A R C H E П а ч а т а к № 3 (23) – 2002
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


32002
» да Зьместу «

 


Андрэй Хадановіч
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


крытыка

ДАНІЛА ЖУКОЎСКІ
Вокладка ARCHE 3-2002.

   Мінулыя нумары:

   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6’2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4’2001)
   Скарына
(3’2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1’2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8’2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6’2000)
   Глёбус
   Скарына
(4’2000)
   Габрэі
   Скарына
(2’2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Даніла Жукоўскі
 
 
Погляд сьпераду і погляд ззаду

 Леанiд Маракоў. Непамяркоўныя. Т. 1, 2, 3.
— Менск: Athaeneum, 2001.

Вiнцэсь Мудроў. “Iду на таран”, “Калодзеж”,
“Дарога ў 20 крокаў”.
http://www.knihi.com



Адціснутая біялогіяй з пазіцыі навукі нумар адзін, фізіка апошнім часам збліжаецца з філасофіяй. Адклаўшы ўбок інтэгральныя раўнанні, “яйкагаловыя” заняліся агульнымі пытаннямі развіцця і эвалюцыі, вылучыўшы, між іншым, азначэнне панятку падзеі, аднолькава прыдатнае да выкарыстання што ў дакладных навуках, што ў гуманістыцы.

Падзея выклiкае змену кiрунку эвалюцыйнага развiцця сiстэмы. У прамежку ад падзеі да падзеі кожны стан зададзены пачатковымі ўмовамі і пралічваецца з поўнай дакладнасцю. Калі ж настае момант падзеі, вынiк загадзя невядомы, прадказаць яго з папярэдняга развiцця са стопрацэнтнай дакладнасцю немагчыма. Гэтак у фізіцы 1. У чалавечым жыцці і ў мастацкай літаратуры з падзеяй спалучаюцца пытанні ўдзелу, адказнасцi i салiдарнасцi, уяўленні пра паходжанне сiлаў, якія кіруюць жыццём, пра межы ўдзелу і шырыню кола адказных.

Iсландскiя сагi апавядаюць пра ўсе найважнейшыя падзеі ў жыццi пэўнай супольнасцi на працягу нейкага часу. Сёння поле ўвагi пiсьменнiкаў нашмат шырэйшае, але паваротныя пункты развiцця нязменна выклікаюць цікавасць. Адвечная праблема свабоды выбару вымушае аўтараў вызначыцца: ці дапускаць увогуле — і калі дапускаць, то ў якім выглядзе — гэтыя дыскусійныя матэрыі ў тэкст.

У цэнтры дыялектычнасці — асоба героя. Вырашаючы пытанне ўдзелу героя ў лёсавызначальных падзеях адмоўна, частка пісьменнікаў проста не ўмешваецца ў ягонае жыццё. На ўзроўні існавання індывіда падзеі адмаўляюцца ў прынцыпе: асоба не можа браць у іх чынны ўдзел.

Гаворка не пра замкнёнасць у штодзённым побыце, а пра стаўленне да ініцыятывы героя, ягонай здольнасці рабіць свой выбар. У апавяданнi У. Някляева “Хайбах” выключна жудасныя здарэннi не мяняюць напрамку развiцця падзей, якія ідуць, нібы наканаванасць. Герой выглядае нявольнікам лёсу — ён удзельнік чужых войнаў, няздольны (нават дзеля таго, каб выратаваць жыццё) вырвацца ў мірны свет, які мог бы стацца ягоным светам.

Такі фаталiзм паўстае з нясталасці героя, няздольнасці адрозніваць добрае ад благога, істотнае ад дробязнага. Таму й ідзе ён у апошні бой у Чачэніі, не палічыўшыся з папярэджаннем, атрыманым раней ад былога баявога таварыша, а цяпер — праціўніка. Таму й спатыкае страшэнны здзек і калецтва ды гіне потым на радзіме ад рук наймітаў-бандытаў, нікчэмны, пазбаўлены ўсяго, што людзі лічаць каштоўным. Няма ў ягонай біяграфіі ніводнага моманту, калі б ён нешта важкае вызначыў сам.

(нар. 1969) — публіцыст, крытык літаратуры. Выпускнік Ленінградзкага тэхналягічнага інстытуту імя Ленсавету. Сталы аўтар “ARCHE”. Апошняя публікацыя ў часопісе — артыкул “Літаратура для добраахвотнага чытаньня” (№2 за 2002 г.).







1 "Паводле азначэння падзеі не могуць выводзіцца з дэтэрміністычнага закону... Падзея, як бы мы гэта ні разумелі, азначае, што тое, што адбылося, не абавязкова павінна было адбыцца". Пригожин И., Стенгерс И. Время, хаос, квант. Пер. с англ. Москва: Издательская группа "Прогресс", 1994.
   

Удзел у фармаванні ўласнага лёсу ў такім ракурсе выглядае немагчымым, адказнасць са сферы ўчынкаў перамяшчаецца ў сферу асабiстых маральных перакананняў. Выбар захоўваецца адно ў форме самаацэнкі і не адбіваецца на паводзінах. Спачуваць такому чалавеку яшчэ можна, хаця б на грунце агульначалавечай еднасці, але салідарнасць з ім наўрад ці магчымая.

Больш вытанчаны спосаб ставіць пад сумнеў свабоду асобы перад сілай лёсу — тактыка расчаравання. Героя праводзяць праз выпрабаванні, змушаюць напружвацца, рабiць выбар, цярпець паразу, каб потым давесцi, што ўсе высiлкi былi марнымi, бо вышэйшая сiла загадзя накрэслiла ягоны жыццёвы шлях. Свабода выбару выглядае як прыгожая, але памылковая канцэпцыя, кшталту флагістону ці вечнага рухавіка. Гэтак, на жаль, часта выглядаюць героі беларускіх гістарычных твораў — у нашай гісторыі лёгка адшукаць змрочныя прыклады.

Сярод тых, для каго чалавек як крыніца падзеі — рэч магчымая i вартая разгляду, можна выдзеліць два тыпы. Адны перакананыя, што чалавек здольны ствараць падзеi аднаасобна i адпаведна здольны ў найвялiкшай ступенi кiраваць сваiм лёсам, iншыя разглядаюць падзею выключна як феномен калектыву, улады, сiстэмы.

Леанiд Маракоў прыхільнік першага падыходу. Вінцэсь Мудроў — другога. Аб’ядноўвае іх наяўнасць у творах персанажа, якога ўмоўна можна назваць Прадстаўніком улады. Гэта агент, або сімвал, вялікае моцы, якая выпрабоўвае волю і здольнасць герояў кіраваць сваім лёсам. Ён можа быць даішнікам, вайскоўцам, працаўніком выканкаму, а можа і бандытам-рэкецірам, ці мытнікам-вымагальнікам (“Інтуіцыя”), ці ўвогуле статуяй Айца ўсіх народаў (“Дарога ў 20 крокаў”). Істотна тое, што ён увасабляе моц Сістэмы, якая імкнецца падначальваць асобныя чалавечыя існаванні. Гэта супольнае, далей — розніца.

Падзеi ўздзейнічаюць на герояў апавяданняў Маракова жорсткімі адраснымі выпрабаваннямі, і тыя таксама адказваюць дзеяннямі. Абставіны не дазваляюць героям адрэфлексаваць кожнае здарэнне пад шоргат восеньскага лiсця. Яны раскрываюцца перад намi ва ўчынках, з якіх мы даведваемся і пра іхнія ідэалы, і пра разуменне навакольнага свету.

У творчасці Маракова вылучаюцца тры галоўныя тэмы: сталiнскiя рэпрэсii; савецкае грамадства пасля Сталіна, сужыццё ў ім пацярпелых i катаў; постсавецкі “перыяд пачатковага назапашвання капіталу”. Усе апавяданні аб’ядноўвае тэма супрацьстаяння асобы і ўлады (адсюль і назва “Непамяркоўныя”). Улада гэтая — не безаблічная моц, а людзі, якія свядома выконваюць сваю ролю.

 
   

Героі імкнуцца займець жаданае месца ў грамадстве, а грамадства актыўна адмаўляе ім у праве на гэта. Сiтуацыя аднолькавая, сродкi ўціску розныя: сталiнская машына рэпрэсiяў, брэжнеўскiя “органы бяспекi” цi крымiналiтэт часоў перабудовы. Амбiцыi герояў не надзвычайныя. Гэта людзi, чые жыццёвыя арыенціры вызначае не манiя велiчы або ўладалюбства, а iмкненне жыць годна, незалежна ад чыiхсьцi капрызаў — у светапоглядна-iнтэлектуальным, эмацыйным, фiнансавым плане.

Маладыя пiсьменнiкi даваеннай Беларусi, ахвяры рэпрэсiй ці прадпрымальнiкi апошняга дзесяцiгоддзя аднолькава iмкнуцца рэалiзаваць свае мары, не ставячы за мэту кінуць выклік грамадству ці ўладзе. Іхні лёс лiшнi раз даводзiць: прынцыпы павагi да асобы ў гэтай краiне пераважна заставаліся толькі лозунгамі. Вызначаючы асабістую годнасць у якасці каштоўнасці, чалавек аўтаматычна абірае сабе лёс змагара. Заслуга Маракова ў тым, што ён даводзiць: такое змаганне, калi яно вядзецца асэнсавана, дае чалавеку шмат. Нават калі яно канчаецца трагічна.

Праграмным можна лічыць невялікае апавяданне “Канікулы”. Ягоныя героі — маладыя беларускія пісьменнікі, якія адчуваюць навіслую над імі лапу НКВД. Выпадак перашкодзіў галоўнаму герою выкарыстаць падчас арышту спецыяльна набыты на такі выпадак пісталет, але выпадак не зламаў маладых людзей, якія не здрадзілі сваім таварышам.

У апавяданні “Настальгiя” галоўны герой, эмігрант, пад чужым прозвішчам едзе ў СССР і сустракае там смерць на роднай зямлі. Але паездка ў значнай ступені сталася здзяйсненнем ягоных найглыбейшых мараў: ён пабачыў маці, Радзіму, перахітрыў на мяжы і ў Маскве гэбістаў і нават пабачыў у больніцы свайго былога ката, сімвалічна адпомсціўшы яму. У “Яблыні” былы вязень ГУЛАГу забівае даносчыка і гіне сам — але з пачуццём выкананага абавязку, лёгкай душой і радасцю ў сэрцы.

Героi не проста трапляюць пад каток гiсторыi, але выбiраюць, як дзейнiчаць, творачы свой уласны лёс. Гэта асабліва выявілася ў апавяданнях “бізнесовага” цыклу. У лагерным цыкле выбар — часам выбар безнадзейна вузкi, як у тых жа “Канікулах”, — застаецца матываваным выбарам самога героя, пазначаючы гэтым зігзаг лёсу, стварэнне падзеі:

Не ведаў Андрэй Александровіч, што сам ён выжыў толькі таму, што Тодар Кляшторны… Валеры Маракоў… і іхні сябра Васіль Каваль за год катаванняў у “амерыканцы” так і не “ўспомнілі” яго прозвішча.

Акт выбару робяць i чытачы Маракова. Iм прапануецца вызначыцца, цi iстотныя для iх катэгорыi гонару, годнасцi, незалежнасцi, свабоды. Гэта наймацней адчуваецца ў апавяданнях пра часы сталіншчыны: кожнае з іх мае нейкую прывязку да сучаснасцi. Сталiнскiя злачынствы не адышлі ў нябыт, сцвярджае аўтар. Яны засталiся з намi і ўплываюць на грамадства дагэтуль. Падзея, якая закрэслiла б вызначаны iмi шлях эвалюцыi грамадства, яшчэ наперадзе.

 
   

Цэнтральнае месца займае апавяданне “1975-ы”. Галоўнаму герою, у якім пазнаюцца рысы аўтара, даводзіцца за кароткі час пабачыць розныя бакі савецкае рэчаіснасці, такія, з якімі чалавек мог і за ўсё жыццё не сутыкнуцца. “Прафілактычная гутарка” ў КДБ за цікавасць да Салжаніцына, падарожжа ў Маскву і нечаканае знаёмства з бессаромным светам высокае наменклатуры, паездка ў Карэлію і магчымасць на свае вочы ўбачыць палітычных вязняў ды паглядзець свабоднае фінскае тэлебачанне… Не тое каб патаемныя, але прыхаваныя бакі савецкага жыцця праходзяць перад дапытлівым маладым хлопцам, незваротна робячы яго ворагам рэжыму.

Пiсьменнiк ушчыльную падыходзiць да раскрыцця таго, як псiхалагiчныя траўмы ахвяраў i паслугачоў рэжыму паўплывалі на фармаванне менталітэту савецкага чалавека “эпохi развiтага сацыялiзму”. Фармаванне гэтага менталітэту, паводле Маракова, таксама адбываецца ў выглядзе ўдзелу — удзелу ў крывавай спадчыне. Верны свайму credo, аўтар паказвае гэта праз учынкi i падзеi (юнацкае дысiдэнцтва ў “1975-м”), праз сутыкненнi людзей, рубам ставячы пытанне пра адказнасць.

Свядомыя людзi, кажа пісьменнік, дзейнiчаюць з уласнай волi. Кат катуе, бо хоча катаваць, “чаўнок” рызыкуе, бо вырашыў рызыкаваць. Нiякай мiстыкi, нiякай абстракцыi. Леанід Маракоў не пакiдае сумненняў у непазбежнай адказнасцi кожнага за свае учынкі, у здольнасці чалавека вызначаць свой лёс.

А вось у Вiнцэся Мудрова дзейнiчаюць зусiм iншыя людзi. Збольшага яны не дзейнiчаюць, а функцыянуюць.

У ягоным апавяданні “Iду на таран” героі вядомай казкі карантышкі на паветраным шары трапляюць у паветраную прастору Беларусі. На базе СПА пачынаецца паніка, бо стан яе бясконца далёкі ад баявой гатовасці. Паказаныя з найвышэйшай ступенню гратэску вайскоўцы звяртаюцца па дапамогу да хлопца, які ў перабудовачнай мітусні захапаў сабе самалёт. Калі не ўдаецца знішчыць таямнічы аб’ект стрэламі з кулямёта, лётчык мужна ідзе на таран. Карантышкі гінуць. Вайскоўцы паведамляюць, што гэта была амерыканская шпіёнская акцыя.

Свядомыя дзеяннi персанажаў (не хочацца называць іх без патрэбы героямі) вызначаюцца самымі прымiтыўнымi матывамi — голадам, юрам, пачуццём небяспекi. У астатнiм яны дзейнiчаюць як шрубкi незразумелага ім механiзму, не- або напаўсвядома функцыянуюць як чальцы грамадства, начальнікі на адказных пасадах, вайскоўцы і да т.п.

“Iду на таран” — шматгранны твор, да таго ж вострасатырычны. Аўтар пакiдае магчымасцi для разнастайных iнтэрпрэтацый. Знаёмства з iншымi тэкстамi В. Мудрова пераконвае, аднак, што ягоны сарказм не распаўсюджваецца на вышэйзгаданую асаблівасць паводзінаў ягоных персанажаў. Ягоную пазіцыю лепей акрэсліць словам “спачуванне”.

 
   

У нестандартнай сітуацыі персанажы нагадваюць робатаў. Падзея ўрываецца ў прастору іхняга iснавання, але не выклiкае спробы суўдзелу. Яны спачатку дранцвеюць, потым аднекуль з пазасвядомасці загружаецца невядома кім распрацаваная праграма, i… яны далей выконваюць свае функцыi. Як грамадскiя казуркi.

Адказнасць закранае героя Мудрова толькi часткова. Яна кладзецца найбольш на абстрактна-безаблічную Сiстэму, крыніцу праграм-загадаў, якая ў Мудрова заўсёды застаецца за кадрам. (У “Калодзежы”, што праўда, на сцэну выходзяць “кіраўнікі раённага звяна”, але колькі іхняе рэальнае дзейнасці мы бачым?)

Калi ж надараецца сапраўды цяжкi момант, героi пад іранічным вокам аўтара звяртаюцца да рэзерваў маладаследаванай народнай душы. Таямнiчыя сiлы абуджаюцца, ствараюць цуд, ратуюць Сiстэму — i засынаюць ізноў.

Прыхаваная за сатырычным флёрам мiстыфiкацыя грамадскiх стасункаў у Мудрова ці іх рашучая дэмістыфікацыя ў Маракова выразна ўплываюць на мову твораў. У Маракова яна лапiдарная, ашчадная. У Мудрова кожнае слова моўных карункаў нясе iндывiдуальны сатырычны запал. “Лейтэнантавы голас зноў казытнуў сапрэлае вуха”. Прысутнасць у тэксце дэталёвых апісанняў другасных справаў выдатна падкрэслівае іманентную несамастойнасць герояў Мудрова. Ад іхняй волі нішто значнае не залежыць, паводзіны жорстка дэтэрмінаваныя — індывідуальнасць можа выявіцца адно ў справах другасных, нязначных.

Найбольш актыўныя персанажы аповесці “Іду на таран” — не людзi. Голас “скаланае мембрану”, душа “адтайвае”, зубы “йграюць польку”, паветра тушыць запальнiчкi i даносiць — да вушэй (!) — пытаннi, порсткi ветрык даймае карацельку-спаднiцу… Гэтая адушаўлёная анатомія, гэтая РЭЧА-IСНАСЦЬ ёсць прастораю адноснае свабоды. Што ж тычыцца людзей, то яны — шрубкі Сістэмы. Вартыя апісання хіба iхнiя рукi, азадкi, сцёгны, вочы, вусны… Адносную свабоду людзі маюць толькі на ўзроўні задавальнення першасных iнстынктаў: голаду, юру, сну.

Падзея ў Мудрова паўстае як праява пазасістэмных сiлаў (таксама амаль ананiмных, абстрактных: у “Iду на таран” — казачных персанажаў, у “Калодзежы” — замежных, у “Дарозе…” — з мінулага). Гэта — умяшанне ў функцыянаванне Сiстэмы, канфлiкт дзвюх Сiстэмаў, але не вынiк дзеяння асобаў. Воля асобнага “малога” чалавека не ў стане парушыць наперад зададзенай прадвызначанасці.

Ніхто не будзе аспрэчваць, што здольнасць асобнага чалавека супрацьстаяць сістэме вельмі абмежаваная. Але ў Маракова сутыкненне некалькiх асобаў можа выклiкаць стварэнне незапраграмаванай сітуацыі (як у “Мальбара-Лайтс”: герой трапляе ў лапы вымагальнікаў, але ратуецца і нават знішчае бандыцкае логвішча), хоць Сiстэма нібыта і выключае такую магчымасць. Здарэнне, якое выбіваецца з Сістэмы ўжо тым, што не паддаецца прагназаванню, кваліфікуецца як найвышэйшая пагроза. Таму й гінуць няшчасныя карантышкі.

Усё гэта цесна лучыцца з пытаннем волевыяўлення, свабоды выбару i, адпаведна, адказнасцi. Хто забiў паветраплавальнiкаў-карантышак? У кантэксце твору пытанне выглядае недарэчным. Яны загiнулi? Няма сумневу. Хто iх забiў?.. “Хто сшыў касцюм, я ў вас пытаюся?!” — усклікаў карыфей савецкай сатыры Аркадзь Райкiн.

 
   

Нават у быццам бы самастойных, выклiканых асабiстымi амбіцыямі ўчынках героi Мудрова застаюцца паслугачамі Сiстэмы. Апошнiя радкi апавядання “Іду на таран” пры ўсiм гранiчным камiзме не могуць схаваць уражання, што адбываецца чарговае забойства, на гэты раз — рытуальнае. Выдрапваючы надпіс “Made in USA” на корпусе лятальнага апарата, палкоўнiк Бурзачыла не толькi змагаецца за ўзнагароду. Ён забiвае прывiд падзеi. З’яве надаецца выгляд, зразумелы на мове Сiстэмы. Падобная сiтуацыя ў апавяданнi Маракова “Дарвiн не памыляўся” (або “Iваноў” // Крынiца. 2001. № 1.) павернута зусiм iншым бокам. Падзея (паспяховыя ўцёкi вязня з лагеру) пакiдае шнар на твары Сiстэмы ў выглядзе выпаленага на фанеры ягонага партрэта, вывешанага адмiнiстрацыяй на лагернай сцяне як напамiн ахове. Адметна, што, як зазначае аўтар, апавяданне грунтуецца на рэальнай гісторыі.

Сістэма не любіць падзеяў. Вострая рэакцыя ўладнай машыны не толькі на рэальную, але нават на патэнцыйную падзею выяўляецца i ў зацятасцi, з якой пераследуюцца iншадумцы-непамяркоўныя ў Маракова, i ў палахлiвай бессардэчнасцi персанажаў Мудрова. Чалавеку дакрануцца да падзеi цi, крый Божа, стварыць яе небяспечна. Маракоў апраўдвае такую рызыку, лічыць адпаведны спосаб паводзінаў адзіна вартым чалавека. Мудроў схільны да суцэльнага песімізму. На ўсё жыццё Матруны Апалонiк, галоўнай гераiнi “Калодзежу”, наклала адбiтак здарэнне з часу акупацыі: нямецкі доктар добра паставіўся да яе і ейнае сястры. Потым яго забілі партызаны, а на Матруну лягло чорнае таўро. На ўсё жыццё — бо месца на падзеi ў ім больш не знайшлося.

Мiтусня начальства вакол падзеi, якая МОЖА АДБЫЦЦА (магчымы прыезд сына таго немца), якасна не адрознiваецца ад мітусні герояў апавядання “Iду на таран”. Выразней вiдаць у “Калодзежы” еднасць улады з народам, якi на свой лад, але таксама працуе на сiстэму. У гэтым выпадку — кідаючы свой камень у без віны вінаватую Матруну Апалонік.

Героi Маракова таксама нясуць свой крыж, але ў iхнiм светапоглядзе няма пасiўнасцi. Толькi адна падзея мае канчатковую моц, кладзе крэс самавызначэнню асобы — гэта смерць. Прысутная ва ўсiх апавяданнях, гэтая тэма хiба найвыразней гучыць у “Настальгii”.

Iншая светапоглядная пазiцыя патрабуе iншай мовы. Акцэнтуецца тое, што можа мець непрадказальны вынiк. І важна, каб апавядальнiк быў пераканаўчы ў сітуацыі выбару паміж аднолькава магчымымі здарэннямі. Неабходна абмежавацца тым, што чытач можа “ўбачыць на ўласныя вочы”. Казытанне сапрэлага вуха было б тут не да месца: учынкi маюць перавагу перад iнтымнымi адчуваннямi. Кожная дэталь павiнна быць матэрыялізаванаю, павінна намацоўвацца, верыфiкаваць сама сябе, бо ўсё ў апавяданнях ёсць удзельнiкам непаўторнага працэсу.

Маракоў выконвае гэтыя патрабаваннi мо нават залiшне дакладна. Даведзеная да мяжы магчымага лаканiчнасць надае кожнай дробязi важкасць, у абавязковым парадку далучаючы яе да дзеяння. Усё спрасавана да апошняй мяжы, мінімум лішніх словаў. Такім чынам пісьменнік падкрэслівае для чытача: гаворка ідзе пра рэчы надзвычайнай важнасцi.

 
   

Вышэй вялося пра тэму адказнасцi ў творах Маракова. Злачынствы вымагаюць пакарання. Але салiдарнасць з героямi нараджаецца не толькi з абстрактнай справядлiвасцi, але й са старанна выпiсанага дадатнага вобразу. Дадатныя героi пры ўсёй незвычайнасцi іх лёсу — гэткiя ж людзi, як i мы. З iмi лучацца такiя каштоўныя для нас справы, як развiццё беларускай культуры, стваральная праца, нацыянальная годнасць. Але самымi прыцягальнымi іх рысамi ёсць пачуццё ўласнае годнасцi i цэльнасць асобы, з якiх натуральна (але не заўсёды, не абавязкова) выплывае сацыяльна значная актыўнасць. Пачуццё ўласнае годнасці нараджае тую нязмушаную шчырасць, якая выклiкае сiмпатыю i пачуццё салiдарнасцi.

За мудроўскімі кепікамі ляжыць безнадзейнасць. У Маракова, нягледзячы на жорсткасць апісаных жыццёвых калізій, амаль усё магчыма, абы людзi захацелi. Падыход Мудрова — ад антысаветчыкаў-эмiгрантаў, ад слыннага “Салдата Чонкiна”: сатырычны запал твору скіраваны на чытача, зануранага ў жыццё стабільнага эвалюцыйнага грамадства, дзе кожны наступны стан, як і папярэдні, вызначаны пачатковымі ўмовамі. Iнiцыятыва асобы тут аніяк не можа граць ролю. Але ж часы такога грамадства — прайшлі!

У гуманiстычным запале, з якiм Вінцэсь Мудроў малюе постаць Матруны Апалонiк, увасобілася ідэя А. Салжаніцына “жить не по лжи”. Карантышкі з апавядання “Іду на таран” увогуле ўвасабленне нявіннасці і слабасці. Унутраная свабода — мяжа эмансіпацыі асобы ад усёмагутнае Сістэмы. Прыгожа на свой час. Але ж Сістэма ўжо даўно не тая! У фiнале “Дарогi ў 20 крокаў” пiсьменнiк паказвае магчымасць адыходу ад пасіўнага існавання. Трахім з кувалдай ідзе нішчыць помнік “Айца ўсіх народаў”, які стаў прычынаю смерці чалавека пасля таго, як статую ў часе перабудовы выцягнулі з балота паляўнічыя за каляровым металаломам. Герой робiць учынак, але гэта толькі псiхалагiчны пералом, сцверджанне нязгоды са старым ладам жыцця, а не свядомае дзеянне ва ўласных мэтах.

Творы ж Леаніда Маракова цалкам належаць “постсавецкаму часу”. Нават у цыклах, прысвечаных мінуламу, герой — чалавек дзеяння, самастойны ў сваім выбары, а савецкія рэаліі апісваюцца як нешта канчаткова прамінулае. “Бізнесовы” ж цыкл расстаўляе кропкі над “і”. “Самы Ніжні Тагіл”, “Інтуіцыя”, “Пах Энвула” напісаны чалавекам, які дакладна ўсвядоміў сваё месца ў сацыяльнай іерархіі — прыналежнасць да сярэдняга класу. З гэтай пазіцыі нават на цяпершчыну Маракоў глядзіць як на нешта трохі прамінулае. Ён увесь там, дзе палымнее светлая будучыня “ягонага” стану.

 
   

Вінцэсь Мудроў відавочна глядзіць на дзень сённяшні і ўчарашні зусім іначай. Ягоныя творы ўваскрашаюць у памяці інтэлігентаў-дысідэнтаў з іхнім высокім ідэалізмам, бедаваннем над станам народу, сарказмам у адносінах да ўлады. Смех быў іхняй адзінай зброяй, і як зброя апошняга шансу ён быў вельмі эфектыўны. Ці настаў час адкласці гэтую зброю разам з калектывісцкімі забабонамі ды паставіць у покуць культ актыўнасці і асабістае адказнасці? Як даказваюць творы Маракова, жыццёвая філасофія буржуазіі не вычэрпваецца культам багацця. Ёсць у ёй і цікавасць да нацыянальнай ідэі, да правоў асобы.

Леанід Маракоў за два гады актыўнай літаратурнай дзейнасці заявіў пра сябе як першы буржуазны пісьменнік у незалежнай Беларусі. (Мог бы на гэтую ролю прэтэндаваць і Адам Глобус, але зашмат у ягонай творчасці багемнасці, замала ўслаўленага Максам Вэберам суворага пратэстанцкага духу.) Вінцэсь Мудроў, магчыма, апошні ў беларускай літаратуры антысаветчык. Могуць, што праўда, з’явіцца наступнікі. Маракоў малюе нам з сярэдзіны свет асобы, эмансіпаванае ад масы, асобы, якая пачуваецца самастойным самадастатковым чальцом грамадства і роўным — па статусе, калі не па моцы — прадстаўніку ўладаў. Мудроў, таксама знутры, даследуе архаічны, закансерваваны сацыялізмам калектывізм. І адно, і другое прысутнічае ў сённяшняй беларускай рэчаіснасці, але калі свет Маракова асацыюецца з вітрынамі менскіх крамаў і рэкламнымі плакатамі на вуліцах, то для Мудрова важнейшыя шыльды з назвамі гэтых вуліц: Камуністычная, Свярдлова і г.д. — знакі з’яваў, з якімі ён змагаецца.

Знаёмства з творамі гэтых пісьменнікаў вяртае нас да няскончаных спрэчак пра змест Перабудовы. Цi былi падзеi лёсавызначальнымi, цi стварылi трывалую новую якасць? Мудроў піша гэтак, быццам нічога такога векапомнага не адбылося. Маракоў схіляецца да супрацьлеглай пазіцыі.

Выбіраць чытачу. Калi ён спадзяецца на дадатнае развiццё, на Адраджэнне, героi Маракова будуць яму блiжэйшыя, нягледзячы на ўсе iхнiя няшчасцi, на тое, што iх пераследуюць, забiваюць, рабуюць. Калi заўтрашнi дзень бачыцца пашкоджанай копiяй учарашняга, тады задавольмася шчаслiва-задуменнымi палкоўнiкамi, зайздрослівымі суседкамi-самагоншчыцамi, мажнымi буфетчыцамi i незлiчонымi шэрагамi п’янiц, алкаголiкаў, выпiвохаў… Якi малюнак пяшчотней лашчыць твае змучаныя вочы, чытач?

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (23) – 2002

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2002 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/01/20