A R C H E | П а ч а т а к | № 1 (24) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
УЛАДЗІМЕР САКАЛОЎСКІ | |||||
|
Уладзімер Сакалоўскі |
— (нар. 1930) — дасьледнік беларуска-нямецкіх дачыненьняў. Апошняя публікацыя ў нашым часопісе — рэцэнзія “Вырваны з агню” (ARCHE, № 4-2001). |
Дапаможнік меркавалася рыхтаваць ня проста як выданьне, што апісвае падзеі ці факты, а як кнігу, якая аналізуе і раскрывае асноўныя праблемы пераломных момантаў беларускай гісторыі. Першапачатковы назоў паседжаньня “Беларусь: праблемы пэрыфэрыйнага рэгіёну” выклікаў незадавальненьне беларускага боку. Узьнікла вельмі напружаная дыскусія. Склалася ўражаньне, што паміж нямецкім і беларускім бокам не ўсталявалася паразуменьня. Арганізатары зыходзілі з сучаснай заходняй мэтадалёгіі навукі, якая змагаецца з “нацыяналістычнай” гістарыяграфіяй. Спрабавалі таксама давесьці беларускім калегам “неадпаведнасьць” і “неактуальнасьць” іх нацыянальных пазыцый, закідаючы ім схільнасьць да нацыяналістычных падыходаў. Гэта не судзеяла дыялёгу і збліжэньню пунктаў погляду. Арыентацыя на працы іншаземных навукоўцаў, што да гэтага часу не асабліва надавалі значэньня гісторыі беларускага народу (які лічылі насельніцтвам ці то ВКЛ, ці то Рэчы Паспалітай, ці Расейскай імпэрыі), прыводзіць дасьледнікаў да канцэптуальнай і мэтадалягічнай залежнасьці, а ў некаторых выпадках і да кампіляцыйнасьці. І гэтай небясьпекі не пазьбеглі і выдаўцы даведніка. Тады, у красавіку 1996 году, каталёг тэмаў дапаможніка быў яшчэ даволі ўмоўны і неакрэсьлены. Былі “белыя плямы” ня толькі ў храналёгіі. Заставаліся незапоўненыя цэлыя разьдзелы, як, напрыклад, эканоміка, сацыяльныя і канфэсійныя праблемы, культура, дзяржаўнасьць, рэлігійныя і этнічныя меншасьці і г.д. Для іх спадзяваліся знайсьці аўтараў. Канчатковую канцэпцыю дапаможніка, якія тэмы і якія аўтары будуць у яго ўключаны, нямецкі бок зацьвердзіў самастойна. Тэксты нямецкія партнэры прымалі толькі ў расейскай мове, спасылаючыся на адсутнасьць перакладчыкаў. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці: зь беларускае мовы перакладаюць Норбэрт Рандаў, Гундула і Ўладзімер Чапегі, Карл Гутшміт, Соня Хайль, Дыяна Зыбэрт, Моніка Банькоўскі, Герман Бідэр і шмат іншых. Пры гэтым імёны і спэцыяльныя тэрміны немцы прасілі падаваць на беларускай мове. Бальшыня аўтараў гэтага не зрабіла, і пазьней пры рэдагаваньні прыходзілася траціць шмат часу і намаганьняў, каб ізноў аднаўляць іх у беларускім напісаньні. Менавіта гэтая акалічнасьць і прычыніць некаторыя хібы дапаможніка. Што да імёнаў, то, згодна з жаданьнем укладальнікаў, яны ў тэксьце павінны былі пісацца на той мове, якая ў адпаведны час дамінавала ў Беларусі. Калі пасьлядоўна вытрымліваць такую пазыцыю, то паміж 1600—1920 гадамі імёны ўсіх беларусаў трэба падаваць у транскрыпцыі ці то з польскай, ці то з расейскай. На наш погляд, гэта было значным недахопам, бо адсутнасьць у нямецкай адзінай пасьлядоўнай трансьлітарацыі беларускіх назоваў і імёнаў сур’ёзна абцяжарвае разуменьне тэкстаў тымі, хто хоча вывучаць гісторыю Беларусі па арыгінальных крыніцах ці беларускіх дасьледаваньнях, а не пазаходнеэўрапейскіх і расейскіх, як раяць выдаўцы дапаможніка. Яркі прыклад такога канфузу –– нямецкамоўныя карты па Дудэну, па якіх падчас другой сусьветнай вайны нямецкія афіцэры не маглі арыентавацца на тэрыторыі Беларусі. Гэта пераканаўча сьведчыць аб тым, што такі спосаб паданьня матэрыялу, які выбралі рэдактары тому, –– ненавуковы і беспэрспэктыўны. |
Як бачна з прадмовы і ўводзінаў, у Нямеччыне абуджаецца зацікаўленасьць Беларусяй. Нягледзячы на шматлікія практычныя перашкоды –– адсутнасьць спэцыялістаў, недасьледаванасьць прадмету, нераспрацаванасьць канцэптуальных праблем, –– практычная неабходнасьць атрыманьня гістарычнай і сучаснай інфармацыі стала для аўтараў прапанаванай кнігі стымулам узяцца за гісторыю Беларусі як гісторыю эўрапейскага рэгіёну і дзяржавы 1. Нельга пагадзіцца і з двума палажэньнямі прадмовы. Перш за ўсё з тым, што “прапанаваны дапаможнік упершыню дае шырокі агляд сацыяльнай і культурнай гісторыі Беларусі ад Сярэднявечча да ХІХ стагодзьдзя”. Гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Па-другое, з тым, што пры напісаньні імёнаў і назваў, якія ўваходзілі цягам стагодзьдзяў у гісторыю і культуру беларусаў, трэба кіравацца прынцыпамі той мовы, якая панавала ў Беларусі ў той пэўны пэрыяд. Распачаўшы сваё дасьледаваньне з прадмовы і ўступу, акрэсьліўшы ў ім свае пазыцыі і праблемы, што паўсталі перад рэдактарамі ў часе падрыхтоўкі выданьня, укладальнікі пераходзяць да разьдзелу гістарыяграфіі і геральдыкі. За гэтым разьдзелам ідзе самы вялікі і найбольш грунтоўны разьдзел “Храналёгія з Х да пачатку ХХ стагодзьдзя”. У ім крок за крокам, пачынаючы ад распаду Кіеўскай Русі (Лойка), праз ВКЛ (Лойка, Сагановіч), польскую Рэч Паспалітую (Сагановіч), Паўночна-Заходні край (Шыбека), БССР (Марплз), Крэсы Ўсходнія (Бэнэке), пасьляваенную БССР (Марплз) і сучасную Рэспубліку Беларусь (Зам), прасочваецца гістарычны лёс нашага народу. У трэцім разьдзеле “Аспэкты сацыяльнай і культурнай гісторыі” асьвятляецца гісторыя сацыяльных дачыненьняў і эканоміка. Апісваюцца розныя слаі беларускага сярэднявечнага грамадзтва: баяры, князі, магнаты, прыгонныя, гараджане. Яны вылучаны ў наступныя разьдзелы: беларуская эліта (Зяленска), сяляне і прыгоннае права (Лойка), пераход беларускага сялянства ад прыгоннага права да калектывізацыі (Каханоўскі), пачаткі індустрыялізацыі краю ў ХХ стагодзьдзі. Важнае месца ў дасьледаваньні адведзена праблеме гарадоў (іх дзейнасьці і культуры): ад гарадоў ВКЛ (Александровіч) да ператварэньня беларускіх гарадоў з рэгіянальных цэнтраў у гарады шляхецкай рэспублікі (Родэвальд) на прыкладзе Полацку. Пры гэтым найбольш увагі аддаецца разьвіцьцю Менску ад губэрнскага гораду да сталіцы (Шыбека, Бон). |
1 Handbuch der Geschichte Weißrußlands. Hrsg. von D. Beyrau u. R. Lindner, Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 2001, S. 12. |
У выданьні знайшлі сваё асьвятленьне этнічныя і канфэсійныя праблемы. Артыкулы пра этнічныя зьмены ў беларускім грамадзтве ахопліваюць пэрыяд ад Сярэднявечча да новага часу (Чаквін, Церашковіч). Два артыкулы прысьвечаны габрэйству Беларусі (Ёфэ і Іваноў) і толькі адзін –– канфэсійнай спэцыфіцы нашага краю. У гэтай частцы дапаможніка ёсьць пэўныя дыспрапорцыі: няма ніводнага артыкулу, нават абагульняльнага, пра іншыя этнічныя супольнасьці Беларусі. Без гістарычнага кантэксту ў тэкст уплятаюцца разьдзелы, прысьвечаныя другой сусьветнай вайне (К’яры, Іваноў), і чамусьці зусім не апісваюцца ня менш трагічныя і зьмястоўныя падзеі першай сусьветнай вайны. Непрапарцыйным падаецца таксама апошні разьдзел кнігі “Мова і літаратура”. Калі мове прысьвечаны дзьве значныя публікацыі — “Мовы ў Беларусі да канца ХІХ стагодзьдзя” (Дынглі) і “Барацьба за родную мову ў ХХ стагодзьдзі” (Бідэр), — то беларуская літаратура паказана вельмі фрагмэнтарна. Беларускаму аўтару (І. Афанасьеву) выдзелілі на гэта ўсяго 17 старонак, і працэс станаўленьня і разьвіцьця самой літаратуры як фэномэну духоўнага сталеньня нацыі раскрыты ня быў. Прыкрымі “белымі плямамі” ў кнізе выглядае адсутнасьць артыкулаў пра рэлігійнае жыцьцё ў Беларусі, жорсткую барацьбу рэфармацыйных і антырэфармацыйных сілаў, што складала важную рухальную сілу палітычнага і культурнага разьвіцьця Ўсходняй Эўропы; таксама пра ўніяцтва як спэцыфічную форму духоўнасьці гэтага рэгіёну і спробу аб’яднаньня цэркваў; пра беларускае кнігадрукаваньне і пра такую грандыёзную постаць усходнеславянскага Асьветніцтва, як Францішак Скарына; пра беларускі тэатар, беларускае мастацтва і беларускі фальклёр, які цягам некалькіх стагодзьдзяў (другой паловы XVII — першай паловы XIX стагодзьдзя) быў адлюстраваньнем духоўнага жыцьця беларускага народу і стаў падмуркам новай беларускай літаратуры. Разнастайнасьць выкарыстаных крыніцаў, якія разьмешчаны ў канцы кнігі па храналягічным прынцыпе, сьведчыць пра значнасьць задумы выданьня. Даволі проста карыстацца бібліяграфіяй, якая падзелена на найважнейшыя этапы гістарычнага разьвіцьця краю, а таксама на найбольш значныя напрамкі: энцыкляпэдычны, гістарыяграфічны, архіўны і іншыя. Аднак зьдзіўляе вылучэньне ў бібліяграфічным разьдзеле асобным пунктам “Крыніцы на заходніх мовах (храналягічна)”, таму што такія крыніцы прысутнічаюць і ў іншых пунктах бібліяграфіі. У той жа час сьпіс кніг, нягледзячы на вызначэньне іх як выбраныя бібліяграфіі, мае недаравальныя прагалы: прапушчаны вельмі аўтарытэтныя крыніцы і дасьледаваньні па розных галінах гісторыі Беларусі [2]. Небагата прадстаўлена ў падразьдзеле “Беларусь у гістарычным люстэрку сваіх гісторыкаў” беларускае крыніцазнаўства і асабліва аналіз нацыянальнай гісторыі ў самой Беларусі. Такія бібліяграфічныя хібы сьведчаць, што нямецкі бок мала ўвагі надае ўласна беларускаму крыніцазнаўству. |
Укладальнікі, баючыся абвінавачаньняў у некампэтэнтнасьці, не захацелі парушаць прынятага ў нямецкай гістарыяграфіі статусу-кво. Іх пасіўная пазыцыя прычыніла шэраг непаразуменьняў. Напрыклад, з дапаможніка мы так і не даведваемся, што такое канцылярская мова ВКЛ. Старабеларуская гэта мова, ці так званая беларуская, ці русінская, ці рутэнская, ці расейская, ці літоўская. Нямецкі бок сьвядома ня ўлічваў новых павеваў у беларускай гістарыяграфіі, рэдактары даведніка ня бралі пад увагу працаў такіх дасьледнікаў, як Абіхт, Я. Энгельгарт, Х. Штанг, В. Концэ, А. Іпэль. Яны праігнаравалі таксама тыя новыя падыходы, што былі сфармуляваны за міжнародным “круглым сталом” пад назвай “Беларусь у Вялікім Княстве Літоўскім”, які адбыўся ў Менску 6—7 красавіка 1992 году. У падсумаваньні вынікаў дыскусіі яго ўдзельнікі –– беларускія, польскія, ангельскія, італьянскія гісторыкі і філёлягі-славісты — адхілілі канцэпцыю афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі 30—80-х гадоў, якая адмаўляла існаваньне беларускай дзяржаўнасьці ў эпоху Сярэднявечча, і аднесьлі вытокі гэтай дзяржаўнасьці да часу ўтварэньня Полацкага і Тураўскага княстваў, а пазьней, — Гарадзенскага, Наваградзкага, Смаленскага ды іншых. А Вялікае Княства Літоўскае “круглы стол” акрэсьліў як фэдэрацыю беларускіх, летувіскіх і ўкраінскіх земляў. Тым самым нямецкія ўкладальнікі засталіся на пазыцыях чужой беларусам гістарыяграфіі. Дапаможнік прапануе гісторыю Беларусі як гісторыю рэгіёну, што цікава, але не вырашае тэрміналягічнай блытаніны і не адпавядае назьве выданьня. Увогуле, дапаможнік па сваёй структуры і зьмесьце больш нагадвае звычайны зборнік нарысаў па гісторыі Беларусі. Разам з тым, заслугоўвае пазытыўнай ацэнкі тая грандыёзная праца, якую выканалі нямецкія навукоўцы і асабліва ўкладальнікі кнігі. Такая ініцыятыва вельмі важная цяпер –– калі Беларусь пачынае свой няпросты шлях да Эўропы. |
________________ [2] Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Менск, 1989; Біблія. Факсымільнае ўзнаўленьне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скaрынам у 1517—1519 гадах. Т. 1—3. Менск, 1990—1991; Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Менск, 1987—1994; Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Т. 1—8. Менск, 1984—1988; Беларусы. Матэрыяльная і духоўная культура. Нарысы ў 8 тамах. Т. 1—5, 1995—2001; E. Sgambati. Il Tristano Biancorusso. Firenze, 1983; V. Rich. Like Water, Like Fire. Anthology of Byelorussian Poetry. London, 1971; Z. Kipel. The Byelorussian Tristan. New York & London, 1988; Fair Land of Byelorussia. An Anthology of modern Belorussian poetry by W. May. Moskow, 1976; O. Łatyszonek. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995; A. Bergman. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984; P. V. Vladimirov. Doktor Francisk Skorina. München, 1989; N. Randow (Hg.) J. Kolas. Märchen des Lebens. Berlin, 1988; F. Scholz. Weißrußland und der Westen. Beiträge. Dresden, 1998. На жаль, ня згадваецца ніводнае з больш як 10 фундамэнтальных выданьняў АН БССР, прысьвечаных Ф. Скарыну і ягонай эпосе і выдадзеных да 500-годзьдзя з дня яго нараджэньня. Назад
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 1 (24) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |