A R C H E | П а ч а т а к | № 5 (39) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
АНДРЭЙ ВАШКЕВІЧ. | ||||
Сымон Якавюк: адраджэнец, спекулянт, манархіст і савецкі дыверсант Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух раней быў справай адносна невялікай колькасці людзей. Мы вельмі слаба знаёмыя і з іх жыццяпісамі. Асобу Сымона Якавюка нельга аднесці да ліку шырокавядомых нават сярод беларускіх гісторыкаў. Найчасцей яго згадваюць у спісе беларусаў, выбраных восенню 1922 г. у сойм Другой Рэчы Паспалітай. Між тым гэтая падзея была далёка не самай важнай у яго грамадска-палітычным жыцці. Сымон Якавюк меў самае шчыльнае дачыненне да беларускага руху на працягу больш чым дваццаці гадоў, браў удзел у яго лёсатворных падзеях. Як і многія іншыя беларускія дзеячы, с. Якавюк у пачатку 1990-х паспеў трапіць у лік рупліўцаў беларускага адраджэння. Адбылося гэта, хутчэй за ўсё, з прычыны звычайнай і вельмі небяспечнай – меркаваць аб прадстаўніках той ці іншай палітычнай плыні агулам. Калі савецкія гісторыкі кляймілі ўсіх запар беларускіх нацыяналістаў-здраднікаў, дык гадоў 15 таму сталася ўсё наадварот. Прыкладам, расказваючы пра падзеі на Гарадзеншчыне ў канцы 1918 г. гісторык Анатоль Сідарэвіч піша пра «…Сымона Якавюка, беларускага сацыяліста-рэвалюцыянера, будучага пасла на сойм Польскай Рэспублікі, які трапіць у 1923 г. на лаву падсудных у справе 45 змагароў супраць польскай акупацыі»1. Сяброўства с. Якавюка ў партыі беларускіх эсэраў – міф, які склаўся, мабыць, на падставе ягонага ўдзелу ў антыпольскім падполлі пачатку 1920-х гг. Глыбокія працы па біяграфіі с. Якавюка фактычна адсутнічаюць, за выключэннем, хіба, біяграм, зробленых у сваіх працах Арсенем Лісом і Андрэем Чарнякевічам, а таксама даволі змястоўнага артыкула ў шматтомным выданні «Posłowie i senatorowie Rzeczypospolitej Polskiej 1919–1939», што з канца 1990-х публікуецца ў Варшаве. «Белыя плямы» сустракаюцца падчас вывучэння многіх этапаў беларускага руху. Так, акрамя некалькіх артыкулаў Юркі Васілеўскага ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»2 (у гэтым салідным выданні асобнага артыкула пра с. Якавюка таксама няма), мы не знайшлі нават найменшай працы аб жыцці беларусаў у міжваеннай (Ковенскай) Літве. Ды і што гаварыць пра Ковенскую Літву, калі на аснове наяўных працаў нельга нават больш-менш дакладна прасачыць, што рабіў урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў апошнія месяцы свайго існавання.
|
у 2004 г. скончыў гістфак Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Я. Купалы. Асьпірант Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Малодшы навуковы супрацоўнік Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалягічнага музэю. Дасьледуе пытаньні заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў міжваенны час, праблемы канфэсійнай гісторыі Беларусі ў канцы XVIII – пач. ХХ стст.
|
Падобная сітуацыя падштурхнула нас выйсці за межы звычайнай біяграфіі і паставіць сабе за мэту на аснове жыцця с. Якавюка паказаць некаторыя важныя падзеі барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць у пачатку ХХ ст.
Аднак перш чым перайсці непасрэдна да расказу аб падзеях першай паловы ХХ ст., скажам некалькі словаў пра крыніцы, на аснове якіх паўстаў гэты артыкул. Яго падмурак быў пакладзены на працягу 2000–2001 гг., калі ў нашыя рукі трапілі рэшткі асабістага архіва с. Якавюка, што пасля смерці яго самога і ягонага сына апынуўся ў розных людзей. Архіў гэты налічвае каля 60 розных дакументаў, што тычацца асабістага і грамадскага жыцця с. Якавюка, і ахоплівае падзеі ад 1924 да 1956 г. Найбольшую цікавасць уяўляюць копія паслужнога ліста с. Якавюка з часоў яго службы ў расійскім войску і лісток па ўліку кадраў, запоўнены ім у пачатку 1950-х гг. Асноўная частка дакументаў – пратаколы пасяджэнняў і рэзалюцыі Беларускага культурна-прасветнага таварыства ў Літве, якім с. Якавюк кіраваў у 1932–1940 гг., а таксама матэрыялы, што тычацца яго супрацьстаяння з К. Дуж-Душэўскім (напрыклад, складзеная у 1933 г. «Справка», дзе прыхільнікі с. Якавюка пералічвалі ягоныя заслугі ў беларускай культурнай і палітычнай рабоце). У наступныя гады нашы веды пра жыццё с. Якавюка істотна папоўніліся матэрыяламі архіваў Беларусі, Польшчы і Расіі. Так, у фондзе № 3 Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Менску захоўваецца даволі значная колькасць дакументаў, што выйшлі з-пад пяра беларускіх дзеячаў Ковенскай Літвы 1930-х гг. Хутчэй за ўсё, гэтыя дакументы нейкім вакольным шляхам (можа, праз латвійскіх беларусаў) дасылаліся ў рэдакцыю віленскай газеты «Беларуская Крыніца». З Дзяржаўнага архіва Расiйскай Федэрацыі паходзяць матэрыялы аб дзейнасці беларускіх арганізацый Гарадзеншчыны ў канцы 1918-га – пачатку 1920-х гг. Дакументы польскай паліцыі з Цэнтральнага вайсковага архіва ў Варшаве ўтрымліваюць шмат цікавай, але ў той жа час супярэчлівай інфармацыі аб палітычнай арыентацыі с. Якавюка ў пачатку 1920-х гг. С. М. Якавюк падчас Першай сусветнай вайны. 1916—1917 гг." title="С. М. Якавюк падчас Першай сусветнай вайны. 1916—1917 гг. Бадай што адзінай крыніцай аб дзейнасці с. Якавюка ў перыяд яго актыўнага супрацоўніцтва з урадам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1924–1925 гг. ёсць двухтомнік «Архівы БНР», выдадзены ў 1998 г. стараннем Сяргея Шупы. Багата новага даў і перыядычны друк 1920-х – 1940-х гг. Гэта і выданні Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі «Зарава», «Нашае Жыцьцё» і інш., дзе друкаваліся пратаколы працэсу 45-ці ў Беластоку, і віленская «Крыніца» (з 1926 г. «Беларуская Крыніца», а ў 1939–1940 гг., калі Вільня стала часткай тады яшчэ незалежнай Літвы, ізноў «Крыніца»), і газеты расійскіх эмігрантаў у Літве «Новые Дни», «Литовский Вестник». Менавіта наяўнасць значнай колькасці аўтэнтычных і разнастайных паходжаннем крыніц і дазволіла нам даволі падрабязна пранікнуць у перыпетыі жыццёвых сцежак Сымона Якавюка. Аўтары гэтай працы сталі першаадкрывальнікамі далёка не ўсіх выкладзеных на наступных старонках фактаў. Гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч ужо выклаў інфармацыю аб дзейнасці с. Якавюка ў 1918-м – 1920-х гг. на старонках сваёй кнігі «Гарадзенскія апосталы: Беларускі нацыянальны рух у Гародні (1918–1920 гг.)». Ён жа прадставіў у наша распараджэнне дакументы з расійскага архіва і перыёдыкі з пратаколамі працэсу 45-ці.
Абодвум ім нашая шчырая падзяка.
Нарадзіўся Сымон Якавюк у маі 1881 г. у вёсцы Дубіны Новабярозаўскай воласці Бельскага павету Гарадзенскай губерні3. У вядомых нам крыніцах сустракаецца ажно тры даты нараджэння Сымона Якавюка: 23 мая4 , 24 мая5 і 4 мая. Апошняя адлюстравана на яго надмагільнай пліце. Усе гэтыя даты паходзяць з раўназначных сваёй вартасцю крыніц, таму ўстанавіць сапраўдны дзень нараджэння с. Якавюка будучым даследчыкам будзе няпроста.
|
2 Васілеўскі Ю. Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне // ЭГБ. Т. І. – Мінск, 1992. с. 355; Васілеўскі Ю. Аб’яднанне студэнтаў Літоўскага універсітэта імя Вітаўта Вялікага ў Коўне // ЭГБ. Т. І. – Мінск, 1992. с. 27.
|
Паходзіў Сымон Якавюк з праваслаўнай сялянскай сям’і6, якая, з ягоных уласных словаў, мела шэсць гектараў зямлі7. Незаможны стан гаспадаркі бацькоў, а таксама тое, што Дубіны знаходзіліся на чыгунцы, магчыма, і вырашылі ягоны далейшы жыццёвы шлях.
Скончыўшы ў 1897 г. Бельскую 8-класную павятовую вучэльню, Сымон прайшоў гадавы курс у чыгуначнай школе тэлеграфістаў у Беластоку8 . У 1898 г. паступіў у Віленскую тэхнічную вучэльню9, якую кінуў на апошнім курсе і ў 1900 г. пачаў працаваць тэлеграфістам станцыі Беласток Паўночна-заходняй чыгункі10. Звесткі з наступных 14 гадоў жыцця с. Якавюка сведчаць пра ягоны значны кар’ерны рост. Праз тры гады ён ужо працуе начальнікам «станцыі паста «Трэцяй вярсты». З 1905 г. і да пачатку Першай сусветнай вайны выконвае абавязкі памочніка начальніка станцыі Беласток11 (паводле некаторых звестак працаваў чыноўнікам багажнага аддзялення12). Прыкладна ў гэты час ён узяў шлюб з Марыяй, дачкой Васіля Качана, якая ў 1911 г. нарадзіла сына Канстанціна. Перад самым пачаткам імперыялістычнай вайны (18 ліпеня 1914 г.) Сымон Якавюк быў мабілізаваны з запасу гарадзенскім павятовым вайсковым начальнікам і прызначаны на службу ў Гарадзенскую крэпасць13, на будоўлі якой працаваў яшчэ ў якасці цывільнага спецыяліста пачынаючы з 1913 г.14. Магчыма, з гэтага ж часу ён і жыў у Горадні. Летам 1914 г. пачынаецца новы этап у жыцці с. Якавюка, поўны бадзянняў па-за межамі Беларусі. Дакладна невядома, колькі часу прабыў с. Якавюк у Гарадзенскай крэпасці, але, найхутчэй, менавіта на першы год службы прыпадае і ягонае знаходжанне ў 1-м запасным чыгуначным батальёне ў Кіеве і Смаленску15. 23 верасня 1915 г., калі Горадня ўжо была акупаваная немцамі, с. Якавюка накіравалі ў штаб Дзвінскай ваеннай акругі, а адтуль – у школу прапаршчыкаў16. Вучыўся ён ува Усць-іжорскай інжынернай вучэльні на спецыяльнасці чыгуначнае будаўніцтва17 (цяпер Усць-Іжора – прыгарад Пецярбурга). 1 лютага 1916 г. с. Якавюк атрымаў званне прапаршчыка інжынерных войскаў18. У паслужным спісе с. Якавюка значыцца, што з 26 лютага 1916 г. па 28 студзеня 1918 г. ён удзельнічаў у кампаніі супраць Турцыі, магчыма, браў удзел у будаўніцтве чыгункі на Каўказе19. Сам Сымон Якавюк пісаў пра тое, што ў 1916–1918 гг. быў «начальником телеграфа Макинской дороги»20. Горад Маку быў цэнтрам Макінскага ханства, што існавала да 1922 г. на поўдні іранскага Азербайджана. Падчас Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Персіі знаходзіўся расійскі экспедыцыйны корпус генерала Баратава, колькасцю прыблізна 15 батальёнаў. У Маку да канца 1917 г. знаходзіліся 1-шы Таманскі, 1-шы Каўказскі казацкія палкі і 4-я Кубанская казацкая батарэя, аб’яднаныя ў брыгаду. Не выключана, што тут жа маглі размяшчацца і ваенныя інжынеры, сярод якіх праходзіў службу Якавюк. У канцы 1917-га – пачатку 1918-га г. Каўказскі фронт фактычна перастаў існаваць. Салдаты і афіцэры разыходзіліся па дамах або запісваліся ў шматлікія нацыянальныя фармаванні (грузінскія, армянскія, расійскія і інш.). Як ужо гаварылася вышэй, удзел Сымона Якавюка ў Турэцкай кампаніі афіцыйна завяршыўся 28 студзеня 1918 г.21. Пасаду ж начальніка тэлеграфа ён займаў да 1 траўня 1918 г. Пасля развалу фронту с. Якавюк удзельнічаў у эвакуацыі з Баязета ў Тыфліс маёмасці Макінскай чыгункі. «Будучи в Тифлисе вместе с Управлением дороги, после эвакуации, состоял Председателем Финансовой Комиссии, регулировавшей производство расчётов со служащими всех полевых железных дорог Кавказского фронта и оказывал энергичное содействие к получению служащими Макинской дороги причитающихся им видов денежного довольствия», – было напісана ў характарыстыцы Сымона Якавюка22. Вядома, што падчас свайго знаходжання на Каўказе Якавюк браў удзел у кааператыўнай і дабрачыннай працы23, але ўдакладніць храналогію гэтай работы нельга. Застаецца адкрытым пытанне, дзе знаходзіўся Сымон Якавюк пасля распаду Каўказскага фронту (фактычна з траўня да кастрычніка 1918 г.). Але 14 жніўня 1918 г. прапаршчык былога 14-га чыгуначнага батальёна Сымон Якавюк загадам галоўнаначальніка войскаў былога Каўказскага фронту атрымаў званне падпаручніка24. Каўказскага фронту не існавала ўжо з траўня месяца, пра далейшы лёс яго апошняга галоўнаначальніка генерал-маёра Я. Лебядзінскага мы не маем ніякіх звестак. Тым не менш, менавіта Я. Лебядзінскі ці ягоны папярэднік генерал М. Пржэвальскі (галоўнаначальнік фронту да снежня 1917 г.) падпісаў гэты загад. Факт надання Якавюку афіцэрскага звання ў разгар грамадзянскай вайны, праз тры месяцы пасля ліквідацыі фронту, дае права меркаваць аб знаходжанні ў гэты час яго ў адным з белых фармаванняў на поўдні Расіі. Тым больш, што генерал Пржэвальскі ў гэты час служыць у арміі генерала Дзянікіна, а ў канцы 1918 г. прызначаецца начальнікам над добраахвотніцкімі войскамі на Каўказе25. У сваёй аўтабіяграфіі, складзенай у 1970 г., Сымон Якавюк напіша, што, выехаўшы аднекуль з Каўказа 21 жніўня 1918 г., ён ужо 28-га дня таго ж месяца быў у Горадні26. Даты, канечне, абсалютна нерэальныя, праўда, у нас ёсць усе падставы меркаваць, што праз паўстагоддзя Якавюк свядома крыху сказіў храналогію свайго вяртання на Гарадзеншчыну. Бясспрэчна, 1918 г. – адна з самых вялікіх таямніц у жыцці Сымона Якавюка, тым больш што гэта не былі месяцы спакойнай мірнай працы, а адзін з лёсавызначальных этапаў у яго біяграфіі. Далей – пакручастая дарога на радзіму. Вядома толькі яе апошняя частка: Будапешт, Варшава, Беласток, Горадня27. Трапіць з Каўказа або з расійскага поўдня ў Будапешт, верагодней за ўсё, можна было толькі морам (магчыма, праз захоплены ў жніўні дзянікінцамі Новарасійск).
Перш чым перайсці да абставін з’яўлення і першых звестак аб знаходжанні Сымона Якавюка ў Горадні, неабходна ў агульных рысах ахарактарызаваць расстаноўку палітычных сілаў Гарадзеншчыны ў канцы 1918 г. Больш чым тры гады губерня знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Пасля лістападаўскай рэвалюцыі і паразы Нямеччыны ў Першай сусветнай вайне нямецкія войскі паступова пакідалі тэрыторыю ўсходняй Беларусі і Украіны. Аднак з заходняй часткі Гарадзеншчыны немцы адыходзіць пакуль не збіраліся. Найперш дзеля таго, што існавала адпаведная дамоўленасць з краінамі Антанты, якія не хацелі дапусціць усталявання тут савецкай улады. Па-другое, немцы спадзяваліся захаваць важны транспартны калідор для эвакуацыі на захад сваіх войскаў і маёмасці. Тым не менш, адступленне акупантаў з Гарадзеншчыны было справай найбліжэйшага часу. Таму ў горадзе і яго ваколіцах пачыналі дзейнічаць розныя палітычныя сілы, якія мелі намер пераняць уладу мірным ці збройным шляхам. Наймацнейшымі былі пазіцыі палякаў, якія ўдала скарысталіся прымусовай эвакуацыяй значнай часткі праваслаўнага насельніцтва на ўсход летам 1915 г., падтрымкай буйных земляўласнікаў і актыўнай прапагандай на карысць польскасці з боку каталіцкага касцёла. Інтарэсы беларусаў у краі спрабаваў абараняць Беларускі нацыянальны камітэт, які складаўся з невялічкай групы патрыётаў (А. Грыкоўскі, Я. Натусевіч і інш.). Камітэт не карыстаўся падтрымкай немцаў, меў фінансавыя праблемы і таму не мог разгарнуць шырокай работы сярод палітычна і нацыянальна несвядомай масы беларускага насельніцтва. У канцы 1918 г. свае прэтэнзіі на Гарадзеншчыну выказала і літоўская Тарыба, якая спрытна скарысталася цяжкім становішчам урада БНР, што вымушаны быў уцякаць з Менска ад наступу Чырвонай Арміі. У канцы лістапада 1918 г. Тарыба і ўрад БНР заключылі пагадненне аб утварэнні пры ўрадзе Літвы Міністэрства беларускіх справаў, якое павінна было кіраваць аўтаномнай Гарадзеншчынай у складзе Літоўскай дзяржавы. Міністрам беларускіх справаў стаў Язэп Варонка (былы міністр унутраных справаў БНР), але прэм’ер-міністрам БНР заставаўся Антон Луцкевіч. Тым самым стваралася своеасаблівае двухуладдзе, і ў наступныя некалькі месяцаў Горадня сталася арэнай супрацьстаяння гэтых беларускіх палітыкаў, кожны з якіх прэтэндаваў на тое, каб прадстаўляць волю беларускага народу. Якавюк не далучыўся да гэтых груповак. Упершыню дакументы ўзгадваюць с. Якавюка як удзельніка 1-га Гарадзенскага губернскага беларускага з’езду, які адбыўся 1–2 снежня 1918 г. з ініцыятывы Гарадзенскай расійскай управы. Матэрыялы з’езду сведчаць, што Гарадзенская расійская ўправа была створана прадстаўнікамі прывілеяваных колаў (праваслаўнае духавенства, расійскія чыноўнікі, земляўласнікі і г. д.) былой Гарадзенскай губерні прыкладна за паўтара месяца да з’езду28. Першапачаткова ва Управу ўвайшло 9 чалавек, частка з іх жыла на Гарадзеншчыне ў перыяд акупацыі, а частка, у тым ліку і яе кіраўнік Яўген Яўграфавіч Курлоў, вярнулася з цэнтральнай Расіі, куды ўцякла ад немцаў увосень 1915 г. Я. Курлоў быў даволі вядомым у перадваеннай Горадні чалавекам – мясцовы памешчык, ён лічыў сябе літаратарам і, насуперак некаторым меркаванням, не быў родным братам знакамітага менскага губернатара Паўла Рыгоравіча Курлова.
|
3 Личный Листок по Учёту Кадров. 02.07.1954 г.* (Тут і далей знакам * пазначаныя дакументы з архіва аўтараў, курсівам надрукавана дата складання дакумента і кароткае тлумачэнне да яго.) 4 Ištrauka iš tarnybinio lapo Jakoviuko praporščicko 14 gelškelio bataliono, sustatito 1917 metais gruodžuo 31. d. [выпіска з паслужнога ліста с. Якавюка 08.07.1927 г.].* 5 Posłowie i senatorowie Rzeczypospolitej Polskiej 1919–1939. Słownk biograficzny. T. II: E–J. – Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2000. S. 278. 6 Ištrauka iš tarnybinio lapo…* 7 Личный Листок по Учёту Кадров. 02.07.1954 г.* 8 Posłowie i senatorowie… S. 278. 9 Личный Листок по Учёту Кадров. 02.07.1954 г.* 10 Тамсама. 11 Тамсама. 12 Posłowie i senatorowie… S. 278. 13 Ištrauka iš tarnybinio lapo…* 14 Posłowie i senatorowie… S. 278. 15 Тамсама. 16 Ištrauka iš tarnybinio lapo…* 17 Личный Листок по Учёту Кадров. 02.07.1954 г.* 18 Ištrauka iš tarnybinio lapo…* 19 Posłowie i senatorowie… S. 278. 20 Личный Листок по Учёту Кадров. 02.07.1954 г.* 21 Ištrauka iš tarnybinio lapo…* 22 Аддзел рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Ф. 23. Воп. 1. Спр. 55. Арк. 1. 23 Posłowie i senatorowie… S. 278. 24 Ištrauka iš tarnybinio lapo…* 25 Залесский К. Первая Мировая война. Биографический энциклопедический словарь. – Москва: Вече, 2000. с. 179–180. 26 Аддзел рукапісаў ЦНБ імя Я. Коласа НАНБ. Ф. 23. Воп. 1. Спр. 55. Арк. 17. 27 Posłowie i senatorowie… S. 278.
|
На момант з’езду Управа таксама складалася з 9 чалавек, сярод якіх быў і с. Якавюк. Ён, як сябра Управы, запісаўся селянінам29. Хутчэй за ўсё, гэта быў першапачатковы склад гэтай арганізацыі (тады с. Якавюк прыбыў у Горадню не пазней за сярэдзіну кастрычніка 1918 г.).
Дзейнасць Управы мела расійска-праваслаўны кірунак, аднак рэальная сітуацыя змушала яе сяброў карыстацца дэмакратычнай тэрміналогіяй, а таксама нярэдка ўжываць паняцце «Беларусь», хаця іх разуменне гэтага тэрміну не выходзіла за рамкі канцэпцыі трыадзінага расійскага народу. Знаходжанне Якавюка ў падобным асяроддзі, верагодна, сведчыць аб ягонай тагачаснай палітычнай пазіцыі. З’езд ладзіўся Управай з дазволу нямецкіх уладаў дзеля легітымізацыі свайго статусу. У ім бралі ўдзел сяляне з некалькіх паветаў Гарадзеншчыны, а таксама прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага камітэту. Сымон Якавюк не быў абраны ў кіраўнічыя органы з’езду, аднак колькасць пададзеных за яго галасоў (74 з 186, трэцяе месца падчас выбараў таварышаў кіраўніка з’езду) гаворыць, што ён быў ужо досыць вядомы. Акрамя таго, ён вылучаўся на пасаду сакратара з’езду30.
|
28 Дзяржаўны Архіў Расійскай Федэрацыі (ДАРФ). Ф. 5999. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 11. 29 Тамсама. Арк. 16 адв.
|
С. Якавюк выступіў з пленарным дакладам аб будучых выбарах валасных старастаў, дзе адлюстраваў агульную пазіцыю Управы аб падтрымцы нямецкіх захадаў па арганізацыі выбараў мясцовых органаў самакіравання. Якавюк, звяртаючы ўвагу на спробу палякаў заняць большасць месцаў у адміністрацыі, заклікаў да неабходнасці выбіраць усіх беларусаў без розніцы ў веравызнанні31.
|
30 Тамсама. Арк. 2 адв.
|
Пазіцыя Управы датычна выбараў, адсутнасць канкрэтных прапаноў па зямельным пытанні, абыякавае стаўленне да развіцця беларускай нацыянальнай адукацыі выклікалі атакі на Управу з боку ўдзельнікаў з’езду.
Сымон Якавюк выступаў яшчэ двойчы. Увесь час абараняў Расійскую ўправу, сцвярджаючы, што апошняя «взяла на себя почин организации белорусского народа»32. На прапанову дзеячаў БНК аформіць рэзалюцыю з’езду па-беларуску Сымон Якавюк адказаў сакраментальна:
|
31 Тамсама. Арк. 4 адв.
|
Не надо спорить нам о языке. Надо дело делать. Почему Белорусский комитет не собрал вас, а сделает лишь то, что введет язык. Не будем расточаться, а дело творить. Что Управа называется русской, а не белорусской – это игра слов33.
|
32 ДАРФ. Ф. 5999. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 11.
|
У выніку з’езду губернская Управа ўмацавала свае пазіцыі. Быў захаваны яе ранейшы склад, але ў якасці кампрамісу з беларускімі дзеячамі яна была перайменаваная ў Гарадзенскую беларускую губернскую ўправу і дапоўнена прадстаўнікамі сялянства і сябрамі БНК34.
|
33 Тамсама. Арк. 20 адв.
|
У снежні 1918 г. немцы стварылі орган мясцовага самакіравання – «часовы камітэт па прыняцці гарадской гаспадаркі», куды Сымон Якавюк увайшоў як дэлегат ад гарадзенскіх рабочых35 . Ужо ў сярэдзіне снежня ён бярэ ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных з ініцыятывы БНК. Так 15–16 снежня 1918 г. Гарадзенскі БНК і прадстаўнікі ўрада БНР правялі свой з’езд, дзе была створана павятовая Сялянская рада, а таксама абраны Арганізацыйны камітэт па скліканні 9 студзеня 1919 г. краёвага беларускага з’езду Гарадзеншчыны. У склад Арганізацыйнага камітэта ўвайшоў і Сымон Якавюк, што на фоне канфлікту, які разгараўся паміж Управай і БНК, выглядае даволі дзіўна36.
|
34 Тамсама. Арк. 21 адв. 35 Чарнякевіч А. Гарадзенскія Апосталы: Беларускі Нацыянальны Рух у Гародні (1918–1920 гг.). – [Год і месца выдання не ўказаныя]. с. 5.
|
З другой паловы снежня пазіцыі гарадзенскіх беларусаў пачынаюць узмацняцца. У Горадню з’язджаюцца прадстаўнікі Міністэрства беларускіх справаў і Рады БНР. Усведамляючы небяспеку з боку палякаў, Беларуская губернская ўправа ў гэты час працягвае перамовы з літоўскім урадам, якія вядзе пераважна Усевалад Боеў – адна з найбольш значных і таямнічых асобаў у атачэнні Якавюка37. Літоўцы патрабуюць ад Управы пагаднення з беларускімі арганізацыямі, перадусім з Міністэрствам беларускіх справаў. Паводле інфармацыі Боева, Сымон Якавюк быў адным з тых, хто дакладваў кіраўніку справамі Рады Міністраў Літвы аб дасягненні згоды паміж Управай і Радай БНР38.
|
36 Тамсама. с. 9.
|
Больш канкрэтнае ўражанне аб далейшых захадах Якавюка можна атрымаць з дзённікаў Антона Луцкевіча, які прыехаў у Горадню 28 снежня 1918 г. Ранкам гэтага дня адбылася нарада паміж прадстаўнікамі беларускіх арганізацый і Гарадзенскай управай, якую прадстаўлялі Боеў, Якавюк і Зянковіч. Каб дасягнуць кампрамісу з беларусамі, сябры Управы аб’явілі аб выхадзе з яе пяці «масквафілаў і чарнасоценцаў», у тым ліку Я. Курлова. Аднак канчатковае рашэнне мусіў прыняць з’езд, прызначаны на 9 студзеня 1919 г. Як бачым, Якавюк і Боеў у справах Гарадзенскай управы займалі далёка не апошняе месца.
Цікава выглядае характарыстыка, дадзеная ім абодвум Антонам Луцкевічам у гэты ж дзень: «Боеў – «адвакацішка» з малога места, хоча паказаць сваё красамоўства, Якавюк туды ж, чалавек малаінтэлігентны»39. А. Луцкевіч не ведаў с. Якавюка раней, і таму, нягледзячы на амбіцыі самога прэм’ер-міністра, гэтыя словы з’яўляюцца важным, хаця і суб’ектыўным, сведчаннем.
|
37 Тамсама. с. 5. 38 ДАРФ. Ф. 5999. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 7 адв.
|
С. Якавюк, аднак, перарываць кантактаў з А. Луцкевічам не збіраўся і 29 снежня наведаў яго двойчы: спачатку з дэлегацыяй Саюза чыгуначных, паштова-тэлеграфных і шашэйных служачых, якія заявілі, што палітыкай займацца не будуць, і ўвечары – для «інтымнай» гутаркі, каб сказаць, што палякі ў Саюзе зацягваюць яго ў сваю арганізацыю40. 30 снежня Якавюк завітаў да Луцкевіча, каб паведаміць пра магчымае пасяджэнне Управы. На наступны дзень ён даў неафіцыйную інфармацыю пра новую перастаноўку сяброў Управы, якая, як пазней высветлілася, выявілася непраўдзівай41.
|
39 Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. 1991. № 4. с. 215.
|
Баючыся скампраметаваць сябе напярэдадні Парыжскай мірнай канферэнцыі супрацоўніцтвам з немцамі, актыўнай працай А. Луцкевіч займацца не збіраўся. Але ў пачатку студзеня 1919 г. у горадзе з’яўляюцца Язэп Варонка і Павал Аляксюк, кожны з якіх меў прэтэнзіі на кіраўніцтва беларускім рухам. І калі П. Аляксюк даволі хутка падпарадкаваў сваім уплывам БНК, то адносна Язэпа Варонкі можна адзначыць відавочнае збліжэнне яго пазіцый з Гарадзенскай губернскай управай.
С. Якавюк, хутчэй за ўсё, спадзяваўся падтрымліваць сувязь з А. Луцкевічам як найбольш аўтарытэтным беларускім дзеячам, бо 15 студзеня 1919 г. зноў наведаў яго і апавёў пра справы ва Управе. Паводле Якавюка, з Управы ўжо выйшлі найбольш рэакцыйныя элементы, і таму можна было яе рэфармаваць, увёўшы ў склад прадстаўнікоў ад валасных і павятовых сялянскіх радаў. Тады Управу магчыма было б абвесціць Губернскай радай сялянскіх дэпутатаў. Ужо праз два дні, 17 студзеня, А. Луцкевіч напіша, што вышэйзгаданае мерапрыемства плануецца Управаю ў самым цесным кантакце з Я. Варонкам, стасункі якога з А. Луцкевічам былі вельмі нацягнутыя42.
|
40 Тамсама. с. 216. 41 Тамсама. с. 218.
|
Новы ўдар па легітымнасці БНК і павятовай рады нанесла непасрэдна Управа. 18 студзеня 1919 г. было арганізавана «белорусское собрание», якое прыняло заяву аб падтрымцы сяброў часовага гарадскога камітэта ад Управы Зорына, Марозава, Якавюка ды Дзмітрыева43. Гэтая заява, абвешчаная на пасяджэнні часовага камітэта, была накіраваная супраць П. Алексюка і яскрава прадэманстравала раскол у беларускім асяроддзі. Так Управа спрабавала стварыць ілюзію шырокай падтрымкі беларусамі дзейнасці сваіх дэлегатаў і адсутнасць такой падтрымкі ў П. Алексюка і ўсяго БНК.
|
42 Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. 1991. № 5. с. 171.
|
Сярод удзельнікаў «собрания» разам з У. Боевым і Я. Курловым узгадваецца таксама і с. Якавюк. Ёсць інфармацыя і пра яго першы вядомы нам гарадзенскі адрас – Станіславоўская, 444.
|
43 Чарнякевіч А. Гарадзенскія апосталы… с. 13.
|
21 студзеня 1919 г., падчас банкету ва Управе, Антон Луцкевіч згадвае прысутных Я. Варонку, У. Боева і с. Якавюка фактычна ўжо як адну кампанію, якая аб’яднана выступае супраць БНК45.
|
44 ДАРФ. Ф. 5999. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 26.
|
На наступны дзень адбылося пасяджэнне Арганізацыйнага камітэта ў справе склікання краёвага беларускага з’езду Гарадзеншчыны, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі БНК і Управы (у тым ліку і с. Якавюк)46. Гэтая слабая спроба аб’яднацца, відаць, скончылася нічым, бо з’езд не адбыўся. Апагею канфлікт «Управа–БНК» дасягнуў у канцы лютага падчас выбараў у гарадскую раду, якая мусіла замяніць часовы камітэт. Беларусы вылучылі адразу два выбарчыя спісы: сумесны ад Міністэрства беларускіх справаў і Управы – «блок беларускіх грамадзянаў», і ад БНК – «блок беларускіх сацыялістаў». Зразумела, што Якавюк знаходзіўся ў «блоку беларускіх грамадзянаў». Беларусы на выбарах пацярпелі паразу, правёўшы ад кожнага блока толькі па адным кандыдаце, агулам на 36 месцаў. Управу прадстаўляў У. Боеў, БНК – П. Аляксюк47.
|
45 Луцкевіч А. Дзённік // Полымя. 1991. № 5. с. 177.
|
З пачатку 1919 г. Сымон Якавюк уваходзіць у больш шчыльныя кантакты з прадстаўнікамі літоўскага ўрада. Як пісалася раней, гэтая сувязь узнікла ў канцы 1918 г. і ўзмацнілася супрацоўніцтвам з Я. Варонкам, які, уласна, і прадстаўляў у Горадні літоўцаў. с. Якавюк паступіў у Гарадзенскі беларускі полк, дзе служыў у званні лейтэнанта ў гарадской камендатуры48. Полк фармальна быў часткай літоўскага войска, але складаўся пераважна з салдатаў і афіцэраў былой царскай арміі. Прыкладна з гэтага ж часу с. Якавюк заняў пасаду чыноўніка ў асабліва важных справах пры Міністэрстве па справах беларусаў49. У гэтым жа годзе ён уступіў у Саюз літоўскіх стральцоў (напаўвайсковая добраахвотніцкая арганізацыя)50.
У сакавіку 1919 г. Якавюк купіў дом за 15 тысяч расійскіх рублёў51. Магчыма, гэта была камяніца на вуліцы Сафійскай – цяпер Леніна, 1752. Вацлаў Пануцэвіч узгадвае таксама канюшні Якавюка, дзе размяшчалася частка эскадрона беларускага палка М. Глінскага53.
|
46 Архівы БНР (Фонд № 582 Дзяржаўнага Архіва Літвы «Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі»). – Вільня–Нью-Ёрк–Менск–Прага, 1998. Т. І, кн. 1–2. № 1167. 47 Чарнякевіч А. Гарадзенскія апосталы… с. 16–17.
|
За наступныя некалькі месяцаў у палітычнай сітуацыі на Гарадзеншчыне адбыліся значныя змены. У красавіку Горадню пакінулі немцы, і амаль адразу кантроль над горадам захапілі польскія ўзброеныя аддзелы. Беларускі полк фактычна падпарадкаваўся палякам. Я. Варонка і А. Луцкевіч пакінулі Горадню.
Адзінай значнай беларускай арганізацыяй засталася Цэнтральная беларуская рада Гарадзеншчыны, створаная 16 сакавіка 1919 г. з ініцыятывы А. Луцкевіча. с. Якавюк на арганізацыйным пасяджэнні Рады прадстаўляў Гарадзенскую ўправу і ад яе стаў сябрам гэтай арганізацыі54. Старшынём Рады з самага пачатку быў абраны П. Аляксюк, які не хаваў сваіх прапольскіх пазіцый. У чэрвені ён пачаў прапагандаваць ідэю дэлегацыі Рады ў Варшаву, каб дамовіцца з палякамі аб супрацоўніцтве. Для стварэння дэлегацыі Аляксюк склікаў прэзідыум Цэнтральнай беларускай рады Гарадзеншчыны (Аляксюк, Фохт, Зянковіч, Якавюк). с. Якавюк, прадчуваючы перспектыву беларускага ўгодніцтва перад палякамі, выказаўся супраць стварэння дэлегацыі. Ён прапанаваў вырашыць пытанне аб дэлегацыі на пленуме Рады, пэўна ведаючы антыпольскую арыентаванасць большасці беларускіх дзеячаў і быўшы ўпэўненым, што там дэлегацыю стварыць не дадуць. Іншыя сябры прэзідыума гэтую прапанову адкінулі і, стварыўшы дэлегацыю, выехалі ў Варшаву. с. Якавюк вырашыў скарыстацца нагодай:
Аб выездзе дэлегацыі, – пісаў ён Варонку, – я паведаміў: Беларускую Управу, «Бацькаўшчыну» (назва мясцовай газеты. – Аўт.), «Духоўны Звяз», аддзел уцекачоў, настаўніцкае сабранне і камітэты: чыгуначнікаў, паштовых і шасовых дарогаў. На агульным сабранні арганізацыі вынеслі станоўчы пратэст такога самазванага ўчынку прэзідыі Цэнтральнай рады Гродзеншчыны і даручылі мне зрабіць Вам (міністру беларускіх справаў) даклад аб тым, што ўсе гарадзенскія беларускія арганізацыі ўважаюць гэтую «дэлегацыю» няпраўнай, а ўсе заявы, ёй зробленыя, незаконнымі, ды праcіць Вас пераслаць гэты наш пратэст каму патрэбна55.
|
48 Lietuvos respublika. Užsieniu reikalų ministerija. № 125 Pažymėjmas [пасведчанне с. Якавюку ад 05.01.1932 г.].* 49 Справка [складзена ў 1933 г.].* 50 Тамсама. 51 Зарава. 1923. 25 траўня. с. 3. 52 Чарнякевіч А. Гарадзенскія апосталы… – с. 41. 53 Пануцэвіч В. Горадзеншчына ў нацыянальным руху ў 1918–1919 гадох // Пагоня. 1994. № 6.
|
Падобныя дзеянні, мабыць, прычыніліся да таго, што на арганізаваным Алексюком у ліпені 1919 г. «кангрэсе» Гарадзеншчыны і Віленшчыны ён нават не быў выбраны ў склад новай Управы Цэнтральнай рады56 . Ягоныя планы аб супрацоўніцтве з палякамі цалкам праваліліся. Аднак і палякі, якія ўжо ў чэрвені пачалі арышты беларускіх дзеячаў, не даравалі гэтага і с. Якавюку. Паводле словаў настаўніка Я. Антонава, с. Якавюк быў арыштаваны 18 ліпеня 1919 г. У той жа дзень былі схоплены віцэ-старшыня Гарадзенскай управы У. Боеў, протаярэй І. Карчынскі і шэраг іншых асоб, сярод якіх рэстаратар Бахановіч, генеральша Пурыхава, домаўласнік Якімовіч і г. д. Апошнія ж з беларускай дзейнасцю, па ўсёй бачнасці, не былі звязаныя. Агулам у гэты час у польскіх вязніцах і канцэнтрацыйных лагерах апынулася больш за 2 тысячы жыхароў Гарадзеншчыны і Віленшчыны57.
|
54 Чарнякевіч А. Гарадзенскія апосталы… с. 19. 55 Пануцэвіч В. Горадзеншчына… // Пагоня. 1994. № 10.
|
Якавюк, разам з многімі афіцэрамі Беларускага палка (у тым ліку М. Дзямідавым і палкоўнікам Антонавым) быў адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер «Станцыя раздзельная» ў Беластоку. Умовы ўтрымання ў лагеры былі жудасныя. Ад няспынных эпідэмій тыфу і дызентэрыі за дзень часам памірала па 50–70 чалавек. Са словаў таго ж настаўніка Антонава, з 3 тысяч вязняў у кастрычніку 1919 г. да пачатку лютага 1920-га памерла 2 тысячы чалавек…
Сітуацыя пачала крыху паляпшацца толькі прыблізна з пачатку 1920 г., калі лагер наведала спачатку амерыканская місія, а пазней камісія па звальненні вайскоўцаў і цывільных грамадзянаў. Верагодней за ўсё, Сымон Якавюк, як лейтэнант камендатуры Беларускага палка, апынуўся ў так званым «афіцэрскім» бараку, дзе ўмовы былі лепшымі – барак знаходзіўся не за калючым дротам, а арыштаваныя былі звязаныя кругавой парукай. Яны самі атрымлівалі прадукты і мелі магчымасць варыць сабе ежу. Тым не менш, з 12 жыхароў барака дзевяць захварэлі на тыф, з іх 3 – памерлі58.
|
56 Тамсама. 57 Пануцэвіч В. Горадзеншчына… // Пагоня. 1994. № 11.
|
Мы не маем звестак з жыцця Якавюка на працягу наступнага паўгода. Вядома толькі, што бюлетэнь Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны ад 22 верасня 1919 г. надрукаваў тэлеграму Якавюка, у якой той паведамляў пра намер Гарадзенскага аддзялення дэфензівы выслаць яго ў берасцейскі лагер і прасіў аб дапамозе59.
Дакладны час звальнення Якавюка з лагера таксама невядомы. Але ўжо ўвесну 1920 г. ён быў у Горадні. У гэты час палякі фактычна цалкам кантралявалі сітуацыю ў Заходняй Беларусі. Гарадзенскія беларусы, застаўшыся ўбаку ад буйных палітычных баталій, спрабавалі аб’яднацца. Цэнтрам гэтага аб’яднання стаў вернуты да жыцця БНК. 28 сакавіка 1920 г. адбыліся перавыбары Нацыянальная камітэта, вынікі якіх сведчаць, што кіраўніцтва беларускім рухам у Горадні ўзялі ў свае рукі людзі, якія раней знаходзіліся на другіх ролях. У склад БНК аднагалосна быў абраны Сяргей Баран (Баранаў), Сымон Якавюк, атрымаўшы 94 галасы (другі вынік пасля Барана), Лукаш Дзекуць-Малей і іншыя60. У пачатку чэрвеня 1920 г. Сымон Якавюк, як прадстаўнік бацькоўскага камітэта, увайшоў у склад Гарадзенскай беларускай настаўніцкай рады61. Гэта дае падставы меркаваць, што сын Сымона Якавюка Канстанцін, якому было ў той час дзевяць гадоў, навучаўся ў беларускай школе. Невядома, у якіх стасунках быў Гарадзенскі БНК з польскай адміністрацыяй горада, аднак тады ён быў легальнай арганізацыяй.
|
58 Пануцэвіч В. Горадзеншчына… // Пагоня. 1994. № 12. 59 Чарнякевіч А. Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909–1939 гг.: Біяграфічны даведнік / Пад. рэд. І. Коўкеля. – Гродна: Грамадскае аб’яднанне «ВІТ», 2003. с. 278. 60 Чарнякевіч А. Гарадзенскія апосталы… с. 33.
|
Нечакана хуткі наступ Чырвонай Арміі ў пачатку ліпеня 1920 г. на нядоўгі час усталяваў у горадзе савецкую ўладу. У жыцці Сымона Якавюка гэтыя два месяцы былі напоўненыя неадназначнымі і шмат у чым супярэчлівымі падзеямі. Гэты перыяд найбольш яскрава асвечаны ў матэрыялах «працэсу 45-ці», калі польскія абвінаваўцы з асаблівай цікавасцю прыглядаліся да дзейнасці падсуднага Якавюка ў час савецкага панавання.
Бальшавікі знаходзіліся ў Горадні з 24 ліпеня па 26 верасня 1920 г. і імкнуліся ажыццявіць у горадзе рэвалюцыйныя перамены (стварэнне гарадзенскага рэўкама са шматлікімі аддзеламі і пададдзеламі, нацыяналізацыя прадпрыемстваў і інш.). Натуральна, яны варожа паставіліся да такой «буржуазна-нацыяналістычнай» і легальнай пры паляках арганізацыі як Гарадзенскі БНК. Больш за тое, са словаў сведкі на «працэсе 45-ці» Р. Зямкевіча, сябры БНК, летам 1920 г. адной з прычынаў такой варожасці было тое, што «камітэт меў урадавае падтрыманне ў першыя часы польскай улады. З гэтай прычыны камітэт пры бальшавікох не існаваў, а вісеў на валаску»62.
|
61 Тамсама. с. 32.
|
З паказанняў сведкі с. Рак-Міхайлоўскага таксама вынікае, што «ў часe бальшавікоў Камітэт не функцыянаваў»63. Як сцвярджаў далей Р. Зямкевіч, с. Баран і с. Якавюк ажыццяўлялі кіраўніцтва БНК (С. Баран у якасці старшыні, с. Якавюк як сакратар), за што, пэўна, і былі арыштаваныя «асобым аддзелам» Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Ёсць і іншая версія, што да жыцця (а магчыма, і прычыны арышту) Сымона Якавюка летам 1920 г. у Горадні. Яе прапаноўвае нам згаданы ўжо Зямкевіч, збіральнік беларускай этнаграфічнай спадчыны, добры знаёмы В. Ластоўскага, а па сумяшчальніцтве агент дэфензівы:
|
62 Нашае новае жыцьцё. 1923. 6 ліпеня.
|
Запытаны пра Якавюка, я пацвердзіў, што ведаю яго з Горадні з 1920 г., дзе ён быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камітэту ў Горадні. Я сказаў, што ён быў маім падначаленым на чыгунцы ў 1920 г. пры бальшавіках і працаваў на тэлеграфе. Я катэгарычна засведчыў, што прысутны пасол сойму Сымон Якавюк у 1920 г. не ставіўся варожа да Польскай Дзяржавы ні як член Беларускага камітэта, ні як начальнік чыгуначнага тэлеграфа ў Горадні, а пацвердзіць гэта магу тым, што ён ведаў, што ў мяне працуюць два афіцэры і некалькі жаўнераў-акружэнцаў з польскага войска, і нікога не толькі не выдаў бальшавікам, але змест усіх тэлеграм, якія праходзілі па адзіным чыгуначным тэлеграфе, паведамляў мне, што я потым паведамляў афіцэрам, а праз іх і Польскай арганізацыі вайсковай. Я дадаў, што Якавюк быў і ёсць беспартыйным, пры паляках на чыгунцы як праваслаўны служыць не мог і сродкі да жыцця здабываў пры дапамозе гандлю і дробнай спекуляцыі64.
|
63 Нашае жыцьцё. 1923. № 5.
|
Цікава таксама адзначыць, што с. Якавюку «надта пашкодзіла знойдзеная бальшавікамі ў яго ў часе ператрусу просьба на імя Начальніка Дзяржавы Пілсудскага па прыватнай справе»65. Варта звярнуць увагу і на тое, што Сяргей Баран быў старшынём юрыдычнага аддзела ВРК (структуры цывільнай рэвалюцыйнай улады). І тым не менш, ён таксама трапіў пад арышт66. Звяртаючыся да лёсу с. Якавюка, скажам, што, паводле яго асабістых сведчанняў, у савецкім астрозе яму давялося прабыць каля аднаго месяца67. Бальшавікі, пакідаючы Горадню, вывезлі Сымона Якавюка і Сяргея Барана, са словаў с. Рак-Міхайлоўскага, у кірунку Ліды68. Р. Зямкевіч кажа, што іх абодвух накіравалі ў Смаленск, ён жа дадае, што с. Якавюк па дарозе ўцёк і хаваўся ў Горадні69. Сам уцякач удакладняў гэтую інфармацыю, указваючы, што тры дні пасля вяртання ў горад хаваўся ў Барысаглебскім манастыры70. Хутчэй за ўсё, гэта было да 26 верасня, калі горад занялі палякі. Такую цікавую і, на першы погляд, дакладную інфармацыю можна паставіць пад сумненне, бо яна выходзіла ад сведкаў, зацікаўленых у апраўданні Якавюка і Барана перад польскім судом.
|
64 Centralne Archiwum Wojskowe (CAW). Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2664.
|
Так ці іначай, але ўжо праз месяц пасля заняцця палякамі Горадні Сымон Якавюк далей бярэ актыўны ўдзел у палітычным жыцці. Праўда, кірунак ягонай дзейнасці выклікае пэўнае здзіўленне. Вядомы раней сваімі антыпольскімі поглядам, вядомы як галоўны барацьбіт з паланафільскай лініяй П. Алексюка ўлетку 1919 г., цяпер с. Якавюк ідзе на адкрытае супрацоўніцтва з Беларускім палітычным камітэтам таго ж П. Алексюка.
Восенню 1920 г. Беларускі палітычны камітэт, на чале якога стаялі вядомыя сваім палітычным авантурызмам П. Аляксюк і В. Адамовіч, узяў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы запланаванага палякамі рэйда генерала Станіслава Булак-Балаховіча на Усходнюю Беларусь і, паводле некаторых звестак, выконваў абавязкі агента Беларускай вайсковай камісіі ў Лашанскай гміне ў справе вярбоўкі добраахвотнікаў у польска-беларускія вайсковыя злучэнні71. 24 кастрычніка 1920 г. адбыўся сход Гарадзенскага БНК. Пасля дакладу В. Адамовіча сход выступіў у падтрымку «бацькі Булак-Балаховіча». Пад пратаколам сходу стаіць подпіс Сымона Якавюка, што ў той час выконваў абавязкі старшыні Камітэта72 замест Сяргея Барана, які ўцёк ад бальшавікоў і вярнуўся ў Горадню толькі дзесьці 24–25 кастрычніка73. У той жа дзень у памяшканні БНК на агульным сходзе кааператыва «Беларусь» с. Якавюк быў абраны яго новым кіраўніком. 27 кастрычніка дэлегацыя Нацыянальнага камітэта ў складзе с. Якавюка і Я. Натусевіча была прынятая гарадзенскім старастам, а 5 лістапада с. Баран, с. Якавюк і Я. Натусевіч сустрэліся з начальнікам другога аддзела 3-й арміі маёрам Бернерам. Гутарка вялася наконт арыштаваных беларускіх дзеячаў74. Цяжка сказаць, ці была выклікана падтрымка с. Якавюком акцыі Булак-Балаховіча няздольнасцю разабрацца ў бягучай сітуацыі, ці не, але выйшла так, што Гарадзенскі БНК быў адной з нямногіх беларускіх арганізацый, якія станоўча паставіліся да гэтай авантурнай спробы адраджэння БНР паводле плана польскага Генеральнага штаба. Відаць, пэўную карысць прыносіў с. Якавюку і ўдзел у кааператыўнай дзейнасці, якой беларускія дзеячы планавалі стварыць эканамічны фундамент нацыянальнага руху. 14 лістапада 1920 г. праходзіў кааператыўны з’езд у Горадні, і на ім быў закладзены «Саюз спажывецкіх кааператываў Гарадзеншчыны», у склад праўлення якога ўвайшлі Баран, Якавюк і інш.75.
|
65 Нашае новае жыцьцё. 1923. 6 ліпеня. 66 Нашае жыцьцё. 1923. № 6. 67 Зарава. 1923. 25 траўня. 68 Нашае жыцьцё. 1923. № 5. 69 Нашае новае жыцьцё. 1923. 6 ліпеня. 70 Зарава. 1923. 25 траўня. 71 Чарнякевіч А. Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909–1939 гг… с. 278. 72 Архівы БНР… Дак. № 2462. 73 Чарнякевіч А. Гарадзенскія апосталы… с. 36. 74 Тамсама.
|
Падпісанне прэлімінарнай мірнай дамовы паміж савецкім урадам і Польшчай адкрыла перспектыву падзелу Беларусі на дзве часткі, супраць чаго выказвалася большасць беларускіх арганізацый, у тым ліку і Гарадзенскі БНК. Асабліва непакоіла беларускіх дзеячаў перспектыва ваенна-палітычнай стабілізацыі ў дачыненнях Польшчы і савецкай Расіі. Гэта пазбаўляла іх надзеі на дасягненне незалежнасці Беларусі. Аднак полымя польска-літоўскага канфлікту адрадзіла гэтыя спадзяванні.
Яшчэ ў пачатку 1921 г. Гарадзенскі БНК дзейнічаў цалкам легальна. Захавалася праграма спектакля-балю Дабрачыннага аддзела пры Беларускім нацыянальным камітэце на карысць беларускага прытулку ў Горадні, які меўся адбыцца 9 студзеня 1921 г. Драматычнай секцыяй пры Грамадзе беларускай моладзі рыхтавалася пастаноўка «Паўлінкі», далей былі запланаваны танцы. «Распараджальнікам» гэтага мерапрыемства быў Сымон Якавюк76. Менш чым праз два тыдні, 21 студзеня 1921 г., польскія ўлады зачынілі БНК. Прычыны забароны палякамі ягонай дзейнасці невядомыя, аднак выглядае на тое, што ў палякаў былі пэўныя падазрэнні адносна кантактаў гарадзенскіх беларусаў з літоўцамі. І гэтыя падазрэнні мелі пад сабой рэальную аснову.
|
75 Чарнякевіч А. Гарадзенскія апосталы… с. 36.
|
Пасля закрыцця Гарадзенскі БНК працягваў працаваць падпольна. 19 сакавіка 1921 г. кіраўнік Камітэта Сяргей Баран склаў на імя старшыні Рады Міністраў Літоўскай рэспублікі даклад, у якім пісаў аб закрыцці БНК і пералічваў беларускія арганізацыі ў горадзе. У дакладзе Сымон Якавюк па-ранейшаму фігуруе як намеснік старшыні камітэта77. Цікава, што да даклада далучаліся каштарысы штомесячных выдаткаў на ўтрыманне Гарадзенскага БНК, Беларускай гімназіі і прытулку78.
|
76 Праграма Спэктаклю-балю Дабрачынага аддзелу пры Беларускім нацыянальным Камітэце на карысьць беларускага прытулку ў Гродні 9 студня 1921 г.*
|
Аднак літоўцы і намеснік старшыні БНК с. Якавюк мелі куды больш сур’ёзныя планы, чым фінансавая падтрымка беларускай адукацыі. Яшчэ ў канцы 1920 г. літоўцы падзялілі ўсю акупаваную палякамі тэрыторыю на чатыры ўчасткі, у кожным з якіх было прызначана асобнае камандаванне для арганізацыі дыверсійных акцый і партызанскага руху. Заходняя частка Гарадзеншчыны ўвайшла ў склад чацвёртага ўчастку «Ліда–Горадня–Друскенікі» са штабам у Мерачы, на чале якога стаяў старшы лейтэнант літоўскай арміі Сяргей Хмара-Разумовіч. Акурат с. Разумовіч у дакладзе начальніку літоўскага генеральнага штаба, датаваным 19 лютага 1921 г., акрэслівае месца і ролю Якавюка ў дзейнасці літоўска-беларускага падполля:
Вся созидательная работа главным образом была мною сосредоточена в Гродне, где моими помощниками являлись вице-старшина гродненского Национального комитета Яковюк, а также члены правления Белорусского кооператива: Ильючек, Юречко, Чулков, Карпович, а в Ковна чиновник Министерства беларуских спрау Козячий и священник Корчинский, а также член (закрэслена) Боев (апошнія два прозвішчы закрэслены. – Аўт.). После разгона поляками Национального комитета Яковюк, как вице-старшина, во избежание ареста поляками, бежал в феврале с. г. из Гродна и прибыл в Ковна, сообщил мне фамилии командиров взводов и места, где они образованы79.
|
77 Архівы БНР… Дак. № 2672. 78 Тамсама. Дак. №№ 2673, 2674.
|
Наступная вядомая нам паездка Якавюка на тэрыторыю Літвы адбылася перад Вялікаднем (верагодна, праваслаўным) 1921 г. у штаб Беларускага асобнага батальёна, які размяшчаўся ў мястэчку Сярэях. C. Разумовіч апісваў гэтае спатканне так:
Перед св. Пасхой из Ковно прибыл предс. Союза литовских стрелк[ов] г. Путвинский со своим помощн. г. Михалкевиче[м] на совещан[ие] со мною и вызванным к этому времени из Гродно начальн[и]ком отдела г. Яковюком и его заместителем г. Меленкевиче[м] (…). Совещание состоялось у [ме]ня на квартире и затянулось до 3–4 ч. утра. Затем гг. Яко[вюк] и Меленкевич были отвезены на автомобиле к границе, а г[г]. Путвинский и Михалкевич на том же автомобиле уехали обратно в г. Ковно80.
|
79 ДАРФ. Ф. 6503. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 1 адв.
|
Прыкладна ў гэты прамежак часу с. Якавюк атрымаў ад с. Разумовіча на патрэбы арганізацыі 60–70 тысяч остмарак (прыкладна 1000 долараў ЗША). Са словаў намесніка с. Якавюка А. Мілінкевіча, недзе ў лістападзе ці снежні 1921 г. яны абодва, перасекшы мяжу, наведалі Мерач, дзе перадалі с. Разумовічу справаздачу за атрыманыя грошы81. Варта запомніць гэты факт, бо «грашовыя справы» Сымона Якавюка ўсплывуць яшчэ неаднаразова.
|
80 Архівы БНР… Дак. № 3652.
|
Усе ўзгаданыя матэрыялы сведчаць аб немалой ролі с. Якавюка ў стварэнні падпольнай паўстанцкай арганізацыі на Гарадзеншчыне. Больш за тое, с. Разумовіч кажа пра яго як пра свайго намесніка на акупаванай палякамі тэрыторыі, як мінімум з пачатку 1921 г.
У пачатку сакавіка 1922 г. польскія ўлады правялі шэраг арыштаў, фактычна разграміўшы беларускую падпольную арганізацыю. Большасць затрыманых паходзілі з мястэчак Крынкі і Саколкі і іх ваколіц. Апрача шараговых сяброў арганізацыі была арыштаваная кіраўнічка «Беларускага брацтва» Вера Маслоўская. У сувязі з гэтай справай у 1922 г. на некаторы час быў затрыманы с. Баран. Увогуле, пра дзейнасць Сымона Якавюка ў першай палове 1922 г. вядома няшмат. Вясною 1922 г. ён працаваў сакратаром адваката Самарына ў Горадні на вуліцы Паўночнай, 17, не забываючыся, аднак, і пра беларускую справу. Так, 1 сакавіка таго ж года Сымон Міхайлавіч бярэ ўдзел у арганізацыйным пасяджэнні Гарадзенскага камітэта Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, а ў сярэдзіне сакавіка нават арыштаваны палякамі разам з іншымі гарадзенскімі беларускімі дзеячамі, але ўжо 24 сакавіка выпушчаны на волю. Тое, што ўлады ўжо тады лічылі с. Якавюка небяспечным і нелаяльным да польскай дзяржавы чалавекам, пацвярджаецца і тым фактам, што 28 сакавіка 1922 г. следчы Я. Ясінскі звяртаўся да каменданта паліцыі ў Горадні з прапановай арганізаваць за Якавюком тайны нагляд82.
|
81 Справка [складзена ў 1933 г.].*
|
Удзельнікі падполля на чале з Германам Шыманюком (атаман Скамарох), якія не трапілі ў рукі паліцыі, арганізавалі аддзел, які ў красавіку-маі 1922 г. дзейнічаў на поўдні Белавежскай пушчы, аднак хутка быў разбіты палякамі. Але Якавюк сваёй дзейнасці не спыніў.
Квартальныя справаздачы гарадзенскай павятовай паліцэйскай камендатуры за 1922 г. паведамлялі аб пашырэнні сярод насельніцтва злачыннай агітацыі, якая праводзілася «асобамі з левага лагеру, на чале якіх стаяць Баранаў, Якавюк і іншыя, якіх падтрымлівае ўрад Ластоўскага ў Коўна»83.
|
82 Чарнякевіч А. Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909–1939 гг… с. 279.
|
Найвялікшым дасягненнем такой агітацыі стаў поспех на выбарах у сойм у лістападзе 1922 г., калі Сымон Якавюк і Сяргей Баран былі абраныя пасламі (дэпутатамі) у гэты найвышэйшы заканадаўчы орган Другой Рэчы Паспалітай.
Адбывалася гэта так. 5 верасня 1922 г. у Горадні прайшоў з’езд прадстаўнікоў акруговых і павятовых беларускіх выбарчых камітэтаў Беластоцкага ваяводства, дзе было вырашана далучыцца да пастановы Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта (БЦВК) у Вільні аб удзеле ў выбарах разам з іншымі нацыянальнымі меншасцямі84.
|
83 Токць с. Беларуская вёска на мяжы эпох: Змены этнічнай самасвядомасці сялянства ва ўмовах распаду традыцыйнага аграрнага грамадства (на матэрыялах Гарадзеншчыны 19 – перш. трэці 20 ст.). – Гродна, 2003. с. 106.
|
Аўтарытэт с. Якавюка і с. Барана паспрыяў таму, што яны ўзначалілі спісы кандыдатаў ад Блока нацыянальных меншасцяў. с. Якавюк стаў на першым месцы ў спісе па Бельскай выбарчай акрузе85.
|
84 Krynica. 1922. № 2.
|
«Крыніца» гэтак характарызавала дзейнасць Сымона Якавюка, пачынаючы з 1918 г.:
Калі ў 1918 г. пачалася ў Горадзеншчыне арганізацыя беларуcаў, Якавюк энергічна закратаўся каля работы. Ён прыймаў учасце ў стварэнні так званай «Беларускай Управы». (…) За сваю неўтамімую дзейнасць па арганізацыі сялянства па закладанні ў Горадні і ваколіцах беларускіх кааператываў і т. п. яго вельмі праследывала мясцовая адміністрацыя. Яго арыштоўвалі, садзілі «за дрот», але не маглі прымусіць адрачыся ад дарагое яму справы86.
У гэты час Якавюк жыў у Горадні на адрасе Паўночная, 11-а87. Вельмі шчыльнымі былі кантакты беларусаў Гарадзеншчыны з БЦВК у Вільні. 9 і 21 кастрычніка 1922 г. с. Якавюк атрымаў ад Цэнтральнага камітэта 1 100 000 марак88. Гэтая сума, верагодна, прызначалася на патрэбы ўсіх беларускіх выбарчых камітэтаў Беластоцкага ваяводства. На выбарах 5 лістапада за спіс нацыянальных меншасцяў Бельскай акругі (№ 4) на чале з с. Якавюком прагаласавала прыблізна 35 тысяч чалавек89. Дзякуючы гэтаму с. Якавюк апынуўся ў ліку 14 беларусаў, што павінны былі абараняць у сойме інтарэсы свайго народу.
|
85 Krynica. 1922. № 7. 86 Глагоўская Л. З дзейнасці беларускіх парламентарыяў на Гродзеншчыне ў 1922–1930 гадах // Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа. – Гродна, 2003. с. 130. 87 Тамсама. 88 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАЛіМ). Ф. 3. Воп. 1. Спр. 210. Арк. 57, 59.
|
Менавіта гэтыя 14 паслоў утварылі соймавую фракцыю Беларускага пасольскага клуба (БПК), на чале якой стаў Браніслаў Тарашкевіч, а намеснікамі – ксёндз Адам Станкевіч і Сяргей Баран. У спісе ўдзельнікаў Клуба Якавюк фігуруе як земляроб (паводле паходжання ці роду заняткаў – невядома) і – што для нас больш важна – як беспартыйны90. Апошняя звестка ў нейкай ступені пралівае святло на наяўнае ў літаратуры пытанне пра яго партыйную прыналежнасць.
Ужо 26 лістапада Сымон Якавюк разам з іншымі пасламі прысутнічае на арганізацыйным сходзе Беларускай цэнтральнай рады, у якую ўвайшоў БПК, Віленскі БНК, іншыя прадстаўнікі беларускага грамадства. Рада падвяла вынікі выбараў і вызначыла шляхі далейшай дзейнасці. Аднак фактычна яна актыўнай дзейнасці не разгарнула, і вядучыя пазіцыі ў беларускім руху на пэўны час перайшлі да Беларускага пасольскага клуба91.
|
89 Справка [складзена ў 1933 г.].* 90 Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1996. с. 67.
|
Пачаткам палітычнай работы БПК можна лічыць 23 студзеня 1923 г., калі Браніслаў Тарашкевіч з соймавай трыбуны прадставіў праграму Клуба. Пасольская дзейнасць Сымона Якавюка працягвалася ўсяго некалькі месяцаў і была перапынена «працэсам 45-ці». Як спецыяліст-чыгуначнік, ён працаваў у камунікацыйнай камісіі сойма, што займалася пытаннямі шляхоў зносін92, і разам з с. Баранам 17 красавіка 1923 г. паспеў падаць інтэрпеляцыю (зварот-скаргу да старшыні сойма) у справе ўрэгулявання прэтэнзій жыхароў яго родных Дубінаў адносна зямлі, занятай урадам пад хімічную фабрыку93. Як сцвярджае гісторык Д. Фіёнік, с. Якавюк таксама каардынаваў справу вяртання царкоўнай маёмасці (у прыватнасці, званоў), якая была вывезена ў Расію ўлетку 1915 г.94. Наогул падчас працы ў сойме і шмат гадоў пасля с. Якавюк цікавіўся справамі праваслаўнай царквы, выступаў яе абаронцам.
|
91 БДАЛіМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 210. Арк. 372 адв.
|
Гэта, аднак, не перашкаджала яму браць актыўны ўдзел у міжсобнай барацьбе гарадзенскіх, а пасля літоўскіх праваслаўных духоўнікаў. Так, вясной 1923 г. Якавюк выступіў на баку архірэя Уладзіміра супраць гарадзенскага святара Лечыцкага, якога абвінавачвалі ў прыхільнасці да палякаў, і ўдзельнічаў у нападзе праваслаўных фанатыкаў на яго дом95. Старыя сувязі с. Якавюка з літоўцамі, мабыць, таксама паспрыялі таму, што ў лютым 1923 г. ад імя БПК ён быў накіраваны ў Коўна для ўсталявання кантактаў як з літоўцамі, так і з урадам БНР у асобе В. Ластоўскага96.
Беларускі пасольскі клуб не быў палітычна аднародным, але патрэбы дня паступова змушалі яго сяброў так ці інакш вызначаць сваю пазіцыю адносна вырашэння самых набалелых пытанняў, што стаялі перад «беларусамі пад Польшчай». Пытанне «З кім будуць беларускія паслы?» асабліва цікавіла і польскія спецслужбы, якія адносна кожнага прадстаўніка беларусаў у сойме спрабавалі скласці пэўнае меркаванне. Скажам адразу, наконт с. Якавюка нічога зрабіць не атрымалася. Так, паводле аднаго з даносаў, разам з П. Мятлой, В. Рагулем і с. Бараном с. Якавюк уваходзіў у склад камуністычнай групоўкі БПК97. У другім паведамленні чытаем: «Ворагам палякаў не з’яўляецца. У поглядах памяркоўны сацыяліст. Імкнецца да культурнай і эканамічнай аўтаноміі для беларусаў»98. І яшчэ цікавей – у адной зводцы с. Якавюк быццам бы папракае старшыню Клуба Б. Тарашкевіча за ўгодніцтва перад палякамі. У другой выказвае незадавальненне тым, што той жа Тарашкевіч устаўляе ў свае прамовы «маскоўскія» акцэнты.
|
92 Posłowie i senatorowie… S. 278. 93 Інтэрпэляцыі Беларускіх паслоў у польскі сойм 1922–1926 гг. Зборнік дакумэнтаў аб панскіх гвалтах, катаваньнях і зьдзеках над сялянамі і рабочымі ў Заходняй Беларусі. – Менск: Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва, 1927. с. 32. 95 CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2664. 96 Тамсама. Sygn. I.303.4.2475. K. 147. 97 Тамсама. Sygn. I.303.4.2475. K. 169.
|
І цяпер не разабрацца, што адлюстроўвае падобная сітуацыя: ці ўменне хаваць перад палітычнай паліцыяй свае погляды, ці поўную адсутнасць такіх поглядаў. Праўда, самі палякі схіляліся да другога: «Вядомы сярод людзей як спекулянт, чалавек, які хоча добра жыць і нічога не рабіць; у Горадні ён не папулярны, а ў Сакольскай акрузе, адкуль прайшоў у сойм, наогул невядомы. Скамбінаваў пасла – паставіў сябе на спіс № 16 на першае месца тым, што даў грошы настаўніку, які стаяў у спісе першы, і той адмовіўся на карысць Якавюка»99. Ад сябе дадамо толькі, што гэтым «беларускім настаўнікам», хутчэй за ўсё, быў У. Федарук, настаўнік беларускай школы ў Горадні. Пасля верасня 1939 г. ён трапіў пад сталінскія рэпрэсіі.
|
98 Тамсама. Sygn. I.303.4.2660. K. 154.
|
Суд, а пасля ўцёкі з Польшчы перарвалі дэпутацкую кар’еру Сымона Якавюка. 15 траўня 1925 г. ягоны пасольскі мандат страціў сілу100.
Не зважаючы на тое, што Сымон Якавюк і Сяргей Баран сталі пасламі, прывід падпольнага мінулага працягваў вісець над імі. Арыштаваныя беларускія партызаны чакалі суда ў беластоцкай і гарадзенскай вязніцах. Ужо 9 сакавіка 1923 г. «Gazeta Wileńska» надрукавала зацемку пра тое, што Сымон Якавюк ёсць тайным агентам Літвы. Такая выснова была зробленая на падставе справы Станіслава Пузырэўскага, які быў прыгавораны судом у Коўне да катаргі за тое, што, будучы супрацоўнікам тайнай польскай паліцыі, перашкаджаў рабоце беларускага дзеяча Якавюка101. Выснова, зробленая газетай, добра зразумелая. Дзеля чаго ж было заступацца літоўцам за нейкага беларускага дзеяча? Паліцыя і дэфензіва працягвалі следства, сабраўшы патрэбную колькасць доказаў, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці абодвух дэпутатаў.
|
99 Тамсама. Sygn. I.303.4.2664.
|
Судовы пераслед с. Якавюка і с. Барана быў распачаты перад 13 сакавіка 1923 г. Менавіта ў гэты дзень паслы-беларусы кс. А. Станкевіч і М. Кахановіч ужо падалі ў Сойм інтэрпеляцыю з патрабаваннем скасаваць гэтую судовую справу102. Яна ніяк не падзейнічала на кіраўніцтва парламента Другой Рэчы Паспалітай, бо праз тыдзень, 20 сакавіка, усё той жа Адам Станкевіч і на гэты раз сам Сяргей Баран выступілі ўжо з іншай прапановай: аб неабходнасці паскорыць разгляд судовых справаў беларускіх паўстанцаў103. Суд сапраўды пачаўся даволі хутка – 14 траўня таго года ў Беластоку, але і Сымон Якавюк, і Сяргей Баран апынуліся на лаве падсудных у ліку 45-ці абвінавачаных104.
|
100 Posłowie i senatorowie… S. 278. 101 Gazeta Wileńska. 1923. 9 marca. № 55.
|
Абодва яны падчас суда знаходзіліся на волі, бо рашэнне ўзяць іх пад варту мог вынесці толькі сойм. Абаронцам паслоў быў пляменнік рэвалюцыянера Валерыя Урублеўскага знакаміты віленскі адвакат Тадэвуш Урублеўскі, які яшчэ ў 1906 г. спрабаваў выратаваць у судзе жыццё лейтэнанта Шміта105. Абвінавачванне грунтавалася асноўным чынам на паказаннях правакатара Эдварда Лянкевіча і звестках, атрыманых ад агентаў дэфензівы. Э. Лянкевіч увайшоў у беларускую арганізацыю ў снежні 1921 г. і ў лютым 1922 г. «здаў» яе палякам. Большасць арыштаваных трапіла пад суд, дзякуючы сведчанням Лянкевіча і спісам, знойдзеным пасля разгрому аддзела Германа Шыманюка ў Белавежскай пушчы.
Непасрэдных доказаў вінаватасці Сымона Якавюка і Сяргея Барана не было. Адзіным рэчавым доказам супраць Сымона Якавюка быў спіс, знойдзены падчас ператрусу ў Васіля Кажанава, які падазраваўся ва ўдзеле ў падрыхтоўцы паўстання. У спісе насупраць прозвішча с. Якавюка быў зроблены надпіс «Рэв. ком.», які польскі абвінаваўца патлумачыў як «Рэвалюцыйны камітэт», а не «Рэвізійная камісія»106.
|
102 Інтэрпэляцыі Беларускіх паслоў у польскі сойм… с. 22. 103 Krynica. 1923. № 3. 104 Мірановіч Я. Партызаны ці тэрарысты? // Ніва. 2000. № 20. 105 Клейн Б. Найдено в архиве. – Минск: Беларусь, 1968. с. 132.
|
Капітан другога аддзела генеральнага штаба ў Горадні Ярэцкі сведчыў: «Ёсць звесткі, дастаўленыя ў наш штаб быўшым афіцэрам расійскай арміі капітанам Лазаравым, падуладным мне агентам, аб шэрагу асоб, якія ў якасці літоўскіх шпіёнаў служаць за грошы літоўскага ўрада». У ліку гэтых асоб на адным з першых месцаў фігуруе Сымон Якавюк107. Ярэцкі гаворыць таксама пра 18 найбліжэйшых супрацоўнікаў Барана і Якавюка, якія падазраваліся ў шпіянажы на карысць Літвы і савецкай Расіі108. Цяжка нешта сцвярджаць аб набліжаных да с. Барана людзях. Аднак ніхто са згаданых с. Разумовічам у ягоным рапарце ад 19 лютага 1921 г. памагатых с. Якавюка на лаву падсудных не трапіў. Больш за тое, іх імёны (апрача протаярэя І. Карчынскага) увогуле не згадваюцца ў матэрыялах следства. З усіх падсудных асоба с. Якавюка звязваецца толькі з Бараном. Ніхто з абвінавачаных паказанняў супраць с. Якавюка не даў.
|
106 Зарава. 1923. 25 траўня. 107 Нашае жыцьцё. 1923. № 6.
|
Тым не менш, дэфензіва ў асобе капітана Ярэцкага была абсалютна ўпэўненая ў вінаватасці Якавюка і Барана:
Усе данясенні агентаў з розных бакоў, усе паведамленні – афіцыяльныя, сакрэтныя, прыватныя, польскія, літоўскія, беларускія – усе ў адзін голас гавораць аб іх выдатнай ролі ў працівапольскай дзейнасці. Гэтыя дзве асобы – цэнтр усяго, што рабілася ў Гродзеншчыне ў сэнсе рэвалюцыйнай дзейнасці проціў Польшчы. Дзеля гэтага і былі абраны ў сойм, як самыя папулярныя дзеячы паказанага тыпу. Агент Лазараў, якому было дадзена спецыяльнае даручэнне, выясніў, што абодва атрымалі грошы з Коўні109.
|
108 Тамсама.
|
На свой жаль, Ярэцкі не мог даваць дакладнай інфармацыі аб дзейнасці сваіх сакрэтных агентаў, што ва ўмовах хаця б адноснай дэмакратычнасці суда сур’ёзна падрывала доказную базу абвінавачвання. Інфарматар Ярэцкага электратэхнік Вацлаў Мазуркевіч, сусед Сымона Якавюка, паказаў, што паводле звестак упраўніка дома, у якім жыў Якавюк, у кватэры апошняга адбываліся тайныя сходы беларусаў, куды нікога з старонніх не пускалі, і якія наведваў Сяргей Баран110.
|
109 Тамсама.
|
Самую канкрэтную інфармацыю аб падпольнай дзейнасці Якавюка даў суду галоўны сведка абвінавачвання Эдвард Лянкевіч, які не меў ніякіх асабістых кантактаў з Якавюком, аднак паспеў наведаць Мерач, дзе даволі грунтоўна гутарыў з самім с. Разумовічам. Наогул варта адзначыць, што зробленая Лянкевічам «класіфікацыя» палітычных плыняў у падпольнай арганізацыі вызначаецца немалой арыгінальнасцю. Ён вылучаў тры асноўныя групоўкі. Першая на чале з Якавюком – «расійска-манархічная», другая – Алексючанкі – «савецка-расійская» і трэцяя – Разумовіча – «літоўская». Прычым правакатар зазначае, што гэта «тры самастойныя і незалежныя адна ад другой асобныя беларускія арганізацыі Якавюка; Алексючанкі і ці то Разумовіча, ці то Ластоўскага»111.
|
110 ДАРФ. Ф. 5999. Воп. 1. Спр.1.
|
Апошняе, у сваю чаргу, дрэнна суадносіцца са звесткамі аб падпарадкаванасці Якавюка Разумовічу, ператвараючы ўсю гэту гісторыю ў сапраўдны дэтэктыў.
У судовай залі Лянкевіч пераказаў пачутыя ім 10 лютага 1922 г. у Мерачы словы Разумовіча пра Якавюка: «Гаварыў у Штабе сам Хмара, што Якавюк узяў у яго 70 000 нямецкіх марак, абяцаў закупіць аружжа і ўзброіць штосьці 30 ці 60 тысяч чалавек, але што з імі зрабіў, невядома»112.
|
111 Нашае жыцьцё. 1923. № 6.
|
Як бачым, існуе яўная супярэчнасць з ужо цытаванымі звесткамі Мілінкевіча аб тым, што яны з Якавюком у канцы 1921 г. вазілі Разумовічу справаздачу з гэтай сумы.
Паспрабуем прасвятліць сітуацыю. З верасня 1920-га да вясны 1923-га г. Разумовіч перадаў падпольшчыкам прыкладна 2400 долараў113. Выходзіць, што ў руках Сымона Якавюка апынулася ледзь не палова ўсёй гэтай сумы (1000 долараў), і куды падзеліся гэтыя грошы, мы не ведаем. Э. Лянкевіч сцвярджаў, што Якавюк купіў на гэтыя сродкі ў Горадні два дамы114. Калі грунтавацца на гэтых паказаннях Лянкевіча, то ў лютым 1922 г. паміж Разумовічам і Якавюком сувязь ужо адсутнічала. Акрамя таго, Лянкевіч паведаміў, што ў гэты час у штабе чацвёртай групы ў Мерачы хадзілі размовы пра тое, што Якавюк працуе на два фронты і «наогул, казалі, што ён чалавек няпэўны»115. Сітуацыю яшчэ больш заблытвае меркаванне пра існаванне трох «самастойных» арганізацый…
|
112 Нашае жыцьцё. 1923. № 5.
|
Ужо падчас новага следства па справе Якавюка ўвосень 1923 г. з падобнымі паказаннямі выступіў нейкі с. Новік, які паведаміў суду словы беларускага міністра Я. Варонкі аб тым, што Якавюк і доктар Бялецкі прысвоілі грошы для беларускіх афіцэраў літоўскай арміі, за якія першы купіў дом і быццам бы нават рэстаран116.
Амаль супадалі са сцверджаннямі Э. Лянкевіча і с. Новіка словы літоўца Шапеліса, уладальніка літоўскай кнігарні ў Вільні, што прагучалі на пасяджэнні Беларускага навуковага таварыства ў Вільні амаль праз год пасля суда, у красавіку 1924 г. Гэты літовец акурат і паведаміў віленскім беларусам, што с. Якавюк прысвоіў выдадзеныя яму на паўстанне літоўскія грошы. Інфармацыя выклікала ў былых яго калегаў па БПК сапраўдны шок117. Так ці інакш, але прыняць у якасці доказаў гэтыя і нам цяпер не да канца зразумелыя довады дэфензівы і правакатара суд не змог. А звязаць дзейнасць Якавюка з дзейнасцю створанай у канцы 1921-га – пачатку 1922-га г. у ваколіцах Крынак і Саколкі падпольнай арганізацыі не ўдалося. Абвінавачванне за ўдзел у працы скасаванага ў студзені 1921 г. Гарадзенскага БНК у любым разе не магло быць вельмі сур’ёзным. Пракурор патрабаваў для Сымона Якавюка бестэрміновай катаргі, аднак апошні, разумеючы ўсю слабасць доказнай базы абвінавачвання, вінаватым сябе не прызнаў, сказаў, што грошай у Коўне не атрымліваў і ўвогуле туды не ездзіў118.
|
113 Архівы БНР… Дак. № 3652. 114 Зарава. 1923. 25 траўня. 115 Нашае жыцьцё. 1923. № 5. 116 CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2664. Podteczka 5. 117 Тамсама. Sygn. I.303.4.2475. K. 124.
|
22 мая 1923 г. Беластоцкі акруговы суд апраўдаў Якавюка. Менш пашанцавала с. Барану. Рэчавых доказаў супраць яго не было, аднак вялікая грамадзянская актыўнасць, прыналежнасць да партыі беларускіх эсэраў, а таксама ўдзел у пражскай беларускай канферэнцыі ўвосень 1921 г. разам з В. Маслоўскай, якая прызнала сябе стваральніцай падполля, кантакты з урадам В. Ластоўскага, прызначэнне с. Барана на пражскай канферэнцыі на выпадак антыпольскага паўстання гарадзенскім ваяводам – усё гэта саслужыла яму дрэнную службу. Праўда, мы можам спаслацца на словы Э. Лянкевіча: «На маю прапазіцыю ўцягнуць у арганізацыю і Баранава, як віднага дзеяча ў Горадзеншчыне, Хмара сказаў, што Баранаў, як ён ведае, фантазёр, гэта – паэт і для справы некарысны»119. Таму можна сцвярджаць, што ў лютым 1922 г. с. Баран да падполля ўжо не належаў, або не належаў да яго ўвогуле.
|
118 Зарава. 1923. 25 траўня.
|
Тым не менш, с. Баран быў прызнаны вінаватым і прысуджаны да шасці гадоў катаргі120, але арыштавалі яго толькі 9 чэрвеня ў Горадні121. Якавюк застаўся на волі і летам 1923 г. нават захацеў унясення сябе ў спіс афіцэраў рэзерву польскай арміі, але 27 ліпеня таго ж года Афіцэрскі трыбунал прызнаў ягоныя паводзіны «супярэчнымі з духам статута аб асноўных правах і абавязках афіцэра войска польскага» і адхіліў просьбу122. «Працэс 45-ці» быў першым сур’ёзным ударам, нанесеным палякамі па БПК. Паслы дзейсна абаранялі сваіх калегаў. 2 чэрвеня 1923 г., выступаючы ў сойме, Б. Тарашкевіч заявіў: «Што датычыць пасла Якавюка, дык усе закіды адпалі, што ж да першага, Баранава, – справа яшчэ не закончаная і будзе апеляцыя»123.
|
119 Нашае жыцьцё. 1923. № 5. 120 Krynica. 1924. № 2. 121 Krynica. 1923. № 6. 122 Posłowie i senatorowie… S. 278.
|
Апеляцыя сапраўды была пададзеная, але следства ўзнавілі і супраць Якавюка (9 кастрычніка 1923 г. у сойм прыйшла прапанова віленскага пракурора ў справе дазволу на новае следства супраць абодвух паслоў). Суд, які адбыўся па выніках следства, значна перагледзеў прыгавор «працэсу 45-ці». Тэрмін зняволення с. Барана быў зменшаны з шасці да чатырох гадоў124.
А вось с. Якавюка 30 снежня 1923 г. Варшаўскі акруговы суд прыгаварыў да чатырох гадоў катаржнай працы125 (паводле іншых звестак, прысуд быў вынесены яму 31 снежня126). Вядома, што і пасля арышту с. Барана с. Якавюк актыўна браў удзел у працы БПК. Ягоны подпіс стаіць пад большасцю рашэнняў, што прымаліся беларускімі пасламі ў гэты час. Апошні дакумент, падпісаны сябрамі БПК, сярод якіх быў і с. Якавюк, датуецца 14 снежня 1923 г.127. Калі верыць даносам канфідэнтаў польскай паліцыі, то ў верасні 1923 г. Якавюк паспеў узяць удзел у адкрыцці праваслаўнай царквы ў Дубінах128. Праўда, інфарматар дэфензівы пачуў таксама плётку аб тым, што гэтую царкву Якавюк абяцаў мясцовым сялянам адкрыць яшчэ ў пачатку лета, а пасля, сабраўшы з іх па некалькі яек, знік, за што тыя пагражалі яму судом129.
|
123 Тарашкевіч Б. Выбранае. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. с. 113. 124 Krynica. 1924. № 2. 125 Справка [складзена ў 1933 г.].* 126 Архівы БНР… Дак. № 3580. 127 Інтэрпэляцыі Беларускіх паслоў у польскі сойм… с. 47. 128 CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2475. Podteczka 15 (XI/A/3/a7). K. 5–6.
|
28 верасня с. Якавюк наладзіў пасольскае веча ў Бельску, дзе заклікаў беларусаў аб’яднацца на выбарах у гмінныя рады. Паводле некаторых звестак, у гэты час ён таксама меў дачыненне да распаўсюджання на Гарадзеншыне антыпольскіх брашур, што прывозіліся з-за літоўскай мяжы130.
Прадчуваючы небяспеку апынуцца ў вязніцы, у самым канцы 1923 г. Сымон Якавюк уцякае праз Гданьск у Літву131. Палякі спахапіліся занадта позна, шукалі яго ў знаёмых, у прыватнасці, на кватэры Р. Зямкевіча, якога абвінавачвалі ў тым, што ён параіў і дапамог выехаць «злачынцу» ў Гданьск132. Недавер палякаў да Зямкевіча меў пад сабою пэўную аснову, бо той, як мы ўжо казалі, у нейкай ступені сімпатызаваў нашаму герою і ў сваім паведамленні паліцыі пра дзейнасць с. Якавюка пасля арышту с. Барана падаваў яго ледзь не ахвярай паліцэйскага сваволля: «…напужаны беластоцкім працэсам, закрыў у Гродне сваю пасольскую канцылярыю, па вёсках ездзіць не хоча, агітацыю спыніў і апроч дробнай спекуляцыі нічым займацца не хоча»133.
|
129 Тамсама. Sygn. I.303.4.2664. Podteczka 5. 130 Тамсама. Sygn. I.303.4.2475. 131 Рагуля В. Успаміны. – Менск: ВЦ «Бацькаўшчына», 1993. с. 39. 132 Архівы БНР… Дак. № 3580.
|
У святле згаданых фактаў аб палітычнай актыўнасці Сымона Якавюка ў другой палове 1923 г. гэтае сцверджанне магло вельмі насцярожыць паліцыю (нельга пакінуць па-за ўвагай і тое, што паказанні Зямкевіча нямала паспрыялі нашаму герою і ў апраўдальным прысудзе ў маі 1923 г.).
Ад гэтага часу пачынаецца новы этап у жыцці с. Якавюка, калі месцам ягонага жыхарства больш чым на 30 гадоў стала Коўна.
(1924-ТЫ – КАНЕЦ 1920-х гг.) У пачатку 1924 г., калі с. Якавюк апынуўся ў Коўне, роля беларускіх арганізацый у замежнай палітыцы літоўскай дзяржавы была ўжо не такой значнай, як у папярэднія гады. Пасля таго, як 15 сакавіка 1923 г. Ліга Нацый фактычна прызнала Віленшчыну часткай Польскай дзяржавы, Літва спыніла падтрымку паўстанцкіх арганізацый, ліквідавала Міністэрства беларускіх справаў і расфармавала беларускія вайсковыя адзінкі. Менавіта ў 1923 г. Якавюк перастаў быць чыноўнікам Міністэрства беларускіх справаў і сябрам Саюза літоўскіх стральцоў134.
|
133 CAW. Oddział II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2664. Podteczka 1.
|
Тым не менш, Літва працягвала заставацца базай для беларускіх палітычных арганізацый. У Коўне з 1920 г. жыў Вацлаў Ластоўскі. Часта наведваў Літву тагачасны прэм’ер-міністр урада БНР Аляксандр Цвікевіч. З дзейнасцю гэтых людзей і звязаў сваю працу Сымон Якавюк цягам наступных некалькіх гадоў.
Паводле наяўных звестак, Якавюк з 15 студзеня 1924 г. жыве ў Коўне135і ў першыя месяцы сваёй эміграцыі неаднаразова выязджае за межы Літвы. Паўнамоцны прадстаўнік беларускага народу, с. Якавюк уяўляў вялікую цікавасць для беларускіх дзеячаў, якія, нягледзячы на пасады сяброў урада БНР, падобнай легітымнасцю пахваліцца не маглі.
|
134 Справка [складзена ў 1933 г.].*
|
Палітычная біяграфія Сымона Якавюка 1924–1925 гг. вядома нам толькі фрагментарна. Між тым, менавіта ў гэты час ён шчыльна супрацоўнічае з урадам БНР, дзейнічае, бясспрэчна, надзвычай актыўна. Ужо 4 лютага 1924 г. ён арганізаваў у Коўне лекцыю пад назвай «Польшча – Віленшчына – Беларусы», дзе, пэўна, направа і налева граміў палякаў136.
|
135 Тамсама.
|
Якавюк амаль адразу далучыўся да групоўкі Аляксандра Цвікевіча, у той момант прэм’ер-міністра ўрада БНР, які канфліктаваў з папярэднім прэм’ерам Вацлавам Ластоўскім.
Мяркуючы па ўсім, у студзені 1924 г. Якавюк пэўны час знаходзіўся ў Коўне. Такую выснову можна зрабіць з ліста Палуты Бадуновай да Вацлава Ластоўскага, які таксама пражываў у літоўскай сталіцы. Сутнасць справы не зразумелая, аднак словы Бадуновай гавораць самі за сябе: «…ніякага ліста да каго-кольвек, апрача Вас, у Коўну я не пісала і не пасылала і дзіву далася, калі пачула, што Якавюк нейкі мой ліст чытаў. Ці не выйшла тутака якая-небудзь іншая афёра. (…) Цяпер жа перадайце Якавюку, што я напісала Вам, і калі ён чэсны, дык няхай ведае, з кім мае дзела. Але Мамонька аб ім нядобра штосьці думае»137.
|
136 Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 325. Воп. 1. Спр. 217. Арк. 269.
|
Гэтую своеасаблівую паштовую «перлюстрацыю», праведзеную Якавюком, можна разумець як форму здабыцця інфармацыі аб справах В. Ластоўскага – суперніка Аляксандра Цвікевіча. Тым болей, што парушэнне перапіскі ў палітычных справах – рэч звычайная, аб чым згадвае ў тым жа лісце Бадунова, апісваючы падобны выпадак са свайго жыцця. Зноў жа, зусім не выключана, што с. Якавюк меў нейкія іншыя прычыны, каб цікавіцца перапіскай Ластоўскага і Бадуновай.
Ужо ў студзені 1924 г. Якавюк уключыўся ў актыўную грамадскую работу. Бюлетэнь Беларускага прэс-бюро ў Коўне паведамляў, што Якавюк прыбыў у сталіцу Літоўскай Рэспублікі з мэтай арганізацыі супольнай з урадам БНР дэлегацыі ў Лігу Нацый «для абароны беларускіх нацыянальных інтарэсаў пад акупацыяй (зразумела, польскай. – Аўт.)»138.
|
137 Архівы БНР… Дак. № 3545.
|
Магчыма, па лініі ўрада БНР Якавюк атрымаў ад Міністэрства замежных справаў Нямеччыны дазвол на бязвізавы ўезд у гэтую краіну з 1 па 15 лютага 1924 г. Аднак ці скарыстаўся ён ім – невядома139. У канцы студзеня 1925 г. А. Цвікевіч і У. Пракулевіч абмяркоўвалі ў лістах адзін да аднаго перспектыву выкарыстання с. Якавюка ў рэалізацыі сваіх палітычных планаў, у прыватнасці, запрашэнне на канферэнцыю ў Празе, дзе збіраліся выкарыстаць яго як наймацнейшы рупар антыпольскай прапаганды. Іх цікавіла ўсё: ці мае Якавюк якія матэрыялы для друкавання (натуральна, аб гвалце палякаў над беларусамі), ці будзе ён даваць інтэрв’ю на гэтую тэму, якія яго ўплывы сярод насельніцтва Заходняй Беларусі і якія ён мае кантакты з пасольскімі клубамі іншых нацыянальных меншасцяў Польшчы140. 31 студзеня А. Цвікевіч у сваім дакладзе з задавальненнем падсумаваў:
|