Сяргей Вайніцкі. Кава і сакавік

Час неаддзельны ад прасторы, пагатоў, калі гэты час – вольны. Такі ў асаблівы спосаб вымагае месца, зручнага, камфортнага, якое акурат і надасьць яму сэнс і завершанасьць. Што адпаведных вольнаму часу месцаў безьліч, мусова было б пагадзіцца як з рэччу зусім відавочнай, але мая іста млява пратэстуе: занадта агульнае меркаваньне, і празь меру безасабовае – дзесьці, штосьці, для кагосьці… Нейк неўпрыкмет звыкшы ўсё вымяраць сабою – бо кім яшчэ? – мушу быць больш катэгарычны: ці не найлепшым месцам для баўленьня часу ёсьць кавярня. Пакінуўшы ў баку першыя складнікі гэтага цьверджаньня (усе яны, па-шчырасьці, ёсьць тут хіба падставай пачаць размову), засяроджуся на астатнім. На кавярні.

Цяжка прыгадаць іншае слова, якое выклікала б столькі прыемных адчуваньняў адно дзеля асаблівасьцяў вымаўленьня, дзеля фанэтычных рысаў, зь якіх кожная быццам адмаўляе папярэднюю: глухаватае, нібы стук па дрэве «ка», цьвёрдае і адкрытае, раптам памякчэўшы на хісткім «в», сьлізгае ў «я», пругкае, як гамак, сьледам падскоквае на зацьвярдзелым давеку «р» і тут сама распускаецца ў разьняволеным «ня», што ціха і ветла растае ў прасторы – ужо духмянай, ужо перамененай. Да гучаньня дадаецца памер, не закароткі, але й не занадта даўгі, з дансантным націскам пасярэдзіне, і атрымоўваецца наймя мала не ідэальнае – супярэчлівае адзінства, надзіва адпаведнае прадмету, які азначае – прынамсі, найлепшым сярод ягоных узораў. Бо нярэдка назоў упрыгожвае называнае, а не наадварот… Тут будзе, пэўна, дарэчы паспрабаваць сьцісла выкласьці, з чаго мусіць складацца кавярня, каб шляхетнае найменьне ня сталася адзіным, што ў ёй ёсьць дадатнага.

І.

Першы падставовы складнік – лякацыя. Ня побач з домам, бо ці ня здзекам зь сябе марнаваць грошы на каву, калі за колькідзесят крокаў, ва ўласнай кухні, можна запарыць яе амаль задарма і колькі заўгодна шмат? Але й не задалёка, каб думка пра адлегласьць не пазбаўляла хэньці выходзіць на двор. Каб патрапіць можна было ў любое надвор’е і ў любы час дня. Хвілінаў за дваццаць-трыццаць пехам, яшчэ лепей – за пару прыпынкаў мэтро.

Лішне казаць, што ёй належыць месьціцца дзесь у цэнтры. Перадусім таму, што атачэньне – вуліцы і людзі на іх, выгляд дамоў і самы шлях да мэты і назад – маюць значэньне, ня меншае ад якасьці тамтэйшае кавы ці чысьціні ў прыбіральні. Гэтая акалічнасьць сьведчыць, што межы кавярні сягаюць далёка за ейныя сьцены, а часавыя – абдымаюць сабою таксама хвіліны шляху, аж да імгненьня, калі прыемная думка наведаць кавярню – мяноўна гэтую, ня іншую, – ператворыцца ў намер, афарбаваўшы пачатак ці рэшту дня. Горад і вольны час выяўляюцца, у пэўным сэнсе, ейнымі неад’емнымі часткамі, ейным асяродзьдзем, а яна для іх – нябачным сяродкам.

Наступным складнікам ёсьць уласна памяшканьне. Ня надта малое й не залішне вялікае – каб ахапіць вокам усё, але не падпіраць сьпінаю крэсла суседа. Тут мусіць знайсьціся месца для ўсіх ахвотных – прынамсі, у працоўныя дні, прынамсі, для сталых наведнікаў. Для мяне, казаўшы проста. І ў спосаб, каб заставалася колькі незанятых. З гэтага вынікае, што дзесь побач мусяць быць яшчэ адна-дзьве ўстановы: больш кідкія і вялікія, яны меліся б працаваць накшталт амартызатара – завабліваць люд, ахвочы да гучных бяседаў і адпачынку з малымі дзецьмі, празь меру крыклівых ці напарфумленых турыстых і іншых малапрыемных выпадкоўцаў. Увогуле, непрыкметнасьць і зьнешняя сьціпласьць ёсьць для добрай кавярні не абы якой цнотай, часам нават вырашальнай. Як, зрэшты, і для шмат чаго іншага.

Істотнай умоваю – тут мне акурат пара перайсьці да інтэр’еру – ёсьць таксама вокны. Падобна да ўжо пералічанага, іхны памер мусіць быць блізкі да ўмоўнай сярэдзіны. Такі, прынамсі, каб аж да заходу сонца сьвятла ўсярэдзіне хапала, каб чытаць і пісаць, ня сьлепячы вачэй. Але галоўнае, бадай, у атмасфэры: кавярня мае, фігуральна казаўшы, дыхаць вольна; празьмерна вялікія плашчыні сьценаў, як і нізкія скляпеньні, цісьнуць, яны больш пасуюць страўні ці якой шумнай піўніцы, дзе наведнік засяроджаны на ежы і пітве, і не цікавіцца нічым, што адбываецца звонку – ані промнямі сонца, адбітымі раптоўна адчыненым акном насупраць, ані фрэнзьлямі з дробных ледзяшоў на маркізе, ані мокрым чорным камлём дрэва побач – бязгучным, проста ля шыбы, гайданьнем голай у пупышках галіны, кранутай сакавіцкім ветрам.

Мне ўяўляецца прастора, напоўненая шэраватым сьвятлом, дрогкім, быццам у лёгкай смузе, але ясным, халаднаватым. Даволі разьлеглы пакой, блізкі да квадрата, зь вялікімі вокнамі па адным з бакоў (фіранкі – прэч!), і высокай стольлю. Са сьценамі, прапарцыйна падзеленымі і ашаляванымі чымсьці накшталт цемнашэрага гладкага, не паліраванага дрэва, уздоўж якіх, пры расстаўленых абы-як невялікіх сталах сядзяць тыя, каго я, можа быць, ведаю, а мо’ й не, але хто тут дарэчы, хто мне нечым унутрана блізкі. Тут хтосьці паліць, хтось – не: паліць можна, але крыху, каб ня надта замінаць астатнім; кожны сам вызначае межы, але гэтае «крыху» выяўляецца штораз падобным да «крыху» астатніх. І гэта нікога ня дзівіць тут. Амаль не чутно размоваў, бо кожны заняты справай: піша, чытае, мроіць, седзячы з кніжкай, з нататнікам ці ноўтбукам, ці проста так, без анічога. А хтосьці, можа, ціха ходзіць узад-уперад, нячутна ступаючы па цёмных і сьветлых квадратах каменнай падлогі. Тут лёгка думаецца і пішацца, у тутэйшай амаль бясслоўнай лучнасьці, дзе ўсе разам, але кожны сам па сабе, бо хто ці што яшчэ трэба, калі за вокнамі церусіцца дождж, а драўляная столь, як запракінеш галаву, размаляваная зоркамі, галубамі і зьмеямі, што кусаюць свой хвост, і няўцямнымі знакамі, якія цягне разгадваць і тлумачыць бясконца.

Барыстыя тут негаваркія – ветлівыя, але не навязьлівыя. Крэслы – драўляныя, добра пазьбіваныя і даволі цяжкія, каб бяз дай прычыны ня шкрэблі па падлозе. А калі ня крэслы, то фатэлі ці нешырокія канапы – абавязкова тугія і з досыць высокім седзівам. Устойлівыя і дастаткова шырокія сталы. Ніякіх пабочных прадметаў. Посуд – белы, пажадана, безь вялікіх малюнкаў і надпісаў. І кава, моцная, але зь не задоўга пражанага зерня, бяз кіслага прысмаку і ў колькасьці дастатковай, каб, пацягваючы бязь сьпеху, праседзець за ёю гадзіны са дзьве. Яшчэ шклянка ў дадатак: узімку – кіпню, улетку – проста гарачай вады.

Гэтае мейсца не пазначанае на ніводнай мапе, яго няма ў ніводным мярзотным турыстычным гайдзе. Але яно нейк знаходзіцца, яго пазначае навакольная ціша, нечаканая пасярод тлумнага гарадзкога цэнтру, някідкасьць, густоўнасьць. І пах кавы, канечне.

Няцяжка даўмецца, насупор даўгому і падрабязнаму апісаньню, што такой кавярні няма. Мяне гэта не абыходзіць; наадварот – кшталтаваньне мроі ёсьць першым крокам да ейнага ўісьненьня. А пакуль застаецца апісваць тое, чаго паасобныя рысы праяўляюцца там і тут, але ў дасканалай лучнасьці не існуюць: няіснае месца ў горадзе, што сьніць сам сябе пасярод зануранай у мроі і нечас краіны.

Ці сума ўсяго апісанага ёсьць неабходнаю ўмовай для добрай кавярні? Відавочна, так.
Ці станецца яна абавязкова добрай, калі ўсе згаданыя ўмовы будуць датрыманыя?
Не.

ІІ.

За часы майго маленства іх было вобмаль. А ў гады, што яму папярэднічалі, кажуць, яшчэ меней, дый тыя – не кавярні, мяркуючы па апісаньнях, хутчэй, прыхарошаныя зьлёгку сталоўкі з абмежаваным мэню. Малалікія рэстарацыі, што зьнешне розьніліся ад іх хіба памерамі, карысталіся нашмат большай увагай. Вымоўная дэталь, якой я знаходжу, прынамсі, два тлумачэньні. Адно відочнае: прапанова спараджае попыт, і перш, чым станецца адваротнае, мае прайсьці ладна часу. Будучы, мажліва, нейкай падставовай чалавечай рысай, гэтая заканамернасьць падмацоўваецца таксама досьведам нашай нядаўняй мінуўшчыны. Тое, што прычыну варта шукаць у эканамічных экспэрымэнтах Саветаў ці ў мысьленьні тагачасных мясцовых кіраўнікоў, у якім кавярні як такой папросту не было месца, ніяк гэтага не адмаўляе, хутчэй, наадварот. У пару, у якую самы побыт паспалітых залежыць ад недасьведчаных самаўладцаў, грамадзкі густ можа высьпяваць і фармавацца вельмі доўга. Пагатоў, калі гэтыя недасьведчаныя выявяцца, празь зьбег акалічнасьцяў, як бы ўвасабленьнем самога грамадзтва, яго выразьнікамі, плоцьвай ад ягонай плоцьвы. І варта было б хіба дзячыць лёсу за іхную абмежаванасьць, за брак уяўленьня і адсутнасьць волі да пераменаў – за тое ўсё, што спакваля абараняе бяспраўную асобу ад агрэсіўнай безгустоўшчыны ўладаў, ад недарэчнай ініцыятыўнасьці зьверхнікаў і іхнай прагі парадкаваць тое, самая сутнасьць чаго несумяшчальная з парадкаваньнем (загад «стварыць кавярні» быў бы сугучны дырэктыве «любіць», напрыклад, ці яшчэ якой бздуры). Уласна, гэта ёсьць другім магчымым тлумачэньнем, якое хіба мацуе і пацьвярджае першае. Кавярня – не сталоўка, ня крама. У ёй нібыта няма надзённае неабходнасьці. Яна не даецца, як дарунак. Патрэба ў кавярні мусіць высьпець, нарадзіцца сама сабою. Як прага да свабоды. Ці – што ёсьць, практычна, тым жа сама – грамадзтва мае дасьпець да яе.

ІІІ.

Прынамсі, тры я добра памятаю і дагэтуль – падобна, што яны былі адны зь першых. Я бываў там за руку з мамай. Самы пачатак 90-х, блаславёны час, што так шчасьліва супаў з позьнім дзяцінствам, з узростам, калі кожнае ўражаньне – значнае, нежартоўнае, здольнае захапляць і надзіць. І кожнае можа стацца вызначальным для асобы, для высьпяваньня ейнай прышласьці, ці – памяці. Што шмат у чым адно й тое ж.

Першая з трох, «Кубрык», месьцілася на Праспэкце побач з Круглай, у маленькім памяшканьні паміж рэстарацыяй «Брыгантына» і крамай «Фантазія». Над уваходам быў прымацаваны драўляны разьбяны якар. Ён вісеў там яшчэ доўга, шмат год пасьля таго, як кавярня зьнікла. Потым, відаць, праз завялікі кантраст між цёмным дрэвам і бялюткім плястыкам дзьвераў у новую ўстанову, зьнік некуды сам. Зьнік, як шмат якія шыльды і вывескі, помныя зь дзяцінства – пазабываныя гаспадарамі, яны доўга ‘шчэ боўталіся там і тут напамінам пра тое, што, пачаўшыся было, пазьнікала неўзабаве, не пасьпеўшы ўмацавацца, пусьціць карэньне, стацца, як сьлед.

Усярэдзіне панаваў заўсёдны паўзмрок, бо адзінай крыніцай дзённага сьвятла былі дзьверы, і вочы меліся звыкнуць. Вочы трэба было заплюшчыць на хвілю, каб потым бачыць добра – маленькую стойку ўглыбіні, сярэдняга веку гаспадара за ёю, сьцены, ашаляваныя нечым цёмным «пад дрэва». Вачам быў трэба час, але нос часу не патрабаваў, і пах сьвежае кавы, тонкія ноты якога былі чуваць яшчэ за дзесяць крокаў ад ганку, пры дзьвярах атачаў ужо з усіх бакоў, ахутваў густа, авалодваючы ўсёю маёю істай, разьнявольваў, кунежыў. Цёплы і ўтульны, як коўдра, і адначасна па-восеньску празрысты, ясны. Кава бо заўжды нечым ад раньняй восені, цьвярозай і ўсьмешлівай. Яна быццам заўсёды «пасьля», apr?s, post, нават калі табе восем, а на дварэ – летні поўдзень.

Тым часам, з паўзмроку выплывалі стойка, пара высокіх круглых крэслаў, гаспадар, і галоўнае – бляшаная жароўня са сьветлым, вельмі дробным пяском, а ў ім – з паўтузіна маленькіх турак з драўлянымі дзяржаньнямі, даўгімі і тонкімі… Мама звыкла рабіла замову (для сябе – каву па-ўсходняму, і з малаком – для мяне), казала нешта. Я круціўся тут жа, на адным з крэслаў. Гатуючы каву, гаспадар амаль безупынна перасоўваў туркі, шкрэбаючы па бляшаным дне жароўні. Горкі гарачага пяску ўдавалі маленькія барханы. Бадай, маё першае ўяўленьне пра гарачыню афрыканскіх пустэльняў – адсюль, з гэтага духмянага прыцемка… Цёмная зь пенкамі вадкасьць падымалася да вузкага рыльца туркі, час ад часу забягаючы ручаінкамі ў пясок, водар мацнеў. Загарэлая, з татуяваным пальцам рука кранала тронак, турка пасоўвалася са смачным шоргатам, чарговага разу перамешваючы сьветлы дробны пясок, незьлічоная колькасьць асобных, амаль нябачных воку пясчынак апыналася на ймгненьне на паверхні, а потым – зьнікала з маіх вачэй, пэўна, назаўжды; здаецца, адчуваньне марнасьці быцьця і вусьціш перад ёю, неасэнсаваныя тады, але цьмяна-трывожныя, нарадзіліся ўпершыню таксама тут, па-над маленькай бляшанай жароўняй… Я мог бы глядзець у яе бясконца.

IV.

Пра зьяўленьне кавы ў Эўропе, здаецца, няможна сказаць нічога пэўнага. Імаверна, завезеная Ост-Індзкай Кампаніяй найперш у Ангельшчыну, яна трапіла адтуль на кантынэнт і паступова распаўсюджвалася па ім на ўсход. Кажуць таксама, што не абы якое значэньне ў ейным распаўсюдзе мела наша супольная перамога пад Вэнай, па якой, неўзабаве, кава зьявілася і ў Рэчы Паспалітай. Пры канцы XVII стагодзьдзя альбо на самым пачатку XVIII. Што тут істотна? Хіба тое, што айчынная шляхта, параўнальна з рэштай Эўропы, пакаштавала духмянага напою даволі позна. Можа быць, занадта позна. Часу і ўмоваў для яе засваеньня, а пагатоў, для высьпяваньня і распаўсюду кавярняў, было вобмаль: краіна, у якой па-ранейшаму вялі рэй корчмы (як, збольшага, і зараз), апускалася ў бязладзьдзе, а над усходняй мяжой бліскучым бляшаным бокам навіснуў і ўжо выбухаў парай суксунскі самавар…

Кава вымагае часу. Ёй патрэбны час пароўну грамады і асобнага чалавека. Яна патрабуе таксама ўмоваў – спакою, цішы, увагі. Кава патрабуе кавярні, якая паўстае акурат там, дзе непасьпешлівасьць і адпаведныя ўмовы складаюць гарманічную лучнасьць. Паўстае, каб, стаўшыся рэчаіснасьцю, потым самой фармаваць чалавечы час і прастору сьведамасьці ў асаблівы, ёй адной уласьцівы спосаб.

«Кава патрабуе»… Насамрэч, кава проста ёсьць. Патрабуе заўжды чалавек. Патрабуе – ці не; ад гэтага й залежаць наступствы. Кава толькі існуе, прымаючы такія ўмовы, якія чалавеку собіць стварыць для яе. У парцалянавай філіжанцы ці – у шклянцы з кардону, а мо’ й з празрыстага шкла (так найгорай); на цёплым дрэве сагрэтай сонцам ці даланёю стальніцы ў зацішы кавярні – ці на кульгавым плястыкавым століку ў якой-небудзь безаблічнай ядальні, пад навязьлівы ёкат з дынамікаў, а мо’, проста пасярод вуліцы, похапкам. Гэта заўжды пытаньнем выбару і праявай адказнасьці перад сабою. Вядома, умовы залежаць ад гаспадароў; ад мяне ж, прынамсі, залежыць – пагадзіцца зь імі ці патрабаваць лепшых – ці проста сысьці, ня даўшы зрабіць зь мяне дурня за мае ж грошы.

Бо можна наталяць смагу і з лужыны. Увогуле, у дачыненьні да сябе можна ўсё. Гэта хіба пытаньнем прыватнага густу, а затым, канечне, наступстваў. Хай сабе не настолькі крытычныя, як празь недатрыманьне гігіены, наступствы стаўленьня да кавы і абыходжаньня зь ёю мусяць паўставаць таксама.

Хто-кольвек запярэчыў бы: за што столькі ўвагі адной каве? Хіба добрая гарбата ня мае адметнага смаку, а чайная цырымонія ці не вымагае часу, умоваў і засяроджаньня нашмат большых, чым філіжанка кавы?

Пярэчаньне магло б быць слушным…

Яно мела б рацыю, калі б ня цёплы, пяшчотны і моцны, сьвежы пах толькі што змалочанага зерня, карычневага зь цьмяным золатам – пах, які неадпаведны нічому, апроч утульнай, гарачай цемры, што ледзь заўважна вагаецца і духмяніць паветра дрыготкай парай – аточаная з усіх бакоў белай парцалянай, цямнейшая ад чакаляды, сьвятлейшая ад зямлі. Напраўду, пярэчаньне мела б рацыю, калі б не крыху падсалоджаны раз-пораз, ці ледзь-ледзь расквечаны цынамонам, непадробны і неадменны гаркавы смак. Заўжды тая самая горыч, якаязмывае і прасьвятляе любую іншую, і праясьняе думкі, і вострыць розум, а перадусім – памяць. Бо гэты гаркавы смак – заўжды той сама – тоесьніцца найперш з памяцьцю, як колер – зь ейнай глыбінёй, а непраніцальнасьць – зь цемраю згадак пра прошласьць, мяккая гаркота якіх, нават найлепшых, у іхнай незваротнасьці: вярнуцца нельга, можна толькі ўзнавіць, толькі ўгледзець, як даўні цень падымаецца на ахутаную жамчужнай парай паверхню, адчуць, як знаёмая гарчыня, вясёлая гарчыня зноў кранаецца нёба, разьліваецца па языку – і схамянуцца, бо кава не трывае ілюзій, яна заўсёды тут і зараз, у цяпершчыне, як вартавы, як сумоўнік, як сябар.

Кава гэта заўжды «ты», заўжды сумоўе з кімсьці аддаўна знаёмым, які зь нязнанае цёмнае далечы набліжаецца раптам і робіцца блізкі – як шэпт ці дыханьне, ці ледзьве чутны, суцешлівы дотык, даланёю па валасах, бяз мэты і сэнсу, адно каб засьведчыць: «я тут», гэта абяцаньне, якое спраўджваецца тут і цяпер, ціхім і адхланным сумам даўно чаканай сустрэчы, калі няма патрэбы ў слове, калі досыць толькі позірку й рэдкай усьмешкі – дрогкага бляску на цёмнай, як зрэнка, паверхні, халаднаватага, яснага бляску, поўнага беспрадметнай пяшчоты і пазбаўленага ілюзій – бо кава не патрабуе і не чакае нічога, яна проста раскрываецца насустрач, і ў ейнай непрагляднай чарнаце – уся поўніца сэнсаў, і ўспаміны, і мроі бязь ліку: усё, што заўгодна, апрача ілюзій – бо няма напою больш цьвярозага, бо няма сумоўніка больш халоднага за гарачую каву, і нічога, што б так жывіла мроі і ўвадначас цьвярэзіла – апроч кавы…

Tastes differ. Лішне казаць, што ўсё гэта ёсьць плёнам прыватнага досьведу, і нібыта няма законных падставаў распаўсюджваць яго на каго-кольвек яшчэ, а пагатоў – на вялікую супольнасьць людзей. І, аднак, я не самаўладцам, ад мяне не залежыць нічый побыт, апроч уласнага. Мне няма патрэбы пераконваць ці навяртаць. Я магу хіба выказацца, без наступстваў, не змушаючы нікога да згоды. І гэта мяне супакойвае: на адной шалі ўяўных вагаў няма нічога, апроч слоў, слабых і няўцямных. Таму – ў бок умоўнасьці і прэч агаворкі. Бо на другой шалі – уся мая пэўнасьць, уся поўніца майго досьведу і пільная, неадменная перакананасьць у ім; бо на другой шалі – водар, колер і смак, заўжды тыя ж, аддаўна й па сёньня, існыя, покуль існую я, і мая любоў да іх. Бо на гэтай шалі – я сам. Бо тут ідзецца пра любоў. І іншых аргумэнтаў мне ня трэба.

V.

Бруд на сумётах і вільготная зямля праталін, пасярод воглага сьнегу тутэйшай вясны выглядам, здаецца, бліжэй за ўсё да чорнага, адцененага белым тлом кубка напою. Як бялейшыя сьценкі, так цямнейшая кава. Сыходзіць гарачыня, выпетрываецца пакрысе пара, іх мейсца заступаюць спакой і холад. Халодная кава здаецца найчарнейшаю. Гэта, мабыць, можна патлумачыць оптыкай ці фізыкай. А можна сказаць, што гэта холад чарніць яе, выясьняючы і вяртаючы каве ейную сутву. Розьніцца адно спосаб апісаньня.

VI.

Астатнія дзьве з трох кавярняў майго дзяцінства былі, агулам, падобныя да першай, хіба што, больш простыя – сьвятлейшыя і, здаецца, больш людныя.

Адна, «Сюрпрыз», месьцілася на Круглай, паміж булачнай і сёньняшняй нямецкай амбасадай (над уваходам вісеў белы шкляны клуб, падзелены напалам сінімі літарамі назвы). Гэтая мела ў якасьці дадатковай выгоды надзвычай удалае разьмяшчэньне: праз вузкі праход адразу за рогам дома, паўз колішнія яблыневыя сады, мінаючы тлум, мы траплялі проста да бочнай брамы парку.

Іншая была ў сутарэньнях дома побач з філфакам БДУ, зараз там кальянная. З гэтай кавярняй у мяне зьвязаны непрыемны ўспамін: недзе там, у цемры пад стойкай, я ўпусьціў і згубіў маміну пальчатку, югаслаўскую, з тонкай скуры. Як такое магло здарыцца, і пасюль не даўмеюся, але нашыя пошукі, нават зь ліхтаром, пазычаным у гаспадароў, засталіся марныя. Мо’, і зараз ляжыць дзесь, у цемры даўно зьніклага часу?

Цяпер, канечне, відавочна, што ўсе яны не былі кавярнямі ў дакладным значэньні слова. І ўсё ж, калі б яны раптам зьявіліся зараз, я быў бы ўсьцешаны. Не так дзеля ўспамінаў нават: яны мелі тое, чаго бракуе ўсім цяперашнім, колькі б я ні шукаў. Яны былі поўныя таго, што толькі і можа зрабіць кавярню – кавярняй…

А ў тую пару нішто з гэтага мяне, вядома, не турбавала – у пару, калі марозіва з маракуяй у «Пінгвіне» падавалася найвыкшталцоным ласункам. Як ці ня кожнае дзіця, я жыў выключна ўражаньнямі, назапашваючы іх, гуляючыся. Вэнскія крэслы ў кухні, з круглым седзівам, плаўна прагнутым да сярэдзіны, выконвалі ролю жаратка зь пяском. Крэслы сям-там страцілі полір, фактура дрэва была крыху шурпатая. Я выбіраў адно з трох, маміна, седзіва якога, з тонкага дрэва, было самае выцертае – ягоны гук найлепей удаваў шоргат пяску, – і да зморы вадзіў па ім маленькай туркай, напоўненай вадою.

VII.

Потым пачалася школа. Імкліва мяняўся час. Веснавы вольны вецер нейк неўпрыкмет аціх, і ў паветры, яшчэ такім дрогкім, шчымліва сьвежым, раптам зноў пачало тхнуць пракіслай капустай савецкай сталоўкі. Я памятаю гэтую зьмену: здавалася, быццам нейкія хуліганы зь невытлумачальнай асьцяглай радасьцю бураць толькі што збудаваны пясочны замак… Колішнія кавярні пазьнікалі. Зрэшты, было ўжо, відаць, не да кавярняў: грошай стала вобмаль, умовы жыцьця абмяжавалі побыт датрыманьнем неабходнага. Мяне гэтая акалічнасьць, праўда, ня надта абыходзіла.

Кавярні пазьнікалі, але ўспаміны засталіся. Пэўна, штосьці, прыхаванае да пары, трапіла зернем ва ўрадлівую глебу ўяўленьня, і паступова, неўпрыкмет прарастала. Усё мае карані. Кававае дрэва – таксама…

Зерне прарастала. Казаўшы дакладней, крок па кроку фармавалася патрэба ў нечым, да пары яшчэ неакрэсьленым, і таму неасэнсаваным. Яна складалася з самога запаволенага існаваньня, з заняткаў і зацікаўленьняў, што вымагалі багата вольнага часу і няспыннага засяроджаньня на самым сабе, а таксама з прыроднай, відаць, схільнасьці да гультайства. Такі лад жыцьця не абяцаў плёну, апроч, хіба, разьвітай фантазіі і крыху лепшага, ніж у іншых, веданьня ўласнай натуры – дзьвюх прывідных выгодаў, якія здольныя былі адно тамаваць і надзіць, і змушалі міжволі шукаць выйсьця, рэчышча, у якім гэтае тамаваньне магло нейк прыдацца ці хоць бы перастала муляць. Пошук заўжды шляхам: акалічнасьць, якая напачатку ўвасаблялася зусім літаральна, у даўгіх, марудных шпацырах вакол некалькіх улюбёных камяніц, паўз старыя двары, зарослыя і яшчэ не панявечаныя нічыім клопатам. Увесну тут цьвілі каштаны, улетку – ліпы. Сонца на захадзе клалася мяккім сьвятлом на камлі і прасьценкі муроў. З гатавальняў блізкіх рэстарацый быў чуваць звон посуду ў мыйніцах, а з трубаў вэнтыляцыі цягнула пахам смажаніны, асабліва ўтульным у восеньскі дождж, і дыхала цяплом – азнакамі чужога жыцьця, што ня тнецца навязьліва ў твар, не вымагае неадкладных адказаў, а проста і мірна цячэ недзе збоку, супакойваючы сваёй блізкасьцю і наладжваючы на мройны строй пачуцьцяў, бяз пэўнага зьместу, па-за часам і формай.

Па ўсім відаць, меўся знайсьціся нейкі прыстанак, мейсца спакою і нерухомасьці, цэнтар прыцягненьня, які быў тады зусім не відавочны, нібы падзелены і па кроплі разьліты паўсюль, і я, як той сасьмяглы вандроўнік, мусіў адшукаць гэтыя кроплі ў перасохлых рэчышчах вуліц…

Бывала, кіруючы ад Залатой Горкі да Круглай, асабліва па абедзе, я часьцяком спыняўся на паўхвілі, там, дзе Праспэкт ідзе пад гару, да плошчы. Я спыняўся і глядзеў перад сабою ўдалеч, паўз абэліск, які ў гэты час здаецца чорным, паўз бліскучы купал Цырку – удалеч і ўгару, за паркі, дзе сымэтрычныя лініі дамоў справа і зьлева амаль сыходзяцца, утвараючы між сабой падабенства цясьніны ці брамы, прагал, празь які падымаецца ў сонечнае мроіва аблямаваная каменем, зіхоткая ў промнях дарога, і здаецца, што няма канца гэтаму шляху ў неба, на дах сьвету. Усё там, наперадзе, мізарнее, сьціскаецца, падпаўзаючы ўсутыч да рэдкіх аблокаў, і штосьці дробнае, пра што хутчэй здагадваешся, ніж бачыш вачыма, караскаецца і караскаецца па гэтым шляху дагары, паўз гіганцкае каменнае рэчышча, проста ў сонца.

Вось цэнтар, сьведчыў я самому сабе.

Іншым часам, выйшаўшы пад шырокі гаўбец на рагу Праспэкта і былой Францішканскай – так, каб галоўны банк апынуўся проста перада мною, – я ўтрапела пазіраў на захад, увесь прасякнуты трымценьнем ад відовішча: па-над безупынным шумам, урачыстым крокам разыходзячыся ў чатыры процілеглыя бакі, паверх за паверхам узносяць угору каменную аздобу ляпніны адасобленыя адзін ад аднога, выразна рэчыўныя і цяжкія спаруды, уцялесьненьні чыстай формы, каменны мадрыгал, чый голас – пустая прастора між імі, над якой высока, вышэй за ўсё, зьзяючы сьвятлом і пустатой паўцыркульных вокнаў, плыве ў пустым небе залацісты пусты бэльвэдэр.

Тут цэнтар, адчуваў я, – відочны і праўдзівы цэнтар.

І гэтак паўсюль – на высокім беразе Сьвіслачы, дзе праз гальлё таполяў, ясеняў і кустоўе чаромхаў адкрываецца далягляд на Кашары і заводы Ляхоўкі, пад цаглянымі сьценамі старой гамарні наўскось ад «Лаўкі», ці пад Шпілем, на Траецкай гары – ці на Цмачынай, ці пад вішнямі між прыватных дамкоў за Грушаўкай, наўзбоч ад Берасьцейскай шашы, або дзе-кольвек ва Ўруччы, – паўсюль я адчуваў сама тое ж.

Дзе я, там і цэнтар – вось, што таксама адкрыла мне, незаўважна для мяне самога, гэтае места і пра што дасюль неадменна сьведчыць. Лішне казаць, што такое простае, як цяпер здаецца, адкрыцьцё прыйшло, увідочнілася аднойчы, у цішы і прыцемку кавярні. І я, па сёньня засвойваючы гэтую веду, адно дзівуюся, што горад, так захапляльна безуважны да чалавечай драбнаты ля падножжа ягоных сьценаў, здольны надаць такую навуку.

А тады мае шпацыры на мяжы паўдрымоты, пашырыўшы свой абсяг, пачалі набываць нейкае падабенства сыстэмы, пагуртаваліся вакол некалькіх кропак. Імі сталіся кафэтэрыі, якіх было яшчэ даволі шмат: ля кансэрваторыі, насупраць колішняга «Патсдама», у сутарэньнях наўскось ад даўняга Дома кіно, у Асмалоўцы, на Ракаўскай і на Юбілейнай плошчы, у цукерні ля Цэнтральнай кнігарні, у булачнай на Круглай… І яшчэ колькі, бадай. Бальшыня зь іх ужо дажывала свой век. Ня надта прывабныя, але з зусім таннай гарбатай, яны ўсе мелі адну дадатную якасьць, для мяне істотную: наведнік быў тут абсалютна нікому нецікавы. Узяўшы кубак і які-небудзь пачак вафляў, уладкоўваўшыся за стойкай – даўгая, звычайна белая, яна знаходзілася ля вокнаў, альбо ўздоўж сьцяны, – я мог павярнуцца сьпінай да тлуму і руху, і не зьвяртаць ні на што ўвагі, суцішыцца. Стаяць, утаропіўшыся ў вакно ці ў малюнак на кафлі, занурыцца ў сябе і бязь сьпеху смакаваць простыя радасьці жыцьця.

І мусіла прайсьці яшчэ ладна часу ў новых бадзяньнях па горадзе, каб знайшлася кавярня, спачатку адна, потым яшчэ і яшчэ – яны паступова адкрываліся ці проста нейк праяўляліся ў прасторы, якую я раз за разам агорваў. Не ідэальныя – хіба бляклыя цені ідэалу, але ўжо нешта, прынамсі…

VIII.

Менчукоў цяпер блізу двух мільёнаў. Кавярняў у горадзе, паводле розных сьведчаньняў, каля сотні з паловай. Ня ведаю, што складае гэты лік – мо’, і кафэтэрыі на запраўках таксама… Да параўнаньня, у Вільні, зь ейнымі шасьцюстамі тысячамі месьцічаў, іх прыкладна столькі ж, а мо’ і болей. Такім чынам, на дзесяць тысяч віленчукоў прыпадае тры кавярні, а на тую ж колькасьць менчукоў – менш за адну. Вымоўная розьніца. Вядома, і гарады адрозьніваюцца: віленскае Старое места захавала даўняе аблічча, у глыбокіх зморшчынах якога кавярня – нібы рыбіна ў чыстай вадзе.

Вільня. Духмяная, пахкая, мройная. Яна ляжыць між пагоркаў і вежаў, быццам вільготная, крыху падсохлая цёплая гушча на дне філіжанкі. Горад-мара, ёмішча памяці…

Вобраз гэтага места паўстае ва ўспамінах заўжды цёплы, нават гарачы – праз утульную цеснату і блытанасьць тутэйшых вулак, праз надмернасьць наслоеных адно на адно сэнсаў. А найперш дзеля самое памяці таго, хто яго ўзнаўляе, памяці, што быццам падаграе вобраз, сыціць цяплом, каб потым грэцца пры ім, складзеным зь безьлічы згадак, з успамінаў і ўражаньняў іншых людзей, найчасьцей, невядомых – са сьведчаньняў, якім спачатку проста даеш веры, а пазьней пачынаеш вызнаваць за свае. Чаму даеш веры? Празь любоў – да някідкіх, сувымерных чалавеку краявідаў, старых вуліц, бажніц і крамак, да сіпатых бомаў званоў, да пахаў здобы, выпаласкаў і цьвілі, і нечага салодкага, чым звычайна пахнуць старыя малітоўнікі, і да любога наймізэрнага, занядбанага мура ў якім-небудзь забытым усімі, апроч бадзягаў, глухім закутку. І да кавярняў, канечне, якіх тут, здаецца, бязь ліку. Але, перадусім, празь любоў да сябе і свайго, якая не дазваляе задавальняцца кепскім, якая патрабуе найлепшага: самага чаканага, найбольш утульнага, заўжды бясьпечнага – такога, якім толькі й можа быць сваё, крэўнае… Бо Вільня – гэта пра любоў да сябе. Як і кава. Яны нібыта лучацца ў непадзельнае адзінства, нездарма кава тут паўсюль.

Вядома, мройны вобраз Вільні можа не адпавядаць рэальнаму гораду на берагох Вяльлі. На мапе сьвету няма цяпер нават такой назвы. Пагатоў, і словы пра любоў, мары ці памяць нічога не тлумачаць у хімічным складзе кавы. Неістотна. Мара заўжды тычыцца чалавека, толькі чалавека, які спараджае яе, фармуе, фармулюе, як умее. Часам нават кіруецца ёю ў жыцьці, спрабуе ўвасобіць – стварыць ёй умовы, надаць рэальны грунт…

Зрэшты, можа быць, і самая памяць ёсьць адно мрояй, прыстанкам для стомленай бадзяньнямі сьвядомасьці, спробай неяк абжыць маўклівую прастору, змусіць яе да размовы на зразумелай мове, зрабіць свойскай. Прыўласьціць, знайсьці ў ёй дом, дзе можна пачувацца нязмушана і бясьпечна. Паўтараючыся ўвесь час, цягам многіх пакаленьняў, гэтая спроба навязвае нямым прадметам, краявідам, мясьцінам адзін і той сэнс, які з часам нібыта асядае на іх, агортвае, насычае, аж пакуль уяўленьне не пачне ўспрымаць іх іначай, як праз прызму гэтых наслаеньняў, ім жа і створаных. Мінаюцца пакаленьні, памкненьне, дасягнуўшы мэты, згасае, а наслаеньні застаюцца, паступова астываючы.

Можа быць, у такі спосаб нараджаецца спадчына – кававая гушча, што асаджваецца паступова, як халадзее і супакойваецца кава. Яна, спадчына, заўжды працэс, што патрабуе часу, цярплівасьці і сыстэматычных высілкаў. Яна ніколі не назоўнік, але заўжды – дзеяслоў.

IX.

Менск зусім інакшы. Ягонае аблічча роўнае і непранікальнае – маска, накладзеная на штосьці, што ўнікае ўвагі і мовы, і чыёй галоўнай азнакаю – няўлоўнасьць. Але яно ёсьць, гэтае штосьці, трымценнае і празрыстае, як паветра. Яно прысутнічае, быццам чыйсьці бясконцы подых, альбо цень, нябачны, але адчувальны. Яно бязважкім пылам – залацістым у сонца, шэрым у шэрань – асядае на цяжкую аздобу фасадаў, прыпарушвае цёмныя куты высока паднесеных столяў, робіць цені цямнейшымі, а рэльефы – ярчэйшымі. Яму невядомыя прошласьць і прышласьць, бо яно нязьменнае і роднаснае хіба забыцьцю. Гэты genius civitatis minsciensis – бязгучная зіхоткая пустата, часам так выразна надчалавечая, што нязвыклыя да яе прыбышы ніякавеюць, адчуваючы ейны марозны подых. Ці было некалі йнакш? Так, напэўна, было калісьці, калі горад быў малады, яшчэ падобны да іншых. Ці магло стацца йначай? Можа быць.

Але места, што столькі разоў паўставала зь нябыту, мусіла набыць урэшце тое, што набыло коштам цярпеньняў і зьдзекаў зь сябе, дачакала, выпакутвала, аплаціла шэрагам гвалтоўных сконаў і нараджэньняў: залатую зіхатлівую маску, пад якой, за беспрадметнай застылай усьмешкай, схаваўшыся ад нясьціплых, празьмерна жвавых і жывых паглядаў, бестурботна гуляецца сама з сабою лёгкім празрыстым пылком безуважная і бязважкая, маўклівая пустата. Крок ботаў па ходніку тут амаль не стварае рэха, гук растае ў прасторы, губляецца ў каменных ліштвах, між цяжкіх пілястраў, у завітках карынційскіх валютаў, пад скляпеньнямі арак вышынёй у тры паверхі. Прастора і камень усмоктваюць гук, не даючы адказу. У гэтым месьце можна існаваць, прысутнічаць, але каб жыць і стацца сваім яму, да яго мусова прыпадобніцца. Гэтая здольнасьць не даецца проста так, патрэбны час – свой і, бадай, некалькіх пакаленьняў за сьпінай, – каб засвоіць ягоную нерупатлівасьць, ягоны холад, і цішу, што пануе над любым шумам, і абыякавы выраз твару, пераняць ягоную ўсьмешлівую гідлівасьць: пагарду занадта шумлівай радасьцю, празь меру гучным горам – разбоўтанасьцю і павярхоўнай мітусьнёю. Ён не захоўвае цеплыні пачуцьця – цеплыня няздольная ўтрымацца тут, выдзьмуваная ветрам. Горад запоўнены толькі сьвятлом, роўным, ясным і бесстароньнім. Тым сама сьвятлом, што аднолькава сьвеціць правым і вінаватым і адчуваецца тут лепш, ніж дзе-кольвек яшчэ.

Тут нібыта няма месца для крыклівага бязладнага натоўпу, што дыхае жывёльным цяплом, і нават для зладжанага хору, які б запаўняў навакольле масай узаемазалежных галасоў. То бок, мейсца тут акурат звыш меры, аж да таго, што любы натоўп губляецца ў ім, а харавы сьпеў ніцэе і ператвараецца ў шум: застылыя ў паветры, зьвернутыя ў неба каменныя вазы, гаўбцы, шматслойныя пасы карнізаў ані не даюць адказу. Ім пасуе хіба сьпеў ? capella – плястычны і гнуткі, самотны bel canto, плоць ад плоці каменных формаў, што зачаравана зьнерухомелі сярод пустаты.

Менск поўны ёю. Яна гарманічная і роўная сабе, бо яе няма з чым параўнаць, бо яна ня мае ніякіх каардынатаў, і не існуе пунктаў, зь якімі яе можна было б суаднесьці, сказаўшы: тут празь меру, а тут – недастаткова. Пасярод процілеглых бакоў вуліц цэнтра, далёка адстаўленых адзін ад аднога, яна пачуваецца вольна: між сьценаў не ўзьнікае напругі, яны ня ціснуць і не прысьпешваюць, толькі ўзіраюцца адна ў адну, а найболей – у неба. Неба тут адным зь неадменных дзейнікаў, безь якога гарадзкая прастора, якая ёсьць хіба спробаю яго ўцялесьненьня, страціла б астатнюю падставу для існаваньня. Халодная, зіхоткая і радасная пустата нябёсаў быццам прыпадае ўсутыч да парадных балюстрадаў, а заадно – да вяршалін срэбных таполяў і ліп у разьлеглых, поўных моўчы дварох. Яна нічога не патрабуе, гэтая пустата, ніякай дзейнасьці, толькі сузіраньня, угляданьня ў сябе, падобна таму, як глядзяцца ў яе гмахі фасадаў. Яна шыхтуе і струніць душу – так сама, як шыхтуе яе крок калюмнаў, чаргаваньне арак і вокнаў, рытм ценяў на фасадах Праспэкту, асабліва ў пагодны вечар, калі нізкае сонца лашчыць і саграе карункі каменнага дэкору, шукаючы ў ім няісную сутву, тое, чаму ён надае бачнасьць формы, што акаляе і аблямуе: беспрадметнае.

Тое, чым ён спароджаны і што, быццам бясконца паўторанае на розны лад адное й тое ж слова, ён імкнецца і ніяк ня можа выразіць дарэшты – вялікую пустату, татальную адсутнасьць. Неба заўжды адсутнасьцю, і як яно чысьцейшае, так адсутнасьць большаю. Падобна яму і тутэйшыя ансамблі, чые маштабы меліся б адпавядаць людзям нейкай няіснай гігантычнай расы, так выразна цураюцца дробу. Таму, відаць, навязьлівыя памкненьні выпадковых прыбышоў упарадкаваць на свой капыл, упрыгожыць чымсьці гэты горад выглядаюць заўжды гэтак мізэрна, сьмешна і брыдка, а іхная нясьцерпная, як зуд, прага запаўняць шкляным і бэтонным друзам кожны нібыта вольны лапік зямлі – выклікае здаровую агіду. Ім папросту не стае густу і досьведу стасаваньня з гэтым горадам, каб скеміць, убачыць відочнае: пустату няможна ўпрыгожыць нічым, акрамя пустаты, да прасторы нельга дадаць нічога, акром прасторы. Свабода не патрабуе ніякіх дадаткаў – нічога, апроч самой сябе.

Найлепшым упрыгажэньнем Менску, і надзвычай каштоўным для яго набыткам можа быць кавярня – прастора, што атачае не прадмет, але лад існаваньня, ня дзейнасьць, але сузіраньне; у найлепшых выпадках – сузіраньне чалавекам самога сябе. Добрыя кавярні – вось чаго мне ў ім дагэтуль ‘шчэ бракуе.

X.

Відавочна, што кавярня ёсьць прыкметай сьпеласьці. У прыхільнасьці да яе выяўляецца сьпеласьць асобы, а ў ейнай наяўнасьці – сталасьць грамады. Не рэстарацыя, каторая, якою б выкшталцонаю ні была, каранямі сягае тлумных корчмаў; не начны клюб, які ёсьць вылегчаным увасабленьнем скокаў цераз вогнішча; і не спартовая заля, у якой, відаць, сёй-той дае выйсьце свайму спадчыннаму, надзейна закладзенаму ў падсьвядомасьць навыку цяжкой вясковай працы.
Кавярня нібыта ня мае генэалёгіі, прынамсі, відочнай, і гэтым адметная. Можна меркаваць, што ейнае пакліканьне ня мае нічога агульнага з патрэбай спатоліць голад, з прагай скакаць ці кідаць коням сена. Кавярня высьлізгвае з заганнага кола жыцьцёвых патрэбаў і іх задавольваньня, ці адпачатку стаіць па-за ім. Яна нібыта лішняя, празьмерная, ці – гранічна важная. Як мары, безь якіх можна абысьціся, але толькі для таго, каб бяздумна ўвасабляць чужыя.

Асьцяглая праца, кар’ера, зарабленьне грошай, безупынная работа дзеля кароткага адпачынку – між гэтым усім і здольнасьцю марыць збыт мала агульнага: першае, як што аднойчы пачалося, забівае ці надоўга прыдушвае другое. Трапіўшы ў гэтую пастку несьвядома ці праз унутраную згоду зь ёю, чалавек цяпер здатны, хіба, імкнуцца да пэўнага жыцьцёвага стандарту, адпачатку падатнутага пад ягоныя вочы, крочыць у загадзя вызначаны спосаб па ня ім пратарнаваным шляху. Тое, што ён назаве марамі – штосьці на дзіва маленькае, часьцяком, амаль лялечнае – ёсьць проста фрагмэнтам атрыманага ўжо гатовым узору: ён стараецца дасягнуць яго, свае высілкі аплачвае незваротным жыцьцёвым часам, і тым ягонае існаваньне, пераважна, вычэрпваецца. Зрэшты, гэта, можа быць, проста ягоны кон, супраць якога не запярэчыш.


Мары іншыя. Яны хаваюцца глыбока ў цемры асобы, учуць іх трэ’ ўмець. Для гэтага патрэбныя ўмовы і багата часу – вольнага часу, амаль не абмежаванага прыкрымі вымогамі будзённасьці.

Вядома, мара не выказвае ніякіх патрэбаў. Бо патрабуе заўжды чалавек. Мара проста ёсьць, здольная адно раскрывацца, у прасторы і часе, калі чалавеку, нарэшце, заманецца яе сфармуляваць і ажыцьцявіць. Калі чалавек усур’ёз паспрабуе ўцялесьніць мару, надасьць ёй форму, у якой яна зможа канчаткова высьпець і празь якую пасьля ўмацоўвацьме свайго стваральніка.

Паспрабуе – і падманецца. Бо мара заўжды падманвае, такою ейная сутва, шчымліва-кранальная дзеля сваёй недасягальнасьці, дзеля найбольш інтымных умілаваных рысаў, да якіх можна толькі набліжацца, бясконца доўга цягнуцца, каб разгледзець ясьней, якіх не крануцца, адно – лашчыць вачмі ў спадзеве запомніць кожную. І адчуваць салодкую і сьветлую гарчыню свайго бясьсільля.

Працаўнікі ня мараць, адно ўвасабляюць. Мараць, па-сапраўднаму, як сьлед – гультаі, і як большая ў чалавека здольнасьць унікнуць абавязкаў, так лепшую якасьць і яркасьць набываюць ягоныя мары.
Тыя і гэтыя аднолькава патрэбныя, хаця і няроўныя, як ня ёсьць роўнымі прычына і наступства. Першыя, volens nolens, змушаныя кіравацца тым, што адкрываецца перад апошнімі.

XI.

Я ня здолеў знайсьці пэўных зьвестак пра кавярні даўнейшага Менску – Менску апошніх гадоў яго мінулага жыцьця, калі ён вонкава мусіў яшчэ нагадваць Вільню. Відаць, ніхто тады не лічыў адмыслова. Між тым, колькасьць жыхароў у дзьвюх сталіцах, старой і новай, у сярэдзіне 1910-х розьнілася мала: каля 140 тысячаў у Вільні, блізу 110 – у Менску. Імаверна, што зь перасоўваньнем фронту на ўсход лік насельнікаў апошняга мог большаць, але і без таго Менск 1910-х – не абы якіх памераў горад, нават паводле цяперашніх уяўленьняў, і між булачных і гарбацярняў, якімі пярэсьцяць старыя фота, зрэдчас трапляюцца шыльды кавярняў. Пра адну, «Сэлект», вядома пэўна. Няшмат, канечне, але хоць бы нешта.
«А ў Вільні іх было, бадай, удвая болей», – засьведчыў неяк з гэтай нагоды сп. Харэўскі. Гэтым словам лёгка даць веры. Чаму? Бо яны ўвідочваюць натуральнае, чаканае. Бо вобраз старога, пацямнелага ад часу, павабнага і падступнага Крывога Горада гэтак добра стасуецца з вобразам чорнай пахкай кавы. А мо’ й таму, што зь ім стасуецца смуглявае аблічча самога сп. Харэўскага, хітрага і мудрага.

Прынамсі, я бачу не выпадковасьць, але наканаваньне ў тым, што мяноўна зь Вільні, ці не з кавярні «Чырвоны Штраль», разам з братамі Луцкевічамі ў Менск прывандравала, каб у ім набыць форму і ўісьніцца, мара пра нацыянальны Дом. Здаецца, у Менску ёй яшчэ не было дзе нарадзіцца… Зрэшты, можна бяз шкоды для сэнсу абярнуць гэтае цьверджаньне: мяноўна тое, што мара пра незалежнасьць высьпела ў Вільні, і ёсьць для мяне вымоўным сьведчаньнем таго, што кавярняў у ёй было нашмат болей. Сутва ад гэтага ня зьменіцца, а фармулеўка неістотная. Розьніцца адно спосаб апісаньня.

Вільня – кава. Вільня – мроя і боль, і гаркавая слодыч страты. Вільня – даўняя мара пра дом, пра ціхі азыль. Ёй, як і кожнай мары, патрэбнае было ўісьненьне, патрэбная была форма. І, каб яе набыць, каб уісьніцца, Вільня мусіла стацца Менскам.

Вільня мусіла стацца Мінскам, мог бы запярэчыць сп. Акудовіч. Гэта было б лягічным працягам: усіхная Вільня, ад сваёй надмернасьці і багацьця, пралілася ў нічыйны Менск, а той, атрымаўшы ад ейнай поўніцы, перамяніўся ў Мінск, набыў здатную для жыцьця і адпаведную сабе форму. Але я ня дбаю пра строгае датрыманьне лёгікі – безадказны чалавек можа дазволіць сабе пэўныя вольнасьці…

Менск нават і па сёньня яшчэ гарнецца да Вільні, як большы да меншай, як дасканалая форма да выштукаванага зьместу. Так мужчынскасьць гарнецца да жаноцкасьці, і імёны, мужчынскае і жаночае, нібы падкрэсьліваюць гэтую інтымную повязь. Так халодны парцалянавы кубак, каб перамяніцца ў філіжанку, прагне і чакае на каву, чорны і гарачы напой, які ён пасьля непазьбежна астудзіць – як астуджае ўсё, што трапляе ў атачэньне белых празрыстых сьценак, – але перад тым атрымае сваю частку цяпла і жыцьця. Атрымае, засвоіць. Звыкла ня дасьць адказу. Залатая маска будзе захоўваць свой непамысны спакой. Магчыма, штосьці пераменіцца пад ёю, магчыма – не. Тут няма ніякіх гарантыяў, адно імавернасьці. Адно свабода.

XII.

Ці можна вымысьліць сабе кавярню?

Я раблю гэта час ад часу, амаль мімаволі. Бывае, што падчас наведаньня якоесь існай кавярні, зазвычай, далёкай ад ідэалу. Раблю, усьведамляючы з сумам, што ідэал недасяжны: заўжды штосьці будзе ня так, давядзецца ўвесь час мірыцца зь іншымі – з турыстымі і выпадкоўцамі, трываць тлум, грукат з дынамікаў, прывыкаць і шукаць ува ўсім гэтым станоўчае.

Але адно, прынамсі, мажлівае тут і зараз. Месца, якое, па-за ўсімі выдаткамі, поўнае таго адзінага, што толькі і можа зрабіць установу з кавай сапраўднай кавярняй: любові да яе ейных гаспадароў. Любові да свайго і павагі да наведнікаў, безь якое ўсё астатняе будзе адно друзам, падманам і беспадстаўнымі прэтэнзіямі…

Ці варта вымысьліваць кавярню? Прымройваць, раскладаючы, ‘бы па паліцах, ейныя рысы і якасьці? Глупае пытаньне, пацісьне плячыма працаўнік. Летуценьнік і гультай сумна пасьміхнецца ў адказ.

Кава без кавярні – як мара без увасабленьня, ніяк неаформленая: жывая толькі тым, хто яе марыць, не зацьмененая нічым, ідэальная, крохкая, безабаронная. Яна дадае чалавеку моцы, якой ня мае сама. Яна здольная перамяняць толькі яго аднога – абуджаць незаўважна, ціха. Ці адчуе чалавек гэтую моц, ці надасьць ёй афармленьне, залежыць толькі ад яго. Кожны сам вырашае: застацца з каваю ў прыватных дачыненьнях, ці прымроіць, знайсьці ці стварыць для яе кавярню – форму, апірышча, дом.

А ці можна ў такі ж спосаб прымроіць краіну – утульную, свойскую, наскую?

Бадай, не складаней, чымся прымроіць кавярню – была б ахвота ды здольнасьць мроіць. І краіну вымысльліць можна, але як увасобіць? Ня маю адказу. Але я пэўны, бадай, у адным: мроя, ейная ваба, самое яе існаваньне ёсьць неадменным складнікам дзеі. Крокам зь нічога ў нешта – галоўным крокам. Далей – проста шлях, зарослая сьцежка ў невядомае. Адзін з мажлівых маршрутаў якога, здаецца, мае прайсьці праз заціш і ўтульнасьць кавярні. Праз кшталтаваньне густу, годнасьці і самоты. Празь любоў да негаваркога сумоўя з сабою, празь любоў да сябе. Празь любоў.

І кава тут добрым дарадцам, надзейным і шчырым.

Прынамсі, брунатная вадкасьць, пралітая на абрус ці падлогу, на асфальт, у сьнег, на вопратку – яна выглядае мо’ й ня так па-эстэцку, як чырвоная, але нашмат менш каштуе. Сярод іншага, яна патрабуе адчувальна меншых выдаткаў: няма неабходнасьці прысыпаць яе пяском, нашмат прасьцей змыць ці прыбраць; ёй, духмянай і цёмнай, не ўласьцівы млосны пах непапраўнага… Зрэшты, як і ўсё, гэта шмат у чым залежыць ад прыватных упадабаньняў, і, магчыма, акурат малы кошт і брак мэталёвага прысмаку ў паветры могуць камусьці падацца істотнымі недахопамі. Але гэта – толькі праз неразьвіты густ.

XIII.

Кава залучае ў сябе ўсё – ці распаўсюджвае сябе на ўсё, – што ёй папярэднічае і атачае. Шлях да кавярні ўжо ёсьць, па-сутнасьці, каваю. Дайшоўшы, даседзеўшы, дачакаўшы яе, можна і не дапіваць. Забіць глыток і, паставіўшы на сподак, усьцешана ўглядацца, дыхаць ейным водарам, грэць канцавіны пальцаў на філіжанцы. А потым сысьці, да наступнай сустрэчы. Ня так з мараю. Даўшыся пераможцу, яна памірае ці – ператвараецца ў дасягненьне, страціўшы галоўны свой чыньнік: салодкую, скрушна-панадную недасягальнасьць. Яна ўвасабляецца ў жыцьцё і – трывае, трывае… Можа (прынамсі, калі-некалі), абачлівей было б трымаць яе крыху наводдаль, на адлегласьці рукі і яшчэ на паўцалі далей: чуць ейнае дыханьне, лашчыць вачыма, але – не кранацца. Хаця б да пары. Можа быць, варта перажываць, як мару, самы шлях да яе.

Адно што, абачлівасьць несумяшчальная з мараю…

У стаўленьні да кавярні як да прыхамаці выяўляецца пэўная дзяціннасьць. І гэта добра. Такое стаўленьне ўжо ёсьць сьведчаньнем чуласьці – схільнасьці ўяўляць і мроіць. Яна мае сваю часавую мяжу, бо трывае толькі ў чаканьні, толькі на шляху да ўісьненьня: да ўвасабленьня мары ці першага глытку кавы, неістотна. Пасьля чаго мае надысьці непазьбежнае ацьверазеньне.

Здаецца, я належу да апошняга, бадай, з шэрагу атручаных агульнаю марай «пакаленьняў конадня», якое – ня ўсё спрэс, вядома, але, здаецца, у большай ступені, ніж наступныя, – разам з атрутай атрымала прывілей і здольнасьць верыць, што мара нарэшце споўніцца. І што, споўніўшыся, застанецца цудоўнаю. Здольнае перажываць чаканьне як чуваньне – цьмянае, поўнае падлеткавай пяшчоты, не заўжды ўсьвядомленае: час ад часу, похапкам, як бы ўчуўшы раптам трывожны і шчымлівы пах талага сьнегу – абяцаньне блізкага цяпла. Нібы цягам бясконцага, поўнага трымценьня й надзеі, позьняга вечара 24-га, калі складаюцца рахункі, а сакавіцкі ранак мроіцца пагодны і ветраны, і стыне ў філіжацы ў кухні апошняя на сёньня кава.

Зрэшты, спаўненьне мары бачыць толькі той, хто чакае на яго. Для астатніх яно застаецца незаўважаным. Шкадаваць іх ня варта: яны не зазнаюць расчараваньня, а гэта ўжо нямала.

IV.2018 – Х.2019
Менск – Вільня

You may also like...