A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (40) - 2005 |
Пачатак Цалкам |
|
|
|
||
беларускі нацыянальны рух вачыма канфідэнта ІІ аддзела польскага Генеральнага штаба
Р. Зямкевіч
«Нашыя веды паглыбляюць наш смутак». Шмат хто з даследчыкаў беларускаганацыянальнага руху падпісаўся б пад гэтымі крылатымі словамі, выходзячы пасля дзённых разбораў папяровых завалаў на прыступкі архіваў у Менску, Варшаве, Вільні, Кіеве, Маскве, Нью-Ёрку ці Бог ведае ў якім яшчэ кутку свету. Жыццёвыя пакуты папярэднікаў, якія адкрываюць нам прашытыя, пранумараваныя і пажаўцелыя лісты ў архіўнай тэчцы, не даюць супакою. Часам нават ужо па-за сценамі архіўных сховішчаў гісторыкаў пераследуюць разбуджаныя імі ж самімі вобразы мінулага, увасабляючыся ў постацях і падзеях сённяшняга дня. Пры гэтым чым больш чалавечых, жывых рысаў набываюць гістарычныя постаці, тым больш відавочнымі робяцца іхныя слабасці, тым больш выяўляецца фактаў ды факцікаў, якія не вельмі пасуюць да сфармаваных вобразаў. Пры гэтым дыяпазон «грахоў» можа быць вельмі разнастайны. Гэтая «брудная бялізна», што на мове паліттэхнолагаў называецца «кампраматам», некага з гісторыкаў спакушае сваёю сенсацыйнасцю ці нават камерцыйнасцю – бо прадаецца, а іншага прымушае схаваць яе ды забыцца ў імя вышэйшых інтарэсаў. Мы ж перакананыя, што існуе яшчэ адзін шлях – стрыманая, узважаная інтэрпрэтацыя мінулага, дзеля таго, каб паспрабаваць усё ж зразумець тую складаную з’яву, якой быў і ёсць беларускі нацыянальны рух. Шыла ж у мяху ў любым разе ўтаіць цяжка, калі наагул магчыма. Імя Рамуальда Зямкевіча часта сустракаецца на старонках беларускіх энцыклапедыяў і даведнікаў як імя аднаго з энтузіястаў і піянераў беларускага культурнага адраджэння першай паловы ХХ ст. Бібліяфіл, бібліёграф, публіцыст, гісторык беларускай літаратуры, краязнаўца, перакладчык – ён зрабіў даволі шмат дзеля папулярызацыі ідэі беларускасці і фармавання падстаў для развіцця беларускай культуры. Паводле прафесіі Р. Зямкевіч – інжынер-механік, нарадзіўся 7 лютага 1881 года ў Варшаве ў сям’і ўраджэнца Случчыны. Вучыўся ў Кіеве і Пецярбурзе, аднак большую частку свайго жыцця правёў у Варшаве. У 1920-я гады займаў кіраўнічую пасаду ў польскай Вышэйшай кантрольнай палаце. Рабіў частыя экспедыцыі з мэтай збірання калекцыйных матэрыялаў, у выніку чаго сабраў унікальную бібліятэку беларускіх выданняў. У ягонай жонкі, Л. Дунін-Баркоўскай, захоўваўся архіў Беларускай сацыялістычнай грамады. Быў сябрам шматлікіх беларускіх асветніцкіх арганізацый. Адзін з выкладчыкаў першых беларускіх настаўніцкіх курсаў у Менску ў канцы 1918 года. Пачынаючы з 1909 года друкаваў літаратуразнаўчыя артыкулы ў «Нашай Ніве», у тым ліку апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча, К. Каганца, Я. Лучыны. Аўтар навуковых працаў «Адам Ганоры Кіркор (біяграфічна-бібліяграфічны нарыс у 25-летнюю гадавіну смерці)» і «Ян Баршчэўскі, першы беларускі пісьменнік ХІХ сталецця» (абедзве выйшлі ў 1911 годзе асобнымі брашурамі). Друкаваў тэксты на асветніцкія тэмы ў газетах «Вольная Беларусь», «Беларуская думка», «Беларусь», «Новае жыццё», часопісах «Родныя гоні», «Калоссе», зборніку «Заходняя Беларусь». У 1942–1943 гадах выступаў з сатырычнымі вершамі на старонках беластоцкай газеты «Новая дарога». У пачатку 1920-х гадоў працаваў над кнігай па гісторыі «Зялёнага дуба» (паводле Н. І. Стужынскай, Р. Зямкевіч і сам быў сябрам гэтай арганізацыі) і арміі генерала с. Булак-Балаховіча. Адзначыўся Р. Зямкевіч і як палітычны дзеяч – у 1917 годзе ён удзельнічаў у з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў і І Усебеларускім з’ездзе ў Менску. Ужо ў міжваеннай Польшчы імя Р. Зямкевіча прагучала падчас «працэсу 45-ці» ў Беластоку ў 1923 годзе, калі ён выступаў у якасці сведкі абароны на баку беларускага пасла с. Якавюка, які абвінавачваўся ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Цяпер, пасля азнаямлення з некаторымі матэрыяламі польскіх архіваў, зусім упэўнена можна сцвярджаць, што акрамя ўсяго гэтага Рамуальд Зямкевіч быў яшчэ і агентам ІІ аддзела Генеральнага штаба Польскага войска – сумна славутай дэфензівы. Нельга сказаць, што адшуканыя дакументы сталі чымсьці зусім нечаканым. Чуткі аб сувязях Р. Зямкевіча з ІІ аддзелам мелі даволі глыбокія карані, аднак раней гэта можна было ў пэўнай ступені звязаць з ягоным рэнамэ «паланафіла», якое ў вачах сучаснікаў амаль атаясамлялася з працай канфідэнта – платнага інфарматара польскіх спецслужбаў. Пададзеныя ніжэй у перакладзе з польскай мовы ўласнаручныя рапарты Р. Зямкевіча, рукапісы якіх захоўваюцца ў фондзе ІІ аддзела Генеральнага штабу Польскага войска Цэнтральнага вайсковага архіва ў Рэмбертаве, бясспрэчна сведчаць пра ягоную працу ў якасці агента дэфензівы прынамсі на працягу 1922–1925 гадоў. Вельмі верагодна, што гэтае супрацоўніцтва працягвалася і надалей. Большасць рапартаў звычайна падпісваліся ім уласным прозвішчам, некаторыя – псеўданімамі Шэршань і Дземяновіч. Цяжка высветліць дакладна, калі Р. Зямкевіч быў завербаваны дэфензівай. Першы з вядомых нам рапартаў адносіцца да 24 лістапада 1922 года, аднак з ягонага зместу складаецца ўражанне, што сапраўды першым ён не быў. Затое вядома, што яшчэ ў 1919–1920 гадах, жывучы ў Менску і Горадні, Р. Зямкевіч меў кантакты з Польскай вайсковай арганізацыяй і Стражай крэсовай. Падчас парламенцкіх выбараў у 1922 годзе ён браў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі паланафільскага Аб’яднання беларускіх беспартыйных актывістаў і «Зялёнага дуба» і супрацоўнічаў з таксама паланафільскім Беларускім нацыянальным камітэтам у Варшаве, што, дарэчы, вельмі перашкаджала яму пазней як палітычнаму канфідэнту дэфензівы, бо падрывала давер з боку беларускіх дзеячаў. Напрыклад, Іван Цвікевіч у сваім лісце да Вацлава Ластоўскага ў студзені 1923 года пісаў: «Што да Зенкевіча (так у дакуменце. – А. Ч., А. П.), то з яго пісем чуецца штось склізкае […]. Звязь з ім парываць не трэба, бо праз яго магчыма дастаць патрэбныя дакументы і матэрыялы. […] Барані Божа толькі авансавацца перад ім! Ніякіх абяцанак, ніякіх асобых праў на выступленні перад грамадзянствам»1.
|
Самі рапарты Зямкевіча, безумоўна, з’яўляюцца важнай крыніцай у гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы ў 1-й палове 1920-х гг. Аднак азнаямленне з імі адразу ж выклікае і многія пытанні. Першае з іх: чаму такі заслужаны нацыянальны дзеяч, як Рамуальд Зямкевіч, пайшоў на супрацоўніцтва з польскай выведкай у якасці платнага інфарматара? Цікавасць выклікаюць і іншыя, не менш важныя пытанні. Напрыклад, ці ўсё тое, што Р. Зямкевіч апісваў у сваіх справаздачах, адпавядала рэчаіснасці, ці нешта было толькі плёнам фантазіі аўтара? Што магло быць апушчана пры падрабязным пераказе сустрэч і размоў? Нарэшце, ці не самым істотным з’яўляецца тое, наколькі паўплывалі некалькі спісаных канфідэнтам аркушаў на лёс тых людзей, чые імёны туды патрапілі? Ды і наагул, у чым глыбінны, а не толькі знешні сэнс нацыянальнай здрады?
Спрабуючы адказаць на пытанне пра прычыны супрацоўніцтва Р. Зямкевіча з польскай дэфензівай, можна адразу вылучыць магчымыя версіі адказу: 1) дзеля грошай; 2) дзеля кар’еры; 3) праз крыўду на сваіх былых сяброў, якія недастаткова ацанілі яго здольнасці (з некаторымі мела месца адкрытае звядзенне рахункаў); 4) Зямкевіч быў тыповым homo ludinas, г. зн. «стуканне» на калегаў было для яго свайго кшталту гульнёй, і ён не бачыў нічога амаральнага ў такім учынку, а можа, нават рабіў сваю справу ў імя нейкіх ідэалаў. Кожная з версіяў мае права на існаванне і можа знайсці пэўнае пацверджанне вядомымі фактамі. Наагул, пісанне даносаў звычайна бывае даволі прыбытковай формай літаратурнай дзейнасці, хаця ў нашым выпадку мы і не ведаем дакладных сумаў грошай, якія атрымліваў агент (а што ён іх атрымліваў – бясспрэчна). Аднак жа, мяркуючы па самім змесце рапартаў, праца канфідэнта забяспечвала толькі часовы заробак і не заўсёды была ў стане пакрыць выдаткі на здабыванне інфармацыі. У справаздачы за студзень 1923 года, на самым пачатку сваёй «кар’еры», Р. Зямкевіч наўпрост скардзіцца на тое, што выдаткі на выведку занадта адчувальныя для ягонай кішэні, і просіць грошай – або ў выглядзе платы за інфармацыю, або як нейкую матэрыяльную дапамогу. Скаргі такога характару паўтараюцца ў многіх рапартах. Зямкевіч асабліва падкрэслівае, што грошы патрэбны яму на тое, каб «можна было глыбей і дакладней вывучыць працу і махінацыі Менска на тэрыторыі Польшчы» і што візіты ў цукерні, рэстараны і г. д., дзе «лягчэй і зручней пацягнуць за язык», патрабуюць шмат выдаткаў, так што «ў Варшаву заўсёды вяртаюся без грошай». Выглядае, што фінансавы бок супрацоўніцтва зусім не задавальняў Р. Зямкевіча, таму, магчыма, і не быў галоўнай прычынай паспяховай вярбоўкі. Аднак не менш верагоднай, чым наяўныя грошы з рук афіцэра Генеральнага штаба, выглядае магчымасць для інжынера Зямкевіча ўладкавацца на добрую працу ў Варшаве, у чым дапамога дэфензівы магла выявіцца вельмі значнай. Калі на пачатку 1923 года агент Р. Зямкевіч характарызаваў сваё становішча як «сяджу без пасады», то ўжо праз кароткі час ён выступае ў якасці дзяржаўнага чыноўніка, прычым з добрымі перспектывамі росту. «Жыву ціха і скромна, – чытаем мы ў лісце Зямкевіча ў Коўна да Вацлава Ластоўскага за красавік 1924 года. – Працую ў інстытуцыі Najwyższa Izba Kontroli Państwa ў інжынерным аддзеле чыгунак. Зарабляю ў месяц 540 мільёнаў марак, якія ледзь хапаюць на жыццё. А маю на сваім утрыманні: дачку, сястру і двое яе дзетак»2. Праз год у лісце да таго ж Ластоўскага ён ужо быў не такі песімістычны: «Я, паршывы чыноўнік, зарабляю ў месяц 360 злотых і жыву сабе нішто, купляю кніжкі, рукапісы, памяткі старасвеччыны». Даволі цікавым і невыпадковым падаецца той факт, што новая пасада, атрыманая хутка пасля з’яўлення першых справаздач, дазваляла Р. Зямкевічу, які жыў у Варшаве, па-за межамі асноўнага, віленскага беларускага асяродка ў Польшчы, даволі часта наведваць «Усходнія крэсы» ў службовых мэтах. «Як працаўнік «чыгуначнага аддзелу» маю бясплатны білет І клясы на ўсе польскія чыгункі», – хваліўся Зямкевіч Ластоўскаму.
|
1 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. Вільня–Mенск–Нью-Ёрк–Прага, 1998. с. 1373.
|
Аднак не менш важнай за матэрыяльныя выгоды магла быць і псіхалагічная матывацыя супрацоўніцтва Р. Зямкевіча з дэфензіваю, у першую чаргу яго высокая самаацэнка і цесна звязанае з гэтым пачуццё недаацэненасці іншымі. Канец 1922 года, якім датуюцца першыя вядомыя нам рапарты Зямкевіча – час, калі беларускі рух у міжваеннай Польшчы дасягнуў піку ўласнага развіцця ў сэнсе палітычнай легітымнасці. Поспех на парламенцкіх выбарах даў беларусам не толькі найбольш шматлікае прадстаўніцтва ў вышэйшых органах улады польскай дзяржавы за ўвесь міжваенны перыяд (11 сеймавых паслоў і 3 сенатары), але яшчэ і стварыў сітуацыю, калі «беларускасць» пачала прыносіць пэўныя грамадскія дывідэнды ў выглядзе дэпутацкіх мандатаў. Чалавеку, які стаяў ля вытокаў самой нацыянальнай ідэі, здавалася несправядлівым тое, што плёнам яго шматгадовай працы павінны былі скарыстацца людзі, на яго думку, далёкія ад беларускай справы і нават варожыя ёй, няздатныя да годнага прадстаўніцтва беларускай меншасці ў Польшчы. Паказальным у гэтым сэнсе выглядае сведчанне Зямкевіча, што нібыта ўжо ў сакавіку 1923 года беларускія дзеячы, «незадаволеныя выбарам такіх паслоў, кажуць, што мяне пакрыўдзілі, не выставіўшы маёй кандыдатуры, бо, ведаючы так добра варшаўскія адносіны і польскую мову, я мог бы прынесці іхнай справе вялікую карысць». Калі пры гэтым згадаць характарыстыкі саміх беларускіх паслоў аўтарства Р. Зямкевіча, пададзеныя ім у ІІ аддзел3, то адчуванне глыбокай пакрыўджанасці з яго боку толькі паглыбляецца. Дарэчы, тое самае можна сказаць і адносна іншых кірункаў дзейнасці гэтага чалавека. Калекцыянерства, літаратурная і грамадская праца, дзейнасць у якасці канфідэнта – паўсюль мы знаходзім праявы крыўды за недастатковае прызнанне ягоных заслуг з боку грамадства. У пэўны момант унутраная злосць Р. Зямкевіча выходзіла па-за «нацыянальныя» межы, калі ён, напрыклад, выказваў прапанову аб пераводзе на іншае месца працы свайго непасрэднага кіраўніка, дырэктара Віленскай чыгункі Ландсберга, ці крытыкаваў мясцовых афіцэраў ІІ аддзела.
|
2 Тут і далей лісты Р. Зямкевіча да В. Ластоўскага цытуюцца паводле выдання: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. Вільня–Mенск–Нью-Ёрк–Прага, 1998.
|
Асабістая крыўда і непрыхільнае стаўленне да пэўных дзеячаў знайшлі адлюстраванне і ў падаванай Зямкевічам у ІІ аддзел інфармацыі. Так, у рапартах, прысвечаных характарыстыцы беларускіх сеймавых паслоў В. Рагулі і с. Барана, мы сустракаем згадку пра тое, што пры разгоне І Усебеларускага з’езду «ўдар у шыю ад Рагулі атрымаў інжынер Р. Зямкевіч», а пасол с. Баран «інжынера Зямкевіча пастаянна пераследаваў і высмейваў за ягонае паланафільства». Пісанне пра самога сябе ў трэцяй асобе, якое, верагодна, мела на мэце наданне тэкстам большай аб’ектыўнасці, у дадзеным выпадку дае хутчэй адваротны вынік. Няшчыра гучыць і «спачуванне» Р. Зямкевіча Л. Дубейкаўскаму ў рапарце ад 25 мая 1923 года ў сувязі з прызнаннем апошняга ў вачах грамадскай думкі агентам дэфензівы, бо ў лісце да В. Ластоўскага ад 27 снежня 1922 года той жа Зямкевіч сведчыў, што «з Дубейкаўскім я на нажах, бо ён на службе ў дэфензівы, што мне ўдалося раскрыць і даказаць». Трэба адзначыць, што Дубейкаўскі ў свой час высоўваў аналагічныя абвінавачванні супраць Р. Зямкевіча (і апошні пра гэта ведаў), аднак быў менш пераканаўчы.
Асаблівай увагі заслугоўваюць адносіны Рамуальда Зямкевіча з Антонам Луцкевічам і Аркадзем Смолічам. Луцкевіч як у рапартах, так і ў лістах Зямкевіча да Ластоўскага паўстае ў непрывабным святле: ён і «гад Антон», і важны «архібонза», і «кепскі наслядоўнік свайго брата ў галіне калекцыянерства», і «вельмі грозны, небяспечны і непрадказальны палітычны шкоднік». Вядома, трэба ўлічваць асобу адрасата Зямкевіча: Луцкевіч з Ластоўскім былі даўнімі зацятымі ворагамі. Аднак, на думку У. Ляхоўскага, яшчэ адной прычынай падобнай непрыязі магло стаць тое, што ў свой час Зямкевіч абвінавачваў братоў Луцкевічаў, у першую чаргу Івана, у прысвойванні часткі ягонай калекцыі, што адбывалася пры недастаткова высветленых абставінах. У той жа самы час рапарты сведчаць, што стаўленне самога А. Луцкевіча да Р. Зямкевіча ў пачатку 1920-х гадоў было больш чым прыхільнае, і толькі дзякуючы яго падтрымцы кар’ера Зямкевіча ў якасці канфідэнта польскіх спецслужбаў доўжылася так доўга. Можна толькі здагадвацца пра прычыны, з якіх былы старшыня ўрада БНР узяў пад сваё заступніцтва такога чалавека, як Р. Зямкевіч. Пазней Луцкевіч, хутчэй за ўсё, змяніў сваё стаўленне да яго, ці то даведаўшыся пра працу на ІІ аддзел, ці то з нейкіх невядомых нам асабістых прычын. Ва ўсялякім разе, калі ў пачатку 1930-х гадоў у Вільню прыйшла вестка з Варшавы, што Р. Зямкевіча затрымалі пры спробе скрасці з архіва нейкі каштоўны дакумент, «Беларускі звон» А. Луцкевіча неадкладна надрукаваў гэтую інфармацыю на сваіх старонках. У выпадку ж з А. Смолічам гаворка ўжо наагул ідзе пра непрыхаваную нянавісць Зямкевіча да апошняга, прытым моцную да такой ступені, што Зямкевіч нават абвінавачвае яго перад прыбылым у Вільню савецкім агентам у сувязях з ІІ аддзелам польскага Генеральнага штаба. Магчымыя наступствы падобнага абвінавачвання для А. Смоліча, які ўжо знаходзіўся на той час у Менску, маглі быць нават трагічныя, аднак Р. Зямкевіча гэта не стрымала. Асабістая варожасць двух дзеячаў беларускага руху мела глыбокія карані, пра што сведчыць прыведзеная ніжэй вынятка з «Пратэсту інжынера Рамуальда Зямкевіча ў Народны сакратарыят БНР» ад 15 чэрвеня 1918 года. Гэты дакумент, адшуканы і ласкава прадастаўлены аўтарам сп. Уладзімірам Ляхоўскім, заслугоўвае амаль даслоўнага цытавання, бо сярод іншага добра паказвае эмацыйны ўзровень успрыняцця Зямкевічам крыўды з боку сваіх апанентаў:
Маю гонар давясці да Вашага ведама, – пісаў Зямкевіч, – што я катэгарычна пратэстую проціў самадзяржаўных і самазваных паступкаў і кіравання ў так называемага Сакратара Беларускае Народнае Прасветы А. Смоліча – Беларускага Міністра Прасветы. Было надрукована ў газетах і з апавяданняў вядома, што пампадурны А. Смоліч (вылучана намі. – А. Ч., А. П.) паручыў пералажыць з расейскае мовы на беларускую школьныя кніжкі: арыфметыку, алгебру ды геаметрыю. Уважаючы, што ёсць у нас арыгінальныя педагагічныя сілы, каторыя трэба было б выкарыстаць і звярнуць нарэшце на шлях праўдзівай, культурнай, беларусам карыснай працы, мушу вельмі энергічна пратэставаць проціў гэткага самазванства, самадзяржаўя дамарослых нашых недавучак-бясштаннікаў. […] Мая крытыка і пратэст звернены проціў А. Смоліча, каторага я не шаную, а дзеля таго ніколі не прызнаваў, не прызнаю і не прызнaю за Сакратара прасветы і за грамадзянскага дзеяча. Для мяне і многіх ён грамадзянскі шкоднік, які аж з 1916 года разбіваў усе культурныя пачынанні: досыць успомніць Нацыянальны Камітэт, літаратурна-выдавецкую секцыю, каторая, дзякуючы яго інтрыгам, нічога не зрабіла, грошы (40 тысяч) былі прасвістаны і адзінай памяткай гэтай секцыі служыць толькі цяпер выдадзеная «Дзіцячая Чытанка» – твор не педагагічны, бяздарны, скандальны, які мог быць выдадзены толькі недавучкаю. Праца А. Смоліча як сацыяліста таксама ярка выказывае яго поўную, безнадзейную тупасць і бяздарнасць. Заслугі яго для беларускага сацыялізму абсалютна ніякія: што выдадзена арыгінальнага, што добрага пераложана з чужых моў? Нічога. У яго прафесійнай пісаніне адно дзяцінае мямленне ды воміты людскіх паняццяў. Мнагаслоўнае браханне – гэта яшчэ не права на розум. І вось гэткая знамянітасць – міністр, каторы будзе навучаць нас, цёмных. Праўдзівы рассаднік глупства і цемры. А шанаваць яго не можна яшчэ за тое, што ён, злодзей, у 1916 гаду абакраў мяне з кніжак і з музеальных рэчаў. І не рабіце яму закіду, што ён злодзей, ён гэта схавае ў кішэню, можаце яму плюнуць у вочы, а ён скажа, што гэта дожджык. І гэта факт, а не выдумка або злосць. Тры гады называю яго злодзеем, а ён і не думае апраўдывацца, бо ведае, што гэта немажліва і што пасля скандала прыйшлося б адказацца ад платнага мейсца. Вось дзеля чаго я і гляджу на яго з пагардай і праходжу міма з агідаю, як ад гада. І не мне ён крыўду зрабіў, а цэламу грамадзянству, бо я не для сябе збіраю і мучаюся, адказваючы сабе ва ўсім, да чаго я звык, абы толькі здабыць нешта для агульнай карысці і славы БЕЛАРУСІ. Я не лезу як кар’ерыста на першыя добра платныя мейсцы, як гэта робяць нейкія ідэйныя бясштаннікі, і не працую для Беларусі дзеля грошы. Вось гэта і дае мне права на крытыку. Канчаючы, заяўляю, што калі праца над школьнымі кніжкамі будзе дадзена ў спецыяльныя рукі – сам вазьмуся за працу, за свае цяжка запрацаваныя грошы выдам кніжкі, а ў перадмовах немажліва скампраметую нашых дамарослых бясштаннікаў. Кампраметаваць беларускую інтэлігенцыю (праўдзівую, не хварбаваную) не пазволю, бо я БЕЛАРУС, а не кацап-вырадак4.
|
3 Гэтыя рапарты павінны быць хутка надрукаваныя ў выпуску «Беларускага археаграфічнага штогодніка» за 2005 год.
|
Як бачым, першапрычынай нянавісці Р. Зямкевіча да А. Смоліча, як і ў выпадку з братамі Луцкевічамі, стала абвінавачванне ў крадзяжы ягоных збораў. Мяркуючы з усяго, збіральніцтва было для Зямкевіча нечым значна большым, чым толькі назапашваннем старых рэчаў. Гэта была спроба збудаваць свой уласны сусвет, і кожны, хто рэальна ці ўяўна пагражаў яму, адразу залічваўся да ліку смяротных ворагаў. «Зямкевіча ведалі ўсе, як зацятага беларуса і збіральніка ўсяго беларускага, а перадусім кніжак пра Беларусь, – прыгадваў пазней у сваіх успамінах вядомы дзеяч Сяргей Сіняк-Хмара. – Калі ён пачуе, што недзе ёсць нешта такое, кідаў усё і ехаў нават у якую-небудзь глухую вёску, каб выпрасіць у абшарніка ці шляхеткі нейкі беларускі старадрук. Калі не ўдавалася, дык Зямкевіч пры нагодзе мог яго і ўкрасці. […] Гэта была ягоная хвароба»5. Сам Зямкевіч у красавіку 1925 года пісаў да В. Ластоўскага:
|
4 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 325. Воп. 1. Спр. 21. Арк. 215–217.
|
Каб забыцца і залячыць балючыя раны, я займаюся гісторыяй, літаратурай і працамі навукова-археалагічнымі. Я, як «варшаўскі беларус», спатыкаюся, як і даўней, з недаверам, усмешкамі, бо я ж «вар’ят», які ўсё пастаянна гаворыць аб культуры, аб працы, аб ідэйнасці – рэчах зусім непатрэбных і некарысных, бо не даюць грошай. Гэта ўсё і маё пракляцце, і адначасна маё сонца жыцця і радасць, і пах кветак для набалеўшае душы. Іншае мэты, другое працы я ўжо аддацца не магу, у маіх летах гэта немагчыма. Перамена ідэі – гэта была б для мяне смерць, бо зробленага і ў плане будучага да работы – не было б сілы ў мяне кінуць ці зніштожыць.
|
5 Успаміны с. Сіняка-Хмары пра Р. Зямкевіча тут і далей цытуюцца паводле: Атаман Іскра (С. Хмара). Партызанскімі сцежкамі // Слонімскі край. 2000. № 1. с. 39.
|
У ідэалагічных спрэчках са сваімі апанентамі Зямкевіч не асабліва стараўся выбіраць выразы. Гэтая рыса характару Р. Зямкевіча, якую ён сам не без пэўнага самазачаравання назваў «ядавітым языком», выразна праяўляецца, прынамсі, у артыкуле, змешчаным у часопісе «Калоссе» за 1939 год, які датычыў пытання «беларускасці» Івана Саланевіча. «Безумоўна, – ацэньваў Р. Зямкевіч вядомага «западнорусса» і аўтара «России в концлагере», – гэты вырадак не прачытаў аніводнага верша Купалы і не мае мінімальнага паняцця аб сучасным беларускім адраджэнскім руху. […] Наагул, вырадкаў маем нямала, стагоддзі нацыянальнага заняпаду даюцца ў знакі, тым не менш такіх тыпаў, як Саланевіч, афішуючыхся стопрацэнтавай беларускасцю, трэба біць, прынамсі, па брудных лапах. Няхай не думаюць, што калі яны знаходзяцца далёка ад беларускіх цэнтраў, дык маюць магчымасць бяскарна ізрыгаць свае істінно-русскія блявоціны на беларускі народ»7.
|
6 Содаль У. Фабіян! Фабіян! // Наша Ніва. 2005. № 18. 13 траўня.
|
Нацыяналістычная рыторыка, тым больш такога ультра-патрыятычнага характару, у вуснах канфідэнта дэфензівы гучыць настолькі натуральна, што вызначыцца з тым, якія ж на самай справе былі ягоныя ідэйныя прынцыпы і ці былі яны наагул, даволі складана. Нават сам факт існавання рапартаў – яшчэ не канчатковы доказ няшчырасці іх аўтара адносна ўласнай беларускасці, хаця і з’яўляецца сур’ёзным аргументам на карысць дадзенага сцверджання. Аднак жа пры ўважлівым аналізе зместу рапартаў заўважаецца, што Р. Зямкевіч, маючы відавочныя антыпатыі да многіх беларускіх палітыкаў, тым не менш, настойваў на правядзенні больш гнуткай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларускага насельніцтва ў Польшчы, у тым ліку і ў сферы нацыянальнай адукацыі. Пры гэтым ніводнага разу ў рапартах не ставіцца пад сумненне само існаванне беларускага народу. Наадварот, Зямкевіч сцвярджае, што «польскія дзеячы не ведаюць патэнцыйнай сілы і характару беларуса», а «характар беларуса… ніколі не дазволіць яму забыцца, што ён меў больш за 300 школаў, якія падабаліся дзецям і яму, бо былі на роднай мове».
Магчыма, што паралельнае існаванне Зямкевіча – «варшаўскага беларуса» і Зямкевіча-паляка (менавіта ад імя апошняга пішуцца ўсё рапарты) – гэта элемент своеасаблівай гульні з самім сабою, са сваім асяроддзем і нават з дзяржаваю, гульні, якая дапамагае ўціснуць свой унутраны сусвет у пракрустава ложа рэчаіснасці і дасягнуць больш-менш гарманічнага паміж імі суіснавання. Ужо тое, як часта Р. Зямкевіч перакладае абвінавачванні ў сувязях з ІІ аддзелам на плечы іншых людзей, нібы перакідваючы на іх адначасова ўсю, у тым ліку і маральную, адказнасць, выдае характар гэтай гульні. На нашу думку, было б занадта спрошчаным лічыць, што мы маем справу ўсяго толькі з амаральным чалавекам. Прыклад Рамуальда Зямкевіча – проста адзін са скрайніх выпадкаў нацыянальнай раздвоенасці ва ўмовах знешняга ўціску, што, безумоўна, зусім не выключае ўплыву на сітуацыю і асабістых, не зусім пазітыўных чалавечых якасцяў. З улікам гэтага вельмі асцярожна трэба ставіцца да самога зместу рапартаў, што, дарэчы, рабілі і «працадаўцы» Зямкевіча. Так, на старонках справаздачы ад 26 сакавіка 1923 года мы знаходзім заўвагу алоўкам, зробленую афіцэрам Галоўнага штаба: «Канфідэнт дрэнна інфармаваны. Ягоная роля ўжо заканчваецца». Невыпадкова, адчуваючы недавер да сваёй асобы, Р. Зямкевіч у адным з рапартаў падкрэслівае, што «ўсё, што я пішу і падаю, грунтую на фактах, а не на фантазіі. Кожная мая інфармацыя павінна знаходзіць пацверджанне з іншага боку, бо я аперую толькі праўдай». Акрамя таго, ён патрабуе «большага даверу да мяне, якога ніколі не падвяду, і больш інфармацыі, якая мне можа дапамагчы падчас выведкі». У сувязі з гэтым варта прывесці яшчэ адзін цікавы момант. Ва ўспамінах с. Сіняка-Хмары ёсць наступны эпізод, які паводле зместу магчыма аднесці да сярэдзіны 1923 года – якраз таго перыяду, што найбольш падрабязна прадстаўлены ў справаздачах: «У Варшаве я павінен быў адшукаць Рамуля Зямкевіча і прасіць яго, каб ён звёў мяне з адным з паслоў-беларусаў польскага Сейму. Пры гэтым не гаварыць Зямкевічу, па якой справе. […] За Зямкевічам, чалавекам апалітычным, не сачылі. Я меў прадставіцца і прадставіўся Зямкевічу (знайшоў яго праз адрасны стол), сказаў, што шукаю паслоў па скарзе сялянаў аб сервітуце супраць пана Глябовіча з Рандзілаўшчыны. Зямкевіч звёў мяне з адным з паслоў». Цікавасць гэты фрагмент выклікае тым, што падобныя факты наагул адсутнічаюць у рапартах Р. Зямкевіча за 1923 год, як няма там і ніякай згадкі пра ліставанне апошняга з В. Ластоўскім на працягу 1922–1925 гадоў. У агульнай тэчцы на агентаў дэфензівы У. Фёдарава, Якаўчука, Цяўлоўскага, Я. Шурпу, Я. Міткевіча, Р. Зямкевіча, Я. Мамоньку, і М. Шымбарэвіча ў фондзе ІІ аддзела Генеральнага штаба польскага войска Цэнтральнага вайсковага архіва ў Рэмбертаве захоўваецца вельмі цікавы рапарт кіраўніка беларускага дэпартамента ІІ аддзела Генеральнага штаба капітана г. Сухэнэка-Сухэцкага ад 20 красавіка 1925 года ў справе паланафільскага т. зв. Беларускага цэнтральнага камітэта:
У беларускіх справах на працягу некалькіх год, – чытаем мы ў ім, – дзейнічае група людзей, якая ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў краіне стварае нейкія камітэты, ці федэралісцкія, ці актывісцкія, а ў апошні час стварыла так званы Цэнтральны беларускі камітэт. Гэтая група складаецца выключна з шантажыстаў, якія зарабляюць на жыццё, інфармуючы «органы ўлады» пра беларускія справы. Найважнейшыя ролі ў гэтай групе адыгрываюць: Цяўлоўскі, У. Фёдараў, Я. Шурпа, Міткевіч, Зямкевіч (тут і далей у цытаце вылучана намі. – А. Ч., А. П.). На фінансавай глебе паміж вышэйназванымі часта ўзнікалі спрэчкі, у выніку якіх адныя абвінавачвалі іншых у антыдзяржаўнай дзейнасці супраць Польшчы або наагул у супрацоўніцтве з савецкай місіяй у Варшаве. Некаторыя асобы з дадзенай групы былі на паслугах ІІ аддзела Генеральнага штаба ці Міністэрства ўнутраных справаў […]. Так як, узначаліўшы беларускі дэпартамент, я пераканаўся, што большасць з іх не даюць каштоўнай інфармацыі або адначасова тую самую інфармацыю «прадаюць» у Міністэрства ўнутраных справаў, як і ад імя гэтага ж міністэрства праводзяць нейкую беларускую палітыку (Цяўлоўскі ды Зямкевіч), я перапыніў з імі ўсялякія кантакты. У атрыманых мною матэрыялах я знайшоў шмат недакладнасцяў і пэўныя памылкі8.
|
7 Бужанскі А. [ Рамуальд Зямкевіч ]. Іван Саланевіч // Скарыніч: Літаратурна-навуковы гадавік. Вып. 5. Менск, 2002. с. 118.
|
У сувязі са згаданым супрацьстаяннем паміж самімі канфідэнтамі ІІ аддзела ў гэтай жа тэчцы знаходзіцца ліст Р. Зямкевіча, напісаны пры да канца не вядомых нам абставінах, з якога «канфідэнт Фёдараў» зняў копію для «канфідэнта Цяўлоўскага».
Паночку! – піша Р. Зямкевіч да невядомага нам адрасата, магчыма, да таго ж Фёдарава. – Тэлефанаваў сёння ў справе білета. Было мне адмоўлена. Бачу нейкую гульню ў жмуркі. На маю шчырасць адказваюць няшчырасцю. Нікуды не хадзіць і не марочыць сабе галаву. Шкада проста часу. Рабіце самі, калі ўважаць будзеце, што з імі можна працаваць! Я ў гэта не веру. Адмаўляюся ад працы і годзе. Пры гэтым далучаю 50 злотых апошнія, якія маю свабоднымі. Рэшту аддам у панядзелак. Пастанова мая няўхільная. З павагаю. Р. З.
Нявысветленым, аднак, застаецца пытанне, пра адмову далейшага супрацоўніцтва з кім гаворыцца ў лісце, напісаным недзе ў 1924–1925 гадах: з самім ІІ аддзелам ці толькі з чарговай паланафільскай арганізацыяй, накшталт надоечы створанага Беларускага цэнтральнага камітэта. Нам пакуль мала вядома пра дзейнасць Р. Зямкевіча, пачынаючы ад сярэдзіны 1920-х гадоў. Аднак сярод паасобных фактаў звяртае на сябе ўвагу яго канфлікт у пачатку 1928 года з былым «нашаніўцам», а ў канцы 1920-х гадоў паланафільскім дзеячам Францішкам Умястоўскім, супраць якога Зямкевіч выступіў у сваім звычайным «вострым» стылі на старонках выдаванай былымі радыкальнымі грамадоўцамі газеты «Думка працы»9. Што гэта было – працяг складанай гульні ці чарговая праява ўласнай пакрыўджанасці ды хваравітых амбіцыяў? Цяжка сказаць. Гэтак жа цяжка пакуль дакладна меркаваць і пра глыбіню ўплыву супрацоўніцтва Рамуальда Зямкевіча з ІІ аддзелам польскага Генеральнага штаба на развіццё і далейшы лёс беларускага руху. Пытанняў у дадзеным выпадку пакуль, на жаль, больш, чым адказаў.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
Рапарт
|
8 Цэнтральны вайсковы архіў (ЦВА) у Рэмбертаве (Польшча). ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2663. Існуюць таксама звесткі, што, акрамя згаданых асоб, у падобных дзеяннях абвінавачваўся і вядомы беларускі дзеяч Вячаслаў Адамовіч (Дзяргач) (гл.: Пашкевіч А. В., Чарнякевіч А. М. Атаман Дзяргач: невядомыя старонкі біяграфіі, ці Да гісторыі палітычнага авантурызму ў беларускім нацыянальным руху // Берасцейскі хранограф. Вып. 4. 2004. с. 314–334). 9 Саўка Барывой [Рамуальд Зямкевіч]. Воўчы білет самазваннаму рэдактару-выдаўцу «Нашае Долі» – яснавяльможнаму «пану графу» Францішку Умястоўскаму // Думка працы. 1928. № 9. 28 студзеня.
|
З размовы з беларусам-кааператарам Эдвардам Будзькам10, які прыехаў у Варшаву па справах свайго кааператыва, я даведаўся, што Беларускі нацыянальны камітэт згорнуты, а замест яго ўтворана Нацыянальная рада ў Вільні.
Ці легалізаваная ўжо гэта Нацыянальная рада, я нічога не ведаю. Калі не, то ёсць магчымасць яе незацверджання.
|
10 Будзька Эдвард (1882–1958) – беларускі грамадскі дзеяч, кааператар.
|
Паводле словаў Эдварда Будзькі, Нацыянальная рада створана на ўзор такой самай латвійскай і, падобна на тое, у кантакце з Лігай нацый.
Эдвард Будзька запэўніў мяне, што гэту справу разам з Антонам Луцкевічам праводзіць яго сардэчны сябар палкоўнік Шардзіньі11. Нібыта ён прысылае лісты і інструкцыі праз англійскую амбасаду. Да Нацыянальнай рады, акрамя Луцкевіча, належаць Максім Гарэцкі, Жаўрыд12 і Красінскі13. Паводле майго глыбокага пераканання і ведання адносін, было б нядрэнна пад якой-небудзь зачэпкай выдаліць з межаў Рэспублікі Антона Луцкевіча, бо грамадзянства ён не мае, а з’яўляецца вельмі грозным, небяспечным і непрадказальным палітычным шкоднікам. Выдаленне яго спрасціла б усю справу, якая ўсё больш заблытваецца і ўскладняецца, а з-за макіявелісцкіх інтрыг Луцкевіча з палкоўнікам Шардзіньі можа прывесці да непажаданых ускладненняў з Лігай нацый. Ва ўсялякім выпадку, больш грунтоўнае даследаванне мэты, сродкаў і метадаў навастворанай беларускай Нацыянальнай рады ў Вільні з’яўляецца проста неабходным, і не толькі ў Варшаве ў паноў паслоў, a непасрэдна на месцы, у Вільні. інжынер Рамуальд Зямкевіч Варшава9 снежня 1922 г.
Цэнтральны вайсковы архіў (ЦВА) у Рэмбертаве (Польшча). ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
Паводле самых свежых навін з Вільні, якія я атрымаў ад кааператара Эдварда Будзькі, Нацыянальная беларуская рада ўжо выслала вялікую справаздачу палкоўніку Шардзіньі пра выбары, пра перашкоды з боку адміністрацыі дзеля падачы яе ў Лігу нацый і дзеля агітацыі ў прэсе. Фотакартка паслоў і сенатараў павінна быць рэпрадукаваная ў замежных выданнях. Беларускі пратэст у Лігу нацый сваім вастрыём накіраваны супраць далучэння Віленшчыны, а за мэту пастаўлена імкненне да атрымання шырокай палітычнай аўтаноміі. Як доказы неабходнасці гэтага высоўваюцца факты, што Віленшчына, якая нібыта з’яўляецца карэннай польскай зямлёй, дала сенатара-беларуса; наагул жа на Крэсах іх няпольскасць была яскрава пацверджаная, нягледзячы на польскую фальшывую статыстыку і этнаграфічныя мапы. 5–6 студзеня ў Вільні павінен патаемна адбыцца з’езд беларускіх дзеячаў, запрошаных для абмеркавання палітычных справаў. Паводле звестак, якія мне пад сакрэтам паведаміў той самы Будзька, робяцца энергічныя захады, каб памірыць Ластоўскага з Луцкевічам, а яны – смяротныя ворагі, і дагэтуль адзін пра аднаго і слухаць не хацелі. Ад гэтай згоды і згуртавання любой цаной усіх разумных і свядомых беларускіх сілаў залежыць выдзяленне 5 мільярдаў польскіх марак на палітычны і культурны беларускі рух. Грошы дае Гуга Стынес (Тут і далей падкрэсленні ў тэксце зробленыя Рамуальдам Зямкевічам. – А. Ч., А. П.)14. Беларусам было заяўлена, што лёс незалежнай Беларусі цалкам залежыць ад Нямеччыны. Як толькі палітыка немцаў пераможа, а сёння Нямеччына можа і павінна перамагаць у палітыцы і агітацыі, то Беларусь мусіць стаць незалежнай і асобнай дзяржавай. Гэта можа залежаць толькі ад напружання працы і высілкаў саміх ідэйных беларусаў, у цесным і шчырым кантакце з Нямеччынай, якая, не мяжуючы з Беларуссю, тым больш смела і дакладна, бо ў сваіх інтарэсах, можа даць ажыццявіць сапраўдную незалежнасць.
|
11 Шардзіньі – французскі палкоўнік, прадстаўнік Лігі нацый. 12 Жаўрыд Павел (1889–1939) – беларускі дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 г. 13 Красінскі Мікалай (1891–1938) – беларускі дзеяч, у 1922–1924 гг. настаўнік Віленскай беларускай гімназіі.
|
Міткевіч Яўген15 склікаў канферэнцыю беспартыйных беларусаў16, прыхільнікаў легальнай працы ў Польшчы, на 3 студзеня, а 10 гадзіне раніцы (Горадня, гатэль Славянскі, салон № 7).
Ці робіць гэты Міткевіч у сувязі са з’ездам у Вільні – я не ведаю. Такія апошнія звесткі, якія я сабраў.
інжынер Рамуальд Зямкевіч Варшава29.XII.1922
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У II аддзел Генеральнага штаба
Рапарт Пасля доўгага, больш чым тыднёвага знаходжання ў Вільні мне ўдалося даведацца шмат цікавых звестак пра беларуска-літоўскія адносіны. Нягледзячы на кошт і шмат патрачанага часу, мне падаецца, што вынікі выведкі даволі пэўныя. Пацвярджаецца інфармацыя, што Берлін і Коўна патрабуюць кансалідацыі беларускіх сілаў, каб выкарыстаць іх ва ўласных інтарэсах. Яны ахвяруюць на «беларускія мэты» пяцьсот мільёнаў польскіх марак. Пра такую, а не іншую суму, згодна сцвярджаюць усе. Таму трэба прызнаць яе праўдзівай. Так як пасля ўваходу беларускіх паслоў у сейм і сенат беларускае пытанне ўвайшло на рэйкі краёвай палітыкі, a павінна стаць пытаннем і сусветнай палітыкі, то апекуноў і дарадцаў з боку літоўцаў і нават немцаў беларусы маюць так шмат, што адмахнуцца ад іх не могуць. У Вільню інкогніта прыязджаў нямецкі шпіён, вядомы яшчэ з часоў акупацыі 1916–1918 гадоў – цэнзар і беларускі апякун Зуземіль17. Ён выдатна валодае як беларускай, так і польскай мовамі. Знаходзіўся ён тут паміж 30 снежня і 3 студзеня, пасля чаго нібыта выехаў у Горадню. Антон Луцкевіч яго не прыняў, таму ён дзейнічаў праз літоўцаў і праз іх уплываў на беларусаў. Гаворка ідзе ні больш ні менш як пра арганізацыю беларускага паўстання, усялякага роду хваляванняў і актаў тэрору і помсты польскім чыноўнікам, якія прымяняюць абмежаванні і біццё, а таксама вытанчаныя зверствы пры допытах у следча-паліцэйскіх установах. Акрамя гэтага, нібыта павінны ўзрывацца масты, псавацца чыгуначныя пуці, шашы і да т. п. рэчы.
|
14 Стынес Гуга (1870–1924) – адзін з найбуйнейшых нямецкіх прамыслоўцаў. 15 Міткевіч Яўген (1890–?) – беларускі дзеяч паланафільскага кірунку, старшыня Арганізацыі беларускіх беспартыйных актывістаў. 16 Арганізацыя беларускіх беспартыйных актывістаў – паланафільская арганізацыя ў 1922–1924 гг.
|
Я старанна намагаўся даследаваць верагоднасць гэтага і магчымасць ажыццяўлення гэтага плана. Факт, што Антон Луцкевіч безумоўна выступае супраць актаў тэрору і паўстання. Я размаўляў з ім асабіста. Цалкам пад сакрэтам ён мне сказаў: «Адзін з паслоў кажа мне: што рабіць, калі нам палякі не дадуць ніякіх правоў – зробім паўстанне і адплацім ім. Я яго за гэта вылаяў, што, відаць, хоча згубы народу. Мы, беларусы, бедныя і нічога не маем, каб паставіць на карту. Таму паўстання мы рабіць не можам, бо гэта было б шаленствам». Я ўжо ведаў, пра каго ён кажа, і са свайго боку кажу: Баранаў18 заўсёды аднолькавы, дурнота і фантазіі заўсёды пры ім, адсутнасць асцярожнасці і халоднай разважлівасці загубяць яго і нас давядзе да непатрэбных скандалаў. Сапраўды, Баранаў у сваіх размовах насамрэч па-дзіцячаму наіўны і неасцярожны. Тады Луцкевіч сказаў мне, што ягоная тактыка – гэта пратэст да Лігі нацый, да Еўропы, і што ён толькі ў гэтым напрамку і працуе. Дадаў, што польскія фальшывыя статыстычныя звесткі сабраныя з польскіх публікацый, а ім супрацьпастаўляюцца беларускія звесткі пра большасць, а не меншасць беларусаў на крэсах, што яскрава даказваюць беларускія паслы ў сейм і сенат. Фотакарткі паслоў, статыстычныя табліцы, этнаграфічныя мапы, фотакарткі катаваных у польскіх следчых установах беларусаў-сялянаў, спісы беларускіх інтэлігентаў, якія гніюць у польскіх астрогах – усё гэта разам з пералікам пазачыняных беларускіх школаў і кааператываў, на патрабаванне сябра Беларусі палкоўніка Шардзіньі, ужо выслана за мяжу і будзе там апублікавана, каб паказаць фарысейства палякаў і высветліць іх лозунг: «вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі». Такі матэрыял пастаянна прыходзіць і будзе перасылацца за мяжу. Луцкевіч дадаў, што нават самы наіўны беларус перастаў верыць палякам, бо яны ніколі, як і Пілсудскі, не трымаюць дадзенага слова, стараюццца яго змяльчыць, выкруціцца. Гэта людзі без гонару, хоць так любяць спяваць пра ганаровыя паводзіны. Толькі масавае кампраметаванне іх за мяжой у газетах з падачай фотакартак і фактаў можа іх хоць трохі чамусьці навучыць. На маё пытанне пра думку Луцкевіча наконт генерала Сікорскага19 ён адказаў, што блага ўжо тое, што Сікорскі – галічанін, а галічане і ўсю сваю Польшчу, і тутэйшыя крэсы запаскудзілі і ўрэшце загубяць Польшчу. Яны затруцілі адміністрацыю, войска і нават фінансы. Беларусы на прыгожыя слоўцы не паддадуцца, пра іхную вартасць у палякаў залішне добра даведаліся на ўласнай скуры і падтрымаць генерала Сікорскага могуць толькі тады, калі атрымаюць нешта рэальнае, што ім належыць.
|
17 Зуземіль Эдмунд (1881 – пасля 1938) – нямецкі агент, падчас І сусветнай вайны цэнзар беларускай газеты «Гоман», пасля вайны падтрымліваў сувязі з беларускімі дзеячамі.
|
Паўстанне, пра якое шмат гавораць як беларусы, так і літоўцы ў Вільні, вельмі асуджаецца больш разважлівымі і сур’ёзнымі асобамі. Аднак, нягледзячы на гэта, сярод беспрацоўных, пакрыўджаных польскімі ўладамі, а таксама сярод літоўцаў, рашуча варожа настроеных у дачыненні да Польшчы, яно мае шматлікіх прыхільнікаў. Шмат з іх спадзяюцца, што атрымаюць больш значныя грашовыя дапамогі, што будуць адыгрываць вялікую ролю ў патаемных арганізацыях і што, можа быць, выплывуць на пасады пасля выгнання польскіх уладаў. А трэба добра памятаць, што агітацыя Блока нацыянальных меншасцяў20, карыстаючыся свабодай падчас выбараў, пастварала шматлікія камітэты не толькі ў гарадах, мястэчках і асадах, але і па вёсках. Палітычны кантакт быў завязаны ўжо тады, a сёння гэты кантакт з Вільняй і пасламі ў Варшаве не толькі не разарваўся ці паслабіўся, але наадварот, дзейнічае і поўным ходам працуе з-за робленых крыўдаў і створанай дзеля гэтага нянавісці. Луцкевіч выразна выказаўся, што, дзякуючы завязанню падчас выбараў адносін з вёскай, яны стаяць вельмі моцна і ніколі яшчэ так моцна не стаялі.
Шмат тут гаворыцца пра экразілавыя бомбы, дынаміт і да таго падобныя матэрыялы, галоўныя склады якіх, падобна на тое, павінны ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Гарадзенскай зямлі. Пра падобныя склады на Віленшчыне мне нічога не ўдалося даведацца. Ёсць нараканні, што цяпер цяжка прадрацца з Віленшчыны ў Ковенскую Літву. Можа быць, тут гэтага і няма. Асабіста з размоў у Вільні я перакананы, што калі не паўстанне, то хваляванні, акты тэрору на Віленшчыне вельмі магчымыя. Іх сіла і напружанне будуць, здаецца, залежаць ад Гарадзенскай зямлі, дзе, як выглядае, знаходзяцца галоўныя цэнтры.
|
18 Баранаў Сяргей (1897–1937?) – беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922–1927). 19 Сікорскі Уладзіслаў (1881–1943) – польскі генерал і палітык, у 1923 г. старшыня Рады міністраў Польшчы.
|
Паводле аповедаў, кантакт з Менскам таксама існуе. Прыязджаў з Менска ў Вільню ад беларускага камісара Чарвякова21 нейкі Лашкевіч* (Тут і далей зорачкай пазначаны дзеячы і арганізацыі, пра якіх дадатковых звестак выявіць не ўдалося. – А. Ч., А. П.) (ніколі такога прозвішча сярод беларусаў у Менску не чуў), выпытваў пра Баранава, Рагулю, Грыба22 i Мамоньку23. Ці бачыўся ён з Баранавым і Рагулем, мне, нягледзячы на ўсе намаганні, не ўдалося нічога даведацца. Ведаю толькі дакладна, што з Луцкевічам ён 8 студзеня меў 4-гадзінную размову. Прасіў адрасы Грыба і Мамонькі ў Празе Чэшскай і атрымаў іх у рэдакцыі «Беларускага звона»24. Пра размову Луцкевіча з высланцам Менска нельга нічога даведацца. Тут хаваецца нейкая таямніца.
Беларускага з’езду ў дакладным значэнні гэтага слова не было. Не ўсе прыехалі. Размовы практычна былі толькі прыватныя.
|
20 Маецца на ўвазе Блок нацыянальных меншасцяў Польскай Рэспублікі, створаны падчас парламенцкіх выбараў у 1922 г.
|
Пасол (нібыта інжынер) Аўсяннік25 ездзіў у Коўна з нейкім даручэннем і лістамі ад Луцкевіча. Аўсянніка мне не ўдалося пабачыць. Пагадненне Луцкевіча з Ластоўскім заключанае. Паразуменне па патрабаванні Берліна і Коўна дасягнутае. Значыць, грошы, хутчэй за ўсё, хутка будуць выдадзеныя. Справа толькі ў тым, ці сапраўды, як тут кажуць, пастаўленая ўмова працы ў напрамку выклікання паўстання, і калі на гэта Луцкевіч не згаджаецца, то ці дойдзе справа да выдзялення грошай? Пра гэта пытанне гаворыцца адкрыта. Аднак мне падаецца, што калі паўстанне ці нешта падобнае да хвалявання будзе выкліканае, то гэта адбудзецца на Гарадзеншчыне, бо там, паводле размоў, сілы арганізаваныя.
Сітуацыя напружаная і можа пагражаць непрадбачанымі наступствамі. Таму я лічу, што цяпер самы час даць беларусам тое, што прадбачыць Канстытуцыя. Гэта значыць школу, кааператывы. Друкаваны орган, які б гуртаваў беларускія элементы, прыхільныя Польшчы, надзвычай неабходны. Было б выдатным палітычным ходам даць беларусам школы, кааператывы, выдавецтва, бо гэта паслабіла б абвінавачанні паслоў у сейме, што Польшча ўсе іх культурныя здабыткі забрала і не дае беларусам жыць. Наколькі я ведаю беларусаў, дача ім магчымасці культурніцкай працы, а пры гэтым і кавалка хлеба, выдатна спрычынілася б да спакою ў краі і значна зменшыла б цяжкасці палітычнага характару. Гэты крок трэба зрабіць як найхутчэй, бо час прыспешвае. З другога ж боку, трэба зрабіць усё, каб такіх паслоў, як Баранаў, Рагуля26 і Аўсяннік, зваліць любой цаной.
|
21 Чарвякоў Аляксандр (1892–1937) – беларускі дзеяч, старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэта (ЦВК) БССР. 22 Грыб Тамаш (1895–1938) – беларускі дзеяч, адзін з лідэраў беларускіх эсэраў. 23 Мамонька Язэп (1889–1937) – беларускі дзеяч, адзін з лідэраў беларускіх эсэраў. 24 «Беларускі звон» – беларуская газета, якая выходзіла ў Вільні ў 1921–1922 гг. 25 Аўсяннік Антон (1888–1933?) – беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922–1927).
|
Некаторыя з паслоў пад уплывам украінскіх падшэптаў будуць намагацца гаварыць у польскім сейме па-беларуску.
Што да Гарадзеншчыны, то трэба энергічна ўзяцца за выяўленне, дзе там знаходзяцца склады амуніцыі, перапраўленай з Літвы. На мастах ужо цяпер трэба паставіць варту. Ластоўскі ў Коўне павінен кінуць сваю працу ў якасці прэм’ер-міністра і выехаць у Амерыку для арганізацыі там беларусаў. У Амерыцы ўжо знаходзіцца вядомы беларускі дзеяч Чарапук27.
|
26 Рагуля Васіль (1879–1955) – беларускі палітык, пасол польскага сейма (1922–1927), сенатар (1928–1930).
|
Старшынства ў Радзе беларускіх міністраў аддадзена Луцкевічу. Ён думае, ці прымаць яго, а калі прыме, то выедзе ў Коўна.
Наагул сітуацыя ў Вільні, якая з’яўляецца беларускім культурным асяродкам, настолькі пагражае непрадбачанымі наступствамі, што абавязкова трэба там часцей бываць і даследаваць на месцы настроі і намеры беларускіх дзеячаў. Беларускія газеты «Наша будучына»28, «Беларускі звон», «Krynica»29 выдаюцца за рэшткі блокавых грошай. Цяпер грошай ім не хапае, і яны будуць вымушаныя ўзяць іх у літоўцаў.
|
27 Чарапук Янка (1896–1957) – беларускі дзеяч, адзін з лідэраў беларускай эміграцыі ў Амерыцы.
|
Літоўцы цяпер вельмі частыя госці ў беларусаў.
Больш падрабязнае даследаванне іх ролі, паўнамоцтваў і дзейнасці на шкоду дзяржаве вымагае безумоўнай увагі і пільнасці.
інжынер Рамуальд Зямкевіч Варшава13 студзеня 1923
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
Выдаткі на маю апошнюю выведку ў Вільні, праз заблытаную і пагражальную сітуацыю, былі такія вялікія, што я не ў стане пакрыць іх з заробку. З-за шалёнай дарагоўлі гэта было б залішне вялікай стратай для маёй кішэні, бо, седзячы без пасады, пабочных прыбыткаў я не маю. Кошт абедаў, вячэр і напояў за ўвесь тыдзень склаў 56 000 марак. Аб іх вяртанні ці ў форме кошту выведкі, ці ў форме дапамогі прашу гэтым лістом.
інжынер Рамуальд Зямкевіч Варшава13.I.1923
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
інжынера Рамуальда Зямкевіча РапартПадчас майго знаходжання ў Львове (з 20.II да 26.II) я набыў шмат знаёмстваў сярод украінцаў. Мне дапамаглі добрае веданне ўкраінскай мовы і рэкамендацыі ад Бачэнкі Уладзіміра*, з якім я пазнаёміўся ў Вільні ў Луцкевіча. Ранейшыя мае стасункі і знаёмствы з украінцамі, як, напрыклад, з захавальнікам фондаў музея мітрапаліта Шаптыцкага30, прафесарам Львоўскага універсітэта Ларывонам (Іларыёнам. – Рэд.) Свянціцкім31 далі мне магчымасць больш глыбокага ўнікання ў палітычныя настроі.
|
28 «Наша будучына» – беларуская газета, орган Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, выходзіла ў 1922 г. 29 «Krynica» – беларуская газета, орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, выходзіла спачатку ў Петраградзе, а пасля ў Вільні ў 1917–1925 гг.
|
Справа завязання адносін паміж беларусамі і ўкраінцамі выглядае наступным чынам:
1) цеснае і поўнае паразуменне паміж беларускімі і ўкраінскімі пасламі ў сейме і сенаце ўжо замацавана адмысловым супольна складзеным і падпісаным пагадненнем; 2) таксама ідзе гаворка пра завязванне культурных стасункаў, якія грунтуюцца на развіцці культуры, бліжэйшага знаёмства, заснаванні бібліятэк, абмене кніжкамі, газетамі і падтрыманні культурных таварыстваў праз супольнае запісванне ў іх сябры; 3) завязванне адносін у эканамічных справах, г. зн. у кааператывах і гаспадарчых таварыствах; 4) неабходнасць склікання беларуска-ўкраінскага з’езду з мэтай абмеркавання ўсіх справаў і стварэння Рады нацыянальнай думкі для ўплыву на дзейнасць паслоў у сейме і сенаце. Аднагалосна вырашана дзеля шалёных рэпрэсіяў польскай адміністрацыі ў Львове склікаць такі з’езд у Варшаве пад апекай сеймавых паслоў. Настрой украінскай інтэлігенцыі, які я вывучаў, у тых сферах, у якіх я круціўся, падаецца мне зусім не варожым да польскай дзяржаўнасці. Затое настрой народных масаў – безумоўна варожы. Я размаўляў з рабочымі, якія ўголас і публічна праклінаюць палякаў за пазбаўленне працы кожнага непаляка. Злоўжыванні мясцовай адміністрацыі проста жудасныя. Тыя самыя зачыненні школаў, канфіскацыя ў сялянаў легальнай літаратуры на іх мове, беспрычынныя арышты – словам, карціна дакладна тая самая, як і на беларускіх ускраінах. Дзіўная легкадумнасць, нечувана пагражальная як цяпер, так і ў будучыні! Змена гэтай бяздумнай і блізарукай палітыкі, пазбыццё гакатызму32, цесная апора на канстытуцыю – толькі гэта можа ўтрымаць гэтыя землі ў складзе Польшчы.
|
30 Шаптыцкі Андрэй (1865–1944) – украінскі царкоўны дзеяч, у 1901–1944 грэка-каталіцкі мітрапаліт. 31 Свянціцкі Ларывон (1876–1956) – украінскі лінгвіст, прафесар.
|
Цяпер, нягледзячы нават на непрыязь да камунізму і боязь яго, ёсць фактам, што ўскраінныя землі імкнуцца да Расіі.
Беларускі і ўкраінскі рух, смела магу гэта сцвярджаць, грунтоўна ведаю ўжо 20 гадоў; больш за тое, перад вайной як у адным, так і ў другім руху я браў актыўны ўдзел, маючы на мэце развал дэспатычнай царскай Расіі. Сёння я лічу (і хачу працаваць у гэтым напрамку), што ўся Беларусь і ўся Украіна да Чорнага мора павінны быць у межах Польскай Рэспублікі, не перадвызначаючы іх палітычную форму ў адносінах да яе. На тое, што робіцца цяпер, я гляджу з асцярогай, бо глыбока перакананы, што пры такіх метадах дзеяння, адсутнасці плана і бяздумнай палітыцы Польская Рэспубліка страціць больш сваёй тэрыторыі, чым за часамі Хмяльніцкага. Ад Перамышля да самага Львова ў цягніку адбываецца прагляд дакументаў пасажыраў паліцыянтам. Трэба было б гэта самае зрабіць на чыгуначных лініях, якія вядуць да Вільні, бо зашмат бальшавікоў і камуністаў курсуе на тым фронце.
інжынер Рамуальд Зямкевіч Варшава28.II.1923
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
інж. Рамуальда Зямкевіча РапартЯ выехаў з Варшавы 16 сакавіка і быў у Вільні толькі раніцай 17 сакавіка. Выявілася, што я спазніўся на 1 дзень, бо 16 адбыўся шматлюдны сход у прысутнасці Брынкевіча* з Менска. З расповедаў я даведаўся, што сход меў вельмі бурлівы характар, і што дзякуючы вялікай колькасці сабраных прапанова аб узаемадзеянні з Менскам была ўспрынятая адкрыта варожа. Брынкевіч кідаўся як шалёны, заклінаў не губіць справы, пагражаў, што ў выпадку заняцця краю літоўцамі ці бальшавікамі ўсе тыя, хто супраціўляюцца прапанаванай актыўнай падрыхтоўцы да паўстання, апынуцца па-за законам як ворагі Беларусі і рэвалюцыі. Сход не даў ніякага выніку. 17 сакавіка вечарам я спаткаў Брынкевіча, які вельмі ўсцешыўся, пабачыўшы мяне. Дакараў мяне, што 16-га я не быў на сходзе, a каб быў, то прыдаўся б яму дзеля яго падтрымкі. Я ўзяў яго ў абарот у дачыненні палітычнага становішча. Дык вось, ён мне заявіў, што быў у Берліне і Коўне і што ў Нямеччыне цяпер пачынае перамагаць антысавецкая плынь, людзі з якой не хочуць верыць у сілу і моц савецкага войска. Брынкевіч сцвярджае, што асцерагацца трэба росту нацыяналізму і фашызму, каб Нямеччына не рабіла ў Расеі спробаў скідання Саветаў і замены іх манархістамі-нацыяналістамі. У паспяховасць такой спробы ён не верыць, але разбіццё сілаў і стварэнне замяшання, як бы там ні было, было б шкодным для перамогі рэвалюцыі. Далей Брынкевіч казаў, што, нягледзячы на палітычныя рознагалоссі немцаў, Расія пастаянна атрымлівае ўсё для сваёй арміі. Артылерыя, амуніцыя, танкі, газы, асабліва апошніх ёсць столькі, што хопіць на год вайны. Дадаў, што цяперашняе войска Саветаў – гэта не голая і босая армія 1920 г., але апранутая, сытая і выдатна ўзброеная. Расія з Польшчы смяецца і зусім з ёю не лічыцца. Далей ён казаў, што Польшча ідэальна і спраўна стварае сабе наўкола ворагаў, як немцы, літоўцы, Саветы і чэхі, ды нават і ўнутры краіны напорыста працуе і сваімі чыста буржуазна-панскімі імперыялізмам і нецярпімасцю вымушае ўкраінцаў, беларусаў і літоўцаў варожа ставіцца да прагных да ўлады і матэрыяльных даброт паноў. «Гэтага нам і трэба!» – скончыў. Высвятляецца, што Менск пільна сочыць, што робіцца ў краіне, старанна занатоўвае ўсялякі ўціск з боку польскай адміністрацыі на Крэсах і разлічвае на тое, што гэта вельмі прыдасца ці да выклікання паўстання, ці да вынішчэння польскага элемента падчас заняцця тэрыторыі бальшавікамі. Брынкевіч сабраў цэлы стос газет, асабліва тых, якія сканфіскаваў аддзел прэсы. Усё гэта пойдзе ў Менск і ў Маскву. Калі я запытаў пра меркаваны тэрмін вайны, ён адказаў, што, можа быць, цяпер гэта трохі адсунецца праз непрадбачаныя абставіны. Фактам ёсць і будзе тое, што Саветы мусяць абаперціся на незадавальненне насельніцтва ў Польшчы і энергічна ўмяшацца. Што да паўстання, то праз тое, што кіраўнічыя нацыянальна-буржуазныя беларускія сферы не хочуць пайсці разам, арганізацыйная праца будзе давераная «падпольным ячэйкам». Банды такіх «головорезов», як Муха33, будуць узмоцненыя, але будуць нападаць толькі на адміністрацыю і паноў. «Такі Муха нам робіць вялікія паслугі, бо ўсюды мае арганізаваных людзей!» – зазначыў Брынкевіч. Што датычыць уласна Польшчы, то нашы таварышы ў адпаведны час выклікаюць там забастоўкі і беспарадкі. Гэта вельмі лёгка. Вайна мусіць быць яшчэ ў гэтым годзе. У выпадку нашай удачы Літва і Нямеччына, безумоўна, актыўна нам дапамогуць, – з вялікай упэўненасцю і задавальненнем дадаў Брынкевіч.
|
32 Гакатызм – асіміляцыйная палітыка, паходзіць ад назвы нямецкай шавіністычнай арганізацыі «Гаката», што дзейнічала ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. і ставіла сабе за мэту германізацыю этнічна польскіх земляў у складзе кайзераўскай Нямеччыны.
|
Газеты Брынкевічу даставіў Максім Гарэцкі. Мяне ж Брынкевіч настойліва прасіў збіраць для іх нумары сканфіскаваных газет. Я абяцаў, што па меры майго наведвання Вільні буду старацца гэта рабіць. Брынкевіч ездзіць з польскім пашпартам на імя Яна Залескага. Пашпарт разам з фотакарткай выдадзены ў Беластоку. Калі ён сапраўдны, то тут павінны быць нейкі подкуп чыноўнікаў, калі ж гэта фальсіфікат, то мушу прызнаць, што зроблены выдатна. Вечарам 17-га сакавіка Брынкевіч збіраўся выехаць у Менск.
Напрыканцы маёй размовы я з націскам зазначыў, каб яны крытычна прыгледзеліся да працы Смоліча34 з Менска, бо ёсць вялікая верагоднасць, што ён або правакатар, або высланы дэфензівай агент Варшавы. Брынкевіч зазначыў, што Смоліч яму даўно не падабаецца, што пра махінацыі Смоліча з варшаўскімі афіцэрамі дэфензівы ён чуў і ад іншых беларусаў у Вільні і правінцыі, і што гэта справа будзе разгледжаная ў Менску.
|
33 Муха-Міхальскі – мянушка, якой карысталіся многія кіраўнікі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі ў 1920-я гады.
|
Настрой беларускага насельніцтва праз пастаянныя арышты і бясчынствы і дурноты паліцыянтаў робіцца ўсё больш варожы да Польшчы. Я размаўляў з некалькімі людзьмі, якія прыехалі з розных мясцінаў, і з адным чалавекам, які быў арыштаваны за тое, што меў у Валожынскім павеце нумар беларускай газеты. Ён быў этапам дастаўлены ў Вільню, абрабаваны паліцыянтамі, а затым з прычыны адсутнасці віны і складу злачынства быў выпушчаны на волю ў Вільні без грошай і магчымасці вяртання дахаты. Гэты факт збіраюцца выкарыстаць беларускія паслы ў сейме і за мяжой, бо была зробленая фотакартка гэтага чалавека, таму што відаць сінякі і сляды пабояў. Такіх непрыемных фактаў ёсць і болей. Дэпутацкая канцылярыя, у якую ў Вільні звяртаюцца вельмі шмат пацярпелых, вельмі скрупулёзна збірае матэрыялы.
Акрамя таго, канфіскацыі нумароў беларускіх газет такія бязглуздыя, што можна смела сумнявацца, ці панове з прэсавага аддзела пры памяці і не п’яныя, бо нумары, у якіх няма нічога благога, канфіскуюцца, затое тыя, якія крычаць пра гвалты і несправядлівасці польскіх паноў і адміністрацыі, выпускаюцца без аніякіх перашкод. На другі дзень велікодных святаў мае быць з’езд і прыём у Вільні сенатараў, паслоў і запрошаных асоб. Запрашэнне мае і ніжэйпадпісаны. Павінны адбыцца цалкам патаемныя размовы і палітычныя нарады. У нядзелю ўвечары 25 сакавіка беларусы святкавалі гадавіну абвяшчэння сваёй незалежнасці. На сходзе, нягледзячы на запрашэнне, я прысутнічаць не мог з той прычыны, што тэрмін білета канчаўся 25-га, a грошай – дзеля віленскай дарагоўлі i вялікіх выдаткаў на кватэру і выведку – амаль не засталося. У падобных выпадках буду вельмі прасіць: альбо давайце білеты на даўжэйшы тэрмін, альбо паведамляйце мне, дзе ў падобным выпадку я мог бы білет атрымаць. Што да выдаткаў, то, нягледзячы на ашчаднасць, нават на само пражыццё мне не хапае месячнага заробку, а выдаткі на выведку вельмі моцна падрываюць мой бюджэт. Мушу прасіць ці нейкай дапамогі, ці адлічэння пэўнай сумы. інж. Рамуальд Зямкевіч Варшава26 сакавіка 1923 г.
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
інж. Рамуальда Зямкевіча РапартАкрамя Брынкевіча і віленскіх беларусаў, я шмат і падрабязна размаўляў пра наяўную сітуацыю і з пасламі. Трымаюся тактыкі ненавязвання нікому маёй асобы. Яны звяртаюцца да мяне самі. Мой артыкул у газеце «Новае жыцьцё»35 вельмі спадабаўся, на мяне звярнулі ўвагу. Дагэтуль я размаўляў з тымі, якія самі хочуць завязаць са мной адносіны, гэта значыць з Тарашкевічам, Ракам-Міхайлоўскім і Якавюком. Перад выездам у Вільню я шмат часу прысвяціў ім у Варшаве. Тарашкевіч хоча мяне прыцягнуць да больш актыўнай дзейнасці, у размовах зусім шчыра і адкрыта апавядае пра сваё пагадненне з Ластоўскім. Пагадненне такое: рабіць як мага больш шуму, падаваць інтэрпеляцыі з любой нагоды, моцна падкрэсліваць сацыяльныя тэзы ў зямельным пытанні (эсэраўская тэорыя надзялення зямлёй задарма) і выкарыстоўваць усе магчымасці паразуменняў з сеймавымі групамі, хоць бы нават з ідэйнымі супраціўнікамі, каб часова атрымаць вырашальны голас ці значэнне. Тактыка, высунутая Ластоўскім, цалкам адпавядае інструкцыям Менска, якія прывёз з Саўдэпіі Максім Гарэцкі. У першую і галоўную чаргу ідзе гаворка пра стварэнне такой сітуацыі, каб сілай фактаў гвалту і ўціску адміністрацыі і войска на Беларусі стварыць грунт для адпаведнага запыту Саветаў, Літвы і Нямеччыны на дыпламатычным форуме Еўропы. Гэта выразна і цвёрда асабіста мне і пары іншых асоб паведаміў пасол Тарашкевіч.
|
34 Смоліч Аркадзь (1891–1938) – беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, навуковец, сябра ўрада БНР, з 1922 г. у БССР.
|
Цікавыя адносіны існуюць паміж «Вызваленнем»36 і Беларускім клубам. Тарашкевіч наракаў, што пасол Панятоўскі37, нягледзячы на пагадненне, выступае правакацыйна і шкодна ў дачыненні да беларусаў. Што гэта за пагадненне і на чым яно грунтуецца, да гэтага часу не меў магчымасці выявіць. Ведаю толькі, што нейкія асаблівыя «круцельствы» праводзіць пасол Ваявудскі, пра якога сам Тарашкевіч выказваецца, што сядзіць на двух крэслах.
Факт, што Максім Гарэцкі, паехаўшы ў Саўдэпію, меў на ўвазе перш за ўсё палітычныя мэты, прыкрываючыся дастаўкай беларускіх школьных кніжак. Падрабязнасці буду выяўляць паволі, бо не хачу яго настойліва распытваць, тым больш што Гарэцкі адзіны, хто глядзіць на мяне крыва і падазрона. Вельмі каштоўную і добрую інфармацыю дае мне пасол Якавюк, мой колішні падначалены з Горадні. Я, аднак, знешне слухаю яго не вельмі ўважліва. Ён абураецца, што Клуб слухае нашэптванні Менска і што Тарашкевіч уключае ў свае прамовы бальшавіцкія акцэнты, накінутыя Менскам. Аднак жа дзеля таго, што Якавюк слабы розумам, трымаю яго пакуль у рэзерве. Тарашкевіч і Рак-Міхайлоўскі хочуць мяне бачыць дырэктарам беларускай настаўніцкай семінарыі. Я адказаў, што калі такая семінарыя будзе створаная ў Вільні, то, можа, і пагаджуся, у правінцыі ж, у малым мястэчку ніколі не рашуся асталявацца. Тлумачу гэта тым, што ў Вільні ёсць бібліятэкі, дзе магу працаваць, а ў правінцыі быў бы гэтага пазбаўлены. Зазначаю, што пасол Якавюк, падкрэсліваючы сваю непрыязь да бальшавізму, робіць гэта шчыра, бо ў 1920 годзе ў Горадні быў арыштаваны надзвычайкай. Уцякаючы з Горадні, яна пагнала арыштантаў пехатою, і Якавюк уцёк толькі па дарозе. 2 красавіка ў Вільні будзе вялікі з’езд паслоў, сенатараў і іншых дзеячаў. Будзе разглядацца тактыка і план паводзін на будучыню. Калі не самога 2-га, то ва ўсялякім разе 3-га красавіка мая прысутнасць там была б пажаданая. Пытанне адносін да кабінета ген. Сікорскага выглядае наступным чынам. Тарашкевіч сказаў мне так: «Абяцанне разгляду нашых крыўдаў і ўціску, зробленае галілеем ген. Сікорскім, мы прынялі як вэксаль з добрым подпісам і чакаем выканання слова. Што да выканання гэтага слова, то мы не маем ніякіх ілюзій; навучаныя досведам 1919 і 1920 гадоў, мы ведаем, чаго вартыя ўрачыстыя абяцанкі і даванне слова пілсудскімі, асмалоўскімі38, рачкевічамі39 і да іх падобнай бандай, мы да сёння адчуваем гэта на сваёй скуры. У выпадку невыканання слова мы пяройдзем у выбраны намі крытычны момант да безумоўнай абструкцыі і апазіцыі, і я ўпэўнены, што многія партыі прымуць гэта з разуменнем».
|
35 Гаворка ідзе пра артыкул Р. Зямкевіча «Гутаркі аб беларускай літаратуры», апублікаваны ў газеце «Новае жыцьцё» 3 сакавіка 1923 г. «Новае жыцьцё» – беларуская газета, выходзіла ў Вільні ад сакавіка да траўня 1923 г. 36 Польская народная партыя (ПСЛ) «Вызваленне» дзейнічала ў 1915–1931 гг., у пачатку 1920-х гг. мела вялікі ўплыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. 37 Панятоўскі Юліюш (1886–1975) – польскі палітык, пасол сейма ў 1919–1927 гг. са спіса ПСЛ «Вызваленне».
|
На загад Коўна літоўцы ў Вільні пачынаюць усё больш сардэчна збліжацца з беларусамі, чынячы ўзаемныя паслугі адно аднаму. Так, напрыклад, пасля ператрусу ў літоўскай кнігарні «Sviturys» беларуская кнігарня неадкладна была паведамленая і перасцярожаная. Літоўцы спяваюць у беларускім хоры. Напрыклад, 25 сакавіка на ўрачыстым набажэнстве, прысвечаным гадавіне абвяшчэння незалежнасці Беларусі, выдатны хор, складзены з беларусаў і літоўцаў, адспяваў рэлігійныя песні ў касцёле св. Мікалая, усе па-беларуску. Гэта зрабіла добрае ўражанне нават на мяне. Казань, вядомая рэч, таксама была па-беларуску. Напрыканцы імшы быў праспяваны беларускі нацыянальны гімн.
Нацыянальная свядомасць вельмі расце. Сяляне, нават праваслаўныя, як і праваслаўныя інтэлігенты, былі і ў касцёле, і ў царкве і… у сінагозе, бо і ў сінагозе адпраўляліся малітвы ў гонар беларускай незалежнасці!!! Брынкевіч будзе ў Вільні ў другой палове красавіка. Падчас святочных вакацый хто-небудзь з паслоў паедзе ў Коўна, Рыгу або Гданьск. Гэта будзе пасля з’езда 2 красавіка і пасля канферэнцыі. Мушу зазначыць, што праз цяперашнюю дарагоўлю майго заробку не хапае мне нават на жыццё. Дзеля правядзення ж выведкі трачу столькі, што ў Варшаву заўсёды вяртаюся без грошай, бо пастаянна мушу зайсці ў кандытарскую ці ў рэстаран, дзе лягчэй і зручней пацягнуць некага за язык. Дзеля гэтага прашу падумаць пра выдзяленне дапамогі. інж. Рамуальд Зямкевіч Варшава27 сакавіка 1923 г.
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
інж. Рамуальда Зямкевіча РапартЗ нагоды вестак, якія да мяне дайшлі, і адчуванага незадаволення маёй дзейнасцю адчуваю сябе абавязаным напісаць некалькі словаў тлумачэння. Калі на патаемны з’езд я не патрапіў, то нічога благога не зрабіў, бо гэта зрабіла ўражанне, што не імкнуся ўсюды быць і пра ўсё ведаць. Залішняя руплівасць з майго боку на пачатку, калі стараюся здабыць моцнае і трывалае ўгрунтаванне маёй пазіцыі, была б для мяне толькі шкоднаю. Адзначаю, што дзякуючы таму, што стараюся жыць добра і сардэчна з кожным беларусам, ніводны патаемны з’езд ці нават дробнае пасяджэнне не застаецца па-за маёй увагай, бо пра ўсё, нават самае дробязнае, мне даносяць і апавядаюць пра ўсе падрабязнасці. Ужо цяпер незадаволеныя выбарам такіх паслоў, кажуць, што мяне пакрыўдзілі, не выставіўшы маёй кандыдатуры, бо, ведаючы так добра варшаўскія адносіны і польскую мову, я мог бы прынесці іхнай справе вялікую карысць. Сімпатыі да мяне я стараюся спрытна падтрымліваць. Арыштоўваць Брынкевіча я не рэкамендаваў з некалькіх важных прычын. Па-першае, не хацеў псаваць сваёй працы, бо пасля Брынкевіча рабілі б справу разгортвання паўстання іншыя, што вымагала б пачатку працы наноў, пры гэтым звязанай з яшчэ большымі цяжкасцямі. Па-другое, ягоны арышт не даў бы нам у рукі сур’ёзных доказаў у выглядзе дакументаў, якія б неабвержна пацвярджалі ягоную дзейнасць. Што ён з папер і агітацыйнай літаратуры нічога пры сабе не меў, я ведаю з ягоных словаў, сказаных адвакату – беларусу Падбярэзскаму40: «Пытаецеся, чаму я з Коўна не прывёз нічога цікавага з друкаў, нават газеты «Беларускі партызан»41. Проста таму, што я не дурань, каб вазіць з сабою такія рэчы, каб пры вобыску мяне арыштавалі. Самі ведаеце, што арыштоўваюць за любы нумар беларускай газеты, нават выдадзенай легальна». Для мяне гэта было вызначальным, бо пасля арышту паліцыяй абвінаваціць Брынкевіча можна было б толькі ў злачынстве крымінальнага характару: валоданні фальшывым альбо чужым пашпартам. Гэта была б залішне нязначная справа, каб я яе заводзіў. Акрамя таго, я яшчэ вельмі хацеў, каб Брынкевіч пасля вяртання ў Менск апавядаў, што па Польшчы лёгка і без цяжкасцяў можна ездзіць, і хваліўся, што яму гэта так выдатна ўдаецца. Такія ўпэўненасць і асляпленне даюць добрыя вынікі. Акрамя таго, я надзвычай жадаў скампраметаваць у Менску Аркадзя Смоліча, гэтага ворага Польшчы, які там паклёпнічае на ўсіх і крычыць, як галоўны сябра Камітэта аб’яднання Беларусі*, што палякі дзяруць з Беларусі скуру, што трэба рабіць паўстанне і злучыць усе беларускія землі. Гэтая кампраметацыя цалкам мне ўдалася. Я засцярог Брынкевіча, што Смоліч у Варшаве круціўся сярод афіцэраў дэфензівы, што яго руплівасць і крыклівасць вельмі падазроныя, бо можа быць правакатарам або польскім агентам. Пры гэтым я дадаў, што мы са Смолічам асабіста адзін аднаго ненавідзім, таму мая думка пра яго можа быць суб’ектыўная, і хай ён даведаецца думку і іншых беларусаў. Брынкевіч зрабіў гэта і пераканаўся, што як за мяжой, так і ў Вільні ніхто не выказаўся пра Смоліча прыхільна. За гэта ён мне вельмі дзякаваў, кажучы, што цэніць маю шчырасць і аб’ектыўнасць. Я дасягнуў сваёй мэты, бо Смоліч, як мой вораг, мог мне там зашкодзіць, цяпер жа ніякай боязі за сябе я не маю. Што датычыць працы Генеральнага штаба і Другога аддзела, то залішне добра разумею яго спецыфічныя мэты і задачы, каб мог яго параўноўваць з паліцэйскім камісарыятам. Мэта штаба – гэта палітычная праца і палітычная бяспека Дзяржавы. Таму і метады, і спосаб паводзін мусяць быць вельмі дыпламатычныя і тонкія.
|
38 Асмалоўскі Ежы Марцін (1874 – перад 1954) – польскі палітык, у 1919–1920 гг. генеральны камісар усходніх земляў. 39 Рачкевіч Уладзіслаў (1885–1947) – польскі палітык, у 1919–1920 гг. начальнік менскай акругі Цывільнай управы ўсходніх земляў.
|
Мера, тактоўнасць і розум найвышэйшай формы мусяць тут кіраваць вельмі і вельмі адказнай працай.
Як «давераная асоба» выдатна разумею маральную адказнасць, якая ляжыць на мне як на паляку і як на супрацоўніку. Не хачу рабіць і ніколі не зраблю такога глупства, як арышт без наяўнасці ў руках канкрэтных доказаў дзяржаўнай здрады. Усе падобныя факты арыштаў паліцыяй (a іх проста скандальна шмат), як таго селяніна за нумар легальнай беларускай газеты, які быў збіты, абрабаваны паліцыянтамі, прывезены ў Вільню, а затым вызвалены праз адсутнасць віны і выкінуты на брук, абураюць мяне да глыбіні душы, бо гэта дурная і ганебная работа на шкоду дзяржаве. Калі б я меў уладу, то за такія злоўжыванні пераследаваў бы і караў. Лічу, што трэба адрэагаваць на такія бясчынствы паліцыі, якая залішне расхвальвае ў прэсе сваю дзейнасць, нібыта вельмі карысную для дзяржавы. Мая роля – вельмі цяжкая і патрабуе надзвычайнай асцярожнасці. Я пастаянна мушу думаць пра новыя, вельмі асцярожныя хады, бо тут справа датычыць і ўласнай скуры. У выпадку выкрыцця маёй ролі са мною хутка ўсё было б скончана. Мая дакладная мэта такая: здабыць для штаба канкрэтныя, чорным па беламу, доказы атрымання беларусамі загадаў з Берліна і Масквы, каб гэтыя рэчавыя доказы ўрад Рэспублікі мог прадставіць у якасці актаў абвінавачвання сваіх ворагаў у інтрыгах як унутры Польшчы, так і на еўрапейскай арэне. Я напружваю ўсе свае розум і энергію, каб дасягнуць гэтай мэты. Я сустракаю перашкоды на сваім шляху. Таму прашу пра іх ліквідацыю. Гаворка ідзе пра тое, што ў Вільні панове Жобель42 i Абрамовіч* хацелі б карыстацца маёй інфармацыяй, каб яе падаваць у сваіх рапартах. Я ж лічу, што мае справы іх ніяк не тычацца, а ведаць іх саміх мне непатрэбна. Я залежу толькі ад штаба і размаўляю толькі са штабам. I пан Жобель, і пан Абрамовіч залішне ўжо скачуць вакол мяне і хочуць, каб я хадзіў да іх у Вільні. Не быў ні ў аднаго, ні ў другога і не пайду. У пляткарскай Вільні і сцены маюць вочы і вушы. Мне падаецца, што з боку пана Жобеля ўжо спрытна пушчаны пробны шарык маленькай правакацыі маёй асобы. A менавіта: данесена ў Варшаву, што я нібыта распавядаў у Вільні, што ў Варшаве пахне рэвалюцыяй, што маніфеставалі беспрацоўныя на пляцы Дамброўскага, што больш за дзесятак з іх забітыя, забітых насілі па Варшаве і да таго падобнае.
|
40 Друцкі-Падбярэзскі Баляслаў (1894–1940?), – беларускі дзеяч, літаратар, наваградскі адвакат. 41 «Беларускі партызан» – нелегальная газета, выдаваная ў 1922 г. Галоўным штабам беларускіх партызанаў у Белавежскай пушчы.
|
Гэта залішне вялікае глупства, каб я за яго апраўдваўся. Зазначаю, што ні ў якую балбатню я не ўступаю.
Усё, што я пішу і падаю, грунтую на фактах, а не на фантазіі. Кожная мая інфармацыя павінна знаходзіць пацвярджэнне з іншага боку, бо я аперую толькі праўдай. Прызнаю сваю віну толькі ў тым выпадку, што, своечасова не выехаўшы, не паведаміў пра гэта. Цяпер заўсёды буду намагацца ў выпадку неабходнасці такога кроку з майго боку паведамляць пра гэта ў штаб. Усе зычліва выказаныя заўвагі заўсёды прыму з глыбокай удзячнасцю. Цяпер я знаходжуся ў глыбокім роздуме, ехаць мне на з’езд 2 красавіка ў Вільні (запрашэнне маю) своечасова ці спазніцца. Гаворка пра тое, каб ніхто не дзівіўся, што я не звяртаю ўвагі на святы і лячу з Варшавы ў Вільню. Мушу выключыць усялякую падазронасць да маёй асобы. Не магу, такім чынам, адмовіцца ад індывідуальнага трактавання справы. інж. Рамуальд Зямкевіч Варшава28 сакавіка 1923 г.
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
інж. Рамуальда Зямкевіча РапартНавіны з беларускага палітычнага жыцця на Крэсах за час з 8 да 22 красавіка не вельмі багатыя. Замяшанне і пярэпалах выклікалі навіны, агучаныя ў «Journal de Pologne»*, у польскіх газетах. Страх перадаўся ўсім, хто хоць бы нешта ведаў пра агентаў Саветаў і Літвы. Стаўленне да мяне адразу стала недаверлівае, падазронае. Толькі аналіз тэксту ў «Journal de Pologne» пераканаў Луцкевіча, што гэтыя навіны могуць паходзіць толькі з замежнай крыніцы, што французская палітычная выведка не мае сабе роўных у свеце, акрамя нямецкай, і гэта яна праз сваіх выведнікаў у Коўне і Берліне прыслала гэтыя весткі. Калі б не Луцкевіч, які адзін горача выступіў у маю абарону, то мая роля была б скончаная. Луцкевіч з націскам заявіў на патаемным пасяджэнні, што калі б Зямкевіч даваў падобную інфармацыю, то меў бы сто і адзін зручных выпадкаў, каб увесь сход з Брынкевічам на чале загадаць арыштаваць. Пры гэтым ён дадаў, што яго зусім не здзіўляе цікаўнасць Зямкевіча, які, як гісторык руху, павінен быць цікаўным і мусіць усё ведаць. У любым разе мне падаецца відавочным, што абнародаванне выкрыцця ролі Брынкевіча было вялікай памылкай, як перадчаснае. Гэта папсавала мае планы і ўсю справу, бо пасля гэткага пярэпалаху ўсе сталі вельмі асцярожныя і стрыманыя, што вельмі ўскладняе справу, бо новыя эмісары Саветаў і Літвы могуць хавацца і акрамя 2–3 асоб не адкрывацца нікому. Я не ведаю матываў рэдакцыі «Journal de Pologne», якімі яна кіравалася пры абнародаванні гэтай інфармацыі, аднак лічу, што яна павінна была ў гэтым разе паразумецца са Штабам, і тады, напэўна, яна б гэтага не друкавала. Увесь мой план з Брынкевічам праваліўся. Цяпер ён дакладна не прыедзе, бо газеты як з Вільні, так і з Варшавы ў Менск і Маскву прыходзяць пастаянна. Калі я з’яўляюся «канфідэнтам» II-га аддзела, то прашу і пра большы давер да мяне, якога ніколі не падвяду, і пра большую інфармацыю, якая мне можа дапамагчы падчас выведкі. У той жа час адбылося так, што я паехаў у Вільню, нічога не ведаючы, што пра ўсю справу ўжо надрукавана ў «Journal de Pologne», і гэта ледзьве не выключыла мяне з усёй справы. Я хацеў бы пазбегнуць такіх непрадбачаных абставін, бо горача імкнуся да мэты: здабычы пісьмовых звестак пра замежныя інтрыгі. У Коўна былі пасланыя асцерагальныя лісты (гэта зрабіў Максім Гарэцкі), што Ластоўскі ў сваім коле мае здрадніка. Паводле атрыманай адтуль інфармацыі, Ластоўскі падазрае Клаўдзія Душэўскага або Язэпа Варонку. Гэтым апошнім прыпісваюць кантакт з Польшчай, каб атрымаць дазвол на вяртанне дадому. Настаўніцкі з’езд нічога цікавага не даў, акрамя рэзалюцый і абмеркавання прафесійных справаў. З Літвы пастаянна дагэтуль чакаюцца два эмісары, літовец і беларус, для абмеркавання палітычных справаў. З Менску прыязджаў Іван Некрашэвіч*, які заявіў, што ўся арганізацыя беларускага паўстання аддадзеная ў рукі камуністычных «ячэек» па вёсках і мястэчках, за выключэннем буржуазнай Беларускай нацыянальнай рады. Сядзіба галоўнай управы павінна знаходзіцца ў Варшаве, кіруюць ёй Ратштэйн (Капыльскі)*, Карніцкі (Смаленскі)* i Завадскі (Кайрыкшта)*. Прозвішчы, пачутыя ад Некрашэвіча, падаю тут, бо яны павінны быць «мужамі даверу», якім трэба даваць інфармацыю і дапамогу ў начлезе. Некрашэвіч быў у Вільні 18 красавіка, на 19 прызначыў спатканне на кватэры ў Гарэцкага, але не прыйшоў на яго і знік. Паводле старонніх вестак, Максім Гарэцкі атрымаў у красавіку вялікую колькасць агітацыйнай літаратуры з Менска, частку нявіннага зместу павінен мець у сябе, рэшту хавае на гарышчы ў тым самым доме. Калі я яго прасіў, каб даў што-небудзь з выданняў мне, ён адмовіўся гэта зрабіць, сказаўшы, што нічога не мае. Вельмі цікавым з’яўляецца ліст з Прагі Чэшскай да Луцкевіча ад Крамаржа43.
|
42 Жобель Казімір (1888 – пасля 1952) – супрацоўнік ІІ аддзелу ІІІ вайсковай акругі з сядзібай у Горадні.
|
Крамарж пытаецца пра звесткі аб польскім уціску беларусаў, просіць выслаць этнаграфічныя мапы, статыстычныя звесткі, падрабязны даклад пра беларускі рух, дзівіцца, чаму так мала выходзіць беларускіх газет, робіць прыпушчэнне, што гэта, мабыць, з прычыны ўціску. Урэшце, ён дае надзею на выдзяленне матэрыяльнай дапамогі на газеты і іншыя выданні, калі б хто прыехаў у Прагу для абмеркавання ўмоваў.
Гэты ліст (напісаны па-расейску) Луцкевіч даў мне пачытаць. Затым ён сказаў, што з Вільні ніхто паехаць не можа, бо не дадуць пашпарта, як не даюць і студэнтам, якія хочуць ехаць у Прагу. Адзінай асобай, якая магла б атрымаць пашпарт і паехаць, мог бы быць я. Як доказ даверу да мяне Луцкевіч прапануе, каб я стараўся паехаць у Прагу, дзе зраблю ўсю справу найлепшым чынам, ува што Луцкевіч моцна верыць. Я на гэта адказаў, што ў прынцыпе не адмаўляюся, але і мне атрымаць пашпарт у Чэхію надзвычай цяжка, бо ў Варшаве ў Чэхію пашпарты даюць неахвотна, a акрамя таго ён вельмі шмат каштуе. Сказаў, што на гэта трэба мець найменш мільён. Луцкевіч адказаў, што, на жаль, справа стаіць так, што грошай ён не мае і даць не можа, на паслоў разлічваць нельга, бо яны ўжо наракаюць, што ён бярэ з іх завялікую даніну. Аднак ён вельмі мяне прасіў, каб грошай пазычыў і пастараўся паехаць. Казаў, што калі б яны атрымалі грошы з той ці іншай крыніцы, то, несумненна, выдаткі мне вярнулі б. Я адказаў, што ў фінансавым сэнсе адчуваю сябе вельмі дрэнна, не ведаю, ці ўдасца мне што пазычыць, а галоўнае, не ведаю, ці дадуць мне пашпарт. Пакуль жа Луцкевіч прасіў мяне паспрабаваць з пашпартам і даць яму пра гэта ведаць праз якога-небудзь пасла, які часта ездзіць у Вільню. Пакуль гэта справа стаіць, бо не ведаю, што рабіць. Абурэнне на Дубейкаўскага44, Ладнова45 і Балаховіча46 – велізарнае. Дубейкаўскі цалкам страціў крэдыт даверу ў беларусаў. Іх лісты47 моцна страсянулі ўвесь беларускі лагер.
|
43 Крамарж Карал (1860–1937) – чэхаславацкі палітык, прэм’ер першага ўрада Чэхаславакіі.
|
Ген. Сікорскага яны могуць падтрымаць толькі ў тым разе, калі Беларусь атрымае нейкія рэальныя саступкі, пакуль гаворка ідзе галоўным чынам і адно толькі пра беларускую школу.
Пра вайну гавораць пастаянна. Некрашэвіч сцвярджае, што вайна павінна выбухнуць, у Расіі ўсё падрыхтавана, стрымлівае толькі Нямеччына сваёй палітыкай у дачыненні да Англіі. «Пабачым, – казаў Некрашэвіч, – як гэтыя ўсталяваныя і прызнаныя межы Польшчы лопнуць, а на Крэсах панове-ўладары ўзляцяць у паветра! Гэта будзе, бо мусіць быць!» Такія маюць быць перспектывы. інжынер Рамуальд Зямкевіч Варшава23 красавіка 1923
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
інж. Рамуальда Зямкевіча РапартВыкрыцці ў беларускай справе пра камуніста Брынкевіча, агучаныя ў «Journal de Pologne» i паўтораныя прэсай, спачатку вельмі падарвалі давер да маёй асобы. Толькі дробязны аналіз гэтых вестак схіліў як Луцкевіча, так і іншых шукаць іх крыніцы за мяжой. Падазраюць у Коўне двух: Язэпа Варонку і Клаўдзія Душэўскага, што гэта яны інфармуюць французскія ўлады, каб пры іх дапамозе здабыць дазвол на вяртанне на радзіму. Адным словам, як у Вільні, так і ў Коўне ўзніклі сваркі, спрэчкі і лаянка на фоне ўзаемнай нянавісці, у выніку чаго Луцкевіч зусім парваў з Ластоўскім. З Коўнам цяпер падтрымліваюць кантакты толькі беларускія камуністы. Тарашкевіч шкадуе, што ўставіў у сваю прамову «з дымам пажараў»48 , тлумачыць, што добра не ведаў, што гэта азначае і што гэта будзе мець такія наступствы, што яму польскія паслы не будуць падаваць рукі. Ксёндз Станкевіч49 хоча ўсіх памірыць, каб падзелу больш не было, і з гэтай мэтай зандуе глебу ў Беларускім камітэце ў Варшаве50. Справа яшчэ будзе падвешаная, і высветліцца толькі пасля суда Якавюка, Баранава і кампаніі ў Беластоку. Да гэтай пары абцяжарваў мне справу ў Вільні Дубейкаўскі, сістэматычна ачарняючы мяне ў вачах усіх, што рабіла эфект і шкодзіла мне. Цяпер як ён, так і Ладноў, які штосьці да мяне адчувае, робяць мне проста неацэнныя паслугі ў павелічэнні даверу да мяне і ўмацаванні майго становішча.
|
44 Дубейкаўскі Лявон (1867–1940) – беларускі дзеяч, старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве. 45 Ладноў Яўген – беларускі палітык, у свой час старшыня беларускай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі, агент польскай дэфензівы. 46 Булак-Балаховіч Станіслаў (1883–1939) – генерал-маёр, камандуючы вайсковымі фармаваннямі пад беларускім сцягам падчас польска-савецкай вайны 1920 г. 47 Гаворка ідзе пра змешчаную на старонках польскай прэсы дэкларацыю Л. Дубейкаўскага і Я. Ладнова з прыняццем факта прызнання Радай паслоў Лігі нацый усходніх межаў Польскай Рэспублікі.
|
Справа наконт магчымасці вайны выглядае так, што бальшавікі яе прагнуць, але самі выступаць не хацелі б, таму чакаюць сігналу немцаў. Яны незадаволеныя Нямеччынай, што тая доўга не наважваецца. З маёй размовы з Некрашэвічам я выцягнуў толькі тое, што момантаў для пачатку вайны было ўжо некалькі, што ўжо хацелі ў Маскве арыштаваць розных прадстаўнікоў польскіх уладаў (да рээвакуацыі маёмасці і людзей), каб мець іх у якасці закладнікаў, і толькі «виляние хвостом» (так у арыгінале. – А. Ч., А. П.) немцаў перашкодзіла гэтаму. Але гэта нічога, хоць бы і ў час жніва, але вайна будзе. Ураджай Саветам добра прыдасца, а буржуазію таксама добра будзе «потрепать», бо залішне ўзбагацілася і абрасла салам. Гэта ўсё найбольш характэрнае, выцягнутае мною з той размовы.
Затым вельмі пагрозліва выглядае справа ў галіне бяспекі. Таму як у Вільні беларускія арганізацыі не хочуць нават і слухаць пра ніякія паўстанні, «ячэйкам» загадана арганізоўваць банды і выступаць супраць «паноў», г. зн. адміністрацыі і грамадзянаў. Абавязкова на чыгуначныя масты трэба паставіць вайсковую варту, бо плануюцца замахі на іх. Пакуль жа ідзе гаворка пра правакацыю насельніцтва, каб магчы крычаць за мяжой, што народ сам паўстае ў выніку ўціску. Літоўцам паабяцана, што яны атрымаюць Вільню і вялікую частку Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Здаецца, пагадненне падпісана, на мапе межы дакладна азначаныя, з правам праходу Чырвонай арміі праз усю тэрыторыю Літвы. У Вільні, як я даведаўся, падрабязныя звесткі пра «польскі ўціск» штотыдзень высылае ў Менск Максім Гарэцкі. У яго павінна знаходзіцца ўсялякая літаратура з Коўна, Берліна і Менска, якую ён нібыта трымае на гарышчы дома, у якім жыве. Варта было б гэтыя зборы ператрэсці. Вось усё самае важнае, што было чуваць у апошнія дні. інжынер Рамуальд Зямкевіч Варшава7 траўня 1923
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
інж. Рамуальда Зямкевіча Рапарт3 траўня а 9-й гадзіне вечара ў Вільні сярод беларусаў ужо было вядома, што Беларускі камітэт у Варшаве ўдзельнічаў у шэсці з беларускім сцягам, на якім замест Пагоні быў толькі польскі арол. Цікава і незразумела, як так хутка і якім шляхам гэтая навіна дайшла да Вільні. Учора, 8 траўня, я даведаўся ад кааператара Гапановіча51, што прыехаў з Вільні, што ўрад Ластоўскага распушчаны, нібыта на патрабаванне Берліна. Калі гэта праўда, то я схільны меркаваць, што да гэтага магла спрычыніцца мая прыватная размова з агентам Літвы Петрунэлісам* у сакавіку гэтага года. У гэтай размове я біў на тое, што Ластоўскі вельмі наіўны і неасцярожны ў падборы людзей, што акцыя выклікання беларускага паўстання ў Польшчы была праведзена скандальна няўмела, непрафесійнымі вайскоўцамі. Петрунэліс слухаў гэта надзвычай уважліва. Да маёй крытыкі дзейнасці Ластоўскага я дадаў, што вынікам няўдалых спробаў паўстання будзе працэс, які дрэнна скончыцца, бо, падобна на тое, польскія ўлады маюць у руках неаспрэчныя доказы датычнасці самога літоўскага ўрада. Яшчэ я дадаў, што такой кампраметацыі літоўскаму ўраду можна было б пазбегнуць, калі б ён даверыў сродкі і план выканання ў надзейныя і прафесійныя рукі. Петрунэліс цалкам са мною пагадзіўся і вельмі мне дзякаваў за шчырасць.
|
48 Ідзе гаворка пра сеймавую прамову Браніслава Тарашкевіча ад 23 сакавіка 1923 г., у якой ён заявіў, што «прыйдзе некалі такая ноч, у якую ўсе асадніцкія калоніі могуць пайсці з дымам пажараў і пылам братняй крыві». 49 Станкевіч Адам (1892–1949) – беларускі палітык, каталіцкі ксёндз, пасол польскага сейма (1922–1927). 50 Беларускі камітэт у Варшаве – дзейнічаў у 1919–1927 гг., у значнай ступені знаходзіўся пад уплывам ІІ аддзела Генеральнага штаба.
|
Інфармацыю трэба яшчэ праверыць, і крытычна разгледзець яе магчымыя вынікі. Яна мае вялікую верагоднасць. Праверу яе і вывучу на месцы ў Вільні.
інжынер Рамуальд Зямкевіч Варшава9 траўня 1923
ЦВА. ІІ аддзел Генеральнага штаба. Сігн. I.303.4.2664. Падтэчка 1.
У ІІ аддзел Генеральнага штаба
інж. Рамуальда Зямкевіча Рапарт Атрымаўшы позву Акруговага суда ў Беластоку для яўкі ў якасці сведкі ў справе беларускага пасла Якавюка, я выехаў з Варшавы 13 траўня. Судовае разбіральніцтва пачалося 14 траўня а 10 гадзіне раніцы. Даведаўшыся, што, як сведку абароны, мяне будуць дапытваць няхутка, я пачаў асвойвацца ў сітуацыі, пазнаёміўся з актам абвінавачання, копію якога атрымаў ад карэспандэнта з Вільні пана Самойлы52. Затым, даведаўшыся, што сярод сведкаў на волі знаходзіцца жонка галоўнага атамана Скамароха (Шыманюка)53, я пазнаёміўся з ёй, каб даведацца пра цікавыя для мяне, як гісторыка руху, падрабязнасці з жыцця змоўцаў у Белавежскай пушчы. Я не падмануўся, бо Шыманюкова даволі падрабязна распавяла мне пра свой сямітыднёвы побыт разам з мужам у пушчы. Жонка Скамароха Шыманюкова – вельмі прыгожая асоба, апранутая ў элегантны попельнага колеру англійскі касцюм, у чырвонай квяцістай хустцы, па-мастацку завязанай на галаве – звяртала на сябе ўсеагульную ўвагу. Я яе пастаянна і неадлучна суправаджаў, што моцна раздражняла паліцыю і тайных выведнікаў.
|
51 Гапановіч Язэп – беларускі кааператар, адзін з вядучых беларускіх нацыянальных дзеячаў у Варшаве.
|
З расповедаў Шыманюковай, у якіх апошняя не хавала сваёй нянавісці да Веры Маслоўскай54, я зразумеў, што тут грае ролю жаночая рэўнасць, бо Скамарох з Верай Маслоўскай ездзіў, яе слухаў, а жонку пакідаў адну. Вынікам гэтага было тое, што скандалы на гэтай глебе Шыманюкова пастаянна рабіла ў пушчы, а пасля выкрыцця банды і яе арышту пачала ўсіх выдаваць.
Чаму Шыманюкова застаецца вольная, чаму не сядзіць на лаве асуджаных, хоць была ў пушчы і дзяліла са сваім мужам нарабаваную здабычу – я зразумеў пазней, бачачы асаблівыя позіркі на Шыманюкову з боку паліцэйскіх уладаў і тайнай выведкі. Гэта яны яе вызвалілі і ўзялі пад апеку. З вялікай цікавасцю я распытваў Шыманюкову пра атамана Чорта55 i яго сапраўднае прозвішча. Сапраўднае прозвішча атамана Чорта яна мне паведаміць не захацела, казала толькі, што ён быў ад’ютантам яе мужа, а напрыканцы, пасля маіх назойлівых роспытаў прызналася, што Чорт знаходзіцца тут, у судовай зале, у ліку асуджаных, а прозвішча яго яна не скажа нікому нават пры катаваннях. Праўда гэта ці толькі жаданне мяне зацікавіць – не ведаю, аднак я заўважыў, што Скамарохава пастаянна і пранікнёна глядзіць на абвінавачанага ў камунізме і прыналежнасці да арміі Будзённага56 Аляксандра Станкевіча57. Станкевіч Аляксандр – прыгожы хлопец, брунет, з чорнымі бліскучымі вачамі, якія робяць непрыемнае ўражанне. Адзначаю тут свае назіранні і ўражанні, аднак не раблю з гэтага ніякіх высноў. Беларусы мелі намер, акрамя адваката Урублеўскага58 з Вільні, запрасіць для абароны толькі адвакатаў-украінцаў са Львова. Адвакат Урублеўскі рашуча супраціўляўся гэтаму, сцвярджаючы, што гэта было б яскравым выклікам і пашкодзіла б справе, а абарону абцяжарыла б. Праект запрашэння ўкраінцаў падаў Антон Луцкевіч. Заганы ў працэсе былі велізарныя. Першаснае следства было праведзена надзвычай няўмела, сведкі як з боку абвінавачання, так і з боку абароны зусім не былі ізаляваныя. Супраць гэтага заяўляў пратэст мясцоваму беластоцкаму пракурору адвакат Ст. Міцкевіч59 з Вільні, аднак у выніку просьбы адвакатаў і пракурора, а таксама суддзяў, ён адклікаў свой пратэст. Са сведкаў, якія давалі паказанні ў гэтай справе, капітан Ярэцкі60 з Горадні, нягледзячы на тактоўнасць, пераканальнасць і лагічнасць сваіх вельмі абцяжарвальных для падсудных паказанняў, можа быць, мімаволі засыпаў Дубейкаўскага. Капітан Ярэцкі выказаўся, што Дубейкаўскі ад польскага ўрада, а як іншыя зразумелі, на загад ці на даручэнне гэтага самага ўрада быў высланы на беларускі з’езд у Прагу Чэшскую61. Капітан Ярэцкі даваў паказанні ў якасці сведкі раней за мяне, у зале я тады быць не мог, аднак усе беларусы мне казалі, што Дубейкаўскага нарэшце выкрылі. Гэта вельмі прыкрая гісторыя, але пасля таго, што здарылася, Дубейкаўскі ўжо выключаны з беларускіх справаў. Падчас чакання часу свайго сведчання, сярод сведкаў я пазнаў асобу, якая 4 сакавіка 1919 года ў Менску, калі я, арыштаваны, знаходзіўся ў надзвычайцы, зрабіў асабісты вобыск мяне, забраўшы ў мяне грошы, залаты гадзіннік і бякешу на футры. Цяпер я запытаўся ў Шыманюковай, як гэтага чалавека завуць, і даведаўся, што яго прозвішча – Эдвард Лянкевіч62. Лянкевіч таксама мяне пазнаў і адразу ж пачаў за мною сачыць. Баючыся арышту і ведаючы, што адбылося ў Беластоку і Горадні з Дубейкаўскім, калі ён быў незаконна арыштаваны, я стараўся не хадзіць адзін, а набіраў сабе кампанію з 3 ці 4 чалавек.
|
52 Самойла Уладзімір (1878–1941) – беларускі публіцыст і філосаф, літаратурны крытык. 53 Шыманюкова Лізавета – жонка Германа Шыманюка; Шыманюк Герман (1892–?) – адзін з арганізатараў беларускага партызанскага руху ў 1-й палове 1920-х гг. Абое перад гэтым былі акторамі маскоўскага тэатра «Буф». 54 Маслоўская (Матэйчук) Вера (1896–1982) – беларуская настаўніца, адна з арганізатарак заходнебеларускага партызанскага руху ў 1-й палове 1920-х гг. 55 Чорт – легендарны атаман, атрад якога дзейнічаў на Гарадзеншчыне ў пачатку 1920-х гг. 56 Будзённы Сямён (1883–1973) – савецкі вайсковы дзеяч, камандзір І Коннай арміі падчас грамадзянскай вайны ў Расіі. 57 Станкевіч Аляксандр – адзін з арганізатараў беларускага партызанскага руху ў Польшчы ў 1-й палове 1920-х гг. 58 Урублеўскі Тадэвуш (1858–1925) – польскі грамадскі дзеяч, віленскі адвакат. 59 Міцкевіч Стэфан (1881–?) – польскі грамадскі дзеяч, віленскі адвакат. 60 Ярэцкі Станіслаў (1892–1955) – палітычны дзеяч, кіраўнік ІІ аддзела ІІІ вайсковай акругі з сядзібай у Горадні. 61 Беларуская нацыянальна-палітычная канферэнцыя адбылася ў Празе ў верасні 1921 г.
|
Як сведка, я даваў паказанні толькі на пяты дзень суда, у пятніцу 18 траўня. Запытаны пра Якавюка, я паведаміў, што ведаю яго з Горадні з 1920 года, калі ён быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камітэта ў Горадні. Сказаў, што ён быў маім падначаленым на чыгунцы ў 1920 годзе пры бальшавіках, працуючы як спецыяліст на тэлеграфе. Я катэгарычна заявіў, што цяперашні пасол сейма Сымон Якавюк у 1920 годзе не ставіўся варожа да польскай дзяржавы ні як сябра Беларускага камітэта, ні як начальнік чыгуначнага тэлеграфа пры бальшавіках, a пацвердзіць гэта я магу тым, што ён ведаў, што ў мяне на дыстанцыі працуюць два польскія афіцэры і пара жаўнераў, і не толькі нікога не выдаў бальшавікам, але змест усіх тэлеграм, якія прыходзілі па адзіным дзейным чыгуначным тэлеграфе, паведамляў мне. Потым я гэта перадаваў афіцэрам, а тым самым і арганізацыі ПАВ63. Дадаў, што Якавюк быў і ёсць беспартыйным, пры паляках на чыгунцы як праваслаўны служыць не мог, а сродкі на жыццё здабываў гандлем і дробнай спекуляцыяй. Такога Якавюка, як лаяльнага грамадзяніна Польскай Рэспублікі, я ведаў да 1921 года, бо пазней, выехаўшы з Горадні, я яго ўжо не бачыў і пра пазнейшую яго дзейнасць нічога не ведаю.
|
62 Лянкевіч Эдвард – правакатар, сведка абвінавачання ў ходзе палітычных працэсаў 45-ці ў Беластоку ў 1923 г. і 72-х у Горадні ў 1925 г.
|
Пасля гэтага пракурор запытаўся мяне пра Беларускі камітэт у Горадні. Я даваў адказ пра дзве пракламацыі, выдадзеныя з дазволу вайсковай цэнзуры. Затым пракурор дзівіцца, што я, паляк, мог належаць да Беларускага камітэта, і спытаўся, ці, калі б тут існаваў Кітайскі камітэт, то я таксама належаў бы да яго? Я адказаў, што пытанне лічу вельмі несувымерным і далёкім геаграфічна, дадаўшы, што, як асоба з вольнай і незвязанай індывідуальнасцю, не бачу прычын, калі б я, напрыклад, ведаў кітайскую мову, быў прыняты ў такі камітэт і мяне гэта з нейкіх прычын цікавіла б, чаму да Кітайскага камітэта не мог бы |