A R C H E | П а ч а т а к | № 2 (25) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
УЛАДЗІСЛАЎ ГАРБАЦКІ | |||||
|
Уладзіслаў Гарбацкі
|
— палітоляг, выпускнік Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Жыве ў Менску. Апошняя публікацыя ў часопісе — артыкул “Развагі аб гейскім пытаньні” (“ARCHE”-Андрэй Хадановіч). |
Геі абраныя мэрамі Парыжу і Бэрліна. На ТБ створаныя праграмы для гейнай і лесьбійскай публікі. Карацей, пачаўся працэс прызвычайваньня да гомасэксуальнасьці. Безумоўна, яшчэ далёка да поўнай і абсалютнай нармалізацыі, бо паралельна зь лібэралізацыяй нораваў паўстала праблема гамафобіі. Тым ня менш, назіраюцца гіганцкія зьмены ў галіне роўнасьці сэксуальнасьцяў. Калі ў XIX—XX стагодзьдзях чалавецтва турбавала гэтак званае “жаночае пытаньне”, роўнасьць паміж жанчынамі й мужчынамі, XXІ стагодзьдзе ператвараецца ў арэну змаганьня за роўнасьць сэксуальнасьцяў. Наша краіна пакуль не паказвае прыкметаў разбурэньня стэрэатыпаў і мітаў вакол гомасэксуальнасьці. Мэра-гея ці мэркі-лесьбіянкі пакуль няма ні ў Менску, ні, пагатоў, у Віцебску. Пакуль не відаць вясёлкавага сьцяга на гарадзкіх ратушах. Пакуль аніводны беларускі сьвятар не прызнаўся ўва ўласнай гомасэксуальнасьці. Таму нам яшчэ далёка да бурлівых зьменаў на шляху да нармалізацыі ці баналізацыі гомасэксуальнасьці. Наадварот, як афіцыйны дыскурс, так і пабытовы (размовы на вуліцах, на кухні) насычаныя дзікунскімі стэрэатыпамі што да гомасэксуальнасьці. Іх нагэтулькі шмат, што апісаць і клясыфікаваць усе не выпадае. Паспрабуем, тым ня менш, зьвярнуць увагу на асноўныя. 1. Міт аб прымітыўнай сэксуальнасьці геяў і лесьбіянак У беларускай мове гэты міт абслугоўвае своеасаблівы вобразны шэраг. Бальшыня маіх суразмоўнікаў зь Беларусі, зь якімі мне давялося размаўляць аб гейным пытаньні, лічаць, што мэта гомасэксуальнай асобы палягае ў “пошуку сракі” і/ці “пошуку чэлеса”. Адна кабета наагул заўважыла: “Барані божа выбраць у дэпутаты гомасэксуаліста, ён будзе толькі выглядаць прыгожых мужчынаў. Ён ня будзе думаць пра бюджэт, а толькі пра сраку”. Памылкова лічыцца, што гомасэксуальнасьць падобная да жывёльнай сэксуальнасьці: хуткая, без пачуцьцяў, будуецца хіба толькі на часовым фізычным жаданьні. Ідэя рамантычнага гомасэксуальнага каханьня цалкам ігнаруецца. Пэўныя пісьменьнікі малююць гомасэксуальнасьць выключна ў чорных фарбах. Іх творы навязваюць панятак “чорнай”, “вульгарнай” альбо “брутальнай” гомасэксуальнасьці. У Францыі гэтую плынь прадстаўляе Жан Жэнэ, у сучаснай Расеі — Яраслаў Магуцін. Безумоўна, гомасэксуальнасьць турмаў, прыбіральняў і спэцыяльных бараў мае месца, але ж застаецца адным з шматлікіх вобразаў сэксуальнасьці гэтак званай сэксуальнай меншыні. Апошнім часам дасьледнікі гомасэксуальнасьці сьцьвярджаюць, што лад жыцьця велізарнай часткі геяў і лесьбіянак ня надта адрозьніваецца ад гетэрасэксуальнага: геі ці лесьбіянкі ствараюць пары, жывуць разам, дораць адзін аднаму/адна адной кветкі. І зусім не “шукаюць сракі”, калі зьвярнуцца да ўжытага выразу. |
2. Гомасэксуальнасьць/садамія У традыцыйным уяўленьні бальшыні гомасэксуальнасьць аўтаматычна асацыюецца з садаміяй — сэксуальнай практыкай анальнай пэнэтрацыі. Насамрэч садамія займае далёка ня першае месца сярод сэксуальных практыкаў. Напрыклад, у Францыі толькі 36 % геяў рэгулярна практыкуюць садамію. Астатнія задавальняюцца лашчаньнямі, фэляцыяй, узаемнай мастурбацыяй ці г.зв. “сьцёгнавым сэксам”. У асноўным садамія зьяўляецца сэксуальнай практыкай паміж пастаяннымі партнэрамі. Трэба сказаць, гетэрасэксуальныя асобы таксама досыць часта практыкуюць анальную пэнэтрацыю. 3. Гомасэксуальнасьць/пэдафілія Міт пра тое, што “гальлівы гомасэксуаліст” шукае маладога хлапчука, таксама разьбіваецца дзякуючы дасьледаваньням псыхолягаў і крыміналістаў. Расейскі дасьледнік Ігар Кон адкідае наяўнасьць якой-кольвек сувязі між гомасэксуальнасьцю і пэдафіліяй. Згодна з дасьледаваньнямі Кона, абсалютная бальшыня пэдафілаў і пэдафілак — гетэрасэксуальныя асобы, якія адчуваюць сэксуальную цягу да дзяцей, непаўналетніх асобаў. 4. Гомасэксуальнасьць/Маньяцтва Не навіна, што патэнцыйна ўсе гомасэксуалісты абвінавачваюцца ў вычварэньнях і памкненьні да гвалту. Амаль усе гучныя справы маньякаў, гвалтаўнікоў спараджаюць розгалас, пры гэтым амаль заўжды абмяркоўваецца гомасэксуальны матыў. Зноўку ж І. Кон, расейскі дасьледнік сэксуальнасьцяў, у артыкуле “Каго ж трэба баяцца ў цёмным пад’езьдзе?” на базе мэдычных дасьледаваньняў, праведзеных сярод арыштаваных гвалтаўнікоў, сьцьвярджае, што абсалютная бальшыня зь іх — гетэрасэксуалы. 5. Гомасэксуальнасьць/празэлітызм Часта ствараецца вобраз гомасэксуаліста-місіянэра, які прапагандуе гомасэксуальны лад жыцьця, актыўна, часам нават змусам, супраць жаданьня асобы/асобаў, навязвае сябе ў партнэры. Досыць часта гэты стэрэатып трывала сядзіць у розумах нашых грамадзянаў. Абвінавачаньні геяў, і у меншай ступені, лесьбіянак у распаўсюджваньні каханьня і, галоўнае, сэксу з асобамі аднолькавага полу, у стварэньні суполак, клюбаў па інтарэсах, у выпрацоўцы вытанчаных мэханізмаў, каб загітаваць новых маладых і прыгожых асобаў на гомасэксуальны шлях, застаюцца пашыранымі і ўспрымаюцца вельмі сур’ёзна як на Захадзе, гэтак і на Ўсходзе. У Францыі дэпутатка Крысьцін Бутэн лічыць, што легалізацыя гомасэксуальнасьці будзе азначаць легалізацыю празэлітызму. На Ўсходзе, у некаторых мусульманскіх краінах, адбываюцца суды, дзе гомасэксуалістаў абвінавачваюць акурат у папулярызацыі гомасэксуальнага ладу жыцьця. |
6. Гомасэксуальнасьць/жаноцкасьць Карыкатурны вобраз гомасэксуаліста — фэмінізаваны мужчына. У XXI стагодзьдзі ў Беларусі ўсё яшчэ думаецца, што гомасэксуаліст — штучная жанчына. Што ён фарбуе вусны, вочы, носіць панчохі, жаноцкую бялізну. Што да сэксуальнасьці, дык тут няма сумневу, нібы гомасэксуаліст паводзіць сябе як жанчына. Як бачым, гэты стэрэатып моцна зьвязаны з паняткам сэксуальнага дэмакратызму наагул. Факт наяўнасьці двух полаў праектуе абмежаванае разуменьне сэксуальнасьцяў. Існуе стэрэатып, што роля мужчыны павінна быць актыўнаю, а жанчыны — пасіўнаю. Насамрэч усё куды складаней і інакш. Тым ня менш, гэтая “аксіёма” стварыла вобраз фэмінізаванага гомасэксуаліста. 7. Гей-бацькоўства “шкоднае” дзецям Зразумела, гей-бацькоўства ў Беларусі — панятак пакуль выключна віртуальны. Марыянэтачны парлямэнт не дэбатуе на гэтую тэму. Аднак гледачы ТБ і нават, у прыватнасьці, БТ даведваюцца пра падобную рэвалюцыю на Захадзе. Два гады таму, калі Францыя прыняла закон аб квазі-шлюбах для геяў і лесьбіянак, бальшыня маіх беларускіх знаёмых перажыла фрустрацыю. У адзін голас яны закрычалі: “Бедныя дзеткі!” У заходніх краінах крытыкі гей-бацькоўства таксама спасылаюцца на неабходнасьць “абароны дзяцей”. Хрысьціянскія цэрквы змагаюцца супраць гей-бацькоўства, “шкоднага” для дзяцей. Але ж ці “перадаецца” гомасэксуальнасьць сацыяльным шляхам? Амэрыканскія псыхолягі лічаць, што ў бальшыні дасьледаваных гомасэксуальных параў дзеці разьвіваюцца як гетэрасэксуальныя асобы. Зрэшты, той факт, што абсалютная бальшыня сучасных геяў і лесьбіянак гадаваліся ў гетэрасэксуальных сем’ях, сьведчыць на карысьць тэзы пра мінімальны ўплыў бацькоў на сэксуальную арыентацыю дзяцей. 8. Гомасэксуальнасьць/алькагалізм, наркаманія У адной вёсцы бабулька заявіла мне, што “храны” калі на рагах, дык сьпяць разам. Гомасэксуальнасьць, на яе думку, вынікае з алькагалізму: “П’яніцы сьпяць абы-дзе і абы з кім, от і робяць усякія дурасьці”. Таксама можна чуць, што наркаманія вядзе да гомасэксуальнасьці. 9. Гомасэксуальнасьць/СНІД Але ж у Беларусі 80 % хворых — не гомасэксуальныя асобы, а наркаманы — сучасныя альбо ў мінулым. Пры гэтым Міжнародная арганізацыя здароўя ў справаздачы за 2001 г. адзначыла, што апошнім часам назіраецца павелічэньне росту захворваньня сярод гетэрасэксуалаў. Навука сапраўды амаль нічога дакладна ня ведае пра паходжаньне СНІДу, таму абвінавачаньне кшталту “Гэта празь іх (гомасэксуалістаў) на сьвет зьявіўся СНІД!” выглядае гістэрычным і крывадушным. |
Гей-змаганьне і досьвед беларускага нацыянальнага руху Гамафобія — не адзіная ў сваім родзе фобія. Гэтак, у краіне нярэдка здараюцца выпадкі беларусафобіі. Гэтыя фобіі іншы раз накладаюцца. Напрыклад, можна ненавідзець “калгасную” беларускую мову й пры гэтым марыць аб вынішчэньні ўсіх “блакітных вычварэнцаў”. Але ж традыцыйна ў нашай краіне сутыкаешся значна часьцей зь беларусафобным дыскурсам, чым гамафобным. І ў гэтым першае адрозьненьне паміж двума гэтымі фэномэнамі: колькасна значная афішаваная прысутнасьць беларускамоўных у грамадзтве дэтэрмінуе іх вышэйшы статус з пункту гледжаньня артыкуляваньня праблемаў гэнай групы. Адмоўная рэакцыя на выкарыстаньне беларускай мовы трансьлюецца часьцей, чым адмоўная рэакцыя на гомасэксуальнасьць вось зь якой прычыны. Геі й лесьбіянкі пастаянна прысутнічаюць у грамадзтве, аднак ступень іх маргіналізацыі нагэтулькі высокая, што адкрыта праявіць сябе яны ня могуць. Калі беларусафобія — адкрытая фобія і ейныя праявы рэгіструюцца, дык гамафобія найчасьцей мае завэлюмаваную форму. Рэч у тым, што большасьць гомасэксуальных асобаў у Беларусі вымушаныя хаваць вонкавыя праявы сваёй тоеснасьці, дэманструючы афіцыйна атрыбуты “гетэрасэксуальнай нармальнасьці”, то бок вызначаную біялягічную прыналежнасьць (“мужчына”/“жанчына”). Другое разыходжаньне паміж гамафобіяй і беларусафобіяй заключаецца ў асымэтрычным разьмеркаваньні “сілаў падтрымкі”, абароны ці проста прыхільнікаў гей-культуры й беларускай культуры адпаведна. Не зважаючы на маштабнасьць, беларусафобія сутыкаецца з штодзённым супрацьстаяньнем з боку пэўных партыяў, рухаў, асобаў, якія змагаюцца супраць ейных праяваў і наступстваў. Беларусафобіі супрацьстаіць, урэшце, сама дзяржава, створаная беларусамі і ў якой беларуская мова мае афіцыйны статус. Гэткім чынам, беларусафобія ў пэўнай ступені абмежаваная ў распаўсюджваньні ў грамадзтве. Гамафобія ж — паняцьце бязьмежнае, абстрактнае, бо ня мае юрыдычнай фармулёўкі. Пры гэтым ніводная партыя, ніводны палітык, ніводная палітыкеса не абараняюць правоў мясцовых геяў і лесьбіянак. Чаго няма на паперы — як бы няма й на яве. Менавіта праз гэтую “адсутнасьць”, “неіснаваньне” ў публічнай сфэры пытаньне гомасэксуальнасьці стыгматызуецца й асацыюецца ў бальшыні насельніцтва з хваробай, паталёгіяй. Таму на адну дошку ў нас ставяць гомасэксуальнасьць і пэдафілію, гомасэксуальнасьць і алькагалізм. Гамафобія і беларусафобія маюць розную дынаміку разьвіцьця, але іх яднае эфэкт маргінальнасьці. Стыгматызацыя не вядзе аўтаматычна да разуменьня аднымі загнанасьці іншых. Наадварот, мы маем справу з парадаксальнай сытуацыяй, калі прадстаўнікі адной маргіналізаванай групы не разумеюць, не адчуваюць праблемаў прадстаўнікоў іншае маргіналізаванае групы. Яшчэ Жан-Поль Сартр заўважыў парадокс у нежаданьні аднымі маргіналамі “адчуць” іншыя формы маргіналізацыі. У дадатак, часьцяком маргінал можа ператварыцца ў “аб’ект саманянавісьці”: напрыклад, габрэй-антысэміт, гомасэксуаліст-гамафоб альбо жанчына, якая ненавідзіць жанчынаў. Дыд’е Эрыбон, філёзаф і абаронца гейнай справы, у кнізе “Развагі аб гейным пытаньні” апісвае геяў і лесьбіянак, якія самі зьяўляюцца гамафобамі. Сымона дэ Бавуар, з свайго боку, у творы “Другі пол” цудоўна апісала адсутнасьць усялякай салідарнасьці паміж жанчынамі, асабліва багатымі і беднымі. У Беларусі можна быць беларусам і беларусафобам, беларускамоўным і гамафобам, геем — што ўжо зьяўляецца стыгматай у нашым грамадзтве — і антысэмітам. На жаль, факт маргіналізаванасьці не заўжды робіць маргінала больш гуманным і адкрытым для зразуменьня маргіналізацыі іншых. |
Каб ня быць галаслоўнымі, узгадаем некаторыя беларускія прыклады “падвойнай маргіналізаванасьці”. Гэтак, напрыклад, улетку 2001 году Зянон Пазьняк адзначыў, што Захад зусім не цікавіцца беларускай культурай і дасылае ў Менск адкіды сваёй цывілізацыі — прафэсараў фэміністак і гомасэксуалістаў (!) 1. Другі прыклад — заява моладзевага форуму, які не дазволіў асацыяцыі геяў і лесьбіянак “Лямбда” ўдзельнічаць у акцыі. Зрэшты, мясцовыя геі таксама хварэюць на аднабаковасьць, ці “двайную маргіналізаванасьць”. Як заўважае ў сваіх інтэрвію Эдвард Тарлецкі, “шмат чытачоў часопісу “Forum-Lambda” не задаволеныя беларускаю мовай пэўных артыкулаў і аддаюць перавагу расейскамоўнаму кантакту”. Аналізуючы прынцыповае непаразуменьне паміж беларускамоўнымі й гомасэксуальнымі асобамі, прыходзіш да высновы, што людзі — вельмі рацыянальныя істоты, якія не жадаюць уваходзіць у дэталі праблемаў іншых, тым больш калі размова ідзе аб маргіналізаваных групах. Чужыя стыгматы палохаюць. Беларускамоўныя не жадаюць разумець, у чым сутнасьць праблемаў “сэксуальнай меншыні”, у сваю чаргу, геі й лесьбіянкі ў пэўных сытуацыях гідзяцца чытаць і чуць беларускую мову — маргіналізаваную гетэрасэксуальнай бальшынёй іхнага атачэньня. Нягледзячы на цяперашні, здавалася б, безнадзейны стан гейнага руху ў Беларусі, у будучыні ён мог бы займець магутнага хаўрусьніка ў барацьбе за свае правы. На Захадзе адстойваньне прынцыпаў сацыяльнай, нацыянальнай і полавай роўнасьці знаходзіцца ў цэнтры ўвагі партый левага кірунку. Артыкуляваньне інтарэсаў меншасных нацыянальных супольнасьцяў, менш прывілеяваных сацыяльных групаў і адначасна іншых меншасьцяў, у тым ліку геяў, як гэта робяць левыя на Захадзе, можа прывесьці да пэўных палітычных перамог. Тут трэба адзначыць асаблівую ролю сацыял-дэмакратаў, што традыцыйна лічацца першымі абаронцамі геяў і лесьбіянак. У Беларусі сацыял-дэмакраты покуль кволыя, каб пакласьці ў кошык уласных праблемаў турботы гэтак званай “сэксуальнай меншыні”. Таму партыі маўчаць і ня робяць захадаў для падтрымкі мясцовых гомасэксуалістаў, хаця, магчыма, і “спачуваюць” з нагоды дыскрымінацыі актывістаў гей-руху краіны. Якім шляхам яшчэ можна палепшыць лёс сэксуальнай меншыні? Толькі праз улучэньне іх патрабаваньняў, пакуль сацыяльна-культурных, у праграмы іншых рухаў і партый — больш пасьпяховых у палітыцы. Гэта — першы крок да самасьцьверджаньня ў публічнай сфэры. У нас пакуль размова ідзе толькі пра сацыяльна-культурныя патрабаваньні (прызнаньне, недыскрымінацыя, рэабілітацыя), тады як у краінах Заходняй Эўропы геі й лесьбіянкі патрабуюць пашырэньня палітычна-эканамічных, а таксама рэлігійных правоў. |
1 http://tbm.org.by/bel/ manitoring.html/ “жнівень 2001” |
Але ж зусім неабавязкова глядзець увесь час на Захад. Дзеля легітымізацыі й пасьпяховай заваёвы публічнай сфэры гей-рух можа карыстацца досьведам беларускага нацыянальнага руху. Гэты рух выпрацаваў салідную тэарэтычную, а таксама практычную базу для легітымізацыі беларускай культуры. Безьліч пісьменьнікаў і пісьменьніц стварылі тэксты, якія сёньня замінаюць афіцыйным беларусафобным асобам ануляваць беларускую культуру наагул. Немагчыма сьцерці з памяці энтузіястаў беларускай культуры, хай нават для кагосьці яны існуюць толькі ў назвах вуліцаў, плошчаў ці станцыяў мэтро. Зразумела, беларускі гомасэксуальны рух ня мае гэткай маштабнасьці. Эдвард Тарлецкі — адзіны энтузіяст мясцовага гей-руху, дый тое ён вядомы амаль выключна ў Менску. Бальшыня нашых гуманітарных інтэлектуалаў у асноўным прадукуюць гетэрасэксуальныя каштоўнасьці. Маленькі твор Адама Глёбуса “Гомік”, безумоўна, ня робіць рэвалюцыі. Наагул, тэма гомасэксуальнасьці амаль адсутнічае ў беларускай літаратуры; нават калі й узгадваецца, дык усё з чорным адценьнем (прыклад — тое ж апавяданьне “Гомік” Глёбуса альбо “Ваўчыная яма” Васіля Быкава, дзе паміж іншым згадваецца тэма фізычнага гвалту ў войску). Вось і тупік: адсутнічае тэма гомасэксуальнасьці ў нашай літаратуры, мастацтве. Як кажа адзін мой знаёмы: “Пачакай, пакуль не да гомасэксуальнасьці. Трэба сьпярша з мовай разабрацца!” Быццам змаганьне за правы геяў і лесьбіянак аўтаматычна выключае барацьбу на беларускамоўным фронце. Здаецца, усё можна рабіць блёкава, тым больш што гомасэксуалісты складаюць немалую частку нашага грамадзтва. Хай літаратура маўчыць пра гэта, хай публічныя асобы сьцьвярджаюць, што “гомасэксуальнасьць не ўласьцівая беларусам”, гамафобія якраз сьведчыць пра адваротную тэндэнцыю.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 2 (25) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
дызайн: mk
майстраваньне: Маkса Плакса |