Ігар Бабкоў. Еўропа блізка

 

Усё яснейшыя абрысы, больш гучныя гэтыя шэпты: Еўропа блізка.

У гэта складана паверыць – Еўропа (на тутэйшых абшарах) здавалася канчаткова знікла з інтэлектуальнага далягляду як рэспектабельны прадмет размовы, застаючыся тэмай для настальгічных рэканструкцый, для фрыкаў і маргіналаў.

Апошнія 10 год мы былі Памежжам. Прыфрантавым пасам. Невялікай зонай бяспекі між двума геапалітычнымі рэальнасцямі. І гэта было ўжо чацьвертым эпізодам. Перад гэтым было тры Еўропы, тры дыскурса, тры стратэгіі, тры такты насычанай інтэлектуальнай гісторыі посткамунізма. Звязаных з прысваеннем і пошукам ідэяў Еўропы.

Першы такт распачаўся напрыканцы 80-х і быў звязаны з ідэяй Еўропы як нормы, альтэрнатыўнай універсальнасці. Альтэрнатыўнай ясна ў дачыненні да камунізма і “вялікай рускай культуры”. Гэтая ідэя добра спрацавала на выцясненне чужога, на дэкаланізацыю. Захад як праўдзівая ўніверсальнасць: з гэтым не паспрачасся, бо гэта было праўдай.

Праблема палягала на тым, што сама ўніверсальнасць так і заставалася недзе там, за даляглядам. Не прысвойвалася. Не ўкаранялася. Не вырастала з тутэйшых практыкаў.

Другі распачаўся ў сярэдзіне 90-х. Да нас прыйшла Сярэдняя Еўропа – месца малых культураў. Яна паказала нам нашую праўдзівую радзіму, навучыла быць у сваёй форме, тварыць свае формы.

/гл. таксама Аляксей Кажарскі. Канец “Цэнтральнай Еўропы”/

Трэці дагнаў нас на пераломе тысячагоддзяў і быў звязаны з ідэяй Еўропы Усходняй. Як цывілізацыйнай перыферыі, тэрыторыі залежнасцяў і ўплываў. Нас нармалізавалі. Мы сталі больш сціплымі і адэкватнымі, але і больш чуйнымі: да эпістэмалагічнага і культурнага гвалту, да рознага кшталту залежнасцяў. Мы навучыліся супраціўляцца, ісці не насуперак, але насустрач.

Што цікава, усе тры ідэі засталіся і надалей працуюць у культуры, у розных яе зонах і фрагментах. Але сёння зноў усё мяняецца. І мы з вамі пачынаем чуць гэтыя галасы. Гэтыя шэпты. Еўропа блізка.

Першая канцэптуальная эмоцыя: недавер. Жаданне прыгледзецца да задняга плану. Зразумець што адбываецца за фіранкамі. Зразумець адкуль паўстае гэтая ідэя і што адкрывае. Магчыма нас зноў хтосьці прыдумвае: пад свае патрэбы і інтарэсы. Магчыма гэтая новая, блізкая Еўропа – гэта проста адзін з прыпынкаў на новым шаўковым шляху Кітая. А магчыма – прыфрантавая зона украінска-расейскай вайны.

Так, мы сталі больш недаверлівыя. І многа памятаем. І ўсё ж такі другая эмоцыя – радасць. Таму што блізкая Еўропа – гэта мы самі. Гэта мы падаем сабе сігналы. Пра тое, што мы гатовы – сустрэцца з сабой і суседзямі – у прасторы веды, культуры, і можа нават гісторыі.

Хочацца сказаць – як доўга мы гэтага чакалі. Выйсця з ценю. Бо дваццаць пяць год посткамунізма – гэта яшчэ і няспынная інтэлектуальная работа па гадаванню мейсцаў мыслення, культуры.

З усіх зонаў цэнтральна-усходняй Еўропы нашая Еўропа выглядае рэгіёнам адначасова і самым праблемным і самым устойлівым. Размешчаны ў сейсманебяспечнай зоне сутыкнення і накладкі цывілізацый, ён перыядычна ідзе на дно гісторыі, і перыядычна вяртаецца на паверхню.

Без прызнанага імя і ідэнтычнасці (Міжмор’е? Еўрапейская Сарматыя? Усходнееўрапейскае памежжа? Крывавыя землі?), з незавершанымі нацыянальнымі праектамі і гістарычнымі крыўдамі, канфліктамі глабальных выклікаў і посткаланіяльных рэсантыментаў, ён, тым не менш, увесь час генеруе ўтульнасць – і амаль магію — лакальных формаў жыцця і культуры. У якіх сплятаюцца ў адно мовы, этнасы, эпохі.

Напрыканцы хочацца адзначыць тры рэчы.

Першае. Сама па сабе ідэя Еўропы, блізкай Еўропы, анічога не значыць. Адкрытая форма. Невядомая будучыня. І тое, чым яна стане, залежыць ад нас з вамі: ад таго што мы можам зрабіць у гэтай прасторы, як яе будзем думаць і на што спадзявацца.

Другое. Сёння мы думаем Еўропу як саміх сябе не з перспектывы “нацыянальнага праекта” і не з ягоных “альтэрнатываў”, якія б яны не былі, – гендэрныя, расавыя, касмапалітычныя, класавыя – а з сітуацыі познемадэрнага, посткаланіяльнага памежжа, дзе ўсё мяжуе з усім, і ўсё мае адваротны бок і дадатковую функцыю. Для мыслення важна — заставацца на гэтым памежжы, не даць сабе скаціцца ў субкультуру.

І трэцяе. Магчыма традыцыйная крытычная задача інтэлектуалаў і літаратараў сёння мусіць быць дапоўненая творчай і псыхагеаграфічнай: тварэннем мейсцаў культуры, насычэнне іх сэнсамі, ландшафтам, – і традыцыяй. “Творачы – зруйнуем”, напісаў калісці адзін віленскі еўрапеец на пераломе эпохаў.

Магчыма тады месцы болю ў нашым рэгіёне будуць ураўнаважаны мейсцамі радасці.

І, магчыма, мы яшчэ дачакаемся вяртання багоў.

You may also like...