A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (21) – 2002 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Сяргей Балахонаў
|
Сапраўды постмадэрнісцкія творы, безумоўна, у Беларусі ёсьць. Для іх аўтараў постмадэрнізм зусім не маскіровачная сетка, а сапраўды апошняя тэрыторыя, паводле трапнага выслоўя ўкраінскага пісьменьніка Юр’я Андруховіча. Паміж беларускіх мадэрністаў паўстаюць (у альфабэтным парадку): Валянцін Акудовіч з сваімі пэсымістычнымі літаратурна-філязофскімі эсэ кшталту “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”; Ігар Бабкоў з кангеніяльнымі прадмовамі да нумароў часопісу “Фрагмэнты” (найперш 1996—1997 гг.), з інтэлектуальным раманам-сном “Адам Клакоцкі і ягоныя цені”; Валер Булгакаў з зайдросным комплексам размаітых тэкстаў (цыкл вершаў “Сумесна. Суцэльна. Супольна”, эсэ “Слоўнік паняцьцяў”, аповесьць “Правільны выбар”, дасьледзіны “Мой Багушэвіч: дыялектыка клясычнага тэксту”, “Геній Лукашэнкі” ды інш.); Міхась Баярын найперш са зборнікам антыкоідных вершаў “Шалёны вертаградар”, куды ўвайшла адметна вартая ўвагі паэма “Лісты да беларускага сябра”; Андрэй Дынько з поўным алюзіяў на дзесьці чытанае “Аповедам №3” і дэканструкцыйнымі прагледзінамі беларускай савецкай літаратурнай спадчыны “Заўвагі пра самаатаесамленьне і раздвоенасьць”; Віктар Жыбуль з вытанчана сэнсацыйнымі паліндромнымі тэкстамі; Юрась Пацюпа з настальгіяй па XVIIІ ст. у відчайдушно іскрометних “Юрлівых санэтах”; Прафэсар Каркаран (раптам быў і раптам зьнік, не раскрыўшы чытачам свайго incognito) зь містэрыямі-забаўлянкамі “Кіно і немцы” ды “Нецьвярозы настрой”; Андрэй Хадановіч, які кожным сваім вершам ці артыкулам сьведчыць пра жыцьцё беларускае літаратуры (нагадаю хоць бы “З чаго пачынаецца Жодзіна?”, “Песню белорусских партизан”, “Калыханку для маладога літаратара”); Ян Какупала зь неадназначнымі містыфікацыямі ў “Сазе пра Кліменкаў” і “Сазе пра “Пагоню”. Гэты пералік далёка ня поўны. Названыя імёны прыведзены тут, як той казаў, наўскідак, безь вялікіх прыпамінаў. Гэтыя творы — тое, што ўрэзалася ў памяць. У “Пастках на хайвэі постмадэрнізму” ніхто зь іх ані паўсловам ня ўзгадваецца. Затое ёсьць наруглівыя намінкі на іншых аўтараў, якія да постмадэрнізму маюць хоць і блізкае, але ўсё ж апасродкаванае дачыненьне. Імёнаў зноў жа няма. Размова ідзе пра “бізнэсмэна-літаратара” і пра “дужа рэвалюцыйнага шмат у якіх пытаньнях паэта”, якія нібыта зьдзекуюцца ў сваіх “творах малога жанру, але вялікіх амбіцыяў” з сучасьнікаў і калегаў па пяры. Гаворыцца пра “барда-журналіста”, які нібыта ня мае здольнасьцяў “пераканаць нас”, што сапраўды ён там і там шэдэўраў не пабачыў. З чаго такая безыменнасьць-безназоўнасьць? Павесіць на фанэрчыне фатаграфію апанэнта і пуляць у яе з рагаткі вельмі проста. А вось выказваць свае заўвагі проста ў твар свайму апанэнту, аказваецца, цяжка. Далей сп. Жукоўскі разважае аб прыстойнасьці. Але ж ці можа тут быць пра гэта гаворка? Ці прыстойна казаць, што паколькі А і В сядзелі на трубе, то С і D з суседняга даху, як і ўся дахоўка, — лухта, ня вартая чытацкае ўвагі? Такое называецца зьмешваньнем паняткаў. |
Крытыкуючы постмадэрнізм, сп. Жукоўскі не называе ніводнага імені. Калі ж ён узяўся пахваліць канкрэтнага постмадэрніста А.Хадановіча (гл. артыкул “Чырвоныя з зялёным і чырвоныя з белым” у ARCHE-Скарына, №6(20) за 2001 г.) за “падкрэслена інтэлектуальную паэзію”, то ніводным слоўцам не абмовіўся, што гэтым разам таксама маем справу зь беларускім постмадэрнізмам. Вось жа й можна прыраўноўваць случчакоў-БНРаўцаў зь “Нічыіх” А. Федарэнкі да карнавальных калябарантаў зь “Сьмерці лютністы” С. Балахонава, абсалютна не папярэджваючы чытача пра тое, што творы гэтыя адносяцца да прынцыпова розных традыцыяў. Пасьля ўсяго з экстравагантнасьцю БТРа ў інтэр’еры Пулаўскага палацу цьвердзіць: “Трэба перастаць хавацца за постмадэрнізм і звярнуцца да вырашэння даўно наспелых праблем. Неабходна пагадзіцца з тым, што на highway постмадэрнізму нельга трапіць, абмінуўшы тракт Багушэвіча. Не трэба нічога адрынаць”. Гуляеце на публіку, спадару Жукоўскі. Ці ж будзе сапраўдны постмадэрнізм адрынаць таго ж самага Багушэвіча, абмінаць “кепскабудзе”ўскі багушэвіцкі тракт? Адказ на гэтае пытаньне вядомы: спадчына клясыка не застанецца па-за постмадэрнісцкім кантэкстам, залучаючыся ў віртуальную рэчаіснасьць спавязаных міжсобку мінуўшчыны, цяпершчыны й будучыні. Спрэчка, вядома, тут магчымая. Але ж ня варта забывацца, што акурат Ф. Багушэвічу прысьвечана памянёнае вышэй постмадэрнісцкае дасьледаваньне В. Булгакава. А ў нашым любым Гомелі людцы добрыя, дзеткі Зямлі-маткі маёй нават рок-кампазыцыю на адзін зь вершаў Францішка Багушэвіча напісалі! Натуральна, нікому не забаронена раздражняцца на амаль дадаісцкі “Тазік беларускі”, але прычым тут постмадэрнізм? А такая акалічнасьць, што тыя альбо іншыя творы нельга адшукаць у Горадні (ды хоць бы дзе!), — не апраўданьне і не выбачэньне. У сп. Жукоўскага часам “пры чытаньні ці слуханьні чарговага опусу зьяўляецца адчуваньне, што зь цябе зьдзекуюцца, робяць зь цябе дурня”. Што ж, і ў 1894 годзе шаноўны Шымон Рэўка з-пад Барысава наракаў на “якогась пана Марцінкевіча” і ягоныя “ксёнжкі”, каторыя “як бы сьмеючыся з нашага брата пісаны”. Вось жа й выходзіць: “Ня дай сабе засохнуць! Пачуйся Багушэвічам!” Як на мой розум, галоўныя праблемы беларускага постмадэрнізму зьвязаныя не з “пагоняю за модай” ці “пошукам лёгкіх дарог”. Як матка Аляксандра Македонскага ў старасьвецкай “Александрыі”, беларускі постмадэрнізм ніяк ня можа разрадзіцца буйным творам. У нас на сёньня няма ніводнага постмадэрнісцкага раману (“Адам Клакоцкі і ягоныя цені” І. Бабкова хоць і ўсьцешны, але малапаказальны вынятак). Да таго ж, амаль усе беларускія постмадэрнісцкія творы разьлічаны на абазнанага чытача: нашы літаратары не займаюцца прыемным фліртам з масавым чытачом, як, прыкладам, У. Эка ці В. Пялевін. Што праўда, некаторыя схільныя бачыць элемэнты постмадэрнізму ўжо ў творах У. Караткевіча, перш за ўсё ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Аднак гэта належным чынам не даказана. (Вось, дарэчы, яшчэ адна праблема беларускага постмадэрнізму — нявысьветленасьць каранёў ва ўласна беларускай літаратуры.) Акрамя нястачы раманаў, адчуваецца востры недахват перакладных постмадэрнісцкіх твораў (за выняткам “Шэршняў” П. Гандке ў ператлумачэньні Яўгена Бяласіна, Дж. Фаўлза ў перакладзе В. Судлянковай, “Парфумы” П. Зюскінда ў бліскучым перакладзе В. Сёмухі ды яшчэ вельмі кароткага сьпісу). Да гэтага часу ў беларускую не перакладзены ніводзін раман Умбэрта Эка, хаця ад першага італьянскага выданьня “Імя ружы” прамінула ўжо 20 гадоў. Ці мо будзем чакаць, як беларускага перакладу Джойсавага “Ўлісу” (няпоўнага, між іншым)? Яшчэ сп. Жукоўскі ўпэўнены, што “нашы экстрэмісты (sic!) перакананыя ў немагчымасьці ўласнае перамогі”, і нават акрэсьлівае “гэтую хваробу” як Сындром Непераможнага Ворага (СНВ). Ня знаю, якім бокам гэта датычыць беларускага постмадэрнізму. Хто такія экстрэмісты? І хто — вораг? Ці сп. Жукоўскі пад ворагам разумее ўсё таго ж Аляксандра Лукашэнку? Аднак і такое тлумачэньне ягоных словаў не праясьняе сытуацыі. Можа быць, вы ведаеце, што перамога бывае рознаю. Прыпусьцім, што мелася на ўвазе заваёва “экстрэмістамі” гербавых скрынак з адсоткамі лукашэнкаўскага рэйтынгу. Дык, мабыць, шаноўны аўтар, відочна ўратаваны ад СНВ, прапануе небаракам канкрэтны ход, як тае перамогі дасягнуць? Вы будзеце сьмяяцца, але народ — хворы (прынамсі, ладная яго частка). Хворы, як, прыкладам, немцы за часамі Гітлера. Таму яна — гэтая частка — не ўспрымае аніякай праўды, акрамя жаданай. І яе дае Лукашэнка. Наша праўда ня горшая, а папросту незапатрабаваная. Адсюль — заданьне, пакліканьне ствараць глебу для таго, каб людзі сталі атаясамліваць свае жаданьні з нашай праўдай. Неабходнасьць публічнай дыскусіі “на вачах досыць шырокай зацікаўленай аўдыторыі” не падлягае ніякаму сумневу. У дыскусіі варта ўступаць ды распальваць іх самому. Чым больш будзе палемік унутры нацыянальнае беларускае грамады, тым болей шанцаў, што яны здабудуць водгук і ў крэольскай грамадзе. На парадку дня — патрэба заваёвы тэлебачаньня. Хто герой?
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (21) – 2002 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |