Генадзь Коршунаў. Беларусь як птушка Сімург. Сацыялагічныя рэфлексіі з нагоды беларускай рэвалюцыі
by абдзіраловіч · 15.09.2020
Спрабуючы адрэфлексаваць перадумовы працэсаў 2020 года, тады яшчэ толькі кавідных, у красавіку я накідаў у ФБ невялікую нататку пад назвай “Персанальныя спекуляцыі аб памяркоўнасці, кавідзе і экзістэнцыі”. У тым тэксце я разважаў аб тым, што слова «памяркоўны» узнікае з дзеяслова «меркаваць» або «абмяркоўваць», гэта значыць думаць, выпрацоўваць сваё ўласнае меркаванне. Адгэтуль ясна, «памяркоўны» – гэта той, хто бярэ паўзу і не вырашае знянацку. Гэта той, каму патрэбен час.
Неабходнасць лагу «на абмеркаваць» я палічыў іманентнай для каштоўнаснай структуры нашага менталітэту. У тым ліку і таму, што калі беларускую аксіялагічную тапалогію маляваць канцэнтрычна, то яна будзе прынцыпова адрознівацца ад класічнай заходняй. Апошняя ўяўляе сабой своеасаблівае пашырэнне ад «Я» праз «сям’ю» і далей па нарастанні маштабу тэрыторыі – ад urbi да orbi. У нас жа ядро іншае – у цэнтры «Сям’я», а «я» стаіць за ёй. Гэта прынцыпова, таму што адказваеш перш за ўсё за сям’ю, свае інтарэсы на другім месцы (нармальны беларус адразу з сям’ёй параіцца і потым зробіць. Адсюль, дарэчы, і наша «даць рады» – параіўшыся, справіцца з праблемай). Потым вельмі вузкія колцы тэрытарыяльных локусаў і – Беларусь. Так, прамежкавых топасаў практычна няма.
У сувязі з гэтым на ўзроўні метааналізу ці прафесійнай інтуіцыі некаторы час таму ў мяне паўстаў канцэпт «лакальнай сацыяльнасці». Ім я мусіў схапіць шэраг тэндэнцый, якія прасочваюцца ў многіх даследаваннях, што праз мяне праходзяць.
Самая агульная сутнасьць лакальнай сацыяльнасці складаецца ў абмежаванні давернага кола кантактаў толькі “сваімі”. З усімі астатнімі: на паўсядзённым узроўні – асцярожная добразычлівасць, на фармальным – свайго роду сацыяльны абсентэізм. Гэта назіралася ў структурацыі хвалюючых чалавека праблем, у дыфракцыі ідэнтычнасцяў, у перарывістасці пачуцця еднасці з рознымі сацыяльнымі групамі, у дачыненні да календарных датаў і г.д.
У нейкі момант феномен лакальнай сацыяльнасці я стаў разглядаць як пэўную сепарацыю грамадства і дзяржавы. Ці як фармаванне двух амаль паралельных пластоў рэчаіснасці: афіцыйна-дэкларатыўнага і паўсядзённа-актуальнага.
Цікавы эмпірычны паказчык «расслаення сацыяльнага»: сярод адказаў на пытанні аб якой-небудзь сферы на ўзроўні краіны ў цэлым вельмі істотная доля рэспандэнтаў сыходзіла ў «шэрую» зону. Яны альбо выбіралі сярэдні, неўтральны варыянт адказу, альбо ўвогуле адмаўляліся выказваць сваё меркаванне.
Першы тып рэчаіснасці быў самарэферэнтным і вульгарна метафізічным у адносінах да «натуры». У камунікатыўна-інфармацыйным плане ён імкнуўся да схаластыкі з яе класічнай устаноўкай на выключныя стасункі з герметычным кампендыюмам рабочых тэм і высокай культурай цытавання. Другі пласт вызначаўся як фенаменалагічны (ц)і экзістэнцыяльны з факусоўкай на паўсядзённай актуальнасці, на прынцыповай прагматычнасці і акцэнтам на ўласным досведзе як механізме верыфікацыі быцця.
Паміж гэтымі рэчаіснасцямі існаваў парытэт, які палягаў ў пэўнай неартыкуляванай дамове: інэрцыйны метафізічны пласт пакідаў за сабой выключнае права суб’екта па вызначэнню рамак сацыяльнага і па забеспячэнню працэсаў жыццядзейнасці грамадства, а (сама)вызначаная як аб’ект лакальная экзістэнцыя эвалюцыянавала на бяспечных «пяці сотках» зададзеных рамкаў, паступова асвойваючы розныя інавацыйныя і таму менш рэгламентаваныя прасторы.
Часовы характар ??такога парытэту быў прадвызначаны – рыгіднасць дамінантнага суб’екта ўсё больш і больш ня адпавядала развіццю свайго лакальнага, дыферэнцыраванага аб’екта. Беларуская лакальная сацыяльнасць імкліва абрастала новымі прыладамі – цягам прагрэсу сеткавізацыі грамадства фактычна стала фарміраваць альтэрнатыўную жыццёвую прастору.
На першы погляд падаецца, што сеціва наўпрост забяспечыла адэкватны інструментар для рэалізацыі лакальных інтэнцый беларускай сацыяльнасці, прынамсі ў выглядзе дысперснай структуры розных калабарацыя і кам’юніці. Аднак крызы вясны і лета # Беларуси2020 прадэманстравалі, што смартфанізацыя краіны на самрэч стварыла ўмовы як для размыцця «лакальнай сацыяльнасці» нашага менталітэту, так і для тэктанічных зрухаў ўсёй сацыяльнай макрасістэмы.
Я маю на ўвазе пераход ад прымата кіравання да дамінанты самаарганізацыі, гэта значыць ад вертыкальных сістэм арганізацыі зносін да гарызантальных: на ўзроўні сацыяльнай арганізацыі ў цэлым, у плане камунікацый і масавай свядомасці, у сферах прыняцці рашэнняў і арганізацыі дзейнасці і г.д.
Азначаны пераход мае фазавы характар ??і разгортваецца паступальна.
Першы этап, справакаваны вясновым крызісам, меў адкрыта экзістэнцыяльную прыроду (апасродкаваны або непасрэдны вопыт пражывання пагрозы смерці), арганізацыйна-камунікатыўную рэалізацыю (паскоранае фарміраванне і эфектыўнае функцыянаванне ініцыятыўных калабарацыя па узаемадапамозе) і аксіялагічныя наступствы. Тут дазволю сабе прамое самацытаванне: «замкну круг акцентом на ценностях – наверное, один из важнейших опытов, который мы вынесем из пандемии, будет сравнение результативности деятельности государств, силовых ведомств, корпораций и прочих иерархических структур с одной стороны, а с другой – самоорганизующихся субъектов, сообществ, горизонтальных и сетевых структур. Диалога этих сторон или их противостояния, доверия или конфронтации».
Эфект першага этапу фазавага пераходу – каронавірус жорстка выпрабаваў на жыццяздольнасць і зацвердзіў паўсядзённа-актуальны пласт быцця ў якасці актуалізаванай, але пакуль латэнтнай гарызантальнай схемы сацыяльнасці. Гэтая схема запрацавала ў тесціровочным рэжыме і запусціла два механізмы: а) ініцыяцыі уласнай суб’ектнасці і б) верыфікацыі суб’ектнасці «метафізічнага» прасторы (чыя рыторыка зневажала як экзістэнцыйную пагрозу кароны, так і патэнцыйную суб’ектнасць гарызанталі).
Яшчэ да скону першага этапу пачаўся другі, які ў менш выяўленым фармаце праходзіў у перыяд электаральнай кампаніі і быў больш звязаны са скалярызацыяй метафізіка-схаластычнай речаіснасці, што шчыравала на абясцэньвані паўсядзенныых выклікаў і абязлічванні ўсіх праяваў гарызантальнага. Азначаныя акалічнасці дазваляюць кваліфікаваць трансфармацыі “першай” рэчаіснасці як зніжэнне яе памернасці і паступоваю рэдукцыю ў выразна акрэсленую вертыкаль – лінейную, маналітную, адміністрацыйна-сілавую. І ўсё больш герметычную. На ўзроўні “гарызанталі” аксіялагічныя наступствы каронавірусу ў справакавалі калектыўнай сьвядомасьці ўхіл у маральна-этычны бок. Не толькі па факту ўсведамлення парушэнняў дамовы аб «забеспячэнні працэсаў жыццядзейнасці грамадства», але і з прычына разцярушвання маральна-этычных рамак грамацкага суіснавання.
У выніку гарызантальныя інтэнцыі сталі перерастаць латэнтны фармат існавання і падыйшлі да запыту на ўласную суб’ектную інстытуалізацыю. Натуральна, вертыкаль мусіла реагаваць, але яе захады (па задумцы –прэвентыўныя) ўжо спазніліся. Вертыкаль і гарызанталь выйшлі з паралеляў…
Таму задрыўся трэці этап – эксплазіўны перахад адносін вертыкалі і гарызанталі артаганальны фармат, супрацьстаянне перайшло ў адкрытую форму. Спрацаваў ізноў жа этычны трыгер, што здэтанаваў ў момант публікацыі яшчэ папярэдніх электаральных дадзеных. Агучаныя лічбы разбурылі рэшткі веры ў хоць нейкую дзейснасць колішняй «дамовы» і паставілі сімвалічны крыж на магчымасцях электаральнага сцвярджэння гарызантальнай суб’ектнасьці. Аднак, як немагчыма стварыць суб’ектнасць прымусовым шляхам, гэтак жа немагчыма і элімінаванне яе, калі тая выходзіць на пік свайго фармавання.
У выніку падзеі, якія адбыліся за выбарамі, а менавіта непрапарцыйны гвалт у адносінах да дэманстрантаў (без дыскусій аб правакацыях і аб’ектыўнасці такой ацэнкі, бо ў масавай свядомасці актуальна дамінуюць такія ацэнкі), прымусілі новыя гарызантальныя сістэмы запрацаваць на поўную моц. Былі актывізаваны сеткавыя рэжымы імгненна-гарызантальнага інфармавання, самаарганізацыі, узаемадапамогі і салідарнасці.
Дзякуючы новым медыя інфармацыя стала сапраўды гарызантальнай (любая кольвеч значная падзея хуценька з’яўляецца ў сеціве, знятая з некалькіх ракурсаў) і ўсеагульнай (прынамсі для тых, хто ўмее і гатовы карыстацца сецівам). Сеткавая самаарганізацыя прагрэсуе, як у выглядзе рэгіянальных і раённых чатаў / супольнасцяў, так і ў форме розных калабарацый, ініцыятыў, платформаў. Гарызантальныя працэсы грунтуюцца перш за ўсё на узаемадапамозе і каардынацыі ў вырашэнні актуальных пытанняў, на якія ініцыятыўна рэагуюць людзі, групы, арганізацыі (прыкладаў з арганізацыяй развоза выпушчаных затрыманых, падвозу вады, пошука донараў і г.д. – мноства). Паказальна, што з цягам часу ўзнікаюць не толькі мадэлі рэактыўных рашэнняў актуальных пытанняў, але і практыкі сумеснага планавання дзейнасці на перспектыву.
Тут мы прыходзім да бягучага – чацвёртага – этапу. Я не ведаю, колькі ён будзе працягвацца, хоць сутнасць яго зразумелая.
Пры ўсёй важкасці іншых чыннікаў, самай прынцыповай тут з’яўляецца калектыўная салідарнасць. Менавіта яна парадаксальным чынам трансфармавала лакальную сацыяльнасць – перфаравала, размыла і трансцендавала. Я кажу пра ўсе віды салідарнасці. Не толькі пра сямейна-лакальную. Але і пра тэрытарыяльную – дваровую-раённую-гарадскую. Пра пакаленную, арганізацыйную, прафесійную, карпаратыўную. Я кажу пра тую салідарнасць, якая выходзіць с памяркоўнасці і талакі, і сёлета сагае да кожнага горада і кожнай вёскі … Па апошняму ліміту, я кажу нават не пра краіну, але, беручы пад увагу КОЛЬКІ робіць сёння і ўвесь год дыяспара, я кажу рэальна агульнанацыянальную салідарнасць. Ведаючы, што робіцца ў свеце па чалавечай падтрымцы Беларусі, ці можна казаць пра агульначалавечай? Напэўна, можна.
Таму што імплозія. Таму што паступова адчыняюцца дзверы «архіпелага Акрэсціна», якія стварылі гравітацыйны калапс для калектыўнага габітусу. За яшчэ не да канца адкрытымі дзвярыма – бездань і хтонь, дзе кожны беларус, дзе б ён не жыў, бачыць абрыс сябе, свайго дзіцяці, бацькоў, каханага – бачыць цень сваёй сям’і. І будучай, і былой, бо актуалізава самае глыбіннае з менталітэту і памяці продкаў.
Гэта экзістэнцыя, боль і страх найвышэйшага ўзроўню, якія нікому не патлумачыш. Гэта планка, якую не перабіць. Гэта нутраное перажыванне, што імгненна накрыла ўсіх. Гэта размеркаваны досвед трансцендавання сацыянальнай суб’ектнасьці, які аказаўся магчымым менавіта цяпер – дзякуючы сінэргіі кавіднай перадгісторыі, прагрэсуючай анамі, імгненнай гарызантальнасці і пазапарогавай эмацыйнай значнасці таго, што адбываецца.
Прага жыцця вымушае сакральнага. Для беларуса цэнтар сакруму – МЫ.
І гэтае сукупнае “мы” кожны з нас зараз перап(р)ашывае сваімі рукамі, нагамі, галовамі і агульным сэрцам.
P.S. Максімальна негвалтоўны характар пратэстных акцый у #Беларусь2020 прадвызначаны этычнымі, сацыяльна-псіхалагічнымі і маральна-каштоўнаснымі чыннікамі і захадамі, кожны з якіх з’яўляецца наступствам калектыўна-інтуітыўнага супрацьстаяння прагрэсу анаміі.
Хуткае пашырэнне самаарганізацыі, гарызантальнае распаўсюджванне эфектыўных мадэляў паводзінаў, відавочная рэалізацыя ўстановак на ўзаемадапамогу і нават элементы карнавалізацыі – усё гэта праявы стыхійных памкненняў да ўтаймавання хаосу і нармалізацыі рэчаіснасціі.
Фактычна мы назіраем «нізавую» дэканструкцыю сацыяльнасці ў мэтах інстытуцыялізацыі новай функцыянальнай нарматыўна-каштоўнаснай сістэмы.