A R C H E | П а ч а т а к | № 3 (43) - 2006 |
Пачатак Цалкам Форум |
|
|
|
||
СЯРГЕЙ НАВУМЧЫК | ||||
Сем гадоў Адраджэньня Фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995)
Пэрыяд апошняга Адраджэньня пасьпеў абрасьці гэткай колькасьцю мітаў, што прабрацца празь іх да ісьціны ўсё цяжэй. Афіцыйная прапаганда стварае свой стэрэатып, які найбольш яскрава ўвасобіўся ў тэлевізійным псэўдадакумэнтальным блёкбастэры: «Лукашэнка – бацька. У тым ліку – і беларускай Незалежнасьці». З другога боку – пэрыяд гэты і сапраўды найменш дасьледаваны, усё з той жа прычыны блізкасьці па часе і неўсьвядомленасьці яго гістарычнасьці. Патрэбу зрабіць храналёгію апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня я адчуў падчас працы над кнігай радыёпубліцыстыкі Васіля Быкава – мае маладзейшыя калегі прасілі патлумачыць нейкія выказваньні, бо палітычны кантэкст таго часу быў ім папросту не вядомы. Я са зьдзіўленьнем убачыў, што няма нейкага адзінага, больш-менш падрабязнага тэксту, прысьвечанага менавіта гэтаму пэрыяду. Давялося зьвяртацца да ўласнага архіву (з боскай дапамогай, жонка і сябры перавезьлі мне практычна ўсё, зьвязанае зь дзейнасьцю апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня – арыгіналы заяваў, варыянты законапраектаў, перапіску, пратаколы паседжаньняў, якія я мусіў весьці як каардынатар, і г. д. Гэта – некалькі кубамэтраў папераў плюс магнітафонныя і відэастужкі, сыстэматызацыя якіх набліжаецца да завяршэньня. Частка архіву Пазьняка засталася на Варвашэні, 8 – але ў канцы 1990-х на сядзібу БНФ былі напады міліцыі, і лёс архіву не вядомы ні Пазьняку, ні мне). У свой час Быкаў узяў зь мяне слова, што я напішу гісторыю апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня і змаганьня Беларускага Народнага Фронту; перачытваючы нядаўна перапіску, пабачыў згадкі пра гэта і ў ягоных лістах. Гэтае абяцаньне я выканаю, што, вядома, зойме некалькі гадоў. Але цяперашні тэкст – не мэмуары, хаця ў нечым ён зьяўляецца максымальна скарочаным іх канспэктам. Менш за ўсё мне хацелася зрабіць яго падобным да ўспамінаў, з апісаньнем сустрэчаў, перамоваў, цытаваньнем перапіскі й запісаў, ацэнкай асобаў ды камэнтарамі іх паводзінаў, нарэшце, прыгадваньнем уласных адчуваньняў. На жаль, у некаторых месцах не ўдалося; выглядае, удзельніку нейкіх падзеяў нерэальна цалкам абстрагавацца ад суб’ектыўнага погляду. Прашу прабачэньня ў чытачоў і суцяшаюся тым, што, магчыма, суб’ектывізм дапаможа крыху больш дакладна адчуць атмасфэру таго часу. Вядома, гэтая храналёгія няпоўная і фрагмэнтарная: у ёй ня згадваюцца некаторыя падзеі, якія хаця і былі яскравымі і цікавымі, аднак не адыгралі кардынальнай ролі ў працэсе нацыянальнага Адраджэньня.
У «Нарысе гісторыі Беларусі. 1795–2002» гісторык Захар Шыбека вылучае пяць пэрыядаў вызваленчай барацьбы беларусаў, дарэчы, дакладна і слушна характарызуючы яе памкненьнямі да незалежнасьці ад Расеі. Першы – «пад сьцягам аднаўленьня страчанай дзяржаўнасьці Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай» – цягнуўся да 80-х гадоў ХІХ стагодзьдзя. Другі быў зьвязаны з ідэяй «адміністрацыйна-культурнай аўтаноміі ў складзе Расейскай імпэрыі» (да 1915 году) і завяршыўся пазбаўленьнем ад царызму. Трэці пэрыяд Захар Шыбека вызначае межамі 1915–1945 гадоў і вылучае ў ім ідэю поўнай незалежнасьці Беларусі (што на кароткі час увасобілася ў БНР). Чацьверты пэрыяд (1950-я – 1980-я гады) гісторык акрэсьлівае як самы «змрочны», калі пра Незалежнасьць марылі адзінкі, а змаганьне за беларускую дэмакратыю перамясьцілася ў эміграцыю. Нарэшце апошні, пяты, пэрыяд пачаўся з гарбачоўскай лібэралізацыяй – гэта час «узнаўленьня і ажыцьцяўленьня незалежніцкіх ідэалаў у Беларусі». Як бачым, далёка не заўсёды барацьба мела посьпех і суправаджалася нацыянальным Адраджэньнем. Што бясспрэчна – найвышэйшым посьпехам такой барацьбы ёсьць абвяшчэньне дзяржаўнай Незалежнасьці. У азначаны час гэта было двойчы: у 1918 і ў 1991 гадах. На жаль, Беларуская Народная Рэспубліка была зьнішчаная маскоўскімі камуністамі і не пасьпела стварыць умоваў для разьвіцьця нацыі. А вось падзеі 1991 году былі адначасна і вынікам, і каталізатарам нацыянальнага Адраджэньня – і на сёньня мы можам казаць пра гэты працэс як пра апошняе па часе Адраджэньне Беларусі. І калі ў вызначэньні папярэдніх хваляў гісторыкі апэруюць тэрмінамі «плюс-мінус» год, а то і дзесяцігодзьдзе, дык апошняе Адраджэньне мы нават можам вылічыць па днях. Падаецца, што гэты пэрыяд вызначаны 1988 годам, калі ў чэрвені быў надрукаваны артыкул Пазьняка і Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці», а ў кастрычніку ўтвораны Аргкамітэт БНФ, – і працягваўся да лукашэнкаўскага рэфэрэндуму ў траўні 1995 году. Калі больш канкрэтна – з 3 чэрвеня 1988 году да 14 траўня 1995-га. Гэта – сем гадоў. Альбо 2537 дзён. Аб’яднаньні нацыянальнай накіраванасьці (нелегальныя альбо напаўлегальныя), якія сымпатызавалі ідэі беларускай незалежнасьці, існавалі і ў папярэднія дзесяцігодзьдзі. Прыгадаем Саюз беларускіх патрыётаў, групы маладых інтэлектуалаў 1960-х гадоў (Баразна, Пазьняк, Разанаў, Чарняўскі і інш.), «Майстроўню» (пачатак-сярэдзіна 1980-х), нарэшце, «Талаку» і «Тутэйшых». Пры бясспрэчным маральным і ідэалягічным значэньні гэтых арганізацыяў, іх ролі ў фармаваньні сьвядомасьці эліты, мастацкіх здабытках (як у выпадку з «Тутэйшымі») – яны ня мелі шырокага ўплыву на насельніцтва і ня выліліся ў масавы рух, які мог бы кардынальна ўзьдзейнічаць на палітычную сытуацыю. Тым ня менш, менавіта гэтыя суполкі (нароўні зь беларускай дыяспарай на чале з Радай БНР) увасаблялі ідэю неад’емнага права беларускага народу на сувэрэннае існаваньне, падрыхтавалі глебу для шырокага масавага руху і новай хвалі нацыянальнага Адраджэньня. Тактыка камуністычнага кіраўніцтва палягала ў тым, каб спыніць праявы нацыянальнай сьвядомасьці ў самым іх пачатку, жорстка караць тых, хто асьмеліцца стварыць якія-небудзь нацыянальныя апазыцыйныя арганізацыі (так было з актывістамі Саюзу беларускіх патрыётаў), а вакол іх ініцыятараў стварыць інфармацыйны вакуўм. Самым галоўным было не дапусьціць стварэньня сеткі агульнанацыянальнай арганізацыі. Гэткая рэпрэсіўная палітыка была даволі эфэктыўная. У выніку адсутнічалі некалькі чыньнікаў, якія не дазвалялі беларускім суполкам ды акцыям энтузіястаў пераўтварыцца ў масавы рух і распачаць Адраджэньне. Па-першае, яны былі лякальныя і ня мелі агульнанацыянальнага маштабу. Суполкі Саюзу беларускіх патрыётаў дзейнічалі ў Паставах і Глыбокім – але ў іншых, усходніх раёнах Віцебскай вобласьці структураў СБП не было. Яўген Кулік зьбіраў мастакоў «На паддашку» – але пераважна менскіх, а гомельскія ці берасьцейскія мастакі пра гэта маглі і ня ведаць. Выступ Разанава ўскалыхнуў філфак БДУ, але на філфаку Віцебскага пэдынстытуту, напрыклад, усё было «ціха». А вось у 1987 годзе нацыянальная моладзь аб’ядналася ў Вальны сойм моладзевых суполак – здавалася б, агульнанацыянальная (ці, як тады казалі, «рэспубліканская») арганізацыя, тым болей што адзін з талакоўцаў, Сяргей Абламейка, прыгадвае пра разьмеркаваньне адказных за вобласьці, – аднак інфармацыі пра гэта ў СМІ было няшмат (і гэта – у час росквіту гарбачоўскай «галоснасьці»). У 1974 годзе Зянон Пазьняк напісаў артыкул «Становішча ў Беларусі. 1974 год» пра сытуацыю, у якой апынулася нацыянальная інтэлігенцыя, але яго прачытала вузкае кола сяброў (што, праўда, не перашкодзіла ўладам выгнаць яго з працы). Гэтая палітыка замоўчваньня вытрымлівалася цьвёрда – у газэтах 1960-х – пачатку 1980-х гадоў вы ня знойдзеце ніякай (нават адмоўнай) інфармацыі пра ініцыятывы ні тых жа Пазьняка і Разанава, ні Анатоля Сідарэвіча, ні – пазьней – Вінцука Вячоркі ды Сяргея Дубаўца. Але вось артыкул Барыса Сачанкі, надрукаваны ў 1957 годзе з прапановай перавесьці ўсе школы на беларускую мову, здавалася б, мог разьлічваць на шырокі грамадзкі розгалас, бо выйшаў не «самвыдатам», а быў надрукаваны ў «ЛіМе». Але, як пацьвярджае Захар Шыбека, ініцыятары публікацыі і тыя, хто падтрымаў аўтара, імгненна трапілі пад рэпрэсіі КДБ, таму рэалізацыі ў нейкіх шырокіх грамадзкіх ініцыятывах артыкул ня меў. І ўсё ж вышэйсказанае ані ў якім разе не зьмяншае значнасьці такіх выступаў. Згадаю яшчэ ліст віцебскага настаўніка Франца Сіўка «Прашу вызваліць...» (аб нежаданьні бацькоў навучаць дзяцей на роднай мове) у «ЛіМе», які выклікаў гарачую дыскусію, і зварот прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі да генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова аб дыскрымінацыі беларускай мовы, – абодва ў 1986 годзе.
Але ў 1988 годзе адбылося тое, што (дзякуючы і больш спрыяльным і дэмакратычным абставінам, але і асабістай мужнасьці ініцыятара) мела вынікам шырокае аб’яднаньне грамадзтва вакол ідэі нацыянальнага адраджэньня і – гэта галоўнае – стварэньне палітычнай арганізацыі, якая дамаглася аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Менавіта такой падзеяй зьяўляецца публікацыя 3 чэрвеня 1988 году ў «ЛіМе» артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці» (артыкул увайшоў у гісторыю з падвоеным аўтарствам; насамрэч жа ад першага да апошняга слова пісаў яго адзін Пазьняк. Шмыгалёў удзельнічаў у апытаньнях людзей у навакольлі Курапатаў, і Пазьняк палічыў карэктным паставіць пад артыкулам і ягонае прозьвішча). Дасьледчыкі яшчэ прааналізуюць фэномэн той публікацыі ў грамадзкай сьвядомасьці беларусаў, мы ж адзначым некалькі істотных акалічнасьцяў. Пра сталінскія рэпрэсіі ў масавым савецкім друку пачалі пісаць недзе зь сярэдзіны 1986 году, і таму ў гэтым сэнсе публікацыя ў «ЛіМе», здавалася б, не магла лічыцца адкрыцьцём. У 1987 годзе «Тутэйшыя» нават правялі Дзяды з ушанаваньнем памяці рэпрэсаваных. З другога боку – у артыкуле ўжываюцца тэрміны «злачынствы 1930-х – 1950-х гадоў» (а не, напрыклад, з 1917-га), «сталінскія турмы і лягеры» (а не «бальшавіцкія»). Публікацыя стала магчымая дзякуючы прадмове Васіля Быкава, які піша пра «ахвяраў сталіншчыны» (а не камунізму), «яжоўска-берыеўскія рэпрэсіі» (а не камуністычныя). У гэтым сэнсе Салжаніцын у «Архіпэлягу ГУЛагу» ці Аляхновіч з «У капцюрох ГПУ» былі бліжэйшыя да ісьціны, бо канстатавалі рэпрэсіі як вынік і неад’емную частку ленінскай палітыкі і камуністычнай ідэалёгіі. Аднак кніга Аляхновіча, выдадзеная ў больш як дзесяці краінах, была не вядомая ў Беларусі, Салжаніцына таксама не друкавалі ў СССР. Па-другое, фраза кшталту «бальшавіцкія рэпрэсіі» зрабіла б публікацыю ў 1988 годзе немагчымай; зрэшты, ад таго, што рэпрэсіі былі названыя не «камуністычнымі», а «яжоўскімі» ці «сталінскімі», яны не рабіліся менш жахлівыя. Пазьняк упершыню сказаў іншае, і ў той момант значна больш важнае, чым, напрыклад, сьцьвярджэньне, што «Ленін – бандыт», калі б яго нейкім цудам і ўдалося апублікаваць. Па-першае, было даказана, што рэпрэсіі мелі не эпізадычны характар і тычыліся ня двух ці трох дзясяткаў чалавек – у Курапатах паляглі тысячы і тысячы. Па-другое, у маскоўскай ды менскай прэсе шмат пісалася пра «трагічныя лёсы» Бухарына ды Тухачэўскага (якія ў 1917–1918 самі і ўсталёўвалі крывавымі мэтадамі бальшавіцкі рэжым), ці пра камуністычных функцыянэраў Галадзеда ды Шаранговіча, ці пра пагібель прадстаўнікоў творчай ды навуковай эліты. У ЛіМаўскай жа публікацыі выразна паказана, што расстрэльвалі простых людзей, сялянаў – якраз тых, хто, паводле камуністычнай ідэалёгіі, кваліфікаваўся як «кляса» (інтэлігенцыя лічылася «праслойкай»). Расстрэльвалі народ. І, нарэшце, у артыкуле ўжыты тэрмін «генацыд». Гэта значыць – зьнішчэньне людзей паводле нацыянальнай прыкметы (цяпер ужо ня трэба даводзіць, што беларускае слова магло быць дастатковым аргумэнтам для рэпрэсіяў). Істотным быў і «эфэкт прысутнасьці»: злачынствы адбываліся не ў Сібіры ці на маскоўскай Лубянцы, а вось тут, побач (а шмат для якіх менчукоў – у месцы іх адпачынку). Аўтары настойліва зьвярталі ўвагу і на праблему пакараньня арганізатараў і выканаўцаў расстрэлаў, пакараньня бяз тэрміну даўніны – а менавіта вэтэраны НКВД–КГБ складалі ў той час даволі забясьпечаную і палітычна актыўную касту. Ніводнага з гэтых кампанэнтаў не было ў ранейшых маскоўскіх ці менскіх публікацыях – у ЛіМаўскім артыкуле ж яны прысутнічалі супольна. У тыя часы я працаваў у абласной газэце «Віцебскі рабочы», уваходзіў у склад клюбу «Ўзгор’е», падтрымліваў кантакты зь менскімі актывістамі нефармальнага, як тады казалі, руху. Словам, быў чалавекам адносна інфармаваным, але шмат якія акцыі «Талакі» ці «Тутэйшых» былі невядомыя нават мне. Артыкул жа «Курапаты – дарога сьмерці» зрабіўся публікацыяй, эфэкт ад якой не магу параўнаць з вынікам ніякага іншага артыкулу. Тэкст імгненна быў перадрукаваны на ратапрынтах, яго чыталі на заводах, у інстытутах, яго абмяркоўвалі – я сьведчу пра правінцыйны Віцебск, у Менску ж розгалас, зразумела, быў куды большы.
«МАРТЫРАЛЁГ» І АРГКАМІТЭТ БНФ Вынікам публікацыі і шырокага яе розгаласу было ініцыяваньне стварэньня арганізацыі памяці ахвяраў рэпрэсіяў. Сход адбыўся 19 кастрычніка 1988 году ў будынку Дому кіно (цяпер Чырвоны касьцёл). Мы зьбіраліся туды, як было пазначана ў запрашэньнях, для ўтварэньня «Беларускага камітэту памяці ахвяраў сталінізму «Камітэт-58» (паводле назову рэпрэсіўнага артыкулу Крымінальнага кодэксу). Асабіста я атрымаў запрашэньне ад Аляксандра Лукашука, кабінэт якога ў рэдакцыі «Звязды» быў адным зь месцаў збору ініцыятараў Камітэту памяці ахвяраў сталінізму (здаецца, там я ўпершыню і пабачыў Пазьняка. Потым гэткая актыўнасьць каштавала Лукашуку рэдакцыйнай пасады). Колькі чалавек ведала пра тое, што будзе ўтвораны аргкамітэт Народнага Фронту? Дакладна ведалі Пазьняк, Дубянецкі, Быкаў і яшчэ адна асоба. У ліку тых, хто ведаў пра такую ініцыятыву, Пазьняк не называе, напрыклад, Сяргея Дубаўца. Але калі мы зь Сяргеем ішлі ў Дом кіно, Сяргей выпытваў, як бы я паставіўся да ідэі ўтварэньня Народнага Фронту. А першае, што я пачуў ад Арлова, якога спаткаў у Доме кіно перад паседжаньнем, было: «Ну ты ведаеш, што будзем ствараць Народны Фронт?» Для мяне гэта было навіной, хаця ідэя такой арганізацыі аднойчы абмяркоўвалася намі з Уладзімерам Арловым яшчэ ў ягонай наваполацкай кватэры. Усё гэта сьведчыць, што калі і ня ведалі, дык здагадваліся – словам, ідэя, як кажуць, «вісела ў паветры». Спачатку было ўтворана Беларускае гісторыка-асьветніцкае таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі». Ад таго, хто будзе абраны старшынём, залежала далейшая праца сходу, а менавіта: ці ён прапануе людзям разыходзіцца, ці паставіць на галасаваньне стварэньне Народнага Фронту, да чаго ўжо заклікалі прамоўцы. Васіль Быкаў прапанаваў Пазьняка – гэтаму запярэчыў прадстаўнік ЦК КПБ Расьціслаў Бузук, які паспрабаваў сарваць сход. Аднак Быкаў узяў мікрафон і правёў галасаваньне. Пазьняк быў абраны, і празь некалькі хвілінаў пад воплескі залі выставіў на галасаваньне прапанову аб утварэньні Аргкамітэту Народнага Фронту. У склад Аргкамітэту ўвайшлі Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Анатоль Грыцкевіч, Уладзімер Конан, Зянон Пазьняк, Пімен Панчанка, Алег Белавусаў, Алесь Бяляцкі, Анатоль Варава, Вінцук Вячорка, Ніл Гілевіч, Павал Дзьмітрук, Юры Дракахруст, Міхал Дубянецкі, Алесь Емяльянаў, Вячаслаў Жыбуль, Яўген Кулік, Мікола Купава, Адам Мальдзіс, Аляксей Марачкін, Валеры Масьлюк, Пятро Садоўскі, Алесь Суша, Сымон Сьвістуновіч, Кастусь Тарасаў, Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Генадзь Тумаш, Ігар Чарняўскі, Міхась Чарняўскі, Яўген Шунейка, Васіль Якавенка (даю пералік у пасьлядоўнасьці, пададзенай у «Інфармацыйным паведамленьні» Аргкамітэту, якое выйшла празь некалькі дзён; пазьней у склад Аргкамітэту былі кааптаваныя некаторыя іншыя асобы, а некаторыя – сышлі). Ужо ў першай праграмнай заяве – нароўні з падтрымкай «перабудовы», «распачатай лепшымі сіламі КПСС» – казалася пра неабходнасьць нацыянальнага Адраджэньня, дзяржаўнасьці беларускай мовы, «рэальнага сувэрэнітэту Беларусі, абвешчанага Канстытуцыяй БССР і СССР». БНФ выступаў за «аднаўленьне праўдзівай, навуковай гісторыі Беларусі», «усебаковае разьвіцьцё культуры беларускага народу» і «свабоднае разьвіцьцё моваў і культураў усіх нацыянальнасьцяў, што жывуць на Беларусі». Гаварылася і пра «поўны рэспубліканскі гаспадарчы разьлік» (у тых умовах гэта азначала – эканамічную самастойнасьць ад Масквы). На Дзяды 30 кастрычніка тысячы менчукоў сабраліся ля Маскоўскіх могілак (цяпер – Усходнія). Вось як піша пра тыя падзеі па-біблійнаму ляканічна Васіль Быкаў у «Доўгай дарозе дадому»: «Людзей пачалі разганяць, біць, арыштоўваць, труціць газам з партатыўных балёнчыкаў. Атруцілі і Пазьняка, які ішоў на чале калёны. Але Пазьняк не саступіў. Ён скіраваў натоўп на ўскраіну і павёў да Курапатаў. Аднак і там шлях калёне перагарадзілі войскі. Тады Пазьняк завярнуў усіх у поле. І ў чыстым полі пад сьняжком, які сыпаў з хмарнага неба, адбылося набажэнства. Угары разьвяваўся бел-чырвона-белы сьцяг, выступалі прамоўцы і сярод іх пісьменьнік Уладзімер Арлоў». Дадам, што там, пад Курапатамі, упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі перад вялікім сходам людзей быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Разгон «Дзядоў» меў шырокі розгалас. Апраўдваючыся, улады былі вымушаныя казаць і пра ўтварэньне БНФ – хай і ў адмоўным ракурсе. Суполкі БНФ пачалі стварацца ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Пашыраліся патрабаваньні беларусізацыі, вяртаньня гістарычнай памяці. 16 лістапада група літаратараў (Уладзімер Арлоў, Алесь Асташонак, Лявон Баршчэўскі і іншыя) апублікавалі ў «ЛіМе» ліст з патрабаваньнем вярнуць у правапіс мяккі знак і пераднаціскное «я», адначасна ацаніўшы моўную рэформу 1933 году як «рэпрэсіўную».
Увогуле, пэрыяд да вясны 1990 году, калі нацыянальныя сілы атрымалі прадстаўніцтва ў заканадаўчым органе, быў пэрыядам іх ідэалягічнага змаганьня з рэакцыйным, цалкам арыентаваным на Маскву, камуністычным кіраўніцтвам БССР. І тут, на пачатку хвалі нацыянальнага Адраджэньня, вельмі важную ролю мела пазыцыя камуністычнага кіраўніцтва Беларусі. Тое, што дэмакратычныя перамены вышэйшае кіраўніцтва ўспрымала як пагрозу ўласнаму становішчу, яшчэ можна зразумець. Гэта палітычная барацьба, і адбывалася яна і ў суседніх зь Беларусьсю Латвіі, Літве, а таксама ў Эстоніі. Але літоўскія, напрыклад, камуністы не аспрэчвалі нацыянальных каштоўнасьцяў, спрыялі разьвіцьцю літоўскай мовы, культуры і адукацыі. Нельга ўявіць, каб, напрыклад, кіраўніцтва кампартыі Літвы загадала зруйнаваць Троцкі замак альбо віленскую вежу Гедыміна. А вось у Менску Машэраў загадаў зруйнаваць Нямігу, Сьлюнькоў – знакавы для беларускай тэатральнай гісторыі будынак, у Віцебску быў зьнішчаны ледзь ня ўвесь гістарычны цэнтар, у тым ліку Дабравешчанская царква ХІІ стагодзьдзя. Падобнае было не магчыма ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Эстоніі – затое спрэс адбывалася ў Расеі. Беларускія камуністы перанялі гэтую мэнтальнасьць з усходу. Адрозьненьне паміж беларускім камуністычным кіраўніцтвам і іх літоўскімі калегамі выяўляецца нават у тым, што менавіта дзякуючы распараджэньню ЦК кампартыі Літвы ў Вільні змог адбыцца ўстаноўчы зьезд БНФ – пасьля таго, як у Менску яго праводзіць было забаронена. Ня мною было заўважана, што ў канцы 1980-х гадоў у эшалёне вышэйшага кіраўніцтва былі толькі два сакратары, беларускія па сьвядомасьці – Менскага гаркаму Пятро Краўчанка і Віцебскага абкаму Ёсіф Навумчык. Тут, вядома, трэба зрабіць папраўку адносна абмежаванасьці іх нацыянальнай сьвядомасьці – гаворка ня можа ісьці, напрыклад, пра ўсьведамленьне імі ў той момант неабходнасьці нацыянальнай Незалежнасьці; да таго ж яны былі носьбітамі камуністычнай ідэалёгіі. Праўда, яны хаця б не цураліся публічна размаўляць па-беларуску. Аднак іх уплыў быў тэрытарыяльна абмежаваны. Кіраўніцтва ж ЦК было папросту антынацыянальнае, што асабліва выявілася пасьля высылкі другога сакратара ЦК Генадзя Барташэвіча, які сымпатызаваў нацыянальнай інтэлігенцыі, амбасадарам Савецкага Саюзу ў Паўночную Карэю. Так, быў у складзе ЦК КПБ Генадзь Бураўкін, але менавіта як старшыня Дзяржтэлерадыё; у аддзеле культуры ЦК нейкі час працаваў Сяргей Законьнікаў, але ў канцы 1980-х ён ужо быў рэдактарам «Полымя». Зусім магчыма, што калі б на пасадзе сакратара ЦК КПБ па ідэалёгіі заставаўся Аляксандар Кузьмін, які спрыяў і Васілю Быкаву, і Ўладзімеру Караткевічу, які не баяўся сустракацца з творчай інтэлігенцыяй і не пазьбягаў дыскусіяў, настроі кіраўніцтва ў Беларусі ў канцы 1980-х гадоў не былі б нагэтулькі рэакцыйныя. Аднак пасьля канфлікту са Сьлюньковым з прычыны Чарнобылю Кузьміна адправілі на пэнсію, а ягонае месца заняў Валер Пячэньнікаў – як ён сам сябе вызначаў, «інжынэр». Прыход жа першым сакратаром ЦК Яфрэма Сакалова, які атрымаў зорку Героя сацпрацы за будаўніцтва экалягічна шкодных сьвінакомплексаў, канчаткова зрабіў немагчымым дыялёг партыйнага камуністычнага кіраўніцтва з нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыяй і, у далейшым, з кіраўніцтвам Народнага Фронту. ЦК КПБ абраў тактыку забаронаў і паклёпу. Увесну 1989 году актывісты БНФ узялі ўдзел у першых адносна свабодных выбарах на тэрыторыі СССР. Практычна ўсе лідэры Народнага Фронту былі вылучаныя «кандыдатамі ў кандыдаты» ў народныя дэпутаты СССР. Аднак дзеля таго, каб патрапіць у выбарчы бюлетэнь, трэба было прайсьці зацьвярджэньне праз так званыя «акруговыя сходы» (300–400 прадстаўнікоў «працоўных калектываў», якія фармаваліся камуністычнымі органамі). Ніводзін зь лідэраў БНФ праз гэтыя сходы не прайшоў (напрыклад, я быў вылучаны шасьцю працоўнымі калектывамі Віцебску, у тым ліку найбуйнейшага прадпрыемства ў горадзе – тэлезаводу, але гэта ня мела ніякага значэньня). Паводле квоты Саюзу пісьменьнікаў дэпутатам стаў Васіль Быкаў, ад Саюзу кінэматаграфістаў – Алесь Адамовіч. Акрамя таго, па шэрагу сталічных акруг пры падтрымцы БНФ былі абраныя Аляксандар Дабравольскі, Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Ігнатовіч і некаторыя іншыя. Трэба адзначыць, што ў Менску падтрымка БНФ мела вызначальную ролю: тыя, супраць каго агітаваў Фронт, абраныя не былі. Маскоўскія зьезды ішлі ў прамой трансьляцыі і прыцягвалі да сябе вялізную ўвагу. Аднак адсутнасьць у складзе беларускай дэлегацыі колькі-небудзь значнай групы палітыкаў з выразна нацыянальнай арыентацыяй не дазволіла вынесьці на шырокае абмеркаваньне пытаньня аб незалежнасьці – як тое было зроблена дэпутатамі з прыбалтыйскіх краінаў. Падкрэсьліваю гэтую акалічнасьць, бо, напрыклад, прысутнасьць Быкава на зьезьдзе ва ўмовах, калі шлях на трыбуну жорстка кантраляваўся, у гэтым сэнсе ня мела істотнага значэньня – літоўцы ці эстонцы бралі якраз масавымі калектыўнымі дэмаршамі (напрыклад, пакіданьнем залі). Зрэшты, і прыбалты даволі хутка пераканаліся, што Крэмль – ня тое месца, дзе будуць спакойна выслухоўваць пра дзяржаўны сувэрэнітэт. Увесь 1989 год быў для БНФ часам нацыянальнай і антыкамуністычнай агітацыі. Распачаўся год другім Вальным соймам беларускіх суполак, які прайшоў 14–15 студзеня ў Вільні; абмяркоўваліся аспэкты сувэрэнітэту, дзяржаўнасьці мовы, а таксама «рэспубліканскага грамадзянства» (існавала толькі грамадзянства СССР). 25 сакавіка мастак Алесь Пушкін правёў пэрформанс ля Дому друку, прымеркаваны да гадавіны ўтварэньня БНР. Гэтая акцыя каштавала яму суду і зласьлівых артыкулаў – зь якіх, аднак, шмат хто ўпершыню даведаўся пра БНР. 26 красавіка, у гадавіну Чарнобылю, Аргкамітэт БНФ правёў гадзінны мітынг на плошчы Леніна – некалькі соцень людзей стаялі моўчкі; праз кожныя пяць хвілінаў біў звон. Найважнейшай падзеяй стаўся арганізаваны БНФ у верасьні шматтысячны мітынг з патрабаваньнем абнародаваньня праўды пра Чарнобыль, пакараньня вінаватых у замоўчваньні вынікаў аварыі ды ліквідацыі яе наступстваў. Афіцыйны друк зьмясьціў скажоную інфармацыю, абвінаваціўшы лідэраў БНФ у «палітыканстве». І ўсё ж, дзякуючы намаганьням БНФ, маскоўскае і менскае кіраўніцтва вымушанае было пачаць казаць праўду пра Чарнобыль. Жыхары Беларусі ўбачылі хлусьню маскоўскіх чыноўнікаў, іх імкненьне пазьбегнуць адказнасьці і нежаданьне рэальна дапамагаць ахвярам Чарнобылю. Гэта спарадзіла шмат у каго першыя сумневы ў здольнасьці «саюзнага цэнтру» вырашыць праблемы, зьвязаныя з жыцьцём іх і іхных блізкіх.
26 студзеня 1990 году, перад спыненьнем сваіх паўнамоцтваў, Вярхоўны Савет 11-га скліканьня прыняў Закон аб мовах. Гэта было зроблена ў адказ на патрабаваньні грамадзкасьці – так, пры абмеркаваньні праекту ў друку 15 тысяч чалавек выказаліся за наданьне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы. За месяц да прыняцьця закону такі статус быў вымушаны прызнаць і ЦК КПБ на сваім пленуме, імкнучыся перахапіць ініцыятыву БНФ, які патрабаваньне гарантыяў беларускай мове зрабіў адным з галоўных сваіх праграмных палажэньняў. Аднак грамадзкія настроі маглі б быць і ня ўлічаныя, як здарылася гэта на некалькі тыдняў раней з новым выбарчым законам, калі б у камісіі і непасрэдна на сэсіі ВС у абарону дзяржаўнасьці беларускай мовы ня выступілі дэпутаты Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін, віцэ-прэм’ер Ніна Мазай, міністар адукацыі Міхаіл Дзямчук і сакратар менскага гаркаму кампартыі Пятро Краўчанка. Сярод дэпутатаў былі актыўныя праціўнікі закону, найперш зь ліку прамысловай намэнклятуры. Аднак гэта быў той самы выпадак, калі шматгадовая звычка галасаваць, як загадвае партыйнае начальства, спрацавала не на шкоду, а на карысьць нацыі. Падаецца, што прыняцьце Закону аб мовах было самым станоўчым крокам за ўсе часы існаваньня адзінаццаці кадэнцыяў беларускага Вярхоўнага Савету, пасьля далучэньня ў 1939 годзе Заходняй Беларусі (зрэшты, апошняе было шмат у чым і вынікам сталінскага геапалітычнага раскладу; у дачыненьні да Вільні расклад Крамля быў іншы). Васіль Быкаў ацаніў закон як палавіністы, і гэта слушная ацэнка – але нават калі б улады выконвалі хаця б тое, што прадугледжваў закон, мова не апынулася б пад пагрозай зьнішчэньня. Прыняўшы Закон аб мовах, кіраўніцтва кампартыі, тым ня менш, імгненна пачало распаўсюджваць тэзу, што нібыта БНФ заклапочаны толькі лёсам беларускай мовы, а не эканомікай, не жаданьнем «накарміць народ». Гэтае сьцьверджаньне хутка пераўтварылася ва ўстойлівы стэрэатып, які суправаджаў парлямэнцкія выбары. Выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня, які складаўся з 360 мандатаў, прайшлі ўвесну 1990 году. Яшчэ ўвосень 1989 году падчас прыняцьця новага Закону аб выбарах Вярхоўны Савет пад ціскам грамадзкасьці вырашыў ня ўводзіць гарантаванага прадстаўніцтва ад кампартыі і камсамолу (100 прадстаўнікоў ад КПСС на зьезьдзе народных дэпутатаў СССР у народзе называлі «чорнай сотняй»). Аднак 50 дэпутатаў вылучаліся ад грамадзкіх арганізацыяў, а менавіта: пракамуністычнай вэтэранскай арганізацыі, а таксама таварыстваў сьляпых, глухіх і інвалідаў. (Зрэшты, некалькі дэпутатаў ад гэтых таварыстваў будуць падтрымліваць некаторыя прапановы БНФ; аднак большасьць, асабліва вэтэраны ў поўным складзе, выступяць выключна з пракамуністычных і праімпэрскіх пазыцыяў. Наяўнасьць гэтых дэпутатаў фатальна паўплывае на балянс сілаў у парлямэнце.) На выбары дэмакратычныя сілы ішлі адзіным блёкам, у складзе БНФ, ТБМ, Беларускага экалягічнага саюзу, Беларускага сялянскага саюзу і Саюзу каапэратываў Беларусі. Шмат у чым выбарчая кампанія 1990 году ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня (люты–сакавік 1990 году) перадвызначыла будучыню Беларусі, паколькі менавіта гэтаму Вярхоўнаму Савету давялося аднаўляць незалежнасьць і ствараць дзяржаўныя інстытуцыі. Калі б дэпутатаў БНФ было болей, лёс краіны мог бы быць зусім іншы. Таму тыя выбары калі-небудзь будуць прадметам глыбокага аналізу. Пакуль жа адзначу, што кіраўніцтва ЦК КПБ на чале зь Яфрэмам Сакаловым і падкантрольны яму тагачасны Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету на чале зь Мікалаем Дземянцеем стварылі надзвычай неспрыяльныя ўмовы для дэмакратычных кандыдатаў. Па-першае, Народнаму Фронту было адмоўлена ў рэгістрацыі, і, адпаведна, ён ня мог вылучаць сваіх кандыдатаў. Выйсьце было знойдзена – вылучэньне фронтаўцаў праходзіла пераважна праз Таварыства беларускай мовы. Аднак гэтая арганізацыя знаходзілася пад кантролем кампартыі (у Менску яе курыраваў другі сакратар гаркаму Пятро Краўчанка, і адбыліся далёка ня ўсе заплянаваныя вылучэньні). Але не былі зарэгістраваныя і некаторыя кандыдаты Фронту, якія вылучаліся працоўнымі калектывамі (напрыклад, адзін з кіраўнікоў выбарчага штабу БНФ Віктар Івашкевіч). Па-другое, парушаўся прынцып «роўных магчымасьцяў», нібыта гарантаваных законам. Аглядальнік «ЛіМу» Андрэй Ганчароў у тыя дні слушна назваў такую палітыку «дыскрымінацыйнай». Кожнаму кандыдату на агітацыю было выдаткавана 50 рублёў; перавышэньне пагражала скасаваньнем рэгістрацыі. Пры гэтым фармальна кандыдаты мелі «роўную» магчымасьць праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах. Аднак кандыдатам ад БНФ патрапіць на завод ці ў НДІ было значна цяжэй; чыноўнікі ж лёгка праходзілі куды заўгодна. Да прыкладу, кандыдат у дэпутаты па адной зь віцебскіх акруг, начальнік абласнога ўпраўленьня міліцыі Мечыслаў Грыб наведваў заводы, студэнцкія аўдыторыі, бацькоўскія сходы ў школах – каб праінфармаваць пра барацьбу са злачыннасьцю. Ягоны канкурэнт ад БНФ, кіраўнік клюбу «Ўзгор’е» археоляг Ігар Цішкін такой магчымасьці ня меў. Трэцяе і, бадай што, галоўнае. Уся прапагандысцкая машына (тэлебачаньне, радыё, друк) знаходзілася пад кантролем улады і працавала супраць БНФ. Дэмакратычныя кандыдаты мелі некалькі хвілінаў на мясцовым тэлебачаньні і маглі надрукаваць свае праграмы ў мясцовых газэтах. Аднак кіраўніцтва Народнага Фронту было пазбаўленае магчымасьці выступіць па агульнанацыянальным тэлебачаньні з тлумачэньнем праграмных палажэньняў БНФ ды абвергнуць інсынуацыі, якія штодня перадаваліся ў СМІ. Тым часам, кіраўніцтва КПБ свабодна праводзіла агітацыю ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Праўда, аднойчы гэтае правіла было парушана – 25 лютага на плошчы Леніна БНФ арганізаваў мітынг пратэсту супраць проціпраўнай дзейнасьці Цэнтральнай выбарчай камісіі. Сабралося каля ста тысяч чалавек. Упершыню Менск бачыў такі масавы выступ, і ўпершыню на ім адбылася публічная дыскусія паміж БНФ і кіраўніцтвам КПБ, а менавіта – паміж лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком і першым сакратаром ЦК КПБ Яфрэмам Сакаловым (выступ апошняга пачаўся пад воклічы «Шапку здымі! Перад народам гаворыш!», а скончыўся скандаваньнем плошчы «Ў адстаўку!»). Мітынг запатрабаваў тэрміновай адстаўкі кіраўніцтва БССР, была прынятая рэзалюцыя з патрабаваньнем ад Дзяржтэлерадыё часу ў жывым тэлеэтэры арганізатарам мітынгу. Статысячная калёна рушыла па Ленінскім праспэкце да тэлецэнтру на вуліцы Камуністычнай. У 18 гадзінаў у жывой тэлетрансьляцыі выступілі Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка і Аляксей Марачкін. Пасьля іх выступу сорак хвілінаў на тэлеэкранах была нерухомая застаўка; затым зьявіліся першы сакратар ЦК Сакалоў, старшыня Прэзыдыюму ВС Дземянцей, міністар юстыцыі Валер Ціхіня, сакратар ЦВК Лагір і некаторыя іншыя кіраўнікі, якія абрынуліся з абвінавачаньнямі на БНФ, а статысячны мітынг назвалі «натоўпам экстрэмістаў». Ужо ў першым туры выбараў 4 сакавіка дэпутатамі ВС былі абраны Зянон Пазьняк, кіраўнік камітэту БНФ «Дзецям Чарнобылю» Генадзь Грушавы, рэдактар «ЛіМу» Анатоль Вярцінскі, прарэктар БДУ Станіслаў Шушкевіч, а таксама некаторыя іншыя асобы, якіх падтрымліваў БНФ (у тым ліку і аўтар гэтых радкоў) – за нас было пададзена больш як 50 адсоткаў галасоў выбарцаў (гэта былі вымушаныя прызнаць і выбарчыя камісіі; у маёй акрузе на ўчастках, дзе былі назіральнікі, колькасьць галасоў перавышала і 60 адсоткаў, але на двух участках, дзе назіральнікаў не было – не дасягала 50-ці; там, дзе мы не кантралявалі сытуацыю, адбыліся фальсыфікацыі). Іншыя кандыдаты ад БНФ (у тым ліку Юры Хадыка, Вінцук Вячорка, Міхась Ткачоў, Сяргей Законьнікаў, Аляксей Марачкін, Кастусь Тарасаў) прайшлі ў другі тур. Усе яны мелі шанцы быць абранымі ў Вярхоўны Савет. 11 сакавіка Літва абвясьціла незалежнасьць. У Беларусі камуністычная ўлада скарыстала гэты факт дзеля антыфронтаўскай прапаганды – маўляў, «экстрэмісты з БНФ хочуць, на прыклад сваіх паплечнікаў зь літоўскага «Саюдзісу», разваліць СССР, а гэта прывядзе да крыві, паглядзіце, што адбываецца ў Баку». Чаго БНФ жадае насамрэч, якімі шляхамі будзе гэтага дамагацца – сказаць пра гэта фронтаўцы ня мелі магчымасьці; тэле- і радыёэтэр кандыдатам БНФ пасьля першага туру практычна не даваўся. Не ўдалося абвергнуць і паклёпніцкіх артыкулаў у газэтах пра кандыдатаў БНФ. У другім туры 18 сакавіка ўсё ж прайшлі ў Вярхоўны Савет Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Валянцін Голубеў, Сяргей Папкоў, Пятро Садоўскі ды некаторыя іншыя прадстаўнікі БНФ. Аднак пераважную большасьць дэпутацкіх месцаў (каля 90 адсоткаў) узялі прадстаўнікі камуністычнай намэнклятуры. І ўсё ж бясспрэчна, што менавіта абраньне кандыдатаў ад БНФ дэпутатамі Вярхоўнага Савету зрабілася галоўным вынікам папярэдняга пэрыяду.
15 траўня 1990 году распачала працу першая сэсія Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі нацыянальная палітычная сіла атрымала прадстаўніцтва ў вышэйшым заканадаўчым органе ўлады. Цяпер ёсьць спробы прынізіць ролю БНФ і яго дэпутатаў; некаторыя дапісаліся да таго, што вынікі дзейнасьці Народнага Фронту (аднаўленьне незалежнасьці ў 1991 годзе, беларусізацыю) называюць «квазіпосьпехам». Парадаксальна, што асобы, якіх я ніколі ня бачыў ні на адным зь мітынгаў, ні на Соймах БНФ, ні на паседжаньнях парлямэнцкай апазыцыі БНФ ці яе ценявога кабінэту – прыпісваюць сабе паплечніцтва з Пазьняком; а некаторыя ідуць далей і ўвогуле заяўляюць, што Пазьняк і БНФ нічога ня значылі. Псыхалягічна падобныя заявы асобаў, якія, адчуўшы прафэсійнае фіяска, жадаюць хоць вось так упісаць сябе ў гісторыю, зразумелыя. Але гэта ўжо сфэра псыхалёгіі. А з гледзішча паліталёгіі і гістарычнай навукі ўсё проста. Ёсьць выпадкі – і ў гісторыі іх багата, – калі нацыя здабывае незалежнасьць вайной, баявымі дзеяньнямі. У такім разе цэнтрам робіцца ваенны ці партызанскі штаб, аргумэнтам змаганьня выступае зброя, а посьпех залежыць ад тых людзей у форме, якія выпрацоўваюць плян апэрацыі (зрэшты, і ад байцоў-выканаўцаў таксама). Там, дзе сувэрэнітэт дасягнуты мірным, заканадаўчым шляхам, дзе выкарыстоўваюцца палітычныя мэханізмы, цэнтрам змаганьня робіцца парлямэнт, а вызначальная роля адведзеная тым парлямэнцкім фракцыям (альбо фракцыі), якія вылучылі дасягненьне сувэрэнітэту як галоўную палітычную мэту. У канцы ХХ стагодзьдзя гэтая роля прыпала на парлямэнцкую фракцыю БНФ на чале з Пазьняком. Гэтыя палітыкі ды іх лідэр могуць падабацца альбо не падабацца, іх дзеяньні могуць і павінны аналізавацца, але гісторыю не перапішаш і іншыя імёны ў яе не падставіш. Між іншым, цэнтрам палітычнага змаганьня за незалежнасьць фракцыя БНФ зрабілася не адразу – даволі працяглы час рашэньні прымалі не дэпутаты, а сябры Сойму БНФ; пры гэтым далёка ня ўсе дэпутаты былі сябрамі Сойму. Даволі працяглы час менавіта Сойм быў месцам выпрацоўкі палітычных рашэньняў, дэпутацкая фракцыя ж выступала ў ролі выканаўцаў. Магчыма, такое разьмеркаваньне мела сэнс: сябры Сойму мелі большы палітычны досьвед, асабліва ў параўнаньні з дэпутатамі з правінцыі, да таго ж там было шмат асобаў з даўняй «нацыянальнай» біяграфіяй. Аднак ужо праз год сытуацыя кардынальна зьмянілася: парлямэнцкі досьвед вывеў на ролю палітычнага цэнтру менавіта дэпутацкую апазыцыю. Ужо на другі дзень сэсіі большасьць дэпутатаў адмовілася прагаласаваць за рэгістрацыю БНФ (супраць выказаліся 150 дэпутатаў – пераважна сакратары камуністычных камітэтаў, вайскоўцы, дэпутаты ад вэтэранскай арганізацыі). Гэта быў адзін зь першых парадоксаў Вярхоўнага Савету: прадстаўнікі палітычнай партыі былі абраныя ў парлямэнт, а самой партыі юрыдычна не існавала, больш за тое – парлямэнт адмаўляў ёй у праве на існаваньне. Былі і іншыя парадоксы. Беларусь была адзінай постсавецкай краінай, дзе найвышэйшы заканадаўчы орган фактычна кантраляваўся тымі, хто адмаўляў незалежнае існаваньне краіны і дзяржаўнасьць мовы тытульнай нацыі. Арыентацыя абсалютнай большасьці дэпутатаў ВС ад першага да апошняга дня кадэнцыі 12-га скліканьня была накіраваная на Маскву – спачатку як на сталіцу СССР, потым – «братэрскай» Расеі. Другая парадаксальная адметнасьць – дэпутаты ў большасьці не адчувалі сябе палітыкамі, успрымаючы наяўнасьць мандату выключна як спосаб ці то зрабіць уласную кар’еру ў выканаўчых структурах, ці наладзіць уласны бізнэс, ці, у лепшым разе, «выбіць» для калгасу, саўгасу ці заводу нейкія матэрыяльныя рэсурсы. «Я ўвогуле да мікрафона не імкнуўся выходзіць... увогуле два разы выступаў ад мікрафона: калі ішлі перавыбары сьпікера і яшчэ да таго, у гадавіну Віскулёў. Я сказаў тады, што Віскулі – яшчэ большы ўдар па Беларусі, чым Чарнобыль», – прыгадвае сваё дэпутацтва ў ВС 12-га скліканьня былы першы сакратар Магілёўскага абкаму партыі і архітэктар праекту «Адзіны кандыдат-2001» Васіль Лявонаў (Работа над ошибками. Смоленск. 2003. с. 45). Зьвернем увагу не на ўспрыманьне дасягненьня незалежнасьці як катастрофы, а на стаўленьне да парлямэнцкай дзейнасьці, найвайжнейшай часткай якой ёсьць дыскусія. Наагул, дыскусію прадстаўнікі партнамэнклятуры весьці ня ўмелі (за выключэньнем хіба што Краўчанкі, якога адразу ж прызначылі міністрам замежных справаў). Словы «сувэрэнітэт» ці «геапалітыка» гучалі для іх, як незнаёмыя тэрміны. Яны не былі палітыкамі і нават уявіць не маглі, што ім трэба займацца палітыкай. «Займацца палітыкай» – гучала як крамола. Гэта была прэрагатыва Палітбюро ЦК КПСС, ну, магчыма, першага сакратара ЦК КПБ, а дэпутатаў народ абраў – «зрабіць жыцьцё лепей»: то бок асфальтаваць вуліцы ў горадзе, дапамагаць калгасу здабываць камбікорм і гэтак далей. Яны проста «ціснулі на кнопкі» паводле ўказаньняў з ЦК КПБ, а пасьля 1991 году з Саўміну – і бралі большасьцю. Наўрад ці можна назваць самастойнымі палітыкамі і дэпутатаў, якія пасьля забароны КПБ-КПСС утварылі групу «Беларусь» – Казлова, Паўлава, Скарыніна. З аднаго боку, вось яны якраз пралічвалі дзеяньні з д’ябальскай дакладнасьцю, прымушаючы парлямэнцкую большасьць прымаць рашэньні, адно за адным, у інтарэсах Масквы. Яны ў значнай ступені і прывялі да падпісаньня Дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД і да ўвядзеньня прэзыдэнцтва (апошняе – ужо разам з Лукашэнкам, «маладымі ваўкамі» і групай Карпенкі). Аднак потым гэтыя дэпутаты падазрона хутка абсалютна сышлі з палітычнай арэны, што нельга патлумачыць, напрыклад, паразай на выбарах Кебіча ці непераабраньнем дэпутатамі (не сышлі ж з арэны Пазьняк альбо Баршчэўскі). За выключэньнем, бадай што, Валер’я Паўлава, які ў ВС прайшоў шлях ад падпалкоўніка да генэрала, а цяпер у Маскве, выступае ў друку супраць Лукашэнкі, за дэмакратычную Беларусь, але – падкрэсьлена – без нацыяналіста Пазьняка і навязваньня беларускай мовы. Фразы кшталту «геапалітычная сытуацыя», «абарона нацыянальных інтарэсаў» імі не ўспрымаліся. Аднак гэтыя дэпутаты паслухмяна галасавалі, калі ішоў загад ад прадстаўнікоў Савету Міністраў у парлямэнце, а пазьней аб’ядналіся ў групу «Беларусь», якая хутка набыла прыкметы фракцыі (хай і ня ў той ступені, як апазыцыя БНФ) – са сваім кіраўніцтвам і з парлямэнцкай дысцыплінай. Толькі некалькі разоў парлямэнцкая большасьць прагаласавала радыкальна на карысьць сувэрэнітэту і дэмакратызацыі грамадзтва – калі на плошчы Незалежнасьці знаходзіліся дзясяткі тысяч людзей (жнівень 1991-га). У траўні 1990-га «Дэмакратычная плынь» вылучыла сваіх прадстаўнікоў на пасады старшыняў камісіяў ВС. Гэтыя пасады былі істотныя, паколькі старшыні камісіяў аўтаматычна ўваходзілі ў склад Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету – органу, якому на бліжэйшыя гады было наканавана ажыцьцяўляць ролю своеасаблівага «калектыўнага прэзыдэнта» Беларусі. Аднак толькі пяць кандыдатураў ад «дэмплыні» былі абраныя на пасады старшыняў (Садоўскі, Гілевіч, Булахаў, Сасноў, Сьлямнёў), астатнія месцы былі запоўненыя прадстаўнікамі камуністычнай намэнклятуры. Фракцыя БНФ правяла на пасаду старшыні камісіі толькі аднаго дэпутата – Пятра Садоўскага, які ўзначаліў камісію па міжнародных справах. Некаторыя дэпутаты БНФ былі зацьверджаныя намесьнікамі старшыняў і сакратарамі камісіяў. Пэрыяд з траўня па ліпень 1990 году вызначаўся структурызацыяй Вярхоўнага Савету. Тут я працытую публікацыю ў «Народнай Волі» Лявона Дзейкі – ён фіксаваў членства дэпутатаў.
Рашэньне аб утварэньнi дэпутацкай групы БНФ было прынята на сходзе дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў тагачасным Доме кiно, што месьцiўся побач з Домам ураду, у Чырвоным касьцёле. Сёньня варта пайменна ўзгадаць тых, хто ўвайшоў у першае палiтычнае аб’яднаньне дэпутатаў у вышэйшым заканадаўчым органе Беларусi: Валянцiн Голубеў (каардынатар ДГ БНФ), Мiкалай Крыжаноўскi, Зянон Пазьняк (старшыня ДГ БНФ), Уладзiмер Грыбанаў, Сяргей Навумчык (каардынатар ДГ БНФ), Пятро Садоўскi, Юрась Беленькi, Уладзiмер Заблоцкi (намесьнiк старшынi ДГ БНФ), Уладзiмер Новiк (сакратар ДГ БНФ), Iгар Гермянчук, Алег Трусаў (намесьнiк старшынi ДГ БНФ), Сяргей Антончык, Мiкалай Маркевiч, Генадзь Грушавы, Барыс Гюнтар, Сяргей Слабчанка, Уладзімер Станкевiч, Лявон Дзейка, Лявонцi Зданевiч, Вiктар Алампiеў, Галiна Сямдзянава, Мiкалай Аксамiт, Вiктар Какоўка, Сяргей Папкоў, Лявон Баршчэўскi (каардынатар ДГ БНФ), Вольга Галубовiч – усяго 26 чалавек... Акрамя вышэйзгаданых 26 сяброў дэпутацкай групы БНФ, у склад апазыцыi ўвайшлi: Васiль Шачак, Мiхаiл Сукач, Яўген Глушкевiч, Вiталь Малашка, Iван Герасюк, Аляксандар Сасноў, Аляксандар Шут, Аляксандар Паруль, Iгар Пырх, Яўген Цумараў, Станiслаў Бабачонак, Васiль Даўгалёў, Валеры Зяленiн, Лявон Тарасенка, Валеры Сярдзюк, Аляксандар Сьпiглазаў, Яўген Новiкаў, Павал Холад, Iван Сямашка, Леанiд Зьвераў, Генадзь Маiсееў, Аляксей Канцэвiч. Потым на аснове дэпутацкай апазыцыi будзе ўтвораны Дэмакратычны дэпутацкi клюб, якi складуць дэпутаты апазыцыi i яшчэ больш за паўсотні акрамя вышэйзгаданых сяброў апазыцыi дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якiя падтрымлiвалi асноўныя палажэньнi апазыцыйнай плятформы – дасягненьне сувэрэнiтэту Беларусi, стварэньне парлямэнцкай сыстэмы ўлады, усталяваньне дэмакратычнага ладу ў Беларусi, лiквiдацыя таталiтарызму ў палiтыцы, iдэалёгii, эканомiцы i культуры, ратаваньне народу ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, адраджэньне беларускай культуры i г. д. Яны бралi ўдзел у сумеснай працы над законапраектамi, падтрымлiваючы iх падчас абмеркаваньня або галасаваньня, падпiсвалi iнiцыяваныя апазыцыяй заявы па актуальных палiтычных, сацыяльных ды iншых пытаньнях. Такiмi вызначылiся найперш наступныя дэпутаты: Мiхаiл Мацюшонак, Пятро Драган, Уладзiмер Сапронаў, Уладзiмер Хвошч, Генадзь Карпенка, Вiктар Радамысьльскi. Пад асобнымi заявамi ставiлi свае подпiсы Вiктар Ганчар, Анатоль Лябедзька, Анатоль Вярцiнскi, Нiл Гiлевiч, Сяргей Бярдаўцаў, Яўген Бядулiн, Анатоль Барысенка, Нiна Салдатава, Мiхаiл Сьлямнёў, Рыгор Вячэрскi, Анатоль Лятко, Эдуард Багаўцоў, Мiкалай Каўбаска, Аляксей Даўлюд, Анатоль Кузьма, Аляксандар Шыпко, Генадзь Нiкiцiн, Iгар Палагеча, Леанiд Сечка, Анатоль Янец, Вiктар Уласенка, Анатоль Волкаў, Уладзімер Лазарэвiч, Раман Плоцкi, Уладзімер Шаўцоў, Барыс Савiцкi, Уладзімер Цялежнікаў, Аляксей Шаўнiн i iншыя.
У апошнім сьпісе Лявон Дзейка пералічыў тых, хто меў хоць нейкае дачыненьне да дзейнасьці апазыцыі; шмат хто з гэтых асобаў ужо ў 1992 годзе перайшлі на бок намэнклятуры. Як вядома, у склад каманды Лукашэнкі ўвайшлі Віктар Ганчар, Анатоль Лябедзька. Зрэшты, і сярод «фармальных» сяброў апазыцыі БНФ былі тыя, хто ў апошнія гады дзейнасьці ВС выступаў супраць прапановаў апазыцыі – Уладзімер Новік і Яўген Новікаў. З аднаго боку, у параўнаньні зь іншымі прадстаўнікамі нацыянальнай эліты, дэпутаты ВС мелі непараўнальна большы ўплыў як на палітычныя працэсы, гэтак і на дзейнасьць дзяржаўных органаў улады. Гэтаму ў значнай ступені спрыяў сам дэпутацкі статус. У 1990–1992 гадах я займаў пасаду сакратара Камісіі ВС у справах галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. У сыстэме, дзе вызначэньню статусу дзяржаўных службоўцаў надавалася падкрэсьленая ўвага, гэтая пасада фармальна была вышэйшая за міністэрскую, бо аплачвалася вышэй. Памятаецца, як аднойчы, падчас спрэчкі на нейкай нарадзе, Станіслаў Шушкевіч абарваў нейкага супрацоўніка Саўміну, які выказваўся ў бок дэпутата ледзь не з абразай: «Не забывайцеся, хто Вы, а хто ён. Вы – чыноўнік, а ён – саноўнік». Аднак гэтыя «саноўнікі» былі пазбаўленыя колькі-небудзь рэальнай улады – калі не належалі да намэнклятуры, якая імгненна вылічвала розьніцу па прынцыпе «свой–чужы». Дэпутаты БНФ даволі лёгка – калі б пажадалі – маглі б здабыць сабе, напрыклад, кватэру ў самым прэстыжным раёне Менску – дастаткова было зьвярнуцца да кіраўніцтва Саўміну. Да гонару дэпутатаў БНФ – ніхто гэтым не скарыстаўся (і таму калі Лукашэнку спатрэбілася запляміць апазыцыянэраў «карупцыяй», ён не знайшоў нічога, акрамя «іншамарак» Заблоцкага і Навумчыка – я быў купіў чатырнаццацігадовае аўто, якое літаральна сыпалася; машына Заблоцкага была не нашмат навейшая). Але і дзеля грамадзкіх справаў (напрыклад, дапамогі нейкай газэце з паперай, тады гэта была вострая праблема) трэба было зьвяртацца да чыноўнікаў адпаведнага аддзелу Саўміну. Мой зварот да дырэктара друкарні ня меў ніякага выніку – званок самага звычайнага супрацоўніка апарату Саўміну вырашаў усё. У большасьці выпадкаў самы нізкапастаўлены чыноўнік райвыканкаму мог болей, чым дэпутат Вярхоўнага Савету – калі гэта дэпутат БНФ. Тут ужо працавала чынавенская, карпаратыўная салідарнасьць. З другога боку, пры гэтым дэпутат мог атрымаць аўдыенцыю ў старшыні Саўміну Кебіча (прычым, у той самы дзень і, як правіла, па-за чаргой) ці нейкага зь ягоных намесьнікаў, і звычайна на просьбы накладаліся станоўчыя рэзалюцыі. Менавіта такім чынам былі прасунутыя шмат якія ініцыятывы адукацыйна-культурніцкага характару (напрыклад, Кебіч падпісаў распараджэньне аб стварэньні Коласаўскага ліцэю). Словам, можна было нечага дамагчыся, але толькі папрасіўшы Кебіча. Аднак зразумела, што па кожным пытаньні да прэм’ера ці віцэ-прэм’ера зьвяртацца ня будзеш (да таго ж, гэта апрыёры ставіла нас у сытуацыю пэўнай маральнай залежнасьці – неяк няёмка на наступны дзень пасьля такога візыту крытыкаваць прэм’ера з парлямэнцкай трыбуны). Ня менш важная, чым заканадаўчая дзейнасьць (а паводле ўплыву на грамадзкую сьвядомасьць дык і непараўнальна больш выніковая), была прапагандысцкая праца дэпутатаў апазыцыі БНФ. Першыя сэсіі ВС ішлі ў жывой радыётрансьляцыі; пазьней тэлебачаньне і радыё перадавалі даволі падрабязныя рэпартажы з сэсіяў, а выступы ў «Розным» перадаваліся без купюраў аж да 1995 году. Менавіта з вуснаў дэпутатаў праз тэлерадыётрансьляцыю большасьць жыхароў Беларусі пачулі раней ім невядомыя гістарычныя факты, а галоўнае – аргумэнтацыю неабходнасьці сувэрэннага існаваньня. Скарыстоўваўся дэпутацкі статус і для выступаў на тэлебачаньні і радыё, а таксама ў пэрыядычным друку (хаця кіраўніцтва дзяржаўных СМІ ігнаравала добрую палову такіх зваротаў).
Тыя, хто сачыў за падзеямі ў Вярхоўным Савеце праз СМІ, назіралі вонкавы бок дзейнасьці апазыцыі БНФ: выступы дэпутатаў, дыскусіі, прыняцьце законаў. Аднак гэта была ўсяго толькі частка палітычнай дзейнасьці. Паводле рэглямэнту, сэсіі ВС павінны былі склікацца два разы на год, але ў рэальнасьці яны зьбіраліся часьцей і звычайна цягнуліся пару месяцаў (за рэдкімі выключэньнямі – напрыклад, самая вызначальная, гістарычная пазачарговая сэсія ў жніўні 1991 году была і самай кароткай – два дні). Паміж сэсіямі дзейнасьць дэпутатаў апазыцыі не спынялася. Працавалі адмысловыя групы з удзелам экспэртаў (на пачатку – эканамісты А. Станкевіч, У. Тарасаў, пазьней В. Масквіч, с. Гусак, акадэмік Р. Гарэцкі, член-карэспандэнт акадэміі І. Нікітчанка, прафэсар У. Кулажанка – гэта толькі некаторыя імёны). Увосень 1990 году прадстаўнікі парлямэнцкай большасьці былі зьдзіўленыя, калі апазыцыя БНФ вынесла на 2-ю сэсію некалькі дзясяткаў заканадаўчых прапаноў, пераважна датычных эканомікі і дзяржаўнага будаўніцтва. З гэтага моманту з вуснаў нашых апанэнтаў, ва ўсялякім разе ў Авальнай залі, практычна не гучалі папрокі, што «БНФ выступае толькі за беларускую мову і не займаецца эканомікай» (што, аднак, пазьней пачалі пісаць некаторыя лібэральныя палітычныя аналітыкі). Апазыцыяй БНФ была падрыхтаваная праграма пераходу Беларусі да рынкавых узаемаадносінаў, падмацаваная адпаведнымі законапраектамі. Камуністы казалі, што ў апазыцыі існуе жорсткая дысцыпліна; усе галасуюць так, як скажа Пазьняк. Насамрэч палітычная тактыка выпрацоўвалася ў часе дыскусіяў, меркаваньне Пазьняка як палітычнага лідэра было, бясспрэчна, важнае, асабліва з улікам ягоных бязьмежных (азначэньне Васіля Быкава) аналітычных здольнасьцяў і нейкай надзвычайнай палітычнай інтуіцыі. Аднак я не сказаў бы, што з боку Пазьняка назіраўся «інтэлектуальны дыктат»: што да тактыкі, дык досыць часта пад уплывам іншых меркаваньняў ён зьмяняў пазыцыю (лінія на дзяржаўны сувэрэнітэт, вядома, заставалася непахіснай). Тактыка дзеяньняў на сэсіі абіралася з улікам магчымых варыянтаў паводзінаў нашых апанэнтаў. Паколькі мы складалі 1/10 частку парлямэнту, дык усё даводзілася пралічваць вельмі дакладна. І ўжо калі тактыка прымалася – на сэсіі ў Авальнай залі яе трэба было трымацца ўсім. Вядома, часам пры абмеркаваньнях ці галасаваньні сытуацыя мянялася, раіцца не было калі, рашэньне даводзілася прымаць імгненна, і ў такіх выпадках вызначальнае слова заставалася, зразумела, за Пазьняком (але гэта – клясычны парлямэнцкі закон, які ў Брытаніі існуе ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў). Усе дэпутаты апазыцыі ведалі стратэгічныя мэты і тактыку іх дасягненьня. Таму калі ў нейкіх выпадках, напрыклад, нехта з нашых апанэнтаў (часам і сам Кебіч) не маглі зьвязацца з Пазьняком, яны выходзілі ці на Баршчэўскага, ці на Голубева, ці на мяне (мы выконвалі функцыі каардынатараў апазыцыі) і маглі быць пэўныя, што дамоўленасьці будуць выконвацца. Зразумела, што ў такім разе мы інфармавалі Пазьняка і іншых дэпутатаў. Зрэшты, нейкая герархія ўнутры апазыцыі адсутнічала, функцыі каардынатараў былі хутчэй тэхнічныя, чым палітычныя. У тых выпадках, дзе прынцып узгодненасьці (ці, калі хочаце, палітычнай дысцыпліны) парушаўся, наступствы маглі быць вельмі сур’ёзныя. Так здарылася ў 1994 годзе, калі намесьнік Пазьняка па апазыцыі і лідэр БСДГ Алег Трусаў разам з паплечнікамі нечакана падтрымалі на прэзыдэнцкіх выбарах не Пазьняка, а Шушкевіча. І наадварот – падчас прыманьня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце менавіта дакладна абраная тактыка прывяла да посьпеху (падрабязна пра гэта – пазьней). Былі і ўнікальныя прыёмы, якія можна было скарыстаць толькі аднойчы. Так, неяк парлямэнцкая большасьць вынесла заканадаўчую прапанову аб адкліканьні дэпутатаў – мэханізм быў такі, што даваў магчымасьць намэнклятуры адклікаць практычна ўсіх апазыцыйных дэпутатаў; нават калі б мы не вылазілі са сваіх акруг, забыўшыся на палітыку і займаліся толькі асфальтаваньнем вуліцаў, пракладкай каналізацыі і г. д (для чаго яшчэ трэба было выпрасіць той асфальт ды трубы) – нас бы ўсё роўна пазбавілі дэпутацкіх мандатаў. Сытуацыя ўзьнікла цяжкая, крытычная і, як падавалася – безвыходная. Намэнклятура была ўпэўненая, што заблякаваць гэты закон нам ня ўдасца. І тут пры абмеркаваньні на карысьць закону выступіў Валянцін Голубеў. А Зянон Пазьняк падышоў да мікрафона і заявіў, што звычайна ў нас парадак прыняцьця законаў спачатку ў першым чытаньні, потым у другім, а гэты закон так дасканала распрацаваны, што трэба прымаць адразу ў другім чытаньні. Дэпутаты, натуральна, пагаджаюцца. Абмеркаваньне скончылася – час галасаваць. Пазьняк уздымаецца зь месца: «Так, апазыцыя – галасуем! Сяргей (гэта да мяне, бо я сядзеў ля дзьвярэй), паглядзі, хто там з нашых у фае, хай бягуць у залю!» Баршчэўскі, Маркевіч, Гюнтэр з розных сэктараў з залі, гучна: «Хлопцы, дык галасуем, як дамовіліся! Цісьнем «за». Сьпікер разгублены – а трэба ўжо вымаўляць: «Хто – «за»? Прашу галасаваць». Дэпутаты-камуністы бачаць, што БНФ чамусьці вельмі зацікаўлены ў законе – і значная іх частка «за» не галасуе. Мы, натуральна, таксама не галасуем (кнопка для галасаваньня прыкрывалася пласьцінай, і калі ты жадаў – сусед мог ня бачыць, калі ты яе цісьнеш). Усё вырашылі літаральна дзесяць сэкундаў. Законапраект галасоў не дабраў. Паколькі, паводле прапановы Пазьняка, галасавалася адразу ў другім чытаньні, і закон ня быў прыняты – ён не павінен галасавацца зноў, павінен быць адпраўлены на дапрацоўку. Гэта быў апошні дзень сэсіі – у наступную сэсію палажэньне аб адкліканьні дэпутатаў ужо не ўключалі; мы правялі зь некаторымі кулюарную працу. Але ў той раз ужо празь пяць хвілінаў усе ўсё зразумелі, ды і мы не маглі стрымаць сьмеху, калі камуністы нам казалі: «Ну, вы нас і надурылі! Больш не паддамося». Зразумела, што такі прыём скарыстаць ізноў было б немагчыма. Ну а па-за межамі Авальнай залі Дому ўраду ды офісу БНФ на Варвашэні, 8 у нас былі сустрэчы на прадпрыемствах, у інстытутах ды розных арганізацыях як у Менску, гэтак і ў рэгіёнах. Так, увосень 1994 году мы аб’езьдзілі дзясяткі раёнаў Заходняй Беларусі – сотні выступаў у гарадах, мястэчках і вёсках. Вышэй я спаслаўся на клясычную практыку парлямэнцкай дысцыпліны Вялікабрытаніі. Аднак у Лёндане дэпутаты ведаюць, што выкананьне партыйных патрабаваньняў дасьць ім магчымасьць пераабрацца на іншы тэрмін, магчыма, заняць нейкую пасаду ў парлямэнце, а пры зьмене ўлады – увайсьці ў склад ураду. Такіх гарантыяў дэпутатам апазыцыі БНФ ніхто не даваў, дый даць ня мог. Усё трымалася на веры ў найвышэйшую мэту – Незалежнасьць Беларусі. Ну і, нарэшце, падаецца нялішнім абнародаваць фінансавы аспэкт нашай дзейнасьці. За ўсе гады існаваньня апазыцыі БНФ на распрацоўку ці экспэртны аналіз законапраектаў, Дэклярацыі і Канстытуцыі, увогуле на палітычную дзейнасьць мы не атрымалі ад замежных дзяржаваў ці небеларускіх арганізацыяў ніводнага, як цяпер модна казаць, «гранту», ніводнага даляра, рубля, франка, маркі, злотага, кроны і г. д.
Паказальна, што ў траўні 1990 году ў Сойме БНФ яшчэ вяліся дыскусіі наконт незалежнасьці. «Супраць незалежнасьці цяпер выказаўся Юры Дракахруст. Людзі не гатовыя да аддзяленьня. («А хіба мы ўжо заўтра выходзім?» – кінуў рэпліку Ўладзімер Крукоўскі.) Таму незалежнасьць ня можа быць сёньня галоўным палітычным лёзунгам. «Трэба, – працягваў Ю. Дракахруст, – узьняць галоўны лёзунг цяперашніх пераўтварэньняў у ГДР: «Камунізм – больш ніколі!» З-за лёзунгу незалежнасьці мы прайгралі выбары». Міхась Чарняўскі: «Нельга сказаць, што мы прайгралі выбары. Да выбараў мы ня мелі нічога, а цяпер маем дэпутатаў». (Свабода. Травень 1990. № 5–6). Зазначу, што я ні ў якім разе не хачу закінуць Юр’ю Дракахрусту папроку ў жаданьні пазбавіць Беларусь незалежнасьці наагул; гаворка на Сойме ішла пра тое, што павінна быць спачатку – дэмакратызацыя альбо незалежнасьць. У нечым тая дыскусія паказальная, калі ўлічыць далейшае разьмежаваньне ў дэмлягеры па лініі «агульныя дэмакраты» – «незалежнікі». Але трэба сказаць, што аднадушша наконт незалежнасьці не было і ў дэпутатаў, якія ўвайшлі ў «Дэмакратычную плынь», якая пазьней пераўтварылася ў «Дэмакратычны клюб». Усьведамленьне неабходнасьці сувэрэнітэту прыйшло паступова, хоць і даволі хутка: ужо праз два месяцы пасьля пачатку першай сэсіі да дэпутатаў ад БНФ далучыліся тыя, хто меў аб праграме Фронту цьмянае ўяўленьне альбо нават канкураваў на выбарах з фронтаўскімі кандыдатамі. Шмат у чым паспрыялі гэтаму цынізм, зь якім дэпутаты – прадстаўнікі камуністычнай намэнклятуры адкідвалі кадравыя прапановы «Дэмклюбу» падчас выбараў старшыняў парлямэнцкіх камісіяў. 11 траўня Сойм БНФ заявіў, што дасягненьне сувэрэнітэту немагчымае ў складзе СССР, а ў пачатку ліпеня 1990 году канфэрэнцыя БНФ прыняла праект Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Спачатку дэпутаты-камуністы і чуць не хацелі ні пра якую дэклярацыю; пасьля прыняцьця аналягічнага дакумэнту Вярхоўным Саветам РСФСР пра яе неабходнасьць заявіў і старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей. 27 ліпеня была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Пазьней Станіслаў Шушкевіч будзе казаць, што дэпутаты БНФ ня бралі ўдзелу ў галасаваньні, сышлі з залі – некарэктна замоўчваючы вельмі істотныя акалічнасьці. Па-першае, сама Дэклярацыя была напісаная дэпутатамі БНФ. Па-другое, мы бралі ўдзел у абмеркаваньні ўсіх артыкулаў і галасаваньні па іх. Прапанаваныя намі палажэньні Дэклярацыі, хоць і пасьля гарачых дыскусіяў, але, збольшага, прымаліся. Заставаўся апошні артыкул, у які прыхільнікі СССР жадалі ўключыць пункт аб неабходнасьці падпісаньня «саюзнай дамовы». Да таго ж большасьць адмаўляла нашае патрабаваньне – надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы (гэта значыць, у выпадку супярэчнасьці Канстытуцыі і законаў СССР Канстытуцыі і законам Беларусі перавагу б мелі апошнія). Узьнікала і яшчэ адна пагроза – пасьля паартыкульнага галасаваньня Дэклярацыя павінна была прымацца «ў цэлым», і тут магла пачацца рэвізія раней прынятых палажэньняў, іх выхалошчваньне (гэта было б парушэньнем рэглямэнту, але нязначным). Ішло да таго, што Дэклярацыя ўвогуле магла быць не прынятая. Так, дэпутат Леанід Козік (сябра Прэзыдыюму ВС, пры Лукашэнку – лідэр праўладных прафсаюзаў) падчас абмеркаваньня заявіў, што «калі мы прымем тую Дэклярацыю, дык яна накіраваная на 100 працэнтаў на прамы выхад з Саюзу». У гэтых умовах Пазьняк прапанаваў дэпутатам БНФ, калі большасьць будзе настойваць на «саюзнай дамове» і адмовіцца ад канстытуцыйнасьці Дэклярацыі – выйсьці з Авальнай залі. Гэта мела б псыхалягічны эфэкт, заблытала б дэпутатаў, яны б дзейнічалі ад «супрацьлеглага» («насуперак» БНФ). У фракцыі БНФ адбылася дыскусія. Прапанова была вельмі рызыкоўная, але Пазьняку ўдалося пераканаць у яе слушнасьці; некалькі чалавек усё ж вырашылі пакінуць у залі ў якасьці назіральнікаў. Фактычна, у той момант Пазьняк паставіў на карту свой аўтарытэт сярод калегаў і палітычную будучыню; калі б тактыка не спрацавала і Дэклярацыя была не прынятая, ці адбылася б рэвізія ўжо прынятых артыкулаў, ён успрымаўся б сваімі ж паплечнікамі як авантурыст. Аднак мэта сувэрэнітэту была нагэтулькі важная, што ён пайшоў на такую рызыку, будучы ўпэўнены, што пераможа. Калі дайшлі да апошняга артыкулу, была адкінутая канстытуцыйнасьць Дэклярацыі і ўведзеная «саюзная дамова»; дэпутаты БНФ заявілі, што пакідаюць залю і ня ўдзельнічаюць у галасаваньні. Сабраліся ў памяшканьні за прэзыдыюмам, дзе па тэлевізары ішла трансьляцыя (той самы пакой, дзе ў час Машэрава зьбіралася ў перапынках сэсіяў вышэйшае кіраўніцтва). Я быў сярод пакінутых назіральнікаў і бачыў, які эфэкт зрабіў выхад з залі двух дзясяткаў дэпутатаў на чале з Пазьняком на дэпутатаў-камуністаў: «Яны ня хочуць галасаваць! Ну дык мы прагаласуем». У выніку Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР была прынятая (праўда, з «саюзнай дамовай» і без канстытуцыйнага статусу, што будзе выпраўлена ў жніўні 1991-га). Вядома, нават ва «ўсечаным» варыянце Дэклярацыя была значным крокам наперад – да таго ж, на працягу двухдзённых дэбатаў 26–27 ліпеня нам удалося адстаяць некаторыя істотныя палажэньні, напрыклад, бязьядзернасьць Беларусі.
У той жа дзень, 27 ліпеня, было заяўлена пра ўтварэньне апазыцыі ў Вярхоўным Савеце – да гэтага мы называліся фракцыяй. Аднак ні фракцыяў, ні апазыцыі кіраўніцтва Вярхоўнага Савету не прызнавала – юрыдычна існавалі толькі камісіі ВС, аддзелы ў апараце ВС, а апазыцыі БНФ нібыта і не было. Не было – юрыдычна – і самога БНФ. Праўда, Пазьняку ўдалося «выбіць» пакой на трэцім паверсе Дому ўраду, у правым крыле (калі стаць тварам да фасаду). Насуперак нашым чаканьням, нічым нам не спрыяў і Станіслаў Шушкевіч, які пасаду першага намесьніка старшыні ВС ня мог бы заняць без падтрымкі дэпутатаў БНФ. Зь ліпеня 1990 году па жнівень 1991-га доўжыўся пэрыяд напаўсувэрэннасьці Беларусі. Апазыцыя БНФ у гэты час распрацавала і падала на разгляд камісіяў і Вярхоўнага Савету некалькі дзясяткаў законапраектаў, накіраваных найперш на ўмацаваньне беларускай дзяржаўнасьці – аб уласнай грашова-фінансавай банкаўскай сыстэме, а таксама рынкавых формах гаспадараньня (сярод якіх і блёк законапраектаў, аб’яднаных у Зямельны кодэкс, з правам прыватнай уласнасьці на зямлю). Але практычна ўсе законапраекты апазыцыі БНФ былі адрынутыя пракамуністычнай парлямэнцкай большасьцю, і хаця шмат якія нашыя напрацоўкі былі прынятыя ў выглядзе асобных артыкулаў у законах, Беларусь імкліва губляла час, які прыбалты ды палякі выкарыстоўвалі для стварэньня рынкавай эканомікі. У сакавіку 1991 году з ініцыятывы М. Гарбачова быў праведзены рэфэрэндум аб захаваньні СССР. Сам «плебісцыт» у Беларусі быў прызначаны пры адсутнасьці беларускага Закону аб рэфэрэндуме, з парушэньнямі нават так званага «саюзнага» заканадаўства, з фальсыфікацыямі. Агітацыя вялася на карысьць Саюзу – Пазьняку, Сямдзянавай і мне адмовілі ў тэлеэтэры для агітацыі супраць захаваньня СССР. Зрэшты, галоўнае было нават ня ў гэтым. Пазыцыя БНФ палягала ў тым, што, паколькі СССР утвараўся не праз рэфэрэндум, а шляхам падпісаньня дамовы, не рэфэрэндум павінен вызначаць і лёс імпэрыі. З гэтага гледзішча пазьнейшае падпісаньне Віскулёўскага пагадненьня аб скасаваньні Саюзу і ратыфікацыя яго Вярхоўнымі Саветамі краінаў-заснавальніц СССР было абсалютна легітымным рашэньнем і, скажам так, цалкам юрыдычна адэкватным падпісаньню Дамовы аб утварэньні СССР у Маскве ў 1922 годзе. Тым часам Крэмль губляў кантроль над сытуацыяй у рэспубліках; эканамічная палітыка Гарбачова, якая абапіралася на інтарэсы вайскова-прамысловага комплексу, прывяла да паглыбленьня інфляцыі і ўзьнікненьня дэфіцыту на самыя элемэнтарныя тавары (посуд, электралямпачкі, цыгарэты і г. д.). У красавіку 1991 году некалькі дзясяткаў тысяч рабочых менскіх прадпрыемстваў распачалі страйк і выйшлі на плошчу перад Домам ураду. Першапачатковай прычынай было падвышэньне цэнаў; аднак ужо ў першы дзень актывістам БНФ удалося прапанаваць страйкамаўцам палітычныя лёзунгі, у тым ліку і патрабаваньне аб новых выбарах у Вярхоўны Савет. Але кіраўніцтва Савету Міністраў уцягнула некаторых лідэраў страйкаму ў бясплённыя перамовы пра падвышэньне заробкаў, і страйк скончыўся. А празь некалькі месяцаў інфляцыя «зьела» і тыя сьціплыя падвышэньні зарплатаў. Літаратар Валянцін Акудовіч у адным з інтэрвію сказаў, што рабочыя выйшлі з трывогай за існаваньне Савецкага Саюзу. Словы пра трывогу – выразны прыклад таго, як пад нейкія «высновы» (інтэрвію было прысьвечанае «нізьвяржэньню» Пазьняка) падбіваюцца не адпаведныя сапраўднасьці факты. Сярод патрабаваньняў удзельнікаў страйку няма пункту аб захаваньні СССР; яго і не магло быць, таму што адным зь лідэраў страйкаму самімі ж рабочымі быў абраны дэпутат апазыцыі БНФ Сяргей Антончык. Больш за тое. Патрабаваньне сувэрэнітэту гучала ўжо і з вуснаў кіраўнікоў прадпрыемстваў. Так, у траўні 1991 году мне як дэпутату ад Віцебскай акругі быў перададзены «Зварот сходу прадстаўнікоў працоўных калектываў прамысловых прадпрыемстваў г. Віцебску», падпісаны дырэктарамі, кіраўнікамі прафкамаў і старшынямі страйкамаў пяці самых буйных прадпрыемстваў гораду – станкабудаўнічага заводу імя Кірава, заводу заточных станкоў, станкабудаўнічага заводу імя Камінтэрну, тэлевізійнага заводу і вытворчага аб’яднаньня «Маналіт», на якіх працавала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. У пераліку палітычных патрабаваньняў першым стаіць: «Надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі канстытуцыйны характар».
Раніцай 19 жніўня 1991 году маскоўскае тэлебачаньне і радыё паведаміла пра адхіленьне ад пасады Міхаіла Гарбачова і стварэньне Дзяржаўнага камітэту ў справе надзвычайнага становішча (у гісторыю ён увайшоў з расейскай абрэвіятурай – ГКЧП). Мы не былі ад Гарбачова ў вялікім захапленьні, уласьцівым маскоўскай лібэральнай інтэлігенцыі і іх менскім адэптам. Асабіста ў мяне апошнія ілюзіі зьніклі пасьля кароткай размовы зь ім у лютым 1991 году пра дзеяньні кіраўніцтва СССР падчас Чарнобылю. Генэральны сакратар ЦК КПСС і прэзыдэнт ядзернай звышдзяржавы паводзіў сябе, як вучань, які выправіў ацэнку ў дзёньніку. У той жа дзень, выступаючы ў беларускай Акадэміі навук, Гарбачоў абрынуўся з рэзкімі выпадамі на дэмакратаў; я сядзеў у першым радзе, Міхаіл Сяргеевіч паказваў на мяне пальцам, тэлекамэры трансьлявалі, і цешча ў Глуску думала, што гэта – канец. Аднак было абсалютна зразумела, што пры адным зь яго папярэднікаў – Андропаву – за мае пытаньні мяне б чакаў арышт, а пры яшчэ ранейшым папярэдніку, Сталіну – расстрэл. Разумелі мы і тое, што замест адносна лібэральнага, хоць і непасьлядоўнага Гарбачова на трон можа ўзысьці пасьлядоўны ў сваёй рэакцыйнасьці вылучэнец вайскова-прамысловага комплексу. Яшчэ за некалькі тыдняў да абвяшчэньня ГКЧП у СМІ зьявілася заява групы «дзеячаў літаратуры і мастацтва» пра небясьпеку распаду СССР з заклікам прыняць рашучыя меры; ГКЧП і стаў выразьнікам вяртаньня ў старыя часы. Наяўнасьць у ГКЧП сілавых міністраў і кіраўнікоў вайскова-прамысловага комплексу не пакідала ілюзіяў наконт антыдэмакратычнасьці і рэпрэсіўнасьці мэтадаў, якімі будуць захоўваць СССР ад распаду. Той жа раніцай 19 жніўня дэпутаты апазыцыі БНФ сабраліся ў Вярхоўным Савеце і зрабілі шэраг заяваў, ацаніўшы падзеі як спробу захаваць савецкую імпэрыю шляхам усталяваньня вайсковай дыктатуры. Мы (Л. Баршчэўскі, Ю. Беленькі, І. Гермянчук, В. Голубеў, У. Заблоцкі ды аўтар гэтых радкоў) пайшлі да старшыні Вярхоўнага Савету М. Дземянцея і запатрабавалі ад яго неадкладна склікаць сэсію ВС. «Беларускі народ добра памятае жудасныя злачынствы сталінскай дыктатуры і не даруе патураньня тым, хто зноў імкнецца растаптаць яго сувэрэнітэт і свабоду», – гаварылася ў нашым звароце да Дземянцея. Той сказаў нам, што нібыта Гарбачоў сам падаў у адстаўку і што на працягу тыдня будзе скліканая сэсія Вярхоўнага Савету СССР – таму зьбіраць сэсію беларускага парлямэнту няма патрэбы. Тады ж, 19 жніўня, мы накіравалі звароты да старшыні Саўміну В. Кебіча, міністра ўнутраных справаў, старшыні КДБ, у якіх канстатавалі, што «спроба антыканстытуцыйнага перавароту, зробленая... групай палітычных авантурыстаў у Маскве, накіраваная супраць дэмакратыі, законных органаў улады і сувэрэнітэту рэспублік, зьяўляецца дзяржаўным злачынствам. Безадказныя дзеяньні путчыстаў у СССР не павінны мець ніякай падтрымкі ў Беларусі. Усе іхныя распараджэньні зьяўляюцца незаконнымі і не павінны выконвацца ніякімі органамі ўлады Беларускай ССР. Мы заклікаем Вас праявіць дзяржаўную мудрасьць, вытрымку, вернасьць беларускай рэспубліцы...». І старшыня КДБ, і міністар унутраных справаў занялі нэўтральную пазыцыю (але пазьней стала вядома, што на чыгуначнай станцыі былі падрыхтаваныя эшалёны для «транспартаваньня» тых, хто, як выказаўся ў той дзень Дземянцей, «падбухторвае людзей»). Кіраўніцтва ЦК КПБ на чале зь першым сакратаром Малафеевым цалкам падтрымала дзеяньні ГКЧП, абавязаўшы партыйныя камітэты выконваць яго распараджэньні. Старшыня Дзяржтэлерадыё А. Сталяроў спыніў вяшчаньне беларускага каналу і пераключыў яго на Маскву, з трансьляцыяй распараджэньняў ГКЧП. Члену Прэзыдыюму ВС М. Сьлямнёву, які хацеў выступіць супраць ГКЧП, было адмоўлена ў радыёэтэры. Увечары 19 жніўня перад будынкам Дому ўраду мы правялі мітынг – на яго прыйшло некалькі соцень чалавек. Зянон Пазьняк ды іншыя дэпутаты БНФ заклікалі не выконваць распараджэньняў ГКЧП. Мітынг адбыўся і 20 жніўня, ужо больш шматлюдны. Да патрабаваньня аб скліканьні сэсіі далучыліся і іншыя дэпутаты, у тым ліку першы намесьнік старшыні ВС с. Шушкевіч. Аднак шмат хто вырашыў заняць пазыцыю чаканьня, і на 13 гадзінаў 20 жніўня мы мелі ўсяго 33 подпісы дэпутатаў (для скліканьня нечарговай сэсіі іх патрабавалася 120). Увечары 21 жніўня ГКЧП пацярпеў паразу. У 16 гадзінаў на чале з Пазьняком мы зноў былі ў кабінэце М. Дземянцея; цяпер ужо ён быў вымушаны прымаць рашэньне аб скліканьні нечарговай сэсіі, якая прызначалася на 24 жніўня. На наступны дзень нам далі час у жывым тэлеэтэры. У сваёй заяве дэпутаты апазыцыі БНФ выказалі ўпэўненасьць, што «народ Беларусі ў гэтыя дні канчаткова зразумеў неабходнасьць поўнай незалежнасьці Рэспублікі... Толькі ў свабодзе і незалежнасьці наша будучыня». Акрамя таго, мы запатрабавалі неадкладнага прыняцьця новага Закону аб выбарах дэпутатаў, праект якога мы перадалі ў Прэзыдыюм ВС яшчэ ў траўні), і прызначэньня новых парлямэнцкіх выбараў. Намэнклятура знаходзілася ў стане разгубленасьці, камісіі ВС ня мелі абсалютна ніякіх напрацовак, і за тры дні і ночы (21–24 жніўня) мы падрыхтавалі пакет законапраектаў, якія былі неабходныя для абвяшчэньня і замацаваньня незалежнасьці. Цяпер, калі я прыгадваю тыя суткі, не магу падзяліць дзень і ноч – здаецца, яны зьліліся ў адно. Патрабаваньне аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, зразумела, было галоўным – нароўні з патрабаваньнем аб роспуску КПБ–КПСС і адстаўцы тых, хто падчас путчу ня выканаў сваіх канстытуцыйных абавязкаў. Так, прапаноўвалася «асудзіць бязьдзейнасьць і безадказнасьць у справе абароны Канстытуцыі і сувэрэнітэту Беларускай ССР членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР Дземянцея М. І, Шаладонава В. І., Гаркуна У. г., Гілевіча Н. с., Грыба М. І., Жуковіча Я. Б., Жукоўскага М. Д., Капытава М. Я., Каратчэні І. М., Козіка Л. П., Кулічкова А. М., Котава с. М., Леўчыка У. К., Міцько П. А., Савіцкага Б. П., Смоляра І. М., Сівіцкага Д. А., Унучкі Р. І. у час спробы дзяржаўнага перавароту 19–21 жніўня г. г. Лічыць немагчымым далейшае выкананьне імі абавязкаў членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларускай ССР... Выказаць недавер і вызваліць ад займаных пасадаў Старшыню Савету Міністраў БССР Кебіча В. Ф. і яго намесьнікаў, міністра юстыцыі Беларускай ССР Дашука Л. А., Старшыню Дзяржтэлерадыё БССР Сталярова А. Р., кіраўніцтва Пракуратуры БССР за бязьдзейнасьць і неканстытуцыйныя паводзіны падчас спробы дзяржаўнага перавароту». Я адмыслова прыводжу тут гэтую даўгую цытату, таму што адразу пасьля сэсіі ў бок дэпутатаў апазыцыі БНФ пасыпаліся папрокі, што, нібыта, мы «купіліся» на згоду нашых палітычных апанэнтаў прыняць сувэрэнітэт і ледзь не падпісалі зь імі пагадненьня. Сэсія ВС праходзіла 24–25 жніўня – БНФ вывеў на плошчу перад Домам ураду некалькі тысяч чалавек, і «голас народу» даходзіў у фае перад Авальнай заляй. Пазьней шмат пісалі, што нібыта сакратара ЦК КПБ В. Ціхіню ледзь уратавалі ад лінчаваньня – насамрэч ніхто Ціхіню не чапаў, яго проста аплявалі; праўда, актывістам БНФ сапраўды прыйшлося «эвакуяваць» яго з плошчы. Большасьць з нашых заканадаўчых прапановаў на сэсіі не прайшла. І ўсё ж удалося дасягнуць галоўнага – Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце набыла статус канстытуцыйнай сілы. Акрамя таго, была прыпыненая дзейнасьць КПБ–КПСС, пайшоў у адстаўку М. Дземянцей. Аднак сябры Прэзыдыюму ВС і кіраўніцтва Саўміну засталіся на сваіх пасадах. Нам проста не хапіла сілаў (а канкрэтна – парлямэнцкіх галасоў), каб зьдзейсьніць тое, што было зроблена ў Чэхіі і іншых краінах – цалкам зьмяніць вярхушку дзяржаўнага апарату, паставіць новых людзей. Былая камуністычная прэса імгненна пачала папярэджваць, каб, барані Божа, не пачалося «паляваньне на вядзьмарак». Супраць такога паляваньня выступіў і Станіслаў Шушкевіч. Было праігнараванае і нашае патрабаваньне аб новых парлямэнцкіх выбарах.
І тут ёсьць адна важная акалічнасьць – запатрабаваўшы адыходу з палітычнай сцэны намэнклятуры, забароны КПБ–КПСС, Пазьняк у першы ж дзень аднаўленьня незалежнасьці зьвярнуўся да «былых камуністаў» з заклікам далучыцца да стваральнай працы для адбудовы дзяржаўнасьці. Нам была абсалютна зразумелая неабходнасьць пазбаўленьня былых камуністаў вышэйшых кіраўнічых пасадаў. Аднак у кампартыі было васямсот тысяч чалавек – і нельга было забараніць ім працаваць паводле спэцыяльнасьці. Гэты заклік Пазьняка не надрукавала ніводнае афіцыйнае выданьне, пра яго ўвогуле ня згадваюць – намэнклятуры, старой ды новай, было куды выгадней ляпіць з Пазьняка чалавека, які «будзе страляць ды вешаць камуністаў» (пройдзе час, і былыя камуністы ў лукашэнкаўскіх структурах будуць звальняць людзей з працы за адну толькі прыналежнасьць да Народнага Фронту). Паказальная пазыцыя лібэральных, «агульнадэмакратычных» публіцыстаў, якая выявілася ў тым ліку і ў дыскусіі ў расейскамоўнай газэце «Знамя юности». «Такім чынам, мы свабодныя і незалежныя... Але чаму, чаму, вяртаюся я да ранейшай думкі, няма народнай радасьці, таго, што называюць грамадзкім уздымам? – пытаўся Сямён Букчын у артыкуле ў «Знамя юности» за 27 жніўня. – Незалежнасьць рэспублікі мы атрымалі з потных рук партакратычнай большасьці ў Вярхоўным Савеце... І гэта абражае маю годнасьць грамадзяніна». «Сама ідэя сувэрэнітэту не вінаватая ў тым, што да яе прысмакталася розная камуністычная шваль. Мне асабіста ўсё роўна, з чыіх рук атрыманыя свабода і незалежнасьць», – адказаў яму Віталь Цыганкоў. Букчын на гэта: «Вас задавальняе намэнклятурна-партыйная сувэрэнізацыя Беларусі?.. Можна сотні разоў заклікаць да прыватызацыі, да рынку і г. д., але вызначаць гэтыя працэсы, тым ня менш, будзе тая ж намэнклятура. І Ваш, Віталь, чэкісцкі заклік «быць пільнымі», каб «яны не скарысталі наш сувэрэнітэт», абсалютна бясплённы. Яны ім ужо скарысталіся. І вельмі звыкла і своечасова». Букчын ня бачыў (альбо не пажадаў бачыць), што сувэрэнітэту дамагалася ня партнамэнклятура – гэта было якраз патрабаваньне тысяч людзей на плошчы. Не сказаў ён ні слова й пра тое, што апазыцыя БНФ запатрабавала і адставак, і новых выбараў. Ну, а тое, што за сувэрэнітэт прагаласавалі і «рукі партакратыі» – дык такі ўжо быў на той момант Вярхоўны Савет (зрэшты, ні раней, ні пазьней лепшага і не было). Мы якраз і скарысталі парлямэнцкі мэханізм (у дадзеным выпадку – так, у тым ліку і мэханізм палітычнага ціску), каб шляхам галасаваньня канстытуцыйна зацьвердзіць незалежнасьць. Дзякуй богу, што нам удалося здабыць незалежнасьць палітычным, парлямэнцкім мэтадам. Гісторыя, аднак, ведае багата прыкладаў, калі сувэрэнітэт дасягаўся зусім іншымі спосабамі, коштам соцень і тысяч ахвяраў, коштам крыві. У некаторых нацыяў такое змаганьне цягнецца дзесяцігодзьдзямі, а колькасьць палеглых пры гэтым вымяраецца дзясяткамі тысяч. Паўтараю, што ў нас не было ніякай магчымасьці зьмяніць вышэйшую ўладу ў Менску і ў рэгіёнах. Пры тым, што палітычныя патрабаваньні пра такую зьмену ў тыя жнівеньскія дні мы выказалі – і з парлямэнцкай трыбуны, і праз СМІ. Былі вычарпаныя ўсе легальныя спосабы – заставаліся нелегітымныя. А менавіта тыя, якія, паводле меркаваньня некаторых сёньняшніх камэнтатараў, мы маглі б скарыстаць: заклікаць да захопу будынкаў ЦК, КДБ, сілавых міністэрстваў. Што да ЦК – дык разам зь Сяргеем Антончыкам і Валянцінам Голубевым мы літаральна выкінулі Малафеева з кабінэту першага сакратара (былы машэраўскі, потым – шушкевічаўскі, а цяпер лукашэнкаўскі кабінэт). Будынак ЦК быў апячатаны. Для захопу ж іншых месцаў нам неабходны былі зусім ня тыя сілы, на якія мы маглі разьлічваць. І галоўнае – ні КДБ, ні Мінабароны яшчэ юрыдычна не знаходзіліся ў падпарадкаваньні Менску (так было да сьнежня 1991-га, да Віскулёў. У Літве абаронцы Вярхоўнага Савету мелі хоць нейкую зброю – у нас яе не было абсалютна. У нас не было нават дзясятка ўзброеных людзей). Не было ніякай гарантыі, што не пачнецца страляніна па тых, каго б мы падштурхнулі на захоп будынкаў (фактычна, па моладзі, па жанчынах і дзецях, якія сабраліся на плошчы Незалежнасьці). Таму ўсе гэтыя развагі пра «захопы» – зь ліку нерэальных варыянтаў. А вось што было рэальна ў тыя дні – гэта выяўленьне палітычнай волі Станіслава Шушкевіча, які пасьля адстаўкі Дземянцея заняў найвышэйшую ў краіне пасаду і атрымаў непараўнальна большыя магчымасьці, чым лідэр апазыцыі Пазьняк. Аднак Станіслаў Станіслававіч імгненна пачаў шукаць «згоду» з тымі, хто праз два гады адправіць яго ў адстаўку.
Ёсьць і яшчэ адна тэорыя, якая раз-пораз гучыць падчас ацэнак падзеяў 1991 году: «беларусам незалежнасьць звалілася зь неба», бо «ўсё вырашылі падзеі ў Маскве». Паказальныя ў гэтым сэнсе словы таго ж Акудовіча. «Плыня таго бурапеннага часу самахоць рабіла патрэбную нам справу, яна сама разбурыла бэрлінскую сьцяну, камуністычны блёк, Савецкі Саюз... Дарэчы, менавіта ў эпохі тэктанічных ператрусаў найлепей бачная ўся пустата ды нікчэмнасьць палітыкі і палітыкаў. Нічога яны... не маглі тады зрабіць: ні стрымаць вялікага распаду, ні скіраваць яго ў патрэбнае ім рэчышча... Бадай тут якраз да тэмы будзе згадаць, што бліскучае ўмельства прыўлашчваньня чужога як свайго напрыканцы 1980-х – у першай палове 1990-х прадэманстраваў Зянон Пазьняк. Ён, ачоліўшы нацыянальна-дэмакратычны рух, які фармаваўся літаральна на маршы, на ўсе сто (ці мо і значна болей) адсоткаў скарыстаўся плёнам расейскай дэмакратычнай публіцыстыкі, прыбалтыйскіх народных франтоў, заходняй прапаганды і дыпляматыі, інтэлектуальным наробкам і палітычнай энэргіяй уласна дэмакратычнай і лібэральна настроенай інтэлігенцыі, – гаворыць Акудовіч і далей абвяргае сам сябе: – Калі б слова «геній» можна было дастасоўваць да палітыка, то трэба было б прызнаць, што ў тую пару Зянон Пазьняк быў геніяльным палітыкам, паколькі скарыстаўся з сытуацыі значна больш, чым яна мела ў сваім патэнцыяле для нацыянальна-вызвольнага руху» (Свободные новости. 2002. 25 апреля). З практычнага гледзішча, такі падыход лягічна павінен прывесьці да высновы, што ніякая палітычная дзейнасьць, ніякае змаганьне не патрэбныя ўвогуле. Напрыклад, змаганьне з дыктатурай: усё адно, рана ці позна, кожнага дыктатара прыбірае Бог. Навідавоку і перакручваньне фактаў: калі ж гэта «расейская лібэральная публіцыстыка» хоць слова напісала пра неабходнасьць сувэрэнітэту Беларусі ці адраджэньня беларускай мовы? Наконт жа выкарыстаньня Пазьняком інтэлектуальнага наробку нацыянальнай эліты пагаджуся, дадаўшы сюды, праўда, і ранейшыя пакаленьні – а інакш і быць не магло, бо дасягненьне сувэрэнітэту было марай і мэтай і Каліноўскага, і Купалы... Зрэшты, у мяне няма жаданьня камэнтаваць супярэчлівыя сэнтэнцыі гэтага літаратара – здаецца, большасьць ягоных тэкстаў якраз і пабудаваная на прынцыпе абсурду, і калі знаходзяцца ахвотныя чытаць і ўспрымаць падобнае – дык калі ласка. Іншая справа, што гэты экстравагантны прынцып абсалютна некарэктны для аналізу рэальных палітычных падзеяў. Але ёсьць і сур’ёзныя дасьледчыкі, якія грунтуюцца не на аргумэнтах кшталту «плыні бурапеннага часу», а на аб’ектыўным і цьвярозым дасьледаваньні магчымых варыянтаў – і вось такія выказваньні вартыя аналізу. Так, у якасьці пацьверджаньня тэорыі «сувэрэнітэт зь неба» прыводзіцца прыклад рэспублік, дзе нацыянальна-вызвольныя рухі практычна адсутнічалі – але, вось жа, пасьля жніўня 1991 году і яны атрымалі сувэрэнітэт. Пры аналізе прычынаў распаду любой імпэрыі цяжка аспрэчваць важнасьць падзеяў у яе сталіцы. Гісторыя ж ведае і выпадкі, калі тэрыторыі адна за другой адвальваліся, але цэнтар працягваў выконваць свае імпэрскія функцыі, і таму краіна захоўвала ўсе прыкметы імпэрыі (такой застаецца Расейская Фэдэрацыя). Падзеі ў Маскве ў жніўні 1991-га, бясспрэчна, мелі вызначальны характар як сыгнал да распаду імпэрыі – але трэба ўлічваць, што шмат у чым яны самі былі перадвызначаныя сытуацыяй у тагачасных саюзных рэспубліках. Найперш – нацыянальна-вызвольнымі рухамі, якія дамагаліся сувэрэннасьці сваіх рэспублік, і Ельцын быў вымушаны ўлічваць такія настроі. Менавіта на гэтых тэндэнцыях, дарэчы, і згуляў Ельцын падчас амаль чатырохмесячнага (жнівень–сьнежань 1991-га) супрацьстаяньня з Гарбачовым, які спрабаваў фарсіраваць падпісаньне «саюзнай дамовы» (так званы «новаагароўскі працэс»). Ужо не кажу пра тое, што менавіта падзеі ў Курапатах на Дзяды 1988 году сталіся ці ня першым гучным масавым выступам на тагачасных «імпэрскіх ускраінах», першым гучным сыгналам Маскве аб закаце савецкай імпэрскай эры. Уласна, Масква толькі на некалькі дзён аслабіла імпэрскія ланцугі – і мы гэтым імгненна скарысталіся. Ну, а калі б не скарысталіся? Не запатрабуй дэпутаты апазыцыі БНФ неадкладнага наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы – зусім верагодна, што захаваўся б статус-кво; прыгадаем, што лідэр кампартыі Малафееў (а камуністы былі ў ВС у большасьці) казаў толькі пра эканамічную самастойнасьць рэспублікі. І менавіта з боку апазыцыі БНФ ішоў штодзённы прэсінг на Станіслава Шушкевіча ўсе тыя месяцы, што папярэднічалі Віскулям – з патрабаваньнем не падпісваць гарбачоўскую «саюзную дамову». Без канстытуцыйнасьці Дэклярацыі Масква магла б утрымліваць Беларусь як частку сваёй тэрыторыі – пры поўнай згодзе Захаду (ён і згаджаўся з гэтым аж да Віскулёў). Ці былі ў Масквы сілы нэўтралізаваць у такой сытуацыі (пры згодзе Захаду) нацыянальна-вызвольныя выступы ў Беларусі? Бясспрэчна, былі. У падобных сытуацыях істотнае значэньне мае пазыцыя сілавых структураў і, найперш, войска. Неўзабаве пасьля аднаўленьня незалежнасьці было ўтворанае Міністэрства абароны і быў прызначаны выканаўца абавязкаў міністра (генэрал Пятро Чавус). Аднак міністэрства складалася зь некалькіх кабінэтаў. А арміі і дывізіі ўсё яшчэ знаходзіліся ў падпарадкаваньні начальніка акругі генэрала Кастэнкі, які непасрэдна падпарадкоўваўся маскоўскаму Генштабу. І па камандзе з Масквы апошні дзейнічаў бы гэтак, як ён і дзейнічаў у дні ГКЧП – у інтарэсах Масквы. Падобным чынам паводзіў сябе ў Малдове расейскі генэрал Лебедзь – і Маскве ўдалося, фактычна, адкалоць Прыднястроўе. У Беларусі было моцнае войска, якое, акрамя стратэгічных ракетных ды дапаможных фармаваньняў, складалася з трох танкавых арміяў (гэта дзевяць танкавых і мотастралковых дывізіяў). Эфэктыўнасьць выкарыстаньня такіх войскаў для задушэньня пратэстных выступаў была пацьверджаная ў Будапэшце, Празе і ў крыху меншых маштабах у Польшчы. У студзені 1991 году ў Вільні тактыка не спрацавала, але толькі таму, што на абарону парлямэнту выйшла некалькі соцень тысяч літоўцаў (у тыя дні я быў у літоўскім парлямэнце і ведаю, пра што кажу). У Менску столькі б людзей на абарону Вярхоўнага Савету ня выйшла – зрэшты, войскам і не спатрэбілася б яго штурмаваць, калі б ён заняў (а ён потым і заняў) прамаскоўскую пазыцыю. Некаторыя палітолягі, імкнучыся зьменшыць значнасьць канстытуцыйнасьці Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, супрацьпастаўляюць ёй як лёсавызначальную падзею падпісаньне Віскулёўскіх пагадненьняў. Калі ўжо разглядаць падзеі ў такім ракурсе, дык ёсьць некаторыя акалічнасьці, якія ніяк не дазваляюць успрымаць 25 жніўня 1991 году як другарадную падзею ў параўнаньні зь Віскулямі. Маю на ўвазе дакумэнты сакрэтных фондаў, якія нядаўна былі абнародаваныя. Ніводны аналітык ня будзе аспрэчваць ролі сілавых, рэпрэсіўных структураў у працэсе стрымліваньня сувэрэнізацыі рэспублік былога СССР. На працягу дзесяцігодзьдзяў выступы нацыянальных сілаў падаўляліся з рознай ступеньню жорсткасьці. Прыклады – кастрычнік 1988-га ў Менску, красавік 1989-га ў Тбілісі; нарэшце, нават шматтысячны выступ літоўцаў у студзені 1991-га быў прыдушаны спэцвойскамі КДБ. Аднак аналіз абнародаванных фондаў ЦК КПСС і КДБ СССР паказвае, што ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў рэпрэсіўныя мэтады патрабавалі фармальнай легітымізацыі і абапіраліся на прававыя рашэньні (іншая рэч – наколькі дэмакратычна прымаліся тыя рашэньні). Так, пастановай Кабінэту Міністраў СССР ад 10 красавіка 1991 году і загадам старшыні КДБ СССР ад 17 красавіка таго ж году было створанае Ўпраўленьне па кіраўніцтве адмысловымі часткамі войскаў КДБ (так званае Ўпраўленьне «СЧ»). Гэтыя спэцчасткі павінны былі ўдзельнічаць у «забесьпячэньні канстытуцыйнага ладу, бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці СССР». Заўважым: спэцчасткі створаныя пасьля т. зв. сакавіцкага «рэфэрэндуму» аб захаваньні СССР; КДБ атрымаў у выніку «рэфэрэндуму» і «волевыяўленьня народу» нібыта легітымную падставу для сілавой абароны існаваньня СССР. У жніўні былыя савецкія рэспублікі абвясьцілі незалежнасьць, пераважна праз наданьне Дэклярацыям статусу канстытуцыйнай сілы. Некалькі месяцаў Гарбачоў спрабаваў захаваць СССР, але 22 кастрычніка 1991 году Дзяржсавет СССР (акрамя прэзыдэнта СССР у яго ўваходзілі кіраўнікі рэспублік) скасоўвае КДБ СССР і стварае службы выведкі, аховы мяжы, так званую міжрэспубліканскую службу бясьпекі. А 3 сьнежня 1991 году прэзыдэнт Гарбачоў падпісвае закон, які абавязвае «лічыць органы бясьпекі рэспублік у выключнай юрысдыкцыі сувэрэнных рэспублік (дзяржаваў)» (Лубянка. Органы ВЧК–ОГПУ–НКВД–НКГБ–МГБ–МВД–КГБ. 1917–1991. – Международный Фонд «Демократия»: Москва. Издательство Йельского университета, США, 2003). Такім чынам, юрыдычная ліквідацыя агульнаімпэрскай рэспрэсіўнай сыстэмы адбылася пасьля прыняцьця Дэклярацыяў – і перад Віскулямі (ці не адкрыла менавіта гэтая ліквідацыя Ельцыну, Краўчуку і Шушкевічу шлях да падпісаньня празь некалькі дзён пагадненьня – тэма асобнага дасьледаваньня). Нарэшце – і, магчыма, гэта галоўнае, – адсутнасьць канстытуцыйнасьці Дэклярацыі, якая была нададзеная ў жніўні 1991-га, стварыла б зусім іншую атмасфэру ў вышэйшых уладных і элітных колах Беларусі ў сьнежні. Да Віскулёў справа і не дайшла б. Бо пасьля канстытуцыялізацыі Дэклярацыі Шушкевіч і Кебіч былі проста вымушаныя рабіць наступны крок (пра рэальную пазыцыю Шушкевіча ў дні перад Віскулямі гаворка ніжэй). І тое, што нам у жніўні 1991-га ўдалося «зламаць» Кебіча, павярнуць яго ў бок да сувэрэнітэту, адыграла выключную ролю пры падпісаньні, а затым ратыфікацыі Віскулёўскіх пагадненьняў. Дарэчы, наколькі я магу меркаваць, ініцыятыва сустрэчы кіраўнікоў трох краінаў зыходзіла ад Кебіча. Ва ўсялякім разе, пра неабходнасьць такога спатканьня я пачуў ад яго яшчэ ўвосень 1991 году, падчас размовы ў фае Дому ўраду. Адзін з удзельнікаў той увогуле выпадковай, кароткай сустрэчы – дэпутат Яўген Глушкевіч – ужо не жыве. Акрамя мяне і, зразумела, Кебіча, гэта мог бы пацьвердзіць чацьверты ўдзельнік той размовы – Аляксандар Лукашэнка. Віскулёўскія пагадненьні ад імя Беларусі падпісаў не адзін Шушкевіч, як прынята лічыць, а яшчэ і Кебіч як старшыня ўраду (адпаведна, падпісаліся і кіраўнікі ўрадаў Расеі і Ўкраіны). Падаецца, што менавіта наяўнасьць подпісу Кебіча, які ў сьнежні 1991 году ў значнай ступені кантраляваў Вярхоўны Савет, і паспрыяла таму, што дэпутаты (за выключэньнем аднаго толькі Ціхіні) прагаласавалі за ратыфікацыю пагадненьняў аб ліквідацыі СССР. Пры ўсёй крытычнасьці ацэнкі дзейнасьці Кебіча ў наступны пэрыяд, вось гэтую акалічнасьць канца 1991 году нельга выкрасьліць з гісторыі. Словам, калі б рашэньне аб Дэклярацыі 25 жніўня не было прынятае, Расея ўжо ў 1992 годзе магла б паглынуць Беларусь, паколькі ў рэальнасьці адразу пасьля Віскулёў пачаўся працэс энэргічнага ўцягваньня нашай краіны ў арбіту расейскіх палітычных і вайсковых інтарэсаў. Нарэшце, тыя, хто гаворыць пра «дармовасьць» Незалежнасьці, забываюцца на ахвяры, якія пакаленьні беларусаў на працягу стагодзьдзяў прыносілі дзеля таго, што ў жніўні 1991-га ўдалося зрабіць бяскроўна. Увогуле ж, прыкра апраўдвацца за дзейнасьць у справе дасягненьня дзяржаўнай незалежнасьці. Прыкра, але ня дзіўна, калі ведаць беларускую спэцыфіку аплёўваньня. Падобнае магчыма, бадай, толькі ў Беларусі – і больш нідзе ў сьвеце. Падазраю, што менавіта з прычыны гэтай беларускай спэцыфікі прыйдзецца яшчэ не аднойчы выслухоўваць словы розных экзальтаваных камэнтатараў пра «плыні бурапеннага часу», якія ўсё робяць «самахоць». У суцяшэньне ж паплечнікам па апазыцыі (калі яны маюць у ім патрэбу) магу толькі выказаць прагноз, што ў гісторыі застануцца ня гэтыя ацэнкі, а словы Васіля Быкава: «Што ж датычыцца апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, дык я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта апазыцыя Беларускага Народнага Фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай сувэрэннасьці. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца, незалежна ад лёсу Беларусі наагул, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна, гэта будзе ацэнена празь вякі». Бясспрэчна, што гэтая ацэнка належыць да ўсіх актывістаў БНФ, якія дамагаліся сувэрэнітэту, ды ўсіх тых грамадзянаў, якія прыйшлі ў жнівеньскія дні 1991 году на плошчу Незалежнасьці, каб спраўдзіць мару пакаленьняў беларусаў.
Фактычна, апошнія дні жніўня – гэта адзіны час, калі нацыянальныя сілы маглі эфэктыўна ўплываць у тым ліку на дзеяньні органаў выканаўчай улады. Дарэчы, сьцьвярджэньні пра тое, што Кебіч нібыта прапаноўваў Пазьняку «ўзяць сфэру адукацыі і культуры», – ня больш, чым міт. Ніякай падобнай прапановы не было (як і не прапаноўвалася прадстаўнікам БНФ увайсьці ў склад ураду). Усё: стварэньне новых беларускамоўных навучальных установаў, гістарычных часопісаў і гэтак далей – даводзілася «выбіваць». Аднак калі гэта яшчэ ўдавалася, дык нашыя патрабаваньні аб нацыянальнай валюце ды ўласным войску кіраўніцтвам новаўтворанай краіны не ўспрымаліся. Ні парлямэнцкая большасьць, ні Савет Міністраў не імкнуліся скарыстаць час і замацаваць незалежнасьць стварэньнем неабходных атрыбутаў дзяржаўнасьці – што актыўна рабілася ў краінах Балтыі. 19 верасьня ў якасьці дзяржаўных сымбаляў былі зацьверджаныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». Але зроблена гэта было вялізнымі намаганьнямі – дастаткова сказаць, што рашэньні былі прынятыя «голас у голас». Іншымі словамі, адсутнасьць хаця б аднаго прыхільніка незалежніцкай сымболікі ў залі не дала б патрэбнага выніку галасаваньня. Таму аўтар гэтых радкоў шчасьлівы, што раніцай у той дзень разам з дэпутатам Міхаілам Сьлямнёвым адмовіўся ад паездкі ў Малдову на выбары ў якасьці назіральніка. Істотна паўплывалі на вынікі галасаваньня выступы на карысьць нацыянальных сымбаляў былога старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, а ў той момант сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР Георгія Таразевіча і прэзыдэнта Акадэміі навук Уладзімера Платонава. Заставалася зьмяніць гімн. Быў абвешчаны конкурс. У лістападзе Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў выступілі са зваротам, у якім прапанавалі зрабіць дзяржаўным гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Арыгінал гэтага звароту на просьбу Васіля Ўладзімеравіча Быкава я перадаў у сакратарыят Вярхоўнага Савету; ён павінен знаходзіцца ў архіве ВС (сабе пакінуў копію): «Ці трэба нам новы, сьвежаствораны, не ахрышчаны часам і гісторыяй каньюнктурны гімн? Ці хутка ён стане адной з важнейшых сьвятыняў нацыі? Асабліва калі ў гістарычнай народнай памяці яшчэ велічна гучыць колішні, ахрышчаны нешчасьлівым лёсам (дарэчы, тым, які хрысьціў беларускі народ і саму Рэспубліку Беларусь) гімн на словы Макара Краўцова. А між тым, гэта велічная мэлёдыя і выдатны тэкст. І ня так важна, што некаторыя моманты яго не адэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя. Гэта зусім ня той выпадак, калі патрэбна злабадзённасьць. Тэксты гімнаў цывілізаваных краінаў звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаны крывавай гісторыяй, і ў тым іх мастацкая і духоўная сіла. Мы прапануем узаконіць гімн на словы М. Краўцова, ажыцьцявіўшы тым важнейшы дзяржаўны акт па шляху да сапраўднай сувэрэннасьці Рэспублікі Беларусь». Словы гэтыя, аднак, не былі пачутыя: ня выключана, што некаторым хацелася самім выступіць у якасьці стваральнікаў гімну. Конкурс доўжыўся не адзін год – аж да таго часу, пакуль да ўлады не прайшоў Лукашэнка, які «мадэрнізаваў» савецкі гімн. Курыраваў конкурс старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі Ніл Гілевіч. Былі прапановы зрабіць дзяржаўным гімнам і «Магутны Божа». Зрэшты, я перакананы, што, калі б камісія Гілевіча апэратыўна ўнесла адзін з гэтых твораў на разгляд ВС, ужо ў лістападзе 1991-га большасьць дэпутатаў прагаласавала б супраць; за два месяцы пракамуністычная намэнклятура ачуняла ад пасьляпутчавага шоку і, нягледзячы на супраціў апазыцыі БНФ, імкліва адваявала свае пазыцыі ў Вярхоўным Савеце. Не ў малой ступені спрыяла гэтаму і палітыка новаабранага сьпікера Станіслава Шушкевіча, накіраваная на пошукі «згоды».
9 лістапада апазыцыя БНФ прыняла заяву, у якой адзначалася, што Дэклярацыя аб сувэрэнітэце застаецца толькі на паперы. Войска, спэцслужбы (у тым ліку КДБ) знаходзіліся збольшага ў падпарадкаваньні Масквы. Замежная палітыка таксама вызначалася ў Маскве (усё яшчэ дзейнічала «саюзнае» МЗС). Беларусь ня мела ўласных грошай. Беларусь ізноў страчвала час – замест каб ствараць рэальныя інстытуцыі дзяржаўнасьці, вышэйшае кіраўніцтва (С. Шушкевіч і В. Кебіч) уцягнулася ў навязаны М. Гарбачовым так званы «новаагароўскі працэс» у справе падпісаньня «саюзнай дамовы», гэтым разам – на падставе канфэдэрацыі. Тым ня менш, прыняцьцё былымі рэспублікамі Дэклярацыяў аб сувэрэнітэце давала свой плён. На пачатку сьнежня стала вядома, што ў Менск прыедуць прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын і прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук (ва Ўкраіне прайшоў рэфэрэндум, дзе ўкраінцы выказаліся за незалежнасьць ад Масквы). 5 сьнежня старшыня ВС с. Шушкевіч сустрэўся з дэпутатамі апазыцыі БНФ (гэта быў першы і апошні раз за ўсе гады яго сьпікерства, калі ён прыйшоў у памяшканьне апазыцыі). Мы выказалі занепакоенасьць ягоным удзелам у працэсе стварэньня «саюзнай дамовы», заявіўшы, што Беларусі патрэбныя ўласнае войска і ўласныя грошы. Вось некалькі фрагмэнтаў той сустрэчы: «Голубеў: Незалежнасьць. Мы ня ведаем Вашай пазыцыі ў адносінах да будучыні Беларусі. Саюзная дамова: Вы сказалі, што Вы – за падпісаньне эканамічнага пагадненьня, заявілі, што палітычнага пагадненьня ня будзе, але цяпер гэта робіце. Мы тут ня бачым плюсаў для Беларусі. Чаму старшыня ВС не праводзіць палітыкі па войску? Ельцын можа пераўтварыць яго ў акупацыйнае войска... Адносіны да ўвядзеньня ўласнай валюты – адзін месяц купонаў прывядзе да дыскрэдытацыі. Пазьняк: Уяўленьне ад Вашай дзейнасьці – ігнараваньне гэтых фактараў, што падводзіць да страты сувэрэнітэту, крызісу эканомікі. Палітык павінен мець апору. Вы разьвіваліся на нашых вачах, ня можаце абаперціся ні на Фронт, ні на камуністаў. Абапіраецеся на палітыку Ельцына і Гарбачова. Мы стаім на парозе згубы сувэрэнітэту. Шушкевіч: На здаровы сэнс абапіраюся. У нас з вамі розныя погляды на свабоду і дэмакратыю. Наконт Саюзнай дамовы – дазвольце мне не станавіцца пад вашыя штандары... Вялікае войска ніколі ня ўтворыцца, Ельцын можа паставіць войскі супроць Беларусі вельмі проста... Пазьняк: Мы былі ініцыятарамі, каб склікаць сэсію надзвычайную. Мы не пераканалі Вярхоўны Савет. Але цяпер апынуліся ў найбольш небясьпечным становішчы. Альбо мы возьмем гэтае войска і прывядзём яго да прысягі... Шушкевіч: Вы – дрэнны тактык і лічыце сябе вялікім стратэгам. Пазьняк: Вы ў гэтай сытуацыі несяце адказнасьць... Шушкевіч: Вы, мышы, сабраліся і хочаце кату павесіць званочак на хвост. Хоць хто-небудзь з вас працаваў ва ўрадзе? Начхаць нам на саюз з Малдовай і Прыбалтыкай – у іх нафты няма! Так, я чакаю, што Масква можа пайсьці на параліч эканомікі Беларусі. Але ў нашым урадзе не такія дурні... Пазьняк: Вы правільна ацэньваеце Расею. Але чаму тады Вашая палітыка ўвесь час абапіраецца на Расею? А не на Прыбалтыку, Захад? Шушкевіч: Да палітыкі, якую можа праводзіць дзяржава – нам трэба ісьці яшчэ доўга». Сярод іншага, Шушкевіч на той сустрэчы сказаў: «Я езьдзіў, ежджу і буду езьдзіць у Нова-Агарова» (на абмеркаваньне з Гарбачовым «саюзнай дамовы»). Такім чынам, у выказваньнях Шушкевіча не было нічога, што давала б падставы прагназаваць тое, што адбылося празь некалькі дзён у Віскулях – наадварот, ён выступаў за «саюзную дамову» і нярэзкія дзеяньні. Верагодна, у Віскулях меў месца ўплыў Ельцына і Краўчука. І тым ня менш, ужо празь некалькі дзён Шушкевіч паставіў подпіс пад Віскулёўскім пагадненьнем аб ліквідацыі СССР, што, бясспрэчна, упісала ягонае імя ў гісторыю. Аднак адначасна зь ліквідацыяй Саюзу было заяўлена аб стварэньні СНД, у чым мы пабачылі небясьпеку рэстаўрацыі старой імпэрыі, але ў новай форме. Мы лічылі, што ў справе сувэрэнітэту Беларусь павінна заняць пазыцыю, аналягічную Літве, Латвіі і Эстоніі: незалежнасьць і ніякіх палітычных альбо вайсковых саюзаў з Масквой. Ратыфікацыя Віскулёўскага пагадненьня ў сьнежні 1991 году, відавочна, была апошнім радыкальным крокам Вярхоўнага Савету ў кірунку ўмацаваньня дзяржаўнасьці.
Актывісты Народнага Фронту выкарыстоўвалі ўсе магчымасьці для беларусізацыі краіны, нібыта адчуваючы, што часу застаецца ўсё менш і менш. Дзякуючы намаганьням Камісіі па культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны ВС, у лістападзе 1991-га загадам Міністэрства адукацыі на базе ранейшага нядзельнага ліцэю ствараецца Беларускі гуманітарны ліцэй. А 15 студзеня 1992 году распараджэньнем Савету Міністраў яму перадаецца будынак на Кірава, 21. У Менску і ў іншых гарадах павялічваецца колькасьць беларускамоўных школаў, выходзяць новыя падручнікі, выдаецца гістарычная літаратура, друкуюцца раней забароненыя творы. Праўда, друкуюцца абмежаваным накладам – у параўнаньні зь нізкапробнай расейскамоўнай літаратурай, на якой новаўтвораныя камэрцыйныя структуры зарабляюць капіталы. Прыклад таго, што беларускамоўны друк можа мець камэрцыйны посьпех, паказаў наш калега па дэпутацкай апазыцыі Ігар Гермянчук. Ён рэдагаваў «Свабоду», якая ня толькі выдавалася па-беларуску, але ў 1991–1994 гадах выходзіла на тарашкевіцы, і пры гэтым яе наклад быў пазначаны 90 тысяч асобнікаў. Газэта выдавалася зусім невялікім калектывам (у рэгіёнах быў толькі адзін карэспандэнт – Сяргей Астраўцоў), чыноўнікі не спрыялі ні ў друкаваньні, ні ў распаўсюдзе, і ўсё ж у пачатку 1990-х «Свабода» Ігара Герменчука была адной з найбольш папулярных газэтаў. Беларускамоўныя незалежныя газэты ствараліся і ў рэгіёнах, прычым некаторыя выданьні былі піянэрамі ў спэцыялізаваных галінах – так, у Віцебску Ўладзіслаў Яндзюк пачаў выдаваць «Кампутарную прахтыку». У 1992 годзе з 1 верасьня малодшыя клясы сярэдніх школаў перайшлі на беларускую мову. Дзесяць гадоў такой практыкі – і на пачатку ХХІ стагодзьдзя праблемы выжываньня беларускай мовы папросту не існавала б. Аднак палітыка беларусізацыі сустрэла вялізнае непрыманьне праімпэрскіх сілаў – прычым пачалося з так званых «нізавых ініцыятываў». У чэрвені ў парлямэнцкай «Народнай газеце» намесьнік яе рэдактара Іван Макаловіч канстатаваў, што «ў Беларусі працэс нацыянальнага Адраджэньня ідзе надзвычай марудна, квола, робяцца толькі першыя няўпэўненыя крокі, але нават яны выклікаюць абурэньне расейскамоўнага насельніцтва». Гэтак быў пракамэнтаваны ліст групы бацькоў з Рагачова (17 подпісаў), у якім тыя называлі Закон аб мовах «антынародным», палітыку беларусізацыі – «генацыдам», запалохваючы «спальваньнем на плошчах усёй рускай літаратуры» і г. д. Завяршаўся ліст заклікам да бацькоў першаклясьнікаў «не прыводзіць дзяцей у школы 1 верасьня» – у беларускія клясы – «пакуль ня будзе забясьпечанае свабоднае права выбару, раўнапраўе навучаньня як для беларускамоўных, так і для расейскамоўных дзяцей...». Супраць беларусізацыі былі скіраваныя і выступы газэты «Фемида», якую выдаваў кіраўнік фірмы «Эрыдан» Аляксандар Патупа. На аналягічных пазыцыях знаходзілася і газэта «Европейское время», якую рэдагаваў Сямён Букчын. Шэраг падобных расейскамоўных выданьняў выходзіў пры падтрымцы Фонду Сораса, некаторыя прадстаўнікі якога ў Беларусі насаджалі «лібэральныя каштоўнасьці» і ў лепшым разе вельмі насьцярожана ставіліся да праяваў нацыянальнага Адраджэньня. Ужо летам 1992 году падкантрольныя Кебічу расейскамоўныя выданьні (якія мелі вялікі наклад) пачалі пераходзіць на антынацыянальныя пазыцыі. Тут прывяду ў прыклад публікацыю ў газэце Савету Міністраў «Рэспубліка» ад 10 чэрвеня 1992 году: «Хіба не цікава, што 16-гадовы чалавек думае пра наш час», – пытаецца рэдакцыя ва ўступным слове і аддае пад развагі падлетка цэлую паласу (тым часам як ні ў водным нумары ніколі «Рэспубліка» не надрукавала ніводнага радка дэпутатаў апазыцыі БНФ). Увесь артыкул – гэта трызьненьне па разбуранай савецкай імпэрыі, абарона «патрыётаў, якія стаялі за вялікую і непадзельную Айчыну», апэляцыя да гарбачоўскага «рэфэрэндуму» 1991 году аб захаваньні СССР, бо «воляй лёсу мы апынуліся юрыдычна і палітычна ізаляванымі ад Расеі», але, спадзяецца аўтар, «гэта часовы разрыў». Фактычна, распад савецкай імпэрыі і стварэньне сувэрэннай дзяржавы падаюцца як вялізнае зло – і гэта ва ўрадавай дзяржаўнай газэце. Была заяўленая катэгарычная падтрымка пракамуністычнаму Вярхоўнаму Савету і Савету Міністраў і сказана, што «вельмі неабходна супрацьпаставіць «нацыянал-дэмакратам», як яны самі сябе называюць, магутную патрыятычную арганізацыю, якая б аб’яднала людзей, якія ўсьведамляюць пагібельнасьць залежнасьці ад Захаду». Аўтар гэтай публікацыі – Усевалад Янчэўскі. (Зусім ня дзіўна, што празь некалькі гадоў ён узначаліць пралукашэнкаўскую моладзевую арганізацыю («лукамол») – дзіўнавата тое, што пасьля такіх заяваў яго возьме да сябе ў каманду Станіслаў Шушкевіч.) Можна заўважыць супярэчнасьць: з аднаго боку, у саўмінаўскай газэце друкуюцца антынезалежніцкія артыкулы, з другога – у тым жа чэрвені 1992-га Саўмін прымае рашэньне аб выданьні часопісу «Беларуская мінуўшчына», а часопіс «Спадчына» атрымлівае дзяржаўныя датацыі (праўда, мізэрных памераў, калі параўноўваць з антынезалежніцкімі выданьнямі). Гэта тлумачыцца пастаянным ціскам дэпутатаў апазыцыі БНФ на органы дзяржаўнага кіраваньня там, дзе трэба было прымяніць ціск, і «кулюарнай працай» з тымі прадстаўнікамі апарату, якія хаця б не адрыналі ідэі Адраджэньня, а ў шэрагу выпадкаў і спрыялі ім. Ці былі прыхільнікі беларускага Адраджэньня ў дзяржаўным апараце, у выканаўчых органах улады? Бясспрэчна, былі, хоць і няшмат. На вышэйшым узроўні варта адзначыць віцэ-прэм’ера Мікалая Дземчука і міністра замежных справаў Пятра Краўчанку, міністра інфармацыі Анатоля Бутэвіча (пры тым, што ў шэрагу палітычных пытаньняў іх пазыцыя кардынальна разыходзілася з поглядамі БНФ і ацэньвалася намі як антыдэмакратычная). Іх дзеяньні найчасьцей былі даволі асьцярожныя, аднак зь іх дапамогай удалося рэалізаваць некаторыя нацыянальныя ініцыятывы. Галоўны здабытак нацыянальных сілаў у гэты пэрыяд – якраз стварэньне адукацыйных ды прапагандысцкіх беларускамоўных асяродкаў ды закладаньне сыстэмы нацыянальнай адукацыі. Усё гэта дзейнічала яшчэ і ў першыя гады пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі і дазволіла выхаваць нацыянальна сьвядомую частку новага пакаленьня, якое ўступіла ў палітычную дзейнасьць на мяжы стагодзьдзяў. Варта адзначыць і тое, што Беларусь пачала ўсьведамляцца ўсясьветнай супольнасьцю як сувэрэнная і незалежная дзяржава. І ўсё ж, усе здабыткі на ніве нацыянальнага Адраджэньня былі дасягнутыя ня дзякуючы пазыцыі вышэйшага кіраўніцтва, а насуперак ёй. Палітычная ж сытуацыя ў Беларусі наагул рабілася ўсё больш напружаная. Адна з прычынаў гэтага была выкладзеная ў заяве апазыцыі БНФ у жніўні 1992 году: «З аднаго боку, адсутнасьць найважнейшых законаў у сфэры эканамічнага жыцьця, якія абавязаны быў прыняць Вярхоўны Савет, пазбавіла народ Беларусі права на ўласнасьць, на валоданьне зямлёй і сродкамі вытворчасьці і, фактычна, пакінула людзей безабароннымі перад хваляй беспрацоўя. З другога боку – шалёныя тэмпы намэнклятурнай прыватызацыі, калі ня толькі сотні мільёнаў дзяржаўных рублёў, але і цэлыя прадпрыемствы, установы пераходзяць у прыватную ўласнасьць былых камуністаў». Найважнейшай адметнасьцю гэтай ня вельмі і прыхаванай намэнклятурнай прыватызацыі было тое, што новая кляса ўласьнікаў, якая стваралася з былых партыйных, камсамольскіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў КДБ, была ня проста цалкам пазбаўленая нацыянальнай сьвядомасьці, але мела прамаскоўскую, і часам вельмі агрэсіўную антыбеларускую арыентацыю. Тут таксама быў парадокс: з усіх партыяў толькі БНФ падаў законапраекты, накіраваныя на рынкавыя рэформы, але БНФ практычна ня меў падтрымкі буйных прадпрымальнікаў. Тлумачыцца гэта тым, што бізнэсоўцам было куды больш выгадна падтрымліваць прадстаўнікоў улады, бо менавіта ад чыноўніка, а не ад закону, залежаў лёс таго альбо іншага бізнэсу. Словам, бізнэсоўцы паводзілі сябе вельмі недальнабачна, спакусіўшыся на імгненныя выгады і адмовіўшы ў падтрымцы сіле, якая б у пэрспэктыве магла стварыць гарантыі для вольнага бізнэсу. Зрэшты, магчыма, якраз такая сытуацыя гэтых бізнэсоўцаў задавальняла куды болей, чым магчымая свабодная канкурэнцыя, дзе посьпех вызначаецца, галоўным чынам, ня блізкасьцю да чыноўніка, а прадпрымальніцкімі здольнасьцямі. Нарэшце, ключавыя пазыцыі ў бізнэсе занялі асобы, набліжаныя да былых высокапастаўленых кіраўнікоў партыі і КДБ, з традыцыйна антыбеларускай арыентацыяй; пад іх падладжваліся і астатнія. Натуральна, сярод дробных прадпрымальнікаў былі і нацыянальна сьвядомыя, але, як правіла, гэта былі людзі з зусім сьціплымі «капіталамі», якіх, да прыкладу, не хапіла б на выпуск уласнай газэты. Толькі ўладальнікі кампутарнай фірмы «Дайнова» падкрэсьлена дапамагалі беларускім культурніцкім ініцыятывам. Але і гэта была ня самая магутная фірма ў сваёй сфэры – самыя буйныя, ізноў жа, арыентаваліся на Расею. Што будуць уяўляць сабою мас-мэдыі, створаныя буйнымі прадпрымальнікамі, мы маглі меркаваць паводле неўзабаве ўзьніклай «Газеты Андрея Климова», якая выходзіла па-расейску і даволі зьедліва пісала пра БНФ. Мы прагназавалі, што пры такім разьвіцьці падзеяў празь некалькі гадоў новаўтвораная дэнацыяналізаваная кляса буржуа самым «дэмакратычным» чынам – праз свабодныя выбары з дапамогай уласных СМІ і нанятых паліттэхнолягаў – правядзе і ў парлямэнт, і ў выканаўчыя структуры прарасейскія антыбеларускія сілы, якія нават у выпадку ляяльнасьці да сувэрэнітэту адвядуць беларускай мове месца духоўнай рэзэрвацыі (дарэчы, гэта можа здарыцца і, хутчэй за ўсё, здарыцца пасьля падзеньня лукашэнкаўскага рэжыму – бізнэс у сёньняшняй Беларусі збольшага прарасейскі).
Патрабаваньне новых выбараў, якое гучала і раней, у 1992-м зрабілася ляйтматывам палітычнай дзейнасьці БНФ. У мэтах зьмены ўлады БНФ пачаў зьбіраць подпісы за рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах. Выбары мусілі прайсьці паводле новага закону на падставе прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы (50 на 50, палова мандатаў – па акругах, палова – па партыйных сьпісах). Такі варыянт падаваўся бяспройгрышным: на рэфэрэндуме большасьць прагаласавала б за новыя выбары, а партыйныя сьпісы дазволілі б правесьці ў Вярхоўны Савет значна больш прадстаўнікоў БНФ і дэмакратычных партыяў, чым іх было ў ВС 12-га скліканьня. Народны Фронт сабраў больш як паўмільёна подпісаў; ЦВК прызнала сапраўднымі 442 тысячы. Аднак ідэя рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет паводле дэмакратычнага выбарчага закону не знайшла падтрымкі ні ў Станіслава Шушкевіча, ні ў большасьці дэпутатаў Вярхоўнага Савету; старшыня парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў «абгрунтаваў» нямэтазгоднасьць такога рэфэрэндуму. Воля 442 тысяч грамадзянаў была праігнараваная; адмаўляючы ў рэфэрэндуме, Вярхоўны Савет прыняў нелегітымнае рашэньне і, фактычна, паставіў сябе па-за законам. З гэтага моманту – з 29 кастрычніка 1992 году – прарасейскія сілы і ў парлямэнце, і ў структурах выканаўчай улады адкінулі прыгожыя фразы і адкрыта сталі на шлях ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці. У палітычным жыцьці краіны ўзьнікла і яшчэ адна адметнасьць: зь лета 1992 году пачалі стварацца альбо ўзмацняцца партыі, якія абвяшчалі сябе альтэрнатывай Народнаму Фронту. Была ўтвораная Партыя народнай згоды – з ініцыятывы былой і дзейнай прамысловай намэнклятуры, якую ўзначаліў Генадзь Карпенка. Зянон Пазьняк перакананы, што шэраг партыяў былі створаныя КДБ для аслабленьня Народнага Фронту. Аналягічнага меркаваньня прытрымліваўся і Васіль Быкаў, які да таго ж ставіў пад сумнеў іх дэмакратызм: «У Беларусі ёсьць некалькі дэмакратычных партыяў – ва ўсялякім разе, намінальна дэмакратычных. Я асабіста сумняюся ў дэмакратызьме некаторых зь іх. Магу і памыліцца, але пакуль яны нешта не сьпяшаюцца выявіць сваёй дэмакратычнасьці на справе. Што ж да Беларускага Народнага Фронту, гатовы гарантаваць, што гэта сапраўды дэмакратычная арганізацыя». Гэтыя словы Быкаў сказаў у інтэрвію «Свабодзе» ў пачатку 1996 году; а ў 1992-м некаторыя дэмпартыі раптам (ці ня раптам?) зрабілі заявы, дыямэтральна супрацьлеглыя стратэгічным прынцыпам БНФ. Захаваньне парлямэнцкай рэспублікі было адным з галоўных патрабаваньняў апазыцыі БНФ, і да нейкага часу нам удавалася ўтрымліваць сяброў Канстытуцыйнай камісіі ад уключэньня «прэзыдэнцкіх» разьдзелаў у праект Канстытуцыі. Сытуацыя карэнным чынам зьмянілася, калі супраць парлямэнцкай рэспублікі выступілі нашы саюзьнікі па дэмакратычным лягеры. 8 чэрвеня 1992 году ў менскай газэце «Добры вечар» дэпутат сталічнага гарсавету, намесьнік старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі (потым улілася ў АГП) Міхась Пліска заявіў пра неабходнасьць увядзеньня ў Беларусі прэзыдэнцтва; у якасьці аргумэнтаў супраць парлямэнцкай рэспублікі прыводзіліся прыклады краінаў, дзе перамогу атрымалі нацыянальныя дэмакраты. М. Пліска канстатаваў: «Былых прадстаўнікоў ад парт- і дзяржнамэнклятуры, нацыянальных дэмакратаў, як, зрэшты, і дэмакратаў-дзяржаўнікаў, родніць адных з другімі абсалютызацыя ўлады парлямэнту». Міне колькі гадоў – і прыклад Літвы, Латвіі і Эстоніі будзе, наадварот, менскімі лібэраламі прыводзіцца як станоўчы, у немалой ступені дзякуючы таму, што пачатковы пэрыяд дзяржаўнага станаўленьня і пачатку рынкавых рэформаў супаў менавіта зь вяршэнствам парлямэнту, дзе захоўваўся балянс інтарэсаў. Што да «балянсу інтарэсаў» у нашай Канстытуцыйнай камісіі, дык гэтым і падобнымі выступамі ён быў парушаны. «Кебічысты» адчулі, што сярод дэмакратаў ужо няма адзінства (за прэзыдэнцтва пачалі выступаць Карпенка, Ганчар і іншыя, пабачыўшы ў гэтай пасадзе магчымасьць уласнай самарэалізацыі) і фарсіравалі ўвядзеньне прэзыдэнцкіх разьдзелаў – пры згодзе старшыні Канстытуцыйнай камісіі Станіслава Шушкевіча. Дарэчы, артыкул М. Пліскі называўся «Прэзыдэнцкая рэспубліка як сродак падзелу выканаўчай і заканадаўчай улады». Міжволі прыгадваецца, што добрымі намерамі брукаваная дарога ў пекла.
У 1993 годзе адбыліся падзеі, якія - пасьля аднаўленьня незалежнасьці - можна лічыць самымі знакавымі ў апошнім Адраджэньні - але на гэты ж год прыпадае і найбольш брутальны (да пэрыяду прэзыдэнцтва) наступ праціўнікаў нацыянальнай ідэі. У сакавіку 1993 году адзначаліся 75-я ўгодкі ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Урачыстае паседжаньне прайшло ў будынку філярмоніі з удзелам Старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча і Старшыні Рады БНР Язэпа Сажыча. Урачыстасьці па-за межамі сталіцы былі значна больш сьціплымі. Але вось у Беластоку, дзе ў тыя дні мне давялося прадстаўляць БНФ, на сьвяткаваньне прыехаў і нават выступіў з прамовай амбасадар Беларусі ў Польшчы У. Сянько. Сёньня немагчыма ўявіць, каб на сьвяткаваньні 25 сакавіка прысутнічаў хаця б самы нізкапастаўлены чыноўнік райвыканкаму - калі не лічыць высокапастаўленых супрацоўнікаў міліцыі і спэцслужбаў падчас разгону маніфэстацыяў. Дый беларускія дыпляматы не наведваюць урачыстасьці, якія ў гонар БНР штогод ладзяцца ва ўсіх буйных асяродках беларускай дыяспары - у Празе, Лёндане, Антвэрпэне, Нью-Ёрку, Кліўлендзе, Таронта ды іншых месцах. У опэрным тэатры на працягу трох дзён, з 8 да 10 ліпеня адбываўся Першы зьезд беларусаў сьвету. Варта нагадаць, што да пабудовы «Палаца Рэспублікі» менавіта ў опэрным тэатры адбываліся найбольш важныя ўрачыстасьці, прычым далёка не штогод (на прамяць прыходзіць ўручэньне Л. Брэжневым залатой зоркі гораду-героя Менску ў 1978 годзе). Нацыянальным сілам удалося прадухіліць задуму, якую выношвалі ў Саўміне - каб Рада БНР склала свае паўнамоцтвы і перадала іх ураду К |