№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

2010 год: Гісторыя ў кнігах

25 снежня 2010

2010 год: Гісторыя ў кнігах
Не скажаш, што сёлета выйшла шмат перакладных выданняў. Бо напраўду выйшла іх зусім мала. Нават у параўнанні з мінулым годам. Але цікавасці тых кніг, што выйшлі, гэта не змяншае, і я прапаную ўзгадаць, што новенькае з замежнай літаратуры прачыталі мы ў гэтым, пакуль яшчэ 2010 годзе. Каментары і дапаўненні вітаюцца.


1. Бэсон, Патрык. Ліст да страчанага сябра: раман. Пер. з франц. Зміцер Колас. Мінск: Зміцер Колас, 2010. (Littera scripta)

 

Адна з першых навінак 2010 году – раман “Ліст да страчанага сябра” французскага пісьменніка Патрыка Бэсона, не абдзеленага ўвагай чытачоў і крытыкаў, уладальніка Гран-пры Французскай Акадэміі ў 1985 годзе (адной з найстарэйшых і найпрэстыжнейшых прэміяў Францыі) і прэміі Рэнадо ў 1995 годзе (своеасаблівага спадарожніка Ганкураўскай прэміі, у адзін дзень з якой і ўручаецца). Адмысловая прынада для аматара сучаснай літаратуры – тое, што раман на рускую мову не перакладаўся. Героі твора – маладыя людзі, якія заблыталіся ў стасунках і якія, здаецца, нават не спрабуюць іх разблытаць, а проста плывуць па плыні жыцця, шукаючы новых знаёмстваў і ўражанняў. Альбо не шукаючы нічога. Альбо не ведаючы, што трэба шукаць. Назву рамана можна зразумець шырока: смерць аднаго з герояў – гэта толькі апошні крок да страты. Першыя крокі будуць зробленыя задоўга да трагедыі, да якой у выніку ніхто сур’ёзна і не паставіцца, – самае сур’ёзнае на гэты момант ужо скончыцца. Але ж анёлам (а менавіта імі цалкам могуць уявіць сябе некаторыя героі рамана) дазволена быць несур’ёзнымі. Зрэшты, якая ўвогуле сур’ёзнасць, калі табе сямнаццаць, як слушна зазначыў адзін крыху старэйшы суайчыннік Бэсона.

Паводле svaboda.org



2. Вісландэр, Ю., Вісландэр, Т. Малы і Мядзведзік. Пер. са шведскай Н. Кандрусевіч. – Мінск: "Літаратура і Мастацтва", 2010.

 

Сімпатычная і ўтульная кніга з сімпатычнымі малюнкамі, якую можна чытаць нават зусім маленькім дзецям. Яе героі – такія самыя маленькія дзеці, з якімі не здараецца нічога незвычайнага, – яны не трапляюць у казачную краіну, не сустракаюць чароўных істотаў і не сутыкаюцца з чымсьці зусім неверагодным. У кожнай з невялікіх гісторыяў вядзецца пра самае звычайнае жыццё і самыя штодзённыя рэчы. Хіба што Мядзведзік не зусім звычайны (зрэшты, любімыя цацкі таму і любімыя, што не зусім звычайныя). Але асноўная роля Мядзведзіка – слухаць пра дзённыя прыгоды Малога. А расказваць пра іх Малы, а таксама спадарства Вісландэры ўмеюць.



3. Вонэгут, Курт. Бойня № 5, або Крыжовы паход дзетак: раман. Пер. з анг. Павал Касцюкевіч. Мінск: Логвінаў, 2010. (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Пераклады. Кніга 1.)

 

Знакаміты раман, які не патрабуе адмысловых характарыстык і згадак пра сюжэт – зрэшты, проста пераказаць сюжэт гэтага твора падаецца справай безнадзейнай. Можна сказаць, што гэта кніга пра разбурэнне Дрэздэна, але тады застаецца пытанне, што рабіць з зялёнымі чалавечкамі і іх роднай планетай Тральфамадор. Можна сказаць, што гэта суцэльная фантастыка, але так ужо атрымалася, што Дрэздэн у Другую сусветную напраўду разбурылі – і Білі Пілігрым цалкам мог трапіць у палон, нягледзячы на ўсе свае вандроўкі ў часе (што ён урэшце і зрабіў). Што да падыходу перакладчыка да тэксту, то можна сказаць, што паміж сёмухаўскім і хадановічаўскім ён робіць выбар на карысць першага – не пазнаць у тэксце Паўла Касцюкевіча проста немагчыма. І менавіта таму яшчэ з большым задавальненнем чытаеш пасляслоўе пра баявое сяброўства Курта і Паўла. Пасля яго нявырашаным застаецца толькі адно пытанне: чым перакладчыку не спадабалася слова “кандыцыянер”?





4. Марон, Моніка. Вуліца Ціхая, шэсць. Раман / Пер. з ням. Васіль Сёмуха. – Мн., 2010.

 

Раман гэты вядомы беларускім чытачам па публікацыі ў часопісе “Крыніца”, але ўжо нават той факт, што перакладны твор, які раней друкаваўся толькі па частках у перыядычным выданні, выйшаў цяпер асобнай кнігай, не можа застацца па-за ўвагай. Бо не кожны будзе шукаць часопісы, якія даўно аселі ў дамашніх архівах ці бібліятэках, каб прачытаць малавядомую ў нас аўтарку. Але мы мала ведаем не толькі пра аўтарку, Моніку Марон, – сама праблема, якая ставіцца ў рамане, для нас ці то ўжо добра падзабытая, ці то нават ніколі не ставілася. Бо праблема ўзаемадачыненняў і ўзаемастаўлення старога змагара за камунізм і досыць маладой жанчыны, якая ў пэўным сэнсе бачыць сябе ахвярай такіх змагароў, – гэта нават не праблема бацькоў і дзяцей і не праблема двух варожых лагераў, а праблема дзвюх ідэалогій, адна з якіх памірае, а другая не паспела нарадзіцца: адзіны выклік, які яна можа кінуць папярэдніку ў агоніі, – гэта нежаданне прадаваць свой розум. І ніхто ўрэшце не перамагае – бо сама барацьба была ўяўнай і нікому не патрэбнай. Нават сапраўдным ахвярам.



5. Ніэмі М. Папулярная музыка з Вітулы. Пер. са шведскай Вольга Цвірка. – Мінск, І.П. Логвінаў, 2010.

 

Мабыць, самая нашумелая сёлетняя навінка – гэта пераклад рамана “Папулярная музыка з Вітулы” шведскага пісьменніка Мікаэля Ніэмі (зрэшты, гэта пытанне, ці такі ўжо ён шведскі, – і адказ можна знайсці ў згаданым рамане). “Папулярная музыка з Вітулы” зрабіла Ніэмі знакамітым – наклад кнігі перайшоў мяжу ў 500 тысячаў асобнікаў. Яго чытаюць па ўсёй Швецыі і не толькі. Цяпер яго можна прачытаць і па-беларуску – і даведацца пра побыт жыхароў Паялы, загартаваных суровым кліматам і яшчэ суровейшым жыццём, загартаваных настолькі, што ні пякельная лазня, ні самыя неверагодныя дозы алкаголю не могуць іх перамагчы. Прынамсі, надоўга. А вось папулярная музыка перамагла. Галоўныя героі рамана, апанаваныя любоўю да Элвіса і “Бітлоў”, у цалкам неспрыяльных умовах спрабуюць стварыць уласны гурт, і часам з гэтых спробаў атрымліваецца нешта нечаканае. Адзінае, што можа напалохаць нават самых загартаваных чытачоў, – гэта нясціплая колькасць словаў і выразаў на фінскай мове і адсутнасць ратавальных зносак. Але ў параўнанні з турботамі жыхароў Турнэдалена гэтая праблема не вартая нават згадкі.

Паводле svaboda.org




6. Такарчук, Вольга. Правек ды іншыя часы: раман / Пер. з польскай Марына Шода. – Мінск: І.П. Логвінаў, 2010.

 

У гэтым годзе пабачыў свет шэраг чароўных дзіцячых перакладных выданняў. Раман Вольгі Такарчук хочацца назваць самым чароўным дарослым выданнем гэтага году (што да ўласна чараў, нават яны ёсць у гэтым рамане). Як на мяне, многія праблемы, якія сучасная літаратура ўжо колькі часу вывучае з жарсцю і пераменным поспехам – праблемы гендэру, ідэнтычнасці, гісторыі, – падымаюцца ў рамане настолькі натуральна і гарманічна, што не выклікаюць ніякага адпрэчання. Тое, што раман напісаны псіхіятрам-юнгіянцам, кагосьці можа завабіць, а кагосьці – наадварот, запалохаць. Але ў ім усё зроблена ў адпаведнасці з патрабаваннямі шматслойнай постмадэрнісцкай прозы – калі не ведаеш чагосьці, то проста не заўважыш гэтага і атрымаеш задавальненне ад чагосьці іншага.




7. Толкін, Джон Рональд Руэл. Каваль з Вялікага Вутану. Казка / з ангельскай пераклаў Антон Францішак Брыль; малюнкі Н. Краўчук. – Мінск: выдавец І. П. Логвінаў, 2010.

 

Гэты твор звычайна называюць казкай. Ён і ёсць казкай, але страшэнна неадназначнай. Магчыма, казкай-прыпавесцю ці нават казкай-алегорыяй, свет якой канструюецца паводле тых самых законах, што і свет “Хронік Нарніі” Клайва Стэйплса Льюіса. У любым выпадку, кніга цалкам магла б выйграць у намінацыі “Самы чарадзейны пераклад году” альбо “Самае прыўкраснае афармленне”.

Больш падрабязна пра кнігу.



8. Янсан, Тувэ. Маленькія тролі і вялікая паводка. Пер. са шведскай Наста Лабада. – Мінск: Зміцер Колас, 2010.

 

Яшчэ адна чароўная кніга знакамітага ва ўсім свеце аўтара – настолькі знакамітага і папулярнага, што кнізе нават дадатковая рэклама не патрэбная. Адно магічнае слова “мумітроль” гаворыць само за сябе. Вялізныя плюсы выдання – цвёрдая вокладка і малюнкі самой Тувэ Янсан, любімыя чытачамі не менш за самі муміаповесці. Цяпер застаецца толькі спадзявацца, што астатнія кнігі серыі выйдуць хутка і ў такой самай цудоўнай якасці.

Больш падрабязна пра кнігу.



9. ARCHE. Славацкая надзея для паняволенай нацыі. № 9, 2010.

 

У часопісе “Arche” пераклады звычайна ёсць, але славацкі нумар часопіса – гэта, за рэдкімі выключэннямі, суцэльна пераклады. Значная частка іх – пераклады мастацкіх твораў, не толькі вершаў, апавяданняў, эсэ, але і больш буйных жанраў – рамана, ці, дакладней, “Кнігі пра пагост” Самуся Тале (пераклад Сяргея Сматрычэнкі) і ўрыўкаў з раманаў “План паводзінаў (Кавярня “Гіена”)” Яны Бэнявы (пераклад Макса Шчура) і “Найлепшы з усіх светаў” Ірэны Брэжны (пераклад Лізаветы Касмач), а таксама досыць экзатычных твораў – коміксаў і “Рэцэптаў з сямейнага архіву”. Важны плюс гэтага выдання – тое, што яно дае ўяўленне пра сучасную славацкую літаратуру: у ім прадэманстраваныя ўзоры розных стыляў і жанраў, прадстаўленыя розныя мастацкія падыходы і практыкі славацкіх пісьменнікаў – “тое, што мы ведаем сёння пра славацкую літаратуру”, а ўлічваючы высокую кампетэнтнасць адказнага рэдактара нумара Сяргея Сматрычэнкі ў дадзеным пытанні, ведаем мы пасля прачытання часопіса не так і мала.

 

Ганна Янкута

Чытайце таксама

Канцэпцыя “двайнога бачання” сусвету ў навэлістыцы Густава Майрынка

Наталля Ламека

Канцэпцыя “двайнога бачання” сусвету ў навэлістыцы Густава Майрынка

Аўстрыйская экспрэсіянісцкая культура пачатку ХХ стагоддзя вылучаецца асаблівай атмасферай патаемнага і містычнага. Так званы “чорны” экспрэсіянізм шырока эксплуатуе матывы падарожжа ў іншасвет, хваравітай…

Час одуму

Пётра Садоўскі

Час одуму

Прайшоў больш чым год з таго часу, як выйшла другая частка апошняга, 5-га тома Тлумачальнага слоўніка нашай роднай мовы, першага слоўніка такога памеру, складзенага не заўзятым адзінцом, а калектывам прафесійных…

Літаратурнае аб'яднанне Узвышша

"Узвышша"

“Узвышша” — літаратурна-мастацкі часопіс (“часопісь літаратуры, мастацтва і крытыкі”), створаны сябрамі аднайменнай літаратурнай суполкі. Лічыцца адным з самых адметных і значных літаратурна-мастацкіх…

Стыян Холе:

Стыян Холе: "Як шмат агульнага ў тэатра і кніжкі з карцінкамі!"

У невялікай кнігарні я заўважыла дзіўную кнігу з насупленым бялявым хлопчыкам на вокладцы. А раскрыўшы выданне, я яшчэ больш здзівілася бабулям па плечы ў траве ці на скейтбордзе, рэнтгенаўскім здымкам…

742