Сяргей Вайніцкі. Моўча

Матылёк пралятае бязгучна –
Быў і няма –
Па-над морам моўчы

І

Дзіця нараджаецца.
Як бы зь нічога, зь цішы.
Гукае.

Нанізвае гук на гук,
Словы складае ў фразы,
Балбоча, штораз ускладняючы
Сказы набыткамі, ўсчыняючы шум і галас,
Мажнее й расьце разам з колькасьцю словаў, разам
Зь іх даўжынёй, бессэнсоўнасьцю, шалам. Потым, раптам,
Нібы нешта ў момант скеміўшы,
Нібы спатыкнуўшыся,
Цішэе патроху,
Зь сябе атрасае рухі,
Са словаў – рэха,
Ніцэе, слабне.
Стогне.

І ціха вяртаецца
Як бы ў нішто, у моўчу.
Зьнікае:

Гук паміж цішай і цішай.

ІІ

Мора моўчы
Мяжы ня мае і меры
Межы моўчы
Малююцца толькі мовай
Мовы мара
Мацуецца моўчы морам
Мроя моўчы
Марнуецца мовы мерай

Мара мовы
Маўчаньнем мацуе мроі
Моўчы
Мора
Мяжу патрабуе ў мовы
Мараў
Марнасьць
Маўленьня зьнікае ў моўчы
Мроі
Мара
Маўкліваю мовай мовіць:

Амэн

III

Ціша брыняе словам, але
Роўна настолькі, каб цела слова
Вымкнула з поўні цішы, перамяніўшы
Поўню на пожню ўвосень.

Страціўшы цэласьць, зьбяднеўшы слова
Целам, зьніклая поўня цішы
Нібы чакае, ці зарасьце лапік мовы,
Моўчы вярнуўшы неруш.

Маткаю слову, сябе дарэшты
Ў слове ўцялесьніўшы, моўча кліча
Сына,
й яго, нават знікшы, звыкла цікуе
Цішай абапал гукаў:

Моўчкі гукае ва ўлоньне, быццам
Ведаць ня хоча, што толькі ў слова
Целе
сябе вымаўляе вонкі, й жыве ім,
нібыта промнем цемра, –

Гукам між цішай і цішай.

IV

Вымкнуўшы з мора моўчы,
Мова ўтварае выспу –
Кволы й мізэрны лапік
Ссушанай сонцам глебы.
Мо’, адно для таго, каб хвалі
Мелі, ўва што ім біцца.

Перш, чым замоўкнуць, мору
Словаў пясок вярнуўшы,
Мова зноў чуцьме ўдары
Хваляў у голы бераг,
Дзе мора моўчы сабой накрэсьліць
Дрогкія двухрадкоўі.

Згэтуль відаць, што мова
Родзіцца і канае
Рытмам, якім маўчаньне
Лепіць яе і нішчыць;
Што памнажэньне ў ёй ліку вершаў
Сведчыцьме: “Немасьць – блізка”.

Што ж у прамежку? Выспа
Ў мора крадзе прастору,
Ймкліва расьце, люднее,
Робіцца зручным месцам,
Каб у ім жыць, і зямлёю, якая
Прыме ў свае абдоймы

Кожнага, кім жывая:
Кім прамаўляе ў моўчу
Рэкі, сьвітаньні, гукі –
Нэндзу й багацьце ймёнаў:
Тое, чым кожнага зь іх бароніць
Перад абліччам мора.

Колісь на ёй, якая
Вырасла з выспы ў сушу,
З друзу брынклівых, лічных
Слоў паўстае спаруда
Спадчыны (гэтак сьметнікаў горы
З часам растуць з адкідаў).

Ў ёй апісаны кожны
Складнік, з каторых большасьць
‘Шчэ за няпомным часам
Страціла рэшту сэнсу,
Але ніводзін зь якіх не ўнікае
Сувязі з рытмам мерных

Даўна забытых хваляў
Мора, якое недзе
Ліжа пясок і песьціць
Выспы гіганцкай бераг,
І падмывае нястомна ейны
Контур, стромы і крохкі.

V

Ціша ў дамох драмае
Ціхаю цемрай
Ціша сапоча ў шафах
Цёмных і цесных
Цэглу муроў мацуе
Цэмэнтам цьвілі
Целаў скубае сонных
Цёплую цэласьць

Цішаю ў стылых кухнях
Ціўкае цемра
Ціхаю летняй ноччу
Цыкат цыкадаў
Ценем паўзе па сьценах
Цішай цыруе
Ценькіх і рэдкіх гукаў
Цераспалосьсе

Ціха цяпельца гасьне
Цьмянай газьніцы
Цеста пад тонкай цыратай
Цёплае стыне
Цэбраў пустых у клеці
Цынкавы холад
Цішай паўзе ў пасьцелі
Цьвілай і воглай
Цыпак на друзлай скуры
Цьвелячы немасьць
Ціша ў пакоях цёмных
Царуе моўчай
Ціхія весьніцы мору
Ціха расчыніць
Цёплым пяшчотным шэптам
Ціха прашэпча

Finis

VI

Дзесь
на памежжы,
за хвіліну ад нематы,
прывід мовы, языкамі забытай, якая
нясе на сабе ўсе азнакі нябыту, што неўзабаве наступіць –
прыгажосьць, сьвятарнасьць, брак сэнсу,
цьвілы смак, гарчыню гучаньня –
мовы цень ліпее ледзь-ледзь,
нібы непрытомны,
але гучыць парой,
калі-некалі –
па сьвятаў
днёх.

(Побач з напраўду жывымі – амаль нябожчыца,
Побач зь нячутнай моўчай – мала не дасканалая.)

Там,
у цішы,
у месцы спакою
ад прызабытых слоў
аднімаецца мала ня ўсё:
зьмест, пачуцьцё і досьціп, воля –
там аднімаецца ўсё, акром прыгажосьці нядбаньня.
Месца – забытае, момант – астатні,
як бы наконадні, у чаканьні
захаду сонца й ночы
бясслоўнай
моўчы.

(Азнака жывых – размоўнасьць: разьдзеленасьць і разьяднанасьць.
Забытых – умоўнасьць: унуранасьць і ўвайсьцё ў адзінства.)

Але
яшчэ бывае:
з паўзабыцьця,
з амаль дасканалай
нястворанай цэласьці,
слова па слове мова вяртаецца, каб
зноў распасьціся ў дробным пяску размоў,
у штодзённым, штораз часьцейшым ужытку,
малітоўны ўрачысты шэпт замяняючы балбатнёю,
і праз уласны шум траціць ахвоту і здольнасьць чуць
цеплыню прыватнага, поўнага скрухі голаса тонкае цішы –
страчвае лучнасьць зь ім, якім толькі й магла б
сьведчыць пра цэласьць. Але гэтаю стратай
можа быць, сьцвярджае цішу наноў, бо
згубіць азначае знайсьці: бо здрада
ёсьць адно іншай, сьпялейшай
праявай ранейшае вернасьці,
бо страта – моўчы імём,
астатнім, ледзь чутным,
пяшчотна-зьнікомым
наконадні цішы
словам.

VII

Штосьці ёсьць – і ёсьць, пра што размаўляць табе і мне.
Зьнікла – й больш няма для размоў падстаў у нас з табой.

На адным краі абжытай зямлі бажніца гарыць,
На другім – старой магілы камень зь пяску расьце.

“Яны двох” – сьведчыць наша маўленьне – падобна як ты і я.
Можа быць, і яны размаўляюць міжсобку. Пра што і як?

Бо размова між імі весьціся можа хіба аб тым,
Што існуе, і лучыць іх у адно па-над выспы суш.

Можа быць, прадмет іх сумоўя ў тым, што абое ёсьць
Плёнам словаў, якія ім надаюць вагу і сэнс

У тваіх і маіх вачах – плёнам слоў, якімі калісь
Набылі сваю форму і цяжар, і імі цяпер краі

Роднай нам, са словаў сатканай выспы ціснуць двох
Дапаўняючы цяжар падобных да іх спаруд.

Колькасьць слоў, якой быў штурханы ў плечы даўні муляр,
Безьліч слоў, якімі ўчапіўся ў памяць нябожчык стары

Пакрываюцца цемраю слоў, якія з тых дзён на іх
Нарасьлі, апавілі й цяпер сваім лікам даводзяць: “Мы

Насампраўдзе маем значэньне, і права чакаць ад вас
Да сябе шацунку, любові, і страху раптам згубіць

Штосьці з нас і з таго, чым мы ўзмацняем самых сябе –
З камянёў, з рэчаў і твараў, што звонку ўдаюць, нібы

Ёсьць каштоўнымі самі сабой, па-за доглядам процьмы ймён”.
Што яшчэ тут відаць нам? Што аднаўленьне й пажар – адно

Ў сваёй сутве; што нічым папраўдзе ня розьняцца між сабой
Заняпад і ўваскрошаньне: крыкі “гарыць, гарыць!” і “глядзі,

Зноў зь нябыту расьце!” маюць адрозьненьнем толькі тон,
У якім мы з табой ва ўтрапеньні выгукваем іх – нічога звыш.

І заўжды, калі штось адбываецца з гэтаю процьмай слоў,
Яны толькі множацца, з нас выціскаючы крык, і мы крычым,

Неістотна, зь якой нагоды – адно б збавіць ад моўчы іх,
Памнажаючы і без таго непалічаны словаў лік,

Узьнімаючы вэрхал вакол акурат тых месцаў, дзе
Кублы слоў увіхаюцца з гудам, ‘бы рой асьцяглых мух

Па-над мёртвым ці нованароджаным целам у сьпякотны дзень.
І напраўду так: калі штось адбываецца ў сьвеце – гіне ці

Адраджаецца нібы зь цемры нябыту, гэта для іх
Адно лішняй падставай, каб узмацніць сваё лучво

Й свой зьвяглівы шум з дапамогай твайго і майго ратоў –
З дапамогай нас, якія – названыя кожны па ймю –

Як і ўсё наўкола, сатканыя з шэрагаў чэпкіх слоў.
Сваім лікам і шумам яны імкнуцца запоўніць нейк

Процілеглую ім поўню моўчы, зьляпіўшы штось накшталт
Кволай поўні мовы, адзінага цэлага цела бяз паўз і дзір.

А мы сьпешліва дапамагаем словам у гэтым, бо
Ужо перакананыя імі дарэшты: мёртвае ёсьць

Насампраўдзе жывым, і ад нас патрабуе ўвагі і воч
Увільготненых шчырай датклівай любовяй; бо – звыш таго –

Тыя ж словы кажуць, што мы жывыя адно датуль,
Дакуль можам вымавіць, выкрамзаць, выкрасьліць ці, хаця б,

Уявіць сабе нешта, названае імем, якое – гук
Паміж цішай і цішай.

VIII

як увабраўшы паветра больш за
аб’ём грудзей
ты выдыхаеш яго ціхутка
каб не збудзіць
іншых хто побач з табою ў ночы
імёны сьніць
выдыхне й выспа назовамі рэчаў
падзей людзей

плоцьвай сваёй не абняўшы неба
а пагатоў
блізка ня змогшы агораць моўчы
пусты прасьцяг
целамі слоў ацяжэлай з часам
і збыт важкой
хісткая выспа сабой працісьне
уласны цэнтар

тое з чаго пачалася колісь
аддаўшы перш
выспа пачне апаўзаць у моўчы
нямы прагал
і пакрысе вызваляючы месца
ў самой сабе
частку за часткай вяртацьме мору
імён пясок

моўчкі растане старая бажніца
на тым краі
з гэтага ў моўчу спаўзе бязгучна
стары камень
даты і ймя якія няма больш
каму шаптаць
змые зь сябе як з кавалка мыла
й растане ў ціш

весьніцы моўчкі мінуўшы й іхны
зглынуўшы енк
ціхае мора хваляю моўчы
залье гарод
параскладаўшы расьлін імёны
і сьцершы ўшчэнт
ценем на мур насунецца ціха
з усіх бакоў

дома кране анямелыя сьцены
зірне ў акно
плёскатам ціхім грудзі зьнярушыць
дрымотных цел
ложак маўкліваю хваляй закружыць
чаўном паміж
змытых са сьцен фотаздымкаў цьвілых
шпалер карцін

з кніжнае шафы сонная ціша
ліне ў пакой
плыняй пяшчотнай немасьці мора
запоўніць дом
вымые з кухні посуд нямыты й
размоваў гразь
зь цёмнай гасьцеўні з паддашку змые
гнезьдзіша вос

плёскатам мяккім сьцены растопіць
як сьвечкі воск
больш непатрэбных нікому назваў
асадзіць пыл
хваляй над рэштай коміна плісьне
як парай крыл
з гукам астатнім сатрэцца памяць
і зьнікне час

зьнікнуць словы
й ня будзе пра што размаўляць
нам з табою

зьнікнуць з намі
якімі адрознасьць жыла
мовы з моўчай

зьнікнем самі
бо мы адно словамі двох
двох якімі

мова мела
адзіную мэту быцьця
й сэнсу прывід

сьведчыць словам
што па-за межамі ймён
толькі моўчы

мора

высьлізьне з слоў абдоймаў
ціха
хваляў удары згубяць
рэха
мора забудзе хваляў
ўдары
моўчай аднімуцца мары
ў мора
больш неназванае імем
цішы
цэлае без прагалаў
слоўных
цэласьцю без памераў
межаў
не адчуваціме ані
прагі
быць ці здавацца бытным
намі
поўнае і пустое
тым што
розьніцы ўжо ня знае
іншай
між жыцьцём і нябыту
поўняй
збыт дасканалае гэтым
роўнае
самому сабе й не самотнае
бо і
слова няма для самоты
болей
у безыменнай бяз часу
цішы

дзе больш нікога мог хто б
спытаць нашто

дзе больш наймя няма каб
назваць нішто

19.VI.2019 AD ‘0.75’

You may also like...