A R C H E S k a r y n a № 4 (18) – 2001
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42001
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2001.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (3-2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1-2001)
   Мэдыцына

   Скарына
(8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Анатоль Сідарэвіч
 
Да гішпанскага сябра
  Лісты пра мэтад і гонар


Лiст першы

Дарагi Мiгель,

я ўхваляю Тваё жаданьне вывучыць гiсторыю беларускае лiтаратуры i магу толькi разьвесьцi рукамi ў адказ на Тваё пытаньне: а што чытаць? Кнiгi, напiсаныя за камунiстычным часам, для гэтае мэты (вывучэньня гiсторыi) не надаюцца. Першая iх вада — замоўчваньне даробку шмат каго зь пiсьменьнiкаў, замоўчваньне самiх iмёнаў; другая — замоўчваньне твораў тых пiсьменьнiкаў, чые прозьвiшчы было дазволена згадваць безь зьневажальных эпiтэтаў, i нават тых аўтараў, якiм камунiстычны рэжым паставiў помнiкi; трэцяя вада — абавязак гiсторыка ўлiчваць афiцыйныя (выпрацаваныя ў iнстанцыях КПСС) ацэнкi творчасьцi тых цi iншых пiсьменьнiкаў, ацэнкi тых цi iншых твораў, характарыстыкi тых цi iншых iнстытуцыяў (палiтычных партый, рэдакцыяў газэт, выдавецкiх таварыстваў i да т. п.), у якiх пiсьменьнiкi працавалi, рэалiзоўвалi свой творчы i грамадзка-палiтычны патэнцыял. Гiсторык павiнен быў глядзець на ўсё праз прызму “адзiна правiльнае” ленiнска-сталiнскае дактрыны (менавiта ленiнска-сталiнскае, а не марксiсцкае; рацыю мае нобэлеўскi ляўрэат Чэслаў Мiлаш, якi адмыслова зьвяртае ўвагу на адрозьненьнi памiж марксiзмам i ленiнiзмам-сталiнiзмам ды пiша, што, прыкладам, творчасьць такога выдатнага дасьледчыка лiтаратуры й эстэтыка-марксiста, як Дзьёрдзь Лукач, была асуджана партыяй, бо выходзiла за межы, акрэсьленыя “Палiтычным Бюро ў Маскве”1.

Думаю, Табе ня трэба тлумачыць, што такое афiцыйная iдэалёгiя й цэнзура.

Ты пiшаш, што наш сябар Багдан прывёз у Таледа два тамы “Гiсторыi беларускай лiтаратуры ХХ стагоддзя”, напiсанае ў Iнстытуце лiтаратуры Нацыянальнае Акадэмii навук Беларусi. Праўду кажучы, я не чытаў гэтых кнiг, а таму не магу адказаць на Твае пытаньнi. Абяцаю: як толькi прачытаю абодва тамы, напiшу Табе лiст, у якiм пастараюся адказаць на Твае пытаньнi.

Прывiтаньне Тваiм бацькам, сястры, заўзятару “Барсы” Фэдэрыка (спадзяюся, ён ня ўзяўся загрудкi з заўзятарам “Рэалу” Багданам).

Да наступнага лiста.
З прывiтаньнем
Анатоль


філёзаф, лёгік, літаратуразнаўца, ідэоляг адроджанай беларускай сацыял-дэмакратыі. Ягоная апошняя публікацыя ў часопісе — артыкул “Поўны не акадэмічны” (ARCHE Скарына, №6/2000).












1 Мiлаш Ч. Скуты розум. Менск—Вiльня, 2000. С. 210.
   

Лiст другi

Салют, Мiгель!

Собiла ж Багдану прывезьцi Табе тыя два тамы! Ён сам iх не чытаў, бо калi б прачытаў, не павёз бы iх у Кастылiю. Гэтыя кнiгi нельга даваць чалавеку без грунтоўнай гiстарычна-лiтаратурнае падрыхтоўкi, а тым больш iншаземцу, якi не знаёмы з гiсторыяй Беларусi, яе духовае культуры. Твае пытаньнi выдатна сьведчаць пра тое.

Вось Ты пытаешся, што гэта за газэты “Наша Доля” й “Наша Нiва”, часопiсы й альманахi “Загляне сонца i ў наша ваконца”, “Палачанiн” ды “Саха”. А я вымушаны пiсаць Табе, што сказ “Актывiзацыя кнiгадрукавання, з’яўленне першых перыядычных выданняў на беларускай мове, газет “Наша Доля” i “Наша Нiва”, часопiсаў i альманахаў “Загляне сонца i ў наша ваконца”, “Палачанiн”, “Саха” i iнш. — усё гэта садзейнiчала...” на с. 13 у 1-м томе — вынiк недагляду й аўтара, i акадэмiкаў-рэдактараў, i проста рэдактара, бо насамрэч не было такiх часопiсаў i альманахаў, як “Загляне сонца i ў наша ваконца” й “Палачанiн”.

Наагул, Мiгель, у гэтых кнiгах шмат i стылiстычнай нядбайнасьцi, i фактычных памылак2, i звычайных апiсак — таго, што называюць памылкамi друку, або карэктарскiмi памылкамi. Дарэчы, у абодвух тамах не пазначана прозьвiшча карэктара. Значыць, яго не было.

Ты зьвяртаеш увагу на напiсанае акадэмiкам Iванам Навуменкам (т. 1, с. 123): “Спачатку Купала пiша вершы на польскай мове. Але вось трапляюць яму ў рукi беларускiя кнiгi (магчыма, пасля знаёмства з пiсьменнiкам Ядвiгiным Ш. (Антонам Лявiцкiм)), i, як прызнаецца паэт, “усё маё пiсанне “пайшло насмарку””. Купала ўсведамляе, што пiсаць павiнен па-беларуску, што гэта ягонае сапраўднае прызванне”. Зьвяртаючы ўвагу на гэты абзац, Ты пытаешся ў мяне i Багдана: “Людцы, дзе праўда? Вы мне казалi, што Купала стаў беларускiм паэтам пасьля сустрэчы зь беларускiмi сацыялiстамi, але вось ваш акадэмiк пiша...”. Праўда на нашым баку, Мiгель! Яшчэ ў 1991 г. у літаратуры зьявілася сьцьвярджэньне, што Яна Луцэвiча да беларускага руху далучылi браты Iван i Антон Луцкевiчы, Алесь Бурбiс, Сяргей Скандракоў ды Ўладзiмер Самойла3. У 1999 г. гэты тэзыс быў падмацаваны ў артыкуле “Луцкевiчы i Луцэвiч”4, у якiм працытаваны адпаведны дакумэнт, пiсаны рукою Янкi Купалы. Мушу зацемiць: акадэмiк ня ўпэўнены ў тым, што пiша праўду (“магчыма”). Акрамя таго, акадэмiк недакладна цытуе Янку Купалу. Нарэшце, дакумэнт гэты (дакладней, яго фатакопiя) захоўваецца ў Лiтаратурным музэi Янкi Купалы, i пры жаданьнi акадэмiк — аўтар кнiгi пра Купалу! — мог бы прачытаць напiсанае паэтам, а не ствараць гiпотэзу, якая пярэчыць даўно вядомаму факту. Але што зробiш: акадэмiк-купалазнавец не прачытаў як сьлед Купалы.

Не зьдзiўляе тое, пра што Ты пiшаш далей. А Ты пiшаш, што ня можаш з прачытаных тэкстаў зразумець, у якiх умовах разьвiвалася беларуская лiтаратура, якiя былi агульныя i спэцыфiчныя заканамернасьцi яе разьвiцьця, чаму прапанавана менавiта гэткая, а ня iншая пэрыядызацыя. Цябе цiкавiць разьвiцьцё вiдаў эпасу, лiрыкi й драмы, зьяўленьне i разьвiцьцё тых цi iншых жанраў. Я спагадаю Табе, дружа.

Прачытаўшы абодва тамы, я зразумеў, што галоўная праблема, якая стаяла перад кiраўнiкамi (рэдакцыйнай калегiяй) “Гiсторыi беларускай лiтаратуры ХХ стагоддзя”, была праблема мэтадалёгii. Прытрымлiвацца ленiнска-сталiнскае мэтадалёгii нават у Беларусi i нямодна, i непрадукцыйна, а iншае яны, мусiць, баяцца.

Што такое ленiнска-сталiнская мэтадалёгiя, у якiх адносiнах да марксiсцкае яна знаходзiцца?

Вядома, што “Маркс не надаваў першачарговае ўвагi пытаньню мэтаду нi на адным з этапаў эвалюцыi сваiх поглядаў”5. Мала таго, фiлёзаф Маркс “паступова iшоў ад фiлязофii да палiтыкi й затым да эканомiкi як асноўнага абсягу дасьледаваньня”6 i нiколi дакладна не выкладаў сваіх эпiстэмалягiчных прынцыпаў. За Маркса гэтыя прынцыпы дадумвалi й абгрунтоўвалi Фрыдрых Энгельс, Георгi Пляханаў, Уладзiмер Ленiн ды iнш., аднак гэта рабiлася без улiку значнае часткi Марксавых прац (асаблiва раньняга, маладога Маркса, якi займаўся менавiта фiлязофiяй).

I вось тут нас чакае самае цiкавае. Разьвiваючы палiтычную фiлязофiю Маркса, Ленiн прынцып клясавае барацьбы (клясавасьцi й партыйнасьцi) перанёс на фiлязофiю, лiтаратуру ды мастацтва, на ўсё грамадазнаўства. Абсалютызацыя барацьбы клясавых iнтарэсаў, iх незаміральнасьці i ёсьць сутнасьць ленiнiзму-сталiнiзму. Але вядома таксама, што клясавае ў ленiнiзьме-сталiнiзьме насамрэч зводзiцца да партыйнага. Лiдэры бальшавiцкае партыi проста цi ўскосна прызнавалi, што гэтак званая дыктатура пралетарыяту ёсьць дыктатураю партыi. Паводле ленiнскага разуменьня дыялектыкi, iнтарэсы партыi (як “авангарду”, “перадавога атраду пралетарыяту”) абвяшчалiся iнтарэсамi рабочае клясы. Паводле афiцыйнай догмы, усталяваньне “дыктатуры пралетарыяту” азначала не спыненьне клясавае барацьбы, а яе працяг у новых формах i новымi сродкамi7. Тэорыя Iосiфа Сталiна пра абвастрэньне клясавае барацьбы ў меру прасоўваньня грамадзтва да сацыялiзму арганiчна вынiкала з тэорыi й практыкi ленiнiзму. Акурат Ленiн быў iнiцыятарам прыняцьця пастановы пра адзiнства партыi (1921), паводле якое забаранялiся стварэньне фракцыяў i iдэйныя спрэчкi. У 1922 г. Ленiн выслаў за мяжу вялiкую групу фiлёзафаў, сацыёлягаў i эканамiстаў. Калi хворы Ленiн зьлёг, пачалася барацьба з iншадумцамi ў самой партыi, якая прывяла да ўстанаўленьня дыктатуры Сталiна. У iдэйных спрэчках усё ў рэшце рэшт вырашаў argumentum ad baculinum. Адпаведным клясавым (партыйным) iнтарэсам было абвешчана тое, што адпавядала iнтарэсам самога Сталiна й яго атачэньня. Была ўсталяваная жорсткая партыйная цэнзура, якую нельга параўнаць нi з царскаю (да 1917 г.), нi з польскаю (1918—1939). Калi царская й польская цэнзуры сачылi за палiтычным зьместам твораў навукi ды мастацтва8, то бальшавiцкая забараняла навуковыя творы, у якiх не праводзiўся прынцып клясавасьцi й партыйнасьцi, а мастацкiя творы яшчэ й таму, што iх форма не адпавядала ўстаноўленым у партыйных кабiнэтах канонам (гэтак званы прынцып народнасьцi, зразумеласьцi твораў лiтаратуры i мастацтва; адсюль барацьба з фармалiзмам, абстракцыянiзмам у лiтаратуры, музыцы, жывапiсе й г.д., адсюль i савецкi андэграўнд). Гэта была сапраўды татальная цэнзура.

Энгельс (напр., у лiсьце да Карла Каўцкага за 23 лютага 1891 г.) дапусьцiць ня мог, што ў партыi можа быць унутраная цэнзура, Эдуард Бэрнштайн як дзiкунства разглядаў нават думку аб партыйнасьцi навукi, а для бальшавiкоў, для Савецкага Саюзу, для камунiстычных краiн гэта стала нормаю. Нягледзячы на публiкацыю працаў маладога Маркса-фiлёзафа, нягледзячы на сьмерць Сталiна ды хрушчоўскую “адлiгу”, пераглядаць прынцыпы, выпрацаваныя Ленiным i Сталiным, было забаронена. “Навуковым” быў такi падыход да грамадзкiх, мастацкiх зьяваў i працэсаў, якi адпавядаў ленiнска-сталiнскiм клясавым догмам з улiкам пэўных кан’юнктурных паправак, якiя былi санкцыянаваныя Палiтычным Бюро ў Маскве, а таксама iдэалягiчнымi службамi партыi. Калi гэта называць марксiзмам, дык усё ж такi з засьцярогаю: марксiзм у ленiнска-сталiнскай iнтэрпрэтацыi, якi стаiць вельмi далёка ад заходняга марксiзму Лукача, Карла Корша, Тэадора Адорна, Гербэрта Маркузэ, Макса Горкгаймэра, Вальтэра Бэн’ямiна, Луi Альтусэра, Гальвана Дэльля Вольпэ, Жана-Поля Сартра, Анры Лёфэўра ды iнш.9

Калi б аўтары стваралi сапраўды акадэмiчную гiсторыю лiтаратуры, яны мусiлi б кiравацца даўно апрабаваным гегелеўска-марксiсцкiм мэтадам узыходжаньня ад абстрактнага да канкрэтнага10. Гэты мэтад выдатна працуе, калi адкiнуць ленiнска-сталiнскую абсалютызацыю клясавае барацьбы (тое, што сацыяльныя або клясавыя iнтарэсы былi, ёсьць i будуць, што яны знаходзiлiся, знаходзяцца й будуць знаходзiцца ўва ўзаемнай супярэчнасьцi, нiхто не аспрэчвае), а таксама ўласьцiвую бальшавiкам аргумэнтацыю (argumentum ad ignorantiam, argumentum externum, argumentum ad hominem i iнш.). Каб захаваць прынцып гiстарызму, зусiм неабходна адмовiцца ад аксіялягiчнага падыходу да гiсторыi (г. зн. да ацэнкi даўніх падзеяў з пункту гледжаньня сучасных вартасьцяў).

2 Можна даведацца, што ўлетку 1918 г. на абшары памiж Вiльняю й Менскам пралягала лiнiя фронту i церазь яе прабiраўся Францiшак Аляхновiч, што на чале Дзяржаўнага Тэатру БНР стаяў нейкi Ф. Жылуновiч i г.д.





3 Гл.: Сiдарэвiч А. Пра Антона Луцкевiча (замест пасьляслоўя) // Луцкевiч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успамiны аб працы першых беларускiх палiтычных арганiзацый: Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, Беларуская Сацыялiстычная Грамада. Менск, 1991. С.54. (З названых пяцёх асобаў адзiн Самойла быў беспартыйны.)

4 Гл.: Крынiца, 1999, № 4/5 (52).








5 Андерсон П. Размышления о западном марксизме. Масква, 1991. С. 65—66.

6 Тамсама. С. 65.







7 Гл., напр.: Философский энциклопедический словарь. Менск, 1983. С. 165, 259. Зьвярнi ўвагу: слоўнiк выдадзены за два гады да гарбачоўскай перестройки.



8 Само сабою, не дапускалiся нападкi на хрысьцiянства, на пануючую Царкву, забараняўся ваяўнiчы атэiзм.


9 У нашай краiне толькi нядаўна пачалi друкаваць працы заходнiх марксiстаў, у тым лiку па эстэтыцы й мастацтвазнаўстве. Я прыкмецiў наступныя: Горкгаймэр М., Адорна Т. В. Дыялектыка Асьветнiцтва: Элемэнты антысэмiтызму // ARCHE, 2000, №3; Бен’ямiн В. Расейскiя дэбаты па-нямецку // ARCHE, 2000, №1; ягож. Мастацкi твор у эпоху яго тэхнiчнай рэпрадукцыi (другая рэдакцыя) // ARCHE, 2001, №2. Варта адцемiць, што зь левых мастакоў i эстэтыкаў найбольш пашанцавала Ўмбэрта Эка. Заўважаныя наступныя пераклады ягоных твораў: Шэсьць шпацыроў па мастацкiх лясох // Фрагмэнты, 1997, № 1—2; Паэтыка адкрытага твору. // ARCHE, 1999, №1; Пахвала святому Тамашу. Да новага Сярэднявечча. Трызненне Сярэднявеччам // Крынiца, 2001, №5/6. Я не сустракаў у айчыннай лiтаратуры дасьледаваньняў заходняга марксiзму наагул i творчасьцi яго асобных прадстаўнiкоў, калi не лiчыць прадмовы Сяргея Дубаўца да кн.: Сартр Ж.-П. Мур: Апавяданнi. Менск, 1991.

10 Мэтад гэты прыдуманы ня Гэгелем i ня Марксам, але яны былi тымі фiлёзафамі, якiя карысталiся iм асэнсавана.



 
   

На добры лад трэ было б напiсаць агульныя ўводзiны дзеля таго, каб:

1) аргумэнтаваць менавiта такую, а ня iншую пэрыядызацыю гiсторыi нашае лiтаратуры, i

2) вызначыць агульныя заканамернасьцi яе разьвiцьця ў ХХ ст.

Пэрыядызацыя, прапанаваная рэдакцыйнаю калегiяй, у цэлым ня можа выклiкаць пярэчаньняў. Беларуская лiтаратура прайшла ў ХХ ст. тры стадыi ў сваiм разьвiцьцi: 1) дасавецкую, 2) савецкую i 3) постсавецкую. Савецкая стадыя ў разьвiцьцi беларускае лiтаратуры пачалася пасьля падпiсаньня Рыскага трактату памiж Польшчай з аднаго боку, Савецкаю Расiяй i Савецкаю Ўкраiнаю — з другога. Паводле гэтага трактату заходняя частка нашае краiны была перададзеная ў склад Польшчы. Пачалося 18-гадовае адносна мiрнае жыцьцё розных частак Беларусi ў стабiльных межах. Паралельна разьвiвалiся беларуская савецкая11 й заходнебеларуская лiтаратура.

У 1939 г. (пасьля заключэньня пакту Рыбэнтропа—Молатава) Заходняя Беларусь трапiла пад уладу Масквы ў складзе БССР. Можна было б гэтаю датаю адзначыць пачатак новага пэрыяду савецкае стадыi ў разьвiцьцi нашае лiтаратуры, аднак ня менш важным для Беларусi й сьвету вынiкам пакту Рыбэнтропа—Молатава стала нямецка-савецкая вайна 1941—1945 гг. Гэта цалкам асобны пэрыяд у гiсторыi беларускае савецкае лiтаратуры. I ў гiсторыi беларускае несавецкае лiтаратуры таксама.

Натуральна, што наступны пэрыяд гiсторыi беларускае лiтаратуры працягваецца ад заканчэньня нямецка-савецкае вайны да сьмерцi Сталiна, а дакладней да ХХ зьезду КПСС (1956), калi пачынаецца “адлiга”. Гэты пэрыяд доўжыўся да 1966 году. Менавiта тады нэасталiнiсты аднавiлi пасаду генэральнага сакратара партыi, Палiтычнае Бюро, а Абрама Тэрца ды Мiкалая Аржака пасадзiлi на лаву падсудных (хоць пачатак апошняга пэрыяду ў гiсторыi беларускае савецкае лiтаратуры можна датаваць i кастрычнiкам 1964 г. — месяцам прыходу да ўлады Леанiда Брэжнева). Але як будзе праведзена пэрыядызацыя ў трэцiм i чацьвёртым тамох — пабачым.

Ужо ў 20—30-х гг. мы сустракаемся з эмiграцыйнаю беларускаю лiтаратураю, але найбольшы ад’езд лiтаратараў за мяжу (на Захад) зьдзеяўся ў канцы другое сусьветнае вайны. Беларуская савецкая й беларуская эмiграцыйная лiтаратуры разьвiваюцца паралельна цягам усяго пасьляваеннага часу (да перастройкi). Савецкая эпоха заканчваецца тады, калi пачынаюцца адкрытыя, свабодныя кантакты памiж пiсьменьнiкамi на Бацькаўшчыне i на эмiграцыi. Ня будзем забываць таксама, што iснуе беларуская лiтаратура i ў Польшчы. Гэта не эмiграцыйная лiтаратура. Гэта лiтаратура, якую творыць аўтахтоннае беларускае насельнiцтва суседняе краiны. Кантакты зь ёю ў савецкую эпоху хоць i менш, але таксама былi абмежаваныя. Рэдкалегiя “Гiсторыi...” абяцае чытачам прысьвяцiць эмiграцыйнай лiтаратуры асобны разьдзел. Спадзяюся, што ўвагаю ня будзе абыдзена й беларуская лiтаратура ў Польшчы.

Постсавецкая беларуская лiтаратура характарызуецца непадзеленасьцю на лiтаратуру ў Беларусi, у Польшчы i на эмiграцыi. У Саюз беларускiх пiсьменьнiкаў уваходзяць i грамадзяне Беларусi, i грамадзяне Польшчы, Расii, iншых краiн. Пiсьменьнiкi, якiя жывуць за мяжою, нярэдка маюць беларускiя пашпарты. Гэта той стан, якi лiчу нармальным.

Паводле лёгiкi, абгрунтаваўшы пэрыядызацыю гiсторыi лiтаратуры ХХ ст., рэдактары павiнны былi б паказаць агульныя заканамернасьцi яе разьвiцьця. Але яны, што выклiкае Тваё зьдзiўленьне, не зрабiлi гэтага.

Якiя законы разьвiцьця агульныя як для дасавецкае, гэтак i для савецкае стадыi?

Мусiць, на першае месца трэба паставiць закон паскоранага разьвiцьця. Адстаючы, прыкладам, ад расiйскае ды польскае лiтаратуры, беларускае краснае пiсьменства зь сярэдзiны ХIХ ст. даганяла iх i, можна сказаць, пераадолела гэтае адставаньне. Закон паскоранага разьвiцьця лiтаратуры можна, па-мойму, разглядаць як прыватную праяву закону гiстарычнае карэляцыi. Зрэшты, у нас маецца адмысловая праца наконт паскоранасьцi разьвiцьця беларускае лiтаратуры. Яе аўтар — акадэмiк Вiктар Каваленка — адзiн зь сяброў рэдкалегii чатырохтомнiка. Гэта, вядома, не арыгiнальная канцэпцыя В. Каваленкi, але яна добра дапамагае зразумець лiтаратурны працэс у нашай краiне ў ХIХ i ХХ стст.

Другая агульная заканамернасьць лiтаратурнага працэсу ў Беларусi ХХ ст. — гэта адсутнасьць спрыяльных умоваў для разьвiцьця краснага пiсьменства. Нi дасавецкая, нi савецкая, нi заходнебеларуская лiтаратура нiколi цягам ХХ ст. ня мелi перш за ўсё спрыяльных палiтычных умоваў для развiцьця. Гэтую заканамернасьць нельга ня ўлiчваць, калi аналiзуеш тое, што лiтаратуразнаўцы называюць дынамiкаю жанравых структураў12.

Некаторыя нашы гiсторыкi спрабавалi сказаць пра гэтую заканамернасьць ужо ў брэжнеўскi пэрыяд, але адкрыта гаварыць пачалi толькi ў гады перастройкi.

Хоць наша лiтаратура разьвiвалася паскорана, лiтаратурны працэс ХХ ст. характарызуецца дыскрэтнасьцю, перарывiстасьцю, якая наўпрост тлумачыцца ня толькi палiтычным рэжымам, але й “надвор’ем” (“адлiга”, “замарозкi”, “аслабленьне”, “закручваньне гаек” i г. д.). Асаблiва запаволiўся рух лiтаратуры ў пэрыяд культурнага генацыду беларусаў (сталiнскі таталітарызм), а гэта чвэртка стагодзьдзя.

Мне здаецца, што для дасавецкае лiтаратуры найбольш спрыяльныя былi 1906—1914 i 1917—1920 гг., для савецкае — 1921—1929 гг. i пэрыяд хрушчоўскае “адлiгi”. Асэнсаваньню падлягае брэжнеўскi пэрыяд. Што датычыць заходнебеларускае лiтаратуры, дык яна несумненна дала выдатных паэтаў. У Заходняй Беларусi, як i ў царскай Расii, пiсьменьнiкаў не стралялi; калi ў людзей былi грошы й яны не вялi адкрытае антыдзяржаўнае агiтацыi, дык маглi выпускаць газэты й часопiсы, вакол якiх канцэнтравалiся лiтаратурныя сiлы, выдаваць кнiгi (права ўласнасьцi ды гаспадарчае дзейнасьцi паважалася).

Вядома, напiсаўшы агульныя ўводзiны, рэдактары цi iншыя аўтары павiнны пiсаць уводзiны да кожнага разьдзелу або тому, паказваючы, як агульныя заканамернасьцi разьвiцьця лiтаратуры выяўляюцца на паасасобных этапах гiсторыi. У прыватнасьцi, з Тваiх пытаньняў, Мiгель, вынiкае, што такiя адмысловыя ўводзiны патрабуюцца абавязкова.

Яшчэ адно мэтадалягiчнае пытаньне — манаграфiчныя артыкулы, прысьвечаныя паасобным пiсьменьнiкам. Дзе iх друкаваць? Што б там нi казалi, а пiсаць пра ўсю творчасьць Купалы ў 1-м томе, пакуль не паказана разьвiцьцё лiтаратуры 20—30-х гг., пэрыяду другой сусьветнай вайны, — нонсэнс. Што датычыць Якуба Коласа, дык гэты клясык памёр на пачатку “адлiгi”. Значыць, патрабуецца асэнсаваньне яшчэ й паваеннага дзесяцiгодзьдзя, а тым часам Табе, дружа, ужо паднесьлi й ягоны “творчы партрэт”.

Не зьдзiўляйся. Я Табе зараз растлумачу, чаму гэтак здарылася й будзе здарацца. Калi карыстацца мэтадам узыходжаньня ад абстрактнага да канкрэтнага, то ў 1-м томе трэба пакiнуць артыкулы пра тых пiсьменьнiкаў, чый творчы або жыцьцёвы шлях завяршыўся ў дасавецкую эпоху: Ядвiгiна Ш., Цётку, Максiма Багдановiча й Алеся Гаруна. Але ў нас за савецкiм часам выпрацавалася своеасаблiвая “фэўдальная лесьвiца”, на якой кожнаму пiсьменьнiку адведзена сваё месца. Нельга зьмяшчаць разьдзел пра Янку Купалу пазьней, чым пра Алеся Гаруна або Максiма Багдановiча. Такое няпiсанае правiла. Уявiм, што манаграфiчныя артыкулы перанесеныя наагул на канец “Гiсторыi...”. Лепш не ўяўляць, бо, чаго добрага, артыкулы пра народных паэтаў i пiсьменьнiкаў пойдуць раней, чым артыкулы пра клясыкаў, якiх, дзякуй Богу, не зьняважылi гэтым званьнем, — таго ж Максiма Гарэцкага або Кузьму Чорнага.

Мусiць, спатрэбiцца шчэ не адзiн дзясятак гадоў, каб пазбыцца гэтых савецкiх комплексаў, каб усё стала на сваё месца ў адпаведнасьцi з эстэтычнымi крытэрамi.

Адчуваю, што Табе спатрэбiцца час, каб усё гэта асэнсаваць. Таму пiсаньне сваё заканчваю.

Да наступнага лiста!
Анатоль










11 Доктар Станiслаў Станкевiч у свой час прапанаваў тэрмiн “падсавецкая лiтаратура”.


























12 Синькова Л. О свободе движения: Динамика жанровых структур в белорусской прозе ХХ века. Нёман, 2001, №2.
   

Лiст трэцi

Салют, Мiгель!

Я ведаў, што мы з табою аднадумцы, хоць бы таму, што нам падабаецца адно й тое ж вiно.

Пытаешся, што б я напiсаў ува ўводных артыкулах да кожнага тому? (Другое Тваё пытаньне я пакiну “на дэсэрт”. Добра?)

Ува ўводзiнах да 1-га тому я напiсаў бы апалёгiю капiталiзму ў духу Камунiстычнага Манiфэсту. Пачытай, там ёсьць цiкавыя мясьцiны.

Распрыгоненьне сялянства, шпаркае разьвiцьцё капiталiстычных адносiнаў (шпарчэйшае, чым у Расii), будаўнiцтва чыгунак i шашэйных дарог (даволi густая сетка) вядзе да складваньня рэгіянальных i краёвага рынкаў. Цэнтрам краёвага эканамiчнага жыцьця становiцца Менск. Складваецца нацыя (нацыя заўсёды складваецца ў сувязi з разьвiцьцём капiталiзму). Гэта пераважна сялянская нацыя. На пачатку стагодзьдзя ў яе няма iнтэлiгенцыi. Але царскi ўрад падносiць гэтай нацыi падарунак: ведучы палiтыку русiфiкацыi беларусаў, ён у пэрыяд з 1864 па 1909 г. адчыняе ў гэтым краi шэраг мужчынскiх настаўнiцкiх сэмiнарыяў (Маладэчанская, Полацкая, Нясьвiская, Сьвiслацкая, Панявеская, Нова-Вялейская, Рагачоўская)13, настаўнiцкiх iнстытутаў (Вiленскi, Вiцебскi, Магiлёўскi, Менскi). Унукi прыгонных сялян вучацца таксама ўва ўнiвэрсытэтах, iнстытутах i акадэмiях.

У гэтай сялянска-работнiцка-рамесьнiцкай нацыi няма выразьнiка iнтарэсаў, а ў iнтэлiгенцыi, якая вось-вось пачала выходзiць на сьвет, — свайго цэнтру. Iнтэлiгенты пачынаюць шукаць арганiзацыйныя формы. Яны пасьлядоўна ствараюць Беларускую Рэвалюцыйную Партыю, Беларускую Рэвалюцыйную Грамаду, Беларускую Сацыялiстычную Грамаду. Яны ствараюць Круг Беларускае Прасьветы i пачынаюць займацца выдавецкаю i культурна-асьветнiцкаю дзейнасьцяй.

Дзьве падзеi спрыяюць беларускаму руху: дазвол кнiгадрукаваньня ў 1904 г. i рэвалюцыя 1905—1907 гг.

Вось тут, Мiгель, i варта было пiсаць пра тое, пра што пытаўся Ты: заснаваньне выдавецкае суполкi “Загляне сонца i ў наша ваконца”, газэты “Наша Доля”, а потым “Наша Нiва”, выдавецтва “Нашае Нiвы”, выдавецкае суполкi “Наша Хата”, Беларускага Выдавецкага Таварыства, газэты “Biełarus”, альманаху “Маладая Беларусь”, часопiсаў “Лучынка” й “Саха” ды iнш. праектаў.

Перад першай сусьветнай вайной у беларусаў склалiся тры цэнтры нацыянальна-культурнае працы: Вiльня (“Наша Нiва”, Беларускае Выдавецкае Таварыства, Каталiцкая духоўная сэмiнарыя, Беларускi музычна-драматычны гурток), Пецярбург (“Загляне сонца i ў наша ваконца”, унiвэрсытэт, Каталiцкая духоўная акадэмiя), Менск (часопiсы “Саха” й “Лучынка”). У 1914 г. лiдэры беларускага руху разглядалi плян пашырэньня культурнiцкае працы. Яны намерваліся: наладзiць выпуск газэты i ў Менску, заснаваць дзiцячы й жаночы часопiсы, Беларускае Навуковае Таварыства, Беларускi музэй i г. д.14. Вайна ўнесла свае карэктывы ў гэтыя пляны.

Ведама ж, асобнага разгляду патрабуе лiтаратурнае жыцьцё ў той частцы Беларусi, якую акупавала кайзэраўскае войска (восень 1915 — вясна 1918 г.). А там адбывалiся цiкавыя падзеi: адчынялiся беларускiя школы, працавалi беларускiя настаўнiцкая сэмiнарыя й настаўнiцкiя курсы, выходзiла газэта “Гоман”, выдавалiся кнiгi для школаў...

Ты слушна заўважыў, што 1-ы том дзiўна скампанаваны. Сапраўды, напiсаныя манаграфiчныя артыкулы пра клясыкаў i карыфэяў (многiя зь iх жывыя i здаровыя), а потым iдзе разьдзел “Лiтаратура перыяду рэвалюцыi i грамадзянскай вайны” (быццам да гэтага пэрыяду ня мелi дачыненьня нi Купала, нi Колас, нi Луцкевiч, нi Ластоўскi...). Ня менш дзiўна, што пералiк газэт i часопiсаў гэтага пэрыяду робiцца не на пачатку тому або разьдзелу, а ў другiм артыкуле (“Крытыка i лiтаратуразнаўства. 1917—1920”, аўтар д-р Мiхась Мушынскi).

Што тычыцца мяне, дык прапанаваная рэдкалегiяй назва гэтага разьдзелу — “Лiтаратура перыяду рэвалюцыi i грамадзянскай вайны” — выклiкае пярэчаньне.

Хто дакажа мне, што ў Беларусi была грамадзянская вайна? Якая палiтычная сiла ў Беларусi вяла збройную барацьбу за аднаўленьне расiйскае манархii, памешчыцкага землеўладаньня i “единой i неделимой” iмпэрыi? Хто ўзначальваў беларускi контрарэвалюцыйны лягер i яго збройныя сiлы? Дзе (у якой мясцовасьцi) адбывалiся крывавыя сутычкi й бiтвы, праходзiлi франты памiж адной часткаю ўзброеных беларусаў i другою часткаю ўзброеных беларусаў?

Гэтыя пытаньнi, Мiгель, я задаю не Табе. У Расii сапраўды йшла грамадзянская вайна: белыя армii Аляксандра Калчака, Антона Дзянiкiна, Пятра Ўрангеля ды iнш. ваявалi супроць Чырвонае Армii за аднаўленьне манархii й г. д. У Беларусi нiчога падобнага не было. У лютым 1918 г. бальшавiкоў з большае часткi нашае краiны выгнала нямецкая армiя; пасьля зрыненьня манархii ў Нямеччыне (лiстапад 1918 г.) большую частку Беларусi ўзяла Чырвоная Армiя; зь вясны 1919 г. Чырвонай Армii давялося адступаць пад ударамi Войска Польскага да Дняпра; у лiпенi 1920 г. Чырвоная Армiя пайшла на Варшаву, але ў наступным месяцы прымушаная была адступiць да Менску. Могуць нагадаць пра палескi паход генэрала Станiслава Булак-Балаховiча ў канцы 1920 г. Дык жа армiя Балаховiча змагалася ня з армiяй ССРБ (у фармальна незалежнай ССРБ войска не было), а з расiйскай Чырвонай Армiяй. Мала таго, калi прайшлi весткi пра габрэйскiя пагромы ў Пiнску15, урад БНР звольнiў Балаховіча са службы16, а на Нацыянальнай палiтычнай нарадзе ў Празе (1921 г.) ад яго адраклiся ўсе беларускiя сацыялiстычныя партыi17.

Калi на падзеi 1917—1920 гг. зiрнуць не з Крамля i не празь ленiнска-сталiнскую прызму клясавага змаганьня, дык вiдавочнымi становяцца наступныя факты.

13 Жаночыя сэмiнарыi — Аршанская, Барысаўская, Гомельская i Бабруйская — былi адчыненыя ў 1911—1916 гг.











14 Гл.: Луцкевiч А. Плян работы. // Беларускi Гiстарычны Часопiс. 1998, № 2.
















15 Балаховiч нясе ўскосную адказнасьць за гэтыя пагромы: ён не наладзiў належнае службы парадку ў тыле сваёй армii. Дарэчы, у войску гэтага “антысэмiта” ваяваў габрэйскі швадрон капiтана Цэйтлiна.

16 Юрэвiч Л. Свет эмiграцыйнага эпiсталярыю: З матар’ялаў архiваў БНР. ARCHE, 2001, №3. С.63.

17 Архiвы БНР. Т.1, кн. 2. Вiльня—Нью-Ёрк—Менск—Прага, 1998. Сс.1221 — 1222.
   

1) Беларусь у гэты пэрыяд была арэнаю барацьбы геапалiтычных iнтарэсаў iншых дзяржаваў (Расii й Нямеччыны, Расii й Польшчы) i разглядалася гэтымi дзяржавамi як разьменная манэта (Берасьцейскi i Рыскi трактаты 1918 i 1921 гг., мiрная дамова РСФСР зь Лiтвою). Пра гэта, дарэчы, пiша й аўтар першага артыкулу ў разьдзеле Ўладзiмер Казьбярук.

2) Ня маючы войска, Урад БНР не ваяваў з Урадам ССРБ або ССРЛiБ, а ўрады ССРБ i ССРЛiБ, ня маючы свайго войска18, не ваявалi з Урадам БНР.

3) Ролю контрарэвалюцыянэраў (у сацыяльнай галiне, перш за ўсё вяртаньнем зямлi памешчыкам) у Беларусi адыгрывалi нямецкiя й польскiя акупанты.

4) У сацыяльнай палiтыцы памiж беларускiмi сацыялiстамi i камунiстамi не было непераадольных рознагалосьсяў. У пэрыяд нэпу гэтыя адрозьненьнi былi малаiстотныя. Партыя сацыялiстаў-рэвалюцыянэраў дзейнiчала ў БССР да 1924 г.

5) Галоўныя адрозьненьнi памiж сацыялiстамi й камунiстамi палягалі ў галiне нацыянальна-палiтычнай. Беларускiя сацыялiсты й беларускiя камунiсты выступалi за самавызначэньне Беларусi. Iнiцыятарамi абвяшчэньня незалежнасьцi БНР i абвяшчэньня БССР былi беларускiя марксiсты (сацыял-дэмакраты й камунiсты). У барацьбе з польскiмi акупантамi беларускiя сацыялiсты-рэвалюцыянэры й сацыялiсты-фэдэралiсты, якiя ўваходзiлi ўва Ўрад БНР, супрацоўнiчалi з камунiстамi. Аднак сацыялiсты й камунiсты па-рознаму падыходзiлi да пытаньня пра самавызначэньне (патрабаваць неадкладнага вяртаньня ў склад ССРБ беларускiх частак Вiцебскае ды Смаленскае губэрняў, усяе былое Магiлёўскае19 цi не; самастойнасьць без прывязкi да Масквы цi саюз з Масквою; сваё войска (усеагульнае ўзбраеньне народу) цi апора на расiйскую армiю; надаваць беларускай мове статус дзяржаўнае цi не). Пасьля таго, як польскiя (апалячаныя) памешчыкi ўцяклi, не апошнiм было й пытаньне пра палiтычны рэжым: дыктатура пралетарыяту цi Рэспублiка сялян, работнiкаў ды працоўнае iнтэлiгенцыi?

Калi ўважлiва прайсьцiся па пунктах 4 i 5, дык усiм, хто ведае гiсторыю Беларусi, зразумела, што не было нiводнага такога пункту, па якiм беларускiя сацыялiсты й камунiсты не маглi прыйсьцi да згоды. У 1921—1927 гг. у ССРБ праводзiлася палiтыка разьвiцьця крэдытнае, спажывецкае ды збытавое каапэрацыi, стваралiся каапэратывы саматужнiкаў (гэтыя палажэньнi былi цi не галоўныя ў праграмах сацыял-дэмакратаў i эсэраў); праводзiлася землеўпарадкаваньне, стваралiся селішчы й хутары, мэтаю было стварэньне шырокага пласту заможнага працоўнага сялянства (народны камiсар земляробства Зьмiцер Прышчэпаў — былы эсэр); памаленьку праводзiлася беларусiзацыя дзяржаўнага апарату, вайсковых частак, была створана шырокая сетка беларускiх школаў, на беларускай мове выдавалiся амаль усе мясцовыя газэты; у беларускую лiтаратуру й мастацтва прыйшлi сотнi юнакоў i дзяўчат; у 1924—1927 гг. у склад БССР была вернутая значная частка ўсходнебеларускiх земляў...

Паўтараю, Мiгель: не было нiводнага такога пункту, па якiм беларускiя сацыялiсты й камунiсты не маглi прыйсьцi да згоды, але супярэчнасьцi памiж iмi iснавалi з тае прычыны, што беларускiя камунiсты былi несамастойныя: да 1924 г. кампартыя Беларусi ўваходзiла ў склад Расiйскай кампартыi; у 1924 г. РКП(б) стала называцца Ўсесаюзнаю камунiстычнаю партыяй, але сутнасьць ад гэтага не памянялася: жорсткая цэнтралiзацыя ня толькi захоўвалася — рабiлася больш жорсткаю. На чале КП(б)Б увесь час стаялi небеларусы. Успомнi i тое, што я пiсаў на пачатку другога лiста: забарона iншадумства нават у сваёй партыi, ленiнска-сталiнскi культ клясавае барацьбы... Менавiта гэта прывядзе да беларускае трагедыi 30-х гг.

Тэзыс аб грамадзянскай вайне ў Беларусi 1917—1920 гг. перанесены з маскоўскай глебы. Гэта быў пэрыяд змаганьня за беларускую дзяржаўнасьць. Змагалiся, паўтараю, i сацыялiсты, i камунiсты. Ставячы перад сабою розныя нацыянальна-дзяржаўныя мэты, яны вялi памiж сабою вайну... на старонках газэтаў. Сацыялiстычны Ўрад БНР20 не ваяваў з камунiстычным урадам ССРБ хоць бы з тае прычыны, што абодвум не было каго пасылаць у бой21.

Зрэшты, пытаньне пра тое, была грамадзянская вайна ў Беларусi цi не было яе, гiсторыкi лiтаратуры не вырашаюць, але, прыняўшы тэрмiн “грамадзянская вайна”, яны павiнны былi б асьвятляць i лiтаратурны працэс з гэтага гледзiшча. I тут, Мiгель, мы бачым дзiўную карцiну: на баку бальшавiкоў няма (калi не лiчыць Цiшкi Гартнага22) нiводнага прыкметнага лiтаратурнага iменi. Якуб Колас жыве ў Расii, але як пiсьменьнiк маўчыць23. Беларуская мастацкая iнтэлiгенцыя за маскоўскiм бальшавiзмам не пайшла таму, што ён быў цалкам варожы беларускай культуры. Янка Купала, Зьмiтрок Бядуля, Алесь Гарун, Максiм Гарэцкi24, Францiшак Аляхновiч, Уладзiслаў Галубок, Флярыян Ждановiч25, Уладзiмер Тэраўскi — усiх гэтых i шмат iншых дзеячоў мастацтва мы бачым на момант прыходу бальшавiкоў (лiпень 1920 г.) у Менску або ў Вiльнi. Малады беларускi камунiст Мiхась Кудзелька (ён жа Мiхась Чарот) да прыходу бальшавiкоў друкуецца ў выданьнях БНР. А кiраўнiк Беларускай Камунiстычнай Арганiзацыi Ўсевалад Iгнатоўскi выкладае ў Менскiм пэдагагiчным інстытуце, якi знаходзiцца пад эгiдаю Ўраду БНР. Дзеячы БНР ведаюць пра iх партыйнасьць, але “суворых мераў” да iх не ўжываюць. Такiм чынам, грамадзянскае вайны ў беларускай культуры, у беларускай лiтаратуры таксама не было. Гэта аўтар разьдзелу Ў. Казьбярук не адцемiў, але гэта вынiкае з кантэксту.

Натуральна, ува ўступным артыкуле да 1-га тому нельга было не сказаць, што ў пэрыяд 1900—1920 гг. беларуская лiтаратура зрабiла такi скачок у сваiм разьвiцьцi, роўнага якому не было пазьней. Калi гаварыць аб творчых мэтадах, школах i напрамках, мы ўбачым i рэалiзм, i нэарамантызм, i сымбалiзм, i нават мiстыцызм... Нельга было не сказаць пра жанравае ўзбагачэньне, пра засваеньне мастацкiх вартасьцяў iншых нацыяў (пераклады)...

Натуральна, што, адкрываючы другi том, неабходна было пiсаць i пра нэп, i пра беларусiзацыю, i пра каранiзацыю, i пра “ўзбуйненьне” ССРБ, i пра Iнстытут беларускае культуры, i пра Акадэмiю, i пра пастанову ЦК УсеКП(б) аб мастацкай палiтыцы (1925), i пра газэты з часопiсамi, i пра той самы “Маладняк” з “Узвышшам”, пра якiя пытаешся Ты26, i пра iншыя творчыя аб’яднаньнi, i пра тэатральную дыскусiю, i пра выхад трох з унiвэрсытэту, i пра згортваньне нэпу, i пра наступ на “правых” ува ЎсеКП(б), i пра “Саюз Вызваленьня Беларусi”, i пра “Народную Грамаду”, i пра стварэньне Саюзу савецкiх пiсьменьнiкаў, i пра ўсталяваньне “адзiна правiльнага” творчага мэтаду... Вось ад гэтага “абстрактнага” й можна спакойна ўзыходзiць да канкрэтнага.

А паколькi ў 1921—1941 гг. мы маем справу з усё-ткi двума адрознымi пэрыядамi ў разьвiцьцi беларускае савецкае лiтаратуры, дык мо ня трэ было б пiсаць адзiныя артыкулы пра прозу, драматургiю й крытыку 20—30-х гг.?

Пiшучы пра заходнебеларускую лiтаратуру, д-р Арсень Лiс слушна вылучае тры пэрыяды: 1920—1926 гг. (“Сярэдняя Лiтва”, эндэцкая, парлямэнцкая Польшча); 1926—1930 гг. (ад майскага перавароту i разгрому Беларускае Сялянска-Работнiцкае Грамады да расправы з соймавым клюбам “Змаганьне” i ўневажненьня мандатаў паслоў на Сойм ад Беларускае Хрысьцiянскае Дэмакратыi i Беларускага Сялянскага Саюзу); 1930—1939 гг. (пэрыяд “найноўшага” курсу польскае палiтыкi ў дачыненьнi да беларусаў). Я разумею Твае праблемы, Мiгель, i таксама пытаюся: чаму ўва ўводзiнах да тому або ўва ўступе да разьдзелу не патлумачана, што такое “Сярэдняя Лiтва”, БХД, БСРГ, БСС, “Змаганьне”? Падзяляю, дружа, Тваё ўражаньне, што гэтыя тамы пiсаныя для знаўцаў беларускае гiсторыi, але вернемся да артыкулу д-ра Лiса. Гэта, здаецца, адзiны аглядавы артыкул, у якiм пераклад разглядаецца як вiд мастацкае творчасьцi. Хачу таксама зьвярнуць Тваю ўвагу на адну канцэпцыю разьвiцьця беларускае лiтаратуры ў 30-х гг. Канцэпцыя, што праўда, ня новая, але забытая, i д-р Лiс яе аднаўляе. У 1937 г. (у БССР адбываецца чарговы, але самы крывавы пагром лiтаратуры) заходнебеларускi крытык А.Бужанскi (псэўданiм не разгаданы) пiсаў:

“У той час, калi зь беларускай лiтаратуры на Ўсходзе сiлком зрабiлi рыкшу,... лiтаратура на Захадзе пачала таптацца на месцы, узбагачаючы форму й шлiфуючы дэталi. Паўстала паэзiя зачараванага кола, каторую цягнулi песьняры ў ярме старых канонаў.

Потым — зарысаваўся сылюэт Максiма Танка”.

Думаю, я ня надта рызыкую, калi скажу: сваёю творчасьцяй у 30-х гг. ХХ ст. Максiм Танк уратаваў гонар беларускае паэзii, лiтаратуры наогул. Не адно гэты пясьняр (побач працавалi Натальля Арсеньнева, Хведар Iльляшэвiч, iншыя пiсьменьнiкi), але Максiм Танк быў самаю прыкметнаю фiгураю, у ягонай творчасьцi спалучалiся i эстэтызм, i грамадзянскасьць.

Гэта я пiшу i дзеля таго, каб зьвярнуць увагу на рэанiмаваную д-рам Лiсам канцэпцыю, i дзеля таго, каб падзялiць Тваё неўразуменьне з прычыны манаграфiчных артыкулаў у 2-м томе. Сапраўды, калi ў гэтым томе зьмешчаныя артыкулы пра тых, хто перажыў i 30-я, i 70-я гг., дык мiжволi насоўваецца пытанне: а чаму тут няма артыкулу пра самага выдатнага паэта 30-х гг. Максiма Танка й артыкулу пра выдатных паэтак Натальлю Арсеньневу ды Яўгенію Пфляўмбаўм?

Зьвярнi ўвагу яшчэ на адно. Безумоўна, першыя паэты 20-х гадоў — ня лічачы “старых” Купалы і Коласа, — Мiхась Чарот (1919; 1922), Уладзiмер Жылка (1920; 1923), Уладзiмер Дубоўка (1921; 1923), Язэп Пушча (1922; 1925). Лiчбы ў дужках абазначаюць год дэбюту ў беларускiм друку i год выхаду першае кнiгi. Адмысловаю славаю валодаў сатырык Кандрат Крапiва (1922; 1925). Слава першых празаiкаў (зноў жа, ня лічачы “старых” Коласа, Гарэцкага, Бядулі) замацоўваецца пад канец 20-х гадоў за Кузьмою Чорным (1923; 1925) i Мiхасём Зарэцкiм (1922; 1925). Набыў славу й навэлiст Мiхась Лынькоў (1926; 1927). У 1924 і 1927 гг. дэбютавалі i хутка набылі славуАндрэй Мрый ды Лукаш Калюга. Паэт Пятрусь Броўка дэбютаваў у 1926 г., а ягоная першая кнiжка выйшла ў 1930 г. i беларускую паэзiю мала ўзбагацiла. А цяпер зiрнем, як разьмешчаныя манаграфiчныя артыкулы ў 2-м томе: “Кандрат Крапiва”, “Кузьма Чорны”, “Мiхась Лынькоў”, “Пятрусь Броўка”, “Мiхась Чарот”, “Уладзiмiр Дубоўка”, “Мiхась Зарэцкi”, “Язэп Пушча”, (яшчэ шэсьць артыкулаў), “Уладзiмiр Жылка”, “Лукаш Калюга”... Зноў мы маем справу з “фэўдальнаю лесьвiцаю”. Крапiва, Лынькоў i Броўка ў свой час атрымалi ад кампартыi годнасьць народных пiсьменьнiкаў (два першыя) i паэта. Вось у адпаведнасьцi з гэтымi годнасьцямі i занялi яны першыя месцы. Вось i апынуўся Броўка паперадзе сваiх папярэднiкаў.27 Праўда, у рэдактараў стала тактоўнасьцi ўшанаваць талент Кузьмы Чорнага — пiсьменьнiка, якога, паўтаруся, не зьняважылi званьнем “народнага”.

А як на разумны лад, тут трэ было б пакiнуць артыкулы пра Гарэцкага, Чарота, Жылку, Зарэцкага, Платона Галавача, Янку Нёманскага, Андрэя Мрыя, Васiля Каваля, Сымона Баранавых i Лукаша Калюгу — тых, чый жыцьцёвы й творчы шлях спынiўся ў 30-х.28

...На пачатку гэтага лiста я абяцаў пакiнуць Тваё другое пытаньне “на дэсэрт”.

Ты пiшаш, што мэтад узыходжаньня ад абстрактнага да канкрэтнага вядомы кожнаму пачаткоўцу ў навуцы. Згаджаюся, дружа. Ты пытаешся: чаму ж акадэмiкi й дактары навук не кiравалiся гэтым апрабаваным мэтадам? Дзеля адказу на гэтае пытаньне трэба ўважлiва прачытаць уступ (т. 1, с. 6—10). Аўтары гэтага тэксту выдатна ўсьведамляюць усе вады чатырохтомнiку i пiсалi ўступ дзеля таго, каб засьцерагчыся ад крытыкi. (У беларусаў гэта называецца “паслаць саломкi, каб не было балюча падаць”.) Гаворыцца ў тым Уступе i пра “метадалагiчныя складанасцi”. Ёсьць i прызнаньне ў тым, што аўтарскi калектыў гэтае працы “не здолеў пайсцi ў параўнаннi з рускiмi даследчыкамi так далёка ў напрамку “карэннай перапрацоўкi” зробленага раней”, бо, выяўляецца, “нашаму лiтаратуразнаўству не хапае сучаснага фiласофска-тэарэтычнага патэнцыялу” “для больш рашучага перагляду важнейшых праблем развiцця нацыянальнай лiтаратуры”. I наогул, вядучая навуковая ўстанова краiны прапануе: “...хай на сённяшнiм “пераходным этапе” кожная група, кожны калектыў аднадумцаў творча мабiлiзуюцца i напiшуць сваю гiсторыю лiтаратуры”. А мы, хочацца дадаць ад iмя аўтараў Уступу, умываем рукi.

Каб апраўдаць слабасьць свае працы, аўтары ўступу спрабуюць гаварыць за ўсё беларускае лiтаратуразнаўства: маўляў, яму не стае фiлязофска-тэарэтычнага патэнцыялу. З гэтым, Мiгель, я не згаджуся. Рэдакцыйнай калегii гэтага чатырохтомнiку, большасьць у якой складаюць вэтэраны беларускага савецкага лiтаратуразнаўства, бракуе iншага — навуковае i грамадзянскае мужнасьцi. Яны выдатна ўсьведамляюць, што ўва ўладзе ў Беларусi знаходзяцца нэабальшавiкi, што гэтая ўлада вачыма петрыкавых, залескiх ды iнш. пiльна сочыць за ўсiм, што друкуецца на гiстарычныя тэмы; рэдактары, бачачы, якiя жарсьцi распалiлiся вакол Iнстытуту гiсторыi Нацыянальнае Акадэмii навук29, вырашылi засьцерагчыся. А дзеля гэтага пазьбягаюць выразнае канцэпцыi, эстэтычных крытэраў i вяртаюцца да старых савецкiх argumentum externum ды argumentum ad hominem.

I ўсё ж ня гэта я пакiдаў Табе “на дэсэрт”. Вучоныя лiтаратуразнаўцы, усьведамляючы ўсе вады свае працы, спачатку вырашылi былi даць чатырохтомнiку назоў “Нарысы гiсторыi беларускай лiтаратуры ХХ стагоддзя”. Згадзiся, што слова “нарысы” ратавала б iхнюю працу ад крытыкi: нарысы — гэта нешта незакончанае, незавершанае, накiды. Аднак кiраўнiкi Iнстытуту лiтаратуры, мусiць, вырашылi, што слова “нарысы” гучыць несалiдна. Не папярэджваючы аўтарскi калектыў, яны ў апошнi момант вырашылi адмовiцца ад гэтага слова i падставiлi яго пад удар.

Ты не ўбiвайся, браце. Прыедзе Багдан у Таледа, дык Ты яго прымусь лекцыi чытаць. Няхай ведае, як нечытаныя кнiжкi ў замежжа вазiць.

Прывiтаньне ўсiм маiм знаёмцам у Таледа.

Анатоль.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by






18 13 сакавiка 1919 г. Заходняя расiйская бальшавiцкая армiя была перайменаваная ў Беларуска-Лiтоўскую армiю. Але хто дасьць веры, што ў ССР Лiтвы i Беларусi была свая, самастойная армiя i што сама ССРЛiБ была незалежнаю дзяржаваю? Ужо 17 чэрвеня 1919 г. Беларуска-Лiтоўская армiя стала 16-ю расiйскаю армiяй.






19 У красавiку 1919 г. урад РСФСР Магiлёўскую губэрню скасаваў. Дзевяць яе паветаў трапiлi ў склад Гомельскае губэрнi, адзiн (Мсьцiслаўскi) у склад Смаленскае i адзiн (Сеньненскi) — у склад Вiцебскае губэрнi. Тады ж у склад Гомельскае губернi трапiў таксама Рэчыцкi павет (раней уваходзiў у Менскую губэрню).











20 Правыя ўва Ўрадзе БНР адыгралi эпiзадычную i неiстотную ролю.

21 Ты чуў пра Слуцкае паўстанне 1920 г. Паўстанцы змагалiся супраць бальшавiкоў пад сьцягам БНР. Але, зноў-такi, ваявалi яны ня з войскам “незалежнае” ССРБ, а з часткамi расiйскай Чырвонай Армii.

22 “Айцец” БССР, старшыня яе першага ўраду Цiшка Гартны, пасьля таго як яго вызвалiлi ад пасады, трапiў на кароткi час у бальшавiцкую ж турму. Каб уратаваць жыцьцё, яму давялося зьнiкнуць зь “вялiкай палiтыкi” i, па сутнасьцi, хавацца ад былых паплечнiкаў ва Ўкраiне. I слушна зрабiў. Яшчэ аднаго з “айцоў” БССР — пiсьменьнiка, публiцыста Фабiяна Шантыра — на пачатку 1920 г. бальшавiкi расстралялi.

23 Маўчыць, але пiша “Новую зямлю” ды “Сымона-музыку”, складваюцца ў яго й “Казкi жыцьця”...

24 Гэты клясык, што праўда, пэўны час супрацоўнiчаў з бальшавiкамi. Па “сьвежых сьлядох” ён напiсаў аповесьць “Дзьве душы”, у якой паказаў норавы новых “гаспадароў жыцьця”.

25 Ул.Казьбярук чамусьцi не адцемiў, што ў 1918 г. у Менску працавалi дзьве беларускiя тэатральныя трупы (Флярыяна Ждановiча ды Францiшка Аляхновiча), што трупа Ждановiча атрымала статус Дзяржаўнага Тэатру БНР.

26 Iнфармацыю пра гэтыя ды iнш. аб’яднаньнi можна знайсьцi ў разьдзеле “Крытыка i лiтаратуразнаўства” (д-р М. Мушынскi), але чаму гэтая iнфармацыя (далёка ня поўная, якая ўтрымлiвае нерасшыфраваныя тэрмiны кшталту пралеткульту ды аквiтызму) падаецца пасьля разьдзелаў пра паэзiю, прозу й драматургiю, у якiх ня раз згадваюцца i “Маладняк”, i “Ўзвышша”, i нават Авэрбах у параўнаньнi з Бэндэ (але чамусьцi без “прывязкi” да РАППу, пабратымца “нашага” БелАППу)? Мiж тым перанос iнфармацыi пра творчыя аб’яднаньнi ўва “ўводзiны” да тому, выклад праграмаў, слоганаў ды манiфэстаў гэтых аб’яднаньняў даваў бы магчымасьць лепш разумець клiмат, у якiм жылi й працавалi пiсьменьнiкi, погляды, якiх яны прытрымлiвалiся.























27 Разьбiраючы “Прамову фактамi” i зборнiк “Цэхавыя буднi” (1931), М. Арочка справядлiва пiша, што Броўкавы творы засьведчылi зарыентаванасьць аўтара на агiтку, на тэорыi антыпсыхалягiзму ды антылiрызму. Ня лiчыць д-р Арочка творчым дасягненьнем i Броўкаву паэму “Кацярына”. У цэлым аб’ектыўна ацэньвае творчасьць Броўкi i аўтар артыкулу пра яго д-р Мiкола Мiшчанчук. Але нельга ня выказаць нязгоды з наступным цьверджаньнем: “П. Броўка, як i А. Куляшоў, М. Танк, Н. Арсеннева, Хв. Iлляшэвiч, П. Глебка, В. Казлоўскi i iншыя аўтары, шукаў новыя формы лiрызму”. Фраза надта агульная. Усё-ткi ў гэты творцаў былi розныя зыходныя пункты. Апрача таго, Броўка (прынамсi Броўка 30-х гг.) анiяк ня ўпiсваецца ў адзiн творчы шэраг з Натальляй Арсеньневай, Танкам ды Хедарам Iльляшэвiчам хоць бы таму, што гэтыя паэты ад самага пачатку сваёй творчасьцi не былi анi антылiрычныя, анi антыпсыхалягiчныя.

28 У гэты час у ССРБ палiтычная сыстэма не дае раскрыцца мноству талентаў. Многiя зьнiшчаныя фiзычна. Ды ўсё ж быў сярод паэтаў той, каго сярод iншых заўважыў i вылучыў Якуб Колас. Гэта — Аркадзь Куляшоў. У 30-х гг. ён шмат экспэрымэнтуе ў галiне формы. I слушна робiць аўтар артыкулу “Паэзiя 30-х гадоў” д-р Мiкола Арочка, калi ставiць упобачкi талент Танка i талент Куляшова. Муза Куляшова, насуперак вядомай прыказцы, на ўвесь голас прамовiла толькi ў вайну. Другi раз яна загаворыць у гады “адлiгi”. А Максiма Танка, калi Заходняя Беларусь была далучаная да СССР, Якуб Колас таксама заўважыў i вылучыў.


29 Гл.: Сагановiч Г. Вайна з беларускай гiсторыяй // АRCHE, 2001, №3.
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (18) – 2001

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Апошняе абнаўленьне: 06-10-2001