№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Польскія дзівацтвы і дзівосы на вечарыне “Дзіва што!”

19 траўня 2011

Польскія дзівацтвы і дзівосы на вечарыне “Дзіва што!”
Дзівосы пачаліся ўжо з першай хвіліны — вядоўца вечарыны Марыя Мартысевіч зачытала спіс выступоўцаў і прапанавала кожнаму кінуць у шапку якую-небудзь дробную рэч, каб правесці лёсаванне і вызначыць парадак. Перакладчыкі, што не чакалі такой неспадзеўкі, нават не падумалі супраціўляцца.


Марыя Мартысевіч

Лёс склаўся так, што першым выступіў Андрэй Хадановіч, які зачытаў пераклад верша Богдана Задуры “Забойны аддзел не падмочыць рэпутацыі”. Паводле перакладчыка, тэкст дзіўны ўжо хаця б таму, што падчас перакладу давялося добра пагуляць з польскімі рэаліямі — і часам перакласці іх досыць нечакана. Зрэшты, нават без такіх падрабязнасцяў верш зусім не гучаў трывіяльна. Ролю Богдана Задуры дзівосна выканаў польскі паэт і перакладчык Лешак Энгелькінг, які акурат праходзіў міма і не адмовіўся паўдзельнічаць. Пра тое, як пан Задура разлічыўся з панам Энгелькінгам, рэдакцыі “ПрайдзіСвета” пакуль не паведамілі.


Андрэй Хадановіч і Лешак Энгелькінг

Правілы гульні, прыдуманыя вядоўцай, патрабавалі таго, каб перакладчык, прачытаўшы твор, пажадаў чаго-небудзь наступнаму выступоўцу і выцягнуў з шапкі фант. А наступнай была Марына Шода, якая прачытала апавяданне Славаміра Мрожка “Апошні гусар” (не забыўшыся прарэкламаваць адпаведную кнігу), дзіўнае сваёй заўсёднай актуальнасцю. Час ідзе, а актуальнасць застаецца. Пра тое, як кіраўніцтва кнігарні разлічылася са спадарыняй Шодай за рэкламу, рэдакцыі “ПрайдзіСвета”, зноў жа, пакуль не вядома.


Марына Шода

Далей выпала чарга выступаць Аляксею Жбанаву, які праспяваў філамацкую (ці філарэцкую — так адразу не адрозніш) песню Яна Чачота, прадэманстраваўшы аблічча студэнцкага фальклору за часамі гэтага самага Яна Чачота.



Наступным выступаў Міхась Скобла, які пазнаёміў чытачоў з дзівосным вершам Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага “Месяц”. Рэдакцыя “ПрайдзіСвета” планавала зрабіць відэа гэтага чытання, але апаратура — на дзіва! — не спрацавала, а таму пакідаем чытачам самім уяўляць, як незвычайна (проста ледзь не з-за небакраю) гучаў верш Галчыньскага.

Міхась Скобла выцягнуў з шапкі фант, які сімвалізаваў Антона Францішка Брыля (а гэта была батарэйка Duracell), і Марыя Мартысевіч зачытала пераклад адсутнага перакладчыка — верш “Невядома што, альбо Рамантычнасць” Антоні Эдварда Адынца. Дзіўна, што гэты верш быў перакладзены на беларускую мову толькі нядаўна.

Далей выцягваць фант давялося вядоўцы, і чарга перайшла да Ганны Янкута, якая прачытала пераклад верша пра вельмі дзіўную, хаця і з усіх бакоў абаяльную істоту Хваляваку (аўтар — Ежы Фіцоўскі). Што гэта за звер, рэдакцыі “ПрайдзіСвета” высветліць не ўдалося.


Ганна Янкута

Далей Таццяна Урублеўская прачытала пераклад “Людзей у схове” Юзафа Цішнера, які анансаваўся як твор, што досыць моцна здзівіў саму перакладчыцу. Чакалася, што на вечарыне ён ператворыцца ў эпічную паэму, пісаную гекзаметрам, ці ў вянок санэтаў. На шчасце, усё засталося на сваіх месцах.

Марына Казлоўская прачытала верш Тадэвуша Ружэвіча “Усмешка”. Рэдакцыя ”ПрайдзіСвета” вельмі здзівілася — бо ўсе да апошняга моманту чакалі, што прагучыць Збігнеў Герберт.


Марына Казлоўская

Далей выпаў лёс чытаць пераклады адсутнаму на вечарыне Сяргею Прылуцкаму (яго замяшчальнікам у шапцы сталася чорная асадка), які з самой Украіны пракрычаў верш Анджэя Бурсы “Паэт” так, што яго пачулі нават у кнігарні “логвінаЎ”. Даведацца, што ў гэтым вершы такога дзіўнага, можна, праслухаўшы запіс:



Марыя Пушкіна прачытала прэйскурант на паэтычныя паслугі кавярні “Пад Пікадорам” Яна Леханя і Юльяна Тувіма, а таксама правілы паводзінаў у такім грамадскім месцы, як паэтычная кавярня.


Марыя Пушкіна

Адзін з гледачоў, Валеры Прычынец, таксама захацеў паўдзельнічаць у вечарыне і прачытаў верш з незвычайнай канцоўкай — “Прыгожы сорам” Эвы Ліпскай.

Марыя Мартысевіч, прачытаўшы верш К. І. Галчыньскага “Вялікдзень Ёгана Себасцьяна Баха”, разам з Юляй Цімафеевай раздала прысутным бюлетэні для галасавання за самы дзіўны твор на вечарыне (кожны меў права прагаласаваць за любога перакладчыка, улучаючы сябе).


Юля Цімафеева

Пасля падліку зрабілася вядома, што з шаснаццаццю галасамі перамагла Марыя Пушкіна. Улічваючы, што на вечарыне прысутнічала толькі адна Марыя Пушкіна, а таму прагаласаваць за сябе ўсе гэтыя шаснаццаць разоў не магла, вядоўца ўрачыста абвясціла пра яе перамогу і ўручыла кніжны прыз ад кнігарні “логвінаЎ”. Дык дзіва што!

Увага! Тэкст-пераможцу можна ўрачыста зачытаць АДСЮЛЬ!

Чытайце таксама

Абвешчаны кароткі спіс прэміі Арсенневай

У шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай 2018 увайшлі дзевяць паэтычных кніг

Адкрыты прыём заявак на прэмію Шэрмана

Прэмія Шэрмана ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. Пераможца атрымае чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а. Падаць заяўку можна да 10 ліпеня.

Найлепшая перакладная проза за 2017 па версіі Андрэя Хадановіча

Перакладной прозы за мінулы год у нас выйшла столькі, што і літаратурныя крытыкі звярнулі ўвагу, і некаторыя арыгінальныя празаікі спалохаліся: а ці такія яны ўжо арыгінальныя, каб вытрымаць гэту канкурэнцыю.

Абвешчаны Доўгі спіс Прэміі імя Ежы Гедройца

Журы Прэміі імя Ежы Гедройца прачытала 32 пададзеныя на Прэмію кнігі і пасля абмеркавання зацвердзіла Доўгі спіс.

іншыя навіны
1721