A R C H E П а ч а т а к № 2 (25) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22003
» да Зьместу «

 


Туманнасьці беларускай гісторыі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


Беларусь сёньня

ВАЛЕР БУЛГАКАЎ
Вокладка ARCHE 2-2003. Туманнасьці беларускай гісторыі.
 

Валер Булгакаў
 
Новае ў лукашэнкаўскай ідэалёгіі:
Антырасійская гістэрыя
і нацыяналістычны папулізм


Неўзабаве па мясцовых выбарах Лукашэнка чытаў прамову па ідэалёгіі беларускай дзяржавы. Яна зьмяшчае набор тэзысаў, якія дазваляюць па-новаму зірнуць на прынцыпы ажыцьцяўленьня культурнай, інфармацыйнай, адукацыйнай і іншай палітыкі ў краіне.

Палітычны момант, на які прыпала Лукашэнкава прамова, схіляе да думкі, што рэжым цяпер або імкнецца мабілізаваць дзяржаўны апарат напярэдадні важных палітычных падзеяў (напрыклад, рэфэрэндуму, на які мае быць вынесенае пытаньне аб падаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі), або проста стабілізаваць сыстэму дзяржаўнай улады ў краіне. У кулюарах дзейкаюць, што правядзеньне гэткага рэфэрэндуму — справа ўжо вырашаная, і называюць нават яго прыблізную дату — сёлетні лістапад.

Для той канструкцыі дзяржаўнай улады, якая існуе цяпер у краіне, калі прэзыдэнт фактычна зьяўляецца рэччу ў сабе і ў юрыдычным сэнсе не належыць да выканаўчай або заканадаўчай улады, для павелічэньня аб’ёму яго ўладных паўнамоцтваў або іх падаўжэньня надзвычай пажадана рэгулярна заручацца народнай падтрымкай. Тым самым фармальна выконваецца дэмакратычная працэдура: народ як адзіная крыніца ўлады надзяляе шырокімі паўнамоцтвамі яе найвышэйшага прадстаўніка. Пры ўсёй палітычнай прывабнасьці і нават мэтазгоднасьці гэткага мерапрыемства з пункту гледжаньня лукашэнкаўскай адміністрацыі існуюць чыньнікі, якія рэзка зьніжаюць імавернасьць яго ажыцьцяўленьня ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Гэтая акцыя можа па часе супасьці з палітычным торгам вакол усенароднага прыняцьця “канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі”, і неўнясеньне ў выбарчыя бюлетэні пытаньня аб гэтым акце можа быць балюча ўспрынята ўсходнімі партнэрамі Лукашэнкі. Шанцаў жа, што сёлета гэткі акт будзе прыняты на ўсеагульным галасаваньні, бадай няма.

Магчыма, праблемай для лукашэнкаўцаў будзе недапушчэньне злоўжываньня палітычнай ляяльнасьцю масаў, г. зн. можа быць вырашана, што гнаць выбарца двойчы на год да выбарчых урнаў таксама палітычна немэтазгодна. Акрамя таго, вельмі прывабна выглядае пэрспэктыва сумяшчэньня з рэфэрэндумам парлямэнцкіх выбараў 2004 году — камбінацыя, выпрабаваная ў 1995 і 1996 гадах.

Таму мы схіляемся да думкі, што стратэгічная мэта рэжыму палягае не ў мабілізацыі дзяржапарату (прамова была прачытаная “на стала дзейным сэмінары кіраўнічых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў”) перад абліччам новых палітычных узрушэньняў, а хутчэй у стабілізацыі палітычнай сыстэмы Беларусі (толькі такая стабільнасьць забясьпечыць бясконца працяглыя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы “няўрымсьлівага Аляксандра”).
 

(нар. 1974 г. у Менску) — публіцыст. Апошняя публікацыя ў часопісе — артыкул “Пра клясычныя і неклясычныя нацыяналізмы” («ARCHE»-Андрэй Хадановіч).
   

Прынамсі ў Менску мясцовыя выбары паказалі, што Лукашэнка не дапускае канкурэнцыі кланаў у сваім атачаэньні. Калі ў 2000 годзе падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў кланавыя лідэры маглі пасьпяхова лабіраваць сваіх кандыдатаў у дэпутаты (напрыклад, паводле вартай даверу інфармацыі, Уладзімер Навасяд здабыў дэпутацкі мандат дзякуючы пратэкцыі Ўладзімера Канаплёва, аднаго зь лідэраў т. зв. магілёўскага клану; нагадаем, што з Магілёва паходзіць і сам Навасяд), то сёлета на мясцовых выбарах кандыдатамі ад “партыі ўлады” былі бадай выключна беспартыйныя пэдагогі, дактары і прадстаўнікі такіх прафэсіяў, якія традыцыйна ня схільныя або нават няздольныя да адстойваньня сваіх карпаратыўных інтарэсаў перад палітычным кіраўніцтвам краіны. Інакш кажучы, палітычная стабілізацыя атаясамліваецца Лукашэнкам з уніканьнем канкурэнцыі паміж кланамі ў сваім найбліжэйшым атачэньні, зьніжэньнем іх лабісцкага патэнцыялу і здольнасьці да вядзеньня самастойнай палітычнай гульні.

У тэксьце прамовы гэтая стратэгія палітычнай стабілізацыі набывае выразнае ідэйнае гучаньне. Падымаючы дзясяткі розных пытаньняў, Лукашэнка пастаянна гаворыць пра сваю асноўную амбіцыю, свайго роду вянок сваёй палітычнай кар’еры: ён хоча быць ня проста выбраным на пару ці хай сабе на дзесяць тэрмінаў прэзыдэнтам. Яму рупіць разглядаць сваё прэзыдэнцтва ўсяго толькі як спосаб закласьці доўгатрывалыя палітычныя традыцыі, якія перажывуць яго палітычны або фізычны канец. А каб увекавечыць сваё імя на стагодзьдзі, трэба даць неперасягальныя ўзоры рэальнай палітыкі і палітычнага мысьленьня.

Калі рэальная палітыка ў дусе Лукашэнкі давяла сваю адносную эфэктыўнасьць, то каэфіцыент карыснага дзеяньня яго палітычнага мысьленьня ўсё яшчэ застаецца пад пытаньнем. Відаць, каб разьвеяць у дзяржаўнага апарату апошнія сумневы ў сваёй тэарэтычнай кампэтэнтнасьці, Лукашэнка і прачытаў гэтую прамову.

У ёй Лукашэнка дыягнастуе слабасьць і бездапаможнасьць афіцыйнай ідэалёгіі і афіцыйных ідэолягаў ня толькі зь дзяржапарату, але й з адукацыйнай сфэры, шаблённасьць і прадказальнасьць іх дзейнасьці. Цытуючы Янку Купалу і беларускую Канстытуцыю, Лукашэнка патрабуе, каб былі выпрацаваныя аўтэнтычна беларускія ідэалягічныя формулы, “народжаныя і выпакутаваныя нашым народам”, не прымаючы як тых, хто заклікае, паводле ягоных слоў, “давайце зробім як на Захадзе”, так і тых, хто хацеў бы “вярнуцца да савецкай практыкі”. Шукаючы “ідэалягічныя асновы сувэрэннай незалежнай дзяржавы”, ён робіць экскурс у гісторыю, да Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі і, нарэшце, да БССР, ад якой, па словах Лукашэнкі, і пачынаецца традыцыя нашай дзяржаўнасьці. Ён доўга і падрабязна крытыкуе беларускі нацыяналізм і беларускіх нацыяналістаў за тое, што яны праводзілі падзелы ў грамадзтве паводле нацыянальнай і моўнай прыкметы, каб пасьля перайсьці да маштабу ўсяго сьвету й разгледзець тры глябальныя ідэалёгіі — марксізм, кансэрватызм і лібэралізм (марксізм і кансэрватызм у ягоным разуменьні досыць блізкія беларускай душы, а лібэралізм — бясконца далёкі). Нацыяналізм як асобную ідэалёгію Лукашэнка не вылучае, відаць, з той прычыны, што да канца ня вызначыўся наконт ступені яго блізіні да беларускай душы.
 

 
   

Як падлічылі журналісты, слова “Захад” у ягонай прамове сустракаецца часьцей, чым слова “Расія”. На новай лукашэнкаўскай візіі Расіі варта спыніцца. Расія, на яго думку, перастае быць культурным і духоўным узорам, а таксама прыкладам у тэхналягічным і эканамічным пляне. Вінаватай у гэтым прызнаецца эканамічная трансфармацыя краіны апошняга дзясятка гадоў, калі зьявіліся сыравінавыя алігархі і несправядліва выкарысталі нацыянальныя расійскія багацьці. Лукашэнка мае рахункі і да сёньняшніх расійскіх палітычных элітаў, якія абвінавачваюцца ў палітычна разбуральнай дзейнасьці. Рэзкая ацэнка даецца Расіі і ў сувязі зь яе падрыўной інфармацыйнай актыўнасьцю, якая перашкаджае дасягненьню палітычнай стабільнасьці ў краіне.

Нацыяналізму адраджэнцаў першай паловы 90-х гадоў XX стагодзьдзя Лукашэнка супрацьстаўляе ўласны нацыяналізм. Па сутнасьці, Лукашэнкаў нацыяналізм мала адрозьніваецца ад гэтага “адраджэнскага” нацыяналізму — ён грунтуецца на ўсьведамленьні нацыянальнай выключнасьці (у трактоўцы Лукашэнкі Беларусь паўстае адзінай краінай ува ўсходняй Эўропе, якая “адкрыта прапаведуе вернасьць нашым традыцыйным цывілізацыйным вартасьцям”), сьцьвярджае “свой асаблівы шлях” (само гэтае паняцьце — абавязковы атрыбут усходнеславянскіх нацыяналізмаў), настойвае на дэманізацыі “чужых” у нацыянальнай карціне сьвету (пасьля Захаду гэтым “чужым” няўхільна стаецца Расія), ганарыцца нацыянальнай культурнай спадчынай (“...беларускае грамадзтва павінна разьвівацца… у рамках уласнай культурнай традыцыі”), процістаўляе залежную дзяржаўнасьць савецкага часу “незалежнай дзяржаўнасьці” сёньняшніх дзён і г.д.

У Лукашэнкавай прамове шмат палітычнага славаблудзтва, якое надае ёй цімала эклектычнасьці і адцяняе гэты нацыяналістычны патас. Да таго ж яна вельмі неаднародная стылёва й структурна: частку, нашпіганаваную сухімі навуковымі фармулёўкамі, відаць, пісаў нехта накшталт акадэміка Яўгена Бабосава, у разьдзеле пра СМІ адчуваецца рука рэдактара Паўла Якубовіча, а ў фармулёўках пра Беларусь як духоўную лідэрку ўсходнеэўрапейскай цывілізацыі ўгадваецца стыль Эдуарда Скобелева. Пэўную яе частку складаюць спантанныя выказваньні самога Лукашэнкі, якія руйнуюць выгадны як уладам, так і апазыцыі стэрэатып пра яго як пра “ваабшчэ ненармальнага калгасьніка”. Лукашэнка, па ўласным прызнаньні, глядзіць «CNN», «Euronews» і «BBC», чытае “Рухнаму” Сапармурата Туркмэнбашы Ніязава ў перакладзе на беларускую мову, слухае скандальную расійскую поп-групу «Тату», называе расійскага пісьменьніка Міхаіла Булгакава клясыкам і высока ацэньвае ваяцкія здольнасьці чачэнскіх сэпаратыстаў.
 

 
   

Сам факт рэвізіі дзяржаўнай ідэалёгіі недвухсэнсоўна паказвае, што нарэшце на самым палітычным версе зразумелі, што толькі заснаваная на эгалітарысцкіх лёзунгах ідэалёгія сацыяльнага папулізму, пад сьцягам якой Лукашэнка прамаршаваў першую пяцігодку сваёй прэзыдэнтуры, ніяк ня можа служыць асновай для кансалідацыі ўсяго грамадзтва. Але на зьмену сацыяльнаму папулізму рэжымам прапаноўваецца ідэалёгія, жыцьцяздольнасьць якой будзіць ня меншыя пытаньні, — яе можна вызначыць як нацыяналістычны папулізм або папулісцкі нацыяналізм. Яна будуецца сваімі канструктарамі з крутой сумесі асобных элемэнтаў клясычнай нацыяналістычнай дактрыны, каляніяльных культурных комплексаў і традыцыйных вартасьцяў дамадэрнага грамадзтва. Колькі яшчэ часу ў галовах вышэйшых урадоўцаў зможа мірна суіснаваць нацыяналістычны міт пра гістарычную абранасьць беларускай нацыі з публічнымі кпінамі зь беларускай мовы, сказаць цяпер ня ў стане ніхто. Але няма сумневу, што й гэтую пачварную мяшанку раней ці пазьней чакае перагляд.

Пакуль жа пад гэты шумок працягваецца выцісканьне зь беларускай інфармацыйнай прасторы расійскіх электронных СМІ, распрацоўваюцца праекты новай адукацыйнай палітыкі і стварэньня новай ідэалягічнай вэртыкалі.

Ня трэба ўводзіць сябе ў зман: асучасьніваньне дзяржаўнай ідэалёгіі, курс на палітычную стабілізацыю не нясе нічога добрага грамадзтву. Гэта выразны знак, што пакуль Лукашэнка ні з кім не зьбіраецца дзяліцца сваёй уладай, не зьбіраецца і перадаваць яе свайму дэмакратычна абранаму пераемніку. Закуты ў браню проста каралеўскіх паўнамоцтваў, беларускі аўтакрат здаецца непераможным. Да наступнага крызысу падноўленай ідэалёгіі?

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (25) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/04/29