A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (25) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ЮЛІЯ АНДРЭЕВА | |||||
|
Юлія Андрэева
|
— музыказнаўца. Скончыла кампазытарскі факультэт Беларускай акадэміі музыкі. Загадвала музычнай часткай Магілёўскага абласнога тэатру драмы і камэдыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Апошняя публікацыя ў часопісе — эсэ “Памяці маці” («ARCHE»-Расейскае пытаньне). 1 Нисневич И. Г. Мусин Илья Александрович. — Музыкальная энциклопедия. — Т.3. — Москва: Советская энциклопедия, 1976. — С.837—838. |
Дарэчы, нашае афіцыйнае музыказнаўства называе розныя даты ўзьнікненьня аркестру ці ўвогуле абыходзіць гэтае пытаньне. “Дзяржаўны сымфанічны аркестар БССР створаны ў 1930 годзе”, — чытаем мы ў артыкуле Алены Ракавай, надрукаваным у Беларускай савецкай энцыкляпэдыі3. “Аркестар Беларускага радыё быў створаны ў 1928 годзе”, — гэткую інфармацыю падае расейская “Музыкальная энциклопедия” за подпісам музыказнаўцы Ісідара Нісьневіча4. “Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Рэспублікі Беларусі створаны ў 1928 годзе пры Беларускім радыёцэнтры”, — піша доктар мастацтвазнаўства Аляксандар Капілаў у артыкуле “Беларускай энцыклапэдыі” (ужо часоў незалежнасьці)5. Аднак у “Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі”, выдадзенай у 1985 годзе, Капілаў называе ўжо знаёмую нам дату — 19 красавіка 1927 году6. А ў грунтоўным і вельмі падрабязным артыкуле Зьмітра Жураўлёва “Музыка Беларусі”, надрукаваным у даведніку “Саюз кампазытараў БССР”, аніякіх датаў нараджэньня аркестру ўвогуле няма. Пасьля прачытаньня артыкулу складаецца ўражаньне, быццам аркестар паўстаў разам зь Беларускай філярмоніяй у 1937 годзе7. Гэткая “нядбаласьць” з боку добрасумленнага дасьледчыка выглядае вельмі падазрона. Тым болей што Зьміцер Жураўлёў з 1934 году граў у аркестры на кантрабасе, а пазьней, як гаворыцца ў тым самым даведніку, “разам з усім аркестрам быў пераведзены на працу ў Белдзяржфілярмонію”8. Дзіўна выглядае і непасьлядоўнасьць з боку Аляксандра Капілава. У 1981 годзе ў артыкуле “Дзяржаўны сымфанічны”, надрукаваным у часопісе «Нёман», ён спасылаецца на пастанову наконт арганізацыі “першага ў Беларусі сымфанічнага аркестру”, выдадзеную ў 1927 годзе9. У “Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі” ён канкрэтызуе гэтыя зьвесткі, паведамляючы, што аркестар быў арганізаваны “паводле пастановы Цэнтральнага праўленьня прафсаюзу работнікаў мастацтваў Беларусі ад 19.04.1927…”10. Цытату з гэтага дакумэнту можна адшукаць у кнізе Георгія Загародняга11, прысьвечанай гісторыі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі: “…Забясьпечыць нармальнае існаваньне сымфанічнага аркестру, а таксама рацыянальнае яго выкарыстаньне ў інтарэсах шырокіх масаў працоўных магчыма толькі ў тым выпадку, калі гэты аркестар будзе эксплюатавацца юрыдычнай гаспадарчай адзінкай у выглядзе паявога таварыства”. Аркестру ўсталёўвалася месячная норма канцэртных выступаў12. Аналізуючы гэтую пастанову, пачынаеш разумець, што ў ёй бянтэжыла савецкіх музыказнаўцаў. Савецкая ідэалёгія зьвязвала ўсе культурныя дасягненьні ў краіне з клопатам камуністычнай партыі і савецкага ўраду. А пастанова аб стварэньні аркестру нарадзілася не ў ЦК камуністычнай партыі, а ў ЦК прафсаюзу работнікаў мастацтваў. Яе тэкст наводзіць на думку, што аркестар на той момант ужо існаваў, гаворка ішла пра ягоную рэарганізацыю, прычым на грунце каапэратыўнай (а не дзяржаўнай) уласнасьці. |
2 Гэтая дата фігуравала на колішняй інтэрнэт-старонцы Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру Рэспублікі Беларусі — www.belarustoday.com/ culture/music/s_orcestr/. На жаль, цяпер гэтая старонка ўжо не існуе. 3 Ракава А. Дзяржаўны сімфанічны аркестр БССР. — Беларуская савецкая энцыклапедыя. — Т.4. — Менск: Галоўная рэдакцыя Беларускай Савецкай энцыклапедыі, 1971. — С.231. 4 Нисневич И.Г. Белорусская музыка. — Музыкальная энциклопедия. Гл. ред. Ю.В.Келдыш. — Т.1. — Москва: Советская энциклопедия, 1973. — С.387. Расшыфраваць гэтае паведамленьне амаль немагчыма, калі ня ведаеш загадзя, што наш сымфанічны аркестар аж да 1937 году называўся аркестрам Беларускага радыёцэнтру. 5 Капілаў А. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь. — Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. — Т.6. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 1998. — С.149. 6 Капілаў А. Дзяржаўны сімфанічны аркестр БССР. — Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Т.2. — Менск: Выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі, 1985. — С.311. 7 Журавлев Д.Н. Музыка Белоруссии. — Союз композиторов БССР: Краткий биографический справочник. — Менск: Беларусь, 1978. — С.9. 8 Цитович Г., Журавлев Д.Н. — Союз композиторов БССР… — С.97. 9 Капилов А. Государственный симфонический. — Нёман. — 1981. — №3. |
Спадар Капілаў піша, што аркестар быў “арганізаваны пры Беларускім радыёцэнтры”13. Аднак, па-першае, радыёцэнтар як такі на той момант яшчэ не існаваў; радыёвяшчаньне ажыцьцяўлялася сіламі акцыянэрнага таварыства “Радыёперадача”, якое ня мела тэхнічных магчымасьцяў для трансьляцыі музыкі. Перадачы гучалі ўсяго 30 хвілінаў у суткі, і было тады ў Менску 200 прыймачоў, якія разьмяшчаліся ў клюбах14. Насамрэч цеснае супрацоўніцтва сымфанічнага аркестру з радыёцэнтрам пачалося ў студзені 1929 году, і толькі ў 1930 годзе калектыў аркестру быў афіцыйна залічаны ў штат радыёцэнтру15. Ускосным пацьверджаньнем гэтага зьяўляецца дата стварэньня аркестру, якую называе Алена Ракава, — 1930 год. Да гэтага часу калектыў называўся «паявое таварыства “Менскі сымфанічны аркестар”». У які ж год паўстаў аркестар? Канчаўся НЭП, імпэрскія сілы згортвалі беларусізацыю. Інбелкульт ператварыўся ў Беларускую акадэмію навук, каб неўзабаве страціць найлепшую частку сваіх кадраў. Варта перасунуць дату стварэньня аркестру на пару гадоў пазьней, і зь дзіцяці беларусізацыі ён ператворыцца ў прадукт сталінскай культурнай палітыкі. Перасоўваньне даты паўстаньня аркестру на пазьнейшы тэрмін таксама тлумачыць, як удалося сабраць дастатковую колькасьць прафэсійных аркестрантаў. Пра высокую кваліфікацыю гэтых музыкаў сьведчаць праграмы канцэртаў, што адбыліся на працягу 1927—1928 гадоў. Паводле слоў Зьмітра Жураўлёва, праграма першага з гэтых сымфанічных канцэртаў уключала ў сябе ўвэрцюру да опэры “Руслан і Людміла” ды “Камарынскую” Глінкі, “Ноч на Лысай гары” Мусарскага, Канцэрт для скрыпкі з аркестрам Мэндэльсона і Другую вугорскую рапсодыю Ліста16. Адкуль узяліся высокапрафэсійныя музыкі — гэтае пытаньне не абмяркоўвалася ў савецкі час. Паводле савецкае музыкалёгіі, разьвіцьцё беларускай музыкі пачалося толькі пасьля 1917 году. Пад гэтую схему, што пазбаўляла нацыю культурных традыцый, і падганялі гісторыю музыкі. “На працягу стагодзьдзяў умовы жыцьця беларускага народу складаліся гэтак, што выключалася магчымасьць разьвіцьця якога-любя прафэсійнага мастацтва. Здаўна вядомыя сваёй музычнасьцю беларусы ня мелі сваёй прафэсійнай музыкі. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі Менск і іншыя буйныя гарады Беларусі зрэдку наведвалі вандроўныя опэрныя трупы ды выпадкова складзеныя канцэртныя брыгады ці асобныя салісты. Само сабою зразумела, што гастролі і канцэрты сымфанічнага аркестру ў той час былі зьяваю надзвычай рэдкай”17. Гэты міт настойліва паўтараўся ў кнігах і артыкулах з гісторыі беларускай музыкі. Ужо ў часе перабудовы Аркадзь Берын пісаў: “Амаль поўная адсутнасьць музычнай адукацыі выклікала тое, што зьяўленьне таленавітых выканаўцаў было выпадковым, а калектыўная творчасьць практычна не існавала. Аматары інструмэнтальнай музыкі маглі задаволіцца хіба што на канцэртах вайскова-духавых аркестраў ды зрэдку калектываў-гастралёраў, у пераважнай большасьці — замежных. Кожны прыезд сымфанічнага аркестру быў падзеяй экстраардынарнай”18. Калі б гэта было праўдай, сымфанічны аркестар у Менску мог бы ўзьнікнуць толькі як філія маскоўскага ці ленінградзкага аркестру і мусіў складацца з расейскіх музыкаў. Першы выпуск Беларускага музычнага тэхнікуму адбыўся ў 1928 годзе, і ён ня мог цалкам задаволіць патрэбаў маладога аркестру (нават сёньня Беларуская акадэмія музыкі выпускае ня болей за 40—45 аркестравых музыкаў у год). Паявое таварыства, якое знаходзілася на гаспадарчым разьліку19, наўрад ці было здольнае запрасіць аркестрантаў з Расеі. Адсюль можна зрабіць выснову, што музыкі пераважна былі тутэйшыя. Дый стыль газэтных рэцэнзій у той самай «Зьвязьдзе» сьведчыць, што выступ прафэсійнага сымфанічнага аркестру ня быў для менчукоў нейкім дзівам. |
10 Капілаў А. Дзяржаўны сімфанічны… — С.311. Гл. таксама: Постановление президиума ЦП «Белрабиса» об организации симфонического оркестра в городе Минске от 19.04.1927 // ЦДА Рэспублікі Беларусі, ф.306, воп.1, спр.118, л.72—73. 11 Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание: Исторический очерк о Белорусской государственной филармонии. — 2-е изд, перераб. и доп. — Менск: Беларусь, 1988. (Загародні быў дырэктарам Беларускай філярмоніі на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў і зьяўляецца аўтарытэтным знаўцам ейнай гісторыі.) 12 Тамсама. С.13. 13 Капілаў А. Дзяржаўны сімфанічны… — С.311. 14 tvr.by/Files_rus/ about/about_txt.htm. Увосень 1928 году Беларускае радыё зьмяніла форму ўласнасьці. Тады ж зьявілася музычная рэдакцыя Беларускага радыёцэнтру, якую ўзначаліў выпускнік Музтэхнікуму Ісак Любан. 15 Журавлев Д. Государственный симфонический оркестр Белорусской ССР. — Менск: Госизд. БССР, 1961. — С.8. 16 Тамсама. С.5. 17 Тамсама. С.3. 18 Берын Аркадзь. Віцебск, год 1918: З гісторыі аркестравага дырыжыравання Беларусі. — Мастацтва Беларусі. — 1989. — №1. — С.28. 19 Загородний Г.Н. Цыт. выд. — С.13. |
1 Насамрэч, гісторыя нашага сымфанічнага аркестру сягае аж у пачатак XIX стагодьдзя. У 1803 годзе ў Менску быў арганізаваны гарадзкі аркестар (і гэта дае падставу для юбілею, толькі нашы людзі рэдка зазіраюць далей за 1917-ы). З энцыкляпэдычнага артыкулу Аляксандра Капілава мы даведваемся, што ў 1820—1860-я гады на чале аркестру стаяў Вінцэнт Стэфановіч — старэйшы брат Дамініка Стэфановіча, першага музычнага настаўніка Станіслава Манюшкі. Што ў канцы 1860-х гадоў дырыжорам аркестру стаў Лявон Скрабецкі, а ў 1880 годзе калектыў на чале з Рычардам Пілеманам выконваў сымфоніі Гайдна і Бэтговэна, увэрцюры Расыні і Абэра, “Камарынскую” Глінкі. Што ў 1886 годзе дырыжор Генрых Мерц пазнаёміў менчукоў з творамі Вагнэра, а ў 1890—1896 гадох кіраўніком аркестру становіцца Леапольд Ступель, вучань віленскага скрыпача і кампазытара Вольфа Эбана. У той час у выкананьні аркестру гучаць Моцарт, Бэтговэн, Мэндэльсон, Шубэрт, Глінка, Барадзін, Чайкоўскі. У кнізе Адама Мальдзіса20 ёсьць згадка пра выступы зь Менскім гарадзкім аркестрам у 1838—1839 гадох славутага польскага скрыпача Караля Ліпінскага. У 1840—1850-х найбольш значныя музычныя імпрэзы ладзіліся ў тэатры Поляка, дзе ў 1852 годзе адбылася прэм’ера славутай “Ідыліі” Дуніна-Марцінкевіча на музыку Манюшкі. З 1865 году канцэрты даваліся пераважна ў залі Шляхецкага сходу21. Аднак у нядаўна надрукаванай кнізе Аляксандра Капілава, напісанай у суаўтарстве зь ягонай жонкай Аленай Ахвердавай22, вэрсія пра існаваньне Менскага гарадзкога аркестру ў пэрыяд 1803—1917 гадоў на сталай аснове нават не прапаноўваецца, дый зьнікае сама назва — “Менскі гарадзкі аркестар”. Калі чытаеш гэтую кнігу, якая ўяўляе сабой спробу сыстэматычна асьвятліць гісторыю музычнай культуры Беларусі ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя, складаецца ўражаньне, быццам савецкі міт пра адсутнасьць прафэсійных музыкантаў у дарэвалюцыйнай Беларусі быў недалёкі ад праўды. Агульная схема выглядае наступным чынам: — спарадычныя выступы аркестру ў 1830—1840-я гады, — працяглы антракт аж да пачатку 1880-х гадоў, — 1883—1915 гг. — эпоха пераважна аматарскіх аркестраў, музычных гурткоў і суполак, якія паўставалі і зьнікалі з калейдаскапічнай хуткасьцю. Гэткім чынам, нам падаюцца дзьве вэрсіі гісторыі музыкі. Першая з гэтых вэрсіяў стваралася падчас перабудовы, на хвалі рамантычнага нацыяналізму. Другая — гісторыя правінцыйных аматарскіх гурткоў і заежджых гастралёраў — паўстала за Лукашэнкам. Адмова ад першай вэрсіі можа азначаць нястачу фактаў, якія б яе падмацоўвалі і адназначна сьведчылі пра тое, што Менскі гарадзкі аркестар як прафэсійны музычны калектыў сапраўды існаваў з 1803 да 1917 году. |
20 Мальдзіс Адам. Станіслаў Манюшка. — Мальдзіс Адам. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. — Менск: Народная асвета, 1969. — С.110. 21 Капілаў А., Смольскі Б. — Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Т.3. — Менск: Выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі, 1986. — С.540. 22 Капилов А.Л., Ахвердова Е.И. Музыкальная культура Беларуси XIX — начала XX века. — Менск: Институт современных знаний, 2000. |
Новая эпоха ў музычным жыцьці Менску, падобна, распачынаецца зь вяртаньнем у Менск маладога скрыпача і дырыжора Натана Рубінштэйна (нарадзіўся ў 1883 годзе). Ён быў карэнным менчуком, вышэйшую музычную адукацыю атрымаў у Санкт-Пецярбурскай кансэрваторыі23. Скончыўшы яе ў 1906 годзе зь вялікім срэбным мэдалём, Рубінштэйн на працягу году стажаваўся ў выдатнага скрыпача і пэдагога Леапольда Аўэра, а потым вярнуўся ў Менск. Менавіта Рубінштэйн быў ініцыятарам стварэньня і першым дырэктарам Менскага музычнага вучылішча, што адчынілася ў 1907 годзе. Ён праводзіў клясу скрыпкі, а таксама выкладаў тэорыю музыкі і сальфэджыё24. З 1909 году ў Менску ім рэгулярна праводзіліся сымфанічныя канцэрты. Беларускі музычны тэхнікум, які адчыніўся ў Менску ў 1924 годзе, уяўляў сабой толькі падноўленую вучэльню Натана Рубінштэйна. Музычнае жыцьцё вялося і ў іншых губэрнскіх цэнтрах Беларусі. У верасьні 1915 году ў Віцебску было адчыненае аддзяленьне Імпэратарскага расейскага музычнага таварыства (ІРМТ). Ініцыятарамі гэтага былі Фаіна Левінсон-Тэйтэльбаўм — настаўніца славутай расейскай піяністкі Марыі Юдзінай, сьпявак Васіль Кармілаў і скрыпач Аркадзь Бясьсьмертны, якому было наканавана пазьней адыграць вялізную ролю ў гісторыі беларускай музыкі. Усе яны былі гадаванцамі Санкт-Пецярбурскай кансэрваторыі. Дзякуючы іхнай энэргіі менавіта Віцебск на дзясятак гадоў стаўся музычнай сталіцай Беларусі. У горадзе былі два тэатры ды аматарскі сымфанічны аркестар на чале зь Міхаілам Лерманам — вучнем Леапольда Аўэра. З 1892 году тут працавала Школа-майстэрня Юдаля Пэна, адкуль выйшаў Марк Шагал. У 1915—1918 гадох сюды, ратуючыся ад вайны, рэвалюцыі, голаду, трапіла мноства музыкаў — беларускіх і замежных. У пачатку сакавіка 1918 году дэлегацыя на чале з скрыпачом і дырыжорам Аркадзем Бясьсьмертным паехала ў Пецярбург з хадайніцтвам аб адкрыцьці Народнай кансэрваторыі. Згодна з Аркадзем Берыным, у складзе дэлегацыі былі энэргічны адміністратар гарадзкога тэатру Б. Сухадрэў і адзін зь першых кампазытараў, што зьвярнуліся да рэвалюцыйнай тэматыкі, вучань Рымскага-Корсакава Міхаіл Анцаў25. З таго, што на чале дэлегацыі апынуўся Аркадзь Бясьсьмертны, можна зрабіць выснову, што менавіта ён быў ініцыятарам стварэньня віцебскага сымфанічнага аркестру. Бясьсьмертны нарадзіўся ў Суражы ў беднай габрэйскай сям’і. Авалодваў асновамі прафэсіі ў Менскім музычным вучылішчы пад кіраўніцтвам Рубінштэйна, а ў 1912 годзе паступіў у кансэрваторыю, у клясу Ёганэса Налбандзяна. Што ж тычыцца адміністратара гарадзкога тэатру, тут дасьледчык памыляецца: прозьвішча гэтага чалавека было Барыс Суходзьеў26. Гэтую ж памылку мы знаходзім і ў “Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва”, дзе ў якасьці дырыжора сымфанічнага акрестру27 фігуруе Б. Сухадрэў. Магчыма, адна з прычынаў гэтае апошняе памылкі заключаецца ў тым, што галоўны дырыжор Аркадзь Бясьсьмертны пазьней быў практычна выкрасьлены з гісторыі беларускай музыкі. |
23 У кнізе “Скрыпка беларуская” спадар Капілаў паведамляе, што Натан Рубінштэйн вучыўся ў клясе Мікалая Галкіна (с.74.). У “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі” ён сьцьвярджае, што Рубінштэйн вучыўся ў клясе Р.Налбандзяна. Апрача відавочнай супярэчнасьці, тут ёсьць фактычная памылка, бо Налбандзяна звалі Ёганэс Раманавіч. 24 Масленікава В., Школьнікаў Л. Мінскае музычнае вучылішча. — Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Т.3. — Менск: Выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі, 1986. — С.553. 25 Берын Аркадзь. Цыт. выд. — С.29. 26 Малько Н.А. Воспоминания. Статьи. Письма. — Ленинград, 1972. — С.22. |
Паездка Бясьсьмертнага і Суходзьева ў Пецярбург была вельмі плённай ня толькі ў гэтым сэнсе. Кампазытар А. Посьнікаў, блізкі сваяк мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, “атрымаў мандат з подпісам Луначарскага на права адбіраць любыя ноты, што будуць знойдзеныя на сталічных нотных складах. У выніку Віцебск атрымаў мноства партытураў замежнай клясыкі, у тым ліку ўнікальныя ноты, якія ў часе вайны зьберагліся ці не ў адным экзэмпляры”28. Гэткім чынам утварыўся Віцебскі акруговы нотны склад, які пастаўляў ноты Народнай кансэрваторыі і сымфанічнаму аркестру. Бяз нотаў функцыяваньне аркестру было б немагчымае. Як сьцьвярджае Берын, пасьля распаду аркестру “фонды бібліятэкі трапілі ў выпадковыя рукі і часткова згубіліся, а большая частка загінула ў Менску ў пачатку вайны”29. Тая частка віцебскай нотнай бібліятэкі, што апынулася ў Менску, нейкі час была ўва ўжытку Сымфанічнага аркестру БССР. Магчыма, некаторыя нотныя рарытэты захаваліся й дагэтуль. Найбольш яскравая старонка ў гісторыі аркестру зьвязаная зь імем Мікалая Малька, якога ўвесну 1918 году запрасілі на пасаду дырэктара Народнай кансэрваторыі і галоўнага дырыжора сымфанічнага аркестру. Мікалай Малько нарадзіўся ў Браілаве Падольскай губэрні ў сям’і павятовага лекара. Ягонымі настаўнікамі ў Санкт-Пецярбурскай кансэрваторыі былі кампазытары Мікалай Рымскі-Корсакаў, Анатоль Лядаў, Мікалай Чарапнін, а ў Мюнхене — Фэлікс Мотль. У 1914 годзе Малько быў прызначаны галоўным дырыжорам сымфанічных канцэртаў ІРМТ, а ў 1915 — асноўным дырыжорам Марыінскага тэатру. Але з прыходам да ўлады бальшавікоў ён вымушаны быў пакінуць абедзьве пасады. Сымфанічныя аркестры ў Маскве і ў Петраградзе былі разагнаныя, а ў Марыінскім тэатры адбыліся выбары кіраўніцтва, якія скончыліся не на карысьць Малька. Артыстам не падабалася ягоная патрабавальнасьць і нямецкая дакладнасьць. Паводле Аркадзя Берына, “упершыню аркестар сабраўся ў пачатку мая [1918], а праз паўтара месяца, 21 чэрвеня, на адкрытай эстрадзе ў садзе Ялагі адбыўся першы канцэрт, прысьвечаны дзесяцігодзьдзю з дня сьмерці Рымскага-Корсакава. Выконваліся “Іспанскае капрыча”, сюіта з опэры “Сьнягурка”, Шэсьце з опэры “Залаты пеўнік”, увэрцюра да опэры “Царская нявеста” і дзьве арыі Марфы (сьпявала жонка Малька, былая салістка Марыінскага тэатру Р. Сьцяпанава)”30. Дзёньнікавыя запісы самога Мікалая Малька сьведчаць, што ён прыехаў у Віцебск у кастрычніку. У іх адлюстроўваюцца таксама ягоныя першыя ўражаньні ад працы зь віцебскім аркестрам. “Віцебск, 2 лістапада, субота, 11 гадзінаў 35 хвілінаў — 1 гадзіна 50 хвілінаў… Заля Пралетарскага клюбу 1 траўня. Праграма: Бэтговэн — “Эгмонт”, Чайкоўскі — “Італьянскае капрыча”, Літольф — увэрцюра “Рабэсп’ер”. Цяжка апісаць уражаньне, настолькі яно моцнае і разнастайнае: агульная неразьбярыха, стракаты натоўп музыкаў, натоўп разявакаў, поўная неўладкаванасьць усяго, неакуратнасьць у часе, мітусьлівы Барыс Суходзьеў і пры гэтым Шуман з пытаньнем — “якую мне валторну йграць?” (зразумела, жартам). Спачатку я думаў, што нічога ня выйдзе, — какафонія, да таго ж, многіх не ставала. Потым іншыя глядзяць, як нібыта прыйшоў беларучка; я вырашыў, сьцяўшы зубы, працаваць”31. Само сабой зразумела, што немагчыма было стварыць аркестар “зь нічога”. Тэмп, у якім працаваў віцебскі аркестар, сьведчыць пра надзвычайную творчую энэргію і працавітасьць дырыжора — Малька — і пра наяўнасьць прафэсійна падрыхтаваных аркестрантаў. У сакавіку 1918 году (г.зн. за паўгоду да прыезду Малька) ў Віцебску адчынілася Народная кансэрваторыя. |
27 “Асяродкам разьвіцьця музычнай культуры [Віцебску] стаў сымфанічны аркестар з 120 кваліфікаваных музыкаў (першы дырыжор Б.Сухадрэў)”. — Масленікава В.Л. Віцебск. — Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Т.1. — Менск: Выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі, 1984. — С.639. 28 Тамсама. 29 Берын Аркадзь. Цыт. выд. — С.30. 30 Тамсама. С.29. 31 Малько Н.А. Цыт. выд. — С.22. |
Дарма што 11 красавіка 1921 году аркестар атрымаў уласнае памяшканьне32, гэта не затрымала Малька ў Віцебску. Грамадзянская вайна й разруха скончыліся, і ўвосень 1921 году ён зьяжджае зь Віцебску. Але аркестар захаваўся, хіба толькі зьменшыў інтэнсіўнасьць сваёй канцэртнай дзейнасьці. На чале яго стаў Аркадзь Бясьсьмертны. Пачынаючы з 1923 году Малько зноў рэгулярна наведвае Віцебск. Кантакты Малька зь Беларусяй скончыліся толькі калі ён заняў пасаду галоўнага дырыжора і дырэктара Ленінградзкай філярмоніі. Тутака ён ладзіць музычны фэст, прысьвечаны 100-годзьдзю з дня сьмерці Бэтговэна, выкладае ў Ленінградзкай кансэрваторыі. Школу Малька прайшоў беларускі дырыжор Марк Шнэйдэрман, які пазьней на працягу дзесяці гадоў узначальваў Дзяржаўны сымфанічны аркестар БССР, а таксама Ільля Мусін. Апошні, у сваю чаргу, быў настаўнікам многіх беларускіх дырыжораў, у тым ліку малодшага пакаленьня. Малько мае бясспрэчныя заслугі перад беларускай музычнай культурай. Яго вучань Аркадзь Бясьсьмертны працаваў пры Мальку ў якасьці саліста і асыстэнта, а пазьней — як ужо гаварылася — зьмяніў свайго настаўніка па пасадзе дырыжора. У кастрычніку 1924 году Бясьсьмертнага запрасілі ў Менск, на пасаду дырэктара толькі што адчыненага Беларускага музычнага тэхнікуму. Камуністычныя ўлады не давяралі інтэлігенцыі. “Інтэлігенцкая рэспубліка” ў Віцебску ўзбуджала ў іх падазрэньні. Пераезд віцебскай Народнай кансэрваторыі ў Менск разбурыў гэты вольны артыстычны асяродак і ўмацаваў статус Менску як сталіцы. Найлепшых аркестрантаў перацягнулі ў Менск на выкладчыцкія пасады ў Белмузтэхнікум. З 1925 году гісторыю і тэорыю музыкі ў тэхнікуме выкладае Юльян Дрэйзін — музыказнаўца й перакладчык. У цяжкія гады ваеннага камунізму ён знайшоў сабе прытулак у Магілёве. Пазьней ён пасяліўся ў Менску, выкладаў старажытнагрэцкую і лацінскую мовы ў Беларускім унівэрсытэце і адначасова аж да 1935 году быў скрыпачом сымфанічнага аркестру. Апроч таго, Дрэйзін выконваў пры аркестры абавязкі лектара. Пазьней гэткіх унівэрсальных людзей у аркестры ўжо не было. Цяпер ужо цяжка з дакладнасьцю вызначыць той момант, калі паўстаў гэты новы аркестар. Як сьцьвярджае спадар Загародні, “аркестар музычнага тэхнікуму быў арганізаваны ўвесну 1926 году, кіраўнік А. Бясьсьмертны, тады ж адбыўся ягоны першы пробны канцэрт”33. Вядома таксама, што сьпярша аркестар складаўся выключна з пэдагогаў, але пазьней у яго ўвайшлі й студэнты. |
32 Тамсама. С.158. 33 Загородний Г.Н. Цыт. выд. — С.10—11. |
Аркадзь Бясьсьмертны нядоўга быў аднаасобным кіраўніком гэтага калектыву. Увосень 1926 году ў Белмузтэхнікуме зьявіўся новы таленавіты выкладчык — Ільля Гітгарц. Бясьсьмертны з Гітгарцам былі равесьнікі і разам вучыліся ў Санкт-Пецярбурскай кансэрваторыі. Гітгарц быў вучнем Леапольда Аўэра, а Бясьсьмертны — вучнем Налбандзяна, які сам калісьці вучыўся ў Аўэра. Бясьсьмертны асабіста прапанаваў яму гэтую працу, і ўраджэнец Адэсы Гітгарц з удзячнасьцю прыняў запрашэньне. Мой родзіч Барыс Каплан, які ў 1930-я гады граў на трамбоне ў аркестры Тэатру опэры і балету БССР, узгадваў пра тое, як Гітгарц прыходзіў на рэпэтыцыі ў скураной тужурцы і галіфэ. Ён быў на той час ня толькі галоўным дырыжорам, але і дырэктарам опэрнага тэатру. У яго быў ідэальны слых, нават у масіўных аркестрава-харавых tutti ён выразна чуў голас кожнага харыста, кожную фальшывую ноту альбо рытмічную недакладнасьць. У сакавіку 1927 году ў Менску пад кіраўніцтвам Макса Купэра была выканана Дзявятая сымфонія Бэтговэна. Як сьцьвярджае Зьміцер Жураўлёў, у выкананьні гэтага грандыёзнага твору ўдзельнічалі таксама хор і сымфанічны аркестар Першага Беларускага драматычнага тэатру (БДТ-1)34. Аднак гэтая зьвестка выглядае неверагоднай. Ніводная крыніца не пацьвярджае самога факту існаваньня сымфанічнага аркестру ў БДТ-1. Абмяркоўваючы гэтую тэму, нашыя музыказнаўцы часьцяком зьвяртаюцца да спрытнай маніпуляцыі фактамі. “Арганізаваны ў 1920 годзе, ён [БДТ-1] меў у сваім складзе ня толькі драматычных актораў, але і сымфанічны аркестар, хор, балетную трупу. Гэта дазваляла тэатру ставіць музычныя спэктаклі, рэгулярна даваць адкрытыя канцэрты”, — піша Зьміцер Жураўлёў35. Канкрэтных назваў і датаў у артыкуле няма, аднак з агульнага кантэксту вынікае, што музычныя спэктаклі з удзелам сымфанічнага аркестру адбываліся ў пэрыяд да 1924 году (бо далей ідзецца пра адкрыцьцё Белмузтэхнікуму ў 1924 годзе, пра першы камэрны канцэрт беларускай музыкі ў 1925 годзе і г.д.). У брашуры, прысьвечанай гісторыі Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру, Жураўлёў разгортвае гэтую тэму яшчэ болей падрабязна: “Пачынаючы з 1920 году ў складзе БДТ-1 была харавая, балетная і аркестравая група, якая неўзабаве пераўтварылася ў паўнавартасны аркестар. Дзякуючы гэтаму ўдавалася ставіць ня толькі сынтэтычныя спэктаклі — як, напрыклад, “Каваль-ваявода” паводле п’есы Я. Міровіча, але й балеты “Фэя лялек” І. Баера, “Зачараваны лес” Р. Дрыго, “Капэлія” Л. Дэліба, а таксама опэру А. Даргамыскага “Русалка”36. Аднак жа дакладна вядома, што спэктакль “Каваль-ваявода” з музыкай Уладзімера Тэраўскага37 быў пастаўлены ў 1925 годзе. Тэраўскі быў кампазытарам-самавукам і не пісаў сымфанічных партытураў. Што ж датычыць “Русалкі” Даргамыскага, дык яна ўвогуле аказалася “вольнай антрэпрызай”. Гісторыю пастаноўкі гэтай опэры часткова выклаў на старонках “Белорусской деловой газеты” журналіст Сяргей Шапран, аднак агульны “звышэмацыянальны” тон гэтага артыкулу стаўся прычынаю шэрагу недакладнасьцяў38. Па-першае, нельга называць “Русалку” Даргамыскага “першай беларускай нацыянальнай опэрай” толькі з той прычыны, што яна была першай опэрай, пастаўленай на беларускай мове. Па-другое, нельга называць Вячаслава Селяха-Качанскага “творцам першай беларускай нацыянальнай опэры” толькі таму, што ён быў пастаноўшчыкам “Русалкі”. Творца — не пастаноўшчык, а кампазытар. Памылкова апісвае Шапран і прыроду канфлікту, які выбухнуў паміж Селяхам-Качанскім і Гітгарцам. У выніку гэтага канфлікту пастаноўка “Русалкі” адбылася без удзелу аркестру. Cелях-Качанскі, які працаваў выкладчыкам вакалу ў Беларускім музычным тэхнікуме, прапанаваў “Русалку” ў якасьці курсавога спэктаклю. Гітгарц не згадзіўся, бо лічыў, што пастаноўка “Русалкі” ў якасьці “нацыянальнай беларускай опэры” і ў беларускіх касьцюмах — гэта прафанацыя. Да таго ж, у “Русалцы” няма тых цяжкасьцяў, якія маглі б стымуляваць прафэсійны рост і творчую фантазію маладых выканаўцаў. |
34 Журавлев Д. Государственный симфонический… — С.4. 35 Журавлев Д.Н. Музыка… — С.9. 36 Журавлев Д. Государственный симфонический… — С.4. 37 Уладзімер Тэраўскі (1871—1938) — беларускі кампазытар, фальклярыст і харавы дырыжор, аўтар музыкі нацыянальнага гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, а таксама музыкі да п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”. З 1917 па 1920 ўзначальваў музычную частку Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі, у 1920—1935 быў хармайстрам БДТ-1. Пазьней быў асуджаны як “нацдэм” і ў 1938 годзе бязьвінна загінуў у сталінскіх лягерох. 38 Шапран Сергей. Среди живших не значится. — Белорусская деловая газета. — 2000. — 14 июля. |
Гітгарц надзвычай сур’ёзна ставіўся да сваёй справы. Першай ягонай пастаноўкай у опэрнай студыі быў “Фаўст” Гуно ў перакладзе на беларускую мову Юльяна Дрэйзіна39. А ў 1929 годзе пад кіраўніцтвам Гітгарца адбылася менская прэм’ера “Беларускай сюіты” Людаміра Рагоўскага на тэкст вершу Янкі Купалы “А хто там ідзе?”. Спрэчка паміж Гітгарцам і Селяхам-Качанскім сталася прычынай таго, што разрэклямаваная прэм’ера “Русалкі” адбылася 14 траўня 1927 году пад акампанэмэнт раялю. Агульнае кіраваньне ўзяў на сябе Ўладзімер Тэраўскі, які быў у той час хармайстрам БДТ-1. Гэта быў першы і апошні паказ Селяхавай “Русалкі”. Калі б гэта сапраўды быў спэктакль БДТ-1 і ў складзе трупы быў сымфанічны аркестар, “Русалка” напэўна б затрымалася ў рэпэртуары. У жніўні 1927 году Селях-Качанскі быў прызначаны дырэктарам першага дзяржаўнага тэатру і стаў вызначаць рэпэртуарную палітыку. Аднак сапраўднага аркестру ў тэатры не было — прынамсі, мы ня маем аніякіх доказаў ягонага існаваньня. А калі так, дык няма й доказаў таго, што Дзяржаўны сымфанічны аркестар паўстаў “на аснове аркестраў Беларускага музычнага тэхнікуму і БДТ-1”40. Для чаго спатрэбілася прыдумваць нейкае аб’яднаньне аркестраў, калі цалкам відавочна, што “сымфанічны аркестар паявога таварыства” — гэта, па сутнасьці, рэарганізаваны аркестар Белмузтэхнікуму? Менавіта гэтак успрымалі яго менчукі. Напярэдадні прэзэнтацыі новага калектыву газэта “Зьвязда” пісала: “6 сакавіка ў клюбе імя Карла Маркса адбудзецца першы сымфанічны канцэрт Беларускага дзяржаўнага музычнага тэхнікуму. Гэтым канцэртам адчыняецца шэраг сымфанічных канцэртаў Белмузтэхнікуму. Тое, пра што марылі нашыя музычныя дзеячы, цяпер распачынае ажыцьцяўляцца, на чацьвертым годзе існаваньня Белмузтэхнікуму мы маем свой собскі, сталы аркестар… Дырыжуе аркестрам кіраўнік аркестравай клясы Ільля Гітгарц”41. Выглядае на тое, што прычынаю маніпуляцыяў з пэўнымі фактамі сталася нежаданьне позьніх савецкіх ідэолягаў бачыць габрэяў Бясьсьмертнага і Гітгарца “бацькамі-заснавальнікамі”. Гэткая сытуацыя, на жаль, тыповая для нас. Прыкладам, Дзяржаўны аркестар народных інструмэнтаў РБ з 1974 году носіць імя Язэпа Жыновіча — з той нагоды, што нібыта Жыновіч быў ягоным першым мастацкім кіраўніком. Аднак у сапраўднасьці заснавальнікам і першым мастацкім кіраўніком гэтага калектыву (з 1928 да 1935 году) быў балалаечнік Зьміцер Захар, які асвоіў традыцыйныя беларускія інструмэнты — жалейку, ліру, старадаўнія цымбалы. Жыновіч, які прыйшоў у аркестар у сярэдзіне 1930-х, аддаваў перавагу рэфармаваным цымбалам. Гэтаксама Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу імя Рыгора Шырмы заснаваў зусім ня Шырма, а Вячаслаў Селях-Качанскі, які пасьля вайны ўцёк у Амэрыку. А першым ейным музычным кіраўніком быў выдатны хармайстар і дырыжор Ізраіль Бары, які ўзначальваў гэты калектыў на працягу амаль 15 гадоў. Для падтрыманьня савецкага ідэалягічнага міту былі патрэбныя адпаведныя героі — простыя людзі сялянскага паходжаньня славянскай нацыянальнасьці. Ані Бясьсьмертны, ані Гітгарц з Ізраілем Бары не пасавалі да гэтае схемы. Гэта была ня новая традыцыя. Яшчэ за царскім часам у Расеі габрэі актыўна мянялі прозьвішчы, каб мець большыя магчымасьці для працы. Так, мастак Лей Хаім Розэнбэрг ператварыўся ў Лява Бакста, паэт Аляксандар Глікбэрг — у Сашу Чорнага, паэт Майсей Фрыдлянд — у Міхаіла Кальцова, пісьменьнік Веніямін Зільбер — у Веніяміна Каверына, паэт Майсей Шэйнкман — у Міхаіла Сьвятлова, рэжысэр Аляксандар Корнбліт — у Аляксандра Таірава, драматург Міхаіл Гібельман — у Міхаіла Рошчына. Нядаўні зыркі прыклад зь беларускай культуры — актор Ільля Эйдэльман, які стаўся Ільлём Курганом. Аркадзь Бясьсьмертны да таго ж, хаця і паходзіў зь беднай сям’і, ніколі ня быў сябрам камуністычнае партыі. Не былі камуністамі й ягоныя дзеці. Сын Барыс у 1937 годзе быў асуджаны як “вораг народу” і вызваліўся толькі пасьля сьмерці Сталіна. Бяда, што здарылася з сынам, перакрэсьліла кар’еру Бясьсьмертнага як выдатнага саліста-скрыпача і дырыжора. Дзякуючы мужнасьці рэктара Белдзяржкансэрваторыі Міхаіла Бэргера, Бясьсьмертны захаваў пасаду загадчыка скрыпічнай катэдры. Аднак пра ягоныя заслугі ў якасьці першага мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру не дазвалялася гучна згадваць на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў. У 1933 годзе Гітгарц быў прызначаны дырэктарам і галоўным дырыжорам Беларускага тэатру опэры і балету. Але ў канцы 1935 году яго нечакана выкінулі з тэатру — як пляткарылі, па даносе Селяха-Качанскага, які прагнуў заняць ягоную пасаду дырэктара. Гітгарц зьехаў зь Беларусі і вярнуўся ў Менск толькі ў 1947 годзе. Ён быў прыняты на пасаду другога дырыжора Опэры, аднак у 1951 годзе, у часе “справы лекараў”, яго адтуль звольнілі. Цікава, што галоўны дырыжор Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру Марк Шнэйдэрман захаваў тады сваю пасаду, а Гітгарцу давялося задаволіцца выкладчыцкай працай у Беларускай кансэрваторыі. |
39 Масленікава В., Школьнікаў Л. Мінскае музычнае… — С.553. 40 Капілаў А. Дзяржаўны сымфанічны… — С.311. 41 «Зьвязда», 4 сакавіка 1927, №55. |
Заслугі Гітгарца і асабліва Бясьсьмертнага перад нашай культурай вялізныя. Па-першае, менавіта Бясьсьмертны сабраў вакол сябе рэшткі аркестру Малька і стварыў зь іх новы калектыў. Па-другое, ён знайшоў тую “нішу”, якая дазволіла аркестру нармальна існаваць і разьвівацца на працягу 30-х гадоў. Выбар Беларускага радыёцэнтру як галоўнага партнэра аказаўся надзвычай плённым для абодвух бакоў. Аб’ём музычнага вяшчаньня на радыё ўзрастаў і на пачатку 1930-х гадоў дасягнуў трох гадзінаў штодзённа. Першы канцэрт аркестру, які трансьляваўся па радыё, адбыўся 13 студзеня 1929 году ў менскім Доме вяскоўца. Выконваліся творы Іпалітава-Іванава, Шубэрта, Расыні, Мусарскага, Грыга. Дырыгаваў Аркадзь Бясьсьмертны. На колішняй інтэрнэт-старонцы Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру РБ сьцьвярджалася, быццам “свой першы канцэрт сымфанічны аркестар правёў пад кіраўніцтвам Р. Гліэра, а салістам быў вядомы аўстрыйскі піяніст Р. Готліб”42. Аднак гэта, мякка кажучы, недакладнасьць. Гліэр — вядомы савецкі кампазытар, улюбёнец Сталіна — упершыню выступаў з нашым сымфанічным аркестрам 31 студзеня 1931 году. Між тым як рэгулярная канцэртная дзейнасьць аркестру распачалася ў 1929 годзе. Канцэртная праграма, што выконвалася 13 студзеня, была паўтораная 22 разы. 21 кастрычніка 1929 году ў памяшканьні Белдзяржтэатру адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першага сымфанічнага сэзону Беларускага радыёцэнтру. У праграме — “Шахеразада” Рымскага-Корсакава, “Варыяцыі на тэму ракако”, сцэна зь “Яўгена Анегіна” і сюіта з балету “Лебядзінае возера” Чайкоўскага. Выкананьне музыкі ў жывой трансьляцыі было вялікай школай для маладога калектыву, бо патрабавала надзвычайнай дысцыпліны і дакладнасьці. Дзякуючы пэдагагічнаму дару Бясьсьмертнага і патрабавальнасьці Гітгарца аркестар хутка дасягнуў неабходнага ўзроўню прафэсіяналізму. Увосень 1930 году ўвесь калектыў аркестру быў залічаны ў штат Беларускага радыёцэнтру. У 1932 годзе ў аркестры налічвалася 60 музыкаў — людзей пераважна тутэйшых. Касьцяк калектыву складаўся з прафэсіяналаў, якія пачыналі сваю кар’еру ў аркестры Малька, пазьней выкладалі ў Белмузтэхнікуме, а апошнім часам — у кансэрваторыі. Аркестравых музыкаў не ставала, і на некаторых меней значных месцах апынуліся звычайныя “лабухі” з рэстаранных ансамбляў. Дырыжорамі былі Аркадзь Бясьсьмертны і Ільля Гітгарц. Выкрасьліўшы з гісторыі аркестру людзей, якія стаялі ў ягоных вытоках, савецкія аўтары выкрэсьлівалі цэлы пэрыяд ягонага жыцьця. Гісторыя аркестру пачалася нібыта з Ільлі Мусіна, які лепей пасаваў на ролю заснавальніка, хаця таксама быў беспартыйным інтэлігентам. Тое, што Мусін быў расейцам і пастаянна жыў у Ленінградзе, падмацоўвала афіцыйную вэрсію расейскага паходжаньня беларускага прафэсійнага мастацтва. |
42 www.belarustoday.com/ culture/music/s_orcestr/ |
Зрэшты, той кароткі пэрыяд, калі галоўным дырыжорам быў Мусін, таксама багаты на белыя плямы. Мусіна запрасілі на пасаду, бо калектыў увогуле апынуўся без кіраўніка. Гітгарц зьехаў, Бясьсьмертнага адхілілі ад кіраўніцтва аркестрам. Незадоўга да таго аркестар быў уключаны ў склад Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. У Пастанове Саўнаркаму БССР ад 28 верасьня 1936 году “Аб сетцы ўстановаў Упраўленьня ў справах мастацтваў” наконт гэтага меўся асобны пункт: “Арганізаваць сёлета Беларускую дзяржаўную філярмонію ў складзе: дзяржаўнага хору, сымфанічнага аркестру і аркестру народных інструмэнтаў. Неабходныя новыя захады па Беларускай дзяржаўнай філярмоніі прадугледзець народна-гаспадарчым плянам на 1937 год”43. Аднак з афіцыйным адкрыцьцём новае культурніцкае ўстановы цягнулі аж да 25 красавіка 1937 году, хаця філярманічныя канцэрты распачаліся яшчэ ў сакавіку. Першымі сымфанічнымі канцэртамі Беларускае філярмоніі, што адбыліся 30 і 31 сакавіка 1937 году, дырыгаваў выпадковы чалавек — выпускнік Маскоўскай кансэрваторыі Эдуард Красавіцкі. Мусін прыехаў позьняй восеньню — здаецца, ужо пасьля адкрыцьця новага канцэртнага сэзону. Новаму дырыжору было 33 гады, ён быў вучнем Мікалая Малька і пасьля заканчэньня Ленінградзкай кансэрваторыі працаваў выкладчыкам, дырыгаваў студэнцкім аркестрам і зрэдку — аркестрам Ленінградзкай філярмоніі. Умовы, у якіх працавалі ўсе калектывы Беларускай філярмоніі, былі значна горшымі ў параўнаньні з тымі, якія існавалі ў Ленінградзе. Пазьней Мусін згадваў: “Канцэртнай заляй Філярмоніі служыла памяшканьне клюбу. Няўтульнае, пустое фае, гэткая ж непрывабная заля. Замест эстрады — тыповая клюбная сцэна з анучавымі парталамі. Акустыка агідная. Няма дзіва, што гэтае памяшканьне не спрыяла прыцягненьню слухачоў”44. Пры гэтым клюб харчавікоў (які быў пабудаваны ў 1927—1929 гадох на вуліцы Інтэрнацыянальнай) лічыўся адным з найлепшых будынкаў у горадзе. З 1935 году тут адбываліся сымфанічныя канцэрты, а рэпэтыцыі праходзілі ў катэдральным касьцёле, адкуль вернікаў выкінулі яшчэ ў 1934 годзе. Акустычныя ўмовы ў касьцёле і ў клюбе харчавікоў былі прынцыпова розныя, і з гэтай прычыны ад рэпэтыцыяў было мала толку. На просьбу Мусіна кіраўніцтва Філярмоніі тэрмінова замовіла спэцыяльны разборны павільён, у якім сьцены былі зробленыя з фанэрных шчытоў, а столь — з тканіны. Яго ўсталёўвалі ў залі клюбу харчавікоў перад пачаткам канцэртаў. Праблема з памяшканьнем — толькі адна з прычынаў, празь якія Мусін пачуваўся ў Менску няўтульна. Ён быў занадта шчыльна зьвязаны зь Ленінградам, у прыватнасьці, з аркестрам Ленінградзкай кансэрваторыі, зь якім ён рэгулярна працаваў на працягу 1937—1941 гадоў, афіцыйна будучы галоўным дырыжорам Сымфанічнага аркестру БССР. |
43 ЦТАОР БССР, инв. №5207, с.3. — Цыт.: Загородний Г.Н. Музыки высокое… — С.23. 44 Загородний Г.Н. Цыт. выд. — С.23. |
У той жа час пасьля перадачы аркестра на балянс філярмоніі на радыё застаўся малы сымфанічны аркестар, якім кіраваў выпускнік Беларускай кансэрваторыі Мікалай Клаўс45. Пасьля вайны імя Мікалая Клаўса таксама было выкрасьленае з гісторыі беларускай культуры. Прычына ў тым, што падчас нямецкай акупацыі ён займаў пасаду галоўнага дырыжора Менскага гарадзкога тэатру. Клаўс пайшоў на гэта цалкам сьвядома, спадзеючыся выратаваць сваіх сяброў-аркестрантаў, пераважна габрэяў, якія таксама не пасьпелі эвакуявацца зь Менску. Як піша ў сваім артыкуле музыказнаўца Вольга Брылон, ён выратаваў сям’ю Ісака Любана і старэнькую маці “беларускай перапёлачкі” Ларысы Александроўскай, пры яго падтрымцы некаторыя музыкі адыходзілі ў партызанскія атрады. Пад кіраўніцтвам Клаўса ў нялюдзкіх умовах акупацыі беларускія артысты ставілі “Вясельле Фігара” Моцарта, “Кармэн” Бізэ, “Сэвільскага цырульніка” Расіні, “На Купальле” беларускага кампазытара Аляксея Туранкова. Аднак ані самаахвярнасьць дырыжора, ані ягоныя сувязі зь Менскім падпольлем46 ня выратавалі яго ад сталінскай вязьніцы, а потым — ад забыцьця. Між тым, Клаўс быў таленавітым дырыжорам. Тагачасная крытыка параўноўвала яго дырыжорскую манеру з манерай Яўгена Мравінскага, хіба, найлепшага вучня Мікалая Малька. Вучнем Малька быў Марк Шнэйдэрман, галоўны дырыжор з 1946 да 1956 году. Другім дырыжорам у гэты час быў Барыс Афанасьеў — вучань Шнэйдэрмана і Аркадзя Бясьсьмертнага. Наступным кіраўніком аркестру стаўся Віктар Дуброўскі, які быў на пасадзе галоўнага дырыжора ў 1956—1962 і ў 1991—1994 гадох. А ў Мусіна вучыўся цяперашні галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру РБ Аляксандар Анісімаў, а таксама цэлы шэраг беларускіх дырыжораў сярэдняга і малодшага пакаленьняў, у тым ліку Аляксандар Сасноўскі, Андрэй Васілеўскі і Міхаіл Сінькевіч. Фактычна Малько быў заснавальнікам беларускай дырыжорскай школы XX стагодзьдзя. Яшчэ адзін пэрыяд у гісторыі нашага сымфанічнага аркестру, які падпаў пад ідэалягічную карэктуру, — гэта падзеі 1939—1940 гадоў. 17 верасьня 1939 году савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. У кнізе Зьмітра Жураўлёва гаворыцца, што ў кастрычніку 1939 году Сымфанічны аркестар БССР наведаў Беласток і выступіў перад дэлегатамі Народнага сходу Заходняй Беларусі. Аднак ёсьць падставы меркаваць, што перад дэлегатамі выступаў зусім іншы калектыў. У верасьні 1939 году на тэрыторыі Заходняй Беларусі апынуліся сотні музыкаў, пераважна габрэяў, якія раней працавалі ў Варшаве і іншых польскіх мястох. Як паведамляе беларускі дасьледчык Якаў Басін, “у Беластоцкай абласной дзяржаўнай філярмоніі было зарэгістравана больш за дзьвесьце чалавек — прадстаўнікоў творчых прафэсіяў. Амаль усе яны былі прафэсіяналамі ў найвышэйшым сэнсе гэтага слова”47. Басін таксама сьцьвярджае: “Ужо ў верасьні 1939 году тут [у Беластоку] быў арганізаваны сымфанічны аркестар, на першым канцэрце якога на пачатку кастрычніка дырыгаваў заслужаны артыст БССР Аркадзь Бясьсьмертны, што прыехаў зь Менску”48. Аднак у 1940 годзе сымфанічны аркестар Беластоцкай філярмоніі расфармавалі. Бээсэсэраўскія чыноўнікі рыхтаваліся да Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры, што мусіла адбыцца ў Маскве 5—15 чэрвеня 1940 году. У рамках падрыхтоўкі да маскоўскай дэкады вырашылі ўкамплектаваць Сымфанічны аркестар БССР высокакваліфікаванымі польскімі музыкамі. Уцекачы былі пераважна выпускнікамі Варшаўскай кансэрваторыі, сярод якіх былі такія, хто стажаваўся ў Вене, Бэрліне і Парыжы. З мэтаю адбору найлепшых музыкаў у Беластоку зладзілі музычны конкурс. У журы ўваходзілі заслужаныя артысты рэспублікі Бясьсьмертны і Бэргер, а таксама загадчыца ўпраўленьня ў справах мастацтва Дадзіёмава. |
45 Брилон Ольга. Святой Николай. — Белорусская деловая газета. — 2002. — 10 января. 46 Як сьцьвярджае сп-ня Брылон, “у першыя ж дні акупацыі адбылася кансьпіратыўная размова Клаўса з прафэсарам Белдзяржунівэрсытэту Прыляжаевым, які быў зьвязаны з дзейнасьцю Менскага гарадзкога падпольля. Ён парадзіў Клаўсу ўладкавацца ўва Ўправу. “Будзеце нам карысны”, — сказаў Прыляжаеў. Але Клаўс запярэчыў: “Я хацеў бы працаваць у тэатры. Там буду карысны болей” (Брилон Ольга. Цыт. выд.) 47 Басин Яков. Эдди Рознер — Музыка и тьма (IІІ). — Jazz-квадрат. — 1998. — #3—4. 48 Басин Яков. Эдди Рознер — Музыка и тьма (I). — Jazz-квадрат. — 1998. — #1—2. |
У выніку гэтага конкурсу, а таксама некалькіх дадатковых праслухоўваньняў Дзяржаўны сымфанічны аркестар папоўніўся выдатнымі музыкамі. У іх ліку — скрыпач Ізраіль Турш, які раней іграў у квартэце Польскага радыё, а таксама Генадзь Клачко, які пазьней на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў быў памочнікам канцэртмайстра першых скрыпак49. У гэтым складзе Сымфанічны аркестар БССР выдатна выступіў у Маскве. Па вайне аркестар фактычна зьбіралі нанава. Па сваім складзе гэты аркестар больш адрозьніваўся ад даваеннага, чым аркестар Беларускага музычнага тэхнікуму — ад віцебскага аркестру Мікалая Малька. Многія з новых аркестрантаў прыехалі з Расеі — як тады казалі, “уздымаць культуру”. Увесну 1946 году галоўным дырыжорам прызначылі Тацяну Каламійцаву — экстравагантную асобу, падобную тварам да Фэрэнца Ліста, якая зь юнацкіх гадоў не прызнавала інакшае вопраткі, апрача смокінгу і нагавіцаў. Яшчэ ў 1937—1939 гадох Каламійцава была дырыжоркаю Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру СССР. Яна не была чалавекам тутэйшым і не была зьвязаная з школай Малька; нарадзілася ў Пецярбургу, вучылася ў Адэсе, у Менск пераехала ў 1944-м разам з трупай опэрнага тэатру, што пры канцы вайны апынулася ў Каўрове Ўладзімерскай вобласьці Расеі. Спачатку яна працавала ў Опэры, потым нядоўгі час узначальвала Дзяржаўны сымфанічны аркестар. Менавіта Каламійцава — пра што цяпер звычайна маўчаць — згуртавала вакол сябе калектыў і распачала рэпэтыцыі. Неабходная колькасьць музыкаў сабралася толькі ўвосень. 21 верасьня пад кіраўніцтвам дырыжоркі адбыўся першы ў Менску паваенны сымфанічны канцэрт. Пасьля Каламійцавай галоўным дырыжорам стаў Марк Шнэйдэрман — высокаадукаваны музыка, які кіраваў аркестрам на працягу 10 гадоў. Ягоным наступнікам быў масквіч Віктар Дуброўскі. Надзвычай амбітны — першы з шэрагу энэргічных іншаземцаў, якія разглядалі наш сымфанічны аркестар як выдатную стартавую пляцоўку для далейшага кар’ернага росту. Менавіта Дуброўскі ўпершыню пазнаёміў нашую публіку з Трэцяй сымфоніяй і “Сымфанічнымі танцамі” Сяргея Рахманінава, з “Паэмай экстазу” Аляксандра Скрабіна, з “Накцюрнамі” і “Пасьляпаўдзённым адпачынкам фаўна” Клёда Дэбюсі, з “Балеро” Марыса Равэля, з “Рапсодыяй у стылі блюз” Джорджа Гершвіна і іншымі напаўзабароненымі творамі. Разам з Дуброўскім аркестар упершыню зьведаў, што такое сапраўдная папулярнасьць. З прыходам на пачатку 1960-х гадоў на пасаду галоўнага дырыжора Віталя Катаева аркестар працягваў арыентавацца на выкананьне сучаснай музыкі. Ён таксама быў першым выканаўцам многіх твораў беларускіх кампазытараў: Другой і Трэцяй сымфоніі Яўгена Глебава, Другога скрыпічнага канцэрту Зьмітра Камінскага, Фартэпіяннага канцэрту Генрыха Вагнэра. Пазьней Катаеў дырыгаваў першымі поставангардысцкімі опусамі беларускіх кампазытараў — Віктара Капыцькі, Аляксандра Ліцьвіноўскага, Аркадзя Гурава. |
49 Гэтыя зьвесткі я атрымала ад беларускай кампазытаркі Эды Тырманд, якая была непасрэднай удзельніцай апісаных тут падзеяў. Пазьней яна выйшла замуж за Ізраіля Турша. |
У музыказнаўчай літаратуры 1960—1980-я гады паўстаюць як “залатая эпоха” вялікіх расейскіх гастралёраў — Когана і Ойстраха, Рыхтэра і Гілельса, Абразцовай і Архіпавай. Для гастралёраў — расейскіх ці замежных — Менск быў ня болей як прыпынак па дарозе з Эўропы ў Маскву ці наадварот. Звычайна філярмонія наладжвала два канцэрты: адзін сольны і адзін з аркестрам. Найбольшым попытам карысталіся квіткі на сольны канцэрт. Яны распаўсюджваліся паміж працаўнікамі райкамаў, загадчыкамі гандлёвых базаў, прыдворнымі лекарамі і цырульнікамі. Прафэсары кансэрваторыі мусілі задавольвацца ўваходнымі квіткамі. Канцэрты з аркестрам лічыліся значна меней цікавымі і прэстыжнымі. Сярод менчукоў панавала думка, нібыта аркестар толькі “псуе асалоду”. У першым аддзяленьні аркестар звычайна йграў сымфонію, а публіка сумавала ці бавіла час у буфэце. Сярод моладзі было нават модна падкрэсьліваць сваё зьняважлівае стаўленьне да аркестру. Калі гастралёр мусіў іграць у першым аддзяленьні (бо сьпяшаўся на вакзал), сымфонія гучала ў пустой залі. У другім аддзяленьні, калі аркестар акампаніяваў салісту, многія слухачы сьвядома імкнуліся “адключыцца” ад аркестравага гучаньня і слухаць толькі свайго куміра. Крытыка ніколі не наважвалася пра гэта пісаць. Наадварот, яна актыўна стварала міт пра тое, што спарадычныя выступы аркестру з сусьветна славутымі салістамі былі ягоным вялізным посьпехам. Насамрэч ніякага посьпеху тут не было, бо “зоркі” выступалі з нашым аркестрам не з сваёй волі, а на зычэньне “Саюзканцэрту”. Аркестранты не хацелі выконваць некаторыя творы беларускай музыкі дзеля яе нізкай якасьці. Людміла Яфімава50 апавядала мне, як пакутаваў ейны муж Юры Яфімаў51, калі Міністэрства культуры БССР прымушала яго дырыгаваць “намэнклятурнымі” беларускімі сымфоніямі. Паводле трапных словаў Людмілы Яфімавай, “ён даў ім нядоўгае жыцьцё коштам свайго собскага жыцьця”. Аднак многія беларускія творы — у прыватнасьці, сымфоніі Зьмітра Смольскага — Яфімаву падабаліся, і ён быў іхным гарачым прапагандыстам. Музычная крытыка не рабіла розьніцы паміж гэтымі двума гатункамі беларускае музыкі. На пачатку 1980-х гадоў калектыў зрабіў якасны скачок. Менавіта за Яфімавым і пры ягоным непасрэдным удзеле распачалася гастрольная кар’ера аркестру. Яфімаў здолеў карэнным чынам палепшыць рэпутацыю нашага сымфанічнага аркестру ўва ўсесаюзным маштабе, і ў ліпені 1984 году беларускія музыкі былі запрошаныя на гастролі ў Сочы. Гэтаму папярэднічала цэлая сэрыя пасьпяховых выступаў у розных гарадох Расеі. Перад аркестрам паступова адчыняліся дзьверы найлепшых канцэртных заляў былога СССР. Зьнікаюць з памяці і імёны аркестрантаў, што працавалі зь Яфімавым, сярод якіх было нямала яскравых артыстычных індывідуальнасьцяў. Многія зь іх зьехалі на Захад. Ад былога дырэктара Беларускай філярмоніі Ўладзімера Ратабыльскага я даведалася, што цягам 1991—1997 гадоў з аркестру пайшлі прыкладна 50% музыкаў. Фактычна, традыцыя перапынілася. У гэткіх абставінах, як ніколі, ёсьць патрэба ў міце, які б вызначыў месца нашага сымфанічнага аркестру ў беларускім культурніцкім унівэрсуме. Гэткі міт можа вырасьці толькі на грунце рэальнай гісторыі. А пакуль аркестар мае праблемы з самаідэнтыфікацыяй. “Сымфанічны аркестар заўжды лічыўся адным зь перадавых расейскіх аркестраў, дзякуючы таму што шэраг выдатных майстроў спэцыяльна прыяжджалі ў Менск дзеля таго, каб дырыгаваць аркестрам…”, — чытаем мы на яго афіцыйным сайце52.
|
50 Людміла Яфімава — народная артыстка Беларусі, шматгадовая кіраўніца Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы. 51 Юры Яфімаў (1937—1991) — народны артыст Беларусі (1989), у 1966—1971 дырыжор, у 1971—1991 мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага сымфанічнага аркестру БССР. 52 www.belarustoday.com/ culture/music/s_orcestr/ |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (25) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |