другога берага свайго экстазу і зноў падумаў пра тое, чаго яна пабойвалася. Ён прыгадаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура, цела якога пад той час ужо ляжала ў стылізаванай вайсковай уніформе з бутафорскімі ўзнагародамі ў труне пад дакорлівымі поглядамі дзяцей з партрэтаў. Ён павярнуўся да арцыбіскупа, распавёў пра самагубства, але той ужо ведаў. Вельмі шмат гаварылі пра гэта пасьля абедні і нават атрымалі прашэньне палкоўніка Хероніма Арготэ ад імя ўцекачоў Карыбскага басэйну, каб ім дазволілі пахаваць паплечніка ў асьвячонай зямлі. Арцыбіскуп сказаў: «Само прашэньне я ўспрыняў як поўную адсутнасьць такту». Затым, у больш спакойным тоне, спытаў, ці вядома прычына самагубства. Доктар Урбіна адказаў вельмі трапным словам, лічачы, што вынайшаў яго ў той самы момант: герантафобія. Доктар Алівэльля апекаваўся бліжэйшымі гасьцямі, але на хвілю пакінуў іх, каб уставіць слова ў размову: «Вельмі сумна сутыкнуцца з суіцыдам, прычынай якога ня ёсьць каханьне». Доктар Урбіна зусім не зьдзівіўся, паслухаўшы ўласную думку ў вуснах свайго найлепшага вучня. – І што горай, – дадаў настаўнік, – ён атруціўся цыянідам золата. Доктар Урбіна вымавіў гэта і адчуў, што шкадаваньне сталася мацнейшым за горыч, якую выклікаў ліст, і быў удзячны за гэта ня жонцы, а дзівоснай музыцы. І доктар Урбіна загаварыў з арцыбіскупам пра чалавека, які быў для яго сьвецкім сьвятым і якога ён зьведаў доўгімі шахматнымі вечарамі. Казаў пра тое, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур прысьвяціў сваё мастацтва дзецям, што за жыцьцё дасягнуў рэдкай эрудыцыі і ведаў пра ўсё на сьвеце, а сам вёў спартанскі лад жыцьця. Доктар зьдзівіўся ўласнай душэўнай чысьціні, зь якой раптам аддзяліў нябожчыка ад ягонага мінулага. Затым сказаў алькальду, што добра было б набыць архіў нэгатываў, каб захаваць вобразы цэлага пакаленьня, бо, магчыма, толькі ў партрэтах яны будуць шчасьлівымі, а ў іх руках – будучыня гораду. Арцыбіскуп абурыўся тым, што інтэлігентны і ваяўнічы каталік дазволіў сабе думаць пра сьвятасьць самазабойцы, але не пярэчыў прапанове адносна архіву нэгатываў. Алькальд хацеў дазнацца, у каго трэба выкупіць архіў. Гарачае вугольле таямніцы абпаліла язык доктара Ўрбіна, але ён вытрываў, ня выдаўшы падпольную спадкаемніцу Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і адказаў: «Я асабіста займуся гэтым». І адчуў, што загладзіў сваю віну перад жанчынай, якую за пяць гадзінаў да таго лічыў агідным мярзотным стварэньнем. Фэрміна Даса заўважыла гэта і ціхім голасам папрасіла паабяцаць, што ён пойдзе на пахаваньне. Ён шапнуў ёй з палёгкай у душы, што, канечне, пойдзе, абавязкова. Юбілейныя прамовы былі кароткімі і ўспрымаліся лёгка. Духавы аркестар узяўся за простанародныя мэлёдыі, не прадугледжаныя праграмай, а госьці сталі шпацыраваць па тэрасах, чакаючы, пакуль людзі з шынка дона Санча адвядуць ваду з двара – раптам хто-небудзь наважыцца танчыць. У залі засталіся толькі госьці за ганаровым сталом, якія ў захапленьні заўважылі, што доктар Урбіна, пачуўшы фінальны тост, залпам выпіў паўчаркі брэндзі. Ніхто ня мог прыгадаць падобнага выпадку, за выключэньнем калісьці прыгубленага кубка віна найвышэйшага гатунку, безь якога ён не ацаніў бы вартасьці далікатэснае стравы, але на гэты раз само сэрца прасіла здацца, і за слабасьць, якую ён дапусьціў, ён быў узнагароджаны: зноў, упершыню за столькі гадоў, яму захацелася сьпяваць. І ён бы засьпяваў, безумоўна, балазе малады віялянчаліст настойліва прапаноўваў акампанэмэнт, калі б не аўто апошняе мадэлі, якое нечакана ўзьнікла, праехала цераз забалочаны двор, заляпаўшы музыкантаў гразьзю і спудзіўшы качак з блізкага загону аглушальным качыным крыкам кляксону, каб рэзка спыніцца каля ганку. З аўто выйшлі доктар Марка Аўрэліё Ўрбіна Даса і ягоная жонка, абодва рагаталі, як ненармальныя, трымаючы ў руках па падносе, прыкрытым карунковай сурвэткай. Другія падносы ляжалі на фатэлях і нават на падлозе аўто, каля кіроўцы. Гэта быў запозьнены дэсэрт. Калі госьці перасталі пляскаць і вясёла сьвісьцець, доктар Урбіна Даса ў сур’ёзным тоне патлумачыў, што мнішкі папрасілі яго адвезьці дэсэрт, пакуль не ўсчалася бура, але ён мусіў быў разьвярнуцца, бо хтосьці сказаў, што гарыць бацькоўскі дом. Доктар Хувэналь Урбіна перапужаўся яшчэ да таго, як сын завяршыў аповед. Але ягоная жонка своечасова нагадала яму, што ён сам распарадзіўся выклікаць пажарнікаў, каб яны злавілі папугая. Амінта дэ Алівэльля ўздыхнула з палёгкай і вырашыла падаць дэсэрт на тэрасах, не зважаючы на тое, што каву падалі раней. Аднак доктар Хувэналь Урбіна і ягоная жонка, не пакаштаваўшы салодкага, пайшлі, бо да пахаваньня амаль не заставалася часу для яго нязьменнай сіесты. Доктар пасьпеў трохі паспаць, але мала, бо, як вярнуўся дадому, ён сутыкнуўся з тым, што пажарнікі нарабілі большае шкоды, чым пры сапраўдным пажары. Спрабуючы сагнаць папугая, яны струменямі з брандспойтаў зьбілі з дрэва ўсё лісьце, а адзін няўдала накіраваны струмень прайшоў праз адчыненае акно вялікай спальні і непапраўна папсаваў мэблю і партрэты далёкіх продкаў. Суседзі пачулі сырэну пажарнай машыны і прыбеглі – падумалі, што дом гарыць. Большай шкоды не было нанесена толькі праз адсутнасьць грамады школьнікаў-дапаможцаў, бо школы ў нядзелю зачыненыя. Калі пажарнікі здагадаліся, што не дастануць папугая нават з дапамогай рухомай лесьвіцы, яны ўзяліся за мачэтэ і пачалі сьсякаць галіны, і толькі ўчасны прыход доктара Ўрбіна Дасы перапыніў зьнішчэньне дрэва. Тады пажарнікі сказалі, што прыедуць зноў а пятай, на выпадак, калі гаспадар дазволіць сьсекчы дрэва, загадзілі бруднымі ботамі ўнутраную тэрасу і залю ды падралі турэцкі дыван, які так любіла Фэрміна Даса. І ўсё гэта – без аніякага сэнсу, бо, хутчэй за ўсё, папугай, скарыстаўшы зь бязладзьдзя, зьляцеў у суседзкія двары. І праўда, як доктар Урбіна ні шукаў папугая ў лістоце, той не адказваў ні на якой мове, ні сьвістам, ні сьпевам, так што гаспадар палічыў, што птушка згінула, і пайшоў спаць а трэцяй. Перад тым як легчы, ён адчуў хвілінную асалоду ў прыбіральні – ягоная мача ачысьцілася і набыла пах патаемнага саду, бо ў той дзень ён паеў цёплае спаржы. Прачнуўся ён ад суму. Гэта быў ня той сум, які адолеў яго, калі раніцой пабачыў цела свайго сябра, а нябачны туман, якім набрыняла душа пасьля сіесты, і доктар успрыняў яго як нябесную вестку пра тое, што ён дажывае апошнія дні. Да пяцідзесяці гадоў ён не адчуваў памераў, вагі і стану сваіх унутраных органаў. З гадамі, лежачы з заплюшчанымі вачыма пасьля штодзённай сіесты, доктар пачаў адчуваць іх у сабе, асобна адзін ад аднаго. Ён спазнаў форму ўласнага бяссоннага сэрца, таямніцы печані, замкнёнасьць падстраўнікавай залозы, і раптам адкрыў, што найстарэйшыя людзі былі маладзейшыя за яго, а ён, адзін з тых, хто здымаўся на легендарных групавых партрэтах яго пакаленьня, перажыў усіх астатніх. Адчуўшы ўпершыню, што страчвае памяць, доктар зьвярнуўся да сродку, пра які распавёў калісьці нехта зь ягоных настаўнікаў у Школе мэдыцыны: «Хто згубіў звычайную памяць, зробіць сабе папяровую». Аднак гэта была ілюзія, бо ён дайшоў да таго, што забываў сэнс кароткіх цыдулак, якія валяліся ў ягоных кішэнях. Ён абыходзіў дом і шукаў акуляры, якія былі ў яго на пераносьсі, зноў круціў ключ у замку пасьля таго, як ужо зачыніў дзьверы, губляў нітавіну чытанага, бо забываў зыходныя моманты сюжэту ці ступень сваяцтва герояў. Але больш за ўсё яго трывожыў недавер да ўласнага розуму: спакваля, набліжаючыся да немінучага крушэньня, ён здагадваўся, што страчвае пачуцьцё справядлівасьці. Уласны досьвед, хоць і не абгрунтаваны навукова, падказваў доктару Хувэналю Ўрбіна, што бальшыня сьмяротных хваробаў мае свой пах, але ніводзін зь іх ня быў такім спэцыфічным, як пах старасьці. Ён адчуваў яго ва ўскрытых целах на рэзэкцыйным стале, пазнаваў у пацыентах, што выдатна хавалі свой век, а таксама ў поце ўласнай адзежы і ў ціхамірным подыху жонкі, калі яна спала. Каб ён ня быў тым, кім ёсьць, а менавіта – старамодным хрысьціянінам, верагодна, пагадзіўся б зь Ерэміем дэ Сэнт-Амурам у тым, што старасьць – гэта стан недастойны і яе трэба прадухіліць своечасова. Адзінае суцяшэньне для яго, у мінулым моцнага ў ложку мужчыны, было павольнае і міласэрнае зьнікненьне пажадлівага апэтыту. У восемдзесят адзін год у яго была ясная галава, і ён ведаў, што на зямлі яго трымаюць адно тонкія ніткі, здольныя абарвацца бяз болю нават ад зьмены позы ў сьне, і калі ён імкнуўся захаваць тыя ніткі цэлымі, дык толькі ад жаху, што ня знойдзе Бога ў сутоньні сьмерці. Фэрміна Даса занялася ўратаваньнем спаскуджанай пажарнікамі спальні, і крыху раней за чацьвёртую папрасіла аднесьці мужу штодзённы кубак ліманаду са здрабнёным лёдам і нагадаць, што ён мусіць апранацца і ісьці на пахаваньне. У той вечар доктар Урбіна меў пад рукою дзьве кніжкі: «Таямніцы чалавека» Алексіса Карэля і «Гісторыю Сьвятога Мішэля» Аксэля Монтэ*. Апошняя яшчэ не была разрэзаная, і ён папрасіў Дыгну Парда, кухарку, прынесьці забыты ім у спальні нож са слановай косткі. Але, калі яна прынесла нож, ён ужо раскрыў «Таямніцы чалавека», знайшоў патрэбнае месца па капэрце, якая служыла закладкай, і чытаў: заставалася колькі бачынаў да канца. Чытаў ён марудна, прабіраючыся па радках хісткай увагай, якая высьлізгвала з выгінаў памяці, ён адчуваў востры галаўны боль, які зьвязваў зь фінальным тостам і выпітай тады паловай келіху брэндзі. Перарываўся ён і каб сербануць ліманаду, затрымліваўся, пасмоктваючы кавалачак лёду. Сядзеў у шкарпэтках, у кашулі без устаўнога каўнерыка, з апушчанымі па баках шлейкамі ў зялёную палоску, і сама думка пра тое, што трэба пераапранацца на пахаваньне, раздражняла яго. Неўзабаве ён кінуў чытаньне, паклаў адну кніжку на другую і стаў павольна гушкацца ў лазовым крэсьле, аглядаючы з сумам бананавае кустоўе ў мокрым двары, абадранае дрэва манга, мошак, якія зьяўляліся пасьля дажджу, – эфэмэрны бляск яшчэ аднаго дня, які сыходзіў назаўжды. Ён забыўся ўжо на тое, што меў папугая з Парамарыба, якога любіў, як чалавека, калі раптам пачуў яго. «Каралеўскі папугайчык», – сказаў уцякач. Па голасе доктар Урбіна здагадаўся, што папугай дзесьці надта блізка, амаль побач зь ім, і тут жа заўважыў яго на самай нізкай галінцы мангавага дрэва.
|
* Мера зямлі (64,5 га).
|
– Ах ты нахабнік! – сказаў ён яму.
Папугай адказаў голасам гаспадара: – А ты, пэўна, яшчэ большы нахабнік, доктар. Доктар працягваў гамонку з папугаем, не спускаючы зь яго вачэй, пакуль насоўваў чаравікі, вельмі асьцярожна, абы толькі не спужаць птушку. Затым падняў шлейкі і выйшаў на гразкі ад дажджу двор, намацваючы перад сабой шлях кіем: не хапала яшчэ спатыкнуцца на трох прыступках тэрасы. Папугай не варухнуўся. Ён быў так нізка, што доктар працягнуў яму кій, каб папугай сеў на срэбнай булдавешцы, як звычайна рабіў, але той упарціўся. Ён скокнуў на суседнюю галінку, трохі вышэй, але тое месца было нават лепш дасягальным, бо на галіну абапіралася лесьвіца, якую прыставілі да прыходу пажарнікаў. Доктар Урбіна прыкінуў вышыню на вока і падумаў, што варта падняцца на дзьве прыступкі, і ён дацягнецца да папугая. Вось ён адолеў першую прыступку, напяваючы песьню, каб адцягнуць увагу капрызьлівай птушкі, якая паўтарала словы без мэлёдыі, але адыходзіла па галінцы бакавымі крокамі. Доктар Урбіна ўзьняўся на другую прыступку бязь цяжкасьці, трымаючыся за лесьвіцу рукамі, і папугай пачаў паўтараць усю песьню цалкам, але не варушыўся. Гаспадар узьняўся на трэцюю прыступку і адразу на чацьвёртую, бо ён блага разьлічыў вышыню галінкі. Тады, трымаючыся за лесьвіцу левай рукой, паспрабаваў узяць папугая правай. Дыгна Парда, старая кухарка, ішла папярэдзіць, што доктар ужо спазьняецца на пахаваньне, убачыла чалавека на лесьвіцы са сьпіны і не пазнала б Хувэналя Ўрбіна, калі б не знаёмыя элястычныя шлейкі ў зялёную палоску. – А Божа ж мой! – закрычала яна. – Ён жа заб’ецца! Доктар Урбіна схапіў папугая за глотку зь пераможным уздыхам: «А во як!» Аднак тут жа адпусьціў яго, бо лесьвіца высьлізнула з-пад ног, і ён на хвілю павіс у паветры, уцяміўшы, што памірае без прычасьця, ня маючы часу на каяньне і разьвітаньне з блізкімі, у чатыры гадзіны і сем хвілінаў у дзень сьвятое нядзелі, на Сёмуху. Фэрміна Даса каштавала на кухні суп для вячэры, калі пачула лямант Дыгны Парда, тупат хатняй прыслугі і тут жа – галасы суседзяў. Яна кінула лыжку і пабегла, як мага хутчэй, адчуваючы непазьбежны цяжар сваіх гадоў, і раўла, нібыта ашалелая, ня ведаючы яшчэ, што здарылася пад ценем мангавага дрэва, і сэрца абарвалася, калі ўбачыла мужа, які ляжаў тварам дагары ў непралазнай гразі, ужо амаль мёртвы. Ён яшчэ супраціўляўся апошняму ўдару сьмерці, каб жонка пасьпела прыбегчы, і пазнаў яе ў натоўпе скрозь сьлёзы гора, бо паміраў ён у ейнай адсутнасьці. Доктар паглядзеў на яе ў навечна апошні раз, і ў ягоных вачох было столькі сьвятла, суму і ўдзячнасьці, колькі яна ня бачыла ў іх за паўстагодзьдзя сужыцьця, і ён пасьпеў шапнуць ёй апошнім сваім подыхам: – Толькі Бог ведае, як я цябе кахаў! Гэтая сьмерць засталася ў памяці люду, і небеспадстаўна. Толькі скончыўшы сваю спэцыялізацыю ў Францыі, доктар Хувэналь Урбіна стаўся вядомым у краіне тым, што своечасова спыніў апошнюю эпідэмію халеры, якая ўспыхнула ў правінцыі, спыніў новымі і рашучымі мэтадамі. Папярэдняя эпідэмія, якая надарылася, калі ён яшчэ быў у Эўропе, скасіла чвэрць гарадзкога насельніцтва менш чым за тры месяцы, сьмерць забрала нават ягонага бацьку, таксама вельмі паважанага лекара. Карыстаючыся набытай павагай і тым, што ён удала ўклаў сямейныя сродкі, доктар заснаваў Мэдыцынскае таварыства, першае і адзінае ў прыбярэжных правінцыях на працягу многіх гадоў, і стаўся ягоным пажыцьцёвым старшынём. Ён дамогся, каб збудавалі першы водаправод, першую каналізацыйную сыстэму і крыты гарадзкі рынак, што дазволіла палепшыць стан смуроднае бухты Прывідаў. Апрача таго, ён быў прэзыдэнтам Моўнай і Гістарычнай акадэміяў. Рымска-каталіцкі патрыярх Ерусаліму ўганараваў яго тытулам кавалера Ордэну Труны Гасподняй за ягоныя заслугі перад касьцёлам, а ўрад Францыі надаў яму Ордэн Ганаровага Легіёну і прысвоіў ступень камандора. Ён быў душою ўсіх рэлігійных і грамадзкіх таварыстваў, якія існавалі ў горадзе, і асабліва – Патрыятычнага аб’яднаньня, куды ўваходзілі ўплывовыя грамадзяне бяз пэўных палітычных інтарэсаў, якія рабілі ціск на ўрад і на мясцовых камэрсантаў прагрэсіўнымі ініцыятывамі, вельмі сьмелымі для тых часоў. Сярод іх яшчэ сёньня прыгадваюць спробу выкарыстаць для гораду паветраны шар, які ў першым сваім урачыстым палёце павёз ліст у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага, нашмат раней, чым людзі пачалі думаць пра рэальныя перавагі авіяпошты. Іншымі ініцыятывамі сталіся стварэньне Цэнтру мастацтваў, які пазьней арганізаваў Школу мастацтваў у тым будынку, дзе яна існуе і сёньня, і ладжаньне штокрасавіцкіх паэтычных чытаньняў. Толькі ён дасягнуў таго, што здавалася немагчымым на працягу стагодзьдзя: рэстаўрацыі Тэатру камэдыі, які з часоў калёніі ператварыўся ў арэну пеўневых баёў і габавальнік для байцовых пеўняў. Гэта была кульмінацыя калясальнай грамадзкай кампаніі, у шэрагі якой былі ўцягнутыя ўсе пласты насельніцтва без выключэньня. Удзельнікаў кампаніі было дужа багата, і многія ўважалі, што ейная мэта мелася б быць больш годнай. Але ўсё ж новы Тэатар камэдыі быў адкрыты, хоць яшчэ не было ні крэслаў, ні лямпаў, і гледачы мусілі прыносіць самі, на чым сядзець і чым асьвятляць залю ў антрактах. Быў уведзены этыкет, уласьцівы вялікім прэм’ерам Эўропы, – дамы дэманстравалі пад карыбскай сьпякотай доўгія вечаровыя строі і футры ад найлепшых кушняроў. Праўда, спатрэбіўся дазвол на ўваход прыслузе: хтосьці ж мусіў несьці крэслы, лямпы і ўсялякую ежу, інакш як вытрываць бясконцыя п’есы – аднойчы праграма зацягнулася да ранішняе імшы. Сэзон адкрыла француская опэрная трупа, якая зьдзівіла публіку навінкай у аркестры – арфай. Слыннасьць трупы трымалася на бездакорна чыстым сапрана і драматычным таленце турчанкі, якая сьпявала басанож, і на кожным пальцы ейных ног зьзялі пярсьцёнкі з каштоўнымі камянямі. Ужо ў першым акце сцэну было ледзь відаць, а ў сьпевакоў прападаў голас з-за дыму, ад шматлікіх лямпаў на алеі дзікае пальмы кароса. Але гарадзкія хранікёры ніякім чынам не згадалі гэтай дробнай непрыемнасьці, затое дэталёва расьпісалі самае векапомнае. Безумоўна, тое была самая заразьлівая ініцыятыва доктара Ўрбіна, бо на опэрную ліхаманку нечакана захварэлі самыя шырокія пласты насельнікаў гораду – так узьнікла цэлае пакаленьне Ізольдаў і Атэлаў, Аідаў і Зыгфрыдаў. Аднак ніколі не даходзіла да скрайнасьцяў, пра якія марыў доктар Урбіна: яму так і не давялося ўбачыць, як прыхільнікі італьянскай опэрнай традыцыі біліся б кіямі ў антрактах з аматарамі вагнэраўскага стылю. Доктар Хувэналь Урбіна ніколі не займаў афіцыйных пасадаў, якія прапаноўвалі яму даволі часта і безь якіх-кольвек умоваў, і бязьлітасна крытыкаваў лекараў, што выкарыстоўвалі свой аўтарытэт дзеля палітычнай кар’еры. Хоць яго лічылі лібэралам, і на выбарах ён галасаваў за іхную партыю, рабіў ён гэта, хутчэй, па звычцы, чым зь перакананьняў, і, верагодна, быў адзіным нашчадкам вялікага роду, які дасюль кленчыў, калі бачыў парадную карэту арцыбіскупа. Ён лічыў сябе прыроджаным пацыфістам, прыхільнікам канчатковага замірэньня лібэралаў і кансэрватараў на карысьць радзіме. Але ягоная грамадзянская пазыцыя была такой незалежнай, што ніхто не прымаў яго за паплечніка: лібэралы запісалі доктара Ўрбіна да пячорных арыстакратаў, кансэрватары казалі, што яму і да масона недалёка, а масоны пагарджалі ім як патаемным клерыкалам, які перадусім служыў Сьвятому Прастолу. Менш крыважэрныя крытыкі меркавалі, што ён усяго толькі зачараваны Паэтычнымі спаборніцтвамі арыстакрат, які не заўважае, што нацыя патанае ў крыві бясконцай грамадзянскай вайны. Толькі два ўчынкі не вязаліся з гэтым вобразам. Першым быў пераезд у новы дом кварталу нуварышаў са старажытнага палацу маркіза Касальдуэра, дзе больш за стагодзьдзе жыў ягоны род. Другім быў ягоны шлюб зь мясцовай прыгажуняй без імя і маёмасьці, зь якой употайкі сьмяяліся дамы з доўгімі прозьвішчамі*, пакуль насуперак амбітнасьці ня ўпэўніліся, што яна была ў сем разоў вышэйшай за іх годнасьцю і характарам. Доктар Урбіна заўжды меў на ўвазе гэтыя ды іншыя заганы свайго грамадзкага аблічча, і ніхто так, як ён, не ўсьведамляў, што застаўся апошнім дзейным нашчадкам згасаючага роду. Ягоныя дзеці былі толькі бляклым тупіком. Марка Аўрэліё, ягоны сын, таксама лекар, як бацька і ўсе першынцы кожнага пакаленьня, не зрабіў за пяцьдзясят гадоў жыцьця нічога вартага – нават сына. Адзіная дачка Афэлія пайшла за працавітага банкаўскага клерка зь Нью-Арлеану і да клімаксу нарадзіла трох дачок і ніводнага сына. Аднак, нягледзячы на шкадаваньне, што ягоная кроў ня будзе сілкаваць хаду гісторыі, сьмерць больш за ўсё трывожыла доктара Ўрбіна тым, што Фэрміне Дасе давядзецца жыць у самоце.
|
* Карэль, Алексіс (1873–1944) – францускі хірург і патафізіёляг, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (1912); Монтэ, Аксэль (1857–1949) – швэдзкі лекар і пісьменьнік.
|
Так ці інакш, трагічнае здарэньне скаланула ня толькі блізкіх, але перадалося і на просты люд, што выходзіў на вуліцу, спадзеючыся ўбачыць хоць водбліск вялікасьці паважнага нябожчыка. Была абвешчаная трохдзённая жалоба, дзяржаўныя ўстановы прыспусьцілі сьцягі, званы ўсіх храмаў званілі, пакуль не зачынілі грабніцу ў сямейным склепе. Майстры са Школы мастацтваў зьнялі пасьмяротную маску, якая мусіла служыць формай для бюста ў натуральную велічыню, але ад праекту адмовіліся, ніхто не палічыў годным памяці нябожчыка той жах апошняга імгненьня, які адбіў зьлепак. Знакаміты мастак, які выпадкова знаходзіўся ў горадзе праездам у Эўропу, напісаў вялікае палатно, поўнае патэтычнага рэалізму, дзе паказаў доктара Ўрбіна на лесьвіцы ў наканаваны момант, калі ён працягнуў руку, каб злавіць папугая. Адзінае адхіленьне мастака ад жорсткае праўды здарэньня было ў тым, што ён напісаў яго не ў кашулі без устаўнога каўнерыка і са шлейкамі ў зялёную палоску, а ў капелюшы і чорным сурдуце, як на партрэце, што зьмясьцілі газэты часоў эпідэміі халеры. Праз пару месяцаў пасьля трагедыі, каб людзі маглі пабачыць твор, карціну выставілі ў «Залатым дроце», прасторнай галерэі, дзе гандлявалі імпартнымі таварамі і празь якую праходзіў увесь горад. Затым карціна была паказаная ва ўсіх дзяржаўных і прыватных установах, якія лічылі сваім абавязкам схіліцца перад памяцьцю слыннага суайчыньніка, і нарэшце на ўгодкі павесілі ў Школе мастацваў, адкуль шмат гадоў пазьней студэнты жывапісу зьнялі яе, каб спаліць на ўнівэрсытэцкім пляцы як сымбаль агіднай эстэтыкі і ненавісных часоў. Зь першага моманту сталася відавочным, што ўдава Фэрміна Даса не бездапаможная істота, як баяўся памерлы муж. Яна была рашуча настроеная не дазваляць аніякім чынам выкарыстоўваць труп ейнага мужа, пагрэбаваўшы нават ганаровай тэлеграмай прэзыдэнта рэспублікі, які загадаў ушанаваць нябожчыка і наладзіць доступ да цела ў актавай залі правінцыяльнага ўраду. З такой жа годнасьцю адмовілася яна ад таго, каб штось падобнае адбылося ў катэдральным саборы, як прасіў яе асабіста арцыбіскуп, і толькі дазволіла ненадоўга прывезьці нябожчыка ў сабор для адпяваньня. Нават на просьбы агаломшанага рознымі прапановамі сына Фэрміна Даса адказвала стойкасьцю і сялянскім перакананьнем, што мёртвыя не належаць нікому, акрамя ўласнай сям’і, і разьвітвацца зь ім будуць дома, п’ючы каву з хатнім пірагом і маючы поўную свабоду аплакваць яго, каму як заўгодна. Традыцыйныя дзевяць дзён жалобы яна ня ладзіла: дзьверы зачыніліся пасьля пахаваньня і адчыняліся толькі перад самымі блізкімі. Дом быў ва ўладзе сьмерці. Каштоўныя рэчы прыбралі ў надзейнае месца, і на голых сьценах можна было ўбачыць сьляды ад зьнятых карцінаў. Крэслы – свае і пазычаныя ад суседзяў – стаялі ўздоўж сьценаў ад залі да спальні, і пустыя месцы здаваліся велізарнымі, а галасы гучалі прывідна, бо грувасткую мэблю таксама павыносілі, толькі раяль застаўся ў сваім куце пад белым покрывам. У цэнтры кабінэту-бібліятэкі, на бацькоўскім пісьмовым стале, яшчэ без труны, ляжала цела таго, хто яшчэ нядаўна быў Хувэналем Урбіна дэ ля Калье, з застылым выразам апошняга жаху на твары, у чорным плашчы і з баявой шпагай кавалера Ордэна Труны Гасподняй. Побач, у глыбокай жалобе, трапяткая, але цалкам валодаючы сабой, Фэрміна Даса прымала спачуваньні без драматызму, нават бязь лішніх рухаў да адзінаццатай раніцы наступнага дня, калі разьвіталася з мужам, махнуўшы з порціку хусткай. Няпроста было ёй узяць сябе ў рукі з таго моманту, як яна пачула кліч Дыгны Парда ў двары, і ўбачыла так любага ёй старога чалавека пры сьмерці ў мешаніне ліпкае гразі. Першай рэакцыяй была надзея, бо ягоныя вочы былі расплюшчанымі і выпраменьвалі такое сьвятло, як ніколі ў жыцьці. Яна прасіла Бога даць ёй хоць імгненьне, каб ён не сышоў без упэўненасьці ў тым, што яна кахала яго, нягледзячы на прыкрыя сумневы, і адчула нястрымнае жаданьне наладзіць сумеснае жыцьцё наноў, каб яны маглі сказаць тое, чаго ня здолелі сказаць адзін аднаму, і каб маглі перарабіць тое, што не атрымалася раней. Аднак ёй давялося скарыцца перад непазьбежнасьцю сьмерці. Ейнае гора ператварылася ў сьляпую злосьць да ўсяго сьвету і нават да сябе, і гэта надало ёй сілу і мужнасьць для сустрэчы з адзінотай сам-насам. З таго моманту яна ня ведала ні хвілі спакою, але засьцерагалася, каб які-кольвечы ейны жэст не зразумелі як праяву паказнога гора. Толькі аднойчы, далібог міжволі, дапусьціла яна патэтычную ноту, і гэта здарылася ў нядзелю аб адзінаццатай ночы, калі прывезьлі біскупскую труну, якая пахла гонкім кедрам, зь меднымі ручкамі і шаўковай, сьцёганай абіўкай. Доктар Урбіна Даса адразу загадаў зачыніць труну, бо ў доме не было чым дыхаць з-за водару безьлічы кветак у невыноснай сьпякоце, да таго ж яму падалося, што на бацькавай шыі праступілі першыя цёмна-лілейныя плямы. Хтосьці разгублена сказаў у цішы: «У такім веку чалавек і жывы напалову згнівае». І вось тады, перад тым, як закрылі труну, Фэрміна Даса зьняла шлюбны пярсьцёнак і надзела яго нябожчыку мужу, затым прыкрыла яго руку сваёй, як рабіла заўсёды, калі бачыла, што ён паглыбляецца ў летуценьні на людзях. – Хутка пабачымся, – вымавіла яна. Флярэнтына Арыса, нябачны ў натоўпе выбітных асобаў, адчуў, нібыта яму працялі бок шпагаю. Фэрміна Даса не заўважыла яго ў мітусьні першых спачуваньняў, хоць ніхто так, як ён, не заставаўся ў доме практычна да канца і ня быў гэтак карысным у клопатах цяжкой ночы. Менавіта ён навёў парадак на кухні, каб кавы хапала ўсім. Ён дастаў крэслы, калі ня стала хапаць нават суседзкіх, і падказаў ставіць да сьцяны двара вянкі, бо ў доме яны ўжо не зьмяшчаліся. Дзякуючы яму хапіла брэндзі для гасьцей доктара Лясыдэса Алівэльлі, якія, даведаўшыся пра трагедыю падчас яго срэбнага юбілею, адразу прыехалі, так бы мовіць, на працяг, пасеўшы ўкола мангавага дрэва. Ён адзіны своечасова зрэагаваў, калі папугай-уцякач зьявіўся апоўначы ў ядальні з узьнятай галавой і раскінутымі крыламі, ад чаго ўсе прысутныя здранцьвелі, бо зьяўленьне папугая нагадвала абрад пакаяньня. Флярэнтына Арыса схапіў яго за глотку, ня даўшы яму часу выкрыкнуць якое глупства, і ў клетцы пад покрывам вынес у стайню. Ён усё зрабіў настолькі дыхтоўна і талкова, што нікому не прыйшло да галавы падумаць, нібыта гэта ўмяшальніцтва ў чужыя справы, – насупраць, людзі ўспрынялі яго паводзіны як бясцэнную дапамогу ў гадзіну сямейнага гора. Флярэнтына Арыса быў такім, якім здаваўся: сур’ёзным і паслужлівым старым. Ён быў хударлявы, але не ссутулены, са скурай смуглявай і безвалосай, прагныя вочы пазіралі скрозь круглыя акуляры ў асадзе зь белага мэталу, а рамантычныя вусы з напамаджанымі канцамі здаваліся трохі старамоднымі. Апошнія пасмы валасоў ён прычэсваў ззаду і ўкладваў лякам пасярэдзіне бліскучага чэрапу – адзінае мажлівае вырашэньне пры поўнай аблыселасьці. Яго прыроджаная ветлівасьць і разьняволеныя манеры скаралі адразу, але, як у заўзятага халасьцяка, адначасова выглядалі падазрона. Ён выдаткаваў шмат грошай, хітрамудрасьці і сілы волі, каб ня так заўважаліся ягоныя семдзесят шэсьць гадоў, якія ён адзначыў у сакавіку, і быў упэўнены ў тым, што сам-насам са сваёй душою ён кахаў моўчкі і нашмат мацней, чым хто-кольвек на белым сьвеце. У ноч разьвітаньня з доктарам Урбіна ён быў у тым жа, у чым яго застала сумная вестка і, дарэчы, як заўсёды, нягледзячы на чэрвеньскую сьпёку: у тройцы зь цёмнай тканіны, з шаўковым бантам замест гальштука, з цэлюлёідным каўнерыкам, у пільсьцёвым капелюшы і з парасонам з чорнага атлясу, які служыў яму адначасна і кіем. Але на золку ён на пару гадзінаў зьнік з жалобнага дому, а зь першымі промнямі сонца, сьвежы, старанна паголены, вярнуўся, прынёсшы з сабою водар лясьёну. Ён пераапрануўся ў чорны старамодны сурдут, які апраналі хіба што на хаўтуры альбо да імшы перадвелікоднага тыдня; строй завяршаў цьвёрды каўнерык са стужкай, якую насілі мастакі замест гальштуку, і лёгкі капялюш. Ён зноўку прыйшоў з парасонам, на гэты раз ня толькі па завядзёнцы, але й таму, што быў упэўнены: да дванаццатай пройдзе дождж, пра што сказаў доктару Ўрбіна Дасу на выпадак, калі той надумае перанесьці хаўтуры на больш раньні час. І сапраўды, доктар Урбіна Даса паспрабаваў гэта зрабіць, бо Флярэнтына Арыса належаў да сямейства карабельнікаў і сам зьяўляўся прэзыдэнтам Карыбскай параходнай кампаніі, а гэта дазваляла меркаваць, што ён разьбіраецца ў капрызах надвор’я. Але доктар Урбіна Даса ня здолеў узгадніць зьмены своечасова, бо напярэдадні прадстаўнікі цывільных і вайсковых уладаў, грамадзкіх і прыватных установаў, вучэльняў і рэлігійных супольнасьцяў, вайсковы духавы аркестар і аркестар Школы мастацтваў былі запрошаныя да адзінаццатай, так што пахавальная працэсія, што мелася ўвайсьці ў гісторыю, была разагнаная жудаснай навальніцай. Толькі некаторыя зь іх дахлюпалі па гразі да фамільнага склепу, побач зь якім ад каляніяльных часоў расла сэйба, галіны якой раскінуліся па-над мурамі цьвінтара. У цені гэтай самай сэйбы, але за сьцяной, на дзялянцы для самагубцаў, карыбскія ўцекачы напярэдадні пахавалі Ерэмію дэ Сэнт-Амура разам зь ягоным сабакам, адпаведна апошняй волі нябожчыка. Флярэнтына Арыса быў сярод тых, хто дайшоў да склепу і адбыў да самага канца пахаваньня. Ён прамок да сподняга і пасьпяшаўся дадому, баючыся захварэць на пнэўманію пасьля столькіх гадоў выключнай перасьцярогі і празьмернай прафіляктыкі. Ён загадаў, каб яму зрабілі гарачага ліманаду з брэндзі, выпіў шклянку зь дзьвюма пілюлямі фэнасьпірыну, лёг і доўга пацеў, захутаны ў коўдру з воўны, пакуль цела не прыйшло ў норму. Вярнуўшыся на хаўтуры, ён ужо пачуваўся вельмі добра. Фэрміна Даса зноў узяла ў свае рукі ўладныя лейцы, дом ужо быў прыбраны да прыёму людзей. У чырвоным покуце кабінэту яна паставіла пастэльны партрэт нябожчыка мужа з жалобнай стужкай на рамцы. А восьмай увечары набілася шмат людзей, і было сьпякотна, як напярэдадні, але адразу пасьля маліт |