A R C H E П а ч а т а к № 2 (25) – 2003
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


22003
» да Зьместу «

 


Туманнасьці беларускай гісторыі
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


архіў

АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ
Вокладка ARCHE 2-2003. Туманнасьці беларускай гісторыі.
 

Анатоль Сідарэвіч

Правобраз Акту 25 Сакавіка

Цяпер, здаецца, і менскія міліцыянты ведаюць, што адбылося 25 Сакавіка 1918 году. Нават афіцыйныя часопісы спрабуюць давесьці ўладам пераемнасьць паміж Актам 25 Сакавіка і Дэклярацыяй аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі 27 ліпеня 1990 г., якая набыла канстытуцыйную моц 25 жніўня 1991 году1. Бо як была выведзеная Беларусь 25 Сакавіка 1918 году са складу Расеі, так ужо ніколі й не вярнулася. Калі бальшавікі ў сьнежні селі ў Менску, Урад БНР знаходзіўся ў Вільні, потым у Горадні. БССР і Літбел не лічыліся складовымі часткамі Расеі, а паралельна ім працягваў дзейнасьць Урад БНР. Ён працягваў працаваць і тады, калі Літбел фактычна перастала існаваць. У канцы 1919 году БНР атрымала ажно два ўрады, але абодва яны не цураліся Акту 25 Сакавіка. Нарэшце 31 ліпеня 1920 году, калі ўрад Вацлава Ластоўскага апынуўся за мяжою, а Найвышэйшая Рада БНР практычна распалася, была абнародаваная Дэклярацыя аб абвяшчэньні незалежнасьці Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі Беларусі. Гэтую рэспубліку прызнала Нямеччына, а яе паўнамоцным прадстаўніком (і прадстаўніком РСФСР) у Бэрліне стаўся бальшавіцкі дзяяч Мікалай Красьцінскі (у 1938 годзе яго асудзяць на расстрэл разам зь Мікалаем Бухарыным і былым першым сакратаром ЦК КП(б)Б Васілём Шаранговічам). Паўпрэд ССРБ зьмяніў у Бэрліне дыпляматычную місію БНР.

Летась пасьля скандальнае прапановы прэзыдэнта Расеі Лукашэнка на ўвесь сьвет заявіў, што нават Сталін не дадумаўся да такога — уключыць Беларусь у склад Расеі. І Сталін, і нават Ленін дадумваліся да такога, але Акт 25 Сакавіка, імкненьне народу хоць да якое-небудзь самастойнасьці Беларусі і міжнародныя абставіны не давалі бальшавікам вярнуць Беларусь у Расею. Пакінем заяву Лукашэнкі на сумленьні тае школы, у якой ён атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі, і Магілёўскага пэдінстытуту, дзе ён атрымаў дыплём настаўніка гісторыі.

Сталася гэтак, што, засяродзіўшыся на гісторыі Ўсебеларускага зьезду ды дзейнасьці абранае ім Рады і яе Выканаўчага камітэту, мы неяк забываем пра тую частку Беларусі, што да 18 лютага 1918 году была аддзеленая ад рэшты беларускіх земляў лініяй фронту (“раён старое акупацыі”; ува Ўсевалада Ігнатоўскага сустракаецца назоў “1-я акупацыя”2). Там таксама адбываліся немалаважныя падзеі. Там распрацоўваліся канцэпцыі дзяржаўнага быту Беларусі (Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага, Злучаныя Штаты ад Балтыйскага да Чорнага мора, Незалежная і Непадзельная Беларусь). Там дзейнічаў нелегальны Беларускі Народны Камітэт (БНК), там у верасьні 1917 году адбылася канфэрэнцыя БНК, Беларускае сацыял-дэмакратычнае работніцкае групы (БСДРГ) і Віленскага камітэту Беларускае сацыялістычнае Грамады (БСГ). Зь верасьня 1917 году пачалася падрыхтоўка Беларускае канфэрэнцыі, якая прайшла 25—27 студзеня ў Вільні й абрала Віленскую Беларускую Раду (ВБР).

(нар. 1948) — філёзаф, літаратуразнаўца. Сталы аўтар «ARCHE». Апошняя публікацыя ў часопісе — артыкул “Вечна жывы Купала” (ARCHE, №3´02).











1 Гл.: Юхо Я. Вялікая дэмакратычная агульнаеўрапейская рэвалюцыя ХХ стагоддзя і Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 2002. №6.















































2 Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху / Калект. праца пад агульнай рэд. А.Сташэўскага, З.Жылуновіча і У.Ігнатоўскага з дапамогай А.Смоліча, С.Некрашэвіча і Я.Пятровіча. Менск, 1924. С.201.
   

Частку дакумэнтаў, датычных гэтых падзеяў і інстытуцыяў, я ў свой час апублікаваў3. Дзіўна, але дасюль нанава не надрукаваны такі цікавы дакумэнт, як пастанова ВБР ад 18 лютага 1918 году. Няма яго і ў кнізе Андрэя Зюзькова “Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі” (Менск, 1931), і ў зборніку дакумэнтаў і матэрыялаў, сабраных Іванам Касяком пад кіраўніцтвам Радаслава Астроўскага “За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі” (Лёндан, 1960), і ў самай новай — зь вядомых мне — кнізе “История Беларуси в документах и материалах” Ігара Кузьняцова і Валянціна Мазца (Менск, 2000). Дакумэнт гэты рэдка згадваецца ў літаратуры. Тым больш істотна, што на яго зьвяртаў увагу ксёндз Адам Станкевіч4. Праўда, ён цытуе гэты дакумэнт усьлед за У. Ігнатоўскім, але сам праф. Ігнатоўскі некарэктны — у дадзеным выпадку — у цытаваньні й, апрача таго, не паказвае, зь якое крыніцы ўзятая цытата. Насамрэч у ягоным артыкуле “Вялікі Кастрычнік на Беларусі (Х. 1917 — 11/VII. 1920)” утрымліваецца пераказ пастановы ВБР, а не яе цытаваньне[5]. Акрамя таго, ксёндз Станкевіч датуе пастанову 19-м лютага 1918 году.

Пастанова ВБР ад 18 лютага 1918 году ў пэўнай меры сталася правобразам Акту 25 Сакавіка: у ёй упершыню абвяшчалася аб разрыве дзяржаўных сувязяў з Расеяй. Яна прынятая роўна за сем тыдняў да таго, як была абвешчаная Трэцяя Ўстаўная Грамата Рады БНР і амаль за тры тыдні да абвяшчэньня самое Рэспублікі. Ёй папярэднічалі вельмі важныя падзеі ў рэгіёне. Для разуменьня яе трэба мець на ўвазе геапалітычныя і геаэканамічныя погляды аўтараў. Дзеячы БСДРГ, якія былі лідэрамі беларускага руху ў “раёне старой акупацыі”, ня мелі намеру абвяшчаць незалежнасьць беларускіх земляў — і тых, што ў 1915 годзе апынуліся пад немцамі, і ўсяе Беларусі наагул. Канцэпцыі Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага і Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў выразна гэта дэманструюць. Антон Луцкевіч ды іншыя віленскія беларускія дзеячы не маглі ўявіць Беларусь, яе гаспадарку бяз выхаду да мора. Менавіта гэтым тлумачацца іхныя заклінаньні супраць нацыяналізму — літоўскага, жыдоўскага і польскага — і заклікі да краёвага патрыятызму, да супрацоўніцтва народаў Беларуска-Літоўскага краю.

БНК жадаў, каб у будучай беларуска-літоўскай дзяржаве былі злучаныя акупаваныя немцамі землі Беларусі й Літвы, пра якія імпэрскі канцлер Тэабальд фон Бэтман-Гольвэг заявіў, што яны ніколі ня будуць вернутыя ў склад Расеі.

Важнае значэньне для наступных падзеяў мела і памылка, учыненая А. Луцкевічам на пачатку сакавіка 1917 году. Пішучы ва ўласнаручных паказаньнях пра тое, што ў лютым 1917 году ў Стакгольме мелася адбыцца канфэрэнцыя прыгнечаных народаў, ён паведамляў, што зь Вільні ў Бэрлін выехалі трое літоўцаў — д-р Ю. Шаўліс, Антанас Сьмятона, інжынэр Сьцяпонас Кайрыс (былы муж Цёткі) — і ён сам. У Бэрлін ехалі таму, што беларуска-літоўская дэлегацыя “да выезду ў Стакгольм павінна была мець у пытаньні пра будучыню нашага краю размову зь нямецкім канцлерам”. Далей чытаем: “Але пакуль мы чакалі гэтае сустрэчы й рыхтаваліся да зьезду (канфэрэнцыі ў Стакгольме — А. С.), здарылася непрадбачаная падзея: у Расеі адбылася рэвалюцыя. Немцы ня бачылі ўжо патрэбы ў зьезьдзе, і ён быў адменены. Я вырашыў неадкладна вяртацца ў Вільню, літоўцы — празь некалькі дзён. Перад ад’ездам я напісаў абшырную дакладную запіску на тэму пра неабходнасьць у меркаванай “Літве” забясьпечыць беларусам парытэтныя правы зь літоўцамі й аддаў яе ў рукі барону Ропу для перадачы канцлеру. Ня ведаю, ці было гэта выканана, ведаю толькі, што, прыехаўшы ў Вільню, я зь нямецкіх газэтаў даведаўся, што назаўтра пасьля майго ад’езду з Бэрліна літоўцы былі прынятыя канцлерам адны й пры гэтым прапанавалі канкрэтны праект адносна будаўніцтва “Літвы”. Як пазьней высьветлілася, ён прадугледжваў незалежную Літву ў такіх межах, што літоўцы мелі колькасную перавагу над беларусамі ды іншымі нацыянальнасьцямі разам. Сталіцай павінна была стаць Вільня. Прапаноўвалася стварэньне ў Вільні краёвага органу ўлады “Тарыбы” (па-літоўску — Рады) у складзе 20 літоўцаў і па адным прадстаўніку беларусаў, жыдоў і палякаў. Называлі кандыдата на велікакняскі пасад Літвы: баварскага прынца Ураха (каталіка)”6.


3 Свабода. 1990. №2; Літаратура і мастацтва. 1990. 23 і 30 лістапада.








4 Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня: З нагоды 70-лецьця сьмерці Кастуся Каліноўскага, рэдактара “Mużyckaj Praūdy” (1864), ³ 50-лецьця «Гоману» (1884). Вільня, 1934 (на вокладцы — Вільня, 1935). С.106.
   

Дзеля таго што беларусы знаходзіліся ў палоне старых геаэканамічных і геапалітычных канцэпцыяў і што А. Луцкевіч не дачакаўся аўдыенцыі ў райсхканцлера, беларусам увесь час даводзілася даганяць літоўцаў, якія на першае месца вылучалі канцэпцыю нацыянальнае дзяржавы. 18—23 верасьня ў Вільні адбылася Літоўская канфэрэнцыя, якая абрала Тарыбу на чале з А. Сьмятонам. Беларусы такую канфэрэнцыю правялі 25—27 студзеня 1918 году 11 сьнежня 1917 году Тарыба прыняла дэклярацыю, у якой абвясьціла пра “аднаўленьне незалежнае Літоўскае дзяржавы з сталіцаю Вільняю” і пра “спыненьне ўсіх дзяржаўных адносінаў (Літоўскай дзяржавы — А. С.) зь іншымі народамі”7. Тарыба зьвярнулася да Нямеччыны з просьбаю “пра падтрымку і абарону”.

Літоўцам спрыяў і аб’ектыўны чыньнік: пад нямецкаю акупацыяй знаходзіліся ўсе іх землі. Калі 18 студзеня 1918 году Нямеччына запатрабавала ад бальшавікоў перадаць ёй Літву, часткі Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Украіны й Польшчы, літоўцы зразумелі: момант прабіў. Пасьля працяглых нарадаў Тарыба прыняла 16 лютага (у дзень пачатку нямецкага наступу на ўсход) другі акт пра незалежнасьць.

Віленская Беларуская Рада не магла прыняць рашэньня за ўсю Беларусь. Дзеячам ВБР ужо было вядома пра Ўсебеларускі зьезд і яго разгон, пра паездку беларускае дэлегацыі на перамовы ў Берасьце. Але сувязі ды надзейнае інфармацыі пра дзейнасьць Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага зьезду не было. Сябры ВБР ведалі, што палякі вядуць торг зь немцамі. Не спадзеючыся зброяй адваяваць у іх паўночныя і заходнія землі (умоўна называныя Познаньшчынаю), палякі прапаноўвалі кампэнсаваць гэтыя страты прылучэньнем да Каралеўства Польскага заходніх паветаў Гарадзенскай губэрні (Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага). Квапіліся яны й на літоўскія землі. З другога боку, у Вільню дайшлі зьвесткі, што польскі корпус пад камандаваньнем генэрала Юзафа Доўбар-Мусьніцкага кантралюе значную частку ўсходнебеларускіх земляў і дэкляруе далучыць іх да Польшчы. Акрамя таго, было вядома, што ў сьнежні 1917 году Вялікая Брытанія і Францыя, спадзеючыся хуткае перамогі над Нямеччынай і не прызнаючы бальшавіцкага ўраду ў былой Расейскай імпэрыі, падзялілі яе тэрыторыю на зоны будучых уплываў. Польшча карысталася тайнаю і яўнаю падтрымкаю Антанты.

6 Антон Луцкевич: Материалы следственного дела НКВД БССР / Подгот. к печати, введение и комментарии В.Н.Михнюка, Н.М.Климовича и А.Н.Гесь. Минск, 1997. С.40.





7 Новый взгляд на историю Литвы. Каунас, 1991. С.58.
   

Рыхтуючы да паседжаньня ВБР праект пастановы, А. Луцкевіч быў у даволі складаным становішчы. Ён мусіў часткова паўтараць хады літоўцаў, якія 11 сьнежня 1917 году выказалі выключную ляяльнасьць да немцаў ды абяцалі пад імем Міндоўга ІІ пасадзіць каралём прынца Ураха зь Вюртэмбэргу. Хоць у акце 16 лютага Нямеччына спэцыяльна ня згадвалася, літоўскія дыпляматы заяўлялі, што дэклярацыя 11 сьнежня не губляе сілы. (Заўважым у дужках: такая тактыка прынесла плён.) Пішучы праект пастановы, Луцкевіч прапанаваў разарваць дзяржаўныя адносіны з Расеяй, аднак і не ўпісаў пункту пра абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі — ён толькі прапанаваў заклікаць дзяржавы, якія прызнаюць прынцып самавызначэньня народаў, “а ў першы чарод” Нямеччыну, “аказаць помач у справе адбудовы дзяржаўнай незалежнасьці калішняга Літоўска-Беларускага гасударства (Вялікага Княства Літоўскага), не ўзіраючыся ў цяперашні разьдзел яго лініяй фронту”8.

Такім чынам, жадаючы, каб беларускія раёны “старое” і “новае” нямецкае акупацыі былі аб’яднаныя ў адно, ня бачачы патрэбы жыцьця беларусаў у адзіным дзяржаўным арганізьме з Расеяй ці з Польшчаю, Луцкевіч па-ранейшаму не адмаўляецца ад ідэі Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, канфэдэрацыі Беларусі й Літвы. Ён ня можа ўявіць Беларусі бяз доступу да мора.

...А. Луцкевіч ды іншыя сябры ВБР прыехалі ў Менск 23 сакавіка 1918 году. Заходнія і ўсходнія беларускія дзеячы нарэшце сустрэліся. У той самы дзень Нямеччына прызнала незалежнасьць Літвы. 25 Сакавіка будзе прынятая Трэцяя Ўстаўная Грамата. Беларусы дасьпелі да абвяшчэньня дзяржаўнае незалежнасьці. Хто ведае, ці быў бы прыняты такі акт, калі б сустрэча віленскіх і менскіх дзеячоў адбылася, скажам, 17 лютага 1918 году? Несумненна адно: пастанова ВБР ад 18 лютага была першым крокам да Акту 25 Сакавіка, які быў распрацаваны фракцыяй БСГ у Радзе Рэспублікі і ўзгоднены “з групай А. Луцкевіча”9, гэта значыць з прадстаўнікамі ВБР.

Тэкст гэтага дакумэнту перадрукоўваецца з газэты “Вольная Беларусь” за 28 красавіка 1918 году.

Мае сэнс трохі запыніцца на постацях тых, хто падпісаў пастанову ВБР (трэба адзначыць, што першыя пяць подпісаў належаць сябрам прэзыдыюму Рады).
















8 Думка пра тое, што ў склад Беларуска-Літоўскае канфэдэрацыі павінны ўвайсьці ўсе беларускія землі, высьпела ня раптам. На яе фармаваньне паўплывалі ідэі “Сувязі Незалежнасьці і Непадзельнасьці Беларусі”.













9 Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции: Совместное российско-белорусское исследование. В 3 ч. Ч.2-я: У истоков противостояния: Материалы и документы по истории общественных движений и политических партий Республики Беларусь. Гомель, 1992. С.113.
   

Зьвесткі пра А. Луцкевіча, ксяндза Ўладзіслава Талочку, Івана Луцкевіча, Яна Станкевіча і Дамініка Сямашку цяпер агульнадаступныя — яны зьмешчаныя ў адпаведных артыкулах Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, унівэрсальнай Беларускай энцыкляпэдыі ў 18 тамох, энцыкляпэдычным даведніку “Беларусь” (1995) ды іншых даведніках. Адразу скажу, што ня маю ніякіх зьвестак пра Дульку, Мацея Радзевіча (Родзевіча)10 і М. Перскага. Магу толькі выказаць гіпотэзу, што Радзевіч (Родзевіч) мае нейкае дачыненьне да Леапольда і Часлава Родзевічаў.

Протаярэй Міхал Галянкевіч нарадзіўся ці не ў 1852 годзе ў Бельскім павеце, быў сярод тых 3-4 праваслаўных сьвятароў, якія засталіся ў раёне старое акупацыі. Браў удзел у працы Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны, Беларускае канфэрэнцыі. Як вынікае з нэкралёгу, напісанага А. Луцкевічам, памёр на 73-м годзе жыцьця ў Вільні, пахаваны 13 лістапада 1924 году11.

Паведамленьне пра сьмерць селяніна в. Шасткі Віленскага павету Казімера Фалькевіча 28 верасьня 1922 году надрукавала газэта «Беларускі Звон». Ягонае прозьвішча можна сустрэць у працы А. Луцкевіча “Польская акупацыя ў Беларусі” (1920). Памяці К. Фалькевіча прысьвечаны нэкралёг “Дзядзька Фалькевіч”, напісаны А. Луцкевічам пад псэўданімам “Яго таварыш”12. Пазьней у заходнебеларускім друку зьявяцца матэрыялы, падпісаныя псэўданімам К. Фалькевіч, крыптанімамі К. Ф., К. Ф-віч. Гэта А. Луцкевіч вырашыў унесьмяроціць імя свайго таварыша.

Імя Язэпа Туркевіча, як і Язэпа Салаўя, сустракаецца ў працах А. Луцкевіча “Дваццацілецьце Беларускае Сацыялістычнае Грамады”13 і “За дваццаць пяць гадоў”, у пратаколах БНК, сябрам якога ён быў. Нарадзіўся ён у 1876 годзе ў в. Падбродзьдзе Сьвянцянскага павету. Вывучыўся на сталяра, уцягнуўся ў работніцкі рух у Вільні. У 1894 годзе быў першы раз зьняволены. У часе першай расейскай рэвалюцыі ўступіў у БСГ, выступаў на мітынгах па-беларуску. Падчас нямецкае акупацыі — адзін з заснавальнікаў работніцкага клюбу, работніцкае страўні й работніцкага каапэратыву ў Вільні, старшыня прафсаюзу будаўнікоў, сябар Цэнтральнага Бюро работніцкіх прафсаюзаў (год быў старшынём і намесьнікам старшыні Цэнтральнага Бюро). Уваходзіў у БСДРГ і БНК. Як сябар ВБР у сакавіку 1918 году разам з Луцкевічамі й Я. Станкевічам выяжджаў у Менск. Быў кааптаваны ў Раду БНР. Адзін з тых, хто прымаў Акт 25 Сакавіка. У 1922 годзе намесьнік старшыні прафсаюзу будаўнікоў Я. Туркевіч быў кандыдатам у паслы на Сойм Польскае Рэспублікі ад Беларускага Цэнтральнага Выбарчага Камітэту14. Быў ён і рэдактарам заходнебеларускіх газэтаў.

Я. Салавей, як і Я. Туркевіч, належаў да работніцкае клясы, быў прафсаюзным актывістам, сябрам БСГ і БСДРГ, БНК. Зь лета 1917 году падпісваў у друк газэту «Гоман». Рэдагаваў заходнебеларускія газэты. Памёр у 1926 годзе.

Як пісаў А. Луцкевіч, Туркевіч і Салавей “зышлі з даўнейшага свайго шляху і выракліся старых ідэалаў”15. Пра Салаўя вядома, што ён уваходзіў у палянафільскую Часовую Беларускую Раду Арсеня Паўлюкевіча, створаную ў 1924 годзе ў Вільні.








10 Сідарэвіч А. Беларускі шлях // Літаратура і мастацтва. 1990. 30 лістапада.








11 Сялянская Праўда. 1924. 14 лістапада.







12 Беларускі Звон. 1922. 7 кастрычніка.






13 Беларуская Ніва. 1925. 5 сьнежня.















14 Беларускі Звон. 1922. 21 кастрычніка.





15 Луцкевіч Ант. За дваццаць пяць гадоў: Успаміны аб працы першых беларускіх арганізацыяў: Беларуская рэвалюцыйная Грамада, Беларуская сацыялістычная Грамада. Менск, 1991. С.20.
   

Ля вытокаў беларускае дыпляматыі

У складзеным Сяргеем Шупам першым томе “Архіваў БНР”, у першым выпуску гістарычнага альманаху «Адраджэньне» (Менск, 1995), у іншых зборніках друкуецца нямала дакумэнтаў, датычных замежнапалітычнае дзейнасьці БНР. Аднак нават пасьля абвяшчэньня БНР замежнапалітычнаю дзейнасьцю займалася і ВБР, пра што сьведчыць дакумэнт №2 у гэтай падборцы.

Пра тое, што ў немцаў не было намеру вяртаць Расеі раён старое акупацыі, я пісаў даўней. Яшчэ ў канцы 1917 году яны на поўным сур’ёзе разглядалі магчымасьць улучэньня заходніх беларускіх земляў у склад райху, пра што сьведчыць А. Луцкевіч16. У гэтым разе Нямеччына магла б свабодна распараджацца нашымі тэрыторыямі, у тым ліку прапанаваць Польшчы кампэнсацыю за этнаграфічна польскія землі, якія былі пад уладаю Прусіі. А каб беларусы ня мелі права голасу, нямецкія ўлады намагаліся не дапусьціць скліканьня беларускае канфэрэнцыі й стварэньня Віленскае Беларускае Рады17. І ўсё ж канфэрэнцыя адбылася. На ёй была прынятая і такая рэзалюцыя:

“Канфэрэнцыя пратэстуе проці дамаганьня палякаў прылучыць да Польшчы Беларускія землі — або хаця бы часьць іх (Беласточчыну ці інш.) і проці ўсялякіх іншых плянаў торгу Беларускай зямлёй, скуль бы яны ні выходзілі. Канфэрэнцыя пераконана, што гáленьне польскіх паноў і польскага ўраду на Беларусь, каб паняволіць Беларускі народ і захапіць беларускую зямлю для польскай калянізацыі, будзе з агідай спаткана ўсім цывілізаваным сьветам”18.

Пытаньне аб торгу беларускімі землямі закранута і ў пастанове ВБР ад 18 лютага 1918 году. Тут перадрукоўваецца пратэст, накіраваны прэзыдыюмам ВБР райхсканцлеру, старшыні Райхстагу і генэралу Эрыху Людэндорфу, які ў той час займаў пасаду першага генэрал-кватэрмайстра штабу вышэйшага камандаваньня і фактычна кіраваў узброенымі сіламі Нямеччыны.

Упершыню гэты дакумэнт апублікаваны ў газэце «Вольная Беларусь» 14 красавіка 1918 году.

 















16 Гл.: Жыцьцё і праца Івана Луцкевіча // Памяці Івана Луцкевіча ў першыя ўгодкі смерьці яго (20. VIII. 1919 — 20. VIII. 1920). Вільня, 1920. С.23.

17 Тамсама.









18 Mialeška J. [Luckievič A.] Biełaruś za Poznanščynu. // Homan. 1919. 1 lutaha.
   

Канстытуцыйны акт БНР

Трэці ў гэтай падборцы дакумэнт, які не дачакаўся паўторнае публікацыі, — Статут Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. Ён быў апублікаваны ў газэце «Гоман» 29 кастрычніка 1918 году.

Мяркуючы па часе публікацыі, гэта тая самая Часовая канстытуцыя БНР, пра якую ёсьць згадкі ў некаторых працах і прыняцьце якое датуецца 11-м кастрычніка 1918 году19.

Зьмест гэтага акту сьведчыць: калі ў сакавіку земствы й гарады галасавалі супраць Трэцяе Ўстаўнае Граматы, то досьвед вясны й лета 1918 году — перадусім падзеі на тэрыторыі РСФСР — прымусіў многія палітычныя і сацыяльныя групы інакш зірнуць на дзейнасьць Рады БНР. Узьнікла неабходнасьць урэгуляваць іх прадстаўнітва ў Радзе.

Канстытуцыйны акт БНР адпавядае дэмакратычнаму духу Ўстаўных Граматаў. Прадстаўніцтва ў Радзе надавалася практычна ўсім сацыяльным, рэлігійным, прафэсійным, грамадзкім і палітычным групам. “Лишенцев” у БНР не было.
 

ВБР і Літоўская Тарыба: лістапад 1918 году

Мы ведаем, што, калі пасьля Лістападаўскае рэвалюцыі ў Нямеччыне Берасьцейскі мір быў дэнансаваны і Чырвоная Армія пачала наступ на Захад, Урад БНР пераехаў 3 сьнежня 1918 году ў Вільню. А перад гэтым ВБР правяла з Тарыбаю перамовы і дасягнула зь ёю 27 лістапада дамоўленасьцяў, на моцы якіх сталіся магчымыя кааптацыя прадстаўнікоў ВБР у склад Тарыбы і стварэньне Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У склад Тарыбы ўвайшлі: Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Ян Станкевіч, Дамінік Сямашка, ксёндз Уладзіслаў Талочка і Казімер Фалькевіч. Міністрам беларускіх спраў стаў Язэп Варонка. Пад яго кантроль пераходзіла тэрыторыя Аўгустоўскага, Ашмянскага, Беластоцкага, Бельскага, Вялейскага, Гарадзенскага, Лідзкага і Сакольскага паветаў, на якой жылі 1,9 млн. чалавек. Меркавалася, што гэта будзе аўтаномная тэрыторыя зь беларускаю ўрадоваю моваю. Акрамя таго, было прадугледжана, што беларусы будуць мець чвэрць месцаў ва Ўрадзе Літвы.
 









19 Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі. Т.1. С.386.
   

Перамовы з ВБР Тарыба спрабавала наладзіць яшчэ ў красавіку 1918 году20, аднак беларускі бок лічыў, што яны будуць мець сэнс, калі іх мэтаю будзе стварэньне Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Літоўцы ж хацелі весьці гаворку толькі пра тыя землі, якія ім перадавала пад кантроль Нямеччына21. Яны разумелі, што самі наладзіць цывільную адміністрацыю на гэтых тэрыторыях ня змогуць. Апрача таго, яны мелі патрэбу ў саюзьніках супраць палякаў.

Дамоўленасьць паміж ВБР і Тарыбаю стала магчымая пасьля таго, як зрабілася відавочна, што над Беларусяй і Літвой навісла пагроза бальшавіцкае ці польскае акупацыі. Можна меркаваць, што да Лістападаўскае рэвалюцыі, вынікам якое сталася ня толькі дэнансаваньне Берасьцейскага міру, але й рэальная незалежнасьць Польшчы (11 лістапада), вяліся перамовы аб перамовах, пра што і сьведчыць дакумэнт № 4, першапачаткова апублікаваны ў газэце “Гоман” 8 лістапада 1918 году — якраз напярэдадні рэвалюцыі ў Нямеччыне[22]. У гэтай рэзалюцыі заўважна тое, што ВБР схільная вярнуцца да першапачатковае ідэі канфэдэрацыі Беларусі й Літвы, г. зн. стварэньня супольнае дзяржавы раёну першае акупацыі Беларусі й Літвы. Тут было відавочнае імкненьне засьцерагчы ад расейскае і польскае акупацыі заходнюю частку Беларусі, якую Расея — паводле Берасьцейскае дамовы — перадавала пад нямецкую юрысдыкцыю. У рэдакцыйным артыкуле «Гоману» за 8 лістапада было напісана: “Незалежнасьць зь Літвой болей пэўная дзеля таго, што адразае дарогу да прылучэньня да Маскоўшчыны, што вядзе да нацыянальнага і эканамічнага заняпаду беларусаў. Гэта добра ведаюць русафілы й робяць усё проціў Літоўска-Беларускага гасударства”.

У пераменлівай сытуацыі ВБР не адмаўлялася і ад намеру — пры спрыяльных умовах —ажыцьцявіць ідэал Акту 25 Сакавіка. У кастрычніку — пачатку лістапада 1918 году Надзвычайная дэлегацыя БНР на чале з А. Луцкевічам знаходзіцца ў Кіеве. Луцкевіч вядзе перамовы з старшынём СНК УССР Хрысьціянам Ракоўскім. Пры ўмове, што РСФСР прызнае незалежнасьць БНР, ён дэкляруе прыняць прынцыпы савецкае канстытуцыі. З маганьню дзяржаўнай незалежнасьрэзалюцыі, як і з рэдакцыйнага артыкулу, відаць, што дзеячы Віленскае Рады кіраваліся прынцыпам “калі ня ўсё, дык хоць штосьці”.

 


20 Новый взгляд на историю Литвы. С.81.


21 Паўднёвую частку Гарадзенскае губэрні (Кобрынскі, Берасьцейскі і Пружанскі паветы) Нямеччына перадала пад кантроль Украіны.
   

№ 1

Пастанова Віленскай Беларускай Рады

Прымаючы пад увагу:

1) што бытнасьць падтрымліваных “энтэнтай” дзеля яе палітычных мэт чужацкіх войск на адвечна Беларускіх землях можа ў будучыні аказацца прэцэдэнтам для прылучэньня гэтых зямель да Польскага каралеўства, або дзеля дамаганьня тэрытарыяльных кампэнсацыяў у постаці беларускага Беластоцкага вокруга, сумежнага з Польшчай;

2) што, абвяшчаючы прылучэньне закардоннай Беларусі да Польскай манархіі, польскія войскі выяўляюць гэтак захватныя тэндэнцыі на беларускія землі, і іх чыннасьць з гэтага погляду перастае ўжо быць самаабаронай палякаў ад бальшавіцкай анархіі і прыбірае характар вялізнай палітычнай авантуры, каторая ідзе супроць інтарэсаў беларускага народу і супроць яго жаданьня незалежнасьці;

3) што расійскія войскі, каторыя па загаду расійскага ўраду аружнай сілай перашкодзілі ўтварэньню беларускай нацыянальнай арміі, самі ня здолелі ўтрымаць беларускіх земляў і блізка саўсім пакінулі іх, ня споўніўшы перад імі сваіх павіннасьцяў і абяцанак;

4) што Беларусь ад ХІІІ-га да канца ХVІІІ-га сталецьця была незалежна, складаючы разам зь літоўцамі асобную дзяржаву (Вялікае Княства Літоўскае), і, пасьля прылучэньня яе гвалтам да Расіі, праз сто дваццаць гадоў не пераставала дабівацца незалежнасьці нават з аружжам у руках (1812—1905 гг.);

5) што бальшавіцкі ўрад далей вёў палітыку гвалту над беларускім народам, даўшы яркае выражэньне гэтага ў разгоне Ўсебеларускага Зьезду ў Менску, —

Беларуская Рада, аб’яўляючы разарванай зьвязь між Беларусьсю і Расіяй, выказвае свае дамаганьні:

1) каб польскія войскі чым хутчэй выйшлі зь беларускіх зямель, на каторых беларускія краёвыя арганізацыі возьмуць пад сваю апеку іменьне і жыцьце жыхароў;

2) каб пакінутыя на няміласьць долі Беларускія землі за фронтам былі ўраз жа далучаны да акупованай часьці Беларуска-Літоўскага краю дзеля арганізацыі тут незалежнага дзяржаўнага бытаваньня;

3) каб сумежныя з Польшчай спрадвечна беларускія землі (Беласток, Гродня) ні ў якім здарэньню не былі вылучаны з рэшты краю дзеля прылучэньня да Польскага каралеўства.

Беларуская Рада, апіраючыся на рэзалюцыі Беларускай Канфэрэнцыі ў Вільні 25, 26 і 27-га студз. 1918-га году (аснаўныя пункты да гэтага дадаюцца) і па пастанове разагнанага бальшавікамі Беларускага кангрэсу ў Менску 7—18. XII. 1917 г., — зьвяртаецца да ўсіх дзяржаў, прызнаючых прынцып самаадзначэньня народаў, а ў першы чарод да Нямеччыны, каторая мае найбольш супольных зь Беларуска-Літоўскім краем эканамічных інтарэсаў, з прызывам аказаць помач у справе адбудовы дзяржаўнай незалежнасьці калішняга Літоўска-Беларускага гасударства (Вялікага Княства Літоўскага), не ўзіраючыся ў цяперашні разьдзел яго лініяй фронту.

Вільня, 18-га лютага 1918 году.

Падпісалі:

Прэзэс Беларускае Рады — А. Луцкевіч,

протаіер. М. Галянкевіч, ксёндз В. Талочка, К. Фалькевіч, Дулька.

Сябрукі Рады: Я. Туркевіч, Я. Салавей, І. Луцкевіч, Я. Станкевіч, М. Радзевіч, М. Перскі.

Сакратар Рады: Д. Сямашка.

 

 
   

№ 2

Прэзыдыюм Беларускай Рады ў Вільні паслаў імпэрскаму Канцлеру, Прэзэсу Райхстагу і генэралу Людэндорфу гэткую тэлеграму:

“У апошнім часе ў Бэрліне адбывалася нарада польскіх прадстаўнікоў зь вялікшасьцю Райхстагу, на каторай спрадвечна Беларускія землі разглядаліся як кампэнсацыя Польшчы за адрачэньне яе ад прэтэнзій на Познаньшчыну. Хаця нарада мела прэлімінарны характар, аднак яна атрымала значэньне паўафіцыяльнае з прычыны прыняцьця гэных польскіх прадстаўнікоў панам Імпэрскім Канцлерам і прызнаньня абапольных прэдлажэньняў Рэгенцкай Рады Польшчы.

Прымаючы гэта пад увагу, Беларуская Рада лічыць сваёй сьвятой павіннасьцю заявіць самы катэгарычны пратэст проці гэткага гібельнага для цяперашчыны і будучыні больш чым 10-мільённага Беларускага народу праекту разьдзелу Беларусі і аддачы Польшчы чыста беларускіх зямель — Меншчыны, Гродзеншчыны і Беласточчыны.

Разам з тым Рада горача пратэстуе проці выяўленага гэтым поўнага ніўважэньня бясспорнага права Беларускага народу на самаадзначэньне, каторае знайшло ўжо сваё выражэньне ў дамаганьню дзяржаўнай незалежнасьці ўсіх Беларускіх зямель.

Вільня, 17 марца 1918 г.”
 

№ 3

Статут Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

Разьдзел 1.

Аб вярхоўнай уладзе Беларускае Народнае Рэспублікі.

1. Вярхоўная Ўлада ў межах Беларускае Народнае Рэспублікі належыць Народу Беларускаму і другім народам, насяляючым тэрыторыю Беларускае Рэспублікі.

2. Вярхоўная Ўлада зьдзяйсьняецца Соймам Рэспублікі, каторы выбіраецца на аснове агульнага, роўнага, патаемнага, простага і прапарцыянальнага выбарчага права, закон аб чым выдаецца Радай Рэспублікі.

3. Да выбару Сойму, Заканадаўчая Ўлада належыць Радзе Рэспублікі, а Выканаўчая Вышэйшая Ўлада — безумоўна Народнаму Сакратарыяту ў згодзе зь ніжэйпамянёнымі артыкуламі гэтага закону.

Разьдзел 2.

Аб Радзе Рэспублікі.

4. Рада Беларускае Рэспублікі ёсьць Вышэйшая Часовая Заканадаўчая Ўстанова. Ніводзін закон ня можа мець моцы без зацьвярджэньня яго Радай Рэспублікі.

5. Рада Рэспублікі ў сваім унутраным парадку кіруецца па аснове загаду, апрацаванага і зацьверджанага Самой Радай.

6. Пасяджэньні Рады Рэспублікі бываюць чарговыя і экстранныя:

а) чарговыя пасяджэньні адбываюцца штомесяц кожнага 20 дня;

б) нечарговыя пасяджэньні ззываюцца паводлуг патрэбы ў гэтым.

7. Пасяджэньні папоўненае Рады Рэспублікі адчыняюцца Старшынёй Рады, які прапануе Радзе выбраць Прэзыдыюм.

8. Прэзыдыюм Рады Рэспублікі складаецца: Старшыня, два яго таварышы і тры сакратары.

9. Прэзыдыюм Рады выбіраецца патаемным галасаваньнем.

10. Экстранныя пасяджэньні Рады ззываюцца яе Прэзыдыюмам:

1) па ўласнай ініцыятыве, 2) па ініцыятыве Народнага Сакратарыяту і 3) па пісьменным запатрабаваньні гэтага ня менш як 25 сябрамі Рады.
 

 
   

Разьдзел 3.

Аб складзе Рады.

11. Да цяперашняга складу Рады БНР, асноўным ядром якой зьяўляюцца ўсе сябры Рады 1-га Ўсебеларускага Зьезду, далучаюцца па прынцыпе дэлегаваньня прадстаўнікі ад: 1) мясцовых Беларускіх Радаў, 2) земскіх самаўправаў ці ўстановаў, якія іх замяняюць, 3) меставых самаўправаў ці замяняючых іх установаў, 4) Радаў вышэйшых вучэбных устаноў, 5) Беларускіх рэлігійных і культурных арганізацый, 6) духавенства праваслаўнай царквы, 7) каталіцкага духавенства, 8) нацыянальных меншасьцяў, 9) прадстаўнікі земляўласнасьці і сельскагаспадарскіх арганізацыяў, 10) прадстаўнікі гандлю і прамысловасьці, 11) прадстаўнікі каапэрацыі, 12) Беларускіх палітычных партыяў, 13) сялянскіх хаўрусаў, 15) чыгуньнікаў, 16) паштова-тэлеграфных служачых і 17) Беларускага вучыцельскага хаўрусу, — існуючых на тэрыторыі Беларусі і на аснове, ніжэй паказанай.

12. Лік прадстаўнікоў ад асобных беларускіх Радаў азначаецца ў кожным асобным выпадку Радай Рэспублікі.

13. Земскія самаўпраўленьні ці ўстановы, якія іх замяняюць, дэлегуюць у Раду Рэспублікі 10 прадстаўнікоў, выбраных на Ўсебеларускім Зьезьдзе.

УВАГА: Да скліканьня Ўсебеларускага Земскага Зьезду земская група прадстаўляецца членамі земскіх упраў, якія існуюць на тэрыторыі Беларусі.

14. Меставыя самаўпраўленьні, ці замяняючыя іх установы, дэлегуюць 10 прадстаўнікоў, выбраных на Ўсебеларускім Зьезьдзе мест.

УВАГА: Да скліканьня Ўсебеларускага Зьезду меставая група прадстаўляецца 5 членамі Менскае меставай і 5 членамі Магілеўскае меставае думаў.

15. Менскаму Праваслаўнаму Брацтву даецца права паслаць 10 прадстаўнікоў.

16. Менскай Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратычнай Злучнасьці даецца права паслаць 4 прадстаўнікоў.

17. Усебеларускі Зьезд праваслаўнага духавенства дэлегуе 4 прадстаўнікоў у Раду Рэспублікі.

УВАГА: Да скліканьня Ўсебеларускага праваслаўнага Зьезду прадстаўнікоў у Раду Рэспублікі дэлегуюць Эпархіяльныя Рады.

18. Рымска-каталіцкія Катэдральныя Капітулы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дэлегуюць у склад Рады Рэспублікі па адным прадстаўніку па свайму выбару.

19. Польская “Рада Земі Менскай” дэлегуе ў Раду Рэспублікі 6 прадстаўнікоў.

20. Жыдоўская Абшчына дэлегуе ў Раду Рэспублікі 7 чалавек.

21. Існуючыя Губэрскія арганізацыі іншых меншасьцяў дэлегуюць у Раду сваіх прадстаўнікоў па аднаму ад кожнай.

22. Усебеларускаму Зьезду гандлёва-прамысловых арганізацыяў даецца права паслаць 3 прадстаўнікоў у склад Рады Рэспублікі.

23. Усебеларускаму зьезду земляўласьнікаў даецца права паслаць у Раду 3 прадстаўнікоў.

24. Усебеларускаму сельскагаспадарскаму зьезду даецца права паслаць 3 прадстаўнікоў.

25. Цэнтральныя Ўстановы Беларускіх палітычных партыяў дэлегуюць у Раду 2 прадстаўнікоў.

26. Бюро работніцка-прафэсіянальных хаўрусаў дэлегуе ў Раду 3 прадстаўнікоў.

27. Хаўрус каапэратываў Беларусі дэлегуе 5 прадстаўнікоў.

28. Усебеларускі паштова-тэлеграфны хаўрус дэлегуе 3 прадстаўнікоў.

29. Беларускі жалезнадарожны хаўрус дэлегуе 3 прадстаўнікоў.

30. Беларускі вучыцельскі хаўрус дэлегуе 5 прадстаўнікоў.

31. Розныя Беларускія культурна-асьветныя арганізацыі, якія маюць дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі, на аснове зацьверджаных статутаў, пасылаюць у Раду Рэспублікі па 1 дэлегаце.

32. Прадстаўніцтва арганізацыяў, памененых у ст. ст. 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29 і 30, часова, пакуль ня будуць выбраны правамочныя дэлегаты, даецца належным арганізацыям Менскае губэрні.

Разьдзел 4.

Аб Кворуме Рады Рэспублікі.

33. Кворум першага пасяджэньня папоўненае Рады ўстанаўляецца ў ліку 1/3 зарэгістрованых членаў. Далейшае азначэньне кворуму робіць сама Рада.

УВАГА: Праца Рады Б. Н. Рэспублікі ў існуючым складзе не спыняецца да таго часу, пакуль кворум Рады разам з новымі дэлегатамі ня дойдзе ліку, паказанага ст. 33.

 

 
   

№ 4

Рэзалюцыі Беларускае Рады ў Вільні

На сваім пасяджэньні 3 лістапада Беларуская Рада ў Вільні ў справе агульнае арыентацыі аднагалосна прыняла гэткую рэзалюцыю:

“Апіраючыся на тым, што абедзьве ваюючыя староны прызналі ўсім нацыям права на самаазначэньне, Беларуская Рада ў Вільні, не зыходзячы з грунту цэласьці і незалежнасьці Беларусі і пратэстуючы проціў прыпадковае дэмаркацыйнае лініі Берасьцейскае ўмовы, разьдзяляючае Беларусь на часьці, — дзеля абароны нацыянальных і дзяржаўных правоў Беларускага Народу апавяшчае сябе раўнапраўным зь Літоўскай Тарыбай краёвым прадстаўніцтвам для этнаграфічных беларускіх зямель, ляжачых на заход ад старога фронту, і жадае найскарэйшага ўтварэньня агульнага Беларуска-Літоўскага часовага парлямэнту з дапушчэньнем прапарцыянальнага прадстаўніцтва ад нацыянальных меншасьцяй. Парлямэнт утворыць часовы ўрад.

Задачай часовага ўраду павінна быць удзяржаньне ладу і бясьпечнасьці ў краю, дзеля гэтага першай яго мэтай павінна быць арганізацыя войска і паліцыі. Урад скліча агульны Літоўска-Беларускі Ўстаноўчы Сэйм, каторы і ўстановіць форму праўленьня літоўска-беларускага гасударства і адносіны да сябе абодвух народаў.

На прыпадак, калі б у будучыні не дайшло да ўгоды зь літвінамі ў справе злучэньня абодвух народаў у адну супольную дзяржаву, Рада засьцерагае беларускаму народу, засяляючаму тэрыторыю на заход ад старога фронту, права злучэньня з рэштай назалежнае Беларусі.

У справе адносін да Літоўскай Тарыбы прынята рэзалюцыя, што Беларуская Рада пашле сваіх прадстаўнікоў у Тарыбу пры спаўненьні гэткіх варункаў:

1. Калі Тарыба стане на пункце цэласьці заходніх беларускіх граніц зь Беластокам і Бельскам.

2. Прапарцыянальнае прадстаўніцтва ад беларусаў у парлямэнце і ўрадзе.

3. Шырокая аўтаномія беларускіх зямель.

4. Беларускае войска.23
 

23 Публікацыя не завяршаецца двукосьсем.

   

Зацемы

5 Вось што мы чытаем у названым артыкуле У. Ігнатоўскага: “18 лютага Віленская Рада выдала вельмі яскравую пастанову такога зьместу: “Палякі выказваюць захопныя тэндэнцыі на Беларусі; рускія войскі не далі магчымасьці зарганізавацца беларускай арміі і самі кінулі Беларусь безабароннаю; Беларусь мае ў гісторыі доказы магчымасьці незалежнага палітычнага існаваньня; бальшавіцкі ўрад вёў гвалтоўную палітыку над беларускім народам, аб чым сьведчыць разгон Беларускага Кангрэсу ў Менску. Прыймаючы ўсё гэта пад увагу, Віленская Беларуская Рада абвяшчае сувязь паміж Расіяй і Беларусьсю парванай. Рада зьвяртаецца да ўсіх заходніх дзяржаваў, асабліва да Нямеччыны, якая мае найбольш эканамічных інтарэсаў, супольных зь Літоўска-Беларускім краем, каб яны дапамаглі ў справе “адбудовы дзяржаўнай незалежнасьці калішняга Літоўска-Беларускага гаспадарства (Вялікага Княства Літоўскага), нягледзячы на цяперашні разьдзел яго мяжою фронту” (Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. С. 201.) Як бачым, двукосьсе ў гэтай цытаце ўводзіцца двойчы (перад словам “палякі” і перад словам “адбудовы”), але цытаты ўсё ж няма.Назад

22 У тым самым нумары «Гоману» паведамляецца, што “ў Літоўскай Тарыбы была дэлегацыя Рады Беларускае Народнае Рэспублікі” і што яна “перадала Тарыбе мэмарыял Рады Рэспублікі аб незалежнасьці Беларусі”; паведамляецца таксама, што 3 лістапада ў ВБР прынятыя новыя сябры. Гэта А. Борык, Дудзяк, К. Душэўскі, Грыкоўскі і Пазьняк. Калі Клаўдзі Душ-Душэўскі — асоба вядомая, калі пра дырэктара 1-е беларускае нацыянальнае школы ў Гораднi ў час Алеся Грыкоўскага (?—1919) А. Луцкевіч піша ў сваім дзёньніку і ўжо маюцца публікацыі (напрыклад, у «Нашай Ніве»), дык пра Борыка, Пазьняка і Дудзяка я зьвестак ня маю.Назад

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 2 (25) – 2003

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   дызайн: mk   майстраваньне: Маkса Плакса
Copyright © 1998-2003 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2003/04/30